355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Сэрца мармуровага анёла » Текст книги (страница 11)
Сэрца мармуровага анёла
  • Текст добавлен: 21 сентября 2016, 16:50

Текст книги "Сэрца мармуровага анёла"


Автор книги: Людміла Рублеўская



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 22 страниц)

Арфей і Эўрыдыка

Каханая жонка вялікага спевака Арфея, чароўная німфа Эўрыдыка, загінула ад укусу змяі. Арфей спусціўся ў царства памерлых душ і моцай свайго мастацтва пераканаў Аіда, уладара гэтага царства, адпусціць Эўрыдыку на зямлю. Але на зваротным шляху, ля самага выйсця, Арфей азірнуўся, каб паглядзець, ці ідзе за ім Эўрыдыка, што рабіць яму было забаронена. І Эўрыдыка назаўсёды знікла.

Старажытнагрэчаскі міф

Горад Б* меў уласны тэатр. Сталай трупы ў ім не было. Дый адбываліся на кепска габляванай сцэне найчасцей канцэрты духавога аркестра ды хору гарадскога таварыства гігіены і санітарыі. Крэслы ў зале прысоўваліся да сцен, на вызваленай пляцоўцы танчыла моладзь, і пад хуткімі чаравікамі храбусцела шалупінне ад семачак.

Але час ад часу горад Б* наведвалі гастралёры. Гэта былі тыповыя правінцыйныя антрэпрызы, з героямі-палюбоўнікамі, засыпанымі пудрай, якіх за паўгадзіны да спектакля трэба было гвалтам цягнуць з Бурыгавай карчомкі; з гераінямі, трыццацігадовымі худымі істэрычкамі, з субрэткамі, харошанькімі пульхнымі дзяўчынкамі, чые ружовыя губкі пахлі табакай і грахом… Гастралёры прывозілі ў горад Б* вечнага Шэкспіра, нязвыклую мітусню і водсвет іншага, рамантычнага і грэшнага свету… Горад Б* памятаў сваіх траіх ахвяр, прынесеных на алтар мастацтва: мадам Кунаковіч, якая збегла ад свайго мужа, уладальніка галантарэйнай крамы масье Кунаковіча, з ніжнегародскім тэнарам; пажарніка Карацупу, які зараз іграў на трамбоне недзе ў кракаўскім аркестры, і юную выпускніцу прыватнага пансіёна мадам Касіо Ксеню Чычаловіч. Ксеня мела пышныя светлыя валасы, вялізныя блакітныя вочы, тонкі стан, гнуткую постаць, характар веснавой ручаіны і жаніха Стася Гарбузака, сына ўладальніка піваварні горада Б*. Усё вышэй пералічанае, акрамя апошняга, Ксеня і звезла з сабою ў пошуках вобразаў французскіх раманаў і ўласнай няўрымслівай фантазіі.

«Ксенечка, птушачка мая!» – роў няшчасны Гарбузак, седзячы пад кустамі бэзу ля Бурыгавай карчомкі, і буйныя, як бутафорскія дыяменты, слёзы каціліся па ягоным круглым добрым твары і блішчэлі на пышных рудых вусах…

У выніку настойлівых росшукаў Ксеніных сваякоў горад Б* даведаўся, што Ксеня Чычаловіч, пяшчотная кветка беларускай правінцыі, скончыўшы паскораныя курсы дэкламацыі (10 урокаў – 5 рублёў 30 капеек), была прынята ў нейкую антрэпрызу на амплуа гераіні і знікла ў невядомым напрамку ў вірах гастрольнага жыцця з чужым імем і свойскай жыццярадаснасцю, выхаванай на здаровым паветры горада Б*.

…І паплыў па вадзе сухі букецік Афеліі, і дарэмна спрабавалі затрымаць яго прыбярэжныя чараты… Карацей, прайшло тры гады. Стась Гарбузак успадчыніў бацькаву піваварню і цяпер выпрабоўваў на наведніках Бурыгавай карчомкі новыя гатункі свайго піва… Акцёрская трупа, у якой блішчэла фольгавая зорачка Клелія Лебедзева, яна ж Ксеня Чычаловіч, пасля няўдалых гастроляў па расейскай глыбінцы апынулася ў горадзе Б*. Клелія доўга сядзела перад цьмяным люстэркам нумара трэцяга разраду гатэля «Эсперасьён», прыдзірліва вывучаючы свой воблік… З таго часу як пакінула пышныя сады і крывыя вулачкі горада Б*, яна схуднела, са шчок сышла здаровая правінцыйная ружовасць, затое вочы пабольшалі і ў іх з'явіўся таямнічы, крыху ліхаманкавы бляск. Клелія правяла пухоўкаю па задзірлівым носіку: нічога! Ёй ёсць чым уразіць горад Б*!

Тым болей што Гарбузак ніколі не меў звычкі хадзіць па тэатрах.

Але звычкі мяняюцца не радзей чым грошы на келіх піва. І Стась Гарбузак не прапускаў цяпер ніводнага прадстаўлення ў горадзе Б*. Ці то ён спадзяваўся, што аднойчы ўбачыць на тутэйшай, кепска габляванай сцэне сваю зляцелую птушачку Ксенечку, ці то сапраўды прыхінуўся да вар'яцкага і таямнічага свету Мельпамены…

І калі з-за куліс паказалася натуральная бландзінка Дэздэмона, Гарбузак сядзеў у другім радзе партэра і ягоны паласаты пінжак упрыгожвала буйная астра з бела-чырвонымі стракатымі пялёсткамі. Вы, напэўна, думаеце, што Гарбузак ускочыў са свайго сумленна аплачанага месца, што ён узмахнуў рукамі, зароў: «Ксенечка!» і кінуўся да сцэны… Прымітыўна думаеце. Гарбузак успрыняў з'яўленне сваёй мары спакойна і натуральна, як чалавек, які жадаў і верыў з такой моцай, што не меў і ценю сумневу ва ўдачы. Хіба дзівіўся Майсей, калі воды Чэрмнага мора расступіліся перад ім? Гарбузак проста быў шчаслівы і штохвілі абціраў вялікай накрухмаленай насоўкай круглы чырвоны твар. Толькі калі чорныя рукі Атэла счапіліся на далікатнай шыйцы Ксені, Гарбузак не змог утрымаць гучнага ўздыху… Ксенечку трэба было ратаваць з небяспечнага пачварнага царства гастрольнага тэатра.

У маленькім пыльным пакойчыку-грымёрнай Дэздэмона спалохана ўглядалася ў заседжанае мухамі люстэрка. У цьмяным шкле адлюстравалася светлая палоска прыадчыненых дзвярэй, пасля мажная постаць півавара…

Пыхлівую ўсмешку прымадоны і гэтакі ганарлівы паварот галавы Клелія Лебедзева адрэпеціравала яшчэ на пачатку артыстычнай кар'еры… Але не паспелі сарвацца з яе вуснаў словы – гучныя і жорсткія, як, камячачы ў руках дарагі французскі капялюш, загаварыў Стась Гарбузак, і гаварыў ён проста і пераканаўча, як можна гаварыць толькі з каханай жанчынай, якую хочаш вярнуць, ці з панам суддзёю, які праз хвілю мусіць вызначыць табе прысуд.

– Ксенечка, птушачка мая! – казаў Гарбузак, і словы ягоныя мякка перакочваліся і блішчэлі, як марскія каменьчыкі ў празрыстай хвалі.– Тую альтаначку, дзе ты так любіла сядзець, усю абвіў дзікі вінаград; а на сажалцы пасяліўся цудоўны лебедзь – дзяўчаты любяць карміць яго хлебам і пірожнымі. А я купіў трох выдатных коней ангельскай пароды; яны рудыя, з белымі грывамі і хвастамі. Памятаеш, мы ездзілі да развалін старога замка і ты чытала мне там вершыкі Барана і Шулера? У нас цяпер дзейнічаюць курсы дэкламацыі, твае сяброўкі Зося і Марыя займаюцца там і на Каляды будуць выступаць у дабрачыннай вечарыне ў жаночай гімназіі. Зноў адкрыецца каток. Памятаеш, як ты каталася там у святле ліхтара, такая тоненькая, лёгкая, і сняжынкі падалі на цябе, як белыя кветкі? А я купіў фартэпіяна, нямецкае, чорнае, бліскучае, і з яго кожны дзень выціраюць пыл. Яно чакае дотыку тваіх пальчыкаў. У Данусі і Карповіча нядаўна хрысцілі дзіцятка… Дачушку… А я купіў саксонскі парцэлянавы сервіз, на дваццаць чатыры персоны. Ён такі ўвесь белы, і ружовы, і блакітны, і там анёльчыкі, і налепленыя кветкі, і залатыя разводы… Пойдзем, Ксенечка, мой вазок стаіць каля тэатра. Ты па-ранейшаму любіш шакаладны торт і мігдал у цукры?

Ксенія Чычаловіч павольна, як у сне, прыўзнялася. Старая распусная вядзьмачка Мельпамена, якая прыкрываецца прыгожай маскай і людской цікаўнасцю, з прыкрасцю пакінула маленькую грымёрную тэатра горада Б* і сваю ахвяру. Яблыневыя сады і месячныя ночы горада Б*, яго цэркаўкі і касцёлы, кавярні і карчомкі, драўляныя масткі і бэзавыя альтанкі паўсталі ва ўяўленні былой Дэздэмоны ва ўсёй сваёй натуральнай моцы і запатрабавалі да сябе яе душу. Гарбузак асцярожна ўзяў за руку амаль страчанае шчасце і павёў да выхаду з тэатра, працягваючы аднаўляць у словах салодкія рэаліі местачковага жыцця… Ксені было лёгка і спакойна, ёй нібы перадалася ўпэўненасць і вера амаль забытага жаніха.

– А яшчэ я прыдумаў новы гатунак піва, – сказаў Гарбузак. – Я назаву яго «Ксенечка» і зладжу вечарыну бясплатнай ягонай раздачы ў карчомцы Бурыгі… Якое піва, Ксенечка! Які водар!

У вачах Ксені, толькі што незамутнена-блакітных, успыхнулі дзве даволі неспрыяльныя для Гарбузака маланкі, вусны зноў падціснуліся. Прымадонна Клелія Лебедзева вырвала сваю руку з чырвонай лапы півавара Стася Гарбузака, развярнулася і пайшла ў свой свет, неўладкаваны, капрызны, таямнічы… Гарбузак, не верачы ў няшчасце, бег за ёй і нешта гаварыў, але словы яго больш не мелі моцы…

Клелія бегма вярнулася ў грымёрную і зачыніла дзверы на засаўку. Бедны Гарбузак застаўся з таго боку дзвярэй.

– Ну чаму, Ксенечка? Чаму ты так?

А Клелія кінула праз вузкае акно пагардлівы позірк на небрукаваныя краявіды горада Б*. «Пі-ва! Зноў тое праклятае піва… А я, дурніца, вушы развесіла! «Замак! Саксонская парцэляна! Каток!» А ўсё – на ўзроўні піва… Піўная каралева горада Б*… Бр-р-р…»

Няшчаснага Гарбузака прагнаў ад Ксеніных дзвярэй антрэпрэнёр, а назаўтра трупа, падобна звар'яцелай зграйцы птушак, паляцела шукаць свой вырай то на ўсходзе, то на захадзе, то на поўдні, то на поўначы… Гарбузак так і не змог зразумець прычыны свайго фіяска, і тэатральны свет назаўсёды застаўся для яго царствам небяспечным і нязведаным, дзе людзі знікаюць, як у багне, і якое не адпускае ад сябе ахвяр, як не адпускае багна…

«Трэба было сказаць ёй, – разважаў Стась за куфлем піва, якое так і не назваў «Ксенечкай», – што я купіў гадзіннік з зязюляй і італьянскую карціну з голай багіняй…»

Праз год Гарбузак ажаніўся з паннай Зосяй, якая так і не скончыла курсаў дэкламацыі, і ў Бурыгавай карчомцы ўвесь вечар бясплатна пілі духмянае піва «Зосечка».

Як склаўся далейшы лёс Ксеніі Чычаловіч, мы не ведаем, як нельга ведаць таямніц іншага свету.

Скрыня Пандоры

Каб нашкодзіць людзям, багі Алімпа стварылі прыўкрасную жанчыну Пандору і надзялілі яе неўтаймоўнай цікаўнасцю. У доме мужа Пандоры знаходзілася скрыня, якую нельга было адчыняць. Пандора з-за сваёй цікаўнасці адчыніла яе і выпусціла адтуль у свет людскія хваробы, сваркі і звады.

Старажытнагрэчаскі міф

Паштовае аддзяленне горада Б* месцілася ў аднапавярховым цагляным дамку, амаль схаваным пад шатамі старых ліп. Цяпер, перадкаляднымі маразамі, ліпы захуталіся ў высакародную шэрань – гэткія важныя пані, што нібыта зусім заштурхалі ў куток яснага марознага дня сціплы будыначак пошты.

А ў будынку паштмайстар пан Сікорскі ў атачэнні сваіх падначаленых разглядаў пасылку, дастаўленую з чыгункі ў чарговай партыі ранішняй пошты. Пасылка была адрасаваная настаўніку хіміі Капуцкаму, аматару незвычайных досведаў ад спірытычных сеансаў да археалагічных раскопаў. Пасылка сапраўды была вартая ўвагі: квадратная скрыня ў палову чалавечага росту вышынёй, шчыльна абцягнутая чорнай аксамітнай паперай, на якой ярка паблісквалі фольгавыя зоркі. Адправіцель падпісаўся лаканічна: «Брацтва «Гаўдэамус». Паколькі было вядома, што настаўнік Капуцкі з'ехаў некуды ў Гародзенскую губерню да сваякоў, а ягоная халасцяцкая кватэра стаяла замкнёная, пасылка мусіла знаходзіцца ў сховішчы паштамта да вяртання адрасата.

– Пасылка як пасылка, – выгукнуў Сікорскі і прыгладзіў справа налева рэдкі чуб, зачасаны на раннюю лысіну. – Занесці ў сховішча і забыцца.

– Не кажыце, пане Сікорскі,– тужліва працягнуў служачы Карасюк. – Мне такой ніколі не дашлюць. Можа быць, там тэлескоп для назірання зорак – пан Капуцкі неяк расказваў пра такую прыладу на лекцыі ў клубе грамадзянскіх служачых. Калі гэты тэлескоп навесці на планету Юпітэр, можна ўбачыць на ім кольцы!

– Так-такі кольцы… – няўважна ўсумніўся Сікорскі, пагладжваючы чорную аксамітную абгортку пасылкі.

– А можа быць, там фанограф? – выказаўся другі служачы. – Мая жонка ездзіла да сястры ў Вільню, і там на кірмашы слухала фанограф, за дзве капейкі за сеанс. Апошнюю прамову Абрама Лінкальна, панове!

Тут з усіх бакоў пасыпаліся гіпотэзы наконт змесціва пасылкі, адна фантастычнейшая за другую.

– Усё! Сціхніце! – скамандаваў паштмайстар. – Пасылка адпраўленая па ўсёй форме, мы не маем права ўскрываць прыватную карэспандэнцыю. Мы дзяржаўныя служачыя і мусім выконваць свой абавязак дакладна. У сховішча! І каб я больш пра гэтую скрыню не чуў!

Аднак чуткі пра таямнічую пасылку папаўзлі па горадзе Б». Хутка горад высунуў некалькі даволі цікавых версій, якія запэўнівалі, што ў Чорнай Скрыні набор мамантавых і дыназаўравых костак для гімназічнага палеанталагічнага музея; васковая фігура Напалеона ў сядзячым стане; егіпецкая мумія і нават – абсталяванне для запуску паветранага шара. Чорная аксамітная абшыўка пасылкі заблішчэла і паабцерлася ад бясконцых дотыкаў… Але найболей жарсці распалілася, калі настаўнік Капуцкі не вярнуўся ў належны час і даслаў кіраўніцтву гімназіі ліст, у якім паведамляў, што яму часова прапанавалі пасаду прыват-дацэнта ў Гарадзенскім медыцынскім універсітэце і ён затрымаецца ў Гародні яшчэ на месяц, а пасля, калі ўдасца, застанецца назусім.

– Ускрывайма пасылку! – падляцелі да пана Сікорскага ўсхваляваныя служачыя пошты. – Адрасат выбыў!

– Не маем права! – уздыхнуў Сікорскі.– Па-першае, Капуцкі яшчэ можа вярнуцца, а па-другое, калі ён не вернецца, мы абавязаны адаслаць гэтую пасылку на ягоны новы адрас.

Усведамленне, што яны, верагодна, не будуць прысутнічаць пры ўскрыцці Чорнай Скрыні і ўвогуле ніколі не даведаюцца, што там было, напоўніла душы прысутных невыказнай горыччу. І па горадзе папаўзлі чуткі іншага кшталту. У Чорнай Скрыні – зброя; дынаміт і бомбы; падпольная друкарня… Нарэшце самую арыгінальную версію прапанавала жонка паштмайстра пані Сікорская, што ў пасылцы расчлянёны труп настаўніка Капуцкага, а ліст ад яго імя падступна даслаў забойца, каб схаваць настаўнікава знікненне…

Хаця ключ ад сховішча Сікорскі насіў з сабою, аксамітная папера на пасылцы ў некалькіх месцах аказалася прадзертай. Але пад ёй выявіўся слой чырвонага кардону. Пан Сікорскі доўга змагаўс я з уласным грамадзянскім сумленнем, нарэшце ўзяў тонкі сталёвы нож для разразання паперы і рана ранічкай, пакуль не з'явіліся падначаленыя, забег у сховішча і праткнуў чырвоны кардон… Але нож праз якія два вяршкі наторкнуўся на нешта цвёрдае, якое нажу не паддавалася. Так было з усіх бакоў. У адчаі Сікорскі раскалупаў адну дзірку пашырэй: за чырвоным кардонам бачылася дрэва…

Капуцкі відавочна не збіраўся прыязджаць у горад Б* і на пачатку лютага запатрабаваў выслаць дакументы аб сваёй адстаўцы і пакінутыя рэчы, што змясціліся ў адным невялікім чамаданчыку. Самае жахлівае, што настаўнік (а цяпер прыват-дацэнт Гарадзенскага медыцынскага інстытута) выслаў свой новы адрас, абсалютна дакладны. Неатрыманая пасылка мусіла нераспячатанай адбыць на ранішнім цягніку разам з настаўнікавым чамаданам у Гародню.

Снег пад ліпамі быў даўно стаптаны. І вы дарэмна думаеце, што гэта зрабілі каляднікі. Жыхары горада Б* палюбілі пад вокнамі паштовага аддзялення абмяркоўваць версіі пра змесціва Чорнай Скрыні. Утварыліся нават своеасаблівыя партыі прыхільнікаў тае ці іншай версіі. Самай шматлікай была партыя егіпецкай муміі. Многа было і прыхільнікаў версіі пра мамантавыя косткі і тэлескоп. Нешматлікай, але напорыстай сталася партыя версіі пра расчлянёны труп. Яе ўзначальвала жонка паштмайстра.

Спрэчкі пра Чорную Скрыню вяліся і ў Бурыгавай карчомцы за кубкам гарбузакаўскага піва «Зосечка», і ў пакоях губернатарскага дома. Гімназісты мужчынскай гімназіі, дзе яшчэ нядаўна настаўнічаў Капуцкі, у бальшыні былі перакананыя, што пасылка ўтрымлівае нешта такое, чым аб'ектыўна мусіла карыстацца іхняя гімназія, – тэлескоп там ці косткі, ці абсталяванне для хімічных доследаў. І не адзін баявіты гімназіст спрабаваў прабрацца ў сховішча пошты, маючы ў кішэнях, ранцы ці ў руках злавеснае начынне ўзломшчыка – стамескі, свярдзёлкі, ломікі, нават порах і нітрагліцэрыну… Звестка, што Чорную скрыню адпраўляюць у Гародню, ускалыхнула ўвесь горад Б*. Пані Сікорская наляцела на свайго мужа з сапраўдным адчаем жаўнера, які ідзе ў апошюю атаку.

– Толькі з-за тваёй упартасці пакутуе ўвесь горад! Няўжо нельга было адразу распакаваць тую клятую пасылку, і мы не трацілі б нервы, час і сяброўства.

– Але мы дзяржаўныя служачыя, – слаба абараняўся пан Сікорскі.– Мы не маем права… Ёсць інструкцыі…

– Чхала я на твае інструкцыі,– закрычала раз'юшаная кабета. – Калі вы дзяржаўныя служачыя, дык даўно павінны былі западозрыць нядобрае і выкрыць злачынства. Урэшце, запрасі жандараў, скажы, што ад пасылкі сыходзіць моцны трупны пах…

– Глупства… – мармытнуў Сікорскі.– Да таго ж Скрыня не надта цяжкая… Але…

– Але! – сцвердзіла пані Сікорская, і паштмайстар, адчуваючы раптоўную душэўную палёгку, паімчаўся ў жандармерыю горада Б*.

Ці варта казаць, што сховішча паштовага аддзялення не магло змясціць усіх жадаючых прысутнічаць пры ўрачыстым моманце адкрыцця Чорнай Скрыні, а ліпы вакол пошты страцілі не толькі высакародную шэрань, але і асобныя галінкі. Знутры вокны выглядалі як вітрына крамы па распродажу расплясканых насоў і шалёных вачэй. Чорная абгортка, скрозь прадзертая і выпацканая, амаль страціўшая фольгавыя зоркі, зляцела ў адно імгненне, расшматаная мноствам рук. Той жа лёс спасціг скрыню з чырвонага кардону, што аказалася пад абгорткай, таксама прадзёртую і нават у адным месцы прапаленую. У кардоннай скрыні была фанерная, меншага памеру. Узмахнулі сякеры, і вачам прысутных адкрылася… яшчэ адна, меншая, скрыня з зялёнага кардону. Далей было: скрыня з кардону, абклееная фольгай; яшчэ адна скрыня з фанеры; скрыня з жоўтага кардону; скрыня з сіняга кардону ў гарошак; скрынка, абклееная паперай з анёлкамі, зоркамі і сняжынкамі, скрынка ружовая; скрынка блакітная, зноў чырвоная… Нарэшце ў самым цэнтры аказалася белая пляскатая скрыначка памерам з далонь, у якой ляжаў танны партабак і ліст з наступным тэкстам: «Дарагі Генусь! Віншуем цябе з Калядамі! Не забывай старых універсітэцкіх сяброў, наша брацтва за келіхам віленскага піва і вясёлыя калядныя жарты! Антось, Вітас, Рышард, Пятро, Анцыпар».

Пакой пошты быў увесь засыпаны каляровымі шматкамі паперы, кардону і трэскамі.

– За такія жарты па пысе трэба біць, панове, – разгублена сказаў пан Сікорскі.– Гэта ж прымушаюць працаваць дзяржаўных служачых, траціць сілы, энергію, нервы для перадачы такога паскудства…

Пані Сікорская моўчкі плакала. Народ разышоўся. І мы б не раілі ў гэты дзень, дый у бліжэйшыя дні, пану Капуцкаму з'яўляцца ў горадзе Б* нават з самымі лепшымі намерамі. Што праўда, ён і не з'явіўся. Хаця не быў вінаваты ў вышэйапісаных падзеях, як кажуць, ані сном, ані духам…

Пан Сікорскі прыгнечана ішоў дадому пад ручку з маўклівай жонкай. Службовы абавязак быў парушаны, таямніца аказалася насмешкай… І што цяпер рабіць з тым праклятым партабаком?..

Раніцай на ліпах вакол паштовага аддзялення горада Б* зноў з'явілася шэрань. Але хутка, хутка яна мусіла ператварыцца ў адліжны дожджык і ссыпацца ў набрынялы снег…

Нарцыс і рэха

Прыўкраснага юнака Нарцыса пакахала німфа Рэха, якая была пазбаўленая дару мовы і магла толькі паўтараць чужыя словы. Нарцыс не ведаў кахання і прагнаў Рэха. Багі пакаралі пыхліўца: юнак закахаўся ва ўласнае адлюстраванне і загінуў. Рэха аплаквае яго да сёння.

Старажытнагрэчаскі міф

У маленькай крамцы горада Б* пад вялікай зялёнай шыльдай з надпісам: «Табак» найменш прадавалася тытуню. На крамных паліцах, акуратна засланых белай паперай з выцінанкамі па краях, ляжалі разынкі і арэхі, ружавела яблычная пасціла, паблісквалі шматлікія яркія «манэркі» – квадратныя бляшанкі з перцам, імбірам і чаем… На ніжніх, шырокіх, паліцах грувасціліся гаспадарчыя прылады – чыгунныя прасы, бязмены, газоўкі, сякеры ды іншае нерамантычнае начынне людскога побыту. У давяршэнне ўсяго на сценах крамы былі развешаныя хусткі з махрамі і ўзоры танных стракатых тканін на местачковы густ. Нарэшце, на прылаўку былі раскладзеныя канцылярскія прылады – стосікі сшыткаў, каляровыя і простыя алоўкі ў высокіх шклянках, гумкі, лінейкі, і запаўняла памяшканне сваім своеасаблівым водарам вялізная бочка селядцоў, што хавалася ў паўзмроку крамы.

Царавала ў гэтым стракатым царстве жыццёвай драбязы Ганулька, дачка ўладальніка. Ганулька мела семнаццаць пражытых гадоў, ціхмяны нораў і ніякай адукацыі. Умела Ганулька тонка прасці, з густам ткаць, выбіраць бульбу, жаць жыта ды звонка пяяць і большую частку жыцця прабегала басанож па пыльных вулках горада Б* ды вакольных лясных сцяжынках, пакуль нядаўна ейны бацька ў выніку сумесных намаганняў учэпістага характару і эканамічнага мыслення не пабагацеў і не купіў гэтую краму, за прылавак якой, зноў жа ў мэтах эканоміі, паставіў дачку. Апошняя ж, пры сваім ціхмяным простым нораве, успадчыніла ад бацькі матэматычныя здольнасці і ніколі не памылялася пры падліку фунтаў, штук і метраў. І хоць страшэнна нудзілася ў прыцемку бацькавай крамы, не мела і ў думках скардзіцца, бо пакорліва прымала жыццё такім, як ёсць. Што тычыцца знешнасці Ганулькі, дык у горадзе Б* цаніўся іншы тып прыгажосці – кірпаценькі носік, пульхныя ружовыя шчокі, пышныя белыя валасы… Але старажытны грэк ці і наш продак, што пісаў першыя абразы па візантыйскім ўзоры, не абмінуў бы ўвагаю Ганульчын вытанчаны сумны тварык…

У той веснавы дзень, калі змяшаны пах селядцоў і тытуню здаваўся асабліва агідным на фоне водару квітнеючых садоў, у дзверы пад зялёнай шыльдай увайшоў студэнт першага курса Санкт-Пецярбургскага універсітэта Мікалай Шпадаровіч. Пан Мікалай прыехаў на вакацыі да бацькі, доктара Шпадаровіча, загадчыка земскай лячэбніцы.

Мікалай грэбліва зморшчыў тонкі пародзісты нос (м-да, амбрэ…), няспешна падышоў да прылаўка і, гледзячы паўзверх Ганульчынай галоўкі з акуратна ўкладзенымі цёмнымі косамі, вымавіў:

– Папрашу тры сшыткі ў лінейку і просты аловак.

Ганулька заўсёды з трапяткой павагай ставілася да асоб, што куплялі ў яе пісьмовыя прылады. Але такога вучонага і прыгожага паніча яна бачыла ўпершыню… Мікалай Шпадаровіч, усё гэтак жа гледзячы паўзверх Ганулькі, прыняў з яе дрыжачых рук пакупкі і рэшту, прыўзняў на развітанне капялюш і знік у веснавым сонечным паветры.

І што яму, юнаму свецкаму льву, было да таго, што разам з дробнай рэштай да яго ў кішэню трапіла сэрца маленькай гандляркі з тытунёвай крамы горада Б*?

А цяпер мусім растлумачыць чытачу, якім чынам завітаў бліскучы малады чалавек у бедную крамку на ўскраіне горада. Мікалай Шпадаровіч быў паэтам. Прызнацца, ён з радасцю аддаў бы і месца ў прэстыжным універсітэце, і бацькоўскую шчодрую грашовую дапамогу, і будучае месца доктара за адно імгненне рамантычнай славы Франсуа Віёна, Фрыдрыха Шылера ці Адама Міцкевіча… Пра тое, што існуе нейкая літаратура на мясцовай гаворцы, пан Мікалай ведаў і нават аднойчы браў удзел у размове з двума мясцовымі настаўнікамі, якія даводзілі, быццам гэтая гаворка ёсць асобная, старажытная мова, што яе трэба развіваць, што трэба працаваць дзеля адраджэння культуры гэтага народа, так званага беларусінскага. Можа быць, і так, але найбольш пан Мікалай ненавідзеў кляймо свайго правінцыйнага паходжання, ненавідзеў свой тутэйшы акцэнт, ад якога ўпарта пазбаўляўся, спрабуючы выдаць яго хаця б за польскі. Часам ён ненавідзеў нават уласнага бацьку: за тое, што той паходзіў са звычайнай мужыцкай сям'і, а галоўнае – што гэтага не саромеўся. І што яму было да гэтай зямлі, і яе курганоў, і яе паданняў, і палеглых за яе касіянераў, да яе пяшчотных і сумных песень, да яе папараць-кветкі і простага і адданага, як лясны ручай, кахання яе дзяцей, калі тэатры, рэстараны, багемныя кабарэ, літаратуразнаўчыя дыспуты і друкарні, дзе выдаваліся пульхныя томікі вершаў з залатымі абрэзамі, былі там, у чужых вялікіх гарадах. І каб трапіць у той Эдэм, зрабіцца там сваім, паважаным, знакамітым, трэба было стрэсці з сябе пыл горада Б* старанна і назаўсёды… І вось пан Мікалай штодзень адпраўляўся за горад, на рамантычныя разваліны замка, і складаў там вершы, успамінаючы Віёна і Шылера, Пушкіна і Лермантава і не ўсведамляючы, што натхненне яму можа даць толькі гэтая, пагарджаная ім, зямля, і ў замка гэтага была свая гісторыя, розная з той гісторыяй, якую вывучаў Мікалай у гімназіі і універсітэце…

Вось па дарозе да замка і зайшоў Мікола Шпадаровіч у краму «Тытунь» па сшытак і аловак…

З некаторага часу Мікалай пачаў заўважаць у пару сваіх вечаровых экзерсісаў, што наводдаль часта круціцца нейкае дзяўчо – то збірае кветкі, то пляце з іх вяночак, то прысядзе і ціхенька запяе тутэйшую песню… Мікалай успрымаў гэтую з'яву, як успрымаў птушак, якія таксама пырхалі вакол яго. Але аднойчы ад асаблівага прыліву паэтычнага пачуцця Мікалай занадта націснуў на аловак… У кішэнях запаснога няма…

– Пану патрэбны аловак? – пачуўся нясмелы голас з-за спіны – як мышаня прапішчала.

Шпадаровіч схапіў працягнуты тонкай дзявочай рукой аловак і прадоўжыў запіс эпахальных радкоў, не заўважыўшы, як дзяўчына-дабрадзейка, збянтэжаная сваім смелым учынкам і невыказна шчаслівая, адразу кінулася бегчы ў недалёкі лясок, каб там расказаць адзінай сваёй сяброўцы, балбатлівай лясной крынічцы, пра першыя, чыстыя, як крынічная вада, пачуцці…

Пан Мікалай нібы літасціва дазволіў дзіўнаватай дзяўчынцы знаходзіцца каля сябе і захапляцца сваёй персонай. Ганулька магла прыбягаць да замка толькі пасля закрыцця крамы і часам, прыбегшы, не заспявала там свайго куміра – і раніцай яе падушка была мокрая ад слёз. Дзяўчына зрабілася забыўлівай і, даводзячы да шаленства бацьку, дапускала памылкі ў разліках.

Шпадаровіч прывык да свайго, як ён умоўна назваў дзяўчыну, «ляснога духа». Часам ён чытаў Ганульцы свае вершы, будучы ўпэўненым у захапленні слухачкі. Што ж, маўклівае, бескарыслівае захапленне прыемна кожнаму, і нават патрэбна. Але сустрэнь заўтра Мікалай Ганульку на вуліцы – ён і не пазнаў бы яе, настолькі мала займала яго яе асоба.

Аднойчы Ганулька не знайшла паэта на развалінах, хоць прыбегла нязвыкла рана. Прачакаўшы да цемнаты, дзяўчына ў трывозе рушыла да дома пана доктара. Дрыжучы ад сораму і страху, схавалася ў кустах бэзу і ўглядалася ў акно, з-за парцьераў якога струменіла цьмянае святло газоўкі. Раптам парцьеры рассунуліся, акно расчынілася, і паказаўся сам пан Мікалай, з ускудлачанымі валасамі, у расшпіленай кашулі. Мікалай раз'ятрана камячыў у далонях нейкую паперыну, пасля размахнуўся і шпурнуў яе з усяе моцы ў кусты, ледзь не трапіўшы ў Ганульку. Потым брудна вылаяўся па-расейску і зачыніў акно.

Ганулька асцярожна выйшла са свайго сховішча, падабрала выкінутую паперу і паспрабавала распрастаць – гэта быў ліст. Прачытаць, што там напісана, дзяўчына не магла, тым болей не магла папрасіць аб гэтым кагосьці. Ганулька разумела толькі, што ў яе куміра здарылася нейкая бяда і ліст мае да гэтага дачыненне…

Што магла зрабіць бедная Ганулька? Назаўтра, ледзь прычакаўшы, пакуль бацька дазволіць зачыніць краму, дзяўчына надзела самую лепшую сукенку з цёмна-зялёнай ваўнянай тканіны, з бялюткім каўняром-самавязам і такімі ж манжэтамі, зашнуравала высокія чаравікі і, чырванеючы (бо гэта быў грэх), узяла адну з бутэлечак з адэкалонам, прызначаных для продажу, і кранула нетутэйшым водарам за вушамі… Ганулька ясна не ўсведамляла, што будзе рабіць, але мела надзею, што словы захаплення і шкадобы, якія перапаўнялі яе, маглі спатрэбіцца сёння пану Мікалаю.

Мікалай Шпадаровіч вяртаўся дадому са спектакля заезджай тэатральнай трупы. Тэатрык быў варты жалю, трупа была бяздарнай, піва ў буфеце мела прысмак мыла, а зоры свяцілі абуральна ярка. Капялюш пана Мікалая быў крыху ссунуты на левае вуха, адкрываючы бездакорна прычасаны набрыялінены чуб; пад расшпіленым пінжаком паблісквала шэрая парча камізэлькі і шаўковы вузел гальштука, блішчэлі панскія чаравікі і наверша моднай кульбачкі ў выглядзе галавы чорнага пудзеля. З-за кустоў вынырнула тоненькая постаць.

– Пан Мікола… Я толькі хацела сказаць… У пана Міколы такія вершы…

– Ве-ершы? – Шпадаровіч пагрозна наблізіўся да дзяўчыны. – Ты хто такая?

– Пан Мікола чытаў мне вершы… Там, у замку…

– А, «лясны дух»! Ты адкуль тут? Цікуеш за мной? Хто цябе выхоўваў? Хіба прыстойна паненцы чапляцца да незнаёмага мужчыны? Ат, што з іх узяць! «Дзяроўня!» А туды ж, «вершы»… У труне я бачыў тыя вершы з табой разам…

Апошнія словы пан Мікалай гаварыў ужо за зачыненымі варотцамі. Назаўтра ён з'ехаў да месца вучобы і ў горад Б.* не вярнуўся ніколі. Не прыехаў нават на пахаванне бацькі. Казалі, што ён выгадна ажаніўся з дачкой свайго прафесара, кінуў літаратурныя высілкі і трымае сваю клініку, дзе з задавальненнем лечацца багацейкі ад атлусцення, істэрыі ды астэніі.

Ганулька па-ранейшаму гандлявала ў бацькавай краме. І нават калі зрабілася сталай кабетай, маці пяцярых дзяцей, па-ранейшаму перахоўвала таямнічы кавалак паперы, спісаны словамі, што перакрэслілі жыццё і яе, і ейнага бажаства, і да самай сваёй смерці не даведалася сэнсу гэтых слоў.

А калі б змагла, дык прачытала б у запаветным лісце наступнае: «Уважаемый г-н Шподарович! Прочитал Ваши стихи, которые Вы мне прислали, как Вы изволили выразиться, на беспристрастный суд. Не обнаружил в них ни чувств, ни мыслей. Право, можно подумать, что вы живете под стеклянным колпаком в обществе нескольких романтических книжек. От всей души советую – займитесь полезным обществу делом и не тратьте душевный пыл и бумагу на гимназические литературные практикования».

Подпіс неразборлівы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю