355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Паўла Урбан » У сьвятле гістарычных фактаў » Текст книги (страница 1)
У сьвятле гістарычных фактаў
  • Текст добавлен: 15 апреля 2017, 03:00

Текст книги "У сьвятле гістарычных фактаў"


Автор книги: Паўла Урбан


Соавторы: Паўла Урбан

Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 13 страниц)

Annotation

Згаданая брашура прафэсара Абэцэдарскага як быццам ськіраваная супраць «вымыслаў беларускіх буржуазных нацыяналістых» у абліччы сучасных «наймітаў амэрыканскіх і заходнягерманскіх імпэрыялістых». Між іншым, у якасьці «цяжкога аргумэнту» гэтая дый яшчэ больш красачная тэрміналёгія ўсюды аздабляе й даіпаўняе зьмест брашуры Абэцэдарекага. Яна – звычайны набытак гэтак зваінага «савецкага гуманізму», што пачатак свой бярэ ў... сівой даўнасьці. Калісьці падобная тэрміналёгія прыаэдабляла ведамыя «опусы» й «пасланьні» Івана Грознага, ласьля асабліва маланкай біла, напрыклад, польскую іпалітычную эміградыю XIX стагодзьдзя дый уцекачоў з самое "матушки России» – прыкладам, Герцана, Агарова, Бакуніна, Пляханава. Найбольш яна расквітнела ў вельмі цьвяцістай мове «великого» Леніна, «бацькі народаў» Сталіна ды ўсьцяж красуе ў дачьшеньні да сучасных «антисоветско-антиленинских» плыняў: «маоізму», «тытаізму», чэхаславацкіх «зраднікаў» і г. д. Таму падобнай тэрміналёгіяй ня трэба праймацца.

Паўла Урбан

ЗАМІЖ УСТУПУ

«ХТО ПА СВАЙМУ ПАХОДЖАНЬНЮ БЕЛАРУСЫ?»

«ЦІ ЙСНАВАЛА Ў МІНУЛЫМ БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА?»

«НАРОДАПРАЎСТВА» І «ЗАЛАТЫ ВЕК»

БЕЗ РАСЕІ БЕЛАРУСЬ БЫЛА Б СІРАТОЙ

КОЛЬКІ СЛОВАЎ НА ЗАКАНЧЭНЬНЕ

КРЫНІЦЫ І ЛІТАРАТУРА

Паўла Урбан

У сьвятле гістарычных фактаў

(У сувязі з брашурай Л.С.Абэцэдарскага)

Крыніца: Паўла Урбан. У сьвятле гістарычных фактаў. Мюнхэн, Нью-Ёрк. БІНІМ, 1972.

ЗАМІЖ УСТУПУ

Ён сьніць былую моц і шыр:

Цары, царыцы, цэрквы, трон,

Пагромы, катаргі, Сібір...

О, Русь! Прымі раба паклон!


Янка Купала

Словы гэтыя зь вершу «Акоў паломаных жандар» (1926) Янкі Купалы як найлепш могуць пасаваць да Л.С.Абэцэдарскага[1], аўтара брашуры «У святле неабвержных фактаў». Гэтая брашура, як ведама, выйшла ў 1969 годзе[2] ды тады ж атрымала «блаславеньне» кампартыі[3]. «Рука руку мые», – кажа народная прымаўка...

Згаданае выданьне як быццам скіраваная супраць «вымыслаў беларускіх буржуазных нацыяналістаў» у абліччы сучасных «наймітаў амерыканскіх і заходнегерманскіх імперыялістаў». Між іншага, у якасьці «важкага аргумэнту» гэтая дый яшчэ больш маляўнічая тэрміналёгія ўсюды аздабляе й дапаўняе зьмест працы Абэцэдарскага. Яна – звычайны набытак гэтак званага «савецкага гуманізму», што пачатак свой бярэ ў... сівой даўнасьці. Калісьці падобная тэрміналёгія прыаздабляла ведамыя «опусы» й «пасланьні» Івана Жахлівага, пасьля асабліва маланкай біла, напрыклад, польскую палітычную эміграцыю ХІХ стагодзьдзя дый уцекачоў з самое «матушки России» – прыкладам, Герцана, Агарова, Бакуніна, Пляханава. Найбольш яна расквітнела ў вельмі цьвяцістай мове «великого» Леніна, «бацькі народаў» Сталіна ды ўсьцяж красуе ў дачыненьні да сучасных «антисоветско-антиленинских» плыняў: «маоізму», «тытаізму», чэхаславацкіх «здраднікаў» і г.д. Таму падобнай тэрміналёгіяй ня трэба праймацца.

Брашура прафэсара Абэцэдарскага мае сваё адмысловае заданьне. Яна ськіраваная ня гэтулькі супраць «здраднікаў» і «агентуры» за межамі, колькі супраць тых беларускіх «буржуазных нацыяналістаў», што, як гэта гаворыцца, «звілі гняздо» ў самой БССР. Ды наагул яна скіраваная супраць усякіх выяваў беларускага самастойнага жыцьця.

Тут выпадае прыгадаць даволі гучны пленум ЦК КПСС, што, як прадмова да інтэрвэнцыі ў Чэхаславаччыне, адбыўся ў красавіку 1968 году, а таксама пленум ЦК КПБ, які пасьпешліва быў скліканы ў чэрвені таго ж 1968 году. Выходзячы з дырэктываў Масквы, якраз на гэтым пленуме былы дырэктар Інстытуту гісторыі Акадэміі навукаў БССР Н.В.Каменская ад імя «ўсяго калектыву» гэтае акадэміі проста апавесьціла, што згаданы тут інстытут бярэцца за «непримиримую борьбу против фальсификаторов истории белорусского народа», «за борьбу против их домыслов о происхождении белорусского народа, истории его культуры, о формировании белорусской нации»[4]. Зазначым, што ўсе гэтыя праблемы нашае гісторыі ў 1960-х гадох актыўна парушаліся беларускімі навукоўцамі ў самой БССР.

І вось, як вынік гэтай «непримиримой борьбы» й зьявілася брашура прафэсара Абэцэдарскага. Ды гэтая брашура выйшла небывалым для БССР накладам – 30.000 паасобнікаў! Рэдкія кнігі, што выходзяць у БССР на беларускую гістарычную тэматыку, звычайна не перасягаюць 3.000 паасобнікаў, а найчасьцей абмяжоўваюцца 1.000-ным накладам. Вось жа, у простай мове значыць, што брашура Абэцэдарскага – гэта звычайны «партыйны заказ», пры гэтым ня толькі злосна антыбеларускі, але й вымоўна шавіністычна-расейскага характару.

За прыкладам старое расейскае гістарыяграфіі афіцыйная савецкая гістарычная навука ніяк ня можа пагадзіцца з думкай пра апрычонае разьвіцьцё беларускага народу, пра ягонае самастойнае дзяржаўнае існаваньне ў мінулым. Бо калі б згадзіцца з гэткай думкай, дык трэба было б выкінуць на сьметнік усе гэтак званыя «гістарычныя правы» Расеі на Беларусь, адмовіцца ад канцэпцыяў «единства исторических судеб» беларускага, расейскага й украінскага народаў, што выступаюць у савецкай гістарыяграфіі ў нейкай дзіўнай «тройцы» таго ж «общерусского» характару. Трэба было б адмовіцца таксама ад тэзы пра крывавыя «справедливые войны», якія быццам мусіла праводзіць тая ж Расея з мэтай «собирания русских земель» ды іхнага «воссоединения в едином русском государстве». Дый прызнаньне самастойнасьці ў гістарычным разьвіцьці Беларусі памагло б росту нацыянальнай сьведамасьці й супраціву ў самой БССР. З тае ж прычыны савецкая гістарыяграфія не прызнае Кіеўскую Русь за дзяржаву ўкраінскага народу, дзіўным тропам зьвязваючы яе з Маскоўшчынай. Дарэчы, ад нейкага часу гэтая гістарыяграфія тэрміны «Россия», «Российское» пачала прытарноўваць ня толькі да Маскоўшчыны, але й да тае ж Кіеўскай Русі, спускаючы, як гэта гаворыцца, прыкметы пазьнейшае Расейскае імпэрыі ў сівую даўніну.

І тут стае ў прыгодзе вельмі прымітыўная канцэпцыя гісторыі Беларусі. Зь яе вынікае, што ў мінулым беларускі народ ня меў ні свае дзяржавы, ні свае гісторыі, ды ён ніколі й не імкнуўся да самастойнага дзяржаўнага жыцьця. У эпоху Кіеўскай Русі ён тварыў адзінае цэлае супольна з «древнерусским» народам і «древнерусской» дзяржавай. У эпоху Вялікага Княства Літоўскага над ім панавалі «литовские феодалы» (трэба разумець – сучасныя летувісы), і беларускі народ «томился в условиях национального порабощения». Змаганьне беларускага народу з «угнетением литовских феодалов» і адпаведная «помощь» з боку Расеі прывялі нарэшце да ягонага «национального освобождения» і «воссоединения в едином русском государстве» – у складзе Расеі. «Упершыню» сваю дзяржаўнасьць беларускі народ набыў у выніку гэтак званай Кастрычніцкай рэвалюцыі, дый у гэтым выпадку ён атрымаў яе з рук Леніна (некалі гаварылася пра «рукі» Сталіна).

Кепска было тым, хто наважваўся абыйсьці лягічную «стройнасць» гэтае канцэпцыі. Прыкладам, савецкі гісторык І.Б.Грэкаў у адной з сваіх працаў[5] неяк пазытыўна адгукнуўся пра Вялікае Княства Літоўскае, назваўшы яго дзяржавай, што выступіла ў якасьці задзіночнага цэнтру на ўсходзе Эўропы ды з гэтае прычыны сутыкнулася з Маскоўшчынай. Грэкаў быў далёкі ад таго, каб уважаць Вялікае Княства Літоўскае за чыста беларускую дзяржаву. Дарэчы, ён паслугоўваецца толькі тэрміналёгіяй «русские» ці «западнорусские земли» і «западнорусские княжества». Разам з гэтым, аднак, называе Вялікае Княства «Литовско-Русским государством» і падкрэсьлівае, што гэтае княства «было построено на русской (исторически и этнографически русской) территории» й склалася ня гэтак у выніку «прямой вооруженной экспансии литовских феодалов», як з прычыны «наличия в самих западнорусских землях определенных тенденций к объединению». Паводле меркавання Грэкава, таксама «международное и внутриполитическое положение западнорусских и литовских земель часто ставило перед ними общие задачи» й вымагала іхнага «сближения». У далейшым Вялікае Княства Літоўскае сталася рэальным цэнтрам «собирания русских земель».

Як жа адгукнулася на гэта савецкая крытыка? У адмыслова прысьвечаным гэтаму пытаньню артыкуле І.Б.Грэкаву найперш нагадалі, што ён «скатывается на позиции белорусских буржуазных националистов». Далей сьцьвярджалася:

«Наличие в составе Великого княжества Литовского русских земель и завоевательная политика литовских феодалов на востоке не дают основания ставить знак равенства между княжествами Московским и Литовским, определять их как два равнозначных центра объединения русских земель и соответственно ставить вопрос о «двух путях сложения русской феодальной государственности» в Восточной Европе в ХІV-ХV вв., как это получается у И.Б.Грекова...

В одном случае мы имеем дело с действительным центром объединения русских земель и тесно связанным с этим процессом образования Российского централизованного государства. В другом – также с центром, но с центром экспансии, завоевания и порабощения русских, украинских и белорусских земель»[6].

Адначасна савецкая крытыка не забылася адзначыць, што «вонкавая палітыка Маскоўскай дзяржавы ў канцы ХVІ – пачатку ХVІІ ст. (і тым больш у ХІV-ХVІ стагодзьдзях) не была агрэсіяй, а была змаганьнем за зварот земляў, што былі страчаныя ў эпоху паслабленьня Русі пад мангольскім гнётам».

Калі маладыя гісторыкі ў БССР пачалі паказваць на супярэчнасьць гэтае афіцыйнае канцэпцыі гісторыі Беларусі гістарычным фактам, дык і тут з даручэньня кампартыі ўзялі голас «аспіранты» БДУ В.Люкевіч і Я.Трашчонак. Пераказаўшы трафарэтным спосабам гэтую канцэпцыю, яны адначасна згусьцілі свой аўтэрытэтны голас:

«Измышления о том, что Великое княжество Литовское было белорусским государством, что в этом государстве народ благоденствовал, что уния была специфически белорусской религией, не оригинальны и не новы. Полная научная несостоятельность и сомнительный политический смысл их давно разоблачены советскими историками. Поэтому появление на страницах «Полымя» этих ложных утверждений не может не вызвать удивления»[7].

Як ведама, годны адказ Люкевічу й Трашчонку, а таксама тым, хто стаяў за іхнай сьпіной, даў Мікола Аляксютовіч (памёр без пары ў красавіку 1967 г.). У сваім артыкуле «А дзе ж ісьціна аб'ектыўная?» ён найперш назваў гэтую маскоўска-партыйную канцэпцыю гісторыі Беларусі сьведамым палітычным махлярствам і простым абкраданьнем гісторыі беларускага народу. Адначасова, спасылаючыся на гістарычныя факты, ён высьмеяў бубненьне пра тое, быццам бы БССР – першая ў гісторыі беларуская дзяржава. Беларуская дзяржава, як пісаў Аляксютовіч, вымоўна выступае яшчэ ў гісторыі Полацкага княства, а затым і ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Каб прыйсьці да гэтае высновы, трэба нарэшце разьвітацца з закасьцянелымі канцэпцыямі й догмамі ды заняцца аб'ектыўным вывучэньнем гісторыі Беларусі. Аляксютовіч высьмеяў таксама й практыку «раўнаньня» на расейскіх цароў ды праваслаўе, намаганьне бачыць у Расеі гэтак званую «вызвольніцу» ад «нацыянальнага» й «сацыяльнага» прыгнечаньня[8].

У гэтых сваіх перакананьнях Аляксютовіч ня быў у адзіноце. Яго падтрымалі й іншыя беларускія гісторыкі ў БССР, асабліва наконт нацыянальнага характару Вялікага Княства Літоўскага. Калі ж справа ідзе пра БССР, дык пра гэтую «першую ў гісторыі беларускую дзяржаву» шмат і добра пісаў Вадзім Круталевіч. У ягоных артыкулах і рэцэнзіях вельмі добра паказаныя «цяжкія роды» БССР і вялікадзяржаўны шавінізм бальшавікоў, у тым ліку й Леніна[9]. Сучасную ж «суверэннасць» БССР вельмі добра адчувае сам беларускі народ. Яе добра адчуваў і прафэсар Абэцэдарскі, пішучы сваю брашуру.

«ХТО ПА СВАЙМУ ПАХОДЖАНЬНЮ БЕЛАРУСЫ?»


«Балцкая тэорыя» паходжаньня беларускага народу

Гэтак загалоўлены першы разьдзел брашуры Абэцэдарскага (б.9-16). На пачатку гэтага разьдзелу прафэсар інкрымінуе беларусам за мяжой тое, што яны, «выконваючы загад сваіх сучасных гаспадароў», «назойліва» прытрымліваюцца гэтак званай «балцкай тэорыі» паходжаньня беларускага народу. Яны быццам цьвердзяць, што «беларусы сваім прыходам з Захаду, сваёй культурай, доўгі час балцкай, вельмі розьніліся ад усіх народаў славянскай мовы». Гэтым сама, як часта паўтарае Абэцэдарскі, яны, бач, хочуць «пакінуць Расею па-за Эўропай», вылучыць з гэтае Расеі Беларусь. Хто на ймя прытрымліваецца гэткае канцэпцыі ён не называе.

На самой рэчы, «балцкая тэорыя» пра паходжаньне беларускага народу, якая канстатуе, што ў паўстаньні гэтага народу меў удзел балцкі (неабавязкова г.зв. «літоўскі») субстрат, – гэта ніякі ня «вымысел» нейкіх «беларускіх нацыяналістаў». Тэорыя гэтая йснуе ўжо даўно, яшчэ ад мінулага стагодзьдзя, і яна ўзьнікла найперш у асяродзьдзі расейскіх ды польскіх навукоўцаў. Пры канцы мінулага стагодзьдзя яе выстаўлялі ды абгрунтоўвалі гэткія гісторыкі, як П.Галубоўскі ды А.Качубінскі. Яна грунтуецца галоўна на дадзеных тапанімікі, лінгвістыкі й архэалёгіі. Удзел балцкага субстрату ў этнагенезе беларускага народу прызнавалі й гэткія вучоныя, як Я.Карскі ды Ў.Пічэта, якім Абэцэдарскі хіба ж ня ў стане прыляпіць нейкага «беларускага нацыяналізму». У СССР цяпер гэтая тэорыя распрацоўваецца, прыкладам, расейскім архэолягам В.В.Сядовам[10] ды яна падтрымліваецца й іншымі савецкімі расейскімі й украінскімі гісторыкамі й архэолягамі[11]. Зь нейкіх незразумелых прычынаў тэорыя гэтая не распрацоўваецца ў БССР, ды тут заўважаецца тэндэнцыя аспрэчваць яе вартасьць[12].

Згаданая тут «балцкая тэорыя» паходжаньня беларусаў мае пад сабой пэўны грунт. Няма нічога «прыніжальнага» ў тым, што ў складзе беларускага народу застаўся асыміляваны балцкі субстрат. Гэтак званых «чысьцюсенькіх» у этнічным дачыненьні народаў фактычна ніколі не йснавала. Тым часам, як цьвердзіць, прыкладам, згаданы Сядоў, гэтая «балцкая тэорыя» дапамагае зразумець выразную гістарычную апрычонасьць беларускага народу, якая, як падкрэсьлівае ён, паўстала ня ў выніку развалу Кіеўскае Русі й ня ў сувязі з уваходам сучасных беларускіх земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага, а куды раней. Для ведама прафэсара Абэцэдарскага зацытуем асноўную думку Сядова, што грунтуецца на ягоных шматгадовых дасьледваньнях:

«Таким образом, – падсумоўвае ён, – изучение истории и некоторые языковые данные позволяют говорить о воздействии балтского субстрата на формирование белорусской этно-лингвистической общности...

При изучении процесса формирования белорусского языка и народности нельзя недоучитывать и политико-экономические факторы. Включение западнорусских земель в состав Литовского государства и признание белорусского языка в качестве официального языка в этом государстве несомненно повлияли на эволюцию днепро-двинско-неманского славянства в особую этнографическую единицу. Однако политическое обособление западнорусских земель не было первопричиной образования белорусского языка и народности. В сложении белорусов более существенная роль принадлежит этническому и языковому субстрату»[13].


Літва-ліцьвіны – заходнепрыбалтыцкія славяне

Што ж да гэтак званага «прыходу беларусаў з Захаду», дык пра гэта ў нейкай ступені гаворыцца ў «Повести временных лет» – хоць бы ў апавяданьні пра радзімічаў. Той жа В.В.Сядоў таксама даволі пэўна давёў, што й крывічы прыйшлі з захаду, г.зн. раней уваходзілі ў заходнюю групу славянства[14]. А крывічы, як ведама, былі асноўным кампанэнтам сучаснага беларускага народу. Вынікае, што і ў гэтым выпадку няма падставаў абвінавачваць у чымсьці «беларускіх нацыяналістаў».

Даволі заблытаная гісторыя старажытных ліцьвіноў-літвы. Ведамыя з даўных часоў славянскія асаблівасьці іхнай мовы й культуры змушаюць некаторых беларускіх навукоўцаў зьвярнуцца да заходніх прыбалтыцкіх славянаў, што калісьці выступалі пад назовам люцічы-велеты-вільцы. Гэта тым больш, што шмат раней Пталамей зьмяшчаў іх дзесьці на ўсход ад Віслы, а ў гістарычных крыніцах часоў Міндоўга й Гедзіміна летапісная «Літва» называліся часамі лютвой і ліцьвінамі, г.зн. гэтым сваім назовам збліжаліся з тымі ж люцічамі-вільцамі – лютымі ваўкамі. Як ведама, і тапаніміка Заходняй Беларусі, асабліва Віленшчыны, багатая на найменьні, зьвязаныя з гэтым лютым зьверам вілкам-ваўком (Ваўкавыск, Вількамір, Ваўкавышкі, Валкінікі, Вільканцы, Ваўкалаты, Вількішкі й іншыя), што таксама трэба браць пад увагу. Вось тут і ўзьнікае пытаньне, ці не было нейкай лучнасьці між заходняпрыбалтыцкімі люцічамі-велетамі-вільцамі ды ўсходнімі літвой-лютвой-ліцьвінамі. Першыя маглі пасунуцца на ўсход у выніку франка-саксонскіх войнаў ці пазьнейшага нямецкага наступу супраць прыбалтыцкіх славянаў.

Гэтае дапушчэньне быццам пацьвярджаецца сагай Тыдрэка Бэрнскага, у аснове якой ляжыць саксонская легенда з ІХ-Х стагодзьдзяў. Паводле гэтае сагі, аналёгію чаго можна адшукаць у апавяданьнях пра Рагвалода, князь люцічаў-вільцаў Вількін зьдзейсьніў паход на ўсход, захапіў Полацак і Смаленск, а затым і «сталіцу рускага князя» – Ноўгарад. Пасьля ягонае сьмерці, аднак, верх узяў «рускі князь» (Гэртніт з сынамі Азантрыксам, Вальдэмарам і Ільлёй), падпарадкаваўшы нават «зямлю вільцінаў»[15].

Як ведама, старажытныя ліцьвіны сваё паходжаньне выводзілі ад рымлянаў – сучасьнікаў Юлія Цэзара і Пампэя (у іншых варыянтах – сучасьнікаў Нэрона). Падобная легенда бытавала й у люцічаў-вільцаў, згодна зь якой галоўны іхны горад, калісьці слаўны Волін, таксама быў заснаваны Юліем Цэзарам[16].

Праўдападобна, прафэсар Абэцэдарскі за гэтыя нясьмелыя спробы «беларускіх нацыяналістаў» спалучыць люцічаў-велетаў-вільцаў зь літвой-лютвой-ліцьвінамі інкрымінуе ім згаданую вышэй «ересь». Аднак жа, як і кожная праўда, праўда гістарычная нараджаецца ў пошуках і дыскусіях, і гэтыя пошукі й дыскусіі ня могуць быць загадзя ахарактарызаваныя як нейкая «буржуазна-нацыяналістычная назойлівасць». Як ведама, калісьці было спыненае вывучэньне дзейнасьці Ф.Скарыны й К.Каліноўскага й спыненае толькі з тае прычыны, што іхную дзейнасьць нехта назваў «папоўшчынай» і «мяшчанствам». У сувязі з гэтым тут згадаем і пра наступнае.

Ведамы савецкі гісторык Б.А.Рыбакоў, прыкладам, займаецца ўсемагчымымі экспэрымэнтамі ў пошуках гэтак званага славянскага народу ці племя «Русь-Рось». Існасьць ягоных пошукаў і экспэрымэнтаў у тым, што гэты народ ён выводзіць ад містычных росаў Псэўда-Захарыя і «росаманаў» Ёрдана, шукае сьледу гэтага народу ў тапанімічных назовах «Рось» ды катэгарычна цьвердзіць, што «народ Русь» і ягоная «Руская дзяржава» йснавалі ў Сярэднім Прыдняпроўі ўжо ў VІ стагодзьдзі ды нават і раней. Гэтыя экспэрымэнты Рыбакова знаходзяць доступ нават у шматтамовыя акадэмічныя выданьні[17], а сам ён славіцца ў савецкай гістарыяграфіі як «выдающийся историк-патриот».

Іншы савецкі гісторык, кандыдат гістарычных навукаў А.Г.Кузьмін, у гэтым дачыненьні выходзіць з супрацьлеглага боку. Народ Русь ён шукае сярод заходняпрыбалтыцкіх славянаў і адсюль перасяляе яго ў Ноўгарад, а затым і ў Кіеў[18]. Наадварот, ведамы гісторык і архэоляг П.Н.Трацьцякоў, які доўгі час трымаўся канцэпцыі Рыбакова, у апошняй з сваіх працаў прыйшоў да наступнае высновы:

«Общий итог наших попыток ответить на вопрос, кем были древние русы, давшие свое имя древнейшему государственному образованию днепровских славян, является далеко не утешительным. Группа археологических памятников, быть может, принадлежавшая этому «племени», как видим, пока что не поддается сколько-нибудь удовлетворительной этнической расшифровке»[19].

Тут і ўзьнікае пытаньне: чаму ў гэтым разе за нясьмелыя спробы спалучыць старажытных літву-лютву-ліцьвіноў з заходняпрыбалтыцкімі люцічамі-велетамі-вільцамі беларускія навукоўцы абавязкова надзяляюцца мянушкай «буржуазных нацыяналістаў» ці нават «паслугачоў» таго ці іншага ідала?! Як бачна, у разуменьні Абэцэдарскага тут павінны дзеіць старарымлянскі прынцып: Quod licet Jovi, non licet bovi!


Незалежнасьць Полацкага княства ад Кіеўскай Русі

Далей, прафэсар імкнецца давесьці, што пачынаючы ад сівое мінуўшчыны і канчаючы на ХІV стагодзьдзі ня можа быць мовы пра апрычонае нацыянальнае й дзяржаўнае разьвіцьцё беларускага народу. Ён катэгарычна цьвердзіць, што культурна, моўна, рэлігійна й дзяржаўна тады йснавалі «старажытнарускі» народ і «старажытнаруская» дзяржава, непадзельныя ў сваёй існасьці. Гэтае «старажытнарускае» адзінства не пакрыжавалася нават фактам канчальнага распаду Кіеўскай Русі на пачатку ХІІ стагодзьдзя. Іншыя пагляды ён залічвае да «хлуслівых сцвярджэнняў сучасных фальсіфікатараў гісторыі Беларусі», што пушчаюцца ў ход дзеля таго, каб «супрацьпаставіць беларускі народ рускаму», «стварыць бачнасць, што ў далёкім мінулым сучасныя брацкія ўсходнеславянскія народы не мелі нічога супольнага». Свае сьцьверджаньні прафэсар Абэцэдарскі будуе, фактычна, на сыпкім пяску, тым жа часам выступаючы й супраць паглядаў (у асобных выпадках) некаторых аўтарытэтных савецкіх гісторыкаў. Гэтак, прыкладам, згадваны Рыбакоў, усяляк абараняючы гэтае «старажытнарускае» адзінства, усёткі павінны быў прызнаць, што распад Кіеўскае Русі на шмат незалежных княстваў «тыпу заходняэўрапейскіх каралеўстваў» быў спрычынены хісткай палітычнай структурай гэтае «старажытнарускае» дзяржавы, папярэднім адасобненым разьвіцьцём і традыцыйнай варожасьцяй да яе ейных паасобных кампанэнтаў. Пры гэтым Рыбакоў даволі часта нагадваў пра «раньняе адасабненьне» Полацкага княства, хоць ён і ўлучае гэтае княства ў склад Кіеўскае Русі недзе ў ІХ стагодзьдзі ды нават і раней.

Вышэй мы гаварылі пра «балцкую тэорыю» паходжаньня беларускага народу В.В.Сядова й іншых савецкіх гісторыкаў. З гэтай тэорыяй, якая не пакідае й сьледу ад канцэпцыі пра гэтак званы «адзіны старажытнарускі народ», не пагаджаецца, прыкладам, П.Н.Трацьцякоў. Але ж і ён канстатуе:

«Очевидно, правы были те историки ХІХ в., которые считали кривичей «наполовину литовцами». И недаром наименование этой группировки – кривичи – имеет балтийское происхождение. Криве – это имя одного из персонажей литовской языческой мифологии»[20].

Тут Трацьцякову трэба было б выходзіць з адваротнага боку, бо ня трэба забывацца, што да канца ХІІ стагодзьдзя старажытныя ліцьвіны знаходзіліся ў залежнасьці ад крывічоў і ад апошніх толькі маглі пазычыць свой гэты «мифологический персонаж» – Крывэ-Крывэйта. Відаць, гарады Крэва ці Крыўгорад (што стаяў на месцы пазьнейшае Вільні) таксама былі заснаваныя гэтымі крывічамі. Але й гэтае прызнаньне, што крывічы былі «наполовину литовцами», сустракаецца з той жа «балцкай тэорыяй» на некарысьць канцэпцыі пра непадзельную «старажытнарускую народнасць», праблемам якой і прысьвяціў цытаваную тут працу Трацьцякоў.

Аднак вернемся да непадзельнае «старажытнарускае» дзяржавы. Прыкладам, у сваёй працы «Полацкая зямля», спэцыяльна прысьвечанай Полацкаму княству, рэдактарам якое быў акадэмік Б.Рыбакоў, маскоўскі гісторык і архэоляг Л.Аляксееў прыходзіць да такое высновы:

«Итак, Полоцкое княжество представляло наиболее самостоятельную политическую единицу древней Руси, обладавшую к тому же и оригинальной культурой. Во внутриполитической жизни княжества это проявилось прежде всего в известном своеобразии социального строя, выразившемся в развитии вечевого начала в ХІІ в. и в слабости княжеской власти... Во внешнеполитической жизни княжества обособленность начала проявляться весьма рано. Уже Брячислав овладел торговыми путями у волоков пути «из варяг в греки» (1021 г.), обеспечивая тем самым контроль товаров, идущих в южную Русь и обратно, а при Всеславе Полоцкая земля почти полностью освободилась от власти Ярославичей в течение всей второй половины ХІ в. Феодальная раздробленность, захватившая Полотчину в ХІІ в. и ослабившая власть князей, ищущих в борьбе с горожанами союзников в среде враждующих между собой княжеских группировок южной Руси, не сломила прежних сепаратистских устремлений Полоцкой земли. Киевским князьям не удается навязать Полоцку своих ставленников; в деле мира, войны и приглашения князей полоцкие бояре и именитые горожане ведут свою самостоятельную политику»[21].

Мы ня можам згадзіцца й з гэтай канстатацыяй Л.Аляксеева, бо тут, як пісаў калісьці ў адпаведнай рэцэнзіі Мікола Ўлашчык (зь Інстытуту гісторыі Акадэміі навук СССР), недаацэньваецца палітычная незалежнасьць і магутнасьць Полацкага княства, якое, згодна сьведчаньня таго ж Улашчыка, «фактычна ніколі не падначальвалася Кіеву»[22]. Гэтую думку Ўлашчыка пазьней падтрымаў і згадваны тут расейскі гісторык А.Г.Кузьмін, які таксама пісаў: «Локализация кривичей в верховьях трех рек и исключение их из числа подчиненных Киеву племен также относится ко времени Ярослава и его сыновей, когда здесь, видимо, было самостоятельное княжение... Полоцк был подчинен Киеву при Владимире (978-1015). Но при нем же княжество обособляется снова»[23]. Дарэчы, як прызнаецца сам Аляксееў, у сваёй працы «Полацкая зямля» ён «стремился показать, что, несмотря на черты обособленности, Полоцкая земля никогда не порывала экономических и культурных связей с Киевской Русью» і «что, несмотря на балтийский субстрат в прошлом, этническое самосознание населения Полотчины прочно тяготело к землям всей Руси, с которыми ее связывали общность территории, экономической жизни, языка и культуры», што, нарэшце, «будучи от Руси неотделимой, Полоцкая земля принимала живейшее участие в сложении русской народности»[24]. Аднак жа, нягледзячы на гэтую казуістыку, працытаваная вышэй канстатацыя Аляксеева дыямэтральна разыходзіцца з канцэпцыяй Абэцэдарскага.

Можна дадаць, што з гэтай канцэпцыяй не пагаджаецца таксама сяньня даволі ўплывовы савецка-расейскі гісторык В.Л.Янін. Схіляючыся да тэорыі пра заходняславянскае паходжаньне крывічоў ды пра ўдзел заходнепрыбалтыцкіх славянаў у заснаваньні Ноўгараду, а таксама зьвяртаючы ўвагу на імкненьні полацкіх князёў пашырыць межы свайго княства ў кірунку крывіцкіх Пскова, Ноўгараду й Смаленску, у сваім супольным з М.Х.Аляшкоўскім артыкуле ён, між іншага, піша ў адпаведнай зносцы:

«Отметим также, что в наше время, говоря о Руси, историки обычно преуменьшивают значение Полоцка и противопоставляют только Киев и Новгород как два главных города. Между тем, с точки зрения героев Эймундовой саги, вся Русь делилась на три части – Новгород, Полоцк и Киев. В связи с этим понятно, почему в ХІ в. Софийские соборы имелись только в этих трех городах и нигде больше, что отражает соперничество трех центров даже в области церковного строительства»[25].

Гісторыю Полацкага княства Абэцэдарскі наагул абыходзіць поўным маўчаньнем. Замест таго, каб хоць крыху зазірнуць у гэтую гісторыю, ён працягвае паўтараць сваю зацяганую «праўду»:

«Палітычная гісторыя заходніх зямель Русі таксама была неаддзельнай ад палітычнай гісторыі ўсёй Старажытнарускай дзяржавы. У паходах кіеўскага князя Алега на Візантыю прымалі ўдзел і воіны заходнерускіх зямель. Пераможаная Візантыя была вымушана даць «уклады» (дань) шмат якім старажытнарускім гарадам, у тым ліку і Полацку. Жыхары заходніх зямель Русі ўдзельнічалі ў абароне паўднёвых земляў Старажытнарускай дзяржавы ад нападаў качэўнікаў-печанегаў. У 1068 г. кіяўляне, паўстаўшы супраць вялікага князя Ізяслава, пасадзілі на вялікакняжацкі прастол полацкага князя Ўсяслава» (б.12-13).

Перш-наперш няма ніякіх падставаў улучаць Полацкае княства ў склад Кіеўскай Русі за часамі Алега (882-912) ці нават яшчэ раней. Такога паходу Алега на Бізантыю ў 907 годзе, пра які тут кажа Абэцэдарскі, зусім не было. Бізантыйскія крыніцы, якія занатоўвалі ўсе іншыя набегі Русі, пра гэты «пераможны» паход Алега ня ведаюць, дый у «Повесть временных лет» ён трапіў як фантазія летапісца, складзеная з элемэнтаў іншых набегаў на Бізантыю тае ж Русі й Баўгарыі[26]. Значыцца, не магло браць удзелу ў гэтым паходзе й Полацкае княства. З гэтае прычыны яно не магло й скарыстаць з тых «пераможных укладаў», якія быццам бы тады былі накінутыя Алегам Бізантыі. Некалі яшчэ А.А.Шахматаў, дапушчаючы магчымасьць існаваньня аднае гандлёвае ўмовы з 907 году, паставіў пад пытаньне праўдзівасьць гэтых «пераможных» паходаў Алега й ягоных «укладаў» зь Бізантыяй ды давёў, што ўлучэньне ў гэтую афэру Полацку, Растова й Любеча было звычайным «домыслом составителя "Повести временных лет"». Пасьля да падобнае думкі прыйшоў і савецкі гісторык А.Н.Насонаў[27], а зусім нядаўна паўтарыў яе іншы савецкі гісторык В.А.Кучкін, зазначаючы, што, прыкладам, Растоў ня мог браць удзелу ў гэтым паходзе Алега ўжо толькі з тае прычыны, што ён тады яшчэ не йснаваў[28].

Дарэчы, за часамі Алега не йснаваў таксама і Пераяслаў, аднак аўтар «Повести временных лет» улучае і яго ў гэтыя Алегавы «ўклады». Акрамя таго ў Любечы ніколі не было «вялікага князя», але той жа аўтар, як у выпадку Полацку, Растова, Пераяслава й Чарнігава (Ноўгарад наагул адсутнічае), і ў Любечы садзіць «вялікага князя» ды «ўзалежнівае ад Алега» «вялікіх князёў» усіх гэтых гарадоў («по тем бо городом седяху велиции князи под Олгом суще»).

Трэба тут яшчэ нагадаць і пра той факт, што няма гутаркі пра Полацак у гандлёвых умовах Кіеўскае Русі зь Бізантыяй 912 і 944 гадоў; ня згадвае пра Полацак і бізантыйскі імпэратар Канстантын Парфірагенэт, хоць у сваёй ведамай працы ён і пералічвае ўсе залежныя ад Кіева гарады. Дарэчы, у другой палове Х стагодзьдзя Полацкае княства жыло сваім незалежным палітычным жыцьцём) пра што будзе гутарка ніжэй. Як вынікае, незалежным яно было і ў першай палове гэтага Х стагодзьдзя. Шмат якія савецкія гісторыкі, у тым ліку А.Н.Насонаў, М.І.Артамонаў і В.Т.Пашута[29], канстатуюць, што за часамі Алега й пасьля Кіеўская Русь абмяжоўвалася да земляў сьціслае Кіеўшчыны й Ноўгарадчыны. Яе тэрытарыяльны рост прыпадае толькі на часы княжаньня Сьвятаслава Ігаравіча й ягонага сына Ўладзіміра, пра што сьведчыць і «Повесть временных лет». Для ранейшых часоў, прыкладам, Пашута дапушчае йснаваньне нейкага незалежнага дзяржаўнага аб'яднаньня («хаўрусу плямёнаў») з цэнтрам у Полацку.

Між іншага, у «Повести временных лет» пра Полацак згадваецца яшчэ пад 862 годам, г.зн. раней за княжаньне Алега. Тут ідзе гаворка пра тое, як Рурык быў пакліканы ў Ноўгарад ды раздаваў «мужем своим грады: овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро». Пад 980 годам зноў паведамляецца, што «бе бо Рогволод пришел из заморья» й «имяше власть свою в Полотьске». Як можам канстатаваць, тут фактычна паўтараецца адна і тая ж легенда пра «вараскае» валоданьне ў Полацку: і пакліканы «вараг» Рурык тут садзіць «свайго мужа» і Рагвалод прыходзіць «из заморья». Згадваецца таксама й пра той жа Растоў, які, згодна В.А.Кучкіна, быў заснаваны толькі ў канцы Х ці пачатку ХІ стагодзьдзя. Зноў жа, гістарычна даведзена, што гэтак званыя варагі-русы аселі на ўсходзе Эўропы куды раней, а гэта недзе на пачатку ІХ стагодзьдзя, пра што сьведчаць шмат якія крыніцы, у тым ліку й арабскага паходжаньня[30].


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю