Текст книги "У сьвятле гістарычных фактаў"
Автор книги: Паўла Урбан
Соавторы: Паўла Урбан
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 13 страниц)
Вытрымка даволі доўгая, але яна вартая таго, каб зацытаваць яе поўнасьцяй. Трацьцякоў, як бачым, не згаджаецца з аптымізмам Абэцэдарскага, між іншага, моцна падсечаным таксама «балцкай тэорыяй», якую разьвівае В.В.Сядоў. Што да сьведчаньня П.Н.Трацьцякова, быццам «древнерусская народность» і ўсьведамленьне ёю «русского единства» складваюцца толькі ў эпоху «феодальной раздробленности» ды зь «перемещением центра Руси на север», дык тут заўважаюцца моцныя нацяжкі, спалучаныя з тэндэнцыяй перакінуць мосьцік ад таго «древнерусского единства» да такога ж «общерусского единства» ў сучаснасьці.
Існаваньне вынайдзенае ім «адзінае старажытнарускае народнасці» Абэцэдарскі намагаецца падмацаваць яшчэ гэтак званай агульнасьцяй тэрыторыі, мовы, культуры й нават рэлігіі. Агульнасьць тэрыторыі ў пэўнай ступені пакрываецца дзяржаўнай супольнасьцяй, і гэтае пытаньне разглядалася вышэй. Агульнасьць рэлігіі, хоць яна й мае нейкі ўплыў на нацыянальную кансалідацыю народаў, трэба тут выключыць ужо толькі з тае прычыны, каб не адшукаць «адзінага» народу ў каталіцкай Эўропе й не распыліць «старажытнарускую народнасць» у бізантыйска-праваслаўнай атмасфэры.
Застаецца яшчэ аргумэнт пра агульнасьць мовы й культуры. Пра агульнасьць мовы цяжка сказаць штосьці канкрэтнае, бо з тых далёкіх часоў вельмі мала захавалася пісаных помнікаў дый тое ў штучнай царкоўнаславянскай мове. Занатаваныя пасьля ў гэтых крыніцах некаторыя народныя моўныя асаблівасьці не маглі паўстаць, як канстатуюць моваведы, у ХІІІ-ХІV стагодзьдзях, а належаць да куды ранейшых часоў. Дарэчы, мова ўсіх славянскіх народаў тады яшчэ не вызначалася сваёй пазьнейшай разнастайнасьцяй.
Тое сама можна сказаць і пра агульнасьць культуры. Культура, ня ў прыклад мове, – рэч агульналюдзкая. Для ўсіх народаў, калі яны не адмежаваныя толькі нейкай штучнай заслонай, яна разьвіваецца паводле натуральнага прынцыпу прыліву й адліву мора. Гэтак званая народная культура – народныя песьні, казкі, паданьні, звычаі, танцы, народная філязофія і г.д.– для гэтых часоў проста няведамая. Калі ж дапусьціць, што культура гэтая найбольш традыцыйная й захоўвае ў сабе найбольш старадаўнасьці, дык у гэтым выпадку трэба наперад адмовіцца ад канцэпцыі «адзінае старажытнарускае народнасці». Пры намаганьні ж знайсьці нейкую самабытную й агульную культуру для гэтае «старажытнарускае народнасці» Абэцэдарскаму выпадала б неяк успрыняць, прыкладам, і тагачасныя культурныя асаблівасьці тае ж Заходняе Эўропы. Магчыма, і тут прытарнавалася б тая ж канцэпцыя пра нейкую «адзіную старажытназаходнеэўрапейскую народнасць»?!
Наагул, як вынікае, тут мы маем справу з звычайным палітычным апартунізмам, бо ўжо ў наступным разьдзеле свае брашуры, прысьвечаным Вялікаму Княству Літоўскаму, прафэсар шмат разоў зазначае, што нацыянальнай адзнакай дзяржавы й народу, які ў ёй пануе, ня могуць быць ні сама дзяржава й агульнасьць тэрыторыі, ні сам народ і ягоная мова, культура й тым больш рэлігія.
«ЦІ ЙСНАВАЛА Ў МІНУЛЫМ БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА?»
Гэтак загалоўлены другі разьдзел (б.17-41) брашуры Абэцэдарскага, у якім аўтар «аналізуе» праблему нацыянальнага характару Вялікага Княства Літоўскага. З гэтага ягонага «аналізу» вынікае, што «ніякіх доказаў існавання ў мінулым беларускай дзяржавы былыя гітлераўскія паслугачы не маюць, а тое, што яны выдаюць за доказы, з'яўляецца бессаромнай хлуснёй» (б.32). Катэгарычная выснова Абэцэдарскага: «Да Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ніколі не было беларускай дзяржаўнасці» (б.40), – і кропка. І тут, ведама, ягоныя аргумэнты абмяжоўваюцца пераважна да запазычанае бруднае лаянкі.
Найперш прафэсар разьвівае сваю канцэпцыю пра тое, што ні этнічны склад жыхарства, ні мова «ніколі не з'яўляліся адзнакай дзяржавы». Як вынікае з далейшых ягоных разважаньняў, гэтай «адзнакай дзяржавы» й тым больш нацыянальнае дзяржаўнасьці ня могуць быць таксама ні культура, ні тэрыторыя, ні сам народ. Тут ён, ведама, выходзіць з марксыстаўскай фразеалёгіі, паводле якой дзяржава – гэта «прадукт і праява непрымірымасці класавых супярэчнасцей», што яна, будучы «дзяржавай эксплуататараў», ня можа «супадаць непасрэдна з насельніцтвам», і г.д. Адпаведна Вялікае Княства Літоўскае, як падкрэсьлівае аўтар, было «дзяржавай літоўскіх феадалаў» (г.зн. летувіскіх феадалаў, паводле Абэцэдарскага). Яно нават не было дзяржавай летувіскага народу. Што ж да беларускасьці гэтае дзяржавы ў сучасным значэньні, дык, цьвердзіць Абэцэдарскі, «і дзяржавы беларускіх прыгоннікаў-феадалаў у мінулым не было».
Падрабязна запыняцца каля гэтае канцэпцыі было б марнаваньнем часу. Зазначым толькі, што Абэцэдарскі, магчыма сам не ўсьведамляючы таго, наводзіць фактычна паклёп на гісторыю як той «Старажытнарускай дзяржавы», так і пазьнейшае Расеі. Сапраўды, калі быць пасьлядоўным, дык паводле ягонае канцэпцыі ня можа быць гаворкі пра гэтак званае «героическое прошлое русского народа», што на кожным кроку падкрэсьліваецца ў савецкай гістарыяграфіі. Бо ж і ў іх улада належала гэтым «феадалам-прыгнятальнікам», а ня «русскому народу».
Насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага
Прафэсар Абэцэдарскі, прыкладам, цьвердзіць, што Вялікае Княства Літоўскае не магло быць беларускай дзяржавай ужо толькі з тае прычыны, што беларусы складалі ў ім «меншасць». Гэта, аднак, ня можа быць аргумэнтам на некарысьць беларускасьці Вялікага Княства Літоўскага, бо ў Рымскай імпэрыі рымляне былі «меншасцяй». Таксама, згодна зь ягонай канцэпцыяй «этнічны склад насельніцтва» ня можа быць «адзнакай дзяржавы», а таму мог бы адпасьці й гэты падлік «меншасці» ці «большасці» беларускага жыхарства Вялікага Княства.
Адным словам, на б.33 сваёй брашуры Абэцэдарскі падае «больш-менш» дакладную колькасьць беларускага жыхарства Вялікага Княства ў ХVІ-ХVІІ стагодзьдзях – адпаведна 1.840.000 і 2.300.000 чалавек. Гэты лік ён чэрпае з дасьледваньня З.Капыскага, спасылаючыся таксама й на працы ўкраінскіх навукоўцаў[40]. Знайшоўшы, што на Ўкраіне ў гэтым часе налічвалася больш жыхарства, Абэцэдарскі сьвяткуе перамогу: чаму ж Вялікае Княства не назваць украінскай дзяржавай! Наагул, паводле ягонага саркастычнага дапушчэньня, Вялікае Княства Літоўскае можна было б назваць «украінска-беларуска-летувіска-яўрэйска-татарскай дзяржавай», і гэта – калі нібы падыходзіць да гэтага княства з гледзішча «беларускіх буржуазных нацыяналістаў».
Тым часам у сваёй працы беларускі навуковец Зінові Капыскі, да якога зьвяртаецца тут Абэцэдарскі, пры падлічэньні беларускага жыхарства Вялікага Княства Літоўскага зыходзіць зь межаў сучаснае БССР. Не выходзячы за гэтыя межы, ён і называе прыблізную колькасьць жыхарства Беларусі сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя – каля 2.300.000 чалавек[41]. Адкінуўшы 20% натуральнага прыросту за стагодзьдзе, у сваю чаргу прафэсар Абэцэдарскі для сярэдзіны ХVІ стагодзьдзя налічвае, як ужо згадвалася, 1.840.000 чалавек «беларускага насельніцтва» Вялікага Княства.
Мэтад З.Капыскага – абмяжоўвацца толькі тэрыторыяй сяньняшняй БССР – агульнапрыняты мэтад у БССР. Тут ім карыстаюцца нават пры выданьні гістарычных дакумэнтаў і дасьледваньні гісторыі беларускай мовы. Такі мэтад падыходу да гісторыі Беларусі, які, зразумела, ёсьць вынаходкай Масквы, трапна высьмеяў ужо згадваны савецка-расейскі гісторык В.В.Сядоў. Адказваючы на закіды прыхільнікаў гэтага мэтаду, ён некалі саркастычна пісаў:
«На вопрос о том, какой картой должен руководствоваться исследователь белорусского этногенеза – картой распространения белорусского языка в ХІХ – начале ХХ века или современной политической картой Белорусской ССР, может быть дан лишь один ответ. Для решения проблемы происхождения белорусов важнее этнолингвистическая карта начала ХХ в. и более раннего времени»[42].
Дапусьцім на часінку, што Беларуская ССР магла б застацца ў межах да 1924 году, г.зн. толькі ў межах няпоўнае былое Менскае губэрні. Няўжо ж, выходзячы зь межаў такой мініатурнай БССР, мы павінны падлічваць і «беларускае насельніцтва» Вялікага Княства Літоўскага эпохі ХVІ і ХVІІ стагодзьдзяў?! Мэтад гэты для кагосьці быў бы яшчэ выгаднейшы, бо «беларускае насельніцтва» ў такім разе для ХVІ ці ХVІІ стагодзьдзя зьменшылася б да якіх 200 тысячаў чалавек.
Аднак жа й прафэсару Абэцэдарскаму ведама, што этнаграфічна сьціслая беларуская тэрыторыя ў складзе Вялікага Княства далёка выходзіла за межы сяньняшняй БССР. Канкрэтна, да тэрыторыі сучаснай БССР трэба яшчэ дадаць тэрыторыю Смаленшчыны й заходняй Браншчыны, адарваныя ад Беларусі заходнія й паўночна-ўсходнія раёны Полаччыны й Віцебшчыны, а таксама Віленшчыну й Беласточчыну, што былі падараваныя сучаснай Летуве дый Польшчы. Вось тут і даводзіцца паправіць тую лічбу 1.840.000 чалавек беларускага жыхарства Вялікага Княства Літоўскага для паловы ХVІ стагодзьдзя, магчыма, дадаўшы да яе яшчэ нейкі 1.000.000 чалавек ці, нават, больш.
Дарэчы, як піша сам З.Капыскі, у першай палове ХVІІ стагодзьдзя ў Вялікім Княстве, асабліва на тэрыторыі сучаснай Беларусі, пракацілася колькі хваляў галадоўлі й чорнае хваробы, адна зь якіх (1601-1603 гадоў) у жудасных фарбах згадваецца, прыкладам, у Баркулабаўскім летапісе:
«А тот гнев Божий был и непогода, почавши от Менска до Полацка к Витебску, до Орши, до Мстиславля, до Пропойска, до Рогачова, Могилева, Любошаны... А так потом много множества людей убогих з голоду на низ з жонами и детками и з семею (пайшлі – г.зн. падаліся на Ўкраіну)... Того ж року была зима злая, снеги великие и силные, морозы... А коли вже была весна в року 1602, тот наход людей множества почали мерти: по пятеру, по тридцати у яму (хавалі). Хворых, голодных, пухлых многое множество – страх видети гневу Божого... Там же которые ишли на низ, тые вси там померли, мало се зостало. А так мерли одны при местах, на вулицах, по дорогах, по лесах, на пустыни, при роспутиях, по пустых избах, по гумнах померли. Отец сына, сын отца, матка детки, детки матку, муж жену, жена мужа, покинувши детки свои, розно по местах, по селах разышлися, один другого покидали, не ведаючи один о другом, – мало не вси померли. А коли тот поход у ворот, албо в дому у кого стоячи хлеба просили... тыми словы мовили силне, слезне, горко, мовили так: "Матухно, зезулюхно, утухно, панюшко, сподариня, солнце, месец, звездухно, дай крошку хлеба!"...
Того ж року 603. В месте Виленском, в Менску, у Радошковичах, на Орши, у Шклове и по инших многих замках было поветрие великое в пост Филипов...»[43]
Адным словам, у выніку такіх галадоўляў і хваляў чорнае хваробы тады загінула вялікая частка беларускага жыхарства. Таксама ў выніку спусташальнае вайны з Маскоўшчынай 1654-1667 гадоў Вялікае Княства Літоўскае страціла 50% свайго жыхарства. Усё гэта, як нам думаецца, не было ўлічана ні Капыскім, ні Абэцэдарскім пры падлічэньні беларускага жыхарства Вялікага Княства для сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя.
Тут выпадае нагадаць пра мэтад падліку летувіскага жыхарства Вялікага Княства Літоўскага летувіскімі гісторыкамі, бо ён вельмі збліжаецца з мэтадам прафэсара Абэцэдарскага. Паклікаючыся пры гэтым на польскіх гісторыкаў, прыкладам, некаторыя летувіскія гісторыкі зусім паважна цьвердзяць, што летувіскае (жамойцкае) жыхарства Вялікага Княства Літоўскага, нават у часох уваходу ў яго Ўкраіны, складала прынамсі каля 3/4 усяго ягонага жыхарства[44]. Падлік гэты вельмі просты, бо да летувісаў у сяньняшнім значаньні залічаюцца гістарычныя ліцьвіны наагул, г.зн. і жыхарства сьціслае Беларусі. Вось тут і зьяўляюцца гістарычныя карты «Вялікае Літвы» (у сучасным значаньні) з улучэньнем у яе беларускае тэрыторыі, на якіх, побач зь «Вільнюсам», красуюцца таксама «Гардынас», «Наўгардэліс», «Сланімас», «Браста» й г.д. Гэтыя гісторыкі, як, між іншага, і Абэцэдарскі, ніяк ня могуць зразумець, што нацыю й дзяржаву твораць яшчэ мова, культура, нацыянальна-дзяржаўная палітыка.
«Яўрэйскасьць» ці «татарскасьць» Вялікага Княства выключае сам прафэсар Абэцэдарскі, хоць гэта ён робіць з усьмешкай на адрас «беларускіх буржуазных нацыяналістаў». Што да ягонае рэплікі, што з гледзішча на перавагу жыхарства Вялікае Княства Літоўскае магло б быць «украінскай дзяржаваю», зазначым наступнае. У склад нашай дзяржавы паасобныя землі Ўкраіны ўвайшлі ў часы княжаньня Альгерда (1345-1377) і Вітаўта (1392-1430). Яны былі забраныя палякамі ў выніку Люблінскае вуніі 1569 году. Аднак Вялікае Княства існавала й перад улучэньнем украінскіх земляў і пасьля Люблінскае вуніі. Мы тут ня можам пагадзіцца з Абэцэдарскім, які цьвердзіць, што пасьля Люблінскае вуніі Вялікае Княства Літоўскае фактычна прыпыніла сваё дзяржаўнае йснаваньне, стаўшыся польскай правінцыяй. У гэтым пытаньні навукоўцы выказваюць іншыя погляды[45]. Такім парадкам, ужо адзін гэты факт – факт часовага ўваходжаньня Ўкраіны ў склад Вялікага Княства – не дазваляе характарызаваць яго як «украінскую дзяржаву». Далей, і гэта добра ведае сам прафэсар, украінскае, як і жамойцкае, жыхарства не накінула гэтаму княству свае мовы й культуры, а, наадварот, пэўны час паслугоўвалася беларускай мовай і культурай[46]. Таксама, калі, прыкладам, параўнаць ранейшыя прывілеі Полацкае, Віцебскае й Смаленскае земляў з падобнымі прывілеямі Кіеўскае й Валынскае земляў, дык даводзіцца сьцьвердзіць розьніцу праўнага характару. Гэтыя ўкраінскія землі праўна абмяжоўваліся й разглядаліся быццам вонках Вялікага Княства, залежнымі ад яго. Дый украінскі элемэнт узяў слабы ўдзел у дзяржаўна-кіраўнічых органах Вялікага Княства Літоўскага.
Мова ў Вялікім Княстве
Трымаючыся свайго погляду, быццам мова ня можа быць «адзнакай дзяржавы» (яе нацыянальнага характару), Абэцэдарскі дакарае «беларускіх буржуазных нацыяналістаў» у тым, што яны залічаюць Вялікае Княства да беларускае дзяржавы з пагляду на дзяржаўную мову гэтага княства. Ён гіранізуе: у такім выпадку Злучаныя Штаты Амэрыкі й Кубінскую рэспубліку таксама можна было б разглядаць, як дзяржавы ангельцаў і гішпанцаў. Аднак жа, ня ў прыклад іншым гісторыкам, якія сапраўды звыкліся паўтараць: «мова Вялікага Княства – беларуская» й больш нічога, «беларускія буржуазныя нацыяналісты» зусім не ўважаюць, што беларуская мова – адзіны аргумэнт на карысьць беларускасьці Вялікага Княства Літоўскага. Разглядаючы і фактар мовы як важкі аргумэнт, яны адначасна паклікаюцца й на іншыя важныя фактары – на культуру, этнічны склад жыхарства, характар нутраное й вонкавае палітыкі, удзел беларускага элемэнту ў кіраўніцтве дзяржавай. Што ж да параўнаньня, якое, спасылаючыся на мову, прафэсар Абэцэдарскі робіць між Вялікім Княствам Літоўскім, ЗША і Кубінскай рэспублікай, дык яно наагул сьмеху вартае. Як і іншыя сучасныя дзяржавы Лацінскай Амэрыкі, а таксама Канада, Злучаныя Штаты Амэрыкі й гэтая Кубінская рэспубліка паўсталі на аснове ангельскіх і гішпанскіх замежных калёніяў і каляніяльнага элемэнту. З гэтае прычыны яны й засталіся пры адпаведных мовах, а Канада – нават пры ангельскай і францускай мовах. Паводле Абэцэдарскага, Вялікае Княства Літоўскае не магло паўстаць на аснове беларускіх калёніяў і каляніяльнага элемэнту, бо яно быццам было арыгінальным творам самых летувісаў, і ў гэтай дзяржаве панавалі «літоўскія феадалы». Яны быццам падбілі беларускую тэрыторыю, заняволіўшы й беларускі народ. Выходзіць, такім парадкам, нейкае зачараванае кола, бо прафэсар Абэцэдарскі, прыкладам, адмаўляецца прыстасаваць да Вялікага Княства і баўгарскі варыянт. Баўгарыя, як ведама, была заснаваная адным зь цюрцкіх плямёнаў, якое, пакінуўшы свой назоў, зьнікла зь гістарычнае арэны, моўна, культурна й этнічна зьліўшыся з славянскім элемэнтам.
Гэтае зачараванае кола пакінем для разьвязаньня прафэсару Абэцэдарскаму. З свайго боку зазначым, што этнічна моцны народ, які засноўвае сваю дзяржаву й на працягу стагодзьдзяў застаецца ейным гаспадаром, пэўна ж ня можа сядзець увесь час на моўных і культурных запазычаньнях паняволенага ім народу. Гэтага, як можам канстатаваць, ня здарылася ні ў ЗША й Кубінскай рэспубліцы, ні ў Канадзе й краінах Лацінскай Амэрыкі. Тым жа часам нібы «дзяржаўна-магутны» летувіскі народ нават не здабыўся на адзін-адзінюсенькі дакумэнт у роднай мове. І Польшча «квітнела лацінаю» – можа быць адказ, але толькі не разьвязаньне пытаньня, бо Польшча мела сваю высокую культуру, у тым ліку й моўную.
Далей, Абэцэдарскі кпіць з «фальсіфікатараў гісторыі Беларусі», якія сьцвярджаюць, што, прыкладам, Ягайла «ня ведаў літоўскай мовы й гаварыў толькі па-беларуску» (б.39-40). Ён пэўны ў тым, што вялікі князь Ягайла – «літовец па паходжанню» – мусіў быў знаць летувіскую мову. Ягайла, зразумела, знаў беларускую мову, і што ён карыстаўся гэтай мовай, пра гэта пісаў польскі гісторык Ян Длугаш. Дарэчы, у Ягайлы дзеці былі толькі ад князёўны «рускага роду» – Сонькі Гальшанскай. Зь імі, як і з сваёй жонкай, ён мог і гутарыць у беларускай мове. Праўда, той жа Длугаш пісаў, на што паклікаецца й прафэсар Абэцэдарскі, што, беручы ўдзел у хрышчэньні старажытных ліцьвіноў, Ягайла даносіў да іх слова Хрыстовае ў іхнай «роднай мове». З гэтага аднак не вынікае, што Ягайла прамаўляў да іх у летувіскай мове, бо Длугаш не падае прыкладаў гэтае мовы, як гэта ён робіць у выпадку беларускай мовы. Таксама ў акце Ягайлы з 1387 году пра хрышчэньне летапіснае Літвы старажытныя ліцьвіны выразна выступаюць, як апрычоны «народ»[47]. Так іх характарызуюць таксама ранейшыя й пазьнейшыя крыніцы. Больш за тое, у адным з дыпляматычных дакумэнтаў з 1420 году, які прыпісваецца Вітаўту, сьцьвярджаецца, што ліцьвіны й жамойты (жамойціны) – гэта адзін і той жа народ і маюць адну й тую ж мову. Але гэта быў дакумэнт, які ў спрэчках з крыжакамі бараніў правы Вялікага Княства Літоўскага датычна Жамойці. У іншых выпадках той жа Вітаўт выразна выдзяляў жамойтаў, называючы іх апрычоным «народам». Асобным «народам» называлі сябе й самі жамойты, пра што будзе гаворка ніжэй.
Адным словам, з усяго гэтага немагчыма зрабіць выснову, што старажытныя ліцьвіны – гэта балцкі народ ці нават двайняк жамойтаў ды што Ягайла абавязкова знаў летувіскую (жамойцкую) мову. Ведама, Ягайла мог знаць і жамойцкую мову, але чамусьці ў касьцёлах і манастырох Кракава ён пажадаў мець надпісы на фрэсках у беларускай мове. З засьцярогай да гэтае праблемы цяпер пачалі падыходзіць і ў БССР. Прыкладам, у аглядзе аднае з кнігаў А.Мальдзіса малады навуковец М.Ермаловіч пісаў:
«Справа ўся ў тым, што, як сведчаць летапісы і другія матэрыялы, у старажытныя часы пад Літвой разумелася не сучасная Літва, а заходняя частка сучаснай Беларусі, дзе жыло племя літва. Калі ў сярэдзіне ХІІІ ст. тут утварылася дзяржава, то яна стала называцца Вялікім княствам Літоўскім, бо яе першапачатковая сталіца – Навагрудак – знаходзілася на тэрыторыі старажытнай Літвы. Пазьней, у пачатку ХІV ст., калі цэнтр дзяржавы перамясьціўся ў Вільню, то і назоў «Літва» стаў пашырацца на ўсходнюю тэрыторыю сучаснай Літвы, якая да гэтага называлася Аўкштайціяй. Але і першапачатковая Літва па-ранейшаму насіла свой назоў, гэтак жа, як і яе насельніцтва, асіміляваўшыся ў беларусаў, называла сябе ліцьвінамі»[47а].
Аднак Абэцэдарскі не прызнае ніякіх засьцярогаў. Старадаўных ліцьвіноў-літву ён проста залічвае да сям'і балцкіх народаў і родніць іх з жамойтамі.
У лісьце-пасланьні вялікага князя Гедзіміна да францішканцаў і заходніх палітыкаў, якое датаванае 26 траўнем 1323 году, ёсьць даволі цікавая мясьціна. Запрашаючы ў Вялікае Княства Літоўскае прапаведнікаў каталіцкага веравызнаньня, Гедзімін выказвае пажаданьне, каб гэтыя прапаведнікі добра зналі польскую, земгальскую й рускую мовы, адпавядаючы тым, што пры ім і раней праводзяць і праводзілі місійную дзейнасьць у Вялікім Княстве[48]. Між іншага, у сваёй «Прускай кроніцы» Гедзімінаў сучасьнік Пётра Дузбурскі таксама адзначае, што пры выведах у Літве крыжакі пасылалі сюды людзей, якія володалі польскай мовай. Падобным мэтадам карысталіся й ліцьвіны, выкарыстоўваючы на прускай тэрыторыі тых асобаў, што зналі тую ж польскую мову[49].
За часамі Гедзімінавымі ў Вялікім Княстве Літоўскім было вельмі шмат уцекачоў зь Земгаліі, дый сам Гедзімін прэтэндаваў на гэтую частку Латвіі, у сувязі з чым тытулаваўся таксама «князем Земгаліі». Тым часам у Вялікім Княстве было таксама вельмі шмат палякаў, захопленых у Польшчы пры частых рабункавых набегах. Але ж палякі былі хрысьціянамі ды, бязумоўна, мелі й сваіх сьвятароў, што былі палоненыя разам з рэштай польскага жыхарства. Для іх былі непатрэбныя ні місіянэры, ні звычайныя сьвятары. Гедзімін быў зацікаўлены найперш хрышчэньнем самых ліцьвіноў і гэтых земгалаў, бо з Жамойцяй існавалі напружаныя дачыненьні. Падкупленая крыжакамі, Жамойць асабліва ўзбунтавалася тады супраць Вялікага Княства Літоўскага і палітыкі Гедзіміна правесьці хрысьціянізацыю паганскае часткі гаспадарства. Дарэчы, у самым тытуле Гедзімін нават не называўся «князем Жамойці», як гэта ўвойдзе ў звычай пасьля канчатковага далучэньня яе да Вялікага Княства. Такім парадкам, як вынікае, місіянэры прызначаліся для ліцьвіноў і земгалаў, і да ліцьвіноў яны маглі прамаўляць у польскай або «рускай», г.зн. беларускай, мовах, якія за тымі часамі шмат ня розьніліся між сабой.
У сувязі з гэтым вялікую каштоўнасьць набывае паведамленьне Хрысьціяна, крыжацкага сьвятара, які ад верасьня 1254 году быў каталіцкім біскупам Вялікага Княства (пры Міндоўгу). У сваіх успамінах ён сьведчыў, што «Літва, або Літванія, – гэта славянская краіна»[50]. У гэтым выпадку ня меньшую каштоўнасьць мае і канстатацыя ведамага гуманістага й пасьлейшага папы (Пій ІІ, 1458-1464) Энэя Сыльвія Пікаляміні. Свае весткі ён пачэрпнуў з гутарак зь Геранімам Праскім у часе Базэльскага сыноду (1432-1434). У сваю чаргу, з даручэньня Ягайлы й Вітаўта Геранім Праскі некалі браў удзел у хрышчэньні ліцьвіноў. Пікаляміні ў сваёй ведамай працы зусім выразна пісаў:
«Lituania et ipsa late patens regio Polonis ad orientem connexa est... Rara inter Lituanos opida, neque frequentes willae opes apud eos... Sermo gentis Sclavonicus est, latissima est enim haec lingua et in varias divisa sectas.» (г.зн.: Літва з сваімі шырокімі прасторамі мяжуецца з Польшчай ад усходу... Рэдкія ў ліцьвіноў гарады, таксама мала й вёсак... Мова народу – славянская. Гэтая мова вельмі пашыраная ды падзеленая на розныя разгаліненьні)[51].
Пра тое, што «мова ліцьвіноў – славянская» й што «ліцьвіны – славянскі народ» пісалі таксама Гартман Шэдэль у «Сусьветнай кроніцы» (1493), дырэктар Нюрнбэрскай Лаўрэнцеўскай гімназіі Ян Коклес Норык у геаграфічным нарысе «Дэкастыхон» (1511), Ян Багемскі ў працы «Звычаі ўсіх народаў» (1538), аўстрыйскі дыплямат Сігізмунд Гербэрштайн у ведамай «Гісторыі Маскоўшчыны» (1549), а таксама Мацей Стрыйкоўскі ў «Кроніцы польскай, літоўскай, жмудзкай і ўсяе Русі» (1582) ды Аляксандар Гваніні ў сваёй «Кроніцы Эўрапейскай Сарматыі» (1578)[52].
Ведамы польскі гісторык Ян Длугаш (1415-1480) фактычна таксама збліжаў мову ліцьвіноў з славянскай мовай. Праўда, захапіўшыся тэорыяй «рымлянскага паходжаньня», у мове ліцьвіноў Длугаш хацеў бачыць нейкі «жаргон» лацінскай мовы. Але і ён цьвердзіў, што, сутыкнуўшыся з славянскімі мовамі, гэтая мова ліцьвіноў «перайшла ў славянскую мову»[53].
Як згадвалася вышэй, вялікі князь Вітаўт моўна і нацыянальна ў адным з сваіх актаў радніў ліцьвіноў з жамойтамі. Аднак жа ў іншых актах Вітаўта гэтыя жамойты заўсёды завуцца апрычоным «народам». Ды той жа Вітаўт чамусьці сярод ліцьвіноў шукаў сьвятароў і біскупа для Жамойці, якія маглі б разумець жамойцкую мову. Паляк Эразм Вітэлі (Цёлак), які быў за дзяржаўнага сакратара за часамі княжаньня вялікага князя Аляксандра, у сваёй ведамай справаздачы для папы ў 1501 годзе сьведчыў: «Ліцьвіны захоўваюць собскую мову, але з тае прычыны, што рутэны засяляюць бадай палову княства, карыстаюцца іхнай мовай дзеля ейнае зграбнасьці й лёгкасьці»[54]. Што гэтым хацеў сказаць Вітэлі – няведама, бо тады і ўкраінцы карысталіся беларускай літаратурнай мовай. Быццам больш выразна выказаўся ў падобнай справаздачы 1568 году папскі нунцы ў Польшчы Юлі Рудж'еро. Ён пісаў, што мова ліцьвіноў нагадвае жамойцкую мову і мову прусаў[55]. Але, і найбольш праўдападобна, у гэтым выпадку Рудж'еро выходзіў з довадаў польскага гісторыка Кромэра, ведамая праца якога якраз выйшла ў тым жа 1568 годзе і ў якой яе аўтар да крайнасьці разьвіваў тэорыю пра «рымлянскае» паходжаньне ліцьвіноў. Як ведама, захапіўшыся апошняй тэорыяй, Міхал Цішкевіч ці Міхалён Ліцьвін, (г.зн. беларус у сучасным разуменьні) у сваёй працы, напісанай у 1550 годзе, прапанаваў увесьці лацінскую мову ў якасьці дзяржаўна-літаратурнай мовы Вялікага Княства Літоўскага[56].
Ад гэткага захапленьня тэорыяй пра «рымлянскае» паходжаньне ліцьвіноў пайшло, прыкладам, і прозьвішча Рымскі-Корсакаў. Паны Корсакі, або Карсакі, – гэта знатная шляхта Полаччыны, да таго ж праваслаўнага веравызнаньня. За часамі Лівонскай вайны (1558-1583) некаторыя зь іх апынуліся ў Маскоўшчыне. Але й там яны не забыліся пра сваё «рымлянскае паходжаньне». У другой палове ХVІІ стагодзьдзя яны дамагліся ад маскоўскага цара прызнаньня за імі гэтае прыстаўкі «Рымскі». Так, апрача «ліцьвіна» Дастаеўскага, расейская культура знае таксама й ведамага кампазытара Рымскага-Корсакава.
Як вынікае, нашыя далёкія прапрадзеды пытаньнем мовы ліцьвіноў спэцыяльна не цікавіліся. Ды зь якое прычыны, калі для іх важнейшы быў факт панаваньня ў Вялікім Княстве Літоўскім славянскае, ці старое беларускае мовы. Гэты факт, прыкладам, і сьцьвярджаў у прадмове да дзяржаўнага дакумэнту – Літоўскага Статуту 1588 году – пасьлейшы канцлер Вялікага Княства Леў Сапега:
«А калі якому народу сорам ня знаць сваіх правоў, дык пагатоў нам, бо гэтыя правы мы маем напісаныя не ў чужой, але ў сваёй роднай мове, ды заўсёды можам дазнацца, як зарэагаваць на ўсякую крыўду».
Прафэсар Абэцэдарскі, здаецца, ня будзе аспрэчваць, што Літоўскія Статуты выдаваліся на беларускай мове. Гэтая ж мова зь цягам часу пачала звацца «літоўскаю», як гэта вынікае хоць бы з заявы 1627 году Лаўрэна Зізанія ў Маскве[57], ці зь «Лексікону Славянароскага» выданьня таго ж 1627 году Памвы Бярынды. Дарэчы, у прадмове да «Катэхізісу» 1562 году, прысьвечанай Мікалаю Радзівілу Чорнаму й ягоным сыном, ведамы беларускі гуманісты Сымон Будны пісаў:
«...К тому тежь и для того, абы ся ваши княжацкие милости не только в чужоземских языцех кохали, але бы ся тежь, ваши княжацские милости, и того здавна славного языка словенского розмиловати и оным ся бавити рачили. Слушная бо речь ест, абы ваши княжацские милости того народу язык миловати рачили, в котором давные предки и их княжацские милости панове отци ваших княжецских милости славне преднейшие преложеньства несуть.
...Ботсе вашим княжацким милостям, яко се вашей доложило, тот первородный в том языку плод только для самого того офяровал, абы-сте ваши княжецские милости зацного стану княжата, а переднейших вожов сынове, всим иншим о себе добрый взор а приклад давать рачили... а тая отчизна и Речь Посполитая з ваших княжацских милости благославеное надеи ожидать могла»[58].
Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Радзівіл Чорны быў галавой кальвінізму ў нашай краіне. Каля яго было шмат польскіх «братоў-сьвятароў» гэтага рэфармацыйнага руху дый сам ён фактычна пачаў паслугоўвацца польскаю моваю. У сувязі з гэтым і прамаўляе да Радзівіла Чорнага і ягоных сыноў Сымон Будны. Аднак жа ў гістарычнай літаратуры Радзівілы выступаюць, як нашчадкі старадаўных ліцьвіноў. Яны – адны з тых «літоўскіх феадалаў», якіх так часта згадвае Абэцэдарскі. Тым часам вынікае, што Сымон Будны, гэты дазнаны чалавек, лічыць Радзівілаў, і, бязумоўна, зь іхнае собскае згоды, за прадстаўнікоў «народу слаўнае славянскае мовы».
Жамойць і Літва
Гляньма цяпер на Жамойць – гэтую быццам кроўную сястру ліцьвіноў. Ад часоў вялікага князя Вітаўта яна, канчаткова далучаная да Вялікага Княства, пачала ўваходзіць у вялікакняскі тытул: «велики князь Литовски, Руски и Жомойтски». Гэтым самым яна лічылася асобнай палітычнай адзінкай. Больш за тое, калі гэтая «Русь», асабліва ейныя беларускія землі, плаўна пераходзіць у тую ж «Літву», дык Жамойць увесь час адхіляецца ад яе. Зьвярнемся, прыкладам, да прывілею Жамойці, атрыманага ў 1492 годзе ад вялікага князя Аляксандра. Апрача таго, што тут гаворка пра апрычоную «землю Жомойтскую», у параграфе 11-м сьцьвярджаецца:
«И теж всим бояром, шляхте и всему поспольству в повете Кнетовском так же дали есмы нинейшій лист и даем вси права и вольности хрестіянскіи, яко есмо дали земли Литовской...»[59]
Тое сама стаіць у лацінскім тэксьце гэтага прывілею ды ў пацьверджаньні яго вялікім князем Жыгімонтам ІІ Старым. Як вынікае з пасольскай інструкцыі вялікага князя Аляксандра канца 1505 году да магістра Лівоніі ды зь ягонага адказу лівонскім паслом ад 2 траўня 1506 году, Жамойць наагул супрацьставілася Літве, у якую, аднак, улучаліся беларускія землі. У гэтых дакумэнтах канстатавалася:
«Нижьли, што ся дотычет вчиненья и початка границам, тыи панове, которыи на границы на оный рок поедуть, мають границы вчинити Жомойтской земли з Лифлянсткою землею, а початок мають взять от Святое реки, где в Солоное море впадывает, старыми границами, водле давных записов. А к тому теж на Литовскую границу, которая ся делит з Лифлянтскою землею, другіи панове, которые суть менованы, мають выехати, почон от Курчом, сторою теж границою, до Дрисвета и до Браславля, аж и до Псковского рубежа...»[60]
Пазьнейшыя частыя жальбы Жамойці сьведчаць пра тое, што яна катэгарычна адмаўлялася несьці службу на «літоўскіх межах». Таксама, не зважаючы на тое, што Літоўскі Статут зраўнаваў у правох усе землі Вялікага Княства, у сваіх соймавых пэтыцыях праз усё ХVІ стагодзьдзе Жамойць дамагалася захаваньня свайго ранейшага статусу, у тым ліку й вайсковага (у пытаньнях працэдуры вайсковага перапісу, падначаленьня войска свайму мясьцоваму маршалку, і г.д.), ды галоўна таго, каб адміністрацыйныя пасады на Жамойці не абсаджваліся «чужынцамі» й каб сюды не засылаліся камісары вялікага князя й ураду Вялікага Княства Літоўскага.
І калі, прыкладам, у прадмове ды ў разьдзеле ІІІ (арт.9) Літоўскага Статуту выданьня 1566 году было сказана толькі пра «литовский яко и руский народ» і пра «уроженцов Великого Князства литвинов и русинов»[61], дык тут Жамойць узбунтавалася не на жарцікі. Вось чаму ў пацьверджаньні 1574 году ейных прывілеяў жамойты завуцца «яко вольный народ», а ў кантэксьце гэтых прывілеяў таксама сьцьвярджалася:
«Права и вольности хрестіянскіе всему рыцерству, шляхте, бояром и всему поспольству земли Жомойтской поступаем и даем такіе, якіе обывателем Великого Князства Литовского от продков наших суть наданы»[62].