355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Сэрца мармуровага анёла » Текст книги (страница 14)
Сэрца мармуровага анёла
  • Текст добавлен: 21 сентября 2016, 16:50

Текст книги "Сэрца мармуровага анёла"


Автор книги: Людміла Рублеўская



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 22 страниц)

Ахілесава пятка

Герой Ахілес меў непаражальнае цела, за выключэннем пяткі. Сын цара Троі Парыс, які не вызначаўся ваеннымі талентамі, забіў героя, пацэліўшы яму стралой у гэтае адзінае паражальнае месца.

Старажытнагрэчаскі міф

Калі сумленнаму абывацелю горада Б* не хапала ўласных праблем, ён пачынаў вырашаць праблемы грамадскія.

Праўда, сорамна прызнацца, гэткіх шчаслівых людзей у горадзе Б* жыло няшмат. Большасць абывацеляў корпалася ў сваіх штодзённых асабістых справах, нараджаліся, жаніліся, сварыліся, паміралі і ведаць не ведалі пра новыя павевы ў цывілізаваным свеце. Так-сяк дзейнічалі Апякунства народнай цвярозасці і Гурток аматараў драматычнага мастацтва, і то дзякуючы хору і танцавальным вечарынам. Несвядомы люд насяляў горад Б*!

Мадам Касіо, утрымальніца пансіёна высакародных паненак горада Б*, раздражнёна адклала на ампірны столік газету. Нават у горадзе Н* стварылі Таварыства абароны жанчын! А тут – суцэльны патрыярхат, цямноцце.

Мадам Касіо карысталася павагай усяго горада Б*. Калі насустрач імкліва рухалася ейная танклявая высокая постаць у чорнай сукенцы з пышным карункавым каўняром і манжэтамі, увенчаная купалам сапраўднага парыжскага капелюша, нават самы смелы служачы сельскагаспадарчага банка – а пра служачых гэтага банка гаварылі, што любога з сарочкі выведуць, – намагаўся збочыць, зрабіцца непрыкметным, як павуцінка бабінага лета. Абы толькі не наставіла мадам Касіо на цябе свой страшны ларнет, абы не сустрэцца позіркам з яе светлымі, як ільдзінкі, вачыма… Ну а зусім гора, калі скіруе на цябе мадам свой доўгі чорны парасон, калі прагучыць металёвае:

– Пра вашыя манэры, малады чалавек, я буду размаўляць з вашым рара.

Таму ліст па збіранні сродкаў на стварэнне ў горадзе Б* Таварыства абароны жанчын падпісалі і сам губернатар, і паліцмайстар, і нават дырэктар сельскагаспадарчага банка Шкудровіч. Там, дзе металёвы голас і ларнет былі менш дзейсныя, у бяспройгрышную бойку ўступалі серабрысты галасок і сарамліва-прамяністыя пагляды маладзенькай мадэмуазель Нінэль, выкладчыцы музыкі і спеваў пансіёна мадам Касіо. Мадэмуазель Нінель, або ў сапраўднасці засцянковая шляхцянка Ніна Гаршкова, мініяцюрная сільфіда ў німбе штучных локанаў, пазірала на сумніўца справы абароны жанчын з такім натуральным жахам, з такім немым дакорам увасобленай жаноцкасці, што самае каменнае сэрца мусіла здрыгануцца, а рука – пацягнуцца падпісваць ліст.

Ніхто не ўстаяў перад двайным націскам актывістак прагрэсу. Ніхто… Акрамя Базыля Магарыша, уладальніка невялікага, але працвітаючага конезавода. Ах, якія коні былі ў Магарыша! Сытыя, гладкія, шыракаспінныя, нібыта створаныя вазіць рыцараў у поўным узбраенні. Праўда, набывалі іх для куды больш празаічных патрэб. Але коні прыносілі не малы даход. І не дзіва – Магарыш, палкоўнік– кавалергард у адстаўцы, свету не бачыў за сваімі грывастымі ўлюбёнцамі. Ні вясёлыя сябрукі, аматары халасцяцкіх уцех, ні прыўкрасныя паненкі горада Б* з пасагамі рознай велічыні не маглі звесці Магарыша з ягонага суровага мужчынскага шляху. Часам ён і сам нагадваў неаб'езджанага рысака – чорныя валасы грывай, бакенбарды і вусы неймавернай велічыні, ноздры раздзімаюцца, ногі ў кавалерыйскіх ботах нецярпліва пераступаюць, а на твары напісана адно: кажы, чалавеча, якая патрэба, ды збаў мяне ад сваёй прысутнасці.

Але Магарыш, як уладальнік буйнога (у межах горада Б*) капіталу, не мог быць прамінуты ў працэсе збору сродкаў на новае таварыства.

Як пунсавелі шчокі ў мадам Касіо, калі яна шпаркім крокам у суправаджэнні зарумзанай мадэмуазель Нінель выходзіла з дубовых варотаў Магарышавага дома! Напэўна, каб патрапіў у гэтае імгненне якісь небарака пад прыцэл лінзаў ейнага ларнета, спапяліўся б, як волас над свечкай.

Гэта была параза. Мадам Касіо збіралася друкаваць падпісны ліст за стварэнне Таварыства абароны жанчын у губернскай газеце разам з усімі сабранымі подпісамі… І сярод іх не будзе подпісу палкоўніка ў адстаўцы Магарыша! Палкоўнік славіўся не толькі дзікім норавам, але й тым, што мог шчодрай рукой адваліць грошай на карысную дабрачынную справу. Напрыклад, на палеанталагічны музей ці атлетычны гурток. Хадзілі чуткі пра незвычайныя акалічнасці ранняй адстаўкі палкоўніка. Нібыта быў ён западозраны ў сімпатыях да дзівакоў, што не надта любілі магутную імперыю, якая літасціва ўзяла пад сваё крыло тутэйшы край… Ды яшчэ меў палкоўнік дрэнны звычай згадваць былыя шляхецкія вольнасці гэтага краю ды сваіх ваяўнічых продкаў, што змагаліся пад іншым, забытым цяпер, штандарам… І ці то Магарыш адмовіўся аддаць загад у некага страляць, ці то сам пацэліў не ў таго…

«А з-за жанчыны, пэўна, гісторыя была, таму й не любіць жанчын», – адмахваліся скептыкі. Але і яны пачціва кланяліся ды таемна зайздросцілі, калі Магарыш пралятаў па вуліцы горада Б* на сваім улюбёным чорным жарабцы.

Але за пятнаццаць гадоў існавання пансіёну ніхто не наважыўся спрачацца з ягонай дырэктаркай.

Горад Б* з цікавасцю чакаў сыходу двубою.

Ніякія спробы расчуліць сэрца конезаводчыка не ўдаліся. Ён не баяўся гарадскіх улад, не заляцаўся да кабет, не напіваўся, што выключала наяўнасць сардэчных сябрукоў, і не меў сваячак з цвёрдым характарам.

Заснавальніцы Таварыства аховы жанчын сабраліся ў класным пакоі пансіёна высакародных паненак. Між кавай і мігдалавым печывам пагаварылі пра дзіцячыя яслі для немаўлятак працоўных кабет, між гарачым шакаладам і безэ пасварыліся наконт рэпертуару дабрачыннага хору. Калі прынеслі садавіну, усплыла непрыемнай плямай на вясёлкавы настрой прысутных праблема – ненавіснік жанчын Магарыш. Па горадзе Б* лётала ўжо некалькі ягоных з'едлівых выказванняў наконт «бабскай самадзейнасці».

– Мужчына – істота прымітыўная, – цвёрда сказала мадам Касіо. – Варта толькі добра падумаць і знайсці яго слабае месца. Згадайма, што наша таварыства клапоціцца не толькі аб жанчынах, але і аб дзетках. Калі гэтая асоба раўнадушная да становішча кабет, ці гэтак жа паставіцца да слёз нявіннага дзіцяці?

Нявіннае дзіця, якое належала ўключыць у чарговую дэлегацыю, знайшлося, – гадавалы малеча настаўніка прыродазнаўчых навук. Хлапчук быў слаўны, шчакасты. Ягоная маці падабалася мадам Касіо куды менш – мітуслівая кабета, якая ў нанятую мадам Касіо пралётку прыцягнула яшчэ й гэткую ж мітуслівую пудзеліху з мяшчанскай мянушкай Жужу.

Магарыш хаваўся ў сваім летнім доміку побач з канюшняй у прадмесці горад Б*, там, дзе ўвесну разлівалася мора яблыневай квецені. Мадам Касіо, быццам чорны карабель, праплыла па засыпанай жоўтым пяском сцежцы, рассякаючы духмяныя бела-ружовыя хвалі. У фарватэры за мадам, нібыта за флагманскім караблём, палахліва рухаліся мадэмуазель Нінель, выкладчыкава жонка са сваім нашчадкам, прыбраным у карункавы каптурык неймавернай велічыні, і пудзеліха Жужу. Ля дзвярэй у логавішча жанчынаненавісніка караван прыпыніўся. Прыслужнік, былы панскі дзяншчык, нізавошта не хацеў упускаць у дом спешчаную сабачку: маўляў, у пана жывуць здаровыя ганчакі. А ўладальніца пудзеліхі нізавошта не хацела пакідаць сваю ненаглядную Жужу адну на чужым двары ў падазронным асяроддзі. Мадэмуазель Нінель ахвяравала сабой і засталася сцерагчы знерваваную жывёлінку.

Мадам Касіо для баявітага настрою ўспомніла апошні выпуск сваіх пансіянерак, зацягнула разбэрсаныя пачуцці ў сталёвы гарсэт грамадзянскага доўгу і рушыла ў наступ:

– Недзеля фанабэрыі і славы, а дзеля дзяцінства! Яно глядзіць вам у вочы, яно патрабуе вашай дабрадатнасці! Вы адмаўляеце ў ласцы бязвінным дзеткам, якіх Хрыстос загадаў шанаваць найперш, бо ім належыць Царства Божае! – Мадам тыцкала пальцам, абцягнутым чорнай пальчаткай, у бязвіннае дзіця, якое зацята спрабавала сцягнуць з сябе карункавы каптурык. Але бессаромны конезаводчык толькі іранічна хмыкаў ды паўтараў:

– Мадам, мая спецыяльнасць – коні. Я не разбіраюся ў жаночых клубах… Хіба што з націскам на другі склад.

Ад падобных удараў касы аб камень высякаліся іскры. Няшчасная выкладчыкава жонка туліла да сябе немаўля, нібыта хаваючыся за яго ад маланак, якімі шпурляліся багі-алімпійцы. І тут на двары адчайна завішчэла сабака, і адразу ейны віск падхапіў магутны сабачы хор.

– Стой, сабачка, стой! – лямантавала дзесьці мадэмуазель Нінель.

– О, мая небарака Жужу! Я іду да цябе! – усклікнула пудзеліхіна гаспадыня, з мілабожным «О, мадам!..» сунула свайго дзіцёнка на рукі дырэктарцы пансіёна і выскачыла за дзверы.

У пакоі запанавала цішыня. Крыкі і сабачы брэх расталі ў далечыні. Мадам трымала дзіцёнка перад сабой, нібыта амфару з рэдкім віном. Няёмка прызнацца, але твар мадам Касіо чамусьці не выказваў замілавання. Магарыш таксама паглядаў на мілае дзіцятка, якое паспела сцягнуць набакір свой накрухмалены каптурык і агаліць круглую макаўку, прыкрашаную адзіным завітым чубком, з нейкім складаным пачуццём.

– У-а-а-а-а-у!

Дырэктарка ледзь не выраніла дзіцёнка. Палкоўнік у адстаўцы спрытна падтрымаў крыклівага госця на яе руках. А немаўля гарлала так адчайна, з такой крыўдай на гэты недасканалы свет!

– Супакойце яго, мадам, – раздражнёна буркнуў Магарыш. – Вы ж самі казалі, што бавіцца з такімі недараслямі – ваш грамадзянскі доўг.

– Я – дырэктар пансіёна для дзявіц, – цвёрда прамовіла мадам, робячы націск на апошнім слове. – Я не маю досведу ў выхаванні немаўлятак.

– Эк гарлапаніць, – дасадліва сказаў Магарыш і паклікаў дзеншчыка. Але той, відаць, таксама збег па сабачых справах, якія нагадвалі пра сябе аддаленым брэхам і жаночым віскам.

Мадам нязграбна гушкала падкідыша.

– А-та-та… Гэта ён вас баіцца. Дзеці адчуваюць нядобрых людзей..

– Перастаньце яго трэсці, ён і змоўкне, – адрэзаў Магарыш і наставіў на немаўля два пальцы казою: – У-цю-цю-цю-цю!

Малеча збрыкнуў нагою і патрапіў забаўніку ў тоўсты нос. Магарыш ледзь стрымаў лаянку.

– Давайце яго мне. Ён жа мужчынскага полу. Я хутчэй з ім паразумеюся. А то, далібог, вушы закладае. Хлопец, любіш коней? Хочаш на коніку пакатацца?

Дзіцёнак адчайна супраціўляўся. Капялюш дырэктаркі, упрыгожаны страусавымі пёрамі, з'ехаў набакір і нарэшце зусім зваліўся ў суправаджэнні звонкага дажджу шпілек. Мадам Касіо расчырванелася, яе валасы, заўсёды сцягнутыя ў строгі вузел, рассыпаліся залацістымі локанамі. А вочы, не абароненыя ларнетам, былі такія разгубленыя… І светлыя… Так што ніхто не пазнаў бы з першага погляду мадам Касіо. Ды і суровага палкоўніка Магарыша, які скакаў па пакоі, трымаючы на плячах тоўсценькага капрызулю, у той час як мадам бегала за гэтай жывапіснай групай, падтрымліваючы малога кавалерыста.

– А вось мы на коніку… На коніку… Першы раз бачу кабету, якая не можа даць рады дзіцёнку! У вас што, ніколі не было ўласных дзяцей? – соп Магарыш.

– Можна падумаць, у вас цэлая куча спадчыннікаў! – агрызалася мадам. – Вы ўвогуле здзічэлі са сваімі коньмі! Цішэй, не скіньце малога! Я, прынамсі, стараюся нешта даць хоць чужым дзецям. А вы?..

– А мне часам здаецца, што коні больш вартыя шкадобы і разумення, чымсьці людзі. Ай, нешта за каўнер пацякло…

Калі вярнулася легкадумная маці з ускалмачанай пудзеліхай на руках, пакінуты ёю гэтак падступна дзіцёнак бесклапотна спаў на Магарышавай канапе, а паабапал яго сядзелі пан Магарыш у турэцкім халаце і мадам Касіо без капелюша, хаця з падабранымі зноў у вузел валасамі.

– Прабачце, прабачце, але на Жужу напала зграя злосных грубых дварнякоў!

Мадэмуазель Нінель таксама прапішчэла ў сваё апраўданне:

– Я нічога, нічога не змагла зрабіць! Іх адагналі толькі вадою!

Мадам Касіо годна ўздзела капялюш, акуратна закалола яго шпількамі.

– Думаю, наш візіт скончаны.

Мадэмуазель Нінель са здзіўленнем глядзела на ружовыя плямы на шчоках мадам і гадала, ці ўдалося ейнай ваяўнічай кіраўніцы дамагчыся патрэбнага.

Пан Магарыш сур'ёзна пазіраў на маўклівую дырэктарку:

– Да сустрэчы, мадам.

Толькі шчаслівая супруга выкладчыка прыродазнаўчых навук была цалкам паглынутая сваімі праблемамі і нічога не заўважала, спрабуючы адначасова супакоіць і раззлаваную пудзеліху, і абуджанага ад салодкага сну і невымоўна гэтым пакрыўджанага сынулю.

Калі жыхар горада Б*не мог даць рады сваім клопатам, ён абмаўляў клопаты сваіх суседзяў. І такіх выпадкаў у горадзе Б* чамусьці было амаль столькі ж, колькі жыхароў. Таму канец халасцяцкага жыцця конезаводчыка Базыля Магарыша абгаворваў увесь горад.

Адны шкадавалі небараку – узяць за сябе такую мегеру! Другія дзівіліся – якім шляхам пракралася ў кавалерыйскую душу падступнае пачуццё? На гэтае пытанне маглі б, напэўна, адказаць непаўналетнія наведнікі ясляў для дзяцей працоўных кабет горада Б*, але, на жаль, яны яшчэ не ўмелі размаўляць.

Пігмалеон і Галатэя

Скульптар Пігмаліён зрабіў з мармуру прыўкрасную дзяўчыну Галатэю і закахаўся ў яе. Багі паспачувалі яго вялікаму каханню і ажывілі статую. Галатэя зрабілася жонкай Пігмаліёна.

Старажытнагрэчаскі міф

Горад Б*, улюбёны мой горад Б*! Як часта сумую па тваіх брукаваных вулках, і нават небрукаваных, што ператвараюцца падчас дажджоў у суцэльную куламесу. Так што даводзіцца прыстойным паненкам ахвяраваць чысцінёй сваіх высокіх чаравікаў на шнуроўцы, на далікатна выгнутых абцасіках…

А паненкам належыць ступаць па кветках і аблоках! Чарговая брудная лужына надарыла мокрым кляймом модныя, у жоўта-зялёную клетачку, нагавіцы настаўніка малявання жаночай гімназіі горада Б* пана Рамуальда. О, правінцыя! Дзе твая паэзія?

Але чароўныя цёмныя вочы дачкі дырэктара сельскагаспадарчага банка горада Б* Зоф'і Шкудровіч, пышнацелай, беласкурай багіні Зоф'і, партрэт якой мусіў да ейнага васемнаццацігоддзя папоўніць галерэю сямейных партрэтаў Шкудровічаў, несумненна тояць у сабе бездань рамантыкі! Бездань жарсцяў і тонкіх адчуванняў тояць яны! Варта толькі абудзіць усе гэтыя бездані – бо, незапатрабаваным у мешчукоўскім шкудровічаўскім асяродку, суджана спаць ім доўга і безнадзейна. Каб не ён, вольны мастак…

Пан Рамуальд самазадаволена падкруціў свае тонкія вусікі, якія зазвычай тапырыліся, як у жука, і зноў патрапіў штыблетам рыхтык у велізарную лужыну. Але ад узрушэння нават не заўважыў гэтага, як не заўважыў бруднай ніягары, што зноў папаўзла па нагавіцах, як не заўважаў шалапуцтва сваіх вучаніц, як не заўважае насмешак цёмнага навакольнага люду: «Ромка-мазідла аптэкарскі па лужынах шыбуе, як з вяселля».

Бо гэта якраз і ёсць уласцівасць праўдзіва творчага чалавека – бачыць тое прыўкраснае, чаго яшчэ няма, і не заўважаць таго паскудства, што ёсць навокал. І ёсць, на жаль, гэтак адчувальна…

Як, напрыклад, жаніх прыўкраснай цемнавокай панны Зоф'і, руды таўсматы Ганька, спадчыннік мануфактурнай фабрыкі. Сядзіць гэтае ўвасабленне банальнасці на канапе, сонна прымружыўшы вочы, назірае, як пад натхнёным пэндзлем пана Рамуальда (які на самай справе сапраўды ёсць сын мясцовага аптэкара, называны ад нараджэння Ромкам) вымалёўваюцца на шэрым паркалі антычныя рысы нявесты… Але хіба ён ведае нават такое слоўца – антычныя!

Ах, як ненавідзеў пан Рамуальд сямейныя партрэты Шкудровічавага роду! Са сцен гасцёўні пазіралі пысы, што нагадвалі пра поўныя кубельцы і скарбонкі, канкрэтнае здароўе і ўстойлівую псіхіку. Няўжо белыя пальчыкі з ружовымі пазногцікамі панны Зоф'і калі-небудзь зробяцца гэтак жа падобнымі на сасіскі, знізаныя пярсцёнкамі… Не, такога нельга дапусціць! Нездарма ж панна Зоф'я хадзіла два гады таму на курсы дэкламацыі да сталічнага артыста, што застрануў у горадзе Б* з прычыны тэрміновага апусцення кішэняў. Значыць, гарыць у ейнай душы іскрынка мастацтва! Толькі распаліць яе…

Дасканалая эрудыцыя дазволіла пану Рамуальду скласці дакладны план абуджэння духоўнай сутнасці панны Зоф'і. Штовечар дапазна бедны мастак сядзеў у сваім улюбёным фатэлі, са спецыяльнай сетачкай на набрыяліненых вусах, скручаных у колцы, і на валасах, падзеленых раўнюткім праборам, моўчкі варушыў вуснамі, час ад часу ускрыкваў нешта незразумелае, кшталту: «О, багіня! Успомнім вялікага Леанарда!» Старэнькі аптэкар Лёйза, уздыхаючы, выходзіў са свайго пакоя і асцярожна ставіў перад мройным сынам шкляначку з мікстурай «Сад маёй бабулі», самым надзейным сродкам ад меланхоліі. Пан Рамуальд адным глытком выпіваў пякучую вадкасць з прыемным ментолавым пахам і нецярпліва махаў бацьку рукой.

– Ромка, а Ромка, цёця Аліцыя звала ў госці ў суботу. Мурачка прыйдзе, памятаеш, такая рудзенькая, вясёленькая?

Пан Рамуальд абурана хмыкаў, і бацька, пахітваючы галавою, ішоў у свой закуток, застаўлены рознакаляровымі бутэлечкамі, рэтортамі і прабіркамі. А пан Рамуальд працягваў інтэлектуальную падрыхтоўку да чарговага сеанса пазіравання, дакладней, да лекцый, што суправаджалі іх. Ад біблейскіх матываў, «Найвышэйшай Саламонавай песні» і Вірсавіі размова перайшла на гісторыі Абеляра і Элаізы, Дантэ і Беатрычэ, Рамэо і Джульеты, паралельна апісваліся жыцці гераічных жанчын – Гіпатыі, старажытнагрэчаскай жанчыны-астранома, закатаванай цемрашаламі, Жанны д'Арк, выратавальніцы Францыі, мясцовай лекаркі Саламеі Пільштыновай, што лячыла і жонак султана, і расійскую царыцу. Панна Зоф'я не заканчвала гімназіі, хаця бацькі паспрабавалі неяк аддаць яе ў лепшы прыватны пансіён горада Б*, які трымала строгая мадам Касіо. У летапісе горада Б* не захавалася дакладных звестак, ці то сама далікатная паненка запрасілася дахаты ад жахлівых цяжкасцей навучання ў пансіёне, ці то цярплівая мадам Касіо, хаця і звыклая да капрызаў багатых бацькоў і іхных дзетак, не вытрывала паводзін мілай Зосенькі, але доўгі час любячыя бацькі наймалі для сваёй кветачкі гувернантак. Прычым мяняліся яны кожны год, а то і па некалькі разоў на год. Бібліятэка Шкудровічаў складалася з некалькіх соцень тоўсценькіх, аднолькавага памеру томікаў у такіх прыгожых, дарагіх вокладках, што разгортваць іх лічылася відавочна залішнім. У выніку пан Рамуальд меў справу з цнатліва чыстай паненчынай свядомасцю, не сапсаванай інтэлектам, што давала яму магчымасць прыўносіць у вядомыя сюжэты плён уласнай фантазіі, асабліва ў аповеды пра сваё навучанне ў Санкт-Пецярбургскай рысавальнай школе.

Выснова з усіх расказаных гісторый, аднак, мелася адна: каб выратаваць жывую душу, належала вырвацца з мяшчанскага асяродку, знайсці роднаснага сабе ўзнёслага спадарожніка (каго ж, як не яго, пана Рамуальда?) і рушыць па жыццёвым шляху, усыпаным кветкамі і церніямі, да зораў ці куды ўжо патрапіць дайсці-даляцець акрыленым асобам.

Хаця б да бліжэйшага вялікага горада, дзе, несумненна, сапраўдны мастакоўскі талент знойдзе сабе прызнанне, а ягоная мадэль будзе праслаўленая гэтак жа, як улюбёная булачніца Рафаэля, увасобленая ў бессмяротных вобразах мадоннаў.

І далібог, Рамуальдавы прамовы давалі плён. Панна Зоф'я нават перастала падчас сеансаў есці разынкі і душыцца ад смеху пры поглядзе на мастаковы закручаныя колцамі вусы і пышны аксамітны бант-гальштук. Праўда, па-ранейшаму заставалася бязмоўнай, як праўдзівая мармуровая багіня. Але яе вочы гаварылі лепш за ўсялякія словы! Ах, як шматзначна пазіралі яны на пана Рамуальда! Ды што казаць, калі нават руды Ганька больш не засынаў на сеансах пазіравання нявесты.

І вось сёння – апошні, рашучы дзень! Як ні адцягваў пан Рамуальд момант завяршэння партрэта, далей цягнуць было немагчыма. Некалькі заключных мазкоў – і срэбранікі Шкудровіча перакрыюць аптэкарскаму сыну доступ да банкаўскай спадчынніцы.

Пані Зоф'я пазіравала, як заўсёды, у абабітым сінім аксамітам фатэлі, у белай шаўковай сукенцы з карункамі, як марская пена. Увесь тавар сярэдняй велічыні ювелірнай крамы пайшоў на ўпрыгожванне шыі, рук, вушэй, прычоскі ды іншых дэталяў паненкі, так што багацце роду Шкудровічаў мусіла быць годна адлюстраваным і на партрэце яго апошняй прадстаўніцы. Руды Ганька сціпла сядзеў на крэсле ў куце і пакручваў у тоўстых пальцах дарагі залаты гадзіннік. Праклятыя сімвалы багацця!

Пан Рамуальд крануў ружовай фарбай шчаку намаляванай багіні. Сёння ці ніколі!

Так, ніколі больш у Шкудровічавым доме не гучалі такія палымяныя, узнёслыя аповеды пра найвышэйшае пакліканне чалавека, водпаведзь праклятаму багаццю і паныламу існаванню ў мешчукоўскім свеце. Фарба капала з пэндзля на чаравікі мастака, на бухматыя дываны з ружамі – хіба гэтыя ружы можна параўнаць з сапраўднымі! Набрыляліненыя валасы пана Рамуальда ззялі, як паверхня канцэртнага раяля, вусы перасталі завівацца калечкамі і зноў ваяўніча натапырыліся.

– Да чаго мне патрэбны цяпер альбом Рубенса! Я зверыў бы адценні і ўдасканаліў бы свае апошнія праўкі… Як бы мне гэты альбом атрымаць найхутчэй? Бачыў яго ў бібліятэцы, на ніжняй паліцы. Ён такі вялікі, у жоўтай вокладцы, на ім так і напісана – Рубенс. Прыслуга можа зблытаць, а я не настолькі вольна пачуваюся ў гэтым блаславёным доме…

О, як хітра, як доўга і дасканала адпрацоўваў пан Рамуальд гэтую фразу! Высокае пачуццё, несумненна, абудзіла ягоную здольнасць да тонкіх інтрыг. Прасцяк Ганька паслухмяна падняўся і падыбаў шукаць альбом таемнага Рубенса. Нарэшце настала рашучая хвіліна – сам-насам… Дамова на апошняе спатканне – і…

– О, панна Зоф'я! Не патрэбна ўжо лішніх словаў, сёння апоўначы ваш верны рыцар будзе чакаць вас ля ганка, што на заднім двары, ля куста чырвоных парэчак. І не трэба браць з сабою ані дыяментаў, што ёсць слёзы беднага народу, ані золата, бо яно заплямлена чужым потам і крывёю… Хіба што трохі, на першыя затраты, ну там, кватэру наняць, фарбы алейныя купіць…

Панна Зося некалькі разоў шмарганула доўгімі вейкамі і нізкім голасам вымавіла:

– Шо?!

Пан Рамуальд крыху разгубіўся. Абуджаная прыгажосць мусіла адказваць крыху іншымі словамі і, прынамсі, больш распаўсюджана… Але яна саромеецца, ну, так! О, гэтая непараўнальная дзявочая сціпласць!

Пан Рамуальд аж пераступіў ад хвалявання тонкімі нагамі, абцягнутымі тканінай у зялёна-жоўтую клетачку, нібыта зладзіў вытанчаную фігуру прыдворнага танца, і схапіў паненку за абцягнутую карункавай пальчаткай ручку:

– Я з самымі сумленнымі намерамі, панна Зося! Памятаеце, як Алена Фоурман трымала пэндзлі свайго мужа, мастака Рубенса? І мы з вамі… Вы са мной…

Панна Зоф'я выдзерла з мастакоўскіх слабых рук сваю руку і прыўзнялася:

– Ты шо, мазідла, п'яны? Цэлы месяц галаву тлуміў усялякай лухтой – Кліпатры, Ляізы, Біятрычы… Гаварыла татусю, каб не скупідомнічаў, наняў нармальнага мастака. Еканомія, еканомія… Галадранцаў усялякіх толькі ў дом і пушчаць! Татусю, татусю! Шо скажу!

Панна Зося грэбліва штурханула небараку Рамуальда, як прадмет мэблі, і, пазвоньваючы ювелірнымі ўпрыгожаннямі, шырокімі крокамі пакінула імправізаваную майстэрню.

Пан Рамуальд агаломшана сядзеў на раскошным Шкудровічавым дыване з несапраўднымі ружамі, не ў моцы ўсвядоміць сваю паразу.

– Пан Рамуальд, вось ён… Рубенс! Здаецца, той самы, глядзіце!

Таўсманны Ганька пачціва нахіліўся над павержаным мастаком з тоўстай кнігай у руках.

Аптэкарскі Ромка высмаркаўся ў свой аксамітны бант-гальштук і павольна падняўся:

– Не трэба. Нічога ўжо не трэба…

– Вы… скончылі партрэт?

– Так… Скончыў…

Пан Рамуальд хацеў ужо выйсці з пакоя, як Ганька заступіў яму дарогу.

– Стойце, пан Рамуальд! Я мушу вам сказаць… Чуеце?

Пан Рамуальд ачомаўся… Чаго трэба гэтаму мільёншчыку? А, біць будзе… Рамуальдава галава мімаволі ўцягнулася ў плечы. А Ганька працягваў усхвалявана гаварыць:

– Я зразумеў! Я хачу вырвацца з гэтага балота! Грошы – тло, нішто, зло! Наш асяродак – гэта асяродак крывасмокаў і бур… бюргераў, а чалавеку патрэбна духоўная воля! Пачаць жыццё спачатку ніколі не позна!

Адбылася нейкая памылка… Нешта пераблытана… Пан Рамуальд нясмела ўсміхаўся і спрабаваў прасунуцца да дзвярэй. Але Ганька ўзвышаўся на ягоным шляху, як Галіяф.

– Вы адкрылі мне вочы, пан мастак! Вы ведаеце, я таксама… Ну так, па-дылетанцку, вядома… Але малюю. Што тая Зоська, яна дурная, нічога не разумее. Усе Шкудровічы дурні. Нізавошта не ажанюся з гэтай таўстухай. Ніякай паэзіі. Заўтра ж – у Парыж, на мансарду! Як вы там казалі, фіялкі Марма… Манра…

– Манмартра… – аўтаматычна падказаў пан Рамуальд. Ганька ўзрушана схапіў яго за руку:

– Вы столькі гаварылі пра сяброўства між мастакамі.. Дзяліцца апошняй скарынкай… Эксперыментаваць з колерам… Можа, і вы са мной? Там дзяўчынкі… Грызеткі… На тым Мармары…

– Манмартры… – зноў падказаў пан Рамуальд і нарэшце ўсвядоміў увесь трагізм становішча. – Не! Не хачу! Нічога не хачу! Ды адчапіцеся ж ад мяне!

Пан Рамуальд працерабіў сабе шлях да рэтырацыі і кінуўся прэч з праклятага дома, дзе ён так падмануўся, дзе згаслі ягоныя мары, як згасае свечка ад трапнага пляўка. І нагавіцы ў жоўта-зялёную клетачку зноў беспардонна пляміла густая брунатная вадкасць з лужын горада Б*.

Шкудровіч так і не заплаціў за партрэт дачкі.

Ганька назаўтра збег у Парыж. Бацькі доўга бедавалі, што занадта патуралі сыну і ён з'ехаў з глузду. Шле дзіўныя лісты, спрабуе адмовіцца ад спадчыны. Ад цудоўнай мануфактурнай фабрыкі, якая дае гарантаваны даход!

Праўда, сваяк губернатара, які пабываў у Парыжы, казаў, што Ганька, хаця і жыве як нейкі шалапут і нават адгадаваў бараду і доўгія патлы, нешта такі малюе і нават ягоныя карціны купляюць. Хаця адны дурні іх купляюць – бо зразумець, што менавіта на тых карцінах намалявана, – немагчыма, адны пісягі. Сваяк нават парыжскую газетку прывозіў, дзе маленькімі літарамі ў адным абзацы было набрана нешта пра Ганькавы карціны. Відаць, не самае ўхвальнае. Але, як ні кажы, трапіць у парыжскую газету…

Панна Зоф'я выйшла замуж за ўладальніка піваварні горада Б*, самавітага маладога чалавека, які знешне нагадваў збеглага Ганьку, асабліва целаскладам.

Пан Рамуальд па-ранейшаму выкладаў у жаночай гімназіі маляванне і піў мікстуру «Сад маёй бабулі».

Але ніколі больш не браў прыватных заказаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю