Текст книги "Сэрца мармуровага анёла"
Автор книги: Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 22 страниц)
У дырэктаравым доме Нюта пасябравала з гаспадыняй і дапамагала ёй чысціць бульбу. У такія моманты я заўсёды востра адчуваю сваю недасканаласць. Ну чаму я не здольная вось так нязмушана сыходзіцца з людзьмі, гэтак спрытна ўпраўляцца са спрадвечнымі жаночымі справамі… Ды яшчэ не ўмею схаваць, што ад гэтых спрадвечных… мяне нудзіць. На кухні накрылі стол. Нюта спявала народныя песні, на што яна вялікая майстрыха. Андрэевіч з жонкай на ўвесь голас падцягвалі. Дзеці смяяліся. Паласатая котка вуркатала і церлася аб ногі. Весела было… Як на хрэсьбінах у багатага суседа. Я ледзь выпрасілася да ложка, атрымаўшы ад Нюты абвінавачванне ў адарванасці ад народу.
Я стаяла ў цёмным пакоі і глядзела на будынак панскага дома. Снег блішчэў у блакітным святле месяца, як атлас. Я ўспомніла карціну Вінцука, і падалося, што над вёскай сапраўды ляціць прывідная кавалькада… Сэрца сціснула туга. Я ўявіла, як мой новы знаёмец сядзіць цяпер адзін у пустым доме сваіх продкаў, куды штохвілю могуць завітаць нягоднікі… Але, хутчэй за ўсё, ён – у сваёй майстэрні і працуе, адасоблены ад свету, недасяжны для зямнога і жорсткага. Я машынальна круціла ў руках ліхтарык. Націснула кнопку… Уявіла, як прамень ляціць, паступова рассейваючыся ў цёмным паветры, бяссілы асвятліць тое, што аддзелена ноччу… Раптам у далёкім акне былой школы таксама загарэўся і згас агеньчык ліхтара. Як быццам стукнуўся ў маё сэрца… Значыць, мы цяпер глядзім адно на аднаго, самотныя ў гэтай начы, у гэтым холадзе, у гэтым свеце…
Знізу даносілася песня пра Касю, якая пайшла воду браці. Я раптам адчула такую тугу, такую адвержанасць ад гэтага месца – са мной бывае, – што апранула футра і кінулася ўніз. Нюта, занятая размовай з Андрэевічам, няўважна зірнула на мяне праз прыадчыненыя дзверы кухні.
На ўсялякі выпадак я прагаварыла:
– Я хутка…
Няхай думаюць, што пайшла ў прыбіральню. Услед даносілася:
– Конь ваду п'е, п'е,
Ножкаю б'е, б'е.
Уцякай, Касенька,
Ён цябе заб'е.
Хай забівае,
Хай забівае.
Я нікуды не пайду,
Бо цябе кахаю.
Ціха… Толькі снег парыпвае пад нагамі, злятае срэбнымі мятлушкамі з чорнага неба. Зоры, знізаныя ў каралі сузор'яў, ажно сляпілі вока. Адчуванне дзіўнай волі пад гэтым цёмным небам, пад гэтымі вострымі зорамі, пах дыму, брэх сабак, светлыя адбіткі на снезе ад вокнаў зліваліся ў адну неверагодна жывую карціну, якую б я хацела – але ніколі не здолею напісаць.
За маімі плячыма не было магутнага дырэктара, таму я думала толькі асцярожна падысці да музея і паглядзець, ці няма слядоў новага нападу. Наблізілася да варотцаў і ціха стаяла, углядаючыся ў цёмныя вокны. Здаецца, усё нармальна. Снег замятаў ледзь бачную сцяжынку да дзвярэй. Раптам яны расчыніліся. На парозе стаяў Вінцук і моўчкі глядзеў на мяне. Я адчула сябе няёмка. Падумаеш, князь…
Пракрычала ад варотцаў:
– У вас усё ў парадку?
Ён падбег да мяне, заграбаючы снег галёшамі. Чамусьці выглядаў усхваляваным, нават голас дрыжэў.
– Я так часта доўгімі начамі стаяў перад акном, углядаўся ў цемру… Марыў, што да мяне вось-вось нехта прыйдзе. Нечая постаць выплыве з вераснёвага дажджу ці студзеньскай завірухі… І ведаў, што гэта толькі мары. І вось – вы…
Я не была падрыхтаваная да такіх рамантычных слоў і зусім разгубілася.
Вінцук, відаць, зразумеў, уздыхнуў і зноў загаварыў звыкла спакойна і крыху іранічна:
– Ведаеце, Кацярына Аляксееўна, я ціхі не толькі ўзімку. Абяцаю схаваць рамантычныя настроі ў кішэню ватоўкі. Князь Палецкі запрашае вас у свой палац, і можаце быць спакойныя за сваю рэпутацыю.
І раптам неяк па-дзіцячы пакрыўджана:
– Слухайце, я зараз змерзну.
Мы зноў сядзелі сярод карцін і старой мэблі. І… сварыліся. Я сцвярджала, што трэба найхутчэй абнародаваць інтрыгу з каралеўскім крыжам, магчыма, праз публікацыю ў прэсе. Арганізаваць раскопкі на месцы гіпатэтычнай магілы Грыня Вяржбіцкага. Карацей, зрабіць усё магчымае, каб каштоўнасць не трапіла ў мафіёзныя рукі. Вінцук, наадварот, прапаноўваў захаваць у таямніцы ўсё, пра што мы даведаліся, і пакінуць памерлым іх маёмасць разам з праклёнам.
– Грэх выцягваць з магілы на Божы свет тое, што вечна будзе несці з сабой спакусу сквапнасці і зайздрасці! Вы ўявіць сабе не можаце, які ланцуг злачынстваў можа за ім пацягнуцца! Нават калі, у лепшым выпадку, вы паспееце выкапаць крыж першай, наўрад ці вам удасца перадаць яго ў музей. У вас ёсць гарантыя, што не знойдзецца майстар, які заменіць яго падробкай? Вы ўпэўненыя, што нашы «органы аховы правапарадку» застрахаваныя ад элементарнай карупцыі ці шантажу, што вас жа не арыштуюць за зніклую таямнічым чынам каштоўнасць? У Льва Талстога ёсць прыпавесць пра двух святых манахаў, перад якімі зваліўся проста з неба мех з грашыма. Адзін манах кінуўся бегчы прэч. Другі падумаў, што хоць грошы і ад злой сілы, але могуць паслужыць дабру, і ўзяў іх. Пачаў будаваць лячэбніцы, раздаваць жабракам міласціну. Калі манахі сустрэліся зноў, выявілася, што той, што збег ад спакусы, захаваў сваю святасць, а другі, які ўзяў грошы, страціў яе!
– Вы проста іпахондрык! – крычала я. – Вы і з карцінамі сваімі так – нібыта талент дадзены вам для ўласнае ўцехі. Не вамі дадзена – не вам яго і хаваць ад людзей! І пра скульптуру – вы ж ведалі яе сапраўдную каштоўнасць, а дзеду не сказалі. Няхай бы стары пры жыцці парадаваўся.
– Чаму вы думаеце, што я не гаварыў? Ды хто ж вар'ята слухае. А карціны… Вы б хацелі, каб я зладзіў выставу, учыніў перформанс, уразіў артыстычны свет сваёй ватоўкай і галёшамі ў спалучэнні з вытанчанай каларыстыкай? Навошта? Для мяне нічога няма важней за ўнутраную волю. А сувязь з матэрыяльнымі рэчамі, прывязанасць да каштоўнасцей свету гэтую волю парушаюць. Як толькі чалавек перастае быць гатовым без жалю пакінуць усё, што мае, ён робіцца рабом гэтага!
– А хто вам даў права лічыць сябе вольным ад свету? – абуралася я. – Вы не змаглі стацца пустэльнікам, не падманвайцеся. Вас моцна трымаюць зямныя жарсці. А вы не думалі, што Гасподзь абраў вас сваім інструментам, каб праз вашы творы нешта дадалося да агульнай духоўнасці? Хіба можна адпрэчыць галоўны сэнс мастацтва – служыць камертонам прыгажосці, які настройвае душы на ўспрыняцце ісціны?!
Пан Палецкі толькі іранічна бліснуў вачыма.
– Сучаснае мастацтва ідзе хутчэй па шляху дэструкцыі, разбурэння прыгажосці, вам хіба не ведаць. І не трэба навязваць мне месіянства – цяпер гэта модна, але прэтэндаваць на званне «божага інструмента» – і грэх, і наіўнасць. Так што раю і вам адмовіцца ад гэтай ролі – бязгрэшнай статс-дамы, апякункі дабрадзейнасці пры каралеўскім двары. Вы праносіце сябе па жыцці, як чашу Грааль, вынайшлі для сябе высокі востраў. Быў у мяне сусед па псіхушцы, якому здавалася, што ўсё навокал бруднае, а ён адзін чысты. Так што небараку даводзілася сілком карміць і ўкладваць на ложак, бо ён баяўся запэцкацца. Як вы. Пакуль недасканалыя людзі, якія не могуць адрозніць Канта ад Конта, цягнуць на сабе жыццёвыя крыжы, кожны як можа, і ствараюць тое жыццё, без якога вы – проста мармуровы анёл без сэрца.
– Што?! Гэта я – без сэрца?
Мы злосна глядзелі адно на аднаго. Вось вам рамантычнае спатканне.
Мяне разабраў смех. Вінцук няёмка кашлянуў… і таксама рассмяяўся. Злосць знікла бясследна. Сапраўды, што нам дзяліць у гэтым свеце? У словах кожнага была горкая ісціна. Але крытэрыі, па якіх мы спрабавалі намацаць шлях да адзінай Ісціны, былі ў нас адны. Ёсць крыж, няма, ці нам кідацца ў залатую ліхаманку?
Княскі нашчадак раптам спытаў таямнічым шэптам:
– Падарожжы ў часе любіце?
Я няпэўна паціснула плячыма… Што ён прыдумаў? Вінцук падышоў да бронзавага падсвечніка, які стаяў на камодзе, і запаліў свечкі. А тады выключыў лямпачку. Па пакоі шаргатнуліся цені. Столь згубілася недзе ў вышыні. Цьмяна засвяціліся металічныя аздобы мэблі і рамкі карцін. А вочы на партрэтах зрабіліся бяздоннымі і жывымі. Так, жывымі. Я забылася, што яшчэ нядаўна паблажліва называла гэтыя карціны дылетанцкімі. Мне нібыта адкрылася іншае, сапраўднае, аблічча гэтага дома. Вінцук паднёс падсвечнік да аднаго з партрэтаў. На мяне сярдзіта зірнуў самавіты вусач, лысы, як медаль.
– Дазвольце прадставіць вам пана Кабылянскага, палкоўніка ў адстаўцы, уладальніка суседняй вёскі і заўсёднага партнёра майго прадзеда па картах…
Вінцук цырымонна пакланіўся. А я што, горш за Папялушку? І прысела ў рэверансе.
Ніколі не забуду той вечар. Мы, як дзеці, размаўлялі з партрэтамі, з вазамі, з мэбляй, смяяліся, прыдумлялі страшныя «гатычныя» гісторыі… Баль ценяў… Якія ніколі не пакідалі гэты дом, проста хаваліся па кутах. І гэта можа быць знішчана! Я пачала марыць, каб узамен за знойдзены крыж дзяржава выдзеліла грошы на аднаўленне дома і ўтварэнне ў ім вялікага музея.
– А галоўным экспанатам будзе прамы княскі нашчадак! Вінцук скептычна пахітаў галавой:
– Два гады таму ў суседнім мястэчку экскаватаршчыкі выкапалі скарб – спрэс золата, срэбра ды каштоўныя камяні. На некалькі сотняў тысяч долараў. Улады «пранюхалі», змусілі рабацяг здаць скарб і выплацілі на ўсіх… дзвесце долараў. На падставе афіцыйных актаў аўтарытэтнай эспертызы. І ў самых лепшых абставінах прабабчын крыж нават у музей не змесцяць – ён жа з-за каштоўнасці перліны трапіць ў дзяржаўны валютны фонд.
Мы ўселіся ў крэслы і чамусьці пачалі ўспамінаць свае жыцці. Я не заўважыла, як расказала Вінцуку пра Альберта, пра Радзіка… Пра свой няўдалы шлях у мастацтва… Чамусьці мне было лёгка расказваць яму ўсё.
Як ціха… Утульна… Толькі каміна ўсё-ткі не хапае. Пачуўшы пра маю настальгію па камінах, Вінцук адчыніў дзверцы грубкі, і агонь пачаў выконваць мне свой складаны рытуальны танец. Не хочацца зноў ісці на холад, але Нюта, напэўна, хутка заўважыць маю адсутнасць. Я прыўзнялася.
– Ну, мяне чакаюць…
Вінцук неяк дзіўна глядзеў на мяне. Як на кітайскую вазу. Раптам устаў, узяў са стала ліхтар.
– Пойдзем! Апранайцеся, там холадна… Гэта яшчэ што за фокусы?
– Паўгадзіны вы можаце ахвяраваць… Я толькі накідаю эскіз.
О, Госпадзе, чаму Ты спасылаеш мне адных апантаных мастакоў?
Я пазіравала для карцін самых розных. Але мастака, які б працаваў так, як Вінцук, я не бачыла. Здавалася, над ягонай калматай галавою распаўсюджваецца нейкае ззянне, як ад свечкі. Праз хвілін дваццаць я не вытрымала, каб не зірнуць на палатно… Мяне ўразіла, колькі ён паспеў за гэты час зрабіць – ужо вымалёўвалася будучая карціна… І мне захацелася, каб яна была скончаная. Я ціхенька вярнулася на крэсла.
Вінцук пісаў, нібыта ў апошні раз, і мармытаў сабе ў бараду:
– Дзёрзкасць… І безабароннасць… Так і належыць… Так і добра… Чысціня і наіўнасць… Але з горыччу, з горкім адценнем. Лазурак і залацістыя адценні… Толькі прасветы. Боязь жыцця – адкрытасць насустрач – і боязь… Канфлікт кармінавага і смарагдавага… Вар'яцкае спалучэнне…
– Слухайце, не магу ўсвядоміць, ці вы вар'ят, ці псіхатэрапеўт, – не вытрымала я.
Мастак ніяк не адрэагаваў на мае словы, час ад часу працінаючы мяне з-за мальберта позіркам.
Раптам унізе, на першым паверсе, нешта загрукала.
– Вінцук, чуеце?!
Не чуе. Я падбегла і патрэсла яго за рукаў.
– У доме нехта ёсць!
Вінцук апусціў пэндзаль і недаўменна паглядзеў на мяне. Дзесьці ўпала нешта металёвае. Вартаўнік кінуўся да выключальніка, патушыў святло і схапіў мяне за руку.
– Хадзем, толькі ціха!
– Можа, гэта Нюта мяне шукае? – няўпэўнена шапнула я, але зараз жа ўнізе пачуўся такі грукат, які неўзнарок нават Нюта не магла б утварыць. Мне зрабілася страшна.
Вінцук пацягнуў мяне за руку па цёмным калідоры, пасля па вузкай вінтавой лесвіцы… А ў доме чуўся пранізлівы жаночы голас:
– Я ведаю, што ты тут! Выходзь, пагаворым! Ты стаў баяцца мяне, Віктар? Не бойся. Мне ўсяго толькі трэба з табой пагаварыць! Я так больш не магу. Будзь разумны…
У канцы лесвіцы знаходзілася нізкае акно, забітае дошкамі. Вінцук адным рухам выламаў іх.
– Ну, усё, ідзіце… Тут невысока.
– А вы?
– Я вартаўнік. Як жа мне пакінуць давераны аб'ект? Не хвалюйцеся, нічога яны мне не зробяць, а ад свайго лёсу не ўцячэш. Давайце падсаджу… Ну…
Але не паспела я ўскараскацца на падаконнік, як перада мной узнікла страшная чырвоная фізіяномія з аптымістычнай усмешкай.
– Банжур, мадам. Куды спяшаецеся? І па сотавым тэлефоне:
– Гаспадыня, яны тут! Барадаты з нейкай бабай! Адкуль я ведаю, што за баба? Рудая, сімпотная. Добра, трымаю.
Шэравокая «прынцэса» глядзела на мяне з нянавісцю.
– Ты, даражэнькая, проста як прывід: калі ні з'явішся, тут як тут. Спадабалася, напэўна…
І прыгажуня некалькімі квяцістымі фразамі распісала, што канкрэтна мне спадабалася ў вартаўніку, а яму ўва мне, і хто я такая ёсць. Ад бруднай лаянкі я звычайна губляюся і адчуваю тужлівае неразуменне. Але тут мяне настолькі ўразіў кантраст між вытанчаным абліччам дамы і брудам, які ліўся з яе дасканалых вуснаў, што я проста з цікаўнасцю глядзела на яе, як на рэдкую жывёлу.
– Замаўчы, – жорстка сказаў Вінцук. – Не варта мераць іншых па сабе. Кацярына Аляксееўна займаецца тут сваёй навуковай працай. Ёй, дарэчы, час ісці. Яе чакаюць супрацоўнікі. Так што не рабі глупствы, няхай Кацярына Аляксееўна пойдзе, і абяцаю, што я пагавару з табой.
«Прынцэса» штучна засмяялася:
– Ну, па-першае, калі ўжо ты ўпершыню за два гады зрабіў мне такую ласку, што загаварыў са мною, то я падазраю, гэта не без уплыву тваёй навукоўкі. Па-другое, яна зараз пойдзе і падыме шухер, прывалачэ якога-небудзь ідыёта. І па-трэцяе, ёсць у нас меркаванне, што твая дамачка можа дапамагчы нам па адным цікавым пытанні. Так што няхай яна тут, у цёплым месцы, пасядзіць, пакуль мы паразмаўляем. І сядзіць ціхенька, а то мае хлопчыкі вельмі нервовыя…
На гэты раз з «прынцэсай» было трое «хлопчыкаў»-бамбізаў, не лічачы антыквара. Мяне ветліва правялі ў першую залу музея і пасадзілі на крэсла перад калыскай, так што я адчула сябе часткай экспазіцыі. На другім канцы залы антыквар, які час ад часу кідаў на мяне злыя позіркі, курыў і ціха перагаворваўся з чарнявым тыпам з баксёрскім прыплюснутым н осам. Яшчэ адзін «хлопчык», прыгажунчык з каротка стрыжанымі светлымі валасамі, забаўляўся тым, што круціў у руках ножык-«матылёк». Ну а той чырванаморды, што злавіў нас ля акна, відаць, па-ранейшаму ахоўваў дом ад непажаданых сведак. З другой залы пачуўся голас «прынцэсы». Мусіць, дзверы няшчыльна зачыненыя. Я схавала твар у каўнер футра, каб не выдаць сябе эмоцыямі, і прыслухалася. «Прынцэса», мяркуючы па інтанацыі, хвалявалася – ніколі б не падумала, што такая лялька можа хвалявацца.
– Ты нават не спрабаваў мяне зразумець. Як быў казлом, так і застаўся… (Умеюць жа некаторыя гаварыць квяціста!) Пажыў бы, як я, з бацькамі-алкашамі, у кватэры, дзе нават коўдры прапілі… Я табе сказала, што я з дзетдома, жыву на кватэры… Баялася, што ты пабачыш той бруд, у якім я жыву. Я нават зрабіла ўсё, каб маці і бацька не даведаліся, што я выходжу замуж, каб не дай Бог не з'явіліся на вяселле. Каб твая мамачка ў капялюшыку не пабачыла маёй маці ў паркалёвай хустцы. Ты ж быў прынц, паніч, узвышаная натура. Для ўсіх я была – Верка, для цябе назвалася Вітай. Дзе табе здагадацца, што я сукенку ў сяброўкі пазычыла, што, каб купіць сабе французскія духі – табе ж спадабаўся іх пах! – цэлы месяц аблічвала пакупнікоў, ружы другога гатунку падстаўляла да першага гатунку. Што дырэктар крамы аднойчы гэта заўважыў, і, каб замяць справу, мне давялося аддацца яму проста ў кутку крамы, пасля працы… А ты чакаў мяне на вуліцы, каб павесці да чарговых геніяльных знаёмых. А ты ведаеш, чаго мне каштавалі тыя візіты да геніяльных знаёмых? «Ах, Кандзінскі! Ах, Драздовіч! А вы чыталі апошнія вершы Разанава?«Яны думалі, я сціплая і маўклівая… А я слова баялася вымавіць… І ты яшчэ вучыў мяне размаўляць на гэтай калхознай мове. Ды яна мне дома абрыдла, мацюкамі перасыпаная! Ты ж не прыняў бы мяне такой, якая я была, ці не так?
– Табе вельмі хочацца, каб я быў вінаваты? Што ж, прызнаю сваю віну. Сапраўды, глядзеў на свет праз ружовыя акуляры. Але ты дарэмна баялася – я вельмі цябе кахаў. Ты магла разлічваць на мяне.
– Казёл! – злосна выгукнула Вера. – Ты хацеў бачыць багіню. Але якая б мыла табе шкарпэткі. Ну, што ж, я мыла твае шкарпэткі… І, ведаеш, нават шчаслівая пры гэтым была.
– Дык чаму ж не хапіла табе гэтага шчасця? Не толькі ж мыццё бруднай бялізны ў цябе было… Нашто спатрэбілася прадаваць мяне крымінальнікам?
– Дурань! Гэта самы звычайны бізнес. Ды я табе колькі пра гэта ўжо… А ты, калі ў мянтоўку пайшоў, думаў, што са мной зробяць?
– Я нічога пра цябе не расказваў.
– Я не пра міліцыянтаў,– што яны могуць, а пра тых… крымінальнікаў. Маё шчасце, што Бог даў мне прывабны тварык. Выкруцілася. Нават, як бачыш, угару пайшла.
– Віншую.
– І не трэба намякаць, што я – сцерва, а ты – святы. Колькі разоў я да цябе ў бальніцу прыходзіла, колькі цябе прасіла? Ты ж як слуп на сваім стаяў… Нават не размаўляў са мною. І вось, бачыш, чаго дабіўся – сядзіш тут, як воўк, ні працы, ні хаты. Якая шалава на ноч прыбяжыць – дык і рады. Але цяпер хоць паслухай… Таму што я больш прапаноўваць не буду.
Вера загаварыла ціха і горача:
– У цябе зараз ёсць шанец. Я ведаю, вы знайшлі месца, дзе тая залатая штуковіна. А можа, і сама яна ў вас? Антыквар кажа, яна тысяч на трыста баксаў пацягне. Мы яе прададзім і з'едзем разам за мяжу. Я – не дурная, даўно валодаю паловай акцый свайго благавернага. Калі хочаш ведаць, у нашым свеце я маю больш уплыву, чым ён. У мяне зараз у адным банку два мільёны баксаў. Ну а крыж – будзе твой пасаг. Я ведаю, ты не мог на мяне забыцца. Няма такога мужыка ў свеце, які б мог на мяне забыцца. Ты скажы толькі месца, дзе, на тваю думку, закапана тая халера. І хай яны капаюць. Папраўдзе, крыж для мяне – толькі падстава. Я нават не надта веру, што ён існуе. Ты толькі згадзіся… І мы з табой з'едзем. Куплю табе майстэрню, дзе захочаш, – у Парыжы, у Венецыі, у Швейцарыі… Зноў будзеш маляваць, твае карціны трапяць у лепшыя галерэі свету. Усё табе дам, што пажадаеш. Дурненькі мой…
Голас «прынцэсы» загучаў упэўнена-ласкава… Але адразу ж змяніўся. Відаць, Вінцук не адрэагаваў на яе ласку.
– Грэбуеш? Ды хто ты такі? Ты хоць разумееш, што варта мне пальцам кіўнуць і цябе зараз на кавалачкі настругаюць. І цябе, і тваю… А я – з усёй душой…
– Бедная, бедная Віта, – Вінцук гаварыў спакойна-спачувальна. – Ты так і не зразумела, што не ўсё ў жыцці можна купіць.
– Усё! І цябе куплю з вантробамі, і гэта куплю, і гэта… – пачуўся гук разбітага посуду. «Прынцэса» відавочна вырашыла спагнаць раздражненне на цудкоўскай калекцыі.
– Асцярожней, Вера Сцяпанаўна, гэта ўсё музейныя экспанаты, за захаванасць якіх я адказваю.
Відаць, Вінцук затрымаў яе руку, таму што «прынцэса» зашыпела ад злосці:
– Чапаць мяне!.. Паскуда! Хопіць здзекавацца, душу маю даставаць. Зверху ўніз паглядае, прынц! Ну, я цябе ўтаймую, як некалі сваю любімую аўчарку Бэтсі… Яна таксама некалі на мяне гыркала, а цяпер ногі мне ліжа. Дзімыч! Паша!
Целаахоўнікі кінуліся на вокліч гаспадыні. Пачуўся страшэнны грукат, і адзін з іх чамусьці адразу вылецеў праз дзверы назад, ударыўся аб старажытную ступу і з лаянкай зноў рынуўся ў бойку.
«Прынцэса» верашчала:
– За што я вам грошы плачу! Слабакі!
Антыквар непадалёку ад мяне спалохана прыціснуўся да сцяны. У залу прабег трэці «хлопчык», той, чырванаморды, відаць, выкліканы з вуліцы. Ну чаму гэты княскі дом стаіць наводшыбе! Каб хоць трохі бліжэй да жытла – такі вэрхал абавязкова б нехта пачуў… Зноў грукат, глухія ўдары, лаянка, вось быццам бы нехта ўпаў. Раптам пачуўся страшны хрыплы крык-стогн… Вінцук! Я ўскочыла – антыквар кінуўся да мяне з воклічам: «Сядзець!», але не паспеў: я ўварвалася ў залу… Вінцук ніцма ляжаў на падлозе. Чырванаморды ўпіраўся каленам у ягоную спіну і за валасы прыпадымаў яго твар ад падлогі, двое другіх выкручвалі вартаўніку рукі… А «прынцэса» стаяла перад ім і тыцкала ў твар вострым носам серабрыстага боціка:
– На мяне глядзі! На мяне! Яшчэ раз шокерам яго!
– Мадам захапляецца садамазахізмам? – я проста кіпела. – Магу падказаць адрасок аднаго мінскага клуба, дзе хапае вычварэнцаў, якія будуць лізаць вам боты. Яшчэ і грошыкі заробіце на калготы ў сетачку. А тут неяк непрыгожа выглядае…
Думаю, яна зрэагавала не столькі на сэнс маіх слоў, колькі на з'едлівы тон.
– Яшчэ адна «вумная»… Прыгод шукае на сваю… (тут была выдадзена чарговая порцыя лаянкі, якую не хочацца цытаваць). Зараз скажу Дзімычу, каб ён цябе задаволіў. Проста тут.
Прыгажунчык Дзімыч паглядзеў на мяне і расплыўся ва ўсмешцы:
– Як загадаеце, Вера Сцяпанаўна. Я гатовы.
Я зразумела, што гэта не жарты. Спадзяюся, мой твар захаваў выраз спакойнай грэблівасці.
– Крыж сапраўды існуе, – цвёрда сказаў Вінцук. – Ён у магіле Грыня Вяржбіцкага. Пад тым месцам, дзе стаяў мармуровы анёл. На плошчы, дзе рэшткі фундамента касцёла, прыблізна метр ад металічнага слупа…
– Той анёл, што ў скляпенні? – удакладніў антыквар. – Я так і думаў, што неабходна яго агледзець. На ім ці надпісы нейкія засталіся, ці таемныя сховішчы… А то важдаліся, далікатнічалі… – апошнія словы гучалі мяккім дакорам на адрас гаспадыні.
– Вера Сцяпанаўна, я ведаю! Яны там сёння паўгадзіны тырчэлі, пальцам у тое месца тыцкалі. Я добра запомніў, – радасна азваўся чырванаморды.
– Адпусціце яго, – загадала «прынцэса».
Вінцук, хістаючыся, падняўся. Відаць, Вера Сцяпанаўна спадзявалася, што яго словы – першы крок да згоды… З якімі ж нікчэмнасцямі яна мела справу, калі верыла, што прыніжэнне спараджае сімпатыю да больш моцнага! Вінцук зноў з каменным тварам утаропіўся ўдалеч. Гэты выраз, які сапраўды мог давесці да шаленства, відаць, быў добра знаёмы «прынцэсе» – яна зласліва прыкусіла губу і адвярнулася.
– Гаспадыня, выкапваць трэба, – азваўся адзін з наёмнікаў. Яго падтрымаў антыквар:
– У мяне ёсць план касцёла, дзе пазначаны надмагільны помнік у выглядзе анёла, так што заарыентуемся да сантыметра. Вера Сцяпанаўна, у нас жа самае сучаснае абсталяванне, найменшую металёвую рэч на адлегласці трох метраў вылічым. Зробім ціха і хутка. Паставім сцяжкі і шыльду: «Рамонт цепласеткі». Заўтра ж могуць набегчы розныя…
Антыквар ажно ўспацеў. «Хлопчыкі» таксама захваляваліся ад блізкасці грошай і цяпер на месцы не маглі ўстаяць, гатовыя бегчы і зубамі грызці мерзлую зямлю. Вера Сцяпанаўна паддалася неадольнаму прыцягненню дармовага багацця.
– Паехалі. Ягоная прабабка не магла ж капаць на тры метры. Недзе зверху на магілку, дурніца, кінула, каменьчыкам прыціснула, пясочкам прысыпала… А гэтых нельга выпускаць, пакуль не знойдзем. Дзе ключы ягоныя?
Чырванаморды паказаў гаспадыні звязак ключоў, якія звычайна віселі ў Вінцука на шыі.
– Падбярыце, які з іх ад скляпення…