Текст книги "Сэрца мармуровага анёла"
Автор книги: Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 22 страниц)
Аднойчы Геракл спыніўся ў свайго сябра, цара Адмета, у якога нядаўна памерла жонка Алкесціда, выкупіўшы сваім жыццём жыццё мужа. Даведаўшыся пра такую акалічнасць, Геракл, расчулены гасціннасцю Адмета, спусціўся ў падземнае царства і прымусіў Таната, бога смерці, вярнуць Алкесціду ў царства жывых.
Старажытнагрэчаскі міф
Наўрад ці ведалі ў багатых дамах-камяніцах горада Б* Мамоньку-шлопака.
Дый такога слова – «шлопак» – няма ў вучоных кнігах.
Але ў прадмесцях горада Б*, у маленькіх дамках пад засенню ліп і яблынь прыходу шлопака радаваліся ўсе. Таму што цэлы вечар у хаце будзе пераказ навін – што цікавага адбылося ў суседніх мястэчках, што і пачым прадаецца на кірмашах, куды лепш ісці, каб купіць новыя калёсы ці парсючка, дзе ў свеце пачалася вайна ці прайшоў землятрус… Карацей, кожны просты жыхар горада Б*, які з прычыны непісьменнасці ці ў мэтах эканоміі не выпісваў газет – а такіх было сярод мешчукоў прадмесцяў пераважная большасць мог атрымаць ад шлопака ўсе цікавыя яму звесткі. А шлопак ніколі нічога не прасіў – пакормяць дык пакормяць, пусцяць пераначаваць – дык пусцяць. Але прытулак і частунак меў заўсёды.
Адкуль быў родам Мамонька – ніхто не ведаў, здавалася, ён вечна хадзіў па навакольных вёсках і мястэчках. Нават узросту ягонага нельга было вызначыць – гэткі празрысты, без расліннасці на твары, дробны чалавечак. «Божы чалавек», – гаварылі пра Мамоньку некаторыя, але іншыя ім пярэчылі: «Хіба Божы чалавек швэндаецца па базарах?» Божы чалавек пяе псалмы і прадае кіпарысавыя крыжыкі ды цудадзейныя абразкі. А Мамонька і выпіць не адмовіцца, калі паднясеш. Але, што праўда, у торбачцы Мамонькі заўсёды ляжала Святое Пісанне – таннае выданне для простага люду, у шэрай папяровай вокладцы, з жыццяпісам Аляксея, Чалавека Божага, і малітоўнікам у дадатак. Калі побач не было сведак, шлопак даставаў запаветны томік і ўслых, па складах, чытаў, задумваючыся над непадсільнымі простаму розуму фразамі.
Але безумоўна, што пры поглядзе ў светлыя-светлыя, дабрэнныя вочы шлопака, даверлівыя да дурасці, а можа – да святасці, кожны мімаволі траціў насцярогу. Мамонька заўсёды выконваў мноства дробных даручэнняў – перадаваў з вёскі ў вёску, з мястэчка ў мястэчка чужыя пазыкі, невялікія гасцінцы і лісты. Пры Мамоньку не саромеліся абмяркоўваць свае хатнія праблемы, не баяліся даручыць яму пакалыхаць дзіця падчас чарговага начлегу.
Не адзін раз спыняўся шлопак у хаце Пётры Памідорчыка, слесара горада Б*. Не сказаць, каб багатай хаце, хаця Памідорчык меў залатыя рукі – мог адрамантаваць любую гаспадарчую прыладу, любы самы тонкі механізм – ад музычнай машыны да залатога швейцарскага гадзінніка. Але свае заробкі спускаў Пётра хутка і бязбольна. А чаго даражыцца тымі грашамі, пакамечанымі смярдзючымі паперкамі ды металёвымі абцерханымі круглячкамі, калі няма нічога даражэй за добры настрой, вясёлую песню ды куфель густога піва, а месца ў царстве нябесным, як вядома, ані золатам, ані срэбрам не купляецца, а толькі праведным жыццём.
І хаця праведнае жыццё Памідорчык прызнаваў за каштоўнасць, жонка ягоная, круглатварая Наста па мянушцы Клёцка, аніяк мужавай філасофіяй не магла задавальняцца. Бо якое ж праведнае жыццё ў карчомцы? Адно марнатраўства. Не для таго яна замуж выходзіла, каб з гліняных талерак есці. Весялун Пётра падміргне сярдзітай жоначцы: «Эгэ, даражэнькая, хоць і з золата з'ясі, усё ў адно месца выкінеш». Плюне бедная Наста, перахрысціцца, а мужык ужо за шапку – у карчомцы музыка зайграла.
Ды не сказаць, каб былі Пятро з Настай найгоршай у свеце парай. Прынамсі, шлопак Мамонька любіў у іх спыняцца. Гаспадыня заўсёды частавала, пакідала начаваць. Гаспадар жа бясконца распытваўся пра ўсё на свеце, прычым найбольш любіў слухаць не пра кошты на базарах, а пра дзівосы – певень знёс яйка, а з таго вылупіўся маленькі чорны цмок, на кірмашы ў суседнім павеце паказвалі васковых людзей – рыхтык жывыя, і нават варушацца і круцяць вачыма.
Але на гэты раз Мамоньку не сустрэла ў Памідорчыкавай хаце ветлая гаспадыня. Усе дзверы парасчыненыя, куры забягаюць у сенцы і апасліва зазіраюць у пакоі, у шыбы б'юцца, як п'яныя валацугі, тлустыя зялёныя мухі, а на лаўцы пад абразамі сядзіць Пётра Памідорчык, і ягоны чырвоны твар ажно зморшчыўся ад пакут.
– А ці ў пана гаспадара зубы баляць? – спачувальны тонкі галасок Мамонькі падзейнічаў на засмучонага Памідорчыка як гарчычная прыпарка.
– А братка ж ты мой, а галованька ж мая прапашчая! Грэшны, грэшны быў, вось і пакараў Божанька!
Памідорчык павіс на танклявым шлопаку з усёй сілай свайго гора, так што Мамонька захістаўся, не столькі ад цяжару, колькі ад моцнага перагарнага паху. Душа ў шлопака была чуллівая і даверлівая і хутка гэтаксама разрывалася ад раздзеленага з гаспадаром хаты гора.
Два тыдні таму ў дом паважанай удавы Крысі прыйшлі незвычайныя госці: шэсць жанчын, пераважна сталага ўзросту, у цёмных доўгіх сукенках і белых хустках, шчыльна абвязаных вакол галавы, адзін кульгавы старэча і высокі барадач у белай хламідзе з таўсценнай кнігай, якую ён пяшчотна прыціскаў абедзвюма рукамі да грудзей. Дзіўная кампанія цэлы дзень не паказвалася на вуліцы, толькі з вокнаў цёткі Крысі даносіліся працяглыя, але меладычныя песняспевы, упрыгожаныя магутным басам – відаць, мажнога барадача. Суседзі ад цікаўнасці млелі. Але хутка змаглі цалкам задаволіць сваю цікаўнасць – барадач запрасіў усіх жадаючых на духоўную бяседу. Гэта сапраўды аказаўся нешараговы чалавек. Можа быць, нават прарок. Прынамсі, сам сябе ён так і называў. І прапаведваў ён рэчы цалкам зразумелыя, хаця і складаныя для ўвасаблення: каб патрапіць у царства нябеснае, трэба тут, на зямлі, прыпадобніцца Госпаду нашаму і Ягоным апосталам, а для гэтага неакладна распрадаць усю сваю маёмасць, выручку аддаць яму, барадачу, які ўдастоіўся спасцігнуць нябесную мудрасць, і рушыць па грэшнай зямлі з пропаведзямі згаданай мудрасці. Прыхільніцы ў белых хусцінках слухалі свайго прарока з такім замілаваннем і адданасцю, што здавалася, вакол таго сапраўды распаўсюджваецца незямное святло. Прарок шчодра цытаваў выказванні са сваёй тоўстай кнігі наконт канца свету, і слухачы (у асноўным, праўда, слухачкі) заліваліся слязьмі ад усведамлення грахоўнасці і немінучай пагібелі.
Праўда, паплакаўшы і ахвяраваўшы святому чалавеку пэўную колькасць сямейных грошай, жыхаркі горада Б* пакорліва вярталіся ў сямейнае ярмо.
Усе, акрамя цёткі Насты.
Мусіць, кантраст між развясёлым п'яненькім Памідорчыкам і ўзнёслым суровым прарокам быў надта ўражлівы для ейнае жаноцкае натуры.
Памідорчык вярнуўся з карчмы і пабачыў на стале пусты куфэрак, дзе Наста захоўвала рэшткі пасагу – жменьку срэбных рублёў, два залатыя пярсцёнкі і залатыя маністы. Пры кароткім аглядзе высветлілася, што зніклі і прыхаваныя ў скарбонцы грошы. На спалоханы роў Памідорчыка прыйшла суседка і паведаміла, што Наста-Клёцка падалася ў святыя сёстры да барадатага прарока. Усе памкненні Пётры вярнуць жонку да сямейнага агменю ці хаця б перагаварыць з ёю разбіваюцца аб жалезную сцяну духоўнай еднасці барадача, кульгавага і белых хустак.
– Слухай, дружа, капейку дам, схадзі ў той пракляты дом, прывядзі ты маю дурную кабету з грашыма назад!
Праз паўгадзіны шлопак Мамонька з Памідорчыкавай яшчэ не заробленай капейкай у кішэні стаяў перад дыхтоўным домам пані Крысі, шаноўнай ветэрынарскай удавы. Праз зачыненыя вокны чулася алілуя. Шлопак ветліва пастукаў у шыбу. Алілуя не сціхла, але рыпнулі дзверы, і Мамонька пабачыў барадатага мага, які ў мінулым годзе на кірмашы наймаў яго сядзець у васковай фігуры і тузаць за нітачкі, каб фігура магла варушыцца. Маг плаціў Мамоньку пяць капеек у дзень і строга наказаў захоўваць таямніцу жывой фігуры. А шлопаку што? Раз сказана – ён так і зробіць.
– Добры дзень, пан Маг! – ад шчырай Мамонькавай усмешкі барадача ажно перасмыкнула. – А я вось даручэнне маю…
У хаце цёткі Крысі гарэлі свечкі. Восем кабет, сярод якіх гаспадыня са строга падцятымі вуснамі і мажная Памідорчыкава Наста, сядзелі на лавах уздоўж сцяны і свідравалі вачыма шлопака. Шчыльна навязаныя белыя хусткі нагадвалі не столькі пра кляштар, колькі пра бальніцу. Старэча пагрозна расхаджваў за спінай госця, і яго кульгавая нага надавала крокам рытм пахавальнага маршу. Барадаты прарок, вядомы Мамоньку пад імем Мага, узвышаўся перад шчуплай постаццю шлопака як Самсон перад філісцімлянамі.
– Раба божая Наста абрала сабе праведны шлях! – басіў прарок. – Ніякія зямныя грэшныя клопаты не могуць звярнуць яе! Акі Гасподзь наш і апосталы Яго, мусім мы пакідаць бліжніх нашых з любові да іх жа і ісці па аблудным свеце са Словам Божым…
Мамонька згодна ківаў галавой. Прыгожа гаварыў пан Маг, гучна! Але доўга…
– Выбачайце, можа, мы з пані Настай ужо пойдзем? Белыя хусткі злосна зашыпелі, барадач пачырванеў. А шлопак ветла працягваў:
– І маніста сваё, пані Наста, не забудзьцеся… Пан Пётра прасіў… І грошы…
Гучныя абвінавачванні цёткі Насты на адрас бязбожнага мужа зліліся з абурэннем усіх прысутных.
– Гэта цяпер божыя грошы! – гарлаў барадач. – Грэшнік Пётра мусіў не патрабаваць іх назад, а прадаць усё, што мае, і ахвяраваць! Кожны, хто прынясе сюды ўсе свае грошы, выратуецца! Толькі ахвяраваннем грошай можна здабыць месца ў царстве нябесным. А я – пасрэднік у гэтай справе. Так і перадай усім, валацуга.
Шлопак мімаволі захваляваўся. Барадач гаварыў гучна і даходліва, але нешта не тое. У шлопакавым выданні Святога Пісання не было такой высновы пра грошы… Пра любоў да бліжняга – было… Пра тое, што не скрадзі,– было. Не зажадай жонкі бліжняга свайго, маёмасці і гэтак далей… Мамонька шчыра пра гэта і распавёў. Са святарамі, шкалярамі ды іншымі абазнанымі людзямі прарок і не збіраўся дыскутаваць, але ж тут – нейкі недаробак… Гучнагалосыя аргументы прарока адляталі ад маленькай постаці шлопака, як дажджавыя кроплі ад зялёных лістоў сціплага агрэсту. Патроху вісклівыя галасы жанчын у белых хустках і кульгавага прарокавага памочніка сціхлі, чуваць толькі было раз'юшаны роў барадача ды ветлівы тонкі голас госця.
– Але ж ён праўду гаворыць, жанкі,– нарэшце зазначыла найстарэйшая з кабет, у мінулым свецкім жыцці – гандлярка зелянінай. – Што гэта за святасць, калі да пальцаў грошы прыліпаюць? Хіба Хрыстос з апосталамі грошы збіралі?
Барадаты прарок адчуў, што страчвае ўладу над сваімі рахманымі авечкамі, і ўзвысіў голас. Бедны Мамонька заўсёды пакутваў, калі нехта пры ім сердаваў, злаваўся, лаяўся. А тут сам – прычына лаянкі! Але барадач відавочна казаў нешта насуперак запаветнай шэрай кніжачцы са шлопакавай торбы, кожнае слова якой – кніжачкі, а не торбы, вядома, – адбілася на шлопакавым сэрцы, як дзесяць запаветаў на Майсеевых скрыжалях. Дарэчы, габрэйскі Майсей таксама не быў гаваркім, папросту – дык сказалі б, што ў яго каша ў роце… Але не можа зямля быць без прарока! І горад Б* не мог. Тонкі голас Мамонькі ўзвысіўся да вяршыні гары Сінай… Вядома, у ваколіцах горада Б* няма гары Сінай, але каб была – там Мамонькавы прамовы абавязкова пачулі б!
І знялі прасветленыя кабеты свае белыя хусткі, і выказалі барадатаму правадыру, што ў кожнай назапасілася на яго за дні блуканняў, а ад вока сталай местачковай кабеты нічога не скрыецца! Ні патаемнае спатканне з румянай маладзічкай, ні продаж ліхвяру аддадзеных на пакупку месца ў раю пярсцёнкаў.
Нават кульгавы старэча бразнуў аб стол торбачкай з абшчыннай казною:
– А мне ні разу пахмяліцца не даў!
Мудрацы свету даўно сказалі, што чым вышэйшы стод, тым лягчэй яго абрынуць у друз. Развянчаны з апосталаў барадач знік у восеньскім прыцемку. Абвінавачванні сціхлі. Кабеты маўчалі і разгублена пазіралі адна на адну.
Шлопак, які і на хвілю не страціў рахманай усмешкі, пакланіўся ў бок аблуднай Пётравай жонкі і ўмольна прагаварыў:
– Можа, пойдзеце дахаты, цётачка?
Наста няёмка агледзела сваіх нядаўніх сясцёр:
– Сапраўды ж, у Пісанні сказана…
Ну, вось усё і ўладзілася. Шлопак апынуўся ў абдоймах свежага вераснёўскага ветру. Горад Б* паволі рыхтаваўся да сустрэчы з вечаровым прыцемкам. Меланхалічна брахалі сабакі. Памідорчык будзе задаволены. Капеечку даў не дарэмна. Мамонька не збіраўся злоўжываць ягонай гасціннасцю, толькі, ідучы, уяўляў, як цётка Наста зойдзе ў хату, пасядуць яны з мужам на лаўку побач… Абдымуцца…
– Як галубочкі… Чыста галубочкі…– шаптаў расчулены ўяўленымі карцінамі шлопак.
Прадмесце горада Б* скончылася, што пацвердзіў прыдарожны крыж, абвязаны чысцюткім рушніком. За спінай чуліся нечыя крокі. Мамонька азірнуўся і ўбачыў… цётачку Насту. У белай, шчыльна павязанай хустцы, са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Шлопак хацеў папытацца, чаму гэта яна не ў сваёй хаце, але словы застралі ў тонкім шлопакавым горле. За цётачкай Настай адна за адной з паўзмроку выплывалі постаці сясцёр у белых хустках. Замыкаў працэсію кульгавы старэча. Цяпер яны спыніліся і неяк дзіўна глядзелі на шлопака. Ну, што ж, можа, людзям куды спатрэбілася… Мамонька сціпла саступіў з дарогі і пакрочыў па бакавой сцежцы. Азірнуўся… Працэсія след у след рушыла за ім. Беднаму шлопаку стала трохі непамысна.
Ён спыніўся:
– А людзі ж мае… А добранькія… Куды ж вы?..
– Ты ідзі, ідзі, бацюшка, не турбуйся… – ласкава-ласкава прагаварыла цётачка Наста і нізка пакланілася.
За ёй пачалі кланяцца іншыя.
– Ідзі, бацюшка… Бог цябе вядзе… І мы ўжо, грэшныя, за табою…
Мамонька разгублена агледзеў нечаканых спадарожнікаў і нарэшце ўбачыў, якія ў іх прасветленыя твары, як шырока яны ўсміхаюцца, як глядзяць на яго, шлопака!
Істэрычныя шэпты прымусілі Мамоньку задрыжэць:
– Сапраўдны… Сапраўдны… Просты духам… Блажэнны… Прарокаваць пачне… Хто будзе запісваць? Ты, Крыся? Аловак, аловак падрыхтуй…
Мамонька на нягнуткіх нагах рушыў па сцежцы і пачуў, як за яго спінай зладжаны хор зацягнуў алілуя. Замест баса казліным тэнарам выводзіў кульгавы.
Памідорчык так і не дачакаўся сваёй Насты. Горад Б* пагаварыў трохі пра гэта і забыўся – у каменных дамах пра новых апосталаў нічога і не чулі, а ў дамкі прадмесцяў завітвалі новыя і новыя клопаты і жахлівыя чуткі. Тым больш, карчомка – найлепшая Памідорчыкава суцешніца і дарадчыца, хутка высушыла ягоныя слёзы, а ў хуткім часе і вынесеныя з хаты аблуднай Настай грошы былі атрыманыя назад паштовым пераводам.
А яшчэ праз нейкі час балагол, праездам з суседняй губерні, перадаў Памідорчыку і зусім дзіўную пасылку – капеечку, загорнутую ў акуратную белую анучку.
Сказаў, ад святога чалавека, якога ў іхняй губерні надта шануюць за прароцтвы і аскетычнае жыццё.
Шляхецкія апавяданніПачыналіся цёмныя лістападаўскія ночы – бяззорныя, чорныя, быццам сама безнадзейнасць, перавітыя жалобнымі стужкамі смугі. Андрусь слабеў. Кожны крок даваўся з цяжкасцю – усё-ткі застудзіўся тады, у халоднай, засыпанай срэбнай восеньскай расой лагчавіне. Коні жандараў тупаталі наверсе, на ўзгорку, і нельга было нават паварушыцца, каб адчуць знямелае ад холаду цела – нібыта яно само ўжо з туману і мокрай зямлі. На амаль голых галінках хмызнякоў гайдаліся дзівоснымі ўпрыгожаннямі сініцы, буйныя кроплі сыпаліся з галінак уніз, быццам перліны з парваных караляў, і Андрусю здавалася, што гэты аксамітны шум зараз выдасць яго. Але самі сінічкі нават не ценькнулі. Можа, ім перадаўся страх чалавека?
Яго вышуквалі ўжо другі тыдзень. Ад іх атрада засталося чацвёра – занадта мала, каб адбівацца, але для таго, каб страціць надзею, – замнога. Кола аблогі было шчыльным, але жандар – не тысячавокі Аргус. Яны вырашылі разысціся ў розныя бакі – некага заўважаць, другія выслізнуць. Вядома, каб пасля, у прызначаным месцы, сустрэцца і пачаць усё наноў. Андрусю выпала рушыць у бок родных мясцін – гэта была салодкая пакута. Не хацеў нават у думках згадваць – «уцякаю», «хаваюся»… Калісьці не сумняваўся – прыедзе пераможцам, на чале загартаванага ў бойках атрада, адсалютуе шабляй-маланкай перад ганкам, на які выбяжыць Яна… Анэля… У кароне залатых косаў, з шэрымі вачыма, падобнымі на два чыстыя возеры, у глыбінях якіх, аднак, хаваюцца гарэзлівыя русалкі. І ён пацалуе яе, не сыходзячы з каня, падхопіць з зямлі – гнуткую, лёгкую, такую жаданую… Каб не выпусціць з абдоймаў ніколі-ніколі! Між імі ўсё было вырашана ўжо даўно. Іх маёнткі побач, бацькі сябруюць, і яшчэ тады, на Каляды, калі ён аддаў зарумзанай ружовашчокай дзяўчынцы ў шчодра абсыпаным срэбным пылком касцюме Мятлушкі свайго мігдалавага генерала з вочкамі-разынкамі – і гатовы быў аддаць у кволыя ручкі ўсе свае цацкі,– яшчэ тады ён вырашыў: вырасце і заваюе… Вядома, прыгажунь, Чароўных Дам трэба заваёўваць. Тым больш ён засмучаўся, што зусім не быў падобны да мужнага воя, – валасы светлыя, рост хутчэй сярэдні, не багатырскія плечы – хаця жылаваты і трывушчы. А хіба бывае вой з такімі наіўнымі блакітнымі вачыма! А яна, ужо дзяўчына-падлетак, смяялася над ягонымі рамантычнымі ўяўленнямі: каханне – гэта ж не вайна, у ім аблога вядзецца толькі поглядамі, словамі, кветкамі… А я не варожая крэпасць, любенькі.
І ён крыўдзіўся і ўцякаў на стромы бераг рэчкі… І зноў вяртаўся – з кветкамі.
Анэля схавала б яго, вядома. Яму так трэба хаця б адну ноч правесці ў цяпле, высушыць адзежу… Выпіць гарачай гарбаты… Ён апошнія дні не мог нават дазволіць сабе распаліць вогнішча – па ўсіх дарогах раз'язджалі вартавыя, відаць, наведзеныя на ягоны след мужыкамі з той вёскі, куды ён зайшоў, каб купіць кавалак хлеба. А мог бы адабраць – у яго, нягледзячы на тое, што гэта была смяротная небяспека і, магчыма, проста глупства, – за поясам пад світкай быў пісталет з адным набоем. Андрусь проста не змог прымусіць сябе застацца бяззбройным – гэта значыла ўсё роўна як прызнаць сябе пераможаным. Пакуль у яго ёсць зброя – ён ваяр і паўстанне жыве.
Андрусь думаў абмінуць дарагія сэрцу мясціны. І нават сам не заўважыў, як скіраваўся менавіта ў той бок – нібыта яго вёў істынкт зацкаванага звера. У свой дом? Гэта немагчыма – вядома, ворагі чакаюць менавіта там. Не пакінулі яны без увагі і дом ягонай нявесты. З-за гэтай небяспекі Андрусь апошнія два гады нават не меў ніякага ліставання з блізкімі. Але ёсць, ёсць надзейнае сховішча – там, дзе ніхто не здагадаецца яго шукаць. І нават сам Андрусь раней не падумаў бы, што памкнецца да гэтага чалавека.
Гэта здарылася якраз два гады таму. Магічнае слова «воля» яднала людзей, і перамога, здавалася, вось-вось спусціцца да іх па срэбных аблачынках, і пратрубіць у залатую трубу, і ўзмахне празрыстымі крыламі над іхняй зямлёй, назаўжды вольнай. У Анэлі быў дзень народзінаў. Яго каханая прыйшла ў гэты свет яснай летняй раніцай, калі ўздымаўся белай пенай пад вокны глог і рассыпаліся па ўтравелых сцяжынках саду маргарыткі. І Андрусь не мог не прыйсці павіншаваць яе – з абярэмем лясных духмяных кветак. Гасцей сабралася няшмат – усе добрыя сябры, ніхто б з іх не здрадзіў. Яны зноў гулялі ў фанты і шарады, і нават у зусім дзіцячыя гульні – сляпога ката, залаты пярсцёнак, і тыя, хто прайграў, мусілі пацалавацца праз хустку. З лесу быў толькі адзін Андрусь. І таму зусім недаравальна, што ён не ўчуў, як да дома пад'ехалі ворагі. Страшныя былі не жандары. А той, хто ехаў разам з імі,– сябар па дзіцячых гульнях і сусед. Магчыма, той патрапіў на вечарыну зусім не дзеля таго, каб схапіць інсургента, скуль яму было ведаць, што вораг імперыі апынецца там? Хутчэй за ўсё, проста хацеў павіншаваць Анэлю, прыхапіўшы падначаленых. Нічога дзіўнага – Валянцін таксама кахаў шэравокую суседку. Гэта ведалі ўсе, і найперш яна сама, хаця вельмі часта здараецца, што прадмет кахання даведваецца пра такую акалічнасць апошнім. Але яны пабіліся за Анэлю, яшчэ калі ім было па чатырнаццаць, – і гэта не было падобна на звычайную дзіцячую бойку. Сціснуўшы зубы, моўчкі, зацята… Іх, акрываўленых і паўпрытомных, расцягнулі дарослыя. Тады Анэля, заплаканая, у запэцканай сукенцы – відаць, спрабавала разняць ваяроў,– і выкрыкнула сваё: «Больш не біцеся. Ніколі! Я выбіраю Андруся. Слова гонару!» І Валянцін, апусціўшы вочы, пад якімі «разгараліся» сіня-чырвоныя «ліхтары», паціснуў Андрусю руку. Як пераможаны на сумленным турніры. І Андрусь шчыра дзіваваўся, чаму Анэля прыхінулася да яго, нічым не адметнага, а не да Валянціна, бо той увасабляў усе тыя рысы, якімі Андрусь жадаў бы валодаць. І высокі, і моцны, як камень, і валасы хваліста-чорныя, а пагляд цёмных вачэй такі ганарлівы…
Убачыўшы, што гэты прыгожы, упэўнены ў сабе чалавек заходзіць у дом, Андрусь зразумеў – гэта ўсё… Цяпер галоўнае – адвесці падазрэнні ад гаспадароў. Схавацца? Першаму пайсці насустрач і здацца, не пакідаючы за сабой няёмкасці вобыску, выкрыцця, арышту?
Анэля сустрэла гасцей у вітальні, відаць, прымала віншаванні, спадзеючыся надаўжэй затрымаць. Урэшце яна вярнулася да кампаніі, дзе кожны спрабаваў захаваць вясёлы выгляд, і ад гэтага гурт выглядаў страшнавата. Дзяўчына трымала ў руках прыгожы пакуначак, перавязаны атласнай ружовай стужкай, але здавалася, пальцы яе здранцвелі і вось-вось выпусцяць ношку на падлогу. Валянцін са шчырай усмешкай прывітаўся з усімі, ніяк не вылучаючы Андруся, прадставіў двух афіцэраў, што прыехалі з ім, пажартаваў, вельмі зграбна і разумна – Андрусь так ніколі не ўмеў, і сышоў, пацалаваўшы Анэлі руку.
Андрусь адчуў гарачую сімпатыю да былога сябра – як бывае заўсёды ў сумленных людзей, калі нехта, пра каго думалася кепска, аказваецца лепшым. Валянцін быў не з тых, хто служыць за грошы ці прывілеі,– ён сапраўды верыў у тое, што абараняў, і ніколі не хаваў сваіх поглядаў, што і паслужыла калісьці канчатковаму ахаладжэнню іх сяброўства. Тое, што ён не выдаў Андруся, быў сапраўды высакародны ўчынак, варты павагі. Асаблівае ўражанне на хлопца зрабіла ўмоўніцкая вясёлая ўсмешка, якую Валянцін адрасаваў яму на развітанне. Бедная Анэля тады пералякалася мацней за ўсіх – Андрусь дарэмна спрабаваў яе суцешыць. На развітанне яна горача прашаптала яму: «Як запаліцца першая зорка, чакай мяне ў нашай альтанцы, на беразе рэчкі…»
І ён чакаў, хвалюючыся, як быццам ад гэтага спаткання залежала яго вечнае жыццё. А зоркі запальваліся адна за адной, а яна ўсё нейшла… Нарэшце гнуткая постаць, уся захутаная ў белае, ірванулася да яго з чаромхавага прыцемку, і горка-салодкімі, як ягады чаромхі, былі яе пацалункі, бо слёзы каціліся па яе шчоках, так што яму было нават няёмка – ён жа яшчэ жывы… А яна нібыта развітвалася назаўсёды. Бо толькі адчай, напэўна, змусіў яго шэравокую каралеўну шапнуць яму: «Няхай гэта будзе наша шлюбная ноч!» Вядома, было б з яго боку высакародна і разумна – супакоіць яе, сысці самому, утрымацца на той мяжы, за якой пачынаецца незваротнасць і вар'яцтва… Але ён быў усяго толькі чалавек, і ён так кахаў, што яго рукі дрыжэлі ад нясцерпнага жалю і цягі да яе. І калі гэта было вар'яцтва – ён быў гатовы назаўсёды адпрэчыць розум.
А потым яны плавалі ў месяцовай вадзе, і нават вада не магла астудзіць агню пацалункаў, і сысці было горш, чым памерці… Але ён не збіраўся паміраць – ён мусіў перамагчы і вярнуцца.
Вярнуўся… Кашаль разрываў грудзі. Але Андрусь ужо вырашыў, пад чыім дахам правядзе наступную ноч, – ён пойдзе да Валянціна. Не можа быць, каб чалавек за два гады зусім змяніўся, – не выдаў тады, не павінен і цяпер. Тым больш Андрусь хворы, змучаны, а Валянцін – высакародны чалавек. І нічым не рызыкуе – бо па-за ўсялякімі падазрэннямі.
Запіска, перададзеная праз хлопчыка з дворні, не доўга заставалася без адказу. Прыблізна праз гадзіну Андрусь ужо ляжаў у цёплым сухім ложку і правальваўся ў глыбокі, як магіла, сон. Яму не давялося выслухваць пытанні, нешта тлумачыць, не сустрэў ён ні насцярогі, ні варожасці. Вядома, на гасціннасць разлічваць таксама не выпадала. Валянцін нібыта не здзівіўся, успрыняў з'яўленне аброслага, змэнчанага ўцекача годна, па-мужчынску. І Андрусь быў рады, што прыйшоў сюды. Апошняя яго думка, перад тым як заснуць, была пра Анэлю. Яна недзе побач – ён адчувае. Раніцай ён абавязкова даведаецца пра яе, магчыма – перашле вестку… А можа – убачыць?! Гэта было б проста неверагодным шчасцем!
Калі ён адплюшчыў вочы і ўбачыў над сабой мілы твар у залатой кароне кос, то падумаў – трызненне… Толькі дотык прахалоднай вузкай далонькі да ягонага лба пацвердзіў: не сон… Андрусь схапіў дзівосны прывід за плечы: Анэля… Ён быў такі шчаслівы, што нават не ўсвядоміў, як яна змянілася, як схуднела, нібыта згасла.
– Зараз тут будуць жандары. Ён не мог уразумець сэнсу слоў.
Яна цярпліва, глухаватым ад безнадзейнасці голасам паўтарыла:
– Цябе зараз арыштуюць. Нашто ты сюды прыйшоў? Андрусь хацеў прытуліць яе да сябе, але яна адхінулася.
Мілая баязліўка!
– Анэля! Не бойся, Валянцін не такі… Ён не выдасць. Які ж ён малайчына, што паслаў па цябе!
Анэля неяк дзіўна засмяялася.
– Па мяне не пасылалі. Я тут жыву.
– Жывеш? Чаму?
Прадчуванне чагосьці непапраўнага варухнулася болем, але Андрусь адагнаў здрадлівае адчуванне – яшчэ крыху падоўжыць шчасце…
– Памятаеш, тады, калі ты прыйшоў на мой дзень народзінаў… Валянцін ведаў, што ты мусіш наведаць мяне. Жандары прыходзілі па тваю душу.
– Але ж Валянцін… Анэля спыніла яго:
– Ён затрымаў мяне ў вітальні і сказаў, што мае загад цябе арыштаваць. І ёсць толькі адзіны спосаб цябе выратаваць – я павінна даць слова гонару, што стану ягонай жонкай.
Андрусь схаладнеў, а думаў, што халадней, чым у той лагчавіне, яму ўжо ніколі не будзе.
– І ты…
– Я – жонка Валянціна. Ён стрымаў сваё слова. Я – сваё… Як балюча… Андрусь зайшоўся ў прыступе кашлю, і Анэля кінулася падаць яму цёплае пітво на зёлках, што стаяла на тумбачцы ў галавах ложка. Эгаістычнае пытанне пакінутага мужчыны, ад якога самому стала сорамна.
– Ты… шчаслівая?
– Паглядзі на мяне. – Андрусь зірнуў у яе шэрыя вочы, абведзеныя чорнымі ценямі, і аж скалануўся ад вострага жалю.
Ён схапіў жанчыну ў абдоймы, цалаваў яе валасы, бровы, мілы, каханы тварык – і яна нібы прачыналася ад страшнага сну.
– Ты павінна сысці ад яго! Не думай больш пра мой лёс! Мая воля і жыццё не вартыя тваёй пакуты, любая, бо яна – і мая стакроць! І не забывай, я – вой!
Анэля захінула твар рукамі, і Андрусь пачаў цалаваць яе тонкія пальцы, асушваць вуснамі слёзы, што каціліся па іх…
– Сысці… Не было дня, каб я не марыла пра гэта… Бацькі з радасцю прынялі б мяне назад. Не падумай, што ён мяне мучыць. Ён па-свойму добры чалавек і кахае мяне… Па-свойму… «Сцерпіцца-злюбіцца…» Якая лухта! Гэткі прыгажун, асілак, павятовыя паненкі млеюць, а пагладзіць па скуры – дрыжыкі агіды. Быццам датыкаецца жаба. Але я дала слова гонару.
Андрусь адчайна пакруціў галавою.
– Ты дала слова гонару, што будзеш яго жонкай узамен за маю волю. Але ж тут жандары, мяне арыштуюць, і ты вольная! Хіба не так?
– Не так, дарагі сябра!
Дзверы расчыніліся, і ў пакой увайшоў Валянцін. Як заўсёды, упэўнены, мужны. Андрусь усхапіўся і стаў насупраць – прыгорблены, аброслы, намагаючыся здушыць кашаль… Двубой позіркаў скончыўся нічым – Валянцін відавочна не адчуваў за сабой ніякага граху. Гэтак жа ён калісьці адбіраў упадабаныя цацкі ў сябрукоў, адбіраў – сілаю, моўчкі, зацята і ніколі не прасіў даць пагуляць.
– Андрэй, табе лепш прылегчы. Сёння ўвечары прыйдзе лекар, чалавек надзейны. А ты, Ангеліна, ідзі ў свой пакой.
– Я застануся з ім, – голас жанчыны гучаў выклікам. Валянцін сціснуў зубы, памаўчаў, відаць, каб суняць гнеў.
– Вы дарэмна хвалюецеся. Ніхто не арыштуе цябе, Андрэй. Ты ў бяспецы. Вылечышся і з'едзеш – я дапамагу табе выбрацца за мяжу.
Андрусь глядзеў у твар Анэлі, у якім лучыліся радасць і пакута, і адчуваў сябе нягоднікам.
Жанчына недаверліва перапытала мужа:
– Але чаму тут жандары?
– Ім данеслі, што падазроны чалавек рушыў у бок маёнтка. Ты не быў надта асцярожны, Андрэй, – голас Валянціна гучаў халодным дакорам. – Але зараз я выйду да іх і скірую ў іншы бок. Там паручнік, мой добры знаёмца… Ніякай рызыкі, ніхто не паверыць, што я – здраднік, – у голасе гаспадара адчувалася сапраўдная горыч. Валянцін мякка ўзяў жонку за плечы. – Пойдзем… Хвораму трэба супакой.
Анэля пакорліва апусціла галаву:
– Добра… Як скажаш…
Голас яе прашалясцеў, як сухое лісце. Яна павольна рушыла да дзвярэй. Андрусь сціснуў кулакі. Закладніца… Ён змагаўся, каб здабыць свайму народу волю – і зрабіў каханую жанчыну рабыняй ворага. І яна будзе цярпець і змірацца, яна – такая гордая, жыццярадасная калісьці! Хто ж ён сам пасля гэтага?
За акном чуліся грубыя галасы, смех, тупатанне коней. Андрусь падабраўся да акна. Сапраўды, конны атрад… Два афіцэры… Якраз як два гады таму. Вось упэўнены голас Валянціна. Андрусь памацаў пад падушкай. Пісталет у яго не адабралі – ён жа не быў палоннікам. І само сабой зразумела, што ён не мог страляць у гаспадара дома, які даў яму прытулак.
Андрусь расчыніў акно і зваліўся на прэлую лістоту. Адпоўз, хаваючыся за кустамі. Няхай думаюць, што ён блукаў недзе ля дому. Рука здрадліва дрыжэла, і ён стрэліў амаль не цэлячыся. Адзін з жандараў схапіўся за плячо…
Бунтаўшчык быў знясілены і меў усяго адзін набой. Далёка не ўцёк. Інсургента звязалі і паклалі на калёсы, пазычаныя ў гаспадара. Гаспадар быў нібыта зусім пераляканы – відаць, не чакаў, што такі госць бадзяецца проста пад вокнамі. Пані, добрая душа, вынесла для арыштаванага цёплую адзежу. Няхай… Мусіць жа злыдзень дажыць да вісельні.
– Нашто ты гэты зрабіў?
Яна не плакала – вочы былі зусім сухія, з гарачым бляскам.
– Цяпер ты вольная… Сыходзь ад яго. Абяцаеш?
– Любы… – яна пацалавала яго збіты твар. – Ты мусіш ведаць… У цябе ёсць сын.
– Што?!!
– Так. Твой сын. Падобны на цябе, бялявенькі і вясёлы. Завуць – Кастусь.
– Любая… – Андрусь, звязаны, хворы, збіты, захлынаўся ад шчасця. Колькі ў ім, аказваецца, яшчэ сілы, дзякуй, Госпадзе!
– Я сыду. Але Валянцін не аддасць мне сына.
– Я вярнуся, – Андрусь сказаў гэта нечакана цвёрда. – Я вярнуся па яго і па цябе.
Дождж лінуў на чорную зямлю, быццам аплакваючы яе зімовае паміранне. І раптам у нізкіх, пахавальна змрочных хмарах бліснула позняя маланка – нібы вышчарбленая ў слаўных бойках шабля, і адлюстравалася ў шэрых вачах жанчыны, што нерухома стаяла ля брамы і глядзела на пустэльную дарогу.
У пансіёне для хлопчыкаў, дзе сярод іншых вучыўся дванаццацігадовы сын стацкага саветніка Валянціна Р. Канстанцін, панавала строгая дысцыпліна. Частка навучэнцаў утрымлівалася за казённы кошт, і амаль для ўсіх вымалёўвалася адна перспектыва – папоўніць рады царскага войска. Таму асаблівая ўвага ўдзялялася выхаванню вернападданніцкага духу і цялеснай моцы. Паўночна-Заходні край, які толькі што перажыў бунт, меў патрэбу ў здаровых маладых сілах, што будуць спрыяць грамадзянскай згодзе.
Па праўдзе кажучы, стацкі саветнік мог бы для свайго адзінага сына выбраць лепшы пансіён. Тым больш Кастусь Р., бялявы разумны хлопчык, асаблівыя поспехі рабіў у вывучэнні моў, а за парушэнні дысцыпліны досыць часта трапляў у карцэр. Бацька рэдка клікаў сына на вакацыі дадому. Дзіва што – аўдавеўшы, ажаніўся другі раз. Хлопчык зрэдку наведваў толькі матчыных бацькоў – за сцены пансіёна выходзіць не дазвалялася. Шмат часу Кастусь праводзіў у бібліятэцы. Новы настаўнік нямецкай мовы, паважаны чалавек з зусім сівымі валасамі і жылістай фігурай бывалага падарожніка, асабліва адзначаў здольнасці Кастуся, нават дадаткова з ім займаўся. Таму нікога не здзівіла, што ён вызваўся праводзіць вучня да ягоных сваякоў.