Текст книги "Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)"
Автор книги: Лидия Адамович
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 14 страниц)
– I сапраўды, у гараскопе правiльна сказана: усе Панны – прыдзiрлiвыя! адвярнулася ад яго Галя, але ўрэшце потым згадзiлася з Анатолем.
...Цётка Людвiка аказалася дзябёлай адзiнокай жанчынай, якая жыла ў цеснай аднапакаёвай кватэры. Яна запрасiла Анатоля з Галяй у вузкую кухню i, ледзь прасоўваючыся памiж ракавiнай, халадзiльнiкам i кухонным сталом, на ўсе лады расхвальвала Анатоля, войкала, завiхалася, збiраючы на стол. Анатоль запалiў, выпусцiўшы клубок сiвога дыму цётцы ў спiну.
– Хоць мужчынам запахла! – закрактала цётка Людвiка. – Люблю дым...
Галя ж напружана назiрала, як на канцы цыгарэты нагарае слупок попелу, i разважала, куды яго дзене Анатоль. Той павольна скiнуў яго на падлогу.
– Зноў, як бацька! – незадаволена шапнула яму Галя.
Анатоль строга глянуў на яе i пачаў есцi бульбу з салам. Цётка Людвiка прымасцiлася побач.
– А вы не будзеце снедаць з намi? – пацiкавiлася Галя.
– Я на дыеце, – паскардзiлася тая. – Сэрца балiць, нельга тлушчу ўжываць, малачко вось п'ю...
З'еўшы скварку, Анатоль зноў салодка зацягнуўся цыгарэтай.
– Ты паеш спачатку, а потым палi! – заўважыла Галя.
– Ты лепш раскажы, хто твае бацькi! – сказала цётка Людвiка. – Не хачу, каб наш Толечка трапiў у дрэнныя рукi!
– У мяне добрыя бацькi, – адказала Галя. – Калгаснiкi... А я – будучы бiблiятэкар.
– Ай! – аж ускочыла цётка. – Дык бiблiятэкары ж у выхадныя працуюць! А хто ж Толiчка накормiць?
– Зранку нагатую...
Цётка Людвiка падцiснула вусны i пачала прыбiраць са стала. Анатоль незнарок выпусцiў дым проста ў твар Галi.
– Фу! Надымiў! – паднялася тая з месца. – Пойдзем лепш у другi пакойчык, пагаворым...
– Ты глянь на яе! – пiснула цётка Людвiка, аж вусны яе затрэслiся. – Якая праява! Дым ёй замiнае!
I яна, цяжка дыхаючы, апусцiлася на крэсла. Анатоль хуценька паднёс ёй вады.
– Бр-р-р! – напiўшыся, выцiрала вусны тая. – Толiчак, не спадабалася мне твая паненка... У-ф-ф! Сэрца забалела... Не прыеду на тваё вяселле...
– Цётка Людвiка!.. – Анатоль паклаў ёй на плячо сваю руку. – Цётка Людвiка!..
– У-ф-ф! – уздыхнула яна. – Не, не прыеду, Толiчак!..
– Нам час iсцi ўжо, – маркотна вымавiў ён, сцiснуўшы цётчыну руку. Прабачце, калi што не так...
I кiнуў Галi, каб iшла на выхад. Сам рушыў за ёю.
– Толiчак! – усхапiлася цётка Людвiка i заспяшалася за iм, трымаючыся рукою за сэрца. – Прыязджай, прыязджай! Адзiн...
Той моўчкi кiўнуў на развiтанне. Ужо ў пад'ездзе накiнуўся на Галю:
– Чаму перад маiмi родзiчамi паводзiш сябе так, га?
– А што, я хiба ведала, што яна такая нелюдзiмая? – абурылася Галя. – Што я такога дрэннага сказала ёй? Выйсцi ў другi пакой – гэта абраза?
– Яна любiць мяне, а ты "надымiў", "пайшлi ад яго ў другi пакой"! Быццам грэбуеш мною!
– А што, я павiнна балдзець, як твая цётка, ад дыму тваiх цыгарэт? Можа, ты стукнеш яшчэ, дык мне i малiцца на цябе трэба будзе?
– Маўчы, калi сабралася замуж! Раней трэба было думаць, а цяпер кола закруцiлася – дарогi назад няма! – крыкнуў на яе Анатоль.
...Слонiм. Тутэйшы ансамбль Мiхаiла Клеафанса Агiнскага, брата вядомага музыканта... Iрэна правяла далонню па сцяне старога будынка, прытулiлася шчакою да халоднага каменя. Глянула ўверх – над ёй бяздоннае блакiтнае неба.
– Я хачу застацца тут, – прашаптала яна Аленцы. – Памерцi, каб нiколi не вяртацца ў горад, дзе ўсё напамiнае Янку i бацьку.
Яна пазiрала на Сцяпана, хоць была да яго абыякавая. Хлопец здаваўся працавiтым, але ўвесь час у паходзе маўчаў: не спрачаўся, нiчога не расказваў, нiкога не крыўдзiў i нi за каго не заступаўся...
– А можа, вось за такога i трэба выходзiць замуж? – разважала ўслых Iрэна. – На дзяўчат не звяртае ўвагi, значыць, жонцы здраджваць не будзе.
– Не кiдайся ў крайнасцi! – папярэдзiла яе Аленка.
– А што, ён цiхi, спакойны, – зазначыла Iрэна. – Я навучу яго сексу, i ён будзе ўдзячны мне за гэта, i нiколi яго не пацягне да другой, бо з другою яму не будзе так, як са мною. Я – суперзорка, так сказаў Янка.
– Выкiнь з галавы Янку i Сцяпана! – строга сказала Аленка. – Пайшлi, трэба яшчэ ў былым Слонiмскiм манастыры пабываць. А потым – у Жыровiчах, там жыве мая бабулька, там – мой любiмы манастыр...
– Хутчэй на аўтобус! – паклiкаў усiх Мiкола. – Да Жыровiч iдзе!
Галя памкнулася была iсцi за ўсiмi, але Анатоль пацягнуў яе за рукаў штармоўкi.
– Стойце! Усе назад! Тут некалькi кiламетраў, а прыгажосць якая! Пойдзем пехам...
– Iсцi да такога месца адна асалода! – падтрымала Аленка. – Анатоль праўду кажа: раней паломнiкi да святых месцаў пешшу хадзiлi.
...З левага боку вiднеўся на ўзгорку зялёны лес. Жоўтае поле пшанiцы звiнела налiтымi каласамi. Босыя ногi падарожнiкаў ступалi ў гарачы пясок, як у муку, пакiдаючы глыбокiя сляды. Па дарозе амаль не было транспарту.
– Некалi землi гэтыя належалi праваслаўнаму вяльможу, падскарбiю Аляксандру Солтану. Было гэта ў 1470 годзе, пры Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, пачаў аповяд Антось. – Пастухi пасвiлi статак i ўбачылi яркае святло, якое лiлося праз галiны дзiкай грушы, пад якою працякаў ручай. Падышлi i ўбачылi на дрэве iкону. Невялiчкую, з далоньку, iкону Божай Мацi. Прынеслi Солтану, але ён схаваў яе ў скрыню, а калi прыйшлi да яго госцi, то хацеў пахвалiцца, палез – а яе там няма! Праз нейкi час пастухi знайшлi iкону на той самай грушы. Тады Солтан пабудаваў храм у гонар з'яўлення цудатворнай iконы. Ля храма з'явiлася вёска Жыровiчы. Землi тут былi добрыя, "тлустыя", казалi. Каля дзесяцi гадоў знаходзiлася iкона ў храме, але ўзнiк пажар, i драўляны храм згарэў. Нiхто на папялiшчы не знайшоў iконы. Прайшоў час, i сялянскiя дзецi, якiя iшлi са школы, заўважылi на гары, дзе раней стаяў храм: сядзiць на каменi ў прамянiстым святле незвычайнай прыгажосцi панi i трымае ў руках iкону тую. Дзецi пабеглi па настаўнiка, а калi вярнулiся – на каменi гарэла свечка i ляжала тая самая iкона. Цяпер той камень знаходзiцца ў адной з цэркваў Жыровiцкага манастыра. Там i цудатворная iкона. Цудадзейнае тое месца – бываеш там, i цягне зноў i зноў...
Мiкола са здзiўленнем пазiраў на сябра.
– Ты быў там?
– Некалькi разоў, – усмiхнуўся Антось. – Заўсёды перад экзаменамi, i вочы лячыў, ваду браў у цудатворнай крынiцы. Мне Аленка параiла.
– А мне здаецца, што гэта казка, – сказаў Мiкола i павярнуўся да Сцяпана. – А як ты думаеш?
Той пацiснуў плячыма. "Чаму ён нiколi не выказвае сваiх поглядаў? падумала Iрэна. – "Хто мудры – той заўсёды маўчыць"? Цi "Маўчыць той, каму няма чаго сказаць, бо галава пустая"? Загадкавы хлопец. А загадкавае прыцягвае".
II
Палаткi раскiнулi на ўскрайку сяла на прыгожым поплаве, сярод зялёнай травы i маленькiх стракатых кветак. Хараство i цiшыня панавалi навокал. Аленка лягла на траву, i ёй здалося, што зямля дыхае. Яна глядзела ў бок манастыра, i здавалася ёй, што вярнулася яна дадому – такая мiлая была ёй гэтая мясцiна! У Жыровiчах, акрамя бабулькi, жыве яе стрыечная сястра Таццянка, у яе такi слаўны хлапчук – Алесiк! Вельмi любiць яго Аленка. I яна, папярэдзiўшы Анатоля, заспяшалася да Таццянкi. I як жа здзiвiлася, калi ўбачыла там сваю мацi. Расчырванелая, падпiтая Соф'я сядзела з Алесiкам на канапе.
– Алесiк кажа, што цябе не любiць! – заявiла яна, выцiраючы далонню вусны, нахiлiлася да малога. – Праўда, сынок? Скажы ёй!
Хлопчык засаромеўся, схаваўся за яе спiну.
– Глупства вы, цётка, кажаце! – сказала Таццянка i павяла Аленку на кухню, каб пачаставаць.
Загаварылi пра вучобу, жыццё. На парозе з'явiлася Соф'я.
– Чуеш! – звярнулася да Аленкi. – Я й кажу яму, каго ты больш любiш: мяне, што табе ўсё купляю, цi Аленку, якая нiчога табе не купляе? Дык ён кажа: цябе! Цябе, цётачка! – зарагатала Соф'я.
Аблiзала вусны i дадала:
– Дачушка, налi квасу!
– Якога табе квасу? – не зразумела Аленка.
– Ды не ты! – махнула рукою Соф'я. – Ты – свякрусiна дачка, бабкi сваёй любiмай, i таткi свайго, калекi! А мая – вось! – яна абняла Таццянку. – Маю дачушку ўзялi замуж, а цябе нiхто не бярэ!
I яна навалiлася на Таццянку, абняла, зацмокала ў твар.
– Ай, цётка Соф'я! – вырывалася Таццянка. – Чаму вы Аленку не любiце?
– Няхай яе мая свякруха любiць! Я iх радню ненавiджу! Свякруха прыбягала, плакала: ой, ой, сястрычка мая памерла! Ха-ха-ха! Хутка й сама памрэ!
– Што, бабка Нiчыпарыха памерла? – са слязьмi вымавiла Аленка. – Чаму ты мне не сказала?
– Бо я ад радасцi п'ю i танцую! – засмяялася Соф'я. – Увесь ваш род загублю пад корань, бо жыццё маё загубiлi, гады!
I Соф'я загаласiла. Аленка выбегла з хаты i пайшла да сваёй бабулькi.
– Уздыхаеш, бедная! – абняла Аленку бабка. – Доўга яна яшчэ тваю кроў пiць будзе...
Сухенькая, сярэдняга росту, бабка была акуратнай i ладнай гаспадыняй, хоць апошнi час i не мела ўжо сiлы ўпраўляцца ў хаце, на агародзе i ў хляве. Трымала некалькi курэй ды аднаго парсюка. Прыходзiла Таццянка, дапамагала. Адзетая бабка сёння ў карычневую спаднiцу, паўзверх якой завязаны белы фартух, у сiнюю трыкатажную кофту, на галаве белая хусцiнка.
– Я табе грабеньчык у Баранавiчах купiла! – падала гасцiнец Аленка. – А дзе твая кошачка?
– Бегае, – усмiхнулася бабка i абняла Аленку. – А матка твая ж бiла яе, кошачку маю, як я жыла з вамi, – бабка выцерла рукою вочы, – i мяне не раз у галаву таўкла. Калi ж ужо табе, Аленачка, Бог шчасця дась? Малiся, донечка мая, малiся! Можа, падась Бог табе знак свой.
Бабка дастала з шуфлядкi свой малiтоўнiк i падала Аленцы.
– Вазьмi з сабою ў паход, спатрэбiцца.
Аленка падзякавала.
...Белыя фiранкi на вокнах, праз iх вiдаць кавалачак неба. Вышыты ручнiк на покуцi.
– Гэта ж я яго вышывала! – усмiхнулася Аленка. – А памятаеш, як да нас бабкi прыходзiлi на вячоркi? Гiсторыi розныя расказвалi. Бабка Вера чытала Мележа, "Людзi на балоце". Бабка Каця варыла трактарыстам абед i хвалiлася, што ёй столькi курэй кожны раз варыць прывозяць, што яна так наелася! Бабка Яўстрацiха прыходзiла, настаўнiкава мацi. Яе ўжо няма. Бабкi Маланнi няма, у якой брат манахам у Кiева-Пячэрскай лаўры.
– I сястрычкi маёй няма, – заплакала бабка. – Ты так любiла яе!..
Аленка абняла бабку.
– Усiх ты памятаеш, донечка, – прашаптала тая. – Каго няма, i тых добрым словам успомнiш. Хутка i я да iх пайду...
– Ну, што ты! – супакоiла яе Аленка. – Пажывi яшчэ. З кiм жа я застануся?
– З Богам, дзiцятка, з Богам, – закiвала галавою бабка. – Адзiн ён у нас з табою заступнiк...
– Усiм па цукерачцы да гарбаты! – гаманiла Галя, завiхаючыся ля вогнiшча. – Вось гэтая цукерка – апошняя, i я аддам яе Анатолю з Iрэнай, у iх сямейная палатка, няхай i цукерка будзе адна на дваiх!
I ўсунула яму ў руку карамельку.
– Так! Ужо рэўнасць пачынаецца? – павысiў голас Анатоль. – Гэта апошнi паход для цябе! Не бяру нават на турзлёты! Тваё месца – на кухнi!
– Ды не равi ты! – крыкнула на яго Iрэна. – Галя, давай мяняцца месцамi!
Яна забрала свой заплечнiк i спальнiк i панесла ў другую палатку.
– Галя, забiрай, калi ласка, свой спальнiк i нясi ў Толеву палатку! сказала настойлiвым тонам Iрэна. – Анатоль, ты няправiльна сябе паводзiш, трэба паважаць будучую жонку, шанаваць яе!
– Я павiнен клапацiцца пра ўсю групу! – адрэзаў той. – Што гэта за кiраўнiк, якi мiлуецца ў палатцы з будучай жонкай!
– А з кiм ён павiнен мiлавацца, з чужою нявестай?
– Нi з кiм! – крыкнуў Iрэне Анатоль. – Я з табою мiлаваўся, цi што, лялька ты размалёваная! Табе не ў паходы хадзiць, а на матрацы грэцца!
– Не смей абражаць Iрэну! – падышоў да яго Мiкола.
– Хлопцы, цiха! – супакоiў iх Антось. – Можа, Анатоль i праўду кажа: нельга кiраўнiку групы мiлавацца з будучай жонкай цi нявестай, а трэба дбаць пра ўсю групу. Вось Анатоль i выбраў нейтральнага чалавека суседам да сябе ў палатку – Iрэну. Яна ж – нiчыя нявеста. Таму раўнаваць да яе, Галя, табе няма чаго! Ну хочаш, я пайду спаць да Анатоля ў палатку? Я i Аленка! Згода? I нiкому не будзе крыўдна i цесна ў палатцы. Ну як, хлопцы?
Антось абвёў усiх позiркам. Сцяпан моўчкi, бы яго не датычыць, калупаў наском чаравiка трухлявы пень. Мiкола кiўнуў галавою. Анатоль уздыхнуў i прамовiў:
– Парадак! Канфлiкту няма!
...Над вуллямi кружылi кропкi-пчолкi, растапырыўшы крылцы, садзiлiся на кусты малiннiку, на белую квецень яблынь, акуратна пасаджаных у рады руплiвымi манашкамi. За садам, уздоўж возера, паважна хадзiў качур, кракаў, клiкаў качак да вады. Ускочыла ўгору рыбiна, схапiла мошку i знiкла ў возеры. Перавернуты човен прыткнуў смаляны бок да цаглянай агароджы манастырскага двара. Тут жа стаяла сучасная тэхнiка для апрацоўкi зямлi.
Аленка прайшлася ўздоўж агароджы, па вузкай упадзiне, пазiраючы ўгару на дрэўцы i кусты. Над iх верхавiнамi бялеў купал Багаяўленскай царквы. Узнялася наверх. Абышла царкву кругом. Пастаяла ля магiл архiрэяў i ля магiл без надпiсаў – толькi крыжыкi. Тут пахаваны браты i сёстры, манахi. Аленка падумала, што, мабыць, вельмi добра быць пахаванай вось тут, у манастыры. Нiхто не зруйнуе магiлу, не пабудуе на ёй дом. Цiшыня i ўтульнасць, спакой манастырскага жыцця i небыцця, вечнасцi.
Калi чалавек са спакоем i развагаю задумваецца пра смерць, значыць, ён пасталеў. Аленка прайшла паўз келлi, i ўпершыню ёй захацелася адзiноты i спакою.
Лучше кельи нет подруги
Средь монашеской среды.
Она лечит все недуги,
Избавляет от беды...
прашаптала Аленка словы вершаў невядомай манашкi. Верш гэты, як i ўсе артыкулы ў самадзейнай манастырскай газеце, быў без прозвiшча аўтара. А можа, яго складалi ўсе разам?
Знай одну только дорогу:
В храм и в келию свою,
Угождай с любовью к Богу,
Чтоб блаженствовать в Раю.
Аленка ўсмiхнулася, i такою нiкчэмнаю здалася ёй уся мiтусня ў свеце: бязглуздыя мары аб прывiдным каханнi, цяга да хутчэйшага замужжа, як быццам потым адкрыецца там для цябе рай, набыццё моднага адзення, салоны, пустыя размовы на фiласофскiя тэмы, спорт, палiтыка... Усё адна мiтусня... I ўсё гэта праходзiць з узростам: захапленнi, мары, каханне, вечным застаецца толькi Бог. I Любоў, але не тая, якую прыдумалi людзi, падмянiўшы сапраўднае бутафорыяй: мiлаванне-расстанне, слёзы-пацалункi, клятвы-здрады, а вось гэтая любоў, якая ў манастыры памiж людзьмi! Аленка ўспомнiла, як да яе звярталiся: "Сястрычка, сядай сюды, калi ласка!", "Сястрычка, у нас нельга апранацца так, даруй мне, грэшнай! Я табе зараз прынясу што-небудзь iншае", "Матушка, можа, вам цяжка?", "Братка, дапамажы, калi ласка". Усюды такая любоў, ветлiвасць, клопат аб iншых, што хочацца застацца тут назаўсёды. Учора Аленка стаяла ля плота ў манастырскiм садзе, а па той бок плота iшлi па вулiцы свецкiя хлопцы i лаялiся бруднымi словамi.
Вкусив райского блаженства
Всех молитв, канонов, митр,
Монастырского единства,
Ты, монах, захочешь ль в мир?..
Галiнкi акацыi калыхалiся ад подыху соннага ветру, марудна, ласкава краналi халодную шыбiну. Смугла-сiнi вечар прыйшоў на зямлю. Зацiхлi гукi, гамонка руплiвага дня. У маленькай агульнай келлi ля столiка з лампадкаю сабралiся паломнiкi, свецкiя людзi. Яны пазiралi на спакойны, лагодны твар манашкi, прыслухоўвалiся да яе роўнага, разумнага голасу.
– Недасягальны i магутны Бог, – гаварыла яна, – таму наш розум не можа ахапiць усяго i зразумець сутнасць Бога. Але чысцiнёю сэрца свайго мы Яго разумеем i наблiжаемся да Яго. Як нiхто i нiколi не змог удыхнуць у сябе ўсё паветра, так i розум не змесцiць неабсяжнае Божае сутнасцi. Мы павiнны радавацца таму, што Бог недаступны розуму зямнога чалавека, Яго мы будзем пазнаваць усю вечнасць, якая чакае нас пасля смерцi нашай.
– Матушка! – падала голас дзяўчына ў белай блузцы i жоўтай касынцы. Парайце, калi ласка, што мне рабiць! Здаецца, раблю дабро, а выходзiць – зло. Я прыехала на хутар, пачала расказваць усiм пра Бога, кнiжкi духоўныя раiла, а з мяне пасмяялiся.
– Дзiця маё, – уздыхнула манашка, – Хрыстос гаварыў: "Не кiдайце бiсер свiнням!" Не будзь такою даверлiваю, не кiдайся адразу з адкрытаю душою да людзей, не даведаўшыся, хто ёсць хто. Бiсер – гэта душа наша. Пазбягай дрэнных людзей i не старайся iх выправiць – белым чорнае не адбелiш, толькi выквацаешся...
– Матушка! – звярнулася да манашкi другая дзяўчына. – На мяне нi з таго нi з сяго пляткараць...
– Плюнь на iскру, i яна патухне, а калi дзьмуць будзеш, то разгарыцца, i нядоўга да пажару! Калi церпiш ад людзей знеслаўленне – гэта пасланне ад Бога да славы тваёй, бо пакора – вышыня, чым глыбей пакора, тым вышэй чалавек узносiцца духоўна. Ты ж не крыўдуеш на дзяцей, якiя абы-што балбочуць? Дык i на плеткароў не крыйдуй, маючы ўзвышаную душу. Людзi заўсёды будуць пляткарыць – iм не дагодзiш. Калi Хрыстос прапаведаваў, злыя людзi казалi: "У iм д'ябал!" Пачаў вылечваць – то ён, маўляў, дурань! I так iм дрэнна, i гэтак. Людзi ненавiдзяць разумнейшых за сябе. Не шукай спакою i спачування ў людзях, а шукай яго ў Бога i ў людзей веруючых.
– Матушка, а як мне пазбегнуць непрыемнасцяў на новым месцы працы? спытала Аленка.
– Маўчанне – вось поспех, вось пачатак мудрасцi! – адказала тая, паклаўшы ёй руку сваю на плячо. – Калi ты будзеш маўчаць, табе будзе добра на любым месцы, усюды... Аддаляйся ад людскога жыцця, i пазбегнеш граху.
Ружовая Аленчына шчака кранулася мяккай падушкi, рука павольна нацягнула коўдру. У куце перад iконай гарыць лампадка: блакiтнае марыва, водсвет падае на белую сцяну. Цiшыня i спакой ахутваюць келлю. Толькi аднекуль здалёку, бы пранiзлiвы боль, паўстаюць перад вачыма Аленкi прыгожы твар, абцалаваны сонцам у летнiм паходзе, белазубая гарэзлiвая ўсмешка, шырокiя плечы, дужыя рукi, зменлiвы позiрк, сакавiты голас таго, каго нельга вырваць з сэрца.
– Мiкола! – шэпча Аленка.
Але яго засланяе другi – стары, чарнявы, з сiвiзною ў валасах, з позiркам, поўным годнасцi i пяшчоты.
– Я еду ў Гданьск, – гаворыць ён. – Патанцуем на развiтанне?
I знiкае. А на яго месцы стаiць незнаёмы мужчына ў даспехах сярэднявечча i працягвае Аленцы кубак.
– Вазьмi яго, – шэпча, – у iм смерць Чорнай зданi...
"Гэта Вiтаўт!" – здагадваецца Аленка.
– Дарына прыходзiць да мяне кожную ноч. Садзiцца на ложак i ўсмiхаецца, кажа ён. – Я гавару ёй словы кахання, але яна не чуе iх. У той страшны вечар, калi яна выпiла атруту, я хацеў сказаць ёй, што даўно дараваў i толькi яе абраў сабе за жонку. Толькi яе, больш нiкога. Адчай Дарыны апярэдзiў мае словы. Спяшайцеся дараваць сваiм блiзкiм, адпускаць грахi пры жыццi iх!
Аленка працягнула руку, каб узяць кубак, але князь знiк. На яго месцы з'явiлася белая мроя.
– Дарына? – усхапiлася Аленка.
– Малiся за мяне, – прашаптала яна, – вялiкi грэх на мне...
– Я знiшчу Чорную здань! – сказала Аленка. – Скажы, дзе кубак, я дапамагу табе!
– Ты яе не знiшчыш, – адказала Дарына. – Яна ўжо кранулася цябе. Ты i я грэшнiцы, але ж ты жывая. А мне там, дзе я цяпер, вельмi дрэнна, нiхто не молiцца за мяне на зямлi. Тваё месца тут. Тут не растуць мае кветкi. Ты ведаеш, дзе яны растуць? Аб чым папярэджваюць?
– Якiя кветкi? – зацiкавiлася Аленка, але мроя растала ля акна, за якiм ружавела ранiца.
– А-а! – ляпаў сабе па жываце Мiкола. – А я ў цудатворнай крынiцы выкупаўся, усе грахi змыў, праўда, Аленка? – Ён раскалмацiў валасы дзяўчыне, якая толькi што вынырнула з-за палатак. – Ну як, памалiлася? – засмяяўся ён. Малiся, Аленачка, за нас, грэшных, доўга яшчэ нам iсцi прыйдзецца да Вiшанькi!
I ён пачаў складваць рэчы ў свой заплечнiк.
– Iрэначка, прыхарошваешся перад люстэркам? – зычны голас Мiколы гучаў на ўсю паляну. – Што жанчыне патрэбна для шчасця, нават на дзiкiм востраве? Вядома, люстэрка, бо кожная жанчына крышачку свавольная малпа!
Iрэна скрывiла вусны i не глянула ў ягоны бок. Сцяпан у расшпiленай кашулi скручваў палатку. Дзяўчына падышла да яго i нешта прагаварыла. Той моўчкi закiваў галавою. Антось аббiваў зямлю з жалезных пруцiкаў, якiя трымалi тэнт. Галя старанна засыпала пяском яму са смеццем, а Анатоль наском чаравiка ўтрамбоўваў зямлю – прысыпаў вогнiшча. Аленка сядзела на сваiм заплечнiку i назiрала за маленькiм жуком, што поўз у траве...
Мiкола ўключыў транзiстар. Адтуль надакучлiва пiшчала i трынкала. Нарэшце загучала музыка.
– Выключ! У лесе трэба слухаць музыку прыроды! – загадаў Анатоль.
– Я не магу доўга быць у iзаляцыi, мне трэба iнфармацыя – мозг у бяздзеяннi дэградуе! – адказаў той.
– Я як кiраўнiк групы павiнен сам выконваць i прымушаць iншых трымацца парадку i патрабаванняў, якiя тычацца паводзiн у паходзе! – строга прадэкламаваў Анатоль. – Мы – турысты, а не дзiкуны! I ты павiнен выконваць загад камандзiра!
Мiкола засмяяўся.
– Мозг чалавека засмечаны непатрэбнай iнфармацыяй, – прадоўжыў Анатоль, уздыхнуўшы. – Чаму, вы думаеце, я ўвесь час у паходах i паходы мне даражэйшыя за ўсё? Чалавеку карысна пасядзець у цiшынi i падумаць. Сучасны лад жыцця не дае гэтага. У вiхуры жыцця думкi чалавека лётаюць абы-дзе, толькi не ля сваёй душы. А ў паходзе, на прыродзе, ты сам становiшся частачкай яе, дзiцем яе. А ты як пустазелле якое!
– А можа, ён баiцца застацца сам-насам са сваiм сумленнем, га? – заглянуў у твар Мiколу ягоны сябар Антось i выключыў транзiстар. – Да нас прыходзiць Дух Святы не ў буру i гром, а сярод цiшынi i подыху лёгкага ветру.
– Добра, пайшлi! – закiнуў на спiну заплечнiк Мiкола. – А то на менскi аўтобус спознiмся!
– Нiякiх больш аўтобусаў, – строга прамовiў Анатоль. – Нам трэба выбрацца да Нёмана, на тое месца, дзе мы былi, Мiкола, у тым годзе, – ён павярнуўся да хлопца. – Памятаеш той хутар, ля якога мы ў балота трапiлi?
– Няхай яно гарыць, тое месца! – раззлаваўся Мiкола. – Цэлы дзень па балоце iшлi, а ўсё моста праз Нёман няма i няма! На тым баку – хутар, хлопец з лодкай. Мы яму пакрычалi, i ён нас пачаў перавозiць, а мацi яго крычыць: "Ганi "Чайку" назад!" Хiба яна не бачыла, што нам дапамога трэба? Скнары яны ўсе тут. Раней хутарамi жылi, дый цяпер, хоць i вёскi ўтварылiся, псiхалогiя людзей засталася ранейшая. У кожным двары свой калодзеж. Спачатку iдзе высокi плот, потым сад, гаспадарчыя пабудовы, а тады ўжо хата. Людзi ваўкаватыя, i ўсё iх жытло стаiць да людзей задам! Хiба ж гэта вулiца вясковая, калi вокны на дарогу не глядзяць? Мы ж з табою былi ў Загаллi, у аднаго сябра-турыста, дык там звычайная палеская вёсачка, а ўсе вокны ў хатах – на вулiцу, ля кожнай хаты – лавачка ўкопана, людзi вечарамi сядзяць, гамоняць, песнi пяюць, а тут усе пазашываюцца ў норы i сядзяць, адзiн аднаго ненавiдзяць!..
– Не ўтрыруй, калi ласка! – строга сказаў Анатоль. – Пайшлi да Нёмана!
Хлопцы i дзяўчаты моўчкi скiравалi за Анатолем, толькi Мiкола нехаця плёўся ззаду...
– А я кажу: калi ў мяне жонка патлусцее – будзе кожную ранiцу вакол хаты бегаць! – сур'ёзна паўтарыў Анатоль, памешваючы мярзотны кiпень у катле.
– Як ты называеш гэтую страву? – наiўна папыталася Галя, лiслiва заглядваючы ў твар хлопцу.
Анатоль раздражнёна ўздыхнуў i нiчога не адказаў. Аленка пацягнула Галю за штармоўку i пасадзiла з сабою побач на бярвенца.
– Думай, калi пра што пытацца! – па-даросламу шыкнула на яе. – Бачыш – ён заняты! Гэта ж ягоны фiрменны напiтак: глiнтвейн...
– Глiнтвейн? – перапытала Галя. – А з чаго ён?
– Гарачае вiно з перцам, карыцаю i гваздзiкай, – шапнула Аленка.
Анатоль строга глянуў у iх бок i сказаў:
– А вось што зробiць кожная з вас, калi заўважыць, што спаднiчка стала цесная?
Iрэна павярнулася да Аленкi i ўзбуджана зашаптала:
– Гэтае вiно, гэтае вiно... падобнае на вусны Янкi! Такiя гарачыя, палкiя... Мяккiя, як мармелад... Я хацела б растаптаць ягоныя вусны сваiмi абцасамi!
Вочы дзяўчыны гарэлi д'ябальскiм агнём.
– Не зацыклiвайся! – строга вымавiла Аленка. – Твае думкi пра яго блакiруюць аўру, i нi адна разумная iдэя не прыйдзе да цябе. Адкiдвай гэтыя думкi, iнакш звар'яцееш!
Аленка ўсмiхнулася Анатолю i сказала:
– Ну, калi мая спаднiчка стане цеснай, то я буду ранiцай бегаць па два кругi вакол возера, больш нават за нашага майстра бегу – Мiколу!
Мiкола задаволена кiўнуў Аленцы, правёў пальцамi па струнах гiтары:
– Цудоўная жонка камусьцi будзе! А вы, Iрэна з Галяй, што зробiце?
– Знайду багатага мужа, каб купiў другую спаднiцу! – скрывiла вусны Iрэна.
– А я... – марудзiла Галя, не ведаючы, што адказаць, каб спадабацца Анатолю.
Нарэшце, паказваючы сваю эканомнасць i гаспадарлiвасць, вымавiла:
– А я зраблю такiя клiны, каб пашырыць... Лампасiкi...
Гучны выбух смеху разарваў вячэрнюю цiшыню ля вогнiшча. Не смяяўся толькi адзiн Анатоль.
– Трэба некаму схадзiць на хутар, – пасля доўгага маўчання вымавiў ён, яек купiць альбо курыцу... Заўтра будзе працяглы маршрут. Пешшу да Вiшанькi. Нiякiх болей аўтобусаў. Лiшнюю вагу скiнем i мазгi праветрым...
– Нам трэба Уздзенскi раён наведаць, – напомнiў Антось, сур'ёзна задумлiвым позiркам гледзячы на Анатоля. – У вёсцы Нiзок стаiць паўразбураны маёнтак Наркевiча-Ёдкi. У "Зборнiку помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi" за 1987 год, па Менскай вобласцi, пра нашага славутага земляка нi слова...
– Нiзок ёсць у маршруце, – згодна кiўнуў галавою Анатоль i дадаў: – Дык, можа, ты збегаеш на хутар? Вазьмi каго-небудзь з дзяўчат!
– Ну, дык вы ж самi казалi ранiцою, што прадасце курыцу, – разгублена стаяла перад маленькаю, з падслепаватымi вачыма старою Галя.
– А на чым вы з таго боку пераехалi, га? На лодцы? – перапытала тая. – А шмат заплацiлi дзядзьку, га? Ну, дык мо ведаеце, колькi каштуюць куры на базары, раз з таго боку прыплылi? А то мяне ўсё падманваеце. Вы ж, як цыганы-валацугi, гэткiя...
– Колькi скажаце, столькi i дадзiм! – выцягнуў з кiшэнi грошы Антось, блакiтныя, з хмарынкай вочы хлопца лагодна глядзелi на старую.
– Ай, – сутулiлася тая, нервова прайшлася па двары, заўважыла, што Галя сарвала спелую вiшню, i падцiснула вусны. – Не прадам! Заўтра дачка прыедзе з Полацка, скажа кошт, вось заўтра i прыходзьце!
– Ды ну вас к чорту! – раззлавалася Галя, выплюнуўшы костачку ад вiшнi. Мы хадзiлi ў паход па Берасцейскай вобласцi, дык там нам малако i яйкi бясплатна давалi, частавалi! Во дзе людзi добрыя!
– Цьфу! – плюнула старая. – Галеча там – не хаты, а квадратныя каробкi! А ў нас хаты доўгiя, прыгожыя...
– I задам да людзей! – выкрыкнула Галя, успомнiўшы Мiколавы словы, i пабегла з двара.
Ля хмызняку яе схапiў за руку Антось.
– Ды не нервуйся ты! – ласкава сказаў ён. – Вось дзе не трэба, дык ты смелая, а як у кампанii, то замкнутая, цiхая. А як адкрыеш рот, то глупства змарозiш, аж думаецца тады: дурная ты цi прыкiдваешся?
Галя пакрыўджана адпiхнула яго i моўчкi пайшла па вузкай сцежцы да маленькай, схаванай за высокiм плотам з яблыневым садам хаткi.
– Не крыўдуй, прабач мне! – папрасiў Антось. – Я хачу табе дапамагчы! Ты тыповы меланхолiк, а каб перамагчы сваю скаванасць, трэба стаць у цэнтры ўвагi, напрыклад, прыйдзi ў турклуб з тортам, якi спякла сама, i скажы голасна, маўляў, усiх запрашаю, альбо давай цяпер паспрабуй, мы вернемся да палатак, а ты раскажаш што-небудзь цiкавае!
Галя недаверлiва глянула на хлопца.
– Не бойся, я цябе падтрымаю, – запэўнiў яе Антось, спагадлiва пазiраючы ў твар, – ты толькi памятай, што ты прыгожая, прывабная, мiлая, непасрэдная, як дзiцятка. Запомнi, ты – мiлая! Калi будзеш расказваць, глядзi на мяне, я буду трымаць рукi вось так i ўсмiхацца табе, каб ты не збiлася з панталыку, згода?
Галя засмяялася i сказала даверлiва:
– Ведаеш, у мяне з другiмi хлопцамi iнакш. З другiмi я смялейшая, упэўненая ў сябе, а з Анатолем, не ведаю, чаму такая нязграбная...
– Проста ён табе падабаецца. Вось калi перастане падабацца, станеш сама сабою. Табе трэба знайсцi сябра альбо закахацца ў другога.
– Навошта? – не зразумела Галя.
– Вы не падыходзiце адно аднаму. Анатолю патрэбна такая жанчына, з якою ён мог бы раiцца, у якой ёсць жыццёвы вопыт, а ты яшчэ дзiця. Яму трэба сталая жанчына. I табе – сталы чалавек, якi б мог дараваць тваю дзiцячую непасрэднасць. I пакахаць цябе за тваю чыстую душу.
Ён памаўчаў i дадаў:
– А наогул, не трэба табе нiякi замуж. Не псуй душы сваёй, iдзi лепш у манастыр.
Галя глянула на яго, як на вар'ята.
– Я хачу, каб у мяне была сям'я! – усклiкнула яна. – Хадзiць разам з дзеткамi ў паходы. Шчаслiвая спартовая сям'я, пра якiя паказваюць па тэлевiзары i якiя я часта бачу ў паходах.
– Гэта толькi звонку здаецца, што яны шчаслiвыя, а на самай справе рэўнасць, здрады...
– Адкуль ты такога набраўся? – раззлавалася Галя i пiхнула нагою дзверцы, каб увайсцi ў двор.
Гаспадыня хаты сядзела на драўлянай падлозе i вiла вяроўку. Ручкi яе былi маленькiя, як у дзiцяцi, галоўка таксама, а вочы юркiя, цьмяныя, недаверлiвыя.
– Мо малака прадасце, бабуля? – ветлiва спытаў, прывiтаўшыся, Антось.
– Не, – цвёрда адказала тая. – Карову сурочыце! У нас нiчога не даюць i не прадаюць, трэба ўжо ведаць! Кветак, трускалак на расаду не даюць, бо звядуцца, яек i малака не прадаюць, бо сапсуецца карова!
– У вас што, вядзьмарак шмат, што ўсяго баiцеся?
– Анягож! – затрэсла галавою старая. – Бацюшка хацеў крыж паставiць на могiлках, дык чорная сiла не дала, малiтва да Бога не прабiваецца. I не паставiлi! У нас, аж да Дзвiны, аж да Полацка самага поўна ведзьмакоў, а ўжо там, пад Полацак, ды пад Вiцебск, да Расеi блiжэй – няма нячысцiкаў. А тут захад, вось i чэрцi круцяцца.
– Дык мы ж не нячысцiкi, мы – турысты, – усмiхнуўся Антось.
– К чорту вас, к чорту! – ускочыла старая i выпхнула iх з хаты.
– Пайшлi з гэтага гiблага месца, – махнула рукою Галя i ўздыхнула: Хутчэй бы да Менскай вобласцi выбрацца! Я згодная i ноччу iсцi!
III
– Ну, хто раскажа што цiкавае? – разглядваючы начное зорнае неба, спытаў Анатоль. – I iсцi лягчэй будзе.
– Лепш слухай пошчак конiкаў у траве! – агрызнуўся Мiкола, папраўляючы заплечнiк. – Ганяеш, як на разрад! Я ў майстры спорту па турызме не хачу! Папярэджваў жа ўсiх, што лепш на гэтыя хутары не сунуцца, вось да чаго твая ўпартасць, Анатоль, даводзiць! На пусты жывот да Менска пiлiць трэба!
– Ну, не сярдуй, – прымiрэнча адказаў Анатоль, – мы ж крыху аўтастопам праехалi, ужо да Менскай вобласцi рукою падаць. Ля Плешчанiц на начлег запынiмся. Будзем там у тры гадзiны ночы.
Антось падышоў да Галi i нешта шапнуў на вуха. Тая голасна сказала:
– Сябры, паслухайце паданне!
Анатоль азiрнуўся, запынiўся, быццам чакаў ад яе нейкага падвоху. Але дзяўчына, усмiхнуўшыся, павольна пачала аповяд:
– Гэта здарылася ў той час, калi людзi ваявалi з лукамi i стрэламi. На вайне ў аднаго хлапчука загiнуў бацька. Старэйшы брат яго сказаў: "Вось вырасту i адпомшчу за татку!" А хлапчук i кажа: "А я памiру ўсiх заўтра ранiцою!" Пасмяялiся з хлопчыка ўсе i леглi спаць. А той пабег да сваiх воiнаў i паздымаў з лукаў цяцiвы. Пабег да ворагаў i зрабiў тое ж. Нацягнуў гэтыя цяцiвы на драўляную дошку з дзiркай, атрымалiся струны. Крануў iх рукою – i палiлася журботная мелодыя. Прачнулiся воiны абодвух бакоў i пайшлi глядзець, што дзе здарылася. Бачаць, на тым полi, дзе яны бiлiся, сядзiць маленькi хлапчук i iграе на незвычайным iнструменце. Пачалi яны пытацца ў яго, што ён тут робiць. "Са зброi вашай гуслi зрабiў я, – адказаў той, – вось i распавядаюць яны, колькi гора i слёз прынеслi войны людзям. Гуслi могуць весялей зайграць, але толькi тады, калi вы братамi станеце". Маўчаць воiны, не ведаюць, што i адказаць. "Хворыя вашы душы, – мовiў хлопчык, – буду вам лекарам!" I дзiўная музыка палiлася з-пад ягоных пальчыкаў, абудзiла наваколле. Заслухалiся воiны. А калi сонейка паказалася з-за лесу, пачалi воiны абдымацца i плакаць, называць адзiн аднаго братамi. Вось так музыка зрабiла цуд, – закончыла Галя, – вось так, кажуць старыя, з'явiлiся першыя гуслi.








