Текст книги "Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)"
Автор книги: Лидия Адамович
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 14 страниц)
Маруся абмакнула гарачыя вусны ў халоднае кiсла-церпкае вiно. Вайдаш з замiлаваннем пазiраў на яе.
– Якая ты прыгожая, – прашаптаў ён, – шчокi пылаюць агнём, рабiнавым агнём...
– Уся ваша Нiца – гэта агонь рабiн, – адказала яна, – як сiмвал Нiцы... Рабiны ўздоўж дарог...
– Ты – багiня, – усмiхнуўся ёй Вайдаш i прытулiў да сябе. – Заўтра мы паедзем у Вiшаньку. Я ўладжу справы з маёнткам, а потым будзем падарожнiчаць па Польшчы... Я прыдумаў – мы адправiмся на роварах да мястэчка, дзе жыве мая далёкая родзiчка.
– З Беларусi – на роварах? – засмяялася Маруся.
– Вядома, гэта ж цiкава!
– Я згодна– люблю ўсё неардынарнае i незвычайнае...
Яна паклала сваю галаву яму на плячо. Яе валасы рассыпалiся па падушцы.
– Мне снiўся сон, што я была рабыней i працавала на плантацыi, – прамовiла Маруся. – Ува мне заўсёды нейкi страх жыў перад вялiкiм полем. Памятаю, калi нас ганялi на буракi, я стала ля свайго радка i не ўбачыла яго канца – далей быў небасхiл, як бясконцасць. Страшная, якая страшная бясконцасць сама па сабе...
– Значыць, у мiнулым жыццi ты была нявольнiцай, – адказаў Вайдаш, – а ў гэтым – будзеш княгiняй...
– Я, напэўна, ужо была княгiняй, – засмяялася Маруся, – калi мне было сем год, мацi сказала: выйдзеш замуж, то трэба i тое i гэта рабiць, а я вельмi здзiвiлася i падумала: а што тады будуць рабiць слугi?
Вайдаш засмяяўся.
– Дзецi да сямi год памятаюць сваё мiнулае жыццё, – сказаў ён. – Значыць, ты была княгiняй, а потым трапiла ў няволю...
– А кiм быў ты?
– Манахам, – адказаў Вайдаш, – але, мусiць, эгаiстам, малiўся для сябе, i ўсё. Таму Бог даў мне багацце для таго, каб я заняўся дабрачыннасцю.
– Ты ж не любiш бедных, – сумелася Маруся.
– Я не люблю iх за нахабнасць, – цвёрда сказаў ён. – Раз што-небудзь дасi – не адчэпяцца, патрабаваць будуць!
Маруся прытулiлася да ягонай шчакi вуснамi i прашаптала:
– Прабач, цяпер я буду заўсёды цябе слухацца...
Ярка мiгалi зоркi на начным небе. Вакол месяца вiднелiся два цьмяныя чырвоныя абрысы. Iрэна глядзела на чырвонае вогнiшча ў грубцы. Чакала, пакуль зварыцца бульба. Дровы гарэлi з трэскам, моцна. Недзе здалёку чулася выццё не то ваўка, не то сабакi. На прыпечку, у цёплым месце, скруцiлася абаранкам кошка, прыкрыла мордачку лапай.
– Ой, мароз будзе! Бульбу не паспеем выкапаць, – закрахтала свякруха i бухнула на стол запацелы з холаду буталь гарэлкi.
Хлопцы кiнулiся да стала. Засквiрчэла на патэльнi сала.
– Налiвай, Цiмох, пакуль жонка не прыбегла! – засмяяўся Сцяпан, пацiраючы рукi.
– А твая што, нос верне? – кiўнуў Цiмох у бок Iрэны. – Прывыкла да гарадскога каньяку?
– Навошта мне ваша смярдзючая гарэлка? – адазвалася Iрэна.
– Ну, будзь, Сцяпан! – падмiгнуў Цiмох брату. – Нам болей застанецца!
I перакулiў чарку.
– Табе налiваць, Халiмонка? – засмяяўся Сцяпан, выпiўшы сваю чарку. – Цi як малодшаму не трэба?
– Хто малодшы? – працягнуў Халiмон. – Ты ж i ёсць малодшы, я – сярэднi.
– Малодшы таму, што апошнi ажанiўся! – зарагатаў Цiмох. – Твая яшчэ за табою бегае, не дае пiць, а Iрка Сцяпанава ўжо прывыкла, не крычыць!
– Я табе не Iрка, а Iрэна! – разгневана адказала тая.
– Iрэна – заднiца па калена! – зарагатаў Цiмох. – Прывыкай да нашай гаворкi: Iрка, Сцёпка, Цiмка i Халiмонка!
Iрэна, узяўшы таз з гарачаю вадою, пайшла ў другi пакой.
– Ай, хлопцы! – закрычаў Халiмон. – Жонкi нашы iдуць! Хавайце гарэлку! Мацi, на забяры!
Старая хуценька сунула пляшку пад фартух, а на парозе з'явiлiся дзве маладыя жанчыны.
– Мама! Вы зноў iх поiце! – закрычала старэйшая, у рванай сукенцы i кiрзавых ботах, чарнявая, з доўгiм носам.
– Баронь бог, Надзька!
– Знаю я ваша "баронь бог"! – адказала тая. – Цiмох! Дахаты! Я чатырох кароў выдаiла, а пятую не магу – ногi па калена ў г...не, iдзi гной выкiнь!
Той, уцягнуўшы шыю ў плечы, паплёўся за жонкай.
– Халiмонка, – цiха вымавiла другая маладзiца, прыгожанькая, з ружовымi шчочкамi, светлакосая, у чорнай з чырвонымi кветкамi хустцы. – Ты ж казаў, што не будзеш болей. Не кахаеш, значыць...
– Ай, Верка, прыдумала абы-што! – абняў жонку Халiмон. – Пайшлi спаць!
Сцяпан зарагатаў iм услед.
– Вох-вох! – завохкала старая ля печы, кiўнула ўбок пакоя, куды знiкла Iрэна з тазiкам. – Зноў мыецца на ноч твая чысцюля! З яе ж людзi смяюцца, у нас такога нiхто не робiць. Як вывесiць свае трусы на вяроўцы, дык сорам перад людзьмi – аж сем штук налiчыла. Нi адна мая нявестка так не робiць, адны-двое трусоў на перамену, ад банi да банi, тыдзень адны i носяць трусы! А гэтая? Ты ж на яе грошай не набярэшся, трусы купляючы! Iдзi скажы, каб апошнi раз такое было. Мыла трэба эканомiць, ваду з калодзезя носiм!
Сцяпан, смеючыся, пайшоў да жонкi.
– Што ты хочаш? – непрыветлiва сустрэла яго Iрэна. – Якi ты быў хлопец у горадзе: ветлiвы, акуратны! А зараз – брудны, адны трусы тыдзень носiш, на ноч не мыешся, мова не развiта, адны маты!
– А чаму я павiнен дома крыўляцца, як у горадзе? – здзiвiўся той. – Тут я дома, як рыба ў вадзе! На якi хрэн мне твая ветлiвасць? Хопiць, што ногi на ноч мыю, а каб хлопцы ўбачылi, што яшчэ i трусы мяняю, як ты, то засмяялi б, як цябе! Каб больш не мылася, мацi сказала!
– Пайшоў ты! – буркнула Iрэна.
– Ды смяюцца з цябе ўсе! – пачаў лаяцца падпiты Сцяпан. – Сядзеш есцi "дайце, калi ласка", "дзякую", "прабачце"! Будзь прасцей, паеў ды пайшоў працай займацца, а то на тваю ветлiвасць толькi час дарэмна трацiцца!
Сцяпан плюнуў i выйшаў з пакойчыка.
Да Iрэны падсела Тамарка.
– Глядзi! – паказала ёй чорную кнiгу, на якой вялiкiмi лiтарамi было напiсана Бiблiя. – Гэта ж наш бацюшка мне падарыў!
– Зноў па святарах бегаеш! – увайшла ў пакой мацi. – Гультаi яны ўсе! Бач, колькi зямлi маюць!
– У нашага бацюшкi сямёра дзяцей, яму ж трэба iх кармiць, вучыць, у людзi выводзiць! – заступiлася Тамарка. – А ў ксяндза няма сям'i, яму прасцей...
– Дзе грошы брала на кнiгу? – закрычала мацi.
– Ён мне так падарыў. Я сказала, што ты не пускаеш мяне ў нядзельную школу, дык ён падарыў!
– Калi ты ўжо бегала туды? Можа, як я на базар ездзiла? Га? Ты да нашай Сонькi схадзiла, дапамагла ёй кароў падаiць цi ўжо забылася на сястру, як тая замуж выйшла? – пачала сварыцца мацi. – Самую нiхто не бярэ, дык ты сястры зайздросцiш?
– А за каго тут iсцi, за Кольку Цяцеркiна? – засмяялася Тамарка. – Ён мяне праводзiў i замуж прапанаваў, але ён п'е! Навошта мне п'янiца? Я з Iрэнай паеду да цёцi Алены ў манастыр, у Полацак, можа, там i застануся! Чым з п'янiцамi жыць, як мае браты цi iншыя хлопцы, дык лепей Богу служыць!
– Калi мужык вып'е, тады яму весялей працаваць, – павучальна сказала мацi. – Iдзi за Кольку, у яго пяцёра кароў...
– Навошта вы трымаеце па столькi кароў? – здзiвiлася Iрэна. – З голаду, цi што, памiраеце? Малако здаяце, а грошай вашых не вiдаць, то сахар, то муку мяшкамi купляеце, а тады гарэлку гонiце!
– Вось Кольку i трэба паiць, каб гэтую хваравiтую ўзяў! – кiўнула ў бок Тамаркi свякруха. – Няхай яна табе скажа, што ў яе за хвароба! Ёй жа падымаць нiчога нельга, бо кроў з яе льецца...
– З-за вашай гаспадаркi я i надарвалася! – заплакала Тамарка. – Усё вам мала, мяхi з бульбай цягаць вам трэба, быццам хлопцаў няма!
– Што гэта за баба, што мех бульбы не падыме! – раззлавалася мацi. Здыхля! Радуйся, што хоць Колька бярэ!
I выйшла, грымнуўшы дзвярыма.
Тамарка шапнула Iрэне на вуха:
– Глядзi, што яшчэ мне бацюшка падарыў! – i паказала дзiцячае пiянiна. Пайграй мне, Iрэначка! Тое месца ў Чайкоўскага, дзе танец маленькiх лебядзяў!
Iрэна паспрабавала. На гукi пiянiна ўскочыла свякруха.
– Хату падмяцi лепш! – буркнула Iрэне. – Наша Сонька такая працавiтая. У яе столькi крышталя ў хаце, а цюляў колькi!
– На iх каты катаюцца! – засмяялася Тамарка. – I мужык п'яны сальныя рукi выцiрае! А ў сале чэрвi завялiся, бо жадзiна яна! I свiней малаком кормiць! А ўсё плача, што галодная!
– Ды Сонька дзiця ў баразне нарадзiла, такая працавiтая! Пуза пад нос, а яна сена з мужыком таптала, вiшнi на драбiне абiрала! А ты будзеш цяжарная, дык хадзiць будзеш баяцца, каб не выскачыла, здыхля! Сонька i на канi скакала цяжарная!
– Яна i сама, як той конь, на жанчыну не падобная! – засмяялася Тамарка.
– Не падобная? – скрывiлася мацi. – Iрэна, вось пойдзем на адведкi, дык пабачыш, якая наша Сонька! Там яшчэ i Гельтруда будзе, яна настаўнiцай працуе, за Сцяпана вельмi хацела! Працавiтая дзеўка, рукi, як качолачкi, плечы, як булава, круглыя, крутыя, любога мужыка за пояс заткне ў працы. Маўклiвая, слова ад яе не пачуеш...
– Шапялявая, вось i маўчыць! – засмяялася Тамарка. – I нiякая яна не настаўнiца, з вучылiшча педагагiчнага адлiчылi, бо тупая, вось пiянерважатай працуе ў школе, па блату!
– Яна не тупая, а працавiтая! – закрычала мацi. – Гельтруда паехала бульбу цётцы капаць, месяц не была на вучобе, вось i адлiчылi!
Тамарка засмяялася:
– Тупых работа любiць!
– Гультайкi вы дзве з Iрэнай! – раззлавалася мацi. – Анягож! На пiянiна трынькаюць ды Бiблiю чытаюць! Нi Богу свечка, нi чорту качарга!
I пайшла спраўляць працу.
Зоська з цiкаўнасцю пазiрала на хату Рыгора. Вось ужо месяц, як гаспадар знiк некуды. А што, калi гэта чары Соф'i, чары з таго свету? Сама Зоська ўжо не баялася анiякiх чараў, нават сама хацела нешта падрабiць цётцы Свеце i свайму бацьку. У Рыгора, казалi, была нейкая кнiга Белай магii, вось каб знайсцi яе! Тады можна i на Алеся паваражыць: што яе чакае з iм. Хлопец не збiраецца, аказваецца, працаваць у iх школе, паступiў у аспiрантуру, хоча быць акеанолагам. Цiкавае жыццё! А кiм будзе яна, Зоська, няўжо так i застанецца ў вёсцы бiблiятэкаркай? Яна ўсё Гайву раўнавала да Алеся, а яна цяпер i не прыязджае сюды. Кажуць, у яе шмат кавалераў, мяняе, як пальчаткi. Вядома, прыгожая...
Зоська пракралася да сенцаў Рыгора, знайшла пад каменем ключ i адмыкнула хату. У пакоях было ўтульна i таемна. Нiдзе не вiднелася люстэркаў – дзiўна, звычайна тыя, хто займаецца магiяй, маюць шмат люстэркаў. Яна прайшла да кнiжнай палiцы i пачала глядзець кнiгi.
– Гэта не дапаможа табе, – пачула голас.
Азiрнулася. На парозе стаяў дзядзька Рыгор: высокi, прыгожы, з кучаравым чубам, нават не скажаш, што яму сорак год. Такое ўражанне, што ён, наадварот, не старэе, а маладзее.
– Дзе вы так доўга былi? – пацiкавiлася Зоська.
– Па справах, – адказаў Рыгор. – У кожнага на гэтай зямлi свае справы. I трэба прытрымлiвацца таго, што табе паказана на руцэ. Свой лёс i на канi не аб'едзеш!
Ён падышоў i ўзяў руку Зоськi. Уважлiва паглядзеў на яе i прамовiў:
– Лiнiя розуму на правай руцэ, як даў табе Бог, а на левай, як ёсць цяпер. Лiнiя розуму на левай руцэ iдзе ўнiз да стыку з Месяцам. Ты з-за любоўных iнтрыг можаш страцiць кар'еру. Такая ж рука i ў Галi Аўдоццiнай, яна ўсё каханне шукае, а ў яе ж лiнiя сэрца выходзiць з рукi, памiж пальцаў: указальным i сярэднiм. I ў цябе выходзiць. Тут ужо як нi круцiся, а ў каханнi вам не пашанцуе, хоць дзесяць разоў замуж выходзь. Галю я перасцярагаў, не паслухалася. А ты не будзь дурнiцаю, не шукай кахання, не думай пра замужжа, а рабi кар'еру. Зараз у цябе сяброўства з Алесем. Сяброўства вышэй кахання. Даражы гэтым. Паступай разам з iм туды, куды i ён, цi блiзка ля таго, каб быць разам у моры. У цябе будзе цiкавае жыццё!
Ён крыху памаўчаў, усмiхнуўся i дадаў:
– Ведаю, ты да Гайвы раўнуеш. Вось яна пустая i бесталковая, але яе чакае цудоўны шлюб: багаты i шчаслiвы. Не бойся, не з Алесем...
– А чаму так Бог не роўна дзелiць? – раззлавалася Зоська. – Гайве дык шлюб, а мне – без шлюба i кахання, толькi кар'ера! Што, Гайва чымсьцi выслужылася перад Богам?
– Нельга так гаварыць, – закiваў галавою Рыгор. – Усе вы прыйшлi на зямлю з мiнулага жыцця, i на вашых далонях напiсаны ваш лёс у гэтым жыццi. Пэўна, саграшылi ў нечым, вось i другi раз нарадзiлiся, каб выправiцца... Табе не дзiўна, чаму Соф'я так ненавiдзела дачку сваю, Аленку?
– З-за кахання да цябе, гэта ўсе ведаюць!
– I не толькi! Каханне – гэта пакаранне ад Бога ёй. У мiнулым жыццi Соф'я i Аленка былi ворагамi, вось Бог i даў адной ад другой нарадзiцца, каб памiрылiся. Соф'я не захацела мiрыцца. Тады Бог дапусцiў, каб д'ябал усялiўся ў яе... Чакаў, што пакаецца, але – не, яна працягвала ненавiдзець усiх... Тады яе душа пакiнула цела, лiнiя сэрца з яе далонi знiкла. Будзь асцярожна, калi ў каго на далонi няма лiнii сэрца – гэта дэманаiд. Мая задача – знiшчаць дэманаiдаў. Усе маньякi, забойцы – гэта ўжо не людзi, iх цела пакiнула душа, гэта дэманаiды. I мне смешна з вашых законаў – вы судзiце iх! Як можна судзiць д'ябла? Яго трэба знiшчаць, знiшчаць целы, у якiх ён знаходзiцца...
– Дзядзька Рыгор, – ашаломленая, Зоська глядзела на яго шырока раскрытымi вачыма, – чаму вы ўвесь час кажаце: "вашы законы", "вас пасылаюць на зямлю", вы хiба не адносiцеся да нас, хiба вы не чалавек?
Рыгор раскрыў ёй сваю далонь, i Зоська ўбачыла, што ў яго на руцэ адсутнiчае лiнiя жыцця. Толькi роўная лiнiя розуму на ўсю руку, якая злiлася з лiнiяй сэрца.
– Хто вы? – запытала яна. – У дзядзькi Рыгора была лiнiя жыцця...
– Я – бiяробат. Бiяробат-паляўнiчы, мая задача – знiшчаць д'ябла!
– А дзе ж тады дзядзька Рыгор?
– Яго душа ўжо з Богам.
– Значыць, у нашы целы могуць усяляцца д'яблы i бiяробаты? Цi бываюць бiяробаты злымi?
– Бываюць рознымi. У залежнасцi ад iх задачы.
– Хто iх пасылае?
– Ты ўсё роўна забудзеш нашу размову. Памятай толькi адно: твая лiнiя сэрца выходзiць з рукi. Вер лёсу, не шукай, наперакор яму, кахання i шчасця ў сям'i. Рабi кар'еру! Сяброўства даражэй кахання! Каханне прыносiць пакуты i здрады, сяброўства – нiколi. Закаханы – дабыча для д'ябла: раздваенне асобы, вар'яцтва. Адам i Ева ў Эдэмскiм садзе былi сябрамi, пакуль iх не спакусiў д'ябал... Рабi кар'еру!
...Недзе над вухам назойлiва звiнеў камар. Зоська падняла твар ад зямлi i заўважыла, што ляжыць у бульбоўнiку.
– Зусiм ужо ад сваёй навукi здурнела! – буркнула мацi. – Гэта ж трэба – у другi iнстытут надумала паступаць, аднаго з яе мала!
Праз агароды бег да iх бацька.
– Што, Светка паганяла? – з'едлiва пасмiхнулася мацi.
Той падышоў да iх, нейкая лiхаманка трэсла яго. На вуснах ажно пена з'явiлася.
– Бабы, ратуйце! – прамармытаў ён. – Светка на працу збiралася перад люстэркам, а я на яе адлюстраванне глянуў – дальбог, не яна там была! Бабы, не яна! Там Соф'я была ў люстэрку! Я як закрычу, а Светка смяецца! Гэта душа вядзьмаркi Соф'i ўсялiлася ў Светку, бабы!
Бацька загаласiў.
– Не верыце? – прашаптаў ён. – Калi вядзьмарка здыхае, то яе душа застаецца ў астральным свеце, яна ўжо ведае, што дзверы нябесных варот зачынены перад ёй i што праз некаторы час яна знiкне назаўсёды, тады яна ўсяляецца ў другое цела, каб прадоўжыць крыху сваё жыццё. Блукаючая душа гэта. Светка чаравала на мяне, каб адбiць, дык вось Соф'я i ўсялiлася ў яе. А я-то думаю, чаму Светка то адна, то другая, быццам два чалавекi ў ёй жывуць, ай, бабы! Пабягу ў царкву каяцца! Ай, бабы! Пабягу да бацюшкi, а потым да вас, даруйце i схавайце ад Светкi!
I ён, трасучыся i прычытаючы, падаўся да царквы ля маёнтка.
– Дарагi, прачынайся, ужо палова на восьмую! – ласкава дакранулася да пляча Альберта Галя.
– Я ж сказаў табе, я ранiцай люблю паспаць у выхадны! – схаваў кудлатую галаву пад коўдру Альберт. – Да таго ж, я – сава, позна засынаю, позна прачынаюся!
– А я – жаваранак! – раззлавалася Галя. – Ты мне спаць не даеш сваiм тэлевiзарам! – Яна сцiшылася i ласкава загаварыла: – Альберцiк, мы ж дамовiлiся, што ў нас будзе спартовая сям'я, каб усе зайздросцiлi, у паходы па выхадных будзем хадзiць, пайшлi!
– Iдзi адна! – буркнуў ён.
– Тады пайшлi пасля абеду на тэнiсныя корты!
– Пайшла ты прэч! – кiнуў у яе падушкай Альберт.
– Для чаго я тады замуж выходзiла? – раззлавалася Галя. – Каб на лежня глядзець па выхадных! Я, калi не замужам была, то кожныя выхадныя на экскурсii, у паходы хадзiла!
– Жраць вары! Бялiзну мый! Вось для чаго ты замуж выйшла! – агрызнуўся Альберт.
– Ты такi, як i Анатоль, – расчаравана ўздыхнула Галя. – А казаў, што калi будуць дзецi, то з iмi ў паход пойдзем...
– Калi будуць – не да гэтага будзе!
– Дык тады ж i жыць нецiкава так: у ложку валяцца, жраць...
– I сексам займацца! – зарагатаў Альберт.
– Як жывёлы! – плюнула Галя. – Вось i ўся рамантыка сямейнага жыцця!
– Ну, дык трэба было ехаць працаваць у Польшчу! Чаму не паехала? Цяпер там Арынка працуе, быўшая мая ўхажорка!
– Ты i Арынцы мазгi пудрыў сваiм каханнем да Святланкi! Усё хацеў, каб цябе шкадавалi! Ды з табою ганьба адна куды iсцi! Пайшлi да маёй цёткi, там дзецi, а ён: "Маёй дачушцы таксама годзiк!" Казёл ты! Якой тваёй дачушцы? Я да Светкi гэтай ездзiла, ты ж, як мы iшлi ля яе iнтэрната, казаў: "Вось тут я са Святланкай хадзiў..." Я пайшла да яе, а яна i кажа: "Не слухай ты гэтага плаксу! Я ад мужа дзiця нарадзiла! Гэта ж ён, каб бабы шкадавалi ды частавалi!"
Альберт ускочыў з ложка i схапiў Галю за валасы.
– Сучка, навошта туды хадзiла? – закрычаў.
– А каб зразумець, што дурная была! – вырвалася Галя. – Чым бабу бяруць?! Жаль да сябе выклiкаюць, каб пашкадавала бедненькага! Вось ты i прыдумаў! А ў мяне ў iнтэрнаце асобны пакойчык, а ты ў сваiм з хлопцамi жыў! Вось i разгадала тваю задуму!
Альберт крыкнуў i зарагатаў.
– Ах ты, кудлач! – закрычала Галя. – Дамасед смярдзючы! Толькi паветра псуеш у пакойчыку, хоць бы ў туалет пайшоў смярдзець, тут табе што, канюшня? Нажрэцца i смярдзiць!
– У сваёй хаце!
– А вось гэта не хочаш? – Галя сунула яму пад нос кукiш.
– А ты калi апранацца па-людску навучышся, дурнiца? – засмяяўся Альберт. Я цябе ўжо раз пакалацiў, як з кiно iшлi, а мала! Кароткiя нагавiцы апранула, як семнаццацiгадовая! Трэба апранацца, як жанчына замужняя – у доўгае!
– Збiрай свае транты i тэлевiзар свой, i каб духу твайго тут не было! закрычала Галя. – Заўтра ў загс пойдзем на развод!
Альберт схапiў яе за валасы.
– Мiлiцыя, ратуйце! – загаласiла яна. – Дзеўкi, ратуйце!
Вырвалася i пабегла ўнiз па лесвiцы за камендантам iнтэрната.
IV
Марусi здалося, што над яе галавою з'явiлася галоўка дзiцяцi, яна паглядвала на яго знiзу ўверх. Над яе галавою, ля сцяны – жывая выява тварыка дзiцяцi! Ён жывы! Маруся абрадавалася – такая забаўная мардашка: вочкi, носiк, вусны. Яна хацела падняцца, каб разгледзець яго, але... прачнулася.
– Ну што? Бачыла сынка? – усмiхнулася ёй бабка Сашуля.
Маруся здзiвiлася: адкуль яна ўсё ведае?
– Ага, я ўсё ведаю! – загадкава адказала тая. – Ты, як да мяне толькi на кватэру стала, калi прыехала ў Вiшаньку на гэты аб'ект, то я ўжо бачыла, што ля цябе кружыцца душа дзiцяцi, хлопчыка. Дзiця само выбiрае мацi, за два месяцы да зачацця ўжо ля яе кружыцца. Ты будзеш багатая i шчаслiвая. А душа гэтая на зямлi шмат пакутавала, вось Бог i паслаў яе да цябе, каб пажыла шчаслiва другi раз. I ты сама ў тым жыццi была нешчаслiвая, пакутавала, а цяпер будзеш шчаслiвая. А аборт – вялiкi грэх, бо тая душа ля цябе кружыцца, а ты адрываеш нiткi, якiмi яна была звязана з небам i зямлёю, таму гэтыя дзецi застаюцца на астрасоме мацi i паразiтуюць, дрэннае ўсё для яе робяць, помсцяць. Вось калi ён цябе i кiне, князь гэты, то не рабi аборт!
Маруся паднялася з ложка, апранулася.
– Я сама яго кiну, – адказала яна. – Ён такi!.. Задаецца, цi што? Учора Аўдоцця прынесла мне сукенку, каб я перашыла, ён прыйшоў, калi вас не было, убачыў i як закрычыць: "Навошта ты хамам шыеш?"
– Марусечка, – усмiхнулася баба Сашуля. – ён праўду кажа! Ты ж яго будучая жонка, так ён лiчыць. Таму не павiнна апускацца так! Аўдоцця ж тая на цябе пляткарыла. I наогул не май сябровак там, дзе жывеш! Вось паглядзi, якая ў яго сястра, Гайва гэтая! Пустая, дурнiца, у сваiм iнтэрнаце, па вучобе, жыла – усе яе сяброўкi пра яе прыгоды з хлопцамi ведалi. Як пазнаёмiцца з кiм, то сяброўкi i напляткараць. Прыехала сюды – тут завяла сябровак. Да яе такi чалавек харошы пасватаўся, а бабы тутэйшыя такога пра яе яму наплялi! Кiнуў! А цяпер яна ў сябе дома працуе, ля Нiцы недзе. Дык на працы нi з кiм не заводзiць сяброўства i там, дзе жыве, не сябруе нi з кiм, толькi так афiцыйна, ветлiва, i ўсё! Яна мае сяброўку зусiм у другiм горадзе. Вось ёй i расказвае свае прыгоды. Дык цяпер да яе пасватаўся вельмi багаты чалавек, а на працы i там, дзе яна жыве, аб ёй толькi добрыя ўражаннi. Вось i табе, Маруся, не трэба нi з кiм тут сябраваць. Лепш будзь маўклiваю, тады падумаюць, што ты ганарыстая, а ганарыстых вельмi прасты люд паважае i баiцца. Прастому чалавеку патрэбен кнут. А калi ты жонка князя ды яшчэ з iмi панiбрацтвуеш, то яны перастануць цябе паважаць, запомнi гэта. З прастымi не трэба знацца, iх не перавыхаваеш, толькi сябе зганiш!.. Абыходзь iх лепш, Марусечка!
Баба Сашуля выцерла рукi аб фартух i ўздыхнула.
– Мой бацька купец быў, – прадоўжыла яна, – ой, колькi гора нацярпеўся ад прастога люду, а ўсё ад зайздрасцi iхняй. Людзi ненавiдзяць тых, хто разумнейшы за iх, стараюцца зганiць... Едзь лепш адсюль, Марусечка, едзь туды, куды цябе клiча князь...
Дуброўскi з'явiўся пад вечар i з парога голасна выгукнуў:
– Ну што, турыстка-альпiнiстка, гатова да велпаходу? Нашы ровары чакаюць нас на мытнi. Датуль нас давязе мой сябар.
Маруся ўсмiхнулася, узяла свае рэчы, пацалавалася на развiтанне з бабуляй. Тая шапнула ёй пару слоў-наказаў i сунула ў рукi свой малiтваслоў:
– Бяры, унучачка, чую сэрцам, што нядоўга мне на гэтым свеце засталося, а табе згадзiцца... Будзеш на чужыне жыць, успомнiш мяне. Лепш на добрай чужыне, чым на зайздроснай радзiме... У вёску нiколi не вяртайся – з'ядуць ад зайздрасцi. Нiхто нiколi цябе тут не зразумее, лепш – горад, якi нi ёсць, але там культура, унучачка, iнтэлектуальнае развiццё, а тут толькi праца, моўчкi працуеш, моўчкi адпачываеш, усё бачком-маўчком. Гэта толькi для тых, у каго душа не ўзнялася да нябёсаў, чыя душа яшчэ спiць. А табе трэба ляцець, узнiмацца, больш бачыць, сустракацца з рознымi людзьмi, наведаць розныя краiны, гарады. Бывай, унучачка! Дабра табе i шчасця!..
Бабка Сашуля змахнула слязiнкi з вачэй. Вайдаш i Маруся выйшлi з хаты. Бабка паглядзела ў акно i прашаптала:
– Сустракалiся мы i ў тым жыццi, у мiнулым... У тым жыццi вы былi сябрамi, вось i цяпер знайшла душа душу... I ў тым жыццi вы былi аднаго полу. Нiшто наша цела ў параўнаннi з душою...
Iрэна са Сцяпанам перабiралi бульбу. Моўчкi, павольна.
– А ведаеш, Сцяпан, у Мексiцы ёсць раслiна, якая мяняе свой колер на працягу дня. На золку яна белая, у поўдзень – ружовая, затым цёмна-чырвоная, к вечару становiцца фiялетавая, а ноччу – зноў белая. Пахне толькi тады, калi белы колер мае!..
– Ай, якая мне справа да гэтага! – буркнуў Сцяпан. – Працуй моўчкi! Гэта ў вас у горадзе прынята балаболiць, а ў нас усе моўчкi працуюць!
– А чым жа тады галава забiта, як рукi працуюць?
– А нi чым! Пустая, i ўсё... – абазваўся ён, са злосцю кiдаючы ў вядро бульбiну. – Гэта ў цябе галаве сумна, а мы думаем: як на зiму чаго нарыхтаваць, як дзе што купiць, як дзе пахмялiцца...
– Прымiтыў. На ўзроўнi неандэртальца, – скрывiла вусны Iрэна. – У якiя ты гульнi любiў у дзяцiнстве гуляць?
– Па дрэвам лазiлi i гарэлку спрабавалi самi гнаць, каб матка не бачыла. На рыбу хадзiлi... Баба нас глядзела, а матка i бацька ўсё на ферме...
– Якая, па-твойму, павiнна быць iдэальная жанчына?
– Як Сонька наша! – Сцяпан падхапiўся. – О! Мы ж сёння да яе ў адведкi iдзём! Кiдай бульбу, пайшлi апранацца, а то матка хiтрая, самi ўжо збiраюцца, а нас не клiчуць!
– Раскрычаўся! – увайшла ў сенцы свякруха. – Iрэна, збiрайся! I джынсавае ўсё апранi, у нас гэта модна!
– У горадзе джынс – рабочае адзенне, – запярэчыла тая.
– А ў нас свая мода! – адказала тая. – I каб не доўгая спаднiца была! А то апранецца, як пападдзя!
Iрэна плюнула ад злосцi i пайшла апранацца. Свёкар надзяваў белую кашулю. Тамарка красавалася перад люстэркам у ружовай сукенцы.
...Iрэна аж аслупянела з перапуду: на iх накiнуўся цэлы кагал п'яных мужчын i жанчын. Яны цалавалiся са свёкрам i свякрухай, вiслi на Сцяпане, ягоных братах з жонкамi, вiслi на Iрэне, дыхалi перагарам i запрашалi за стол. Калi селi, нейкi п'яны мужык крыкнуў праз стол Iрэне:
– Свацця, вып'ем! Свацця, буську!
I стукнуўся сваёй замасленай чаркаю з яе кiлiшкам, вылiўшы палову на стол. Усе чаўкалi, плявалiся, елi без сподачкаў, тыкаючы сваiм вiдэльцам у розныя стравы, ад чаго салата з зялёным гарошкам стала чырвонай, бо запэцкалася ад салаты бурачковай, у якую раз-пораз совала вiдэльцам мажная жанчына з рыбiнымi вачыма, а затым вылоўлiвала з другога гарошак... Iрэна адчула, што яе зараз званiтуе, таму выпiла чарку смярдзючай гарэлкi i заспяшалася на ганак, каб глытнуць свежага паветра. На двары, ля плота, мачыўся на дошкi п'яны мужык. Ён зашпiлiў шырынку, гыкнуў, гледзячы на Iрэну, заспяваў песню i, хiстаючыся, пайшоў у хату. На хаду паспеў ушчыпнуць Iрэну за бачок.
– Цьфу! – плюнула Iрэна. – Прытон! Садом i Гамора!
– Ой, сваццейка! – абняла яе за шыю нейкая дзяўчына. Iрэна спачатку падумала, што гэта мужчына, бо надта ж моцнай была яе хватка. – Сваццейка! крычала дзяўчына. – Гэта не пiтон, гэта вяроўкi для бялiзны вiсяць. А сад там, а камора – тут! Пайшлi, там Сонька буталь схавала, вып'ем, сваццейка!
– Ой, пачакай! – спрабавала вырвацца з абдымкаў Iрэна. – Давай пазнаёмiмся! Я – Iрэна.
– А я – Гельтруда! – бухнула па плячы яе дзяўчына. – Завi мяне па-нашаму Гелька, а я цябе – Iрка! Ты ж ужо наша, вясковая, прывыкай. А я пiянерважатай працую! Зараз у водпуску. У нас усе настаўнiкi бяруць водпуск летам, каб грады палоць. Гэта толькi гарадскiя ездзяць у адпачынак, а ў нас смяюцца, калi хто едзе, значыць, гультай!
Гельтруда хмыкнула.
– А вы ўжо бульбу выкапалi? – запытала ў Iрэны. – Ой, а твая свякруха казала, што ты плоў рабiла, дык каша нейкая атрымалася, i мяса з падлiваю, дык каша таксама! Iрка, у нас так не робяць, улетку бульба i сала смажанае, аладкi. Агароднiна ў вераснi. А навошта ты ў горадзе тое мяса купляла? Гэта ж мяса на Каляды бывае, як кабана колюць, i ўсё, а так у нас нiхто не купляе, смяюцца тады!
– Я ў горадзе лепш харчавалася, – адказала Iрэна, – пойдзеш у краму, купiш 200 грамаў мяса ў пакецiку, катлет наробiш...
– Во якая дурная! Сонька наша нiколi катлет не рабiла, гэта ж перавод мяса! Толькi засалiць i ў боршч пракiнуць ды ў булён пракiнуць...
– Ну й толку з вашай вёскi! – агрызнулася Iрэна. – Калi мне ўдасца выбрацца адсюль, я ў сябе на грудзях выкалю: "Вёска! Не забуду тваiх здзекаў!" Мяне тут растапталi, зганьбiлi, згвалцiлi маю душу!
– Во, ты сапраўды не такая, як мы! – засмяялася Гельтруда. – Трусы мяняеш кожны вечар, катлеты робiш, размовы нейкiя вядзеш не тыя!
– Чаму ж? Я ўжо па-вашаму матамi крыю! – засмяялася Iрэна i стукнула Гельтруду па плячы. – Пайшлi, сваццейка, такую тваю маць, дзябнем па чарцы!
– О! Гэта тое, што трэба! – абняла яе Гельтруда.
Але за стол яны не пайшлi. Выйшлi ў сад.
– А наша кароўка нiяк не пабегае, – расказвала Гельтруда. – Свiнка за кабанамi пабегала, мы яе да вашага кнура вадзiлi. А кароўка – не! Тыя тры каровы пабегалi, а гэта – не!
– Ты кнiжкi чытаеш, Гельтруда? – запытала Iрэна.
– Смяешся? Якiя тут кнiжкi, няма калi з-за працы! Нашы чацвёра кабаноў жруць, як буржуi, а меншая свiнка – не, – прадоўжыла Гельтруда. – А гуркi ў гэтым годзе пасохлi, г...о гуркi! А памiдоры зялёныя яшчэ... Што за год такi?
– Пляваць я хацела на вашу вёску, – засмяялася Iрэна. – У горадзе з мая месяца памiдоры былi, а цяпер яны – капейкi каштуюць, купляй колькi хочаш! А вы iшачыце i ўсё лета без памiдораў, восень на дварэ, а памiдоры зялёныя! Якi толк з вашай вёскi? Вёска толькi атупляе людзей, развiццё затарможана, дзецi вашы, як дурныя, iм нiчога не цiкава!..
– А што толку з вашых гурткоў, экскурсiй? Вось я нiдзе не была, i не цягне! Вырасла, працую, цяпер замуж трэба. Вось каб такога, як твой Сцяпан, прыгожага!
– Дык ён жа п'е! – не пагадзiлася Iрэна.
– Во якая дурная! – здзiвiлася Гельтруда. – Гэта ж добра! Налiла яму – усю работу табе зробiць!
Гельтруда ўшчыпнула Iрэну за калена i подбежкам скiравала за стол, каб кульнуць чарку-другую.
...На небе роўным светам мiгалi зоркi. Iрэна апусцiлася на каленi i, пазiраючы ў неба, прашаптала:
– Божа! Ты пакараў мяне за грахi мае ў горадзе... Пакараў, скiнуўшы ў гэтае пекла. Ты праверыць хацеў, цi вытрымаю я, цi не зламлюся я, прыгажуня, якая так ганарылася сваiм целам, так пеставала яго, так марыла пра задавальненнi, каханне, прыгоды... Я зразумела ўсё. Ты адняў у мяне ўсё тое, што я мела ў горадзе, i я зразумела, што засталася без свайго цела з такою недасканалаю душою. Мне цяжка духоўна... Дапамажы мне выбрацца адсюль! Я хачу яшчэ раз вярнуцца ў горад, каб зразумець, наколькi цвёрдае маё рашэнне пайсцi тваiм шляхам, Госпадзi! Я не разумела Аленку, называла яе дзiвачкаю. Смяялася: "Як жа ты без мужчыны?" Цяпер трэба смяяцца з мяне... Дапамажы мне, Госпадзi, выстаяць, не зламацца тут, у гэтым пекле!..
Анатоль Хвашчэўскi пасля выхаду з бальнiцы незадаволены вярнуўся ў сваю кватэру. Куча вопраткi пасля чарговага паходу ажно засмярдзелася. Ён кiнуў яе ў ванну, а сам пачаў шнарыць у пошуках ежы. На стале ляжала заплесневелая скарынка хлеба. Адключаны халадзiльнiк быў пусты.
– Зараз! – раззлаваўся Анатоль. – Галя хоць бы баршчу якога зварыла! Дарэмна кiнуў яе, трэба жанiцца! Цяпер вось не жонка, а хвароба ў паход не пускае! Дэфармiруючы артроз, во зараза! Якi я цяпер хадок з такiмi нагамi?
Ён дастаў мазь i пачаў нацiраць суставы. Потым апрануў новы касцюм i падаўся да Галi ў iнтэрнат. Дзяўчына сустрэла яго сцiпла i ветлiва.
– Вось што! – уздыхнуўшы, прамовiў Анатоль. – Што было, тое сплыло! Пайшлi ў загс, Галя!
Дзяўчына замялася.
– Я толькi што развялася, – прамовiла яна. – З-за гэтага казла, Альберта, кар'еру страцiла. Цяпер другая замест мяне ў Польшчы працуе.
– Нiчога, – спачувальна сказаў Анатоль. – Са мною ўсё будзе добра. Будзем жыць у маёй кватэры. Будзеш чакаць мяне з паходаў. Мыць бялiзну, ежу рыхтаваць, усё цiха i спакойна будзе...
– Добра, – згадзiлася Галя. – Але я таксама буду наведваць турклуб i хадзiць у паходы!
Анатоль скрывiўся, але нiчога не адказаў. Яны выйшлi з iнтэрната i пакрочылi да загса. Па дарозе сустрэлiся з Мiколам. Ён iшоў побач з маладзенькаю дзяўчынаю, заклапочаны, пахмуры.
– Мiколка! Прывiтанне! – абняў яго Анатоль. – Як справы, можа, жэнiшся?
– Можа, – адказала за яго дзяўчына.
– Сцiхнi, Людка! – агрызнуўся на яе Мiкола. – Нарабiла спраў, цяпер мне вырашай iх!
– А што здарылася? – пацiкавiўся Анатоль. – Можа, я чым дапамагу?
– О! Точна! – загарэлiся вочы ў Мiколы. – Твая ж сястра ў судмедэкспертызе працуе! Трэба медыцынская дапамога!
– Яна ж санiтарка, – працягнуў Анатоль.
– Нiчога, – махнуў рукою Мiкола. – Папрасi яе, сябра, каб таблеткi ад цяжарнасцi дастала! Людцы трэба!








