Текст книги "У сьвятле гістарычных фактаў"
Автор книги: Паўла Урбан
Соавторы: Паўла Урбан
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 13 страниц)
Да таго ж мала ведаем пра паганскія імёны славянаў. Шмат якія з тых, што захаваліся, нічым ня розьняцца ад імёнаў старажытных ліцьвіноў. Таму, паклікаючыся толькі на імёны, вельмі цяжка сказаць, каму яны належалі: крывічом і дрыгавічом ці ліцьвіном? Тым больш рызыкоўна, выходзячы толькі зь імёнаў, залічваць старажытных ліцьвіноў да сям'і балцкіх народаў. Прыкладам, усім нам добра ведамае Астрамірава эвангельле, названае паводле імя ноўгарадзкага пасадніка – Астраміра. Але ж у летапісах гэты Астрамір выступае таксама й як Страміл. Пераход другое часткі гэтага імя «мір» у «міл» – натуральная зьява для славянскіх моваў, а таму мы й маем у чэхаў князёў Яраміла, Сьвятаміла і г.д., што таксама захавалася і ў сучаснай чэскай мове. Гэтае імя Страміл-Струміл-Струміла сустракаецца й сярод імёнаў старажытных ліцьвіноў. З другога боку, сярод князёў гунаў і готаў былі на ймя Валямір, Відзімер, Тэадзімер, а рымскі гісторык Тацыт сярод імёнаў старагерманскіх князёў называе Сегімера (лацінская паралель – Сягімунт), Украмера, Актумера, Харыамера і г.д. Некаторыя гісторыкі ўважаюць, што гэтыя імёны або былі пазычаныя ў славянаў, або іхнымі носьбітамі былі самыя славяне.
Нам прапануюць выводзіць імя Ўладзімір ад старагерманскага Вальдымар-Вальдэмар, Рагвалод – ад Рагнвальд, Рагнеда – ад Рагнгайд ды залічаць гэтых гістарычных асобаў да нарманаў-варагаў. Але як быць у гэтым выпадку зь імёнамі Казімір, Ярамір ці Любамір? Здаецца, імя Ўладзіслаў сваім утварэньнем у першай частцы мае нешта супольнае зь імем Уладзімір! З свайго боку, імя Рагвалод магло паўстаць ад спалучэньня каранёў ці паняцьцяў «валодаць» і «рогі», дый сустракалася «чыста славянскае імя» – Сьвятарог. Былі таксама славянскія імёны тыпу Дабранега, што збліжаецца зь імем Рагнеда.
Апрача пашыраных славянскіх князеўскіх імёнаў, як Рагвалод, Брачыслаў (гэтае імя сустракаецца і ў чэхаў), Усяслаў, Яраслаў, Яраполк, Сьвятаслаў і г.д., былі яшчэ: Позьвід (-т) і Судзіслаў (прыкладам, сыны кіеўскага князя Ўладзіміра Сьвятаславіча); Людавіт, Яраміл, Сьвятаміл, Уласьціміл, Барывой (чэскія); Земавіт, Драгавіт, Тройдзен (мазурскія й памаранскія); Лешка, Мешка, Зьбігнеў, Віслаў, Вазул, Сьпіцымір, Семавіт ды іншыя (польскія); Ташэмір, Ярамір, Прыбыслаў, Варціслаў-Враціслаў, Ніклот, Готшалк, Удо, Мсьцівой, Мечыдраг, Анадраг, Білуг, Након, Бутуй будзівой, Крут, Грын (у прыбалтыцкіх славянаў, у тым ліку і ў люцічаў); Ардагаст, Борут, Горазд, Маймір, Валук, Вальтунка, Прыбін, Людавіт, Стоймір, Муцімір, Гойнік, Хацімір, Бранімір, Борна, Драгуцін, Мілюцін, Урош, Радаслаў, Войслаў, Мусока, Семіка ды іншыя (у паўдзённых Славянаў). Пашыраныя былі яшчэ імёны Сьвятавіт (таксама й славянскае боства), Яравіт ды іншыя.
Зьвернемся цяпер да князеўскіх імёнаў старажытных ліцьвіноў: Нотымір (згадвае Сьв. Бруно), Міндоўг-Мяндоўг, Гедзімін, Альгерд, Война, Вітэнь-Віцень, Вітаўт, Тройдзен, Гердзень, Даўмонт, Таўцьвіл, Кейстут, Яўнут, Любарт, Карыят, Карыбут, Монвід (-т), Нарымунт, Войшэлк, Ягайла, Скірыгайла, Сьвідрыгайла, Лінгвен, Даўспрунк, Даўял-Даўяла, Вілікаіл, Жывінбуд, Вышымут, Борза, Лесі, Бутавіт, Будзівід, Спрудзейка, Кіньцібут, Ванібут ды іншыя.
Згадайма таксама наступныя славянскія імёны выразна паганскага паходжаньня: Радзіл-Радзіла, Дрочка-Драчыла, Дыгайла, Даміла, Чурыла, Няжыла, Судзіла, Судзімір, Жадзіла, Гасьціла, Лахна, Блуд, Ялавіт, Цьвярдзята, Пуцята, Зубэрка, Няжата, Ванук, Кучэй, Суік-Суйка, Несда, Жызнамір, Нямір-Няміра, Недах, Ладыга, Брызгайла, Сьвібла, Жыла, Зажыга, Юрло, Юрайла, Кнут, Жадка, Богша, Паўша, Рашта, Рэўша, Ваята, Вышата, Вазімут, Копця, Белка, Сакута, Ракоць, Ажэйка ды іншыя (у летапісах, актах і бяроставых граматах усходняславянскага паходжаньня); Земамысл, Завіша, Скарбімір, Войслаў, Судзівой, Вятка-Вятко, Сьвідгар, Сьветабор, Сацех, Баржывой, Радост, Спытка, Славібор, Рацібор, Равіт, Лелівіт, Гоствіт, Порай, Збылут, Срэнявіт, Зьдзерат, Барвін, Богдал, Даліміл, Сьвірад, Воян, Каята, Карабіт, Вітус і іншыя (у Гала Ананіма й Яна Длугаша)[81].
Зазначым, што, прыкладам, фіналь -йла ці -ла зусім не становіць асаблівасьць балцкіх моваў. Ён у славянскай мове абазначае павялічальна-зьневажальнае адценьне: папіхайла, пацягайла, нядбайла, дурніла, маніла, здаравіла. Прозьвішчы з гэтымі фіналямі пашыраныя ў Беларусі – Сіпайла, Дыгайла, Запрагайла, Кідайла, Сурвіла, Бірыла, Бачыла, а таксама на Ўкраіне – Зьбігайло, Міняйло, Недбайло, Забарыло, Мушкало. Фіналі -та й -ка маюць зьмяншальнае значаньне: Драчыла-Дрочка, Няжыла-Няжата, Жадзіла-Жадка. Складнік -Віт-, які можа абазначаць «сьвяты», «сьвятло» і «уладар», таксама пашыраны ў славянскіх імёнах: Драгавіт, Сьветавіт, Людавіт, Яравіт ды іншыя. Яго можна знайсьці і ў імёнах старажытных ліцьвіноў: Вітаўт, Вітэнь, Бутавіт ды іншыя. Складнік -мір (мер) мог пераходзіць у -міл: Астрамір-Страміл, Ярамір-Яраміл, Сьвятамір-Сьвятаміл, Далімір-Даліміл.
Цяпер зьвярнемся да імёнаў тых, хто трапіў ў Гарадзельскі прывілей 1413 году: Монівід – ваявода віленскі, Яўнус-Яўнут – ваявода троцкі, Мінгал-Мінгайла – кашталян віленскі, Сунігал-Сунігайла – кашталян троцкі, Нямір-Няміра, Остык-Осьцік, Бутрым, Голігунт, Мікалай Былімін, Карэва, Вышэгерд, Пётра Мандыгерд, Мікалай Таўтыгерд, Ян Гаштольд (Гаштоўт), Волчка (Воўчка) Кульва, Бутаўд, Ядат-Ядальд, Рала, Ян Рымавідавіч, Гінет Канцэвіч, Даўкша, Мікалай Бойнар (Войнар?), Волчка (Воўчка) Ракутовіч, Гетаўд-Гетавот, Даўген-Даўгел(а), Якуб Мінгел-Мінгайла, Войшнар Вілкалевіч-Віркалевіч, Юрай Сангаў (праўдападобна, з князёў Сангушкаў), Сака, Начка, Твербут-Цьвірыбут, Монствід-Монствільд, Станіслаў Вышыгін, Войшын Данейкавіч, Манштоўд, Андрэй Дзеўкнятовіч (Дзевачка?), Мінімунд Сешнікавіч (Сасьніковіч?), Радзівіл, Качан, Мікуш-Мічуш, Гердуд, Чупа, Войдзіла Кушаловіч-Кусаловіч, Качан Суковіч, Ян Эвільд, Станіслаў Бутаўтавіч, Ян з Рашкіняў.
Для параўнаньня зьвернемся таксама да імёнаў, носьбіты якіх падпісалі прырачэньні, забавязваючы Вітаўта й Жыгімонта І быць у паслухмянстве да Ягайлы.
Акт 1401 году: князь Іван Альгімунтавіч (Гальшанскі) і ягоныя сыны Андрэй і Сямён, Мінгал-Мінгайла Гедыгольдавіч (ён жа Міхаіл – кашталян ашмянскі ў 1387 годзе) і ягоны брат Сьвівілон, Братоша й ягоны сын Зянові, Монівід – кашталян віленскі й ягоны брат Гедыгольд – маршалак, Станіслаў Чупурка – маршалак дворны, Гастольд (Гаштоўт) – кашталян крэўскі й ягоны сын Талівуш, Осьцік – кашталян ашмянскі й ягоны брат Доргі (Дарагі? – імя Драгі сустракалася ў паўдзённых славянаў). Сямён Ямунтовіч, Фёдар Львовіч, а таксама ягоны брат Юшка, Гінэйд (Генадзь?) і ягоны сын Мілуш, Кімунт і ягоны сын Даўкша, Стрыгівіл Барэйкаў, Гінтольд (Гінтаўт), Застольд (Заштоўт) і ягоны брат Прэзгінд, Няміра з сваімі братамі, Свугайла, Алізар Высілонаў (Васілёнаў?), Войнад Русіловіч, Кязгайла і Жвінвольт Валімунтавічы з сваімі братамі, Галіган, Раман Мілейкаў і ягоны брат Волчка (Воўчка), Войшвід і ягоны сын Радзівіл, Валотка Таўтыгінавіч з сваімі братамі, Бутольд (Бутаўт), Мантыгайла, Ганус Мантыгердавіч, Давойна Вышыгердавіч, Драўнут і ягоны сын Вашкон-Вячкон (Вячка?), Волчка (Воўчка) Вялютовіч, Волчка (Воўчка) Тансаўтовіч (Тусаўтовіч?), Даўгерд, Война, Водыч (Войдзіч?) з сваімі братамі, Галігінд, Віндамін, Юрай Шліўровіч (Шаліўровіч?). Між іншага, ў Вітаўта таксама былі браты на ймя Войдаць і Войшвіл.
Акт 1434 году: Осьцік – кашталян віленскі, Даўгард-Даўгірд – ваявода віленскі, Лелюш – ваявода троцкі, Галімін – стараста жамойцкі, Кязгайла Васталтовіч (у яго быў брат на ймя Шэдзібор), Ходзька Юравіч, Пятрашка Мантыгердавіч, Івашка Гаштоўт (Гаштольд), Радзівіл – маршалак земскі, Аначка – стараста берасьцейскі, Алехна – стараста лідзкі, Івашка – стараста горадзенскі, Андрушка Саковіч – стараста дубінскі, Монтыгал-Мантыгайла – стараста вількомірскі, Сугімунд – стараста крэўскі, Даўгерд – стараста ашмянскі, Мантольд – дзяржаўца ў Салечніках, Монтрым – дзяржаўца маркоўскі, Таўтыгерд – дзяржаўца мэйшагольскі, Война – дзяржаўца ў Кернаве, Рачка Табутовіч – дзяржаўца, Андрэй Няміровіч, Сенька Гедыгольдавіч, Судзівой Валімунтавіч, Ягіл-Ягайла Гедводзкі, Пач (Пац) – маршалак дворны, Някраш – дзяржаўца ў Васілішках, Неруш – дзяржаўца ў Медніках, Крыкус Сьвірскі, Раман Сьвірскі (абодва з князёў Сьвірскіх), Андрушка – дзяржаўца ў Вострыне, Федзька Сангаловіч (Сангушка?), Андрушка Давойнавіч, Рачка Страчовіч (Страковіч?), Рачка Семавігавіч (Семавітавіч?) – баяры, Мандыгал – дзяржаўца ў Стрэўніках.
У іншых актах 1430-1434 гадоў таксама згадваліся: Якуб з Кабылян – маршалак дворны, Страміла – пан-радца вялікага князя Вітаўта, Юрай – галоўны пасьцельны Вялікага Княства, Нашута – ваявода драгічынскі ды іншыя. Паўторна названыя імёны знаходзяцца варыянтамі ў іншых актах. Наагул, трэба падкрэсьліць, гэтыя імёны дайшлі да нас пераважна ў лацінскай транскрыпцыі з польскім моўным адценьнем і яны, можна сказаць, перадаюцца не зусім дакладна. Возьмем, прыкладам, імя Судзівой. У актах яно часта згадваецца, як Сандывогі й да т.п., а таму й выходзіць, што сын гэтага Судзівоя выступаў ужо як Станька-Станіслаў Сандывугавіч замест Станька Судзівоевіч (намесьнік Горадзенскі ў канцы 1460 – на пачатку 1470-х гадоў). Гэты прыклад можна перанесьці на шмат якія іншыя імёны ды прозьвішчы. Трэба зазначыць, што бальшыня носьбітаў згаданых тут імёнаў пасьля наагул зьнікне з палітычнае арэны. Дарэчы, імёны з заўважанымі тут «балцкімі» фіналямі сустракаліся ва ўсіх народаў Эўропы.
Беларускія шляхоцкія роды
Ня ставячы перад сабой заданьне прасачыць генэалёгію кожнага з гэтых імёнаў і родаў, зьвернемся цяпер да праблемы, хто ж, нарэшце, палітычна панаваў у Вялікім Княстве Літоўскім у ХV і, скажам, на пачатку ХVІ стагодзьдзя?
Паны, пасьля князі Радзівілы – гэтыя сама «буйныя літоўскія феадалы», якія запраўды варочалі палітыкай гаспадарства. Свой род яны вялі не ад Радзівіла Вайшвідавіча з акту 1401 году й, магчыма, не ад Радзівіла Гарадзельскага прывілею, але ад Осьціка, які паводле акту 1401 году быў кашталянам ашмянскім і паводле акту 1434 году – кашталянам віленскім ды трапіў і ў Гарадзельскі прывілей. У 1440-х гадох ён згадваўся таксама на пасадзе маршалка земскага. Паводле акту 1434 году адзін Радзівіл тады быў маршалкам земскім Вялікага Княства, а ў 1440-х гадох ён выконваў дыпляматычную місію ў Крыме. Гэты Радзівіл, як вынікае, быў сынам памянёнага Осьціка, бо ў актах 1469 і 1472-1474 гадоў выступае ўжо Радзівіл Осьцікавіч, які ад 1466 году займаў пасаду ваяводы троцкага быў адначасна кашталянам троцкім і тым жа маршалкам земскім. Ён памёр у 1477 годзе. Пан Мікалай Радзівіловіч, або Радзівіл, які, бясспрэчна, быў сынам Радзівіла Осьцікавіча, ад 1481 году займаў пасаду намесьніка смаленскага, а ад 1486 году быў кашталянам троцкім і намесьнікам наваградзкім і бельскім. Дзесьці ад 1492 году, ці нават раней, Мікалай Радзівіл быў ужо ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства, застаючыся на гэтых пасадах да 1510 году. Ягоны сын Мікалай Мікалаевіч Радзівіл, знаны як Радзівіл ІІІ, дзесьці ад 1488 году быў крайчым, пасьля падчашым Вялікага Княства і намесьнікам бельскім, тады ад 1505 году – маршалкам земскім і ваяводам троцкім, а ў 1510-1522 гадох – ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства. Пан Юрай Мікалаевіч Радзівіл (1480-1541) у 1511-1515 гадох займаў пасаду ваяводы кіеўскага, пасьля быў намесьнікам горадзенскім, тады кашталянам троцкім (1522-1527), віленскім (ад 1527 году) і вялікім гетманам Вялікага Княства (ад 1531 году). Іншы – Ян Мікалаевіч Радзівіл у гэтым часе быў маршалкам земскім, старастам дарагічанскім і слонімскім.
Дарэчы, дзяржаўна-палітычная роля Радзівілаў даволі ведамая ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, асабліва Мікалая Юравіча Радзівіла Рудога (1512-1584), які займаў пасады ваяводы троцкага (1550-1566), віленскага (1566-1584), канцлера Вялікага Княства (1566-1579) і вялікага гетмана (1553-1566 і 1576-1584), і Мікалая Радзівіла Чорнага (1515-1565), які быў у 1551-1565 гадох ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства. Князі Радзівілы – каталікі, у сярэдзіне ХVІ стагодзьдзя далучылісяі да кальвінізму, тады зноў перайшлі ў каталіцтва.
Вышэй мы згадвалі «чыста славянскія» імёны – Радзіл і Радзіла. Было яшчэ імя Радзім. Імя Радзівіл фактычна належыць да тае ж сям'і імёнаў. Тое сама можна сказаць і пра імя Осьцік або пра імя Осьцікава брата – Дарагі-Драгі. Таму тут асаблівую вагу набывае тое асьведчаньне Сымона Буднага, паводле якога Радзівілы – прадстаўнікі народу «слаўнае славянскае мовы».
Паны Осьцікі – каталікі. Як і Радзівілы, свой радавод яны вялі ад згаданага Осьціка. Дзесьці ад 1492 году, а можа й раней, пан Рыгор Станіслававіч (Станьковіч) Осьцікавіч, або Осьцік, быў маршалкам дворным і намесьнікам у Анікштах, пасьля намесьнікам у Мерачы. У 1500 годзе ён трапіў да маскоўскага палону пасьля прайгранае бітвы на рацэ Вядрошы. Вярнуўшыся з палону, Рыгор Осьцік дзесьці ад 1510 году быў ваяводам троцкім і тым жа маршалкам дворным. Ягоны сын Юрай Рыгоравіч Осьцік, які быў дзяржаўцам упіцкім, у 1566-1578 гадох займаў пасаду ваяводы амсьціслаўскага, а ў 1578-1579 гадох намінальна лічыўся ваяводам смаленскім. Паводле вайсковага попісу 1529 году паны Осьцікі (у Рыгора быў таксама сын Станіслаў, што памёр у 1520 годзе) выстаўлялі 337 узброеных коньнікаў, а Радзівілы – 621, што сьведчыць пра магутнасьць гэтых магнатаў.
Паны Сапегі – праваслаўныя ды паходзілі з Смаленшчыны. Пан Сямён Сапега быў пісарам вялікага князя Казіміра. Ягоны сын – Івашка Сямёнавіч Сапега (1450-1517) – ад 1486 году таксама стаўся пісарам Вялікага Княства. Пры канцы ХV стагодзьдзя ён займае ўжо пасады пісара, намесьніка бранскага й жыжморскага, тады ад 1501-1502 гадоў – пісара й маршалка Вялікага Княства, намесьніка браслаўскага (беларускага Браслава) і жыжморскага, а таксама канцлера канцылярыі вялікае княгіні-каралевы (апошнюю пасаду займаў да 1508 году). У 1506-1517 гадох Івашка Сямёнавіч Сапега быў найвышэйшым сакратаром Вялікага Княства, ваяводам віцебскім (1511-1514) і падляскім (1514-1517). Ён меў братоў Васіля й Багдана. Пан Багдан Сапега да 1494 і пасьля 1496 году быў намесьнікам мцэнскім і любуцкім, тады дзесьці ад 1501 году – маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам высакадворскім. Пан Івашка Багданавіч Сапега ў 1517-1526 гадох займаў пасаду ваяводы віцебскага. Іншыя – Мікалай Паўлавіч Сапега спачатку быў маршалкам бельскага павету, а тады ў 1576-1588 гадох ваяводам менскім, а ягоны бацька Паўла Іванавіч Сапега ў 1558-1579 гадох займаў пасаду ваяводы наваградзкага. Найбольш знаны ў гісторыі – Леў Іванавіч Сапега – у 1580-1585 гадох быў пісарам і сакратаром Вялікага Княства, пасьля займаў пасады падканцлера (1585-1589) і канцлера (1589-1623), тады быў ваяводам віленскім (1623-1633) і вялікім гетманам (1625-1633).
Як і шмат якія праваслаўныя магнаты таго часу, пан Івашка Сямёнавіч Сапега быў прыхільнікам царкоўнага задзіночаньня. У 1491 і 1501 гадох ён наведаў Рым і на аўдыенцыі ў папы адкрыта выказаўся пасьлядоўнікам царкоўнае вуніі, у выніку чаго сустрэўся зь непрыемнасьцямі на бацькаўшчыне. Ён, магчыма, вучыўся ў адным з заходнеэўрапейскіх унівэрсытэтаў, бо ў тым часе моладзь зь Беларусі масава імкнулася да навучаньня ў гэтых унівэрсытэтах[82]. Здаецца, што ў 1514 годзе Івашка Сямёнавіч Сапега перайшоў у каталіцтва, але іншыя паны Сапегі трымаліся праваслаўя. У сярэдзіне ХVІ стагодзьдзя яны далучыліся да рэфармацыйных рухаў, а тады перайшлі ў каталіцтва.
Паны Хадкевічы – праваслаўныя. У гістарычнай літаратуры яны часам выводзяцца ад «кіеўскіх баяраў», што быццам прыйшлі да ўлады пры канцы 1470-х гадоў. Гэта, аднак, не адпавядае праўдзе. Як мы маглі канстатаваць, у акце 1434 году выступаў Ходзька Юравіч, які мог быць сынам Юр'я Шліўровіча з акту 1401 году. У акце 1434 году таксама згадваліся два Івашкі – стараста наваградзкі й стараста горадзенскі, але рызыкоўна казаць, што адзін зь іх быў будучым дзеячом Івашкам Хадкевічам, хоць гэта й дапушчальна. Адным словам, у 1450-1470-х гадох пан Івашка Хадкевіч згадваўся на пасадах маршалка земскага, гетмана Вялікага Княства і намесьніка віцебскага, тады ад 1479 году быў ваяводам кіеўскім, а ад 1486 году – старастам луцкім і памёр каля 1490 году. На пачатку ХVІ стагодзьдзя найбольш згадваўся ягоны сын Аляксандар, які займаў тады пасаду дзяржаўцы пуньскага. Але ў Івашкі Хадкевіча быў яшчэ, здаецца, сын Багдан. У ХVІ стагодзьдзі на палітычнай арэне выступалі добра ведамыя ў гісторыі: Гаранім Аляксандравіч Хадкевіч – стараста жамойцкі, кашталян троцкі, дзяржаўца плоцельскі й цяльшоўскі, які памёр перад 1563 годам; Ян Гаранімавіч Хадкевіч – стольны Вялікага Княства, стараста плоцельскі й дзяржаўца цяльшэўскі да 1563 году, тады стараста жамойцкі (1563-1579) і кашталян віленскі (1574-1579); Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч – кашталян троцкі, спраўца стараства жамойцкага й гетман дворны да 1564 году, тады кашталян віленскі (1564-1572) і найвышэйшы гетман (1566-1572); Юрай Аляксадравіч Хадкевіч, які ў тым часе быў крайчым Вялікага Княства і старастам бельскім. Ян Гаранімавіч Хадкевіч быў таксама маршалкам земскім, адміністратарам і гетманам ліфлянцкім. Яшчэ паводле вайсковага попісу 1529 году паны Хадкевічы выстаўлялі 198 узброеных коньнікаў, пасьлей яны маглі выстаўляць у некалькі разоў болей.
Адгаліненьнем паноў Хадкевічаў былі паны Валовічы, таксама праваслаўныя. Апошнія, здаецца, свой род вялі ад пана Багдана Іванавіча Хадкевіча. Паны Валовічы таксама адыгрывалі выдатную палітычную ролю ў ХVІ стагодзьдзі. Прыкладам, пан Астафей Багданавіч Валовіч яшчэ перад 1563 годам быў маршалкам дворным, падскарбным земскім, пісарам Вялікага Княства і старастам магілеўскім, тады займаў пасады падканцлера Вялікага Княства і кашталяна троцкага (1566-1579, пасаду кашталяна ад 1569) ды канцлера Вялікага Княства і кашталяна віленскага (1579-1587). Рыгор Грынькавіч Валовіч у 1566-1587 гадох быў кашталянам наваградзкім.
Паны Пацы – праваслаўныя, як гэта вынікае з «Плачу» М.Сматрыцкага, але яны аднымі зь першых у ХVІ стагодзьдзі перайшлі ў каталіцтва. У акце 1434 году згадваўся Пац – маршалак дворны. Юрай Пац, што памёр у 1506 годзе, ад 1486 году займаў пасаду ваяводы кіеўскага, тады дзесьці ад 1492 году быў кашталянам, а крыху пасьля і намесьнікам наваградзкім. У 1497-1499 гадох Юрай Пац быў намесьнікам полацкім, пасьля зноў нейкі час намесьнікам наваградзкім. Ягоны сын Мікола Пац ад 1488 году згадваўся на пасадзе маршалка Вялікага Княства. Паны Пацы не зыходзяць з палітычнай арэны і ў ХVІ стагодзьдзі. Прыкладам, Станіслаў Мікалаевіч Пац у 1566-1588 гадох быў ваяводам віцебскім, а пан Паўла Мікалаевіч Пац тады займаў пасады кашталяна віцебскага (1566-1578) і ваяводы амсьціслаўскага (1578-1593).
Паны Глябовічы – праваслаўныя ды паходзілі з Магілеўшчыны. Яны таксама ў ХVІ стагодзьдзі перайшлі ў каталіцтва й захапляліся рэфармацыйнымі рухамі. Пан Юрай Глябовіч у 1480-х гадох згадваўся на пасадзе маршалка Вялікага Княства, тады ў 1493-1499 гадох быў маршалкам і намесьнікам смаленскім, у 1499-1501 гадох – маршалкам і намесьнікам полацкім ды ад 1501 году – маршалкам Вялікага Княства і ваяводам віцебскім, застаючыся на гэтых пасадах да 1511 году, калі ён, праўдападобна, памёр. Ягоны сын Мікола ў 1500 годзе трапіў да маскоўскага палону пасьля бітвы на Вядрошы. Пан Станіслаў Глябовіч (імя гэтае, хоць і стала «каталіцкім», мае той жа корань, што й «праваслаўнае» Станька) дзесьці ад 1492 году быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам мярэцкім, у 1497-1501 гадох – маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам віцебскім, ад 1501 году займаў пасады маршалка Вялікага Княства і ваяводы полацкага ды памёр дзесьці пасьля 1509 году. Ягоны сын Пётра Станіслававіч Глябовіч ад 1501 году быў намесьнікам наваградзкім ды пасьля нейкі час займаў таксама пасаду ваяводы полацкага. Пан Ян Юравіч Глябовіч у 1526-1531 гадох быў маршалкам Вялікага Княства і ваяводам віцебскім, тады ад 1532 году – ваяводам полацкім, пасьля да 1551 году – ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства. Ягоны сын – Ян Янавіч Глябовіч – у другой палове ХVІ стагодзьдзі займаў пасады кашталяна менскага (1571-1585), троцкага (1585-1586) ды падскарбнага земскага Вялікага Княства (1580-1586). Яшчэ паводле вайсковага попісу 1529 году паны Глябовічы выстаўлялі 279 узброеных коньнікаў.
Паны Ільлінічы – праваслаўныя ды паходзілі з Наваградчыны. Пан Іван Ільлініч яшчэ згадваўся ў 1450-1460-х гадох як вайсковы дзяяч. Ад 1479 году ён ужо быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам віцебскім, у 1486-1493 гадох – маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам смаленскім, пасьля займаў пасаду маршалка Вялікага Княства і намесьніка ваўкавыскага ды памёр блізу 1499 году. Ягоны сын – Мікола Іванавіч Ільлініч – ад 1495 году быў намесьнікам менскім, тады ў 1499-1500 гадох – намесьнікам смаленскім. Іншы – Юрай Іванавіч Ільлініч ад 1500 году займаў пасады маршалка дворнага й намесьніка лідзкага, а дзесьці ад 1510 году – маршалка дворнага й старасты берасьцейскага ды заставаўся на гэтых пасадах яшчэ на пачатку 1520-х гадоў.
Паны Зяновічы – праваслаўныя ды паходзілі з Полаччыны. У акце 1401 году згадваўся пан Братоша й ягоны сын Зянові. Братоша быў панам-радцам у вялікага князя Вітаўта, а як склаўся жыцьцёвы шлях ягонага сына – няведама. У адным з актаў 1486 году паведамлялася, што Юрай Іванавіч Зяновіч адпісаў частку свайго майна для Кіеўскага Пячорскага манастыра. Да 1495 і пасьля 1497 году ён быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам браслаўскім (беларускага Браслава). Тады кароткі час згадваўся на пасадзе намесьніка полацкага ды, здаецца, ад 1504 году нейкі час быў ваяводам смаленскім. Пан Мікола Зяновіч у 1500 годзе трапіў да маскоўскага палону пасьля бітвы на Вядрошы. Іншы – Іван Зяновіч ад 1501 году, а можа й раней, займаў пасаду намесьніка краснасельскага. Паны Зяновічы не зыходзяць зь дзяржаўна-палітычнае арэны і ў ХVІ стагодзьдзі. Прыкладам, у другой палове гэтага стагодзьдзя пан Крыштоп Юравіч Зяновіч быў кашталянам берасьцейскім, а пан Юрай Мікалаевіч Зяновіч – намінальным кашталянам смаленскім. У 1566-1579 гадох ён займаў пасаду кашталяна полацкага.
Паны Кішкі – праваслаўныя, як гэта вынікае з «Плачу» М.Сматрыцкага ды іншых крыніц. Паходзілі дзесьці з заходніх беларускіх земляў, праўдападобна з Наваградчыны. Маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам лідзкім у 1482-1484 гадоў згадваўся Пятрашка Пашковіч. Ён, верагодна, і быў бацькам Станіслава Пятровіча Кішкі, які ў 1480-х гадох быў маршалкам і стольным Вялікага Княства ды тым жа намесьнікам лідзкім. Урады намесьнікаў, асабліва меншых павятовых гарадоў, часта былі спадкаемнымі, і гэты ўрад ён мог заняць пасьля сьмерці свайго бацькі. У адной з пасольскіх інструкцыяў у Маскву 1495 году Станіслаў Пятровіч Кішка называўся «ўнукам Страмілы». Гэты Страміла, як згадвалася вышэй, у адным з актаў 1430 году выступаў панам-радцам вялікага князя Вітаўта. Як вынікае, паны Кішкі вялі свой род ад гэтага Страмілы. Маршалкам, а пасьля маршалкам земскім Вялікага Княства і намесьнікам лідзкім Станіслаў Пятровіч Кішка заставаўся да 1500 году. У 1500-1504 гадох ён быў тым жа маршалкам земскім і ваяводам смаленскім, а ад 1504 году – вялікім гетманам, намесьнікам берасьцейскім і васілішскім. Тады зноў быў маршалкам земскім Вялікага Княства (ад 1507 году) ды старастам горадзенскім (ад 1508 году). Памёр дзесьці пасьля 1511 году. Ведамы Стрыйкоўскі ў сваёй кроніцы пісаў, што ў 1440-х гадох пан Станіслаў Кішка быў адным з ваяводаў войска літоўскага. Аднак ім ня мог быць Станіслаў Пятровіч Кішка з увагі на аддалены час. Выдатную ролю паны Кішкі адыгрывалі і ў ХVІ стагодзьдзі. Прыкладам, у сярэдзіне гэтага стагодзьдзя Мікола Станіслававіч Кішка быў падчашым Вялікага Княства і старастам дарагічанскім, а пан Ян Станіслававіч Кішка ў 1579-1589 гадох займаў пасаду старасты жамойцкага. У канцы 1520-х гадох пан Пётра Кішка быў ваяводам полацкім.
Паны Саковічы – праўдападобна каталікі, бо пан Сака выступаў у Гарадзельскім прывілеі. Паводле акту 1434 году ягоны сын Андрушка Саковіч быў старастам дубінскім, тады ад 1440 году – намесьнікам Смаленскім, пасьля ў 1450-х гадох – намесьнікам полацкім. Сын апошняга – Багдан Андрэевіч Саковіч – у актах 1469 году згадваўся на пасадзе маршалка дворнага й намесьніка браслаўскага (верагодна, беларускага Браслава), а ў актах 1472-1474 гадоў – на пасадзе маршалка дворнага й намесьніка Берасьцейскага. Пры канцы 1470-х гадоў і да 1484 году Багдан Андрэевіч Саковіч быў маршалкам земскім і намесьнікам полацкім, у 1484-1488 гадох – маршалкам земскім і ваяводам троцкім, пасьля гэтага заставаўся маршалкам земскім Вялікага Княства. У актах 1499 году згадваліся паны Ян і Войцех Юравічы Саковічы, але паважнай палітычнай ролі тады яны не адыгрывалі. Магчыма, што сынам Андрушкі Саковіча быў таксама Іван Андрэевіч, які паводле актаў 1512 году займаў пасаду падскарбнага дворнага. Што ж да роду самога Багдана Андрэевіча Саковіча, дык ён, здаецца, тады пачаў выступаць пад прозьвішчам паноў Храбтовічаў. Праўда, гэтыя былі «русінамі», г.зн. праваслаўнымі, але магчыма, што Багдан Андрэевіч Саковіч таксама перайшоў у праваслаўе.
Паны Храбтовічы – праваслаўныя. Пан Івашка-Літавор Багданавіч Храбтовіч дзесьці ад 1486 году быў падскарбным дворным, маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам слонімскім, пасьля нейкі час (каля 1499-1500-х гадоў) займаў адначасна і пасаду намесьніка наваградзкага. У 1500 годзе трапіў да маскоўскага палону пасьля бітвы на Вядрошы. Памёр пасьля 1529 году, але якія пасады займаў перад гэтым – нам няведама. Пан Васіль Багданавіч Храбтовіч блізу 1492 году заняў пасаду намесьніка ўладзімірскага на Ўкраіне. У 1499-1501 гадох ён быў намесьнікам ваўкавыскім, а ад 1501 году – лоўчым Вялікага Княства і дзяржаўцам у Анікштах. Фёдар Багданавіч Храбтовіч ад 1494 году згадваўся на пасадзе падскарбнага дворнага, зьмяніўшы свайго брата, і быў намесьнікам беліцкім. Марцін Багданавіч Храбтовіч дзесьці каля 1496 году стаўся канюшым Вялікага Княства, а ад 1502 году быў падскарбным дворным, ад 1505 году – лоўчым Вялікага Княства. Паны Храбтовічы не зыходзяць зь дзяржаўна-палітычнай арэны і ў ХVІ стагодзьдзі.
Паны Забярэзінскія – каталікі. Гэтае сваё прозьвішча яны ўзялі ад двара, што ляжаў за Нёманскай Бярэзінай. У вадным з актаў сьцьвярджалася, што паны Забярэзінскія былі «Ястраблевы внуки», а гэты Ястраб меў сыноў Юр'я й Алехну. Пра Ястраба нічога няведама, таксама было шмат Юр'яў і Алехнаў, а таму цяжка прасачыць генэалёгію паноў Забярэзінскіх. Прыкладам, у акце 1434 году згадваўся Алехна – стараста лідзкі, а Юрай паводле аднаго з актаў 1430 году называўся пасьцельным Вялікага Княства. Няведама, ці былі яны сынамі гэтага Ястраба, ды згаданы тут Алехна быў, праўдападобна, Алехнам Судзімонтавічам, які пры канцы 1460-х і ў 1470-х гадох быў намесьнікам полацкім, а ў 1480-х гадох – ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства. Магчыма, што імя Ястраба трэба злучыць зь імем Сокал-Сака (як і ў выпадку Іван-Івашка-Ян), а паноў Забярэзінскіх зьвязаць з родам паноў Саковічаў. Гэта тым больш, што ў Сакі быў сын Юрай, а пан Ян Юравіч Забярэзінскі, пра якога тут гутарка, пасьля Багдана Андрэевіча Саковіча заняў пасаду намесьніка полацкага ды быў таксама і ваяводам троцкім.
Адным словам, ў 1484 годзе пан Ян Юравіч Забярэзінскі становіцца намесьнікам полацкім, а крыху пазьней – таксама і кашталянам троцкім. Намесьнікам полацкім ён быў да 1497 году, у 1497 годзе кароткі час займаў пасаду намесьніка наваградзкага, застаючыся й кашталянам троцкім. Ад студзеня 1498 году Ян Юравіч Забярэзінскі быў ўжо ваяводам троцкім і найвышэйшым маршалкам земскім Вялікага Княства, тады ад 1505 году – найвышэйшым маршалкам земскім і намесьнікам горадзенскім. Пасаду ваяводы троцкага ён страціў у сувязі з спрэчкамі з князем Міхайлам Глінскім, ад рукі якога ён і загінуў на пачатку лютага 1508 году. Ягоны сын – Станіслаў Янавіч Забярэзінскі – ад 1497 году займаў пасаду падскарбнага, ад 1499 году – стольнага Вялікага Княства і (кароткі час) намесьніка браслаўскага, тады быў маршалкам і намесьнікам мярэцкім. Другі сын – Ян Янавіч Забярэзінскі – падпісаў акт Мельніцкае вуніі 1501 году, у 1509 годзе згадваўся на пасадзе маршалка й намесьніка ваўкавыскага, а ў 1520 годзе – на пасадзе ваяводы наваградзкага. Паводле вайсковага попісу 1529 году паны Забярэзінскія выстаўлялі 259 узброеных коньнікаў.
Паны Солтаны – праваслаўныя ды паходзілі дзесьці зь Берасьцейшчыны. Пан Солтан-Аляксандар, званы таксама Аляксандравічам, у 1476 годзе згадваўся на пасадзе падскарбнага дворнага Вялікага Княства. Ягоны брат – «манах-русін» Іван – тады ж быў найвышэйшым падскарбным земскім (у сяньняшнім значаньні – міністар фінансаў). Яны, праўдападобна, былі сынамі Аляксандра Юравіча, які ў 1460-х і на пачатку 1470-х гадоў займаў пасаду падскарбнага земскага Вялікага Княства. Паводле актаў 1480-1483 гадоў Солтан-Аляксандар Аляксандравіч быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам слонімскім, тады маршалкам і намесьнікам наваградзкім, а ў першай палове 1490-х гадоў – маршалкам і намесьнікам бельскім. Іхнымі братамі былі Міхайла з Загорава (ад якога, здаецца, пайшлі паны Загораўскія) і Андрэй з Папорцяў (каля Кернава), які ад 1503 году згадваўся на пасадзе канюшага Вялікага Княства, намесьніка беліцкага й ізбланскага. Магчыма, што братам, або сынам Солтана-Аляксандра Аляксандравіча быў Кміта Аляксандравіч, які ад 1490 году быў намесьнікам пуцілаўскім, ад 1495 году – намесьнікам чэркаскім. Паны Кміты былі праваслаўнага веравызнаньня ды ў ХVІ стагодзьдзі адыгравалі значную палітычную ролю. Прыкладам, пан Філён Сямёнавіч Кміта, які пакінуў цікавы дзёньнік і зваўся таксама Чарнобыльскім (ад двара, які меў каля Чарнобыля), у 1579-1587 гадох выконваў функцыі ваяводы смаленскага.
Паны Няміры – былі і каталікі, і праваслаўныя. Паводле Гарадзельскага прывілею пан Няміра атрымаў герб Ястрабаў. Гэты Няміра, праўдападобна, згадваўся і ў акце 1401 году. Андрэй Няміровіч з акту 1434 году крыху пазьней выступаў на пасадзе маршалка дворнага. Пан Мікола Іванавіч Няміровіч, або Няміра, у 1440 годзе браў актыўны ўдзел у выбарах Казіміра на вялікакнязеўскі пасад, а пад 1469 годам ён называўся намесьнікам віцебскім. Аднак гэты Няміра быў праваслаўны, бо праваслаўнага веравызнаньня быў ягоны брат Якуб Іванавіч Няміра, які ў 1470-х гадох займаў пасаду найвышэйшага пісара Вялікага Княства і ключара віленскага, а ад пачатку 1480-х гадоў быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам берасьцейскім. У канцы ХV – на пачатку ХVІ стагодзьдзя згадваліся Мікола Няміровіч і Юрай Няміровіч, якія падпісалі таксама акт Мельніцкае вуніі 1501 году. Цяжка сказаць, ці былі яны сынамі Міколы й Якуба Іванавічаў Няміраў, бо тады ж выступаюць і Якубовічы: Няміра Якубовіч – у 1494-1496 гадох намесьнік мцэнскі й любуцкі, ды Адам Якубовіч – пісар Вялікага Княства ад канца ХV стагодзьдзя. Таксама, у 1501-1511 гадох згадваўся Няміра Грыміліч, што займаў пасады маршалка й намесьніка мельніцкага. Паны Няміры ня зыходзяць зь дзяржаўна-палітычнае арэны і ў ХVІ стагодзьдзі, і, прыкладам, пан Андрэй Няміровіч, або Няміра, ад 1515 году быў ваяводам кіеўскім.