355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Сэрца мармуровага анёла » Текст книги (страница 12)
Сэрца мармуровага анёла
  • Текст добавлен: 21 сентября 2016, 16:50

Текст книги "Сэрца мармуровага анёла"


Автор книги: Людміла Рублеўская



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 22 страниц)

Сідон і Траяніцы

Падчас Траянскай вайны грэк Сідон перабег да траянцаў і пераканаў іх увесці ў Трою драўлянага каня са схаванымі ў яго чэраве ахейцамі.

Старажытнагрэчаскі міф

У горадзе Б* было трое могілак – праваслаўныя, каталіцкія і габрэйскія.

І калі нехта сумняваўся ў тым, што тутэйшыя жыхары шануюць памяць продкаў, яму варта было прайсціся сярод крыжоў, пафарбаваных бронзавай фарбай, каменных анёлкаў ды каменных дрэў з абсечанымі галінкамі, пачытаць кранальныя надпісы ў вершах… А як урачыста ўспаміналі шаноўных памерлых у касцёле з жоўтай цэглы, драўлянай беленай царкве і аздобленай бурачковай кафляй сінагозе!..

Жыхары горада Б* любілі сваіх памерлых. Яны пілі за іх вечны супакой і куплялі ім штучныя кветкі. Што яшчэ могуць патрабаваць нябожчыкі ад жывых? Калі гэта не ёсць памяць, дык на якую халеру яна трэба, істэрычная слязлівая паненка?..

Пан Бурдэйка з'явіўся ў горадзе Б* спачатку ў выглядзе афішы. З платоў і сцен пазіраў мефістофельскага тыпу мужчына ў дзіўным квадратным капелюшы, з аднаго рога якога звісаў шнурок з кутасом. «Толькі адзін сеанс! – хорам чыталі цікаўныя жыхары горада Б*.– Вялікі медыум Альфонс Бурдэйка з асістэнткай Амандай Дэльмар! Галасы з таго свету! Завеса таямніцы прыадкрываецца!»

Хто расклеіў тыя афішы, і калі – сапраўды засталося за завесай таямніцы.

Тры дні ля касцёла, ля царквы і ля сінагогі жыхары горада Б* абмяркоўвалі нешараговую падзею, што мусіла адбыцца.

– Нізавошта не пайду! – крычала цётка Крыся, шаноўная ўдава ціхмянага ветэрынара Юзькі.– У Бібліі сказана – пакарай сідонскую вядзьмачку! Не пайду губіць сваю вечную душу! – і чорная, з блішчынкамі хустка цёткі Крысі ўзвышалася на сабраных у высокі вузел валасах як востраў непадкупнай дабрадзейнасці.

– Звычайнае шарлатанства! – паблажліва тлумачыў наведнікам кавярні выкладчык мужчынскай гімназіі пан Вабішчэвіч, які любіў памарыць за філіжанкай кавы ў згаданай кавярні пра сваё таемнае каханне да гордай дачкі губернатара, вядомае ўсяму гораду Б*.– Наш былы супрацоўнік пан Капуцкі ўчыняў спірытычны сеанс. Пасадзіў усіх за круглы стол, прымусіў трымацца за рукі, запаліў эфірнага спірытусу, і пачуўся голас Напалеона. Высветлілася, за парцьерамі стаяў настаўнік фізкультуры… Дурнота, панства! – рамантычныя тонкія вусікі Вабішчэвіча скептычна варушыліся.

– Тры рублі білет! Траціць такія грошы на ўсякае страхоцце! – паціскала плячыма мадэмуазель Гарабец, чарнявая незамужняя таўстуха, якая нядаўна перабралася ў горад Б* аднекуль з-пад Чарнаўцоў і адчыніла маленькую швейную майстэрню пад шыкоўнай шыльдай: «Пашыў элегантных сукенак і ўрачыстых касцюмаў». – Такія сеансы вельмі небяспечныя! На іх адбываюцца рэчы, невыносныя для слабых нерваў. Мой дарагі бацька, палкоўнік кавалерыі, не ўхваліў бы падобныя экзерсісы!

Меркаванню шаноўнага памерлага палкоўніка кавалерыі пана Гарабца, чые жыццё і смерць адбыліся, на жаль, па-за межамі горада Б*, нельга было запярэчыць…

І як вы думаеце, колькі прыйшло жыхароў горада Б* на падазронны сеанс пана Бурдэйкі? Правільна, прыйшлі ўсе.

Невялікая зала Таварыства аматараў цвярозасці аказалася набітая людзьмі, якія з усіх сіл дэманстравалі адзін аднаму выразамі твараў, тонка разлічанымі жэстамі і шмат-значным хмыканнем, што яны тут выпадкова і з вяршыні свайго навукова-прававернага кругагляду паблажліва пазіраюць на імпрэзу.

Пан Бурдэйка аказаўся лысым і невысокім. Вакол яго адчувалася магутная аўра таннага адэкалону і слівянкі, якая яшчэ пару гадзін таму знаходзілася ў графіне рэстарацыі гатэля «Эсперасьён». Чатырохраговага капелюша з кутасом не было.

Выйшла на сцэну і немаладая мадам Дэльмар з пукам чорных страусавых пёраў на галаве. Яна ўселася на крэсла пасярод сцэны, і магнетызёр загаварыў.

– Шаноўнае панства! Прыемна бачыць, што ў горадзе Б* столькі прагрэсіўных людзей са смелым мысленнем…

Пасля кампліментаў гастралёр распавёў навуковае абгрунтаванне існавання бессмяротнай існасці чалавека, будову іншасвету, карысць зносін з ім і горача прапанаваў прысутным аднавіць у памяці тых жыхароў іншасвету, з кім хацелі б паразмаўляць. Выключна навуковая тэрміналогія знізіла напружанне ў зале. «Біятокі», «экстрапаляцыя», «гіпермедыум» ды «кантактаванне» сваёй супакаяльнай незразумеласцю надавалі імпрэзе добрапрыстойны сэнс.

І ў гэтую падступную хвіліну кожны жыхар горада Б*, збяднелы на тры рублі, падумаў: «Чаму не?» або «Можа быць…».

– Вось вы, мадам, – звярнуўся магнетызёр да паважнай цёткі Крысі, чыя высокая прычоска пад чорнай хусткай з блішчынкамі ўзвышалася ў першым радзе. – У вас, напэўна, ёсць у іншасвеце блізкі чалавек, якога пяшчотна любілі і з якім марыце злучыцца ў вечнасці… Вы хацелі б задаць яму некалькі пытанняў, пачуць ягоны голас?

Цётка Крыся ўздрыгнула. Вышыня ўдовінай велічы не магла пахіснуцца на вачах горада Б*. І цётка няўпэўнена хітнула галавой на знак згоды.

– Памятайце толькі,– злавесна папярэдзіў Бурдэйка, – што душы, якія прайшлі скрозь браму смерці, могуць непазнавальна змяняцца, але і выяўляць сваю сапраўдную сутнасць…

Медыум стаў за спінай мажной Аманды і пачаў рабіць імклівыя рухі над ейнай галавой з чорнымі пёрамі, быццам плыў супраць небяспечнай плыні. Пёры на галаве мадам Дэльмар калыхаліся, азызлы набелены твар застыў, падобна антычнай масцы, вочы заплюшчыліся. Замагільным голасам мадам апавядала, што яе душа аддзяляецца ад цела і саступае яго ўсім жадаючым вольным духам, якія будуць прамаўляць з яго нетраў.

Пан Бурдэйка абвясціў, што бачыць, як цела асістэнткі насяляе дух, выкліканы палкім жаданнем глядачкі з першага рада.

– Я тут, каханая жоначка! – Хрыплы голас, зусім не падобны на няўпэўнены тэнарок нябожчыка ветэрынара, чуўся не з крывава-чырвоных вуснаў мадам Дэльмар, а, здавалася, аднекуль з ейнага жывата. – Ты чуеш мяне?

Цётка Крыся жаласна ўсміхнулася, паспрабавала зірнуць па баках у пошуку падтрымкі, але сустрэлася з прагнымі цікаўнымі позіркамі і сумелася. А голас усё заклікаў:

– Жоначка мая! Ці чуеш мяне? Цётка Крыся няўпэўнена вымавіла:

– Та-ак…

– Я сумую па табе, жоначка, – працягваў вяшчаць непазнавальны голас Юзькі.

А разгубленая цётка Крыся ўжо без унутранага супраціву прымала шматлікія прыгожыя словы, што прамаўляў нябожчык, які пры жыцці нічога падобнага не гаварыў, дый не ўмеў такога гаварыць. Часам дух памыляўся, напрыклад, калі расказваў, як часта дарыў каханай жоначцы кветкі,– праставаты Юзька быў да такога няздольны. Але цяпер ва ўяўленні ўдавы памерлы муж паўстаў іншым, і ўсе гэтыя словы пра кветкі і палкія пацалункі – вядома, усё было! Так, як марыла ў дзеўках! Усё было, проста яна забылася… І ветэрынар быў не прыгорбленым лысаватым недарэкам, а стройным мажным мужчынам з тым менавіта позіркам, ад якога ў сапраўднай жанчыны салодка шчыміць у грудзях… І ад раптоўнага ўсведамлення, што гэты прыгажун, на якога яна мела выключнае права, цяпер бясплотны дух, які сядзіць у жываце медыумавай асістэнткі, цётка Крыся нечакана гучна ўсхліпнула…

Пан медыум зараз жа перастаў махаць рукамі над галавой Аманды і аб'явіў, што ў цела рэцыпіента можа ўсяляцца наступны дух… Вось, напрыклад, той, пра якога так настойліва думае гэты малады пан з вусамі… Пан Вабішчэвіч не паспеў запярэчыць, як з жывата мадам Аманды пачуўся голас, па ўсёй верагоднасці, той, пра каго думаў пан Вабішчэвіч. А думаў ён пра сваё таемнае каханне. Чаму прыгажуня Мэры, якая ў гэты час сядзела за піяніна ці кніжкай у адным з пакояў губернатарскага дома, прамаўляла да яго з таго свету, – Вабішчэвіч і не думаў, ашаломлены хваляй пяшчоты і палкага пачуцця. Аказалася, недаступная Мэры пакутуе без настаўніка Вабішчэвіча, думае пра яго ўвесьчасна і марыць злучыць калі-небудзь свой вечны дух з ягоным…

Цяпер духі пачалі змяняць адзін аднаго ў Амандзіным целе вельмі хутка. Ліхвяру Губерману, які пахаваў чатырох жонак, адна з іх (невядома, каторая) паабяцала адплаціць на тым свеце пяшчотай і клопатамі, якія мела ад яго на зямлі. Губерман збялеў і доўга выціраў вялікай клятчатай насоўкай узмакрэлы лоб. Па настойлівых просьбах прысутных мадэмуазель Гарабец мусіла перамовіцца слоўцам са сваім шаноўным бацькам-палкоўнікам кавалерыі, пра якога кожны дзень чулі з вуснаў мадэмуазель. Як апошняя ні аднеквалася турбаваць гэтак важны дух, ён з'явіўся і самым кранальным чынам пачаў пераконваць дачку ў сваёй пяшчотнай любові, заклікаў адкінуць гонар і забабоны і не адвяргаць любячых яе блізкіх асоб і не ўпускаць свайго шчасця. Аднак мадэмуазель Гарабец чамусьці не расчулілася і, ярасна абмахваючы маленькім веерам пачырванелы твар, сярдзіта глядзела на магнетызёра.

А духі зляталіся, як мухі на мёд. Яны былі красамоўнымі, дабрадзейнымі, велічнымі і перапоўненымі любоўю да жывых. Прысутных ахапіў хваравіты ажыятаж. Кожнаму хацелася прадэманстраваць, што яго памерлыя не горшыя за іншых. Пасля ўзбуджэнне змянілася бояззю. Спакушаныя жыхары горада Б* не ўсвядомілі, але адчулі, што неасцярожна наклікалі ў свой горад сотні мерцвякоў, якія дагэтуль спакойна займалі адведзеныя ім нішы і задавольваліся паніхідамі і вянкамі. Цяпер яны блукалі між жывых і патрабавалі ўвагі да сябе. Мінулае рэстаўравалася, як царква, у якой фрэскі чатырнаццатага стагоддзя, суровыя, строгія, патрэсканыя, замазалі прыемнай воку белай крэйдавай фарбай, на якой добра глядзяцца выявы ружовашчокіх херувімаў з пазалочанымі кудзеркамі.

Але перш чым боязь прысутных выявілася вонкава, вопытны гастралёр перапыніў сеанс, вярнуў душу асістэнткі на законнае месца, яшчэ раз ухваліў прагрэсіўных жыхароў горада Б*, раскланяўся і знік назаўсёды разам з мадам Дэльмар і сакваяжам з грашыма…

Назаўтра горад Б* трэсла ад чутак. Перад царквой, перад касцёлам і перад сінагогай расказвалі, што цётка Крыся зрэзала ўсе ружы ў сваім гародчыку і занесла іх на магілу ветэрынара; што настаўнік Вабішчэвіч уварваўся ў губернатарскі дом з непрыстойнымі крыкамі; што ліхвяр Губерман зварочвае справу…

Адна мадэмуазель Гарабец не каменціравала спірытычныя падзеі.

Горадам Б* уладарылі мерцвякі. Людзі міналі касцёл, сінагогу, царкву і карчму і накіроўваліся на могілкі. Там глядзелі на крыжы, каменныя слупы, папяровыя вянкі, але сувязь між звыклымі прыстойнымі атрыбутамі і тым невядомым, што было закапана пад імі, парвалася. Магілы нагадвалі пустыя коканы, а невядомыя істоты, што вырваліся з іх воляю праклятага гастралёра, лёталі над лопухамі і чарнабылам, над бялявымі галоўкамі дзетак і лысінамі паважных дзядзькоў, дасканалыя, вечныя, любячыя… Адчуванне было як падчас спякоты на лясной сцяжынцы, калі да потнага цела ліпнуць авадні і павуцінне, зумкаюць над вухам камары, а ў вочы лезе нахабная машката…

І горад Б* пачаў вызваляцца ад свайго кашмару. У зале гарадскога тэатра сіламі выкладчыкаў мужчынскай гімназіі і рэальнай вучэльні арганізавалі лекцыю пра шарлатанскую сутнасць спірытызму. Пан Бурдэйка ды ягоная таўсматая пасія – проста шараговыя чэрававяшчальнікі, і ніякіх духаў яны не выклікалі, а гаварылі падрыхтаванымі фразамі, чаму сведчанне – шматлікія недарэчнасці. У храмах усіх канфесій асуджалі тых, хто спрабуе зносіцца з духамі, бо па сваёй грахоўнай зямной існасці дастане толькі візіту дэманаў. І ўрэшце нябесныя сілы спаслалі апошні аргумент – нумар губернскай газеты, у якім паведамлялася, што сярод ахвяр чыгуначнай катастрофы на станцыі Н* быў вядомы спірытуаліст Б-ка са сваёй жонкай і асістэнткай, з якой накіроўваўся на чарговыя гастролі ў Маларасію. Вось вам і «вечная таямніца»…

Жыццё круціла свае нетаропкія жорны, і ўсё сталася друзам, тлом, ценем…

Нябожчыкі вярнуліся ў труны пад папяровымі вянкамі і вершаванымі надпісамі, у карчомцы застукаў келіх аб келіх: «Вечная памяць!»

Памерлыя страцілі голас, веліч і любасць, зноў зрабіліся звычайнымі, хворымі, лысымі, кульгавымі, звяглівымі, ілжывымі, слабымі… Нічым не лепшымі за жывых…

Ліхвяр Губерман ажаніўся пяты раз. Мадэмуазель Гарабец нечакана атрымала спадчыну і пераабсталявала майстэрню, дзе цяпер некалькі мясцовых дзяўчатак страчылі пад яе наглядам на машынках «Зінгер», а сама мадэмуазель, трымаючы ў пульхнай руцэ з пярсцёнкамі кубак з гарбатай, другой раскладала бясконцыя пасьянсы «Піраміда» і «Магіла Напалеона». Пан Вабішчэвіч таксама ажаніўся – з дачкой выкладчыка лацінскай мовы, якую за вочы называлі Верка-Прышчэпка. А цётка Крыся ўдастойвала свайго ветэрынара папяровым вянком на Радуніцу ды паніхідамі ў вызначаныя памінальныя дні.

За вечны супакой у той год было выпіта ўтрая больш звычайнага. Вечная вайна мёртвага і жывога скончылася часовай эфемернай перамогай апошняга. Жыццё паказала бяззубай смерці ружовы язык і садрала з мінулага фальшывыя фальбоны…

Але…

Але ніхто не наважыўся б сцвердзіць, што горад Б» не шкадаваў аб тых нябожчыках, спароджаных у неабдымным чэраве шарлатанкі Аманды, што чорныя страусавыя перы не ўскалыхваюцца час ад часу над ураўнаважаным местачковым жыццём… І што такое тры рублі ў параўнанні з вечнай прагай душы – жаданнем цуда і несмяротнасці…

P.S. Хадзіла яшчэ чутка, быццам былі прысланыя на пошту горада Б* у якасці часткі спадчыны чарнявай мадэмуазель Гарабец шматлікія каробкі і скрыні і быццам быў там сакваяж, надта падобны да таго, які бачылі ў руцэ спірытуаліста Бурдэйкі. А калі адчыніла мадэмуазель вялікую круглую каробку, нібыта калыхнуліся там чорныя страусавыя перы…

Але мадэмуазель Гарабец з плачам схілілася над імі, так што пэўнасці ніхто даць не мог…

Семела і Юштэр

Аднойчы Юпітэр пакахаў зямную прыгажуню Семелу. Па намове раўнівай жонкі Юпітэра Юноны Семела папрасіла, каб каханы паказаўся ва ўсім бляску боскай славы. Невыноснае для зямных вачэй відовішча забіла Семелу.

Старажытнагрэчаскі міф

Калі ў гэтым недасканалым свеце ўсё-ткі сустракаюцца такія рэчы, як ружы, лебедзі, захад сонца на фоне развалінаў старога замка горада Б* і мігдалавы торт, павінны ў ім быць і шчаслівыя людзі.

Хаця ружы, лебедзі і мігдалавы торт, не кажучы пра захад сонца, сустракаюцца куды часцей.

У горадзе Б* не было больш шчаслівага чалавека за паненку Аўгінню. Яна жыла ў прыгожым доміку з зялёнымі аканіцамі, яе бацька быў мудры сівагаловы брандмайстар, а малады муж – лепшы падначалены бацькі, бравы пажарнік Міхась Кудыка. Паненка – цяпер ужо пані – Аўгіння вязала самыя прыгожыя ў свеце карункі, людзі шанавалі яе рамантычную натуру і любілі за рахманы нораў. А які гародчык быў у Аўгінні! Не банальныя памідоры-бабы раслі там, а пераселеныя з лесу і выгану кветкі, якія жыхары горада Б* лічылі за звычайнае пустазелле. Ля плота ўзвышаўся царскі скіпетр, свяціліся дробныя кветачкі бабінага лета і чарнакораню, узбіраўся на сцены дома бружмель, калыхаў свой цёмны агонь скрыпень, трымцела пушыстае божае дрэўца і нават сядзела ля ганка нетутэйшая расліна самшыт – жалезнае дрэва…

Аўгіння называла мужа Мішэлем і была шчаслівай, нягледзячы на тое, што з дзяцінства мела вельмі кепскі зрок. Між навакольным светам і поглядам паненкі калыхаўся вясёлкавы туман. Гэта надавала яе хадзе рамантычную запаволенасць і няўпэўненасць. Але людзі былі такія добрыя, што зусім не злаваліся, калі Аўгіння, плывучы ў сваім тумане, натыкалася на іх ці блытала іх імёны. Ды і як можна было злавацца на гэтую асобу з пышнай прычоскай, упрыгожанай кветкамі, з вечнай усмешкай. Мішэль прыходзіў дадому, стомлены і мужны, цалаваў жонку ў шчаку і спажываў вячэру, прыгатаваную ўмелымі рукамі кухаркі Параскі. А юная пані Кудыка тым часам улагоджвала яго слых пераказам зместу чарговага рамана, прачытанага з дапамогай моцнай лінзы, і хуталася ў самавязаны белы шаль з кутасамі.

– Ох! Ах! Прабачце, калі ласка! – гэта пані Аўгіння выносіла мігдалавы торт з кандытарскай.

Чалавек, з якім на гэты раз сутыкнулася чароўная паненка, пах дарагім адэкалонам, а на твары яго паблісквала пенснэ. Аўгіння сарамліва ўсміхнулася. Незнаёмец уважліва паглядзеў на няўклюдную тубылку і далікатна ўзяў з яе рук каробку з тортам.

– Дазвольце, я крыху дапамагу вам. Не палічыце нахабствам – я тут чалавек выпадковы, выкраіў дзень заехаць пракансультаваць жончыну сваячку. Дазвольце пазнаёміцца – Самсон Рыгоравіч Іваноўскі, маскоўскі ўрач-афтальмолаг. Ну, калі прасцей – спецыяліст па захворванні вачэй. У мяне да вас некалькі прафесійных пытанняў…

Увесь вечар Аўгіння ўсхвалявана хадзіла па доме, наторкваючыся на шматлікія вазы з сухімі кветкамі, расстаўленыя ў кутах. Белы вязаны шаль спаўзаў з плячэй… Невялікая аперацыя, да таго ж бясплатная, як цікавы навуковы «прэцэдэнт», і Аўгіння раз і назаўсёды пазбавіцца ад сваёй блізарукасці. Аўгіння не наважылася распавесці пра атрыманую ад доктара прапанову ні паважнаму брандмайстру, ні заклапочанаму мужу… А як было б цудоўна паўстаць перад імі выратаванай Папялушкай! Растане плыткі туман, што не дае ёй любавацца прыгажосцю свету, і тады…

…Аднойчы раніцай белая столь, у незнаёмай сетцы трэшчын і пісягоў, абрынулася на Аўгінню… Паненка махнула рукой перад вачыма… Гэта – яе рука?! Аўгіння ўскочыла – галава круцілася, як ад першага веснавога ветру. Бы скрозь туман, успомніўся пакой павятовай бальніцы, недарэчная прысутнасць мясцовых дактароў, непрыстойна цікаўных і ўсхваляваных, боль, страх, расчараванне – і абяцанне перамен праз дванаццаць гадзін, калі скончыцца дзеянне абязбольваючых сродкаў…

Прадметы наступалі на Аўгінню, бязлітасныя ў сваёй канкрэтнасці. Яны рэзалі прастору вострымі абрысамі, адмяжоўваліся адзін ад аднаго цвёрдымі плоскасцямі і дыктавалі адлегласці. Гэта быў свет яркі, дакладны і жорсткі… «І прыгожы… Вядома, прыгожы!» Аўгіння кінулася да люстэрка…

Хто гэта? З вычварнай бронзавай рамы дзівакавата пазірала на яе блага прычасаная велікаротая асоба, бляклая, як начны матыль… Дотык бязлітаснага шкла пераканаў Аўгінню, што гэта… Не, гэтыя пачырванелыя вочы, запалыя шчокі – не яе!..

Слёзы на хвілю вярнулі звыклы вясёлкавы туман, у якім жыла паэтычная танклявая прыгажуня…

А вечарам прыйдзе Мішэль! Як мог ён кахаць яе, такую пачвару! Далоў – шаль, звязаны сляпой курыцай, далоў – шпількі і балотную сукенку! Колькі вакол безгустоўных рэчаў, якія па-дурному расстаўленыя!

Да танклявай жанчыны ў прыгожай бэзавай блузцы з вялікім карункавым каўняром, з акуратна падведзенымі вуснамі і вейкамі, з упрыгожанай кветкамі антычнай прычоскай падыходзіў каржакаваты няголены тып з чырвоным тупым тварам (а рот разяўлены), з вачыма юрлівымі і чамусь спалоханымі… Са скурай порыстай, вуграватай, тлустай… За ім сунуўся гэткі ж чырванатвары стары ў касцюме брандмайстра (два гузікі віселі на нітках), самазадаволены, з неахайнымі пукамі сівых валасоў у ноздрах і вушах… Бывай, мужны Мішэль! Бывай, вобраз ідэальнага бацькі!

Жорсткі жарт сыграў ты з беднай правінцыялкай, маскоўскі медычны бог!

Аўгіння схавалася ў сваім пакоі, дзе так недарэчна глядзеўся вялікі двухспальны ложак… Але і тут прадметы даставалі яе сваёй пачварнай канкрэтнасцю. На фотаздымку, які паставіў Мішэль на тумбачку, аказалася зусім не Аўгіння, а незнаёмая нахабная брунетка. У вазоне – поўна расцёртых недапалкаў і, не можа быць! – наплявана… А на куфэрачку, што падарыла лепшая сяброўка, які Аўгіння расчыняла кожны дзень, проста на накрыўцы надрапана дробнымі літарамі «дурніца»…

Людзі смяяліся са «слепурындалы», крамнікі недадавалі рэшту, бацька ледзь спіхнуў недарэку свайму падначаленаму, а той, куплены за пасаг і пасаду, суцяшаўся ў зіркатых прыгажунь горада Б*…

Аўгіння схавалася ў самы цёмны і засмечаны кут некалі чароўнага саду. Што цяпер? У кляштар? Проста пайсці – з дому, з горада, з жыцця? Аўгінні хацелася выдзерці свае вочы, вярнуцца ў плыткае шчасце няведання… Але зведаўшы аднойчы – ведаеш назаўсёды, на памяці драпіны не зацягваюцца, калі гэта – драпіны ад аскалёпкаў шчасця…

Над горадам Б* заходзіла сонца. Прырода не здрадзіла Аўгінні, бо не здраджвае ніколі. Дрыжэла прыўкраснае божае дрэўца, і на светла – зялёных лістах жывакосту адлюстроўваліся промні… А калі ў гэтым свеце ўсё-ткі існуюць півоні, захад сонца, лебедзі, мігдалавыя тарты і жанчыны, якія ўсім прабачаюць, то не так усё безнадзейна, жорстка і несправядліва…

Празрысты, як вэлюм нявесты, смех растаў у лістах бэзавых кустоў… Што ж, дзяцей, якія будуць, яна ўбачыць не праз вясёлкавы туман…

Ніхто не ведае, якой моцай валодаюць рахманыя людзі. Аўгіння ўзнялася. Яна навучыцца жыць і ў гэтым свеце. І па-ранейшаму будзе адорваць усіх усмешкамі, і не стане заўважаць, як паблажліва крывяцца сустрэчныя. І не пераверне фотаздымак з нахабнай брунеткай.

Захад дагараў цёмным бэзавым агнём. Худзенькая жанчына з высока зачасанымі валасамі ціха падышла да свайго дома.

На ганку з нечым белым у руках перамінаўся з нагі на нагу бравы пажарны Міхась Кудыка, які сумеўся пад незнаёмым, ясным і пільным, позіркам жонкі.

– Ты не змерзла, гм-м, даражэнькая?

І працягнуў няўмела звязаны, са шматлікімі спушчанымі петлямі шаль.

Аўгіння памаўчала і лёгка кранула цёплымі кончыкамі пальцаў шчаку мужа.

– Мусіш пагаліцца, мілы…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю