355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Паўла Урбан » У сьвятле гістарычных фактаў » Текст книги (страница 6)
У сьвятле гістарычных фактаў
  • Текст добавлен: 15 апреля 2017, 03:00

Текст книги "У сьвятле гістарычных фактаў"


Автор книги: Паўла Урбан


Соавторы: Паўла Урбан

Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 13 страниц)

Паны Давойны – праваслаўныя. У акце 1434 году згадваўся «баярын» Андрушка Давойнавіч, які, магчыма, быў сынам Давойны Вышгердава з акту 1401 году. У 1480 годзе пан Ян Давойнавіч выконваў ролю пасла ў Маскву і Крым ды ад 1492 году згадваўся на пасадзе старасты ваўкавыскага. Праўдападобна, ягоны брат Якуб Давойнавіч ад 1492 году й на пачатку ХVІ стагодзьдзя займаў пасаду намесьніка дарагічанскага. Апрача таго, акт Мельніцкае вуніі 1501 году падпісалі дзяржаўца даўгастайскі Юрай Давойнавіч ды пан Андрэй Давойнавіч. Паны Давойны не зыходзяць з палітычнай арэны і ў ХVІ стагодзьдзі. Прыкладам, Станіслаў Станіслававіч Давойна ў 1542-1563 гадох быў ваяводам полацкім ды намінальна ім заставаўся да 1573 году, калі Полацак часова знаходзіўся пад маскоўскай акупацыяй.

Паны Войны – праваслаўныя паводле «Плачу» М.Сматрыцкага ды іншых дакумэнтаў. Пан Война з акту 1434 году тады займаў пасаду дзяржаўцы ў Кернаве. Магчыма, што гэты Война згадваўся таксама і ў акце 1401 году. Акт Мельніцкае вуніі 1501 году падпісалі Война – ключар берасьцейскі, а таксама нейкі Война Фінілеевіч. Паны Войны ўзвышаюцца ў ХVІ стагодзьдзі. Прыкладам, у другой палове гэтага стагодзьдзя пан Грычун Война быў кашталянам амсьціслаўскім, а пан Лаўрэн Война – падскарбным земскім Вялікага Княства.

Паны Аляхновічы – праўдападобна каталікі. Алехнаў было шмат, у тым ліку й сярод смаленскіх князёў былі на ймя Алехна, а таму цяжка прасачыць радавод гэтых паноў. Пан Алехна на пасадзе старасты лідзкага згадваўся ў акце 1434 году. Тады ў 1460-х гадох выступаў пан Алехна Судзімонтавіч, займаючы пасады падчашага Вялікага Княства і намесьніка полацкага. Ад 1482 году ён ужо згадваўся як ваявода віленскі й канцлер Вялікага Княства, застаючыся на гэтых пасадах дзесьці да канца 1480-х гадоў. Ці быў ён сынам Алехны з акту 1434 году – няведама. Пан Андрэй Аляхновіч дзесьці ад 1492 году быў намесьнікам пераломскім, ожскім і борцкім (у 1503 годзе гэтую пасаду займаў ужо князь Іван Львовіч Глінскі). Іншы – пан Пётра Аляхновіч – у 1501 годзе згадваўся на пасадзе кухмістра дворнага й намесьніка аліцкага ды нямонайцкага. Яны, праўдападобна, былі сынамі ваяводы віленскага Алехны Судзімонтавіча.

Паны Клочкі – праўдападобна каталікі. Пан Войцех Янавіч Клочка да пачатку 1490-х гадоў быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам уладзімірскім, тады ад 1492 году – харужым (сьцяжным) Вялікага Княства і намесьнікам уценскім, а ад 1499 году – маршалкам Вялікага Княства, намесьнікам ковенскім і кухмістрам дворным, тады кухмістрам вялікае княгіні. Гэтыя пасады ён займаў ў 1509 годзе.

Паны Кучукі (Кучкі) – праўдападобна праваслаўныя. Пан Івашка Кучук у 1450-1460-х гадох выступаў як вайсковы дзяяч, тады пад 1469 годам згадваўся на пасадзе маршалка дворнага Вялікага Княства і дзяржаўцы ў Вялейцы, а пад 1472-1474 гадамі – на пасадзе маршалка дворнага і намесьніка лідзкага. Ягоны сын Войцех Іванавіч Кучук у 1499-1505 гадох выступаў як маршалак Вялікага Княства і намесьнік ваўкавыскі.

Паны Гаштоўты (Гаштольды) – каталікі й адны з «буйных літоўскіх феадалаў». Пан Ян Гаштоўт згадваўся ва ўсіх актах 1401-1434 гадоў, ужо тады займаючы адказныя становішчы. Пры канцы 1430-х гадоў ён быў намесьнікам смаленскім. Узяў сама актыўны ўдзел у пакліканьні Казіміра на вялікакнязеўскі пасад ды быў рэгентам гэтага маладога гаспадара. Неўзабаве заняў пасаду ваяводы троцкага, а дзесьці ад 1450 году – ваяводы віленскага ды нейкі час быў таксама й канцлерам Вялікага Княства. Вызначыўся як бескампрамісны прыхільнік палітычнае незалежнасьці Вялікага Княства, у сувязі з чым зрокся гербу, атрыманага паводле Гарадзельскага прывілею. Ян, або Івашка, Гаштоўт памёр у 1458 годзе. Ягоны сын – Андрэй Янавіч Гаштоўт – тады быў маршалкам дворным і хутка памёр. Іншы сын – Марцін Янавіч Гаштоўт – у 1469 годзе згадваўся на пасадзе намесьніка наваградзкага, ад 1470 году ён быў ваяводам кіеўскім, ад пачатку 1480-х гадоў – ваяводам троцкім. Сын апошняга – Войцех Марцінавіч Гаштоўт – у 1501 годзе выступаў яшчэ як просты «дваранін», а ад 1505 году быў падчашым Вялікага Княства і ваяводам наваградзкім. Пасьля нейкі час займаў пасады ваяводы полацкага й троцкага, а ў 1522-1539 гадох быў ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства. Паводле вайсковага попісу 1529 году паны Гаштоўты выстаўлялі 466 узброеных коньнікаў.

Паны Кязгайлы – каталікі. Пан Кязгайла з акту 1434 году, які, як згадвалася вышэй, меў брата на ймя Шэдзібор (можа быць «чыста славянскім» імем), яшчэ за часамі вялікага князя Жыгімонта І стаўся старастам жамойцкім. Гэтую пасаду ён захоўваў таксама за часамі Казіміра, прыдбаўшы яшчэ й кашталянства віленскае. Ягоны сын Міхайла Кязгайлавіч яшчэ ў 1457 годзе згадваўся на пасадзе канцлера, у канцы 1460-х і ў 1470-х гадох быў ваяводам і кашталянам віленскім ды канцлерам Вялікага Княства. Другі сын – Ян Кязгайлавіч – па сьмерці бацькі быў старастам жамойцкім, а па сьмерці брата пераняў і кашталянства віленскае. Ён памёр каля 1486 году, бо ад гэтага году на пасадзе старасты жамойцкага згадваўся ўжо ягоны сын – Станіслаў Янавіч Кязгайла. Старастам жамойцкім ён быў ажно да 1522 году, адначасова ад 1497 году займаючы й пасаду кашталяна троцкага. Брат апошняга – Пётра Янавіч Кязгайла, які зваўся таксама Белым ды памёр у 1496 годзе, – у палове 1480-х гадоў быў старастам луцкім і маршалкам Валынскае зямлі, ад 1488 году займаў пасады ваяводы троцкага й маршалка земскага ды нейкі час быў таксама вялікім гетманам. У ХVІ стагодзьдзі паны Кязгайлы значнай палітычнай ролі не адыгрывалі. Паводле вайсковага попісу 1529 году паны Кязгайлы выстаўлялі 768 узброеных коньнікаў, сваёй сілай перасягаючы паноў Радзівілаў. Ім належалі вялікія абшары на Жамойці.

Князі Астроскія – ведамыя «стаўпы праваслаўя». Як згадвалася вышэй, яны паходзілі ад турава-пінскіх князёў. Князь Фёдар Данілавіч яшчэ за часамі Вітаўта быў старастам луцкім. Ягоны ўнук Канстантын Іванавіч Астроскі (каля 1460-1530) у 1490 годзе заняў пасады старасты луцкага й маршалка Валынскае зямлі і быў адначасна намесьнікам брацлаўскім, віньніцкім і зьвянігародзкім, што сьведчыць пра тое, што гэтыя апошнія пасады ён пераняў яшчэ раней ад свайго бацькі князя Івана Фёдаравіча Астроскага. У 1495 годзе князь Канстантын Іванавіч Астроскі стаў вялікім гетманам, у сувязі з чым у наступным 1496 годзе ён страціў пасады старасты луцкага й маршалка Валынскае зямлі, якія перайшлі да князя Сямёна Юравіча Гальшанскага. З параўнальна невялікім войскам у 1500 годзе князь Канстантын Астроскі распачаў бітву супраць маскоўскае арміі на рацэ Вядрошы, прайграў яе й трапіў да маскоўскага палону. З гэтага палону ўцёк толькі ў 1507 годзе, тады ж узначаліў войска Вялікага Княства і заняў усе свае ранейшыя пасады, прыдбаўшы яшчэ й кашталянства віленскае. Прыкладам, у актах 1512-1522 гадоў ён тытулаваўся наступна: кашталян віленскі, гетман найвышэйшы, стараста луцкі, брацлаўскі й віньніцкі, маршалак Валынскае зямлі. Ад 1522 году князь Канстантын Іванавіч Астроскі быў таксама й ваяводам троцкім.

Ягоны брат Міхайла Іванавіч Астроскі ў 1500-1503 гадох і тады па сьмерці князя Сямёна Юравіча Гальшанскага быў старастам луцкім і маршалкам Валынскае зямлі. Ён памёр дзесьці каля 1507 году. Князь Канстантын Канстантынавіч Астроскі (1526-1608) дзесьці ад пачатку 1550-х гадоў таксама займаў пасады маршалка Валынскае зямлі, старасты ўладзімірскага й ваяводы кіеўскага, пасьля Люблінскае вуніі быў ваяводам кіеўскім.

Князі Гальшанскія – праваслаўныя, пасьля ў ХVІ стагодзьдзі некаторыя зь іх перайшлі ў каталіцтва. Праўдападобна былі ліцьвінамі, але ў кроніках яны згадваюцца таксама й як «князі рускага роду». Выдатную палітычную ролю князі Гальшанскія адыгрывалі яшчэ за Вітаўтам, пасьля падтрымалі вялікага князя Сьвідрыгайлу. Яны бралі актыўны ўдзел у пакліканьні Казіміра на вялікакнязеўскі пасад і былі палітычна актыўнымі ў Радзе за ягонымі часамі. У 1450-х гадох, калі канфлікт між нашай дзяржавай і Польшчай паважна завайстрыўся, князі Гальшанскія падтрымвалі паўсталы тады плян замены Казіміра на іншага вялікага князя ў асобе князя Сямёна Аляксандравіча, унука Ўладзіміра Альгердавіча. Яны таксама былі замешаныя ў «змове князёў» 1481 году, скіраванай супраць Казіміра, і адзін зь іх, князь Іван Гальшанскі, заплаціў за гэта сваёй галавой.

Князь Аляксандар Юравіч Гальшанскі ў палове 1480-х гадоў згадваўся на пасадзе крайчага і падчашага Вялікага Княства, тады ад 1486 і дзесьці да 1510 году быў кашталянам віленскім і намесьнікам горадзенскім. Намесьніцтва горадзенскае ён страціў у 1504 ці 1505 годзе на карысьць Яна Юравіча Забярэзінскага, але ў 1502-1504 гадох займаў таксама пасаду вялікага гетмана. Ягоны брат – князь Сямён Юравіч Гальшанскі – ў 1496-1500 гадох і ад 1503 году быў старастам луцкім і маршалкам валынскае зямлі (ад 1503 году – таксама й старастам камянецкім), а ў 1500-1502 гадох займаў пасады вялікага гетмана і намесьніка наваградзкага. Ён памёр блізу 1507 году. Сын Аляксандра – князь Януш Аляксандравіч Гальшанскі дзесьці ад 1496 году быў крайчым Вялікага Княства і дзяржаўцам слонімскім, ад 1505 году – старастам уладзімірскім, тады ў 1530-1540-х гадох займаў пасаду ваяводы троцкага. Яшчэ адзін ягоны сын – князь Юрай Аляксандравіч Гальшанскі – ад 1504 году згадваўся на пасадзе намесьніка беліцкага, а трэйці сын – князь Паўла Аляксандравіч Гальшанскі – ад 1504 году вучыўся ў Кракаўскім унівэрсытэце ды пасьлей быў каталіцкім віленскім біскупам.

Князі Жаслаўскія – праваслаўныя. У актах яны часамі зваліся таксама Заслаўскімі, але іх ня трэба блытаць з князямі Заслаўскімі, што былі адгаліненьнем князёў Астроскіх і жылі на Валыні. Князі Жаслаўскія свой радавод вялі ад смаленскага князя Юр'я Сьвятаславіча, якога яшчэ Вітаўт вывеў з Смаленску й пасадзіў у Заслаўі каля Менску. Князь Міхайла Іванавіч Жаслаўскі ад 1488 і да 1497 году быў намесьнікам Віцебскім. Ягоны брат князь Фёдар Іванавіч Жаслаўскі дзесьці ад 1489 і да 1499 году займаў пасаду намесьніка бранскага. Іншы – князь Васіль Іванавіч Жаслаўскі – да 1495 году быў намесьнікам менскім, у 1507 годзе згадваўся як дзяржаўца ў Кернаве. Яшчэ адзін, князь Багдан Іванавіч Жаслаўскі, у 1507 годзе згадваўся як дзяржаўца менскі.

Князі Пуцяты – праваслаўныя. Князь Дзімітра Пуцята ў 1480-х гадох быў намесьнікам мцэнскім і любуцкім, пасьля намесьнікам бранскім. Ад 1489 і да 1505 году ён займаў пасаду ваяводы кіеўскага. Памёр у 1505 годзе. Магчыма, ягоны сын або брат, князь Іван Пуцяціч, у 1495 годзе згадваўся пры двары князя К.І.Астроскага.

Князі Глінскія – праваслаўныя, паходзілі з татарскага роду. У актах пачатку 1480-х гадоў згадваліся князь Іван Барысавіч Глінскі – намесьнік чарнігаўскі; князь Багдан Фёдаравіч Глінскі – намесьнік пуцілаўскі; князь Юрай Барысавіч Глінскі – намесьнік аўруцкі. Калісьці князь Барыс Глінскі падтрымліваў вялікага князя Сьвідрыгайлу і ў 1437 годзе падпісаў акт прырачэньня апошняга на вернасьць польскаму каралю Ўладзіславу ІІІ. Яшчэ адзін Глінскі – князь Іван Глінскі – быў замешаны ў «змове князёў» 1481 году супраць Казіміра й тады ж уцёк у Маскву. Ён быў намесьнікам смаленскім, зьмяніўшы там нейкага пана Івана Вяжэвіча. Гэты Івашка Вяжэвіч, або Вязевіч, у 1430-х гадох падтрымліваў вялікага князя Сьвідрыгайлу, тады дзесьці ад 1469 году згадваўся на пасадзе намесьніка смаленскага.

Згаданыя тут князі Глінскія гэтыя свае пасады ўтрымлівалі за сабой і ў 1490-х гадох. Праўда, князь Багдан Фёдаравіч Глінскі нейкі час быў зьмешчаны на намесьніцтва чэркаскае, але ад 1495 году ён ізноў быў намесьнікам пуцілаўскім. Князь Юрай Барысавіч Глінскі загінуў дзесьці на пачатку ХVІ стагодзьдзя ў бітве з крымскімі татарамі пад Аўручам. Князь Іван Львовіч Глінскі ў 1495-1505 гадох быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам пераломскім і ожскім, тады ад 1505 году – ваяводам кіеўскім, а ад 1507 году – ваяводам наваградзкім. Здаецца, ён трагічна загінуў у часе ведамага бунту і князя Міхайлы Львовіча Глінскага. Князь Васіль Львовіч Глінскі ад 1499 году згадваўся яшчэ «дваранінам», тады ад 1501 году быў падчашым Вялікага Княства і намесьнікам у Васілішках, а ад 1505 году – таксама дзяржаўцам слонімскім. Ён уцёк у Маскву пасьля няўдалага бунту свайго брата. Яшчэ адзін – князь Міхайла Іванавіч Глінскі – ад 1505 году згадваўся ў актах «дваранінам».

Найвыдатнейшы зь іх быў князь Міхайла Львовіч Глінскі. Праўдападобна, што ён вучыўся ў адным з заходнеэўрапейскіх унівэрсытэтаў ды ў тым жа часе служыў пры дварох заходнеэрапейскіх манархаў. Каля 1499 году ён вярнуўся на бацькаўшчыну й тады ж заняў пасаду намесьніка ўценскага. У 1500 годзе князь Міхайла Львовіч Глінскі быў ужо маршалкам дворным ды намесьнікам уценскім і мярэцкім, ад 1504 году – тым жа маршалкам дворным і намесьнікам уценскім і бельскім. Сваімі здольнасьцямі ён здабыў асаблівую павагу вялікага князя Аляксандра ды тады стаўся фактычна адным зь першых дзяржаўна-палітычных дзеячоў у краіне. Дзяржаўныя акты пачатку ХVІ стагодзьдзя найбольш падпісваліся ім самым ды ягонымі братамі й сваякамі; адным зь першых ягоны подпіс стаяў таксама на ўсіх іншых актах. За самаадданую службу князь Міхайла Львовіч Глінскі тады атрымаў вялікія зямельныя надзелы, у тым ліку Тураў і Мазыр. З гэтае прычыны ён здабыў шмат варагоў з асяродзьдзя іншых магнатаў, і найперш сутыкнуўся з панамі Забярэзінскімі й Ільлінічамі. Паўсталая сьмяротная спрэчка спэцыяльна разглядалася вялікакнязеўскім судом і судом Паноў-Рады, у сувязі з чым пан Ян Юравіч Забярэзінскі страціў пасаду ваяводы троцкага. Варажнеча, аднак, не заціхала і Міхайла Глінскі дамагаўся ўладжаньня яе ў спосаб двубою. З гэтае прычыны вялікі князь Аляксандар прыгразіў, што ў такім выпадку зьляцяць галовы абодвух праціўнікаў. Выдатны разгром князем Міхайлам Глінскім крымскіх татараў пад Клецкам у 1506 годзе яшчэ болей узвысіў ягоны аўтарытэт і зайздрасьць з боку непрыхільнікаў. Тым часам памёр вялікі князь Аляксандар, а стаўленьне да Міхайла Глінскага новага вялікага князя Жыгімонта ІІ Старога значна пахаладнела, да чаго спрычыніліся таксама й ягоныя палітычныя супернікі.

Рэч у тым, што вялікага князя Жыгімонта пры першым ягоным зьяўленьні ў Княстве князь Міхайла Львовіч Глінскі сустрэў, маючы пры сабе «прыватную армію», якая складалася зь 7 тысячаў коньніцы й 3 тысячаў пяхоты. У тым часе Міхайла Глінскі выконваў функцыі вялікага гетмана, а таму гэтакая дэманстрацыя зь ягонага боку была зусім натуральнай. Аднак гэты факт быў выкарыстаны незычліўцамі для абвінавачваньня яго ў тым, быццам ён імкнуўся захапіць вялікакнязеўскі пасад. З гэтае прычыны ў Наваградку была скліканая адмысловая нарада з удзелам самога Жыгімонта і прадстаўнікоў Польшчы, якая таксама спрэчку «князёў Глінскіх – паноў Забярэзінскіх» пакінула неразьвязанай. Тады ж Міхайла Глінскі й прыгразіў, што яму застаецца ўладзіць гэтую спрэчку прыватным спосабам.

Так узьнікае ведамы «бунт князёў Глінскіх» 1508 году, які ў савецкай гістарыяграфіі трактуецца «вялікім паўстаньнем беларускіх феадалаў супраць прыгнёту літоўскіх феадалаў». Першай ахвярай гэтага бунту быў пан Ян Юравіч Забярэзінскі, замардаваны на пачатку лютага 1508 году каля Горадні. Зразумела, рыхтуючыся да бунту, Міхайла Глінскі тады ж навязаў кантакты з Маскоўшчынай. Аднак, перш, чымся канчаткова пайсьці на гэтакі крок, ён яшчэ й яшчэ зьвяртаўся ня толькі да вялікага князя Жыгімонта, але й да ягонага брата Ўладзіслава – караля Чэхіі й Вугоршчыны, змушаючы іх аб'ектыўна палагодзіць узьніклую спрэчку. Нарэшце, не атрымаўшы ад іх якога-колечы адказу, 15 сакавіка 1508 году князь Міхайла Львовіч Глінскі паддаўся маскоўскаму гаспадару і ўзьняў запраўдны бунт. Гэты бунт хутка быў задушаны, а князь зь некаторымі сваімі сваякамі ўцёк у Маскоўшчыну.

Апынуўшыся ў Маскоўшчыне, у 1514 годзе Міхайла Глінскі дапамог ёй здабыць Смаленск. Аднак тады ж ён зьвязаўся з Жыгімонтам ІІ Старым, забавязаўшыся вярнуць Смаленск Вялікаму Княству Літоўскаму, праўдападобна, за цану пераняцьця пасады ваяводы смаленскага. Дзякуючы перахопу ганцоў, змова гэтая была выкрытая, і Міхайла Глінскі быў схоплены па дарозе да злучэньня з арміяй Вялікага Княства, якую вёў на Смаленск князь Канстантын Астроскі. Міхайла Львовіч Глінскі пасьля гэтага 13 гадоў прасядзеў у падзямельлі ў Маскве.

Над гэтым эпізодам мы затрымаліся з тае прычыны, што ён, як і змова князёў 1481 году, у савецкай гістарыяграфіі раздзімаецца як прыклад «пакутніцтва за рускую справу», як імкненьне «нацыянальных герояў» тыпу князя Глінскага «аб'яднаць прыгнечаную Беларусь з сваёй роднай сястрой – Маскоўшчынай».

Што ж можна дадаць да гэтага? А тое, што сам князь Міхайла Львовіч Глінскі ў тым часе быў каталіком. Якая «антыпатрыятычная ерась»! Ён прыняў праваслаўе ў часе згаданае маскоўскае няволі, што, магчыма, і ўратавала яму жыцьцё.

Можна яшчэ зрамантызаваць гэты эпізод. Перад сваёй сьмерцяй вялікі маскоўскі князь Васіль ІІІ, які перад гэтым ажаніўся з князёўнай Аленай Глінскай (дачкой князя Васіля Львовіча Глінскага), рэгентамі будучага Івана Жахлівага прызначыў князёў Міхайлу Львовіча Глінскага й Дзімітра Фёдаравіча Бельскага, таксама ўцякача зь Вялікага Княства Літоўскага і праўнука Альгерда. Аднак гэтае «палітычнае багацьце» так і засталося нявыкарыстанае, бо ўжо ў 1534 годзе Міхайла Глінскі зноў быў кінуты ў падзямельле, а ў 1538 годзе тут была зьнішчаная й сама вялікая княгіня Алена Глінская. За гэтак званую «выбраную маскоўскую свабоду» ў 1547 годзе заплацілі сваім жыцьцём і іншыя Глінскія, што апынуліся ў Маскоўшчыне або тут нарадзіліся. Тады яшчэ ацалелі сам Міхайла Львовіч Глінскі ды маці Алены – Ганна Глінская, але яны ніякае ролі не адыгрывалі.

Да гэтых паноў і князёў, што варочалі дзяржаўна-палітычнымі справамі Вялікага Княства Літоўскага, можна далучыць яшчэ іншых, як, прыкладам, пана Алізара Шыловіча, які ад 1450 да 1486 году быў старастам луцкім і маршалкам Валынскае зямлі, або ягонага сына – Сеньку Алізаравіча, што ад 1488 году быў маршалкам Вялікага Княстваи і намесьнікам берасьцейскім. У ХVІ стагодзьдзі, як ведама, узвышаюцца таксама паны Цішкевічы, Гарнастаі, Гарабурды дый іншыя. Прыкладам, да 1569 году пан Васіль Цішкевіч быў ваяводам падляскім і старастам менскім, ў 1569-1571 гадох – намінальным ваяводам смаленскім. Ягоны сын, Юрай Васілевіч Цішкевіч, у 1566-1576 гадох займаў пасаду ваяводы берасьцейскага. З свайго боку, пан Гаўрыла Іванавіч Гарнастай быў ваяводам менскім (1566-1576) і берасьцейскім (1576-1588).

Усе тут згаданыя паны й князі адначасна ўваходзілі ў склад Паноў-Рады Вялікага Княства Літоўскага. Да яе належалі таксама буйныя ўдзельныя князі, як, прыкладам, князі Слуцкія, Мажайскія (апошнія былі ўцякачамі з Маскоўшчыны) ды іншыя. Абэцэдарскі мае рацыю, калі гаворыць, што да яе не належалі прадстаўнікі вышэйшага праваслаўнага духавенства. Што ж да іншых сяброў Паноў-Рады, дык між іх ніякае розьніцы не рабілася. Тым часам гэтая Рада абмяжоўвала ўладу вялікага князя й неўзабаве фактычна сталася найвышэйшым органам улады. Да таго ж яшчэ дайшла іншая інстытуцыя – сойм, які наагул не прызнаваў якое-колечы дыскрымінацыі ды выпрацоўваў адпаведныя інструкцыі як для Паноў-Рады, гэтак і для вялікага князя.

Адным словам, прафэсар Абэцэдарскі проста фальшуе гісторыю, калі катэгарычна цьвердзіць, што «беларускія феадалы», асабліва праваслаўныя, зусім былі адсунутыя ад дзяржаўна-палітычнага жыцьця ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ды, дарэчы, што ўяўлялі cабой «літоўскія феадалы»? Калі нават дапусьціць, што іхныя продкі былі балцкага паходжаньня, дык у ХV-ХVІ стагодзьдзях яны выступалі ўжо як носьбіты і прадстаўнікі тае ж беларускае мовы й культуры.


Пра назоў «Беларусь»

У гэтым разьдзеле свае брашуры прафэсар закранае і праблему паходжаньня назоваў «беларускі» й «Беларусь». Пытаньне гэтае ён таксама разьвязвае даволі проста й тапорна. Калі, прыкладам, у ХІV стагодзьдзі адзін-адзінюсенькі раз найменьне «Белая Русь» было ўжытае й да Полацку, дык у сьцьверджаньні Абэцэдарскага тады ж паўстала й сама Беларусь. Ён без ценю сумневу цьвердзіць, што, дастасаваны да сяньняшняе Беларусі, гэты назоў быў шырока ўжываны ў ХІV стагодзьдзі, а ўжо ад ХVІ і асабліва ад ХVІІ стагодзьдзя «самі беларусы не блыталі, а дакладна адмяжоўвалі сваю дзяржаўную прыналежнасць ад этнічнай прыналежнасці». Яны проста называлі сябе беларусамі, хоць гэты назоў прыкладаўся й да іншых, небеларускіх тэрыторыяў (б.22-23, 36-37).

Язэп Юхо, спасылаючыся на расейскіх гісторыкаў, асабліва В.Н.Тацішчава, у сваім артыкуле «Пра назву "Беларусь"» зьвярнуў увагу на тое, што яшчэ ў ХІІ-ХІІІ стагодзьдзях гэтае найменьне было добра ведамае ў Растове-Суздальскай зямлі, у выніку чаго князь Андрэй Багалюбскі выступаў як «князь Белай Русі»[83]. Бясспрэчна, у гэтым выпадку і Язэпа Юхо можна залічыць да «фантазёраў», але ён грунтуецца на ведамках, пачэрпнутых у расейскіх гісторыкаў. Назоў «Белая Русь» даволі часта выступае ў заходнеэўрапейскіх крыніцах ХІV стагодзьдзя, а гэта ў вершаваных творах Фрыдрыха Кройцпэха, Ганса Траўнэра й Пётры Зухэнвірта, прысьвечаных паходам крыжакоў-мечаносцаў. «Белая Русь» гэтых крыніцаў – найперш Пскоўшчына і Ноўгарадчына. Гэтая тэрыторыя – дзесьці на поўнач ад Полаччыны – азначалася як «Белая Русь» і на картах першай паловы ХVІ стагодзьдзя Робэрта Торна (1527), Гергарда Мэркатара (1538) і Якуба Гастольда (1548). У польскай «Ананімнай кроніцы» канца ХІV стагодзьдзя, аўтарства якой прыпісваецца Янку з Чарнкова й на якую спасылаецца Абэцэдарскі, пад 1382 годам Полацак названы горадам «Белай Русі». Баварскі краністы Ўльрых Рыхенталь, які асабіста быў на Канстанцкім саборы, сваім парадкам пісаў, што сярод паслоў на гэты сабор вялікага князя Вітаўта знаходзіліся «князі зь Белай Русі». Але ў склад гэтага пасольства Вітаўта ўваходзілі таксама прадстаўнікі ад Пскова, Ноўгарада й Цьверскага княства, а таму цяжка сказаць, скуль паходзілі гэтыя «князі зь Белай Русі». Тая вестка польскае «Ананімнае кронікі» таксама магла паўстаць і ў ХVІ стагодзьдзі, калі гэтая кроніка была перапісаная.

Рэч у тым, што, прыкладам, на картах ХV стагодзьдзя Фра-Маўро (1459), Кардынала з Кузы (1460) ды іншых аўтараў пад назовам «Белай Русі» выступала Маскоўшчына. Якіх-колечы памылак тут не магло быць, бо й манах Сымон Суздальскі, які асабіста быў на Флярэнтыйскім саборы ў 1439 годзе ды апісаў гэты сабор, у гэтым сваім нарысе Маскоўшчыну называе «Белай Русяй». Дарэчы, маскоўскі вялікі князь Іван ІІІ у сваёй грамаце 1469 году да папы Паўла ІІ тую ж Маскоўшчыну называе «Белай Русяй» («Московія сівэ Альба Руссія»), а ў пасольстве 1472 году да таго ж Рыму ён таксама выступае як «князь Белай Русі» («послы государя Белой Руси»). «Белай Русяй» Маскоўшчына была названая і ў лісьце да папы Клемэнта VІІ маскоўскага вялікага князя Васіля ІІІ (1505-1533).

Дарэчы, вэнэцыянскі дыплямат Амброджо Кантарыні, які ў канцы 1476 – на пачатку 1477 г. наведаў Маскву, у сваіх успамінах таксама называе Івана ІІІ «князем Вялікай Белай Русі» («signor della Gran Rossia Bianca»)[83а].

Праўда, як вынікае з «Звычаяў усіх народаў» Яна Багемскага выданьня 1538 году, разам з Маскоўшчынай «Белай Русяй» тады яшчэ называліся Пскоўшчына й Ноўгарадчына. Згэтуль, магчыма, і адпаведнае азначэньне на картах Робэрта Торна й Гергарда Мэркатара. Але, прыкладам, польскі біскуп Ян Ласкі ў сваёй справаздачы на Лятэранскім саборы 1514 году «белых рутэнаў» атаесамляў з «маскавітамі». Пасланьнік Вэнэцыі Марко Фаскарыно ў 1557 годзе таксама згадваў пра «Верхнюю Белую Русь», што «належыць Маскоўшчыне». Яшчэ адзін вэнэцыянскі пасланьнік у Маскву Франко Т'еполё ў 1560 годзе ў такой жа справаздачы пісаў, што «Белая Русь» становіць валоданьні маскоўскіх князёў і «цяпер завецца Масковіяй» ды мяжуецца з «Чырвонай Русяй» па рацэ Дняпры. Нарэшце, і Мацей Стрыйкоўскі ў сваёй кроніцы выразна атаесамляе «Белую Русь» з Маскоўшчынай, але згадвае таксама й пра «літоўскіх беларусаў», не ўдакладняючы, аднак, іхнага месца знаходжаньня. Аляксандар Гваніні ў сваёй «Кроніцы Эўрапейскай Сарматыі», згадваючы пра Белую, Чорную й Чырвоную Русь, пісаў, што «Белая Русь знаходзіцца каля Кіева, Мазыра, Амсьціслава, Віцебску, Воршы, Полацку, Смаленску ды ў Северскай зямлі, якія здаўна належалі Вялікаму Княству Літоўскаму». «Чорную Русь» ён зьмяшчаў у «Маскоўскай зямлі каля Белага возера». Кроніка Стрыйкоўскага выйшла ў 1582 годзе, а кроніка Гваніні – у 1578 годзе.

З гэтых ведамак вынікае, што пачынаючы ад другой паловы ХVІ стагодзьдзя найменьне «Белая Русь» з Маскоўшчыны перавандроўвае далей на захад – на сучасныя ўсходнія беларускія й украінскія землі. Гэтае ягонае перамяшчэньне было зьвязанае з новым наступам Маскоўшчыны супраць Вялікага Княства Літоўскага, які тады выліўся ў ведамую Інфлянцкую (Лівонскую) вайну. Запраўды, у працы польскага гісторыка Кромэра «Пра паходжаньне й гісторыю палякаў», што выйшла ў 1568 годзе, пад «Белай Русяй» ужо разумеюцца сучасныя паўночна-ўсходнія беларускія землі, якія былі тады захопленыя Маскоўшчынай або на якія яна мела прэтэнзіі. У данясеньні ў Рым папскага нунцыя ў Польшчы, якое датуецца 26 траўнем 1569 году і ў якім паведамлялася пра падзеі на Люблінскім сойме, Кіеў называўся «сталіцай Белай Русі»[84]. Такім парадкам, ужо тады назовам «Белая Русь» пачалі пакрывацца і ўсходнія землі Ўкраіны, тым больш Кіеўшчына зь Кіевам, якія так імкнулася захапіць Маскоўшчына. «Белая Русь», прытарнаваная да Ўкраіны, асабліва ўвыпукляецца ў сярэдзіне ХVІІ стагодзьдзя – у эпоху гэтак званае «освободительной борьбы украинского и белорусского народов за воссоединение с Россией». У сувязі з гэтым тады ж гетман Багдан Хмяльніцкі выступаў і як «гетман Белай Русі». Паводле азначэньня ягонага пісара Івана Выгоўскага, якое дайшло да нас у пераказе маскоўскіх паслоў, гэтая «Белая Русь» тады прасьцягалася «от Смоленска к Киеву, и к Чернигову, и к Белой Церкве, и к Старому Констентинову», улучаючы гэтак у сябе Цэнтральную Ўкраіну ды ўразаючыся нават у Падольле[85].

Назоў «Белая Русь» зусім не сустракаецца ні ў дзяржаўных актах Вялікага Княства, ні ў гэтак званых «літоўскіх летапісах», улучна з Быхаўцавай і Баркулабаўскай кронікамі. Няма яго і ў ведамых мэмуарах А.С.Радзівіла, пісаных у 1632-1656 гадох[86]. Дарэчы, знаны прыхільнік маскоўскіх цароў манах зь Берасьцейшчыны Апанас Філіповіч, які шмат вандраваў па Вялікім Княстве Літоўскім і пабываў у Маскоўшчыне, у сваім «Дыярыюшы», пісаным у 1640-х гадох, пад «Белай Русяй» яшчэ разумеў Маскоўшчыну. Усё гэта сьведчыць пра тое, што тэрмін «Беларусь» у ХVІ і ў першай палове ХVІІ стагодзьдзя зусім ня быў пашыраны ў нашым народзе.

Праўда, у 1632 годзе зьяўляецца «беларускі біскуп» у асобе Язэпа Бабрыковіча, які ўзначаліў новазаснаваную праваслаўную амсьціслаўскую епархію, але пра гэта будзе гутарка далей. Назоў «Белая Русь» ненадоўга трапляе таксама ў акты Рэчы Паспалітай пад час вайны з Мскоўшчынай 1654-1667 гадоў. Але ў гэтым выпадку ён быў накінуты маскоўскай дыпляматыяй. Захапіўшы з дапамогай украінскіх казакоў блізу ўсе землі Вялікага Княства, у верасьні 1655 году маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч абвяшчае сябе ў Вільні «самодержцем всея Великія, Малыя и Белыя Россіи и Литвы», залічаючы да гэтае «Белыя Россіи» Полаччыну, Віцебшчыну, Смаленшчыну, Магілеўшчыну, Гомельшчыну, а да «Литвы» – землі з гарадамі Вільня, Трокі, Коўна, Горадня, Берасьце, Пінск, Менск, Тураў ды іншымі. У гэтых абставінах і дыпляматыя Рэчы Паспалітай змушаная была прыняць гэтую тэрміналёгію, тым больш, што адначасна йшла вайна з Швэдыяй. У пачатых перамовах Маскоўшчына тады дамагалася ня толькі далучэньня ўсяе гэтае «Белае Русі», але й акупацыі на 20 гадоў вылучанае з Вялікага Княства Літоўскага «Літвы». У верасьні-кастрычніку 1656 году з боку Рэчы Паспалітай быў прапанаваны плян пакліканьня сына маскоўскага цара на пасад караля й вялікага князя з умовай, калі да Рэчы Паспалітай адыйдзе ня толькі гэтая «Літва», але й «Белая Русь», што адмяжоўвалася ракой Бярэзінай. З гэтае прычыны, прыкладам, «Белая Русь» фігуравала ў складзе Вялікага Княства і ў пастановах Варшаўскага сойму 1662 году, што датычыліся шкодаў, прычыненых пастоямі й пераходамі войска. Гэтае найменьне, аднак, зьнікае з выгнаньнем маскоўскае арміі з нашае краіны. Яна не захавалася і ў актах Андрусаўскага міру між Маскоўшчынай і Рэчай Паспалітай 1667 году.

З дадзенага агляду няцяжка зрабіць выснову, што назоў «Белая Русь» пашыраўся з Маскоўшчыны. Невыпадкова ў актах маскоўскага паходжаньня сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя, апублікаваных самым Л.С.Абэцэдарскім і М.Я.Волкавым у зборніку «Русско-белорусские связи. Сборник документов 1570-1667 гг.» (Менск, 1963), чытаем наступнае: «литвин... белорусец», «выходец литвин... белорусец», «родом литвин... белорусец», «литвин белоруские веры» і да т.п. Паводле Абэцэдарскага, гэтакія найменьні быццам сьведчаць пра тое, што наш народ называў сябе беларусамі, а дадатковым назовам «ліцьвін» азначаў сваю дзяржаўную прыналежнасьць. Але ж, як мы маглі бачыць вышэй, гэтым «беларусцам» свабодна мог быць жыхар Кіеўшчыны, Белацаркоўшчыны й нават Падольля. Да таго ж гэтае найменьне чамусьці не распаўсюджавалася на ўвесь наш народ, а прытарноўвалася толькі да тых земляў, дзе мацней трымалася праваслаўе.

Як крыху раней берасьцейскі манах Апанас Філіповіч, у 1651 годзе наведаў Маскву ігумен Дзісенскага манастыра Анфінаген Крыжаноўскі. Сам ён паходзіў з Кіева, скуль выехаў у Маскоўшчыну, тады пабыў у Палестыне й Грэцыі ды нейкім чынам стаўся ігуменам манастыра ў Дзісьне. Зноў ён паехаў у Маскоўшчыну, каб падагнаць яе да вайны з Рэчай Паспалітай. Вось выпіскі з пратаколу гутаркі зь ім у Пасольскім прыказе:

«А нынешние де зимы... он, игумен Анфиноген, был в Полотцку у воеводы и у гетмана <Вялікага Княства> у Януша Кишки с полотцким же игуменом с князем Гедройцем. И спрашивали его со многим прошеньем, чтоб им сказал, что над ними, белорусьцы, от ляхов будет... И гетман де им сказал, король де и вся Речь Посполитая приговорили так: сколь скоро они снесут Хмельницкого, и тогда всех белорусьцов до одного человека и с сущими младенцы высечь и церкви божии и монастыри все выжечь, только оставить однех римлян... А послы де нынешние королевские... (з гэтымі пасламі Крыжаноўскі дабраўся да Масквы – П.У.) посланы ко государю от короля о том, чтоб государь на вечном миру крест целовал и Хмельницкого и иных белорусьцов никого не принимал, чтоб им всех белорусьцов снесть и християнская вера искоренить... А его де, игумена Анфиногена, послали ко государю ис Полоцка все белорусьцы, остерегая его, государя, потому что король над християнскою верою умышляет тайно... и велили ему бити челом государю, чтоб он, великий християнский государь, их, белорусьцов, (велел) принять в свою государскую оборону, а ляхом их не выдал...» і г.д.[87]


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю