355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леонид Дайнеко » Чалавек з брыльянтавым сэрцам » Текст книги (страница 15)
Чалавек з брыльянтавым сэрцам
  • Текст добавлен: 17 октября 2016, 02:24

Текст книги "Чалавек з брыльянтавым сэрцам"


Автор книги: Леонид Дайнеко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 16 страниц)

Робаты, пазiраючы на Клёна, сiнхронна кiвалi галовамi. Аднак калi ён, тэмпераментна захапiўшыся сваiм маналогам, памкнуўся ўстаць з-за стала, адзiн робат балюча прыцiснуў яму нагу, другi паклаў на плячо цяжкую ўчэпiстую руку.

– Пiльнуеце? – пагардлiва ўсмiхнуўся Клён. – Сабачая ў вас, хлопчыкi, служба. Думаеце, уцяку, збягу? А я б i хацеў збегчы адсюль. Напрыклад, на Марс, на Вар. Там Аюс жыве, кароль жывёл. Не чулi пра такога? Ды адкуль вам пачуць.

– Гавары цiшэй, – раптам сказаў Вярнiдуб. Ён адрознiваўся ад Каратыста жалезнай трохкутнай заклёпкай на левым калене. У Каратыста якраз на гэтым самым месцы была медная заклёпка.

Клён здзiўлена паглядзеў на яго.

– Гавары цiшэй, – зноў сказаў Вярнiдуб.

– А костачкамi дамiно стукаць можна? – падкалоў робата Клён.

– Костачкамi можна стукаць моцна, а гаварыць трэба цiха, – паважна растлумачыў Вярнiдуб.

– Тады, як кажуць амерыканцы, о'кэй, – ляпнуў што ёсць моцы па стале Клён. – Пуста – пуста, хлопчыкi.

Але як ён нi стараўся дэманстраваць усiм, у тым лiку i робатам, сваю незалежнасць, узмужнеласць, на сэрцы былi разгубленасць i трывога. Ён адчуваў, што вельмi змянiўся за той час, якi правёў на Вары. Смерць Буслейкi, таямнiчае знiкненне Веры Хрысцiнюк толькi пашырылi трэшчыну, што з'явiлася мiж iм i бацькамi, настаўнiкамi, сябрамi. Ён вярнуўся з Вара новым чалавекам, зiрнуў на Зямлю i зямлян новымi вачамi i шмат у чым расчараваўся. Вялiкая Эра Плюралiзму, расхваленая ў школьных падручнiках i доктарскiх дысертацыях, у кнiгах i кiнафiльмах, у песнях i нават у дзiцячых лiчылках, бачылася незварушнай цяжкай пiрамiдай, мастадонтам, якi пад пяшчотнай беласнежнай поўсцю, пад саладжавым мурлыканнем хавае сталёвыя чорныя кiпцюры. "Чаго мне не хапае? – пакутлiва думаў Клён. – Што змянiлася ўва мне i чаму змянiлася? Бацька i мацi любяць мяне, любяць як свайго адзiнага сына. Я гэта бачу, гэтага нельга не ўбачыць. Чаму ж я сам разлюбiў iх (не, не разлюбiў, занадта катэгарычна рабiць такiя высновы), чаму я заўважыў, пачаў заўважаць iхнюю паўсядзённую, хай сабе дробную, ману, iхнюю пастаянную раздвоенасць?" Калiсьцi яшчэ зусiм кволым хлапчанём ён вычытаў у "Бiблii для ўсiх", што Багародзiца мяняе колер сваiх вачэй, мяняе ў залежнасцi ад таго, якi чалавек стаiць перад ёй, звяртаецца да яе. Калi чалавек сiнявокi – яна сiнявокая, калi чарнавокi – чарнавокая. Памятаецца, як гэта ўразiла, ашаламiла, прымусiла горача забiцца сэрца. З таго часу Божая Мацi зрабiлася вышэйшай мерай духоўнасцi, iдэалам, да якога няспынна хацелася iмкнуцца. А Вялiкая Эра Плюралiзму пачала бачыцца яму, асаблiва пасля вяртання з планеты Вар, са сталёвымi ўпэўнена-халоднымi вачамi i заўсёды глядзела на людзей, што абагаўлялi яе, зверху ўнiз.

Робаты, стамiўшы Клёна, i самi стамiўшыся гуляць у бясконцае дамiно, выходзiлi з пакоя. Было чутно, як топчуцца яны ў прыхожай, як тоненька рыпiць дубовы паркет пад жалезнымi нагамi. Потым наступала цiшыня, i Клён уключаў радыёпрыёмнiк або тэлевiзар. Лiлася задумлiвая музыка, мiльгалi прыгожыя пейзажы, людскiя твары, але ўсё гэта адбывалася як бы па-за свядомасцю. Мозг адмаўляўся ўспрымаць нават самую мiзэрную iнфармацыю.

Недзе на шосты або сёмы дзень свайго "хатняга арышту" Клён цяжка, хваравiта заснуў i ўбачыў жахлiвы сон. Прымроiлася яму, што знаходзiцца ён у каменнай, халоднай як лёд турме, у камеры смертнiкаў. Праз ноч, роўна праз восем гадзiн, яго пазбавяць жыцця – павесяць, расстраляюць, а можа, спаляць на агнi. Ён стаiць па пахi ў чырванаватай вадзе, не можа прысесцi, не можа заплюшчыць вачэй, бо разумее, што адразу ж засне, упадзе ў ваду i захлынецца. "За што мяне хочуць забiць?" – пытае ён у самога сябе i не знаходзiць адказу. Шэрыя мокрыя сцены цiснуць з чатырох бакоў. Шэрая мокрая столь вiсiць над галавой. Яна ўся ў трэшчынах i, калi пiльна прыгледзецца, трэшчыны гэтыя сплятаюцца ў выяву чалавечага чэрапа. "Дзе я буду спаць? Не магу ж я цалюткую ноч прастаяць на нагах", – цьмяна варушыцца думка. Раптам у густой цiшынi гулка грымяць дванаццаць адрывiстых удараў. Гэта, як здагадваецца Клён, б'юць куранты на Спаскай вежы Маскоўскага Крамля. Адразу ж з глухiм ракатаннем, з сытым прыцмокваннем сплывае праз каналiзацыйны люк у падлозе камеры вада, агольваюцца брудныя сцены, адна са сцен з рэзкiм iржавым ляскатам расчыняецца, i, падвешаная на ланцугах, у камеру ўплывае чорная труна, замiрае каля самых Клёнавых ног. "Кладзiся спаць. Гэта – твой ложак", – гучыць нечы цiхi, але ўладны голас. Клён, не раздумваючы, не вагаючыся, кладзецца ў чорную труну, бо сон як камень сцiскае цела. Ды з дрыготкасцю ў кожнай жылцы ён адчувае пад сабой нешта мяккае, жывое. "Злезь, а то раздушыш!" – крычыць нябачны ў змроку чалавек i адштурхоўвае Клёна халоднымi рукамi. Нiбы корак з бутэлькi, вылятае Клён з труны. А чалавек бадзёра ўзнiмаецца, робiць некалькi энергiчных фiзкультурных практыкаванняў, весела гаворыць: "Вы хто, таварыш? Давайце знаёмiцца. Я – Лаўрэнцiй Берыя". – "Той самы?" – спуджана адступае да слiзкай сцяны Клён. На ўроках Гiстарычнай Праўды ў гiмназii ён вывучаў лёс гэтага чалавека. "Чырвоны Кат", – са страхам i агiдай шэпча Клён. Берыя, не зважаючы на непрыемнае ўражанне ад свайго з'яўлення, усмiхаецца, працiрае белай насоўкай пенснэ, потым рэзкiм рыўком расшпiльвае "маланку" на сваiх грудзях. Але расшпiльваецца не куртка колеру хакi, расшпiльваецца ягоная валасатая смуглая скура. Знутры сябе, як з шафы, Чырвоны Кат дастае чалавека, ставiць побач з сабой. "Яжоў", – сцiпла знаёмiцца з Клёнам чалавек. Ён шчуплейшы за Берыю, меншая матрошка. Не паспявае Клён здзiвiцца, як Яжоў гэткiм жа самым чынам расшморгвае ўласную грудзiну, вымае з сябе яшчэ аднаго, ужо зусiм дробнага, чалавечка. "Ягода", – пачцiва раскланьваецца чалавечак. Уся гэта тройца садзiцца наўкол Клёна проста на падлогу, брудную i смярдзючую. "Мы старалiся, – плачуць, матаюць галовамi яны, – мы так працавалi. Мы будавалi для вас, будучых пакаленняў, камунiзм. Думаеш, добра выцягваць у брата з жывата кiшкi, рэзаць рамянi з братавай спiны? Скажы нам, скажы шчыра – ты шчаслiвы? I яшчэ скажы – прыносяць дзецi кветкi да нашых магiл i помнiкаў?" Клён маўчыць, спалохана глядзiць у iхнiя блiскучыя ад слёз вочы. "Не адказвае", – паныла ўздыхае Чырвоны Кат. Потым абводзiць мутным расслабленым позiркам сваiх паплечнiкаў, гаворыць iм: "Таварышы, мы ўжо восем дзён не елi. Што мы будзем есцi сёння?" Усе яны, трое, не адрываючы вачэй ад Клёна, павольна-павольна ўзнiмаюцца з падлогi, дастаючы з кiшэняў куртак iржавыя нажы i вiдэльцы...

Баючыся такiх хiмерных вiдовiшчаў, Клён, каб не заснуць, амаль усе ночы глядзеў тэлевiзар, глядзеў аж да знямогi. I вось аднойчы ў бясконцай плынi тэлевiзiйных перадач яго напаткала перадача пад няхiтрай назвай "Рэпартаж з менскага заапарку".

– Якi цудоўны наш заапарк, – натхнёна казаў, ледзь не дэкламаваў тэлерэпарцёр. – О не – гэта не турма для жывёл, не халодная жалезная пастка. Тут не ўбачыш агароджы, грубага плота або глыбознай ахоўнай канавы. Толькi аксамiтна-зялёныя купкi дрэў i роўныя акуратныя шнуркi кустоў. Тут вольны звер сябруе з вольным чалавекам. I гэта правiльна, гэта вельмi здорава, паважаныя спадары. Прыходзьце сюды, прыводзьце з сабой дзяцей, i вы адчуеце сябе часцiнкай вечнай несмяротнай прыроды. Вунь грацыёзна прабег стравус. Вунь задумлiва стаiць двухгорбы вярблюд-бактрыян. Вiтанне табе, карабель пустынi! А вось я падыходжу, вось я ўжо стаю амаль побач з галоўнай сенсацыяй сёлетняга сезону – прыгожым магутным дзiком па мянушцы Аюс Першы.

Клён, якi ляжаў дагэтуль з заплюшчанымi вачамi, кулём зляцеў, звалiўся з канапы, прылiп да экрана. Так, гэта быў ён, Аюс. Гордая пастава, упэўнены смелы позiрк.

– Гэта не зусiм звычайны дзiк, – працягваў мiж тым тэлерэпарцёр, аж захлiпваючыся ад навiн, што распiралi яго, iмкнучыся як найхутчэй падзялiцца iмi з гледачамi. – Па-першае, ён жыве ў гэтым заапарку i наогул на Зямлi ўсяго толькi няпоўны месяц. Ён, паважаныя спадары, ураджэнец далёкай таямнiчай планеты Вар. Так, гэта не мая выдумка, гэта праўда, праўда найвышэйшай пробы. Прыгажуна Аюса падараваў заапарку палкоўнiк-герой Хвалiбог, вярнуўшыся з вялiкiм трыумфам з планеты Вар. Па-другое, тэлерэпарцёр пазмоўнiцку прыцiшыў голас, – ходзяць чуткi, што Аюс Першы, верце не верце, умее гаварыць. Ходзяць чуткi, што на сваёй планеце ён быў каралём жывёл. Адкуль такiя чуткi, спытаеце вы? Адказваю, як на споведзi. Вера Хрысцiнюк, тая самая, што лётала на Вар i зусiм нядаўна пры таямнiчых нявысветленых абставiнах знiкла, расказвала тут, у заапарку, аб усiм гэтым па прэс-канферэнцыi. Даю запiс яе выступлення.

Клён пачуў усхваляваны Верын голас.

"Ён, кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы, умее гаварыць. Не здзiўляйцеся, я напачатку сама не верыла ў такое. Ён вельмi разумны. У яго, зноў не здзiўляйцеся, амаль чалавечы iнтэлект. Чаму ён тут, на Зямлi, не сказаў нi слова? Цяжка меркаваць. Але пастаўце сябе на яго месца..."

"На месца дзiка?" – перабiў Веру нейкi iранiчны журналiст.

"Пастаўце сябе на яго месца, – як не пачуўшы з'едлiвай рэплiкi, казала далей Вера. – Стрэсавыя ўмовы... Касмiчны пералёт... Людское акружэнне... Чужая, абсалютна незнаёмая планета... Тут не толькi страцiць мову, тут звар'яцець можна".

"Карэспандэнт газеты "Крывiцкi шлях" Iвановiч. I ўсё-ткi, спадарыня Вера, чаму, на вашу думку, гэты дзiк, гэты кароль жывёл згубiў у нас на Зямлi сваё, я б сказаў, надзвычайнае невераемнае ўменне?"

"Я не бiёлаг, – пасля некаторай паўзы цiха прамовiла Вера, – але, мне здаецца, тут справа нават не ў бiялогii. Ён умеў гаварыць, бо я сама з iм гаварыла. Ён гаварыў вачамi. Не здзiўляйцеся – я i мае сябры цудоўна разумелi яго. Наконт таго, чаму гэты незвычайны дзiк анямеў, я хачу выказаць думку, якая можа вам не спадабацца. Я лiчу, што вiной усяму сама планета Зямля, зямная атмасфера i мы, людзi. Прашу не перабiваць мяне. Так, мы стварылi ВЭП, мы ганарымся гэтым. Але цэлыя акiяны адмоўнай энергii акружаюць нас. Не перабiвайце мяне, бо гэта праўда. Нездарма Клён Дубровiч, цудоўны хлопчык, якому я шлю прывiтанне, калi ён мяне зараз чуе, сказаў пра Зямлю, пра нашу з вамi Зямлю: "Фалыдывая планета". Колькi яшчэ на ёй няшчырасцi, хлуснi!"

"А вы, аказваецца, не патрыётка, – загулi, як галодныя пчолы, пакрыўджаныя такiмi словамi журналiсты. – Мы чакалi ад вас большай павагi да Зямлi, калыскi чалавецтва. Палёт на Вар (прабачце, паважаная спадарыня) не даў вам вялiкай карысцi, абгаворваць свой дом, прабачце, проста непрыгожа". "Але гэта праўда", – упарта вяла сваё Вера. Клён выключыў тэлевiзар. Сэрца горача бiлася ў грудзях. Толькi што ён чуў Верын голас, бачыў Аюса. Успамiн аб днях, праведзеных разам з iмi на планеце Вар, нахлынуў на яго, як вясновы грымучы лiвень. Там было небяспечна, было цяжка, часам нявыкрутна, ды гартавалася, аж звiнела душа, мудрэў розум, рабiлiся вiдушчымi вочы. Тое, што Вера Хрысцiнюк, таксама як i ён, убачыла Зямлю iнакшай, было, вядома ж, невыпадковым. Быццам адначасова працёрлi яна i ён мутнае ад пылу i сажы аконнае шкло, глянулi на белы свет i жахнулiся – замест вясёлых добразычлiвых людзей снуюць туды-сюды нейкiя халодныя манекены, замест яркiх кветак тлуста блiшчаць плямы фарбы, разлiтай у скверах i лугах, i ўсюды хiтры разлiк, насмешка над суседам, i пустое бяззорнае неба вiсiць над галавой, i фалын у словах i дзеяннях. Правiльна сказаў аднойчы бацька: "Мы такiя – стагоддзе ставiм помнiкi, потым цэлае стагоддзе крышым iх, разбiваем". Як бы хацелася зараз убачыць Веру! Але дзе яна, што з ёй? А вось Аюс – у заапарку. Мудрага караля жывёл зрабiлi жывой лялькай для дзятвы i разявакаў. I, пэўна ж, смяюцца, залiваюцца – "гэта той самы дзiк, што ўмеў, ды развучыўся гаварыць". Трэба выручаць Аюса! Трэба неадкладна вызвалiць яго з праклятага заапарка, выпусцiць у лес, у балота, абы падалей ад усёй шумлiвай хеўры звышгалавiстых вучоных i звышплюралiстычных журналiстаў. Клён аж затрымцеў ад такога свайго рашэння, аж трасянуў рукамi i прышчоўкнуў пальцамi. Толькi як зрабiць гэта? Ён жа й сам, як той Аюс, зачынены, праўда, не ў вальеры, а ва ўласным пакоi. Няхай не хлусiць журналiст – у заапарку i сапраўды ўсюды зялёныя лужкi, кусцiкi, воля, прастора, гуляй дзе хочаш, але толькi падыдзе звер да загадзя абумоўленай рысы, якую нельга пераступаць, як з зямлi са скрыгатам выскоквае крацiстая жалезная сцяна. Яны – Аюс i Клён палонныя, палонныя на самай шчаслiвай планеце. Некалькi дзён Клён хадзiў як сам не свой. Адна думка гняла яго – як вырвацца з дому i як вызвалiць Аюса?

– Цi не затэмпературыў ты, сынок? – спалохалася, жаласлiва сказала мацi. – Зараз жа пазваню доктару Бергу. А цябе вельмi прашу – пацярпi яшчэ тры днi! Праз тры днi скончыцца каранцiн, i ўсёй сям'ёй пойдзем у цырк. Ты ж, калi вучыўся ў малодшых класах, дужа любiў яго.

Клён з непаразуменнем зiрнуў на яе, нiчога не сказаў, уздыхнуў.

– Чарлi i я згатавалi для цябе цудоўнае марожанае. Арэхавае. Са свежымi сунiцамi. Хочаш? – падлашчвалася мацi.

А глыбокай ноччу, калi ўжо мо дзесяты раз быў успомнены Вар, калi ўсё цела было бяссонным, наструненым i гарачая падушка неаднойчы падала з ложка на падлогу, раптам успыхнула ў пакоi мяккае срабрыстае святло. Клён уздрыгнуў, але звалодаў з сабою, пачаў пiльна ўзiрацца туды, дзе яно з'явiлася. Ён убачыў, як з разеткi асцярожна выплывае маленькi элiпсападобны плазмоiд.

– Я памятаю цябе, мы сустракалiся, – усхвалявана зашаптаў Клён. – Ты такi прыгожы, такi яркi... Але ж СЦ перасялiлася на Вар. Чаму ты застаўся на Зямлi?

– Мне сумна, – адказаў плазмоiд, павольна кружачыся над Клёнам. – Я нiколi не быў на Вары, i мяне там чакае самазнiшчэнне. А я ведаю, што вельмi сумна i табе. I я рашыў дапамагчы. Апранайся (толькi рабi ўсё цiха, бясшумна), i я павяду цябе.

– Куды? – зачаравана глядзеў на плазмоiда Клён, а сам ужо нацягваў свiтэр.

– Да той жанчыны, якая знiкла i з якой ты быў на планеце Вар.

– Да Веры? Ты ведаеш, дзе знаходзiцца Вера Хрысцiнюк, i яна жывая?

– Жывая. Хутчэй апранайся.

– Але там, за дзвярыма, сядзяць робаты-вартаўнiкi. А ў дзвярах электронны замок.

– Маўчы i апранайся.

Праз лiчаныя iмгненнi яны пакiнулi пакой. Плазмоiд падплыў да дзвярэй, дакрануўся да замка, i замок мякка, бясшумна адчынiўся. У самы апошнi момант Клён шапнуў:

– Пачакай. Мне трэба ўзяць з сабой малаток.

– Навошта? – здзiвiўся плазмоiд.

Але Клён не стаў тлумачыць, сярод слясарнага рыштунку схапiў малаток, увапхнуў у кiшэнь курткi.

Вярнiдуб з Каратыстам своечасова зрэагавалi на нечаканую атаку: узвiлiся на ўвесь свой магутны рост. Ды плазмоiд толькi чыркануўся аб iхнiя жалезныя галовы, i робаты селi на табурэты, знерухомелi.

На вулiцы бушаваў рэзкi ўсёпранiкальны вецер. Белачолы месяц мiльгаў памiж хмарамi.

– Мне падалося, што ты малатком хочаш разбiваць iлбы робатам, засмяяўся плазмоiд.

Клён нiчога не адказаў, падбег да пастамента, на якiм стаяў помнiк Чалавеку з брыльянтавым сэрцам, з нянавiсцю паглядзеў на яго. Помнiк быў зроблены з цёмна-сiняга шкла, сэрца, зiхоткае, прамянiстае, гарэла ўнутры, нават (калi даўжэй засяродзiць позiрк) пульсавала.

– Табе паставiлi помнiк, – з павагай прамовiў плазмоiд, праплыў наўкол шкляной фiгуры, дадаў: – Вельмi падобны.

Раптам Клён размахнуўся, ударыў малатком. Пырснулi шкляныя аскабалкi.

– Што ты робiш?! – закрычаў плазмоiд. А Клён бiў i бiў, сашчамiўшы зубы i заплюшчыўшы вочы. Ляцела ва ўсе бакi, звiнела, трашчала шкло.

– Вось вам, – як закляцце, паўтараў Клён. – Наце... Вось вам... Атрымайце...

Са шкляной фiгуры вывалiлася, выскачыла сэрца, пазвоньваючы, пакацiлася, затарахцела па асфальце. Яно аказалася звычайнай, трошкi падзалочанай бляшанкай. Клён з лютасцю пачаў таптаць яго нагамi.

– Вось вам, – цяжка дыхаючы, казаў ён.

Потым адшпурнуў малаток, сеў на краёк пастамента, заплакаў. Плазмоiд як бы з нейкiм спалохам завiс у яго над правым плячом. Шалеючы, выў вецер.

– Пойдзем да той жанчыны, – нарэшце сказаў плазмоiд.

– Дзе Вера? – устрапянуўся, ажыў Клён. – Вядзi!

Яны паiмчалiся праз шэры свiтальны туман – уперадзе, нiзка над зямлёй, ляцеў плазмоiд, следам за iм бег Клён. У гэтым iмклiвым руху было ягонае выратаванне, суцяшэнне, самазабыццё. Яму здавалася – спынiся вось зараз, проста прымарудзь, i адразу памрэш. Ён не ведаў, адкуль узялося такое адчуванне, але яно было, жыло ў кожнай клетцы цела. А яшчэ ён уцякаў ад сябе ранейшага, учарашняга, ад сябе наiўна-зялёнага, якi глядзеў у рот дарослым, прымаючы на веру кожнае iхняе слова. У гэтым бегу ён нанова нараджаўся. Так нараджаецца малады жытнёвы колас, выплываючы вясной з цёплай зямлi.

Яны прыпынiлiся на зарослым дрэвамi i хмызняком беразе возера Маладзёжнага.

– Дзе Вера? – задыхана i нецярплiва спытаў Клён.

– Вось яна, – адказаў плазмоiд, з нейкай нерашучасцю наблiжаючыся да маладой лiпы, што стаяла над самай вадой.

Цёмныя хвалi нястрымным бурлiвым ланцугом iшлi з туманнага возера i клалiся каля самых каранёў лiпы, ужо трохi падмытых вадою. Трымцела зялёнае вiльготнае лiсце. Чуўся трывожны i няясны шум, у якiм была сама патаемнасць.

– Дзе ж Вера? – са злосцю азiрнуўся Клён.

– Яна перад табой.

– Ты хочаш сказаць, што вось гэтае дрэва, гэтая лiпа i ёсць... Вера Хрысцiнюк? – уздрыгнуў голасам, перайшоў на шэпт Клён.

– Так. Яна была ў Доме Пераўтварэнняў у доктара Метэора. Яна вельмi-вельмi прасiла, каб доктар дапамог ёй прыблiзiцца да Радаслава Буслейкi. Яна моцна кахала Радаслава i, калi ён загiнуў, не магла жыць без яго. Вельмi-вельмi прасiла Вера, i Метэор здаўся – ён ператварыў яе ў лiпу, любiмае дрэва Буслейкi. Уначы, патаемна ад людскiх вачэй, яе вывезлi з Дома Пераўтварэнняў у крытым грузавiку i пасадзiлi менавiта на гэтым месцы. Некалькi гадоў назад якраз тут упершыню ўбачыла Вера Хрысцiнюк Радаслава, якi займаўся ў вадналыжнай секцыi.

– Чалавека ператварылi ў дрэва! – усклiкнуў уражаны Клён. – Хiба можна такое рабiць?

– Гэта пакуль што забаронена. I доктара Метэора неўзабаве будзе дапытваць Суд Сумлення ў Доме Народаў. Нехта з персанала ўсё-ткi данёс на доктара. Але ж ты не будзеш адмаўляць той факт, што на шчаслiвай планеце Зямля ўсё яшчэ ёсць самазабойцы, якiя добраахвотна спыняюць сваё жыццё.

– Я ведаю пра такое, – згадзiўся Клён.

– Хiба магла жыць Вера, калi не стала Радаслава? Магла, але гэта была б ужо зусiм iншая жанчына, а не Вера Хрысцiнюк. Доктар Метэор доўгi час думаў над гэтай складанай, над гэтай трагiчнай праблемай i нарэшце прыйшоў да канкрэтнага яе вырашэння, якое ён назваў "трэцiм варыянтам". Як ты ведаеш, да самага апошняга часу ў Доме Пераўтварэнняў людзей, што дасягнулi шаснаццацiгадовага ўзросту, маглi на некалькi гадзiн пераўтвараць у цеплакроўных млекакормячых, у птушак i рыб, а таксама пераносiць iх у мiнулыя эпохi. "Трэцi варыянт" – новае слова ў канцэпцыi доктара Метэора. Па ўласным жаданнi чалавек можа стаць дрэвам, кветкай, iншай раслiнай. Яшчэ з грэчаскiх мiфаў вядомы юнак Нарцыс, якi зрабiўся прыгожай кветкай. Вельмi часта ператваралiся ў бярозу або калiну героi славянскiх казак. Усё гэта, вядома ж, невыпадкова. Але ў "трэцяга варыянта" маецца iстотны недахоп.

– Якi?

– У сваiм змененым стане чалавек будзе знаходзiцца не менш пяцi гадоў. Не менш.

– Значыць, Веру Хрысцiнюк я змагу ўбачыць толькi праз пяць гадоў? засмучана спытаў Клён.

– Так, – адказаў плазмоiд. – А за гэты час можа надарыцца ўраган, можа ўдарыць маланка або звычайная сякера.

– Вера, – усхвалявана сказаў Клён, падышоў, пагладзiў рукамi свежую кару, прытулiўся да яе шчакой, зноў прамовiў з дрыготкай у голасе: – Вера...

Маладое дрэва зашумела ўсёй сваёй лiстотай. Блiскучыя кроплi расы ("слёзы", – падумаў Клён) пасыпалiся на зямлю, на рукi, на твар. Сонечны прамень, успыхнуўшы на небасхiле, абвясцiў усяму жывому, што пачынаецца новы дзень.

– Вера, я буду прыходзiць сюды. Я нiкому не раскрыю тваю тайну. Але ты беражы сябе, – горача гаварыў Клён, i яму хацелася плакаць i адначасова спяваць i слухаць-слухаць гамонку зялёных круглаватых лiстоў.

З берага возера Маладэёжнага адразу ж накiравалiся ў заапарк. Ужо зусiм развiднела, натоўпы людзей пацяклi па вулiцах, i таму плазмоiд ператварыўся для маскiроўкi ў надзiманы паветраны шарык ярка-зялёнага колеру. Клён трымаў яго за шаўковую нiтку, а сам ехаў на веласiпедзе. Праблемы з транспартам не было. У самых розных кропках горада ў спецыяльна адведзеных месцах стаялi аўтамабiлi, матацыклы, веласiпеды, ролiкавыя канькi. Чалавек прыходзiў, апускаў у аўтамат пластмасавы жэтон са сваiм прозвiшчам i адрасам i браў тое, што яму падабалася. Затым, зрабiўшы справу, прыпаркоўваў аўтамабiль або iншы транспартны сродак на любой гарадской стаянцы.

– Навошта я табе патрэбен у заапарку? – пацiкавiўся плазмоiд.

– Будзем вызваляць караля жывёл Аюса Першага. Быў такi на планеце Вар.

– Я ведаю пра яго, – сказаў плазмоiд.

– Яшчэ лепш, калi ведаеш, – павесялеў Клён. – Быў Аюс мудрым каралём, з людзьмi i жывёламi размаўляў, а на Зямлi, на самай-самай шчаслiвай планеце, раптам анямеў. Не разумеюць яго зямляне. А можа, не хочуць разумець. Як ты лiчыш?

Але плазмоiд не адказаў, бо ў гэты самы момант з расчыненага акна аўтобуса, якi на поўнай хуткасцi абагнаў Клёна, вытыркнулася тонкая дзiцячая рука.

– Якi прыгожы шарык! – весела крыкнуў хлапчук-скарынiч з бел-чырвона-белым гальштукам на шыi i хацеў схапiць нiтку, ды плазмоiд увiльнуўся.

Ужо на паўдарозе Клён раптам прыпынiў веласiпед.

– Мы вызвалiм Аюса, а што далей? – раздумлiва сказаў ён. – Дзе знайсцi яму прытулак? У катэдж не павязеш, ды я й сам да бацькоў не вярнуся. Кепска, што няма Радаслава з Верай – яны б параiлi. Але ёсць, дарагi мой плазмоiд, ён хiтравата зiрнуў на плазмоiда, – Метэор, доктар Метэор. Так што паварочваем аглоблi i шпарым у Дом Пераўтварэнняў.

Доктар Метэор парывiста пайшоў насустрач Клёну, як толькi той адчынiў дзверы ягонага кабiнета.

– Вiтаю цябе, малады чалавек, – усхвалявана прамовiў ён, моцна абняў Клёна за плечы, пасадзiў на чорную скураную канапу, сам адступiў крыху ўбок, пачаў уважлiва разглядаць госця. Ад такога пiльнага, здавалася, усёпранiкальнага позiрку Клён сумеўся.

– Малайчына ты. Чуў пра цябе, – гаварыў мiж тым доктар. – Бачу душу тваю. Моцная. Светлая. Гэта ты разбiў помнiк самому сабе?

Клён кiўнуў галавой.

– Юрысты б сказалi, што гэта – хулiганскi акт, i былi б недалёка ад iсцiны. Але асабiста я твой учынак лiчу высокамаральным i грамадзянскiм. ВЭП, i гэта ўжо шмат для каго не сакрэт, пакрысе пакрываецца тлушчам, лакам, пазалотай. Калi гэтак пойдзе далей, на планеце зноў з'явяцца новыя правадыры, новыя генералiсiмусы, новыя маўзалеi. Няўжо стагоддзi не навучылi нас?

Доктар Метэор закрыў смуглымi ў чорных валасiнках рукамi вочы, амаль застагнаў.

– Ты быў на Вары, – казаў ён далей. – I твае сябры, якiх сёння ўжо няма, там былi. I вось нашы дамаседныя мудрацы распускаюць чуткi аб вiрусе з планеты Вар. Хлусня! Нiякага вiруса няма, хлопчык. Ёсць сум аб iдэале. Зразумеў? Ёсць неадольны чалавечы сум аб iдэале, аб вышэйшым прызначэннi людской расы. У чьга яно? Дзе яно? Хто i што клiча нас уперад? Вельмi няпростыя, скажу я табе, пытаннi. Ёсць такая прымаўка: "Анёлы i чэрцi нiколi не старэюць". Дык вось пытаннi аб прызначэннi чалавечым вечна маладыя, заўсёды актуальныя, iм не дадзена пастарэць. Асаблiва ў наш час.

– Шаноўны доктар, дапамажыце вызвалiць Аюса, – уставiў нарэшце сваё слова Клён i расказаў Метэору аб злых прыгодах караля жывёл.

– Гэта трэба зрабiць неадкладна! Неадкладна! – узгарэўся, закрычаў Метэор. – Вось яшчэ адно пацверджанне таго, што наша праслаўленая цывiлiзацыя робiцца глухой i бессардэчнай. Пытаеш, куды яго завесцi? У Тоўсты Лес. У РРР – Рэгiён Рэвалюцыйных Робатаў. Яны, робаты, толькi людзей не пускаюць у Тоўсты Лес. Грузавiк я дам. Сам сяду за руль.

Ён узбуджана захадзiў-забегаў па кабiнеце. Потым спынiўся, пляснуў сябе далонямi па лысай галаве.

– Мяне праз тыдзень будуць слухаць на Судзе Сумлення. Будуць дапытвацца, куды i як знiкла Вера Хрысцiнюк. Я iм скажу! Я скажу: "Паважаныя суддзi, яна не знiкла, бо яна кахае. Разумееце? Яна кахае, i гэтае каханне робiць яе вечнай. Цi кахалi вы? Праз пяць гадоў яна вернецца ў ваш, у наш тлум i смурод i, магчыма, навучыць усiх нас чысцiнi, чалавечнасцi. А сёння ўсе мы, паважаныя спадары суддзi, згубiлi памяць. Трэба неадкладна вярнуць яе, нашу памяць. Цалкам. Усю. Не толькi аб добрым i прыемным.

Вочы ў доктара Метэора натхнёна заблiшчалi. Ён, быццам змоўшчык, перайшоў на шэпт:

– У Тоўстым Лесе, дзе паселiцца наш Аюс, ёсць, кажуць людзi, Зялёная Постаць. Яна знаходзiцца ў дрыгве, не падступiцца. Робаты, воўкасабакi i балогы навечна перакрылi шлях да яе. Кажуць людзi, што той, хто хоць аднойчы б убачыў Зялёную Постаць, пачуў яе голас-звон, вярнуў бы ўсiм нам памяць. Не кнiжную, не кiношную i тэлевiзiйную, а памяць крывi, памяць душы, памяць пакаленняў. Так не хапае нам сёння гэтай жывой памяцi.

Метэор заплюшчыў вочы.

– Доктар! – Ускочыў са свайго месца Клён. – Дапамажыце мне!

– Што такое? – занепакоiўся, паклаў яму рукi на плечы Метэор.

– Дапамажыце адшукаць Зялёную Постаць.

– Але як? Пра што ты гаворыш? Там жа – РРР, Рэгiён Рэвалюцыйных Робатаў. Метэор сумна засмяяўся, сказаў:

– Супакойся, хлопчык.

– Ператварыце мяне ў пчалу, – цвёрда, патрабавальна зiрнуў яму ў вочы Клён. – Вы ж усё можаце. Загiнуў Радаслаў. Адышла Вера. Я – апошнi, хто быў на планеце Вар. Я хачу быць такiм, як яны. Вы сцвярджаеце, што няма вiруса планеты Вар. Не буду з вамi спрачацца. Але вы самi пiсалi пра пакаянне i ахвяру. Я чытаў. Я ўсё чытаў, што вы пiсалi. Я адчуваю, што мне сёння добрая сотня гадоў, – столькi я перажыў i перадумаў.

– Табе яшчэ няма шаснаццацi, хлопчык, – цiха, стараючыся захаваць спакой, хоць голас уздрыгваў ад хвалявання, прамовiў Метэор. – Закон ВЭП забараняе такiм, як ты, пераўтварацца. Гэта небяспечна, вельмi небяспечна. Ты проста не выйдзеш на плюсавое пераўтварэнне. Зразумеў?

– Ператварыце мяне ў пчалу, – стаяў на сваiм Клён, ужо нават з нейкiм выклiкам i пагрозаю. – Я знайду Зялёную Постаць, я адкрыю яе тайну. Вы ж самi толькi што казалi, што планеце i ўсiм людзям не хапае жывой памяцi. Паверце, я не баюся, бо ўжо даўно рыхтаваў сябе да нечага падобнага.

Увесь гэты час доктар Метэор з разгубленасцю, здзiўленнем i радасцю глядзеў на яго i, сашчапiўшы рукi, пахрустваў доўгiмi пальцамi.

– Вы казалi аб чалавечым прызначэннi, – працягваў Клён. – Калi я нават не вярнуся, я буду такi шчаслiвы... Я хачу, каб жыла наша планета, жыла Беларусь. Ператварыце мяне ў пчалу, i мiма робатаў i воўкасабак я пралячу ў РРР, усё зраблю... – Ён ледзь не плакаў.

– Хлопчык, мiлы, я не магу, – пачаў быў доктар Метэор, але раптам апусцiўся на каленi, узяў Клёнавы рукi ў свае, глухiм пераселым голасам сказаў: – Кляруся табе, што ты станеш пчалой i зноў выйдзеш на плюсавое пераўтварэнне. Клянуся, што я разаб'юся ў пыл, буду начаваць у лабараторыi, але прыдумаю, знайду шлях i спосаб твайго вяртання. Толькi трэба будзе чакаць, чакаць i спадзявацца. Вытрымаеш? Я ж, клянуся, датуль не памру, пакуль не адшукаю спосаб твайго вяртання.

...Ён зрабiўся пчалой, ён ляцеў у Тоўстым Лесе. Для таго каб сабраць адзiн кiлаграм мёду, яму патрэбна было праляцець трыста тысяч кiламетраў, сесцi на дваццаць мiльёнаў кветак. Гэта было вышэй ягоных сiл, ды ён, вядома, i не iмкнуўся да такiх лiчбаў i рэкордаў. Галоўнай мэтаю заставалася Зялёная Постаць. Ён бачыў зграi воўкасабакаў – ашчэраныя пашчы, з якiх цячэ шэра-жоўтая слiна, вострыя зубы, шалёныя вочы... Там, дзе праходзiла, прабягала такая зграя, знiкала на нейкi час усялякае жыццё. Недзе праз суткi ён убачыў, як да самага памежку балота пад'ехаў блакiтны тупарылы грузавiк, як з кабiны выйшаў стомлены доктар Метэор разам са сваiм напарнiкам (плазмоiд лётаў над iмi), адчынiў фургон, выпусцiў Аюса. Адразу ж адусюль павытыркалiся насцярожаныя робаты – з кустоў, з-пад карчоў, адзiн вылез нават з капы сена, i зеленаватыя вiхурыстыя касмылi тырчалi на ягонай галаве i спiне. Аюс нетаропка пайшоў у балота. Доктар Метэор памахаў яму рукой, пастаяў i паехаў у бок Менска.

Аюс усвiдроўваўся ў хмызнякi, у рудую вострую асаку, у прахалоду чорнай тванi. Пчала настойлiва ляцела за iм, дзумкала амаль каля самага вуха, Некалькi разоў ён трасянуў галавою, але яна не адставала. Тады ён лёг у ваду, схаваўся ад пчалы...

Клён паляцеў у глыб дрыгвянiстага кустоўя, ды раптам пачуў стрэл, другi. Чалавек высачэннага росту (гэта быў Гром Стралковiч), сцiскаючы ў руках карабiн, стаяў па каленi ў вадзе, нешта крычаў i пляваўся з найвялiкшай злосцю. Аюс, агаломшаны, разгублены, уцякаў у балота. Кроў чырванела на спiне.

Зялёную Постаць Клён адшукаў на схiле дня, калi сонца, як залацiстая рыба-плотка, клалася ў лясное чорнае возера. Мяккiя прамянi асвятлялi зацiшны куток, дзе яна стаяла. Паўсюдна валялiся кавалкi i кавалачкi патрушчанай чырвонай цэглы. Налятаў вецер, i пацямнелы ад часу медны звон, якi быў прымацаваны да такога ж пацямнелага дубовага крыжа, ажываў.

– Бу-ум... Бу-у-ум... – расцякалася ў глухiя балотныя абшары.

Здавалася, крычыць, галосiць, плача невядомая людзям птушка з далёкiх даледавiковых эпох.

Гэта быў помнiк. Ён шчыльна, нiбы кажухом, аброс мохам, лiшайнiкам, нейкай бурай травой, нават шумналiстая бярозка прыляпiлася да яго. Колькi гадоў стаяў гэты помнiк? Сто? Трыста? Чыю памяць павiнен быў ён зберагаць?

Клён, адчуваючы, як горача тахкае ў грудзях сэрца, пачаў павольна-павольна лётаць вакол забытага помнiка, вывучаць тое, што хавалася ад вачэй. Гэта, мяркуючы па ўсiм, была жанчына, беларуская сялянка, у даўгаватай спаднiцы, з вянком на галаве. На руках яна трымала дзiця, пяшчотна гарнула яго да сябе моцнымi, аголенымi па локаць рукамi.

Клён апусцiўся нiжэй, i на вышчарбленым ядавiта-зялёным пастаменце, абмацваючы амаль кожную лiтару, прачытаў пад тоўстым покрывам моху: "Тут пахаваны жыхары вёскi Дубовы Лог Iван i Антон Рындзiчы, Мар'я Крот, Ганна Цецяронак, Васiль Клепча, Р.Храпка i Лявон Мацюшонак, якому было пяць гадоў. Iх спалiлi ў школе. 1941-1945 гг.".

Зашумеў вецер. Зацерусiў дождж. На лес i балота насоўвалася цемра. Глуха ўдарыў звон. Гук быў марозлiвы, трывожны, Клён бачыў, як хвошча дождж па каменнай жаночай галаве. Вось вадзяныя крошii прабiлi дзiрачку праз зляжалы мох i, падалося, што адтуль, з глыбiнi, блiснула жывое цёплае вока.

Схаваўшыся ад дажджу, Клён глядзеў на Зялёную Постаць i думаў. Калiсьцi, шмат стагоддзяў назад, на гэтай зямлi грымела вайна, Тут спалiлi нявiнных людзей, спалiлi пяцiгадовага Лявона Мацюшонка. Пэўна, тут былi вясковыя могiлкi, а вёска стаяла зусiм побач. Звон, што вiсеў на крыжы, чулi ў хатах. Нараджалiся дзецi. Забылася вайна. А потым узняў свой ядзерны меч Чарнобыль. I людзi пакiнулi лясную вёсачку. Назаўсёды. Струхлелi хаты, прыйшоў на вясковую мурожную вулiцу лес, у адзiным калодзежы пасялiлiся балотныя жабы. Жыццё спынiлася. Жыццё пералiлося ў iншыя формы...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю