Текст книги "Сэрца мармуровага анёла"
Автор книги: Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 22 страниц)
За намі бязлітасна грымнулі дзверы. Я пачула, як Вінцук цяжка падымаецца, намацвае выключальнік. Запалілася святло. Я зноў пабачыла стэлажы, драўляныя фігуры, мармуровага анёла…
– Вы ўсё-ткі ім сказалі…
Вінцук памаўчаў, пасля прысеў на перакуленую драўляную святую Барбару.
– Там нічога няма.
Я са здзіўленнем глядзела на ягоны спакойны твар.
– Адкуль вы ведаеце?
Вінцук вытрымаў паўзу, павольна падняўся, узяў з падлогі жалезную штуковіну, відаць, таўкач ад старажытнай ступы, падышоў да мармуровага анёла і з сілай ударыў яго ў грудзі, у тое месца, што прыкрывалі складзеныя далоні. Я падышла і пабачыла, што там утварылася трэшчына. Але гэта ж немагчыма… Мармур не можа так трэскацца. Вінцук ударыў яшчэ некалькі разоў, пасыпаўся друз, і на грудзях анёла зазеўрала рана. Там нешта бліснула.
– Вось вам і крыж, і праклён роду Вяржбіцкіх разам з ім. Я аж захлынулася ад абурэння і здзіўлення.
– І вы ўсё ведалі?
– Даўно. Я заўважыў у гэтым месцы трэшчынку. Прыгледзеўся – аказалася, раствор. Некалі тут было акенца для лампады. Уяўляеце – анёл з палаючым сэрцам над магілай грэшніка? Але акенца замазвалі некалькі разоў. Відаць, мясцовыя святары палічылі, што дзірка ў скульптуры – нейкая кашчунная трактоўка, і загадалі заляпіць яе. Я ніколі не думаў, што прабабка, вытанчаная паненка, магла раскопваць магілы. Яна проста адбіла тут стары раствор, ці, хутчэй за ўсё, у ім ужо была трэшчына. Паклала крыж і замазала зверху новым слоем. Нездарма ж спрабавала сябе і ў скульптуры. А апошні раз закрываў гэтае месца я, два гады таму. Закамуфляваў так, каб не было магчымасці адрозніць ад іншай паверхні. Тым больш камень стары, вышчарблены.
– І вы не сказалі мне раней?..
– А навошта? Я застаюся пры сваёй думцы: такія рэчы толькі спараджаюць спакусу. Ад іх належыць пазбаўляцца. Не дарую сабе, што пасентыментальнічаў і не знішчыў гэтую штуку.
Я засунула руку ў рану на грудзях анёла і дастала крыж. Ён не быў вялікі – можа сантыметраў пяць у даўжыню. Упрыгожаны дробнымі каменьчыкамі, здаецца, аквамарынам. І ў цэнтры, як мёртвае вока, цьмяна паблісквала перліна памерам з вішню. Часта жэмчуг траціць сваю каштоўнасць у неспрыяльных умовах. Але перліна, на якую я глядзела, нават на мой неспрактыкаваны позірк, была цудам. Здавалася, з яе срабрыста-чорнай сферы выпраменьваецца сама цемра.
Я працягнула крыж Вінцуку:
– Што ж з ім цяпер рабіць? Перахаваць?
– Паглядзім…
Вінцук сунуў крыж у кішэню нагавіцаў.
– Я вельмі шкадую, Кацярына Аляксееўна, што вы патрапілі ў такую гісторыю. Гэта ўсё з-за таго, што я затрымаў вас дзеля карціны. Сапраўды, мастакі – эгаісты.
– Сама вінаватая. Прыйшла ў госці без запрашэння. Дарэчы, завіце мяне Касяй, не тыя абставіны, каб цырымоніцца.
– Добра, Кася… Даруйце, дарэчы, за тое, што я вам тады нагаварыў, пра чашу Грааля. Можа быць, гэта проста ад усведамлення, што ў мяне няма ніякіх шанцаў.
– Па-мойму, у нас абаіх цяпер аніякіх шанцаў… – прабурчэла я, прысаджваючыся на перакуленую скульптуру. – Як там абяцала ваша Віта, на кавалачкі нас настругаюць? І чаго вы прыбядняецеся наконт шанцаў? Такая жанчына вас любіць, ад кахання шалее. Праўда, з элементамі садызму, але ў гэтым можна нават своеасаблівую прывабнасць знайсці. Вінцука перасмыкнула.
– Не варта так жартаваць. Тым больш што… што я пакахаў іншую. Хаця апошнія восем гадоў не верыў, што гэта магчыма. Як у Булгакаўскага Майстра – каханне выскачыла з-за кута, як забойца, і ўдарыла нажом у сэрца… Не памятаю дакладна. Ну, нейкая такая рамантычная лухта. Ды не палохайцеся, Кася, я не збіраюся ўчыняць сцэну. І не хвалюйцеся, хутка ўсё скончыцца, вы вернецеся ў свой свет, напішаце доктарскую дысертацыю і наўеўскі дзікун выпарыцца з вашай памяці. Толькі не ўздумайце шкадаваць мяне. Я абсалютна самадастатковы.
Я хацела аджартавацца, але даўкі камяк перасеў у горле. А са мной што адбываецца?! Госпадзе, я ведаю яго ўсяго два дні!
«Самадастатковы»ў парванай кашулі стаяў каля стэлажоў, разглядаючы пыл на іх. Ды яшчэ пасля бойкі ён застаўся ў адным галёшы… Рамантычны, пасінелы ад холаду герой з ліхтаром пад вокам.
– Вось што, шаноўны князь у адной галёшы, калі вы не хочаце ў дадатак да кухталёў атрымаць які плеўрыт, прысаджвайцеся сюды і не пагрэбуйце накрыцца паловай майго футра. А то мяне ваш прывід па начах замучае.
Ссінелы князь Палецкі нейкі час павагаўся, пасля прысеў побач, абхінуўся маім футрам. І абняў, прыціснуў да сябе… Я адчула, як шалёна калоціцца яго сэрца… А можа, гэта стукае маё? Ці мы зрабіліся нечым адным, і сэрца ў нас адно, і адзін боль, і адно жыццё?..
…Толькі б гэтае імгненне ніколі не канчалася!
Наверсе бразнуў засоў.
– Сядзяць, як галубочкі… Давай, барадаты, выходзь, магілка твайго прадзеда даўно да нас абшуканая. І без фокусаў, у мяне электрашокер.
Мы зноў апынуліся пад позіркамі музейных партрэтаў – відаць, «прынцэсе» імпанавала арыстакратычная абстаноўка. Але я ўжо была іншай. Гэты дом і гэтыя партрэты не былі мне чужымі. Я стаяла каля дзвярэй, за маёй спінай дыхаў «прынцэсін» «хлопчык». Было страшна, вядома, але страх чамусьці згасаў перад дзіўным адчуваннем таго, што ўва мне ёсць нешта такое, што непадуладна нікому, агеньчык, які нельга загасіць нічым, нават смерцю…
Вінцук, зноў каменна-абыякавы, прытуліўся да грубкі. Языкі полымя, здавалася, хацелі выскачыць з адчыненых дзверцаў.
– «Прынцэса» злосна зірнула на Вінцука:
– Ты сказаў, што крыж ёсць. Некалі ты не ўмеў маніць. Навучыўся, ці што?
Ды ўжо наўрад ці навучуся, – спакойна сказаў Вінцук, раптам рэзка дастаў з кішэні руку з заціснутым крыжам, на імгненне затрымаў – каб усе пабачылі, што гэта, і кінуў крыж у агонь.
«Прынцэса» ахнула, «хлопчыкі»з лаянкай кінуліся да грубкі, але Вінцук нейкі час «трымаў абарону», адкідваючы іх прэч. Нарэшце яны, загіпнатызаваныя відовішчам знішчэнна багацця, уцямілі, што найперш трэба нейтралізаваць абаронцу. Зноў паўтарылася брыдкая сцэна з крутых дэтэктываў. Чаму я ніколі не займалася ўсходнімі адзінаборствамі! Чарнявы падонак! Я паспрабавала адцягнуць яго ад Вінцука, але ён адшпурнуў мяне, як кацяня. Тым часам падаспеў антыквар з нейкім прэнтам, пашарыў у вуголлях, і на падлогу ўпаў пачарнелы, аплаўлены крыж, з вугальком пасярэдзіне…
– Позна… – выгукнуў антыквар, падбег да паваленага Вінцука і з усяе сілы даў яму нагой у бок. – Паскуда!
«Прынцэса» маўчала. У яе быў нейкі разгублены выгляд. Я раптам убачыла, што яна ўжо не такая маладая і не такая ўпэўненая ў сабе… Яна глядзела на агонь, не ў змозе ўсвядоміць, што адбылося, як гэта чалавек спаліў трыста тысяч баксаў. Глядзела з нейкай наіўнай крыўдай, як дзіця, на вачах якога лопнуў цудоўны паветраны шарык. Нават рот у яе адкрыўся…
Можа, ад нерваў, не ведаю, але я рассмяялася. Вінцук прыўзняў галаву ад падлогі, паглядзеў падбітымі вачыма вакол, на твары, перакрыўленыя бяссільнай злосцю, і таксама засмяяўся. Так мы і хіхікалі, як два ідыёты, і не ведаю, чым бы скончылася гэтая сцэна, але ў дзвярах пачуўся магутны вокліч:
– Кася! Ты тут? Зноў прыгод шукаеш на сваю галаву? О, а народу колькі!
Гэта была Нюта, мая дарагая Нюта. Як яна пасля мне распавяла, сядзелі яны з Андрэевічам і Мацвееўнай да гадзіны ночы, прычым Нюта добра-такі апрацавала новага дырэктара наконт каштоўнасці музея і прэстыжнасці яго для ўсяго раёна, школы і Андрэевіча ў прыватнасці. І толькі калі Нюта пайшла класціся спаць, убачыла, што мяне няма. Андрэевіч успомніў, як учора я пацягнула яго ў музей ганяць гарадскіх бандытаў. Нюта ўстрывожылася. Безумоўна, пайсці ў такі позні час і так надоўга я магла толькі ў княскі дом. Але тут між Нютай і гаспадарамі разгарэлася спрэчка, ці я там бандытаў ганяю, ці ў мяне рамантычная прыгода, і іх прысутнасць будзе, мякка кажучы, залішняй. Мацвееўна была перакананая, што з кудлатым бажаволкам рамантычных пачуццяў у гарадской прыгажуні быць не можа. Нюта, з аднаго боку, ведала, што я не схільная да фліртаў і бегаць па начах на спатканні да малавядомых мужчын не ў маім характары. А з другога боку, перад ёй жа Вінцук выявіў сябе як адукаваны, хаця дзіўны чалавек. Яна нават лічыла яго цікавым. Нарэшце Мацвееўна паглядзела ў акно і сказала, што ў бок княскага дома едзе машына. І Нюта з Андрэевічам рушылі на выручку. Прычым Андрэевіч, якому надта не спадабалася фізіяномія ўчарашняга бамбізы, прыхапіў з сабою заспанага кума-ўчастковага.
«Прынцэса» на развітанне паглядзела на збіты твар свайго колішняга прынца, неяк сумна, тужліва паглядзела, і сур'ёзна прамовіла:
– Нешта не атрымліваецца ў мяне з табою. Мусіць, характары не супадаюць.
Гумарыстка. І пайшла на сваіх высокіх абцасіках у атачэнні панылай світы.
Вінцук нясмела зірнуў мне ў вочы – шукаў адказу: ці тое, што раптоўна нарадзілася між намі, яшчэ мае для мяне значэнне?
Паглядзеў, супакоіўся, нават заўсміхаўся.
А Нюта тым часам шчыра лаяла мяне, бязмозгую, за тое, што ўсё ў мяне не па-людску, усё я нарываюся на нейкія здарэнні і ніколі мне не пачаць нармальнае жыццё…
Мы ўгаварылі Вінцука пераначаваць у Андрэевічавага кума. Тым больш кум вельмі ўсцешыўся, што мы не збіраемся судзіцца з гарадской магнаткай, і абяцаў «спісаць» пабітыя вазы на няшчасны выпадак. Я вельмі баялася, каб бандзюгі не вярнуліся ды чаго не ўтварылі. Кум-міліцыянт уласнаручна зачыніў музей, засведчыўшы, што рэчы на месцы, агонь у грубцы патушаны, электраправодка ў парадку. Мы нават забілі акно, ля якога нас злавіў чырванаморды.
Раніцай падаў лёгкі снег, свяціла зімовае сонейка. Мы – Нюта, я і Андрэевіч – кіраваліся да панскай сядзібы. Насустрач нам няспешна, здзекліва няспешна праехала машына з зацемненымі вокнамі. Раптам у доме нешта выбухнула. З разбітых шыбаў паплыў чорны дым, такі недарэчны на фоне бліскучага снегу і блакітнага неба.
Мы на нейкую хвілю аслупянелі, пасля кінуліся бегчы… Я чамусьці была ўпэўненая, што Вінцук – там… Як жудасны акорд бязлітаснасці, ударыў царкоўны звон. Ад царквы бегла, спатыкаючыся ў снезе, знаёмая постаць… Вінцук! Ён быў на ранішняй службе! Дзякуй Табе, Госпадзе! І яшчэ дзякуй, што на вачах столькіх сведкаў – вартаўнік невінаваты! Ім не ўдасца «павесіць» на яго гэты пажар.
– Бензінам палівалі, сволачы, – безнадзейна заўважыў Андрэевіч.
Мы стаялі і глядзелі на полымя, якое высоўвала д'ябальскія языкі адначасова з усіх вокнаў. Вінцук паспрабаваў адчыніць дзверы і забегчы ў дом, але гэта было немагчыма. Заставалася стаяць побач і назіраць. Другі паверх, там, дзе знаходзілася майстэрня, ужо ўвесь выгарэў.
Я баялася глядзець на Вінцука. Яшчэ адзін удар пад дых… Ці вытрымае?.. Мне здавалася, ён зараз кінецца ў агонь. На ўсялякі выпадак я моцна ўхапіла яго за рукаў ватоўкі.
Вінцук адарваў позірк ад палаючага дома, абняў мяне за плечы.
– Скляпенне застанецца цэлым, там дзверы жалезныя. Забярэш і анёла, і скульптуру, і чарапкі.
Я зірнула яму ў вочы. Яны былі ясныя… Ён нават паспрабаваў усміхнуцца:
– Я ўсё роўна цябе намалюю. І не трэба зноў глядзець на мяне, як на няшчасную ахвяру. Я нічога не страціў. Усё – ува мне, са мною. Калі, вядома, ты… Ведаеш, ты мела рацыю. Унутраная воля – гэта глупства. Я пазбавіўся яе – і не шкадую, цяпер у мяне ёсць тое, што я баюся страціць, вельмі баюся.
Ага, сумняваецца! Вось і добра, у мужчыне нельга знішчаць паляўнічы інстынкт, боязь згубіць тваю прыхільнасць. Асабліва калі спадзяешся пражыць з гэтым мужчынам доўга-доўга, да канца зямнога жыцця – і сустрэцца ў нябесным. Ды калі яшчэ маеш справу з выбітным талентам. Ох, нялёгка мне з ім давядзецца…
Так што Нюта мела рацыю.
Якое там нармальнае жыццё…
Радаслаў Дудкоўскі, калі даведаўся, за каго я выйшла замуж, цэлы год аплакваў маю легкадумнасць ва ўсіх кампаніях. Праўда, другая жонка ад яго паспела ўжо за гэты час збегчы, так што ён хутчэй плакаў па сабе, незразуметым. Альберцік жа толькі канстатаваў:
– Я так і ведаў, што мне не давядзецца перапісваць сваю «Князёўну» ў зялёных колерах. Хаця, магчыма, і варта было б…
2000
Апавяданні
Старасвецкія міфы горада Б*Прыўкрасны юнак Актэон выпадкова падгледзеў, як купаецца цнатлівая багіня Артэміда. Угневана багіня ператварыла юнака ў аленя, і яго загрызлі ўласныя сабакі…
Старажытнагрэчаскі міф
У горадзе Б* былі жанчыны, якія не выйшлі замуж таму, што ім не пашанцавала.
Былі там і жанчыны, якія не выйшлі замуж таму, што занадта многа хацелі ад будучага выбранніка.
Зрэдку сустракаліся ў горадзе Б* і такія жанчыны, што не выходзілі замуж прынцыпова.
А былі і такія, што заставаліся ў дзеўках па ўсіх трох прычынах: адразу не шанцавала, пасля многа хацелі і завяршылі прынцыпам. А апошні, як вядома, хаця і здольны служыць апірышчам кволай жаночай істоце, аднак яго не абуеш у пантофлі, не пачастуеш піражкамі з капустай і не раскажаш, які страшны сон табе сёння прысніўся.
Панна Канстанцыя, уладальніца багатай радавой сядзібы на ўскрайку горада Б*, непадалёк ад развалін замка, які калісьці, кажуць, таксама належаў продкам панны Канстанцыі, шанавала свае прынцыпы, хаця і не канчаткова адхінула акаляючы недасканалы свет. Але свет, замест таго каб быць ёй за гэта ўдзячным, назваў яе старой дзеўкай, пляткаркай і праўдзівай фурыяй. Што ж, справядлівасці ад горада Б* чакаць не даводзіцца!
Панна Канстанцыя горка падціснула вусны і кранула нагой цёплую цёмную ваду прысядзібнай сажалкі… Даруйце, Лебядзінага возера. Яго выкапалі па загаду паненкі ў рамантычным месцы, пад густымі шатамі старых дрэў, і нат пусцілі на люстраную паверхню лебедзя. Але няўдзячная птушка ўсяляк парывалася ўцячы з наканаванага ёй чароўнага куточка і нават з падрэзанымі крыламі ўхітрылася адтуль збегчы… Грэблівыя роспыты панны пацвердзілі яе здагадку, заснаваную на жыццёвым вопыце: лебедзь быў мужчынскага полу, значыць, падступнасць у яго ў крыві.
Панна Канстанцыя любіла плаваць у сваім Лебядзіным возеры па начах, у прывідным святле месяца, схаваная ад усяго свету густой засенню дрэў, высокай агароджай панскага парку і строгай дысцыплінай у асяродку панскай прыслугі. Пяшчотна плюскатала вада, галава паненкі пагойдвалася між лілеяў і гарлачыкаў, і – канешне ж! – віліся над гэтай галоўкай салодкія мары ды ўспаміны. Некалі, даўно-даўно, у пару квецені і гарэзных ветрыкаў… Ды мала што можа ўспомніць голая паненка ноччу ў сажалцы?..
Таемнасць і самота… Але мы не будзем сцвярджаць, што падчас гэтых амаль сакральных водных працэдур не мроіліся паненцы прагныя праклятыя вочы ў зарасніку вакол возера…
Сёння ноч была асабліва таемнай. Святаяннік па-змоўніцку падміргваў плямістымі жоўценькімі кветачкамі, пранізліва пахла мацярдушка, да самай вады збягала бліскучая, як фальшывы залаты, лотаць. Жаба, маленькая, пляскатая, быццам пусты кашалёк, нясмела падала голас – панна Канстанцыя ненавідзела жаб і загадвала іх вылоўліваць ды знішчаць. Худзенькі камар сеў на магутнае сцягно панны Канстанцыі. Плясь! І камарыная душа адляцела ў далёкі камарыны рай… Не, у пекла – адзінае на ўсіх крывасмокаў. Панна Канстанцыя кінулася ў абдоймы месячнай вады…
…Чараціла прыўзняў цяжкую галаву, у якой усё яшчэ пілікала скрыпачка карчомнага музыкі Гірша, каб паглядзець на велізарную качку, што плюхнулася ў панскую сажалку. Сапраўды, па вадзе рухалася нешта цёмнае, ад яго ішлі кругі, як ад чоўна… Чараціла памятаў яшчэ далікатэсны смак злоўленага тут і засмажанага на лясным вогнішчы лебедзя… Няпрошаны госць прыўзняўся над хмызнякамі… Затрашчалі галінкі…
Хведзька Чараціла ведаў жанчын. Дый з семінарыі выгналі Хведзьку менавіта за амурныя справы. Тым болей што трактаваў Хведзька кабет гэтак жа проста, як пляшкі гарэлкі. Можна нават смела сцвярджаць, што Хведзька бачыў кабет як у вопратцы, так і без. І мы можам зрабіць скідку толькі на тую акалічнасць, што Хведзька быў добра на падпітку і таму не распазнаў, што за істота рушыла на яго з чорнай панскай сажалкі, белая, вялікая, бясформенная… На абліччы істоты Чараціла разгледзеў толькі два чорныя прагалы на месцы вачэй ды трэці, круглы вялікі прагал – гэта не мог быць чалавечы рот – бо з яго не могуць вылятаць такія гукі…
Маленькая пляскатая жабка здохла ў адно імгненне – яе і без таго напалоханае сэрца не вынесла воклічу абражанай цнатлівасці.
Чараціла перахрысціўся. Чараціла паабяцаў Божай Маці, што ніколі ў жыцці не возьме больш гарэлкі ў рот… Чараціла заблагаў і кінуўся праз кустоўе прэч адсюль… А белая пачварына ляцела за ім ва ўрачыстым гневе – прыйшоў яе час! Яна дачакалася! Чараціла дабег да агароджы і, падаючы і абдзіраючы далоні, паспрабаваў пералезці цераз яе.
– Жучка, кусь! Жучка, кусь!
Залівісты сабачы брэх змяніўся Чарацілавым крыкам болю. Апошнім намаганнем Хведзька пераваліўся цераз агароджу і знік у невядомым напрамку, як маланка – не таму, што так хутка, але таму, што зігзагамі…
Панна Канстанцыя паважна абцерла сваю антычную плоць. Апошні бессаромны зірк месяца – і белае цела схавалася пад доўгай брунатнай сукенкай са шчыльнай ваўнянай тканіны, з зашпількамі пад горла.
«Гэта несумненна быў афіцэр, – чамусьці падумала панна Канстанцыя. – Такі бессаромны… Дзёрзкі… Шкада, што не было з сабою кінжала…»
Панна ўявіла, як эфектна было б прыставіць кінжал да сваіх белых грудзей і сказаць: «Лепей смерць, чым ганьба! Ніхто не возьме гвалтам тое, што належыць толькі мне і Госпаду!» Не, лепей было б кінуцца з кінжалам на гвалтаўніка: «Памры, няшчасны! Ты пасмеў падгледзець тое, што не наканавана для чалавечых вачэй!»
Камары жаласна пішчалі над вільготнымі валасамі панны Канстанцыі, акуратна сашчэпленымі рогавым грабеньчыкам. Свет быў цудоўны, хаця і небяспечны. Да канца жыцця заставалася сорак гадоў, восем месяцаў і адзін день. Быў шанц правесці іх у прыемных успамінах.
А ў душы карчомнага заўсёдніка Чарацілы навечна пасялілася незразумелая туга. Начное здарэнне ўспаміналася яму ўсё часцей і часцей, і мроіліся Чарацілу то белацелая русалка з прыветна працягнутымі рукамі, то расамаха, кудлатая, няшчасная, – за тое, што пры жыцці загубіла сваё дзіця, пасля смерці вымушаная існаваць у вадзе і палохаць выпадковых прахожых… І хаця Чараціла ніколі больш не наважыўся спакушаць лёс прагулкай у панскі парк, але палюбіў сядзець па начах на развалінах старога замка ці над лясной крынічкай і ўзірацца скрозь цёмныя карункі шатаў на зоры, і ў неахайнай барадзе яго з першымі павуцінкамі сівізны пераблытваліся месячныя промні, а вусны шапталі незвычайныя пяшчотныя словы, якія не пачула і не пачуе ад Чарацілы ні адна зямная жанчына…
І тады з глыбіні Лебядзінага возера ўсплывала бела-блакітная лілея і расхінала свае пялёсткі, як покрыва багіні… А панна Канстанцыя круцілася на пуховай пярыне і паўтарала ў салодкай дрымоце: «Гэта несумненна быў афіцэр…»
Фрыгійскі сатыр Марсій так добра граў на флейце, што насмеліўся выклікаць на спаборніцтва ў музычным мастацтве самога Апалона, бога Сонца і мастацтваў. Па меркаванні бальшыні слухачоў, Апалон перамог. Марсій быў жорстка пакараны за дзёрзкасць: Апалон загадаў жыўцом злупіць з яго скуру.
Старажытнагрэчаскі міф
Хто ў горадзе Б* не ведаў скрыпачкі Гірша! Гэта цяпер ніхто не помніць ні яе, ні ейнага ўладара – але ж сёння людзі не памятаюць і шмат чаго іншага! Нават Бога Усявышняга, які над усімі – беларусамі, палякамі, летувісамі, габрэямі…
А калі грала скрыпачка Гірша, за акном на сухіх галінках бэзу расцвіталі блакітныя кветкі, праз пыльныя шыбы прабіваліся то сонечныя, то месячныя промні, а карчмар Бурыга, выціраючы слёзы з абвіслых вусоў, бясплатна наліваў піва немаёмасным наведнікам. Вось што рабіў Гірш сваёй скрыпкай!
І ва ўсім горадзе Б* не знаходзілася ніводнага шалапута, ніводнай прапашчай душы, каб наважыцца пакрыўдзіць, падняць на смех гэтага няўклюднага старога габрэя, чыя галава ўяўляла з сябе гладкі бліскучы астравок лысіны ў пышным венчыку чорна-сівых, нібы прысыпаных попелам, кудзераў…
І Гірш ведаў сваю уладу над людзьмі. І была Гіршава скрыпка голасам горада Б*, ягоным духам і ягоным сумленнем…
«Эх, каб гэтаму музыку ў свой час падвучыцца! Каб нехта апекаваўся ім, даў музычную адукацыю, вывеў у свет», – бедавалі вучоныя людзі, якія зрэдзь траплялі ў карчомку, дзе іграў Гірш.
Але вучоныя людзі на тое і вучоныя, каб гаварыць пра тое, чаго не было, і тое цудоўнае, чаго не будзе.
Ніхто не помніць сёння Гірша і ягоную скрыпку… Але кожны ўладальнік музычнай энцыклапедыі можа пры жаданні разгарнуць яе на літары «п» і прачытаць пра выдатнага скрыпача Мікалая Паліванава, які нарадзіўся ў горадзе Санкт-Пецярбурзе, вучыўся ў вядомага педагога Макарыні, іграў у аркестры Марыінскага тэатра, пасля пачаў ездзіць з сольнымі канцэртамі, атрымаў у Парыжы «Гран-пры», у Мантэвідэо – «Залатую ліру», у Лондане – медаль св. Антонія, а ў Італіі – права даць канцэрт на скрыпцы, што належала Нікало Паганіні,– а такое права атрымлівае толькі лепшы скрыпач свету…
Мікалай Паліванаў па дарозе ў Варшаву спыніўся ў горадзе Б*. Якія прычыны змусілі ўлюбёнца сталічнай публікі пераначаваць у люксавым нумары двухпавярховага фарбаванага жоўтай крэйдавай фарбай гатэля горада Б*, гатэля з гучнай назвай «Эсперасьён», мы ўжо не даведаемся ніколі. Але губернатар горада Б* меў гонар прыняць у сябе выбітнага госця. Той, на жаль, не палічыў вартым гучання сваёй скрыпкі правінцыйны свецкі салон. І губернатар – няўжо можна дапусціць, што з нейкай нядобрай задумай? – расказаў заезджаму светачу пра старога габрэя Гірша і пра ягоную скрыпку. Спадар Паліванаў пакрывіў вусны, у чым можна было ўгледзець і пагарду, і насмешку, і недавер… Але і некаторую зацятасць.
Так Гірш сустрэўся з Мікалаем Паліванавым. Зала губернатарскага дома была паўнюткай, а пад вокнамі залы тоўпіўся ўвесь горад Б* – заўсёднікі Бурыгавай карчомкі, мешчукі і гімназісты, бабы-гандляркі і звонкагалосыя дзеўкі з мануфактуры па вырабу габеленаў… Горад Б* паставіў свой голас супраць голасу чужынскага, выпеставанага, купленага акадэмічнымі ўрокамі…
І вось праз шырокія вокны губернатарскага дома паліліся гукі Гіршавай скрыпкі, і расцвіў блакітнымі кветкамі бэз, хоць на дварэ канчаўся жнівень, і месяц апусціўся проста на дах, як звычайны паветраны шарык, і пакалыхваўся ў рытм музыцы…
А там, у зале, сотні вачэй былі скіраваныя на спадара Паліванава, ловячы найменшы зрух яго рысаў. І я не скажу, што гэтыя пагляды было прыемна і лёгка трываць. Але Паліванаў прывык вытрымліваць людскія пагляды, добрыя і нядобрыя, зайздросныя і раўнадушныя… Гледачы не заўважылі, як загарэўся ў ім святарны, адвечны агонь артыста, агонь, які прымушае быць лепшым, першым, непаўторным або памерці… Агонь гэты сканцэнтраваўся ў пальцах Паліванава, і яны, яшчэ знешне нерухомыя, гарэлі і праглі дотыку струнаў і смычка…
– Прынясіце маю скрыпку, – хрыпла сказаў Паліванаў, стараючыся не глядзець на Гірша, які стаяў з апушчаным смычком, і лысіна ягоная блішчэла ад поту, а рот усміхаўся ўсмешкай пераможцы.
Паліванаў стаўся вельмі сур'ёзным. Усмешка больш не крывіла ягоных вуснаў. Ён быў напяты і засяроджаны, і прысутныя, яшчэ не пачуўшы яго ігры, таксама зрабіліся сур'ёзнымі і напружанымі, бо адчулі, што будзе прышэсце цуду.
Не ведаю, як іграў спадар Паліванаў на сцэнах Парыжа і Лондана, але ўпэўнена, што ніколі не іграў ён так, як іграў у маленькім горадзе Б* па дарозе ў Варшаву. Вецер, магутны паўночны вецер уварваўся ў залу губернатарскага дома, і ўскудлаціў прылізаныя прычоскі мужчын і какетлівыя кудзеркі дам, і холадам працяў сэрцы слухачоў на вуліцы. А пасля гэты вецер – Бог ведае як! – зрабіўся вогненнай віхурай, і абпаліў засяроджаныя думкі, і прымусіў сэрцы біцца часта, як у злоўленай птушкі… І калі здавалася, што вось-вось ад гэтага агню, ад гэтага напалу выбухнуць напятыя пачуцці ў вар'яцкую вакханалію, вогненная віхура ператварылася ў іскрысты феерверк, у россып кветак, жывых і штучных, канфеці і серпанцін, і спявалася ў кожнай душы: «Добра жыць! Цудоўны Божы свет! Не трэба адчайвацца і злавацца – усё будзе добра!»
Але каб Мастацтва не скончылася на гэтай стракатай ноце, феерверк ператварыўся ў струмень жывой крыніцы – пяшчотны і вечны, празрыстую кроў зямлі… Піяна… піянісіма… І апошні ўзлёт смычка адправіў душы слухачоў у такія вышыні, дзе яны яшчэ ні разу не былі і пра якія будуць успамінаць – з тугой і надзеяй – да канца жыцця…
Буйныя кроплі поту сцякалі па вытанчаным твары сталічнага скрыпача. Паліванаў адчуваў прыемную спустошанасць чалавека, які аддаў усе сілы, усё, што мог, і нават крыху болей, каб выканаць сваю справу, і цяпер не меў чым папракнуць сябе.
Што ж, крыкі: «Брава, маэстра!», «Бравісіма!» не былі ў навіну для спадара Паліванава. Ён зноў зрабіўся халодным і крыху насмешлівым і праз гадзіну сядзеў на абабітым аксамітам сядзенні цягніка Масква – Варшава.
Пра Гірша не ўспомнілі. Ён прайшоў праз натоўп, прыгорблены, стары, хаваючы прыніжаную скрыпку пад крысом камізэлькі… Гэта скрыпка была голасам горада Б*, ягонай душой і сумленнем… Цяпер горад Б* страціў свой голас, бо даведаўся, што ёсць гучнейшыя…
І Гірш назаўсёды знік з горада Б*. Яго шкадавалі, шукалі, але потым забыліся, і ўжо ніколі за цьмянымі акенцамі Бурыгавай карчомкі не зацвіталі на сухіх галінках бэзу блакітныя кветкі.