355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Паўла Урбан » У сьвятле гістарычных фактаў » Текст книги (страница 10)
У сьвятле гістарычных фактаў
  • Текст добавлен: 15 апреля 2017, 03:00

Текст книги "У сьвятле гістарычных фактаў"


Автор книги: Паўла Урбан


Соавторы: Паўла Урбан

Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 13 страниц)

Прыгледзьмася бліжэй да гэтае легенды. З выбарам у 1440 годзе Казіміра Ягайлавіча на вялікакнязеўскі пасад фактычна была зьліквідаваная палітычная вунія Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай, з чаго і цешыліся ліцьвіны. Калі ў 1444 годзе ў бітве з туркамі пад Варнай зьнік польскі кароль Уладзіслаў ІІІ, Казіміраў брат, дык па нейкім часе Польшча, зразумела, зьвярнулася да кандыдатуры Казіміра. Гэтаму, аднак, было забаронена пераняць на сябе польскую карону. Да каранацыі Казіміра польскаю каронай дайшло толькі ў 1447 годзе, але гэтым разам коштам скасаваньня Крэўска-Гарадзельскай палітычнай вуніі ды забавязаньняў Казіміра ня толькі захаваць тэрытарыяльны набытак Вітаўта, але й пашырыць межы Княства. У сувязі з гэтым між Вялікім Княствам і Польшчай найперш паўстала спрэчка за землі Валыні й Падольля, што нават пагражала перарасьці ў адкрыты ваенны канфлікт. Вастрыня гэтага канфлікту прыпадае на 1452-1453 гады, калі ўпершыню было пастаўленае пытаньне замены Казіміра новым вялікім князем. Як далёка зайшло гэтае пытаньне, сьведчыць той факт, што на Віленскім сойме ў траўні 1453 году адбыўся першы замах на жыцьцё Казіміра, у выніку якога ён быў паранены. Тады на пасад вялікага князя партыя віленскага ваяводы Яна Гаштоўта вылучала кандыдатуру пана Радзівіла Осьцікавіча.

Пазьнейшыя пляны замены Казіміра новым вялікім князем змушаюць зьвярнуцца да мірнае ўмовы, што была падпісаная паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам у 1449 годзе. Паводле гэтае ўмовы, Вялікае Княства адракалася ад прэтэньзіяў на Ноўгарад і Пскоў, прызнаючы іх у сфэры ўплываў Маскоўшчыны. Больш за тое, Казімір разрываў з Флярэнтыйскай царкоўнай вуніяй, прызнаючы за галаву праваслаўнае царквы ў Княстве маскоўскага мітрапаліта Іёну. Праўда, згодна з гэтай ўмовай, маскоўскі князь траціў тытул «великий князь всея Руси», а Казімір рабіўся апякуном ягоных дзяцей. Аднак гэта не магло кампенсаваць тых палітычных стратаў для Вялікага Княства Літоўскага, што вынікала з прызнаньня Ноўгараду і Пскова ў сфэры ўплываў Маскоўшчыны ды падпарадкаваньня нашай царквы маскоўскай мітраполіі. Гэта наводзіць на думку, што мірная ўмова з Маскоўшчынай 1449 году была свайго роду палітычнай дывэрсіяй дыпляматыі Польшчы й самога Казіміра, ськіраванай супраць нашай краіны. Тады нарастаў канфлікт Польшчы з Прусіяй ды, як гаварылася вышэй, Вялікае Княства таксама знаходзілася ў канфлікце з Польшчай і самым Казімірам. З пачаткам Прускае вайны (1454-1466) Маскоўшчына справакоўвае ваенны канфлікт з Ноўгарадзкаю рэспублікай, і паводле Яжалбіцкай ўмовы 1456 году накінула апошняй цяжкія абмежаваньні й палітычныя забавязаньні. Урад Княства сваім парадкам адмовіўся падтрымаць Польшчу й Казіміра ў Прускай вайне, але чамусьці ня мог таксама прыйсьці з дапамогай Ноўгараду. У гэтым, магчыма, ён быў зьвязаны той мірнай умовай з Маскоўшчынай, а найбольш асобаю самога Казіміра. Аднак у сувязі з маскоўска-ноўгарадзкім канфліктам у тым жа 1456 годзе Казімір быў выкліканы з Польшчы ў Вялікае Княства, дзе цяпер перад ім была альтэрнатыва: або зрачыся польскае кароны ды прысьвяціцца палітычным інтарэсам Княства, або адмовіцца ад пасаду вялікага князя. На новага вялікага князя цяпер ліцьвіны прапаноўвалі кандыдатуру кіеўскага князя Сямёна Аляксандравіча (Алелькавіча) – унука Ўладзіміра Альгердавіча. Ведама, і Казімір меў сваіх прыхільнікаў у Вялікім Княстве Літоўскім, дый наагул пытаньне зьмяшчэньня манархаў тымі часамі было даволі складанае, і гэта звычайна ажыцьцяўлялася спосабам фізычнага адхіленьня іх. Тады пытаньне разьвязалася тым, што ў наступным 1457 годзе Казімір змушаны быў пацьвердзіць прывілеі й забавязаньні з 1447 году.

Закончыўшы Прускую вайну, у далейшым Казімір поўнасьцяй быў заняты сваёй прапольскай дынастычнай палітыкаю ў Чэхіі ды Вугоршчыне. Гэта прыводзіць ня толькі да войнаў з Вугоршчынай, але й да канфлікту зь нямецкім імпэратарскім домам ды самым Рымам. Палітычныя інтарэсы Княства на ўсходзе Казімір зусім занядбаў. Праўда, на пачатку 1470 году Казімір наведаў краіну ды з прычыны пагрозы з боку Масквы пабываў нават у Полацку, Віцебску і Смаленску, аднак ізноў неўзабаве вярнуўся ў Польшчу, каб там заняцца чэскімі й вугорскімі справамі. Адсюль паўтарэньне таго, што здарылася ў 1450-х гадох. Яшчэ ў 1464 годзе Іван ІІІ накінуў сваё зьверхніцтва Пскову. Напалоханая гэтым Ноўгарадзкая рэспубліка сваім парадкам разарвала Яжалбіцкую ўмову ды ў 1470 годзе зьвярнулася па дапамогу да Вялікга Княства Літоўскага. Між Ноўгарадам і Княствам паўстаў абаронны хаўрус і быў выпрацаваны праект палітычнае вуніі. У сувязі з гэтым у лістападзе 1470 году ў Ноўгарад быў высланы «вялікакнязеўскі намесьнік» у асобе кіеўскага князя Міхайлы Алелькавіча (ягоны брат Сямён якраз памёр у тым жа 1470 годзе). Усё гэта, зразумела, рабілася ад імя Казіміра ды, праўдападобна, зь ягонае згоды, бо цяжка ўявіць, каб у гэтым выпадку ўрад Вялікага Княства дзейнічаў самастойна. Аднак Казімір быў супраць ваеннага канфлікту з Маскоўшчынаю, да якога доўгі час рыхтавалася Вялікае Княства. Ён заставаўся ў Польшчы, назіраючы за падзеямі ў Чэхіі й Вугоршчыне, бо якраз у тым жа 1470 годзе чэская дэлегацыя паклікала ягонага сына Ўладзіслава на пасад караля. Больш за тое, каб, магчыма, не дапусьціць канфлікту паміж Княствам і Маскоўшчынай, у канцы 1470 году Казімір наважыўся адабраць у князёў Алелькавічаў Кіеўскае княства, сеячы гэтым самым нязгоду ў Вялікім Княстве Літоўскім і змушаючы князя Міхайлу Алелькавіча пакінуць Ноўгарад і вярнуцца назад. Дарэчы, яшчэ ў 1469 годзе Казімір паклікаў у Вялікае Княства францішканцаў і бэрнардынцаў з выразнай мэтай «перахрышчваць схізматыкаў», хоць тады фармальна была адноўленая царкоўная вунія, і ў Наваградку сядзеў вуніяцкі мітрапаліт Рыгор Баўгарыновіч (1458-1473). Гэта рабілася ня толькі, каб прымірыцца з Рымам, але й дзеля таго, каб яшчэ больш распаліць у краіне рэлігійныя закалоты й палітычную грызьню ды гэтым сама палітычна аслабіць нашае гаспадарства, супраціў ягонага ўраду Польшчы. Пакінутае на собскую долю, у ліпені 1471 году ноўгарадзкае рушаньне было разьбітае арміяй Івана ІІІ. Казімір не кіўнуў нават пальцам, бо тым часам быў заняты выпраўленьнем свайго сына ў Чэхію ды падрыхтоўкай да вайны з Вугоршчынаю. Ноўгарадзкая рэспубліка страціла самастойнасьць і фактычна далучалася да Маскоўскае дзяржавы.

Тады ж і зьявілася згаданая вышэй легенда, што для Вялікага Княства Літоўскага лепш не пачынаць вайны з Маскоўшчынай, бо будзе «здрада» з боку «рускіх князёў». Тым часам на гэтую «здраду» не пайшоў нават князь Міхайла Алелькавіч, які з усім сваім дыпляматычным штабам мог проста з Ноўгараду лёгка перайсьці на бок Івана ІІІ. Легенда гэтая, зразумела, нарадзілася ў Польшчы і выходзіла найперш ад самога Казіміра. Дарэчы, пачатак гэтае легенды быў закладзены ў намерах ліцьвіноў абраць князя Сямёна Алелькавіча на пасад вялікага князя.

Найбольш трагічнымі для Княства былі падзеі 1479-1480 гадоў. З дапамогай нашага ўраду ў Ноўгарадзе рыхтавалася паўстаньне супраць Маскоўшчыны. Быў зроблены антымаскоўскі альянс з ханам Залатое Арды Ахматам, і да такога хаўрусу даходзіла зь Лівоніяй і Швэдыяй. Апрача таго, увесну 1480 году супраць Івана ІІІ узбунтаваліся ягоныя браты, якія з сваймі сем'ямі й войскам перакачавалі на ўзьмежжа Вялікага Княства і навязалі кантакты зь Вільняй, дзе ў тым часе знаходзіўся сам Казімір. Прадбачваючы пасыўнасьць Казіміра, яшчэ ў 1479 годзе Паны-Рада й спэцыяльна скліканы сойм дамагаліся ад Казіміра, каб ён вялікакнязеўскую ўладу перадаў аднаму з сыноў. Дамаганьні гэтыя ўзмацніліся ўзімку й увесну 1480 году. Гэтым Вялікае Княства Літоўскае імкнулася пазбавіцца ад Казіміра й разьвязаць сабе рукі ў дачыненьнях з Маскоўшчынай. Дамаганьні гэтыя, бясспрэчна, маглі значыць і поўны разрыў з Польшчаю, а таму Казімір катэгарычна адкінуў іх, зазначаючы, што пакуль ён будзе жыць, датуль будзе ўтрымліваць у сваіх рукох уладу ў Польшчы й Вялікім Княстве. Разам з гэтым Казімір катэгарычна адмовіўся таксама падтрымаць братоў Івана ІІІ, і яны, атрымаўшы такую адмову, спачатку зьвярнуліся да Пскова, а тады змушаныя былі шукаць пагадненьня з сваім братам. Тады ж, увесну 1480 году, Казімір адмовіўся адначасна ад наладжваньня антымаскоўскага альянсу зь Лівоніяй і Швэдыяй ды, нарэшце, пакінуў у адзіноце хана Залатой Арды Ахмата, што доўгі час стаяў на ўзмежжы Маскоўшчыны, дарэмна чакаючы выступленьня Вялікага Княства. Не дачакаўшыся ўмоўленай падтрымкі, пры адступленьні хан Ахмат спустошыў усходне-паўдзённыя землі Княства, што было помстай за здраду свайго хаўрусьніка. Тым часам, праўдападобна ўзімку 1480 году, Казімір выслаў пасольства ў Маскву, прапануючы Івану ІІІ «любовь и докончание», г.зн. наладжваньне мірнае ўмовы. Здаецца, ужо тады Казімір выношваў пляны ўцягнуць Івана ІІІ у гэтак званую кааліцыю эўрапейскіх манархаў супраць Турэччыны, бо ў сувязі з гэтымі плянамі ён не зрэагаваў і на далучэньне ў 1485 годзе да Маскоўшчыны Цьверскага княства – апошняга хаўрусьніка Вялікага Княства на ўсходзе. У гэтым выпадку, ведама, Казімір цікавіўся не крыжовым паходам супраць Турэччыны, але падбіцьцём Вугоршчыны і Малдавіі, зь якімі Польшча знаходзілася ў канфлікце ды на якія яна прэтэндавала. Тым жа часам, рыхтуючыся да канчатковага парахунку з Вялікім Княствам, Іван ІІІ узмацняў кааліцыю ў складзе Маскоўшчыны, Крымскага ханства, Малдавіі, Вугоршчыны і, нават, нямецкага імпэратара.

Згаданыя падзеі 1480 году сталіся непапраўнай палітычнай катастрофай для Вялікага Княства Літоўскага. Ноўгарадзкая рэспубліка, што дасюль была бар'ерам паміж Княствам і Маскоўшчынай, канчаткова была далучаная да апошняе, падвоіўшы ейныя сілы. Далей, не падтрымаўшы хана Ахмата, Казімір дапамог Маскоўшчыне вызваліцца ад «татарскага ярма», бо Залатая Арда, добра пакалашмачаная пры адступленьні з маскоўскага ўзмежжа крымскімі й нагайскімі татарамі, ад гэтага часу перастала быць небясьпечнай для Маскоўшчыны ды наагул сыйшла з палітычнае арэны. Адным словам, у гэтым разе Казімір дапамог Маскоўшчыне разьвязаць рукі супраць Вялікага Княства. Галоўнае ж, выгадныя абставіны 1479-1480 гадоў не былі выкарыстаныя нашай дзяржавай для паслабленьня самога Маскоўскага княства, а гэта лёгка можна было зрабіць, толькі даўшы адпаведную падтрымку братом Івана ІІІ.

Вось ў гэтых сапраўды трагічных для Вялікага Княства абставінах і рыхтавалася «змова князёў 1481 году». На чале змовы стаялі князі Міхайла Алелькавіч Слуцкі, Хведар Бельскі ды Іван Гальшанскі, але да яе хінуліся таксама іншыя князі й паны. Зразумела, яе падтрымаў бы і ўрад Княства ў цэлым, пра што сьведчаць згаданыя вышэй дамаганьні перадачы вялікакнязеўскай ўлады аднаму з сыноў Казіміра. Змова была скіраваная як супраць самога Казіміра, так і супраць ягоных сыноў, што тады знаходзіліся ў Княстве. Гэтая змова, аднак, была выкрытая, і ў некаторых змоўнікаў паляцелі галовы, а іншыя, прыкладам, князі Хведар Бельскі й Іван Глінскі, зьбеглі ў Маскву.

Ці прафэсар Абэцэдарскі звяртаўся да ўсіх гэтых фактаў, каб зрабіць выснову, што «змова князёў 1481 году» была нутраною справаю Вялікага Княства Літоўскага?! Сапраўды, «мэта перадаць Беларусь Расіі па Беразіну», якую быццам мелі на ўвазе згаданыя змоўнікі, зусім не вымагала замаху на жыцьцё Казіміра ды тым больш на ягоных дзяцей. Замест Казіміра хутка быў бы абраны новы вялікі князь і польскі кароль, і трэба думаць, што ў гэтым разе супраць Маскоўшчыны выступіла б і сама Польшча. Дарэчы, да падобнае «трансакцыі» ў тым часе не была гатовая й сама Маскоўшчына. Тым больш «трансакцыя» гэтая неяк цяжка ўвязваецца зь імёнамі князёў Алелькавічаў, Гальшанскіх ці Глінскіх, якія, паводле канцэпцыі Абэцэдарскага, не належалі да «беларускіх феадалаў», а таму не маглі быць «беларускімі патрыётамі», зачараванымі «ідэяй з'яднаньня Беларусі з Расіяй». Згадаем пры нагодзе, што пасьля сьмерці Казіміра ў 1492 годзе на вялікакнязеўскі пасад прэтэндавалі два кандыдаты: сын Казіміраў Аляксандар і слуцкі князь Сямён Міхайлавіч Алелька, г.зн. сын «змоўніка 1481 году» князя Міхайлы Алелькавіча. Магчыма, што і апошні дзеіў таксама паводле «інструкцыяў з Масквы»? Найбольш праўдападобна, аднак, што ён вёў далей традыцыю князя Сямёна Аляксандравіча (Алелькавіча), што яшчэ ў 1450-х гадох меўся заняць вялікакнязеўскі пасад у Вялікім Княстве Літоўскім, ды такую ж традыцыю змоўнікаў 1481 году.

Вышэй згадваўся вялікакняскі прывілей 1492 году. Ён фактычна быў накінуты абранаму вялікаму князю Аляксандру. Параграф 13 гэтага прывілею абавязваў вялікага князя разьвязваць пытаньні вонкавае палітыкі Княства толькі ў згодзе з Панамі-Радай. Асабліва гэта датычылася Маскоўшчыны, якая згадвалася на першым месцы. Правы вялікага князя ў дачыненьнях зь іншымі краямі, у тым ліку і ў пытаньнях вайны і міру, абмяжоўваліся. Няцяжка бачыць, што гэтыя абмежаваньні ды пашырэньне адпаведных кампэтэнцыяў Паноў-Рады беспасярэдне выплывалі з горкае рэчаіснасьці Казіміравых часоў. Упісваючы ў прывілей агульнадзяржаўнае вагі гэты параграф, ліцьвіны, зразумела, імкнуліся ўнікнуць у далейшым тае палітычнае трагедыі, якая здарылася за Казімірам, калі гэты манарх, заняўшыся выключна справамі Польшчы, зьвёў на нішто ўсходнюю палітыку Вялікага Княства Літоўскага.

Дарэчы, выходзячы з трагічных для Княства падзеяў часоў Казіміра, у 1492 годзе ліцьвіны катэгарычна адмовіліся абраць супольнага з Польшчаю манарха. Палітычнай памылкаю было тое, што на пасад вялікага князя яны абралі Аляксандра Казіміравіча, а не князя Сямёна Міхайлавіча Слуцкага. Праўда, у тым часе стан краіны быў складаны, бо яна знаходзілася ў стане вайны з Маскоўшчынай, а адхіленьне кандыдатуры Аляксандра Казіміравіча прывяло б і да канфлікту з Польшчаю. Нават у сувязі з выбарам апрычонага вялікага князя ў асобе Аляксандра Польшча тады пачала правакаваць сутычкі на літоўска-польскім узьмежжы ды, як і ў 1440-х гадох, нацкоўваць Мазавецкае княства. Згадаем хоць бы наступны факт. У 1493 годзе ў Маскве зьявілася пасольства мазавецкага князя Канрада, якое прапанавала Івану ІІІ хаўрус супраць нашай дзяржавы, тытулуючы адначасна маскоўскага князя «государем и царем всея Руси»[118], што ў перакладзе на дыпляматычную мову значыла прызнаньне правоў Маскоўшчыны на гэтак званыя «рускія землі» Вялікага Княства Літоўскага. Польшча, як бачым, проста ўсаджвала нож у сьпіну сваёй суседцы. Адначасна, як ведама, Польшча тады пачала дамагацца аднаўленьня Крэўска-Гарадзельскае вуніі ды, каб знутры паслабіць Княства, у 1495-1496 гадох высунула плян выдзяленьня на ўкраінскіх землях Кіеўскага княства перадачы яго Жыгімонту Казіміравічу, брату Аляксандра. Да нармалізацыі дачыненьняў з Польшчаю дайшло толькі ў 1499 годзе, калі між Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчаю быў падпісаны сяброўскі хаўрус, які яшчэ раз ануляваў Крэўска-Гарадзельскую палітычную вунію ды касаваў абавязковасьць выбару для абедзьвюх краінаў супольнага манарха й іхнага ўдзелу ў выбарах адпаведных манархаў, якія цяпер маглі паклікацца неабавязкова з аднае й тае ж дынастыі. Але да гэтага дайшло толькі пасьля вялікае паразы польскай арміі ў Малдавіі.

Адным словам, і гэтыя апошнія факты ня ўвязваюцца ў канцэпцыю Абэцэдарскага пра «змову польска-літоўскіх феадалаў» супраць «беларускіх феадалаў» і пра рэакцыю апошніх, якая нібыта выявілася ў іхных спробах «далучыць да Расіі ўсходнія беларускія землі па Беразіну».

Гэтак званай праблеме «пераходу пад уладу вялікага князя маскоўскага феадалаў ВКЛ у канцы ХV – пачатку ХVІ стагодзьдзя» прысьвечаныя адмысловыя працы, у тым ліку й заходніх гісторыкаў[119]. Яны ў асноўным паўтараюць канцэпцыю расейскіх гісторыкаў ці канцэпцыю прафэсара Абэцэдарскага. Крыху інакш трактуе гэтую праблему ангельскі гісторык Дж.Фанэл[120], набліжаючыся да гістарычнай праўды.

Як згадвалася вышэй, палітыка Казіміра пазбавіла Вялікае Княства Літоўскае ягоных хаўрусьнікаў на ўсходзе ды ўзмацніла палітычную магутнасьць Маскоўскай дзяржавы. Больш за тое, яна садзейнічала выпрацоўцы пагляду пра няздольнасьць Княства ні да супраціву, ні да самазахаваньня. Ад 1486 году Іван ІІІ пачаў звычайную ўзьмежную вайну з Княствам. Разам з тым ён арганізаваў згаданую вышэй кааліцыю супраць Вялікага Княства і Польшчы ды адкрыта пачаў дамагацца перадачы яму «ўсіх рускіх земляў» і ў першую чаргу Смаленшчыны, Полаччыны, Кіеўшчыны й г.д. Гэта фактычна значыла casus belli, але Казімір бязьдзейнічаў і абмежваўся толькі адпаведнымі пратэстамі. Пасыўнасьць Казіміра, даведзеная да абсурду, і ўзрастаньне агрэсіі з боку Маскоўшчыны змусілі некаторых князёў усходніх узмежжаў Княства зьмяніць палітычную арыентацыю ды, пакуль ня было позна, перайсьці на бок маскоўскага вялікага князя. Гэта былі князі Адаеўскія, Варатынскія, Бялеўскія, Навасельскія ды іншыя. Пераход пачаўся ад 1487 году, які палягчаўся тым, што князі карысталіся правам «свабоднага адыходу» разам з сваімі землямі. Зразумела, свой адыход яны звычайна матывавалі «рэлігійным уціскам» у Вялікім Княстве, ці тым, што Казімір быццам бы адсоўваў іх ад удзелу ў працы Паноў-Рады. Аднак, чытаючы іхныя апраўданьні, выразна паўстаюць перад вачыма іншыя матывы: страх перад маскоўскай агрэсіяй і няўпэўненасьць у здольнасьці Вялікага Княства супрацьстаяць гэтай агрэсіі. Дарэчы, шмат якія з гэтых князёў беспасярэдне зварталіся да Вільні й да самога Казіміра, просячы падтрымкі ў змаганьні з набегамі маскоўскіх ваяводаў і проста заклікаючы ўрад пачаць контракцыю.

1492 год, у якім памёр вялікі князь Казімір, заспеў Вялікае Княства ў стане адкрытай вайны з Маскоўшчынай, у канфлікце з Польшчай з прычыны абраньня на вялікакняскі пасад Аляксандра, без якіх-колечы іншых хаўрусьнікаў. Таму ўжо на пачатку вайны з Маскоўшчынай урад Вялікага Княства пачаў шукаць пагадненьня з Іванам ІІІ, да чаго і дайшло ў 1494 годзе. Тэрытарыяльныя страты для Княства, у выніку гэтай вайны, былі ня вельмі вялікія, але палітычна небясьпечныя, тым болей што паводле мірнае ўмовы 1494 году за Масквой прызнаваліся Пскоў, Ноўгарад і Цьвер, а за вялікім маскоўскім князем – тытул «государь всея Русии».

Неўзабаве, аднак, мірную ўмову 1494 году абодва варожыя бакі паклалі пад сукно. Пачалася падрыхтоўка да новае вайны, у сувязі з чым урад Вялікага Княства адмовіўся тытулаваць Івана ІІІ «государем всея Русии», пачаў дамагацца звароту страчаных у вайне земляў і аднаўленьня незалежнасьці Ноўгарадзкай і Пскоўскай рэспублік. Для змаганьня з Маскоўшчынай Вялікае Княства Літоўскае намагалася атрымаць дапамогу ад Польшчы, што, аднак, засталося марным спадзяваньнем. Праўда, у 1497 годзе дайшло да зарганізаваньня супольнага паходу супраць Крымскага ханства, сама руплівага хаўрусьніка Івана ІІІ, і гэты паход урад Вялікага Княства Літоўскага імкнуўся выкарыстаць для адначаснага наступу на Маскоўшчыну, а Польшча – для падбіцьця Малдавіі. Паход закончыўся няўдала. Велізарная армія Княства каля месяца мусіла чакаць выступленьня польскай арміі, аднак апошняя, пасьля гэткага спазьненьня не пайшла на злучэньне з нашым войскам, каб пасьля разам пасоўвацца да Крыму, а зьмяніла кірунак і пераступіла межы Малдавіі. Тут яе напаткала небывалая параза. Для нашай краіны гэты крымскі паход закончыўся тым, што быў адбудаваны Брацлаў і ўмацаваныя некаторыя іншыя цьвярдыні на паўдзённых узьмежжах, а Польшча наклікала на сябе два спусташальныя набегі турэцкай арміі, што адбыліся ў траўні й лістападзе наступнага 1498 году. Адным словам, пляны Княства неяк выкарыстаць Польшчу ў змаганьні з Маскоўшчынай праз зьнішчэньне спачатку ейнага хаўрусьніка ў асобе Крымскага ханства былі пакрыжаваныя. Само Княства, зразумела, не магло пайсьці на Крым, бо за сьпіной Крымскага ханства стаяла ня толькі Маскоўшчына, але й больш магутная Турэччына.

І вось, калі ў 1500 годзе дайшло да новае вайны, пачатай Маскоўшчынай і Крымскім ханствам супраць Вялікага Княства Літоўскага, увесну на бок Івана ІІІ перайшлі ня толькі князі Масальскія і Хоцімскія, але таксама брат змоўніка 1481 году князь Сямён Іванавіч Бельскі з сваёй Бельскай зямлёй, князь Сямён Іванавіч Мажайскі з Чарнігавам, Старадубам, Гомелем і Любечам, князь Васіль Іванавіч Шамячыч з Ноўгарад-Северскім і Рыльскам ды князі Трубчэўскія (Трубецкія) з Трубчэўскам. Князі Сямён Мажайскі й Васіль Шамячыч былі дзецьмі маскоўскіх эмігрантаў, што за часамі Васіля ІІ Цёмнага ўцяклі ў Вялікае Княства і тут атрымалі вялікія зямельныя надзелы. Сваімі войскамі яны падмацавалі тры арміі Івана ІІІ, што напалі на краіну. Напярэймы цэнтральнай маскоўскай арміі, што пасоўвалася на Смаленск, былі высланыя вялікі гетман князь Канстантын Астроскі ды Смаленскі ваявода Станіслаў Кішка. Ачоленая імі армія была невялікая, бо асноўнае войска Вялікага Княства заставалася пры Аляксандру ў Менску й Барысаве. Сустрэча адбылася на рацэ Вядрошы каля Дарагабужу, і 14 ліпеня тут разыгралася крывавая бітва. Першы раз у гісторыі ў падобнай адкрытай канфрантацыі армія Княства пацярпела поўную паразу. Зь невялікім адзьдзелам з поля бітвы ўцёк толькі Станіслаў Кішка, а недабітыя рэшткі арміі з Канстантынам Астроскім трапілі ў маскоўскі палон. Моцна была пабітая і ў колькі разоў большая маскоўская армія. Яна пасьпешна была падмацаваная новымі рэзэрвамі, прысланымі з Масквы, але й пасьля свайго папаўненьня не наважылася рушыць на Смаленск ды наагул у 1500 годзе спыніла ўсю акцыю. Спыніла вялікія дзеяньні і асноўная армія Вялікага Княства Літоўскага, наведаўшы Смаленск, Віцебск і Полацак. Тымчасам, як 2-я й З-я маскоўскія арміі былі занятыя дабыцьцём Таропца і Пуціўля, урад Княства і Аляксандар насьпех арганізоўвалі антымаскоўскую кааліцыю. Рабіліся спробы перацягнуць на свой бок крымскага хана Мэнглі-Гірэя, тады былі навязаныя кантакты з Нагайскай і Залатой Ардамі, а таксама зь Лівонскім ордэнам. З гэтымі апошнімі быў наладжаны антымаскоўскі хаўрус, і супольны выступ меркаваўся на лета 1501 году. І сапраўды, у жніўні 1501 году на поўначы пачаў ваенную акцыю й здабыў вялікую перамогу над маскоўскай арміяй магістар Лівонскага ордэну фон Плетэнбэрг, а на поўдні супраць Рыльска, Пуціўля й Чарнігава, акупаваных Масквой, выступіў з сваёй арміяй хан Залатой Арды Шых-Ахмат.

А дзе ж у гэтым часе быў галоўны хаўрусьнік гэтае антымаскоўскае кааліцыі – Вялікае Княства Літоўскае, армія якога мелася нанесьці контрудар у цэнтры? А рэч у тым, што 17 чэрвеня 1501 году памёр бязьдзетны польскі кароль Ян Альбрэхт. І хоць у рэзэрве заставаўся яшчэ Жыгімонт Казіміравіч, кандыдатуру якога падтрымліваў чэскі й вугорскі кароль Уладзіслаў, Польшча ўхапілася за Аляксандра. Дарэчы, сам Аляксандар найбольш жадаў пераняць спадчыну свайго бацькі, тым болей што і ў Вялікім Княстве шмат хто спадзяваўся абраньнем Аляксандра польскім каралём атрымаць ад Польшчы патрэбную дапамогу. Адным словам, пад ціскам Польшчы, самога Аляксандра й марнае для Княства сытуацыі на ўсходзе дайшло да згоды на абраньне Аляксандра каралём Польшчы й да ўкладаньня акту гэтак званае Мельніцкае вуніі, што задіночвала Вялікае Княства Літоўскае і Польшчу «in unum et indivisum ac indifferens corpus, ut sit una gens, unus populus, una fraternitas, et communia consilia, eidemque corpori perpetuo unum caput, unus rex, unusque dominus». Наколькі быў вялікі ўзьніклы ў сувязі з гэтым хаос у краіне і нежаданьне ліцьвіноў ізноў зьвязаць сваю долю з Польшчай, якая дасюль амаль нічога не зрабіла для Княства, а была толькі тормазам, сьведчыць той факт, што ў канчатковым выніку акт Мельніцкай вуніі падпісалі толькі каля 30 паноў і князёў, у бальшыні выпадкаў другарадных, якія крыху пасьля таксама адмовіліся ад гэтае вуніі, а акт Мельніцкае вуніі зноў быў здадзены ў архіў, бо вунія аказалася няпраўная.

Усё гэта спрычынілася да таго, што ўлетку і ўвосені 1501 году армія фактычна бязьдзеіла. Яна нават не прыйшла на дапамогу ні хану Залатое Арды Шых-Ахмату, ні лівонскай арміі фон Плетэнбэрга, хоць гэтыя й закідалі Вільню адмысловымі пасольствамі. І толькі пасьля падпісаньня Мельніцкае вуніі, што адбылося 23 кастрычніка 1501 году, армія на чале з панам Астапам Дашковічам і князем Міхайлам Заслаўскім скіравала свой удар да цэнтру, дзе 4 лістапада дайшло да крывавае бітвы каля Амсьціслава, на полі якой склалі свае галовы каля 7 тысяч ліцьвіноў. Зразумела, не дачакаўшы ніякай падтрымкі, лівонская армія ўжо даўно адступіла ў Лівонію, дзе была зьнішчаная 24 лістапада ў выніку маскоўскага контрудару. Раней адступіла на Данец і армія Шых-Ахмата, якая там канчаткова здэмаралізавалася і дашчэнту была разьбітая крымскімі татарамі. Так што на пачатку чэрвеня 1502 году Залатая Арда наагул спыніла сваё існаваньне.

Вайсковая дапамога Польшчы, якую так «шчыра» абяцалі палякі пры абраньні Аляксандра польскім каралём і падрыхтоўцы Мельніцкае вуніі, зьвялася да аднаго невялікага адзьдзелу жаўнераў-наймітаў, што Аляксандар прывёў з сабой у Вялікае Княства ўлетку 1502 году ды які хутка зноў быў адкліканы ў Польшчу ў сувязі з чуткамі пра магчымае нападзеньне на Польшчу турэцкае арміі. Тым часам, як і ў 1501 годзе, маскоўскія галоўныя сілы працягвалі аблогу Смаленску, а орды крымскіх татараў пачалі сыстэматычныя й спусташальныя рабаўніцкія набегі на Вялікае Княства Літоўскае, даходзячы да Берасьця, Турава й нават Менску. Тое, што цяпер Аляксандар мог прапанаваць ураду краіны, гэта толькі «актыўны» ўдзел прадстаўнікоў Польшчы, Рыму, Чэхіі й Вугоршчыны ў перамовах зь Іванам ІІІ. Зь іхнай дапамогай у 1503 годзе дайшло да часовага замірэньня паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўшчынай. «Часова» за Маскоўшчынай засталіся таксама землі з гарадамі Рыльск, Пуціўль, Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Трубчэўск, Бранск, Старадуб, Рослаў, Гомель, Любеч, Дарагабуж, Бельск (Белы) і Таропец, перададзеныя ёй тымі «рускімі князямі».

У сьвятле згаданых тут фактаў сумленны навуковец, напэўна, адшукае праўдзівыя прычыны, што хаваліся за «пераходам рускіх князёў» на бок Маскоўшчыны ў канцы ХV – пачатку ХVІ стагодзьдзя. Гэтыя прычыны найменш дыктаваліся тым «рускім патрыятызмам», пра які гаворыць Абэцэдарскі. Першапрычынай пераходу былі поўная пасыўнасьць усходняй палітыкі Казіміра, ягонае спрыяньне далучэньню да Маскоўшчыны Ноўгарадзкай і Пскоўскай рэспублік, а таксама Цьверскага княства, палітычнае аслабленьне ў сувязі з гэтым Вялікага Княства Літоўскага. Маскоўская дзяржава сталася вялікім і магутным гаспадарствам, якое пачало разьвіваць сваю агрэсію ды выразна вызначыла кірунак гэтае агрэсіі – захоп земляў Вялікага Княства. Каб не падзяліць долі ноўгарадзкага баярства, якое з далучэньнем Ноўгараду было пазбаўленае сваіх земляў і павысыланае ўглыб Маскоўшчыны, згаданыя «рускія князі» змушаныя былі стаць на шлях «дабраахвотнага пераходу на службу вялікага князя маскоўскага», тым болей што й пасьля сьмерці Казіміра Княства не магло аддыхацца ад вынікаў ягонае ўсходняе палітыкі. Зразумела, нейкую ролю адыгралі і рэлігійныя закалоты ў краіне, што з мэтай набыцьця палітычнага капіталу страшэнна разьдзімаліся маскоўскай дыпляматыяй і ў такім разьдзьмутым выглядзе падаваліся «рускім князям», каб схіліць іх да пераходу на бок Маскоўшчыны.

Што ж да заняпаду палітычнае магутнасьці Вялікага Княства Літоўскага, дык заняпад гэты пачаўся ад Крэўскае палітычнае вуніі, зробленай Ягайлам з Польшчаю ў 1385 годзе. Уся палітычная сіла й дыпляматыя краіны выдаткоўваліся ў спрэчках з Польшчай ды ў імкненьнях да самазахаваньня. Вось чаму, як гэта занатавана ў летапісах і соймавых справаздачах, ліцьвіны сумавалі па часах Альгерда й Вітаўта, адмоўна ставячыся да палітыкі Ягайлы й Казіміра. Яны не адмаўляліся, але заклікалі да змаганьня з Маскоўшчынай, пра што з асаблівай сілай сьведчаць соймавыя й дыпляматычныя акты Казіміравых і пазьнейшых часоў, а таксама былі здольныя да гэтага змаганьня, пра што сваім парадкам засьведчылі хоць бы крывавыя бітвы на Вядрошы й каля Амсьціслава, або выдатная абарона Смаленску ў 1501-1502 гадах.

Як зазначалася вышэй, Абэцэдарскі цьвердзіць, што «пераважная большасць сялянскіх і гарадскіх паўстанняў канца ХVІ – першай паловы ХVІ стагоддзя, захоўваючы рысы, уласцівыя антыфеадальным паўстанням.., мела ў той жа час канкрэтную мэту – з'яднанне з Расіяй» (б.68). Далей ён кажа: «З асаблівай сілай імкненне беларусаў да з'яднання з Расіяй выявілася ў час народна-вызваленчай вайны ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя і ў час руска-польскай вайны 1654-1667 гг.» (б.69). Нарэшце завяршае: «Выяўленнем імкнення беларускага народа да з'яднання з Расіяй было і масавае перасяленне беларусаў на рускую тэрыторыю ў час вайны 1654-1667 гг. Толькі ў Замаскоўны край тады добраахвотна перасяліліся дзесяткі тысяч беларускіх сялян» (б.70). Праўда, у іншых месцах свае брашуры Абэцэдарскі падкрэсьлівае, што хваля ўцёкаў сялянства з Вялікага Княства Літоўскага не абмяжоўвалася Маскоўшчынай, але накіроўвалася першым чынам да казакоў на Ўкраіну і на Дон ды была абумоўленая найперш сацыяльнымі прычынамі. Але гэтая ягоная засьцярога ніяк не мяняе згаданай вышэй асноўнай канцэпцыі.

Усьцяж паклікаючыся на «нацыянальна-рэлігійнае прыгнечаньне» ў Вялікім Княстве Літоўскім, Абэцэдарскі разам з тым спасылаецца на шмат якія здраматызаваныя ім факты, прыкладам, на падзеі ў Віцебску ў 1623 годзе, калі ў сувязі з забойствам там вуніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча было пакарана 120 асобаў. Адначасна ў адным месцы свае брашуры ён зазначае, што «ўсе грамадскія рухі ў перыяд феадалізму немінуча набывалі рэлігійную афарбоўку» (б.66). Можна пагадзіцца з гэтымі ягонымі сьцьверджаньнямі з той засьцярогай, каб адкінуць прыстаўку «нацыянальна-», а ўзмоцненае «рэлігійнае прыгнечаньне» перанесьці на ХVІІ стагодзьдзе. Згадваючы пра віцебскія падзеі 1623 году, Абэцэдарскі прыводзіць цытату з пасланьня папы Урбана VІІІ (1623-1645) да Жыгімонта Вазы, што вымагала: «Ты, дзяржаўны кароль, не павінен утрымацца ад агня й мяча... пракляты будзе той, хто ўтрымае свой меч ад крыві. Няхай ерась адчувае, што ёй няма літасці». У гэтым выпадку мы можам пайсьці нават далей, канстантуючы, што той жа папа Урбан VІІІ ня толькі бязьлітасна ставіўся да праваслаўных, абзываючы іх «крылатымі» словамі, якія толькі маглі знайсьціся ў няхітрай контррэфармацкай тэрміналёгіі. У імя распаўсюджаньня каталіцызму крыху пазьней ён наагул дамагаўся таго, каб пазбавіць усялякіх правоў ня толькі праваслаўных, але й вуніятаў, заклікаючы гэтым сама пачаць адкрытую грамадзянска-рэлігійную вайну ў Рэчы Паспалітай. Супраць такога «ваяўнічага» каталіцызму тады выступілі шмат якія палітычныя дзеячы самое Польшчы. Зразумела, што гэткія пачварныя абставіны таго часу проста мусілі прыводзіць ня толькі да падзеяў, што здарыліся ў 1623 годзе ў Віцебску, але й да гэтак званай цягі праваслаўнае часткі жыхарства краіны да Маскоўшчыны. Гэта, напрыклад, і сталася ў часе вайны 1632-1634 гадоў, калі частка жыхароў Полацку пры подступе маскоўскае арміі перайшла на бок апошняе. На гэтым факце Абэцэдарскі разбудоўвае цэлае прамаскоўскае «паўстаньне беларускага народу», што, аднак, не адпавядае праўдзе. Вось, прыкладам, у часе рабаўнічых набегаў у 1595-1596 гадох казацкага атамана Налівайкі да яго далучаліся тады беларускія сяляне і незаможныя жыхары некаторых беларускіх гарадоў. Але сказаць, што тады ўзьнялося «праўкраінскае паўстаньне беларускага народу», было б даволі сьмешна. Згадаем тут да таго ж, што, прыкладам, яшчэ ў 1624 годзе нелегальны праваслаўны кіеўскі мітрапаліт Ісай Барэцкі ў сваім лісьце ў Маскву прасіў «праваслаўнага маскоўскага цара» падтрымаць змаганьне праваслаўных Рэчы Паспалітай з вуніятамі ды прапанаваў судзеіць далучэньню Ўкраіны да Маскоўшчыны. Паводле матар'ялаў даносаў у Маскву, гэта ён паўтарае і ў 1632 годзе, калі «учнет бить челом и писать ко государю царю и великому князю... и к отцу ево... чтобы они, государи, их, белорусцов и черкас, пожаловали велели принять под свою государеву руку» (тэрмін «белорусцы» тут датычыць да праваслаўнага жыхарства Ўкраіны). Таксама, як ведама, наш суродзіч Сымон Полацкі таксама ня мог утрымацца ад таго, каб не назваць маскоўскага цара «Богам нам даным православным царем» ды не засьпяваць у такт Барэцкаму: «Радуйся, Белоруская земля, иж упадают ереси в тебе през Алексея пречь ищезают». Пры гэтым ён з сваімі вучнямі і выехаў тады ў Маскву.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю