Текст книги "Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)"
Автор книги: Лидия Адамович
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 14 страниц)
Антось па-сяброўску сцiснуў Галiну руку i шапнуў: "Я ж казаў – ты мiлая. Усё ў цябе атрымалася..."
– Малайчына! – жвава вымавiў Мiкола i паляпаў Галю па плячы.
Дзяўчаты засмяялiся. Iрэна глянула на Сцяпана: а што скажа ён? Той моўчкi крочыў, гледзячы пад ногi.
– Прывал! – злiтаваўся Анатоль i кiнуў на траву свой заплечнiк. Паўгадзiны!
Мiкола расчаравана ўздыхнуў.
– Пайшлi паходзiм па начным лесе! – прапанавала Сцяпану Iрэна. Той згадзiўся. Нейкi момант iщлi ўбок ад прывалу моўчкi.
– Скажы што-небудзь! – засмяялася Iрэна.
Сцяпан згроб яе ў абдымкi i пачаў палка цалаваць. Iрэна смяялася, адбiвалася ад яго.
– "Зоркi, умытыя вячэрнiм дажджом..." Паэтычна, праўда? – прашаптала Iрэна. – Гэта Мiкола напiсаў такi верш. А яшчэ: "Мы з табою сустрэнемся, веру я... Я цябе адшукаю мiж зорак. Для цябе расчыню я дзверы, я стаў iншым, не той, што ўчора..." Прыгожа? А ты любiш вершы?
– Не, – адказаў Сцяпан, выпускаючы яе з абдымкаў. – Той, хто складае вершы, крыху шызануты, "не от мира сего".
– Ну, што ты галiмацью нясеш? – пакрыўдзiлася Iрэна. – Дзе ты такое вычытаў?
– Што такое "галiмацья"? – не зразумеў хлопец.
– Ты што, не ведаеш? – засмяялася Iрэна. – Гэта калi чалавек гаворыць розныя глупствы. А ведаеш, адкуль пайшло гэтае слова? Адзiн доктар, Галь Мацье, француз, выпiсваў хворым лекi, а на рэцэптах пiсаў розныя анекдоты, для падтрымання духу. Ён быў выдатны псiхолаг, калi так рабiў...
– Я не чытаю кнiжак, – вяла вымавiў Сцяпан, – толькi дэтэктывы або пра агароднiя культуры, пра жывёлу хатнюю. Вось як парсючкоў кармiць, ведаеш? Каб сала было з праслойкаю?
Iрэна скрывiлася i ўздыхнула, падняўшы вочы ў неба.
– А ў вас на хутары ходзяць на вячоркi? – пацiкавiлася яна.
– А як жа! Суседка прыходзiць з таго хутара, буталь прыносiць, у карты рэжамся ўсю ноч...
– I ўсё? А гiсторыi розныя расказваеце? Ну, напрыклад, пра даўнiну цi пра што страшнае?
– Пра якую там даўнiну? Як даўней жылi, так i цяпер! А страшнае што? Вунь у Аўдоццi карова здохла, дык, бедная, высахла ўся, вось табе i страшнае, бо з трох кароў за малако мiльён мела, а цяпер толькi дзве засталiся...
Iрэна засяроджана глядзела ў твар хлопцу.
– Давай лепш цалавацца! – абняў яе Сцяпан.
– А ў цябе дзяўчына ёсць? – вырываючыся ад яго, спытала Iрэна.
– Вось ты i будзеш дзяўчынаю, – прашаптаў ён i павалiў яе на мокрую ад расы траву. – Паедзеш са мною на хутар жыць, згода?
Iрэна сцепанулася ад холаду i адказала:
– Згода, толькi дай мне падняцца, уся штармоўка мокрая! Паўгадзiны прайшло ўжо, пайшлi, а то Анатоль нервавацца будзе!
Яна паднялася i пайшла. Сцяпан застаўся сядзець у траве, засяроджана пазiраючы ёй услед.
Нёман зiхацеў блакiтнай стужкай на сонцы. Але падарожнiкi, не даходзячы да моста, скiравалi ўправа. Пайшлi да дзiвоснай брамы – увахода ў разбураны маёнтак. Сярод старых дрэў стаялi яшчэ ўцалелыя, скалечаныя часам i людзьмi сцены, высокая вежа будынка, на муры якой, зверху, расла зялёная трава i цягнулася да сонца маленькае дрэўца.
– Сядзiба Наркевiча-Ёдкi, – прамовiў Антось. – Славуты беларускi вучоны семнаццатага стагоддзя...
Мiкола прысеў пад раскiдзiстым дубам, скiнуў кеды, паставiў стомленыя ногi на халодную зялёную траву. Аленка дастала тэрмас, налiла ў блакiтную накрыўку гарбаты i падала хлопцу. Той узяў i, усмiхнуўшыся, пацалаваў ёй руку. Аленка ўспыхнула, твар яе засвяцiўся радасцю. Непадалёку ад iх стаяла легкавая машына белага колеру. Да яе падышоў сярэдняга росту мужчына ў белым касцюме i чорным гальштуку, якi быў заколаты прыгожаю, з белымi зiхоткiмi камянямi заколкаю. Валасы мужчыны зачасаныя ўгору, на скронях – сiвiзна.
– Ой, гэта ж Вайдаш дзеда Ўладыморыка! – узрадавалася Галя. – Мiкола, гэта ж Дуброўскi! Пайшлi да яго.
Анатоль строга цыкнуў на яе.
– Гэта з нашай вёскi чалавек, – сказаў Мiкола, – пайду павiтаюся.
I ён пайшоў. Праз некалькi хвiлiн паклiкаў сяброў да машыны.
– Ну што, разам паснедаем? – усмiхнуўся Дуброўскi, прапаноўваючы ўсiм залазiць у машыну. – Зараз я вас завязу на цудоўны поплаў. Спрадвек мiж лугавiн цяклi тут дзве рэчкi – Лоша i Уса, – зазначыў ён, заводзячы машыну, а потым злiлiся ў адну. I вось ужо няма, "нема" iх дзвюх, цячэ адна рэчка Нёман. Праўда, гэта падобна на каханне – злiццё дзвюх душ у адну?
– Ага! – заёрзала Галя на каленях у Анатоля, схiлiлася, перагнуўшыся з задняга сядзення на пярэдняе, да Дуброўскага. – А вы памятаеце мяне, Вайдаш? Як вы прыязджалi да дзеда, то я прыходзiла да вас, i мы з вамi пiлi малако з абаранкамi?
– Памятаю, – засмяяўся Дуброўскi, – i як ты казала, што я твой старэйшы брат. Табе так хацелася старэйшага брата!
– Вы i цяпер для мяне, як брат! Як прыедзеце, то мне так хочацца да вас прыбегцi, але ўжо сорамна, бо я дарослая, яшчэ што падумаюць!
Анатоль тузануў Галю за штармоўку: "Такiя размовы вядуцца сам-насам!" Галя адмахнулася ад яго, як ад мухi, i прадоўжыла:
– А памятаеце, як мы з вамi паехалi на рыбу? Сядзелi на беразе, размаўлялi, i раптам бабёр з вады вылез! А навокал – пшанiца каласiцца, а сярод яе валошкi i маленькi астравок, на якiм раслi хвоi! Сапраўды, як у таго мастака, у Шышкiна!
Дуброўскi закiваў галавою.
– Гэта было 25 лiпеня 1982 года, – павярнуўся ён да дзяўчыны з усмешкаю.
– Як вы гэта запомнiлi? – радасна здзiвiлася тая.
– Потым скажу, – засмяяўся Дуброўскi i затармазiў.
Падарожнiкi высыпалi на зялёны луг. Паздымалi штармоўкi, пачалi даставаць з заплечнiкаў ежу. Дуброўскi разаслаў на траве белы папяровы абрус, паклаў на яго некалькi пакетаў з ежай.
– Пойдзем разам да рэчкi, – прапанавала яму Галя, – рукi памыем.
– Пайшлi, – згадзiўся Дуброўскi, прыхапiўшы з сабою ручнiк.
Запытальна глянуў на Аленку, але тая прытулiлася да Мiколы i нiкога не заўважала побач. Мiкола настройваў гiтару. Антось дзелавiта "накрываў на стол", раскладваючы лыжкi i мiскi. Сцяпан рэзаў хлеб. А Анатоль уважлiва разглядваў iншамарку Дуброўскага, стукаў нагою па колах. Толькi Iрэна засмучаным позiркам глядзела ўслед Дуброўскаму – для яе ён быў прынцам з казкi, чароўным i недасягальным. Яна не разумела, як гэта можна вось так, проста, па-свойску, размаўляць з iм. Калi яна ўпершыню ўбачыла яго ў бары Дома фота, ён часта снiўся ёй. Яна ўяўляла яго з сабою ў тэатры, у фiлармонii. А тут вось гэтая недарэка Галя, "будучая жонка" Анатоля прыцягнула ўвагу яе прынца, яе мару. Аказваецца, яны з Галяй з адной вёскi. Не, ён не вясковы! Ён гарадскi, ён – толькi для яе! I яна зробiць усё, каб застацца з iм назаўсёды!..
Кроплi вады зiхацелi на плячах Вайдаша. Ён сядзеў на беразе рэчкi, адкiнуўшы ўбок ручнiк. Галя падышла да яго, абняла, прытулiлася вуснамi да ягонага твару.
– Памятаеш, я рабiла так, як была яшчэ школьнiцай? – прашаптала яна. Тады мне не было сорамна, а цяпер...
– Што цяпер? – пагладзiў яе па валасах Дуброўскi.
– Я кахаю цябе! – заглянула яна яму ў твар. – Я казала пра гэта табе заўсёды, калi была малая, але цяпер я кахаю цябе па-iншаму...
– I за iншага выходзiш замуж.
– А хiба ты прапаноўваў мне? – здзiвiлася тая. – Скажы, ты кахаеш каго-небудзь? – трымала яго за руку Галя.
Дуброўскi ўздыхнуў, усмiхнуўся, гледзячы на тоненькую, быццам бярозка, маленькую, дапытлiвую i непасрэдную Галю, i адказаў:
– Пакуль не...
– Я прашу цябе, не кахай нiкога, дай мне дарасцi да цябе! – з запалам папрасiла дзяўчына.
– Я наогул нiкога не кахаю...
– I мяне? – наiўна папыталася Галя.
– I цябе. Я ж ужо гаварыў пра гэта...
Ён павярнуўся, каб пайсцi.
– Пачакай! – у вачах у Галi застылi слёзы. – Ты ж казаў, што любiў мяне, як сястру... А цяпер што, нiчога нават ад гэтага не засталося?
Дуброўскi маўчаў.
– На што мне тады спадзявацца? – упарта дапытвалася Галя. – Вучыцца, рабiць кар'еру, каб у трыццаць гадоў мне сказаў: "Не!"
– Галя, – разважлiва, па-сяброўску ўсмiхнуўся Дуброўскi, – трыццаць – гэта яшчэ не старасць. А што далей будзе, адзiн Бог ведае. Я i сам не ведаю, што я скажу табе, калi ўзрост твой дасягне трыццацi...
– Ты гаворыш, як дыпламат. Дыпламат нiколi не скажа "не", ён скажа "можа быць"!
I яна ў слязах пабегла ў бок хмызняку.
* * *
– На правым беразе Нёмана ўзнiкла паселiшча Наднёман, – гаварыў Антось, прытулiўшыся спiною да абабiтай цаглянай сцяны сядзiбы. Языкi агню мiтусiлiся, узносiлi iскры ўгару, i твары падарожнiкаў здавалiся таемнымi. Воддаль ад сядзiбы стаялi дзве палаткi, крыху далей – машына Дуброўскага. Цяпер на iм быў сiнi спартовы касцюм i красоўкi, сядзеў ля вогнiшча i падкiдваў дровы. Галя прымасцiлася побач з Анатолем, якi з суровым тварам аглядаў наваколле. Пачало змяркацца, i хутка кусты хмызняку здавалiся ўжо цёмнай сцяною, толькi вогнiшча асвятляла сяброў, i цiхi, прыглушаны голас Антося распавядаў пра мiнулае.
– Паселiшча належала князю Радзiвiлу, потым яго купiў шляхцiц Антон Наркевiч-Ёдка. Ён быў жанаты з Анэляй Эстка i праз яе стаў сваяком роду Касцюшкаў. У Анэлi з Антонам нарадзiўся хлопчык Якуб, у 1847 годзе. Ён быў прыгожы, дапытлiвы, здольны да навук. Скончыў Менскую губернскую гiмназiю. Быў добрым кампазiтарам, вiртуозам-пiянiстам. Працаваў у Маскве, падарожнiчаў па Эўропе. За мяжою вывучаў фiзiку, прыродазнаўства i медыцыну. Вярнуўся ў Наднёман i ў падвальнай частцы сядзiбы абсталяваў электралабараторыю, ставiў доследы. У 1888-м пабудаваў метэастанцыю...
Антось паказаў рукою на высокую вежу насупраць таго месца, дзе стаяў сам. Усе павярнулiся туды.
– Так, гэта Якубава вежа! – пацвердзiў Дуброўскi. – Дваццаць сем метраў вышыня, Эолова арфа наверсе была. Ён вывучаў уплыў электрычнасцi на раслiны. Ставiў доследы па прыёме i перадачы электрасiгналаў без правадоў...
– Як цiкава! – падсела да Дуброўскага Iрэна. – Давайце сходзiм туды з вамi, хутка поўнач, можа, убачым духi памерлых... Мне з вамi нiчога не страшна!
Дуброўскi засмяяўся i сустрэўся позiркам з Аленкаю. Тая хуценька адвяла погляд, бо сядзела ў абдымках Мiколы.
– Можа, даслухаем аповяд? – звярнуўся да Iрэны Дуброўскi. – Ведаеце, Якуб Наркевiч-Ёдка распрацаваў метад тэрапii, электратэрапii паралiзаваных i хворых на нервы. Сканструяваў громаадвод. Яго iдэю бяздротавага тэлеграфа падхапiлi iншыя вучоныя...
Дуброўскi змоўк. Мiкола нешта шапнуў Аленцы, i яны цiхенька некуды ўцяклi.
– Якуб адкрыў санаторый у мястэчку Пясочным, а ў Слуцку былi ягоныя аптэкi, – прадоўжыў Антось. – Але, як кажуць, няма прарока ў сваёй айчыне. Многiя памешчыкi i мяшчане лiчылi яго дзiваком...
– Бывала, i кпiлi, – уздыхнуў, быццам аб нечым сваiм, Дуброўскi. – Такiя адносiны i мне давядзецца адчуць, – дадаў цiшэй, – дабра людзi не разумеюць... Якуб быў членам эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбургу, яго ведаў увесь свет...
Нарэшце Галя адсунулася ад Анатоля i падала голас:
– У Францыi, у 1900 годзе, Якуб атрымаў званне прафесара электраграфii i магнетызму!
– Сядзi! – незадаволена буркнуў Анатоль.
– Ды ну цябе! – агрызнулася Галя. – I загаварыць нельга!
– Калi мужыкi гавораць, бабе маўчаць трэба! – адрэзаў Анатоль.
Галя ўзбуджана i нервова кiнула Iрэне:
– Пайшлi спаць!
– Канешне, – усмiхнулася Iрэна, абняла Галю i кiнула развiтальны позiрк на Дуброўскага.
Той усмiхнуўся ў адказ.
– Сходзiм заўтра пашукаем магiлы, можа, знойдуцца, – заклапочана прамовiў Антось, гледзячы на Анатоля.
– Абавязкова, – згадзiўся той. – Ну што, будзем тушыць вогнiшча? Я думаю, Аленка з Мiколам не заблудзяцца...
Яны патушылi вогнiшча i скiравалi да палаткi. Дуброўскi не пайшоў адразу спаць. Пастаяў ля машыны, разлажыў сядзенне, а потым пакрочыў у бок руiн.
Пералiвiста спявалi салаўi. Недзе ў кустах чароту кракнула дзiкая качка. Нехта iшоў ад берага насустрач Дуброўскаму. Калi параўняўся з iм, Дуброўскi пазнаў Мiколу.
– Не спiцца? – спытаў той.
– Так, – абазваўся Дуброўскi i пакрочыў далей.
Неўзабаве на самым краi берага заўважыў Аленку. Яна сядзела, абхапiўшы рукамi каленi. Пачула крокi, але не азiрнулася. Дуброўскi спынiўся ў яе за спiною. У твар дыхала холадам ад рэчкi, цiха шапацеў чарот.
– Вярнуўся? – папыталася Аленка. – Навошта? Больш я не скажу табе, што кахаю. Колькi разоў гаварыла пра гэта табе, а ты маўчыш... Ведаю, не кахаеш. I, напэўна, нiколi не пакахаеш. А душа мая згарыць, як гэтая зорачка, што падае ўнiз...
Дуброўскi цiха адышоў ад яе. Пакрочыў да машыны. Залез пад коўдру i заснуў...
Iрэна доўга варочалася, разбудзiла Галю i палка прашаптала:
– Хочаш, вершы пачытаю, вядзьмарскiя?
– Ты што, з глузду з'ехала? – сонна прамармытала тая. – А дзе Аленка?
– Не ведаю. Слухай! – Яна вылезла са спальнiка, адкашлялася i зацягнула:
Одну свечу, чтоб начертать твой лик
Или твое подобье восковое
С такими же глазами цвета неба
Осеннего, незрячего. И с телом,
Таким же милым, дивным и желанным,
Сокрытым под неяркою одеждой.
Или траву, волшебную траву,
Чтобы она в устах слегка горчила,
Твои к моим притягивая губы.
Быть может, яд, чтоб я сама пила,
Но и тебе, как будто ненароком,
Дала бокал за трапезой угрюмой.
Я сделала б напиток приворотный,
Чтоб слить на миг две плоти воедино.
Войти в тебя хочу я лихорадкой,
Проникнуть в плоть твою, как малярия,
Лучу подобно, пронизать зрачки,
Как Дух Святой, стигматами отметить
Прекрасные ладони страстотерпца.
Любовь моя! С конца, а не сначала,
Когда бы я смогла тебя приблизить,
Я имя бы твое произносила,
Но в простоте твержу тебе: "Люблю!"
Все жду тебя, а ты не снизошел
Ко мне, печальной, как я ни просила...
Iрэна заплакала наўзрыд... Галя абняла яе i прашаптала:
– Я ведаю, пра каго ты, не хвалюйся, ты таксама яму спадабалася...
– Праўда? – расшырыла зрэнкi Iрэна, схапiла Галю за плечы. – Ён табе сказаў пра гэта? А я думала, што ў цябе з iм...
– Не, не, – запэўнiла яе Галя. – Схадзi да яго цяпер, паклiч, i ён выйдзе да цябе, толькi каб хлопцы не прачнулiся...
Iрэна радасная выскачыла з палаткi.
– Шчаслiвы Сцяпан! – усмiхнулася сама сабе Галя. – Такая прыгожая дзяўчына! Вось каб мне быць такою, можа б, Вайдаш...
– Вайдаш, Вайдаш! – нехта пастукаў у шкло машыны. Дуброўскi ўсхапiўся i ўбачыў жанчыну ў доўгай белай сукнi. Засяроджана паглядаў на яе, не рашаўся адчынiць дзверцы.
– Гэта я, – вымавiла жанчына, – Iрэна...
– Хм! – здзiвiўся Дуброўскi. – Залазь сюды! Што-небудзь здарылася?
Не паспеў ён дагаварыць, як дзяўчына сваiмi вуснамi абхапiла ягоны рот i настойлiва пачала цалаваць, прыгаворваючы:
– Ты мой, толькi той! Нiкому цябе не аддам! Я так доўга чакала цябе, Вайдаш, мой князь, мая мара! Нi адна жанчына на зямлi не вартая цябе, толькi я... Цеплыня майго цела толькi для цябе, не растрачаная, зберагала толькi для цябе, Вайдаш! Дакранiся да мяне, прашу цябе, я – як мёд, заўсёды буду табе салодкай, раз паспытаўшы – болей не адцягнеш... Я берагла сваё цела, клапацiлася пра яго, каб ты мог валодаць iм... Я ўся твая, да кожнай частачкi, да крывiначкi, твая, Вайдаш...
– Канешне, канешне, Iрэна, – адказаў ён, неяк выбавiўшыся з яе абдымкаў. Давай вып'ем "Кока-колы", пагаворым спачатку, добра?
Яна згадзiлася, ласкава прыхiнуўшыся да ягонага пляча.
– У цябе прыгожае цела, Iрэна, – сказаў Дуброўскi, падаючы ёй стакан з напiткам, – але захапленне iм можа доўжыцца паўгода, год... потым настане пустата, бо нiчога агульнага, духоўнага, у нас няма... Табе цяпер патрэбны сябар, проста сябар, якi б зразумеў цябе. Я бачу, што з табою нешта здарылася, што, Iрэна?..
Як быццам ачомаўшыся ад сну, Iрэна засаромелася, нешта прамармытала, а потым заплакала.
– Ты не сустрэла сапраўднага кахання, – пагладзiў Дуброўскi яе па валасах. – А тое, што было з табою, напэўна, здрада, гэта таму, што ты спакусiлася на не сваё... Тваё табе яшчэ будзе...
– Вайдаш! Я марыла пра такога хлопца, як ты!.. Пра такога мужчыну!..
– Ты ж не ведаеш, якi я, – самотна адказаў той. – Гэта толькi знешнасць...
– Я адчуваю сэрцам... Я ўбачыла цябе ў бары некалькi месяцаў назад i закахалася. А гэтая сустрэча – выпадковая, тут, у Нiзку. Значыць – ты мой лёс!
– Якая ты iмпульсiўная... I верыш у тое, што твая прыгажосць вырашыць усё...
– Так, я вар'ятка, – уздыхнула Iрэна. – Ля вогнiшча ты не звяртаў на мяне нiякай увагi...
– Там ёсць хлопчык адзiн, здаецца, вельмi закаханы ў цябе... Сцяпан!
– Яму трэба толькi маё цела! – ускiпела Iрэна. – Усiм вам патрэбна толькi маё цела! I табе, i Янку! А душа? Вам усiм напляваць на яе!..
– Дзе душа твая, дзе, Iрэна? Я бачу толькi вось гэтае цела пад празрыстаю сарочкаю. Чаго ты хацела ад мяне – маланкавага кахання? Ты думала, што я нiколi не бачыў голых жанчын?
Iрэна з размаху ўрэзала яму аплявуху i выскачыла з машыны...
– Ну, дзе Сцяпан? – высунула з палаткi галаву Галя. – Ты хадзiла да яго? Аленка ўжо спiць... Дзе ты была?
– Сцяпан? Дык ты гаварыла пра Сцяпана? – раззлавалася Iрэна. – Калгаснiца няшчасная! Чым ты толькi хлопцаў бярэш? Вайдаш з табою да ракi ходзiць, у вёсцы ты яго братам завеш, а са мною ён i пагаварыць не захацеў! За Анатоля замуж iдзеш, а мяне, прыгажуню, таленавiтую, разумную, нiхто не бярэ!
На крык вылезла з палаткi Аленка.
– Вось ты – веруючая! – кiнула ёй Iрэна. – А чаму ж твой Бог не роўна дзелiць, га?
– Мы на зямлi пакутуем за грахi нашы, – адказала тая.
– А калi ж я паспела награшыць, што мне з маленства на хлопцаў не шанцуе? Якая-небудзь кракадзiлiха, глядзiш, па горадзе iдзе з прыгажуном, а тут!..
– За грахi нашы з мiнулага жыцця, – паправiла Аленка. – Вiдаць, ты ў ранейшым жыццi была злая, нiкога не любiла, вось i вярнулася на зямлю, каб выправiцца. Не спяшайся, пачакай, i сустрэнеш свайго хлопца, з якiм будзеце роднасныя душы...
– Ну, нi фiга! Каб мяне ўсялякiя калгаснiцы абскоквалi! Я ўпярод за цябе i за Галю выйду, абяцаю! Пасля паходу!
I яна скiравала да палаткi хлопцаў. Паклiкала Сцяпана. Той нехаця вылез, пацiраючы сонныя вочы.
– Чаго ў такую рань? – працягнуў, пазяхаючы.
– Мяне адзiн сноб пакрыўдзiў, будзеш абараняць! Пайшлi, пагуляем яму на зайздрасць, няхай ведае, якi ў мяне абаронца ёсць!
– Ой! – крэкнуў, пацягнуўся i нехаця прысеў Сцяпан, пачаў нацягваць красоўкi. – А што такое "сноб", га?
– Снобамi называлi ў Францыi дзяцей дробных чыноўнiкаў цi сялян, якiя паступалi вучыцца ў вышэйшыя ўстановы i ва ўсiм старалiся вонкава быць падобнымi на свецкiх сеньёраў, не клапоцячыся пра духоўны стан, iнтэлект, ветлiвасць, манеры, паводзiны. Вельмi моднiчалi... Гэткi сноб намалёваны ў кнiжцы: стаiць ля бочкi, сам у кiрзачах, штаны вiсяць складкамi... Кiдае ўбок белыя пальчаткi, а яны ў бочку – плясь!
– А-а! – абняў Iрэну Сцяпан. – Iнтэлект, iнтэлiгент... А чым адрознiваюцца гэтыя словы?
– Дык ты ж iнстытут у гэтым годзе скончыў, на эканамiста вучыўся i не ведаеш такiх слоў? – абурылася Iрэна. – Кожны iнтэлiгент павiнен быць iнтэлектуальным...
– Ай, масла масленае! – махнуў рукою Сцяпан. – Давай лепш цалавацца!
За сядзiбай, у лясным гушчары, так разраслiся кусты дзiкай шыпшыны, што нельга было прайсцi – драпалi твар, рукi, чаплялiся за вопратку. Нечакана трапiлася пад ногi нязвыклая для лесу раслiна – барвiнак.
– Глядзiце, глядзiце! – усклiкнула Галя i прысела ля раслiны.
– Ды што ты крычыш як апантаная, – пацягнуў яе за рукаў Анатоль. – Не ўмееш паводзiць сябе на людзях. Ну, барвiнак, ну i што? Нiколi не бачыла?
– Як яна хоча, так няхай i выказвае свае пачуццi! – заступiўся Антось. Што ты ўвесь час з яе дурнiцу робiш? Дуброўскi не па табе, а паважае яе, нават сябраваў з ёю. Яму падабаецца яе непасрэднасць. Не ўсiм жа людзям быць аднолькавымi...
– Так! – насупiўся Анатоль. – Трэба разборку рабiць! Дзякуй богу, Дуброўскi паехаў ранкам...
– Ён паехаў на сустрэчу са сваiмi сябрамi спелеолагамi! – зазначыла Галя. – Ведаеце, хто такiя спелеолагi? Альпiнiсты ў горы падымаюцца, а спелеолагi спускаюцца пад зямлю...
Анатоль незадаволена паморшчыўся i загадаў усiм сесцi на пагорку.
– У паходзе сапсавалася дысцыплiна! – заявiў Анатоль, сурова аглядваючы падарожнiкаў. – Сорам! Дзяўчаты з глузду з'ехалi, як убачылi гэтага франта Дуброўскага на iншамарцы!
Ён кiнуў калючы позiрк на Сцяпана i Iрэну i сказаў:
– А вам, закаханыя, няма чаго бадзяцца ўначы па лесе! Турыст павiнен спаць i рыхтавацца да заўтрашняга кiламетражу! Секс i спартовы паход несумяшчальныя! Калi яшчэ раз паўторыцца такое – здымаю з маршруту! Можаце адпраўляцца хоць цяпер! Аўтастопам – i на твой хутар, Сцяпан!
Iрэна незадаволена ўскочыла, глянула на Сцяпана – той моўчкi грыз сцяблiнку.
– Сядзь! – тузанула яе за калашыну Аленка. – Шалянiца! I Галю пакрыўдзiла нi за што...
Анатоль затрымаў позiрк на Аленцы.
– А ты дзе была? Мiкола хроп без заднiх ног, а ты дзе валачылася? У якой вы ўсе форме зараз? Паглядзiце на сябе! Кругi пад вачыма, сонныя, як мухi! Каханне замучыла? Перад паходам усе свае "охi", "ахi" пакiдайце дома!
– Бярыце прыклад з Галi i Анатоля! – засмяяўся Мiкола. – Яны вось жэняцца пасля паходу, а трымаюцца як чужыя! Сапраўдныя турысты!
– Галя таксама "добрая"! – не зразумеўшы Мiколкавых кпiнаў, буркнуў Анатоль. – Мяне беспадстаўна раўнуе, а сама на шыю Дуброўскаму вешалася!
– Добра, хлопцы! – падняўся Антось. – Ён жа ўжо паехаў! Iнцыдэнт вычэрпваецца. Даруем нашым дзяўчатам гэткi запал. I болей уначы нiхто не блындаецца, нават закаханыя!..
Ён глянуў сабе пад ногi, схiлiўся над барвiнкам i ўсмiхнуўся:
– А Галя праўду казала: барвiнак! Значыць, тут могiлкi...
Усе ўсхапiлiся, пачалi разглядацца.
– Уяўляеце, ён расце тут аж з васемнаццатага стагоддзя! – раскрыла задуменныя вочы Аленка. – Уяўляеце? Сам размнажаецца, расце, а тых, хто пасадзiў яго, ужо няма... Барвiнак, пасланец з мiнулага!..
Прайшоўшы крыху ўперад, Мiкола натрапiў на яму. Над ёй навiсала куча плiт-камянёў. Ён апусцiўся на каленi ля адной з плiт i прачытаў услых:
– Анэля Ёдка. 1850-1873. Мацi Якуба...
– Фамiльны склеп разбураны ўшчэнт, – прашаптала Аленка.
– Золата шукалi... – пахмурна сказаў Антось. – А вось адзiн добры чалавек недзе тут захоўвае плiту з магiлы Якуба, каб марадзёры не забралi...
Ён сарваў сiнюю кветачку барвiнку i паклаў на Анэлiн камень.
– Калi разбураюць магiлы, надыходзiць крах цывiлiзацыi, – сумна заключыў Анатоль. – А каму тут займацца помнiкамi даўнiны? Вясковыя людзi былi цёмныя ў васемнаццатым стагоддзi, такiя i цяпер. На ахову сродкаў няма, дык хоць бы не абыходзiлiся так па-варварску з помнiкамi архiтэктуры!
Iрэна адцягнула Аленку ўбок i прашаптала:
– Мы са Сцяпанам лiняем адсюль!
– Гэта куды? – здзiвiлася сяброўка.
– На хутар да яго едзем. Прывiтанне ўсiм! Пакуль!
– Ды што ж гэта вы! – паспрабавала затрымаць яе Аленка. – Хутка да Вiшанькi дойдзем, а там – маёнтак, падзямелле, Блакiтны пакойчык... А да Сцяпанавага хутара гэта ж так далёка!
– Нiчога, аўтастопам заедзем – Нёман ад Заходняй Дзвiны недалёка. Затое рамантычна! I пажэнiмся там адразу! Абрыдла мне ўсё: горад мой, каханне, мой бацька, якi кiдаецца памiж жонкай i маладухай. Менчанкай я болей не хачу быць, бо менчанак ловяць, каб ажанiцца па разлiку! Памятаеш, як мы на танцы хадзiлi? Першае, пра што хлопец пытаецца, калi запросiць: "Вы менчанка?" Казлы iнтэрнатаўскiя на кручок нас ловяць! А на iнтэлiгентнага, на гарадскога мне не шанцуе! Яны ганяюцца за такiмi, як Галя!
– Ты занадта ўтрыруеш, Iрэна! Апамятайся! – роспачна пачала Аленка. – Са Сцяпанам у вас няма духоўнай еднасцi, iнтарэсаў. Ведаеш, як ён казаў пра сваю будучую жонку? Маўляў, такую сабе хачу, каб грады выпалала хутчэй за ўсiх баб i каб нi травiнкi! Каб сем кароў выдаiла хутчэй, чым бабы трох падояць! Ён не ведае, як гаварыць камплiменты, як трымацца за сталом. Як ты пражывеш там без культуры?
– Затое ён мне здраджваць не будзе!
– Ты ж яго не кахаеш...
– А што мне дало тое каханне? Дрыжала пры кожным званку тэлефона, бегла на кожны званок у дзверы... Хадзiла як апантаная за iм следам... А цяпер Дуброўскi! Ён нават не захацеў майго цела!.. Я нiкому не патрэбна, нiкому...
– Чым табе спадабаўся Дуброўскi? – здзiвiлася Аленка.
– А хiба ты сляпая? – усклiкнула Iрэна. – Адна толькi ты сляпая, бо ў свайго дурня Мiколу закахалася! Дуброўскi – мужчына з шармам, старэйшы за мяне, а значыць, мудры, спагадлiвы, разумны! Хiба твой летуценнiк Мiкола раўня яму?
– Лепшага за Мiколу нiкога няма, – адказала Аленка. – Ён прыгожы, рослы, вясёлы... А як iграе на гiтары, складае вершы!..
– Не для цябе ён, Аленка! Ён – пусты, павер мне, пусты! Не вер бутафорыi, знешнасцi, згадай паэта: "Так что же есть такое красота и для чего ее обожествляют люди? Сосуд она, в котором пустота, или огонь, мерцающий в сосуде?" А Дуброўскi – агонь!..
– Навошта ж табе тады Сцяпан, гэты бугай калгасны? Прага да цела пройдзе, i вы застаняцеся чужымi. Самае страшнае – пражыць свой век з чужым чалавекам! Ты адна там будзеш, як сасна на Поўначы, сасна, якая любiць сонца... Табе патрэбна залатая аправа, Iрэначка!..
Але сяброўка ўпарта скрывiла вусны, цмокнула Аленку ў шчаку на развiтанне i пабегла да Сцяпана, якi чакаў яе на ўзлеску, трымаючы ў руцэ два заплечнiкi.
IV
Марусi снiўся гэты сон ужо не першы раз. Яна нават у сне ўспомнiла, што бачыла ўжо гэтага хлапчука – ён бег да яе, i ў яго былi такiя прыгожыя блакiтныя вочы. Ён называў яе мамай...
Зазванiў будзiльнiк, i Маруся прачнулася, доўга ляжала пад коўдрай, не хацела праганяць тую асалоду, якую адчувала ў сне, калi ўзяла малога на рукi. Але час быў iсцi на працу. Работа мазаiчнiцай ёй падабалася. Маруся ўстала з ложка, хуценька апранулася. Баба Саша, Сашуля, як ласкава называлi яе суседкi, хударлявая, сярэдняга росту, з круглым акуратным ротам, вакол якога сабiралiся маршчынкi, i маленькiмi спагадлiвымi вачыма, паставiла на стол яечню i падала аладкi. На сцяне цiкаў маятнiкам гадзiннiк, на цыферблаце была выява медзведзянятак, якiя гулялi ў лесе ля паваленага дрэва. Заўважыўшы Марусiн позiрк, бабулька вымавiла:
– Усе нашы продкi, Анiскаўцы, былi бортнiкамi i пчалярамi. Бацька мой, Мiхей, любiў па лесе хадзiць, рой шукаць. Была ў яго свая любiмая палянка, Медунiцаю назваў яе. Да яго выпаўзаў там вожык, нюхаў руку i частаваўся са сподачка. Аднойчы бацька падгледзеў, як мядзведзiца малых у рэчцы купала схопiць зубамi за грыўку, акуне – i на бераг. А яны пiшчаць, балуюцца, бы дзецi! Дык бацька на памяць пра тую сустрэчу вось гэтыя ходзiкi i купiў ды мне падарыў, як замуж iшла...
Бабулька паглядзела на гадзiннiк, выцерла далонню вочы. Маруся села за стол, побач, на шырокую канапу прымасцiлася i баба Саша. Пачалi снедаць. Гледзячы ў акно, старая ўскрыкнула:
– Глянь, вунь на панадворку ўнук Уладыморыкаў! Во дзе добры кавалер табе быў бы, i гадамi падыходзiць, праўда, крыху старэйшы за цябе, яму каля сарака ўжо. Не жанiўся, усё, як гэта кажуць, кар'еру рабiў...
Маруся зiрнула ў акно i засмяялася:
– Дык я ж яго ведаю! Гэта мой начальнiк ранейшы... Ён надта сур'ёзны. Яму панi падавай...
– Можа, й так, – пагадзiлася бабка, – у Гданьску ж радня ў яго аб'явiлася. I маёнтак гэты на яго запiсалi. Прыязджалi нейкiя вучоныя, тыя, што пад зямлёю лазяць, шукалi нешта, мо скарб якi...
– Вы ж чулi паданне пра князя Вiтаўта i Дарыну? Дык тут недзе павiнен знаходзiцца яе маёнтак, кажуць, там, дзе расце дзiкая мальва, у лесе. У падзямеллi маёнтка Дарыны знаходзiцца Блакiтны пакойчык. У iм – кубак князя Вiтаўта. Хто адкрые кубак – знiшчыць Чорную здань...
– Ды казкi ўсё гэта, – адмахнулася бабка, – нiчога ў тым кубку нямашака.
Маруся пачала апранацца на працу.
– Дык свята ж сёння – нядзеля, – заўважыла старая. – Выхадны ж у вас!
– Заўтра прыязджае начальнiк самы галоўны, правяраць, як iдзе рэстаўрацыя маёнтка, хачу адну справу закончыць! – адказала Маруся i заспяшалася з хаты.
Сонца моцна прыпякала ў спiну. Маруся, не зважаючы на спякоту, завязала валасы касынкай i выкладвала мазаiку на другiм паверсе маёнтка. Казачныя кветкi, жар-птушка i мора – сюжэт прыдумала сама. Так захапiлася работай, што не заўважыла, як нехта цiха падняўся па прыступках, запынiўся на пляцоўцы i назiрае за ёю. Азiрнулася i ўбачыла мужчыну, апранутага ў джынсы i белую спартовую майку.
– Гэта вы? – усмiхнулася, пазнаўшы Дуброўскага.
– Вось i сустрэлiся, – засмяяўся Дуброўскi. – Добрай ранiцы вам!
– I вам таксама, – Маруся зняла касынку.
– А мы з вамi, аказваецца, жывём па суседству, – зазначыў Дуброўскi i працягнуў ёй у далонi ягады. – Частуйцеся, тут, вакол маёнтка, столькi дзiкiх малiнаў...
Маруся ўсмiхнулася, падзякавала i ўзяла ягады.
Дуброўскi прысеў поруч, глянуў удалячынь, на зiхоткую, у сонечных промнях рэчку, кiнуў туды галавою:
– Турысты палаткi раскiнулi! Цi не тыя гэта, з якiмi я ў Нiзку сустракаўся?
– Былi ў маёнтку Якуба? – пацiкавiлася Маруся. – А я так нi разу там i не пабыла, а марыла...
– Я магу ўзяць вас з сабою, як паеду туды па справах рэстаўрацыi...
– Дзякую, – узрадавалася дзяўчына. – А ёсць магчымасць рэстаўрыраваць маёнтак Якуба, знаходзяцца спонсары?
– Усё пакуль у планах, – уздыхнуў Дуброўскi.
Маруся падышла да аконнага праёма, задумалася.
Дуброўскi агледзеў сцяну з мазаiчнымi ўзорамi, пацiкавiўся, хто прыдумаў сюжэт.
– Сама, – адказала Маруся. – Люблю творчую працу.
– Вам падабалася ваша праца ў праектным аддзеле? – пацiкавiўся ён.
– Вядома, – з сумам адказала Маруся. – Столькi задум, iдэй, цудоўны калектыў, i раптам – усё, скарацiлi...
– Так, – задумлiва прамовiў Дуброўскi, – калi вы марыце пра кар'еру, вам трэба працаваць па сваёй спецыяльнасцi.
– Вельмi цiкава! – адказала Маруся. – Пра кар'еру – мару.
– Заходзьце да мяне. Да дзеда Ўладыморыка. Сёння вечарам.
Маруся застыла ад нечаканай прапановы, але згодна кiўнула галавою. Дуброўскi пачаў спускацца ўнiз па лесвiцы. I тады яна ўспомнiла: гэта ж ён i ёсць тое начальства, якое "прыязджае заўтра"! Гэта ж ён дырэктар рэстаўрацыйна-будаўнiчай фiрмы, фiрмы, у якой яна працуе! Фiрмы, якая рэстаўрыруе ягоны фамiльны маёнтак у Вiшаньцы i плануе рэстаўрацыю маёнтка Якуба!
Маруся прысела на камень. Рукi яе апусцiлiся. Хацелася плакаць. "Я сказала яму пра кар'еру, – падумала яна, – i ён запрасiў мяне да сябе!.." Дуброўскi, Вайдаш Дуброўскi. Як яна магла забыцца, што гэтае прозвiшча стаяла на ўсiх фiрменных бланках! Ён зноў яе начальнiк, а яна з iм – пра кар'еру! Быццам сама напрасiлася... да яго ў хату!
* * *
– Мiкола, а чаму гэтыя дробныя чырвоныя кветачкi ў траве завуцца мацярынкай? – дагнала хлопца Аленка.
Хмызняк застаўся ззаду, пайшоў роўны дол, парослы гусiнымi лапкамi i мацярдушкай.
Мiкола глянуў на дзяўчыну i нiчога не адказаў. Аленка сарвала кветачку i паднесла да вуснаў.
– А я ведаю, чаму "мацярынка", – весела сказала яна. – Кветачка лекавая, ад сямi хвароб абараняе, як мацi дзiцятка...
– Зноў ты са сваiмi фантазiямi! – буркнуў Мiкола, прыглядаючыся да зямлi.
– Ты мальваў шукаеш? – не сунiмалася Аленка. – А чаму менавiта iх?
– Адчапiся са сваiмi дзiцячымi пытаннямi! Мальвы – кветкi Дарыны, яны паказваюць на месца знаходжання маёнтка.
Сярод дрэў вiднеўся высахлы раўчук, старое русла рэчкi. Аленка ўзняла галаву, паглядзела на адно з дрэўцаў i весела запляскала ў ладкi:








