412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Лидия Адамович » Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке) » Текст книги (страница 13)
Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 4 октября 2016, 03:40

Текст книги "Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)"


Автор книги: Лидия Адамович



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 14 страниц)

– Прывiтанне! – маладая дзяўчына з завiтушкамi прыветна ўсмiхнулася Iрэне. – Не памятаеш мяне? Я каханка твайго бацькi... Праўда, цяпер ужо жонка...

– Iлона! – абрадавалася Iрэна i абняла яе.

– Ой, а я думала, ты бiцца будзеш! – засмяялася тая.

– Не, я паразумнела, – сказала Iрэна. – Як вы з таткам жывеце?

– У згодзе, – усмiхнулася тая. – Ведаеш, сапраўды я знайшла роднасную душу ў тваiм бацьку... Доўга так шукала i знайшла... Каб i табе так Бог паслаў!

– Пашле! – запэўнiла яе Iрэна. – Я куплю вашай дачушцы падарунак, бо я хутка паеду адсюль... Перадай татку прывiтанне i яшчэ, што ён малайчына! Я абавязкова зайду да вас перад ад'ездам!

...Дома Iрэну сустрэла мацi, як заўсёды сумная i заклапочаная.

– Тэлефон не займаць! – строга сказала Iрэне. – Можа, бацька патэлефануе?

– Ты вар'яцееш! – закрычала на яе Iрэна. – Пакiнь цяпер яго ў спакоi! Хiба ты не бачыш, што табою авалодаў д'ябал i хоча, каб ты звар'яцела! Мяне каханне ўжо давяло да гэтага два разы: Янку кахала, потым – Сцяпана, за секс! А ты бацьку за што кахаеш? За душу? Калi б вашы душы былi роднасныя, то ён бы цябе не кiнуў! Як можна кахаць духоўна чужога чалавека? Хочаш сексу, дык знайдзi сабе другога мужыка! З бацькам жа ты не спала! Няма чаго цяпер шукаць учарашнi дзень!

– Распранайся! – закамандавала Iрэна мацi. – Шаўковыя твае валасы мыць будзем!

I пацягнула мацi ў ванную. Потым Iрэна зрабiла ёй прычоску i макiяж. Апранула ў прыгожую сукенку i паведамiла:

– Рыхтуйся сустракаць гасцей! Пакуль ты тут вар'яцела, я сабе замежнага кавалера знайшла. Прыехала ягоная мацi, хоча пазнаёмiцца з нашай сям'ёй. А потым мы ўсе паедзем да iх у госцi. У мяне вiза ёсць, я дарэмна часу не трацiла. Афармляю i табе...

– Адкуль ён? – упершыню за ўвесь час вочы мацi загарэлiся цiкаўнасцю.

– З Анголы, – усмiхнулася Iрэна.

– Негар? – схапiлася за сэрца мацi i села ў крэсла.

– А табе што – падабаюцца толькi iнтэрнатаўскiя калгаснiкi, тыпа Янкi i Сцяпана? – узялася ў бокi Iрэна. – Хопiць, я наелася кахання, павалялася ў брудзе! Цяпер я iду замуж па разлiку, дзеля будучых дзяцей. Я буду другою жонкаю Халiла. У iх можна мець некалькi жонак! – засмяялася Iрэна. – Але ў кожнай – свая вiла, сваё хобi. А я аддаваць сваю прыгажосць каму папала не буду болей, лепш прадаць за даляры! Ты думаеш, каб я нарадзiла ад Сцяпана, то тое дзiця было б шчаслiвым на гэтым смярдзючым хутары? У майго будучага дзiцяцi будзе ўсё!

– А што, – падала голас мацi, – такiя дзяўчынкi маленькiя прыгожыя, мурыначкi! Касiчкi такiя!.. Вось, як будзе дзяўчынка ў цябе, то й добра, яны такiя вёрткiя, спрытныя, танцуюць прыгожа, мурынчыкi гэтыя...

– I хлопчыкi нiчога, – пасмiхнулася Iрэна, – вось як па тэлевiзары паказваюць, мускулы такiя, моцныя хлопцы...

– Што ты там рабiць будзеш сярод мурынаў! – закрычала мацi.

– Тое, што i сярод белых, – адказала Iрэна, – жыць! Радавацца! А можа, i лепей жыць, чым тут! Ты паглядзi на яго лепш, тады гаварыць будзеш! Яго мацi доктар, паважаны чалавек у Анголе! А мы з Халiлам будзем жыць у Амерыцы!

– А-а! – працягнула мацi. – Тады i добра! Можа, i я там каго сабе знайду...

– Нарэшце вылечылася! – засмяялася Iрэна. – Гэта трэба адзначыць шампанскiм!

У дзверы пазванiлi. Iрэна кiнулася адчыняць. На парозе з'явiўся прыгожы, высокi, цемнаскуры юнак з вялiкiм букетам ружаў у кошыку. Побач з iм стаяла мажная, у сукенцы з прыемным малюнкам, жанчына i лагодна ўсмiхалася...

– Ай, госцiкi, даражэнькiя! – замiтусiлася мацi. – Праходзьце, калi ласка! А мы так чакалi!..

– Ой, Лявонка! Гэты швэдар так пасуе табе! – запляскала ў далонi Галя. Якраз пад твае блакiтныя вочы. Вясельны падарунак, дарагi!

– Дзякую, – усмiхнуўся Лявон. – Ты мяне з багны выцягнула! Я кахаю цябе... Болей i ў рот гарэлкi не вазьму. А то, бачыш, з працы звольнiлi, з iнтэрната выгналi...

– Лявонка, глядзi! – радасна паказала старонку пашпарта Галя. – Я таксама выпiсалася з Менска. Усё, будзем жыць з табою ў гэтай вёсачцы, у тваёй хаце!

– Я заўтра аднясу твой пашпарт у наш сельсавет, – сказаў Лявон. – Знойдзем табе працу i мне што-небудзь!

Галя запiшчала i павiсла ў яго на шыi.

...Нiзенькая паўразбураная хатка за высахлым садам нагадвала сабою пакiнутую старэнькую бабульку. Вялiкая леташняя трава пачарнела за зiму i цяпер, калi пачалася адлiга, нагадвала доўгiя тонкiя нiткi.

– Браты не едуць, – паскардзiўся Лявон, гледзячы ў маленькае акенца на вулiцу. – А некалi мы добра жылi. Трое братоў, бацька, мацi. Мой бацька граў на гармонiку, а мацi прыгожа спявала. А потым iм ад зайздрасцi начаравалi бацька прастудзiўся i памёр. Пасля ягонай смерцi мацi знайшла ў хляве iголкi, цэлы пук, усе чорныя... Занесла да знахара, а ён кажа, што позна прыйшла праклён на ўсю сям'ю паў. Мацi запiла. Мы ўсе былi ў гарадах. Яна ўпала п'яная пасярод хаты, яе паралiзавала. Не магла дапаўзцi да ложка. Хаты даўно не цеплiла, холад быў, вось i атрымала запаленне лёгкiх i ў хуткiм часе памерла... Старэйшы брат рос бесталковым, сядзеў у турме, некалькi разоў жанiўся. Сярэднi п'е... I я пiў, пакуль не сустрэў цябе...

Галя абняла яго i пацалавала. У хаце пахла сырасцю. Адзiнока чарнела печ. За перагародкай стаяў кухонны стол, вiсела люстэрка ў драўлянай аправе, якую паеў шашаль. Збоку – вялiкая шафа для кухоннага посуду. На акне – шэрага колеру фiранкi. Галя прайшла ў другi пакой, дзе знаходзiлiся грубка, два ложкi, канапа, шафа, круглы стол.

– Я зусiм забыўся сказаць табе яшчэ пра аднаго свайго брата, – хрыплым голасам мовiў Лявон, – нас жа чацвёра сыноў было. Сашка – самы лепшы брат наш, самы старэйшы. Мы малыя тады былi. Ён ажанiўся. Жылi тут з жонкаю. Дзяўчынка нарадзiлася. Вось ад iх гэтая шафа засталася, i стол круглы, i канапа. Сашка разбiўся на матацыкле, на крутым павароце ля самай вёскi... Вось тады мацi яшчэ мацней запiла...

Галя дастала з сумкi маленькую iконку i павесiла на куце. Лявон уздыхнуў i пайшоў па дровы. Ужо калi ў грубцы пылала вогнiшча i ўся хата запоўнiлася дымам, Галя з Лявонам ляжалi на маленькай канапе i размаўлялi.

– Бачыш, лес ад нас зусiм блiзка! – гаварыў Лявон. – У дзяцiнстве да нас прыбiлiся дзве маленькiя вавёрачкi. Яны бегалi па сценах, забаўлялiся. А потым адна загiнула. Тады i другая збегла.

Галя абняла Лявона.

– У нас утульна ў хаце, – сказала яна, – хаця i пуста, але здаецца, што тут жыве добры дух...

– Мы адновiм сад i будзем тут жыць з табою, – марыў Лявон.

– Мне сон снiўся, – сказала Галя, – быццам бы ў прыгожым садзе я тваiх бацькоў сустрэла i двух братоў...

– Двух? – здзiвiўся Лявон. – Як жа я забыўся сказаць, што ў нас адзiн маленькiм памёр... Глянь, нейкi праўдзiвы сон! А што снiлася далей?

– Быццам я хацела з iмi за стол сесцi, соку выпiць, а яны мне не далi. Я пакрыўдзiлася i пабегла ад iх. Можа, яны не хочуць, каб мы разам жылi, перасцерагаюць аб нечым?

– Пустое гэта, – махнуў рукою Лявон. – Мы будзем добра жыць. Я ў Менску марыў барацьбою заняцца, ды ўсё неяк саромеўся ў гурток запiсацца, а то часу не было... А тут займуся! Буду з суседам займацца – ён у школе фiзкультуру вядзе. Летам на рыбу з табою сходзiм, у нас такая фарэль залацiстая водзiцца! – ён прытулiў Галю да сябе. – Зайчык ты мой! – прашаптаў. – Цяпер я зусiм пiць не буду! Дзякую, што выратавала мяне! Вось мы з табою жылi ў адным iнтэрнаце, а адно аднаго не ведалi, а Бог звёў нас... Слава Богу!

I яны, шчаслiвыя i задаволеныя, паснулi пад свiст i завыванне зiмовага ветру.

Анатоль адчынiў дзверы сваёй кватэры. Агапка, таўсматая, з рабацiннем на твары, зашмыгала ад радасцi тоўстым, як бульбiна, носам.

– Толiчак! Прыехаў? Здаў на майстра, цяпер ты ўжо майстар спорту?

Прыгала вакол яго Агапка, хацела пацалаваць, але Анатоль, кульгаючы, прайшоў на кухню, кiнуў ля дзвярэй ванны заплечнiк.

– Сёння каб памыла маю вопратку!

– Ага, памыю! – заўсмiхалася Агапка. – А што ты кульгаеш? Зноў артроз? Вядома, на Камчатцы там, у паходзе, застудзiўся? I навошта зiмою, за тысячу даляраў, на тую Камчатку iсцi, каб захварэць? Хай бы гэтыя грошы на дзiцятка пусцiлi мы?..

– Якое дзiцятка? – спалохаўся Анатоль. – Ты што, з таго моманту да доктара не хадзiла? Не трэба нiякога дзiцяткi! Мне на сябе грошай не хапае! Вось майстрам спорту стаў, цяпер хачу свой турклуб адкрыць. Турклуб Хвашчэўскага! Гучыць?

– Ага, Толiчак, – падтакнула Агапка. – А дзiцяткi нiякога няма, гэта так проста я сказала...

– Больш так не жартуй! – строга сказаў Анатоль, выпiў квасу. – Ты навучылася вязаць? Мне швэдар, шкарпэткi звязала? А курыцу ў цесце, мяса пад марынадам, торт, якi я люблю, навучылася рыхтаваць?

Агапка кiўнула галавою.

– Значыць, так, – запалiў Анатоль. – Я пайду пасплю, а ты есцi рыхтуй. Вечарам прыйдуць мае сябры, вiншаваць будуць. Ты павiтайся i iдзi на кухню цi ў ванну! Каб з намi не сядзела, у нас свае справы i размовы, а то яшчэ не тое ляпнеш. Зразумела?

Агапка зноў моўчкi кiўнула i пайшла рыхтаваць ежу.

Анатоль лёг на канапу, уключыў тэлевiзар, запалiў цыгарэту, скiдваючы попел на падлогу. Пачаў успамiнаць паход, калi ўвайшла Агапка. Яна перамiналася з нагi на нагу хацела нешта сказаць.

– Што хочаш? – незадаволена спытаў Анатоль.

– Толiчак, – пачала цiха Агапка, закашлялася, – я спытаць хачу, дзе тыя грошы, што нам на вяселлi мой бацька даў, пасаг мой?.. I за карову дзе грошы?

– Як гэта дзе? – узроў Анатоль, памятаючы, што лепшая абарона – атака. Мне ж на паход трэба было? А сястры маёй Танечцы на футрачак, на пярсцёнак? Яна ж замуж збiраецца! Яна ж таксама табе цяпер сястра, вось i клапацiся пра яе! Зразумела?

– Ага-а! – працягнула Агапка i павярнулася, каб iсцi, затым спынiлася i запытала: – Але ж павiнны грошы застацца, iх так шмат было...

– Шмат, шмат! – закрычаў Анатоль. – А ты ў даляры перавядзi! Мы ж гэта ўсё за даляры куплялi, галава твая пустая! Даляры ж даражэй, чам твой рубель!

– А-а-а! – нарэшце зразумела Агапка i, супакоiўшыся, пайшла на кухню.

Але затым зноў вярнулася. Стаяла, перабiрала ў руках фартух.

– Ежу зварыла? – раздражнёна пачаў дыхаць Анатоль. – Iдзi бялiзну мый!

– Паляжаць з табою хацела, – прамовiла Агапка, – засумавала... Каб пацалавацца...

– На вяселлi цалавалiся! – закрычаў Анатоль. – Цяпер жыць трэба, як людзi! Сур'ёзнай будзь i працавiтай! I не чапай мужа, калi адпачывае! Падыходзь да мяне толькi тады, калi я сам цябе паклiчу! Зразумела цi не?!

Агапка заплакала i падалася на кухню.

Пад вечар прыйшлi госцi, i яна паспешна выйшла з кватэры. Доўга хадзiла па вулiцы. Не ведала, чым заняцца. Сумавала па вёсцы. Зайшла ў царкву. Служба заканчвалася. Агапка падышла да святара i папрасiла, каб ён яе выслухаў.

– Муж дзяцей не хоча, – паскардзiлася яму. – А што, калi мне зацяжараць ад яго, падмануць, каб не засцерагаўся, i зацяжараць? Сумна без дзiцяцi...

– Нельга так, – адказаў святар, – не па-божаму... Падманваць нельга...

Агапка выйшла з царквы i накiравалася да Палаца культуры будаўнiкоў. Ля ўвахода стаяла бялявая, з кароткай стрыжкай дзяўчына i весела гутарыла з сяброўкай.

– А я свайго малога ў дзевак кiнула, а сама думаю, пагуляю! – смяялася бялявая.

– Ну i аферыстка ты, Наташка! – адказала сяброўка. – Мiколу рабом зрабiла, а Кольку на алiменты падала! I як толькi ў судзе не разабралiся, што не Колева дзiця!

– Коля болей грошай атрымлiвае! – засмяялася Наташа. – А што мне з таго Мiколы цягнуць, хоць i яго гэта дзiця? Вось паехаў учора маiм бацькам дровы загатаўлiваць, i добра!

Агапка патапталася на месцы i вырашыла падысцi да дзяўчат.

– Прабачце, – сказала яна, – я тут падслухала вашу размову. У мяне адна праблема, можа, падкажаце, як яе рашыць. Я з вёскi, адна тут, сябровак няма. Замуж адзiн хлопец узяў, турыст ён. Дык я ў яго як рабыня, толькi каб есцi рыхтавла ды бялiзну мыла. А дзяцей не хоча. I не паважае мяне, дурною лiчыць. Можа, я трохi i дурная, што пайшла за яго. Яны з раднёю мяне аб'ягорылi, грошы мае, што бацька на пасаг даў, распусцiлi на ягоныя паходы ды на сваю радню...

Наташка ўзняла ўгору бровы.

– Адкуль ён, турыст гэты? Можа, якi сябар Мiколаў? – глянула на сваю сяброўку. – Мiкола ж усё ў паходы хадзiў з Хвашчэўскiм, усё сварылiся, вораг яго...

– Мой муж таксама Хвашчэўскi! – абрадавалася Агапка. – Толiк завуць...

– Ён! – засмяялася Наташка. – Ну дык што, адпомсцiм Толiку за майго Мiколачку, каб не задаваўся?

Яна абняла Агапку, падмiгнула сяброўцы:

– Верка, пайшлi папалiм i нешта смешнае прыдумаем!

Селi ўтраiх на лавачку. Агапка не палiла. Наташка, смалячы цыгарэту, выгукнула:

– Дзеўкi! План наклюнуўся! Агапка, мы табе знойдзем хлопца i ты ад яго зацяжараш!

– Мяне Толiк на аборт адправiць, сiлаю, – уздыхнула тая.

– А ты не кажы да апошняга моманту, як Наташка ў свой час! – параiла Вера. – А калi стане бачна ўжо, то нiкуды ён не дзенецца!

– Ён зробiць так, каб здарыўся выкiдыш, – з сумам сказала Агапка. – Ён сам мне сказаў так, калi я пажартавала, што вось не пайду на аборт, калi зацяжару... Ён асцерагаецца i не спiць часта са мною...

– Во казёл! – стукнула кулаком па калене Наташка i раптам абрадавана выдала: – Агапка! Будзь хiтраю! Калi ён заўважыць, што ты цяжарная, няхай крыху цябе стукне... А перад гэтым мы будзем з Веркаю сядзець з магнiтафонам за шторамi цi ў туалеце. Ён прыйдзе дадому, а ты яму i скажы ўсё! А потым з магнiтафонам, сведкамi i сiняком пойдзем знiмем пабоi ў судмедэкспертызе!.. Наташка зайшлася смехам. – Там жа Толiкава сястра прыбiральшчыцай працуе, мне Мiкола расказваў. Толiк неяк насiў з адной дзеўкаю заяву ў загс, дык бег сястры сваёй тэлефанаваць – кроў не падышла, рэзус-фактар не той! Дык i не ажанiўся з ёю! Гаварыў: мая сястра – прафесар, за любога доктара лепш! Ой, з Мiколам столькi насмяялiся з гэтага Толiка!

– Ну добра, сходзiм у мiлiцыю, – сказала Агапка, – а я прыйду дадому, дык ён заб'е мяне...

– Дарагая, ты ў мяне пажывеш! – прапанавала Наташка. – Мiкола маiм бацькам дабро робiць, вось i я для Мiколы дабро зраблю: настаўлю Анатолю рогi, каб на чужое дзiця свае алiменты плацiў! Агапка, падасi на развод, на падзел маёмасцi, а потым i кватэру падзеляць...

– На алiменты згодна i на маёмасць, а кватэру не хачу, – адказала Агапка, – мне вёска мiлей, паеду да бацькоў... А што мне за гэта табе, Наташа, даць, за савет i дапамогу тваю? I табе, Вера?

– Ой! – засмяялася Наташа, махнула рукою. – На тым свеце вугольчыкамi разлiчымся! Праўда, Верка!

VII

Вясною, калi дровы скончылiся, а неба стала шэрым i пахмурным, надвор'е сапсавалася дажджом i адлiгаю, у хаце зрабiлася няўтульна i холадна. Галя працавала даяркаю. Часта прыходзiла на падпiтку, бо не магла адмовiцца дзеўкi так i чаплялiся.

– Трэба размачыць наша шэрае жыццё! – смяялiся яны. – I нашу цяжкую працу!

Галя часта ўспамiнала студэнцкiя гады, паходы, успамiнала, як яны з Аленкаю хадзiлi ў фiлармонiю, тэатр, i ўсё не магла зразумець, як гэта яна дакацiлася да такога жыцця... Лявон па-ранейшаму пiў. Зямля на агародзе ўжо адлягла ад маразоў, была мяккаю i глеўкаю. Галя хацела наняць каго, каб узараць яе, купiла гарэлкi, але Лявон усю выпiў. Заблудзiўся ў сенцах, як хадзiў на двор, не мог знайсцi клямку. Так начаваў у сенцах. Ранкам каяўся, прасiў прабачэння, абяцаў не пiць. А потым у яго пачаўся адхадняк – два днi ляжаў у ложку, стагнаў. Уся хата смярдзела перагарам.

– Зайчык, зайчык! – зваў Лявон Галю. – Не пакiдай мяне, нарадзi мне дзяўчынку, Анжэлiчку, тады кiну пiць!

Галя памыла падлогу, захуталася цяплей i пайшла ў лес шукаць сушняк. Але галлё ўсё было мокрае. Яна нацягала невялiчкую кучу, блiжэй да хаты, i скiравала ў сад. Ёй было шкада гэтых адзiчэлых яблынь, якiя ўжо не давалi яблык... Галя прытулiлася да адной з iх, крывенькай, з паламаным галлём, пагладзiла шурпаты ствол.

– Пакiдаю я цябе, яблынька! – прашаптала Галя. – Бедны мой сад, закiнуты, нiкому не патрэбны...

Яна падышла да хаты, прысела на прызбу.

– Хатка мая, хатка, застанешся ты без мяне, – Галя кiнула на мяккую зямлю прыгаршню насення. – Кветачкi мае, хацела я вас пасадзiць, каб было тут прыгожа... Кветачкi-наготкi, аранжавыя сонейкi, самi вы пасеецеся, самi народзiцеся... Няхай застанецца памяць пра мяне гэтаму асiрацеламу кавалачку зямлi...

Яна нетаропка ўвайшла ў хату, узяла з шафы белыя фiранкi, павесiла на вокны. Стала на парозе, паглядзела на маленькую iконку над сталом.

– Хатка мая! – на вочы навярнулiся слёзы. – Нiхто цябе не пашкадуе, мая ты маленькая, утульная, мая ты сiрацiнка...

Не апрытомлены яшчэ Лявон заварочаўся ў ложку, падняў галаву i невiдушчымi вачыма, стомленымi, пачырванелымi, глянуў на Галю. Нешта прамармытаў i ўпаў на падушку.

– Хатка мая, у маiм сэрцы ты застанешся, як дзiцятка пакiнутае! заплакала Галя. – Нiхто цябе так не палюбiць, як я...

Галя склала ў сумку свае рэчы i, не глянуўшы на Лявона, выйшла з хаты. Цiха адсунула перакошаныя трухлявыя веснiчкi, выйшла на вулiцу. Азiрнулася на хату.

– Прабач мяне i бывай!

Цiха пакрочыла да аўтобуснага прыпынку. Вецер моцна бiў па твары. Аголеныя дрэвы падымалi да неба чорнае галлё, быццам рукi, плакалi, хiсталiся ад шквальнага ветру. Iм было тужлiва i няўтульна, як на душы ў Галi...

...Яна сядзела ў Менску на аўтастанцыi i чакала свайго прыгараднага аўтобуса. Сэрца сцiскалася ад думкi, што Менск ужо назаўсёды для яе страчаны. Нiхто ёй не верне работу, кар'еру, пакойчык у iнтэрнаце, гарадскую прапiску... Яна ехала да мацi.

...Аўдоцця сустрэла дачку ласкава i пачала супакойваць тым, што ёй проста не шанцуе на мужоў. Параiла не падаць духам, а ўладкоўвацца ў вясковую бiблiятэку, слава Богу, Зоська паехала вучыцца, месца ў бiблiятэцы засталося...

Вечарам Галя пайшла да рэчкi, на тое месца, дзе летась стаялi палаткi. Сядзела на бярвенцы i ўспамiнала паход. Нечакана ўбачыла цётку Свету, тую, што адбiла ў сваёй сяброўкi мужа, Зосьчынага бацьку. Цяпер, кажуць, дзядзька Андрэй звар'яцеў, Светкi баiцца, як агню, з жонкай жыве, а на вулiцу не паказваецца... Хворы чалавек.

– Галечка! – усмiхнулася цётка Света, падсела да яе. – Як справы, дарагая?

Галя здрыганулася – ёй падалося, што яна ўжо дзесьцi бачыла гэтую ўсмешку – хiтраватую i лiслiвую, i ўспамiн гэты быў непрыемны.

– Не знайшла ты свайго сапраўднага кахання, – журботна вымавiла цётка Света, – не тымi шляхамi хадзiла, Галечка! Тваё каханне – побач, тое, аб якiм ты марыла... У вас будзе сапраўдная спартовая сям'я, бо ён багаты, i вы будзеце падарожнiчаць...

Яна абняла Галю. Холадам i пустэчаю напоўнiлася наваколле ад гэтага дотыку. Галi здалося, што ёй не хапае дыхання. Яна пачала задыхацца! Цётка Света ўсё мацней i мацней абдымала яе, угаворвала пайсцi да таго, каго яна шукала ўсё жыццё... Галя паспрабавала адтулiць яе, заглянула цётцы Свеце ў твар i... закрычала: побач з ёю сядзела Соф'я ў ружовым халаце, з магiльна сiнiм тварам i лiслiва ўсмiхалася!..

Галя вырвалася ад яе i пабегла. Затым азiрнулася. На бярвенцы па-ранейшаму сядзела... цётка Света. Яна паднялася i гаротна сказала:

– Галечка, у цябе зусiм з нервамi дрэнна! Хай бы ты да доктара схадзiла.

I падышла да яе. Пакрочылi разам у накiрунку маёнтка Дуброўскага.

– Добры чалавек Дуброўскi гэты, – пахвалiла цётка Света. – Вось i санаторый запрацаваў у нас...

– I царква, – падтакнула Галя.

– Цьфу ты, падкудства! – плюнула цётка Света. – У мяне другое заданне!

– Што-што? – не зразумела Галя. – Якое заданне?

– Каханне – мая справа! – адказала цётка Света. – Мне трэба, каб ты закахалася ў Дуброўскага.

– Я i так яго кахаю, з дзяцiнства...

– Цудоўна! Значыць – ты наша! – цётка Света працягнула сваю руку, каб пацiснуць далонь Галi, i тут дзяўчына заўважыла дзiўную акалiчнасць – на далонi цёткi Светы адсутнiчалi ўсе лiнii, акрамя папярэчнай паласы на ўсю далонь, лiнii розуму...

– Ты хто? – спужалася Галя.

– Бiяробат, пасланнiк Чорнай зданi. Маё заданне – спакуса. У свой час я пагубiла Дарыну, нарачоную князя Вiтаўта. А твая сяброўка Аленка нядаўна вымалiла яе душу ў Бога. Цяпер Чорнай зданi патрэбны новыя ахвяры, новыя слугi д'ябла... Ты нам вельмi падыходзiш, бо табе не шанцуе ў каханнi, ты ўвесь час шукаеш каханне i не знаходзiш. А як можна знайсцi тое, чаго няма! Ды яшчэ вечнае! Вечнае каханне! Каб я была чалавекам, то ўжо даўно б звар'яцела ад гэтага задання – знайсцi тое, чаго няма... Каханне – гэта толькi вашы фантазii, людзi! А каб фантазii сталi рэальнасцю, трэба звар'яцець, тады ўсё, што ты хочаш, табе будзе здавацца. Згодна звар'яцець? Рашайся!

Галя вагалася, не ведала, што адказаць. Нечакана яна ўбачыла... Вайдаша. Ён iшоў насустрач ёй i ўсмiхаўся. Яна падбегла да яго.

– Каханая! – прашаптаў Вайдаш i наблiзiў да яе свае вусны.

Галя застыла на месцы ад радасцi i хвалявання. Але ён знiк! Галя чуць не заплакала.

– Навошта ты гэта зрабiла? – крыкнула цётцы Свеце, цi хто там быў перад ёю, няхай хоць сам д'ябал, але Галi хацелася прадоўжыць казку... – Вярнi мне яго, вярнi! Вярнi маё каханне!

– Здымi крыж! – пачула ўладарны голас.

Зняла. I зноў убачыла Вайдаша. Ён пачаў цалаваць яе горача i палка. Павёў да свайго замка. Яна стаяла з iм ля высокай мураванай сцяны i бясконца цалавалася.

– Каханая, каханая! – шаптаў Вайдаш. – У нас будзе сапраўдная спартовая сям'я. Будзем хадзiць у паходы... Я не буду пiць! Каханая, каханая, паедзем са мною ў Гданьск, будзем жыць за гранiцай...

Галя млела ад шчасця, смяялася, уцякала ад яго, але ён даганяў i цалаваў яе, гаварыў словы кахання...

...Мацi знайшла Галю ля замка, сярод дрэваў, ля якiх дзяўчына бегала, спынялася, гладзiла iх, абдымала i прыцiскалася вуснамi.

– Я знайшла свайго каханага! – усмiхалася яна абступiўшым яе людзям. – Я цяпер князёўна!

Галя бегала, шчаслiвая i радасная, ля сцен замка, пастуквала па iх кулачком, забаўлялася i шаптала:

– Каханы, каханы! Пацалуй мяне!

– Галя! – узяў яе за руку святар, якога прывялi сюды. – Перахрысцiся, Галя, i д'ябал выйдзе з цябе!

– Не! – адмаўлялася Галя, адпiхвала ад сябе крыж. – Я хачу застацца са сваiм каханым! Мне добра, вельмi добра! Пакiньце мяне ўсе ў спакоi!

Мацi спрабавала завесцi дачку дадому, але тая ўсчала такi крык, што святар параiў не чапаць дзяўчыну. Ёй прынеслi коўдру i паклалi спаць у каморы, на гаспадарчым двары маёнтка. Яна радасна ўсмiхалася ў сне.

– Не чапаць яе, – папрасiў Галiну мацi святар. – Iнакш д'ябал у ёй узбунтуецца i яна чаго-небудзь дрэннага наробiць. Будзем малiцца за яе душу, каб Бог вызвалiў яе з палону д'ябла. Не чапайце яе! Гэта ўжо не Галя, гэта толькi яе цела... Душа ў палоне д'ябла...

Мiкола ўвайшоў у свой пакойчык i хацеў ужо ўключыць тэлевiзар, як пачуў шум вады. У душавой нехта мыўся. Ён вярнуўся ў калiдор, адкрыў дзверы i ўбачыў пад душам голую жанчыну. Мiкола аслупянеў.

– Соф'я! – усклiкнуў ён. – Ты ж мёртвая!

– Слугi д'ябла не памiраюць, – пагардлiва скрывiла яна вусны, адпiхнула Мiколу i прайшла ў ягоны пакой.

Села на ложак.

– Што табе патрэбна? – сурова вымавiў Мiкола.

– А што, нельга ўжо i проста так наведаць свайго калегу? – усмiхнулася Соф'я.

– Якi я табе калега?

– Па забойствам, – растлумачыла тая. – Не будзь такiм сцiплым, восем немаўлятак – гэта тое, што нам трэба, каб залiчыць цябе да слуг д'ябла. Нам i аднаго забойства, без пакаяння, хапае, а ты – проста скарб, супермэн! Восем забойстваў i нi аднаго пакаяння!

– Я вiнаваты, што дзяўчаты самi вешалiся на мяне, а потым рабiлi аборты? закрычаў Мiкола. – Пайшла прэч адсюль, мярцвячына! Пайшла да д'ябла!

– З задавальненнем, мiлы! – усмiхнулася Соф'я. – Але толькi разам з табою!

Яна прайшла на балкон, села на поручнi.

– Чао, мiлы! – памахала ручкай. – Чакаю цябе ўнiзе!

I знiкла.

Мiкола не знаходзiў сабе месца ад злосцi. Выйшаў у калiдор i нос да носа сутыкнуўся з бялявым хлопчыкам. Той запытальна пазiраў на Мiколу.

– Я бачыў цябе ў музейнай хатцы, калi начаваў там летась, – прашаптаў Мiкола. – Што табе патрэбна? Ты – Аленчын?!

Хлопчык прайшоў праз сцяну i знiк.

Мiкола пачаў мыць рукi. Нечакана з крана палiлася чырвоная вадкасць. Ён адскочыў да сцяны, паспешна выцер аб ручнiк рукi, вярнуўся ў пакой. Вырашыў папiць кавы. Адкрыў крышку чайнiка, каб праверыць, цi ёсць вада. У чайнiку плавала маленькая дзiцячая ножка, з пальчыкамi.

– Гэта мая, – пачуў ён голас, – гэта калi мне восем тыдняў было. Яшчэ ў мяне былi ручкi, я стукаў кулачком, смактаў пальчык, спаў i прачынаўся...

Мiкола закрычаў i выхапiўся на балкон.

– Мiлы, iдзi да мяне! – пачуўся знiзу голас Соф'i. – Я выратую цябе ад iх!

Перапалоханы Мiкола ў адчаi скокнуў з балкона i паляцеў на халодны мокры асфальт...

Анатоль вярнуўся ў пустую кватэру. Пасля таго як ён пабiў цяжарную Агапку, яго пасадзiлi на пятнаццаць сутак. Прыехалi бацькi Агапкi i забралi з кватэры мэблю. Так пастанавiў суд. Анатолю засталася кватэра. Iх пакуль не развялi, чакаюць, калi Агапка дзiця народзiць. Тады Анатоль будзе плацiць алiменты. Зараз Агапка жыве ў вёсцы, у сваiх бацькоў. Вялiкi быў скандал! Цяпер Анатолю сорамна паказацца ў вёску. Але ён заспакойвае сябе тым, што атрымаў майстра спорту. Марыць адкрыць свой турклуб, але далей мар справа не iдзе. У Анатоля прагрэсiруе хвароба ног. Дэфармуючы артроз даў знаць сябе ў турме, ды яшчэ Камчатка хваробы падбавiла. Так што Анатоль з цяжкасцю рухаецца па кватэры. Славу Богу, халадзiльнiк пакiнулi яму. Ён узяў адтуль банку з пракiслай смятанай i пачаў есцi з хлебам. Уключыў электрагрэлку, паклаў на ногi. Лёг на канапу. Тэлевiзара не было. Запалiў. На душы было тужлiва. Сястра Танечка выйшла замуж, за мяжу. Пашанцавала дзяўчыне. Можа, што i Анатолю прышле, кашулю якую, не забудзе ягонай дабрынi. Сябры адвярнулiся ад яго, у турме не наведвалi. Як у паходы вадзiў, тады добра было, а як жонку паганяў адвярнулiся. А цяпер i жонкi няма, i ў паходы ён ужо не хадок...

Анатоль доўга палiў, па звычцы скiдваў попел на падлогу. Ну i добра, што жонкi няма, хоць крычаць няма каму! Што хоча, тое i робiць ён, сам сабе гаспадар!

Разважаючы так, Анатоль заснуў. Цыгарэта тлела на коўдры... Скрозь сон Анатоль пачуў непрыемны пах гарэлага, але яму снiлiся паход, вогнiшча, Камчатка... Яшчэ снiлася, што яго паказваюць па тэлевiзары...

Прачнуўся Анатоль, ужо калi вакол шугала полымя, прачнуўся ад болю – гарэў сам. Выбег на лесвiчную пляцоўку i пачаў дзiка крычаць, каб яго ратавалi...

...У бальнiцу сябры ўсё-такi прыйшлi, але не шмат, як марыў Анатоль, той-сёй, з розных паходаў. Сядзелi сумныя, спачувалi яму. Гаварылi пра тое, што цяпер яму трэба ехаць у санаторый, лячыць ногi, ды рабiць пластычную аперацыю на твары...

Анатоль не хацеў верыць у тое, што стаў iнвалiдам. Ён марыў пра далейшыя паходы, пра пошукi новай жонкi – прыгожай, разумнай, пакорлiвай. Толькi цi будзе тая разумная пакорлiвай, такою, як Агапка, разважаў ён. Вось Агапка дурная, а давяла яго да турмы... Ён ужо думаў аб тым, можа, якую iнвалiдку ўзяць, каб не хацела дзяцей цi каб не мела, але прыйшоў да высновы, што ўсе жанчыны хочуць мець дзiця... Так i не вырашыў Анатоль, як жыць яму далей. Чакаў, калi прыедзе мацi, яна абавязкова нешта прыдумае, яна хiтрая i вельмi ганарыцца сынам. Таксама марыць аб ягонай славе, аб тым, каб пра яго даведалiся людзi, каб пра яго здымалi фiльмы, пiсалi кнiгi... Анатоль i сам ведаў, што ён незвычайны хлопец i што самае лепшае ў яго яшчэ наперадзе...

Э п i л о г

Прайшло дваццаць год з таго часу, як Антось упершыню, у студэнцкiя гады, ступiў на зямлю, якая зберагала ў сабе рэшткi маёнтка Дарыны. На зямлю, людзi якой перадалi студэнтам паданне пра князя Вiтаўта i Дарыну. Шмат падзей адбылося з таго часу. Даўно ўжо ўзвышаецца i красуецца белакаменны маёнтак Вайдаша Дуброўскага, у якiм размясцiўся санаторый для хворых дзяцей постчарнобыльскага перыяду. Стаiць ля маёнтка i царква, у якой амаль шаснаццаць год працуе святаром Антось. Цяпер яму пад пяцьдзесят. Гора людскога i радасцi перабачыў ён на сваiм вяку: вянчаў, хрысцiў, хаваў. Пахаваў ён з адпяваннем i Галю, цiхую вясковую вар'ятку, якая да канца сваiх дзён так i пражыла ля сцен маёнтка... Удалося яму пабываць i ў доме для старых i iнвалiдаў, дзе ён прымаў споведзь ад памiраючага Анатоля Хвашчэўскага. Перажыў ён i Мiколу, якi дваццаць год назад пакончыў жыццё самагубствам i быў пахаваны тут, у Вiшаньцы, але за агароджай могiлак.

...Аб усiм гэтым успамiнаў айцец Антось, калi з невялiчкай групай паломнiкаў са свайго прыхода падыходзiў да сценаў Iерусалiма.

– Вось i збылася мая мара! – усклiкнуў белагаловы юнак.

– Марыць нельга, – мовiў айцец Антось, – трэба толькi жадаць i прасiць Бога...

– А я мару сустрэць каханне, – сказала пухленькая дзяўчына гадоў васемнаццацi, – я ўжо стварыла вобраз свайго каханага...

– Нельга ствараць нiякiя вобразы, – адказаў ёй хлопец у белай майцы, з блакiтным заплечнiкам, – усе гэтыя вобразы ажываюць у астральным свеце, затым блакiруюць наш мозг i не даюць прабiцца нi адной разумнай думцы. Чалавек пастаянна думае пра адно i тое ж, потым пачынае бачыць свае вобразы – выклiкае вобразы астральнага свету на сябе i вар'яцее. Вельмi небяспечна сутыкацца з астральным светам. Я спрабаваў пiсаць вершы, i мне не давалi спакою рыфмы, я нават размаўляў рыфмамi. А потым напiсаў паэму, i яе героi снiлiся пастаянна мне... Усе гэтыя вобразы прыходзяць да нас з астральнага свету. Я спалiў сваю паэму i нiчога цяпер не пiшу... Не стварай вобраз каханага i не мар наогул, гэта небяспечна – Чорная здань заўсёды на паляваннi!..

...Паломнiкi падышлi да святога месца пахавання i ўваскрашэння Госпада.

– Тут заўсёды ў Вялiкую суботу на Дамавiне Госпада з'яўляецца благадатны агонь, – прашаптаў сваiм паломнiкам айцец Антось.

Сёння была Вялiкая субота. Яны паспелi прыйсцi ў Iерусалiм к гэтаму дню, напярэдаднi Вялiкадня. Усе застылi ў цярплiвым маўчаннi. У натоўпе паломнiкаў з розных частак свету айцец Антось заўважыў белавалосую жанчыну сярэднiх гадоў. Яна стаяла побач з цемнаскурай дзяўчынкай i абдымала яе. Айцец Антось падышоў да iх.

– Калi я не памыляюся, вы – Iрэна? – запытаў ён. – Вельмi дзiўна вас тут сустрэць...

– Так, дзiўна, – адказала тая. – Але я тут... I дачка мая таксама хрысцiянка. А муж – мусульманiн. Я – другая ягоная жонка. У нас прынята так мець некалькi жонак... Я шчаслiвая, Антось. У мяне свая вiла, сваё хобi падарожжы. У нас з дачкою – роднасныя душы. I яна хоча стаць манахiняй.

Iрэна азiрнулася.

– Тут i Аленка! Памятаеце Аленку? – усмiхнулася яна. – Аленка тут з сёстрамi з Полацкага манастыра. Яшчэ тут i Маруся з Вайдашам Дуброўскiм. У iх сын вучыцца на святара... Мы ўсе сустрэнемся ў верхнiм пакоi ўсыпальнiцы пасля набажэнства, дамовiлiся? Прыходзьце, айцец Антось, так будзе прыемна сустрэцца ўсiм сябрам! Не забудзьце – у верхнiм пакоi, пасля набажэнства!..

...З'явiўся праваслаўны патрыярх. Ён благаславiў народ i запынiўся ў маўчаннi ля ўвахода ў пакой, дзе знаходзiлася Дамавiна Гасподня. Святары знялi з яго верхнюю рызу, i ён застаўся ў адным падрызнiку. Ля дзвярэй стаяць прадстаўнiкi грамадзянскага парадку. Нарэшце яны здымаюць пячатку з ўвахода ў Дамавiну Гасподню. Праз некаторы час, пасля шчырай малiтвы, атрымаўшы благадатны агонь, патрыярх запальвае пучкi свечак, па 33 свечкi ў кожным, па лiку год зямнога жыцця Збавiцеля, i перадае прысутным, i ўся прастора вакол Дамавiны Гасподняй свецiцца морам агню. Гэты благадатны агонь на працягу 10-15 хвiлiн зусiм не пячэ i не спальвае рук, калi да яго датыкнуцца...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю