Текст книги "Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)"
Автор книги: Лидия Адамович
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 14 страниц)
– Не дымi ў твар! Колькi можна казаць адно i тое ж? Ты, як твой бацька: у твар да субяседнiка з люлькай лезе, слiнаю пырскае i не здагадаецца адступiцца!
– Ты майго бацьку не ганьбi! Ён настаўнiк, пенсiянер! Я ж на цябе не кажу, што з галечы! – павысiў голас Анатоль, а потым дадаў цiшэй: – Значыць, так, зараз Маруся едзе ў адпачынак, прыедзе ў канцы лютага. Тады пойдзем да яе, няхай цябе навучыць есцi варыць, шыць, бялiзну мыць... I маўчаць, калi муж адпачывае!
Анатоль раптам запынiў на Галi ўважлiвы позiрк.
– А гэта яшчэ што? – скрывiўся ён. – Чаму каўнерык брудны?
Галя вiнавата маўчала.
– Каўнерыкi трэба мяняць кожны дзень! – павучальна кiнуў ёй Анатоль i пайшоў у пакойчык.
Мiкола сеў на ложак побач з Аленкай. Яго блакiтная кашуля так пасавала да ягоных вачэй!
– Я паданне прынесла, – сказала яму цiха Аленка. – Хочаш пачытаць? Пра князя Вiтаўта i Дарыну. Мне адзiн чалавек у Вiшаньцы на Новы год расказаў...
– А? – не зразумеў яе Мiкола. – Ага, добра, – узяў з яе рук аркуш, засунуў яго на кнiжную палiцу i пачаў спрэчку з Анатолем, якi толькi што зайшоў у пакой.
– Нiякiх аўтобусаў! – крычаў Анатоль. – Альбо спартовы паход, альбо сам вядзi паход! Забяспечвай усiх палаткамi, спальнiкамi, заплечнiкамi!
I ён, у запале, кiнуў недакураную цыгарэту на ложак.
– Ай! – закрычала Галя. – Ты зноў абы-куды кiдаеш? Тое ж самае, што i палiш у ложку, ужо раз было – коўдру прапалiў!
– Не вучы мяне жыць! – адрэзаў Анатоль. – Да мужчыны трэба прыстасоўвацца альбо кiдаць! Бачыш, што заснуў, – забяры цыгарэту! Бачыш, што не туды кiнуў, – падымi!
– Анатоль! Нi дня ў лесе! – упарцiўся Мiкола. – Ад музея архiтэктуры едзем у Койданава, потым аўтобусам у Баранавiчы i Слонiм. А ўжо пасля Жыровiч Вiшанька! Маршрут цiкавы, усе згодныя, не ламайся!
– Пайшлi, Галя! – крыкнуў Анатоль дзяўчыне, падаючы палiто. Тая паслухмяна апранулася, i яны выйшлi з пакойчыка, не развiтаўшыся.
...Дапiўшы гарбату, пайшоў у хуткiм часе i Сцяпан. Аленцы так хацелася, каб Антось пакiнуў яе з Мiколам адных, але Антось быццам i не разумеў трынкаў на сваёй гiтары, моршчыў нос i нешта мармытаў.
– Мiкола, я даўно хачу навучыцца iграць на гiтары, – звярнулася да хлопца Аленка. – Парай, калi ласка, якую лепш гiтару купiць.
– Гледзячы колькi ў цябе грошай, – абыякава адказаў той, не адрываючы погляду ад карты, на якой адзначаў маршрут.
– А як ты думаеш, мне лепш пайсцi на курсы цi можна самой навучыцца iграць?
– На чым? – неўразумелымi вачыма глянуў на яе Мiкола i пазяхнуў.
– На гiтары, – расчаравана i безнадзейна мовiла Аленка.
– А-а! На гiтары? – усмiхнуўся той. – Эй, Антось, чаго сядзiш як пень? аглянуўся на сябра. – Навучы дзяўчыну iграць на гiтары!
– З задавальненнем! – падняўся той з ложка i глянуў на гадзiннiк. – Ой, Аленачка, ужо познi час! Зараз вахцёр пастукае ў дзверы...
– Прабачце! Да пабачэння! – засаромелася Аленка i выйшла з пакойчыка.
На душы было цяжка i крыўдна.
– Ну што вы падаеце на мяне? – незадаволена ўскрыкнула жанчына на задняй пляцоўцы аўтобуса.
Аленцы падаўся знаёмым голас. Але яна не азiрнулася. Засяроджана глядзела ў акно. "Зараз загадаю на нумар машыны, – падумала яна, – калi будзе апошняя лiчба няцотная ў нумары, што абгонiць нас, то Мiкола пакахае мяне".
Аўтобус абагналi "Жыгулi" 15-40 МIГ. "Ай, цотны лiк! – расчаравалася Аленка. – Загадаю iнакш. Калi нас абгонiць машына чырвонага колеру – Мiкола пакахае мяне!"
Аўтобус запынiўся на перакрыжаваннi. Аленка лiхаманкава шукала позiркам чырвоную машыну. "Ёсць! – амаль падскочыла ад радасцi. – Побач з намi! Родненькая, чырвоненькая!"
Аўтобус замарудзiў, калi загарэлася зялёнае святло. Чырвоная легкавушка вырвалася наперад. "Ура! Малайчына! Значыць, Мiкола пакахае мяне! Малайчына, ма-шы-нач-ка!" – затрапятала сэрца ў Аленкi.
– Не дыхайце мне ў твар! – крыкнула жанчына на задняй пляцоўцы.
– Вас жа не чапаюць, чаго вы? – заўважыў нехта.
– Дык я вас чапаю! – ускрыкнула тая.
– Едзьце на таксi!
– Гэта ўжо састарэла! – агрызнулася жанчына. – Прыдумайце што новае!
Аленка азiрнулася – так i ёсць, гэта яе мацi, "энергiяй запасаецца"! Дзяўчына хацела адвярнуцца, але нечакана ўбачыла Вайдаша Дуброўскага i ўсмiхнулася яму. Той кiўнуў ёй, прывiтаўся i падышоў блiжэй.
– Як справы, паненка? – папытаўся, гледзячы на яе арэхава-цёмнымi вачыма.
– Добрыя справы, дзякуй, – адказала яму i, развiтаўшыся, падалася на выхад.
Ён сышоў разам з ёю.
– Зойдзем у кафэ! – прапанаваў Аленцы.
Аленка ад адчаю, што нiчога не атрымалася з Мiколам, згадзiлася.
– Майце на ўвазе, – папярэдзiла дзяўчына, калi яны распраналiся ў вестыбюлi, – мая згода нiчога такога не азначае. У мяне ёсць хлопец! За вячэру я буду разлiчвацца сама!
Дуброўскi ўсмiхнуўся i прапанаваў ёй руку, каб падняцца па лесвiцы.
Яны селi за столiк ля акна, задрапiраванага бардовымi шторамi. Афiцыянт паставiў на столiк шампанскае, труфелi. Загучала прыемная мелодыя. Дуброўскi прапанаваў патанцаваць. Аленка ўсмiхнулася i выйшла з-за столiка, падала яму сваю руку...
У час танца Аленка заўважыла, колькi побач прыгожа апранутых жанчын аксамiтныя, парчовыя сукенкi, дэкальтэ, упрыгожаннi... I яна засмуцiлася, што на iх фоне выглядае жабрачкай.
– Я часта ўспамiнаю наш першы танец, – прашаптаў на вуха Дуброўскi, – i нiколi не спадзяваўся, што патанцуем яшчэ...
Аленка маўчала, яна думала пра тое, што здраджвае свайму каханню.
– Вы такая мiлая, непасрэдная, – усмiхнуўся Вайдаш, падводзячы яе да стала, калi танец скончыўся.
Афiцыянт разлiў у бакалы шампанскае.
– Шкада, што я сёння еду ў Гданьск, – прамовiў Дуброўскi, неадрыўна гледзячы на дзяўчыну. – Калi паспею ўладзiць усе справы, вярнуся праз два тыднi. Куды табе патэлефанаваць?
– Нiкуды, – сур'ёзна адказала Аленка. – Я не буду здраджваць свайму хлопцу.
Дуброўскi задуменным, а яшчэ Аленцы здалося, i горычным позiркам, як бы шкадуючы, пазiраў на яе.
– Цябе загубiць Чорная здань, – уздыхнуў ён. – Знайдзi жалезны кубак, прыгожы жалезны кубак з накрыўкай, адкрый яго i заглянi туды. Можа, табе ўдасца выратавацца... калi ты зразумееш сутнасць...
Больш за вечар ён нiчога не сказаў Аленцы. Стрымана развiтаўся, правёўшы яе да студэнцкага iнтэрната.
Галя ўжо спала, калi Аленка цiхенька адчынiла дзверы, прабралася да ложка i, распрануўшыся, залезла пад коўдру. Перад вачыма ўсплыў стары панскi маёнтак у Вiшаньцы. Быццам бы яна, у прыгожай сукенцы, стаiць сярод дрэў старога парку...
...Мiльгануў у небе месяц i сарамлiва схаваўся за лапкi ялiнак. У пакоi маёнтка, праз шырокi аконны праём, вiдаць постаць Дарыны.
Збянтэжаная i бледная, у доўгай жоўтай сукенцы стаiць яна перад бацькам. Срэбны, прыцiшаны голас разлiваецца, патанае ў высокай зале.
– Мы толькi сябры з князем Вiтаўтам, – разгублена шэпча Дарына. – Ён жа стары для мяне, непрыгожы... Маладому я душу i цела аддала...
– Сыну леснiка, прыгажуну з дзявочымi вуснамi?! – крычыць на яе бацька, i вочы яго налiваюцца чырванню. – Зганьбiць свой род хочаш? Забылася, што акрамя прыгажосцi ў чалавека яшчэ ёсць i душа? Сэрцам шчырым i чыстай душою Вiтаўт цябе кахае! Я памру, хто ж абаронiць цябе, як не Вiтаўт?
– Сын леснiка абаронiць! – цвёрда сказала дачка. – Завязе мяне любы да мора! Хай нам птушкi садзяцца на рукi, хай нам хвалi расказваюць казкi... Багацце Вiтаўта – нiшто! Адзiнае багацце – наша каханне з сынам леснiка, наша маладосць. Адпраўляй назад сватоў Вiтаўта!
I Дарына з упартай усмешкай пакiдае пакоi маёнтка.
– Аленка, прачынайся! На зарадку пабеглi! – тармасiць за плячо сяброўку Галя.
– Ой, сапраўды! – працiрае сонныя вочы Аленка i ўскоквае з ложка. – Мiкола ўжо, вiдаць, бегае па парку! Дай Бог мне ўбачыцца з iм!
Яна выглядвае ў акно. Неадчэпная, як манiя, думка мiльганула ў галаве: "Калi ўбачу ў акно на вулiцы мужчыну – Мiколка пакахае мяне, калi жанчыну – не пакахае!"
Унiзе, па асфальце, тэпалi двое дзетак. "Нiчога, – падумала Аленка, можа, гэта маленькiя хлопчыкi, таксама ж мужчыны! А калi дзяўчынкi? Зараз спушчуся ўнiз i праверу! Калi дзяўчынкi – дрэнь справа, не пакахае!"
I яна, як апантаная, апрануўшы спартовы касцюм, кiнулася бегчы ўнiз па лесвiцы, на вулiцу...
Невыносны, сапраўдны фiзiчны боль стаяў пад грудзьмi. "У гэтым месцы канцэнтруюцца ўсе нервовыя канчаткi, – успомнiла Iрэна з курса псiхалогii. Згустак нерваў... Клубок... Значыць, сэнс "балiць у грудзях" – не пераносны! Янка, Яначка, што ты нарабiў? За што, Божа? Што я табе зрабiла дрэннага, Янка? Што я табе зрабiла?" Рука iнстынктыўна пацягнулася да цыгарэты. Iрэна паднялася з ложка. За акном пачало вiднець. За ўсю ноч яна так i не змагла заснуць. У паўзмроку пакоя ўспыхнула запалка. Няўлоўнае шапаценне пачынаючага гарэць тытуню. Асалода гаркавата-прыемнага, на поўны ўдых, дыму. Выпускаючы сiвы клубок яго, Iрэна быццам бы выпускала з грудзей свой боль. Мезенцам скiнула попел у папяровы кубарык. Стаяла ля акна. А ў доме насупраць, таксама ля акна, палiў цыгарэту нейкi мужчына. У другiм акне, на кухнi, завiхалася жанчына. А Iрэне было так адзiнока, так цяжка, быццам яна засталася адна ва ўсiм свеце!
"Жанчыны чамусьцi заўсёды даруюць мне!" – успомнiла яна словы Янкi. Той распавядаў пра Жану, з якой хацеў да службы ў войску ажанiцца. Усё падрыхтавалi да вяселля, а ён збег. "Толькi дурнi жэняцца перад службай у войску! – заключыў Янка. – Жана пакрыўдзiлася. Нават не прыйшла праводзiць мяне на службу. Але калi я вярнуўся, усё даравала. Пачалi сустракацца. Не разумею, чаму жанчыны заўсёды даруюць мне?"
"Я таксама даравала б табе, Янка, – падумала Iрэна, – толькi вярнiся. Ты мой бог, у тваiх абдымках мне так добра... Мне нi з кiм не было так добра, як з табою..."
– Iрэна, на практыку спознiшся! – крыкнула бабуля i заглянула ў яе пакойчык. – Фу, надымiла, распуста! Iдзi снедаць! Мацi павяла Паўлiка ў садок, а бацька зноў не начаваў дома, – паскардзiлася старая. – Мы з дзедам даўно не спiм, вось якую праблему вырашаем: хутка Паўлiк вялiкi стане, чуеш? Нельга яму будзе з мацi i таткам у зале спаць. Думаем яго ў свой пакойчык узяць. Да цябе таксама ж нельга. А мо ты замуж пойдзеш, га? Дык Паўлiка ў тваю спальню...
– Ды не пайду я замуж! – адказала Iрэна i забычкавала цыгарэту. – Я нiколi не пайду замуж! Мне не шанцуе!
I пайшла ў ванную. Сёння ёй трэба было добра выглядаць. Цiкавы музычны ўрок падрыхтавала. А настрою няма...
– Хто ведае, адкуль з'явiлася жалейка? – Iрэна падняла ўгару i паказала дзецям музычны iнструмент. – Памятаеце паданне?
Дзяўчынка з ружовым банцiкам у валасах паднялася з месца.
–Жыла сiрацiнка Насця, – пачала яна. – Пакахала хлопца, але ён быў такi ганарысты, што нават не глядзеў у яе бок. Марыў пра каралеўну i вырашыў iсцi па свеце шукаць яе. Знайшоў – а тая толькi пасмяялася з яго. I вырашыў хлопец вярнуцца да Насцi, але тая ўжо выйшла замуж...
– Добра, – усмiхнулася Iрэна. – А дзе ж нашы русалачкi, што яны павiнны цяпер рабiць?
Iрэна зайграла, i дзецi сталi ў карагод.
– Янка! Янка! – закрычалi яны. – Хадзi да нас, мы будзем тваiмi нявестамi! Рабi з жытнёвага каласка ўпрыгожанне сабе на шапку, а са сцеблiка зялёнага жалейку! Весялiць нас будзеш!
– А чаму Янка? – здзiвiлася Iрэна. – Я ж учора не казала вам, як таго хлопца звалi...
– Казалi, казалi! – загаманiлi дзецi.
"Божа ж мой, – спалохалася Iрэна, – у паданнi не было iмя хлопца! Янка, што ты зрабiў са мною? Нават iмя тваё не дае мне спакою..."
Iрэна перастала iграць.
– Можна, я буду Янкам? – папрасiўся хлапчук у паласатай кашульцы.
– Будзь, – з сумам адказала Iрэна i ўспомнiла, як Янка падарыў ёй матроскую цяльняшку. Яна апранула яе за горадам – бегала ў жыце, бы русалка: валасы распушчаныя, шорты кароценькiя, паласатая цяльняшка. А потым на лясной палянцы яны цалавалiся, а побач паслiся каровы.
Хлопчык у паласатай кашульцы зайграў на жалейцы.
– А цяпер, Янка, заплюшчы вочы, i мы табе дадзiм нявесту! – закрычалi дзецi i паднеслi яму пук кудзелi.
– Гэта не мая нявеста! – адкiнуў кудзелю хлопчык.
– Вось табе нявеста! – падала яму ляльку Iрэна.
Хлопчык усмiхнуўся, абняў ляльку i зноў заплюшчыў вочы. У гэты момант дзецi забралi ў яго з рук ляльку i падлажылi бярвенца.
– Ой, гэта ж трухлявае палена! – расплюшчыў вочы хлопчык.
– Янка! – сказалi хорам дзецi. – Хто доўга выбiрае – заўсёды з трухлёй застаецца!
– А за жалейку... – дадала Iрэна.
– Дзякуй! – закрычалi дзецi.
– Добра вы засвоiлi паданне, – пахвалiла ўсiх Iрэна. – А цяпер будзем развiтвацца.
Яна вярнулася ў музычны кабiнет. Думкi пра Янку не адступалi. "Трэба схадзiць да яго ў iнтэрнат, – вырашыла Iрэна. – Можа, я супакоюся нарэшце, калi ён растлумачыць, за што мяне пакiнуў?" Яна прыгладзiла валасы, але раптам рука запынiлася, замерла на месцы – з-пад далонi выглядваў сiвы валасок! Iрэна спужалася, рукi задрыжэлi.
"Гэта стрэс, – падумала яна. – Пасiвела! У дваццаць два гады пасiвела. А можа, мне сустрэць Янку на маршруце, падысцi да шаснаццатага аўтобуса... Чакаць... А калi не яго змена? Не, лепей пайду ў iнтэрнат!"
Янкi дома не аказалася. Сусед яго, стараваты ўжо мужчына, нахабна ўсмiхнуўся:
– Ты да Бiневiча? А ён ужо звольнiўся! У палюбоўнiцы жыве!
Iрэна выйшла з iнтэрната, знайшла тэлефон-аўтамат i набрала нумар Рэнi.
– Прывiтанне, – сказала стрымана. – Як жыццё маладое? Можа, замуж выйшла? Дарэчы, Янка ў цябе?
– Навошта мне твой Янка! – раззлавалася Рэня. – Скажы мне дзякуй, што я адбiла яго ў цябе, а то б век ад бруду не адмылася! Альфонс твой Янка, усякла? Пажор у мяне ўсё, пярсцёнак стырыў i знiк! Цяпер, дзеўкi казалi, на танцах "Каму за трыццаць" абiваецца. Бараду адпусцiў. Мацярок-адзiночак кадрыць. Гаварыў жа: "Паваляюся, бы сыр у масле, пару тыдняў, галоўнае, пра вяселле штодня казаць!" Ён жа зараз беспрацоўны i бомж, Бiневiч твой, казёл!
I Рэня паклала слухаўку.
Маруся Вайтовiч стаяла ў чарзе да споведзi. Малады святар не звяртаў на яе ўвагi.
– А каб лiха на вас, анцiхрысты! – старая грабла накапаны на падлогу воск. – Каб рукi адсохлi таму, хто свечкi бокам ставiць!
– Жанчына, супакойцеся! – пачала ўшчуваць яе маладая дзяўчына ў зялёным палiто. – Вы ж людзей ад царквы адбiваеце, яны iдуць да споведзi, а вы iх праклiнаеце!
– Маўчы, зараза! – крыкнула ў адказ старая. – Сама абортаў, вiдаць, кучу нарабiла, а мне ўказваеш?
Людзi запытальна паглядалi на святара, чакалi, што ён вось-вось супынiць яе. Але той з каменным тварам спавядаў вернiкаў. Падышла чарга дзяўчыны ў зялёным палiто. Яна нешта прашаптала святару, i той, абурыўшыся, гучна мовiў:
– Тое, што вы прыслалi нам пасылку, добра. Але ж маглi i прынесцi – у адным горадзе жывём. А наш стараста з хворай нагою iшоў па вашу пасылку два кiламетры на пошту.
– Прабачце, – схiлiла галаву дзяўчына, – дабром пайшло, а злом выйшла... Каюся...
– I тое, што вы прыслалi... – ушчуваючы, прадоўжыў святар, – у нас такога, мiленькая, навалам. Iншы раз мы прадаём гэта вернiкам, грошы iдуць на рамонт царквы.
Маруся, як аслупянелая, здзiўленым позiркам глядзела на святара i не разумела, дзе яна знаходзiцца. Успомнiла аповяд старых, быццам бы нехта хацеў у гэтай царкве дзiця хрысцiць, дык яму прыснiўся сон. Святая Сафiя Слуцкая, чые мошчы знаходзiлiся тут, з'явiлася ў сне таму чалавеку i сказала: "Не хадзi туды..."
– Стаiць як пень! Iдзi! – крыкнуў нехта на Марусю, падштурхнуўшы яе да святара.
– Iмя? – запытаў той.
– А як iмя вашай служкi, якая ўвесь час абражае вернiкаў? -у тон яму адказала Маруся. – Дзе ваша павага да людзей? Гэта царква цi дом вар'ятаў?
– Не маеце права асуджаць другiх! – пачырванеў ад злосцi святар. – Самi без граху?
Маруся завярнулася i пайшла прэч. На прыступках, ля дзвярэй царквы, стаяла тая самая дзяўчына ў зялёным палiто. Прамы бялявы чубчык, вiдаць, адбелены гiдраперытам, добрыя цёмныя вочы, яскравая ўсмешка.
– Здорава ты яго! – сказала дзяўчына Марусi. – Тут заўсёды так, болей маёй нагi тут не будзе. Лепш хадзi ў царкву Марыi Магдалены, што ля Камсамольскага возера, там так спакойна, такi добры айцец Уладзiмiр! I служачыя добрыя.
– Дзякую, – шчыра адказала Маруся.
– А ты праз iх Бога не кiдай! – параiла дзяўчына. – Я раней злавалася, што мне не шанцуе, нават крыжык i iконку праз акно выкiнула, а потым зразумела, што ўсе мае беды праз грахi мае. Шчырая вера ў Бога прыйшла да мяне пасля наведвання Жыровiцкага манастыра. Там ёсць цудатворная iкона i крынiца. Я стаяла ля iконы, а да мяне быццам цяпло iшло, i такая асалода ў грудзях! Пагаварыла з Мацi Божай, папрасiла ў яе дапамогi, i сапраўды ўсё збылося. А калi нашы мары не збываюцца, значыць, так хоча Бог – яму ж лепш ведаць, што нам трэба для нашага выратавання.
– А дзе знаходзiцца Жыровiцкi манастыр? – зацiкавiлася Маруся.
– Ля Слонiма. Адтуль аўтобус, тройка, у Жыровiчы ходзiць. Праз паўгадзiны. Калi мы вызначалi маршрут нашага паходу, якi будзе летам, я папрасiла ўключыць Слонiм, каб зноў пабыць у манастыры!
– Вы турыстка? – узрадавалася Маруся. – А я так хачу заняцца турызмам! Сапраўды, спартовым!
– Ай, навошта вам спартовы турызм? У нас кiраўнiк паходу, Толiк Хвашчэўскi, займаецца прафесiйным турызмам. Ну й што з таго? Захворванне суставаў атрымаў, радыкулiт, хранiчны бранхiт. Кожны раз пасля паходу ў бальнiцу кладзецца. А ўсё роўна! Аж пакрыўдзiўся на нас, калi мы прапанавалi ў паход уключыць элементы экскурсii на аўтобусе.
– Анатоль Хвашчэўскi? – здзiвiлася Маруся. – Майстар працоўнага навучання ў ПТВ?
– Вы яго ведаеце?
– Канешне! – усмiхнулася Маруся. – Такi выдатны хлопец, дзелавiты, разумны, спартсмен!
– Гэта так, – пагадзiлася дзяўчына, – але ж занадта ўпарты. Адмовiўся весцi неспартовы паход. Цяпер нам няма дзе ўзяць палаткi.
– Гэта не праблема, – шчыра прамовiла Маруся. – Я вам дапамагу. Наш начальнiк аддзела вядзе спартовы гурток. Мы таксама выязджаем на прыроду. Ёсць палаткi, спальнiкi, астатняе. Я сёння папрашу ў яго!
– Нам трэба ўлетку...
– Зразумела! – весела адказала Маруся. – Давай знаёмiцца! Маруся Вайтовiч, iнжынер праектнага аддзела "Менскбудпраекта". Зараз я табе свой тэлефон пакiну.
I хуценька напiсала на паперцы.
– А я – Алена Акулiч, – усмiхнулася дзяўчына, паклала паперку ў кiшэню. Шчаслiва! Пабачымся!
Маруся амаль подбегам неслася па калiдоры да свайго аддзела, усё баялася нарвацца на Дуброўскага. Мiнулы раз ён моцна насварыўся на яе за спазненне.
– Ну што? – выдыхнула Маруся, заскочыўшы ў аддзел. – Не заглядваў Дуброўскi?
– Няма на каго тут яму заглядваць, – засмяялася Зоська, разглядваючы свой нос у пудранiцу i пэцкаючы пэндзлiкам пад вейкамi.
– Ён цяпер на польскiх паненак заглядваецца, – дадала Надзея Шэбан, разлiваючы ў кубкi каву. – У Гданьск паехаў на два тыднi. Можа, хоць цукерак прывязе?
– Глядзi, каб прывёз! – скрывiла вусны Зоська. – Вось у маёй сяброўкi начальнiк аддзела! Каву разам з iмi п'е, смяецца, жартуе. А наш Дуброўскi нават на навагоднiм агеньчыку мяне да танцаў не запрасiў, колькi нi маргала яму.
Зазванiў тэлефон. Надзея Шэбан падняла слухаўку.
– Маруся, цябе! – усмiхнулася ёй. – Напэўна, Анатоль твой...
Маруся з хваляваннем узяла слухаўку.
– Слухаю! – весела сказала яна. – Сцяпан? А дзе ж Анатоль? Што-небудзь здарылася? Зноў трэнiроўка... не можа пайсцi са мною ў кiно?.. Ты запрашаеш? Дзякую, Сцяпан... Я не пайду! Ну i што, што Анатоль папрасiў цябе? Няхай сабе прападаюць бiлеты! Запрасi так каго... Прабач!
Яна паклала слухаўку, i на вочы навярнулiся слёзы крыўды.
III
Мiкола мыўся пад душам пасля ранiшняга бегу, калi ў дзверы пастукалi. Закруцiўшыся ў прасцiнку, хлопец адчынiў дзверы. На парозе стаяла дзяўчына ў блакiтнай дутай куртцы, джынсах i вязанай шапачцы. У руках трымала вялiкую сумку.
– Вы да Антося? – ветлiва запытаў ён.
– Да цябе, дарагi! – цмокнула тая Мiколу ў шчаку i, адхiлiўшы з дарогi, прайшла ў пакойчык.
Кiнула, не гледзячы, убок рукавiчкi, шапку, паставiла сумку на стол. Адным махам развяла на куртцы замок i засталася ў прыгожым вязаным швэдры. Села на ложак, выцягнула ўперад ногi.
– Здымi чаботкi! – засмяялася гарэзлiва.
Мiкола, як зачараваны, паслухаўся. Але потым ускочыў, паставiў яе чаботкi ў кут i, паправiўшы на сабе прасцiнку, папытаўся:
– Ты хто такая?
– Ай, не пазнаў! – гучна засмяялася тая, адкiнуўшы назад галаву. – Наташа я, твая Наталачка! – паднялася з месца i абняла яго. Затым адхiнула i сур'ёзна дадала: – У мяне ёсць адзiн сакрэт, але я потым скажу. А цяпер, даруй мне, калi ласка, што я тады на цябе накрычала. Я закахалася i баялася, што ты мяне пакiнеш...
– Трамвайшчыца... – расчаравана прысеў на ложак Мiкола.
– Не злуйся! – падмiгнула яна i расшпiлiла сумку, пачала выкладваць на стол прысмакi. – Я табе шчупака фаршыраванага зрабiла, вось пернiкаў напякла... Бутэлечка... I падарунак, трымай!
Працягнула вялiкую каробку замежнага адэкалону.
– А што сёння за свята? – скрывiў вусны Мiкола, але каробку ўзяў.
– Дзень Савецкай Армii!
– Савецкага Саюза ўжо даўно няма, тупiца!
– А ты ж яшчэ ў Савецкай Армii служыў да перабудовы.
– Мне з табою не цiкава! Аб чым нам гаварыць, трамвайшчыца? – абурыўся Мiкола i выйшаў з пакойчыка.
– Што хочаш? – агрубелым голасам спытала смуглявая старая цыганка. – На хлопца, га?
– Я ўжо была ў вас, – цiха адказала Аленка, аглядаючы цёмны пакойчык з iконамi на покуцi.
– Прынесла?
– Не змагла дастаць ягонай вопраткi, – маркотна мовiла Аленка.
– Я не пра гэта, – перабiла яе цыганка. – Грошы прынесла? Для таго, каб скарыць ягоную волю, каб прымусiць ягонае цела злiцца з тваiм, патрэбна асаблiвая малiтва... Таму i грошы вялiкiя.
Аленка моўчкi працягнула цыганцы кiпу грошай, i тая засунула iх у патаемную кiшэню недзе ў складках спаднiцы.
– Малiтву вывучыла? Распранайся!
Аленка зняла з сябе ўсю вопратку, села на каленi на рассыпаную соль. Цыганка паставiла насупраць яе свечку. Налiла ў келiх вiна i паставiла з левага боку, налiла ў другi келiх вады i паставiла з правага.
– Чытай перад iконаю, – мовiла цыганка, – i маж спачатку вiном, тады вадою...
– Благаславi мяне, Мацi-Зямля, бо я дзiця тваё! – прашаптала Аленка. Благаславёныя будзьце мае вочы, каб я ўбачыла правiльныя шляхi да цябе!
Дзяўчына намачыла пальцы ў вiне i памазала вочы. Затым намачыла пальцы вадою i правяла над павекамi.
– Благаславёны будзь мой нос, каб я пачула асалоду твайго паху! прадаўжала яна. – Благаславёны будзь мой рот, каб я змагла гаварыць пра цябе, благаславёны будзьце мае грудзi, каб у iх бiлася адданае табе сэрца, благаславёныя будзьце мае ногi, каб я змагла iсцi па дарозе, якую пакажаш ты мне. Я – дзiця тваё, i ты, мацi, дапамажы мне!
Аленка азiрнулася на цыганку: "Што далей?"
Тая моўчкi пацiснула плячыма.
– Ты ж не прынесла ягонай вопраткi, – разважала цыганка. – З чаго я зраблю чароўныя лялькi? Вось што, апранайся i iдзi да яго проста зараз! Ён выйдзе да цябе, я ўпэўнена! Бяры яго вопратку i да мяне!
Аленка, як загiпнатызаваная, паднялася. Апрануўшыся, рашуча выйшла з хаты.
Мiкола, моцна ўзлаваны выхадкай Наташы, стаяў ля вахты. Праз акно, у водсвеце лiхтара, убачыў Аленку. Тая пазiрала ўгору, на вокны, i варушыла вуснамi. Ён выйшаў на парог i паклiкаў яе:
– Эй, на каго ты там молiшся?
– Я вокны лiчу... Дзе тваё акно, вызначаю, – наiўна адказала тая з дзiцячай радасцю ў голасе i падышла да яго.
– Як добра, што ты прыйшла! – шчыра ўзрадаваўся Мiкола i падумаў, што з дапамогай гэтай дзiвачкi, якая штовечар тырчыць пад ягонымi вокнамi, ён выжыве Наташу. – Я ўжо па табе засумаваў! Чаму не прыходзiла?
Ён абняў Аленку i заўважыў, што палiто знiзу крыху парванае i зашытае. "Што, ёй бацькi не дапамагаюць?" – здзiвiўся.
– Я раней прыходзiла, – усмiхнулася Аленка, ледзь паспяваючы за iм. – Але вас з Антосем увесь час дома няма, дзе вы ходзiце?
– Басейн, вячэрняя прабежка, трэнiроўкi, – уздыхнуў Мiкола, – вось i няма часу з дзяўчатамi бавiцца...
Яны падышлi да вахты.
– Гэта са мною! – падмiргнуў Мiкола старэнькаму дзядку-вахцёру i шапнуў Аленцы на вуха: "Дакументы не здавай! Застанешся..." i пацалаваў дзяўчыну ў шчаку. Аленка была на сёмым небе ад шчасця. Яна з такiм замiлаваннем глядзела на Мiколу, калi яны падымалiся на лiфце на ягоны паверх!
Але як збянтэжылася Аленка, калi ўбачыла ў пакоi ў Мiколы другую дзяўчыну! Тая выкладвала з сумкi прысмакi...
– Знаёмся, Наташа, – мовiў Мiкола, нахабна гледзячы ў твар прыгожанькай дзяўчыне, – гэта Аленка, мая нявеста!
Наташа хмыкнула, скрывiўшы пухленькiя вусны, але да Аленкi падышла i нечакана пацалавала яе ў шчаку.
Мiкола зняў са сцяны гiтару, прапанаваў Аленцы садзiцца на ягоны ложак i сеў побач.
– Песня для цябе, мiлая! – усмiхнуўся Аленцы.
Аленка пачырванела ад нечаканай радасцi.
Не утешайте меня, мне слова не нужны,
Мне б отыскать тот ручей у янтарной сосны,
Вдруг сквозь туман там краснеет кусочек огня,
Вдруг у огня ожидают, представьте, меня!
Мiкола спяваў песню Юрыя Вiзбара:
Милая моя, солнышко лесное...
– Где, в каких краях, встретишься со мною? – падхапiла Наташа прыпеў i запрасiла ўсiх да стала.
Аленка з удзячнасцю пахвалiла кулiнарныя здольнасцi Наташы.
– А вось Мiкола называе мяне дурнiцаю, – паскардзiлася Наташа. – Паўплывай на яго, Аленачка!
– Абавязкова! – усмiхнулася тая.
Мiкола зарагатаў, адхiнуўшыся на спiнку крэсла.
– Паслухай, Мiкола! – загарэлiся вочы ў Аленкi. – Я дапамагу табе знайсцi палаткi ў паход! Мая знаёмая возьме iх у сябе на працы. Спадзяюся, што ты возьмеш i мяне ў паход за такую паслугу?
– Вядома, вазьму, Аленачка! – абняў той дзяўчыну. – I нават у загс! Заўтра прынясi свае паданнi – чытаць будзем!
– Яны ў мяне тут! – ускочыла з-за стала Аленка, хуценька выцягнула з кiшэнi лiсты. – Пачытаць?
– Давай я! – забраў лiсты Мiкола i пачаў чытаць.
...Жыла Дарына з каханым на беразе Чорнага мора. Але словы яго чароўныя больш не вабiлi яе, i тварам яго прыгожым перастала любавацца яна. Блукалi яны з месца на месца, часта сварылiся, бо муж яе не мог знайсцi сабе справы i нiчога не ўмеў рабiць. Уцякла яна ад яго i трапiла да старой вядзьмаркi. Стала жыць у яе ды вядзьмарству вучыцца. I не было ў яе сiлы i грошай вярнуцца да роднай зямлi. Сумавала Дарына па Бацькаўшчыне, як сон, успамiнала сваё дзяцiнства.
I пачула яна аднойчы, што ў мясцiны гэтыя прыехаў князь Вiтаўт са сваёю дружынай. Пабегла яна, каб паглядзець на яго. Дазналася, што ў князя не зажывае рана ад даўняй бiтвы, i папрасiла, каб дазволiлi ёй вылечыць яго. Згадзiўся князь, дапусцiў да сябе маладую вядзьмарку. Лячыла яна яго. Але падалося яму, быццам бачыў ён недзе дзяўчыну.
– Чаму твар свой хаваеш? – вочы ў Вiтаўта пры святле свечкi цёмна-сiнiя, аксамiтныя i глыбокiя, i здаецца Дарыне, у iх такое цяпло i ўтульнасць... – Як завуць цябе? – пытае ўсё ён.
Павекi ў Дарыны заплюшчаныя, яшчэ болей захiнулася яна ў сваю чорную хустку i схiлiла галаву. Не можа назваць iмя свайго.
– Цяпер лепей сябе адчуваю, – кажа князь. – Што хочаш за лекi свае?
Вочы ў дзяўчыны загараюцца, падае долу чорная хустка.
– Дадому! Да зямлi сваёй любай! – шэпча дзяўчына, да грудзей прыцiснуўшы рукi.
Князь узнiмаецца.
– Ты – Дарына?
I твар свой у слязах хавае яна...
– Ай, не наганяйце самоту! – пацягнулася за сталом Наташа. – Давайце лепш вып'ем! Сёння свята... Дарэчы, Аленачка, я працую на пятым маршруце трамвая, прыходзь, калi я ў першую змену, гэта на тым тыднi. Пакатаю! А потым у госцi пойдзем! Я пачастую цябе фаршыраванымi катлетамi на выбар: з грыбамi, з цыбуляй смажанай цi морквай. А яшчэ я смачна раблю рыбу фаршыраваную...
– Ды што ты, як трашчотка! – перабiў яе Мiкола. – Заўжды ў цябе ўсё фаршыраванае: то бульба мясам, то рыба... Вось толькi галава пустая!
– Нiчога! – усмiхнулася Наташа. – Я тваю пiлюлю праглынула, зараз перавару... Смейся, смейся, пакуль весела! Ты ад мяне хутка такi контрудар атрымаеш – заплачаш!
Наташа хiхiкнула i ўзялася з асалодаю есцi цёплыя катлеты з укропам зверху. Мiкола ўключыў магнiтафон i запрасiў Аленку на танец.
Увесь час шаптаў дзяўчыне салодкiя, сакавiтыя, як вiшня, словы кахання. Наташа танцавала адна. Павольна, прыгожа кружылася па пакойчыку ў шчыльна абцягнутых джынсах, у самавязаным узорыстым швэдры.
– Табе час iсцi! – заўважыў ёй Мiкола. – Зараз прыйдзе вахцёр з тваiмi дакументамi!
– Ой, не плач! – працягнула Наташа i прысела на крэсла, узяла ў руку шклянку з недапiтым вiном i павольна пацягнула праз саломiнку.
– У мяне застанецца Аленка! – настойлiва сказаў Мiкола.
– Я не супраць! – усмiхнулася Наташа, сцягваючы праз галаву швэдар.
Яна засталася ў прыгожым танюткiм лiфчыку. Затым павольна зняла джынсы i бухнулася ў ложак.
– Давайце яшчэ вып'ем! – засмяялася Наташа, гледзячы на збянтэжаных Аленку i Мiколу. – На развiтанне, з Аленкай... Зараз Мiкола правядзе цябе дахаты... А потым вернецца да мяне!
– Запомнi! – крыкнуў ёй Мiкола, падышоўшы да ложка. – Я не люблю агрэсiўных, плаксiвых i назойлiвых жанчын!
– З якой кнiгi гэты выраз? – насмешлiва мовiла Наташа. – Мусiць, Дэйла Карнегi цяпер чытаеш? Фiлосаф! Напэўна, ужо дзесяць сшыткаў спiсаў на афарызмы? Iнтэлектуал! Я не агрэсiўная – проста заўсёды гавару праўду! Не плаксiвая – мне твой замуж патрэбен як сабаку пятая нага! У нас дзяўчаты, мацi-адзiночкi, кватэры льготныя атрымлiваюць! Ды я лепш буду мацi-адзiночкай, чым за такога, як ты, пайду! Навошта мне за табою ў вёску ехаць? Я не назойлiвая, я – ветлiвая, павiншаваць цябе прыйшла! I пажартавала я цяпер, скрывiла вусны Наташа ў пагардлiвай усмешцы, – хацела пабачыць, як ты са сваiмi бабамi разбiраешся, калi ўсе разам прыходзяць!
Наташа ўскочыла з ложка, спрытна апранулася i, паслаўшы Мiколу паветраны пацалунак, выйшла з пакойчыка.
– Нарэшце! – з лёгкасцю ўздыхнуў хлопец i прытулiўся вуснамi да Аленчынага пляча. – Я кахаю цябе, – прашаптаў ён дзяўчыне. – Заставайся сёння ў мяне, да ранку... А заўтра, на золку, разам скiруем да возера, на ранiшнi бег...
Пасля саўны Iрэна прыняла масаж. З даўняга часу знаёмая ёй Светачка пляснула ў далонi, калi Iрэна скiнула прасцiну i лягла на масажную кушэтку.
– Як вы пахудзелi! Парайце дыету!
– Дэпрэсiя... – адказала Iрэна. – Лепей быць мажной, але шчаслiвай...
Цела Iрэны разамлела, сагрэлася, i здалося ёй, што стала яна лёгкай-лёгкай i ўзнялася над зямлёю... Як даўно не была Iрэна ў салоне "Грацыя"! Гэта яе самае любiмае месца, выходзiш адсюль зусiм iншым чалавекам – новым, памаладзелым, шчаслiвым... Як спяшалася яна адсюль раней да Янкi – акрыленая, вясёлая! Ён багатварыў яе цела, цалаваў яго. Iрэна адчувала спiною халадок зялёнай травы i пах кветак, пяшчотныя вусны Янкi... Цёплы рачны пясок сыпаўся ёй на жывот... Пырскi халоднай вады лагодзiлi твар...
– Якiм колерам будзеце фарбаваць пазногцi на нагах?
Абудзiлася ад думак Iрэна ўжо ў педыкюрным пакойчыку.
Чаму думкi пра Янку не пакiдаюць яе? Праз сцяну – касметычны кабiнет. Яна абавязкова зробiць там маску, масаж твару, i ёй накладуць макiяж "Лебедзь" ён так пасуе да яе вачэй.








