412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Пенці Хаанпя » Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя » Текст книги (страница 2)
Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя"


Автор книги: Пенці Хаанпя



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 12 страниц)

А таму прапаршчык пачаў плесці, як напалохаў яго нечаканы шум з суседняга пакоя: ён жа лічыў сябе адзінай жывой істотай ва ўсім доме. Спачатку ён падумаў, што там завяліся здані. Але разважыўшы крыху і супакоіўшыся, прапаршчык вырашыў, што сучасны матарызаваны свет не пакінуў месца прывідам, зданям і іншай нячыстай сіле. А потым і Эверці выйшаў з пакоя. Яму было вельмі няёмка, што трэба сыходзіць, не развітаўшыся з цёткаю, але нічога не зробіш – цягнік чакаць не будзе. Ён прасіў прабачэння і перадаваў прывітанне пані Катарыне...

А пані Катарына ўвесь час так уважліва глядзела на яго, што Сора пераканаўся, што гаваркая пані выдатна разумее, з кім мае справу – з гэткім жа прайдзісветам і пралазай, як і яна сама.

Потым прапаршчык рашуча падняўся. На жаль, хутка будзе ягоны цягнік. Яму трэба ісці...

Гэта вельмі ўразіла пані Катарыну.

– Hi ў якім разе! Нам жа трэба пагутарыць, пазнаёміцца... А цягнікі ідуць кожны дзень...

Аднак прапаршчык быў няўмольны. Час падціскае. Аднак не мог жа ён праехаць міма і не заглянуць на хвіліначку. Яшчэ настане час, калі можна будзе без спешкі пасядзець і пагутарыць... А зараз...

Давялося развітацца. Яны паглядзелі адно аднаму ў вочы, нібыта імкнучыся адгадаць патаемныя думкі.

Прапаршчык Сора бадзёра пайшоў па пясчанай сцежцы, абапал якой шумелі пад восеньскім ветрам чырванаствольныя сосны. Дажджавыя кроплі гучна стукалі па шэрым шынялі.

А вялікая аматарка перапіскі глядзела прапару ўслед, пакуль ягоная фігура не знікла з вачэй. I, напэўна, недзе ў глыбіні душы ў яе варушылася думка, што пакінуў яе адзін з самых цікавых мужчын, які быў у яе спісах...

Грукаталі колы, але цяпер цягнік ішоў на поўнач. А прапаршчык Сора сядзеў у мяккім крэсле, і на душы ў яго было даволі пагана. Новая Катарына не адбылася, паход аказаўся няўдалым, і ён з горыччу думаў, што даводзіцца адступаць ні з чым. Да таго ж грошы канчаліся, а значыць, трэба прыбівацца да родных берагоў.

Аднак Сора быў не з тых людзей, якіх лёгка выбіць з каляіны. Ён быў не з тых, хто траціць розум і развагу разам з грашыма. Праўда, крыху засмучае тое, што і ён ледзь не трапіў у калекцыю дурняў, аднак не варта зважаць на тое...

Няхай сабе і давядзецца вярнуцца да неласкавых берагоў ляснога возера, да абрыдла знаёмага наваколля і да ранейшай Катарыны. Але затое ж гэтая хатняя Катарына дацяміць, што трэба парадавацца, напрыклад, узвышэнню свайго мужа ў новы чын прапаршчыка. Ды і суседзі таксама няхай паглядзяць, як добра ў яго ідзе служба. Праўда, кожны паглядзіць па-свойму, у залежнасці ад характару. Сёй-той і не ўзрадуецца, а наадварот... А нашчадкі радасна кінуцца насустрач бацьку. I такія ўражанні таксама зрэдку бываюць прыемнымі. Ды і ўвогуле нядрэнна будзе паказацца ля свайго змрочнага возера. Вось я, жывы, нягледзячы на бурны і нядобры час.

Няўдача – гэта ўсяго толькі эпізод, вайна яшчэ не скончылася, а значыць, будуць і новыя прыгоды, і новыя мясціны, і новыя Катарыны, і новыя чыны...

I зусім няма падстаў лічыць сябе няшчасным, якому ніколі нічога не дастаецца...

З такімі думкамі прапаршчык Сора і заснуў на мяккай канапе салодкім сном бязгрэшнага дзіцяці.

А потым новыя боты новаспечанага прапаршчыка ўпершыню пазнаёміліся з карэннем і камянямі на лясной сцяжыне, з падступнай балотнай багнай і слізкімі масткамі. Пацёрліся яны і па ўзбярэжных камянях, і па лодачных рэбрах, пахадзілі па гнілаватых маснічынах лясных хутароў. А потым іх добра змазалі і пачысцілі, бо кароткі адпачынак прапаршчыка Сора скончыўся і ён вярнуўся на фронт.

У прапаршчыка Сора быў даволі цвярозы розум, калі толькі ён не лунаў у паднябессі і не думаў аб тых вялікіх зменах, што адбываюцца ва ўсім свеце і ў ягоным жыцці. I ён пераканаў сябе, што мае поўнае права насіць афіцэрскія зоркі, бо служыў жа ён так доўга і бездакорна, што ніхто і не зверне ўвагі на ягонае павышэнне.

Але ў тыя рэдкія хвіліны, калі фельдфебель не думаў аб велічы сусветных падзей і ўласнага жыцця і калі не баяўся вярнуцца да старога застойнага жыцця, словам, калі зрэдку ўдавалася працверазець, ён усё ж думаў, што падмурак у ягонага афіцэрскага чына даволі слабы. Часам ён нават думаў, ці не варта зняць гэтыя ненадзейныя зорачкі і змяніць іх на старыя добрыя лычкі фельдфебеля. Аднак было позна. Вельмі шмат людзей бачылі яго ў афіцэрскім чыне і нават віншавалі з падвышэннем. Да таго ж і жонка, і ўся акруга ведалі, што ён узляцеў да зорак... Дарогі назад не было. Дый занадта нязначнай падзеяй былі нейкія зорачкі прапаршчыка ў той пральнай машыне, дзе круціліся цэлыя народы і краіны.

Аднак пачуваў ён сябе ніякавата. Няпэўнасць становішча і навязлівыя думкі патрабавалі рашучага падмацавання адпаведнымі зёлкамі.

А прыхмялеўшы, ён адразу адчуваў, што ўсё ідзе як след і афіцэрскі чын якраз адпавядае ягонай выпраўцы. Сора нават распавёў аднаму знаёмцу на вуліцы, як у штабе акругі Эска Карху адлаяў яго: што ты, маўляў, сабе думаеш, чалавеча! Ты ж не маеш права хадзіць фельдфебелем! А потым раскапаў паперы і паказаў... I ён сапраўды чуў шолах паперы, бачыў таўсты валасаты палец капітана Карху, які паказваў на ягонае прозвішча, надрукаванае на машынцы.

Такім чынам, прапаршчык, не прасыхаючы ні на хвіліну, пасоўваўся да сваёй часці, а ў ягоным партфелі і ў вялізным пляцаку было гэтулькі спіртнога, што хапіла на добрую вечарыну. Новыя сябры-афіцэры пачаставаліся як мае быць, і ўсё прайшло добра. Ніхто не здзівіўся таму, што адбылося з фельдфебелем Сора. Ніхто не згледзеў у гэтым нічога незвычайнага.

Свята прайшло вельмі радасна, а новыя сябры-афіцэры былі такія вясёлыя ды свойскія, і Сора лёгка даў пераканаць сябе, што гэта была проста несправядлівасць, што ён так доўга праслужыў унтэр-афіцэрам.

У афіцэрскім чыне ён, вядома ж, не мог выконваць абавязкі фельдфебеля. У часці знайшлося вакантнае месца афіцэра-інтэнданта, абавязкі якога Сора выконваў і раней. Гэта было вельмі дарэчы. Фельдфебелем жа стаў адзін з сяржантаў. I атрымалася так, што, падвысіўшыся ў чыне, Сора даў і іншым пашырыць свае далягляды і магчымасці.

Міналі дні, і Сора канчаткова звыкся са сваім афіцэрствам. Ён атрымліваў афіцэрскі аклад, яму выпісалі пасведчанне прапаршчыка. Ніхто не задаваў ніякіх пытанняў.

Пазіцыйная вайна рабілася ўсё болей аднастайнай. Надышла зіма, зрэдку грукаталі гарматы, а прапаршчык Сора сядзеў і гартаў паперы. Часам ён адчуваў нейкі дзіўны неспакой, і тады яго ахоплівала надзвычайная прага дзейнасці. Ён выпісваў сабе камандзіроўкі і адпраўляўся ў паездкі.

Аднаго разу, атрымаўшы грошы на сваё падраздзяленне, ён рушыў у горад, насадзіўся гарэлкі, і жыццё зноў здалося яму вясёлым і радасным. Ён велічна сядзеў за столікам, на грудзях зіхцелі ордэнскія планкі і іншыя адзнакі доблесці. Салдацкія грошы ляжалі ў палявой сумцы, і ён плаціў па рахунках з таўстых, як Біблія, пачак. Дух яго лунаў у паднябессі, чын прапаршчыка здаваўся Сора маленькім і нязначным, а таму і не выклікаў ніякіх сумненняў. Наадварот – такі чалавек, як ён, павінен быць не менш чым палкоўнікам, і гэта ніяк не пярэчыла таму духоўнаму ўзлёту, што перажываў самазваны прапаршчык.

Працверазеўшы, ён адразу зразумеў, што за гэтую паездку без дапамогі дамашняй Катарыны яму ніяк не разлічыцца. Грошы ў яе павінны знайсціся, бо ў гаспадарцы шмат добрага лесу, ды і сама яна – дбайная гаспадыня.

Толькі ці згадзіцца яна так лёгка аддаць тыя грошы. Гэта ўжо іншая справа. Яна нікуды не дзенецца, калі добра прыперці, але звягі не абярэшся... На шчасце, вайна працягваецца, і змены ў жыцці яшчэ будуць.

Прапаршчык вярнуўся ў звераватым настроі і адразу пасварыўся з новым фельдфебелем. Наздзіў, гэты смаркач, якога Сора і вывеў у людзі, насмеліўся яшчэ і пярэчыць. Вось ён сядзіць за фельдфебельскім сталом, гэты лайдак-п’янюга з перапэцканай пысай, увесь стол завалены неразабранымі паперамі, а ён яшчэ хваліцца, што справіцца і сам. Ды яшчэ нават пагражае напісаць куды трэба, туды, дзе, маўляў, ведаюць, адкуль узяўся гэткі прапаршчык.

I напісаў. Сора пераканаўся ў тым, калі праз некалькі дзён яго выклікалі на размову да камандзіра. Камандзір, кашчавы, лядашчы дзед, гарлаў: ён даўно ведаў, што Сора прайдзісвет і шыбенік, але каб адважыцца на такое! Ці не глуздануўся ён, калі палез у самазванцы! Гэта ж нечувана! Ён крычаў і махаў паперкай, дзе сведчылася, што Вяйнё Маціяс Сора ніколі не атрымліваў чына прапаршчыка.

У Сора аж сэрца зайшлося. Hе пашанцавала, як заўсёды, нездарма ён увесь час думаў, што гэтак яно і скончыцца. Аднак ён паспрабаваў мармытаць нешта ў сваё апраўданне, нібыта ёсць недзе і яшчэ паперы і ён іх бачыў на свае вочы.

– Пад суд вас, пад трыбунал! – заходзіўся ад крыку камандзір.

Аднак было зразумела, што гэта ўсяго толькі пагроза. Скандал вырашылі замяць. Сора павінен расказаць усё свайму падраздзяленню, вярнуць тыя лішкі грошай, якія ён атрымаў пад час свайго салодкага жыцця прапаршчыка, а потым яго перавядуць у іншае месца, дзе ў старым чыне фельдфебеля ён паспрабуе пачаць новае сумленнае жыццё.

Усё скончылася ціхамірна. Абышлося без трыбунала.

– Вы, хітраван, ужо і самі здагадаліся, што гэта мы робім не дзеля вас, а проста не хочам, каб з-за вашай дурасці невінаватых каралі, – растлумачыў яму камандзір.

На тым і скончылася афіцэрская кар’ера Сора.

Афіцэрскія зорачкі зніклі з пятліц, і Сора нават сам здзіўляўся, што гэта яму ўзбрыло ў галаву, які нячысцік увогуле спакусіў яго... Напэўна, такі ўжо ягоны лёс, такая ўжо ягоная доля...

Некалькі дзён Сора ўвогуле хадзіў без ніякіх знакаў адрознення. Ён злосна паглядаў на новага фельдфебеля, былога сяржанта. Вунь ён, смаркач нямыты, фанабэрыцца за сталом, а ў самога ўся пыса ў чарніле, стол завалены неразабранымі паперамі, а ён пнецца ў змагары за справядлівасць...

Нарэшце дамашняя Катарына прыслала грошы, і Сора ўздыхнуў з палёгкай.

Якая б сквапная ні была Катарына, а ўсё ж, напэўна, дапяла, што муж трапіў у нявыкрутку! Можна толькі ўявіць, якія слоўцы адрасаваліся яму разам з грашыма! Але вайна яшчэ не скончылася, а прапаршчыкам ці фельдфебелем – пакуль што лепш на вайне, чым дома...

Нарэшце Сора мог разлічыцца за грахі і здаць касу свайму пераемцу. Затым атрымаў свае паперы і ціхенька адправіўся на новае месца службы.

Ён ехаў з калонай адпускнікоў, сядзеў самотны і маўклівы, скурчыўшыся ад холаду, у цёмным кутку пакрытага кардонам кузава. Адзін этап ягонага жыцця скончыўся і пачынаўся новы. Зноў красаваліся на пятліцах нязменныя, вечныя лычкі фельдфебеля. Але вайна працягвалася, увесь свет мяняў скуру... Гульня яшчэ не скончылася... А пакуль трэба радавацца, што так мякка ўдалося ўпасці ў фельдфебелі і прызямліцца на чатыры нагі, як кошка.

Пад час прыпынку ён зайшоў у кавярню, каб выпіць кубачак эрзац-кавы, і сустрэў знаёмых. Нейкі лейтэнант з абветраным тварам доўга ўглядаўся, а потым радасна закрычаў:

– А каб цябе, дык гэта ж Сора!

Сора таксама пазнаў яго. Гэта быў Йоперы, адзін з першых ягоных курсантаў у тыя далёкія часы, калі ён ганяў маладых рэкрутаў.

Тры месяцы гэты хлопец слухаў ягоныя «смірна» і «раўнуйся», а потым яго забралі ў афіцэрскую школу. З выгляду ён цяпер сапраўдны франтавы афіцэр, але прызнаў жа свайго былога сяржанта. Фельдфебель расчуліўся: ён не такі чалавек, якога можна забыць.

– А мы тады думалі, што ўсё гэта простая забава, – казаў далей Йоперы. – Так, звычайныя выбрыкі ваеннага ведамства. Затое цяпер упэўніліся, што армія – гэта сапраўдная справа. А ты ўсё яшчэ фельдфебель, хоць і служыш куды болей, чым мы, афіцэры... Ты ж служыў ужо тады, калі мы лічылі армію дзіцячай гульнёй... У адпачынак едзеш?

He, Сора проста пераязджае на новае месца.

– А прыбраўся, быццам на парад перамогі. А ў нас боты амаль развальваюцца... Слухай, давай памяняемся ботамі! A то першы раз еду ў адпачынак, а пальцы схаваць няма куды...

– А ты абкруці кожны чырвонай стужкай, – пажартаваў Сора.

Яны памяняліся ботамі. Сора вёз у пляцаку яшчэ адны добрыя боты, ды і заўсёды мог здабыць сабе новыя. Ён пахваліўся тым перад лейтэнантам.

Сцягваючы боты, Сора ўзгадаў, што ўпершыню ён абуў гэтыя боты менавіта ў той няшчасны вечар, калі надумаўся стаць самазванцам. Хто ведае, можа, гэтыя боты і навялі яго на думку, якая не прынесла яму шчасця. Яны так добра сядзелі на назе, новенькія чорныя халявы так прыемна сціскалі ногі і таямніча адсвечвалі ў цемры начных вуліц ваеннага горада.

Сора злосна сцягнуў боты, здзіўляючыся, як гэта мёртвая скура можа ўвесці ў грэх жывога чалавека.

Так боты перайшлі да новага ўладальніка.

Бацька Йоперы быў ленсманам і рана памёр. Было ў яго тры сястры, дзве ўжо замужам у розных канцах краіны, а трэцяй у гэтыя часы давялося туга, як і кожнаму, хто не працаваў. А таму вайна загнала яе на канторскі зэдлік. Сям’я была даволі заможнай, і Хейкі Йоперы не меў патрэбы спяшацца з адукацыяй. Ён паступіў ва універсітэт, нібыта між іншым адслужыў абавязковы тэрмін у войску і зноў паспрабаваў заняцца навукай. У яго было шмат захапленняў, але найболей блізкімі былі спорт і турызм. Ён быў даволі добры бягун і на спаборніцтвах выступаў нядрэнна. Потым ганяў па дарогах краіны ў пошуках прыгодаў. I нарэшце, ужо ў сталым узросце, некалькі гадоў працаваў на сціплай пасадзе настаўніка народнай школы. Ён не адчуваў цягі да гэтай прафесіі, аднак яму пайшоў ужо чацвёрты дзесятак і пара было заняцца нечым сур’ёзным, тым болей што стаць настаўнікам народнай школы яму было няцяжка. Гэты выбар быў напалову выпадковым, але ў значнай ступені адпавядаў ягоным ідэалам. Ён не любіў гарадскога жыцця і з задавальненнем вырваўся на свежае паветра. Ён не мог уцяміць, як гэта маглі ўзнікнуць гарады, а людзі могуць жыць сярод такой мітусні і таўканіны.

Ужо ў тыя гады пачалі збірацца навальнічныя хмары, а газеты пісалі аб недалёкай вайне, як аб нечым канчаткова вырашаным, і тады Хейкі Йоперы прарочым тонам узвяшчаў, што ў будучай вайне авіяцыя стане тым бізуном божым, які выганіць сціжмы людзей на ўлонне прыроды... Найболей жа адпавядала ягоным ідэалам тое, што ў настаўніка народнай школы вялікі летні адпачынак, нібыта адмыслова адведзены для ягоных заняткаў спортам і вандровак на матацыкле. У дадатак яму было куды прыямней глядзець на дзіцячыя твары, чым на дарослых, па якіх можна лёгка ўбачыць, што жыццё вырабляе з чалавекам.

Захапляўся ён таксама і ідэяй Вялікай Фінляндыі. Ён быў цвёрда перакананы, што фінская раса – гэта раса, абраная Богам, якая будзе расці і жыць, што ёй наканавана стварыць вялікую магутную дзяржаву. Напярэдадні зімовай вайны ён старанна махаў кувалдай на ўмацаваннях Карэльскага перашыйка. Вайну ён скончыў жывы і здаровы, але вельмі ўзлаваны на сусветных буржуяў, якія захацелі зрабіць з ягонай маленькай радзімы паддоследную жывёліну, каб на ёй праверыць зубы ўсходняга велікана, даведацца ім захацелася, ці сапраўды такі ўжо небяспечны гэты звер.

Перспектыва была даволі змрочнай. Аднак па нейкім часе ўсё памянялася. Удалечыні засвяціла новая зара: некалі сціхлая Германія павярнулася на ўсход.

Яе непераможныя танкі бурным патокам рынуліся наперад.

Цяпер Фінляндыя магла вярнуць усе свае і нават тыя даўно страчаныя землі, дзе калісьці жылі фінскія плямёны. Настаў час адраджэння Вялікай Фінляндыі. Тое страшнае лета ў непралазных нетрах Хейкі Йоперы здавалася адным ваенным трыумфам. Наступленне, смерць, шматкі знявечаных трупаў. Бясконцыя маршы, галодныя дні, бяссонныя ночы, бруд і вошы не маглі спыніць іх, бо ўзнагародай былі перамога і наступленне. Толькі пакутамі і ахвярамі дасягаецца ўсё новае ў гэтым свеце.

Хейкі Йоперы быў спраўны салдат і заслужыў аж два ваенныя крыжы за смеласць. I капітанскі чын быў зусім побач, але толькі цяпер, перад самай зімой, ён атрымаў свой першы франтавы адпачынак. А перад тым яны некалькі тыдняў стаялі ў абароне, забіўшыся ў брудныя сырыя акопы. Пачалася шэрая проза вайны, і ўзнёсласць Йоперы паступова спадала. Усходняга звера не ўдалося дабіць не толькі да сенакосу, як гаварылі сяляне, але і за ўсё лета. У ваўка была моцная скура, а тыя размовы пра бліцкрыг толькі дарэмна ўзрушылі народ. Як жа, фінская раса ніколі не стамляецца! Хто другі сканае ад стомы, ды толькі не фіны! Аднак лейтэнант Йоперы ўпотай прыйшоў да высновы, што вайна зацягнецца надоўга...

Вось ужо болей за два гады, як ён носіць шынель; ён заставаўся на службе і ў час перамір’я, і толькі Бог ведае, колькі яшчэ яму насіць ваенную форму. А можа, і не давядзецца апрануць нічога іншага? Хто яго ведае, так, можа, і лепей.

Цягнік грукатаў на поўдзень, і боты спакойна стаялі пад лаўкай. Здаецца, што разам з ботамі фельдфебеля Сора новаму ўладальніку перадаліся і думкі фельдфебеля. Лейтэнант упершыню падумаў, што вярнуцца зноў у школу, да настаўніцкай працы, было б неразумна, ды і проста немагчыма. Ён уявіў, як лёгка сарвецца з вуснаў звычнае «Каб цябе чэрці!», калі будзе пытацца ў дзяцей пра старажытны Ізраіль, ці пра нечаканы захоп Выбарга рускімі, або пра будову кашэчых зубоў. I вядома ж, яму запатрабуецца цвёрдая вера ў тое, што двойчы два і сапраўды чатыры, і давядзецца пераконваць у тым іншых, як і раней.

На шчасце, да былога вяртаюцца ўсё радзей і радзей. Напрыклад, яму ўжо немагчыма вярнуцца ў добра знаёмы прыморскі горад, да свайго роднага дома, які маці набыла неўзабаве пасля таго, як памёр бацька і настаў час падумаць пра адукацыю дзяцей. Вярнуцца было немагчыма, бо той дом у самыя першыя дні вайны быў знішчаны бомбай; ён згарэў дашчэнту і ператварыўся ў попел. Йоперы сумна ўсміхнуўся, згадаўшы, як некалі прарокаваў, што авіяцыя – гэта той самы бізун божы, які выганіць людзей з каменных гарадскіх нетраў на прывольныя зялёныя мурагі... I вось цяпер яго маці аказалася на вясковым прыволлі, якое некалі не было ёй даспадобы. Думаючы пра маці, якую вайна пазбавіла і старога дома, і шмат якіх звычных старых рэчаў, Йоперы шкадаваў яе. Лейтэнанту здавалася, што яго маладосць скончылася якраз тады, калі згарэў той дом, адзіны дом, які ён называў родным, здавалася, што на свеце болей ніколі не будзе вясны, той самай хлапечай вясны, калі мячык так прывабна круціцца ў нагах на лужку, яшчэ крыху вільготным ад нядаўняга снегу... I ўсё ж той дом быў у горадзе, а Хейкі Йоперы ненавідзеў горад гэтак жа моцна, як любіў слухаць лапаценне дажджавых кропель аб палатку, глядзець на гарэзнае полымя вогнішча ў полі, як любіў утрапёны лёт матацыкла па бясконцых бальшаках...

Калі Йоперы выйшаў з вагона і ўжо збіраўся пайсці, каб распытаць, як прабірацца далей, на прыступках вагона ён убачыў свайго спадарожніка, гаваркога хвалька-лейтэнанта, які на развітанне даваў яму свае парады:

– Гэй, паслухай, загляні куды-небудзь на малочную ферму, празнай, ці ёсць там якая дзяўчына або салдацкая ўдава, словам, хто-небудзь са слабой паловы роду чалавечага... Цяпер масла даражэй ад золата, павер вопытнаму фінансісту. Памятай, што патрыятызм звычайна ўласцівы толькі таму, хто заўсёды мае масла ў маслёнцы.

I Йоперы чамусьці слухаў яго, хоць зазвычай ставіўся да такіх размоў, як да надакучлівага шолаху дажджу. «Вось яны, звычайныя салдацкія думкі, – падумаў ён. – Вельмі часта нашы галовы толькі тым і забітыя, дзе здабыць хлеба, ды і яшчэ чаго-небудзь у дадатак. Дый сапраўды было б нядрэнна, каб якая паненка намазала б мой кавалак хлеба сваім маслам...»

– Гэта даволі сучасны светапогляд! – пачуўся голас гаваркога лейтэнанта з цягніка, які набіраў ход.

Лейтэнант Йоперы знайшоў сваю маці ў вялікім доме вясковай сялібы, дзе жылі яе далёкія родзічы, дакладней, родзічы яе мужа-нябожчыка, а значыць, і родзічы яе сына.

– Так, пані Йоперы жыве тут, – сказала маладая дзяўчына, якая адчыніла яму дзверы. – А вы, значыць, і ёсць мой траюрадны брат Хейкі Йоперы?

Бялявая прыгажуня вабна ўсміхалася. Гэта была дачка гаспадара, і звалі яе Ханна.

– Дык заходзьце ж у дом!

Раптам лейтэнант Йоперы падумаў, што ён, мусіць, выглядае брудным абадранцам. Колькі тыдняў ён не мыўся ў лазні і не мяняў бялізны. У адпачынак жа давялося збірацца даволі паспешліва. I ён адчуў, як нясцерпна чэшацца ўсё цела.

– He ведаю... – сказаў ён. – Можа, гэта было б... ну, не зусім прыстойна. Я хацеў бы пакуль што пахадзіць за сваімі жывёлінкамі. Мне трэба пякельная, прабачце, вельмі гарачая лазня.

– Яна якраз і ладзіцца. Хутка натопіцца і будзе гатова. Ідзе малацьба, і людзям трэба мыцца.

Дык вось што азначала тое далёкае гудзенне, да якога лейтэнант міжволі чуйна прыслухоўваўся, як да непрыемнага зыку непрыяцельскага самалёта. Цяжкі, сумны спеў малатарні поўніў асеннія абшары...

– Заходзьце ж! – сказала дзяўчына. – Напэўна, вашы маленькія жывёлінкі не так ужо дрэнна і даглядаюцца, каб адразу разбегчыся...

Затым лейтэнант убачыў сваю маці. Яна была жывая і здаровая, у добрым гуморы, аднак вельмі пастарэла за гэты час. Хоць яна была гаваркая, як і раней, аднак здавалася ўсё ж крыху прыціхлай і разгубленай у чужым, нязвычным асяроддзі. Сын здагадваўся, што маці не стае гарадскога шуму, свайго вялікага асабняка і сябровак, водаправода і прыбіральні, мяккай канапы і яркага святла. Электрычнасць гарэла і тут, хоць даволі цьмяна. I ўсё ж пані Йоперы не сядзела ў дымным святле газніцы або зусім у цемры.

– Чым жа ты тут займаешся, мама?

– Амаль нічым. Летам прыглядаю за садам, a цяпер вось корпаюся паціху з ніткамі...

У лейтэнанта Йоперы стваралася ўражанне, што маці сама не ведае, чым ёй займацца. Вясковае жыццё дагэтуль заставалася ёй чужым і нязвычным. Апрача таго, яна была тут адна, амаль чужая, бежанка, адна з многіх тысяч гэткіх жа бяздомных. Вось і ёй даводзіцца цярпець за айчыну. А можа, у чалавека павінна быць нешта такое, што б дапамагала яму зносіць нягоды і пакуты...

– А чаму ты не паехала да Герты або да Гелены? Напэўна, табе было б лепей жыць у сваіх дачок, ды і жывуць яны ў горадзе... Ты ж ніколі не любіла вёску...

– Але я не такая ўжо і дурная, – сказала пані Йоперы, – каб не ведаць, дзе родзіцца хлеб. I потым, гарады бамбяць, а мне гэта не падабаецца. Гэта штосьці жахлівае! Скажы, а там, на вайне, заўсёды так?

– He заўсёды. Усяляк бывае. Часам бывае і проста весела, калі сядзіш ля паходнага вогнішча... Аднак фінскія гарады бамбілі ўсяго некалькі разоў і болей, напэўна, не будуць. Рускім цяпер не да таго. Мяркуючы па лістах, сёстры і крыўдуюць, што ты да іх не паехала...

– Ведаеш, шчыра кажучы, з Геленай я б доўга не вытрывала, а мужа Герты я проста цярпець не магу!

– Нядрэнна! – засмяяўся лейтэнант. – Усё зразумела...

– Вось так! Хоць мы і лічымся вельмі аднадушным і згуртаваным народам. А ёсць шмат і такіх блізкіх, што і глядзець на іх не хочацца...

– А як ты жывеш з гаспадарамі?

– Добра. Яны мне чужыя і могуць быць якімі хочуць – не мая справа выхоўваць іх. Уся бяда адносін з блізкімі ў тым, што заўсёды хочацца пабыць гэткім настаўнікам... Гаспадары – вельмі добрыя людзі. Здаецца, яны крыху нават і задаволеныя, што гараджанам у вайну даводзіцца цяжка... Вітрыны пустыя, а ад гульняў ды музыкі жывот не пасыцее. Гараджанін, калі пачаў атрымліваць паёк па картках, успомніў пра вёску і пра сялян. А раней ён смяяўся з іх...

– Так, прыспеў час падумаць і аб тым, хто чый хлеб еў.

– Кліча зямля да сябе, – уздыхнула пані Йоперы. – Кліча нават самых зацятых гараджан. I чым гэта ўсё скончыцца?

– Дабром, вядома! Толькі трэба крыху пацярпець...

– А ці не зашмат церпяць людзі?

I матчын твар упрыгожыўся такой загадкавай усмешкай.

Потым лейтэнанта паклікалі ў лазню. Гаспадары пазычылі яму бялізну, бо цяпер лейтэнант быў такі ачышчаны ад усялякага зямнога майна, што калі б ён узімку палез на дрэва, то на снезе засталіся б толькі сляды... Так звычайна казаў ягоны апошні сувязны, так сказаў і лейтэнант да сваёй бялявай сястры. Ягоныя рэчы і адзенне яшчэ пад час перамір’я завезлі да маці, і разам з домам яны пайшлі дымам.

Гэта была цудоўная курная лазня, а духмяны дымок і неверагодна чорныя сцены прыйшліся вельмі даспадобы лейтэнанту Йоперы. Пасля лазні падалі вячэру, дзе былі такія рэдкія ў ваенны час прысмакі, як масла і скалацьвіны.

А потым стомленага лазняй і нязвычна сытнай вячэрай салдата чакаў ложак, засланы чыстымі прасцінамі, на існаванне якіх лейтэнант амаль забыўся, бо доўга, вельмі доўга яму даводзілася засынаць на саломе або проста на голай зямлі.

I глыбокі салодкі сон агарнуў лейтэнанта ў гэтым ложку.

Наступныя пару дзён лейтэнант пачуваў сябе даволі няёмка ў цывільным касцюме, бо лічыў, што падобны да пудзіла, але трымаўся даволі мужна і нават знаходзіў сілы жартаваць з таго. Да таго ж касцюм быў яму крыху малаваты, бо належаў гаспадару, маленькаму вясёламу старому, і той жартаваў, што вось і яго святочны касцюм спатрэбіўся дзеля вызвалення Карэліі...

Ніякіх клопатаў у Йоперы не было, і ён нават папрацаваў на таку, але хутка стаміўся. Потым узяў сабаку і стрэльбу і падаўся ў лес. Дабратворны шум векавога досвітнага восеньскага лесу суцяшаў і супакойваў. I лейтэнант падумаў, ці такая ўжо вялікая справа гэтая вайна... Спрадвечны лясны шум будзе і пасля вайны... Аднак лес гэтак жа шумеў і там, на вайне, хоць там ён не супакойваў, а наадварот, замінаў напружана прыслухоўвацца і заўсёды хаваў штосьці ад пільнага вока. Там даводзілася ступаць вельмі асцярожна і ўвесь час трымаць палец на спускавым кручку. Ёсць і такія лясы...

Ён падпільнаваў пару зайцоў і вяртаўся задаволены, але ўсё ж сумныя думкі гнялі яго: што ж гэта за істота такая чалавек, калі забівае ўсіх падрад.

Вечарам ён сядзеў, акружаны людзьмі, у прасторнай, нібы царква, хаце і апавядаў пра свае франтавыя прыгоды. Часам ён прымаўкаў, і тады раптам яму прыходзіла думка, што гэта стала яго характэрнай рысай... I дзе ён толькі прывык да такога? На вайне? На пастоях стала звычкай, што ён сядзіць, аточаны цэлым роем салдат, і штосьці ўспамінае... Ды яшчэ які-небудзь падліза-хітрун запытае, ці не памятае лейтэнант тое ці гэта... I хоць лейтэнант выдатна разумеў, што ў такіх пытаннях крыецца нямала ліслівасці, аднак такая ўвага кранала за душу...

Між тым ягоны мундзір, які напачатку ён сам старанна прапарыў, вычысцілі, памылі, зашылі і адпрасавалі. Лейтэнант з вялізнай асалодай зноў апрануў яго.

Боты, якія ён выменяў у фельдфебеля Сора, мякка сядзелі на нагах, і свежы глянец пакрываў драпіны, атрыманыя пад час прыгодаў фельдфебеля. Вось цяпер ён можа сядзець і вечарамі апавядаць і ўспамінаць у вялікай хаце. Ён ведаў, што ў цесным касцюме з кароткімі рукавамі выглядаў даволі няўклюдна. А хто ж паверыць чалавеку ў такой недарэчнай вопратцы?

Ён праводзіў шмат часу са сваёй бялявай родзічкай, хоць тая заўсёды некуды спяшалася і мела шмат клопатаў у гаспадарцы. Яна стала гаспадыняй у хаце пасля таго, як у час перамір’я памерла яе маці. Яна скончыла толькі нейкую гаспадарчую школу і народную вучэльню, але была добрай і вясёлай дзяўчынай. Трымалася яна проста і добразычліва, а таму вельмі падабалася лейтэнанту Йоперы.

Некалькі разоў ён заўважаў, што маці кідае на іх доўгія ўважлівыя позіркі і за халоднай усмешкай на твары хаваецца нямы дакор. Ёй, шляхцянцы, не хацелася бачыць разам свайго адзінага сына і просталюдзінку Ханну Сакеус.

Аднак пані Йоперы была жанчына разумная і выдатна разумела, што ўсё гэта нічым сур’ёзным не скончыцца. Гэта ўсяго толькі эпізод, выпадак, і не болей. Лейтэнант паедзе на вайну, а гэтая сялянская дзяўчына застанецца тут са сваімі каровамі, як і раней... Праўда, яе сын даўно ўжо не спраўдзіў тых надзей, якія маці ўскладала на яго, заўсёды быў занадта натурысты, а цяпер, за часы ваенных паходаў, сваёю моваю зусім прыпадобніўся да просталюдзінаў.

Цяпер прынята ўсхваляць працу чорнарабочых, бо іхняя праца такая неабходная грамадству. Можа, яно і праўда, але кожны павінен ведаць сваё месца.

Так праходзілі дні адпачынку лейтэнанта Йоперы. Дзён тых было няшмат, і вось неўпрыкмет пачаў набліжацца канец.

Лейтэнант патраціў дзянёк, каб наведаць сваю сястру Герту, якую любіў за шчырасць і вясёлую натуру. Яна ніколі не сумавала, што б там ні тварылася на свеце. I цяпер яна не заўважала ніякіх змен: зямля круціцца, жывыя жывуць, а нябожчыкі ў магілах...

У апошні дзень адпачынку даволі рана для тых мясцін нечакана пайшоў першы снег, аднак увечары неба пасвятлела, замігцелі яркія зоркі, у чорнай вышыні зіхцеў срэбны месяц.

Срэбны бляск новага, белага і мяккага покрыва зямлі, дзівосны звон бразготак глыбока ўразілі лейтэнанта. Коні ўжо стаялі каля ганка. Час развітання настаў.

– Шчаслівай дарогі! – празвінеў у марозным паветры голас Ханны, а яе светлыя вочы глядзелі на лейтэнанта запытальна і крыху здзіўлена.

– Шчаслівай дарогі! – пачуўся звонкі голас маці, а ў вачах яе блішчэлі слёзы. Сын адпраўляецца на вайну, і хто ведае, ці не апошні раз маці бачыць яго.

– Шчаслівай дарогі! – сказаў і сам гаспадар, стары Сакеус. Ён глядзеў на лейтэнанта сумна і спачувальна: маладыя адпраўляюцца ў апраметную, а яны, старыя, застаюцца жыць.

– Шчаслівай дарогі! Вяртайцеся жывы і здаровы! – чуліся высокія і нізкія галасы з прыступак ганка і з дзвярэй. Потым сяброўскія рукі захуталі Йоперы ў футру. Конь ірвануўся, звінелі званочкі, снег серабрыўся, а ў чорным небе свяціліся буйныя зоркі.

А на зямлі такімі ж зоркамі свяціліся вокны хацін. Лейтэнант Йоперы падумаў, што няма на роднай зямлі нічога болей прыгожага, чым агеньчыкі сялянскіх хат у восеньскай цемры.

Чалавек, які цяпер насіў боты Сора, у параўнанні з самаробным прапаршчыкам быў сапраўдны салдат і ведаў, што такое вайна. У хуткім часе ён ужо таптаў дно акопа і слухаў глыбакадумныя развагі свайго сябра-капітана. Капітан выконваў абавязкі камандзіра батальёна і вельмі зайздросціў лейтэнанту, які толькі што прыехаў з Фінляндыі, пабачыў жыццё і жаночыя ножкі, пасядзеў у рэстаранах, паслухаў музыку, шум галасоў і панюхаў як след водар рому.

Яны стаялі, апёршыся на край акопа.

– Вось топчамся на адным месцы, – казаў капітан. – Я, напэўна, ніколі не спасцігну таямніцы вядзення вайны.

Вось, да прыкладу, той пагорак, дзіўнае месца... Напачатку ён быў нам патрэбен дазарэзу, і мы чатыры разы забіралі яго ў рускіх. I роўна гэтулькі разоў аддавалі назад. А потым рускія нам яго і зусім не аддалі, хоць разы са тры мы ўсур’ёз спрабавалі зноў забраць у іх гэты пагорак. А цяпер вось ужо колькі тыдняў выдатна жывём і без той горкі, і я пачынаю думаць, што яна ўвогуле нікому не трэба, хоць тут і быў з-за яе такі вэрхал...

– Дык вось як вы цяпер ваюеце! Здаецца, што мне трэба неяк выбірацца адсюль. Такога я не вытрымаю...

– Вядома, што тут добрага... Гэтае корпанне на месцы толькі пацвярджае, што наш запал скончыўся. Але мне ўжо абрыдлі бясконцыя тактычныя перасоўкі. У маім узросце лепей ляжаць, чым бегаць. Каб толькі мы зноў не пачалі браць гэты пагорак.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю