Текст книги "Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)"
Автор книги: Лидия Адамович
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 14 страниц)
– Я параю вам макiяж "Раманс"! – усмiхнулася касметычка. – Вы ж сказалi, што iдзяце на вечар...
– У фiлармонiю, – паправiла Iрэна. "Адна iду..." – падумала з сумам.
...З люстэрка пазiрае прыгожая дзяўчына – пшанiчнага колеру валасы ўкладзены ў складаную прычоску. "Застаўся апошнi штрых, – усмiхаецца свайму адлюстраванню Iрэна, – манiкюр!"
– Ну вось, цяпер я пачну новае жыццё! – з палёгкай уздыхнула Iрэна, выйшаўшы з салона.
...Яна адчула, што адзiнота можа быць пяшчотнай i спакойнай. На душы ўтульнасць i асалода. Менавiта ў такiя часы цiхага роздуму i спакою наведвае нас Дух Святы – мы ачышчаемся душою сярод цiшынi, сярод прыгажосцi аксамiтна-зялёных дрэваў, ласкавай травы i шчырых кветак, удумлiва-спакойнага неба i цiхай малiтвы. Iрэна ведала, што дома яна абавязкова адключыць тэлефон, перастане чытаць газеты i часопiсы на нейкi час, не будзе глядзець тэлевiзар. Цiшыня i спакой – цудатворныя лекi!
Iрэна зайшла па дарозе ў Дом фота, заказала ў бары каву, нетаропка пiла, гледзячы на сябе ў люстэрка. Прыгожыя, танюткiя пальчыкi трымаюць кубак з кавай. Вусны, цалуючы, кранаюць яго край, у роце – гарачыня i гаркаваты, як ад бразiльскiх цыгарэт, прысмак... Насупраць яе сядзiць элегантна апрануты мужчына гадоў за трыццаць. Густыя чарнявыя валасы з нiтачкамi срэбра, зачасаныя ўгору. Класiчнага крою пiнжак, прыгожы iмпартны гальштук i белы шарфiк, цёмнае палiто расшпiлена... Iрэне хочацца, каб ён звярнуў на яе ўвагу, але той заняты размовай са сваiм субяседнiкам – сур'ёзным пажылым чалавекам.
– Рэстаўраваць стары маёнтак, я лiчу, будзе больш выгадна, чым будаваць новы аздараўленчы цэнтр, – гаворыць той, хто спадабаўся Iрэне.
– Месца выбрана добрае, спадар Дуброўскi, – адказвае пажылы, – Вiшанька цудоўная вёска: лес, рэчка побач... А людзi! Добрыя, старыя мясцiны... Цяпер такiх вёсак амаль не засталося, усюды прыезджыя людзi, карэнных жыхароў амаль няма, а гэта, можна сказаць, старажытная вёска, такая, якую я ведаў у дзяцiнстве... Ласкавая палеская вёсачка!.. Параскiдаў Чарнобыль людзей па чужых мясцiнах...
Мужчына ўздыхнуў.
– Нiчога, вернуцца яшчэ, – супакоiў яго Дуброўскi. – Наша задача наладзiць цэнтр для лячэння дзяцей. Трэба захаваць генафонд Беларусi...
Iрэна з сумам пазiрала на Дуброўскага i ў душы зайздросцiла той жанчыне, якую, пэўна, захоўваў у сваiм сэрцы гэты чалавек. Як хацелася ёй быць на месцы гэтай жанчыны. "Гэты чалавек не для мяне, – падумала Iрэна, – я не дарасла да яго... А як бы хацелася мець такога!.."
Яна адчула, як не хапае ёй таты ў гэты складаны для яе час. Яна паедзе да яго! Хоць бы на хвiлiну адчуць поцiск яго дужых далоняў, убачыць родныя вочы! Можа, таму ён i пiў, што мацi перастала заўважаць у iм мужчыну, можа, таму i выбраў для сябе адзiноту. Гэта лепш, чым жыць сярод абыякавасцi. Чаго шукаў ён у вясковай самоце? I цi знайшоў?..
А вось i дзедава хата. Мусiць, года з паўтара Iрэна не была тут. Ёй адчынiла маладая жанчына, павяла здзiўлена чорнымi брывамi, зашпiлiла таропка знiзу халат, чорныя даўгiя валасы рассыпалiся па плячах. Недзе ў глыбiнi пакоя плакала дзiця. Iрэна прывiталася i прайшла ў хату. Бацька сядзеў на кухнi. Убачыўшы дачку, падняўся насустрач ёй.
– Я прыехала, тата, – Iрэна прысела на край канапы, агледзелася. – Божа, як вы жывяце? – уздыхнула здзiўлена, але без злосцi. – Нават тэлевiзара няма... А я сёння ў фiлармонiю iду!
– Шчаслiвая! – усмiхнуўся бацька.
– Шчаслiвыя вы! – адказала дачка, а затым, махнуўшы рукою, дадала: Добра! Паказвайце мне маю сястрычку альбо брацiка. Я не раўную...
...На сцэне невысокi, у белым касцюме музыкант з Германii – Мюлер. Iрэна пачула толькi ягонае прозвiшча. Музыкант iграе на аргане. Вядучая сказала, што Мюлер у дзяцiнстве любiў прыйсцi досвiткам у касцёл. З вiтражных вокнаў на арган падалi першыя сонечныя промнi, i ў гэтых промнях танцавалi ў паўзмроку маленькiя блiскучыя пылiнкi... Музыкант склаў мелодыю iх танца... Iрэна, як зачараваная, растваралася ў дзiўнай музыцы...
Але казка скончылася – у гардэробе Iрэна адчула сябе адзiнокай i разгубленай. Мужчыны падавалi жанчынам палiто, а Iрэна сваё ўзяла сама. "Каб я была замужам, я б не была адзiнокаю тут", – падумала яна.
– Iрэначка! Прывiтанне! – Яна ўбачыла Нiнэль Мiхайлаўну, якая вядзе ў iнстытуце харэаграфiчны факультатыў. – Ты чаму не прыходзiш на рэпетыцыi? Што здарылася з табою?
– Ужо ўсё прайшло! – усмiхнулася тая. – Прыйду!
– Прыходзь, Iрэначка! – Нiнэль Мiхайлаўна ўзяла пад руку свайго мужа. Ну, бывай! – заспяшалася да выхаду.
"Шчаслiвая!" – з сумам падумала дзяўчына.
Ля пад'езда нехта стаяў. Спачатку Iрэна спалохалася, потым сэрца нечакана забiлася – няўжо Янка? Падышла блiжэй.
– Я так даўно цябе чакаю, – сказаў ён з дакорам. – Дзе ты ходзiш?
– Янка, Яначка! Дарагi мой! – узрадавалася Iрэна. Моцна прыцiснулася да ягоных грудзей. Потым, усё яшчэ не верачы, што ён тут, заглянула ў твар. Такiя родныя блакiтныя вочы, светлыя валасы, пухлыя, як у капрызнага дзiцяцi, вусны, а над iмi "шляхецкiя", як ён смяяўся, вусы...
– З другiм была? – з рэўнасцю запытаў Янка, але тут жа дадаў: – Рыхтуйся да вяселля! Трэба дрожджаў дастаць. У цябе ж суседка ў сталовай працуе. Мая мацi гарэлку выжане...
– А як жа ж Рэня? – з крыўдай мовiла Iрэна.
– Трэба яна мне, крываногая! – кiнуў Янка. – Болей з ёй не сябруй, гэта не сяброўка, што хлопцаў адбiвае! Ну, пайшлi да тваёй суседкi!
– Давай спачатку да нас! Скажам маме пра наша вяселле, можа, падарункi якiя трэба, родзiчаў назавеш, каб ведаць, што каму купляць...
– О, гэта справа! – ажывiўся Янка. – Тады пайшлi!
Iрэна ўляцела ў кватэру радасная, трымаючы за руку Янку.
– Мамачка! – закрычала яна, але раптам застыла на парозе.
Яна ўбачыла ў сваёй кватэры незнаёмага мужчыну.
– Iрэначка, гэта Iван Сяргеевiч! – сарамлiва паднялася з-за стала мацi. Ён – камерсант. У нас ёсць шанц пабываць за мяжою!
Iрэна засмяялася:
– Я ж казала табе, што сорак два гады – гэта яшчэ не канец жыцця!
– Я ад васемнаццацi гадоў цягну лямку сямейнага жыцця, – паскардзiлася мацi. – Хачу абнаўлення, навiзны! З iм я адчуваю сябе маладою!
– А ты i не старая! – бадзёра адказала Iрэна.
– Ты была ў бацькi? – устрывожана мовiла мацi. – Як ён там, не памёр яшчэ? Конюхам працуе альбо ў вартаўнiкi падаўся? I гэта з вышэйшай адукацыяй!
– Навошто ты зневажаеш яго? – раззлавалася Iрэна. – Ён разумны, малады, таленавiты i мае права на асабiстае шчасце!
– Ах ты, нягоднiца! – замахнулася на яе мацi. – Ты ўсё жыццё патурала ягонаму вар'яцтву!
Янка схапiў Iрэну за руку, выцягнуў з кватэры.
– Я ж казаў, пайшлi лепш да суседкi! – мовiў ён.
Iрэна заплакала.
– Супакойся, – абняў яе Янка. – Я табе на паперцы напiшу сваiх родзiчаў, а ты ўсё купiш, дамовiлiся?
Iрэна згодна кiўнула галавой i хацела пацалаваць хлопца, але той адхiлiўся.
– Што гэта за прышчык у цябе на вуснах? – строга запытаў ён.
– Прастыла...
– А можа, з кiм была, га? – занепакоiўся Янка. – Можа, што дрэннае?
– Адчапiся! Пайшлi лепш да суседкi!
...Задаволеная чырванашчокая цётка Соф'я выйшла са спальнi ў прыгожым зялёным халаце.
– Iрэначка, Янка! – заўсмiхалася яна. – А мая ж Аленка дадому вярнулася! Дачушка, у нас госцi!
З кухнi выбегла Аленка ў спартовым касцюме.
– Усё спортам займаешся? – абнялася з ёю Iрэна, гарэзлiва спытаўшы: Закадрыла свайго спартсмена-бегуна?
– Ой, закадрыла, Iрэначка! – абазвалася Соф'я, несучы ўсiм каву на падносе. – Сядайце, даражэнькiя, на канапу! Аленка ж купiла бiлеты ў беларускi тэатр на п'есу "Верачка", запрасiла Мiколу, заўтра пойдуць!
– Ну, як ты ладзiш з мацi? – шапнула на вуха сяброўцы Iрэна.
– Цярплю, – махнула рукою тая. – Мне грошы патрэбны, бо Мiкола дужа любiць, каб модна я апраналася...
– А чубчык ты не фарбуй, – заўважыла Iрэна, – зараз модна ўсё натуралёвае! Ты й так прыгожанькая, русявая...
– Мы ў паход летам iдзём! – паведамiла Аленка. – Мiкола групу вядзе, бо Анатоль адказаўся. А я палаткi дастаю! З адной дзяўчынай пазнаёмiлася, Марусяй зваць, яна мне дапаможа!
– Хопiць шаптацца! – усмiхнуўся Янка. – Ты, Аленачка, маю Iрэну не зводзь нiкуды, у нас летам вяселле. Вось прыйшоў да вас, цётка Соф'я, кланяцца, ласкава зiрнуў ён на жанчыну, – дрожджаў дастаньце!
– Дастану... – працягнула Соф'я i насцярожана глянула на Iрэну: няўжо даравала ўсё яму?
– I яшчэ, калi зможаце, дзiцячых кансерваў, – папрасiў Янка. – Мы з Iрэнай да маёй сястры Лiлi паедзем у госцi.
Iрэна ласкава прытулiлася да хлопца.
– Нешта ты цямнiш, Яначка! – прысела ў крэсла Соф'я. – Кастусь! паклiкала мужа. – Iдзi сюды!
У дзвярах паказаўся Аленiн бацька, хударлявы, твар змораны, з алоўкам у руцэ.
– Ты ўсё працуеш? – незадаволена сказала Соф'я. – Усё жыццё ў вядучых iнжынерах ходзiш, а Танька да шэфа падсунулася, начальнiкам паставiў! Сорам! Баба начальнiкам аддзела працуе, табою камандуе! Калека ты, а не мужык! Глянь во на гэтага хлопца! – кiнула ў бок Янкi. – Той, што ты казаў, цi не?
Янка на хвiлiну знiякавеў.
– Падобен крыху... А што? Хто гэта?
– Iрэнчын кавалер.
– А-а-а! Тады не падобен! – i пакрочыў у свой пакойчык.
– У чым справа? – занепакоiлася Iрэна.
– Усё добра! – усмiхнулася Соф'я, падала ёй каву i заўважыла, што рукi ў Янкi затрэслiся, калi браў ад яе гарачы кубак...
Сцяпан прыехаў да Марусi на працу з букетам кветак. Дзяўчаты з яе аддзела ўжо разглядалi фотаздымкi, што прынесла яна з паходу па Нарачы.
– Вось ты i абскакала Анатоля! – засмяяўся Сцяпан. – Цяпер ён абавязкова возьме цябе ў летнi паход!
– А паглядзi, якую сценгазету яна зрабiла для Анатоля! – зазначыла Надзея Шэбан.
– I вершы свае змясцiла, – пахвалiла Зоська, папраўляючы прычоску.
Сцяпан, па-сяброўску абняўшы Марусю, пачаў чытаць сценгазету.
На першым плане – здымак: Маруся ў штармоўцы, ля вогнiшча, з гiтарай. I надпiс: "Ранак сонечны, але бадзёра-халаднаваты. Мы iдзём на лыжах, а я ўяўляю аксамiтна-зялёны дыван маладой вясновай травы. Анатоль, ты вядзеш мяне ў свой летнi паход!.. Гэта ж будзе, праўда? Падобныя на куранятак дзьмухаўцы ў траве, i мы з табою сярод iх..."
Сцяпан з раздражненнем адсунуў газету ўбок.
– Табе не спадабалася? – цiха спытала Маруся.
– Мне не спадабалiся твае фантазii! – абурыўся Сцяпан. – Тысяча клiчнiкаў пад выразам: "Гэты паход прысвячаю табе, Анатоль!" Ён жа цябе не варты! Анiяк табе не падыходзiць: нi iнтэлектам, нi ростам, нi характарам!
Маруся пакрыўджана маўчала. Ужо калi выйшлi на вулiцу, мовiла:
– Ты не маеш права забараняць мне кахаць яго!
– Аднак павiншаваць цябе з першым паходам прыйшоў не ён!
Маруся развiталася i шпарка пакрочыла да аўтобуснага прыпынку.
Анатоль Хвашчэўскi моўчкi назiраў, як Галя збiралася: доўга стаяла ля люстэрка, прымервала некалькi сукенак, але ўсё ёй не падабалася. Нарэшце яна нацягнула джынсы i майку. Прысела на свой ложак i сказала, як адрэзала:
– Я знаёмiцца з Марусяй не пайду!
– Гэта чаму? – здзiвiўся i адначасова ўзлаваўся Анатоль.
– Таму, што сёння сход у Мiколы Гайды з выпадку паходу.
– Ты? Да Мiколы? – аж пачырванеў Анатоль, вусны яго задрыжэлi. – Якiя паходы, калi ты рыхтуешся стаць маёй жонкай?! Пра паходы забудзь!
– Табе, значыць, можна, а мне – забудзь! – ускiпела Галя. – Я марыла пра турыстычную сям'ю, каб муж, жонка i дзецi разам хадзiлi ў паходы, на турзлёты! Каб дружна, весела, разам усюды!..
– На кухнi тваё месца, як i кожнай жонцы! – затрос кулаком у яе перад носам Анатоль. – Я пасварыўся з Мiколам! А ты, як мая будучая жанка, не павiнна iсцi ў гэты ганебны паход, якi вядзе ён!
– А памятаеш, ты казаў, што паходы даражэй за ўсё, нават з жонкай развядзешся, калi пускаць не будзе? Мне таксама паходы даражэй за ўсё! Значыць, мы квiты?
– Жанчына – гэта другое! – буркнуў Анатоль. – У нашай сям'i такога не было! Мой бацька – настаўнiк! I мацi заўсёды яго паважала, нiколi не абуралася, нават калi ён гуляў з бабамi, праўда, адной акно пабiла... Але ж дома i насоўкi яго смаркатыя па вуглах збярэ i памые i ў хаце, i па гаспадарцы ўсё спраўлялася сама! Ён нiчога не дапамагаў, бо казаў, што жанчына – гэта авечка, яна павiнна скарацца i быць паслухмянай, калi кахае! А мая мацi кахала бацьку! А ты? Хiба ты кахаеш мяне, калi вось так размаўляеш?!
– Няхай яно згарыць, такое каханне! – плюнула Галя. – Я не мазахiстка! I ў паход я пайду!
– Тады болей мяне не ўбачыш! – крыкнуў Анатоль i, грымнуўшы дзвярыма, пайшоў ад яе.
Увесь час у тралейбусе дрыжэлi рукi. Супакоiўся толькi ля дома Марусi. Iрвануў дзверы пад'езда, увайшоў у лiфт. Ля Марусiнай кватэры перавёў дыханне i нацiснуў на званок. Дзверы адчынiў Сцяпан.
– Ты ўжо тут за гаспадара? – раззлаваўся Анатоль, пiхнуў яго i зайшоў.
– Анатоль! – кiнулася да яго Маруся. – Чаму ты адзiн, дзе Галя?
– Пра гэта забудзь, – адрэзаў Анатоль i па-гаспадарску развалiўся на канапе. – Дай мне што выпiць!
Маруся заспяшалася на кухню.
– Паглядзi, якую газету яна табе намалявала, – падаў скрутак Анатолю Сцяпан.
Той разгарнуў, абыякава глянуў, нават не прачытаў i задаволена кiнуў газету на стол.
– Маруся! Мая курыца ў цесце гатова? – крыкнуў ёй на кухню.
Дзяўчына ўжо спяшалася да хлопцаў з поўным падносам, на якiм красавалiся, смачна пахлi, наганялi апетыт разнастайныя прысмакi.
– Маруся! Выходзь за мяне замуж! – адкусваючы кавалак курынага мяса, прамармытаў Анатоль. – Заўтра нясём заяву! – выцерся папяровай сурвэткай i дадаў, стукнуўшы Сцяпана па плячы: – Будзеш сведкам на вяселлi!
Маруся ўспыхнула ад радасцi. А Сцяпан моўчкi выйшаў на балкон i запалiў ён не ведаў, радавацца яму цi плакаць: Маруся ўжо i для яго рабiлася як свая, як родная...
IV
Мiкола доўга не мог знайсцi патрэбнай мелодыi для сваёй песнi. Струны да болю ўпiвалiся ў пальцы...
– Ды кiнь ты бразгацець! – незадаволена прагугнеў Антось.
Вялiкiя вочы на хударлявым твары, блакiтныя, празрыстыя, яны падобны на лятучыя пёрыстыя хмаркi. Калi Антось засмучаўся, хмаркi гэтыя цямнелi, а калi смяяўся – сярод хмарак успыхвала вясёлка...
– Слухай, Пiтоша, а чаму ты нiкога не кахаеш? – засмяяўся Мiкола. Гэтую мянушку ён даў хлопцу за вялiкiя вочы i цiхi, пранiклiвы голас.
– А што такое ў тваiм разуменнi каханне? – адказаў Антось. – Мары альбо секс? Каханне – гэта тое, што мы самi прыдумваем пра аб'ект закаханасцi. Вось як Аленка, напрыклад, молiцца на цябе, як на Бога, i не ведае, што на самай справе ты – нiкчэмнасць... А Вольга, якой ты пiшаш вершы i з якою нi разу не сустракаўся, гэта што, платанiчнае каханне? Яна ж усё роўна не пачуе тваiх песень у сваёй вёсцы, не даведаецца пра тваё "каханне". Цi ты паедзеш да яе па размеркаваннi?
– Вядома, не! – кiнуў гiтару Мiкола. – Як жа я кiну спорт i аўтарскую песню? У вёсцы нiхто ранiцою не бегае – засмяюць! Басейна няма. Мiнулым летам на конкурсе аўтарскай песнi я заняў трэцяе месца... Столькi апладысментаў!
– Згадзiся, што па вялiкiм рахунку ты – шэрасць, – цiха мовiў Антось. – I ў iнтэлекце таксама, нахапаўся вяршкоў, усяго патроху... Аленцы мазгi пудрыш, Вользе такiя вершы прысвячаеш, каб людзей дурыць, маўляў, якое ў яго пакутнае каханне... Калi ты кахаеш тую Вольгу, чаму не едзеш да яе? Дык яна ж у цябе проста фетыш, вобраз, на якi ты працуеш, i ўсё! Цi не так?
– Абставiны не дазваляюць нам быць разам, – уздыхнуў Мiкола. – А Аленку мне проста шкада – яна закахалася, i я не магу груба з ёю абысцiся...
– Ды лепш горкая праўда! Перахварэе, як дзецi вятранкай...
Антось не дагаварыў – у пакойчык зайшоў Сцяпан, у касцюме, расшпiленай куртцы, з вялiкаю поўнаю торбаю.
– Грэчкi прынёс, хлопцы! – гучна вымавiў Сцяпан. – У паход возьмем! Бацька дасць яшчэ тушонкi...
– Вось што значыць быць сынам фермера! – задаволена сказаў Мiкола.
– Ды якi там фермер! – засмяяўся Сцяпан. – Мой бацька на хутары жыве, акрамя мяне двое сыноў жанатых, разам працуюць, вось i багатыя.
– А сястра ёсць? – пацiкавiўся Мiкола.
– Ёсць, малая яшчэ, толькi школу скончыла, але крыху хворая...Вось паеду i я на хутар жыць, не хачу нi ў горадзе эканамiстам працаваць, нi ў калгасе! На хутары лепш жыць, сярод братоў, дружна ў нас, весела! Кожны вечар да бацькi ў хату прыходзяць браты з жонкамi, размаўляем, у карты гуляем...
Мiкола закiваў галавою i заспяшаўся адчынiць дзверы – нехта стукаў. Аслупянеў – побач з Аленкаю стаяла сапраўдная прыгажуня: пшанiчныя валасы выглядваюць з-пад моднага каптурыка, шэрае дэмiсезоннае палiто, доўгi шарф заколаты жоўтаю брошкаю ў выглядзе вялiкага матылька...
– Я – Iрэна! – працягнула дзяўчына руку, i зачараваны, прыемна ўражаны Мiкола пацалаваў яе руку.
Сцяпан заспяшаўся зняць палiто з прыгажунi, акуратна павесiў яго на цвiк. Антось ласкава запрасiў дзяўчат за стол, усмiхаючыся, налiў па кубку гарачай гарбаты.
– Iрэначка, я чуў, што ты iграеш на фартэпiяна, – падсеў да яе Мiкола. – А цi ўмееш ты пiсаць музыку? Вось, напрыклад, на мае вершы...
Ён падаў ёй сшытак. Iрэна асцярожна, кончыкамi пальцаў з вялiкiмi нафарбаванымi пазногцямi разгарнула яго. Пачала чытаць.
– Я праслаўлю цябе, як Петрарка Лауру... – усмiхнулася Iрэна. – А што праслаўляць? – здзiвiлася. – Чалавек – эгаiстычны i недасканалы, няўдзячны... Наш свет поўны цудаў: захад сонца падобны на мора вогненных фарбаў; начное неба ўсыпана зоркамi; лес пранiзаны промнямi сонца... Спеў птушак, кветкi-матылькi... Чалавеку ўсё гэта падараваў Бог, але чалавек губiць прыроду, зямлю, на якой жыве... Мы на першым курсе хадзiлi ў паход па вёсках, i я заўважыла, што вясковыя людзi не бачаць той прыгажосцi, якая акружае iх: дзецi ламаюць дрэўцы, дарослыя па цаглiнцы разбiраюць царкву альбо палац, забруджваюць сажалкi... Гарадскiя, якiя выраслi i большую частку свайго жыцця жывуць на асфальце, так не ставяцца да прыроды...
– Ведаеш, Iрэна, – звярнуўся да яе Сцяпан, – калi ў вёсцы натомiшся ад працы, дык не да гэтага! Так на зямлi напрацуешся, што табе не да любавання прыродаю!
– А цi ведаеш ты гiсторыю сваiх мясцiн? – пацiкавiлася Iрэна.
– Я табе i кажу: нам не да гэтага! Мар'iн хутар, i ўсё! А якая там Мар'я жыла, мне няма справы! Мая мацi як праполе гектар зямлi, буракоў там цi бульбы, дык ёй не да прыгажосцi! Абы да падушкi, i ўсё! Неяк адна жанчына i кажа маёй мацi, што мы, дзецi, не ласкавыя ў яе. А калi той мацi было лашчыць нас, калi працы столькi, подбежкам усё: пакармiла – на поле, пераапранула – i ў хлеў! Яны нават з бацькам разам не спалi, усякiя там пацалункi, мiлаванне, што па тэлевiзары паказваюць, для iх смех, плююцца! Мой брат меншы ажанiўся, дык жонка такая лiслiвая, усё да мужа лезе абдымацца, а мацi сварыцца: сорам, маўляў, як гарадскiя, гультаi!
– Няўжо сорам мужу з жонкаю абдымацца ды цалавацца? – засмяялася Iрэна.
– Ноччу няхай абдымаюцца! – зазначыў Сцяпан. – А то палягуць тэлевiзар глядзець, дык яна руку на яго пакладзе цi сама на плячо да яго лажыцца. А мацi як убачыць, то ганяе! Не жанiх i нявеста ўжо, да вяселля трэба было мiлавацца!
– Ой, а мая сястра з мужам ужо ва ўзросце, дык калi i падурэюць мiж сабою, балуюцца, i дзецi ля iх, усе смяюцца, то ў хованкi гуляюць, а то скачуць па маме з таткам, весела так! – засмяялася Iрэна. – I ў вёсцы жывуць таксама, дваюрадная сястра мая...
– Гэта ўжо блазнота, у нас усё строга! Нiякага балаўства, тым больш з дзецьмi, i блiзка няма такога, каб яны па бацьках скакалi ды з iмi ў хованкi гулялi! У нас больш маўчаць, мужыку з жонкаю няма чаго попусту языком малацiць!
– А сястра мая з мужам неяк аж да дзвюх гадзiн ночы размаўлялi, – не здавалася Iрэна. – I Новы год разам сустракалi, iм i кампанii не трэба...
– У нас такога няма! – махнуў рукою Сцяпан. – Гэта ўсё гарадская блазнота!
Мiкола зарагатаў i плюхнуўся на крэсла побач з Аленкаю.
– Табе, Сцяпаначка, трэба гарачая жанчына! – засмяяўся ён. – Тады i пабалуешся, i пагаворыш! Вось як мы з Аленкаю, таксама да дзвюх гадзiн ночы размаўляем, а то i да ранку!
Ён абняў дзяўчыну i пацалаваў. Антось незадаволена скрывiўся i сказаў:
– А я вось не маю звычкi на ўвесь голас крычаць, з кiм я да ранiцы размаўляю!
– Я i так ведаю, з кiм! – засмяяўся Мiкола. – З Богам, усё малiтвы шэпчаш...
– Нiчога смешнага няма! – умяшалася Iрэна. – Не разумею, чаму вы, усе вясковыя, такiя няверуючыя людзi? Мая сяброўка сказала ў вёсцы, што верыць у Бога, дык смяялiся, маўляў, што гэта за настаўнiца веруючая? Здаецца, вясковыя блiжэй да прыроды, павiнны любiць Бога, верыць у яго, а атрымлiваецца, што гарадскiя больш...
– Неадукаваны чалавек не зразумее Бога, не паверыць у яго, – цiха мовiў Антось. – Тупыя людзi гэта людзi, у якiх душа спiць. Яны ведаюць толькi гарэлку, секс i iншыя задавальненнi для свайго цела, а душа ў iх мёртвая. Вось i ў вёсцы думаюць толькi пра тое, каб працаваць, есцi...
– Ты мне вёску не ганьбi! – строга вымавiў Сцяпан. – Я хоць i ў горадзе вучыўся, хоць гэтыя вашыя культурныя звычкi набыў: "добры дзень", "калi ласка", – але калi прыеду дадому, стану такiм, як i быў! Усё гэта нiкчэмнасць – культура ваша! Што яна дае чалавеку? Я хачу быць самiм сабою!
– А я вось хачу паехаць у вёску, каб прывiць людзям культуру! – зазначыла Iрэна. – Без культуры нельга!
– Бяры з сабою Сцяпана! – засмяяўся Мiкола.
– Не, мы будзем з iм сварыцца, – адказала тая. – У нас розныя погляды на жыццё: я дбаю пра духоўнае, а ён пра матэрыяльнае.
Сцяпан засмяяўся, падышоў да Iрэны i пацалаваў яе ў шчаку.
– У вас жа цалавацца нельга! – усмiхнуўся Мiкола.
– Да вяселля можна! – выказаўся Сцяпан i пайшоў адчыняць дзверы. На парозе з'явiлася Галя: вясёлая, радасная, яна выгукнула са шчаслiвай усмешкай:
– Ура! Канец рабства! Я за Анатоля не iду замуж! Iду з вамi ў паход!
I вытрасла з сумкi цэлую кучу папер.
– Маршрутныя карты, меню на ўвесь паход! – выдыхнула, смеючыся. – А таксама – кнiжка-замалёўка для запiсаў прыгод у паходзе!
– Малайчына! – Антось падышоў да дзяўчыны i па-сяброўску абняў яе.
– Калi ласка, жанiх! – усмiхнулася Анатолю работнiца загса, – атрымайце квiтанцыю. Нявеста, запоўнiце, калi ласка, бланк. З правага боку – дадзеныя жанiха, з левага – нявесты!
Маруся ўспыхнула, зачырванелася.
Сеўшы за стол, Анатоль падсунуў пашпарты i бланк да Марусi.
Пакуль Маруся запiсвала дадзеныя Анатолевага пашпарта, той уважлiва разглядваў старонкi пашпарта дзяўчыны. Раптам падскочыў, бы яго пчала ўкусiла, нават войкнуў. Маруся перастала пiсаць. Запытальна паглядзела на яго.
– Э! Так справа не пойдзе! – матнуў Анатоль галавою. – Групы крывi ў нас розныя...
Памаўчаў. Потым узяў бланкi i паклаў сабе ў кiшэню.
– Пайшлi! – строга вымавiў Анатоль. – Дрэнь справа! Сястра мне гаварыла, калi розныя групы крывi – дзецi будуць дурныя. Трэба патэлефанаваць ёй, параiцца!
– Дзе твая сястра працуе? – з насмешкай спытала Маруся. – Дзе яна такiх глупстваў набралася?
– Ты мне Святлану не ганьбi! – раззлаваўся Анатоль. – Яна разумнейшая за любога доктара ў бальнiцы, хоць i санiтаркаю працуе!..
Вусны Марусi скрывiлiся ва ўсмешцы, вялiкiя чорныя вочы глядзелi на хлопца з такiм здзiўленнем, быццам бачылi яго ўпершыню...
Галя з асалодаю ўслухоўвалася ў словы вершаў, якiя чытаў Мiкола. Пяшчота i горыч напаўнялi iх, бясконцая туга па каханай, якая так далёка ад яго...
– Каму ён прысвяцiў гэтыя вершы? – заклапочана шапнула Галi на вуха Аленка.
– Нейкай Вользе, што ў Жыткавiчах жыве. Настаўнiцай працуе...
Тугi камяк падкацiў пад сэрца. Аленка адчула, што вось-вось расплачацца. Успомнiла пяшчотныя словы Мiколы, якiя ён гаварыў ёй уначы, але так нiколi i не сказаў ёй "кахаю"...
– Байкавыя касцюмы не браць – хутка намакаюць i доўга сохнуць! – раздаўся зычны голас Антося, абудзiў Аленку ад горкiх думак. – Калготкi таксама не браць, чуеце, дзяўчаты? – засмяяўся хлопец. – Штаны, шкарпэткi... Адносна заплечнiкаў – абалакаўскi альбо яраўскi. Тэхнiка бяспекi: iдзём праз лясныя завалы – не скачам, дрэвы за ствалы не чапаем – у падгнiлых дрэваў яны не крэпкiя, кара гнiлая... За заплечнiк нiчога не чапляем, з кiшэняў нiчога не тырчыць...
– У паход выступаем пасля выпускнога, у пачатку лiпеня, – прамовiў Мiкола, згортваючы карту. – Работу з вяроўкамi, вязанне вузлоў пройдзем у наступны раз. Цяпер – усiм зранку бегаць, хадзiць на трэнiроўкi, у басейн, каб потым на маршруце не памiраць! Паўторым арыентаванне на мясцовасцi...
– Я скажу! – усхапiлася Аленка. – Мох, лiшайнiкi заўсёды растуць з паўночнага боку, а смала выступае з паўднёвага, мурашнiкi – з паўднёвага боку дрэва. Алтар у праваслаўных цэрквах робiцца на ўсход.
– Добра! – усмiхнуўся Мiкола i павярнуўся да Iрэны. – А ты ведаеш, як вызначыць час без гадзiннiка?
– Вядома, – засмяялася тая. – Мне кожны дзень дарылi кветкi. Цюльпаны вечарам закрывалi пялёсткi. А ружы я сама клала спаць у ванную. Жоўтыя дзьмухаўцы пад маiм акном у шэсць ранiцы ўжо раскрытыя, а пасля пятнаццацi-шаснаццацi гадзiн засынаюць! Таксама i наготкi ў гэты час кладуцца спаць. Падбел прачынаецца ў дзесяць, а засынае ў васемнаццаць. Шыпшына хоць i рана прачынаецца, але кладзецца ажно ў дваццаць адну гадзiну. А начныя фiялкi ў гэты час толькi прачынаюцца! А салаўi пачынаюць спяваць звечара, гадзiн у адзiнаццаць...
– Усё гэта – дробязi! – пасмiхнуўся Сцяпан, прысёрбваючы з кубка гарбату. – Раю ўсiм лепш набыць гадзiннiкi!
– Вось калi ты вясковы хлопец, то й раскажы нам прыкметы добрага i дрэннага надвор'я! – засмяялася Iрэна.
– Калi ласка! Для цябе – што хочаш! – усмiхнуўся ёй Сцяпан. – Добрае надвор'е: месяц пры ўзыходзе захутаны ў бляклы круг, зоркi мiгаюць слабым зеленаватым святлом, камары таўкуць мак, божая кароўка хутка злятае з рукi, конiкi моцна стракочуць, салаўi спяваюць...
– Ой, Сцяпан! – усклiкнула Iрэна. – Так добра нагаварыў, што мне ў вёску захацелася!
– Кветкi моцна пахнуць! – дадала Аленка i падсела да Мiколы. – Можна, я пачытаю твой сшытак з вершамi? – запытала цiха.
Мiкола згадзiўся. Яна не стала чакаць, калi ўсе разыдуцца, развiталася i пайшла дадому, прыцiскаючы да грудзей Мiколаў сшытак з вершамi для Вольгi.
– Ты – Дарына? – князь узнiмаецца з месца.
– Не, не Дарына... – шэпча дзяўчына. – Не, не Дарына... Вазьмiце з сабою!
Доўга маўчыць князь, а потым гаворыць:
– Што ж, збiрайся. Толькi пешшу не пойдзеш. Княжною паедзеш. Убор прынясуць табе слугi.
Не ведала Дарына – сон гэта цi ява. Няўжо такi суровы князь дараваў ёй цi проста трымаў слова перад бацькам яе?
... Не давалi думкi спакою Дарыне i нават тады, калi стаяла яна ля магiлы бацькi i слёзы пакаяння цяклi па яе твары.
Засталася Дарына жыць у замку князя Вiтаўта, i назваў ён яе сястрою. Стала блiжэй ведаць князя Дарына i адкрыла ў iм цеплыню душы i сардэчнасць – як з сябрам i братам, часта размаўляла з iм. I стаў ёй князь блiзкiм i родным чалавекам. Пакахала яго Дарына, шчыра i моцна, але не магла адкрыцца яму ў гэтым.
Настаў час, калi да названай сястры князя пачалi сватацца, але ўсiм яна адмаўляла, у душы кахаючы Вiтаўта.
Князь не наведваў Галубiнку больш за паўгода. У прыгожым маёнтку з бела-блакiтнага каменю жыла Дарына. Час свой яна праводзiла ў малiтвах i чаканнi.
– Кажуць, з'явiўся ў нашых краях багаты купец з-за мора, – паведамiла Дарыне дзяўчына-пакаёўка, якая жыла з ёю. – Дачка ў яго вельмi прыгожая вачэй не адвесцi! У гасцях яна з бацькам у замку князя. I будзе там вечарына...
– Я даўно не атрымлiвала вестак ад князя, – самотна прашаптала Дарына. Пiсала да яго, але ганец заўсёды вяртаўся з адным адказам, маўляў, князь дзякуе за лiст. I болей нi слова!
... Недзе пад вечар у маёнтак прыскакаў вершнiк. Дарына выбегла яму насустрач. Узяла пакет, разгарнула яго i з трапяткiм сэрцам пачала чытаць. Князь запрашаў яе ў замак на вечарыну!
Яна прыцiснула лiст да вуснаў.
– Божа мой! – прашаптала Дарына. – Я ўбачу яго!..
V
Гнуткiя, тоненькiя, бы бярозкi, дзяўчаты высыпалi на сцэнiчную пляцоўку. Рознакаляровыя, вясёлыя – проста кветкi! Нiбыта чараўнiца, раскрыўшы свае далонi, стварыла iх, такiх прывабных, не падобных адна на адну. Яны растварылiся ў музыцы, калыхнулiся, быццам ад подыху ветру, i... паплылi над зямлёю...
– Iрэна, плечы раўней! – зычны голас Нiнэлi Мiхайлаўны раздаецца ў зале. Руку адводзiм... Так, так! А зараз – бегунок: i – раз-два-тры! Адажыо, дзяўчаткi!.. Малайцы!
Iрэна, танцуючы, уяўляла сябе прынцэсай. А чаму б i не? Яна самая шчаслiвая – выходзiць за Янку. Рэня ад зайздрасцi напляткарыла на Янку, а ён па-ранейшаму працуе ў аўтапарку, у iнтэрнаце сваiм жыве, як i жыў! Сусед яго па пакойчыку нахлусiў, бо таксама зайздросцiць iхняму каханню! Цяпер нiякiм плёткам пра Янку Iрэна не паверыць! Сёння Iрэна купiла сабе шлюбную сукенку. Аддала Янку дзiцячыя кансервы, дрожджы i падарункi для ягоных родзiчаў.
Усмешка не сыходзiла з Iрэнiнага твару, вочы ззялi, бы ранiшняе сонейка.
– Дзякую, дзяўчаткi! – зазвiнеў голас Нiнэлi Мiхайлаўны. – Заняткi скончаны, да сустрэчы! Iрэначка! – паклiкала цiха дзяўчыну i працягнула ёй кнiжачку. – Гэта табе! У гонар тваiх змовiн з Янкам!
Iрэна падзякавала, пацалавала Нiнэль Мiхайлаўну i падумала, што князёўна з вокладкi так падобна на яе самую, шчаслiвую Iрэначку-прыгажуню, якая хутка развiтаецца з дзявочым жыццём i прыме прозвiшча мужа – Бiневiч...
... Мацi сустрэла Iрэну як звычайна з заплаканым тварам i папярэдзiла, каб не займала тэлефон – а раптам бацька тэлефанаваць будзе! Дзяўчына скрывiлася i, перакусiўшы на хаду, пайшла да Соф'i.
– Ты Аленку маю не бачыла? – запытала жанчына з хваляваннем. – Казала, у Жыткавiчы паедзе да нейкай Вольгi. Пайшла да Мiколы, сёння ж яны ў тэатр збiралiся, а там музыка на ўвесь пакой, i нiхто не адчыняе. Прыбегла дадому, плача, кажа, у Жыткавiчы паеду, да Вольгi. А што гэта за Вольга? Можа, зноў нейкая цыганка? А цi ведаеш ты, Iрэначка, якое гора ў нас? – Соф'я паправiла халат, затулiла поўныя ногi. – Аленка ж мая цяжарная! Хацела яму сказаць, але саромеецца. Намякнула наконт дзiцяцi, дык ён i слухаць не хоча. Я ёй таблеткi дастала, але не дапамаглi, пойдзе на аборт... А што ж рабiць, Iрэначка? Не трэба мне, каб людзi смяялiся з яе!
– Адзiн тлум ад гэтага кахання, – уздыхнула Iрэна. – А можа, Аленцы пашанцуе яшчэ? Вось як у мяне з Янкам, быццам i пасварылiся, i разышлiся,а цяпер – вяселле!..
– Ах ты, дурнiца! – закiвала галавою Соф'я. – Мужык мой у гасцях быў у свайго калегi, дык бачыў там твайго Янку. Ужо два месяцы, як твой Янка жанаты! Бабу ўзяў з дзiцем. З таго часу, як яго з аўтапарка выгналi, усё на вакзале начаваў – у вёску вяртацца не хацеў. На танцах знайшоў нейкую дурнiцу дый ажанiўся! А дагэтуль нiдзе не працуе, то ўкрадзе што, то ў такой, як ты, нешта выдурыць! Галавы ў цябе няма – падарункаў яму накупляла, дрожджаў, дзiцячых кансерваў!
Соф'я закiвала галавою i пакруцiла пальцам ля скронi. Iрэна ўспыхнула i падалася прэч з кватэры. Але потым вярнулася i сказала Соф'i, каб дала адрас, дзе цяпер жыве Янка. Тая назвала.
Дзверы адчынiла жанчына гадоў за трыццаць.








