Текст книги "Сэрца мармуровага анёла"
Автор книги: Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 22 страниц)
Галена глядзела, як ён спускаецца па лесвіцы, лёгка кратаючы драўляныя парэнчы тонкай рукой. Яна бачыць яго апошні раз…
Лампада ледзь асвятляла невялікі пакойчык, падобны на келлю. Перад абразамі ўкленчыла постаць…
– Прабачце, я хацела толькі запытаць…
Галене давялося паўтарыць свой зварот яшчэ раз, гучней, рызыкуючы пабудзіць дзеда, які пахропваў дзесьці за сцяной, у сумежным з малельняй пакоі для падарожных. Госць падняўся, перахрысціўшыся, нетаропка падышоў.
– Я вас слухаю…
Нават не здзівіўся! Нібыта жыве ў нейкім іншым свеце, і падзеі гэтага не могуць узрушыць яго.
Дзяўчыне з цяжкасцю ўдалося падабраць словы. Яна здагадваецца, што госць мае незвычайную біяграфію, ён не з мужыкоў – гэта відаць, прабачце. У тым, што ён сёння гаварыў, ёсць нейкая дзіўная, незразумелая ёй праўда, адрозная ад той праўды, на якой выхоўвалі яе самую. На жаль, ёй няма з кім размаўляць пра такія… філасофскія, не пасуючыя дзяўчыне матэрыі.
– Вы сказалі,што мёртвыя павінны хаваць сваіх мерцвякоў. А ў гэтым доме толькі мерцвякі – сапраўды жывуць… А жывыя – цені, каштоўныя толькі сваёй памяццю аб памерлых.
Галена сама не верыла, што можа гаварыць такое, – маці, пачуўшы, не даравала б ніколі. І з кім гаворыць? З бадзягам, выпадковым госцем. А той уважліва слухаў, злёгку нахіліўшы галаву, і яго доўгія валасы звісалі гладкімі пасмамі паўзверх запалых шчок, і ў цьмяным святле вочы здаваліся ненатуральна вялікімі – як дзве азярыны.
– Давайце прысядзем, ваша міласць… Вось тут, на лаўцы… Зручна? – ён прыладкаваўся насупраць яе на невялікім зэдліку. – Мне шкада чуць ад вас такія горкія словы. Бо вы маеце рацыю – мёртвыя не мусяць уладарыць над чалавекам. Але так здараецца амаль заўсёды. Так, гэта цяжка… Але хто сказаў, што нам павінна ў гэтым жыцці быць лёгка? Праўда і ў тым, што нельга, каб магільныя камяні засланялі неба. Мінулае, з якога не пракладзеныя сцяжынкі ў будучыню, перастае існаваць. Бо для Госпада няма мінулага і будучыні. І няма іх для душаў,– памаўчаў, неяк вельмі пранікнёна прамовіў:
– Прабачце мяне за дзёрзкае пытанне, але… Чаму вы не выйшлі замуж? Гэта быў бы ратунак – і для вас, і для ўсяго гэтага дому. Новае жыццё… Дзеці… Працяг роду…
Галена пачырванела, радуючыся, што ў цемры гэтага не прыметна. Чаму яна наважылася быць шчырай?
– Вы можаце сабе ўявіць, каб у гэтым доме-труне з'явіліся жаніхі? Дый нават калі б было не так – наўрад ці я змагла б звязаць свой лёс з чалавекам… – Галена хацела дадаць – «звычайным», але гэта было як прызнаць незвычайнай сябе. І, каб згладзіць няёмкасць, яна проста папрасіла госця, як і тады, у зале, расказаць пра свае падарожжы.
І той загаварыў… Безумоўна, ён колісь атрымаў выдатную адукацыю – добра валодаў словам і тым, што называецца «паэтычным мысленнем». Але была яшчэ адна неацэнная якасць – ён не баяўся сказаць нешта не так, недастаткова прыгожа ці разумна, не думаў пра ўражанне, якое робіць на суразмоўцу. У расповедзе паўставалі бясконцыя дарогі, то засыпаныя сумётамі, то ўсланыя восеньскай лістотай, то пыльныя, спякотныя, на якіх босая нага пакідае такі след, быццам узляцела птушка.
…Скіт з пачарнелага ад часу дрэва, на выспе пасярод зарослага лілеямі возера, і манах-чарнец корміць з рукі лебедзяў… Манастыр са сценамі, абпаленымі пажарам вайны, з вышчарбінамі ў сценах ад куль, і абраз у правым нефе міраточыць… І кожная аблачынка здаецца ўвасобленай малітвай, пазалочанай сонцам – боскай увагай.
– Я пайду з вамі.
Паломнік упершыню нібыта ўзрушыўся.
– Гэта немагчыма…
Галена да болю сціснула свае далоні, быццам рыхтавалася скочыць з абрыву.
– Не лічыце гэта дамскім капрызам. Я больш не магу так – пахаванай жыўцом. Я не спешчаная, бездапаможная засцянковая паненка. Паверце, я дастаткова моцная і непатрабавальная, магу шмат прайсці пешшу, і згатаваць ежу, і ўвогуле зрабіць любую чорную работу. Шмат жанчын ходзяць гэтак жа, як вы, па святых мясцінах, – і прагаварыла хутка, нібыта баючыся сваіх слоў: – І… я пайду за вамі, куды б вы ні пайшлі.
Госць нахіліў галаву:
– Паўтару – гэта немагчыма. Я разумею, што вы атрымалі незвычайнае выхаванне. Можна сказаць, спартанскае. Але вы ўспрымаеце мяне праз свае рамантычныя ўяўленні. Я не той, кім вы мяне палічылі. Я ўсяго толькі варты жалю грэшнік.
Галена нават усміхнулася:
– Гэта не тыя словы, якімі можна мяне адпудзіць. Праз гадзіну я буду сядзець ля прыдарожнага крыжа, там, на павароце за сядзібай. Нікому не ўдасца мяне затрымаць ці адгаварыць. І я не буду прэтэндаваць на асаблівую ўвагу. Я разумею, вы – святы чалавек і жаночыя вабнасці вас не кранаюць. Тым больш, – горка ўсміхнулася, – я не магу асабліва чымсьці ў гэтым плане пахваліцца. Бачыце, маці не навучыла мяне нават прыстойнай дзявоцкай сарамяжнасці.
Госць глядзеў на яе, і ў цёмных вачах ягоных люстравалася яе пакута.
– Ты вельмі прыгожая, Галена. Павер. І я мог бы закахацца ў цябе – смяротна, на ўсё жыццё закахацца. Каб не быў… тваім братам.
Апошнія словы госць прашаптаў так ціха, што Галена хутчэй здагадалася, чым пачула.
– Алесь!
Як жа яна не пазнала сама… Такія ж гордыя бровы, як у маці… Рысы твару… Ён пяшчотна гладзіў сястру па валасах. Яе ніколі ніхто так не гладзіў! Які ж ён, аднак, схуднелы… Нешта абдрапала яе руку…
– Алесь! Навошта ты носіш вярыгі?!
– Можа быць, таму, што некалі лічыў гэта незразумелым дзікунствам. Бог літасцівы, і не кожнага спасцігае ўсведамленне, што цялесная пакута робіць палёгку душы… Не, не глядзі на мяне так, нібыта я насамрэч святы пакутнік. Была і цалкам празаічная прычына… Глядзі…
Алесь сцягнуў з пляча кашулю. Па скуры ішлі накрыж цёмныя палосы.
– Гэта не ўсе ад вярыгаў… Катаржаніна лёгка пазнаць па слядах ад бізуна. А так – менш падазрэнняў.
– Як жа ты мучыўся… – Галена ледзь стрымлівала слёзы. – Але цяпер – цяпер усё будзе добра! Ну чаму, чаму ты адразу не сказаў? Як ты мог не адкрыцца маці? Яна абагаўляе цябе! Няўжо ты падумаў, што мы збаімся схаваць цябе ці проста не здолеем дапамагчы? У маці засталіся ўплывовыя сябры, якія таксама лічаць цябе героем…
– Героем… – Алесь горка ўздыхнуў.– У мяне было часу, каб падумаць над сэнсам гэтага слова. Супакойся, прысядзь… Не варта турбаваць маці. Ведаеш, я даўно мог прыйсці ў Гайвароны.
– Але… чаму ты гэтага не зрабіў?!
– Галена, не спяшайся, падумай, хіба я – той, каго чакае маці? І цяпер я зайшоў сюды, толькі каб… развітацца.
– Не разумею…
Відаць, ад таго, што агеньчык лампады рабіў цені такімі глыбокімі і дрыготкімі, Галене падалося, быццам пакой кудысьці плыве ў гэтай мігатлівай цемры і голас Алеся гучыць аднекуль з іншага берага.
– Я іду ў Опціну Пустынь, прыму пострыг. Галену захліснула хваля горкага гневу.
– Ты не думаеш, што гэта жорстка ў адносінах да нас? Ты можаш падараваць жыццё гэтаму дому, ператворанаму ва ўсыпальніцу!
Алесь прысеў побач на лаўку.
– Гэта было чатырнаццаць гадоў таму. У перамогу паўстання яшчэ верылі толькі тыя, хто быў гатовы аддаць за яго жыццё. Генусь, наш старэйшы брат, кіраваў атрадам. У нас засталася толькі пара дзесяткаў чалавек. Былі атрыманыя звесткі, што вось-вось прыбудуць карнікі. І мне даручылі сабраць атрад у нашых Гайваронах і ўдарыць у спіну прыхадняў. Мы ўсе былі маладыя і дзёрзкія і лічылі сябе напалеонамі. Мне было васемнаццаць, але я, мабыць, быў самым дзёрзкім з усіх. Я з'явіўся ў вёсцы, і людзі пайшлі за мной. Я быў іх добры паніч, і мужыкі верылі мне. Добраахвотнікаў сабралася шаснаццаць чалавек. Лепшыя людзі – вядома ж, бо на смерць першымі выклікаюцца ісці лепшыя. Я не мог дасканала ўзброіць іх – на ўсіх выпадала дзесяць стрэльбаў. Але гэта мяне не засмучала – мужыкі ператварылі косы ў дзіды, а гэта таксама страшная зброя. І мне бачылася, як мы налятаем знянацку на жандараў і пад ударамі мужыцкіх косаў чырванеюць ненавісныя мундзіры. І мы ехалі і спявалі старыя ваярскія гімны, а я ледзь не смяяўся ад шчасця баявога азарту.
Вядома, я прывёў іх пад кулі. Мае палымяныя прамовы з ганка царквы не засталіся незаўважанымі. Іх забілі ўсіх. Шаснаццаць дужых мужчын, гаспадароў. Ніхто не паспеў нават выстраліць у адказ. Мяне толькі паранілі. Я ачуняў у нетрах Бабруйскай крэпасці. Вядома, я чакаў, што мяне расстраляюць. Я хацеў гэтага – тады б я зноў апынуўся са сваім атрадам, мною паднятым у бойку. Але я быў малодшым, і браты ў чарговы раз захінулі мяне, нават сваёй смерцю. Страту замянілі пажыццёвай катаргай. І не было такой ночы, калі б я не думаў пра тых шаснаццаць.
Галена узяла рукі брата ў свае.
– Ты не вінаваты. Яны ўсе мелі выбар, і загінулі за святую справу.
Алесь паківаў галавою:
– Я паўтараў гэта сабе кожны дзень. Але ў іх засталіся бацькі, жонкі, дзеці… Ты ведаеш, што зрабілі ў Гайваронах з родзічамі бунтаўшчыкоў?
Галена сцішана ўздыхнула:
– Гэта тым больш не твая віна. І, зрэшты, палкаводцы вядуць на гібель тысячы жаўнераў – і ніхто з іх не надзявае пасля вярыгі…
– Гэта так. – пагадзіўся Алесь. – І да гэтага выпадку – я ж біўся побач з Генусем і Януком, і вакол нас дзесяткамі гінулі людзі, і мне было горка. Але гэта было, як ні кашчунна такое гаварыць, звычайнай справай. Але тут… Разумееш, сонечная восеньская раніца… І я адчуваў сваё адзінства з тымі, хто ехаў за мною, і нейкі асаблівы ўздым… Гэта – мае людзі, з маёй радавой зямлі… Я быў юны, але гэта былі як бы мае дзеці. Даверлівыя і паслухмяныя. І загінулі толькі таму, што паверылі мне, – вера ў «святую справу» не паспела ў іх выспець.
– Ты занадта многа ўзяў на сябе, брат, – трывожна прамовіла Галена.
– Не хвалюйся, гэта ўжо перажыта, – зноў спакойна сказаў Алесь. – Гэтыя, апошнія, гады блуканняў і малітвы не прамінулі дарэмна. Я знайшоў супакой. Але каб захаваць яго – мне не варта вяртацца ў гэты дом. Зразумей, я не магу гэтага зрабіць. Я не шкадую, што калісьці ўзяў зброю, каб адваяваць волю для айчыны – я і цяпер памёр бы за тое, каб яна была вольная. Але я ніколі больш не змагу забіць. І не змагу не дараваць. Фактычна – той, юны і дзёрзкі, Алесь Вайтылаў памёр. Мне няма пра што гаварыць з тымі, хто жадае помсты. У мяне свой шлях, і я прайду яго да канца. Не шкадуй мяне, мілая. Я шчаслівы.
Галена павольна вярталася ў пакой. Заўтра ўсё будзе як і раней… Не, ён не мае права так абысціся з імі!
Маці адчыніла амаль адразу – нібыта і не спала. Дзіўна было бачыць яе ў белым.
– Алесь вярнуўся!.. Мама, чуеш? Той малады паломнік – гэта ён, Алесь! Ён сыходзіць на досвітку. Хоча пастрыгчыся ў манахі. Мама, калі ты з ім пагаворыш…
Пані Вайтылава ўзялася рукою за касяк дзвярэй. Рука дробна дрыжэла.
– Што ты гаворыш, дурнічка? Табе прыснілася.
Галена горача схапіла маці за дрыжачую руку – зусім халодная…
– Павер, мамачка! Гэта Алесь… Ён уцёк з катаргі. Яму трэба дапамагчы. Ён змэнчаны, спакутаваны… Можа быць, і душа ў яго надарвалася ад пакуты. Пагавары з ім! Затрымай!
Цяпер у пані дрыжэлі нават вусны. На хвілю Галене падалося, што маці ўголас заплача. Але тая моцна адштурхнула ад сябе дзяўчыну.
– Ты гаворыш абы-што. Мой сын ніколі не заначаваў бы ў доме здрадніка і забойцы братоў. Я больш не хачу пра гэта размаўляць.
Дзверы зачыніліся. Бразгнуў замок. Потым зашаргаталі шуфлядкі камоды. Галена зразумела – маці дастае дагератыпы і старыя лісты… І зноў хвалі мінулага паглынаюць гэты пракляты дом.
Перад клумбай у форме вычварнага вензеля, на якой апошнія восеньскія кветкі зіхацелі барвай і беллю, дзядок дробна кланяўся і шаптаў словы ўдзячнае малітвы. Так што здавалася, быццам ягоныя паклоны адрасаваныя не дому, што прытуліў на ноч, а менавіта гэтай пышнай клумбе, нібыта паганскаму алтару. Галена з Алесем адышліся да варотаў. Ні абняць, ні прыціснуць да сябе на развітанне… Убачаць, данясуць… Грудзі дзяўчыны разрываліся ад стоенага плачу.
– Не журыся, мілая, – Алесь ласкава крануў яе валасы. Галена заплюшчыла вочы, каб дарэшты запомніць адчуванне апошняе ласкі роднага чалавека. – Не журыся, – паўтарыў той. – Знайдзі сабе мужа. Не трэба героя, проста – сумленнага чалавека. Я буду маліцца за цябе.
Апошні братаў падарунак – ладанка. Бязлітасна грукнулі вароты. Быццам вечка труны. Галена ў прыпадку гневу азірнулася на ненавісны дом. У акне на другім паверсе ўпалі фіранкі.
Маці ведала…
Галена больш не магла стрымліваць плачу. І раптам адгукнуўся варонін крык. Дзяўчына паглядзела ўверх – сапраўды, над паркам кружлялі вароны. Вярнуліся… Зноў заселяць месца, дзе вынішчылі іх продкаў.
У наступным годзе паненка Вайтылава пабралася з настаўнікам Гайваронскай земскай школы. Гэта быў страшэнны мезальянс – Гайвароны не так даўно належалі Вайтылавым. І настаўнік быў галадранец, нават не дваранін. Маладыя пасяліліся ў вёсцы, у сціплым настаўнікавым доме.
Пані Вайтылава на ганебны ўчынак дачкі аніяк не адрэагавала. Праўда, казалі, што яна пашкодзілася ў розуме. Не дзіўна – столькі пакутавала па трох загінулых сынах.
Ён ніколі не адшукае патрэбных слоў!
Агеньчык свечкі падбіраўся ўсё бліжэй да дзюбы срэбнага грыфона-падсвечніка. Вось ужо чорны пасак кнота скурчыўся, скруціўся, падобна маленькай змейцы, у лужыне воску, зашыпеў, як сапраўды жывая змяя… Цені выпаўзлі з кутоў, імгненна запаланіўшы ўвесь пакой.
Вінцэнт, аслеплены раптоўнай цемрай, з прыкрасцю кінуў асадку на стол, відаць, запэцкаўшы атрамантам напалову спісаны аркуш. Трэба гукнуць, каб прынеслі агню, запалілі новую свечку…
Але ён чамусьці гэтага не зрабіў. Сядзеў і глядзеў у цёмнае акно, на неба, па якім прадрапвалася яркая плямка – быццам за чорным задымленым шклом-небасхілам хаваўся свет бляску і святла. Знічка… Вінцэсь ужо даўно не загадваў жаданняў на знічкі. Ніводнае ж з загаданых дасюль не спраўдзілася. Можа быць, ён проста не ведаў, чаго пажадаць? Напрыклад, спакойнага, усталяванага жыцця… Бо гэтага яму адмерана – хоць задушыся тым спакоем… Сорак гадоў – а яму ўсё спакойна… Быццам карабель, замест таго каб адпусціць у мора, адразу паставілі ў сухі док, і дошкі ягоныя ўжо патрэскаліся ад тугі па хвалях… А за акном між тым палыхнула чырванаватае святло, нібы той, прыўкрасны, сусвет падаў знак аб сваім існаванні – не ўсё яшчэ згублена ў цемры часу. Сухія навальніцы? На пачатку лістапада?
У дзверы настойліва пастукалі. Ну, так, час вячэры. Роўна а шостай вечара. Не раней і не пазней. Колькі дзяцей у гэтым доме заставаліся без салодкага за тое, што спазняліся да ўрачыстага сямейнага стала! А сёння вячэра асаблівая – Асяніны, Змітраўскія Дзяды. Продкі сядуць разам з жывымі нашчадкамі за стол, і ён ізноў уявіць – ці сапраўды ўбачыць – прывідныя вочы, што паглядаюць з паблажлівым дакорам.
Вінцэсь намацаў рукой кульбачку, што звалілася на падлогу, абапёрся, рыўком падняў з крэсла сваё дужае цела. Так, усё яшчэ дужае – яны з братам абодва былі плячыстыя, высокія, хваліставалосыя. За буйную грыву валасоў ім нават далі мянушку «львяняты».
Цяпер кудзеры Вінцэся зусім сівыя… Але целу ён не даў саслабець, спесціцца, заплысці тлушчам. Як бывалы ваяр нават падчас доўгага зацішша трымае напагатове зброю.
Хаця ён, Вінцэсь, не ваяр…
За сталом сабралася ўжо ўся сям'я – чакалі толькі яго. І бацька, як і некалі, сурова зірнуў з-пад насупленых броваў – цяпер ужо зусім белых. Што ж, Вінцэсь не супраць саступіць сваё салодкае… Ну хаця б малодшай сваёй дачушцы, гарэзе-Янінцы. Вунь як яна па-змоўніцку пазірае на бацьку і ўсміхаецца краёчкам ружовага роціка. Відаць, паспела выхапіць з куцці кавалачак празрыста-мядовага цукату і зжаваць, маленькая блюзнерка. Гэтаксама міла ўсміхалася калісьці Марыя, яе маці і Вінцэсева жонка. Яна сядзіць злева ад свёкра, па-ранейшаму стройная і прыгожая, толькі рысы твару сталі больш рэзкімі, між броваў пралягла зморшчына, а вусны ўжо даўно не кранае ўсмешка. Апошні раз яна бесклапотна ўсміхалася, мабыць, яшчэ калі была нявестай старэйшага Вінцэсевага брата, Славаміра.
У іх добрая сям'я – у Вінцэся і Марыі. І цудоўныя дзеткі, і згода, і… Але вось жа не ўсміхаецца Марыя чамусьці так, як колісь… Бацька, старэйшы з роду, цяжка абапіраючыся рукамі аб старажытны дубовы стол, за якім сядзела мо з дваццаць пакаленняў роду Севярынічаў, падняўся і надтрэснутым, але ўсё яшчэ гучным голасам прачытаў малітву. Потым кінуў пад стол рытуальны кавалак хлеба.
– Стаўры, Гаўры, ідзіце куццю есці…
Сын Габрусь, ужо падлетак, падобны на жвавае галчаня, гэткі ж калматагаловы, як Вінцэсь, нешта шапнуў сястрычцы Янінцы, і тая ледзь чутна віскнула і падабрала ножкі. Відаць, пагразіў, вісус, што прывідныя паляўнічыя сабакі Дзядоў – Стаўры і Гаўры зараз укусяць пад сталом.
Так, прывіды наносяць раны больш балючыя і незагойныя, чым рэальная зброя. Вінцэсь глядзіць на дальні кут стала, дзе перад пустым крэслам – міска, у якую адкладзена па лыжцы ад кожнай стравы, і чарка гарэлкі, з якой ніхто не адап'е. Цікава… Славамір быў старэйшы ўсяго на год, але ён ужо мае права заняць месца на гэтым пустым крэсле, як Вінцэсеў продак, і судзіць яго сваёй прывіднай уладай… А за што, Божа мілы?
Прайшло ўжо дваццаць гадоў. На папялішчах, што засталіся ад многіх сядзіб, выраслі маладыя дрэўцы. Бацька не хацеў, каб ад роду Севярынічаў засталося толькі папялішча і – няхай слаўная – памяць. А яны абодва – і Славамір, і Вінцэсь – збіраліся далучыцца да інсургентаў, як і амаль усе іх сябры па Віленскім універсітэце. Столькі разам марылі, складалі ўзнёслыя вершы, а яшчэ вучыліся трапна страляць і добра валодаць шабляй… Але бацька вырашыў іначай. Вядома, Севярынічы ніколі не ўнікалі бойкі, асабліва калі гэта – бойка за волю. Таму няхай адзін з сыноў падтрымае гонар роду. А другі мусіць падтрымаць ягоны працяг – і застацца, бо калі загінуць абодва, герб разаб'юць на магіле таго, хто з іх трох памрэ апошнім. Не засталося ў свеце больш ніводнага Севярыніча, а ў жылах іхніх цячэ кроў вялікіх князёў, і занадта вялікая раскоша – касаваць такі род.
Па традыцыі, што існавала ў іх краях, заставацца на дзедаўшчыне мусіў малодшы.
Слова бацькі для іх заўсёды было законам. Але Вінцэсь збіраўся аслухацца. І ён бы паехаў за Славамірам, калі б не прыкрае здарэнне. Раніцай ён звычайна наведваў свайго Аякса, белага, з шэрымі падпалінамі каня, падоранага яму яшчэ жарабём. Чамусьці менавіта ў тую раніцу, што была прызначаная для ад'езду, бервяно, цераз якое ён няўважна пераступаў столькі год, сарвалася з падпорак і прыціснула нагу. Добра, што побач аказаўся конюх Базыль, іначай пракаветная сасна – таўсшчынёй у паўабхвата – нарабіла б яшчэ большай бяды, бо Вінцэсь паваліўся і амаль страціў прытомнасць ад болю. Пералом аказаўся цяжкі, ступак ледзь не раструшчыў, Вінцэсь кульгае дасюль. Бацька тады сказаў: «Божая воля… Знак лёсу». А Славамір суцешыў: «Мы ўсё роўна будзем змагацца разам, браце!»
І з'ехаў, каб праз год загінуць самай слаўнай для мужчыны з рыцарскага роду смерцю – у бойцы, пад штандарам выбітнага вайскаводцы, адабраўшы жыцці многіх ворагаў.
Вінцэсь пасля таго, як вымушаны быў застацца, па загаду бацькі кінуў універсітэт. І – ніякіх зносін з інсургентамі. Іх сям'я і так пад падазрэннем. Вядома, Вінцэся і бацьку таксама цягалі на допыты. Але абышлося. Хаця небяспека была большай, чым ведаў бацька, – Вінцэсь не раз дапамагаў сябрам, чым мог, і не раз у яго пакоі начаваў госць з лесу, каб яшчэ перад досвіткам сысці рамантычным шляхам – праз акно.
Ніхто не здрадзіў, не выдаў.
Вінцэсь выйшаў з крывавае сячкарні чысценькім. А столькі разоў марыў загінуць… А галоўнае – Марыя…
Так, вядома, ён кахаў яе. Яны са Славамірам былі надта падобныя, каб мець розныя густы наконт ідэалу жанчыны. Горкае імя, у якім з'ядналіся пыл біблейскай пустэльні і дыяменты горада Магдалы. На тонкіх запясцях Марыі бранзалеты пазвоньвалі, як сігналы аб прыбыцці нябеснага чоўна – пераправы на іншы бераг, дзе можна толькі ўдыхнуць пах валасоў каханае жанчыны – і спазнаць сэнс жыцця. Марыя – Ева… Смак яблыка звязвае ў роце, быццам няшчырыя словы, і ты ўжо загінуў і не хочаш ратавання ад салодкай атруты.
Яна па начах вышывала штандар для іхняга атрада. І, вядома, Славамір быў яе героем, якога сустракаюць раз у жыцці.
Віна з'явілася даўно. Яшчэ тады, калі Вінцэсь выпадкова падгледзеў іх спатканне ў квітнеючым садзе – Марыі і Славаміра. Дзяўчына, у белай простай сукенцы, гнуткая і вясёлая, слізгала між дрэваў русалкай, квецень упляталася ў яе цёмныя косы, і Славамір лавіў сваё шчасце між шурпатых яблыневых ствалоў, у духмяным дажджы пялёсткаў. І смех іхні стаіць дасюль увушшу ў Вінцэся – быццам разбіваюцца яго ўласныя крышталёвыя замкі… І ён дасюль не можа дараваць сабе, што не адвёў вачэй, калі іх вусны – магчыма, першы раз – злучыліся… І зусім недаравальны боль, які працяў тады душу, змусіў сціснуць кулакі так, што востры аловак, заціснуты ў правай руцэ, глыбока ўвайшоў у даланю, – Вінцэсь прыладкаваўся з запаветным сшыткам-чарнавіком у сваім улюбёным сховішчы, у разгалінаванні старой яблыні. Боль ад раны адчуўся толькі тады, калі Марыя і Славамір сышлі кудысьці ў бок рэчкі, трымаючыся за рукі, як дзеці, і іхні смех рассеяўся ў веснавым паветры.
Вінцэсь толькі спадзяецца, што ніколі – ні словам, ні позіркам, ні ўздыхам – не даў зразумець дарагім людзям свае нізкія – ён шчыра так лічыў – пачуцці.
Марыя мусіла ўвайсці ў сям'ю Севярынічаў.
Гэта было абгаворана яшчэ да ейнага нараджэння. І калі загінуў Славамір – Вінцэсю давялося заняць месца брата. Стаць ценем яго кахання, адабраць у мёртвага адзінае, што ў таго засталося на зямлі,– памяць і слёзы. Ведаць, што ноччу яна цягнеца да вуснаў – не ягоных… І, раптам усведамляючы прысутнасць іншага, жывога – кожны раз скаланаецца і змушае сябе да пакоры… І ён, як лясны бог Пан, абдымае замест каханай толькі сухі журлівы трыснёг…
Вершнік на белым кані, з узнятай угару шабляй… Чаго варты перад ім кульгавы дэзерцір, які адседзеўся ад слаўных боек пад жончыным бокам?
Свечка, пастаўленая ў місу з бурштынавым зернем, асвятляла шлях нябожчыкаў да памінальнага стала. Марыя моўчкі ўзіралася ў вясёлы агеньчык, быццам заварожаная ягоным спагадлівым бляскам, а Вінцэсю здавалася, святло ўтварае вакол стала кола, якое толькі і абараняе ад зліцця жывога і мёртвага, віны і пакарання, праўды і маны…
– Тата, – шапнуў Габрусь, раптам пасур'ёзнеўшы. – А я сёння чуў цікавае слова…
– Кажы, – Вінцэнт цёпла ўсміхнуўся сыну.
– На кухні старая Анця гаварыла: «Бачыла сёння хлебазор над Цівуновай пушчай. Мусіць, зіма сцюдзёная будзе». Я перапытаўся, хлебазор, відаць, тое, што па-руску зарніца, сухая маланка. Чаму такое дзіўнае слова, тата, – «хлебазор»?
– Пасля паразважаем разам. Дзякуй, сынок, гэта сапраўды каштоўныя звесткі, я занясу тваё слова ў картатэку, – прамовіў Вінцэсь, і Габрусь прасвятлеў тварам. Марыя адно зірнула раўнадушна-паблажліва. А дзед з'едліва выказаўся:
– Яшчэ не кінуў свае штудыі? Мужыкі табе нагавораць, за дзесяць жыццяў не пазапісваеш. Антоні Вырвіч, між іншым, мануфактуру збіраецца адчыняць па вырабу габеленаў. Выпісаў з Нямеччыны машыны і майстра-мастака…
– Прагрэсіст пан Антоні вядомы, – спакойна зазначыў Вінцэнт. – Памятаю, мне яшчэ гадоў дзесяць было, ездзілі да яго ў госці. І мы са Славамірам прыбеглі да вас у залу з рэвам, што ў сенцах сядзіць мужык-казёл, і прасілі, каб гэткае страхоцце адправілі назад у вёску. А пан Антоні і кажа з мілай усмешкай: «Дурню, гэта ж мужык пакараны, яму рагаціну надзелі, а ногі яго ў крэслах». І на мануфактуры ягонай будуць працаваць няшчасныя дзеўкі, адабраныя ад сям'і, і траціць вочы і здароўе на падробкі французскіх габеленаў, хаця маглі б у сваіх хатах, спяваючы, выткаць непаўторныя, з тонкім арнаментам і каларыстыкай посцілкі.
– Спрачацца не буду. Ты ў нас вядомы знаўца мужыцкіх вырабаў, – бацька замаўчаў, і нават маленькая Янінка не наважылася больш перапыніць суровае маўчанне, быццам гэта было як разарваць павуту гіганцкае Арахны, што запляла, знерухоміла ўсё навокал, і выклікаць тым з'яўленне багіні зла.
Агеньчык свечкі крыху ўздрыгваў, і ад гэтага цені ў пакоі варушыліся, плылі карагодам вакол жывых.
Так, трэба яшчэ папрацаваць сёння… Колькі часу? Сем? Пачатак восьмай? Часу заўсёды не хапала. Вунь іх колькі, рукапісаў, картак з сабранымі моўнымі самацветамі – Вінцэсь усур'ёз узяўся за даследаванні адразу пасля таго, як усвядоміў, што ваярская доля ад яго забраная. Інтарэс да мясцовай гаворкі ўзнік яшчэ ва універсітэце. Тады найбольш прагрэсіўныя, разумныя выкладчыкі самі заклікалі да гэтага. Належала вывучыць, так бы мовіць, чым жыве душа насельніцтва далучаных да імперыі новых губерніяў. На гэта даваліся, няхай небагатыя, сродкі. І расійскія філолагі нават не чакалі, што напаткаюць такі скарб, што на іх вачах узнімецца з цемры няведання цэлая Атлантыда самабытнай культуры. Курганы, на якія па начах выходзяць прывідныя рыцары і лірнікі, азёры, на дне якіх – патанулыя гарады, пракаветны свет русалак, жытнікаў, лесуноў, свет ваярскіх песень і чысцюткай славянскай мовы… Інтарэс у спецыялістаў да гэтага не згасаў. Таму была магчымасць зрабіць хоць нешта для сваёй краіны, адкрыць яе свету.
Вінцэсь не шкадаваў сябе, не зважаючы на нараканні, неразуменне, пагарду, на хворую нагу. Ён абхадзіў і аб'ездзіў усе навакольныя вёскі і вёскі далейшыя, згубленыя ў пушчах і балотах. Знаходзіў у закінутых уніяцкіх цэркаўках старадрукі, паедзеныя мышамі, са старонак якіх ззялі вясёлкамі мініяцюры даўно памерлых мастакоў. За дваццаць гадоў зроблена нямала – зборнік легенд і паданняў, кароткі слоўнік беларускай гаворкі, артыкулы ў навуковых выданнях Масквы і Санкт-Пецярбурга, Кракава і Прагі… А колькі яшчэ чакае ў рукапісах! Ёсць імя, аўтарытэт… Але – там, у вузкіх інтэлігенцкіх колах. Тут у яго няма нічога, акрамя права насіць прозвішча, праслаўленае героямі, што загінулі за радзіму.
Добра, хоць Габрусь падзяляе бацькава захапленне… Нават не захапленне ўжо – апантанасць. Недарэмна расказваліся ў дзіцячым пакоі дзівосныя казкі пра вужыную каралеву і асілка Машэку, пра Багародзіцу, якая хадзіла па гэтай зямлі і пабіла нагу аб камень, і пра цмока, які закахаўся ў сялянскую дзяўчыну і прыходзіў да яе панічам у чырвоным жупане… У гімназіі, дзе вучыцца Габрусь, добрыя выкладчыкі па моўных дысцыплінах. І здольнасці ў хлопца маюцца…
Вінцэсь акуратна напісаў на чыстай картцы слова – тое, што вычуў Габрусь. Але гэта было апошняе, што ўдалося ў гэты дзень зрабіць… І, магчыма, апошняе ягонае даследаванне ўвогуле.
Тое, што напрарокавалі чырвоныя хлебазоры, не было нечаканасцю для Вінцэся.
Чаму прыхадні абралі менавіта вечар Асянін для свае нядобрае справы? Напэўна, непакоіліся, што ён, некім папярэджаны, уцячэ, з'едзе. Ды і не лічылі, што робяць нешта нядобрае. Пан Вінцэсь Севярыніч мусіў неадкладна паехаць з імі, у губернскі горад, дзе праводзіцца следства з нагоды выяўлення ў выдадзеных ім кніжках крамольных, непачцівых да імператарскай улады выказванняў… Ёсць і яшчэ адна брашурка. Хадзіла па руках студэнтаў. Аўтар схаваўся пад псеўданімам – але такія-сякія здагадкі ў следства маюцца.
На гэты раз пакой быў асветлены ярка – свечкі гарэлі ва ўсіх падсвечніках, быццам на балі ці пахаванні. Вінцэсь сядзеў у крэсле з кнігай у руках і зрэдку кідаў позірк на тое, як жандары звальваюць у вялікі мех ягоныя рукапісы, ссыпаюць карткі з картатэкі. Дзіўна, але ён адчуваў сапраўды толькі спакой і стому. Зразумела, многае загіне. Але – не ўсё. Ён недарэмна спяшаўся. Адзіная турбота – падвёў выдаўцоў. Але іх выратуе яго маўчанне. Прынамсі, ён зробіць для гэтага ўсё, што ў чалавечых сілах – і нават крыху больш.
– Гэта нейкая памылка, – голас бацькі гучаў так разгублена, што Вінцэся працяў востры жаль. – Мой сын не мог ні ў чым правініцца.
Вінцэсь горка ўсміхнуўся. Вядома, бацька лічыў яго зусім бясшкодным, дакладней – бескарысным дзіваком.
– Ён проста вывучае мовы, – гэта загаварыла Марыя, таксама разгублена, аж голас трымціць. – Ён вучоны… Яго друкавалі ў часопісе імператарскай Акадэміі… Палавінная Дзямі-даўская прэмія за «Параўнаўчы слоўнік геаграфічных назваў славянскіх»… Ягоныя доследы ўхваляў сам Надзеждзін!
Гэта ж трэба! А Вінцэсь лічыў, што Марыя ніколі не цікавілася яго справамі!
– Мовазнаўства, шаноўная пані, можа быць страшнейшым за ўзброенае паўстанне, – голас гучаў, як на лекцыі,– бач, якога інтэлігентнага Харона прыслалі па ягоную душу… – Вы ведаеце, што ваш муж і ваш, пан Севярыніч, сын сцвярджае ў сваіх ксёнжачках? – цяпер голас дрыжэў ад абурэння. – Што расійска-крывіцкі дыялект, на якім гавораць мясцовыя хлопы, гэтая брудная, грубая, неўразумелая хамская гаворка ёсць асобная мова! Якая стаіць упоравень з вялікай рускай ці той жа нямецкай! І доказна, трэба заўважыць, сцвярджае. Прынамсі, маладыя розумы такое чытанне можа збянтэжыць. А што з гэтага вынікае? Новы бунт? А якія прыклады прыводзіць – схізмацкія песні пра бойкі з маскалямі! Куды толькі глядзелі ўсе гэтыя акадэмікі!
І яшчэ дадаў, ужо зусім не-па лектарску, што каб служыў ён тут дваццаць год таму, выкараніў бы ўсю заразу бунту дашчэнту.
Грозны прамоўца зайшоў у пакой, дзе знаходзіўся арыштаваны. Малады, прыгожы, вусы заліхвацкія – як у гусарскага кавалергарда, ноздры ваяўніча раздзімаюцца. Відаць, незадаволены, што арышт пазбаўлены баявітасці,– бунтаўшчык не адстрэльваецца, не хаваецца, нават не каецца. Відаць, Вінцэсеў спакой, ды яшчэ тое, што дзяржаўны злачынца чытае кнігу, змусілі госця страціць раўнавагу. Ён груба выхапіў з рук гаспадара невялікі томік.
– Байран… «Шыльёнскі вязень»… – насмешна тыцнуў кнігу ўладальніку. – Што ж, гэта – чытайце… Рыхтуйцеся, так бы мовіць, тэарэтычна.
Жандары збіралі з падлогі апошнія карткі, рассыпаныя, быццам загадкавы пасьянс, які, у выпадку, калі сыдзецца, адчыніў бы чарадзейнымі словамі дзверы ў дзівосны свет. Але госці не верылі ў чарадзейнасць слоў.
У ліхтары, падвешаным на бронзавым гаку над ганкам, гарэла свечка, і агеньчык трымцеў яркай хусткай, якой хтосьці адчайна махае, развітваючыся. Бацька стаяў у вітальні перад расчыненымі на вуліцу дзвярыма і… неверагодна, але так! – плакаў. Ён не глядзеў на Вінцэся, толькі плечы ўздрыгвалі. А вось – Габрусь. Закусіў вусны, стараецца не ўраніць слязы. Адно вочы гараць. Дай, Божа, каб гэтаму Севярынічу не давялося даводзіць сваю годнасць, сыходзячы ў лес ці турму. Затое Янінка плача – ёй, вядома, не патлумачылі, што адбываецца, але хіба можна падмануць яе чуйнае сэрцайка? Вунь як яно калоціцца – Вінцэсь расцалаваў залітыя слязьмі ружовыя шчочкі малой, што кінулася да яго, абшчаперыла з усіх сіл слабымі ручкамі… Шаптаў нешта суцяшальнае… Вядома, ён вернецца, хутка, і з прыгожай лялькай, ведаеш, у такой пышнай каралеўскай сукенцы. Ідзі, маленькая, укладвайся ў ложак… Нянька павяла дзяўчынку на другі паверх, у дзіцячы пакой, туды, дзе на століку – змайстраваны Вінцэсем палац з ліпавых трэсачак, аздоблены кавалачкамі бурштыну – жытло вужынай каралевы.