Текст книги "Сэрца мармуровага анёла"
Автор книги: Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 22 страниц)
Сімвал святога Марка-евангеліста – леў. Звычайна на іконах гэты леў зусім не страшны – кучаравы, залацісты, з закручанымі ў кольцы вусамі і вялікімі рахманымі вачыма.
Як баранчык.
Марк Ялецкі нічым не нагадваў залацістага кучаравага льва. Хіба што таксама быў дужы, шыракаплечы. Ды яшчэ ў разважаннях меў ільвіную ўчэпістасць. Жалезная логіка і энцыклапедычная эрудыцыя – так паўжартоўна рэкамендаваў сам сябе Марк. Нездарма атрымаў незвычайнае імя па жаданні дзівакаватага дзеда-прафесара. І журналістам Марк быў добрым. З уласцівымі сапраўднаму журналісту цікавасцю і скептыцызмам. Таму зараз Марк, які, як належала сапраўднаму рыцару, прыляцеў па першым жа званку зарумзанай Магды, сядзеў побач з ёю на падлозе пакоя кватэры нумар шэсць, перабіраў раскладзеныя лісты, фотаздымкі і кнігі. Ды касавурыўся час ад часу на крумкача, які зноў узляцеў на шафу і шаргатаў там, як патрывожаны дамавік.
– Так я і ведаў, што нельга цябе адпускаць… Цябе толькі лянівы не пакрыўдзіць. О, якое рэдкае выданне! – Марк узважваў на руцэ кнігу ў зялёнай вокладцы. – Я нават не ведаў, што такое ёсць – «Старый литовский статут 1529 года». Тут, у Маскве выдадзены… 1854 год. Ты сама хоць чула пра літоўскі статут, канстытуцыю Вялікага княства Літоўскага? Ведаеш, што яна напісаная на старабеларускай мове? Невук ты маленькі…
– І што, гэтая кніжка дарагая? – насцярожана спыталася Магда.
– Рублёў за пяцьдзесят і я набыў бы. Але б не прадалі.
– Дык мы павінны адшукаць сваякоў старога! – захвалявалася дзяўчына. – Гэта павінна належаць ім!
– Дурненькая! – азваўся Марк. – Стары быў рэпрэсіраваны, калі якія сваякі і ёсць – даўно ад яго адракліся.
– А што гэта за нацыянал-дэмакратычная партыя? Рэктар казаў, Іван Канстанцінавіч быў у ёй.
– Разумееш… – Марк абдумваў словы. – Тады шукалі ворагаў. Прыдумлялі розныя антысавецкія рухі, партыі. Каб было зразумела – за што арыштоўваюць, судзяць, расстрэльваюць. На Беларусі таксама знайшлі антысавецкую партыю – нацыянал-дэмакратычную. А ці была яна? Пастралялі і пассылалі тысячы. Навукоўцаў, творчую інтэлігенцыю. Дзеда майго, прафесара, таксама папацягалі. Але чалавек ён учэпісты, здольнасці да прыстасавання фенаменальныя. Таму і цяпер жыве. А ты думала, чаму ён, перш чым дзверы адчыніць, наведніка папараспытвае ледзь не пра сваякоў за мяжой. У дваццатых гадах у Саюзе беларускіх пісьменнікаў было чатырыста чалавек. А перад Вялікай Айчыннай засталося дзевяць. З іх, здаецца, толькі чатыры беларусы. Гэты Хмель, напэўна, быў пісьменнікам. Таму цябе з інстытута і папрасілі.
Марк рассунуў па падлозе фотаздымкі.
– Гэта ён?
Магдаліна паглядзела на партрэт стройнага афіцэра.
– Ён, няйначай. А ў якой форме?
– Войска Польскага. Эх, тут бы спецыялісту паглядзець! Ёсць у мяне адзін знаёмы… Энтузіяст… Цікавіцца такімі дакументамі. Ну што, усё перагледзела?
– Усё нібыта. Нічога цікавага.
– Калі нешта цікавае было – не хвалюйся, табе не аддалі…
– Кр-рр! – пацвердзіў з шафы Карл Карлавіч, і Марк сплюнуў з перапуду. – Гэта, трэба сказаць, не найлепшая частка тваёй спадчыны.
А пасля яны гулялі па могілках Данскога манастыра, і першыя зялёныя дзюбкі травы паказваліся на чорнай глебе магіл, нібыта нябожчыкі імкнуліся павітаць новае жыццё, далучыцца да яго хоць травінкай, хоць пяшчотным дыханнем першацвету. І Марк сказаў Магдаліне:
– Ты малая і дурненькая. Але павер мне – усё будзе добра. Вернемся дадому, перавядзешся на філфак. Справім вяселле – у нашай улюбёнай кавярні, там, дзе падаюць дзічыну, запечаную ў фальзе, пад галасы птушак. Народзіш дзіця… Працаваць пачнеш у маёй газеце. І ўсё будзе добра.
І чаму ў Магдаліны скрухай варухнулася сэрца? Мусіць, ад здрадлівай чалавечай натуры, якой аднаго добрага, вырашанага, самавітага мала, а хочацца яшчэ чагосьці…
Ну ды што ўзяць з дзіцяці (праўда, дзіцяці паўналетняга), але якое ўсё яшчэ можа сарваць пралеску са старое магілы і зусім пра гэта не задумацца, не пацягнуць за кволым бледна-зялёным сцяблом ланцуг метафар, алюзій, сімвалаў і філасофскіх разважанняў.
Магда і пра скрутак, перададзены суседкай старога, успомніла толькі ў цягніку, калі Карлуша зашаргатаўся ў сваёй клетцы, засунутай на самы верх, на месца матрацаў.
Марк спаў насупраць, на верхняй паліцы. Магда ціхенька выйшла з купэ. Не таму, што не давярала жаніху. А проста… Ён ужо забраў за яе дакументы з інстытута, пазваніў за яе маці, уладзіў справы са спадчынай… Колькі можна быць пад апекай!
У няроўным святле тамбура Магдаліна разгарнула таямнічы скрутак. Кніжка памерам з далонь, з цёмна-зялёнай выцертай вокладкай без назвы. На польскай мове… Магда з цяжкасцю разбірала асобныя словы, здагадваючыся пра сэнс астатніх.»Зборнік паэзіі польскіх паэтаў з дадаткам заўваг, аб сутнасці быцця, духа і цела сапраўднай паэзіі з прадмовай Адама Пянкевіча Першы выпуск. Вільна, друкарня Ёзэфа Завадскага, 1835 год».
Раней Магдаліна ніколі не трымала ў руках такіх старых кніжак. У бібліятэцы, дзе яна працавала, самай старой кніжкай было асобнае выданне паэмы Мікалая Асеева «Будзённы» 1922 года. Магда нават выставіла яе на стэндзе пад шклом як надзвычайную рэдкасць. А тут… Чаго варты адзін змест – Адам Міцкевіч, палкоўнік Цыпрыян Гадэбскі, палкоўнік Антоні Гарэцкі (чаго б гэта палкоўнікі цугам ішлі ў паэты?), Францішак Карпінскі, Алёйза Фелінскі… Ці дзед клапаціўся пра ейнае духоўнае выхаванне?
Дзяўчына перагарнула апошнюю старонку і ўбачыла некалькі чыстых лістоў, як значылася, «Для зацемак». Лісты былі скарыстаныя па прызначэнні – як макам, нехта сыпануў такім дробным почыркам.
«Мілая прынцэса!»
Так называў яе стары… У Магды закалацілася сэрца. Як добра, што яна не паказала скрутак Марку! Уся таямніца дарэшты дастанецца ёй.
«Мілая прынцэса!
Часу ў мяне мала. А старэчае шматмоўе перашкаджае лаканізму. Хаця што значаць час і прастора для Усявышняга, які знітоўвае і разрывае лёсы? Шлях, які прывёў вас да маіх дзвярэй, пачаўся пяцьсот год таму… І вы, мілая, чыстая дзяўчынка, не ўяўляеце, колькі бруду, крыві і здрады было на гэтым шляху… Але і – высакародства, мужнасці, любові! Проста ўявіце, што я расказваю вам казку…»
Святло араматычнай свечкі адбівалася на барвовым шоўку прасціны, быццам яны ляжалі ў агні. «У пякельным агні», – з пакорлівым адчаем асуджанага падумала дзяўчына.
Насамрэч прасціна была ружовай. Але цьмянае святло ператварала цнатлівы ружовы колер у трывожную барву.
Запальваць святло было небяспечна. Магла заўважыць гарадская варта або прыслуга ў доме… Але ён хацеў наглядзецца на яе – у апошні раз. На цёмны шоўк валасоў, белую скуру… Вочы – цёмна-зялёныя, вялізныя і такія праніклівыя – у яго спынялася сэрца кожны раз, калі ён зазіраў у іх глыбіні. Як на візантыйскіх абразах…
«Цікава, ці будзе ў мяне яшчэ калі-небудзь гэтак жа спыняцца сэрца пры поглядзе ў чыесьці вочы?» – падумаў ён і аж застагнаў ад нясцерпнай тугі. Гэтак балюча не было нават тады, калі яго параніў той турак, а дзіда патрапіла якраз пад рэбры, прабіўшы хвалёную венецыянскую карацэну. Тады бацька і адаслаў сына ў Еўропу, падалей ад бясконцых боек. Ён не павін ен быў ісці ў бойку, як просты ваяр. Але ён заўсёды хацеў сам вырашаць свой лёс. Цяпер не атрымаецца… І так адцягваў свой ад'езд з гэтага мястэчка як мог. За незразумелае маруджанне бацька ўгневаны. Лёс краіны, якую з усіх бакоў раздзіраюць ворагі, залежыць ад ягонага шлюбу.
Кажуць, нявеста таксама маладая і прыгожая. Сапраўдная прынцэса. Але не ёй цараваць у ягоным сэрцы.
– Агнешка… Агна… Агонь, у якім я згараю… – шаптаў ён, цалуючы вочы дзяўчыны.
– Мы абое загубілі, спалілі свае душы.
Дзяўчына добра гаварыла па-грэчаску. Праўда, на латыні яна размаўляла яшчэ лепш. Але ён не любіў латынь.
Няўжо ўсе дзяўчаты ў гэтай краіне такія вучоныя?
Мусіць жа, не. Проста яму дасталася яна, дзіўная і непаўторная.
– Што мы нарабілі? Ты – чужы жаніх, я – чужая нявеста. Можа, нас хтось апаіў, як Трышчана і Іжоту?
– Я вазьму твой грэх на сябе, – шаптаў ён, цалуючы яе тонкія пальцы. Кожны пальчык…
Калі б ён мог надзець на вось гэты кволы пальчык свой пярсцёнак… Цяжкі пярсцёнак з вядомым усяму свету гербам ягонага роду ўладароў…
– Ты будзеш памятаць мяне? – дзяўчына глядзела амаль строга на яго мужнае аблічча, светлыя доўгія валасы, якія завіваліся ў локаны, блакітныя вочы, у куточках якіх ужо ляглі зморшчынкі – ад звычкі прыжмурвацца, углядаючыся ўдалеч ці наносячы смяротны ўдар.
Замест адказу ён пацягнуўся да крэсла, на якім ляжала яго вопратка, узяў стылет, дастаў з похваў. Клінок бліснуў, як месячная вада ў бяздонным віры. Хлопец прыставіў вастрыё стылета да сваіх аголеных грудзей, там, дзе сэрца. Па скуры павольна працягнулася глыбокая драпіна, яе перакрэсліла другая. На барвовы шоўк капнула барва.
– Бачыш? Гэты крыж заўсёды будзе са мной. Да самае смерці. Як памяць пра цябе.
Агна асцярожна дакранулася да раны на грудзях хлопца.
– Што ты скажаш той жанчыне, якая калісьці будзе лашчыць гэты шнар?
– Што пад гэтым крыжам пахаванае самае дарагое для мяне. Але нікому не патлумачу – там, у сэрцы, нашае каханне.
Дзяўчына ўзяла тонкай рукой стылет, пакладзены на барвовы шоўк, і хуткім рухам – хлопец не паспеў яе спыніць – двойчы правяла вастрыём па сваіх грудзях. Там, дзе сэрца.
– Я таксама буду помніць цябе.
Ён з невымоўным жалем абняў каханую. Іх раны прыціснуліся адна да адной.
– У нас цяпер адна кроў,– шаптала яна. – Помні гэта, калі раптам будзеш забіваць кагосьці з майго народу.
Ён схаваў твар у яе цёмных валасах.
– Абяцай, калі народзіцца сын, прышлеш яго да мяне. Я зраблю яго князем.
– Не, любы. Ён будзе служыць свайму народу. У тым званні, у якім будзе народжаны. Не крыўдуй.
За дзвярыма пачуліся хуткія крокі і лёгкі стук у дзверы – тры разы. Гэта было папярэджанне аб небяспецы. Дзяўчына дапамагла хлопцу зашнураваць камзол, надзець перавязь мяча. Падала плашч. Перад адчыненым акном яны абняліся апошні раз.
Перш чым сысці ў травеньскую бэзавую ноч, ён паклаў на падаконне просты жалезны пярсцёнак з выгравіраваным роўнаканцовым крыжам.
– Гэта не заручальны пярсцёнак… – горка сказаў хлопец. – Але, можа быць, яго калі-небудзь будзе насіць мой нашчадак.
Што ён мог яшчэ? Сыпануць на развітанне грошай, каб спыніць непатрэбныя размовы, яшчэ раз злоўжыць той павагай, ледзь не пакланеннем, якія выклікаў ён, дакладней, ягонае званне, у гэтым мястэчку. Яшчэ раз не зважыць на тую нянавісць, якую сустракаў ён і ягонае званне ў гэтым жа мястэчку.
Старэйшы сын падкаморага Юрася Дарбута нарадзіўся праз сем месяцаў пасля ягонага вяселля з прыўкраснай паненкай Агнай Чагноўскай.
Вядома, людзі пляткарылі. Але пані Агна была ціхмянай, набожнай і такой гожай, што мала хто даваў веры плёткам.
Тым больш, праз год па нараджэнні сына Канстанціна пані Агна памерла. Лекары сказалі, ад сардэчнай хваробы.
Праз трыццаць гадоў пасля гэтага, у спякотны травеньскі дзень, на самым парозе лета, апошні візантыйскі імператар загінуў на сценах сваёй сталіцы. Яна адна і заставалася ад былой магутнай імперыі. Але апошні з Палеалогаў быў варты сваіх продкаў. Ён не абавязаны быў біцца, як просты рыцар, наперадзе войска. Але ён заўсёды хацеў сам вырашаць свой лёс.
Яго забіў светлавалосы, блакітнавокі янычар.
Ворагі не былі ўпэўненыя, што гэты рыцар той, чыёй смерці яны чакалі доўгія гады. Да таго ж трэба было пераканацца, ці гэта чалавек, а не іфрыт, які з нечалавечай сілай і мужнасцю біўся супраць іх.
Калі з мёртвага цела сцягнулі латы, забойца з нянавісцю закрычаў:
– О Аллах! Гэтаму нявернаму сабаку мала было насіць знак свайго паганага бога на ланцугу! Ён яшчэ выразаў яго на грудзях!
Светлавалосы янычар схапіў дзіду і з сілай усадзіў у грудзі забітага, у самую сярэдзіну крыжа, выразанага над сэрцам.
На мінскіх Кальварыйскіх могілках заўсёды царавалі вароны. І тады, калі пасаджаныя тут дрэўцы былі зусім маладзенькімі. І тады, калі дрэвы падраслі, зашумелі густой лістотай – надзейным сховішчам ад людскіх вачэй.
Магчыма, гэта былі не толькі вароны, а і гракі. Але Антось не надта ўмеў іх адрозніваць. Лётаюць, гарлаюць, на фоне неба – аднолькава чорныя.
Вось крумкачы тут дакладна не сяліліся. Крумкач – птушка гордая, самотная.
Антось азірнуўся на сябрукоў, што ішлі за ім па засыпанай жоўтай лістотай дарожцы між каменных помнікаў, быццам па асушаным марскім дне з рэшткамі разбітых караблёў. У чарнявага, худога, як біч, Цыпрыяна адзін нос тырчыць з-пад расколатага напалам казырка дарэвалюцыйнай студэнцкай фуражкі; за ім уразвалку, нячутнай хадой паляўнічага ступае каржакаваты Міхась у бравэрцы з паднятым каўняром. Міхась – самы паважны з іх, бо амаль скончыў універсітэт і нават там жа, на першых курсах, выкладае. Нізенькі шчуплы Рыгорка з вечнай рахманай усмешкай і іранічны прыгажун Янук, як і ён, пачынаючыя паэты, разжыліся аднолькавымі шарачковымі пінжакамі – у педтэхнікуме давалі дапамогу дзецям беднаты. Прычым Рыгоркавы рукі хаваюцца ў рукавах цалкам, а Януковы вызіраюць ледзь не да локцяў. Нарэшце, ён сам у бацькавай куртачцы, зацыраванай на локцях… А які фантастычны абутак ва ўсіх! Адразу пазнаеш ваяроў, што замахваюцца вырашаць лёс краіны. Але хіба фландрскія гёзы ці чэшскія гусіты апраналіся больш самавіта і былі меншымі рамантыкамі, паўстаючы супраць магутных імперыі?
Адна Марыля Гудзевіч, зеленавокая прыгажуня Марылька, якая ўжо скончыла педтэхнікум, бо была на два гады за яго, Антося, старэйшая, у сваім плюшавым пінжачку выглядае па-сапраўднаму элегантна. Вось толькі дарэмна яна ўвязалася за імі…
– Сядайма тут, – скамандаваў Цыпрыян і першым апусціўся на каменную лаўку пад маладой таполяй.
Ля яго сеў Міхал. Астатнія прымасціліся, хто як мог. Антось падумаў быў сагнаць Цыпрыяна, каб пасадзіць Марылю. Але ж яна пакрыўдзіцца – знайшоў карункавую паненку! Вунь, калючая і прыўкрасная, як шыпшына, незалежна прысела на масіўны чорны ланцуг, што звісае між слупкамі па краях нечае магілы, і пагойдваецца, адштурхоўваючыся ножкамі ў старэнькіх чаравіках ад прэлай могілкавай зямлі… Каркаюць вароны… Пазвоньвае ланцуг… Развяваюцца русыя пасмачкі валасоў на скроні… Поўны дэкаданс! А злева з дзяўчыны не зводзіць сініх, напэўна, яшчэ сінейшых, чым у яго, Антося, вачэй прыгажун Янук. Куды ўжо Антосю з ягонай правінцыйнай нехлямяжасцю…
Лірычныя думкі перарваў Рыгорка:
– Чулі, што Дзям'ян Стасевіч больш не рэктар універсітэта?
– А яго за што? – недаўменна паціснуў плячыма Янук. – Крышталёва чысты перад савецкай уладай чалавек. За палякамі сядзеў як рэвалюцынер.
– А цяпер – беларускі нацыяналіст, – зазначыў Рыгорка без заўсёднай усмешкі.– Як Шпадарук, як Антось Злыкун… Як Севачка…
– Як усе мы, – падрахаваў Антось.
– Я не нацыяналіст, я патрыёт! – ускочыў з месца Цыпрыян і смешна замахаў доўгімі рукамі.– Калі я каго пакрыўдзіў з іншага народу пагардай да чагось ягонага? Навучыліся паняцці падмяняць! Люблю рускае – патрыёт-інтэрнацыяналіст. А калі сваё – не даказваю, заўважце, што яно, маё, лепшае або адзіна вартае, не… Толькі паважаю за не горшае, вартае любові і права на жыццё… Тады я – нацыяналіст! Вораг!
– Сядзь! – тузануў прамоўцу за крысо Міхась. – Пра гэта мы ўсе неаднойчы выказаліся. Таму і прыйшлі сюды.
Ён нетаропка дастаў з глыбокай кішэні паперы, акуратна загорнутыя ў хустачку. Павярнуўся да Антося, пільна паглядзеў у ягоныя сінія вочы, памаўчаў. Усе стаіліся.
Нарэшце загаварыў – важка і цвёрда:
– Я праверыў. Да якіх крыніц толькі змог дабрацца. Нават з'ездзіў у твой Старавежск. Перагартаў гару дакументаў. На жаль, я не так добра ведаю старажытнагрэчаскую, як латынь. Але асабліва складаныя мясціны мне дапамог перакласці сам Сахнут-Бічэўскі. Вядома, я не тлумачыў, для чаго. Да таго ж прафесар лічыць мяне як бы магчымым пераемнікам у навуцы. Так што я ў ягонай хатняй бібліятэцы – як у сваёй. Вось і скарыстаўся напоўніцу, да нахабства. І цяпер магу сказаць… Вельмі верагодна – заўважце, я не сцвярджаю адназначна, – але вельмі, вельмі верагодна, што ты, Антось, з'яўляешся нашчадкам візантыйскіх імператараў Палеалогаў, дакладней, апошняга з іх, Канстанціна ХІ Палеалога.
– Жыве Каралеўства Беларусь! – ускочыў Цыпрыян са сваёй лаўкі.
Астатнія падхапілі яго вокліч, і вароны з абураным карканнем паўзляталі з таполяў, абрынуўшы на магільныя камяні і сцяжынкі залаты дождж лістоты.
Антося кінула ў жар.
– Ты ўпэўнены? Няўжо сямейныя паданні – праўда?
– Глядзі! – Міхась сагнаў з лаўкі Цыпрыяна і на вольным месцы расклаў паперы. Усе згрувасціліся вакол – галава да галавы. – Вось… Гэта нават неспецыяліст зразумее. Малюнак твайго пярсцёнка. А тут – павялічаны фрагмент партрэта візантыйскага імператара другой паловы ХІІІ стагоддзя Міхаіла VІІІ, заснавальніка дынастыі. Бачыце? Такі самы пярсцёнак! Роўнаканцовы крыж, па краях – грэчаскія літары… Ніякіх камянёў, просты метал. А гэта выпіска з тэстамента падкаморага Юрася Дарбута, складзенага ў 1453 годзе. Адразу пасля таго, як у Еўропу дайшлі весткі пра смерць апошняга візантыйскага імператара – загінуў у бойцы з туркамі, абраняючы свой горад. Падкаморы меў траіх дзяцей. Старэйшага сына, Канстанціна, – ад нядоўгага шлюбу з Агнай Чагноўскай, дачкой старавежскага ваяводы, і яшчэ дзвюх дачок ад другога шлюбу. Вось ад гэтага Канстанціна (звярніце ўвагу на імя – радавое імя Палеалогаў!) і пачынаецца твой радавод. У пятнаццатым стагоддзі ў Княстве Літоўскім пры падзеле спадчыны карысталіся правілам, замацаваным потым ва ўсіх статутах: пры наяўнасці сыноў дочкі не наследавалі нерухомых маёнткаў бацькі, а атрымлівалі толькі адну чацвёртую частку кошту маёмасці. Між тым Канстанцін не ўспадчыніў нічога з тае нерухомасці, усё дасталося сёстрам. Хаця я нідзе не знайшоў, каб бацька абвяшчаў яго незаконным сынам. Далей… Нарадзіўся праз сем месяцаў пасля шлюбу. За два месяцы перад тым у Старавежску затрымаўся праездам візантыйскі каралевіч – адкрылася старая рана.
– Дзе – Старавежск, а дзе – Канстанцінопаль… Як сын візантыйскага імператара туды патрапіў? – не вытрымаў Рыгорка.
Міхась паблажліва зірнуў на сумніўцу.
– Вядома ж, выправіўся ён не для таго, каб у нашым мястэчку пагасцяваць. Тады ад Візантыйскай імперыі мала што засталося. Фактычна, адзін Канстанцінопаль. Туркі-сельджукі – з аднаго боку, крыжаносцы – з другога… Стары імператар, бацька старавежскага госця, у адчаі спрабаваў дабіцца дапамогі ў Еўропе, гатовы быў нават на рэлігійныя кампрамісы. І сына адаслаў – і для таго, каб уберагчы ад небяспекі: надта баявіты быў. І дзеля наладжвання гэтых сувязяў… Папросту кажучы – высватаць прынцэсу з магутнай дзяржавы. Магчыма, са Швецыі. А праз нашу краіну, каб ты ведаў, здаўна праходзіў славуты шлях «з варагаў у Бізантыю», або, як яшчэ кажуць, «з варагаў – у грэкі».
– А прынц закахаўся ў нашу прыгажуню! – захоплена ўсклікнула Марылька.
– Наяўнасць пачуццяў я, як гісторык, засведчыць не магу, – з прыхаваным сарказмам сказаў Міхась. – А вось цікавы дакуменцік, складзены апошнім візантыйскім імператарам адразу па ўзыходжанні на прастол, знайшоў. Запрашэнне на службу ліцвінскаму шляхціцу Канстанціну Дарбуту, з наданнем княжацкае годнасці ды іншымі дабротамі. Антось пахітаў галавой.
– Здаецца, у нашым родзе князёў не было…
– Таму, што Канстанцін Дарбут адмовіўся ад запрашэння. Паслаў імператару гарбуза. І, па сутнасці, правільна зрабіў – праз чатыры гады імперыі не стала. Ну і тут яшчэ цэлы стос дакументаў – выпіскі, даведкі ды іншая трасца. Твой продак, вядома, бастард, незаконнанароджаны. Але іншых нашчадкаў Канстанцін ХІ не меў. Дарэчы, яго пляменніца выйшла замуж за расійскага цара Івана ІІІ, так што ты маеш сваяцтва з расійскай каронай.
Міхась самазадаволена складаў паперы.
– Па-мойму, пераканаўча! – радаваўся Цыпрыян. – Гэта вам не рэспубліка, якую можна прыдушыць, і ніхто ў свеце не зварухнецца! Беларускі кароль з імператарскай крывёй у жылах! Такое нават цёмны вясковы дзед зразумее! І ў свеце прызнаюць як міленькія!
– А ці не дурні мы? Камсамольцы-манархісты… – спахмурнеў Міхась. – Ставіць сёння на манархію? У той час, як па ўсім свеце яны разбураюцца. Толькі што пазбавіліся ад «памазанніка», які беларушчыну жыўцом у зямлю закопваў, ствараючы «Северо-Западный край»…
– Пры чым тут сапраўдная манархія? – абурыўся Янук. – Беларускі кароль – проста сімвал, штандар, каб аб'яднаць народ. Да каранацыі і не дойдзе. Мы ж адразу – канстытуцыю… І роўныя правы ўсім…
Антось нарэшце адкінуў задуменнасць. Яго сінія вочы гарэзна бліснулі.
– Ну, дзякуй ад жывога штандара! Я не супраць быў бы застацца звычайным паэтам.
Змоўшчыкі загаманілі, у кожнага выявіліся бліскучыя стратэгічныя планы.
– Але, сябры, хоць можам цяпер смела брацца за справу, трэба памятаць пра непрыемную акалічнасць, звязаную з любой манархіяй, – сурова загаварыў Міхась. – Ідэя манархіі існуе, пакуль існуе манарх. Няма нікога хоць з кропляй крыві дынастыі – усё скончана. І калі Антось загіне… Яго няма кім замяніць.
Усе трывожна паглядзелі на Антося. Нібыта ўбачылі першы раз. Іх кароль, аказваецца, – высокі, гожы, з наіўнымі сінімі вачыма і суровым ротам… Адна Марылька, сцямнеўшы тварам, глядзела на чорна-залатую зямлю.
Антось няёмка рассмяяўся:
– Світу да мяне прыстаўце… Целаахоўнікаў. Глупства гэта! Нікуды я не падзенуся. Яго каралеўская вялікасць умее цыраваць адзежу, секчы дровы і можа пастаяць за сябе.
Міхась зноў дастаў з кішэні паперы, задумліва паглядзеў на
іх.
– Вось што… Я зраблю копіі, і мы іх дзе-небудзь схаваем. Бо калі даведаюцца… тыя, з іх станецца знішчыць нават самі крыніцы. І… беражы сябе, Антось. Залішне нагадваць, але… Да апошняга ніхто больш не павінен ведаць сапраўднае імя беларускага караля. Ты, Антось, не павінен раскрывацца нават нашым аднадумцам.
З таполяў зноў з карканнем узляцелі вароны.
– Кыця-кыця-кыця!
У аддаленні, па дарожцы ад касцёла, рухалася цётка ў вялізным капелюшы. За ёй бегла з дзесятак бадзячых катоў.
– Статс-дама Пальміра Мрачкоўская з пажамі! – захіхікаў Рыгорка.
Яго смех падхапілі астатнія хлопцы, нехта дурасліва замяўкаў. Дзівакаватая жонка тутэйшага доктара была асобай вядомай.
– От разумнікі! – спыніла рогат Марылька. – Гэтая кабета не толькі сабак ды катоў прыкармлівае. Яна суседскіх дзетак за так маляваць вучыць. І мае вучні-беспрытульнікі многія ў яе карміліся, пакуль у інтэрнат не трапілі. А карціны вы ейныя бачылі?
– Добра, добра, Марылька, пераканала. – Янук уладна пагладзіў дзяўчыну па плечуку, але сустрэў насмешлівы позірк і сумеўся: – Давайце па хатах, пакуль дабрадзейная Пальміра сюды сабак не прывяла.
Лісце з шоргатам ападала на зямлю, на помнікі, прыліпала да граніту, быццам безнадзейныя лісты да нябожчыкаў. Маладыя таполі ўмольна цягнуліся галінкамі да ўжо астылага сонца, нібы спадзяваліся дастаць яшчэ крыху летняга цяпла…
Ад брамы ўсе разыходзіліся ў розныя бакі. Янук памкнуўся быў пайсці з Марылькай, але яна подбегам дагнала Антося.
– Можна з табой?
Гэта было так неверагодна, што Антось не змог нічога адпаведнага сказаць. Яны моўчкі ішлі па ціхай Кальварыйскай вуліцы, і ён усё ніяк не мог прыдумаць, пра што пачаць размову – у яго толькі замірала сэрца кожны раз, як лёгкая хустка Марылі, завязаная на шыі, па волі гарэзнага ветрыку датыкалася да яго рукава доўгімі кутасамі. Не куртуазны нашчадак у імператара…
– Я таксама хацела б, каб ты заставаўся «звычайным» паэтам, – раптам суха прамовіла Марылька, так пільна гледзячы наперад, быццам адтуль вось-вось мусіла з'явіцца варожае войска. – Ты мог бы быць вялікім паэтам, Антоська.
– «Мог бы»… Гаворыш, як хаваеш. Я ж яшчэ жывы!
– Вазьмі мяне замуж, Антось!
Ён аж спатыкнуўся. Пачулася, відаць? Марылька ішла, усё гэтак жа гледзячы перад сабой, са спакойным тварам, схаваўшы рукі ў кішэні пацёртага плюшавага пінжачка.
Вядома, пачулася… Але ён раптам усвядоміў, якая дзяўчына ўся напятая – быццам струна…
– Ну дык як? Згодны?
– Паслухай… Я не разумею…
– А што тут не разумець?! – яна рэзка спынілася, пазіраючы на яго злымі зялёнымі вачыма.
Якія ў яе вочы, калі яна злуецца! Напэўна, так ззяюць смарагды, калі глядзець праз іх на сонца. Ён усё яшчэ не ўцяміў. А яна гаварыла – аж перахоплівала голас:
– Няўжо трэба тлумачыць? Мы загінем! Праз тыдзень, заўтра, пазаўтраму! І першага пацягнуць цябе! І ты ніколі… Мы з табой ніколі… Гэта ж горай за смерць! Два гады знаёмыя. Няўжо ты такі сляпы?
Ён верыў і не верыў. Варухнулася страшнае, здрадлівае – хоча пабыць каралевай! Але Марылька, як пачуўшы ягоныя думкі, тупнула нагой:
– Ды не абыходзіць мне тваё каралеўскае паходжанне!
І раптам… заплакала. Закалаціліся худзенькія плечы. Ён ні разу не бачыў, каб незалежная Марылька, якая папросту спраўлялася са сваімі выхаванцамі – былымі беспрытульнікамі, плакала. Ён нясмела пагладзіў яе даланёй па мокрай шчацэ… І адчуў, як па яе целе прайшлі дрыжыкі… Такія ж, як у яго – ад дотыку да яе…
– Дурненькі…– прашаптала яна і так зірнула ў яго сінія вочы, што ўсе ягоныя сумневы расталі бясследна.
Іх узялі ўсё-ткі не праз тыдзень – праз тры месяцы.
Следчыя шчыра рагаталі над спробай пяці студэнтаў стварыць Каралеўства Беларусь. Справу, аднак, засакрэцілі да неверагоднага. Усе, хто меў да яе дачыненне, мусілі быць знішчанымі. Асабліва здзекаваліся над патэнцыяльным каралём. Ён выявіўся надзіва ўпартым. Нават схітрыўся збегчы падчас перасылкі. Ратуючыся ад пагоні, загінуў.
Пальміра Мрачкоўская ў бамбёжку 1941 года згарэла разам са сваім дамком ля Кальварыі – не хацела пакідаць карціны.
На папялішчы доўга збіраліся бадзяжныя сабакі і каты.