355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Паўла Урбан » У сьвятле гістарычных фактаў » Текст книги (страница 9)
У сьвятле гістарычных фактаў
  • Текст добавлен: 15 апреля 2017, 03:00

Текст книги "У сьвятле гістарычных фактаў"


Автор книги: Паўла Урбан


Соавторы: Паўла Урбан

Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 13 страниц)

Іншыя грамадзкія станы

Аднак жа, апрача сялянства, у Вялікім Княстве і Маскоўскай дзяржаве існавалі яшчэ іншыя пласты жыхарства: гарадзкое жыхарства, шляхта й «буйныя феадалы», якіх зь гісторыі ніяк ня можна выкінуць. Як ведама, у Вялікім Княстве Літоўскім шмат якія гарады й мястэчкі карысталіся магдэбурскім правам, ці самакіраваньнем. Жыхарства такіх гарадоў і мястэчак жыло сваім незалежным «рэспубліканскім» жыцьцём, сплочваючы, зразумела, дзяржаве й гораду адпаведныя падаткі. У Маскоўшчыне такога наагул ня было, тут гарадзкое жыхарства, як і ўсе грамадзяне, лічыліся «халопамі» вялікага князя, а пасьля цара. Вышэй мы згадвалі, як апрычнікі Івана Жахлівага ў 1570 годзе ўчынілі расправу над гарадзкім жыхарствам Ноўгараду і Цьверы. Падобная расправа, крыху ў меншых памерах, закранула тады й іншыя гарады. Прыкладам, у сьнежні 1569 году Іван Жахлівы выклікаў у Клін гандляроў суздальскага Пераяслава ды ўчыніў тут над імі крывавую расправу, у выніку якой было замардавана 470 гандляроў. Адным словам, як сялянства й простыя нявольнікі, так гарадзкое жыхарства ў Маскоўшчыне было фактычна бяспраўнае. Гэтага нельга сказацьпра гарадзкое жыхарства ў Вялікім Княстве, на што й зьвяртае асаблівую ўвагу ў сваёй працы З.Ю.Капыскі[107].

Праўда, «патоп» 1654-1667 гадоў і такія ж трагічныя вынікі Паўночнае вайны на пачатку ХVІІІ стагодзьдзя адмоўна паўплывалі на разьвіцьцё гарадоў у Вялікім Княстве Літоўскім. Найперш, шляхта й магнаты, якія тым ці іншым парадкам былі зьвязаныя з гарадамі, вызваліліся з-пад юрысдыкцыі гэтых гарадоў ды атрымалі права на бязмытны гандаль, што, зразумела, падрывала эканоміку гарадоў. Разам з тым надыйшлі абмежаваньні гарадзкога самакіраваньня, што было зьвязана таксама з заняпадам гарадзкога жыхарства й эканомікі ў выніку згаданых войнаў.

Прывілеі ды правы шляхты й магнатаў у Вялікім Княстве добра ведамыя. Будучы занадта ліберальнымі, яны пасьля вырадзіліся ў звычайную анархію, спрычыненую гэтак званым «лібэрум вэто», што і прывяло да палітычнага заняпаду Рэчы Паспалітай. У Маскоўскай дзяржаве гэтая шляхта («помещики» й «дворяне»), а таксама князі й баяры былі «халопамі» вялікага князя й цара. Асабліва пачынаючы ад княжаньня Івана ІІІ, вольнасьці шляхты й арыстакратаў зводзіліся да прынцыпу: «царь приказал, бояре приговорили». Адсюль і добра ведамае ў гістарычнай літаратуры выказваньне Івана Жахлівага, засьведчанае ў ягоным пасланьні да князя Курбскага, які быў уцёк у Беларусь. У гэтым пасланьні цар любіў паўтараць: «А жаловати есмя своих холопей вольны, а и казнити вольны же»[108]. Пра гэта ён пісаў і ў «пасланьнях» да Жыгімонта Аўгуста, падкрэсьліваючы сваю «от Бога даную власть» ды падсьмейваючыся з Жыгімонта Аўгуста, што той, з прычыны шырокае вольнасьці шляхты ў Вялікім Княстве і Польшчы, сам стаўся яе «холопом». За часамі апрычніны Іван Жахлівы занадта быў «вольны казнити своих холопей», і галовы ў баяраў, князёў і звычайнае шляхты зьляталі, як качаны капусты. У такім «халопскім» стане шляхта й баярства ў Маскоўшчыне жылі і перад Іванам Жахлівым і пасьля ягонае сьмерці, прыдбаўшы правы значна пазьней, а перад гэтым у кажным часе яны маглі заплаціць сваімі галовамі, што вельмі часта й здаралася.

Абэцэдарскі, каб падкрэсьліць «бязвыхадны» стан сялянства ў Княстве, паклікаецца таксама на Жыгімонта Гэрбэрштайна, які на пачатку ХVІ стагодзьдзя два разы пабываў у Маскве ды гасьцяваў таксама і ў нашай краіне. Аднак прафэсар мінае тыя мясьціны з успамінаў Гэрбэрштайна, дзе той гаворыць пра агульнае нявольніцтва ў Маскоўшчыне. А Гэрбэрштайн пісаў, што тут вызваленыя на волю нявольнікі адразу «прадавалі сябе» ў новую няволю, бо для іх не было іншага выйсьця. Ён таксама маляўніча апісваў, як жыхарства Маскоўшчыны захаплялася «боствам» свайго вялікага князя-цара, як пры аўдыенцыі зь ім сама знатныя маскоўскія баяры й князі змушаныя былі горбіцца перад ім да стану поўзаньня на ўсіх чатырох і адказваць толькі завучанымі трафарэтамі.

Дарэчы, у савецкай гістарыяграфіі нават жудасьць апрычніны Івана Жахлівага апісваецца, як «прагрэсыўны» фактар. А гэта таму, што быццам бы яна «способствовала централизации» Маскоўскага гаспадарства ды ўмацаваньню ягонае вонкава-палітычнае магутнасьці. У гэтай гістарыяграфіі падобна ацэньваецца тэрор Леніна ды асабліва добра ведамы тэрор Сталіна. Выходзіць, што чалавек, ягонае права на жыцьцё й волю – гэта нішто; галоўнае – палітычная магутнасьць дзяржавы, выйгрыш ад вонкавае экспансіі. Адным словам, дзяржаўная магутнасьць, голая палітычная сіла – гэта той пачварны Малох, якому павінна ахвяравацца ўсё іншае. Парадаксальна, што тая ж савецкая гістарычная й партыйная літаратура ня любіць так званых «гістарычных аналёгіяў», г.зн. ня любіць выводзіць сучасную савецкую рэчаіснасьць ад рэчаіснасьці мінулага Маскоўшчыны-Расеі.

БЕЗ РАСЕІ БЕЛАРУСЬ БЫЛА Б СІРАТОЙ


«Прагрэсыўнае» маскоўскае праваслаўе і іншыя веравызнаньні

Наступныя разьдзелы брашуры Абэцэдарскага – «Беларуская народная рэлігія», «Беларусы і Расія» й «Некаторыя пытанні гісторыі беларускай культуры» – мы разгледзем разам. Іхны зьмест можна ахарактарызаваць словамі з артыкулу Міколы Аляксютовіча «А дзе ж ісьціна аб'ектыўная?»:

«Справа ў тым, – пісаў Аляксютовіч, – што і ў наш час ёсьць яшчэ катэгорыя людзей, няздольных зразумець, што ня ўсё тое, што зьвязана зь дзейнасьцю рускіх цароў і праваслаўнай царквы, было прагрэсыўнае. Таму ўсё тое, што пранікала да нас з краін Заходняй Эўропы (і нават славянскай Польшчы) успрымаецца імі як ад нячысьціка. Адсюль – праклён на адрас усіх каталікоў і дыфірамбы на адрас праваслаўных дзеячоў, асуджэньні манархаў і феадалаў іншаземных і паклоны рускаму цару й памешчыкам, рэверансы ў бок рускай феадальнай дзяржавы і падозранае стаўленьне да Вялікага Княства Літоўскага, якое па сваім этнаграфічным складзе, па сваёй тэрыторыі й культуры было пераважна беларускае.»[109]

Да катэгорыі такіх людзей належыць і прафэсар Абэцэдарскі. «Найбольшым ліхам» для Беларусі ён імкнецца паказаць усё тое, што да яе йшло з Захаду, асабліва стараецца збэсьціць, прыкладам, вуніяцтва ды нават рэфармацыйныя рухі. Тым часам ён сапраўды сьпявае гэтыя дыфірамбы праваслаўю й расейскім царом, наагул усялякаму «прагрэсу», які быццам бы мог ісьці толькі з Маскоўшчыны. Гэтак у яго і атрымоўваецца, што быццам беларускі народ толькі й жыў адным жаданьнем – як хутчэй спалучыць свой лёс з Расеяй.

Выходзячы з атэістычнае ідэялёгіі, якая пануе ў СССР, неяк дзіўным паказваецца прыняцьце боку тае ці іншае рэлігіі. «Опиумом для народа», здавалася б, павінна быць кажнае веравызнаньне. Тым жа часам савецкая гістарыяграфія, сьлядамі якое крочыць і Абэцэдарскі, для праваслаўя чамусьці робіць вынятак, бо яно ж, бач, узгадоўвала «патриотизм» і спрыяла «воссоединению белорусов и украинцев в едином Русском государстве». Што да каталіцызму й вуніяцтва, дык яны дзеілі ў вадваротным кірунку, а таму, паводле Абэцэдарскага, прыкладам, вунія «была сродкам ідэалагічнага заняволення народных мас Беларусі. Яна ставіла за мэту скаваць іх волю да барацьбы за сваё вызваленне, ператварыць іх у паслухмяных рабоў Ватыкана і магнатаў Рэчы Паспалітай» (б.63). Адсюль сама па сабе вынікае, што праваслаўе аніяк ня можна ставіць побач з каталіцтвам, а тым больш уважаць вуніяцтва за «беларускую народную рэлігію». Дарэчы, паводле аўтара, вуніяцтва было не веравызнаньнем, а нейкім гібрыдам. Быццам маскоўскае праваслаўе не было «гібрыдам», паўсталым на аснове ідэалёгіі «царскага боства» й вялікадзяржаўніцтва.

Мы далёкія ад таго, каб захапляцца і каталіцтвам і вуніяцтвам. У Вялікім Княстве Літоўскім было шмат бяды як ад таго, так і ад гэтага, асабліва ў ХVІІ-ХVІІІ стагодзьдзях, калі сілай зачыняліся праваслаўныя цэрквы й манастыры, а самыя вернікі абмяжоўваліся ў правох ды ў шмах якіх выпадках нават караліся. Аднак, як ужо казалася вышэй, за тымі часамі Вялікае Княства не было выняткам. У гісторыі Маскоўскае дзяржавы таксама брутальна перасьледваліся прыхільнікі іншых веравызнаньняў, асабліва гэтак званыя «еретики» – прыкладам, «жидовствующие» ў канцы ХV – пачатку ХVІ стагодзьдзя, або «старообрядцы» ў другой палове ХVІІ стагодзьдзя. Колькі, прыкладам, ведамы гуманісты Максім Грэк за прыпісаную яму «ерась» адседзеў у «заточении»? Цэлае жыцьцё, згодзіцца Абэцэдарскі! Дый Абэцэдарскі шмат піша пра «еретиков» старца Арцёма ды Ф.Касога, якія ў сярэдзіне ХVІ стагодзьдзя ўцяклі ў Вялікае Княства Літоўскае. Аднак ён прыгадвае іх ня дзеля таго, каб паказаць, што і ў Маскоўшчыне вялося рэлігійнае змаганьне, а толькі дзеля таго, каб яшчэ раз падкрэсьліць, што быццам бы ад гэтых уцекачоў у Княстве пачынаецца рэфармацыйны рух. Пэўна ж, вялікая нацяжка цьвердзіць, быццам радыкальныя «ерасі» ў Вялікім Княстве Літоўскім узьніклі не пад заходнеэўрапейскім уплывам, а пад уплывам «рускіх вальнадумцаў». Аднак факт застаецца той, што дзейнасьць згаданых тут старца Арцёма й Касога ў краіне нікім не абмяжоўвалася, што павінна пярэчыць канцэпцыі Абэцэдарскага пра небывалае рэлігійнае засільле тут, нават у ХVІ стагодзьдзі.

Каб згусьціць фарбы рэлігійнага прыгнёту ў Вялікім Княстве Літоўскім, прафэсар, спасылаючыся на расейскіх гісторыкаў-славянафілаў ХІХ стагодзьдзя, цьвердзіць, што «ў Вялікім княстве літоўскім з 1437 г., на 43 гады раней, чым у Іспаніі, была ўтворана інквізіцыя з правам шукаць і караць ерэтыкаў і рускіх адшчапенцаў, прыводзіць іх у паслухмянства рымскаму двару, не дазваляць ім будаваць і аднаўляць цэрквы» (б.59). Дзівіць толькі, як пасьля ўвядзеньня такое інквізыцыі магла захавацца тады ў Княстве праваслаўная царква й як маглі займаць дзяржаўныя пасады «феадалы» праваслаўнага веравызнаньня! Вышэй мы таксама згадалі, што з Рыму сюды накіроўваліся «пасланьні», якія прадпісвалі ўнікаць сужэнства між каталікамі і праваслаўнымі ды да т.п. Такое прадпісаньне, зразумела, магло зьявіцца і ў 1437 годзе, але ж ня гэтая «інквізіцыя». Тым больш, што тады насьпявала Флярэнтыйская царкоўная вунія, у рыхтаваньні да якой, між іншага, браў удзел мітрапаліт Вялікага Княства Літоўскага Гарасім (спалены ў 1435 годзе вялікім князем Сьвідрыгайлам за тое, што ён перайшоў на бок вялікага князя Жыгімонта). Няведама, чым у гэтым выпадку кіраваўся Абэцэдарскі, паўтараючы нацяжкі расейскіх гісторыкаў-русафілаў, аднак трэба сьцьвердзіць, што гісторыя ня ведае ніякіх ахвяраў гэнае «інквізіцыі» ў Вяікім Княстве. Праўда, у летапісах вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч малюецца як «тыран», аднак гэтае ягонае «тыранства» было скіраванае вылучна супраць шляхты й магнатаў праваслаўнага й каталіцкага веравызнаньня, за што ў 1440 годзе ён і заплаціў сваім жыцьцём. Такі «тыранскі» ўхіл Жыгімонта нічога супольнага ня мае зь «інквізіцыяй».

Далей Абэцэдарскі пералічвае прыклады, як вуніяцкія епіскапы й мітрапаліты прыгняталі народ шляхам «бязьлітаснага ліхвярства» дый іншых грашовых махінацыяў, спраўлялі над гэтым народам «крывавыя расправы» ды нават «гвалцілі» дзяўчатаў. Вось вам, высноўвае Абэцэдарскі, і «народная беларуская рэлігія» і ейная «высокая маральнасьць»! Зразумела, паслугоўваючыся падборам толькі адмоўных фактаў, галяпаваць можна і нават далёка. Аднак у такім выпадку прыгледзімся да «маральнасьці» праваслаўнае царквы ў Маскоўшчыне. Вышэй мы згадвалі пра «бязьлітаснае ліхвярства», якое практыкавалася Іосіфа-Валакаламскім манастыром, а таксама пра тыя высокія штрафы, якія гэтым манастыром зьдзіраліся зь сялянаў за тое, што яны фактычна выступалі супраць падобных «ростовщических операций» або «сено сгноили». Раздаўшы ў 1591 годзе сялянам 742 рублі прымусовага крэдыту, манастыр у 1592 годзе атрымаў 709 рублёў гадавых, а ў наступныя гады «и во веки» кажны год разьлічваў атрымліваць па 600 рублёў прыбытку. Праўда, у сувязі з забурэньнямі сялянства, у 1595 годзе гэты манастыр змушаны быў значна панізіць працэнтную плату, але затое пачаў больш зьвяртацца да штрафаў.

Зразумела, Іосіфа-Валакаламскі манастыр ня быў выняткам. Да таго ж даходзіла яшчэ больш «бязьлітаснае ліхвярства», якое звалася «кабалой» і якое прыводзіла да ўзьнікненьня «кабальнае службы» й «кабальных халопаў». За непаслушэнства і «бунтарства» манастырская і царкоўная адміністрацыя мела права зьбіваць сялянаў кіямі ды бізунамі ды пасьля кідаць іх у турмы. І гэта датычыла ня толькі канца ХVІ стагодзьдзя, але практыкавалася й раней. Прыкладам, згадваны Максім Грэк, абвінавачаны ў зьнявазе «русских чудотворцев», у часе суду над ім гаварыў, што «как им чудотворцами быти», калі яны былі ня толькі «бязьлітаснымі ліхвярамі», але й «имели села», «слуги держали и судили, и кнутьем били»[110]. Тут Максім Грэк, які якраз выступаў супраць падобных зьяваў і царкоўнага багацьця, меў на ўвеце ня толькі гэтых «русских чудотворцев», якія ў ХVІ стагодзьдзі раптоўна пачалі зьяўляцца й кананізавацца, але й праваслаўную царкву Маскоўшчыны наагул, ейныя багацьці дый экспляатацыю сялянства й нявольнікаў. Таксама, ведамы за часамі Івана Жахлівага «всесильный» пратапоп Сыльвэстар, які быў прыхільнікам ліквідацыі царкоўных і манастырскіх земляў, тым часам сам займаўся гэтым «бязьлітасным ліхвярствам». Пры сваіх дварох ён трымаў ня толькі цэлую армію «наёмнае службы», але і гандляроў, якія рабілі для яго розныя грашовыя махінацыі.

Дарэчы, што можна сказаць пра езуіцкі прататып маскоўскае праваслаўнае царквы – Іосіфа Валоцкага, ідэалёгія якога афіцыйна была прынятая гэтай царквой? Іосіф Валоцкі, ігумен Валакаламскага манастыра, быў заўзятым абаронцам разбудовы царкоўнага й манастырскага багацьця ўсякімі магчымымі спосабамі, у тым ліку і бязьлітаснай экспляатацыяй народу. З гэтае прычыны сучасьнікам ён быў названы амаральным тыпам і шкурнікам. «Хрысьціянская маральнасьць» у яго зводзілася вылучна да разбудаваньня матэрыяльнае магутнасьці царквы, бо, як ён цьвердзіў, калі царква зьбяднее матэрыяльна, дык ня будзе каму яе ўзначаліць. Ад зьбяднелае царквы адхінецца баярская знаць. Для Іосіфа Валоцкага, усе іншыя вернікі царквы – гэта «халопы», пакліканыя Богам служыць царкве, сваім гаспадаром і «божественному» цару. Прыкладам, паводле ягонае «маралі», «государь волен в холопе» ды «хотя не по правде казнит, а суда с ним нет». Фактычна, за таго ж «халопа» гэтага «государя» Іосіф Валоцкі ўважаў і царкву ў цэлым. «Еретиков» ды іншых, хто не падпарадкаваўся «государю» й царкве або бунтаваў супраць іх, ён проста заклікаў спальваць ды вешаць, або аддаваць на іншыя катаваньні[111]. Ці ж гэтая ідэалёгія не нагадвае «інквізіцыю»?!

Як ужо згадвалася, гэтая фактычна антыхрысьціянская й антыгуманная ідэалёгія Іосіфа Валоцкага стала ідэйным багацьцем праваслаўнае царквы ў Маскоўскай дзяржаве, а сам ён быў залічаны да «сьвятых».

Чаму ж Абэцэдарскі ўхіляецца падаваць такія факты? Дарэчы, як ужо казалася вышэй, ён нават ня згадвае пра трагічную долю старавераў, якія за драбнюсенькія рэлігійныя разыходжаньні бязьлітасна зьнішчаліся, выганяліся з краю або мусілі шукаць прытулку на прасторах Сібіры ці Беларусі.

У сувязі з гэтым кранёмся таксама тэорыі «Масква – трэйці Рым», якая кавалася тым жа «прававерным» маскоўскім праваслаўем у хаўрусе зь вялікакнязеўскай і царскай уладай. Зразумела, што тымі часамі ўсе веравызнаньні й цэрквы імкнуліся да «ўнівэрсальнасьці», «вылучнасьці» й «прававернасьці» ды ўзаемна бэсьцілі адна адну. Але ідэалёгія тэорыі «Масква – трэйці Рым» была нечым апрычоным. Найперш яна лучыла ў адно цэлае царкву й дзяржаву ды ставіла над імі «боговенчанного царя», цара-аўтакрата, ці «самодержца», падпарадкоўваючы гэтым сама царкву дзяржаве і цару ды прышчапляючы і царкве вялікадзяржаўніцкую ідэалёгію: «И да весть твоя держава, благочестивый царю, яко вся царства православныя христианския веры снидошася в твое едино царство: един ты во всей поднебесней христианом царь». І гэтая формула паўтаралася ня толькі пскоўскім старцам Філафеем і Іосіфам Валоцкім, але яна складала аснову ўсіх маскоўскіх летапісаў ХVІ-ХVІІ стагодзьдзяў, у тым ліку «Хронографа» 1512 і 1538 гадоў, «Степенной книги», «Домостроя», «Царственной книги», «Великих Четьи-Миней» і г.д. Ідэалёгія, зьмешчаная ў гэтай і падобных да яе формулах, не такая ўжо сьціплая. Спасылаючыся на маскоўскае «наиболее высшее христианство и большее православие», якое «благочестием всех одоле», царква й дзяржава ды «един во всей поднебесней христианом царь» імкнуліся завалодаць цэлым сьветам, як хрысьціянскім, так і нехрысьціянскім. Вось чаму маскоўская дзяржаўная й рэлігійная думка мінае Кіеў і нават Канстантынопаль ды хапаецца за рымскага імпэратара Аўгуста, «владевшего всей вселенной», а таксама за рымскага біскупа першых хрысьціянскіх часоў Сыльвэстра. Як ведама, Іван Жахлівы ўжо свабодна маніпуляваў гэтымі ідэямі, падносячы іх у ўльтыматыўнай форме заходнеэўрапейскім манархам, а найперш Жыгімонту Аўгусту й Сцяпану Батуру.

Другі бок тэорыі «Масква – трэйці Рым» палягаў у тым, што, зрабіўшы з маскоўскага праваслаўя гэтак званую «найбольшую дасканаласьць», тэорыя гэтая ня толькі «зялезнай заслонаю» адмежавала Маскоўшчыну ад усяго іншага сьвету, і першым чынам ад прагрэсыўнае Эўропы, але і замарозіла духовае й культурнае разьвіцьцё ў самой Маскоўскай дзяржаве. Усякая свабодная думка, якая прыходзіла ў Маскоўшчыну з Захаду, у тым ліку й з Вялікага Княства Літоўскага, прыймалася там, як звычайная «ересь». З гэтае прычыны, прыкладам, мусілі ўцякаць з Маскоўшчыны ў Беларусь друкары Іван Фёдараў і Пётра Мсьціславец. Цяжка даць веры, але за «дзяржаўную здраду» ўважаўся ў Маскоўшчыне выезд у іншыя краіны, тым больш у краіны Эўропы. У Заходняй жа Эўропе, у тым ліку і ў Вялікім Княстве Літоўскім, гэта было звычайнаю, натуральнаю зьяваю. Больш за тое, людзям Захаду, якія траплялі ў Маскоўшчыну або з сваёй ініцыятывы, або на запросіны, звычайна забараняўся зварот назад, бо ўжо тады Маскоўшчына хварэла на «шпіёнаманію» ды асабліва баялася раскрыцьця праўды пра «ідылію» жыцьця ў Маскоўскай дзяржаве.


«Імкненьне» беларусаў да «ўзьяднаньня з Расеяй»

У разьдзеле «Беларусы і Расія» Абэцэдарскі вяртаецца да гэтак званага «вызвольнага змаганьня» беларускага народу «за аб'яднанне з Расіяй». Тут ізноў ён гаворыць пра нацыянальнае, рэлігійнае й сацыяльнае «прыгнечанне» ды цьвердзіць, што ад часу ўзьнікненьня Вялікага Княства Літоўскага гэты беларускі народ не пакідаў надзеі й змаганьня на шляху да злучэньня з Маскоўшчынай-Расеяй. У сувязі з гэтым прафэсар згадвае, прыкладам, пра змову князёў 1481 году, якая быццам «ставіла мэтай далучыць да Расіі ўсходнія беларускія землі па Беразіну»; пра «паўстанне беларускіх і ўкраінскіх феадалаў пад кіраўніцтвам князя Міхаіла Глінскага ў 1507 г.», якое, паводле Абэцэдарскага, «таксама было накіравана на далучэнне беларускіх зямель да Расіі»; пра «пераход пад уладу вялікага князя маскоўскага» фэўдалаў Вялікага Княства Літоўскага, што былі «незадаволеныя засіллем літоўскай феадальнай знаці» (б.66-67); пра «сялянскія і гарадскія паўстанні канца ХVІ – першай паловы ХVІІ стагодзьдзя», што таксама быццам «мелі канкрэтную мэту – з'яднанне з Расіяй» (б.68); нарэшце, пра «масавы» выхад сельскага й гарадзкога жыхарства ды шляхты Княства ў Маскоўшчыну пад час вайны 1654-1667 гадоў, у якім, паводле таго ж Абэцэдарскага, таксама «з асаблівай сілай выявілася імкненне беларусаў да з'яднання з Расіяй» (б.69).

Адным словам, куды ні зірні, усюды выяўлялася тое ж «імкненне беларусаў да з'яднання з Расіяй».

Паводле Абэцэдарскага, жаданьне беларусаў злучыць сваю долю з Расеяй матывавалася яшчэ й тым, што ў Рэчы Паспалітай «кансерваваліся найбольш застойныя, найбольш згубныя формы феадальных адносін», а «Расія ішла тады па шляху прагрэсіўнага развіцця» (б.78). А згэтуль і выснова, што разьдзел Рэчы Паспалітай быў нямінучым і апраўданым. Зазначым, што, спасылаючыся на «прагрэсіўнае развіццё» Расеі, а таксама на «згубныя формы феадалізму» й «нацыянальнае прыгнечанне» ў іншых краёх, савецкая гістарыяграфія апраўдвае ўсе формы расейскага імпэрыялізму, у тым ліку заваёву Сярэдняе Азіі ды Каўказу і асабліва войны з «гнілой» Турцыяй, што быццам таксама праводзіліся з мэтай «вызвалення» балканскіх народаў.

Што ж да «справядлівага» падзелу Рэчы Паспалітай дык, паводле Абэцэдарскага, падзел гэты найперш злагодзіў становішча беларускага сялянства:

«Каб вывесці сялянскую гаспадарку Беларусі з глыбокага заняпаду, царскі ўрад неаднаразова вызваляў сялян на некаторы час ад дзяржаўных подацей. Ранейшае самавольства феадалаў аж да пакарання прыгонных сялян смерцю было абмежавана дзяржаўнымі законамі. Грабежніцкі «продаж» феадаламі солі сялянам быў заменен дзяржаўным продажам яе амаль па сабекошту. На выпадкі неўраджаяў паўсюдна ствараліся сельскія «магазыны» (склады) з запасамі збожжа.

Ужо неўзабаве пасля ўз'яднання з Расіяй у Беларусі пашырыліся пасяўныя плошчы, павялічыліся пасевы тэхнічных культур, пачалі ўзнікаць мануфактуры, спачатку вотчынныя, а потым капіталістычныя» і г.д. (б.78-79).

Аднак ідылія «ўз'яднання Беларусі з Расіяй» на гэтым ня скончылася, бо, паводле Абэцэдарскага, сталася яшчэ наступнае:

«Пасля ўз'яднання з Расіяй у Беларусі быў знішчан рэлігійны і аслаблен нацыянальны прыгнёт.

Буржуазна-нацыяналістычныя фальсіфікатары гісторыі атоесамліваюць Расію з царызмам, з памешчыкамі-прыгоннікамі, такімі ж ворагамі беларускага народа, як і народа рускага.

Але акрамя Расіі цара і памешчыкаў, існавала другая Расія – Расія вялікага рускага народа, Расія Радзішчава, Герцэна, Чарнышэўскага. І ў гэтай другой Расіі ў беларускага народа было больш сяброў, чым у першай – ворагаў.

Перадавая руская дэмакратычная і сацыялістычная культура заўсёды аказвала дабратворны ўплыў на культуру беларускага народа.

Беларускі народ зблізіўся і аб'яднаўся з рускім народам і іншымі народамі Расіі ў барацьбе супраць агульных ворагаў – цара, памешчыкаў, капіталістаў. Гэта барацьба скончылася сусветна-гістарычнай перамогай сацыялістычнай рэвалюцыі, перамогай сацыялізма» (б.80).

Адным словам, Расея прыносіць «сацыяльную і нацыянальную свабоду» беларускаму народу. Падкрэсьлім, што ў гэтай фразэалёгіі няма ніводнага самастойнага слова, якое належала б самому прафэсару. Усё жыўцом запазычана з агульнай савецкай гістарычнай і партыйнай літаратуры.

Абмяжуемся найперш агульнымі заўвагамі. Як ведама, «рэлігійны прыгнёт» у Беларусі «быў знішчан» шляхам гвалтоўнае ліквідацыі вуніяцкае царквы й далучэньня вуніятаў да праваслаўнае царквы. Працэс ліквідацыі вуніяцтва пачаўся яшчэ ў 1826 годзе ды закончыўся адпаведным «указам» 1839 году. Пры гэтым у «правоверное православие» вуніяты заганяліся розгамі ды казацкімі шаблямі, у сувязі з чым гэтая акцыя ліквідацыі вуніяцтва звалася сучасьнікамі акцыяй «секущего православия». Ці ж гэта ня было гвалтам над рэлігійным сумленьнем?! Дарэчы, ліквідацыя вуніяцкае царквы адбылася за часамі самае цёмнае рэакцыі – за часамі панаваньня цара Мікалая І[112]. Падобным чынам у 1946 годзе была зьліквідаваная вуніяцкая царква ў Заходняй Украіне, а яе вернікі зноў былі далучаныя да «общерусской» праваслаўнай царквы. Як бачым, і ў гэтым выпадку гісторыя паўтарылася, хоць па сваім характары антырэлігійны ўрад СССР да пытаньня цэркваў мусіў бы падыходзіць індыфэрэнтна.

Пра «аслабленьне нацыянальнага прыгнёту» наагул не даводзіцца гаварыць, бо гэтага не было. Да паўстаньня 1863 году царызм у асноўным падтрымліваў працэс палянізацыі нашага краю ды беларусамі наагул не цікавіўся. У сувязі з гэтым на нашых землях маглі адчыняцца польскія школы й выходзіць польскія часапісы й газэты, але забараняліся спробы наладзіць беларускі друк і адчыніць беларускія школы, да чаго імкнуліся, прыкладам, знаныя дзеячы Адам Ганоры Кіркор, В.Дунін-Марцінкевіч, магілевец С.Акрэйц ды іншыя, не кажучы ўжо пра Кастуся Каліноўскага. Пасьля паўстаньня 1863 году настала эпоха гвалтоўнае русыфікацыі, у сувязі з чым была забароненая нават беларуская мова. Таму зусім слушна піша Адам Мальдзіс, што «далучэньне беларускіх і ўкраінскіх земляў, якое адбылося ў выніку падзелу Польшчы, нельга, вядома, разглядаць як праяўленьне сапраўдных клопатаў царызму аб «адзінакроўных» братах – беларусах й украінцах. Увогуле тут дзейнічала тая ж захопніцкая палітыка рускага самаўладзтва»[113]. Каб не заглыбляцца ў гэтае пытаньне, адашлем Абэцэдарскага яшчэ да некаторых крыніцаў, якія пярэчаць ягоным высновам[114].

Пра становішча сялянства ў Беларусі дый у самой Расеі за тымі часамі Абэцэдарскі таксама можа дазнацца з цэлага шэрагу працаў[115]. Тут мы таксама згодныя зь сьцьверджаньнем таго ж Адама Мальдзіса, які пісаў, што «пасьля падзелу Польшчы, калі Кацярына ІІ распаўсюдзіла на Беларусь і Літву «жалованную грамоту» і гэтым разьвязала дваранству рукі, дазволіла павялічваць паншчыну, эканамічнае становішча прыгонных сялян значна пагоршылася. Побач з ранейшымі формамі эксплуатацыі паявіліся новыя»[116]. З свайго боку дададзім, што Абэцэдарскі рамантызуе й фальшуе факты, калі цьвердзіць, быццам царскі ўрад неаднаразова «вызваляў сялян на некаторы час ад дзяржаўных подацей» ды нават «дзяржаўнымі законамі» абмежаваў «пакаранне прыгонных сялян смерцю». Праўда, такі закон існаваў, але ён быў ня царскім, а зьявіўся яшчэ ў 1768 годзе і быў прыняты надзвычайным Варшаўскім соймам[117]. Наагул, тут трэба падкрэсьліць, што ў другой палове ХVІІІ стагодзьдзя ў Рэчы Паспалітай неаднаразова ставілася пытаньне ня толькі пра дэмакратычная рэформы, але й пра скасаваньне паншчыны. Гэтаму аднак працівілася тая ж Расея з сваімі прускім і аўстрыйскім хаўрусьнікамі, усялякімі спосабамі шантажуючы ўрад Рэчы Паспалітай ды ўльтыматыўным парадкам зрываючы ажыцьцяўленьне якіх-колечы рэформаў. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб паслабіць і без таго паслабленую Рэч Паспалітую ды каб пасьля правесьці яе «раздзелы». У выніку, прыкладам, засталіся неажыцьцёўленымі даволі лібэральная Канстытуцыя ад 3 траўня 1791 году ды яшчэ больш лібэральны «Паланецкі ўнівэрсал» ад 7 траўня 1794 году Т.Касьцюшкі, якімі сялянам давалася асабістая свабода, зьніжаліся падаткі й іншыя павіннасьці, уводзіўся прынцып дамоўленасьці сялянаў з сваімі гаспадарамі наконт гэтых падаткаў і павіннасьцяў, а самі сяляне браліся пад апеку ўраду.

Не магло таксама быць гаворкі пра гэтак званае вызваленьне сялянаў «ад дзяржаўных подацей». Як ведама, пасьля «раздзелу» Рэчы Паспалітай бальшыня былых гаспадарскіх земляў на тэрыторыі Беларусі была перададзеная расейскім «феадалам» і ўрадоўцам, што аніяк не клапаціліся пра долю беларускага сялянства, тым больш земляў, якія ўважаліся за «акупаваныя». Абэцэдарскі ў сваёй брашуры імкнецца паказаць нейкае быццам бы злагодненьне становішча беларускага сялянства на прыкладзе Магілеўшчыны, вялікія абшары якой перайшлі ў рукі князя Пацёмкіна. Але ж «лібэралізм» гэтае асобы добра ведамы, прыкладам, з пацёмкінскіх жа «вёсак» на Ўкраіне. Пры канцы ХVІІІ стагодзьдзя ў Вялікім Княстве быў яшчэ даволі вялікі пласт гэтак званых «вольных сялянаў» – праўдападобна, чыншавікоў, што сплочвалі толькі грашовы чынш, а асабіста былі незалежнымі. Тады ж некаторыя паны, як, прыкладам, паны Храбтовічы, пачалі вызваляць сваіх сялянаў ад паншчыны, прапануючы ім асабістую свабоду ды зьвязваючы іх з сваімі землямі дамоўленасьцяй наконт падаткаў. Усё гэта, аднак, зьмянілася да горшага ад пачатку ХІХ стагодзьдзя. Больш за тое, пасьля паўстаньня 1831 году царскі ўрад прымусіў бяднейшую шляхту даказваць сваю «шляхоцкасьць», а тых, хто ня мог яе даказаць (прыкладам, ня маючы адпаведных прывілеяў), залічваў да «податного сословия».

Як ведама, Кацярына ІІ (1762-1796) давяла паншчыну ў Расеі да яе кульмінацыйнага пункту. Дваранства й памешчыкі набылі неабмежаваныя правы на сваё сялянства, улучна з правам караць, высылаць на катаргу або здаваць сялянаў у рэкруты. Найменшая скарга ад селяніна законам прыраўноўвалася да «ложного доноса» ды магла карацца зьбіцьцём палкамі, высылкай на катаргу ў Сібір, або здачай на 25 гадоў у армію. Зразумела, што гэта спрычынілася да яшчэ большага ўціску сялянства, зьдзекаў над ім ды да павышэньня паншчыны наагул. Праўда, калі цар Аляксандар І захапляўся яшчэ «лібэралізмам», у 1803 годзе зьявіўся «ўказ», паводле якога дазвалялася вызваляць сялянаў ад паншчыны прыватным шляхам, але безь зямлі і за вельмі высокі «выкуп». Тады ж зьявіліся таксама і звароты да «сумленьня» дваранства й памешчыкаў. Пасьля ж вайны 1812 году становішча пачало хіліцца да горшага, а на дзяржаўных землях паўсталі гэтак званыя «военные поселения» – казармшчына, дзе сяляне несьлі вайсковую службу, вайсковай дысцыплінай апрацоўвалі зямлю, падпарадкавалі гэтай дысцыпліне сваё сямейнае жыцьцё і г.д. Адным словам, ужо тады заўважыліся спробы ўвядзеньня «военного коммунизма».

Далей, як вынікае з цытатаў, Абэцэдарскі прапануе нам не зважаць на «царызм з памешчыкамі-прыгоннікамі», а цешыцца «другой Расіяй – Расіяй вялікага рускага народа, Расіяй Радзішчава, Герцэна, Чарнышэўскага». З засьцярогай, што неяк не выпадае заўсёды ды ўсюды выдзяляць «вялікі рускі народ», бо гэтым сама зьневажаюцца іншыя народы, мы, фактычна, нічога ня маем супраць тае «народна-дэмакратычнае» Расеі, пра якую дбалі Радзішчаў, Герцан, Чарнышэўскі дый іншыя. Аднак жа ў гэтым выпадку нельга карміцца й карміць нейкімі ілюзіямі, абстрагавацца ад таго, што было ў сапраўднасьці, г.зн. ад гэтага «царызму з памешчыкамі-прыгоньнікамі» ды, прыкладам, ад таго нацыянальнага прыгнечаньня, якое ён увасабляў. Гэта тым больш, што «Расія Радзішчава, Герцэна, Чарнышэўскага» ды і шмат якіх іншых расейскіх дэмакратаў заставалася толькі абстракцыяй і ілюзіяй. Іхная «народна-дэмакратычная» Расея з часам захлынулася ў таталітарным «ленінізме», у тым, што сяньня завецца «советским опытом построения социализма» з партыяй на чале як адзіным носьбітам непадзельнай улады й прымусу.

Абэцэдарскаму не выпадае таксама забывацца, што і ў іншых народаў, у тым ліку ў Беларусі й Польшчы, апрача «паноў-прыгоньнікаў» былі і ёсьць свае «народнікі» й «дэмакраты». Магчыма, яны таксама належаць да катэгорыі гэтак званых «унтэрмэншаў»?! Напэўна так, бо прафэсар сваім парадкам паўтарае агульнаведамы шавіністычны штамп: «Перадавая руская дэмакратычная і сацыялістычная культура заўсёды аказвала дабратворны ўплыў на культуру беларускага народа»! Быццам беларуская, ці, прыкладам, польская, дэмакратычная думка не магла разьвівацца самастойна, або гэтак жа самастойна чэрпаць свае сілы з дэмакратычнае думкі Заходняй Эўропы.


Варункі «змовы князёў 1481 году» і «пераходу рускіх князёў» на бок Маскоўшчыны

Але зьвярнемся цяпер да галоўнага. Вышэй мы ўжо згадвалі, як дайшло да бунту князёў Глінскіх у 1508 годзе. Паводле Абэцэдарскага, «паўстанне беларускіх і ўкраінскіх феадалаў пад кіраўніцтвам князя Міхаіла Глінскага... таксама было накіравана на далучэнне беларускіх зямель да Расіі». «Паўстанне» гэтае такіх мэтаў ня ставіла, хоць з канчатковага ягонага выніку можна й зрабіць падобную выснову. Гэтак жа Абэцэдарскі разглядае і «змову князёў 1481 году», што быццам «ставіла мэтай далучыць да Расіі ўсходнія беларускія землі па Беразіну». Апошняя легенда, здаецца, была запісаная ў Супрасельскім летапісе, але прафэсар угрунтоўвае яе, паклікаючыся на польскага гісторыка Яна Длугаша. У сваёй працы пад 1480 годам Длугаш запісаў папярэджаньне Казіміра, што, калі Вялікае Княства Літоўскае пачне вайну з Маскоўшчынаю, дык з прычыны варожасьці й магчыма здрады «рускіх князёў» яно даб'ецца не перамогі, а свае паразы. Найбольш праўдападобна, што аўтар Супрасельскага летапісу на аснове гэтага паведамленьня Длугаша і стварыў легенду, быццам змоўнікі 1481 году хацелі прыпаднесьці маскоўскаму вялікаму князю вялікі кавалак Княства – «па Беразіну». Якраз паводле Длугаша сьціслая Літва даходзіла да Бярэзіны, а там далей ляжалі «рускія землі». Аднак, паўтараючы гэтую легенду, нават Абэцэдарскі не ўлічыў таго, што цэласьць Беларусі не абмяжоўвалася ракой Бярэзінай. «Па Беразіну» не маглі б абмежавацца і змоўнікі 1481 году, калі сапраўды яны жадалі зрэалізаваць гэтую легенду.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю