Текст книги "У сьвятле гістарычных фактаў"
Автор книги: Паўла Урбан
Соавторы: Паўла Урбан
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 13 страниц)
Вайна 1654-67 гадоў
Адным словам, згаданы тут «пацяг да Маскоўшчыны», які асабліва выявіўся ў часе вайны 1654-1667 гадоў, дыктаваўся рэлігійнымі матывамі й больш нічым, калі абстрагавацца на час ад чыста сацыяльных прычынаў, чым найперш кіраваліся сялянства й гарадзкія нізы.
У 1654-1667 гадох Рэч Паспалітая была заціснутая цяжкімі палітычнымі абставінамі. Ад 1648 году яна знаходзілася ў ваенным канфлікце з казакамі гетмана Багдана Хмяльніцкага, якога ў сваю чаргу падтрымлівала Крымскае ханства. З пачаткам вайны з Маскоўшчынаю на Рэч Паспалітую напала й Швэдыя, неўзабаве акупаваўшы бадай цэлую Польшчу ды паўночна-заходнія землі Вялікага Княства Літоўскага. Велізарная маскоўская армія ў хаўрусе з адзьдзеламі ўкраінскіх казакоў на чале зь Іванам Залатарэнкам з усіх бакоў навалілася на нашу краіну і, з выняткам некаторых паўднёва-заходніх земляў (Наваградчына, Слонімшчына ды іншыя), ужо ў 1655 годзе з свайго боку акупавала яго, даходзячы да Берасьця, Горадні й Вільні. У тыле, зразумела, заставаліся гарады, якія супраціўляліся яшчэ і ў 1656 годзе. Такому шпаркаму пасоўваньню маскоўска-ўкраінскае арміі судзеілі ня толькі агульныя неспрыяльныя палітычныя абставіны, але й праваслаўнае гарадзкое жыхарства на чале з праваслаўным духавенствам. Гэтак, Магілеў быў здадзены маскоўскаму войску з намовы заступніка магілеўскага епіскапа Яраміі, за што, як ён жаліўся ў 1655 годзе маскоўскаму цару, «от могилевцов я, богомолец твой, за то принял многие беды»[121]. У шмат якіх выпадках супраціў у Княстве быў моцны, пра што могуць сьведчыць паведамленьні цару ад Залатарэнкі: «посылали есмя до Бобруйска и до Королевской слободы... оных взяли, в которых много врагов и недругов в. ц. вел. пребывало, и тех всех, что было служилого люду... под мечь пустили, а городы обадва без остатку попалили» (сакавік 1655 г.); «посылали мы до города Глуска... и, добывши, огнем выпалили, много врагов и недругов в. ц. вел., там пребываючих, под мечь поклонили» (сакавік 1655 г.); «место Свислочь знатное... взяв через мечь и не мало в ней неприятелей будучих всех под мечь пустили, а самое место и замок огнем без остатку сожгли» (ліпень 1655 г.)[122]. З другога боку, Стары Быхаў, прыкладам, супраціўляўся яшчэ ў 1656 годзе, пры аблозе якога, вярнуўшыся з-пад Вільні, злажыў сваю галаву той жа Іван Залатарэнка.
Дарэчы, адна толькі перавага маскоўскае арміі ў сіле магла так хутка «освободить» Вялікае Княства Літоўскае. Жыхарства краіны ў сваёй аснове не было захопленае нейкімі «спадзяваньнямі» на Маскоўшчыну, чым цешылася праваслаўнае духавенства. Напрыклад, ужо ў 1654 годзе жыхарства Чавусаў і навакольля выразна заявіла чавускаму сьвятару: «Мы хочем пана гетмана (праўдападобна Хмяльніцкага, а не Радзівіла) себе за полковника имети, нежели на всяко время умирати от наезду татарского и московского». Чавусцы тут выступілі супраць «белоруского полковника» Канстантына Паклонскага, які ў тым жа 1654 годзе зарганізаваў свой «беларускі» вайсковы адзьдзел, супрацьставячы яго гэтак званай украінскай «вызвольнай арміі». Паклонскага асабіста падтрымліваў маскоўскі цар, жадаючы выкарыстаць гэтага магілеўскага шляхціча супраць тых жа ўкраінскіх казакоў. Аднак увесну 1655 году К.Паклонскі з цэлым сваім «беларускім» войскам здрадзіў «белому царю» й перайшоў на бок Вялікага Княства, узяўшы ўдзел у спробах гетмана Радзівіла вярнуць Магілеў. Чавусцы, ведама, у 1654 годзе гэтага не маглі прадбачыць, і яны сьцьвярджалі тады: «Мы обороны от пана полковника никаковы не имеем»[123], бо запраўды пан Паклонскі стаўся звычайнай марыянэткай, за плячыма якой маскоўскія «освободители» тварылі ў краіне тое, што ім жадалася. І чавусцы простай мовай тады гаварылі, што гэтыя «освободители» займаліся звычайным рабаўніцтвам: «Наши жены и дети емлют».
Пераглядаючы акты з тых часоў, у тым ліку й выдадзеныя самым Абэцэдарскім, ня можна ня вынесьці наступнага ўражаньня. Акупацыйныя ўлады Масквы ў Вялікім Княстве Літоўскім звычайна падтрымваліся жыхарствам гэткіх гарадоў, як Дзісна й Полацак, дзе праводзілі прамаскоўскую прапаганду згаданыя вышэй Анфінаген Крыжаноўскі й Сымон Полацкі. Вясковае жыхарства й гарадзкія нізы сьхіляліся на бок украінскіх казакоў і папаўнялі іхныя адзьдзелы. Рэлігійна-сацыяльны фактар тут выступаў даволі відавочна, бо Маскоўшчына ў гэтым выпадку ўхапілася за абстракцыю праваслаўя, а ўкраінская казацкая галота найперш прыцягвала клічам «вольнага рабунку» й «саджэньня на кол» паноў, гандляроў ды ўсіх тых, хто мог стаяць на дарозе або быў аб'ектам рабунку. Гэта якраз вельмі трывожыла маскоўскія акупацыйныя ўлады, якія неўзабаве пачалі аднаўляць прывілеі мясцовае шляхты ды нават дазваляць ёй прыняць нейкую арганізаваную форму ў змаганьні з выступленьнямі сялянства.
У 1657 годзе памёр гетман Багдан Хмяльніцкі, на ягонае месца заступіў Іван Выгоўскі. Пры ім быў скасаваны папярэдні акт «воссоединения» Ўкраіны з Маскоўшчынай, пасьля зноў крыху адноўлены пры дапамозе Юр'я Хмяльніцкага, сына Багдана Хмяльніцкага. Ад часу сьмерці Івана Залатарэнкі на чале ўкраінскіх казацкіх адзьдзелаў у Вялікім Княстве стаў Іван Нячай, які неўзабаве ўвайшоў у канфлікт з маскоўскімі акупацыйнымі ўладамі, а пасьля наагул перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. Вось жа якраз у гэтым часе назіраецца найбольшы прыплыў у казацкія адзьдзелы сялянскага й гарадзкога элемэнту ды нават наладжваецца супрацоўніцтва зь імі шляхты, больш заможнага гарадзкога жыхарства й праваслаўнага духавенства. Агульны супраціў у краіне нарастае, пра што й паведамляў у сьнежні 1658 году пастаўлены акупантамі віцебскі ваявода Мікіта Бабарыкін: «А здешних, государь, краев люди в приход от твоих, великого государя, недругов не надежны»[124]. З свайго боку, высылаючы з Смаленску шляхоцкае рушаньне на змаганьне зь Нячаем, у тым жа 1658 годзе цар часта выказваў заклапочанасьць у сувязі з масавым пераходам на бок казакоў сялянства й гарадзкога жыхарства ды загадваў ваяводу Рыгору Казлоўскаму: «А которые мужики или иных чинов люди не учнут государева указу слушать (тут маюцца на ўвазе разасланыя граматы, што забаранялі беларускаму жыхарству далучацца да казакоў Івана Нячая), и он, князь Григорей, по государеву указу на них учнет ходити и села и местечки жечь и разорять»[125]. Зразумела, сялянства найменш кіравалася патрыятычнымі матывамі. У тых абставінах завірухі, галадоўлі й эпідэміяў яно выступала як супраць маскоўскіх акупацыйных уладаў, што рабавалі яго, так і супраць мясцовае шляхты. Паважныя сілы гэтага сялянства тады згуртаваў палкоўнік Дзяніс Мурашка, беларус, які яшчэ раней зьбег на поўдзень Украіны ды ў 1654 годзе вярнуўся ў чыне палкоўніка казацкіх адзьдзелаў. Ягоны навербаваны ў Вялікім Княстве Літоўскім сялянскі адзьдзел перасьледваўся маскоўскім акупацыйным войскам ды ў 1658 годзе быў разьбіты пад Прусавічамі агульнымі сіламі мясцовае шляхты. Пасьля гэтага Мурашка перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, застаўшыся афіцэрам і атрымаўшы шляхоцтва. У 1660-х гадох ён ізноў стаў на чале сялянскіх паўстанцкіх адзьдзелаў ды дзеіў у раёнах Воршы, Барысава, Менску й Лепля, тады падаўся на Ўкраіну. Інакш было з гарадзкім жыхарствам, але й тут ня трэба перабольшваць. Прыкладам, Абэцэдарскі, малюючы «прамаскоўскі патрыятызм беларускага народу», чамусьці зусім абыходзіць маўчаньнем антымаскоўскае паўстаньне ў Магілеве 1661 году, калі поўнасьцяй быў зьнішчаны маскоўскі гарнізон, а горад быў перададзены падасьпеламу войску Рэчы Паспалітай. Рабаўніцкая палітыка Маскоўшчыны ў Вялікім Княстве хутка астудзіла галовы й тых «праваслаўных», што «витали царя, от Востока к нам пришедшаго, белоруский же от нужды народ весь свободшаго» (словы Сымона Полацкага).
Дарэчы, не магло быць «освобождением» і выяўленьнем гэтак званага «прамаскоўскага патрыятызму» ў асяродзьдзі беларускага народу тое руйнаваньне гарадоў і «поклонение под мечь», чым праславілася вайна 1654-1667 гадоў. Прыкладам, калі Віцебск нарэшце быў вызвалены, дык ён дастаўся войску Рэчы Паслалітай зусім зруйнаваны й бадай пусты, і дастаўся ён гэткі ня ў выніку крывавае бітвы пры ягоным вызваленьні, але з прычыны таго агульнага «маскоўскага пагрому», што адбыўся ў гады ягонае акупацыі[126].
У зборніку дакумэнтаў «Русско-белорусские связи» сам Абэцэдарскі зьмясьціў шмат актаў 1654-1667 гадоў. Усе яны маскоўскага паходжаньня. Аднак Абэцэдарскі так і не дагледзеў, што ў актах гэных усе беларусы, якія трапілі ў Маскоўшчыну дабраахвотна й недабраахвотна, называліся проста чужынцамі, як, прыкладам, у выпадку палякоў, немцаў і да т.п. Як жа гэтых «чужынцаў» можна зьвязаць з гэтак званым «рускім патрыятызмам» жыхарства Вялікага Княства таго часу, з «вызваленьнем кроўных братоў» і зь іншай фантазіяй самога Абэцэдарскага?
У гэтым зборніку, між іншымі цікавымі дакумэнтамі, Абэцэдарскі чамусьці зьмясьціў адзін-адзінюсенькі акт, які асьвятляе праблему, як маскоўскія акупанты забясьпечваліся ў Княстве таннай нявольніцкай сілай. Акт гэты носіць назоў: «Выпись из полонянишних книг Холопьего приказа о белорусах, оставшихся жить у Б.И.Троекурова»[127]. Акт датаваны 12 сакавіком 1658 г., г.зн. часам, калі Маскоўшчына была яшчэ ўпэўненая ў замацаваньні за сабой Вялікага Княства Літоўскага. Згаданы ў ім князь Барыс Траекураў быў адным з тысячаў тых маскоўскіх вяльможаў, якім дазвалялася рабіць у нашай краіне тое, што ім жадалася. У акце паведамляецца пра вываз Траекуравам 30 асобаў, пераважна ад 13 да 20 гадоў. Гэта былі людзі, «полоненые людьми окольничего князя Бориса Ивановича Троекурова». Яны паходзілі з усіх куткоў Беларусі ды былі пераважна дзецьмі вольных гараджанаў. У акце сьцьвярджаецца, што паводле апытаньня ўсе яны адмовіліся вярнуцца дадому і «аднадумна» выказалі жаданьне застацца «холопами» князя Траекурава. Зразумела, у тым часе не было розных камісіяў Арганізацыі Задзіночаных Нацыяў, якія маглі б праверыць гэтае іхнае «жаданьне», а таму найбольш праўдападобна, што дадзенае «жаданьне» было воляй «Холопьего приказа» й самога князя Траекурава. Бо цяжка дапусьціць, каб калісьці вольныя гараджане дабраахвотна маглі згадзіцца накінуць на сябе путы «халопства». Дарэчы, у часе незакончанае вайны не магло, здаецца, быць і гаворкі пра якую-колечы рэпатрыяцыю.
Як вынікае, гэты дый іншыя падобныя прыклады Абэцэдарскі абагульняе ў цэлую канцэпцыю пра тое, што жыхарства Вялікага Княства Літоўскага, тым ці іншым шляхам трапіўшы ў Маскоўшчыну, з гэтак званых «патрыятычных пачуцьцяў» катэгарычна адмаўлялася вярнуцца назад і згаджалася там застацца «холопами», чым зноў злучыць сваю долю зь «бяспраўным» станам на сваёй радзіме.
Князь Траекураў, зразумела, ня быў адзіным, хто вывозіў з Княства «полоненых». Колькасьць гэтых трэба памножыць яшчэ на тысячы падобных Траекуравых. Калі ж вайна 1654-1667 гадоў пачала хіліцца на карысьць Рэчы Паспалітай, і Маскоўшчына змушаная была адступаць, узмацніўся і вываз беларускага жыхарства ў Маскоўшчыну. Як будзе відаць далей, карыстаючы з абставінаў вайны, сялянства Маскоўшчыны масава ўцякала тым часам на прасторы Сібіры й на поўдзень да данскога казацтва, і маскоўскае дваранства разам з манастырамі імкнулася папоўніць гэтыя страты за кошт вывазу ў Маскоўшчыну беларускага сялянства. Зразумела, нейкая частка беларускага жыхарства дабраахвотна эмігравала ў Маскоўшчыну. Да ліку гэтых дабраахвотнікаў маглі належаць і сяляне, што прынаджваліся надаваньнем розных палёгкаў, а таксама майстры розных галінаў, якія часамі вербаваліся ў Вялікім Княстве. Не забывайма, што тады ў краіне панавалі разруха, галадоўля й эпідэміі, якія змушалі жыхарства шукаць паратунку ў суседніх краёх.
У згаданым вышэй зборніку дакумэнтаў прафэсар Абэцэдарскі зьмясьціў шмат актаў, што асьвятляюць пытаньне вывазу майстроў. У адных зь іх паведамляецца, прыкладам, што для ўмацаваньня Смаленску зь іншых раёнаў Княства проста зганяліся туды цэлыя партыі майстроў замкавага будаўніцтва. Іншыя майстры разам зь сем'ямі вывозіліся ў Маскву, адкуль траплялі ў іншыя гарады Маскоўшчыны. У актах паведамляецца, якім шляхам траплялі да Масквы гэтыя беларускія майстры, што складалі асноўную масу жыхарства гарадоў Вялікага Княства. Звычайна ідзе найперш «указ государя царя», тады ягонае выкананьне маскоўскімі ваяводамі. Прыкладам, на пачатку 1660 году адзін з падобных «указов» атрымаў віцебскі ваявода М.М.Бабарыкін з правам «сыскивать золотого и серебренного и бронного дела мастеров и учеников» ня толькі ў сваім Віцебскім ваяводзтве, але і ў іншых ваяводзтвах краіны. 7 сакавіка таго ж 1660 году гэты віцебскі ваявода выслаў у Маскву адпаведны адказ, у якім сьцьвярджалася:
«А которые мастеры к Москве на житье итти не похотят и учнут отговариватца, и велено нам, холопям твоим, тех мастеров з женами и з детьми прислать к тебе, великому государю, к Москве... А то нам, холопем твоим, велено им, всяких чинов мастеровым людям, сказать: будет они на Москве жить впредь не похотят и учнут тебе, великому государю, об отпуске бити челом, и ты, великий государь, пожаловав их своим великого государя жалованием, велишь отпустить.»[128]
Як можам канстатаваць, гэтак званы «дабраахвотны» выезд у Маскоўшчыну беларускіх майстроў зводзіўся да іхнае прымусовае высылкі. Гэтак жа прымусова яны «сыскивались» у Вялікім Княстве («переписав и призвав их в съезжую избу и сказав им твой великого государя указ») ды пад канвоем «стрельцов» высылаліся да Масквы. У красавіку 1660 году той жа віцебскі ваявода Бабарыкін атрымаў новы царскі «указ», што загадваў «взять к Москве розных дел мастеров... иконописцев, токарного и деревеного дела мастеров» і таму падобных[129]. Зноў паўтарылася папярэдняя гісторыя «сыскивания» гэтых майстроў у Беларусі і выпраўленьне іх у Маскву пад канвоем.
Абэцэдарскі, ведама, у сваёй брашуры пра падобныя факты зусім ня згадвае, а таму паводле ягонага сьцьверджаньня і выходзіць, што перасяленчая хваля таго часу ў Маскоўшчыну была ня толькі «дабраахвотнай», але й «патрыятычнай». Майстры вывозіліся разам зь сем'ямі й вучнямі.
У сувязі з тым што Абэцэдарскі вандраваньне беларускага сялянства ў тым часе, сялянскія паўстаньні і да т.п. апранае ў той жа «рускі патрыятызм», неабходна згадаць пра наступныя гістарычныя падзеі. Зразумела, следам за агульнай савецкай гістарыяграфіяй падзеі гэтак званага «смутного времени в истории России» пачатку ХVІІ стагодзьдзя ён можа назваць «патриотической борьбой русского народа против польской и шведской иностранной интервенции». Аднак жа, прыкладам, «самозванец Лжедмитрий» дабраўся да Масквы толькі дзякуючы падтрымцы з боку сялянства й гарадзкіх нізоў Маскоўшчыны, у тым ліку й дзякуючы падтрымцы Балотнікава, які ў тым часе ачольваў там сялянскае паўстаньне. З гэтага аднак ніхто з паважных гісторыкаў ня зробіць высновы, што тады сялянства й гарадзкія нізы Маскоўшчыны выявілі нейкі «прапольскі» ці «пралітоўскі» патрыятычны парыў. Таксама, калі ў часе вайны 1654-1667 гадоў сялянства ў Вялікім Княстве бунтавалася, сялянства самое Маскоўшчыны ўцякала на Дон, на Ўрал і за Ўрал. Як і ў Вялікім Княстве, бушавалі тут і лякальныя сялянскія паўстаньні, аднолькава спальваючы й рабуючы маёнткі памешчыкаў. У Маскоўшчыне тады нарастала й ведамая «крестьянская война», узьнятая Сьцяпанам Разінам.
І вось, паводле Абэцэдарскага, вынікае, нібы сялянства нашай краіны ў падобных выпадках абавязкова павінна было кіравацца нейкім «рускім патрыятызмам», але гэтакі падыход аўтар ніякім чынам не хоча стасаваць да сялянства Маскоўшчыны. Мы далёкія ад таго, каб пазбаўляць сялянства нацыянальных пачуцьцяў, але ж трэба заставацца ў межах гістарычнай рэальнасьці ды ўлічваць сацыяльную псыхалёгію й інтарэсы паасобных пластоў грамадзтва.
Беларуская культура эпохі Вялікага Княства Літоўскага
Прафэсар Абэцэдарскі паказвае сябе і найбольшым знаўцам у галіне гісторыі беларускай культуры. Праўда, чытаючы ягоныя выказваньні, ня можна ня вынесьці ўражаньня, як ён шкадуе, што беларускія навукоўцы ў БССР, праламаўшы сьцяну забаронаў, апошнім часам пачалі паважна займацца вывучэньнем гісторыі беларускай культуры, выдаўшы колькі каштоўных працаў. Як ведама, раней Масква проста забараняла кранаць гісторыю беларускае культуры, і гэта рабілася дзеля таго, каб прасьцей было ствараць байкі пра адсутнасьць культуры беларускага народу, або падаваць яе як простае пазычаньне культуры «великого русского народа». Па тых часох, праўдападобна, і сумуе прафэсар, бо сапраўды беларускія навукоўцы ў БССР цяпер выразна адкінулі ўсе гэтыя байкі ды канстатавалі, што беларуская культура, разьвіваючыся ў шчыльнай сувязі з культурным працэсам на Захадзе, мела вялікі ўплыў і на культурнае разьвіцьцё самой Маскоўшчыны. Тут, зразумела, мы маем на ўвазе культурны працэс ХV-ХVІІ стагодзьдзяў.
Гаворачы пра беларускую культуру эпохі Вялікага Княства Літоўскага, Абэцэдарскі намагаецца давесьці нікчэмнасьць заходнеэўрапейскіх культурных уплываў. Поводле яго, тыя ўплывы, якія даходзілі сюды, прыносілі болей шкоды, чым карысьці, бо яны быццам бы прысьпешвалі дэнацыяналізацыю й акаталічваньне беларускага народу. Між іншага, у адным месцы і сам Абэцэдарскі сьцьвярджае, што ня можа быць чыста нацыянальнай культуры, што культура, замкнёная ў вузка нацыянальных межах, ня можа разьвівацца, што, нарэшце, культура – гэта творчы здабытак усіх народаў. Згэтуль і павінна была б вынікаць выснова, што культурныя ўплывы й культурныя пазычаньні, скуль бы яны ня браліся, трэба было б разглядаць, як нармальную зьяву. Але прафэсар паклікаецца на гэтую існасьць толькі дзеля таго, каб паказаць «правамернасьць» культурных уплываў і пазычаньняў, што йшлі з Маскоўшчыны ці вынікалі з культурных сувязяў паміж славянскімі народамі. Што ж да культурных сувязяў з Захадам і культурных уплываў адтуль, дык тут наш «славянафіл» Абэцэдарскі зноў пляжыць тых жа беларускіх «буржуазных нацыяналістаў». Быццам яны, кажучы пра гэтыя ўплывы, зьніжаюць гэтым самым «творчыя здольнасьці беларускага народу» й ня бачаць «самабытных зярнятак» у ягонай культуры. Абэцэдарскі, як бачна, добра валодае асновамі ленінскай дыялектыкі.
Ён, праўда, не выключае і ўплыву беларускае культуры на культурнае разьвіцьцё Маскоўскай дзяржавы. Але ў гэтым выпадку прафэсар чамусьці абмяжоўваецца пераважна ХVІІ стагодзьдзем. Больш за тое, ён імкнецца давесьці, што вызначальным быў ня ўплыў беларускае культуры ў Маскоўшчыне, а ўплыў «рускае культуры» на культурны працэс у Княстве. Для пацьверджаньня тут ён сягае і да гэтак званае «культурнае першаасновы» – «багацейшай культурнай спадчыны старажытнай Русі»; і да друкароў Івана Фёдарава й Пётры Мсьціслаўца (паводле Абэцэдарскага, абодва яны рускія), што «вялікую ролю адыгралі ў развіцці беларускага кнігадруку» ды «асабіста сустракаліся з Сымонам Будным»; і да «рускіх вальнадумцаў» Ф.Касога й старца Арцёма, якія быццам бы запачаткавалі ў нашай краіне рэфармацыйны рух ды як бы судзеілі «фармаванню светапогляду Сымона Буднага»; і да тых «фактаў», як «з Расіі ў Беларусь вывозіліся рукапісныя кнігі» ці як «зь сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя значная частка кніг ішла з Масквы ў беларускія гарады "безденежно"»; і да таго, што быццам бы ў ХVІ-ХVІІ стагодзьдзях «тагачасны беларускі царкоўны жывапіс развіваўся пад уплывам рускага царкоўнага жывапісу» ды ў Вялікім Княстве поўна было іконаў «маскоўскай работы». Дарэчы, як завяршае Абэцэдарскі, тагачаснае культурнае разьвіцьцё ў Княстве нібыта залежала ад гандлю з Маскоўшчынай, бо гэты гандаль якраз судзеіў «агульнаму эканамічнаму ўздыму» беларускіх гарадоў ды разам з гэтым і ўздыму беларускай культуры.
Перш чым закрануць парушаныя тут Абэцэдарскім пытаньні, зацытуем наступнае сьведчаньне савецкага расейскага навукоўца (як вынікае, да беларускіх навукоўцаў прафэсар ставіцца скептычна, а таму мы ня будзем зьвяртацца да іх):
«Не случайно, что проникновение в Россию иностранной культуры шло именно через Белоруссию и Украину..., в которых приобщение к западной культуре шло значительно более быстрыми темпами, чем в центральных областях России. В Киеве, как известно, Академия была создана на несколько десятков лет ранее, чем в Москве, и из числа воспитанников этой Академии вышло немало будущих деятелей в области просвещения в России. Следует также указать, что книги, изданные на Украине и в Белоруссии, несмотря на то что они подвергались гонениям в Московской Руси, получили большое распространение в различных кругах руского общества. Книги эти пользовались спросом и расходились на Руси не только в подлинниках, но и в многочисленных списках и переводах.»[130]
Гэтак канстатуе С.П.Лупаў у сувязі з разглядам дзейнасьці «самой крупной фигуры» ў гісторыі культуры Маскоўшчыны Сымона Полацкага. Не палохаючыся «заходнеэўрапейскіх культурных уплываў», яшчэ больш пераканаўча пра тагачасную беларускую культуру і яе ўплыў на культурнае разьвіцьцё ў Маскоўшчыне пісаў І.Н.Галянішчаў-Кутузаў у сваёй працы «Итальянское Возрождение и славянские литературы ХV-ХVІ веков» (Масква, 1963). Як вынікае, усё ж была беларуская культура, уплыў якой быў «вырашальным» для самой «рускай культуры», а не наадварот.
Безумоўна, Абэцэдарскаму даволі лёгка даводзіць, паклікаючыся, прыкладам, на іконы «маскоўскай работы». Пра гэныя іконы напісаныя тысячы дасьледваньняў і выдадзеныя раскошныя рэпрадукцыі, а самі яны «зь любасьцяй» захоўваюцца ў шмат якіх галерэях і чысьценькіх турыстычных царкоўках ды «ныне действующих» саборах. Разгорнем, прыкладам, такія выданьні, як шматтамовыя «История русского искусства», «Искусство» паасобных расейскіх гарадоў і сабораў, «Третьяковская галерея» й да т.п., і мы неўзабаве апынемся пад уплывам гэтых довадаў ды з сумам сьцьвердзім: якія мы, беларусы, бедныя. Бо што ж ад згаданай тут савецкай «атэістычнай» практыкі сяньня засталося ў Беларусі?! Дарэмна мы будзем шукаць падобныя шыкоўныя выданьні пра «искусство» Беларусі ці цешыць сябе думкай наведваньня раскошных мастацтвам галерэяў. Гэтага ў нас проста няма. Абэцэдарскі мае магчымасьць зазірнуць у музэі БССР, цэрквы, касьцёлы і саборы на тэрыторыі Беларусі. Тут ён таксама знойдзе тое ж нічога. Бо гэтыя музэі пустыя ці, праўдзівей, захоўваюць толькі плякатныя малюнкі зь гісторыі «Великой Октябрьской революции» й «Великой Отечественной войны», або партрэты «великих русских полководцев». Дарэчы, яны й названыя імёнамі Суворава, Кутузава й г.д. Бо «дбалая рука» актывістаў ад мастацтва, а таксама калгасных, каапэратыўных ды іншых складоў ці розных майстроўняў зьнішчыла ўсё тое, што захоўвалася ў цэрквах, касьцёлах і саборах, дый ад самых іх засталіся толькі шкілеты будынкаў. Калі ж Абэцэдарскі не жадае прайсьціся па гэтых руінах, дык яму варта было б зазірнуць у часапісы «Неман», «Полымя», «Маладосьць», у газэту «Літаратура й мастацтва», у якіх часта зьмяшчаюцца адпаведныя нарысы, карэспандэнцыі, пратэсты.
Як ведама, мастацкія каштоўнасьці нашае слаўнае Вільні перададзеныя сяньняшняй Летуве, і сталіся скарбам летувісаў. Да 1939 году ў Нясьвіжы захоўвалася багатая прыватная мастацкая галярэя князёў Радзівілаў. Спачатку яна трапіла ў Менск, тады пасьля вайны найбольшая частка ейных каштоўнасьцяў была перададзеная Польшчы. Частка недзе загінула, а рэшта трапіла не ў музэі Менску, але ў «дзяржаўныя» сховішчы. У розныя часы гінулі ці вывозіліся ў Маскву, Пецярбург ды Варшаву мастацкія каштоўнасьці іншых прыватных і непрыватных калекцыяў.
Савецкія аўтары, зразумела, са смакам згадваюць, як калісьці мастацкія й кніжныя каштоўнасьці спальваліся інквізытарамі. Аднак жа на такія факты багатая й савецкая рэчаіснасьць у Беларусі, пра што сьведчыць згаданае тут руйнаваньне цэркваў, касьцёлаў і сабораў зь іхнымі мастацкімі ды архітэктурнымі каштоўнасьцямі. Прыкладам, у нарысе «Дарога ў сто год»[131] Кастусь Цьвірка паведамляе пра «нядаўнае зьнясеньне» вуніяцкае царквы ў вёсцы Жукаў Барок. У царкве захоўвалася, як піша ён, «шмат кнігаў, у тым ліку старажытных, а таксама рукапісных». Усе яны былі перавезеныя ў Стоўбцы й... тут ім знайшлося месца толькі ў гарадзкой «качагарцы». Кнігі гэтыя, якіх «было можа дзьвесьце, цэлая гара... і друкаваныя, і так, ад рукі пісаныя, якім было мо па тысячы гадоў – тоўстыя, счарнелыя», як паведаміў Цьвірку адзін з качагараў, усе спалілі. Вандраваньнем кнігаў з гэтае царквы ў стаўбцоўскую качагарку кіраваў Стаўбцоўскі раённы выканаўчы камітэт саветаў. Як згадвае Кастусь Цьвірка, у гаражы гэтага камітэту захоўваюцца яшчэ кнігі, перавезеныя сюды зь Вялікасульскай царквы, але паведаміць пра іх у Менск «дасюль тут яшчэ не сабраліся». Ці ж гэта не вымоўны прыклад дзейнасьці сучасных інквізытараў?! А гэты ж прыклад не адзіны, а адзін з тысячаў тых, што здараліся й здараюцца ў БССР. Вось чаму, як сьцьвярджалі ў падобных нарысах А.Мальдзіс, С.Александровіч дый іншыя, сяньня немагчыма адшукаць, прыкладам, багатае кніжнае калекцыі, што калісьці захоўвалася ў Слуцку.
Вось жа сярод такой пустыні, што зрабілі тут цяперашнія гаспадары, цяжка сказаць, напрыклад, якое было іканапіснае мастацтва ў Вялікім Княстве Літоўскім і чым яно розьнілася ад «іконаў маскоўскай работы». Сваім часам гэтым пытаньнем займаліся акадэмік Ластоўскі й мастацтвазнаўца Шчакаціхін, але за гэта яны й былі зьнішчаныя. Як ведама, у Кракаве захаваліся вартасныя з мастацкага гледзішча іканапісныя фрэскі, маляваныя беларускімі майстрамі за Ягайлам і Казімірам. Але й яны не дасьледваныя і ня выдадзеныя ў рэпрадукцыях.
У сваёй кроніцы Стрыйкоўскі пісаў, што ў адной старой драўлянай царкве Віцебску ў 1573 годзе ён сам аглядаў партрэт на ўвесь рост Альгерда і ягонае жонкі Ўльляны. Партрэт Альгердавага сына Лінгвена-Сямёна з жонкай Сонькай яшчэ ў канцы ХІХ стагодзьдзя захоўваўся ў Ануфрыеўскім манастыры каля Амсьціслава, а партрэты слуцкага князя Сямёна Аляксандравіча й ягонае жонкі Анастасі калісьці віселі ў Траецкай царкве ў Слуцку. У згаданай калекцыі Радзівілаў быў таксама партрэт апошняга зь цьверскіх князёў – князя Міхала Барысавіча, што ў 1485 годзе змушаны быў асесьці ў Вялікім Княстве Літоўскім. Дарэчы, пра партрэты ды іншыя жанры малярства шмат згадваецца ў гэтак званых спадчыных актах, а партрэтаў вялікіх князёў, князёў Радзівілаў, Сапегаў ды іншых шмат захавалася. Гэта значыць, што ў нашай краіне ня толькі йснавала іканапіснае мастацтва, але тут быў разьвіты, прыкладам, партрэтны жанр, які сваім парадкам сябраваў з тымі ж іконамі ў цэрквах. Наагул жа некаторыя цэрквы й касьцёлы захавалі фрэскавыя росьпісы з простага сьвецкага жыцьця.
Як вынікае, пры ацэнцы культурных здабыткаў і выяўленьні тых ці іншых ўплываў ніяк не выпадае абмяжоўвацца толькі іконамі. Дарэчы, у часе вайны 1654-1667 гадоў у Маскву з Вялікага Княства вывозіліся майстры-«иконописцы», якія, магчыма, цаніліся больш, чым «іконы маскоўскае работы», што тым ці іншым шляхам траплялі ў Княства. А чым славяцца Васкрасенскі манастыр на рацэ Істры, царскі Каломенскі палац, іканастас Смаленскага сабору маскоўскага Новадзявочага манастыра дый іншыя, аздобленыя беларускімі майстрамі, тады ж вывезенымі ў Маскву?
Да нейкіх культурных пазычаньняў ці ўплываў нельга аднесьці і вываз з Маскоўшчыны ў Вялікае Княства «рукапісных кнігаў». Асабліва ў другой палове ХV стагодзьдзя рукапісныя кнігі таксама вывозіліся з Княства ў Маскоўшчыну, у сувязі з чым тут тады й пачала пашырацца «ересь жидовствующих». Пасьля ўпадку Канстантынопаля й заняцьця туркамі Балканаў адсюль прыехала ў Маскву шмат манахаў, якія й прывезьлі з сабою вялікую колькасьць рукапісных царкоўных і сьвецкіх кнігаў. Гэта, як ведама, спрычынілася да таго, што тагачасная расейская літаратурная мова перажыла гэтак званы «другі паўднёваславянскі ўплыў», г.зн. пазычыла шмат элемэнтаў з баўгарскае мовы. Такіх рукапісных кнігаў шмат прывёз з сабой і Максім Грэк, які спецыяльна быў запрошаны ў Маскву, каб тут выправіць тэксты царкоўна-літургічнае літаратуры. Гэтым наплывам у Маскоўшчыну рукапісных кнігаў мог і тлумачыцца вываз адсюль у Вялікае Княства тых ці іншых неабходных рукапісаў, што аднак нічога супольнага ня мела з «культурнымі запазычаньнямі».
Нядаўна выдадзеныя ў БССР зборнік «450 год беларускага кнігадрукавання» й двутомавая «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» істотна дапоўнілі нашыя ўяўленьні пра культурны працэс эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Але гэта толькі пачатак вывучэньня нашае культурнае спадчыны, бо ў гэтай галіне зроблена яшчэ занадта мала. Не дасьледваная нават тая багатая кніжная прадукцыя, што выпускалася шмат якімі друкарнямі на тэрыторыі Беларусі; не напісаная сэрыя навуковых біяграфіяў хоць бы найвыдатнейшых нашых гуманістаў і асьветнікаў; некранутым дзірваном ляжаць малярства, архітэктура і г.д. З гэтага гледзішча запраўды навінкай ёсьць зьяўленьне манаграфіі С.Падокшына пра рэфармацыйныя рухі ў Вялікім Княстве, што выйшла ў Менску ў 1970 годзе[132]. Да нас яна яшчэ не дайшла, але думаецца, што гэтае дасьледваньне шмат у чым дапоўніць і выправіць працы на гэтую тэму польскіх ды іншых гісторыкаў[133].
Абэцэдарскі схіляе галаву перад нашымі гуманістымі й асьветнікамі – Ф.Скарынам, С.Будным, В.Цяпінскім, С. і Л.Зізанямі (Кукалямі), М.Сматрыцкім, хоць, праўда, крыху далей у сваёй брашуры ён падкрэсьлівае, быццам іхная дзейнасьць кіравалася супраць «заходняга ўплыву, звязанага з каталіцкай агрэсіяй». Нібы канстатуючы гэтакі факт, Абэцэдарскі нават не пацікавіўся, чаму, прыкладам, Ф.Скарына – гэты «барацьбіт супраць заходняга ўплыву і каталіцкае агрэсіі» – не перабраўся ў гэтак званую «праваслаўна-артадаксальную» Маскоўшчыну, але выехаў у каталіцкую Чэхію ды стаў там садоўнікам-батанікам «рэакцыянера» Фэрдынанда І. Вынікае, што Скарына безь якое-колечы дапамогі Абэцэдарскіх сам мог адрозьніць зерне гуманізму й навукі як ад тае каталіцкае агрэсіі, гэтак і ад праваслаўна-артадаксальнага абскурантызму. Дарэчы, за свой «Катэхізіс» Сьцяпан Зізані нават у Вялікім Княстве быў адлучаны ад праваслаўнае царквы, а такі ж «Катэхізіс» Лаўрэна Зізаняга быў прызнаны «еретическим» у Маскве. Што ж да Сматрыцкага – гэтага выдатнага палеміста супраць царкоўнае вуніі й вуніятаў, – дык пад канец свайго жыцьця і ён адыйшоў ад праваслаўя ды быў нават Полацкім вуніяцкім біскупам.
Кідаючыся вось у такія скрайнасьці, прафэсар забываецца, што, прыкладам, Ф.Скарына, С.Будны, М.Сматрыцкі дый іншыя беларускія дзеячы былі высокаадукаваныя людзі. Яны маглі ўзьняцца крыху вышэй і над каталіцтвам і над праваслаўем, над рэфармацыйным рухам наагул, прымкнуўшы да больш рацыянальнае плыні – да гуманізму.
Дарэчы, чым жа характэрная і дзейнасьць Сымона Полацкага? Апынуўшыся ў Маскве, Сымон Полацкі найперш тут заснаваў і быў рэктарам першае сьвецкае школы, што пачала рыхтаваць урадоўцаў для дзяржаўных установаў. Ён таксама стаўся заснавальнікам і кіраўніком гэтак званае «школы лацінікаў», г.зн. гуртка людзей, што адыходзілі ад царкоўнага фанатызму, выступалі за разьвіцьцё сьвецкіх навукаў і збліжэньне Маскоўшчыны з больш культурным Захадам. Гэтым сама Сымон Полацкі падрыхтаваў глебу для адкрыцьця ў Маскоўшчыне першае вышэйшае школы – Славяна-грэцка-лацінскай акадэміі ды быў першы, хто пачаў прасякаць «окно в Европу». Апрача таго, Сымон Полацкі – ня толькі заснавальнік расейскае драматургіі й тэатру, але й «первый по времени русский поэт, творчество которого уже опиралось на определенную систему поэтического стиля», бо «он первый внес в русскую литературу поэзию как художественную форму, первый ремесло пиитического рифмотворения поднял до уровня искусства»[134].