412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Лидия Адамович » Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке) » Текст книги (страница 12)
Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 4 октября 2016, 03:40

Текст книги "Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)"


Автор книги: Лидия Адамович



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 14 страниц)

– Яна такiмi справамi не займаецца! – строга адказаў Анатоль. – Схадзiце лепш да доктара!

– Здрасьце! – пакрыўдзiўся Мiкола. – Я на тым тыднi Ларыску вадзiў, колькi грошай за аборт выклаў, а тут – зноў? Дзе я грошай набяруся?

– Дык жанiся на Людзе! – параiла Галя.

– Сцiхнi! – кiнуў ёй Мiкола i звярнуўся да сваёй сяброўкi: – Слухай, мiлая, з'ездзi ты ў вёску сваю, няхай твая мацi грошай дасць, а я цябе адвяду да доктара! Толькi не хiмiч! Адна такая ўжо нарадзiла ад мяне, калi я служыў у войску, а другая – тут, у Менску! I нiкога я не ўзяў! I цябе не вазьму!

Ён уздыхнуў.

– Самi ж на мяне вешаюцца, Анатоль! – паскардзiўся. – Працую на маршруце, а яны стануць ля кабiны i вочкi строяць! Дык што мне рабiць – не праходзiць жа мiма! I яшчэ, сучкi, падманваюць, каб зацяжараць ды замуж! Памяшалiся на гэтым замужжы!

– А мы вось у загс iдзём! – паведамiла Галя.

– Ну й дурнi! – буркнуў Мiкола, схапiў сваю сяброўку за рукаў i пацягнуў у бок палiклiнiкi.

Зоська была зачаравана Санкт-Пецярбургам. Яна прыехала сюды за тыдзень да заняткаў, раззнаёмiлася са студэнтамi свайго i другiх факультэтаў. Зоська лiчыла, што завочна вучыцца – дарэмна час трацiць, i паступiла на дзённае. Вядома, калi з'явiлася на факультэце акеаналогii i ўбачыла там Алеся, i выгляду не падала, што дзеля яго сюды i паступiла. Хаця на самай справе не толькi дзеля яго, а i дзеля таго, каб пабачыць свет. Жыццё даецца адзiн раз! Марнаваць яго ў вёсцы не хацелася, там яна толькi тупела. Алесь прыветлiва ўсмiхнуўся ёй i запрасiў на студэнцкую вечарыну.

...Высокi юнак у паласатай майцы кашлянуў у кулак i прадоўжыў аповяд:

– А ў Алжыры адна з мясцiн носiць назву "Цяснiна прывiдаў". Тут вельмi часта назiраюцца мiражы. Аднойчы я спынiўся пры ўваходзе ў цяснiну, сеў на камень. Раптам унiзе, метраў за пяцьдзесят ад мяне, я ўбачыў чалавека, якi таксама сядзеў на каменi. Калi я ўстаў – ён таксама. Калi я пайшоў да яго, i ён пайшоў да мяне. Калi ён падышоў блiжэй, то я, да майго здзiўлення, пазнаў у iм самога сябе. Я працягнуў да яго руку, хацеў памацаць, але ён знiк.

– Гэты вiд мiражу вядомы i на Жэнеўскiм возеры, у Швейцарыi, – усмiхнулася дзяўчына з доўгiмi завiткамi валасоў. – Такiя прывiды ўзнiкаюць таксама i ля моцна нагрэтых сцен. Сцяна тут з'яўляецца нiбы паверхняй зямлi. Паветраны слой, якi прылягае да яе, мацней нагрэты i больш разрэджаны, чым суседнi з iм слой паветра. Мяжа памiж слаямi служыць "паветраным люстэркам", якое пастаўлена вертыкальна. "Паветранае люстэрка" ўтварае яшчэ адзiн мiраж верхнi, якi можна бачыць на моры.

– Гэта ў нас, у Фiнскiм залiве, – падняла ўгору руку дзяўчына ў шортах i белай майцы, – а ў сарака кiламетрах ад вашага горада ёсць горад Ламаносаў, там жыве мая бабуля, дык звычайна нельга ўбачыць ваш горад, аднак бываюць днi, калi жыхары Ламаносава бачаць Санкт-Пецярбург як на далонi. Адлюстраванне яго з'яўляецца ў паветры: Нява, масты, асобныя высокiя будынкi...

– Швецкiя маракi доўга шукалi выспу-мiраж, – сказаў Алесь, – бо выспа гэтая часам з'яўлялася ў Балтыйскiм моры памiж Аландскiмi выспамi i швецкiм берагам. А яшчэ вядомы "Лятучы Галандзец", на якiм плаваюць маракi-прывiды. Ён з'яўляецца перад караблямi зусiм маўклiвы, плыве проста на iх, не адказваючы на сiгналы, i раптоўна знiкае ў тумане... Гэта быў паветраны прывiд – двайнiк якогасьцi паруснага судна, якi iшоў далёка, за гарызонтам... Так было раней. А вось чаму i цяпер з'яўляецца "Лятучы Галандзец", калi парусных суднаў няма, чый тады гэта двайнiк, паветраны прывiд?

Усе прыцiшана маўчалi.

– Я чуў выпадкi, што нашы судны сустракалi "Лятучага Галандца", – сказаў чарнявы хлопец з кучаравымi валасамi, – на iм былi матросы з iншага часу, яны выконвалi работу на палубе, гучалi каманды...

– У свеце столькi дзiўнага, неразгаданага, – прамовiла, асмелiўшыся, Зоська. – Вось у Паўднёвай Iталii, у Месiнскiм пралiве, з'яўляюцца рухомыя мiражы-фатамарганы. Над морам, на ўсходзе сонца, з'яўляюцца казачныя палацы, вежы i замкi, людзi-велiканы, гiганцкiя дрэвы i жывёлы, яны зыходзяцца i разыходзяцца, даганяюць адно аднаго, мяняюць форму. Усе яны – адлюстраванне дамоў, вежаў, людзей i жывёл, якiя знаходзяцца на беразе. "Паветранае люстэрка" калышацца, вось фiгуры i рухаюцца... Мiражы могуць прыносiць i карысць. Капiтан Скот убачыў у Антарктыцы горы, якiя вiслi ў паветры, i вырашыў, што далей на поўдзень знаходзiцца горны ланцуг. Пазней нарвежскi палярнiк Амудсен знайшоў гэты ланцуг...

– А пра агнi Эльма чулi? – таемным голасам спытаў хлопец з гiтарай. – У Сяродземным моры, у час навальнiцы, яны з'явiлiся на адным з караблёў. Капiтан прыказаў матросам патушыць агонь, але той шыпеў, як ракета з сырога пораху. З'яўляюцца такiя агнi i на людзях. Аднойчы ў аднаго альпiнiста ў гарах "загарэлiся валасы" – яны свяцiлiся яркiм блакiтным агнём, галава была акружана ззяннем. Яны выпускалi блакiтныя iскрынкi. Аказалася, што свецяцца ледарубы, фотаапараты, металiчныя гузiкi. Пры гэтым яны выпускалi шыпячы гук, як самавар. Калi навальнiца знiкла, свячэнне знiкла. Па сутнасцi агнi Эльма нiчога агульнага не маюць з сапраўдным агнём. Гэта так званыя цiхiя электрычныя разрады ў атмасферы...

– А пра "рыбныя" дажджы чулi? – засмяялася дзяўчына ў шортах, тая, што родам з Фiнляндыi. – Гэта калi смерч падхоплiвае прадметы, а затым яны вяртаюццца на зямлю з дажджом, трапiўшы ў дажджавую хмару? У нас быў "манетны" дождж раз. Лiўнi моцна размылi грунт, i на паверхнi аказаўся нейкi жбан з грашыма. Смерч, якi ўзнiк пры навальнiцы, падняў манеты высока ў паветра. Калi вiхор страцiў сваю сiлу i распаўся, з неба, разам з кроплямi дажджу, пасыпалiся грошы!..

Усе дружна засмяялiся.

Зоська выйшла з пакойчыка на балкон. Горад запальваў агнi. Больш за ўсё яна любiла такiя моманты, калi вечарэла i пацiху запальвалiся ў вокнах дамоў агнi... Вiдовiшча было зачаравальным, успакойвала душу... Побач з'явiўся Алесь, нечакана i цiха.

– Мне здаецца, што тое, што было са мною ў вёсцы, сон, – прашаптала Зоська, – i я заўсёды жыла тут, у горадзе... I буду яшчэ доўга жыць тут...

– А як жа акiян? – усмiхнуўся Алесь.

– Акiян – гэта вечнасць, – адказала яна яму. – Да гэтага мне трэба яшчэ дарасцi. А пакуль я толькi нарадзiлася для новага, цiкавага жыцця... Я ўжо другая. I той, вясковай, недарэчнай, сарамлiвай, цiхай, ужо няма.

– Я заўважыў, – сказаў Алесь. – Мне гэта прыемна, як прыемна ведаць i тое, што ты – надзейны сябра, не пустая дзяўчына, якая толькi i марыць пра замужжа. У цябе будзе ўсё: поспех, кар'ера, сябры... I я!

Ён моцна пацiснуў яе руку.

V

Учора былi Пакровы. Знаёмства з ваколiцамi Польшчы было пяшчотным i таемным, раскаваным i незалежным. Вайдаш прыпаркаваў свой ровар да магутнага раскiдзiстага дуба, сеў побач з Марусяй i зазначыў:

– Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лiстом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзяўчыну чапцом!

Ён абняў Марусю i запытаў:

– Не стамiлася? Як-нiяк, а цэлы месяц падарожнiчаем. Столькi падзей: вянчанне ў касцёле, знаёмства з маiмi родзiчамi... Хутары, вёскi, новыя знаёмствы...

– Гэта так цiкава! – усмiхнулася Маруся. – Паход – выдатная рэч! Я больш пра цябе даведалася i ўжо не крыўдую па дробязях. Я адкрыла ў табе шмат прыемнага i добрага. Здаецца – я ў iншым свеце. Вернемся дадому – i казка скончыцца...

– Мы можам жыць тут, у маёнтку прадзеда, – адказаў Вайдаш. – Я думаю, пакуль не трэба табе вяртацца дадому. Вучыся быць жонкаю князя...

– Гэта так цяжка, – уздыхнула Маруся, – так складана, як быццам гэта i не я, а нейкую ролю выконваю.

– Гэта ты, – усмiхнуўся ён, – проста ты забылася, што заўсёды была такою, як зараз...

...Заплечнiкi, у якiх знаходзiлiся спальныя мяшкi, прымацавалi на багажнiкi ровараў. За плячыма ў Марусi i Вайдаша маленькiя рэчмяшкi, фотаапарат, паясныя сумачкi, у якiх блакнот i самапiска. Праехалi Дабратычэ, Кастамлоты. Вёскi польскага Прыбужжа вонкава мала чым адрознiвалiся ад вёсак беларускага памежжа. Польская правiнцыя можа ганарыцца дагледжанымi дарогамi. Мястэчка Кодэнь сустрэла падарожнiкаў касцельным перазвонам.

– Глядзi. Якая прыгожая хатка пад саламянай страхою! – кiўнула ўбок Маруся. – Быццам тут час спынiўся...

Ля касцёла – могiлкi, велiчныя, урачыстыя. Ля ўвахода – брамы, два анёлы паўметровыя скульптуры. Ля магiл няма агароджаў, помнiкi з каменю.

...Ехалi ў прыцемках праз лес. Прыемна i лёгка дыхалася свежым паветрам. Нарэшце паказалiся два хутаркi. Маруся i Вайдаш наблiзiлiся да аднаго з iх. Пастукалi ў браму. Але познiм гасцям нiхто не адчынiў... З комiна хаты цягнуўся салодкi дымок.

– Што, паспрабуем шчасця ў вёсцы Загораў? – усмiхнуўся Вайдаш, i яны пакацiлi далей.

Сустрэлi на вулiцы вёскi дваiх мужчын.

– Дзе ў вас тут пераначаваць можна? – запытаў Вайдаш.

– Гэта трэба да солтыса звяртацца, – стрымана адказаў адзiн з iх. Страшна цяпер на свеце... Адна жанчына пусцiла начлежнiкаў, пашкадавала, мужчына з жанчынай былi, быццам мужык ды жонка, а аказалiся бандыты...

– Усяго на свеце бывае, – адказаў другi, – але ж трэба крыху i давяраць людзям... Вунь хата нашага солтыса, запытайцеся ў яго пра начлег, калi ласка!

Солтыс, пан Станiслаў, мужчына сарака з лiшнiм гадоў, сустрэў падарожнiкаў ветлiва, але па законе ў пашпарты ўсё-такi заглянуў i засмяяўся:

– О! Вiншую, вiншую, пан Вайдаш, панi Марыя, з законным шлюбам! Значыць, вясельнае падарожжа? Добра прыдумалi!

Гаспадар запрасiў у хату. Яго жонка прыветна сустрэла маладых, павiншавала, пачала рыхтаваць гарбату. Вайдаш выйшаў у двор, каб паставiць пад павеццю ровары, заўважыў побач з разнастайным гаспадарчым iнвентаром трактар i два прычэпы.

– Вось так i жывём, – мовiў пан Станiслаў, – усе ў гаспадарчых клопатах. Самi сябе кормiм i поiм. Сыны яшчэ малыя, але крыху дапамагаюць. Зараз спяць, час познi.

Яны вярнулiся ў хату. Гаспадыня, панi Вальжына, запрасiла да стала. Елi салонiкi з вараным мясам з падлiваю.

– Ценжкая праца ў нас, паночку, – паскардзiлася Вайдашу панi Вальжына, паклала рукi на каленi, уздыхнула. – А жыць трэба, сыноў гадаваць...

Памалiлiся на ноч. Гаспадыня завяла Марусю i Вайдаша ў асобны пакойчык, паслала пасцель. У пакоi быў змрок. Праз акно Вайдаш убачыў агнi ў двухпавярховым будынку.

– Гэта хата нашага ксяндза, – растлумачыла панi Вальжына. – Сам яе будаваў, працавiты! – з гонарам за яго адзначыла гаспадыня.

... Ранiцай паехалi далей, у накiрунку да ваколiц Гданьска, дзе знаходзiўся маёнтак Вайдаша. У адной прылясной вёсачцы Харашчынцы Маруся налiчыла ажно дзесяць будынкаў, пакрытых саломаю.

– Такая традыцыя, – растлумачыў Вайдаш. – Як помнiк мiнулага...

У гародчыках расло шмат кветак, у асноўным – астры, многiя з якiх ужо засохлi, i гаспадынi збiралi насенне. Час ад часу траплялiся астраўкi пакiнутых хутароў, благiя хаткi, рэшткi саду, разбураныя падмуркi дамоў, зарослыя сцежкi да калодзежа, да разбураных свiрнаў.

– Старыя памерлi, а моладзь у гарадах, – заключыў Вайдаш.

Пад'ехалi да цудоўнага мястэчка, якое зачароўвала сваiмi краявiдамi. На браме – выява бажаства. Бярозы блiшчэлi на сонцы восеньскай пазалотай. У паветры насiлiся павуцiнкi бабiнага лета. Не даязджаючы да свайго маёнтка, Вайдаш i Маруся прылеглi на цёплую пажоўклую траву.

– Вось i закончылася падарожжа, – усмiхнулася Маруся i раптам ажыўлена i весела паказала ў бок парку рукою. – Глядзi, хто спяшаецца да нас!

Вайдаш азiрнуўся. Вялiкi, калматы, у рыжых плямах сенбернар бег да iх праз поплаў. Наблiзiўся, пачаў лашчыцца. Маруся абняла сабаку, пацалавала ў халодны нос.

– Я больш за ўсё люблю такiх сабак, – сказала яна, – такiя ласкавыя! Сапраўдны вялiкi добры сябар!

– Ён будзе надзейным сябрам нашым дзецям, – усмiхнуўся Вайдаш. – Недарэмна сенбернар славiцца, асаблiва ў гарах, бо заўсёды ратаваў людзей, трапiўшы пад лавiны. Яму нават пастаўлен помнiк. А ведаеш, калi я ў студэнцкiя гады быў у Севастопалi, расказвалi, што адна жанчына ў час вайны знайшла кволага шчанюка. Ён падрос i аказаўся прыгожым сенбернарам. Быў вельмi разумны. У час вайны жанчына галадала. Аднойчы сабака бег ля порта i ўбачыў, як матросы разгружаюць баржу, выносяць нейкiя мяшкi, скруткi. Сабака пачаў дапамагаць iм. За гэта матросы далi яму кацялок з ежай. Сабака ўзяў яго за дужку i асцярожна панёс дадому. Гаспадыня вельмi здзiвiлася. Ранiцаю панёс пусты кацялок на прычал i зноў прыняўся за работу. Матросы прасачылi за сабакам i таксама былi вельмi ўражаны тым, як даглядаў i клапацiўся аб сваёй гаспадынi ён. Вось так сабака аддзячыў ёй за клопаты, за тое, што ў час вайны, калi ўсе былi галоднымi, яна пашкадавала яго маленькага, выкармiла...

Сонца хiлiлася да небасхiлу. У пазалоце старых лiп хавалiся ласкавыя промнi. Маруся i Вайдаш яшчэ доўга сядзелi ў траве i аб нечым размаўлялi. Ля iх ляжаў, салодка закрыўшы вочы, вялiкi, у рыжых плямах, калматы сабака...

Напярэдаднi Пакроваў Iрэна са свякрухаю спяклi пiрог, абышлi з iм усе гаспадарчыя пабудовы, прыкладваючы да кожнае страхi, каб буры, што пачынаюцца ад Пакроваў, не разбурылi iх. Паклалi сена каровам: "На Пакровы дай сена карове", гэта каб былi сытыя ўвесь год.

А сёння ўсе збiралiся ў царкву. Iрэна выкiнула муху з гладышка i налiла сабе ў кубак малака.

– Калi ўжо гэтыя мухi паздыхаюць! – буркнула яна. – Хоць бы дзверы закрывалi, а то ў рот ляцяць, ранiцай спаць не даюць!

Пачала нацягваць сукенку. Аказалася, што тая цесная.

– Праклiнаю вашу вёску! – закрычала, разнерваваўшыся, Iрэна. – Усё лета бульба, сала i аладкi! Хутка буду як калода, торба торбаю!

– А ты цягай усяго паболей, як наша Сонька, – параiла свякруха, – Сонька наша i мяхi цягае, i па дзесяць вёдзер вады каровам носiць! Яна як конь! А Тамарцы нельга падымаць, здыхля! I ты – здыхля!

– Калi ўжо гэта скончыцца: "конь, конь"? – раззлавалася Iрэна i шпульнула ў свякруху сваёй сукенкаю. – Пайшлi вы ўсе ў ж...у!

– Во, бешаная! – ускочыла свякруха. – Сцяпан! Паганяй жонку!

Той узяў пугу i пабег за Iрэнай, якая выскачыла ў сенцы, затым на вулiцу i села на воз, на якiм ужо прымасцiлася Тамарка. Свёкар трымаў вожжы. Сцяпан кiнуў пугу i сеў на воз. З хаты выйшла свякруха, залезла таксама, спусцiла на драбiны ногi.

– А Верка з Надзькай паедзе? – спытала ў мужа.

– Няма калi, кажуць, – адказаў той.

– Бляха, галава пухне, – паскардзiўся Сцяпан, – бацька, дасi грошай на пiва?

– Ты ж матцы свае грошы аддаеш, – адказаў той.

– Якiя яны мае? – пацiснуў плячыма Сцяпан. – Я ж не працую, фермер. Бульбу прадалi, вось i грошы. У маткi ж усе грошы. Яна – галоўная!

– Слава Богу, – абазвалася тая, – а каб у Iркi былi, дык усё на трусы патрацiла б!

На паўдарозе ад райцэнтра ўзялi на воз бабу ў квяцiстай хустцы i Гельтруду, якая важна шпацыравала па дарозе ў новых кiрзавых ботах.

– У цябе што, туфляў няма? – здзiвiлася Iрэна.

– Што я – дурная, такiя дарагiя купляць? – адказала Гельтруда.

– Яна дзеўка эканомная, – падтакнула свякруха i звярнулася да жанчыны: Твая дачушка, Хiма, паступiла вучыцца?

– Не, – адказала тая. – Яна з вёскi нiкуды не хоча ехаць. Мне ўсе грады за лета выпалала, па чатыры разы палола, кароў даiла, свiням ахрап'е з поля носiць... Конь, а не дзяўчына!

– Вось некаму шчасце будзе, – уздыхнула свякруха i скасiлася на Iрэну, – а мая ж нявестка паўмяха бульбы не падыме!

– Як жыццё, Сцяпан? – таўханула яго ў бок Гельтруда. – Пахмялiцца хочаш? А то налью, у мяне ёсць!

– Праўда? – ажывiўся той. – Налiвай!

Гельтруда падала яму бутэльку гарэлкi, ён адкаркаваў, пачаў пiць. Мацi маўчала.

– Мне пакiнь крыху! – азiрнуўся бацька i ўзяў з ягоных рук паўпустую бутэльку.

– Во добрая дзеўка! – шапнула свякруха цётцы Хiме. – Хай бы мой Сцяпан узяў яе, дык не...

– Мо шчэ возьме! – абнадзеiла яе Хiма.

– Тамарка! – крыкнула Гельтруда. – Замуж не збiраешся? А то пасля Пакроваў хутка пост пачнецца. Колька Цяцеркiн не бярэ? Ты хоць для понту перад iм вядро вады падымi, а то нiхто замуж не возьме такую нехлямяжную! Баба павiнна ўсё цягаць на сабе! Не слухай ты тых дактароў, Тамарка, цягай усё!

– Гэлька праўду кажа! – абняў яе выпiты Сцяпан. – Гэлька – конь! Добрая жонка будзе!

– I ты, як матка: "конь, конь"! – раззлавалася Iрэна. – Дэбiлы калгасныя! Iншых размоў няма!

...Крыху прыйшла да сябе Iрэна толькi ў храме. Цiшыня i супакаенне душы апанавалi ўсю яе. Тамарка прытулiлася збоку i шапнула:

– Iрэначка! Мне сёння манастыр снiўся, быццам мы з табою да Аленкi ездзiлi ў Полацак... I мяне анёлы падхапiлi i панеслi высока-высока, далёка-далёка адсюль! Так хораша было!..

...Пасля таго як прыехалi дадому, свякруха ўздумала перанесцi на гару варэнне. Яна падавала банкi Тамарцы, а тая ставiла iх у плеценую кадушку.

– Навошта вам гэтулькi варэння? – нервавалася Iрэна. – Леташняе засталося – не паелi!

– Што ты ў нашым жыццi разумееш! – буркнула свякруха. – Жыта скончыцца, пшанiца скончыцца, буракi i бульба скончацца, з чаго тады гарэлку гнаць? Вось варэнне i выручае! У каго яго няма, дык з парашка для мыцця бялiзны гоняць. Гарэлка – наша выручалачка! Вось сёння хлопцы ў лес за дровамi паехалi, прыедуць – налiць трэба! Што я буду глядзець на тое свята, што Пакровы сёння? Праца перш за ўсё, без працы ў вёсцы здохнеш з голаду!

– Хутка вашы хлопцы без чаркi i вядра вады ў хату не прынясуць! Прывучылi да гарэлкi!

– Ваду насiць, гной выкiдваць – жаночая справа, – адказала свякруха. – Мае хлопцы нi разу ў хляве не былi, i я ганаруся гэтым, значыць, я ладная гаспадыня. Мужык ля каня павiнен быць! Сама б вучылася гарэлку гнаць, павучальна дадала свякруха. – Мы памром, дзе тады гарэлку возьмеш, купляць будзеш?

Яна ўзвалакла на плечы мех з гарбузамi i крыкнула ўгару:

– Тамарка, цягнi мех!

– Вы лепш па аднаму гарбузу давайце, – адказала тая. – Мне нельга мех падымаць!

– А каб трасца на цябе! – раззлавалася мацi. – Ты чула, што Гельтруда сказала: цягай, нiкога не слухай! Разумную дзеўку паслухай, Гэльку, чым тых дактароў ды Iрэну! Цягнi, бляха, а то заб'ю!

I Тамарка са страхам узялася за мех... 3атым другi, трэцi... Перацягала ўсе.

Вечарам прыехаў бацька з хлопцамi з лесу, разгружалi дровы. Мацi насмажыла сала, кiнула ў мiску салонiкаў i паставiла буталь гарэлкi. Старэйшы, Цiмох, пацiраў задаволена рукi i мацюгаўся ад радасцi, церабiў сваю падраную свiтку, затым высмаркаўся на вiлошнiкi, крэкнуў i перакулiў чарку. Зацягнуўся цыгарэтай. Усунулася ў дзверы ягоная жонка, Надзя, у такой жа падранай бруднай свiтцы.

– Вось i пераапрануцца няма калi з-за працы, мама! – уздыхнула яна. Сёння карову пакрывала.

– Анягож, Надзька, – падтакнула свякруха, – iншы раз i валасы расчасаць няма калi. У чатыры гадзiны ранiцы падымаешся i цэлы дзень, як белка ў коле, круцiшся! А мая свiнка ўжо пабегала! Цяпер усе чацвёра пакрылiся, слава Богу! I кароўкi ўсе пакрылiся, от слаўна!

Трое малых дзяцей Цiмоха соўвалiся туды-сюды ля стала. Цягалi хлеб i скваркi, а большы нават адглытнуў з бацькавай чаркi.

– Не крычы! – засмяялася свякруха. – Няхай прывыкае – мужчына расце!

– А я бачыў, як певень на курыцы сядзеў! – паведамiў малы.

Свякруха i Надзька зарагаталi.

– I яшчэ, як бацька на матцы! – дадаў хлопчык.

Надзька схапiла папругу i пагналася за малым, той юркнуў у другi пакойчык. Надзька падсела да стала, чокнулася са Сцяпанам i свёкрам i кульнула чарку.

– А чаму гэта Халiмон не iдзе выпiць, – пацiкавiлася мацi, якая ўвесь час да стала не садзiлася, толькi з замiлаваннем пазiрала на сыноў ды падлiвала ў буталь гарэлку.

– Верка пiць не дае! – паведамiла Надзька.

– Сучка! – раззлавалася мацi. – Сына да мяне на чарку не пускаць!

I пабегла за Халiмонам. Той з'явiўся хутка, з жонкаю, якая, надзьмутая i сярдзiтая, села за стол, кульнуў чарку адну за другою i заспяваў: "Ой, мороз, мороз!" Браты i бацька падхапiлi i загарланiлi на ўсю хату: "Не морозь меня, моего коня!.."

– Ты, Верка, такога больш не рабi! – павучальна пачала свякруха. – Сама дзяцей вырасцiш, тады паглядзiш! Матка апошняе аддасць, апошнюю кроплю гарэлкi для сына! Не пузырся i не дуйся, сама такою будзеш, папросiць сын – i нальеш!

Iрэна выйшла ў другi пакой, за стол садзiцца не стала – яе раздражнялi iх размовы i нават твары.

– Томка, iдзi чарку выпi! – паклiкала мацi.

– Не хачу, жывот балiць! – абазвалася дзяўчына з ложка.

– I не трэба – нам болей будзе! – засмяяўся Сцяпан.

...Пiлi браты амаль да ранку. Бацька пайшоў спаць на печ. Мацi легла на тапчане, а сыны гулялi ў карты. Тамарка ўсё стагнала – балеў жывот. Iрэна паклiкала свякруху, але тая толькi буркнула:

– Глiсты ў яе – няхай чарку вып'е!

Чым далей, тым горш станавiлася з Тамаркай. Яна сыходзiла крывёю, Iрэна мяняла пад дзяўчынаю пялёнкi, давала нейкiя таблеткi, але нiчога не дапамагала. Як быццам холадам, ледзяным i бязлiтасным, напоўнiўся пакой. Iрэне стала страшна. Яна адчула чыюсьцi прысутнасць, нябачную i страшную – гэта было дыханне смерцi. Iрэна, перапалоханая i дрыжачая, выбегла да хлопцаў i пачала крычаць, што трэба везцi Тамарку ў бальнiцу, але Цiмох спаў за сталом, паклаўшы галаву на бохан хлеба. На канапе хроп Халiмон з катом у нагах. Сцяпан лыпаў вачыма i не разумеў, што ад яго хочуць. Адзiн толькi бацька падаў голас з печы:

– А мо давай я Томку адвязу ў бальнiцу?

– Ляжы, дурань п'яны! – закрычала на яго жонка. – Каня мне згубiць хочаш? У мiлiцыю трапiць хочаш? Людзi i так смяюцца, што яна ўсё па бальнiцах! Само пройдзе!

I бухнулася на падушку.

Iрэна, заплакаўшы ад адзiноты i крыўды, вярнулася да Тамаркi.

– Iрэначка! – паклiкала яе дзяўчына. – Не чапай iх. Я хачу туды, дзе святло, дзе анёлы. Яны цяпер ля мяне стаяць, Iрэначка, я ўбачу ўсё тое, аб чым ты мне расказвала: i Берасце, i Гомель, i Маскву, i манастыр Ефрасiннеўскi, там, дзе Аленка... Мне так добра цяпер! Не будзi iх, яны не варты быць са мною. Кожны раз, калi я сыходзiла з дому, то за травою свiнням, то грады палоць, мне не хацелася вяртацца сюды... Не заставайся тут, Iрэначка, у брудзе гэтым! Уцякай!..

...За акном развiднела, калi цiха памерла Тамарка. Iрэна сама абмыла дзяўчыну, апранула ёй новую сукенку, якую пашыла ёй да Новага года, запалiла свечку.

Калi свякруха прачнулася, ачомалася, залямантавала, але ненадоўга, шаркаючы вiлошнiкамi, кiнула:

– Ай, Богу вiдней! Усё роўна з яе такая баба, як з г...а куля! Зямлi скварка, людзям – чарка!

...Iрэна складвала свае рэчы, каб назаўсёды пакiнуць гэтае праклятае месца...

Мiкола старанна выпiсваў афарызмы, седзячы ў чытальнай зале, калi погляд ягоны ўпаў на дзяўчыну, якая паднялася з-за стала i пайшла да выхаду. Радасна-трапятлiва забiлася сэрца ў хлопца: дзяўчына з ягонай мары! Валасы нiбы шоўк, бровы, як крылы ластаўкi, мудрагелiстая прычоска васемнаццатага стагоддзя, гнуткая постаць перацягнута шаўковым паяском, вiшнёвыя вусны чакаюць пацалунка...

...Зачарованы Мiкола iшоў па вулiцы за незнаёмкай. Яна плыла лебеддзю сярод натоўпу. Запынiлася, загледзелася ў вiтрыну крамы, купiла марожанага, паднесла да вуснаў, усмiхнулася i надкусiла жамчужнымi зубамi. Заўважыла Мiколу. Пачакала, калi ён параўняецца з ёю, i запытала нешта па-ангельску. Мiкола разгубiўся i ўвесь час толькi кiваў галавою, паўтараючы "ес, ес". Дзяўчына дакранулася далонню да ягоных валасоў i запрасiла ў пад'езд. Адурманены ад шчасця, Мiкола зайшоў. Хацеў абняць яе, як нехта моцна стукнуў яго па галаве. Затым чыесьцi рукi абшарылi ягоныя кiшэнi, вырвалi сумку... Тады ён агледзеўся. Двое здаравенных амбалаў прыцiснулi яго да сцяны, а дзяўчына капалася ў ягонай сумцы. Затым, брудна мацюкнуўшыся, сказала:

– Казёл! У акадэмiчнай зале сядзеў, думала, iншаземец! Таракан iнтэрнатаўскi! Дзе твае даляры?

– Будзеш ведаць, як чэсных дзяўчат падманваць! – стукнуў Мiколу па твары адзiн з хлопцаў. – Пайшлi хутчэй адсюль!

I яны знiклi.

...Мiкола вярнуўся ў свой iнтэрнат. Ягоны сусед Iгарок яшчэ не працверазеў ад учарашняй папойкi.

– Надакучылi мне ўсе бабы, – буркнуў Iгарок, – толькi пояць, каб замуж узяў. Кашулi дораць, адэкалон. На якi хрэн мне яны патрэбны, iнтэрнатаўскiя? Трэба якую-небудзь школьнiцу, менчанку, трахнуць, тады i хата будзе! А што? Трахну, а бацькi з радасцю нас пажэняць! Так многiя хлопцы нашы робяць. Вадзiцелю лягчэй пазнаёмiцца! А менчанак шмат дурненькiх, асаблiва школьнiц! Закахаецца, i ўсё! Не, я вырашыў толькi на менчанцы ажанiцца.

Ён глянуў на панурага Мiколу.

– Ну што? Зноў некаму дзiця застроiў? – засмяяўся Iгарок. – Ведаць трэба, каго трахаць! А то ўсё iнтэрнатаўскiх! Менчанку шукай, дурань, хата будзе!

Мiкола маўчаў. Iгарок падняўся, глынуў з графiна вады.

– Колькi ўжо абортаў на табе вiсiць, га? – запытаў ён. – Я чытаў, што гэта вялiкi грэх. Хлопцы таксама перад Богам за гэта адказваць будуць, не толькi дзеўкi...

Прыгледзеўся да Мiколы.

– Ай, а хто ж гэта табе фiнгал паставiў? – засмяяўся ён. – Вiдаць, нейкая не дала?

– Я з бабамi завязаў! – злосна прамовiў Мiкола. – Нi адна з iх мяне не варта!

I лёг спаць.

Анатоль яшчэ з парога заўважыў, што ў хаце пабывалi госцi. На стале стаялi кубкi з недапiтай гарбатай, валялiся слайды, гарэла лямпачка дыяпраектара. Галя паспешна выцягнула вiлку з разеткi.

– Гэта з нашага турклуба былi, – мовiла яна, – слайды глядзелi. На гiтары спявалi. Торцiк быў... Мне сумна адной, без цябе. Ты ж усё па паходах...

– Ты ўжо абнаглела! – кiнуў свой заплечнiк Анатоль. – Я змёрз, як сабака, у зiмовым паходзе, а ты гасцей запрашаеш, мужа не чакаеш!

– Мы ўчора ў лыжны паход выхаднога дня хадзiлi...

– Нiякiх паходаў! – зароў Анатоль. – Каб пра маю жонку нiхто не чуў i не ведаў! Я табе забаранiў хадзiць у наш турклуб, бо я там галоўны, а не ты! Я запрашаў гасцей да сябе, а не ты! Мне твае сябры не падабаюцца!

– Яны ж усе з нашага турклуба...

– У мяне свае сябры ёсць!

– Твае сябры – задавакi! – закрычала Галя. – Я таксама хачу сяброў мець, а не перад тваiмi маўклiвай рабыняй быць!

– Я забараняю табе наведваць турклуб, хадзiць у паходы! Жонцы месца на кухнi!

– Заставайся тады адзiн! – Галя пачала складваць свае рэчы ў заплечнiк.

– I куды ты пойдзеш? – засмяяўся Анатоль. – Ага, ты ж яшчэ не прапiсалася да мяне! Вось i добра! Вяртайся ў свой iнтэрнат, калi не хочаш быць паслухмянай жонкай!

– Я хацела, каб у нас была спартовая сям'я! – заплакала Галя, трымаючы ў руках свой заплечнiк. – А ты ўпарты! Толькi табе аднаму паходы патрэбны! I дзяцей не хочаш! Пашкадуеш потым!

I выйшла з кватэры, бразнуўшы дзвярыма.

Анатоль памыўся пад душам i пачаў збiрацца ў вёску, да бацькоў.

Даехаў на электрычцы хутка, крыху паспаў. Да вёскi дабiраўся пешшу.

...Цётка Франя падслепавата прыжмурылася:

– Ой, стары! Глянь – наш Толiчак iдзе! А чаму без Галi?

I яны выхапiлiся ўдваiх у сенцы сустракаць сына.

– Ай, радасць нам якая, сыночак! – абнiмала Франя тоўстага, у кажусе, Анатоля.

– Значыць, сынку, у госцi? – крэкнуў бацька i зацягнуўся цыгарэтаю. – А дзе ж Галя, мо захварэла?

– Кiнуў я Галю, – адказаў Анатоль, распранаючыся.

Падсеў да стала.

– Не гаспадарлiвая яна, – дадаў. – Мне трэба проста баба, каб шыла, мыла, ежу гатавала, мяне з паходаў чакала. А яна сама ў паходы ходзiць!

– А як жа! – падтакнула мацi. – Маёй жа сястры яна не спадабалася адразу. Цётка Людвiка табе казала, сынку, каб ты яе не браў! Цi ж гэта справа, каб баба ў паходы хадзiла. Паходы – гэта твая справа, тваё жыццё! А бабе месца ля каструль!

– Цi доўга ён находзiцца ў тыя паходы? – уздыхнуў бацька. – У яго ж ногi хворыя, артроз!

– I ў мяне артроз, – махнула рукою мацi. – Нiчога, няхай другую жонку бярэ! Вось Агапка добрая дзяўчына, працавiтая...

– Ты што, мацi? – незадаволена буркнуў Анатоль. – Яна ж у адным класе два гады сядзела! Тупая, як твой валёнак!

– Нiчога, што Бог розуму не даў, затое – працавiтая! – пачала ўшчуваць мацi. – Навошта табе тыя вучоныя, каб нервы псавалi? Чым прасцей, тым лепш! Абы боршч варыла! А ты сваю справу ведай, можа, майстрам спорту станеш, па тэлевiзары паказваць будуць!

– А што, можа, сходзiм да Агапкi? – усмiхнуўся бацька. – У яе i пасаг добры! Можа, што сястры тваёй, Анатоль, у горад падкiнем? Футра добрае купiм, ёй жа трэба перад хлопцамi гарсаваць! Можа, за якога багатага замуж выйдзе!

– Агапчына мацi казала, што ёй карову дасць, дык мы тую карову прададзiм ды сваёй Танечцы пярсцёнак залаты купiм! – зашаптала мацi. – I Людвiка, сястра мая, кажа, каб Агапку браў. Дурная, дык затое – лепш! А толку з тае Галi? Пасагу не было. А з Агапкi пацягнуць можна! Можа, Танечку нашу за мяжу замуж аддадзiм, дык грошы Агапчыны i спатрэбяцца!

Анатоль пляснуў у ладкi, i яны пачалi збiрацца ў сваты да Агапкi.

VI

Мiкола пачуў тупат маленькiх ножак, быццам бегала па падлозе дзiцятка. Ён расплюшчыў вочы i нiчога не ўбачыў. Перавярнуўся на другi бок, заплюшчыў вочы. Тупат паўтарыўся.

– Iгарок! – паклiкаў суседа. – Чуеш, нехта тупае? Дзiця быццам.

– Гэта сумленне тваё тупае, – абазваўся той з ложка.

– Ты вельмi сумленны! – пакрыўдзiўся Мiкола.

– Вядома! – засмяяўся Iгарок. – Вось таму i жанюся заўтра на менчанцы! Аднаго цябе пакiдаю ў пакойчыку, глядзi, не звар'яцей ад адзiноты!

Мiкола падняўся i пачаў умывацца. Вырашыў пагуляць па горадзе. Навагодняе свята скончылася, можа, што ў крамах смачненькае з'явiцца, а то ўсё парасхоплiвалi на тым тыднi.

...Мiкола выпiў у кафэ кубачак кавы i скiраваў у бок "Дзiцячага свету". Нешта захацелася яму паглядзець на цацкi. Як маленькi, шчупаў машынкi, гуляў з iмi. А потым упадабаў мячык гумавы, чырвоны з зялёным, i купiў яго. На выхадзе сутыкнуўся з хлопцам, якi паказаўся яму знаёмым.

– Сцяпан, цi што? – падняў бровы ўгару Мiкола.

– А як жа! – стукнуў той па плячы Мiколу. – Прывiтанне!

Зайшлi ў пiўбар. Халоднае пенiстае пiва было на смак гаркаватым. Залацiстым адсвечваў куфаль.

– Ну, як там жыццё-быццё ў вёсцы? – пацiкавiўся Мiкола.

– Нявесткi сварацца, – паскардзiўся Сцяпан. – Наша хата згарэла, як пасля Тамаркiных пахарон выпiвалi. Заснулi, а яна ад свечак i загарэлася... Дык мы ў Халiмона цяпер жывём з мацi i бацькам. Халiмонава Верка з Цiмохавай Надзькай сварацца. Верчын кныр пакрыў Надзьчыну свiнню. А Надзька не хоча Верцы за гэта грошы плацiць. Ужо i парасяткi прывялiся, а Надзька не заплацiла... А Верчыны куры без пеўня ходзяць. Надзьчын певень iх чапае. Дык Надзька крычыць, каб ёй яйкi аддавала за пеўня!

Мiкола засмяяўся.

– Як Iрэна? – запытаў у Сцяпана. – Прывыкла да вясковага жыцця?

– Дзе там, – махнуў Сцяпан рукою, – збегла! – I задаволена ўсмiхнуўся: – А я зноў жанiцца буду! Гельтруда маю дзеўку завуць, конь, а не баба!

Мiкола скрывiўся:

– У якiм сэнсе? Тэмпераментная?

– Кiнь дурное! Працавiтая яна! – пахвалiўся Сцяпан.

Яны развiталiся. Мiкола вярнуўся ў свой пакойчык. Падкiнуў мячык, пагуляў з iм, затым лёг адпачыць. Iгарка дома не было. Мiкола пачаў засынаць, калi зноў пачуў тупат дзiцячых ножак. Ужо ў паўсне задаволена падумаў: "Няхай пагуляе! Вось добра, што мячык купiў..."


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю