Текст книги "Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)"
Автор книги: Лидия Адамович
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 14 страниц)
– Пакойчык знайшлi, а кубка – не... Пайшлi пакажу, дзе той пакойчык, пацягнула яго за руку Гайва.
Неўзабаве ад галоўнага ходу аддзялiўся ў правы бок другi ход, вузейшы. Яны звярнулi туды, але хутка натыкнулiся на сцяну.
– Завяла! – расчаравана прамовiў Мiкола i прытулiўся да халоднай сцяны. Раптам заўважыў збоку вывалены камень, пасвяцiў туды лiхтарыкам. – Гэй! Ды там жа, пад намi, яшчэ адзiн калiдор! Глядзi!
Гайва прасунула ў шчылiну галаву i сапраўды ўбачыла ў цьмяным святле лiхтарыка каменную падлогу...
– Можа, там якi пакойчык? – шапнула яна. – Але мы, сябра, не туды прыйшлi! Трэба вярнуцца назад, да галоўнага калiдора, прайсцi далей, там будзе паварот налева, я пераблытала – Блакiтны пакойчык знаходзiцца далей. Трэба доўга iсцi, а потым налева звярнуць, там, дзе чырвоным адзначана – крыжык спелеолагi паставiлi...
– Усё роўна ж кубка там не знайшлi, – адмахнуўся Мiкола. – Стой тут, а я скокну – гляну, што там!
I знiк у прагалiне.
...Мiкола стаяў у пакойчыку сярод халодных сцен, выкладзеных камянямi, палова з якiх вывалiлася са сцяны i ляжала пад нагамi. Хлопец асвятлiў пакойчык лiхтарыкам, крыкнуў нешта ўгару Гайве i накiраваўся ў адтулiну, што была раней дзвярыма. Прайшоў яе i апынуўся ў шырокiм калiдоры. Доўга iшоў па iм, калi раптам з-за вугла паказалася нейкая постаць. Мiкола асвятлiў яе. Жанчына ў ружовым халаце, з сабранымi ў пук валасамi нават не адрэагавала на святло. Яна цiха наблiжалася да яго. Калi параўнялася, запынiлася i глянула на яго. "Цётка Соф'я? – здзiвiўся Мiкола. – Аленчына мацi! Як яна сюды трапiла?"
Жанчына пайшла далей i знiкла за паваротам. Мiкола пайшоў у той бок, з якога iшла яна, але хутка натыкнуўся на сцяну. Нейкi страх пракраўся ў душу. Мiкола подбежкам вярнуўся ў пакойчык, пасвяцiў угару i ўбачыў вясёлы тварык Гайвы.
– Ну што, знайшоў кубак? – засмяялася яна.
– Пашукай дзе вяроўку, – папрасiў ён. – Я хачу выбрацца адсюль!
Гайва пабегла, а Мiкола прысеў на выступ у сцяне, адштурхнуў нагою невялiчкi камень. Той адкацiўся, але, як здалося Мiколу, з металiчным грукатам. Хлопец пасвяцiў уперад i ўбачыў на падлозе... кубак! Схапiў яго i пачаў разглядваць. Зялёны ад сырасцi i цвiлi жалезны кубак сапраўды быў з вечкам. Мiкола адкрыў яго, заглянуў усярэдзiну. Ён быў пусты...
– Там нiчога няма! – закрычаў ён Гайве, якая ўжо спускала яму вяровачную лесвiцу.
– I мары твае, i словы, i каханне – усё гэта дутае, вось такое, як кубак гэты прыгожы! – засмяялася Гайва. – Усярэдзiне ў iм – пустата!
Мiкола пачаў падымацца. Кiнуў позiрк унiз, i яму падалося, што там стаяла i пазiрала на яго жанчына ў ружовым халаце...
Аўдоцця, папраўляючы белую ў крапiнкi хустку, уляцела ў двор дзеда Ўладыморыка. Той корпаўся ў агародзе.
– А бяроз ля цябе насаджана, ай колькi! Мусiць, поўны пограб квасу! сакатала маладзiца i дакранулася рукою да ствала дрэва. – Ай, спёка якая, а бяроза халодная як лёд!
– Белы колер бярозы не для прыгажосцi, – пасмiхнуўся дзед. – Бачыла, як вясною беляць дрэвы? Гэта робяць, каб зберагчы дрэва ад сонечных апёкаў... Вось i бярозе Гасподзь даў белы ствол, каб сонечныя промнi не шкодзiлi.
– А дуб як жа тады? – пераступiла з нагi на нагу маладзiца.
– А ў таго кара тоўстая... Малады – гэты велiкан кволы, не любiць марозу, ветру, сонца, таму прарасцi i жыць першыя два-тры гады ён можа толькi пад апекаю iншых дрэў i кустоў. Ты, напэўна, бачыла на лясных палянках адзiнокiя магутныя дубы? I пыталася ў сябе: чаму яны не загiнулi i растуць тут, калi больш дрэваў наўкола няма! Адказ просты: тут некалi былi дрэвы i кусты, якiя дапамаглi дубу вырасцi. А iх гадаванец перажыў сваiх апекуноў!
Аўдоцця заўважыла, што з гаража выйшаў Вайдаш Дуброўскi, i загаварыла мацней:
– Ай, а мая ж Галечка збiралася замуж за Анатоля, дык гэтая ж Маруся, што ў твайго Вайдаша ў маёнтку працуе, адбiла яго!
Дуброўскi зiрнуў на жанчыну. Яна перахапiла позiрк i дадала:
– Дрэнных кадраў сабе падбiраеце, Вайдаш! Учора Маруся ў лесе з Анатолем стаяла! Як дождж iшоў.
Той уздыхнуў i адвярнуўся ад яе.
– А мая ж Галечка плача i плача! – не сунiмалася Аўдоцця.
Дзед Уладыморык махнуў на яе рукою, падняў вядро i пайшоў у хлеў.
Аўдоцця крыху пастаяла i падалася да другога двара. Тут жыў Рыгор. Мужчына гарадскi, купiў нядаўна ў Вiшаньцы хату. Дзецi ў яго дарослыя, пажанiлiся ўжо. Пакiнуў жонцы кватэру, а сам прыехаў сюды.
Рыгор стаяў на ганку ў джынсах, без майкi.
– Ты, як манах, жывеш! – крыкнула яму праз плот Аўдоцця. – Бабу сабе не хочаш?
– У сваты прыйшла? – засмяяўся Рыгор.
– Бессаромнiк, накiнь што на плечы! – махнула на яго рукою Аўдоцця. Навошта ты мне патрэбны?! Памрэш, дык прыедуць твае дзецi ды хату тваю на чатыры часткi падзеляць, а мне пятая застанецца – бяры бярвеннi ды цягнi пятую частку! Ведаю я законы, дарагi! На цябе iшач, а тады ўсё дзецям застанецца!
– А я на жонку хату перапiшу! – адказаў Рыгор. – Пойдзеш тады?
– На халеру ты мне! – плюнула Аўдоцця. – Галю маю лепш бяры, маладую!
– Прыводзь! – засмяяўся зноў Рыгор i прысеў на ганак.
– А я ж чула, што ў цябе палюбоўнiца ў горадзе была, якую ты замуж не ўзяў! – вышчарылася Аўдоцця. – Колькi з жонкаю жыў, столькi табе i помсцiла! А вось, глядзi, i сюды дабярэцца!
– Тфу на цябе! – плюнуў Рыгор. – Не накаркай!
Аўдоцця скрывiлася i пайшла да сваёй хаты.
Аленка доўга чакала на прыпынку аўтобус. Павiнна была прыехаць мацi. Нарэшце падкацiла легкавая машина, i адтуль, незадаволена буркаючы, вылезла Соф'я ў кароткай спаднiцы i маладзёжнай майцы.
– Ты ўжо зусiм з глузду з'ехала! – не стрымалася Аленка. – Бабы ў вёсцы засмяюць!
– Пляваць мне на тваiх баб! – кiнула ёй у рукi сваю дарожную сумку Соф'я. – Я дзеля шчасця свайго прыехала!
Яна паправiла прычоску:
– Бабка твая памерла.
– Што, бабка? Ты хiба з Жыровiч? Чаму ж тэлеграму не дала на пахаванне прыехаць?
– Надта шмат пытанняў задаеш! – пайшла паперадзе Соф'я, горда трымаючы галаву. – У гэтай вёсцы Рыгор мой жыве! Цяпер, калi ён разышоўся з жонкаю, калi старая памерла, цяпер вы, гады, мне не перашкодзiце выйсцi замуж за Рыгора! Дзякуй богу, што бацьку твайму ногi адняло! Я ж казала – калека!
– Ты называла яго ўвесь час так, i твае словы збылiся! Ты прыцягваеш адмоўную энергiю на людзей!
– Я – прарочыца! – засмяялася Соф'я. – Казала на цябе – прастытутка? Вось прастытуткай i стала, валяешся ў нагах у гэтага хама, Мiколы! – Соф'я плюнула сабе пад ногi. – Цяпер нiхто не перашкодзiць майму шчасцю!
– Я так i ведала, што бабка памрэ! – усхлiпнула Аленка. – Наш сабака цэлую ноч выў. Потым каровы снiлiся – цэлы статак. А адна адбiлася i прэцца да бабiных варот, а я не пускаю...
– Я варажыла, – усмiхалася Соф'я, – хадзiла да цыганкi, i яна сказала, што i калека хутка памрэ... I разводу не трэба! Рыгор будзе мой...
– Дзе пахавалi бабку? – спытала са слязьмi на вачах Аленка.
– Дзе жыве Рыгор, сучка? – закрычала Соф'я. – Ты мне зубы не загаворвай!
– Атрутнае ў цябе каханне, – прашаптала Аленка. – Ад д'ябла яно!
– А што ад Бога твайго? Што? – ускiпела Соф'я. – Што мне даў твой Бог? Колькi я нi прасiла, нi малiла яго, каб у мяне здарыўся выкiдыш! Табою, сучка, зацяжарала, як Рыгор быў у войску! А ты, сучка, моцна трымалася ў жываце! Колькi я камення пацягала! Колькi праклёнаў табе пасылала, а ты ўсё роўна, назло мне i майму шчасцю з Рыгорам, нарадзiлася! Кажы зараз жа, дзе ён жыве?
Аленка моўчкi паказала на невялiчкую хатку сярод прыземiстага саду. Соф'я, кiнуўшы дачку ў слязах, пабегла ў двор да Рыгора.
– I як жа ж ты той шакалад робiш? Усiх дзяцей перакормiш! – дзiвiлася баба Саша, назiраючы, як Маруся памешвае на агнi малако з цукрам.
– Колькi ты лыжак малака лiла? – убегла ў хату Гайва. – У мяне нiчога не выходзiць – вада адна, i ўсё...
– Трэба ж пароўну ўсяго, – усмiхнулася Маруся, – калi дзве лыжкi малака, то i дзве лыжкi цукру... Глядзi, размешваем... Трэба, каб пяць хвiлiн толькi пакiпела, не болей... Здымаем!
Маруся ўзяла анучкай мiску i паставiла на прыпечак.
– Чым займаецца твой брат? – як быццам з ветлiвасцi папыталася ў дзяўчыны. – А дзед што робiць?
– Дзед тэлевiзар глядзiць, – Гайва ўзяла ў лыжку масла i палажыла ў мiску.
– Яшчэ адну лыжку кладзi, – параiла Маруся. – А брат што робiць?
– Таксама глядзiць! – Гайва палажыла лыжку масла i пачала размешваць, лiзнула языком. – Смачна як! А ў Вайдаша нешта настрою няма.
Яна ўзяла ў Марусi з рук пакецiк з парашком какавы.
– Дзве лыжкi сыпаць? – перапытала ў Марусi.
Тая кiўнула.
– Вайдаш сумны, – працягвала Гайва, памешваючы ў мiсцы. – Нехта яму настрой сапсаваў...
– Стаў на агонь усё! – загадала Маруся. – Няхай кiпiць чатыры хвiлiны. Тады разлiвай у формачкi i стаў у халадзiльнiк...
– I ў цябе таксама няма настрою! – заўважыла Гайва. – Учора мы з табою столькi шакаладак нарабiлi! А сёння ты нiчога не хочаш рабiць...
– Нешта Вайдаш са мною i не павiтаўся, – паскардзiлася Маруся. – Глянуў i адвярнуўся.
– На цябе наплялi ўсяго, – растлумачыла Гайва, – быццам бы ты з Галiным Толiкам абдымалася ў лесе...
– Вось яно што! – уздыхнула Маруся. – Ён у плёткi верыць?
– Можа, ён цябе зараўнаваў! – засмяялася Гайва.
– Анатоля я ведаю проста як сябра, перадай яму! I хай ён не судзiць мяне па сабе! Анатоль мне ўсю праўду пра яго сказаў, пра яго адносiны з Галяй i Аленкай! – раззлавалася Маруся.
– Пойдзем сёння ў лагер! – прапанавала Гайва. – Няхай Вайдаш параўнуе! I Алесiк таксама!
Маруся згодна кiўнула галавою.
...Утульна i цiха было ноччу ля вогнiшча. Анатоль раздаваў у кубках гарбату. Мiкола абапёрся на грыф сваёй гiтары i пазiраў на цёмную паверхню вады, у якой раз-пораз плёскалася рыба. Антось трымаў у руцэ галiнку i адмахваўся ёю ад камароў. Галя сядзела, насупiўшыся, ля яго i кiдала незадаволеныя позiркi на Марусю i Гайву.
– Я раскажу вам аповяд, – прапанаваў Мiкола. – Пра каханне. Шкада, што няма Аленкi, паехала на магiлу да сваёй бабкi. Але ж слухайце. Некалi чалавек быў магутны, ён меў выгляд страшны: жаночае i мужчынскае тулавы, зрослыя ў адно. Багi вельмi баялiся гэтых людзей, таму рассеклi iх на палавiны: мужчынскую i жаночую... Тады чалавек стаў слабы i няшчасны – ён увесь час шукаў сваю палавiнку, iншы раз i за ўсё сваё жыццё не знаходзiў. Вось i я шукаю... Усе мы шукаем, таму так шмат пакут ад кахання, бо часта хапаем не сваю палавiнку...
– Таму, што верым у гэтую казку! – строга сказаў Антось. – Яе выдумаў д'ябал, як выдумаў каханне. Такога няма ў Бiблii. Мы ўсе – душы жывыя, палоннiкi цела свайго. Душа не мае полу: нi жаночага, нi мужчынскага. Калi нараджаецца дзiця, Бог пасылае яму душу. Душа – бясполая! Запомнiце гэта! I чаму мы менавiта шукаем сваю роднасную душу сярод супрацьлеглага полу? А можа, яна, тая наша роднасная душа, знаходзiцца ў тваiм сябры, сяброўцы, у тваiм дзiцяцi? Падумайце пра гэта! Успомнiце, колькi на зямлi няшчасных людзей, тых, якiя не знайшлi шчасця ў каханнi, шлюбе? Толькi адзiн шлюб на тысячу шчаслiвы. Астатнiя дзеля прылiку, каб людзi не смяялiся, альбо дзеля дзяцей жывуць! Паглядзiце, у гэтай вёсцы ёсць шчаслiвыя сем'i? Не, iх няма. Сем'i iнтэлiгенцыi вясковай – бутафорыя, на людзях быццам бы i добра, а глыбей зiрнеш – здрады, спрэчкi. Няўжо ж так цяжка адшукаць гэтыя палавiнкi? Ды проста нiякiх палавiнак няма! Ёсць любоў боская, яе вы знойдзеце ў манастыры! Паглядзiце, якая любоў там сярод братоў i сясцёр! Вось гэта i ёсць сапраўдная любоў! На зямлi няма нiчога вечнага! Iсус гэта ведаў, калi д'ябал у пустынi прапаноўваў яму стаць царом свету гэтага. Хто ж тады з'яўляецца царом свету гэтага? Калi б д'ябал не з'яўляўся царом свету гэтага, ён не прапаноўваў бы яго Iсусу! Значыць, мы жывём у iлюзорным свеце, у свеце сваiх фантазiй, у падмане д'ябла! Нам трэба адмовiцца ад гэтага свету i дбаць пра свет вечны...
– А я веру ў каханне! – запярэчыў Мiкола. – Петрарка i Лаура... Неферцiцi i Эханатон... Рамэа i Джульета...
– Сцiхнi! – Антось адкiнуў убок галiнку. – Петрарка нiколi не падыходзiў да Лауры, ён кахаў сваё каханне, сваю фантазiю. Рамэа i Джульета – думка, хаця такое i можа здарыцца ў час закаханасцi. Але што ж потым? Неферцiцi? Так, яна сiмвал не толькi прыгажосцi, але i мудрасцi, дапамагала мужу ў рэформах. У iх было шасцёра дачок. Неферцiцi прыхiльна сустрэла рэлiгiйную рэформу Эханатона. Кажуць, да пары збан ваду носiць. Праз дваццаць гадоў сямейнай iдылii фараон закахаўся ў жанчыну маладую, у Кiю. Неферцiцi пакiнула мужа i замкнулася ў палацы, якi ён раней пабудаваў ёй. Кiя была авантурысткай, але аслеплены фараон не бачыў гэтага. Яго напаткала д'ябальскае каханне, прага да цела. Замест любовi боскай, якая была памiж iм i Неферцiцi, любовi, сяброўства, ён выбраў д'ябальскае. Немалады i хворы фараон пад прымусам Кii выжыў Неферцiцi з яе палаца, сцёр яе адлюстраваннi са сцен i намаляваў Кiю. Палюбоўнiца дамаглася афiцыйнага тытула фараона – суправiцельнiцы. Ёй пры жыццi была зроблена залатая труна. Але з вышынi сваёй Кiя бразнулася нiц. Падрабязнасцяў гэтага вучоныя пакуль не ведаюць. У Кii адабралi палацы i аддалi iх дочкам Неферцiцi. Яе iмя пасаскрабалi са сцен i сасудаў. Адабралi i труну. Час смерцi Кii i далейшы лёс фараона невядомы. Але дакладна вядома, што Неферцiцi перажыла iх абодвух. Яна выдала замуж дачок, але так i не дачакалася ўнукаў. Дочкi былi бясплоднымi. Напэўна, так пакараў Бог род фараона. Малодшая дачка Неферцiцi выйшла замуж за фараона Тутанхамона. Неферцiцi памерла на чацвёртым годзе яго кiравання. Але i ён доўга не пражыў. У ягонай пахавальнi ў шкатулцы захавалiся дзве малюсенькiя мумii мёртванароджаных ягоных дзяцей. Удава Тутанхамона болей замуж не выйшла. Так на дачцэ Неферцiцi Анхесенпаатон i скончылася васемнаццатая дынастыя егiпецкiх фараонаў, сышла з гiстарычнай арэны калiсь вялiкая i дружная сям'я Эханатона i Неферцiцi. А ўсяму вiною блуд фараона...
Усе моўчкi глядзелi на вогнiшча. Галя паднялася i пайшла спаць у палатку. Мiкола пайшоў правесцi яе, аб нечым размаўляў з дзяўчынай. А калi тая схавалася ў палатцы, ён аслупянела запынiўся i амаль хвiлiну пазiраў некуды ў цемру.
– Што з табою? – аклiкнуў яго Анатоль.
Той здрыгануўся i моўчкi вярнуўся да вогнiшча. Праз хвiлiну ў стане паказаўся Алесь. Гайва ажывiлася, пачала жартаваць.
– Пацалуй мяне перад хлопцамi! – шапнула яму на вуха. – Апошнi iспыт. Тады паверу, што кахаеш!
Алесь упарта маўчаў.
– Можа, спаць пойдзем? – спытаў у хлопцаў Мiкола. – Туман над рэчкаю, да сну хiлiць...
– А вось калi Алесiк пацалуе мяне, тады i пойдзем! – засмяялася Гайва i падставiла хлопцу шчаку. Але той не пацалаваў. Гайва надзьмула вусны i ўскочыла з бярвенца.
– Пайшлi, Маруся, дадому! – паклiкала яна.
Дзяўчаты развiталiся. Алесь i Анатоль узялiся правесцi iх дахаты. Калi яны адышлiся на некалькi метраў ад лагера, пачулi страшэнны крык Мiколы, хлопец крычаў не сваiм голасам. Яны кiнулiся назад. Збялелы, перапалоханы Мiкола сядзеў на каленях ля Галiнай палаткi, а дзяўчына сонна лыпала вачыма, пацiраючы шыю.
– Вось у гэтае месца! – паказваў на Галiну шыю Мiкола.
Рукi ў яго трэслiся.
– Скура не пракушана, – шаптаў ён. – Яна ў Галi так энергiю забiрала – як вампiр кроў смокча. Прыцiснулася вуснамi да шыi – i забiрала энергiю. Яна ў лесе стаяла за дрэвамi, пакуль мы сядзелi ля вогнiшча. Чакала. Я бачыў яе ў падзямеллi...
– Хто гэта быў? – спытаў Антось. – Жанчына? Ты яе ведаеш?
– Соф'я... – трасучыся, вымавiў Мiкола. – Аленчына мацi...
– Казкi ўсё гэта! – працягнуў Анатоль.
– Не казкi! – перабiў яго Антось. – Соф'я – энергетычны вампiр. Яе астральнае цела выходзiць у час сну i забiрае ў людзей энергiю. Калi Соф'я памрэ, цела яе застанецца ружовым у труне, бо астрал будзе падтрымлiваць яго, сiлкаваць энергiяй. Трэба забiць асiнавы кол на яе магiле, калi памрэ, iнакш яна доўгi час будзе мучыць людзей i мёртвая...
Маруся здрыганулася. Усе баялiся заставацца ў лагеры. Мiкола прапанаваў пайсцi начаваць да ягонага бацькi.
– Нам трэба ўсю ноч малiцца, – прамовiў Антось.
I яны рушылi ў бок вёскi.
Ля хаты дзядзькi Адася Маруся развiталася i пайшла спаць.
Галя прапанавала Анатолю пайсцi да яе.
– Людзi смяюцца, што я то ў палатцы начую, то ў Адася, – сказала яна. Хопiць дзьмуцца на мяне. Я табе дарую тое, што ты з Марусяй абдымаўся...
– Я з ёю не абдымаўся! – раўнуў на яе Анатоль. – Мне раўнiвая жонка не патрэбна!
I скiраваў у двор.
Гайва стаяла памiж Мiколам i Алесем i смяялася.
– Галя, пойдзем начаваць да дзядзькi? – жартавала яна.
Тая, развiтаўшыся, пайшла дахаты адна.
– Ну што ж, – Гайва горда ўзняла галаву, – iдзiце, хлопцы, сабе спiце! А я пагуляю... Адна... Вось Алесiк не пацалаваў мяне, значыць, не кахае...
Мiкола тым часам цмокнуў дзяўчыну ў шчаку. Яна засмяялася.
– Да пабачэння! – скрывiўшы вусны, прамовiў Алесь i пайшоў ад iх.
Гайва сцiхла. Ёй стала крыўдна i адначасова сорамна. Яна памкнулася была пабегчы за Алесем, але не рашылася.
– Хлопцы, iдзiце ў хату! – загадаў Антось. – Я правяду Гайву, мне трэба з ёю пагаварыць...
Анатоль стомлена паплёўся за Мiколам да дзвярэй.
Калi падышлi да хаты дзеда Ўладыморыка, Антось стаў насупраць Гайвы i прамовiў:
– Памятай, у цябе брат вялiкi чалавек, князь, дырэктар фiрмы, а ты пустая i дурная... Цябе нiколi не пакахае нiводзiн хлопец, бо ты кiдаешся iмi, зневажаеш. Табе здаецца, што ты – каралева, а на самай справе – дзяўчынка на ноч... Так, хто першы пацалуе!..
Гайва з размаху стукнула яго па твары.
– Дзякуй, – пацёр шчаку Антось. – Можа, паразумнееш! Другi табе праўду нiколi не скажа, а выкарыстае тваё глупства ў сваiх мэтах... Хлопцы любяць дурненькiх, без гонару, пустых, як збанок той, што валяецца ў дзеда Ўладыморыка ля сабачай будкi...
* * *
Горкiмi здавалiся першыя яблыкi, горкiмi былi малiны i ўвесь свет для Зоськi, асаблiва калi яна падыходзiла да люстэрка. Увесь яе твар быў пабiты прышчамi. Хоць i працавала яна бiблiятэкаркай пасля заканчэння тэхнiкума, хоць i кнiжкi цiкавыя чытала i шмат ведала, але нiводзiн з хлопцаў нiколi не запрашаў яе да танцаў. Вось i Матрунiн Алесь. Хутка будзе настаўнiкам у iхняй школе. Цiкавы i добры хлопец, заўсёды ёсць з iм аб чым пагаварыць, а як танцы, дык мiма праходзiць.
Зоська нашчыпала цыбулi ў боршч i памкнулася ўжо iсцi ў хату, як праз плот яе гукнула жанчына ў ружовым халаце. Гэта была госця дзядзькi Рыгора.
– У цябе памада для губ ёсць, прыгажуня? – папыталася ў яе жанчына. – Нясi мне сюды!
Зоська паслухмяна пайшла ў хату i прынесла.
– Завi мяне Соф'я, – сказала жанчына, малюючы вусны. – На каву не хочаш мяне запрасiць?
– Хадземце, – сцiпла адказала Зоська.
Соф'я ўладкавалася на стуле i чакала, пакуль дзяўчына згатуе пiтво. Затым, адсёрбваючы гарачую каву, мовiла:
– Дапамажы мне ў адной справе. Трэба дзядзьку Рыгора прычараваць... А ў цябе ёсць хлопец? – зыркнула на яе вачыма, згледзела на падваконнiку сшытак, разгарнула. – Ой, Алесь, Алесь... Вершы яму пiшаш? Давай i Алеся твайго прычаруем, га?
– Не, мне не трэба! – адмовiлася Зоська.
– Тады дазволь люстэркам тваiм, тым, вялiкiм, што ў калiдоры, пакарыстацца. Мне трэба зараз. На сенавал яго мне аднясi!
– А самi вы не можаце? – павысiла голас Зоська. – Я ж вам не рабыня!
– Не пiшчы, казяўка! – скрывiлася Соф'я. – Маё каханне вышэй за вас усiх! Усе вы – нiкчэмнасць!
Яна зняла са сцяны люстэрка i пайшла з iм на сенавал да Рыгора.
– Свечкi будзеце палiць? – крыкнула ёй услед Зоська. – Хлеў не спалiце.
Соф'я палезла ў кiшэню халата i выцягнула адтуль маленькую кнiжачку, на вокладцы якой быў намаляваны д'ябал i розныя незразумелыя знакi.
– Чорная магiя, дурнiца! – скрывiла вусны Соф'я. – Будзеце мяне баяцца ўсе як агню!
I палезла па драбiнах на гарышча ў хляве.
Зоська спужана лыпала вачыма, затым пабегла, замкнула сваю хату i накiравалася ў двор бабы Сашы.
Старая пякла аладкi. Запрасiла Зоську пачаставацца. Тая расказала бабцы аб усiм, што здарылася.
– Трэба Ўладыморыка паклiкаць, пайшлi! – знайшлася бабка Саша.
I яны заспяшалiся да дзеда. Дома быў Вайдаш. Ён прыветлiва сустрэў бабку i Зосю, прапанаваў сядаць, пачаставаў мёдам, а сам пайшоў у сад за дзедам. Уладыморак выслухаў iхнi аповяд, i яны ўсе, разам з Вайдашам, вырашылi пайсцi да Рыгора. Таго дома не аказалася. Аўдоцця, якая ведала ўсе вясковыя навiны, сказала, што Рыгор яшчэ ўчора вечарам паехаў у горад. Тады яны пайшлi да хлява. Раптам дзверы самi расчынiлiся, падняўся буран, раскiдаў па двары сена, закружыўся вiхор... Страшэнны крык пачуўся з хлява... Калi ўсё сцiхла, Вайдаш, пачакаўшы крышку, падняўся на гарышча. Тое, што ён убачыў, прымусiла яго здрыгануцца. Цела Соф'i нейкiм дзiўным чынам было рассечана на дзве часткi, якiя знаходзiлiся па розных баках вялiкага люстэрка...
Залацiстыя купалы i зялёныя сцены велiчна паўсталi перад Аленкай, калi яна, пасля наведвання магiлы бабулькi, прыйшла ў Жыровiцкi манастыр. Утульнасць, спакой i цiшыня ўладарылi тут. Ступiла за зялёныя вароты – i адкрыўся ёй другi свет, невядомае дагэтуль жыццё... Iшла Аленка сюды ўжо, каб застацца... Тут усё прачынаецца рана. Аленка паспела да ранiшняй службы. Пазнала сваiх сясцёр – замкнутая, маўклiвая сястра Марыя. На вiд ёй год васемнаццаць. Жывая, усмешлiвая Стэфанiя, год дваццацi. У яе было першае каханне, вяселле. А з войска ён вярнуўся не да яе... Каханне – падман. Гануля – прыгожая, гнуткая. У жыццi не знайшла сябе. Лёс не даў збыцца яе планам i марам. Цяпер усё суцяшэнне – у Богу. Вольга нiяк не зразумее, чаму навокал так шмат злых людзей, таму знайшла прытулак у Бога. Горкае расчараванне ў людзях прывяло сюды i Кацярыну. Загiнулi ў аварыi родныя Святланы i Алены. За грахi бацькоў-п'янiц прыйшла малiцца Таццяна. Так i не ўладкавалiся ў жыццi Дар'я i Iрына. Такi лёс манашак i старэйшых. Зараз усе сёстры моляцца за жывых сваякоў i памерлых...
Аленка прайшла да карпусоў духавенства, знайшла пакой матушкi iгуменнi i папрасiла прыняць яе. Выслухаўшы аповяд дзяўчыны, яе жаданне пайсцi ў манастыр, матушка сказала:
– Дзiця маё, але ў цябе ў мiру ёсць хворы бацька. Хто яго дагледзiць? Сама ж казала, што мацi паехала да другога. Можна выконваць усе патрабаваннi манаскiя ў мiру. I нават патрэбна. Гэта будзе твой першы послух – выходжваць бацьку аж да самай ягонай смерцi. Жыццё манаскае ёсць жыццё па евангельскiх запаведзях, якiя нам даў Хрыстос, Збавiцель наш. I запавядаў гэта ўсiм без выключэння. Калi табе па душы жыццё манаскае – будзь манахiняй, калi ты прызваная Богам служыць у мiру, то заставайся там. Хвалiць Госпада можна ўсюды, аберагаючы ў душы сваёй, у сэрцы сваiм, падпарадкоўваючыся законам Божым. Манах – гэта той, хто прытрымлiваецца запаведзяў. Манах ёсць той, у каго цела ачышчанае, чыстыя вусны i розум прасветлены, хто, смуткуючы i хварэючы, заўсёды памятае i думае пра смерць – i ў сне, i ў час малiтвы i працы. Манах – бездань пакорлiвасцi, у якой ён утапiў усякага злога духа. Вера наша выражаецца ў размове i даверлiвасцi да Бога, размова – ёсць малiтва. Вера стрымлiвае эгаiзм, дае чалавеку свабоду i спакой, дабрыню. Iспыты i смуткi непазбежныя ў жыццi – яны правяраюць нашу веру. Смутак упэўнiвае нас у тым, як недаўгавечны радасцi зямныя, мiрскiя... Што трэба рыхтавацца да больш дасканалага, вечнага жыцця – у свеце Гасподнiм, духоўным, нябачным для нас цяпер...
Матушка iгумення ўзяла ў рукi тоўстую кнiгу "Жыццё святых" i цiха мовiла:
– Многiя лiчаць манашак дзiвачкамi, маўляў, як гэта яны жывуць без мужчын, без сям'i. Але ж мэта жыцця i сэнс не ў гэтым...
Твар у матушкi чысты, здаецца – свецiцца. Вочы – вялiкiя, разумныя.
– Iдзi пакуль, пажывi ў мiру, – параiла ёй матушка, – правер веру сваю, дагледзь бацьку. Толькi аберагай чысцiню цела i душы... Можа, табе знойдзецца добры хрысцiянiн, вернiк... Вось паслухай пра святую мучанiцу Людмiлу...
Матушка разгарнула кнiгу i прачытала:
– Людмiла была родам з Сербii, дачка князя. Выйшла замуж за князя чэшскага. У той час чэшскi народ быў яшчэ не хрышчаны. Пасля шлюбу князь i яго жонка даведалiся пра Хрыста, пра Бога адзiнага – i прынялi хрышчэнне. Пабудавалi цэрквы. Запрасiлi ў iх святароў. У iх было тры сыны i адна дачка. У хуткiм часе муж Людмiлы памёр. Княжна смуткавала i суцяшала сябе ў малiтве, раздавала бедным мiласцiну. Нявестка ж узненавiдзела свякруху-хрысцiянку i вырашыла загубiць яе. Яна падаслала бандытаў, i тыя забiлi Людмiлу. Ёй тады было шэсцьдзесят год. Усё сваё жыццё Людмiла пражыла як хрысцiянка, таму Гасподзь праславiў многiмi цудамi месца яе пахавання: кожную ноч над тым месцам з'яўлялiся свечкi i гарэлi ўсю ноч... Сын Людмiлы перанёс яе мошчы ў Прагу, дзе яны знаходзяцца i цяпер...
Матушка перагарнула некалькi лiстоў.
– А вось пра Фёклу, – пачала яна. – Фёкла яшчэ была дзяўчынаю, калi пачула ад апосталаў пра Iсуса. Павел, размаўляючы з ёю пра чысцiню духоўную i цялесную, сказаў, што дзяўчына, якая беражэ сваю чысцiню, не iдзе замуж, падобная да анёлаў, а Хрыстос – ёсць жанiх яе... Фёкла цвёрда вырашыла пакiнуць жанiха свайго зямнога – не выходзiць за яго замуж. Яна не скарылася волi бацькоў i збегла ў пустыню. Хутка яе схапiлi, i яе мацi ад злосцi i непакорнасцi дачкi паддалася ўплыву д'ябла i крыкнула:
– Спалiце яе!
...Да здзiўлення ўсiх, полымя высока паднялося i акружыла Фёклу, не чапаючы яе, а потым раптам пайшоў дождж з градам i патушыў полымя. Фёкла была выгнана з горада...
...Адзiн князь закахаўся ў Фёклу, высачыў яе, прапанаваў стаць ягонай жонкай. Але Фёкла не паддалася на спакусу д'ябла.
...Кiнулi Фёклу да дзiкiх звяроў, але тыя не кранулi яе.
– На ёй чароўная вопратка! – закрычалi язычнiкi. – Здымiце яе!
...Звяры ляглi да ног Фёклы, прыкрываючы яе сваiмi целамi, каб злыя людзi не глядзелi на яе голую...
...Пражыла Фёкла чыстаю ў пустынi, лячыла людзей ад хвароб, а калi стала старою, то вырашылi хлопцы наглумiцца над ёю. Фёкла бегла ад iх i прасiла Бога выратаваць яе. Тады скала расступiлася – i праглынула Фёклу, абаранiла чысцiню яе. Гэтая гара зрабiлася магiлай бязгрэшнага цела яе. Цяпер яна ў вечным жыццi праслаўляе Бога...
Матушка ўздыхнула.
– Выбiрай сама шлях свой да Госпада, – сказала яна Аленцы.
Вясковыя людзi адмовiлiся хаваць Соф'ю – яны баялiся нават наблiзiцца да яе. У горадзе муж Соф'i па стану здароўя не мог арганiзаваць пахаванне. Ягоная дачка даглядала яго i ў страху малiлася штодзённа i кожную ноч. Прыняць цела мацi яна адмовiлася. Так i ляжала Соф'я ў раённай трупернi каля двух тыдняў, пакуль раённыя ўлады не пахавалi яе, захутаўшы ў тканiну, без труны. Закапалi за могiлкамi, у раўчуку. Вось тады i пачалося: кожную ноч нешта скавытала на магiле, кружылi вялiкiя птушкi, непадалёку ад таго месца траплялi ў аварыю машыны. Да ўсяго яшчэ ў прыдатак многiя, хто бачыў ноччу жанчыну ў ружовым халаце, пачыналi адчуваць млявасць, слабелi рукi i ногi не маглi хадзiць. Выклiкалi бацюшку, але той адмовiўся i наблiжацца да магiлы. Трэба было ноччу, апоўначы, забiць асiнавы кол у магiлу, але ўсе баялiся. А больш за ўсiх Зоська.
Сёння яна мыла на рэчцы бялiзну i ўспамiнала, як хадзiла вечарам да турысцкага вогнiшча. Прыгажун Мiкола трымаў у руцэ жалезны кубак з накрыўкай i расказваў паданне пра князя Вiтаўта i Дарыну. Ён сказаў, што знiшчыў Чорную здань, i цяпер кожная дзяўчына можа быць спакойнай – яе не напаткае сляпое каханне, прага да цела.
Сляпое цi не сляпое каханне ў яе да Алеся, дзяўчына не ведала. Але тое, што ён учора не звяртаў увагi на Гайву, якая ўвесь вечар лезла да яго, як лiса, песцiлася... Зоська падслухала iхнюю размову ля дуба. Гайва малiлася, каб Алесь за нешта не крыўдаваў на яе, але той быў непахiсны... Можа, ён закахаўся ў iншую?..
– Гэй, ты мне ўсю рыбу разагнала! – крыкнуў нехта з моста.
Зоська падняла галаву. Алесь! Чырвань залiла яе твар. Хлопец спусцiўся ўнiз, падышоў да яе.
– А хто ж гэта на мелкаводдзi рыбу вудзiць? – засмяялася Зоська. – Тут толькi бялiзну палошчуць!
– Я пажартаваў, – прысеў на траву Алесь. – А ты так на беразе i сушыш бялiзну?
– А каб часу марна не трацiць! – гарэзлiва адказала Зоська. – Давай i тваю кашулю памыю!
Алесь зняў i падаў Зосьцы. Пакуль тая мыла, нарваў ёй букецiк незабудак. Падаў.
– Дзякую, – прашаптала Зоська, не верачы свайму шчасцю.
– Яны на твае вочы падобныя! – засмяяўся Алесь.
Нейкi час ён моўчкi сядзеў на беразе, потым спытаў:
– Ты чаму на танцы перастала хадзiць? Соф'i баiшся? А можа, сходзiм удваiх на яе магiлу?..
– Спатканне там назначаеш? – засмяялася Зоська, аж прысела. – Ой, не магу! Рамантычная прапанова! Каму сказаць – жываты палопаюцца!
– А што? – у тон ёй адказаў Алесiк. – Затое не банальна! Спатканне на магiле вампiра... Ды з такою дзяўчынаю, як ты, не толькi ў разведку, але i на магiлу Соф'i iсцi не страшна – не падвядзеш, надзейная!
– Адкуль ты ведаеш, што я надзейная?
– А што? Збяжыш пры першых цяжкасцях? Палахлiвая?
Алесь загадкава ўсмiхнуўся:
– Ты, мусiць, i жонка была б надзейная...
– Вядома! – скрывiла вусны Зоська. – Не збягу, як Гайва-прыгажуня, бо хто на такую паквапiцца! Ты добра ўсё разлiчыў – выдатная рабочая сiла: мыць, шыць, грады палоць!
Зоська адкiнула ўбок мокрую хустку, якую мыла.
– Думаеш, мне замуж ваш патрэбен? – горда сказала яна. – Адной у сто разоў лепей! Нiхто нервы не матае. Бяры сваю кашулю – высахла ўжо, i iдзi адсюль, не перашкаджай!
Алесь усмiхнуўся, падышоў да Зоськi i нечакана пацалаваў. Дзяўчына адпiхнула яго, i той бразнуўся ў ваду. Выйшаў мокры, злы.
– Праўду кажаш – не патрэбен табе той замуж! – насмешлiва кiнуў ёй. – Хто з табою, дзiкаркаю, ужывецца!
I пайшоў.
...Вечарам Зоська, як заўсёды, баялася нават зiрнуць на тое месца, дзе раней вiсела вялiкае люстэрка, – ёй здавалася, што там стаiць Соф'я. Мацi, як заўсёды, падаiўшы карову ў палове дзевятага, легла спаць. Бацька гуляў з братам у карты. Зоська, калоцячыся, чакала наблiжэння поўначы. Але яшчэ было толькi адзiнаццаць. Яна выйшла, са страхам гледзячы на Рыгораў хлеў. Дзядзька Рыгор сядзеў на ганку i плёў кошык.
– Хлеў ужо асвяцiлi? – пацiкавiлася Зоська. – Нiчога адтуль не чуеце, не бачыце?
– Чарцей не трэба баяцца! – засмяяўся Рыгор. – Калi баiшся, то яны радуюцца. У мяне неяк у хляве цэбар стаяў, а тады сам па сабе перавярнуўся, дык я як пачаў лаяць чарцяку ды выганяць: "Прэч адсюль, поскудзь!" Памятаеш, як Iсус сказаў у пустынi: "Адыдзi ад мяне, сатана!" Дык з таго часу ў мяне нiякiх чарцей не водзiцца. Яны баяцца смелых!
– Праўда? – раскрыла вочы Зоська. – А на магiле Соф'i можна асiнавы кол забiць? Абавязкова ў поўнач, а калi ў поўдзень або цяпер вось, калi вiдно яшчэ?..
– Калi хочаш! – махнуў рукою Рыгор.
Зоська, аб нечым крыху падумаўшы, узяла сякеру i накiравалася ў лясок. Там, бесперапынна молячыся, высекла вялiкi асiнавы дрын – i пайшла да магiлы Соф'i. Чым блiжэй падыходзiла, тым станавiлася страшней. Раптам ёй паказалася, што нехта iдзе следам. Азiрнулася – нiкога. Яна набрала ў лёгкiя паветра i гучна выдыхнула.








