355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Сэрца мармуровага анёла » Текст книги (страница 16)
Сэрца мармуровага анёла
  • Текст добавлен: 21 сентября 2016, 16:50

Текст книги "Сэрца мармуровага анёла"


Автор книги: Людміла Рублеўская



сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 22 страниц)

Кастусь Р. і настаўнік-немец больш у пансіёне не з'явіліся. Следства выявіла, што мужчына і хлопчык, паводле пашпартоў – бацька і сын, перасяклі мяжу Расейскай імперыі на мяжы з Прусіяй. Пайшлі чуткі, што немец быў зусім не немец, а італьянец, адзін з галаварэзаў Гарыбальдзі, і ў свой час насіў славутую чырвоную кашулю. Казалі яшчэ, што ён ці то карбанарый, ці то масон і хлопчыка звабіў для нейкіх магнетычных вопытаў, і незразумела, адкуль у яго бліскучыя рэкамендацыі і неаспрэчна высокая адукаванасць.

Стацкі саветнік Валянцін Р. не праявіў зацікаўленасці ў вышуку сына. Падрабязнасці справы былі строга засакрэчаныя.

Кветка вераніка

Сцябло кветкі было такім кволым, што здавалася, яму не ўтрымаць бутона. Той хіліўся долу, нібыта ў цяжкім задуменні – ці варта аддаваць апошнія сілы, каб падарыць свету яшчэ адну драбніцу чыстае красы. Але аднойчы, на досвітку, развінуліся маленечкія сінія-сінія пялёсткі з танюткай белай аблямоўкай – нібыта ўсміхнулася дзіця.

Вінцэсь нават ведаў, як называецца гэтая кветачка, – вераніка дуброўная. У вільготным прыцемку пад старой віхлой у іхнім парку, дзе яны з Алесем і Валянцінам гулялі ў высакародных разбойнікаў, такіх кветак расло шмат… Але тут, між камянёў турэмнага акна, у выбоіне ля жалезнага прута рашоткі…

Сінявокае цуда! Тым больш бясконцыя чатыры месяцы, пакуль доўжылася следства, Вінцэсь правёў у цёмнай падвальнай камеры. Святла было адмерана – абы вязень не аслеп. Нясмелы промень на якую гадзіну прабіраўся ў каменны мяшок праз маленечкую адтуліну наверсе, якая аніяк не заслугоўвала наймення акна.

Шчасце – гэта калі ў адной кветцы табе адкрыецца багацце ўсіх кветак свету.

Вінцэсь крануў зялёны круглы лісцік з далікатнымі зубчыкамі, і падалося, што той у адказ ласкава пагладзіў палец чалавека.

Віхлу ў парку новыя гаспадары маёнтка, напэўна, загадалі спілаваць – скурчаная, сівая ад часу, з чорным дуплом, у якім яны хавалі самаробныя лукі. А галінкі схіляюцца да самай зямлі, утвараючы сапраўдны будан. Неяк на летніх вакацыях – яму было гадоў дзесяць, братам крыху больш – нават зладзілі пад той віхлою, начытаўшыся прыгодніцкіх раманаў, «таемнае брацтва» «Чырвонай рукі» і пакляліся змагацца з несправядлівасцю і абараняць бязвінна пакрыўджаных, асабліва прыгожых жанчын.

Няма больш таго брацтва. Алесь загінуў яшчэ на пачатку паўстання, калі купку інсургентаў абкружылі на ўскрайку пушчы жандары. Валянцін прысуджаны да смяротнага пакарання як кіраўнік атрада. Ён, Вінцэсь, самы малодшы з братоў, пойдзе ў Сібір.

Вінцэсь здагадваўся, каму цяпер належыць іх маёнтак. Вернападданаму, які асабліва выявіўся ў справе задушэння правінцыйнага «бунту». І ў абясшкоджванні былых гаспадароў – дзяржаўных злачынцаў.

Так што віхлы, хутчэй за ўсё, няма…

Звіняць званы… Быццам з неба сыплецца золата. Учора быў Вялікдзень. Хрыстос уваскрос… Вінцэсь мімаволі ўсміхаецца – і ў Сібіры ёсць сонца… І не загінула Радзіма, у якой яшчэ шмат сінявокіх веранік і старых віхлаў.

Загрукаў замок на дзвярах, нібыта цяжка ўставаў з магілы прывідны рыцар у ржавых латах.

– Анталевіч, да вас нявеста. Дзеля свята дазволена спатканне. Збірайцеся…

Хоць ніякай нявесты і нават знаёмай дзяўчыны, якая магла б прыйсці пад гэтым званнем, у Вінцэся не было, хлопец не здзівіўся. Ён ведаў: так робіцца досыць часта. Жанчыны з сем'яў, дзе падзялялі ідэалы разбітага паўстання, наведвалі зняволеных, да якіх не было каму прыйсці, называючыся нявестамі. Былі нават выпадкі – Вінцэсь ведаў дакладна, – што такія наведванні канчаліся сапраўдным каханнем і шлюбам і маладая прыгажуня ехала за мужам у высылку. Калісьці і яму ўсміхаліся прыгажуні…

Вінцэсь успомніў балі ў Віленскім універсітэце, гасцёўню пані М*, дзвюх паненак-блізнючак, што жылі ў суседскім маёнтку, дзе ён з братамі былі частымі гасцямі… Госпадзе, як гэта далёка! Нібыта іншы чалавек – прыгожы, спрытны, элегантны – смяяўся, жартаваў, запрашаў на вальс, гуляў у фанты…

Калі ў пакоі для спатканняў Вінцэсь пабачыў скрозь краты постаць дзяўчыны ў цёмна-зялёнай сукенцы з бялюткім каўнерыкам і капелюшыку з густым вэлюмам, стала горача. Вось дзіва… Ён ніколі раней так не губляўся перад дзяўчатамі. А тут яшчэ ўпершыню падумаў пра ўласны выгляд… Вядома, яму дзеля спаткання прынеслі касцюм, кашулю, далі магчымасць пагаліцца – турэмнаму начальству зусім не даспадобы паказваць шаноўнай публіцы сваіх падапечных у абліччы здзічэлага Рабінзона Круза. Але год турмы нікога не красіць… А да гэтага яшчэ два гады жыцця па лясных лагерах, бойкі – шаблі супраць ружжаў, выпадковыя начлегі, уцёкі – хмызнякі, якія балюча б'юцца пругкімі галінкамі па твары, быццам папракаюць, што ўцякаеш; дрыгва, якая, магчыма, хавае ў сваёй бездані бурштынавы палац або нованароджаную крыніцу, а можа схаваць і цябе; сумёты па грудзі – нібыта ты памёр і ідзеш праз аблокі да Брамы на той свет…

Дзяўчына адкінула з твару вэлюм, і Вінцэсь ледзь стрымаў уздых расчаравання. Вядома, ён не спадзяваўся, што прыйдзе прынцэса з юначых сноў… Але ўсё-ткі…

Нявеста была непрыгожай. Рудыя валасы, тонкія рысы невыразнага, у рабацінках, твару, вочы апушчаныя – быццам баіцца на яго і глянуць… Ды яшчэ адчайна чырванее – аж рабацінкі зліваюцца са скурай. Не, гэта не прынцэса, гэта ў найлепшым выпадку фрэйліна прынцэсы – стаіць са срэбным імбрычкам для кавы па левую руку пані, чакаючы загаду.

Але ж і ён, Вінцэсь, знайшоў час быць пераборлівым!

Вязень як мага больш ветла ўсміхнуўся наведніцы:

– Ну, дарагая нявеста, давайце ж пазнаёмімся бліжэй!

Рудая дзяўчына падняла вочы… І быццам заззялі дзве сінія зоркі… Ці сінія кветкі. І валасы ў яе не рудыя… Яны залатыя, як у ірландскай Ізольды.

– Гэта вам… – Госця працягнула праз рашотку акуратны скрутак у падаруначнай паперы з залацістымі херувімчыкамі, перавязаны белай атласнай стужкай.

Жандар, які сумаваў у дальнім куце пакоя, не зварухнуўся. Вінцэсь зразумеў, што змесціва скрутка ўжо правяралі.

– Дзякуй… Але як вас усё-ткі зваць?

– Вераніка… І… я, пан Вінцэсь, шмат пра вас ведаю. Вы нават не здагадваецеся, як шмат…

– Ад каго, калі не сакрэт? Дзяўчына зноў зачырванелася:

– Ад… ад агульных знаёмых…

Вінцэсь не перапытваў. Яму, вязню, не пра ўсё могуць распавядаць, што дзеецца на волі. Ён глядзеў на дзяўчыну, і яна ўсё больш і больш падабалася яму. Можа, сястра кагось з паплечнікаў? Хто з яго знаёмых быў такі руды? А можа, яна ведала яго, Вінцэся, ужо даўно, употайкі здаля назірала за ім, бліскучым маладым чалавекам. Але хіба тады ён звярнуў бы ўвагу на гэтую сінявокую рудую мышку?

– Зараз праверым, ці праўда вы шмат пра мяне ведаеце… Чулі пра брацтва «Чырвонай рукі»? – таямнічым шэптам запытаўся Вінцэсь.

У рудзенькай аж вочы скругліліся ад спалоху.

– Пятнаццаць год таму, пад старой віхлой…

Ён умеў расказваць. А яна ўмела слухаць. Хутка ім здалося, што яны знаёмыя ўжо даўно-даўно, і свет турмы з яе катавальнямі і каменнымі мяшкамі, вошамі і гнілымі сеннікамі падаваўся нерэальным і недатычным іх.

На развітанне яна працягнула яму яшчэ нешта, загорнутае ў хустачку…

Велікоднае яйка… Чырвонае, з кранальным папяровым зайчыкам, прыклееным збоку…

– Хрыстос уваскрос.

– Сапраўды ўваскрос.

Яны тройчы пацалаваліся праз рашотку. Яе вусны былі цёплыя і пяшчотныя, як сагрэтыя сонцам пялёсткі шыпшыны. Вінцэсь схамянуўся:

– У мяне таксама ёсць для вас падарунак…

І дастаў з кішэні сурдута маленькую сінюю кветку.

– Яна ваша цёзка… Вераніка дуброўная… Дзякуючы вам, яна патрапіць на волю.

Дзяўчына паглядзела на вязня роспачнымі вачыма, якія ад слёз зрабіліся яшчэ сінейшымі, і схавала кветку ў складзеных далонях – нібы кволае птушаня.

– Спатканне закончана!

Якое, аднак, мёртвае паветра ў яго камеры… Здавалася б, акно незашклёнае, холад часам сабачы, а турэмны пах невынішчальны.

Вінцэсь задумліва глядзеў у сіняе неба, перакрэсленае рашоткай. А калі б ён прапанаваў госці стаць сапраўднай нявестай? Ці адмовілася б? Прынамсі, верыцца, што не пасмяялася б над дзёрзкасцю амаль незнаёмага маладога чалавека без будучыні.

Вядома, гэта глупства… Мары… Але калі яна прыйдзе наступны раз… На катаргу яго адправяць толькі праз месяц…

Яна больш не прыйшла.

Рудзенькая дзяўчына, сцягваючы з рук пальчаткі колеру французскай зеляніны, забегла ў кабінет не пастукаўшыся – быццам ветрык заляцеў. Паважанага выгляду сівавалосы чалавек у модным персідскім халаце адклаў на столік кніжку, прыўзняўся з фатэля насустрач гарэзліваму стварэнню.

– Веранічка! Прыехала! Ну, як у цёткі гасцявалася? Дзяўчына ўсхвалявана засакатала:

– Тата, цяпер светлая сядміца! У гонар свята паабяцай, што выканаеш маю просьбу! Паабяцай, калі ласка!

Сівагаловы пан жартоўна ўздыхнуў:

– Ну, ты ведаеш, я не магу табе адмовіць.

– Не знішчай старую віхлу там, у парку, ля сажалкі, дзе ты хацеў пабудаваць альтанку!

Бацька здзіўлена падняў бровы:

– Сапраўды, нечаканая просьба!

Вочы дзяўчыны бліснулі, як дзве сінія маланкі.

– Ты даў слова… Лічы, што гэта мой капрыз. Тое дрэва абуджае ўва мне рамантычныя згадкі.

Стары пан камічна развёў рукамі.

– Ну, раз абяцаў…

– Дзякуй, татачка!

Дзяўчына імкліва пацалавала бацьку ў шчаку і гэтак жа імкліва рушыла ў свой пакой. Там яшчэ было не зусім утульна – пасля засялення давялося мяняць абіўку на сценах, закупляць мэблю. Папраўдзе, цяперашнім гаспадарам хацелася змяніць тут усё да драбніц.

Але віхла няхай будзе…

Дзяўчына дастала з рыдыкюля насоўку, разгарнула… Кволая кветка зусім звяла. Яе пялёсткі пабляклі і больш не нагадвалі нічые вочы. Хіба выцвілыя вочы старога…

Дзяўчына нейкі час моўчкі глядзела на кветку. Потым падышла да кніжных паліц, узяла кнігу з надпісам на французскай мове: «Аляксандр Дзюма. Граф Монтэ-Крыста», уклала між старонак вераніку дуброўную і зноў паставіла важкі том на месца.

Лікантроп

Ствалы высокіх карабельных соснаў – зверху бурштынавыя ад сонца, а пачынаючы з сярэдзіны цёмныя, быццам пастарэлыя – і ля самай зямлі кантрастна да юнай пяшчотнай скуры вяршыні пакрыты сівым змрочным мохам. Нават пры невялікім ветры дрэвы пагойдваюцца, сутыкаючыся шырока раскінутым голлем. Таму, хто глядзіць на іх з акна маёнтка Варгуны, здаецца, што сосны ідуць проста на яго, нязграбныя і адначасова страшныя, ідуць на нягнуткіх сваіх нагах, нахіляючыся з боку на бок, і вось-вось праб'юць тонкае шкло, упраўленае ў свінцовыя рамы, жорсткім, як дзіды, голлем…

Але чалавек у маёнтку расчыняе акно тонкай рукой у пярсцёнках і крычыць, перагінаючыся ўніз з вышыні трэцяга паверха:

– Грынь! Сёння палявання не будзе! Замкні сабак! І не выпускай, пакуль не скажу…

Унізе адклікаюцца грубым незадаволеным голасам:

– Як сабе хочаш, пане… Сабачы абураны віскат сціхае.

Чалавек рэзка адыходзіць ад акна, захінае на грудзях аксамітны халат, быццам ад холаду, і ўсё ходзіць па пакоі, і стогне, і горка пасмейваецца, і не зачыняе вакно… Ізноў, ну чаму ізноў… Божа мой, Божа літасцівы…

Багата, нязвыкла багата жывуць у гэтай вёсцы мужыкі. Хаты крытыя не саломай, не гонтаю – ладнай манастырскай дахоўкаю, стрэхі – «у закот», і ў кожным двары – буслянка… Пан паручнік аглядаецца і назірае свой панылы атрад – дзесяць натомленых жандараў на запырсканых гразёю конях… Прынамсі, дарогі тут такія ж, як і ў Расеі. Але – не Расея… Ліцвіны, беларусы, цёмны, забабонны люд. Яны хаваюць у каморах драўляных каталіцкіх святых і ў «чырвоныя» дні мажуць іх вусны мёдам. За праваслаўнымі абразамі ў іх схаваны пук святаянніку, сабранага на паганскае Купалле, і абавязкова вісіць вянок часнаку – ад нячыстай сілы. А пад вянцом кожнай хаты, які скіраваны на ўсход, быў некалі закапаны жыўцом певень – няшчасны сонечны вястун…

Пан паручнік грэбліва крывіць вусны. Чужое… Але ж усё навокал можа ў будучым належаць яму, вернападданаму рускаму двараніну…

Апошняе восеньскае сонца шчодра залоціць Паўночна-Заходні край імперыі. Над дарогай самкнуліся шаты соснаў, карункавыя мігатлівыя цені ляглі пад ногі коней. І гэты шум – быццам хвалі… Крыху ўяўлення – і поўнае адчуванне, што едзеш па дне ракі з празрыстай, працятай сонцам вадою…

Вось, напэўна, і мяжа маёнтка. Двое мужыкоў у маленькіх ваўняных шапках – здаецца, яны называюцца магеркі – паварочваюць бервяно, што перагарадзіла дарогу, на дзвюх падпорках-рагулях… Напэўна, і самі гэтыя Варгуны – звычайны недагледжаны старасвецкі дом, крыху лепшы за хату заможнага селяніна… А ўладальнік – неадменна тыповы засцянковы шляхцюк, чыя пыха большая за дзіркі, што праела моль у яго век не вытрасаных прадзедаўскіх кілімах…

Сосны падступаюць, здаецца, да самых сцен дома… Але можна разгледзець, што будыніна вялікая, на тры паверхі, з урачыстай каланадай пры ўваходзе. Хаця, вядома, крыху запушчаная… Конь паручніка ўпарціцца, падымаючы цэлы фантан гразі капытамі, і дрыжыць… Што за морак напаў на коней? А тут яшчэ жудаснае сабачае скавытанне аднекуль з гаспадарчых прыбудоў сядзібы…

У вокнах вялікага пакоя для гасцей гасне чырвонае сонца (няўжо такі позні час?). Ля сцен нязграбная, аздобленая разьбою мэбля чорнага колеру, у якой нешта ёсць ад труны. І гэтая дружная завядзёнка мясцовых жыхароў ставіць печку ў бліжэйшым да ўвахода куце… Паручнік касавурыцца на абкладзеную бліскучай зеленаватай кафляй печку, і яму здаецца, што пузатыя голенькія херувімчыкі з куфлямі піва з кожнай кафлі пазіраюць на яго, павярнуўшы хітраватыя тлустыя тварыкі, і падміргваюць самым ганебным чынам. Паручнік чуе, як жандары за яго спінаю ўголас захапляюцца звярынымі галовамі, якія ўпрыгожваюць пакой. Зубры, туры, алені, ласі, мядзведзі, дзікі шчэрацца са сцен, пабліскваюць амаль жывымі, налітымі крывёю вачыма, здаецца, нават пагойдваюць вялізнымі рагамі…

Вяртаецца слуга – у сурдуце, з бакенбардамі і абразлівай важнасцю:

– Пан Леанард просіць прабачэння ў вельмішаноўнага панства, што па прычыне кепскага здароўя не можа спусціцца, каб сустрэць вас асабіста. Пан чакае вельмішаноўнае панства ў бібліятэцы…

Паручнік хмыкае: гаспадар, відавочна, перапалохаўся. Нічога. Падымемся самі, не цяжка…

Паручнік і трое жандараў ідуць за слугою наверх па драўлянай адпаліраванай лесвіцы. З двара далятае абрыдлае сабачае выццё і спалоханае ржанне коней.

У вальтэр'янскім утульным крэсле сядзіць вытанчаны, з кранутымі сівізною скронямі пан. На ім пунсовы аксамітны халат, аблямаваны цёмна-фіялетавай тафцяной палоскай, на нагах – турэцкія расшытыя пантофлі з задранымі насамі. Далікатная, у пярсцёнках рука адкладае пухльны томік… А казалі, што знакаміты паляўнічы…

– Даруйце, шаноўныя, што не ўстаю – раматуз.

Ад гэтага ветліва-раўнадушнага голасу і цвёрдага позірку шэрых насмешлівых вачэй чырвань кідаецца ў твар паручніку. Праклятыя напышлівыя шляхцюкі… Але пачакай, даражэнькі, паслухай імператарскі загад: «За садзейнічанне мяцежнікам…

Неданясенне на змоўшчыкаў… Падлягае арышту… Вобыск… Канфіскацыя маёмасці…»

Пан Леанард задумліва перабірае пышны чырвоны кутас на канцы свайго пояса… Што ж, госці прыехалі дакладна ў час…

– Мой дом і я ў вашым распараджэнні… Дазвольце толькі хвораму чалавеку застацца ў крэсле…

Тонкая рука зноў бярэ кніжку. Паручнік крыкліва аддае загады – аж голас зрываецца на хлапечы дыскант ад неўсвядомленай злосці на вытанчанага арыстакрата, які ўсё жыццё піў вунь з тых пераліўчатых парцэлянавых кубкаў – паручнік бачыў такія толькі ў тых сямействах, дзе на яго ніколі не глядзелі як на магчымага жаніха… Кволая на выгляд рука ў пярсцёнках сціскала гэтую стрэльбу з цудоўнай срэбнай гравіроўкай, і каралеўская здабыча – зубр – падыхала ля ног, што цяпер грэюцца ў расшытых сапраўднымі перлінамі пантофлях… Такі і на вісельню пойдзе з лёгкай пагардлівай усмешкай… На хвілю афіцэр адчувае сябе бездапаможным, загубленым разам з купкаю жаўнераў у чужых лясах і балотах, адкуль цэлы дзень хуткай язды да бліжэйшага мястэчка.

«Усё будзе маё!»– з'яўляецца з падсвядомасці радасная думка, і паручнік зноў набывае ранейшую ўпэўненасць і, пакінуўшы жандараў сцерагчы арыштаванага, ідзе камандаваць дзеяннямі астатняй часткі атрада.

У бібліятэку разам з сабачым скавытаннем пачынае далятаць гук разбітага посуду і жаночы віск.

Цямнее. У маёнтку запальваюць свечкі. Паручнік, спяшаючыся, складае пратакол вобыску. Заўтра зноў гразкія вераснёўскія дарогі, тужлівыя крыкі балотных птушак і на кожнай развілцы – страшны драўляны Ісус, раскрыжаваны на пахіленым негабляваным крыжы… А сёння ёсць нарэшце магчымасць пераначаваць у людскіх умовах, на пуховай пярыне, у велізарным панскім ложку пад казачным балдахінам… Пан Леанард сказаў, што праседзіць да раніцы ў бібліятэцы – з улюбёнымі кніжкамі… інтэлігентны чалавек. Дастаткова аднаго вартавога перад дзвярыма і двух – пад вокнамі…

Прынамсі, кухня тут вышэй ухвалы… Кухара ні ў якім разе не трэба звальняць.

Пан Леанард сядзіць у сваім утульным крэсле. За вокнамі хістаюцца цёмныя постаці соснаў. Калі вецер узмацняецца, яны сутыкаюцца не толькі галлём, але і стваламі, і тады чуваць сухое пастукванне дрэва аб дрэва. Раптам да звыклага паху старых кніжак далучаюцца тысячы розных пахаў і іх адценняў, нібыта да аднаго нягучнага інструмента – цэлы аркестр. Пан Варгун улоўлівае нават горкі пах пажарышча на месцы суседняга маёнтка.

Амаль адразу ж абвастраецца гукавое ўспрыняцце – мільёны гукаў – шоргаты, драпанні, стогны, шэпты, крокі – урываюцца ў адвыклы мозг, так што патрабуецца нейкі час, каб зноў авалодаць свядомасцю…

Пара… Пан Леанард бязгучна ўстае і дзьме на свечкі, што гараць на круглым мармуровым століку. Запаноўвае цемра, але вочы набываюць нечаканую вастрыню зроку – усё навакольнае бачна зусім выразна, быццам у нейкай шэрай падсветцы. Цяпер пачынае страшэнна свярбець скура. Пан, спяшаючыся, развязвае пояс і скідае халат. Чырвоны колер аксаміту выклікае неадольнае раздражненне, і Варгун запіхвае скінутую адзежу ў ніжнюю шуфляду шафы.

Цела працінаюць нябачныя струмені энергіі, якая, здаецца, зыходзіць з поўні, што зазірае ў акно. Уся істота чалавека вібрыруе, напаўняецца моцай і вясёлым шалам. Неадольна хочацца ўстаць на карачкі… Магутны звярыны рык ірвецца скрозь сціснутыя зубы – ці іклы? Шыбы акна ціха разыходзяцца, упускаючы ноч. Унізе, у зарасніку язміну, відаць дзве ненавісныя белыя фуражкі…

З акна другога паверха маёнтка Варгуны на зямлю, укрытую кілімам першага лістабою, бязгучна саскоквае вялізны воўк з шэрымі вачыма, у цэнтры якіх гараць два жоўтыя агеньчыкі – як пялёсткі свечак…

Жудасна выюць сабакі, на стайні рвуць аброці ўспененыя коні, дворныя людзі, не кажучы ні слова, устаюць з ложкаў, пазяхаючы, вешаюць на дзверы і вокны сваіх пакояў звязкі часнаку і чартапалоху – цяпер ні ведзьма, ні ваўкалак не ўвойдзе; жагнаюцца і зноў кладуцца спаць, забабонныя, цёмныя, спакойныя…

На раніцу прыслуга доўга прыбірае дом, зусім не дзівячыся начному знікненню прыхадняў.

У бібліятэцы, ва ўтульным вальтэр'янскім крэсле, сядзіць пан Леанард Варгун. Чырвоны аксамітны халат перавязаны поясам з вялікімі бухматымі кутасамі, вытанчаная рука ў пярсцёнках перагортвае старонкі томіка лацінскіх вершаў, а за акном хістаюцца, пагойдваюцца сосны, што ідуць да маёнтка і ніяк не наблізяцца да яго ўшчыльную…

– Грынь, рыхтуй сабак! Сёння ідзём на паляванне!

Гайвароны

У парку вакол маёнтка Гайвароны даўно не гняздзіліся тыя крыклівыя чорныя птушкі, што калісь далі назву і маёнтку і навакольнай вёсцы.

Расказвалі, што колішні ўладар маёнтка, знелюбіўшы крылатых вяшчунак няшчасця, учыніў на іх такое спусташальнае паляванне, што нават іхнія нашчадкі захавалі насцярогу да праклятага месца.

Невядома, ці так яно было, бо пані, якой належаў маёнтак цяпер, не магла б пакрыўдзіць птушку.

Яна забараніла нават знішчаць кратоў – гэтых агідных сляпых звяркоў, што здольныя папсаваць найпрыгажэйшую клумбу, а яе – у форме складанага вензеля, падобную на кошык з кветкамі – так доўга ладзіў перад уваходам у дом стары немец-садоўнік. І доўга лаяўся на сваёй гергецкай мове, калі пані не дала спатоліць справядлівую прагу помсты. Падумаеш, «стварэнні божыя»!

Праўда, і клумба тая была не зусім дарэчы ў парку, па змрочных прысадах якога даўно не прахаджваліся вясёлыя госці, а цёмныя ліпы былі такімі старымі, што здавалася, вось-вось са стогнам сагнуцца, абапіраючыся аб чорную зямлю нязграбна выцягнутымі лапамі. Галене, дачцэ гаспадыні, часам думалася, што вароны не селяцца на гэтых дрэвах менавіта таму, што пабойваюцца ненадзейнасці такога апірышча для гнёздаў. Але не – безумоўна, усе знакі бяды былі звязаныя з тым днём, калі прыйшла страшная вестка пра братоў…

Галене было тады дзесяць год. Яна мала што памятала – галасы чужых людзей, гучныя, як удары пугай. Строгі твар маці, такі збялелы – што здаваўся незнаёмым. Нават голас – не пазнаць:

– Мужчыны ў нашым родзе не баяцца паміраць за радзіму. І самавіты мужчына з чорнымі бакенбардамі, у ваенным мундзіры, вельмі важны і сярдзіты, чамусьці апускае вочы.

О, Галена ганарыцца сваёй маці! Самы яркі ўспамін – як яны разам апускаюцца на калені перед маленькім столікам з палаючымі свечкамі ў колішнім бацькавым кабінеце, і маці, паказваючы дагератыпы, гаворыць:

– Твой брат Генусь Вайтылаў… Харунжы… Расстраляны. Твой брат Янук Вайтылаў… Забіты ў бойцы пад Варкавічамі. Твой брат Алесь Вайтылаў… – Тут голас маці заўсёды ледзь адчувальна ўздрыгвае. – Сасланы ў Сібір, знік без вестак… Ніколі не забывай, яны – героі.

Так, і заўсёды дадавала пра бацьку – хаця памёр у сваім ложку, ад сардэчнай хваробы, каб меў найменшую магчымасць – таксама пайшоў бы ў бойку за сынамі.

Маці здавалася ў гэтыя моманты Галене незвычайна прыгожай. Сетка дробных зморшчын скрадваецца прыцемкам, і вочы таямнічыя, бы дно студні, у якую ўпала зорка. Яркія маленькія вусны горка падцятыя, бровы як зламаныя крылы… Смуглявая скура, дасканалы авал твару, цёмныя, перавітыя сівізной, быццам вытанчаным упрыгожаннем, валасы гладка зачасаныя пад чорны каптур… Сама Галена была зусім не такой. Праўда, цемнавокая і стройная, як маці, але… Нават прыслуга лічыла ейны загад як бы не канчатковым, пакуль не пацвердзіць пані. Галене споўнілася ўжо дваццаць чатыры – па мясцовых паняццях старая дзеўка. Нібыта маці і не была супраць таго, каб дачка займела сям'ю, – сама ж бясконца гаварыла пра Галеніных будучых дзяцей, якія мусяць захаваць памяць роду. Але і нічога дзеля ўладкавання лёсу дачкі не рабіла – здавалася, у маёнтку Гайвароны ўсталяваўся час, незалежны ад знешняга, і паважаліся толькі свае законы і свае прывіды. Абедзве гаспадыні хадзілі выключна ў жалобе. Вядома, што баляванняў – неабходных у доме з паненкай на выданне – і не прадбачылася. Дый і сціплыя сродкі не надта гэта дазвалялі. Шчасце, не канфіскавалі сам маёнтак і стары парк. У глыбіні душы Галена была перакананая, што прычынай гэткай паблажлівасці – павага, якую маці выклікала нават у заклятых ворагаў. Не, госці ў доме бывалі – але яны таксама жылі мінулым. Будучае ўвязвалася толькі з надзеяй на справядлівую помсту.

Галена не задумвалася пра свой лёс. Вядома, калі так здарыцца, што трэба будзе пакінуць Гайвароны – прычынай гэтаму стане толькі герой і пакутнік. Такі ж, як яе браты. А пакуль спраў хапала. Хаця б – клапаціцца пра тых, у каго няма нават абрабаванага маёнтка. У Гайвароны, не баючыся, заходзіў і сляпы лірнік, і гаманлівая цыганская чарада, і паломнікі, што крочылі па святых мясцінах, знаходзілі тут начлег і хлеб. Вось і цяпер… Дзяўчына заспяшалася да дома па цёмнай прысадзе, раскідваючы лёгкімі крокамі апалую лістоту, ужо не залатую, а ржавую, быццам высахлая кроў,– перад ганкам бачыліся дзве шэрыя постаці, і нават здалёк у іх адчувалася асаблівае смірэнне, уласцівае тым, хто жыве з чужой літасці.

Маці ўжо стаяла на ганку. Дакорліва зірнула на дачку. Чаму Галена так і не перастала адчуваць ад такіх позіркаў пякучую хвалю сораму – рыхтык як у дзяцінстве, нават калі правіна была зусім нязначная?

Паломнікі ішлі з Жыровічаў, ад цудатворнага абраза Маці Божае. Сівенькі дзядок увесь свяціўся нядаўнім далучэннем да цуда – здавалася, што кавенька ў яго руцэ дрыжыць таксама ад узрушэння. Стары бясконца прамаўляў словы ўдзячнасці і малітвы слабым, бы кепска нацягнутая струна, голасам, і здавалася, нібыта ён размаўляе на птушынай мове. Дзед Галене спадабаўся – у яго смірэнні не было ні прыніжанасці, ні сялянскай хітрынкі. Не было іх і ў другога госця. Галена вырашыла чамусьці, што той былы жаўнер – нават жахлівая худзізна не папсавала дарэшты высокую плячыстую паставу, а праз левую палову твару цягнуўся пачварны шнар – падобна, што ад шаблі, ад чаго куточак вока быў адцягнуты ўніз. І рукі ў яго былі не сялянскія – з тонкімі пальцамі. Хоць паломнік яшчэ малады, але доўгія валасы і барада напалову сівыя. Вочы цёмныя, але гэткія ж празрыстыя, дабрэнныя, як у дзеда. Як і належыць паломнікам, абодва ўвешаныя абразкамі і ладанкамі. Маладзейшы госць маўчаў. Толькі калі сядаў за стол у пакоі для чэлядзі, пад яго вопраткай нешта грукнула… Зброя?! Але ворат кашулі трохі расхінуўся, Галена ўбачыла ланцуг, цёмныя шнары… І зразумела, што госць носіць вярыгі. Чамусьці ёй зрабілася непрыемна ад гэтага адкрыцця, і дзяўчына сышла ў свой пакой.

Восеньскія цёмныя вечары цягнуцца доўга, вельмі доўга… Нават калі запаліць камін і разгарнуць дасланы з апошняй поштай раман – шчымлівае пачуццё закінутасці, загубленасці ў бясконцай восеньскай цемры апаноўвае душу невымоўным жалем. І калі ў доме запальвалі свечкі, маці запрашала ў свой пакой гасцей – кім бы яны ні былі… І ўважліва выслухоўвала сто разоў чутыя навіны ці малітоўныя песняспевы… Так, і яшчэ абавязкова пыталася, што госці ведаюць пра братоў Вайтылавых. Звычайна пахаджане былі папярэджаныя пра такі інтарэс і адказвалі нешта накшталт «О, гэта героі! Волаты!», і пані ўцірала шчаслівую слязу. Калі ж нехта не ведаў пра братоў-герояў, гаспадыня сурова падціскала вусны і траціла інтарэс да прыхадня. І ейная маўклівая пагарда была горшай за крык ці аплявуху.

Высокае грувасткае крэсла, у якім сядзела пані Вайтылава, належала яшчэ іх продку, легендарнаму Вайтылу, мечніку князя Вітаўта, які і заснаваў маёнтак на землях, падараваных за верную службу. Дрэва ад часу зрабілася зусім чорнае, абіўку мянялі некалькі разоў – цяпер гэта быў зеленкавата-залацісты габелен. Але мядзведжая галава, частка герба Вайтылавых, усё гэтак жа пагрозна шчэрылася са спінкі. Сённяшнія госці стаялі нават не на сярэдзіне пакоя, а ў парозе – недарэчныя постаці ў шэрым радне на фоне паліраваных драўляных панеляў сцен. «А маці пастарэла…» – нечакана падумала Галена, якая сядзела справа ад матчынага крэсла на зэдліку са сваім вышываннем, – чырвоныя гронкі арабіны на залацістым шоўку. Так, маці пастарэла – дадалося сівізны, і авал твару ўжо не такі дасканалы, і паглыбіліся горкія зморшчыны ад крылля носа да куточкаў вуснаў.

Старэйшы з гасцей прамаўляў менавіта так, як чакала гаспадыня.

– Прытулі, Госпадзі, чыстыя душачкі загінулых воінаў у сваіх лепшых церамах завоблачных, бо былі яны воямі магутнымі і жыцця не шкадавалі дзеля бліжніх сваіх… І кроў іхняя на святым-белым Алатыр-камені, а слава іхняя на ўсіх пляцах звонам-гудам…

Другі госць упарта маўчаў, і Галене рабілася ўсё больш і больш няёмка ад позіркаў яго цёмных, глыбокіх, як студня, вачэй. Праўда, збольшага паломнік глядзеў у старанна наваскаваную, як было прынята ў гэтым доме на працягу стагоддзяў, падлогу.

– А ты, чалавеча, што можаш сказаць пра вояў з гэтага дома?

Паломнік падняў галаву:

– Вашы сыны верылі ў тое, за што змагаліся. Вера многае выкупляе.

Пані неўразумела прыўзняла бровы:

– Выкупляе? Што ты вярзеш, мужык?

Госць, аднак, не апусціў вачэй і працягваў тым жа спакойным, нават адсланёным голасам:

– Калі вядзецца вайна, гінуць не толькі воі… І не толькі вінаватыя. Той, хто ўзяў меч, мусіць быць гатовы адказваць за пралітую кроў. Асабліва калі гінуць тыя, хто верыў табе.

Голас пані быў халаднейшы за мокры вецер, які стукаўся ў шыбы.

– Якое права маеш ты гаварыць такое? Паломнік нахіліў галаву.

– Я ваяваў.

Голас пані памякчэў.

– Ты, відаць, моцна пакутаваў. Але хіба ты збіраўся аддаць жыццё за нешта благое? Або цябе гвалтам прымусілі ўзяць зброю?

Паломнік ледзь заўважна ўсміхнуўся ў бараду.

– Ніхто не змог бы прымусіць мяне стаць воем, як нельга прымусіць пакахаць. Я верыў у тое, за што пайшоў на смерць. Але я занадта мала ведаў пра жыццё і смерць. І нічога не ведаў пра Таго, хто ўладарыць над жыццём і смерцю, бо Яго не было ў маім сэрцы, апантаным юнацкай прагай славы.

– Цяпер ты паразумнеў? – у пытанні была не шкадоба, а лёгкая пагарда.

Вочы госця былі зусім ясныя.

– Розум – ненадзейны правадыр таму, хто шукае шлях да Госпада. Гэта гардыня, ланцуг, які прывязвае чалавека да ягоных мерцвякоў і не дае ўзыходзіць любові да ўсяго Божага свету. У Бібліі сказана – няхай мёртвыя хароняць сваіх мерцвякоў. Малітва мацней ведаў і зброі. Я проста навучыўся маліцца. За памерлых герояў. І за ворагаў.

Пані амаль зласліва адвярнулася.

– Як хрысціянка, я не магу адпрэчыць сілу малітвы. Галена адчула, што патрэбна ўмяшацца, – маці магла зазлаваць усур'ёз.

– Раскажыце пра свае падарожжы.

Дзядок удзячна пачаў гаманіць пра святыя мясціны, дзе давялося пабываць, пра добрых людзей, што паспрыялі ў дарозе, як і яе мосць пані Вайтылава. Вось мінулай ноччу іх прытулілі ў доме шаноўнага пана Гаеўскага, што за некалькі вёрст адсюль, і дачка пана Гаеўскага перадала ахвяру на свечку да абраза Смаленскай Маці Божае, і, вядома, яны гэтую свечку паставяць і памоляцца за маленькага паніча, які пакутуе на хваробу горла…

Пані, не слухаючы далей, узнялася і моўчкі пайшла ў апачывальню.

Пакаёўка, скіроўваючыся за гаспадыняй, злосна прашыпела паломнікам:

– Гэць адгэтуль. Разбалабоніліся. Ідзіце ў гасцявую, і каб раніцай духу вашага не было, гіцлі.

Дзядок разгублена пераступіў з нагі на нагу, не разумеючы, з чаго ўгневалася пані, перахрысціўся і сышоў. Малады паломнік нейкі час глядзеў на дзверы, за якімі знікла гаспадыня, потым зноў неяк асабліва ўсміхнуўся і, не выказваючы ні здзіўлення, ні прыкрасці, таксама павярнуўся, каб сысці.

– Пачакайце!

Галена чамусьці сказала гэта па-французску. Але госць спыніўся, на імгненне застыў у дзвярах, нахіліўшы галаву. Потым зірнуў у твар дзяўчыне.

Галена зноў адчула нязвыклую няёмкасць.

– Слухай… Ты… вы не павінны крыўдзіцца на маці. Проста той пан, у якога вы спыняліся, нядобры чалавек. Ён… ягоная частка віны ў тым, што мае браты загінулі.

– Я ведаю пра гэта, – ціха прамовіў госць. – Не турбуйцеся. Мяне нельга пакрыўдзіць. Ноччу я буду маліцца за гаспадыню гэтага дома.

Ён яшчэ раз дзіўна зірнуў на яе, быццам жадаючы запомніць нешта важнае. Дзяўчына раптам усвядоміла, які ён гожы – нават з гэтым пачварным шнарам і ссівелымі доўгімі валасамі, са сваёй худзізнай і ў лахманах… Прыгожы, як вызубраная, пазбаўленая аздабленняў зброя, – бо прыгажосць улітая ў сталь, з якой яе скавалі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю