355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Паўла Урбан » У сьвятле гістарычных фактаў » Текст книги (страница 2)
У сьвятле гістарычных фактаў
  • Текст добавлен: 15 апреля 2017, 03:00

Текст книги "У сьвятле гістарычных фактаў"


Автор книги: Паўла Урбан


Соавторы: Паўла Урбан

Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 13 страниц)

Даводзіцца толькі сьцьвердзіць, што ІХ стагодзьдзе – гэта даволі цёмны пэрыяд у гісторыі ўсходніх славянаў, што прывяло да ўзьнікненьня розных дапушчэньняў, да ведамага змаганьня ў гістарыяграфіі між «нарманістамі» й «антынарманістамі». Яшчэ цямнейшы быў ён для аўтара «Повести временных лет». Не забывайма, што гэтую «повесть» ён пісаў на пачатку ХІІ стагодзьдзя, калі Кіеўская Русь перажывала агонію поўнага развалу. Маючы жаданьне і заданьне ратаваць ейную цэласьць і «магутнасьць», ён, бясспрэчна, узалежніваў ад Кіева з даўных часоў усе землі ўсходніх славянаў, у тым ліку і Полацкае княства, тым больш, што гэтае княства сваёй незалежнасьцяй найбольш спрычынілася да развалу самое Кіеўскай Русі.

Выходзячы з гісторыі палітычна-тэрытарыяльнага росту Кіеўскай дзяржавы ў Х стагодзьдзі й факту незалежнасьці Полацкага княства ў другой палове гэтага стагодзьдзя, даводзіцца таксама канстатаваць, што Полацкае княства было самастойным і раней. У другой палове Х стагодзьдзя ў Полацку княжыў Рагвалод. Ён быў гістарычна-рэальнай асобай, бо пра яго шмат згадваецца ў летапісах ды сярод князёў Полацкага княства й пазьней сустракаліся князі на імя Рагвалод. Пра першага гістарычна ведамага полацкага князя Рагвалода ў летапісах паведамляецца супярэчліва. Супярэчлівасьць датычыць і ягонага канфлікту з ноўгарадзкім князем Уладзімірам. Канфлікт гэты летапісы адносяць да 980 году, і ён быццам узьнік з тае прычыны, што ў змаганьні Ўладзіміра з сваім братам кіеўскім князем Яраполкам Рагвалод схіліўся на бок Яраполка, пасватаўшы нават за яго дачку Рагнеду. У сувязі з гэтым Уладзімір напаў на Полацкае княства, забіў Рагвалода й «сына его два», сілай забраў Рагнеду, тады перамог Яраполка. Схэма гэтая выглядае даволі спрошчанай, бо цяжка дапусьціць, каб Уладзімір адначасна мог выступіць і супраць Кіева, і супраць Полацку. У гэтую схэму неяк не ўплятаецца таксама пазьнейшая «міласьлівасьць» Уладзіміра – зварот Рагнедзе «з сынам» Полацкага княства, пры гэтым у абставінах, калі гэтая «паланянка» ці звычайная «ваенная здабыча» зрабіла замах на жыцьцё таго ж Уладзіміра.

Калісьці яшчэ А.А.Шахматаў зьвязаў гэтую сутычку Рагвалода і Ўладзіміра з 970 годам[31]. Дарэчы, і ў летапісах сустракаюцца сьведчаньні, што гэтая сутычка здарылася тады, калі Ўладзімір быў яшчэ «дзіцём», а ў канфлікце галоўную ролю адыгрываў Дабрыня – дзядзька і ваявода Ўладзіміра. Яны й былі пакліканыя ў Ноўгарад у 970 годзе. Расейскі гісторык ХVІІІ стагодзьдзя В.Н.Тацішчаў, які карыстаўся летапісамі, у тым ліку адным з полацкіх летапісаў, што пасьля загінулі (праўдападобна, у пажары Масквы 1812 году), пісаў, што разгляданы тут канфлікт узьнік у сувязі з тым, што полацкі князь Рагвалод «повоева волости новогородские»[32]. І гэта магло здарыцца ў 971 годзе. У гэтым годзе кіеўскі князь Сьвятаслаў Ігаравіч, бацька Ўладзіміра, у баўгарскім паходзе мусіў быў капітуляваць перад бізантыйскім імпэратарам ды загінуў ад печанегаў, варочаючыся ў Кіеў. Гэтыя абставіны мог выкарыстаць Рагвалод, напаўшы на Ноўгарад. У вайне з Ноўгарадам Рагвалод, праўдападобна, і загінуў.

Полацкае княства, аднак, ня страціла сваёй самастойнасьці. Найбольш праўдападобна, што княская ўлада ў ім перайшла да Рагнеды, якая, магчыма, была не дачкой, а жонкай Рагвалода. Яе сынам быў Ізяслаў, які адначасна быў адным з тых «двух сыноў» Рагвалода, што быццам бы загінулі разам з бацькам. Як паведамляецца ў летапісах, гэты Ізяслаў памёр у 1001 годзе, таксама ўжо маючы двух сыноў: Усяслава, які памёр у 1003, і Брачыслава. Гэты Ўсяслаў згадваецца, як полацкі князь, што змушае ўгледжваць у ім дарослага чалавека. Дзецьмі, што паміралі рана, тым больш дзецьмі «правінцыйных» князёў, звычайна кіеўскія летапісы не займаліся. Усё гэта змушае адначасна ўважаць і Ізяслава за куды старэйшага, чымся мог быць як сын Уладзіміра й Рагнеды, народжаны дапушчальна ў 981 годзе, г.зн. пасьля гэтак званага зваяваньня Полацкага княства Ўладзімірам і «паланеньня» Рагнеды ў 980 годзе. Аднесьці «паланеньне» Рагнеды да падзеяў 971 году і зьвязаць з гэтым годам і нараджэньне Ізяслава мы ня можам з прычыны маленства ў тым часе самога Ўладзіміра.

Таму дапушчальна, што пасьля сьмерці Рагвалода ў 971 годзе Рагнеда княжыла ў Полацку, у сувязі з чым, ужо будучы пры двары кіеўскага князя, яна не зьніжала тут галавы і дзейнічала энэргічна ці як «царыца». Пазьней, калі Ўладзімір перамог свайго брата Яраполка й прыдбаў славу моцнага князя Кіўскай Русі, дайшло да сужэнства Рагнеды з Уладзімірам. Сужэнства гэтае насіла больш палітычны характар ці прадбачвала палітычна-дынастычную вунію Полацкага княства зь Кіеўскай дзяржавай. У Полацку аднак часова заставаўся княжыць сын Рагнеды – Ізяслаў*. Пасьля 988 году, калі Ўладзімір прыняў хрысьціянства й ажаніўся зь бізантыйскай прынцэсай, вярнулася ў Полацак і сама Рагнеда.

* Ад нейкага часу парадненьне полацкага князя Ізяслава зь кіеўскім князем Уладзімірам Сьвятаславічам дый узалежненьне Полацкага княства ад Кіева робіцца на аснове гэтак званай «пячаткі Ізяслава Ўладзіміравіча». Яна была знойдзеная ў Ноўгарадзе пры архэалягічных раскопках. На ейным пярэднім баку выступае стылізаваны малюнак, які нагадвае ведамы трызуб кіеўскіх князёў (цяпер існуе тэорыя, што родавыя знакі кіеўскіх князёў сымбалізаваліся не трызубам, а сокалам). Ён складаецца з простых геамэтрычных лініяў, нагадваючы контуры будыніны, прастакутная страха якой спушчаная ўніз. Утвораныя гэтым трыкутнікавыя рагі выступаюць у форме вонкавых зубоў. Сярэдні зуб, які крыху выступае ўверсе й апушчаецца да ніжняе лініі будыніны, мае ўнізе форму стылізаванага збанка, а ўверсе закончваецца крыжам. Вонках гэтага малюнку ў верхняй частцы пячаткі захаваліся літары ОЗО і NЗАС. На адваротным баку пячаткі таксама захаваліся літары ГРАД (апошняе Д больш нагадвае Л). Савецкія гісторыкі, асабліва В.Янін, уважаюць, што гэты стылізаваны малюнак «находит свое место в эволюционном ряду знаков ближайших потомков Владимира Святославича», а спалучэньне літараў NЗАС ... ОЗ (О) як бы адлюстроўвае імя Ізяслава. Аднак, па-першае, спалучэньне літараў NЗАС неяк не нагадвае імя Ізяслава, бо ў Х-ХІІІ стагодзьдзях літара N значыла літару Н, а ня И. Па-другое, сам малюнак пячаткі вельмі цяжка ўплятаецца ў сыстэму «трызубаў» кіеўскіх князёў. Найбольш ён можа адлюстроўваць контуры царквы ці «царскіх варотаў» у царкве, стылізаваную форму крыжоў тыпу Барысавых і Рагвалодавых камянёў або бізантыйскіх манэтаў, а можа проста быць складаным знакам-подпісам. З нацяжкай можна дапусьціць, што тое літарнае спалучэньне запраўды значыць імя Ізяслава. Але апошнім мог быць, прыкладам, Ізяслаў Яраславіч, што ў 1052-1054 гадох княжыў у Ноўгарадзе, або Ізяслаў Мсьціславіч, які ў выніку часовага падбіцьця Кіевам Полацкага княства ў 1129-1132 гадох княжыў у Полацку, а пасьля (1146-1154) быў вялікім кіеўскім князем. Ён быў цесна зьвязаны таксама з Ноўгарадам. Ягоны сын Яраслаў у 1148-1154 гадох княжыў у Ноўгарадзе дый сам Ізяслаў Мсьціславіч дзесьці блізу 1148 году выдаў адмысловую грамату ноўгарадзкаму Панцялейманаву манастыру, пячатка якой можа быць тэй пячаткай, пра якую тут гаворка.

Дарэчы, усе дасюль ведамыя пячаткі сыноў Уладзіміра Сьвятаславіча, а таксама сыноў Яраслава Ўладзіміравіча былі пячаткамі гэтак званага «греко-русского типа». На іх абавязкава быў адбітак вобразу таго ці іншага сьвятога, імя якога адпавядала хрышчонаму імю таго ці іншага князя зь сям'і кіеўскіх князёў; на гэтых пячатках адбівалася таксама й адпаведнае паганскае імя. Аднак усе напісы на іх былі ў грэцкай мове. Гэтым тыпам пячаткі карыстаўся яшчэ Ўладзімір Манамах, што княжыў у Кіеве ў 1113-1125 гадох. Толькі выраз «Господи, помози рабу своему...» ён пачаў адбіваць у славянскай мове. Як жа ў такім выпадку на пячатках полацкага князя Ізяслава – «сына Ўладзіміра й Рагнеды» – маглі зьявіцца надпісы ў славянскай мове? Ён жа жыў у атмасфэры найбольшых бізантыйскіх культурных і палітычных уплываў і больш, чымся Ўладзімір Манамах, павінны быў карыстацца гэтай пячаткай «греко-русского типа», пячаткай, агульнай у тым часе для ўсіх кіеўскіх князёў.

Найбольш праўдападобна, што гэтая пячатка, якая быццам бы «принадлежала старшему сыну Владимира Святославича – Изяславу, который жил в последней трети Х в. и княжил в Полоцке», проста была пячаткай Вялікага Ноўгараду. «Вялікім» ён пачаў звацца крыху пасьлей – ад ХІІ і асабліва ад ХІІІ стагодзьдзя, што й адлюстравалася на ягоных пячатках гэтага часу: «Печать Великого Новагорода» з рыцарам, зьверам ці з птушкаю на пярэднім баку пячатак. Крыху ранейшай пячаткай Ноўгараду магла быць пячатка з стылізаванымі контурамі царквы ці «царскіх варотаў» у саборы, пры гэтым яшчэ з надпісам на другім баку: ГРАД ці, калі дадаць зацертыя часам літары, – НОВОГРАД.

І Рагнеда вярнулася ў Полацак не таму, што быццам на просьбу баяраў («уже не убии ея детяти деля сего, но воздвигни отчину ея и даи еи с сыном своим») яна была высланая сюды самым Ўладзімірам. Ня можна ўявіць Уладзіміра нагэтулькі сантымэнтальным, каб з прычыны сьлёзаў «паланянкі» ці гэтага заступніцтва баяраў ён мог згадзіцца на адасабленьне ад Кіеўскай Русі Полацкага княства, раней «заваяванага» ім. Ўладзімір якраз і вызначаўся сваёй палітыкай узбуйненьня Кіеўскае Русі й наданьня апошняй нейкае дзяржаўна-палітычнае цэласьці. Калі ён, як гэта згадваецца ў летапісах, зьвярнуў Рагнедзе ейную «отчину», дык на гэта павінны былі быць нейкія паважныя прычыны.

Як бы там ні было раней, але даводзіцца сьцьвердзіць, што пасьля звароту Рагнеды ў Полацак Полацкае княства жыве сваім самастойным жыцьцём, бо, як згадваецца ў летапісах, «и оттоле мечь взимають Рогволожи внуци противу Ярославлим внуком». Тым больш яно было незалежным у часе княжаньня Брачыслава Ізяславіча (1003-1044), хоць Абэцэдарскі запэўнівае ў адваротным. Гэты князь у 1021 годзе здабыў Ноўгарад, у сувязі з чым сутыкнуўся зь кіеўскім князем Яраславам Уладзіміравічам, які сьпяшаўся з дапамогай Ноўгараду. У летапісах кіеўскага паходжаньня паведамляецца, што ў сутычцы на рацэ Судаміры Яраслаў перамог Брачыслава й вызваліў захопленых Брачыславам ноўгарадзцаў. Летапісы ноўгарадзкага паходжаньня дадаюць, што тады ж, відаць на полі бітвы, была зробленая згода, у выніку якой Яраслаў «даў» Брачыславу гарады Ўсьвят і Віцебск за прапанову «буди же со мною за один». І далей сьцьвярджаецца ў летапісах ноўгарадзкага паходжаньня: «И воеваша Брячислав с великим князем с Ярославом вся дни живота своего».

Выходзячы з гэтых кароценькіх летапісных вестак, гісторыкі, у тым ліку, відаць, і Абэцэдарскі, ствараюць цэлую тэорыю пра залежнасьць у тым часе Полацкага княства і самога Брачыслава ад Кіева. Калі ж добра прачытаць, дык з гэтых вестак вынікае наступнае. Кіеўскія летапісы згадваюць толькі пра перамогу Яраслава над Брачыславам, і больш ні слова. Але, як вынікае з ноўгарадзкіх летапісаў, у гэтым выпадку наагул не было якой-колечы перамогі. Наадварот, Яраслаў мусіў саступіць Брачыславу гарады Ўсьвят і Віцебск, праўдападобна, захопленыя ім крыху раней, а можа, нават, у вайне, пра якую тут гаворыцца. За гэта ён атрымаў палоненых Брачыславам ноўгарадзцаў і, магчыма, згоду «быти за один», г.зн. быць у хаўрусе, што абсалютна не гаворыць пра падпарадкаваньне, але пра сужыцьцё й падтрымку. Выраз: «И воеваша Брячислав с великим князем с Ярославом вся дни живота своего» зусім цьмяны. Ваяваў Брачыслаў супраць Яраслава або ў хаўрусе з гэтым Яраславам супраць кагосьці іншага? У летапісах ня згадваецца ні пра тое, ні пра другое.

Палітычная незалежнасьць Полацкага княства пры Ўсяславе Брачыславічу (1044-1101), бадай, не аспрэчваецца ніводным паважным савецкім гісторыкам. Дый як можна яе аспрэчваць, калі эпоха Ўсяслава Чарадзея характарызуецца войнамі Полацкага княства зь Кіеўскай Русяй, у якіх Кіеў не атрымаў перамогі? Пасьля ж, а гэта ў першай палове ХІІ стагодзьдзя, настаў поўны развал Кіеўскае Русі, зь якой вылучыліся іншыя незалежныя княствы – дзяржавы тыпу заходнеэўрапейскіх каралеўстваў, як іх называе акадэмік Б.А.Рыбакоў.

Як мы маглі бачыць з пададзенае цытаты, прафэсар Абэцэдарскі выкарыстоўвае факт абраньня Ўсяслава Чарадзея ў 1068 годзе на пасад вялікага кіеўскага князя, каб паказаць «дынастычную» й «дзяржаўна-палітычную» супольнасьць Полацкага княства з Кіеўскай Русяй. Ён, аднак, ня кажа, як гэта здарылася ды як сам Усяслаў ставіўся да кіеўскага «залатога пасаду». Уся ж гэтая гісторыя выглядае так: пасьля бітвы 1067 году на рацэ Нямізе Ўсяслаў быў запрошаны кааліцыяй кіеўскіх князёў узяць удзел у мірных перамовах за Дняпром каля Воршы. Прыбыўшы туды, здрадніцкім спосабам Усяслаў з двума сынамі быў схоплены і адвезены ў Кіеў. У часе забурэньня кіяўлянаў супраць свайго князя Ізяслава Яраславіча Ўсяслаў Чарадзей быў высечаны з порубу і ўзьведзены на вялікакняскі пасад. Аднак, як, прыкладам, канстатаваў аўтар «Слова пра паход Ігаравы», у Кіеве Ўсяслаў «чуў званы Сьвятой Сафіі Полацкай», г.зн., калі перакласьці ў простую мову, лятуцеў пра зварот у родны Полацак. Нагода да гэтага здарылася, калі выгнанец Ізяслаў з польскай дапамогай падыйшоў да Кіева. Не ўступіўшы нават у бітву й пакінуўшы кіеўскае войска на волю долі, Усяслаў вярнуўся ў Полацак. Калі б Усяслаў Чарадзей гэтак быў зачараваны «залатым» кіеўскім пасадам і да таго ж «спадчынай», дык напэўна ён памерыўся б сілаю зь Ізяславам і ягоным польскім хаўрусьнікам, бо ён ня быў з палахлівых, за што ўвайшоў у легенды й быў апяяны Баянам.

Няма таксама ніякіх ведамак у летапісах пра гэтак званую матар'яльную залежнасьць Полацкага княства ад Кіева як за часамі Ўладзіміра Сьвятаславіча, так і пасьля. У тых часох палітычная залежнасьць вызначалася першым чынам складаньнем даніны ў скарб кіеўскага князя і ваеннай падтрымкай апошняга. Аднак гэтае даніны Полацкае княства ніколі не плаціла Кіеву, не памагала яму і войскам. Вынятак – удзел Ўсяслава Чарадзея ў 1060 годзе ў паходзе кіеўскіх князёў супраць полаўцаў (торкаў). Але тут можна гаварыць пра звычайную ваенную дапамогу, а не пра «феадальную залежнасць» Полацкага княства ад Кіева. Залежнасьць паасобных земляў ад Кіева вызначалася яшчэ абсаджаньнем гэтых земляў намесьнікамі вялікага кіеўскага князя (звычайна ягонымі сынамі) ды іхным зьмяшчэньнем з прыходам да ўлады новага вялікага князя. Адным словам, практыкавалася гэтак званая ратацыя намесьнікаў згодна з іхным «старшынствам». Яны заўсёды перамяшчаліся як пасьля сьмерці аднога зь іх, так і пасьля сьмерці вялікага кіеўскага князя. Гэтая практыка аднак не датычылася Полацкага княства. Гэтае простае рэчы, што так яскрава адкідае канцэпцыю пра палітычную залежнасьць Полацкага княства ад Кіева, таксама не заўважыў Абэцэдарскі.

Таму можна пэўна сказаць, што занатаваныя ў летапісах палітычныя прэтэнзіі Кіева да Полацкага княства, у тым ліку й выстаўленьне полацкага князя Ізяслава ў якасьці сына Ўладзіміра Сьвятаславіча, былі вынаходзтвам летапісцаў пачатку ХІІ стагодзьдзя, калі Кіеўская Русь стаяла на парозе поўнага развалу і тым жа часам узмацнілася ейная агрэсія супраць Полацкага княства або ягоных паасобных земляў.


Межы Полацкага княства

Тут трэба падкрэсьліць, што тагачаснае Полацкае княства не абмяжоўвалася да сяньняшняе сьціслае Полаччыны, як гэта намагаюцца падаць савецкія гісторыкі, у тым ліку і Л.В.Аляксееў у сваёй згадванай вышэй працы «Полацкая зямля». Апрача сьціслае Полаччыны, да якое тады належалі таксама Дзьвінск, Рэжыца, Люцын, Себеж і Невель, у Полацкае княства ўваходзілі яшчэ землі: Усьвятчына й Віцебшчына да возера Каспля на ўсходзе; пазьнейшыя Магілеўшчына й Рагачоўшчына да Дняпра й да ўтоку Бярэзіны ў Дняпро; Бабруйшчына й Меншчына да Слуцку й Капыля; Слонімшчына, Ваўкавышчына, Гарадзеншчына й пасьлейшая Беласточчына, а таксама Наваградчына, Вялейшчына ды, праўдападобна, Віленшчына. Апрача таго, валоданьні Полацкага княства заглыбляліся ў сяньняшнюю Лацьвію ўздоўж Дзьвіны, і ад яго залежалі таксама старажытныя ліцьвіны.

Пералічаныя тут заходнія беларускія землі ў гістарыяграфіі розных кірункаў звычайна вылучаюцца з складу Полацкага княства ды далучаюцца да Кіеўскай Русі. Гэта робіцца галоўна на аснове таго, што ў ХІІІ стагодзьдзі на гэтыя землі прэтэндавала Галіцка-Валынскае княства, а таксама што ў паходзе 1127 году злучаных сілаў Кіеўскае Русі супраць Полацкага княства ўзяў удзел «Всеволодка из Городна» (у Лаўрэнцеўскім і Гіпацеўскім летапісах ён называецца яшчэ «Всеволодко из Городка» й «Всеволодко Городецькый»). Калісьці яшчэ ўкраінскі гісторык М.Грушэўскі пісаў у «Гісторыі Ўкраіны-Русі», што гэты Ўсевалодка, сын Давіда Ігаравіча, княжыў ня ў Горадні над Нёмнам, а ў Горадні, што ляжала на поўдзень ад Прыпяці. Разам з Дубровіцай яе якраз і атрымаў гэты Ўсевалодка Давідавіч. Гэтая Горадня цяпер мястэчка ці вёска Гарадная, што ляжыць на ўзмежжы БССР на аднолькавай адлегласьці ад Століна й Дубровіцы. Як бачна зь гістарычнай карты Вялікага Княства Літоўскага, складзенай польскім гісторыкам Янам Якубоўскім, пад назовам Горадня (Городно) у ХVІ стагодзьдзі яна была яшчэ невялікім гарадком[33].

Дарэчы, як сьцьвярджаецца ў летапісах, гэты Ўсевалодка Давідавіч быў падручным вялікага кіеўскага князя, г.зн. поўнасьцяй залежаў ад яго й прыходзіў яму на дапамогу пры першым пакліканьні. Гэтага аднак не магло б быць, калі б Ўсевалодка запраўды княжыў у Горадні над Нёмнам.

Аўтар «Слова пра паход Ігаравы» таксама згадвае пра «городеньские трубы», якія аплаквалі князя Ізяслава й ягоную дружыну, што былі «притрепаны литовскыми мечи». Але гэты Ізяслаў тут выразна выступае сынам полацкага князя Васількі і праўнукам «слаўнага дзеда» Ўсяслава Чарадзея. Уладзімір Пічэта ў сваёй працы «Полацка-Менскае княства», што была зьмешчаная ў «Очерках истории СССР» выданьня 1953 году, таксама пісаў, што яшчэ ў 1102 годзе полацкі князь Барыс Усяславіч ваяваў супраць яцьвягаў. Паход гэты ён мог ажыцьцявіць, маючы толькі за сабой моцнае заплечча, і магчыма з тае ж Горадні. З свайго боку Пётра Дузбурскі ў сваёй «Прускай кроніцы» сьцьвярджаў, што ў 1221 годзе «Рутэны» напалі на прускі горад Рагніту й доўга трымалі тут аблогу[34]. Дарэчы, і Адам Брэменскі, які напісаў сваю кроніку каля 1075 году, таксама гэтых Рутэнаў ці Ruzzos памяшчаў на мяжы з Прусамі[35].

Згадваючы пра гэтае паведамленьне Пётры Дузбурскага, савецкі гісторык В.Т.Пашута, не знайшоўшы якіх-колечы вестак пра пранікненьне на межы старажытнае Прусіі Галіцка-Валынскага княства, абегла зазначае, што «вероятно» паход супраць Рагніты быў арганізаваны «смоленскими князьями»[36]. Можна, ведама, далучыць сюды яшчэ і «владимиро-суздальских князей», але, як сьцьвярджаў той жа Пётра Дузбурскі, гэты горад Рагніта ляжаў на ўзьмежжы з «Рускім каралеўствам» ды й сама Прусія мяжавалася зь «зямлёй Рутэнаў». Тэрмін «Рутэны» нас не павінны бянтэжыць, бо, прыкладам, і Генрык Лівонскі ў сваёй ведамай кроніцы называе Полацкае княства «Рускім каралеўствам».

Што ж да згадваных вышэй прэтэнзіяў Галіцка-Валынскага княства на заходнія беларускія землі, дык тут можна сказаць наступнае. У летапісах няма ніякіх звестак пра гэтыя прэтэнзіі пры канцы ХІІ і на пачатку ХІІІ стагодзьдзя. Затое ў іх паведамляецца, што тады тут княжылі незалежныя князі – Ізяслаў Наваградзкі, Глеб Ваўкавыскі, Ізяслаў Сьвіслацкі, якія якраз узялі актыўны ўдзел у станаўленьні маладога Вялікага Княства Літоўскага. Праўда, гэтыя прэтэнзіі Галіцка-Валынскага княства на заходнія беларускія землі выявіліся ў часе ўзьніклае вайны між галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам і Міндоўгам, а таксама ў часе паходаў супраць Вялікага Княства Літоўскага ў 1258-1259 і 1276-1277 гадох татара-мангольскіх ваяводаў Бурундуя й Мамшэя. Аднак жа з гэтых падзеяў чыста агрэсыўнага характару неяк не выпадае, дый нелягічна выводзіць нейкую папярэднюю «прыналежнасьць».

Адным словам, тагачаснае Полацкае княства – гэта даволі вялікае й палітычна моцнае гаспадарства. Таму яно магло ня толькі захаваць сваю незалежнасьць, але й палітычна спаборнічаць з Кіеўскай Русяй. Праўда, пасьля сьмерці Ўсяслава Чарадзея, які, як і ў выпадку Кіеўскай Русі, падзяліў паасобныя землі гэтага княства між сваймі сынамі, Полацкае княства ўвайшло ў паласу разьмежаваньня на мясцовыя княствы. Гэта найперш і прывяло да ведамага ў гісторыі эпізоду 1127-1132 гадоў. Тады менскі князь Глеб Усяславіч на собскую руку ў 1104 годзе пачаў даволі амбітны канфлікт (імкнуўся пашырыць Менскае княства за кошт валоданьняў кіеўскіх князёў), які, аднак, скончыўся ў 1119 годзе ягоным паланеньнем, замардаваньнем у Кіеве ды далучэньнем Менскага княства да Кіеўскае Русі. Крыху пасьля, а гэта ў 1127 годзе, злучаныя сілы Кіеўскае Русі літаральна з усіх бакоў – з Кіева, Чарнігава й Курску, Уладзіміра (Валынскага), Турава й згаданае вышэй Горадні, а таксама Ноўгараду й Смаленску – нарэшце дабраліся да самога сэрца Полацкага княства. Аднак і гэты агульны «рускі» паход супраць «крывічоў» тады яшчэ скончыўся кампрамісам: з згоды палачанаў вялікі князь полацкі Давід Усяславіч быў заменены іншым князем – Рагвалодам Усяславічам, а апошні павінны быў узяць на сябе нейкія забавязаньні перад Кіеўскай Русяй. Мы нічога ня ведаем пра гэтыя забавязаньні; ведама толькі, што й Рагвалод Усяславіч адмовіўся ўзяць удзел у паходзе кіеўскага вялікага князя Мсьціслава Ўладзіміравіча супраць полаўцаў. У выніку той арганізаваў у 1129 годзе новы паход супраць Полацкага княства, які скончыўся здабыцьцём Полацку, паланеньнем некаторых полацкіх князёў ды іхным выгнаньнем у Канстантынопаль. Гэта здарылася з двума сынамі Рагвалода, а таксама з Давідам, Расьціславам і Сьвятаславам Усяславічамі, іхнымі жонкамі й дзецьмі. Сам Рагвалод Усяславіч, мабыць, загінуў тады на полі бітвы. У Полацку часова запанавалі стаўленьнікі Кіева, аднак ужо ў 1132 годзе, відаць у сувязі зь сьмерцяй вялікага кіеўскага князя Мсьціслава Ўладзіміравіча, гэтых стаўленьнікаў выгналі з Полацку, а за вялікага князя абралі Васільку Сьвятаславіча – сына вывезенага ў Канстантынопаль Сьвятаслава Ўсяславіча. Недзе неўзабаве пасьля 1135 году было вызваленае таксама й Менскае княства. Гэтак хутка скончылася «феадальная залежнасць» Полацкага княства ад «агульнарускай дзяржавы» – Кіеўскай Русі.

Як жа ў сьвятле пералічаных вышэй, запраўды неаспрэчных ці, паводле Абэцэдарскага, «неабвержных», фактаў можна цьвердзіць і цьвердзіць катэгарычна, што ў мінулым беларускі народ ня меў свае дзяржаўнасьці?!

Яшчэ больш парадаксальнае цьверджаньне, быццам «старажытнаруская дзяржаўная супольнасць» працягвала сваё йснаваньне ў ХІІ-ХІІІ стагодзьдзях, калі ў запраўднасьці ад старое Кіеўскае Русі заставалася адно імя, і больш нічога. Ня менш парадаксальна таксама ўважаць Кіеўскую Русь Х-ХІ стагодзьдзяў, калі яна была ў зэніце свайго палітычнага росквіту, за нейкую маналітную ці цэнтралізаваную дзяржаву, перад чым, між іншага, перасьцерагаў у сваёй апошняй працы згадваны вышэй савецкі гісторык А.Н.Насонаў (памёр у 1965 годзе)[37]. Такой яна не была ўжо хоць бы дзеля таго, што залежнасьць ад яе паасобных земляў вызначалася выплочваньнем адпаведнае даніны й вайсковай дапамогай. Далей за гэта тады ня йшла кіеўская адміністрацыя. Дарэчы, гісторыя адносінаў між сьцісла Кіеўскім і Чарнігаўскім княствамі таксама не дазваляе гаварыць пра нейкі там «цэнтралізм».


Міт пра «адзіную старажытнарускую народнасць»

Прафэсару выпадала б таксама прасачыць, да якое тэрыторыі тарнаваўся назоў «Русь». Нават у савецкай гістарыяграфіі (праўда, у спэцыяльных працах) агульна прызнаецца, што назоў гэты, зьвязаны зь дзяржаўнасьцяй, датычыў толькі Сярэдняе Прыдняпроўшчыны з цэнтрамі Кіеў-Чарнігаў-Пераяслаў.

Што ж да Полацкага княства, дык яно звычайна называлася як Зямля крывічоў або палачанаў. Гэтак, прыкладам, у Лаўрэнцеўскім і Гіпацеўскім летапісах пад 1127 годам сьцьвярджаецца: «В то же лето посла князь Мстислав братью свою на Кривичи четырми пути». У Гіпацеўскім летапісе таксама паведамляецца, пад 1140 годам: «В то же время взидоста княжича два ис Царягорода, заточени были Мьстиславом великым князем Киевьскым, зане не бяхуть его воли и не слышахуть его, коли я зовяшеть в Рускую землю в помощь», і крыху далей: «посла по Кривитьстеи князе по Давида по Ростислава и Святослава и Рогволодича два и усажа у три лодьи и поточи и Царюграду за неслушание их, и мужа свои посажа по городом их»; ці пад 1162 годам: «Том же лете Рюрик и Святополк Гюргевичь Туровьскии... и с Кривьскими князьми идоша к Случьску на Володимира на Мьстиславича».

Адначасна Абэцэдарскі цьвердзіць, што за часамі Кіеўскае Русі ўжо йснавала «адзіная старажытнаруская народнасць», якую ён часамі называе й «адзінай усходняславянскай народнасцю». Хоць Абэцэдарскі зазначае, што «Русь, "рускую" народнасць тых даўніх часоў нельга атоесамліваць ні з рускай (вялікарускай), ні з украінскай, ні з беларускай народнасцю», агульная ягоная тэндэнцыя выступае даволі выразна[38]. А рэч у тым, што пры дапамозе гэтае містычнае «адзінае старажытнарускае народнасці» савецкая гістарыяграфія фактычна намагаецца зьліквідаваць узьніклую «гістарычную ненармальнасьць» існаваньня ў сучаснасьці беларускага і ўкраінскага народаў. Бо, згодна з тэндэнцыямі гэтай гістарыяграфіі, іхнае месца павінна быць «в общерусском народе», пад якім разумееца толькі расейскі народ і які беспасярэдне выводзіцца з той «древнерусской народности». Праўда, калі трымацца нейкае навуковае ці лягічнае пасьлядоўнасьці, дык тую «старажытнарускую народнасць» выпадала б найперш зьвязваць з сучасным украінскім народам. Наагул канцэпцыя пра «адзіную старажытнарускую народнасць», узятая ў прынцыпе і перанесеная ў сучаснасьць у якасьці палітычнага аргумэнту, магла б лёгка тарнавацца, прыкладам, да італійцаў, гішпанцаў, французаў, румынаў у тым сэньсе, што сучасныя італійцы таксама маглі б прыгадаць іншым пра свае «гістарычна-нацыянальныя» правы. А як жа, усе гэтыя народы ў мінулым тварылі супольную «старажытнарымскую дзяржаву» й агульную «старажытнарымскую народнасьць», а прасьцей – італійскую нацыянальную і дзяржаўную «старажытнасьць».

Згадваны ўжо намі Б.А.Рыбакоў, прыкладам, станаўленьне гэтае «адзінае старажытнарускае народнасьці» адносіць недзе да VІ-ІХ стагодзьдзяў. Аднак, карыстаючыся рознымі апэрацыямі, ён і станаўленьне Кіеўскае Русі пераносіць у тыя ж VІ-ІХ стагодзьдзі, улучаючы ў яе – дзесьці пры канцы VІІІ ці ад пачатку ІХ стагодзьдзя – і Полацкае княства. Абэцэдарскі ў асноўным паўтарае гэтую думку Рыбакова, цьвердзячы, што «ў перыяд разлажэння першабытнаабшчыннага ладу і ўтварэння класавага грамадства (VІ-VІІІ ст.) на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы адбывалася фарміраванне адзінай усходнеславянскай народнасці, якая атрымала назву Русь». Аднак паводле Абэцэдарскага, «Старажытнаруская (Кіеўская) дзяржава, у склад якой увайшлі і землі крывічоў (палачан), дрыгавічоў, радзімічаў, склаўшы заходнюю частку яе» толькі «ўтварылася ў канцы ІХ стагоддзя», што й «паскорыла фарміраванне старажытнарускай народнасці, садзейнічала ўмацаванню яе адзінства». Зазначым, што паводле Рыбакова поўнасьцяй складзеная «старажытнаруская народнасць» ужо існавала ад пачатку ІХ стагодзьдзя. Адным словам, «фарміраванне» гэтае «старажытнарускае народнасці» Абэцэдарскі адносіць да эпохі, калі яшчэ, паводле ягонага цьверджаньня, не магло быць і мовы пра йснаваньне «Старажытнарускае дзяржавы». Калі ж зрабіць гістарычную папраўку ды аднесьці дзяржаўна-тэрытарыяльную кансалідацыю Кіеўскае Русі да эпохі Ўладзіміра Сьвятаславіча, г.зн. на канец Х стагодзьдзя, дык з гэтым канчатковым «фарміраваннем старажытнарускай народнасці» прафэсар зноў пасьпяшаўся на цэлае стагодзьдзе. Паводле савецка-марксыстаўскае канцэпцыі, народнасьць або народ – гэта прадукт клясавага распластаваньня грамадзтва й згуртаваньня апошняга ў моцнай палітычна-дзяржаўнай арганізацыі. А з гэтага вынікае, што й утварэньне «адзінае старажытнарускае народнасці» можна аднесьці хіба толькі да эпохі канца Х і цэлага ХІ стагодзьдзя, калі Кіеўская Русь вызначылася як нейкая палітычна-дзяржаўная цэласьць. Але ж і ў гэтым разе ня трэба забывацца пра слабасьць палітычных і эканамічных сувязяў між ейнымі паасобнымі землямі, пра кволасьць ейнае палітычна-дзяржаўнае структуры наагул. Ня трэба забывацца таксама, што побач з Кіеўскай Русяй і незалежна ад яе тут існавала таксама іншая палітычна-дзяржаўная арганізацыя – Полацкае княства.

Вышэй мы цытавалі ведамага савецкага гісторыка П.Н.Трацьцякова. Ягоная праца «У истоков древнерусской народности» зьяўляецца, можна сказаць, апошнім словам савецкай гістарыяграфіі ў разгляданай тут праблеме. І вось што канстатуе Трацьцякоў:

«Не следует думать, что сложение древнерусской народности полностью завершилось сразу после образования Древнерусского государства. На первых порах средневековья народность являлась общностью весьма относительной: еще долго сказывалось своеобразие ее компонентов. Не только языковые особенности, связанные с древними диалектами различных славянских группировок и неодинаковым неславянским субстратом, не только специфические черты культуры, бытового уклада и религиозных представлений, унаследованные от прошлого, но и конкретные особенности в развитии общественного строя и различные хозяйственные традиции в первое время так или иначе отличали друг от друга отдельные части формирующейся древнерусской народности. Поэтому древнерусское население далеко не сразу стало воспринимать себя в качестве единой народности. Не только в ІХ-Х вв., но в ХІ-ХІІ вв. Русью, Русской землей называлась обычно лишь сравнительно небольшая область в пределах Среднего Поднепровья, лежащая вокруг трех городов: Киева, Чернигова и Переяславля-Русского. Население других земель – галичских, смоленских, новгородских, залесских – русским первоначально не называлось... Лишь позднее, после значительных изменений в жизни Древнерусского государства, прежде всего вместе с укреплением феодальных порядков и возникновением новой исторической обстановки, вызвавшей перемещение центра Руси и больших масс населения из Среднего Поднепровья на север, наименование Русь распространилось на все древнерусские земли, их население повсеместно стало считать себя русским.

В последующие столетия представление о единстве русской (древнерусской) народности продолжало все более и более крепнуть. И это происходило уже в период, когда Древнерусское государство стало дробиться на части, вступило в полосу политической феодальной раздробленности. Разве это не прекрасная иллюстрация того, что сложение народности и история государства – хотя и связанные друг с другом, но все же особые процессы?»[39]


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю