Текст книги "У сьвятле гістарычных фактаў"
Автор книги: Паўла Урбан
Соавторы: Паўла Урбан
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 13 страниц)
Валочную рэформу адначасна праводзілі і прыватныя земляўласьнікі. Аднак на валочную сялянскую гаспадарку яны ўводзілі або крыху большую паншчыну, або крыху большы чынш ды іншыя павіннасьці. Прыкладам, «асаднікі» пана Юр'я Зяноўевіча ў 1581 годзе залежна ад якасьці зямлі плацілі чыншу ў пераводзе на грошы 190, 160 і 140 грошаў; асаднікі пана Вайцеха Стаброўскага ў 1593 годзе адпаведна плацілі з валокі 180 і 120 грошаў, а з «новае валокі» (нераспрацаванае) – 60 грошаў; асаднікі пана Караля Хадкевіча – 220 грошаў і яшчэ давалі невялікі падатак прадуктамі; асаднікі двара Меднікі, які належаў Віленскай езуіцкай калегіі, у 1575 годзе з валокі плацілі 240 грошаў чыншу дый 4 грошы за «стацыю» (натуральны падатак, звычайна зьвязаны з пастоямі), а таксама давалі бочку жыта, бочку аўса, курыцу й гуся, колькі яек ды адпрацаўвалі на год 12 дзён талакі й 5 дзён «гвалту»; з валокі благое зямлі тут бралі з асаднага сялянства 120 грошаў чыншу.
Аднак трэба прызнаць, што пад канец ХVІ стагодзьдзя павялічыўся чынш і ў некаторых гаспадарскіх эканоміях. У асноўным жа велічыня чыншу, паншчыны ды іншых павіннасьцяў для працаздольнага сялянства й асаднікаў на дзяржаўных землях заставалася ранейшай. На прыватнаўласьніцкіх землях таксама выдзялялася згаданая вышэй катэгорыя сялянства (баяры, канюхі, лесьнікі, майстры), якая асаджвалася на свабодных валоках, праўда не ў такіх памерах. Паншчына на гэтых землях звычайна даходзіла да двух, трох і чатырох дзён на тыдзень з валокі зямлі, але з падвышэньнем паншчыны зьніжаўся чынш.
Падвышэньне грашовага чыншу пад канец ХVІ стагодзьдзя і асабліва ў першай палове ХVІІ стагодзьдзя было зьвязанае ў вялікай ступені з падзеннем вартасьці літоўскіх грошаў. На гэта акцэнтуе ўвагу Д.Л.Пахілевіч, сьцьвярджаючы, што ў 1630-х гадох вартасьць літоўскіх грошаў, раўнуючы да 1550-х гадоў, панізілася ў тры разы, а цана збожжа павялічылася ў шмат разоў (прыкладам, на Гданьскім рынку – у 8 разоў). Уладзімір Пічэта сваім парадкам сьцьвярджае, што пад канец ХVІ стагодзьдзя значна ўзьнялася эканоміка сялянскіх гаспадарак, асабліва гаспадарак асаднікаў, якіх было больш за паншчынных і якія фактычна вяліся зусім самастойна. З гэтае прычыны маглі павялічыцца і падаткі. Што ж да спаду вартасьці літоўскіх грошаў, дык гэта відаць з наступнага. У 1557 годзе бочка жыта – натуральнага падатку – ацэньвалася 10 грошамі; у 1583 годзе – 20, а паводле пастановы сойму 1596 году ўжо 24 грошамі. На ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага, ў Віцебскай зямлі, яшчэ ў 1560 годзе бочка жыта пры пераліку на грашовы падатак ацэньвалася 40 грошамі (магчыма таму, што тут бочка была большая, бо ў Княстве існавалі бочкі рознай велічыні).
Падлік, зроблены сваім часам часопісам «Наш край» (1927, No.12, б.32), паказаў, што ў другой палове ХVІ стагодзьдзя літоўская капа, або 60 грошаў, была роўная 3 руб. 75 капейкам валюты перад Першай сусьветнай вайной. Магчыма, гэты падлік не зусім карэктны, калі ж ён праўдзівы, дык даводзіцца прызнаць, што ў ХVІ стагодзьдзі падаткі нашага сялянства былі даволі лагодныя. Паншчына з разьлікам 2 дні на тыдзень з валокі добрае зямлі ў 1557 годзе ацэньвалася 40 грошамі, з валокі сярэдняе зямлі – 25 грошамі, а з валокі благое зямлі – 18 грошамі. Паводле Бабруйскае ўставы 1639 году, сяляне, якія вызваляліся ад паншчыны з тым жа разьлікам 2 дні на тыдзень, ужо меліся плаціць у гаспадарскі скарб 60 грошаў, магчыма таму, што тут валокі былі большыя памерам.
Аднак, раўнуючы да мінулага, павіннасьці сялянства краіны ў другой палове ХVІ стагодзьдзя значна павялічыліся. Больш за тое, усё сялянства, нават і тыя катэгорыі, што асаджаваліся на свабодных валоках, прымацоўвалася да зямлі й сваіх гаспадароў. Сялянам забаранялася прадаваць і купляць зямлю або пакідаць яе. Ад сваіх гаспадароў яны залежалі і юрыдычна. У гэтым і сутнасьць «паншчыны», замацаванай Літоўскім Статутам 1588 году.
Абэцэдарскі памыляецца, калі катэгарычна цьвердзіць, што на ўсёй тэрыторыі Беларусі «прыгоннае права» было ўстаноўленае ў 1588 годзе. У ХVІ стагодзьдзі валочнай зямельнай рэформай не былі закранутыя ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага. Тут гэтая рэформа пачала праводзіцца толькі ад канца ХVІ стагодзьдзя, пасьля была прыпыненая і закончылася ў 1630-1640-х гадох. Але асаблівасьцяй гэтае рэформы на ўсходніх беларускіх землях было тое, што для сялянства яна пакідала права свабоднае вандроўкі. Тут галоўна разбудоўваліся паншчынныя (цяглыя) валочныя сялянскія гаспадаркі. Паводле Бабруйскае ўставы на валокі 1639 году, якая паўтарала ўмовы іншых рэгіёнаў, ад валочнае сялянскае гаспадаркі вымагалася 2 дні паншчыны на тыдзень, 12 дзён талакі на год, 4 тыдні «гвалту» на год (працы ў замку) ад цэлае воласьці, што, зразумела, прапарцыйна дзялілася між гаспадарак; 120, 90 і 60, грошаў чыншу залежна ад якасьці зямлі; бочка жыта, бочка аўса, 2 курыцы, адна гуска, 20 яёк, 10 вазоў дроваў, воз сена й 10 зьвязак лёну (павіннасьці дрывамі, сенам і лёнам уваходзілі і ў ранейшую валочную рэформу). Але з тае прычыны, што на ўсходзе Беларусі было болей зямлі, дык і валокі тут былі роўныя не 30 моргам (21,36 га), а значна перавышалі гэтыя памеры й нават дасягалі 60 моргаў. Сялянскія валочныя гаспадаркі, якія ляжалі далёка ад фальваркаў, вызваляліся ад паншчыны, якая замянялася грашовым падаткам ад 60 грошаў і ніжэй залежна ад якасьці зямлі.
У 1640-х гадох у Княстве ў цэлым, а на захадзе Беларусі яшчэ ад канца ХVІ стагодзьдзя, пачаўся перавод паншчынных сялянскіх гаспадарак на звычайны чынш, або на асадную сыстэму гаспадаркі. Гэта рабілася і на дзяржаўных і на прыватнаўласьніцкіх землях. Працэс гэты прысьпешыўся пасьля вайны 1654-1667 гадоў, трываў да сярэдзіны ХVІІІ стагодзьдзя. Памянёная вайна з Маскоўшчынай прынесла нашай Бацькаўшчыне страшэнныя спустошаньні. Паводле апісаньняў 1661 году[94], увесь край ляжаў у руінах, спалены й разрабаваны. Маскоўскія і казацкія акупацыйныя войскі палілі гарады й вёскі, асабліва шляхоцкія ды дзяржаўныя фальваркі, рабавалі і разганялі сялянства. З гарадоў у Маскоўшчыну вывозіліся ўсялякія каштоўнасьці, жыхарства, асабліва майстры розных галінаў[95]. Так, прыкладам, паводле некаторых дадзеных, з аднае толькі Магілеўшчыны было вывезена 200 шляхоцкіх сем'яў і блізу 12.000 вольнага гарадзкога жыхарства[96]. Край рабавалі і найміцкія войскі Рэчы Паспалітай. Усё гэта спрычынілася да разгулу эпідэміяў і, зразумела, галадоўлі. У выніку жыхарства Вялікага Княства зьменшылася на 46%, а шмат у якіх раёнах – нават да 75%[97]. Невыпадкова гады тае вайны народ назваў «патопам». Раней распрацаваныя землі цяпер запусьцелі на 35-80%. Так выглядала «освобождение», якое быццам несла тады Беларусі Маскоўшчына!
Падобнае разбурэньне прынесла нашай краіне і Паўночная вайна пачатку ХVІІІ стагодзьдзя. У гэтай вайне Рэч Паспалітая ўважалася за хаўрусьніка Расеі супраць Швэдыі. Аднак Рэч Паспалітая тым часам была ўжо аслабленая, і маскоўскія войскі ў сапраўднасьці былі гаспадарамі ў Княстве. Пад час адступленьня з Вялікага Княства перад арміяй Карла ХІІ у 1707 годзе Пётр І загадаў спальваць і зьнішчаць усё, што траплялася на шляху: вёскі, засевы, збожжа, жывёлу й г.д., і гэта рабілася пачынаючы ад Горадні. І вось новыя вынікі: жыхарства краіны зьменшылася на 40%, а землі запусьцелі на 60-70%[98].
У такіх жахлівых абставінах даводзілася ратаваць тое, што яшчэ можна было ўратаваць. Дзеля гэтага была пашыраная палітыка касаваньня паншчыны й пераводу сялянскіх гаспадарак на чысты чынш. У шмат якіх выпадках выбар пакідаўся самым сялянам. Пад канец ХVІІ стагодзьдзя чыншавікі (раней яны зваліся асаднікамі), пры скасаваньні ўсіх іншых павіннасьцяў, плацілі ад валокі найлепшае зямлі максымум 12 копаў літоўскіх грошаў (капа – 60 грошаў), ад найгоршае зямлі – 4 капы. Звычайна, аднак, грашовы падатак чыншавікоў вагаўся ад 8 і менш копаў на год. Пры адбудове гаспадарак зьбяднелыя сяляне на колькі гадоў атрымлівалі вялікія палёгкі. Прыблізна такія падаткі чыншавікоў заставаліся і ў першай палове ХVІІІ стагодзьдзя. Чыншавікі прыватнаўласьніцкіх земляў плацілі крыху большы грашовы падатак, і тут мацней трымалася паншчына, якая ўсьцяж павялічвалася.
Ад сярэдзіны ХVІІІ стагодзьдзя пачаўся адваротны працэс – перавод на паншчыну, узмацненьне паншчыны да нявыноснасьці, ды наагул пачалося звычайнае рабаваньне сялянства, асабліва прыватнымі земляўласьнікамі.
Становішча сялянства ў Маскоўшчыне
Цяпер ізноў зьвярнемся да сацыяльнага стану сялянства ў Маскоўшчыне, які, паводле Абэцэдарскага, быў нашмат лагаднейшы дый лагаднейшы яшчэ і з тае прычыны, што быццам «закрепощение» сялянства настала тут адно ў 1649 годзе.
Як і ў выпадку Вялікага Княства, у Маскоўшчыне сялянства найперш дзялілася на тых жа дзяржаўных, што станавілі бальшыню, і прыватнаўласьніцкіх (тут вялікую групу станавіла царкоўнае й манастырскае сялянства). Ўсё гэтае сялянства дзялілася далей на «непахожых», якія ў Маскоўскай дзяржаве зваліся «старажыльцамі», і на «пахожых», якія тут зваліся «новопорядчиками». Старажыльцы яшчэ зваліся «чорнымі», бо абкладаліся агульнадзяржаўнымі падаткамі ды іншымі павіннасьцямі. «Чорнымі» маглі быць таксама й «навапарадчыкі», калі яны ўладкоўваліся на зямлі і прыцягваліся да выкананьня агульнадзяржаўных падаткаў. Былі яшчэ і «белыя» сяляне, галоўна царкоўныя й манастырскія, калі яны часова ці стала вызваляліся ад дзяржаўных падаткаў і павіннасьцяў.
Расейскі гісторык М.А.Дзяканаў, які спэцыяльна займаўся пытаньнем сялянства, уважаў, што «старажыльцы» ад даўнейшых часоў ня мелі права на выхад і былі «первыми нашими крепостными крестьянами». Таксама Б.Д.Грэкаў у сваёй згадванай вышэй працы падае шмат прыкладаў зь ХV стагодзьдзя, якія сьведчаць пра тое, што вялікія і ўдзельныя князі проста забаранялі сваім «старажыльцам» пераходзіць на прыватнаўласьніцкія землі, забаранялі прыватным земляўласьнікам вывозіць іх, а калі гэта здаралася, дык вымагалі звароту іх пад страхам штрафу. Тое ж рабілі і прыватныя земляўласьнікі. Такая практыка тым болей узмацнілася ў ХVІ стагодзьдзі. З гэтага Грэкаў высноўвае, што, калі нават старажыльцы яшчэ й карысталіся правам на выхад, дык права гэтае ім было вельмі цяжка рэалізаваць. Аднак у адным месцы свае працы ён кажа, што, будучы «залежнымі» ад сваіх гаспадароў і падлеглымі ім «юрыдычна», у ХV стагодзьдзі старажыльцы яшчэ маглі карыстацца правам на выхад, што, праўда, пад канец ХV стагодзьдзя ўжо абмяжоўвалася драконаўскім спосабам. Кранаючы абмежаваньні Судзебніка 1497 году, у іншым месцы ён нібы дае зразумець, што старажыльцы маглі пераходзіць зь зямлі на зямлю яшчэ і ў ХVІ стагодзьдзі (гл. б.97), але на б.384 Грэкаў зноў выразна канстатуе, што ў ХVІ стагодзьдзі правам на выхад маглі карыстацца толькі «новопорядчики», або «новоприходцы».
Магчыма, што тут Б.Д.Грэкаў мяшае дзьве рэчы. Як і ў нашым гаспадарстве для «непахожых», у Маскоўскай дзяржаве «старажыльцам» дазваляўся пераход, але толькі ў межах вялікакнязеўскіх і прыватнаўласьніцкіх земляў. Гэтакі пераход ня мог спрычыніць якое-колечы шкоды, бо сяляне зноў садзіліся адпаведна на дзяржаўных і прыватнаўласьніцкіх землях. Забараняўся пераход зь дзяржаўных на прыватнаўласьніцкія землі, або наадварот. З другога боку, як і ў Княстве, забарона гэтая магла быць ня гэткай суворай, бо вялікі князь быў шчыльна зьвязаны з прыватнымі земляўласьнікамі, а апошнія зь вялікім князем і дзяржавай.
Аднак застаецца той факт, што ў Маскоўшчыне ўжо ад ХV стагодзьдзя асноўная маса сялянства – старажыльцы – сацыяльна й юрыдычна прымацоўваецца да зямлі й да сваіх гаспадароў. Калі ж сялянская гаспадарка гэтай катэгорыі сялянства тым ці іншым парадкам атрымлівала права на выхад, у тым ліку ў межах дзяржаўных ці прыватнаўласьніцкіх земляў, дык паводле Судзебніка 1497 году яна мусіла выплаціць 1 рубель гэтак званага «пожилого», або «выхаду». Згодна з падлікам знанага расейскага гісторыка В.О.Ключэўскага, рубель канца ХV стагодзьдзя ў пераліку на валюту канца ХІХ стагодзьдзя быў роўны 100 рублям. Як можам канстатаваць, сума «выхаду» была даволі высокай. Паводле Судзебніка 1550 году плата за «выхад» узьнялася да 1 рубля і 6 капеек, але ў гэтым выпадку трэба ўлічваць і зьніжэньне вартасьці рубля, які, калі паслугоўвацца падлікам таго ж Ключэўскага, спаў да 63-83 рублёў у пераліку на валюту канца ХІХ стагодзьдзя. Названы тут «выхад» мог адбыцца толькі раз на год – за тыдзень перад і тыдзень пасьля гэтак званага «Юр'евага дня», які прыпадаў на глыбокую восень.
«Новопорядчики» («пахожыя», калі карыстацца тэрміналёгіяй Вялікага Княства) былі ў асноўным зьбяднелыя сяляне, якія не маглі плаціць падаткі й выконваць іншыя павінасьці. Яны ці проста выганяліся з адпаведных земляў, ці атрымоўвалі права на свабодны выхад. Аднак так ці інакш яны варочаліся да тае ж зямлі, але ўжо былі свабодныя дамаўляцца з новымі гаспадарамі. Да «навапарадчыкаў» належалі таксама каляністыя, або, прыкладам, сяляне з Вялікага Княства Літоўскага, якія пераважна вывозіліся адсюль у часе войнаў. Частка гэткага сялянства пераходзіла ў катэгорыю старажыльцаў, а частка далей вяла сваю вандроўку. Аднак пры пераходзе «навапарадчыкі» мусілі ў той жа «Юр'еў дзень» выплочваць «пожилого» сумай 1 рубель (ад 1550 году – 1 рубель 6 капеек), калі пакідалі сваіх гаспадароў пасьля 4-гадовага тэрміну, і крыху менш, калі выходзілі раней.
Вышэй згадвалася, што сялянская сям'я, якая складалася зь пяці працаздольных чалавек, пазычыўшы 2 рублі, не магла разьвітацца з «халопскай службай» на 13-м годзе, адпрацоўваючы працэнты ад пазычанае сумы. Гэта можа сьведчыць пра тое, як цяжка было сялянскай сям'і скарыстаць з свайго права на свабодны выхад. Таму зразумелым робіцца факт, што яшчэ ад ХV стагодзьдзя «свабодны выхад» пераходзіць у «вываз», г.зн. звычайны выкуп тае ці іншае сялянскае сям'і зацікаўленым земляўласьнікам. Гэткі выкуп, аднак, спрычыняўся да яшчэ большага ўціску «вывезенае» сялянскае гаспадаркі.
Апрача «старажыльцаў» і «навапарадчыкаў» у Маскоўшчыне былі яшчэ пашыраныя катэгорыі сялянаў, якія зваліся «сярэбраньнікамі», «палаўнікамі» й «бабылямі». Сярэбраньнікаў можна прыраўнаваць да «закупаў» у Вялікім Княстве Літоўскім. Яны паходзілі зь зьбяднелага сялянства. Ня могучы разьлічваць на свае сілы й магчымасьці, такія сяляне рабіліся наймітамі-парабкамі, убіраючыся пры гэтым у грашовую запазычанасьць («серабро»). Зь зьбяднелага сялянства выходзілі й палаўнікі, якія, аднак, адрозна ад сярэбраньнікаў, арандавалі зямлю «напалову», г.зн. палову сабранага ўраджаю аддавалі сваім гаспадаром. Арандаваную зямлю яны апрацоўвалі сваёй жывёлай і інвэнтаром, забавязваліся добра даглядаць гаспадарку, а за няўдалы ўраджай, у тым ліку й у выніку засухі, расплочваліся з гаспадарамі з свае «паловы». У ХVІ стагодзьдзі палаўнікі ўвесь час павялічваліся, і пад канец ХVІ – на пачатку ХVІІ стагодзьдзя зямля шмат якіх манастыроў апрацоўвалася вылучна палаўнікамі.
«Бабылі», а таксама «манастырскія дзеці», сваім парадкам выходзілі зь зьбяднелага сялянства, з адпушчаных на волю нявольнікаў і з гарадзкое беднаты. Гэта – найміты й парабкі, якія ня мелі свайго прытулку.
Усе сяляне апошняй катэгорыі карысталіся правам на свабодны выхад, аднак бальшыня іх не магла яго зрэалізаваць з прычыны высокае сумы «пожилого» адшкадаваньня.
Гады «апрычніны» за Іванам Жахлівым прынесьлі страшэнныя спустошаньні і сялянству Маскоўскае дзяржавы. Зьнішчаючы фізычна або высылаючы на Поўнач і ў Сібір баяраў, князёў дый іншых, апрычнікі Івана Жахлівага адначасна зьнішчалі ці выганялі іхных сялянаў і нявольнікаў. Пры гэтым забаранялася пад карай сьмерці даваць такім выгнанцам прытулак, ежу і г.д. Так, прыкладам, было зьнішчана 240 сялянаў і нявольнікаў, якія належалі толькі аднаму баярыну І.П.Фёдараву. У Кліне апрычнікі ўчынілі крывавую расправу над рыбакамі й «агароднікамі», пад час якой было замардавана больш за 3 тысячы чалавек. Найбольш жахлівым прыкладам можа быць зьнішчэньне больш за 40 тысяч гарадзкога жыхарства Ноўгараду і сялянаў, што жылі каля гораду. Паводле тагачасных апісаньняў, у адным толькі Ноўгарадзе на працягу 5 тыдняў штодня апрычнікі тапілі ў Волхаве ад 1000 да 1500 чалавек. Падобную дзікую расправу яны ўчынілі тады і ў Цьверы[99]. Апрача таго, сялянства зганялася зь земляў прыватных земляўласьнікаў дзеля асаджэньня на «апрычных» землях, або раздавалася апрычнікам за іхную крывавую службу.
Гэта, ведама, не магло ня выклікаць галадоўлі й эпідэміяў. У шмат якіх раёнах Маскоўшчыны землі апусьцелі ад 60 да 95 працэнтаў.
Каб неяк наладзіць разбураную разгулам апрычніны сельскую гаспадарку, ад 1580 году пачалося апісаньне земляў, а ў найбольш разбуранных мясьцінах краю (гэткіх была бальшыня) былі ўведзеныя «заповедные годы», у якія зусім забараняўся сялянскі выхад. Забарона гэтая паўтаралася штогоду. Нарэшце пастановамі 1592, 1593 і 1597 гадоў забарона сялянскага выхаду пашыраецца на цэлы край, а земляўласьнікам розных катэгорыяў дазваляецца расшукваць беглых і вывезеных сялянаў 5-гадовае даўнасьці. Праўда, у выніку вялікага голаду ды сялянскіх забурэньняў Барыс Гадуноў у 1601 і 1602 гадох выдае «ўказы», зноў дазваляючы сялянскі выхад. Аднак у цэлым Маскоўскім «уезьдзе» ён і цяпер не дазваляўся, сялянам нельга было выходзіць таксама з усіх іншых дзяржаўных земляў і земляў найбуйнейшых сьвецкіх і духоўных земляўласьнікаў. Але якраз на гэтых землях і сядзела пераважная бальшыня сялянства. Дарэчы, пра тое, што гэты дазвол на выхад быў звычайнай фікцыяй, гаворыць наступны факт. Згаданымі «ўказамі» Барыс Гадуноў «вызваляў» усё сялянства ад дзяржаўных падаткаў. Тым ня менш разам з «указамі пра свабодны выхад» ён разаслаў па краі і «тайны ўказ», які патрабаваў зараз жа зьдзіраць з гэтага сялянства агульнадзяржаўныя падаткі вялічынёй папярэдніх гадоў. Гэтак званае «Соборное Уложение» 1607 году зноў пацьвярджае забарону сялянскага выхаду на ўсёй тэрыторыі Маскоўшчыны, дазваляючы расшукваць беглых і вывезеных сялянаў 15-гадовае даўнасьці. Далей на практыцы дзеіў «указ» 1597 году з правам росшуку беглых і вывезеных сялянаў 5-гадовае даўнасьці. Згодна з законам 1637 году тэрмін росшуку павялічыўся да 9 гадоў, а паводле закону 1641 году – да 10 гадоў. Ведамае «Соборное Уложение» 1649 году адмовілася і ад «заповедных лет» і ад таго ці іншага тэрміну на росшук беглых і вывезеных сялянаў. Яно проста падсумоўвала ранейшую практыку ды ўводзіла поўнае прыгоннае права – звычайную паншчыну.
Што ж на гэта можа сказаць прафэсар Абэцэдарскі?! Як мы маглі канстатаваць, у Маскоўскай дзяржаве свабодная вандроўка для асноўнае масы сялянства – «старажыльцаў» – абмяжоўваецца яшчэ ў ХV стагодзьдзі і зводзіцца на нішто, а фактычна зусім забараняецца ў ХVІ стагодзьдзі. Ад пачатку 80-х гадоў гэтага стагодзьдзя наагул запрыгоньваюцца ўсе катэгорыі сялянства, а гэта не на 60 гадоў пазьней, чымся ў Вялікім Княстве Літоўскім, а нават крыху раней, калі выходзіць зь Літоўскага Статуту 1588 году. Дарэчы, з прычыны згаданае вышэй сумы «выхаду» – 1 рубель 6 капеек – сялянства ў Маскоўшчыне мала магло цешыцца і з таго «Юр'евага дня».
Як жа матэрыяльна адчувала сябе сялянства ў Маскоўшчыне, бо паводле Абэцэдарскага ў гэтым дачыненьні яно быццам стаяла куды вышэй, чымся ў Беларусі?
Вось што наконт гэтага пішуць, прыкладам, аўтары шматтомнай акадэмічнай «Истории СССР с древнейших времен до наших дней»:
«Крестьяне нищали, теряли свои земли, становились бобылями, поступали в кабальные холопы. Земельные наделы у частновладельческих крестьян к 70-м годам ХVІ в. уменьшились в два раза по сравнению с началом века и не превышали 3-4 и лишь в отдельных случаях доходили до 6 десятин...
Годы опричнины были временем широкой раздачи черносошных и дворцовых земель в поместья и вотчины. Этот процесс интенсивно протекал как на опричных, так и на земских териториях. Расхищение крестьянских земель приводило к распространению крепостнического ига на новые слои крестьянства. Одновременно происходили серьезные сдвиги в формах феодальной ренты. Расширялась барщина и резко возросли денежные оброки...
Крестьянская барщина в центральных уездах России к 80-90-м годам ХVІ в. по сравнению с первой половиной века возросла в полтора-три раза: с 1 десятины на выть (единица обложения) до 1,5-3 десятин, доходя в отдельных случаях до 4-5 десятин.
Вводя барщину, феодалы усиливали свою ростовщическую деятельность, ссужая обедневших крестьян и новоприходцев деньгами, семенами, скотом для обзаведения хозяйством. «Подмога» давалась ими для того, чтобы закабалить крестьян и таким путем обеспечить рабочими руками барскую запашку.
Феодалы переводили крестьян с одного места на другое и даже в помещичьи дворы, где те зачастую обращались в кабальных холопов. Помещики и вотчинники произвольно распоряжались крестьянским имуществом, подвергали крестьян суровым наказаниям (сажали на цепь и т.д.), осуществляли сделки на крестьян без земли, вплоть до замаскированной их купли-продажи. Этот помещичий произвол ярко характеризует суровые формы, которые приняло на практике крепостничество в России во второй половине ХVІ в. В конце же века бесправие крестьянства получило юридическое выражение в крепостническом законодательстве, которое стало мощным рычагом дальнейшего нажима помещиков на своих крепостных.»[100]
Як бачым, малюнак пра сацыяльны стан сялянства ў Маскоўскай дзяржаве ХVІ стагодзьдзя выходзіць крыху іншы, чымся гэта імкнецца паказаць прафэсар. Пастараемся дапоўніць яго больш канкрэтнымі дадзенымі.
Найперш згадаем пра гадавы заробак «монастырских детенышей» – вольнанаймітаў, што працавалі пры манастырах у якасьці хлебаробаў, лясьнікоў, цесьляроў і г.д. Апрача «хлеба» (г.зн. сталаваньня), прыкладам, у 1559 годзе яны атрымлівалі на год ад 18 да 50 капеек. Лясныя старажы звычайна зараблялі на год 25 капеек. «Детеныши», што апрацоўвалі манастырскую зямлю, атрымлівалі на год ад 21 да 30 капеек. Былі й такія, гадавы заробак якіх быў большы. Паводле «расходнае кнігі» Сафійскага дому ў Ноўгарадзе 1547-1548 гадоў, кухарам выплочвалася па 1 рублі 86 капеек, ключнікам – ад 1 да 2 рублёў, канюхам – па 1 рублі. Але, прыкладам, сьвятары гэтага дому атрымлівалі па 1 рублі, а дзячкі – толькі па 50 капеек.
Як сьцьвярджае В.І.Карэцкі, паншчына ў Маскоўшчыне таксама пачала ўводзіцца ў першай палове ХVІ стагодзьдзя, і тады яна звычайна абмяжоўвалася на дзяржаўных землях апрацоўкай (сюды ўваходзілі таксама збор і абмалот ураджаю) аднае дзесяціны зямлі зь сялянскае гаспадаркі («выці»), якая не перавышала 6 дзесяцін. Адна дзесяціна зямлі была роўная 1,09 га, а, значыцца, гэтая сялянская гаспадарка абмяжоўвалася да 6,54 га. У 70-х гадох ХVІ стагодзьдзя паншчына на гэтых дзяржаўных землях узрасла ў 4 разы, і сялянская гаспадарка, маючы 6 дзесяцінаў, павінна была апрацоўваць ужо 4 дзесяціны дзяржаўнае зямлі[101]. Асноўная маса дзяржаўнага сялянства ў другой палове ХVІ стагодзьдзя плаціла грашовы чынш («оброк») з тае ж «выці» сумай 1-2,5 рублі, пры гэтым маючы 1/2, 1/4 ды нават 1/8 «выці» (г.зн., маючы 3,27, 1,63 і менш га зямлі ў сваім карыстаньні)[102]. Да гэтага яшчэ даходзілі агульнадзяржаўныя падаткі, якія, раўнуючы да пачатку ХVІ стагодзьдзя, пад канец гэтага стагодзьдзя вырасьлі ў 30 разоў. Пайменна, той жа В.І.Карэцкі сьцьвярджае, што на пачатку ХVІ стагодзьдзя з «сахі», якая была роўная 800 чвэрцям ці 1200 дзесяцінам зямлі, бралася агульнадзяржаўных падаткаў 5 рублёў, у 20-40-х гадох – 8 рублёў, у 50-80-х гадох – 42 рублі, у 80-90-х гадох – 151 рубель[103].
На прыватнаўласьніцкіх землях пры канцы ХVІ стагодзьдзя паншчына даходзіла да апрацоўкі 5 дзесяцінаў на сялянскую гаспадарку памерам 5-6 дзесяцін. Прыкладам, паводле адпаведных граматаў 1580 і 1590 гадоў сама багатага ў Маскоўшчыне Тройца-Сергіеўскага манастыра з «выці» зямлі памерам звычайна 5 дзесяцін сялянская гаспадарка або плаціла 3 рублі грашовага чыншу, або, калі сядзела на чыстай паншчыне, апрацоўвала 5 дзесяцін манастырскае зямлі. Апрача таго, як чыншавікі («оброчники»), так і прыгоньнікі за год плацілі адміністратару («прикащику») па 12 капеек і ад цэлае воласьці 1 рубель, давалі яму жыта й авёс, а для манастыра касілі сена, звычайна па 20 копаў. Калі ж паншчына спалучалася з чыншам, дык сялянская гаспадарка з «выці» зямлі памерам 5 дзесяцінаў апрацоўвала 1 дзесяціну манастырскае зямлі (ад 1590 году – ад 1,5 да 2 дзесяцінаў, а ад 1601 году – зноў 1 дзесяціну, але нядоўгі час, бо хутка паншчына зноў узрасла). Чыншу яна плаціла 50 капеек, вывозіла 80 вазоў гною, касіла для манастыра 20 копаў сена, а таксама мусіла вывозіць лес, будаваць манастырскія будынкі, абгароджваць землі, забясьпечваць манастыр дрывамі, рабіць для яго крупы й талакно. Валасной адміністрацыі яна плаціла за год па 12 капеек грашыма, давала жыта, авёс, курэй, яйкі. Часам чынш падвышаўся да 1 рубля. Апрача таго, калі манастырскія сяляне не вызваляліся часова ці настала ад агульнадзяржаўных падаткаў, яны плацілі і гэтыя падаткі. Усё сялянства – чыншавікі, паўчыншавікі й прыгоньнікі – з «выці» зямлі павінна было таксама даваць фурманкі (ад 10 і больш фурманак на год) для адвозу манастырскага майна ў Маскву й іншыя гарады.
Прыблізна такі, ці нават горшы, быў стан сялянства на іншых прыватнаўласьніцкіх землях, г.зн. на землях сьвецкіх «фэўдалаў» і «помещиков»[104]. Пры гэтым пры канцы ХVІ стагодзьдзя ўзмацнілася тэндэнцыя пераводу сялянства на паншчыну з адначасным падвышэньнем грашовага чыншу й іншых павіннасьцяў ды з абрэзваньнем сялянскіх надзелаў. Сяляне гэтых земляўласьнікаў, зразумела, плацілі таксама агульнадзяржаўныя падаткі.
Вялікім цяжарам для сялянства ў Маскоўшчыне была гэтак званая практыка «ростовщической операции по принудительному кредитованию крестьян». Пад прымусам сялянам выдаваўся грашовы крэдыт для набыцьця жывёлы, або для наладжваньня гаспадаркі. Ён выдаваўся й збожжам. Пасьля ж гэты крэдыт спаганяўся ў колькі разоў выгадней, а той, хто ня мог яго сплаціць ці адпрацаваць, трапляў у «кабалу». Гэтак, прыкладам, у 1591 годзе сялянам Іосіфа-Валакаламскага манастыра прымусова было выдадзена па 3 рублі крэдыту на «выць» для прыдбаньня кароў, авечак і сьвіньней. За гэта пры канцы году кажная сялянская гаспадарка павінна была выплаціць манастыру вялікія працэнты: 1 пуд масла, 1 вяпрука і 1 барана, што ў пераліку на грошы складала 97 капеек, ці каля 33% гадавых[105]. Сам крэдыт, зразумела, сплочваўся сваім шляхам, або пераносіўся на наступныя гады.
Тым часам за найменшае бунтарства і крадзеж зь сялянства тая ж манастырская адміністрацыя зьдзірала непамерна вялікія штрафы. Напрыклад, як вынікае з «выпісное кнігі» за 1594 год таго ж Іосіфа-Валакаламскага манастыра, за тое, што сяляне бунтаваліся, зрабілі крадзеж і «сено сгноили», 12 чалавек мусілі заплаціць па 5 рублёў штрафу, адзін – 7 рублёў, а колькі іншых – крыху менш.
Параўнаньне цэнаў
Для параўнаньня велічыні сялянскага падатку і павіннасьцяў у Вялікім Княстве і Маскоўскай дзяржаве згадаем цяпер пра некаторыя цэны. Прыкладам, у 80-х гадох ХVІ стагодзьдзя ў Маскоўшчыне лес для сялянскае хаты («избы») каштаваў 25 капеек, а разам з пабудовай хаты – 50 капеек. Як вынікае з акрэдытаваньня сялянаў Іосіфа-Валакаламскага манастыра 1591 году, карова тут каштавала 50 капеек, авечка – 10 капеек, сьвіньня – 10 капеек, вяпрук – 33 капейкі, баран – 14 капеек, пуд масла – 53 капейкі. Далей, пры пераводзе натуральнага падатку на грашовы ў 1595 годзе асьміна пшаніцы каштавала 15 капеек, паўасьміны канопляў – 6 капеек. І гэта, калі, прыкладам, «манастырскія дзеці» ў сярядзіне ХVІ стагодзьдзя зараблялі за год да 50 капеек (пад канец гэтага стагодзьдзя, ведама, яны павінны былі зарабляць крыху больш), калі з надзелу зямлі памерам 5-6 дзесяцінаў чыншовая сялянская гаспадарка плаціла 3 рублі падатку, а агульнадзяржаўныя падаткі для яе даходзілі да 2 рублёў і 50 капеек. Мы не згадвалі, але сялянства ўсіх катэгорыяў у Маскоўшчыне мусіла таксама плаціць і ваенны падатак.
Паводле Літоўскага Статуту 1588 году для таго ж часу ў Вялікім Княстве Літоўскім мы можам дазнацца пра наступныя цэны: звычайныя сялянскія конь, кабыла й вол каштавалі па 120 грошаў, карова – 100 грошаў, бык – 90 грошаў, цёлка-перазімак – 30 грошаў, адкормны вяпрук – 60 грошаў, сьвіньня – 20 грошаў, падсьвінак – 12 грошаў, парасё – 5 грошаў, авечка – 15 грошаў, баран – 12 грошаў, ягнё – 6 грошаў, казёл – 40 грошаў, каза – 20 грошаў, казьлянё – 6 грошаў, гуска – 3 грошы, курка – 3 грошы, певень – 2 грошы, качка – 2 грошы, бочка жыта – 24 грошы, капа жыта – 20 грошаў, капа пшаніцы – 20 грошаў, капа канопляў – 20 грошаў, капа капусты – 3 грошы, воз сена – 8 грошаў, тапор і каса – па 6 грошаў, серп – 2 грошы, сані – 2 грошы і г.д.[106]
Праўда, гэтыя цэны спаганяліся за крадзеж, а таму яны былі крыху вышэйшыя за звычайныя цэны на рынку, бо, прыкладам, у 1583 годзе натуральны падатак для сяляніна ў пераліку на грошы станавіў: за бочку жыта – 20 грошаў, за гуску – 2 грошы, за курыцу – 8 пенязяў, за 20 яек – 4 пенязі (адзін грош быў роўны 10 пенязям). Дарэчы, як зазначалася ў Статуце, штраф гэты можна было сплочваць і натурай – зваротам каня, каровы, бочкі жыта й г.д.
Адным словам, можна канстатаваць, што 1 маскоўскаму рублю адпавядала 150 літоўскіх грошаў. Як згадвалася раней, каля сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя літоўскія грошы шмат згубілі ў сваёй цане, але, зразумела, тады зьнізілася і вартасьць маскоўскага рубля. Названы вышэй ігумен Крыжаноўскі ў 1651 годзе паведамляў, што ў сувязі з трывожным перадваенным станам у Вялікім Княстве Літоўскім з кажнае сялянскае гаспадаркі, фактычна з гэтак званага «дыму», у які звычайна ўваходзілі 2-3 сям'і, здымалася па 16 польскіх залатовак ці, у пераліку на маскоўскія грошы, па 2 рублі й 60 капеек. Паводле падлікаў Д.Л.Пахілевіча, у тым часе літоўская капа (60 грошаў) адпавядала 2,5 польскім залатоўкам. Гэта значыць, што 16 польскіх залатовак складалі 380 літоўскіх грошаў, а гэтыя 380 літоўскіх грошаў адпавядалі сваім парадкам 260 капейкам маскоўскае валюты. У гэтым выпадку таксама на 1 маскоўскі рубель прыпадала 150 літоўскіх грошаў, або адна маскоўская капейка ацэньвалася ў 1,5 разы даражэй у параўнаньні зь літоўскім грошам.
З гэтага вынікае, што і падаткі сялянства ў Вялікім Княстве ў ХVІ і ХVІІ стагодзьдзях былі куды ніжэйшыя, чым падаткі сялянства ў Маскоўскай дзяржаве. Трэба яшчэ ўлічваць той факт, што ў Княстве падаткі зь сялянства здымаліся, выходзячы з валокі зямельнага надзелу, г.зн. з надзелу, які быў роўны 21,36 га. Да такога, сапраўды вялікага, надзелу прытарноўваліся паншчына й іншыя павіннасьці. Як мы маглі канстатаваць, у Маскоўшчыне сялянскі зямельны надзел («выць») звычайна абмяжоўваўся да 6 дзесяцінаў або да 6,54 га, зь якога й здымаліся падаткі, адпрацоўвалася паншчына і выконваліся іншыя павіннасьці. Вось тут і ня трэба мець здольнасьці матэматыка, каб вызначыць сацыяльную розьніцу, якая разьмяжоўвала сялянства нашай краіны і Маскоўшчыны, прыкладам, у ХVІ і ХVІІ стагодзьдзях.