Текст книги "Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)"
Автор книги: Лидия Адамович
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 14 страниц)
– Вам каго? – строга папыталася яна.
– Можна Янку? – папрасiла Iрэна.
– Вы сёння ўжо пятая! – трасучыся, вымавiла жанчына i крыкнула ў глыб кватэры: – Янка! Iдзi разбiрайся! Хутка яны да цябе з мiлiцыяй з'явяцца!
– Прывiтанне! – выйшаў на пляцоўку Янка.
Хваравiты ад перапою твар, засмяглыя вусны, змяты спартовы касцюм. Ён зачынiў за сабою дзверы, i яны з Iрэнай засталiся адны.
– Ну, што ты хочаш?.. Падавай у мiлiцыю, – пазяхнуў ён.
Iрэна з размаху стукнула яго па твары.
– Без iстэрыкi, добра? – пацёр ён шчаку. – Я ўжо не працаваў, звольнiлi мяне, а ты ўсё патрабавала кветак... Мне не было дзе жыць, а ў Рэнi была хата. Я харчаваўся ў яе. А потым яна мяне выгнала, бо я пярсцёнак у яе ўкраў – на вяселле мне патрэбен быў пярсцёнак, жанiўся я з гэтай чувiхай, якая табе дзверы адчыняла... Яна багацейшая за Рэню i не такая капрызная, як ты. Яна за мяжу ездзiць, зразумела, у чым справа? Вось i ты сабе такога шукай хахаля, усякла?
– Вярнi мне тыя падарункi, што я купляла, быццам для тваiх родзiчаў! выкрыкнула Iрэна.
– Ай, цiшэй! – прамямлiў, пацiраючы за вухам, Янка. – Я i раней лiчыў, што ты крыху iстэрычная... Пардон, мадам! Падарункаў няма – падарыў жончынай мацi. А што мне рабiць было, калi не працую?
Iрэна залямантавала ад злосцi i крыўды, наляцела на Янку з кулакамi, пачала рваць ягоныя валасы, упiлася зубамi ў шчаку, з асалодай адчуваючы на сваiх вуснах ягоную кроў... Нiхто не мог спынiць яе – яна бiлася з iм не на жыццё – насмерць, ратуючы свой гонар, помсцячы за ўсё i за ўсiх. Павыскоквалi на пляцоўку суседзi. Нечакана прыехалi мiлiцыя i людзi ў белых халатах. Вырываючыся з нечых учэпiстых рук, Iрэна рагатала, гледзячы на акрываўленага Янку з пакусанай шчакою, разадраным пазногцямi тварам i апухлым вокам. Ён, згорбiўшыся, тулiўся ў кутку ля дзвярэй...
– Кладзiся спаць! – загадаў Антось i схаваў у тумбачку пустую бутэльку.
– Не! – хiстаючыся, плюхнуўся на стул Мiкола. – Я буду пiць, пакуль не звалюся!.. Схадзi яшчэ ў краму!
– Якая табе крама – апоўначы ўжо! – настойлiва ўкладваў сябра ў ложак Антось. – Спi лепш, набраўся як свiння гразi! Аленка прыходзiла, стукала ў дзверы, але я ёй не адчынiў... Вы ж у тэатр збiралiся!
– Якi тэатр? – узняўся з ложка Мiкола. – Яна мне надакучыла сваiмi прапановамi!
Ён павярнуўся тварам да сцяны, але раптам ускочыў.
– Антось! Прачытай мне лiст ад Таццянкi, – папрасiў сябра.
– "Дачушка такая моднiца, – пачаў Антось, – у садок збiраецца i кажа, каб сёння не апранала тую сукенку, у якой была ўчора... Нам ад цябе нiчога не трэба. Проста ведай, што калi ты адслужыў у войску i паехаў дадому..."
– Хопiць! – Мiкола злез з ложка i пачаў апранацца. – Гадаўка яна, Таццянка! Увесь настрой мне сапсавала, у душу залезла! Але ўсё роўна не паеду да яе!
Ён павярнуў ключ у замку, адчынiў дзверы.
– Ты куды? – занепакоiўся Антось.
– Да трамвайшчыцы! Яна налье...
– Дык я не зразумела, да каго вы? – смяялася маладая вахцёрка.
– Я ж кажу: Наташа, трамвайшчыца... – паўтарыў Мiкола.
– У нас усе трамвайшчыцы! – зайшлася зычным смехам жанчына. – А прозвiшча як тваёй Наташы?
– Ай, бялявая такая! Баявая дужа... I смачна гатуе!
– Мiхалёва, можа? Ну прайдзi ў дзвесце другi пакой, – буркнула вахцёрка.
Ён падняўся на другi паверх, пастукаў у дзверы.
– Ах ты, мой сiнявокi донжуан! – абняла яго Наташа ў празрыстым блакiтным пеньюары. – Я ведала, што ты прыйдзеш... Ой, дарагi, ды ты ж ледзь на нагах трымаешся! Хуценька ў ложак, хуценька... Вось... Зараз я цябе разую, дам сто грамаў i сама прылягу побач...
Аленка выйшла на невялiчкай станцыi "Жыткавiчы". Гаманлiвая жанчына, што гандлявала пончыкамi з павiдлам, растлумачыла ёй, як прайсцi на вулiцу Вясновую. Яна пакрочыла, асцярожна трымаючы ў руках вялiкiя гладыёлусы, якiя везла Вользе з самага Менска. Патрэбны дом знайшла хутка. Гэта была невялiчкая хатка на вулiцы ў прыватным сектары. Аленка зайшла ў двор i пастукала ў дзверы. Ёй адчынiла дзяўчына гадоў дваццацi пяцi, сур'ёзная, строгая, у льняной сукенцы з вышытымi ля каўнерыка кветкамi.
– Прабачце, можна Вольгу? – прамовiла Аленка.
– Гэта я, – адказала тая. – Заходзьце, калi ласка!
Аленка нязграбна ўсунула ёй кветкi, прашаптала: "Ад Мiколы!" – i прайшла ў пакой.
Здзiўленымi вачыма паглядзела Вольга на нечаканую госцю, паставiла кветкi ў вазу, прапанавала Аленцы садзiцца за стол, а сама пайшла па каву. Прынесла. Адгарнула рукою валасы – штучна завiтыя, яны даставалi да плячэй i мякка клалiся на каўнерык, – усмiхнулася:
– Пазнаёмiмся?
– Ага! – усхапiлася з месца Аленка i назвала сваё iмя.
– Частуйцеся кавай, – прапанавала Вольга. – I давайце пагаворым пра Мiколу, дарэчы, ад якога гэта Мiколы кветкi?
– Як "ад якога"? – здзiвiлася Аленка. – Вы й не здагадалiся? Вось ад гэтага Мiколы! – працягнула ёй сшытак з вершамi. – Ён так кахае вас! Часта чытае нам вершы свае, вы – яго муза, яго натхненне...
Заiнтрыгаваная Вольга ўважлiва чытала кожны лiст, а калi скончыла, падняла на Аленку вялiкiя шэрыя вочы:
– Вы – яго сястра?
– Не, мы разам вучымся...
– З якога ты класа, Аленка? З нашай школы? – пацiкавiлася Вольга. Ведаеш, я нядаўна працую ў Жыткавiчах... Да гэтага ў вёсцы выкладала...
– Я з Менска, – удакладнiла тая. – Мы з Мiколам разам вучымся ў iнстытуце культуры. Мне проста яго шкада стала – ён пакутуе, кахае вас!.. А вы нават не здагадваецеся пра яго iснаванне!..
– Iнстытут культуры... – правяла пальцам па бровах Вольга. – Аленачка, калi ласка, растлумач! Як яго прозвiшча?
– Мiкола Гайда! – амаль раззлавалася Аленка.
– Гайда? – мовiла Вольга. – Так, так, я ведаю яго... Мы жылi ў адной вёсцы, у Вiшаньцы... Там яшчэ такi стары маёнтак ёсць i дзiўнае паданне пра Чорную здань... I пра князя Вiтаўта i Дарыну.
Вольга змоўкла i засяроджана круцiла ў руцэ кубак з кавай.
– Я ў гэтай вёсцы жыла з бабуляй, – з сумам прадоўжыла яна. – Бабуля не ўжылася з нявесткай, гэта значыць, з маёй мацi, i бацька купiў бабулi хату ў вёсцы Вiшанька. Ёй было сумна адной, i яна ўзяла мяне да сябе... Якiя шчаслiвыя гэта былi гады! – усмiхнулася яна, адкiнулася на спiнку крэсла. – Мы хадзiлi з бабуляй у царкву, што ля маёнтка, тады яна яшчэ працавала, я слухала, як на хорах спяваюць пеўчыя, i мне здавалася, што ўсё гэта мне толькi снiцца, бо нiдзе так добра мне не было, як там... Бабуля мая памерла, калi я скончыла школу. Хату нехта купiў. А я цяпер езджу ў вёску да мацi з бацькам, тая вёска мне не даспадобы... А вось Вiшанька!..
Вольга пазiрала некуды ўдалячынь задумлiвым позiркам.
– А пра Мiколу раскажыце! – папрасiла Аленка.
– Пра Мiколу? – узняла бровы Вольга. – Гэта быў маленькi свавольны хлопчык, неслух i ганарлiвец. Ён жыў са мною па суседству, вучыўся ў паралельным класе, але ён нiколi мне не падабаўся, дый сам нiколi не заляцаўся да мяне... Я раскажу табе пра другога хлопца, – таемным голасам мовiла Вольга. – Калi мне было чатырнаццаць гадоў i я вучылася ў восьмым класе, у мяне закахаўся вельмi "стары", як мне тады здавалася, хлопец. Ён ужо скончыў iнстытут i працаваў iнжынерам. Яму было дваццаць чатыры гады, i мне здавалася, гэта вельмi многа: аж на дзесяць гадоў старэйшы! I я адмовiла яму. – Вольга ўздыхнула, паправiла пояс на сукенцы. – Аленачка, якая я была дурная! Цяпер ён – паважаны чалавек у раёне, усяго трыццаць пяць гадоў яму, а ўжо вялiкi начальнiк, усё мае: i сям'ю, i дзяцей, i з жонкаю добра жыве. А чаго дабiлася я? Жыву на кватэры, атрымлiваю мiзэр, каханага няма... А iсцi за абы-каго не хачу!
Яна крыху памаўчала, а потым дадала:
– Не верце вы Мiколу наконт кахання да мяне. У яго ўжо такое аднойчы было. Ён – фантазёр! Неяк у школе таксама пiсаў палымяныя пакутныя вершы, а мы ўсе так зайздросцiлi той, каму ён пiша!.. Аказалася – ён стварыў сабе вобраз дзяўчыны, якую хацеў сустрэць, а iмя i твар "узяў напракат" у нашай прадаўшчыцы, што нейкi час працавала ў краме на практыцы! Рэальнага чалавека так кахаць немагчыма!..
Аленка расчаравана ўздыхнула.
– Кветкi я купiла сама, – усмiхнуўшыся, прашаптала яна. – Хацела пабачыць вас...
Вольга абняла яе i з тужлiваю ўсмешкаю прытулiла да сябе.
VI
Маруся Вайтовiч асцярожна прачынiла дзверы i зайшла ў кабiнет iнспектара па кадрах.
– Вы таксама з вышэйшай? – адразу запыталася пажылая, у строгiм дзелавым касцюме жанчына. – На станок, вучанiцай токара пойдзеце?
– Не! – адмовiлася Маруся. – Там шумна, бруд...
– Даражэнькая, – засмяялася iнспектар, – столькi iнжынераў скарацiлi! З рукамi-нагамi адрываюць любую працу, а вы носам круцiце! Вучанiцай маляра пойдзеце?
– Мазаiчнiцай! – папрасiлася Маруся. – Там хоць творчая работа...
– Трэба скончыць курсы...
– Згодна! – узрадавана ўсмiхнулася Маруся i пачала запаўняць картку.
Па-сапраўднаму шчаслiвая выбегла з кабiнета i сутыкнулася ў калiдоры з Дуброўскiм.
– I куды ж гэта так? – засмяяўся ён, прывiтаўшыся.
Калi даведаўся пра Марусiны справы, засмуцiў яе тым, што сказаў: мазаiчнiцаю цяжка куды ўладкавацца. I прапанаваў тэлефон адной фiрмы.
– Вы скажыце, што ад Дуброўскага, – усмiхнуўся ён, – i вас адразу, пасля курсаў, возьмуць на працу!
– Дзякую! – шчыра мовiла Маруся, i ёй стала сумна, што вось так нечакана развалiўся iх праектны аддзел: Зоська i Надзя Шэбан цяпер сядзяць дома, хатнiя гаспадынi. А Дуброўскi? Яна чула, быццам ён атрымаў у спадчыну маёнтак ад свайго прадзеда, стаў мiльянерам i цяпер узначальвае нейкую фiрму...
– Я падвязу вас, – прапанаваў Дуброўскi.
Маруся згадзiлася. Усю дарогу ехалi моўчкi – слухалi музыку. На развiтанне Дуброўскi ўсмiхнуўся i пацалаваў ёй руку...
Дома чакала шмат спраў, таму Маруся першым чынам вырашыла ўзяцца за ўборку кватэры. Учора прыходзiлi Iрэна з Аленкаю – цыравалi заплечнiкi, палаткi. Малявалi замак, князя Вiтаўта, Дарыну... Размаўлялi пра каханне... Маруся радавалася, што паход павядзе не Анатоль i што наогул ён ужо даўно выкраслены з яе жыцця...
Толькi ўзялася за справу – званок у дзверы. Адчынiла i застыла на парозе ад здзiўлення: перад ёю стаяў Анатоль, а за ягонай спiною – сарамлiвая, тоненькая, вастраносая Галя...
– Вось гэта сюрпрыз! – усмiхнулася Маруся. – Праходзь, Галя! А чаму гэта Анатоль з табою, на хвост садзiцца, у паход захацеў?
Яна насмешлiва агледзела яго з ног да галавы, запрасiла ў кватэру. Той адразу, па-свойску, усеўся на канапу, закiнуў нага за нагу i выпалiў:
– Курыцу ў цесце, антрыкот, залiўное! Усё гэта павiнна навучыцца гатаваць Галя, бо мы з ёю памiрылiся, вяселле – адразу пасля паходу. Навучы яе, калi ласка, Маруся, быць гаспадыняй!
Тая, аслупянеўшы, пазiрала на Галю, потым пастукала кулаком па сваiм iлбе:
– Во, у цябе, Галачка, макацёр не варыць! Ты ж сама ўпэўнiлася, што ён дэспат, што яму патрэбна проста баба, каб варыла-мыла, а ён па паходах будзе хадзiць! А цябе нiкуды не пусцiць!
– Ай, Маруся, – засмяялася Галя. – Гэта ён спачатку, а потым i дзяцей захоча, i ў паходы мяне браць стане...
– Чаму ты такая наiўная? – раззлавалася Маруся. – Калi чалавек табе адкрыта гаворыць аб сваiх патрабаваннях, чаму ты не верыш яму, а спадзяешся на нейкiя цуды? Ён жа табе канкрэтна сказаў: жанчыне месца на кухнi! Так, Анатоль?
– Ну! А як жа, – згадзiўся ён, – я заўсёды гавару праўду, навошта мне перад вяселлем прыкiдвацца адным, а потым станавiцца другiм. Я чалавек адкрыты, не вiляю, каб спадабацца. Да мужчыны трэба альбо прыстасоўвацца, альбо кiдаць!
– Вы ж такiя розныя, Галя! – узяла яе за плечы, глянула ў вочы Маруся. Людзi альбо падыходзяць адно аднаму, альбо не – сярэдзiны не бывае, Галя, вы ж не падыходзiце адно аднаму: у вас розныя iнтарэсы, патрабаванннi, погляды на жыццё! Ты хочаш, каб была турысцкая сям'я, а Анатоль хоча толькi сам удасканальвацца, хадзiць у паходы, рабiць кар'еру. Ён жэнiцца толькi таму, што надакучыла самому ежу гатаваць!
– Ён мяне кахае, – настойвала Галя.
Маруся зiрнула на Анатоля, i той адмоўна закiваў галавою.
Галя ўбачыла гэта i засмяялася:
– Ён жа з сузор'я Панны! А ўсе Панны – сарамлiвыя i нiколi ў каханнi не прызнаюцца, хаваюць свае пачуццi. Маёй сяброўцы муж сказаў "кахаю" толькi на трэцiм годзе сямейнага жыцця!
– Не спадзявайся на гэта, – уздыхнула Маруся. – Калi чалавек маўчыць, значыць, яму ёсць чаго маўчаць. "Не бойся крыклiвага, а бойся маўклiвага", недарэмна так кажуць у народзе.
Маруся падышла да акна, адхiлiла фiранкi. Вечар апускаўся на горад. Сонца садзiлася ў хмары, вялiкiя, чырвона-барвовыя. Мацнеў вецер, тужлiва хiсталiся верхавiны дрэў...
Галя прытулiлася да Анатоля, але той адхiлiўся ад яе, шыкнуў, маўляў, не час для абдымкаў. "Калi ты хмуры мiзантроп альбо эгаiстычны бурчун, – падумала Маруся, – шлюб не выправiць цябе. Шлюб нiкога не зменьвае – ён толькi зрывае маскi..."
– Якi ў цябе сакрэт? – раззлавана глядзеў на Наташу Мiкола. – Навошта тэлефанавала? Прыпёрся, як дурань, у твой iнтэрнат, цяпер на мяне ўсе тут пяляцца!
– А ты не звяртай нi на каго ўвагi! – засмяялася Наташа i ўсунула яму ў рукi выварку з бялiзнай. – Нясi на кухню!
– Я табе не грузчык!
– Тады сакрэту не скажу! – загадкава ўсмiхнулася яна.
Мiкола паслухаўся. Калi вярнуўся з кухнi ў яе пакойчык, Наташа рыхтавала на стол. Побач, на ложку, сядзелi з цiкаўнымi тварамi яе сяброўкi.
– Агледзiны ўстроiла? – буркнуў Мiкола, але за стол сеў.
Сяброўкi прымасцiлiся ля яго. Ён падмiргнуў iм, калупнуў вiдэльцам сардэльку, адкусiў, пачаў умiнаць рыс з чырвонай падлiвай.
Наташа перамiгнулася з дзяўчатамi i пачала:
– Мiколачка, пайшлi з намi ў Дом мэблi! Трэба нешта купiць, а мы саромеемся. Мужчыне спрытней! На грошы i пайшлi!
– Вы што, прэзерватывы там купляць будзеце? – незадаволена падняўся з-за стала Мiкола. – Што там, у мэблевым, можа быць такое, чаго можна саромецца?
Дзяўчаты захiхiкалi i пацягнулi Мiколу на вулiцу.
...У салоне дзiцячай мэблi Наташа пашапталася з прадаўшчыцай, павiляла з таемнай усмешкай ля Мiколы i загадала яму iсцi ў касу выбiць чэк. Калi ён падышоў з чэкам да прадаўшчыцы, тая ветлiва падкацiла да яго дзiцячую каляску. Мiкола раздражнёна ўздыхнуў, моўчкi выкацiў каляску з салона i на вулiцы развiтаўся з дзяўчатамi, сказаўшы iм, што ў гэтым жарце няма нiчога смешнага.
Ля свайго iнтэрната сутыкнуўся з Аленкай.
– Заявiлася! – буркнуў сабе пад нос.
– Мiколачка, мне трэба табе сказаць нешта сур'ёзнае, – пачырванеўшы, мовiла Аленка.
– Што, табе таксама каляску купiць? – са злосцю кiнуў Мiкола.
– Мiколачка! – заззяла Аленка. – Як ты здагадаўся? Я такая шчаслiвая! Яна кiнулася яму на шыю. – Мне доктар сказаў, што нельга рабiць першы аборт, i вось ты не супраць нашага дзiцяцi... Дзякую! Я так кахаю цябе!
– Якiя кнiжныя словы! – узяўся за ручку дзвярэй Мiкола. – Яны не адгукаюцца ў маёй душы. Ну што мне рабiць, Аленка, каб пакахаць цябе, што?
– Давай пажэнiмся, а тады прывыкнеш, – папрасiла Аленка i дакранулася да ягонай рукi. – Можа, i каханне прыйдзе. Кажуць, калi ў сексе абаiм добра, то i ўсё будзе добра.
– А душа, Аленка? – узмалiўся Мiкола. -Зачараванне сексам пройдзе, а што рабiць душы потым, калi мы духоўна чужыя?..
– Навошта ж тады ты прыняў маё каханне?
– Я прыняў тваё цела, каб не загубiць адмовай у каханнi тваю душу.
– Ты ўжо яе загубiў! – заплакала Аленка.
– Мне трэба было цябе адхiлiць, так? – абняў ён дзяўчыну. – Каб адхiлiў, ты ўсё роўна пакутавала б. А цяпер хоць добры ўспамiн застанецца пра каханне. Не трэба табе цяпер дзiця, Аленка! – папрасiў Мiкола. – Удасканальвайся, рабi кар'еру. З тваiмi знешнiмi дадзенымi ты можаш дасягнуць многага, трэба толькi стаць трошкi камунiкабельнай, дзелавiтаю, смелаю. Ты – меланхолiк, саромеешся ў кампанii. А ведаеш, трэба проста ў кампанii звярнуць на сябе ўвагу, стаць у цэнтры ўвагi, паглядзiш, тады ўсё будзе добра i ўсё ў цябе атрымаецца. Ты наiўная, добрая, у цябе ёсць будучыня – ты станеш зоркаю. Паслухайся мяне, калi ласка!..
Мiкола закусiў вусны i моцна прыцiснуў дзяўчыну да сябе. Яна вырвалася i пабегла да аўтобуснага прыпынку.
– Ну, што ты стаiш самотная? – усмiхнулася чараўнiца Iлона. – Я твайго бацьку не адбiвала, сам прыйшоў да такога рашэння. Я марожанае заказала, зараз прынясуць, i "Фанты", любiш?
Iрэна згодна кiўнула i прысела за столiк.
– Я ведаю, што ён кахаў цябе, але пакiнуў, – з болем выгаварыла Iрэна.
– Пакiдаюць розных, а вяртаюцца да самых каханых, – удумлiва мовiла Iлона.
– Вiдаць, добрая была, што ад цябе пайшоў муж твой? – засмяялася Iрэна. Альбо выгнала?
– Настае дзень, калi быццам прачынаешся ад доўгага сну, – сур'ёзна мовiла Iлона, – i разумееш, што ляжыць ля цябе зусiм чужы чалавек. I робiцца страшна, што вось з гэтым чужым табе прыйдзецца жыць да старасцi...
– Iшла за роднага, а аказаўся чужым? – ухмыльнулася Iрэна.
– За незнаёмца iшла, – уздыхнула Iлона, – зусiм мала ведала яго, амаль дзве ночы.
– А бацьку майго ты за колькi начэй закахала ў сябе?
– Начэй у нас не было, – усмiхнулася Iлона. – Мы даўно ведалi адно аднаго, часта размаўлялi, на турзлётах былi – твая ж мацi грэбавала турзлётамi, паходамi, а дарэмна! А чалавек раскрываецца менавiта ў паходах, у сумесных вылазках на прыроду, а не ў сексе i не ў экскурсiях у суседнi кiнатэатр. Калi хочаш больш даведацца пра чалавека, зразумець, падыходзiць ён табе цi не, больш размаўляй з iм.
Iрэна ўздыхнула i даверлiва паспавядалася:
– Я таксама размаўляла i ў паходы хадзiла са сваiм сябрам. Заўважала, што ён жорсткi з бадзячымi катамi, сабакамi i ўсё хвалiцца, што ягоная аўчарка лепшая. Калi iшла цяжарная жанчына, ён крывiўся, што яму не падабаецца такая постаць, i казаў, што калi я буду цяжарная, то буду выглядаць лепш. Ён быў эстэт, любiў толькi прыгожае, i я разумела, што ён здрадзiць мне ў любую хвiлiну. Ён нерваваўся, калi я выпацкала ягоны iмпартны спартовы касцюм, i я зразумела, што ён сквапны i жорсткi. Але ў той час ужо прывыкла да яго i не магла пакiнуць яго першая. Да ўсяго ж ён мне падабаўся ў сексе. Калi б у мяне хапiла смеласцi ў той час парваць з iм, не было б той ганьбы, якую ён зрабiў мне. Яго звалi Янка. Я ненавiджу яго цяпер i сябе за сваё маладушша...
Iлона дакранулася да рукi Iрэны.
– Не крыўдуй на мяне, калi ласка, – цiха сказала яна. – Мяне таксама жыццё бiла, а цяпер я знайшла сябра, заступнiка, я знайшла роднасную душу. Калi ты выйдзеш замуж, пасталееш, то зразумееш мяне i свайго бацьку.
– Я iншы раз не разумею самую сябе, – паскардзiлася Iрэна. – Шукаю каханне i не знаходжу. Навокал адзiн мiраж. Няўжо мне прыйдзецца чакаць яго так доўга, як чакаў мой татка?
У вушах у Аленкi гучыць музыка, i срэбныя званочкi звiняць, рассыпаюцца па ўсiм пакоi. Яна ляжыць на руцэ ў Мiколы i марыць, што яны ўжо пажанiлiся. Аленка не можа заснуць – яна з асалодаю ўглядаецца ў начны змрок. Вось настольная лямпа, калi яе ўключыш – плывуць рыбкi, там унутры нешта круцiцца, i яны плывуць. На тумбачцы – магнiтафон, касета групы "Спэйс". Над ложкам кнiжная палiчка, мiкрасвет яе каханага: тое, чым ён жыве, захапляецца, аб чым марыць. Яна з асалодаю глядзiць на ягоны твар i ў душы спадзяецца, што ранкам ён скажа ёй: "Не iдзi сёння ў бальнiцу! Няхай будзе дзiця!" Вядома, скажа, заспакойвае сябе Аленка, i нiкуды яна не пойдзе, i народзiць яму дзiця... А потым, можа, i пажэняцца? Вось у адной дзяўчыны такое было: не браў, не браў, а як нарадзiла, то i ўзяў! У Аленкi ёсць шанц! Яна асцярожна ўстае з ложка, апранае Мiколаву кашулю. Зялёныя шторы такiя знаёмыя, родныя, цяпер яна бачыць iх не праз марознае шкло цi мокрае – ад дажджу, а з пакоя, як гаспадыня... Аленка адсоўвае iх. Мроiцца блакiтны водсвет ранiцы. Паабапал дарогi цвiтуць каштаны. Вось прайшоў першы трамвай. Запынiўся ля iнтэрната. З яго выйшла лёгкая, iмклiвая дзяўчына з пакетам у руцэ...
Аленка ўважлiва разглядвала значкi на блакiтным вымпеле: "Тэрскол", гарналыжная турбаза, альплагер "Улу-Тау", "Домбай"... Мiкола шмат дзе пабываў, i яна, Аленка, таксама там пабывае, каб стаць блiжэй да яго. Яна ўжо ходзiць у бiблiятэку, самаўдасканальваецца, каб яму з ёй было аб чым паразмаўляць. Запiсалася на курсы кройкi i шыцця адзення, модна апранаецца...
– Ай, каго там чэрцi прынеслi? – незадаволена падняўся з ложка Мiкола, пачуўшы стук у дзверы. – Схавайся за штору! – загадаў Аленцы i пайшоў адчыняць.
– Ты што, ужо зусiм з глузду з'ехала? – буркнуў ён, убачыўшы Наташу. Паспаць не даеш!
– Я на маршрут выехала, – усмiхнулася яна, – вось, думаю, занясу табе кашулi. Яны так хутка высахлi, праз гадзiну пасля таго, як ты пайшоў ад мяне...
Мiкола моўчкi ўзяў пакет i кiнуў яго на ложак. Наташа адразу заўважыла за шторай постаць i засмяялася:
– Аленка! Вылазь, я "Рыслiнг" прынесла, зараз вып'ем!
Адкаркавала бутэльку, паставiла трэцюю шклянку i налiла ўсiм. Выцягнула з-за шторы Аленку i ўручыла ёй паўшклянкi вiна.
– Мне нельга сёння, – адказала тая i паставiла шклянку на стол.
– Яна зранку ў бальнiцу iдзе, – мовiў Мiкола, падаючы Аленцы сукенку. Апранайся, а то спознiшся...
... Князь прывiтаў Дарыну лёгкiм кiўком галавы, пацалаваў ёй руку i незвычайна доўга затрымаў свой позiрк на яе твары.
– Ты такая бледная, што здарылася, сястра?
– Ад хвалявання, князь, – усмiхнулася Дарына. – Такi цудоўны баль!.. I дачка заморскага магната, з якою вы танцавалi...
– Яна прыгажуня, бясспрэчна, – адказаў цiха Вiтаўт, – але другая завалодала маiм сэрцам настолькi, што не магу болей маўчаць пра сваё каханне, мушу прызнацца i прасiць яе згоды стаць маёй жонкай...
– Якою шчаслiваю яна будзе з вамi, князь! – самотна схiлiла галаву Дарына. – Уставаць разам з вамi на золку, любавацца захадам сонца, гаманiць у начной цiшынi пад спеў салаўёў i стракатанне конiкаў... Дакрануцца да вашых валасоў, правесцi рукою па твары...
Дарына ласкава ўсмiхнулася, i ў вачах яе застылi слёзы. Яна паспешлiва пакiнула залу. Па шырокiх прыступках паднялася ў верхнiя пакоi. Месяц заглянуў у акно, на iмгненне высвецiў пацеркi ў касе дзяўчыны. Цiха гарэла свечка, роўнае полымя кiдала на сцяну ласкавы водблiск. Але Дарыну ахапiў адчай. Яна зразумела, што нiколi не зможа стаць жонкаю Вiтаўта, што ёй наканавана лёсам быць толькi сястрою ягонай...
Зялёны келiх падносiць да вуснаў сваiх Дарына. Келiх з атрутаю. I чуе, блiзка зусiм, таропкiя крокi да яе спальнi. Вiтаўт?
– Мая каханая, што ты зрабiла? – нахiляецца над Дарынаю Вiтаўт.
– Прабач мне, – шэпча Дарына. – Чорная здань пагубiла мяне ў юнацтве звар'яцела я ад сляпога кахання, не кахання – прагi да цела! I за гэта, што цяпер зрабiла, прабач мне, любы мой Вiтаўт... Грэх на мне, памалiся лепш Богу...
Крык адчаю разрывае начную цiшыню. Спалохана ўзлятаюць заспаныя птушкi, i хаваюцца ў чароце гнуткiя русалкi. Мiтусяцца па пакоях i ў садзе госцi князя. Усё зблыталася: сон i ява... памiрае Дарына...
– У вас быў хлопчык, – самотна гаворыць акушэрка Аленцы. – Паляжыце тут крыху, потым вас адвязуць у палату...
– Дзе я? – пытаецца Аленка.
– Ужо ўсё прайшло, – супакойвае яе медыцынская сястра, гладзячы па галаве.
– Хто я? – Аленчыны вочы напаўняюцца слязьмi, i яна страчвае прытомнасць.
...Згорблены стары прыйшоў з лесу, у доўгай палатнянай кашулi, з сiвою барадою. Выняў з-за пазухi прыгожы кубак на тонкай падстаўцы i падаў яго змрочнаму, пачарнеламу ад гора князю. Той агледзеў яго i здзiвiўся – кубак быў закрыты жалезнай накрыўкай.
– Што ў iм? – сурова спытаў у старога.
– Смерць Чорнай зданi, – мовiў той. – Хто ўбачыць, што знаходзiцца ўнутры кубка, – перастане быць нявольнiкам сляпога кахання, прагi да цела. Чорная здань пакiне яго.
Князь пакруцiў у руках кубак, любуючыся яго прыгажосцю. Нечакана нацiснуў на накрыўку, i яна адскочыла. Заглянуў усярэдзiну. Нейкi час яго бровы былi ўзнятыя ад здзiўлення. Потым князь паставiў кубак на стол, i самотная ўсмешка прабегла па ягоным твары.
– Прыгожы кубак, унутры якога пустэча... – прашаптаў Вiтаўт. – Што можа быць мудрэйшым?.. Хай прадоўжыць Бог ваша жыццё, мудры старац!
– Слуг паклiчце i загадайце кубак паставiць на вiднае месца, пакланiўшыся, мовiў стары. – Няхай другi, апантаны, сляпы, нявольнiк Чорнай зданi i прагi да цела, адкрые яго i, унутр зазiрнуўшы, ачуняе душою i целам, не паўторыць памылку Дарыны...
ЧАСТКА ДРУГАЯ
I
...Было такое ўражанне, што трапiлi ў мiнiяцюрную вёску мiнулага. Анатоль Хвашчэўскi, прымiрыўшыся з Галяй, усё ж такi павёў групу ў паход сам, згадзiўшыся нават на экскурсiю ў Музей архiтэктуры i побыту Беларусi.
– Нiчога рукамi не чапаць! – дзелавiта папярэдзiў Анатоль. – Музей пад адкрытым небам – унiкальная рэч! Зойдзем вось у гэту хату!
...Тканыя ручнiкi вiселi на покуцi i ля парога. Ля печы – невялiчкi ручнiчок з карункамi з аднаго канца.
– Гэта ж трапкач! – засмяялася Галя. – У нас такi дома быў, i мацi часта "давала нам трапкача"! Толечка, я таксама буду нашым дзеткам "трапкача даваць"! – какетлiва глянула на хлопца.
– Мы ж дамовiлiся: нiякiх дзяцей! – сурова адказаў Анатоль. – Мне i чужыя надакучылi ў маiм ПТВ!
Галя махнула рукою, у душы спадзеючыся, што ён толькi цяпер так гаворыць.
Мiкола разглядаў прыстасаванне для лучыны.
– Добрая рэч! – кiнуў ён Антосю. – I для паходаў згадзiцца!
– Паглядзiце на калыску! – мовiў Сцяпан. – Яна трымаецца на цвiку, што ўбiты ў столь. У нас дома такая на гарышчы ёсць!
– А саламяны капялюш нiчога! – засмяяўся Мiкола. – Я быў бы падобны ў iм на шляхцiца!..
Аленка пагардлiва ўсмiхнулася i адвярнулася ад яго... Увесь час пасля таго, што яна зрабiла, ёй паўсюдна здаваўся пах закiсу азоту, якi даюць перад аперацыяй... Пах гэтай маскi... Неяк Мiкола паспрабаваў пацалаваць яе падалося, што яна задыхаецца, вусны Мiколы пахлi закiсам азоту... Яна вырвалася, пабегла ад яго...
– А зараз я вам пакажу нешта страшнае! – загадкава сказаў Анатоль i павёў усiх да наступнай хаты па вузкай вулачцы.
...Доўгi пагонны двор, хата прамавугольнай формы. Гаспадарчыя пабудовы побач з жылымi пакоямi.
– Такiя хаты ў нас, на Вiцебшчыне, будуюць, – паведамiў Сцяпан, – i наша хата, на хутары, такая ж! Гэта строй Заходняй Беларусi.
– Ой, Сцяпаначка, якi ж ты багаты! – засмяялася Iрэна, папраўляючы касу. Добры будзе ў мяне жанiх! Цi не хочаш быць жанiхом?
– Хачу! – засмяяўся Сцяпан, абняў Iрэну, i яны першымi ўвайшлi ў хату.
...На покуцi – iконы. На драўляным стале ляжыць муляж хлеба на сене. Доўгая лаўка. Прыгожыя жаночыя андаракi вiсяць над ложкам ля печы. На кiйку перад печчу вiсяць каўбасы...
– Хата прыбрана да Каляд, – паведамiў Анатоль. – Апошнi з гаспадароў памёр у XIX стагоддзi. А потым, хто нi пасяляўся тут, цi памiраў, цi дурнеў. Хату будавалi па старажытным звычаi: гаспадар мазаў вуглы сваёю крывёю, каб тут жылi толькi ягоныя родзiчы...
– Пайшлi адсюль! – пiснула Галя.
– А я вось застануся тут на ноч! – расхрабрыўся Мiкола. – Потым раскажу вам, можа, сюды прывiды з'яўляюцца?
Зацiкаўленыя хлопцы i дзяўчаты пагадзiлiся з ягоным рашэннем.
Лес рэдкi, у асноўным кусты альшанiку, танклявыя грабы ды арэшнiк. Сям-там – бярозкi. Мiж дзвюх палатак вiхляе вузкая сцяжынка. Iрэна кладзецца на жывот i вуснамi знiмае кропельку расы з пялёсткаў маленькай ружовай кветачкi. Босыя ногi дрыгаюць у паветры, побач валяюцца кеды. Антось запускае ў дзяўчыну валанчыкам ад ракеткi i запрашае пагуляць з iм. Яна адмоўна, з лянотаю, круцiць галавою i любуецца на Сцяпана, якi коле дровы для вогнiшча.
– Заўтра будзе добрае надвор'е, – кажа Аленка Антосю, – раса нанач...
Той кiвае ёй i падае ў руцэ сунiцы.
– Частуйся, не сумуй! – усмiхаецца ёй. – Табе яшчэ будзе шчасце!
Яна дзякуе. З асалодай адчувае ў роце смак пахучых ягад – нават есцi шкада.
Галя сядзiць ля палаткi i зашывае Анатолевы штаны.
– Эй, а чаму твой заплечнiк тут? – пытаецца ў яе Анатоль.
– А хiба мы не ў адной палатцы будзем?
– Не, не ў адной! – адносiць яе заплечнiк да другой палаткi Анатоль. – Я вяду групу, i мне зараз не да цябе! Са мною ў палатцы будзе Iрэна!
– А мы што, усе будзем у адной цiснуцца? Шэсць чалавек? – ускiпела Галя.
– Не шэсць, а пяць, – паправiў яе Анатоль. – Мiкола сёння ў музейнай хаце начуе...
– Гэта ж несправядлiва, Анатоль! – падышоў да яго Антось з ракеткаю ў руцэ. – Вас будзе ў палатцы двое, а нас – пяцёра!
– Законаў турызму не ведаеш! – кiнуў Анатоль. – Кiраўнiк паходу заўсёды спiць у асобнай палатцы!
– I бярэ да сябе любую кралю? – засмяяўся Антось.
Сцяпан у гэты момант закончыў секчы дровы, але ў спрэчку не лез, моўчкi пачаў распальваць вогнiшча. Дарэмна чакала Iрэна, як ён на ўсё адрэагуе.
Праз сон Мiкола пачуў, як нехта закашляў на печы, глуха, па-старэчы. Спачатку ён падумаў, што гэта ягоны бацька. Працёр вочы i ўспомнiў, што ён не дома, а ў чужой хаце, у музеi. Навокал панавала цiшыня, нават у вушах звiнела. У маленькае акно свяцiла поўня. Мiкола глянуў на покуць. Там вiселi абразы, гарэла лампадка. "Якая лампадка? – падумаў ён. – Не было нiякай лампадкi вечарам!"
Надзiва светла было ў хаце. Бразнула клямка. Адчынiлiся i зачынiлiся дзверы ў пакой. Стукнулiся адзiн аб адзiн вiлачнiкi ля печы.
– Ай, Стэфка! – заварочаўся нехта на печы. – З самага ранку топчашся! Дай мне паспаць!
– Спiце, мама, спiце! – адказаў жаночы голас. – Казiк каня запрагае ў поле. Трэба нешта яму сабраць. Хутка дзецi прачнуцца!
Насцеж расчынiлiся дзверы з сяней. Пачулiся дзiцячы гоман, валтузня... Дробны пошчак маленькiх ножак па ўсёй хаце... Стук лыжак аб стол...
– Чэсiк! Не лезь першы па бульбу! – заверашчаў зычны дзявочы галасок.
Пачулiся цяжкiя крокi па хаце.
– Зноў аброць закiнулi! – абурыўся мужчынскi голас. – Стэфа! Налi ў слоiк кiслага малака. Духата зранку!
Мяккая вадкасць плёхнулася на дно пасудзiны...
Потым наступiла цiшыня. Некуды знiк месяц. Праз шчылiну адчыненых дзвярэй пранiк сноп цьмянага святла. На парозе застыў маленькi светлагаловы хлапчук з кучаравымi пышнымi валасамi.
– Тата! – радасна закрычаў ён i працягнуў да Мiколы рукi.
– Iдзi адсюль! – падаў нехта няветлiвы голас з печы. – Ужо пеўнi спяваюць!
Мiкола адчуў, што валасы на галаве становяцца дыбам. Праз нейкi момант пачуўся ранiшнi спеў першага пеўня...
– Баранавiцкi раён! – ускрыкнула Галя амаль на ўвесь аўтобус. – Зараз будуць Петкавiчы, радзiма першадрукара Iвана Фёдарава.
Анатоль таўкануў яе ў бок: "Маўчы, непрыстойна!", але яна не сунiмалася, павярнулася на сядзеннi назад, да сяброў, i паведамiла:
– А даведалiся, што ён быў з Беларусi, праз ягоны герб, якi знойдзены ў архiвах Кракава. Iван Фёдараў быў шляхцiц з роду Рагазоў...
Яна павярнулася да Анатоля, i ён шапнуў:
– Выйдзем у Баранавiчах – i адразу да маёй цёткi!
– Я хачу наведаць спачатку Пакроўскую царкву! – не пагадзiлася Галя. – У яе падвалах знаходзяцца мазаiчныя вiтражы, якiя рыхтавалi выдатныя майстры жывапiсу ў часы Рэчы Паспалiтай, расейскiя i беларускiя мастакi...
– Мне перад жанiцьбай вельмi важна, што скажа мая цётка пра цябе! – заявiў Анатоль. – А вiтражы пачакаюць!








