Текст книги "Сэрца мармуровага анёла"
Автор книги: Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 21 (всего у книги 22 страниц)
За месяцам месяц мінае,
Вось вершнік у шыбу грукае
Увосень парой начною:
«Ты помніш ці не, дарагая,
Як колісь мяне кахала?
Сядай на каня са мною!» —
«Мой любы, заўжды з табою!»
Старажытная нямецкая балада
Жахлівае апавяданне
Парцэлянавыя пастух і пастушка прайшліся ў танцы пад пяшчотную мелодыйку «Ах, мой мілы Аўгусцін!», і бялюткія парцэлянавыя ж галубкі над імі далікатна сутыкнуліся ружовымі дзюбкамі. Гадзіннік прабіў дзевяць вечара.
Панна Дануся, пекная выпускніца Марыінскай жаночай гімназіі горада М*, закінула ў сакаўны раток чарговую порцыю разынак. Ах, як сумна… Татуся і мамуся сышлі ў госці, на дварэ сеецца дробны кастрычніцкі дождж, занудлівы, як настаўнік лаціны, і няма як развеяцца беднай паненцы, бо прыстойная заручоная дзяўчына не мусіць цягацца па сцямнелым мястэчку ў пошуках прыгод… Адно суцяшае – заўтра Дануся будзе спяваць у хоры Апякунства аматараў цвярозасці, а пасля – танцы! Дабрачынны кірмаш, і шляхетны Генусь з акцызнага банка падносіць вазачку з цукеркамі…
Пад уплывам салодкіх мрояў панна Дануся ўкінула ў раток яшчэ прыгаршчу разынак і закруцілася на абабітай сінім, у ружовыя кветкі аксамітам канапе, ад чаго тая жаласна ўскрыкнула ўсімі спружынамі. «Дануся, Вы сапраўдная рубенсаўская кабета», – казаў выкладчык гімнастыкі Марыінскай жаночай гімназіі пан Саміч, калі гімназістка Данута Таптэвіч ніяк не патрапляла ў такт з аднакласніцамі ў справе даставання далонямі наскоў туфлікаў…
Не, нямногага дабіліся жанчыны на шляху эмансіпацыі! Толькі што падчас французскай рэвалюцыі дамагліся права насіць трусікі…
Прагрэсіўныя роздумы панны Данусі перарваў стук у шыбу.
– Дануся! Адчыні! Гэта я, Габрусь!
Пекная дзяўчына падляцела да акна пад рыпучы ўздых палёгкі вызваленай канапы. Сапраўды – за мокрай шыбай бялеў выцягнуты твар Данусінага нарачонага Габруся. Твар гэты чамусьці заўсёды нагадваў Данусі рабочую паверхню прэс-пап'е, хаця якая тут магла б быць асацыяцыя – хіба прэс-пап'е мае круглыя акуляры з пазалочанымі дужкамі і чырвоныя прышчыкі?
Аднак – чаму гэткі нечаканы візіт?
– Ты ж павінен быць на інспекцыі чыгункі! – пракрычала Дануся.
– Я прыехаў да цябе, маёй даражэнькай нявесты, – трохі глухавата, але цалкам разборліва прагаварыў Габрусь. – Выходзь хутчэй, пакатаешся на маім аўтамабілі…
Аўтамабіль! Белы выцягнуты твар Габруся раптам падаўся Данусі вельмі сімпатычным і інтэлігентным. Аўтамабіляў у горадзе М* было пяць – жыхары ведалі кожны і кожнага з іх уладальнікаў. Праехацца ў шыкоўным увасабленні прагрэсу – запаветная мара местачковай паненкі… Дануся бегма кінулася адчыняць дзверы дарагому госцю, на хаду выдзіраючы з буйных кудзераў папільеткі.
Габрусь быў у сваёй строгай форме службоўца чыгуначнай управы. Паўзверх фуражкі ён нацягнуў башлык, так што з усяго твару відаць былі толькі бліскучыя акуляры.
– Я прыйшоў па цябе, Данута… Ці помніш ты словы кахання…
Але Дануся не слухала сентыментальнае мармытанне жаніха. На вуліцы, перад варотцамі, сапраўды стаяў аўтамабіль! Ён быў бліскучы, як калядная ёлка, і ўрачысты, як духавы аркестр.
«Хутка сцямнее! – мільганула ў Данусінай завітай галоўцы. – Ніхто не пабачыць! Трэба тэрмінова ехаць!»
Габрусь адмовіўся зайсці ў дом і пачакаць, пакуль нявеста апранецца. Ён, як слуп, стаяў перад дзвярыма, і Дануся нават праз сенцы чула ўпартыя разважанні пра незямное каханне.
Дождж, напэўна, ад усведамлення ўрачыстасці моманту, прыпыніўся. Габрусёва нявеста пераможна апусцілася на мяккае скураное сядзенне аўто. Машына трохі прысела на ўсе чатыры колы, але гэта была моцная імпартовая машына.
Бяроза каля варотцаў Данусінага двара зашумела-загаласіла пажаўцелай лістотаю: «Не ездзі, Дануся, затрымайся!» Ды магчымасць праехацца ў аўтамабілі пераважала нават меркаванні пра прыстойныя паводзіны паненкі.
(Ах, як рэдка прыслухоўваемся мы да прарочага голасу прыроды і да якіх сумных наступстваў прыводзіць наша непапраўная няўважлівасць!)
Дануся загадала жаніху апусціць скураны верх машыны і ганарова ўзняла над сабой карункавы парасон. Вечаровае сонца здагадалася прасунуць між хмарамі свой нясмелы прамень, каб высвеціць выбітнае відовішча: па вуліцы Балотнай горада М*, звычайнай местачковай (гэта значыць, месцамі прыдатнай для праезду) вуліцы, на якой гарадскія ўлады так і не наважыліся паставіць ліхтары, ехаў «Лорэн-Дзітрых» колеру губернскага шчасця. Данусі здавалася, быццам за яе спінаю на буферах аўто, як на запятках карэты, стаяць лёкаі ў напудраных парыках.
– А не страшна табе ехаць са мною, Дануся? – зусім недарэчна глухім голасам запытаў Габрусь нявесту. Але патанулі словы яго ў магутным крыку салісткі хору Апякунства аматараў цвярозасці.
– Габрусік! Спыніся тут, перад Зосьчыным домам! Зося! Зося!
Аўтамабіль спалохана прытармазіў. За плотам стаяла рудая Зося, былая аднакласніца Данусі, і паядала вачыма трыумф сяброўкі.
– Зося паедзе з намі! – загадала нявеста Габрусю.
Той трохі знервавана пачаў супраціўляцца нечаканай акалічнасці, зноў спасылаючыся на незямное каханне і іншую рамантычную блытаніну. Зося ўжо сядзела побач з Данусяю, прыгожа распраўляючы складкі сваёй неабдымнай параднай спадніцы з фальбонамі.
Аўто рушыла наперад. Пекныя паненкі сакаталі і ўвесьчасна прымушалі апатычнага Габруся націскаць на гумавую грушу гукавога сігналу. Але ўпарты Габрусь не паехаў па людных вуліцах, дзе жылі знаёмыя, а кіраваў у бок Кальварыйскіх могілак паўз хутар Нядзведжына, дзе сапраўды было глуха і цемна, як у мядзведжай бярлозе.
У вечаровым паўзмроку паказалася белая брама могілак. Па версе брамы, над выявамі жудасных эмблем смерці, красаваўся ўрачысты надпіс па-польску з арфаграфічнай памылкай у слове «Spokoj». Негледзячы на пратэсты паненак, Габрусь пакіраваў туды, на брукаваную дарожку між магіл. Дарога вяла да суровага псеўдагатычнага будынка касцёла. Змрочныя старыя ліпы сашчапілі над дарогай свае кашчавыя чорныя шаты, быццам мёртвыя пальцы. Злавесна хрыпелі крумкачы. Над уваходам у зачынены касцёл цьмяна свяцілася лампадка – далёкае-далёкае акенца ў той свет, куды нам, грэшным, ісці не дайсці…
Запыніў Габрусь аўтамабіль, павярнуўся да пекных паненак. Пагрозна бліснулі акуляры на выцягнутым белым-белым Габрусёвым твары.
– І чаго ты прыпёр нас сюды? – гучна абурылася Дануся.
– Знайшлі час, пан Габрусь! Касцёл жа зачынены! – падтрымлівала сяброўку рудая панна Зося, у якой ад злосці ледзь не абсыпаліся рабацінкі.
– Мы прыехалі на месца! – нязвыкла цвёрда і ўрачыста сказаў Габрусь і ўскінуў доўгія рукі ў знямелае неба, як ускідвае крылы чорны жораў, збіраючыся ўзляцець ад бязлітаснай паляўнічай стрэльбы. – Пазнай жа, нявеста мая, верная Данута, што…
– Ой, тут жа новую прыбіральню нядаўна зладзілі! – здагадалася панна Дануся. – Габрусік, бедны, у прыбіральню хоча, вось і заехаў сюды, – далікатным шэптам растлумачыла яна сяброўцы. – Ен такі інтэлігентны… Ён не ходзіць за рог, як звычайны мужык… Ідзі, Габрусік! Мы пачакаем…
– Не, у такім разе, давай адразу мы сходзім! Пане Габрусь будзе такім добранькім… – какетліва звярнулася панна Зося да ўладальніка аўтамабіля.
– Спыніцеся, няшчасныя! Вы не разумееце… – благаў Габрусь, смешна размахваючы худымі рукамі, але паненкі ўжо схаваліся ў маленькім зграбным будыначку ля могілкавай агароджы.
Нязграбная Габрусёва постаць сноўдалася ўзад-уперад ля «Лорэн-Дзітрыха» так роспачна, што выпадкова пралятаючы над могілкамі анел выраніў на небараку сваю бясцэнную слязу і палунаў далей, за хмары, у высокае-высокае сіняе неба, запальваць першую свечку-зорку на славу Гасподнюю дзеля заблукалых сляпых нашых душ… Але не адчуў дабрадзейства чыстае анёльскае слязы бедны Габрусь, а мо падумаў, грэшнай справаю, на гракоў…
Над могілкамі разнеслася вельмі меладычная і павучальная песня з рэпертуару хору Апякунства аматараў цвярозасці горада М*.
Насустрач ідучым узяўшыся пад рукі «жаўроначкам» кінуўся Габрусь у апошнім намаганні выказацца:
– Данута! Пахавальную песню заспявай! Бо цягнік, на якім ехаў я на інспекцыю чыгуначнай станцыі Н*, ляжыць пад адхонам, спушчаны туды падступнымі рукамі эсэраўскай арганізацыі. І сярод тых вартых жалю абломкаў пахаванае маё беднае цела… А тое, што цяпер перад вамі,– спакутаваны закаханы дух… О, Дануся мая…
Дзіўны маналог перарваўся вяселым пранізлівым гукам клаксафона, на які націснула жартаўлівая ручка панны Данусі. Абедзве дзяўчыны ўжо сядзелі на мяккім скураным сядзенні аўто, і першая зорка праглядала скрозь карункавы Данусін парасон…
Юзэфа Шыкулевіч, годная, але бедная ўдава, зарабляла на жыццё самай пабожнай справай – мыла падлогу ў касцёле. Аднойчы восеньскім вечарам скончыла пані Шыкулевіч сваю працу, задзьмула апошнія свечкі, старанна ачысціла ад воску падсвечнікі… А на могілках гарэзавала бязбожная моладзь. Чуўся бесклапотны смех (і гэта ў месцы, якое само нагадвала чалавеку пра яго смяротнасць!), пасля анархісткі спявалі песню, нарэшце вечны спакой могілак парушыў пранізлівы, сапраўды д'ябальскі гук. Пані Юзэфа, спадзеючыся на вышэйшую абарону, выскачыла з касцёла і ў няпэўным вечаровым святле ўбачыла гэта… Чортава павозка!
На жаль, Юзэфа Шыкулевіч не была прагрэсіўнай жанчынай. Яна з чыстым сумленнем падкідвала б галлё ў вогнішча, на якім цемрашалы спальвалі Яна Гуса. І з'яўленне перад святым храмам прывіду наступаючага аўтамабільнага веку ўспрыняла належным чынам, перажагнала яго і загадала:
– Vale retro, satanas!22
Ізыді, сатана (лац.).
[Закрыть]
Дануся і Зося, пекныя прыстойныя паненкі і выпускніцы Марыінскай жаночай гімназіі, сядзелі самым ганебным чынам на голых мокрых камянях Кальварыйскіх могілак, прычым Дануся трымала над сабою карункавы парасон.
Паўз ашалелых дзяўчат прайшла маленькая сухенькая бабулька ў чорным і здзівіла іх пераможным здзеклівым рогатам. Габрусь – ды Бог з ім, Габрусём, – аўтамабіль маркі «Лорэн-Дзітрых», бліскучы, як калядная ёлка, і ўрачысты, як духавы аркестр, – абодва зніклі бясследна…
«Sic transit gloria mundi33
Так мінае зямная слава (лац.).
[Закрыть] – так магла б сказаць панна Дануся, вяртаючыся дадому тым страшным восеньскім надвячоркам. Магла б, каб мела за гімназічны курс лаціны адзнаку «выдатна» альбо хаця б добра»… Але насупраць графы'лаціна» у Данусіным атэстаце стаяла каліграфічнае «задавальняюча». І Дануся не сказала нічога… Асабліва татусю і мамусі, калі тыя вярнуліся з гасцей…
На другй дзень прыішля вестка, што Габрусь-небарака сапраўды загінуў у чыгуначнай катастрофе ў выніку антыўрадавай дыверсіі.
Але Дануся мела формы рубенсаўскіх мадэляў, а Генусь з акцызнага банка, хаця і не меў аутамабiля, цялкам давярал густу вядомага мастака Рубенса.
Таму і няма ў нашым апавяданні нічога сапраўды жахлівага, акрамя таго, што ў горадзе М* цяпер вельмі многа аўтамабіляў і практычна няма настолькі адданых жаніхоў.
Жалезная кнопкаУ тыя часы я захаплялася постімпрэсіяністамі. Не тое, каб я цалкам разумела іх мастацтва – хутчэй, падабаліся яны самі: маладыя, дзёрзкія, бедныя…
Я таксама была маладая, дзёрзкая і бедная. Як, прынамсі, палова маіх аднакурснікаў.
Што можа параўнацца па вастрыні перажыванняў з першымі днямі ў вялікім горадзе, калі ты, яшчэ ўчора выпускнік правінцыйнай школы, далучыўся да творчай эліты сталіцы?
Твой студэнцкі білет ззяе золатам ціснеёных літар, і ты падаеш яго ў акенцы тэатральных адміністратараў з непараўнальна годнай сціпласцю… Табе чытаюць лекцыі знакамітыя прафесары, а кіраўнік твайго курса, барадаты неахайны мужчына ў зрэбным швэдары, – той самы Мастак, на палотны якога ты глядзеў гадзінамі, спрабуючы разгадаць такі просты сакрэт іх прывабнасці…
І наперадзе – цудоўныя пяць год у гэтым цудоўным горадзе!
Я доўга не магла знайсці добрую суседку па інтэрнацкім пакоі. Для кагосьці я была занадта негаспадарлівая, для кагось – занадта «правільная». Нарэшце пасялілася са мной адна дзіўная істота – Рытка Качар. Маленькая, як дзіцянё, худзюшчая, у акулярах, з хлапечай стрыжкаю і заўсёды – у доўгай шырокай спадніцы, на прыполе якой вечна заставаліся адбіткі нечых падэшваў, прынамсі пасля кожнага занятку па малюнку, дзе ўсе сядзелі, збіўшыся ў невялікім кабінеце, і не кожны быў настолькі далікатны, каб пераступаць цераз край Рытчынай спадніцы.
У адным з дзіцячых фільмаў пра савецкую школу фігураваў персанаж – дзяўчынка па мянушцы Жалезная Кнопка. Калі б мне давялося прыдумляць мянушку для новай суседкі, лепшай не прыдумала б. Рытка была ў вялікай крыўдзе на жыццё. Асабліва напірала Рытка на той факт, што пасля школы мусіла з год працаваць прыбіральшчыцай.
– Я чужыя пляўкі падцірала! – горда заяўляла Жалезная Кнопка выкладчыкам-экзаменатарам.
Некаторыя з іх, пэўна, адчувалі пры гэтым сваю віну і пакорліва распісваліся ў Рытчынай залікоўцы. А іншыя, хто таксама прыйшоў на свае пасады не з палацаў, толькі смяяліся ці абураліся – у залежнасці ад характару. І таму за Рыткай з першай сесіі пацягнуліся «хвасты». Яна вярталася з нязданага экзамену і скардзілася мне на жыццёвую несправядлівасць, абяцаючы, што крыўдзіцелям гэта не папусціцца. Бо мела Рытка талент знаходзіць уплывовых «апекуноў» – пажылых чыноўнікаў ад мастацтва. Яна прыходзіла ў іх кабінеты, расчульвала аповедамі пра «чужыя пляўкі», і пасля наш дэкан бегаў па інстытуцкіх калідорах чырвоны ад шаленства і гучна расказваў, як нейкі «пень» з міністэрства тэлефанаваў, каб «смаркачцы» з першага курса паставілі станоўчую адзнаку па гісторыі КПСС.
Малявала Рытка ўсё ў бляклых зеленавата-брунатных колерах. Кожны твар у яе выкананні здаваўся апухлым і пабітым, нібыта яблык-ападак. Магчыма, можна ўваходзіць у мастацтва і з гэтым, але ў Рытчыных карцінах заўсёды адчувалася залішняя стараннасць і поўная адсутнасць фантазіі. Ад таго ўсё здавалася ненатуральным і нецікавым. Тым болей, што майстэрства па сутнасці яшчэ не было – дый хто з нас, учарашніх школьнікаў, яго меў? Але ж Рытка адлюстроўвала «праўду». І гэта была яшчэ адна падстава патрабаваць да сябе асаблівай увагі.
Радніла нас з Рыткай ненармальная абыякавасць да матэрыяльнага боку жыцця. Дый не мелі мы, «бязбацькавічы», сродкаў на нейкія аздобы. Вышэйшым нашым кулінарным дасягненнем былі вараныя буракі, а найшыкоўным адзеннем – купленыя да выпускнога балю сукенкі.
Я любіла маляваць па начах. Проста сядзець у цішыні і пры святле настольнай лямпы рабіць маленькія «пачаркушкі» – на пакрытым васковай фарбай кавалачку кардону прадрапваць малюнак танюткай іголкай. Мне здавалася, што, пакідаючы ў шчыльным каляровым фоне белыя ці чорныя рыскі, я прадрапваюся ў іншы, лепшы свет, куды калісьці сыду… Але Рытка спала вельмі чуйна і не цярпела абсалютна ніякага шоргату. Таму час ад часу мае начныя «экзерсісы» перарываліся яе пранізлівымі мацюкамі сапраўды майстэрскага выканання.
Тая зіма была надзвычай суровая. І ў самыя маразы здарылася непазбежнае – латаныя-пералатаныя трубы інтэрнатаўскай сістэмы ацяплення палопаліся, і ў пакоях запанаваў бессаромны Зюзя – старажытнае славянскае бажаство холаду. Ён мацаў настылымі рукамі вытанчаныя целы інтэрнатавак, і ніяк немагчыма было яго выгнаць. Мы з Рыткай абагравальнік мелі адзін на дваіх, самы танны: увагнутую бліскучую талерку, у цэнтры якой, як закаханае сэрца, пунсавела спіраль… І зусім як тое сэрца, яна згасла без дай прычыны і назаўсёды. Наперадзе чакала доўгая зімовая ноч…
Я беражліва падняла наш пагаслы агонь і пайшла па доўгіх калідорах, разважаючы, да каго можна звярнуцца па дапамогу. Блізкіх сяброў у нас з Рыткаю не было. Дражнілі нас «манашкамі», «гордымі самотніцамі» ды яшчэ чамусьці «бабізонцамі», пэўна, згадваючы адначасова Рабінзона, аматараў французскай прыроды барбізонцаў ды нашу жаночую – «бабскую» – натуру. Па вузкім загрувашчаным пераходзе я перайшла ў той корпус інтэрната, дзе жылі хлопцы. Тут заўсёды было шумна, смярдзела фарбамі і танным віном і сустракаліся самыя неверагодныя асобы… Вось як гэты тып з паголенай галавою і завушніцаю… Ці вунь тыя двое, доўгавалосыя і перапэцканыя фарбамі, што валакуць у свой пакой гіпсавую Венеру. Да аднаго знаёмага я проста пабаялася заходзіць, бо з-за яго дзвярэй чуўся п'яны гул. Другога ў пакоі не было – ці не адчыняў?
– У чым праблема, ясная паненка?
Я рэзка абярнулася, рыхтуючыся бараніцца. Але ў хлапчыне, што загаварыў са мною, не было нічога страшнага: вядома, ён меў традыцыйна доўгія валасы і драную джынсовую апратку, але з твару – тыповы акулярык, хлопчык-інтэлектуал, выхаваны строгімі бацькамі ў строгіх маральных нормах. Я нават не адразу ўцяміла, чым яшчэ ўразіў незнаёмец: ён звяртаўся да мяне на добрай беларускай мове. Тады гэта яшчэ не было ні модай, ні палітыкай, а так – незразумелым дзівацтвам ці адзнакай «простасці». Бо нават у маім родным мястэчку на «мове» гаварылі адны старыя, а мама – яна гадавала мяне адна – працавала фельчарам, па тутэйшых мерках, начальніцай, і нібыта ўжо не мела права размаўляць па-просту. Так што я нават разгубілася, не ведаючы, як адказаць.
– Дык што здарылася? Ці магу дапамагчы?
– Абагравальнік зламаўся, – мармытнула я і схавала змерзлы нос у каўнер свайго штучнага футра.
– І толькі? – хлапчына ўладна ўзяў сапсаваную тэхніку ў мяне з-пад пахі. – Нічога страшнага, адрапаруем!
Пасля гэтага выпадку Ігар пачаў заходзіць у наш пакой. Звычайна ён прыносіў з сабою ўсялякія смачныя рэчы: хатнюю каўбасу, сала, а то гарачую яешню ці дранікі, схаваныя між дзвюх місаў. Ён ніколі не патрабаваў і не рабіў нічога, што магло б напалохаць мяне, якую маці і цёткі перад ад'ездам на вучобу падрабязна праінструктавалі наконт д'ябальскіх гарадскіх хлапцоў. Не выключана, што такія ж інструкцыі наконт «блатных інтэрнатавак» атрымаў і Ігар. Таму знаёмства наша было не заваёвай адным аднаго, а шчаслівай сустрэчай надзейных саюзнікаў у супрацьстаянні ненармальнаму свету, які акружаў нас.
Ігар вучыўся на перадапошнім курсе і ўжо ўдзельнічаў у некалькіх агульных выставах, а яго, як ён сам называў, алейныя «вольныя партрэты» куплялі нават іншаземцы ля мастацкага салона. Нечым нагадваў мне Ігар маіх улюбёных постімпрэсіяністаў, хаця сам не быў іх прыхільнікам:
– Я – чалавек старамодны, – часта паўтараў ён. – Жывапіс Леанарда – найвышэйшая ступень развіцця мастацтва, і я не хацеў бы, каб над ложкам майго будучага дзіцяці красавалася рэпрадукцыя «Чорнага квадрата».
Далучыў мяне Ігар і да беларушчыны – тое, што здавалася дзівацтвам, зрабілася натуральнай часткай майго жыцця. Асабліва нялёгка далося прывучыць сябе думаць на роднай мове: не размаўляць – гэта не так складана, нават калі перакладаеш у думках, а думаць. Часам мае мазгі ўяўляліся мне палімпсестам – старажытным рукапісам, на якім сцерлі стары запіс і скарысталі для іншага тэксту. Але сляды старога запісу ўсё-ткі захаваліся, і цяпер, паступова і неадольна, ён праступаў з-пад пазнейшага.
Рытка-Жалезная Кнопка напачатку ставілася да майго новага знаёмства іранічна. Калі ж наша з Ігарам сяброўства пачало набываць манументальныя рысы, выказалася:
– Ён табе не пара. Глядзець смешна: высокі, худзюшчы, а ты кругленькая, беленькая… Штэпсель і Тарапунька!
Я толькі пасмейвалася. Заўсёды такая датклівая і падазроная, зрабілася абсалютна незалежнай ад меркаванняў усяго свету. Мелі значэнне толькі мае адносіны з Ігарам. А Рытка планавала сваё. Варта было мне з'ехаць на выхадныя дадому, яна стукалася ў дзверы Ігарава пакоя, просячы то нешта адрамантаваць, то даць творчую параду, то «тры скарыначкі хлеба для беднага Бураціна». Напэўна, каб была Рытка хоць крыху больш прывабнай, я са сваім інтравертным44
Інтравертны – замкнёны ў сабе.
[Закрыть] характарам добра-такі псіхавала б… Але мне былі ў нейкай ступені нават прыемныя няўмелыя Рытчыны заляцанні (вось яна, праявілася, зайздросная жаночая натура). А Ігар стараўся заходзіць, калі я была адна – абы не круціцца на крэсле пад пякучым Рытчыным паглядам.
– Прыходзь да мяне сама, – аб'явіў Ігар. – Усе ведаюць, што мы пажэнімся, дык чаго саромецца?
Сусед Ігара больш прападаў недзе на кватэры ў горадзе, і вечары мы праводзілі разам. Гэта ўспрымалася як належнае, хіба што інтэрнатаўская выхавацелька, з якой час ад часу мы сутыкаліся на калідоры, адпускала абавязковую рэпліку наконт таго, што «швэндаюцца тут усякія» ды тлумачэнні, хто канкрэтна швэндаецца…
У сакавіку Ігар сказаў:
– Прапаноўваюць мне добры заробак, у залік практыкі. Але трэба з'ехаць на два месяцы за свет – аднаўляць фрэскі трынаццатага стагоддзя. Там закінутую царкву ў «святле апошніх пастаноў» тэрмінова ператвараюць у помнік сусветнага значэння… Будуць грошы на вяселле, – пераконваў мяне, а болей сам сябе Ігар. – Падумаеш, два месяцы! Я табе кожны дзень буду пісаць. А там і ў вас практыка, а да летняй сесіі я вярнуся!
Грошы патрэбныя ўсім: жабракам і мільянерам, гандлярам і паэтам, невылечным алкаголікам і вытанчаным дамам (апошнім, напэўна, болей за астатніх). Ігар паехаў, і пацягнуліся сумныя дні без яго. Звычайна я была ў захапленні ад надыходу вясны, радавалася кожнай лапіне адталай зямлі, ні з чым не параўнальнаму веснавому паветру, калі няма яшчэ ні лісця, ні травы, але з'яўляецца ўжо безназоўны водар абуджанай прыроды, які кружыць галовы і прымушае чакаць і спадзявацца нават тых, хто перастаў чакаць і спадзявацца!.. Але тая вясна была проста фонам майго чакання. Я нават не думала, што паміж мною і Ігарам узнікла такая моцная сувязь і такім болем адгукнецца расстанне…
Прыйшоў ліст, ад якога чамусьці пахла табакай, хоць Ігар не курыў. А ў стандартным канверце з выявай кактуса – цудоўныя Ігаравы малюнкі… Вось гэтая дама, захутаная ў шаль і поўная млявага чакання – неадменна я, а гэты няшчасны менестрэль з прабітым сэрцам – Ігар…
Я перачытвала ліст, разглядала малюнкі, уладкаваўшыся ў непрыбраным ложку, а насупраць мяне сядзела з кніжкай Рытка, але, відаць па ўсім, не столькі чытала, колькі згарала ад жадання зазірнуць у Ігарава пасланне. Апошнім часам мы з суседкай не зусім ладзілі. Праўда, яна перастала пераконваць мяне, што мы з Ігарам не пара, затое ўсё часцей захаплялася маім незвычайным талентам, прарочыла мне вялікую будучыню ў мастацтве, дзеля якой, вядома, мне належала ахвяраваць прымітыўнымі жыццёвымі памкненнямі і цалкам прысвяціць сябе творчасці.
– Ты толькі ўяві,– даверлівым тонам казала Рытка, – у цябе ў галаве – выдатная карціна, неверагодная гармонія фарбаў. А ў ваннай – гара брудных пялюшак, на пліце суп з каструлі выкіпае, дзеці равуць, а муж сядзіць з газеткай і чакае, каб ты на падносіку абед прынесла! Такая доля – не для цябе!
Напэўна, мая непрабівальная абыякавасць да такіх душэўных гутарак дадавала горычы ў без таго горкае Рытчына жыццё. Ёй ніяк не давалася французская мова. Рытка па парадзе выкладчыцы-«францужанкі», вытанчанай нервовай пані, насіла ў кішэні лыжку і час ад часу, засунуўшы яе глыбока ў горла, спрабавала вымавіць нетутэйшыя «оі-уі». Але нішто не дапамагала, «францужанка» ледзь не шалела падчас кожнага Рытчынага адказу, а Рытка пачала бегаць па кабінетах высокапастаўленых знаёмых і плакацца на бюракратызм выкладчыкаў, згадваючы ўласнаручна падцёртыя «чужыя пляўкі». Вынікам быў званок да дэкана, але на гэты раз нават той, хто тэлефанаваў, пачуваўся няёмка і, відавочна, разумеў беспадстаўнасць просьбы аб вызваленні студэнткі Маргарыты Качар ад экзамену па французскай мове…
На практыку Рытка ехала з яшчэ большай крыўдай на ўвесь свет, чым звычайна, а веснавы свет быў цудоўны! Мы апынуліся ў старым мястэчку, дзе касцёл і царква стаялі па розныя бакі гандлёвага пляцу, а жыхары не страцілі старасвецкай шляхетнасці. Так атрымалася, што мы зноў пасяліліся ўдваіх з Рыткаю – у маленькім катушку, прыбудаваным да вялікай хаты… Хата была «шляхецкая» – на два канцы, і пасярэдзіне – ганак з двума слупамі-калонамі. Дзверы нашай прыбудовы і адзінае акно адчыняліся ў густы сад, які рыхтаваўся да квецені. Я напісала Ігару і паведаміла новы адрас, але адказу доўга не было. Я не хвалявалася з гэтае прычыны – настолькі моцная была мая вера ў Ігара. А вось Рытка атрымала ліст і, відавочна, не з дому. Дэманстратыўна села насупраць мяне, урачыста раскрыла канверт і паклала так, каб я магла бачыць. Адно слова ў зваротным адрасе прыцягнула маю ўвагу: гэта ж той горад, дзе зараз Ігар! Позірк спыніўся на прозвішчы адпраўніка: Сурын! Віктар Сурын, які і прапанаваў Ігару ехаць у гэтыя заробкі! Калі Рытка паспела з ім пазнаёміцца?
Вядома, мне карцела даведацца, што піша Віктар і ці згадвае Ігара. Але пытацца было няёмка: занадта ўжо з'едлівыя позіркі кідала на мяне Рытка падчас чытання. Праз тыдзень прыйшоў ліст і ад Ігара – у той дзень, калі на тонкіх галінках вішань загайдаліся першыя бялюткія кветкі-матылькі. Я нецярпліва разарвала канверт, заўважыўшы краем вока, што ў руках Рыткі таксама з'явіўся ліст, і вось ужо нібыта чую любімы голас… Маю ўвагу адцягнуў Рытчын ускрык: яна, відавочна, вычытала ў сваім лісце нешта ўразлівае. Некаторы час Жалезная Кнопка моўчкі глядзела на мяне, нібыта вагаючыся, а пасля працягнула мне свой ліст, паказваючы пальцам месца, якое належала прачытаць: «Ведаеш, Рытуля, надакучылі мне гэтыя Ігаравы гульні. Тое, што зараз прачытаеш, не расказвай нікому – бо ніхто не ведае, нават Ігаравы бацькі. Але ж ты ў мяне малайчына, можаш трымаць рот на замку, калі трэба… Дык вось, Ігар са мною не паехаў, а ляжыць у скурвендыспансеры. А мне, як ад'язджаў, даў цэлы стос лістоў да бацькоў і да сваёй дзяўчыны, каб я адсюль іх адпраўляў, нібыта ён са мной працуе. Казаў, што ў яго нейкая алергія. Але я выпадкова знайшоў сярод папер, што ён мне пакінуў, накіраванне з таго дыспансера. А там чорным па белым напісана, што ў нашага Ігарка – пранцы, што мяне асабіста не здзіўляе. Ты ведаеш тую дзяўчыну, да якой я лісты перасылаю, – Олю Каралевіч, і дзяўчына, здаецца, прыстойная… дык пагавары з ёю далікатна, каб не надта за Ігарам упадала…»
Я перагарнула старонку, і на мае калені зляцела невялікая паперка са штампам ганебнай лячэбнай установы…
Бач ты, які прыхільнік ісціны, і дакумент прыклаў…
Сказаць, што я была агаломшаная, значыць сказаць вельмі мала. Я адчувала, што ніколі ў жыцці не атрымлівала ўдару такой моцы… Рытка са спагадлівай усмешкай узяла ліст з маіх здранцвелых пальцаў і пацягнулася па даведку. Маланкай бліснула думка: не трэба, каб гэта бачыў яшчэ хтось! Мае пальцы самі сабою сціснуліся:
– Я пакіну гэта сабе… на памяць.
Рытка была чамусь незадаволеная, але, сустрэўшыся з маім позіркам, адвярнулася і прабурчэла:
– Як сабе хочаш… На тваім месцы я ніякай «памяці» не захацела б…
Ноч прайшла для мяне без сну. Зноў і зноў успамінала я бязлітасныя радкі. Усё – падман… І лісты, і словы… Да горла падступаў халодны камяк страху – а калі я таксама… Праўда, блізкасці між намі яшчэ не было… Але ўсё ж… Я пакутліва ўспамінала вычытаныя недзе сімптомы гэтай хваробы, здаецца, не… А калі прыслухацца…
Паступова мае думкі скіраваліся на самога Ігара. Пасля бурнай хвалі мысленных абвінавачванняў прыйшлі ўспаміны: як сустракалі Каляды, як ездзілі ў Вільню і прапаўзлі пад Вострай Брамай на каленях, каб Матка Боска Вастрабрамска выканала нашы жаданні… І як мы малявалі адначасна адзін аднаго, а пасля склалі свае карціны ў двайны партрэт… І як Ігар прыносіў мне гарачыя дранікі між дзвюх місачак і паіў мяне малаком з мёдам, калі я хварэла… Падушка мая была ўжо наскрозь мокрая. Тут міжволі ўявілася, як Ігар таксама ляжыць зараз на падушцы, бальнічнай, прапахлай карболкай, і, можа, таксама не спіць, і няма каля яго ніводнага чалавека, які б яму паспачуваў, і галодны ён, пэўна ж, бо перадачы яму ніхто не носіць… Гнеў і крыўда адхлыналі ад мяне, як гразкая балотная жыжа. Няўжо я сапраўды такая бесхарактарная, не маю ўласнай годнасці, як кажа Рытка?
Але злосці больш не было. Шкадоба да Ігара, такая недарэчная, выратавала мяне, выцягнула з дрыгвы адчаю… Мала што з чалавекам можа здарыцца! Я назнарок уяўляла сабе Ігара з агіднымі праявамі хваробы, заняпалага, няголенага… І пераконвалася, што кахаю яго, кахаю ўсякім!
…І ложа, і пошасць, і смерць – адны на дваіх…
Раніцай, пад мірнае пасопванне Рыткі (так незвычайна моцна і салодка яна спала!) я ціхутка апранулася і пабегла на аўтобусную станцыю. З усіх рэчаў прыхапіла толькі сумачку з грашыма.
І вось ізноў вакол мяне гудзе тлумная сталіца, «блудніца вавілонская», здольная сапсаваць самага чыстага і шчырага чалавека. Я пералічыла грошы… Не так многа, але хопіць! Накупляла залацістых апельсінаў, буйных грузінскіх яблыкаў, смуглява-чырвоных… Але ж гэта не ежа для хворага чалавека… Апошняе патраціла на курыцу і паехала ў інтэрнат. Там было ціха і пуста – толькі студэнты апошняга курса яшчэ не з'ехалі на практыку. У інтэрнацкай кухні я першы раз у жыцці зварыла курыны булён, пераліла яго ў тэрмас, а кавалкі курыцы па метаду Ігара схавала між дзвюх місачак…
Ну вось, можна ехаць…
Скурвендыспансер у горадзе адзіны. Вуліцы, на якой ён знаходзіцца, людзі цураюцца. Даехала я да яе без прыгод, а вось самы будынак давялося пашукаць – бо я не асмельвалася папытацца пра яго…
Нарэшце я стаю перад замазанымі фарбай шклянымі дзвярыма і не наважваюся ўзяцца за ручку. Толькі цяпер прыйшло ў галаву, што сёння можа быць непрыёмны дзень, што ў гэты час перадачы могуць не браць, што Ігар увогуле мог ужо выпісацца…
Але стаяць у такім месцы, калі здаецца, што на цябе скіраваны пагардлівыя позіркі, яшчэ горай… І я асцярожна, двума пальцамі ўзялася за ручку (страшна ўявіць, хто да яе дакранаўся!). Дзверы бязгучна адчыніліся.
У холе я адразу нагледзела шыльдачку, якая чырвоным па белым паведамляла, што прыём перадач для стацыянарных хворых штодзённа з 11.00 да 13.00 і з 17.00 да 19.00. Гадзіннік над шыльдай паказваў палову пятай… Давядзецца пачакаць.
Я, адчуваючы, што шчокі мае палаюць, пасунулася да драўляных адкідных, як у старых кінатэатрах, крэслаў…
– Оля?!
З другога канца калідора да мяне дыбаў Ігар. Нейкі разгублены, з няпэўнаю ўсмешкаю на вуснах, а ў руцэ – поўная авоська.
Слёзы непераадольнай крыўды падступілі да вачэй…
– Ты, аказваецца, ужо выпісаўся?
– Адкуль?
– Не прыкідвайся, я ўсё ведаю… Адсюль!
Мы глядзелі адно на аднаго, і недзе на ўзроўні падсвядомасці з'явілася шалёная радасць. Ігар працягнуў мне авоську і ўсхваляваным ад раптоўнай здагадкі голасам прагаварыў:
– Я табе перадачу прывёз. Як атрымаў ад Рыткі ліст, што ты тут лечышся, адразу ўсё кінуў, на самалёт – і сюды…
Я зазірнула ў яго авоську: залацістыя апельсіны, чырванашчокія яблыкі і – дзве знаёмыя місачкі, ад якіх пахне дранікамі… Ды яшчэ – мае любімыя цукеркі, цэлая шыкоўная каробка…
Я дрыжачымі рукамі дастала з сумачкі даведку, адабраную ў Рыткі, і працягнула Ігару. Ён працягнуў мне такую ж – толькі з маім прозвішчам.
Божа, будзь блаславёны Ты і той цудоўны свет, які Ты стварыў! Жалезную Кнопку падвяла, як заўсёды, залішняя стараннасць і адсутнасць фантазіі. Яна ўдала прыдумала напісаць Віктару і «выдурыць» ліст ад яго пад нейкую прыстойную прычыну – здаецца, папрасіла даслаць ёй замалёўку тамтэйшай архітэктурнай дэталі. Удала падрабіла і штамп скурвендыспансера. А далей вырашыла дзейнічаць адразу ў двух напрамках і адначасова: як толькі паслала «выкрывальны» ліст Ігару, аналагічным чынам паведаміла «ўсю праўду» мне. І ўжо, зразумела, не магло ёй прыйсці ў галаву, што мы адразу кінемся адзін аднаму на дапамогу.