355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Паўла Урбан » У сьвятле гістарычных фактаў » Текст книги (страница 7)
У сьвятле гістарычных фактаў
  • Текст добавлен: 15 апреля 2017, 03:00

Текст книги "У сьвятле гістарычных фактаў"


Автор книги: Паўла Урбан


Соавторы: Паўла Урбан

Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 13 страниц)

Чаго тут больш: рэлігійнага ці нацыянальнага зьместу? Бясспрэчна, рэлігійнага, пра што таксама сьведчыць і зацытаваны вышэй выраз: «литвин белоруские веры». Як ужо згадвалася, за тым часам і сам Багдан Хмяльніцкі зваўся «вялікім гетманам Белай Русі», як, прыкладам, яго называў у 1649 годзе македонскі мітрапаліт Галактыён, які тады сустракаўся з Хмяльніцкім. У змаганьні з Польшчаю Багдан Хмяльніцкі перадусім спасылаўся на абарону праваслаўных і праваслаўя. З тае ж сама рэлігійнае прычыны ў 1632 годзе зьяўляецца «беларускі біскуп» Амсьціслаўскае епархіі, што пасьлей была перайменаваная ў Магілеўскую епархію.

Царкоўная вунія 1596 году прывяла да брутальнага ўціску праваслаўных, што мацней трымаліся на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага і Ўкраіны. Гэтае драматычнае становішча крыху зьмянілася пасьля 1632 году, калі памёр кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза. Была адноўленая праваслаўная Кіеўская мітраполія ды разьмежаваныя вуніяцкія ды праваслаўныя цэрквы й манастыры. Праваслаўныя атрымалі больш і палітычных правоў, але рэлігійна-палітычны ўціск трываў далей. У гэтых абставінах зразумелым было замацаваньне згаданае вышэй тэрміналёгіі. Але, паўторым, яна замацоўвалася не ў нацыянальным, а ў рэлігійным тагачасным значаньні.

У сваіх нарысах пра Флярэнтыйскую царкоўную вунію згадваны вышэй манах Сямён Суздальскі называў маскоўскага вялікага князя ня толькі «истинным православным великим князем», але і «белым царем всея Руси», укладаючы ў гэта адзін і той жа зьмест. Наагул, ужо тады высьпявала ведамая тэорыя «Масква – трэйці Рым», якая з асаблівай сілай выступіла ў афіцыйным памфлеце «Слово избрано от святых писаний еже на латыню», што зьявіўся ў 1461-1462 гадох. У гэтым памфлеце акрэсьліваецца ідэя гэтак званага перамяшчэньня праваслаўя й наагул Хрыстовае веры ў Маскоўшчыну, г.зн. ідэя Маскоўшчыны як цэнтру хрысьціянства й абароньніцы праваслаўя. Згэтуль і выразы: «истинное в вере православие», «святая церковь в Белой Руси», «боговенчанный православию царь всея Руси» ды іншыя. Адным словам, як і ў выпадку сяньняшняга савецкага марксізму-ленінізму, ужо тады замацоўвалася ідэялёгія «сусьветнага мэсіянства», якую неўзабаве найкарацей сфармуляваў пскоўскі манах Філафей ды якая пасьля паўтаралася пры кожнай нагодзе: «Да веси... яко вся християнская царства приидоша в конец и снидошася во едино царство нашего государя по пророческим книгам, то есть Российское царство. Два убо Рима падоша, а третий стоит, а четвертому не быти». Бліжэйшай да ХVІІ стагодзьдзя была формула «Уложенной грамоты» 1589 году, якой замацоўвалася ўзьнікненьне маскоўскага патрыяршаства:

«Понеже убо Ветхий Рим падеся Аполинариевою ересью, вторый же Рим есть Костянтинополь, агарянскими внуцы от безбожных турок обладаем; твое же, о благочестивый царю, великое Российское царство, третий Рим благочестием всех превзыде, и вся благочестивая царствия в твое в едино собрася и ты един под небесем хрестьянский царь, именуешись во всей вселенней, во всех християнех».

Гэтая даволі амбітная ідэалёгія разьвівалася тады перадусім у сувязі з палітыкай «собирания русских земель», у сувязі з наступам на Вялікае Княства Літоўскае. «Абаронцамі» праваслаўных у Вялікім Княстве выступалі і Іван ІІІ, і Васіль ІІІ, і Іван ІV Жахлівы, ведама, разумеючы гэтую сваю «абарону» як выкарыстаньне рэлігійнага моманту ў палітычным змаганьні зь Вялікім Княствам. Адсюль афармленьне «истинного», або «белого», праваслаўя, «белого царя» й «Белой Руси» ды пашырэньне гэтае тэрміналёгіі, ведама, разам з заваёвамі, на нашыя ўсходнія землі.

Што да запраўднага назову нашага народу тых часоў, дык тут мы скіруем нашых чытачоў да згаданага вышэй артыкулу Язэпа Юхо. Прааналізаваўшы архіўныя дакумэнты й кронікі, ён прыйшоў да наступнае высновы:

«У афіцыйных дакумэнтах ХVІ-ХVІІІ стагодзьдзяў, апроч "Літвы", для ўсяе тэрыторыі Беларусі другога найменьня наагул не існавала, і ўвесь народ называлі Літвою. У нашай жа гістарычнай літаратуры да цяперашнага часу ігнаруюць гэтае найменьне народу, якое ён насіў больш чым 500 гадоў»[88].

«НАРОДАПРАЎСТВА» І «ЗАЛАТЫ ВЕК»

Гэтак саркастычна загалоўлены наступны разьдзел брашуры Абэцэдарскага (б.41-57). У гэтым разьдзеле аўтар разглядае сацыяльнае й праўнае становішча сялянства ды гарадзкога жыхарства ў Вялікім Княстве Літоўскім, выступаючы адначасна супраць тых, што «заяўляюць, што прыгон у Беларусі быў лягчэйшы, чымся ў іншых гаспадарствах, і шмат лягчэйшы, чымся ў Расеі», ды ствараюць такую ж ідылію й каля стану гарадзкога жыхарства. Адным словам, паводле Абэцэдарскага, «буржуазна-нацыяналістычныя фальсіфікатары гісторыі ўпэўніваюць, што ў Расеі феадальны прыгнёт быў значна мацнейшы, чым у Вялікім княстве літоўскім»» не беручы нават на ўвагу тое, што «ў Беларусі прыгоннае права было ўстаноўлена ў 1588 г., а ў Расеі – у 1649 г., на 60 гадоў пазней» (б.47).

Спасылаючыся на паведамленьні чужаземцаў, што наведалі Беларусь, на паведамленьні польскіх публіцыстаў, а таксама на гістарычныя акты, адмыслова падабраныя ім, Абэцэдарскі імкнецца давесьці адваротнае, а гэта, што, раўнуючы да Расеі, у гэтым дачыненьні Вялікае Княства было краем «суцэльнага нявольніцтва». Праўда, у адным месцы ён усёткі прызнае, што «ў ХVІІ ст., калі ў Расіі феадалы ўжо амаль усюды вялі паншчынную гаспадарку, ступень феадальнага прыгнечання беларускіх і рускіх сялян стала прыкладна аднолькавай» (б.48).

Наколькі нам ведама, ніхто на эміграцыі сацыяльнымі пытаньнямі ў Вялікім Княстве Літоўскім не займаўся. Гэтыя праблемы парушаліся беларускімі навукоўцамі ў 1920-х гадох і ў БССР імі зацікавіліся цяпер. Такім чынам, сваю крытыку Абэцэдарскі скіроўвае супраць «буржуазна-нацыяналістычных фальсіфікатараў гісторыі» ў самой БССР. Як бачым, прафесару, а фактычна Маскве, не падабаецца, што беларускія навукоўцы даволі сьціпла наважыліся разьвеяць міт савецкае гістарыяграфіі, паводле якога Расея заўсёды выступала «вызвольніцай» ня толькі ад «нацыянальнага» й «духоўнага» прыгнечаньня, але і ад прыгнечаньня сацыяльнага.


Становішча калгасьніка ў СССР-БССР

Як і ў іншых выпадках, пры разглядзе сацыяльных дачыненьняў у Вялікім Княстве Абэцэдарскі зусім абстрагуецца ад сучаснага становішча ў СССР. Аднак якраз у Савецкім Саюзе сканцэнтравалася ўсё тое «рабства-нявольніцтва», якім так вольна шантажуе Абэцэдарскі, спасылаючыся на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Возьмем, прыкладам, становішча ў Княстве нявольнікаў (тут нявольніцтва пачало адміраць на пачатку ХVІ стагодзьдзя і наагул было скасаванае Статутам 1588 году). Працаздольныя нявольнікі, у тым ліку й жанчыны, на пражыцьцё на асобу атрымлівалі на год 4 бочкі збажыны, пераважна жыта. Калі лічыць, што адна бочка зьмяшчала 285 кг жыта (былі таксама й большыя), дык на год гэты нявольнік атрымліваў 1.140 кг жыта. У тым выпадку, калі нявольніцкая сям'я мела свой надзел зямлі («бонду», або «прыробку»), ёй дадавалася яшчэ па паўтары копы жыта на год на кажнага працаздольнага чалавека.

Зьвернемся цяпер да матар'яльнага становішча калгасьніка ў СССР і ў паасобку ў БССР. Да вайны на свой «працадзень» калгасьнік у БССР атрымліваў каля 200-500 грамаў дый шмат менш гэтак званае «гірсы», а ад сваіх прыватных «сотак» сям'я калгасьніка мусіла яшчэ выплочваць дзяржаве ня толькі грашовы падатак, але й падатак мясам, малаком, яйкамі. Падлічыце гэты «заможны» дастатак савецкага калгасьніка!

Пасьля вайны доўгі час калгасьнікі БССР наагул нічога не атрымлівалі за сваю «паншчыну» ў калгасе[89], але з тых жа сваіх «сотак» мусілі выплочваць ня толькі падатак грашыма, мясам, малаком ды яйкамі, але й падатак збожжам, якое яны змушаныя былі вырошчваць на гэтых сваіх сьлёзных «сотках». Агледзеўшыся, што без «матэрыяльнай зацікаўленасці» (з паўгалоднымі рабамі) камунізму не пабудуеш, сваім часам гэты жахлівы стан зьмяніў Хрушчоў, скасаваўшы прымусовыя падаткі (мізэрныя грамы на свае працадні калгасьнікі БССР пачалі атрымліваць крыху раней). Але гэта сталася пасьля сьвяткаваньня 40-годзьдзя «заможнага жыцьця» – на парозе «пераходу ад сацыялізму да камунізму».

Дарэчы, зірнем на сучаснае становішча савецкага калгаснага сялянства. У другой палове лютага 1971 году ў Менску адбыўся ХХVІІ зьезд кампартыі Беларусі. З дакладу на гэтым зьезьдзе першага сакратара гэтае партыі П.М.Машэрава мы дазнаёмся, што пачынаючы ад 1965 году «даходы калгаснікаў ад грамадскай гаспадаркі выраслі на 60 працэнтаў» і ў 1970 годзе іхны «сярэднемесячны заработак склаў 55 рублёў, а механізатараў – 102 рублі». Паводле Машэрава, «у новай пяцігодцы» (г.зн. да 1975 году) гэтыя «даходы калгасьнікаў ад грамадскай гаспадаркі ўзрастуць на 42 працэнты»[90] і, такім чынам, можна спадзявацца, што да 1975 году «сярэднемесячная зарплата» калгасьнікаў дамкне да 78 рублёў, а гэтых «механізатараў» (трактарыстаў і г.д.) – да 145 рублёў. Ад гэтае сумы трэба яшчэ адкінуць 9%, што ідуць на сплочваньне «падаходнага падатку». Наагул, як нам здаецца, гэтая «сярэднемесячная зарплата» вылічана з улікам шмат вышэйшага заробку калгасных кіраўнікоў, «выдатніцаў» сьвінарак, даярак дый іншых, вартасьць працадня якіх штучна завышаецца.

Аднак будзем выходзіць з гэтага «сярэднемесячнага» максімуму для асноўнае масы калгасьнікаў ды параўнаем яго з цэнамі некаторых тавараў і прадуктаў. З грашова-рэчавых лятарэяў, розыгрыш якіх адбыўся 2 лютага і 2-3 сакавіка 1971 году ў Баранавічах і Менску, мы дазнаёмся пра наступныя цэны: матацыкль «К-650М» – 1.400 рублёў, матацыкль «М-105» – 350 руб., ровар мужчынскі дарожны – 53 руб. 30 к. і жаноцкі – 57 руб. 60 к., халадзільнікі «ЗІЛ-Масква» – 335 руб., «Мінск-5» – 265 руб., «Днепр-2» – 250 руб. і «Саратаў-2» – 150 руб., тэлевізары «Гарызонт» – 430 руб., «Зорка-2» – 336 руб., «Рэкорд-68» – 270 руб., пральныя машыны «Вална-59» – 125 руб., «Тула-6» – 100 руб. і «Ака-3» – 85 руб., радыёпрыёмнікі «Акіян» – 121 руб. 02 к., «Спідола ВЭФ-201» – 93 руб. 02 к. і «Мікрон-5» – 22 руб. 90 к., радыёлы «Сірыус» – 79 руб. 60 к. і «Рэкорд-68» – 72 руб., электрычны апарат для выцісканьня соку – 35 руб., фатаапараты «Зоркі-10» – 100 руб., «ФЭД-ЗЛ» – 47 руб. і «Чайка-2» – 23 руб., пыласмокі «Уралец» – 53 руб. і «Буран» – 42 руб., дыван берасьцейскі – 180 руб., дыван віцебскі – 67 руб., дарожка дывановая памерам 3 х 1 м. – 30 руб., абрус і 12 сурвэтак – 30 руб., 6 нажоў і відэльцаў – 17 руб. 70 к., коўдра ваўняная – 17 руб. 50 к. – 24 руб., залаты жаночы гадзіньнік – 95 руб. 50 к., пазалочаны – 26 руб. і пазалочаны мужчынскі – 40 руб. 70 к., ваўняны спартовы мужчынскі гарнітур – 61 руб. 30 к., трыкатажны ваўняны жаночы гарнітур – 57 руб. 40 к. – 65 руб. 40 к. – 72 руб. 40 к. (у залежнасьці ад памеру), трыкатажная ваўняная жаночая сукенка – 41 руб. 50 к. – 43 руб. 50 к. – 46 руб. (у залежнасьці ад памеру), хромавыя жаночыя боты – 40 руб., жаночае футра з аўчыны – 251 руб., набор жаночай бялізны – 10 руб. 18 к., сумка жаночая – 4 руб. 50 к., рукавіцы мужчынскія – 4 руб. 60 к. і жаночыя – 4 руб. 30 к., аўтамабіль «Масквіч-412» – 4.936 руб., аўтамабіль «Запарожац-966» – 3.500 рублёў, і г.д.[91]

Зь іншых паведамленьняў ведама, што, прыкладам, звычайны мужчынскі й жаночы плашч-дажджавік каштуе 55-60 руб., чаравікі скураныя – 30-45 руб., добры мужчынскі касьцюм – 120-150 руб., добрая кашуля – 30 руб. і капялюш – 15 руб. (гл. «ЛіМ» 29.01.1971, у рубрыцы «Вясёлая трасянка»). Звычайную кашулю можна купіць, пачынаючы ад 7 рублёў. Затое ў сыстэме «эканомікі No.2» (на чорным рынку) за мадэрны мужчынскі касьцюм можна заплаціць і 400 рублёў, а за «моднае манто» – 250 рублёў.

Што ж да прадуктаў, дык, як ведама, 1 кг цяляціны і сьвініны тут каштуе 3 руб., звычайнай ялавічыны – 2 руб., а «філе» – 2 руб. 96 к., бараніны – 1 руб. 90 к., гусяціны – 2 руб., звычайнай каўбасы – 3 руб., вяндліны – 3 руб. 70 к., яблыкаў – 1 руб. 50 к., таматаў – 5 руб., трускавак – 5 рублёў і г.д. Танна каштуюць толькі хлеб белы і чорны, бульба, бо, прыкладам, за 1 кг капусты трэба таксама заплаціць 1 руб. 50 к., а цыбулі – 1 рубель.

Як жа да такіх астранамічных цэнаў можа дапасавацца савецкае калгаснае сялянства ды ці толькі сялянства?!

Праўда, як у тым жа сваім дакладзе падкрэсьліваў Машэраў, «важнай крыніцай павышэння матэрыяльнага дабрабыту й культуры савецкіх людзей з'яўляюцца грамадскія фонды спажывання. У мінулым годзе ў нашай рэспубліцы яны перавысілі 2 міліярды рублёў і склалі ў разліку на душу насельніцтва ў сярэднім 223 рублі». Аднак жа з гэтых «грамадскіх фондаў спажывання» зусім мала скарыстоўвае калгаснае сялянства, бо, прыкладам, з гэтых фондаў аплочваюцца таксама «пуцёўкі ў санаторыі», а да апошніх маюць доступ звычайна кіраўнічыя партыйныя і савецкія працаўнікі, гэтак званая «творчая інтэлегенцыя» ды пару «герояў сацыялістычнай працы». Таксама праўда, што сем'і калгасьнікаў маюць свае прыватныя «соткі» (ад 0,25 да 0,50 га), але ж «соткі» гэтыя апрацоўваюцца не калгасамі і не дзяржавай, а потнай працай самога калгасьніка ды апрацоўваюцца ў вырваны ад калгаснае паншчыны вольны час. Ды паводле новага калгаснага «Ўставу» старшыням калгасаў цяпер дазваляецца «абразаць» гэтыя «прыватныя соткі» ў залежнасьці «ад працаздольнасці калгаснікаў».

Але справа ня толькі ў мізэрным становішчы сялянства ў СССР. Прыпомнім часы славутае калектывізацыі і тое, у які спосаб яна праводзілася. У гутарцы з Чэрчылем сваім часам Сталін прызнаўся, што тады было «раскулачаны» і высланы 1 млн. сялянскіх сем'яў, што таксама сьцьвярджаецца і ў сучасных савецкіх дасьледваньнях[92]. А колькі сялянскіх сем'яў сталі ахвярай штучнага голаду 1933-1934 гадоў на Ўкраіне ды ў іншых раёнах СССР? Абэцэдарскі тут можа запярэчыць, што «народ будаваў сацыялізм», а гэта вымагала ня толькі ахвяраў, але й зьнішчэньня «класавых ворагаў». Гэты савецкі штамп добра ведамы, толькі зь ягонай дапамогай цяжка апраўдаць звычайнае рабаўніцтва і генацыд. Бо для індустрыялізацыі СССР і ўмацаваньня ягонае ваеннае магутнасьці спатрэбілася «первоначальное накопление капитала». Адсюль наступ на сялянства й накіданьне яму даволі выгаднае для дзяржавы гэтае дзяржаўнае паншчыны. Супраціў сялянства быў зламаны сама брутальным чынам. Калісьці неабходны фактар «первоначального накопления капитала», спалучаны з рабаўніцтвам сялянства, стаўся трывалаю зьяваю.

Вось жа, перш чым аплакваць лёс беларускага сялянства часоў Вялікага Княства Літоўскага і бачыць у гэным лёсе суцэльнае «нявольніцтва», Абэцэдарскаму перадусім варта было б прасачыць сучасны лёс сялянства ў СССР і ў БССР. Тым болей што гэтае савецкае, лікам трэйцяе, «издание крепостничества» нейкім чынам зьвязанае таксама зь гісторыяй сялянства ў Расеі.


Нявольнікі ў ВКЛ і Маскоўшчыне

Аднак зьвернемся да сацыяльнага становішча сялянства ў Вялікім Княстве і Маскоўшчыне ў ХVІ-ХVІІ стагодзьдзях[93]. Мы ўжо згадвалі пра нявольнікаў, якія ў Вялікім Княстве выступалі як «челядь невольная». Нявольнікамі ў Вялікім Княстве Літоўскім былі: нявольнікі з паходжаньня; палоненыя ў войнах; крымінальныя злачынцы, якім захоўвалася жыцьцё; асобы, якія ўступалі ў сужэнства зь нявольнікамі ці нявольніцамі, і дзеці апошніх. Законам забаранялася нявольніцтва ў сувязі з пазыкай грошай і запазычанасьцяй. Літоўскі Статут 1529 году ў гэтым выпадку ўстанаўляў наступную практыку. Даўжнік у кожным часе мог сплаціць свой доўг з адпаведнымі працэнтамі, і на гэтым разьвітацца з тым, у каго ён пазычыў грошы. Калі ж у яго на гэта не было сродкаў, дык сваю запазычанасьць ён мусіў адпрацоўваць. Каб усьцерагчыся розных махінацыяў на некарысьць даўжніка, Статут удакладняў, што пры поўным забясьпечаньні ўтрыманьня ён адпрацоўваў за год на суму 15 грошаў; бяз гэтага ўтрыманьня – 30 грошаў для мужчыны й 20 грошаў для жанчыны. Законам забараняўся таксама гэтак званы «вольны» самапродаж у нявольніцтва, г.зн. не з прычыны запазычанасьці, а ў сувязі зь нястачай сродкаў для пражыцьця. Ён дазваляўся толькі ў гады галадоўлі, але пасля галадоўлі гэты «самапрадажны нявольнік» (або дзеці) зноў станавіўся вольным чалавекам.

Фактычна нявольнікамі маглі стацца гэтак званыя «закупы», або найміты – зьбяднелыя сяляне, якія садзіліся на чужую зямлю й пры гэтым дзеля свае новае гаспадаркі ўбіраліся ў даўгі. Аднак нявольнікамі яны станавіліся толькі ў тым разе, калі, не сплаціўшы доўг і ня выканаўшы дамоўленых забавязаньняў, уцякалі з гэтае зямлі. Такія «закупы» таксама не пакідаліся законам на прыхамаць новых гаспадароў. Статут 1529 году ўдакладняў, што яны маглі адпрацоўваць з разьлікам 15 грошаў для мужчыны й 10 грошаў для жанчыны на год.

У Вялікім Княстве Літоўскім згаданае тут нявольніцтва, пачынаючы ад канца ХV стагодзьдзя пачынае зьнікаць. Трэба адзначыць, што праваслаўная царква ў нашым гаспадарстве адмовілася ад усялякіх формаў нявольніцтва яшчэ ў ХІV стагодзьдзі. Нявольнікі пачынаюць атрымліваць волю як шляхам «прыватнага» вызваленьня, гэтак і шляхам забясьпечаньня іх зямлёй, зразумела з адпаведнымі праўнымі абмежаваньнямі. Працэс скасаваньня нявольніцтва асабліва адлюстраваўся ў зямельнай валочнай рэформе вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, якая пачала ўводзіцца ад 1557 году, крыху раней у падобнай рэформе, якую ўводзіла ягоная маці Бона. Калі зямельная рэформа Боны яшчэ згадвала пра «нявольную чэлядзь», дык рэформа Жыгімонта Аўгуста такой катэгорыі жыхарства ўжо ня ведае. Нявольнікі ў мінулым пераводзіліся ў адну з катэгорыяў сялянства, або прыдворных слугаў. Звычайна яны атрымлівалі надзел зямлі памерам ня менш за 3 моргі (адзін морг быў крыху меншы за адзін гэктар). Калі нявольніцкая сям'я была здольная апрацоўваць болей зямлі, яна магла атрымаць ня толькі 6 або 9 моргаў, але й цэлую валоку (у адной валоцы зьмяшчалася крыху больш за 21 гэктар). У апошнім выпадку адпаведна падвышаліся й падаткі. Гэты працэс скасаваньня нявольніцтва закрануў тады і прыватнаўласьніцкія гаспадаркі.

Літоўскі Статут 1588 году наагул скасаваў і забараніў усялякія формы нявольніцтва.

Цяпер зазірнем у гісторыю нявольніцтва ў Маскоўшчыне, якое там звалася «халопствам». Там існавалі тыя ж катэгорыі нявольнікаў, як і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Аднак да іх яшчэ дадаваліся: катэгорыя «самапрадажных» і «купленых» халопаў, якая афармлялася адпаведнымі дакумэнтамі й рэгістрацыяй у адпаведных установах, і катэгорыя «службовых», або «дабравольных» халопаў – цівуны, ключнікі дый іншыя, – якая дакумэнтальна не афармлялася, а ўважалася за халопаў паводле традыцыі. Як згадвалася вышэй, у Княстве гэтыя катэгорыі нявольніцтва забараняліся законам. Праўда, шэрагам законаў (Судзебнік 1550 г., «указы» 1555, 1556, 1558 і 1560 гадоў) у Маскоўшчыне гэтыя апошнія катэгорыі нявольніцтва крыху абмяжоўваліся. Было забаронена ўважаць за нявольнікаў згаданых «службовых» халопаў; было забаронена няволіць (пераводзіць у «поўныя халопы») гэтак званых «детей боярских» (г.зн. у абставінах нашай краіны – шляхту) да 15-гадовага веку, а таксама тых, хто ў дадзены момант быў патрэбны для вайсковае службы; наагул было забаронена рознымі махінацыямі і з ужываньнем сілы пераводзіць вольных людзей у халопы. Аднак у часе разгулу «апрычніны» (свайго роду «яжоўшчыны», калі зьвярнуцца да гісторыі СССР 1930-х гадоў) гэтыя законы фактычна ня мелі якое-колечы сілы.

Катэгорыя даўжнікоў у Маскоўшчыне звалася «кабальнымі людзьмі». «Кабальныя людзі» фактычна ўважаліся за вольных, бо мелі права стаць вольнымі пасьля выплаты ці адпрацаваньня свайго доўгу. Але яны звычайна маглі адпрацоўваць толькі працэнты – несьці «кабальную службу», або «служити за рост», а сам доўг мусіў сплачвацца імі самостойна. Працэнты («рост») былі даволі высокія – ад 25 да 30 ад пазычанае сумы. Гэта спрычынялася да таго, што даўжнікы фактычна «закабаляліся» на ўсё жыцьцё зь пераходам «кабалы» і на дзяцей. Гэта – патэнцыйныя халопы. У сувязі з гэтым Б.Д.Грэкаў пісаў у сваёй працы (б.125): «легко сделать вывод о трудности, доходящей порою до невозможности, для кабального человека погашения долга». Тут ён падае адзін з частых прыкладаў, узяты зь сярэдзіны ХVІ стагодзьдзя. Пазычыўшы ў манастыры 2 рублі грошай (каля 130-160 рублёў у пераводэе на валюту канца ХІХ стагодзьдзя), сялянская сям'я зь 5-ці працаздольных чалавек на 13-м годзе гэтае «службы за рост» здолела сплаціць усяго толькі 60% свайго доўгу. Адным словам, «служылая кабала» фактычна ператваралася ў звычайную паншчыну. Вось чаму вальмі часта «кабальныя людзі» проста пераводзіліся ў катэгорыю «поўных халопаў». Падобнае халопства забаранялася ўказам 1558 году, пры гэтым перавод кабальнага чалавека ў поўныя халопы забараняўся нават зь ягонае згоды. Аднак, паводле гэтага ўказу, да выплаты доўгу даўжнік «головой» перадаваўся грашадаўцу, г.зн. у тую ж няволю.

Гэтак званымі «Уложениями» 1586 і 1597 гадоў зноў было дазволена пераводзіць «кабальных людзей» у «поўныя халопы» (а таксама ў «дакладныя халопы»). Апрача таго, гэтым кабальным людзям наагул забаранялася выкупляць сябе на волю шляхам сплаты доўгу. Даўжнікы забавязваліся несьці «кабальную службу» да сьмерці сваіх грашадаўцаў. Гэтак ад канца ХVІ стагодзьдзя ў Маскоўшчыне нараджаецца яшчэ адна ўзаконеная катэгорыя нявольнікаў – «кабальныя халопы». Халопамі станавіліся й дзеці, што нараджаліся ў часе дзеяньня кабалы бацькоў. Больш за тое, паводле «Уложения» 1597 году ў «службовую кабалу» – г.зн. у «кабальнае халопства» – траплялі і гэтак званыя «дабравольныя халопы». Як мы маглі канстатаваць вышэй, апошняя катэгорыя халопства, або «служылыя халопы», забаранялася Судзебнікам 1550 году. Цяпер яна зноў аднаўлялася і ўзаконьвалася. Усё гэта было пацьверджана ўказам 1609 году.

Спасылаючыся на факт, што кабальнае халопства не перадавалася па спадчыне і канчалася зь сьмерцяй гаспадара-грашадаўца, некаторыя савецкія расейскія гісторыкі нават згадваюць пра працэс адміраньня нявольніцтва ў Маскоўшчыне наагул. Але ж тут існавала спадчыннае нявольніцтва – «поўныя» й «дакладныя» халопы, а сваім парадкам «кабальныя» халопы маглі пераводзіцца ў «поўныя» й «дакладныя халопы». І трэба думаць, што гаспадары-грашадаўцы маглі паклапаціцца пра тое, каб зрабіць «кабальных» халопаў спадчыннымі – «поўнымі халопамі», і гэта тым больш, што гэтакі перавод дазваляўся законам.

У Маскоўшчыне ўсе названыя тут катэгорыі нявольніцтва пачынаюць адміраць толькі ад другой паловы ХVІІ стагодзьдзя. Да катэгорыі кабальных халопаў належалі ня толькі зьбяднелыя сяляне, але й прадстаўнікі гарадзкога жыхарства ды шляхты («детей боярских»). У сваю чаргу, да катэгорыі «поўных халопаў» належалі спадчынныя нявольнікі – нявольнікі з паходжаньня, палоненыя ў войнах і г.д.


Сялянства ў ВКЛ

Сяляне ў Вялікім Княстве найперш дзялілася на «гаспадарскіх», ці дзяржаўных, і тых, што сядзелі на зямлі прыватных земляўласьнікаў. Да першае катэгорыі належала асноўная маса сялянства, а на ўсходзе Беларусі амаль усё сялянства было дзяржаўнае, г.зн. належала да скарбу вялікага князя ці дзяржавы. Далей усё гэтае сялянства дзялілася на «пахожых» і «непахожых», г.зн. на зусім свабодных, і больш-менш прымацаваных да зямлі. Прымацаваньне да зямлі дзяржаўнага сялянства было даволі рэлятыўнае. Перадаючы дзяржаўную зямлю асобам у спадчыннае ці часовае карыстаньне як нагароду за нясеньне дзяржаўнае й вайсковае службы, вялікі князь вельмі часта падкрэсьліваў у адпаведных актах, што сялянства такіх земляў магло заставацца пры новым гаспадары, а магло й пераходзіць на іншыя дзяржаўныя землі. Гэта, ведама, прымушала й новых гаспадароў добра абыходзіцца з сялянствам ды не падвышаць ранейшыя падаткі. Мацней было прымацаванае сялянства прыватных земляўласьнікаў. Яшчэ прывілеямі 1447 і 1457 гадоў забаранялася перанаджваць сялянства зь земляў прыватных земляўласьнікаў на гаспадарскія й наадварот. Гэта пацьвярджалася й пазьнейшымі вялікакнязеўскімі прывілеямі. Аднак у ХV і першай палове ХVІ стагодзьдзя гэтая забарона была яшчэ даволі лібэральная, і вандраваньне сялянства, асабліва зь дзяржаўных земляў, было звычайнаю зьяваю.

Зусім свабоднае сялянства («пахожыя») складалася з каляністаў, што прыбывалі зь іншых краёў, з адпушчаных на волю нявольнікаў, і галоўна зь сялянаў, якія з дазволу вялікага князя й ягоных старастаў ды дзяржаўцаў маглі пакідаць дзяржаўную зямлю. З розных прычынаў поўную свабоду вельмі часта атрымлівалі й сяляне прыватнаўласьніцкіх земляў. Магчыма таксама, што частка свабоднага сялянства ў некаторых мясьцінах захавалася яшчэ з даўнасьці. Уладзімер Пічэта, прыкладам, робіць выснову, што ў ХVІ стагодзьдзі гэтага свабоднага сялянства ў Вялікім Княстве было даволі шмат.

Свабоднае сялянства садзілася на зямлю й выконвала павіннасьці паводле дамоўленасьці. Аднак пачынаючы ад канца ХV стагодзьдзя, і яно сустракаецца з абмежаваньнямі. Найперш абмяжоўваецца тэрмін для свабоднае вандроўкі, які ў часе выданьня Літоўскага Статуту 1529 году быў роўны 10 гадам. Калі свабодная сялянская сям'я не пакідала за гэты час свае новае гаспадаркі, яна траціла права на свабодны выхад і станавілася «непахожай». Павялічваюцца і павіннасьці свабоднага сялянства ды абмяжоўваецца сам выхад. Так, выходзячы з практыкі ў Польшчы, яшчэ ў 1444 годзе Дарагічынская зямля атрымлівае прывілей, згодна зь якім свабодная сялянская гаспадарка мусіла адпрацоўваць адзін дзень паншчыны на тыдзень з аднае валокі зямлі, г.зн. з кавалка зямлі звыш 21 гэктара. Прывілей Бельскае зямлі 1501 году таксама ўводзіў адзін дзень паншчыны на тыдзень з валокі й 4 талакі (супольнага выхаду на працу) на год. Пры выхадзе (пакіданьні старое гаспадаркі) свабодная сялянская сям'я з тае ж валокі зямлі мусіла выплаціць 30 грошаў выкупу ды 60 грошаў («капу») гэтак званага «апошняга разьліку». Полацкая зямля ў 1522 годзе й Віцебская зямля ў 1531 годзе ўжо ўводзілі 2-дзённую паншчыну на тыдзень з валокі, або чынш (аброк прадуктамі) вялічынёю на 1/4 долю ўраджаю. Пры пераходзе свабодная сялянская гаспадарка павінна была выплаціць 12 грошаў «выхаду». Аднак гэты «выхад» тут узалежніваўся ад папярэднае дамоўленнасьці з улікам ільготных гадоў і адпаведных ім гадоў абавязковага адпрацаваньня на аселай зямлі. Калі ж свабодная сялянская сям'я ўцякала, або сыходзіла раней за дамоўлены тэрмін, яна была змушаная за неадпрацаваны час выплаціць гаспадару зямлі 6 грошаў за кажны неадпрацаваны тыдзень. Такі стан пацьвярджаўся і пастановамі земляў 1551 і 1553 гадоў. Гэта змушае і вялікага князя ўвесьці ў сваіх дварох Полаччыны й Віцебшчыны 2-дзённую паншчыну на тыдзень. Да 1553 году на дзяржаўных землях Полаччыны й Віцебшчыны, а таксама на землях заходняе часткі гаспадарства паншчына звычайна абмяжоўвалася адным днём на тыдзень з валокі зямлі, або яе наагул не было, а толькі зьбіраўся чынш. На дзяржаўных землях рэшты Ўсходняе Беларусі заставалася «старына» – падатак куніцамі.

З гэтых прыкладаў пра стан свабоднага сялянства можна зрабіць пэўную выснову і пра стан «непахожага» сялянства. У першай палове ХVІ стагодзьдзя яно фактычна ўжо было прымацаванае да зямлі й да сваіх гаспадароў – прыватных земляўласьнікаў ці дзяржаўнага скарбу, што аднак ня трэба разумець у катэгарычнай форме. Прыкладам, на сваіх землях Райгорадчыны й Ганязчыны Радзівіл у 1536 годзе ўводзіць аднадзённую паншчыну на тыдзень з валокі зямлі. У 1540-х гадох на землях аднаго з паноў Хадкевічаў была ўжо 3-дзённая паншчына на тыдзень з валокі зямлі, а на землях віленскага каталіцкага архідыякана Ясінскага паншчына даходзіла нават да 5 дзён на тыдзень з тае ж валокі зямлі. Зразумела, што пры павелічэньні паншчыны зьмяншалі, або зусім ня бралі чынш, які сплочваўся прадуктамі й грашыма.


Валочная зямельная рэформа

Ад 1553 і 1557 гадоў у Вялікім Княстве Літоўскім праводзіцца вядомая валочная зямельная рэформа на дзяржаўных землях. Яе пачала праводзіць маці вялікага князя Бона, а тады й сам Жыгімонт Аўгуст. Арганізуюцца фальваркі памерам у адну валоку зямлі (21,36 га) і сялянскія гаспадаркі такога ж памеру з разьлікам, каб на кажны гаспадарскі фальварак прыпадала 7 сялянскіх валочных гаспадарак. Гэтыя 7 сялянскіх валочных гаспадарак мусілі апрацоўваць гаспадарскую валоку з разьлікам 2 дні паншчыны на тыдзень і 4 талакі на год. Да фальваркаў прымацоўваліся і былыя нявольнікі, якія цяпер станавіліся гэтак званымі «агароднікамі». Яны атрымлівалі зямлю памерам 3, 6, 9 і больш моргаў і мусілі з 3 моргаў зямлі адрабляць аднадзённую паншчыну на тыдзень, а іхныя жонкі – па 6 дзён на год. Чыншу яны ніякага не плацілі, а паншчыну павінны былі выконваць пешаходнай працай. На «агародніцтва» садзіліся таксама зусім зьбяднелыя сялянскія сем'і, якія ня былі ў стане даць рады з валокай зямлі. Лішнія сялянскія валочныя гаспадаркі вызваляліся ад паншчыны, апрача талакі й гвалтаў (рамонт дарог, замкаў і г.д.), і пераводзіліся на грашовы й прадуктовы чынш. Яны называліся «асаднікі». Кажная сялянская гаспадарка, калі яна была заможная, магла атрымаць і дзьве валокі зямлі з адпаведным павялічэньнем паншчыны й чыншу. Валочнай рэформай былі закранутыя гарады й мястэчкі, якія не карысталіся магдэбурскім правам – самакіраўніцтвам. Абавязкі гарадзкога й местачковага жыхарства, якое мела зямлю, былі нашмат лягчэйшыя і звычайна абмяжоўваліся чыншам.

Валочная зямля дзялілася на чатыры катэгорыі: добрая, сярэдняя, благая й зусім благая, у залежнасьці ад чаго зьмяншаўся ці ўзрастаў чынш грашыма і прадуктамі. Спачатку, апрача згаданае паншчыны й талакі, валочны чынш у пераліку на грошы складаў адпаведна для кажнае катэгорыі: 54, 45, 31 і 14 літоўскіх грошаў. «Асаднікі» да гэтага яшчэ сплочвалі 30 грошаў гэтак званае «асады», ці за вызваленьне ад паншчыны (г.зн. гадавая паншчына тады ацэньвалася ў 30 грошаў), і маглі яшчэ за 22 грошы выкупляцца ад талакі й гвалтаў. Значыць, для іх гадавыя падаткі зводзіліся адпаведна да 106, 97, 83 і 66 грошаў – залежна ад якасьці зямлі. Да паншчыны й чыншу яшчэ дадаваліся агульнадзяржаўныя падаткі – ваенны падатак «сярэбшчына», што накладаўся ў часе войнаў, і звычайны падатак «пагалоўшчына», велічыня якіх заўсёды мянялася ў залежнасьці ад пастановаў соймаў.

Апрача названых тут катэгорыяў дзяржаўнага сялянства асабліва выдзяляліся «панцырныя» й «путныя» баяры. Гэта былі сяляне, якія паклікаліся на вайсковую службу конна й пехатой, а мірным часам выконвалі розныя даручэньні: пасланцоў, праводнікаў ды іншых. Яны звычайна асаджваліся на дзьвюх свабодных валоках; маглі браць і трэйцюю валоку, але зь яе мусілі плаціць чынш і выконваць іншыя павіннасьці. Зь першых дзьвюх валокаў у ваенных часох яны не плацілі ніякіх падаткаў, а мірным часам давалі невялікі сымбалічны грашовы падатак. З гэтых баяраў пасьлей паўстала дробная засьцянковая шляхта. На свабодных адной, дзьвюх і трох валоках асаджваліся таксама конюхі, лесьнікі, стральцы-заганятыя, мельнікі, бортнікі, кавалі дый усе іншыя майстры. У некаторых выпадках частка іхнае зямлі абкладалася чыншам ды іншымі павіннасьцямі, але звычайна падатак плацілі з узятых імі дадатковых валокаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю