355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леонид Дайнеко » Чалавек з брыльянтавым сэрцам » Текст книги (страница 4)
Чалавек з брыльянтавым сэрцам
  • Текст добавлен: 17 октября 2016, 02:24

Текст книги "Чалавек з брыльянтавым сэрцам"


Автор книги: Леонид Дайнеко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 16 страниц)

Раптам у дзверы моцна загрукалi.

– Бацька, адчынi, упусцi мяне! – пачуўся ўсхваляваны сынаў голас. Хутчэй адчынi!

Клён зноў забарабанiў кулакамi па дзвярах.

Нажнiцы звонка ўпалi на падлогу, i гэты рэзкi ляскотны гук нiбы разбудзiў Гая Дубровiча. Ён уздрыгнуў, хуценька памкнуўся да дзвярэй.

– Не адчыняйце, спадар Гай! – закрычаў з першага паверха Дулеб. Толькi не адчыняйце! Я сазванiўся з горадам, i праз некалькi хвiлiн прыбудзе дапамога! Гэтыя пачвары падманваюць вас! Не адчы...

Пачулiся гукi барацьбы, валтузнi, потым нешта глуха гоцнулася на падлогу, пэўна, Дулеб.

Гай прыляпiўся да вочка ў дзвярах, адначасова адчыняючы дзверы. Падалося, што сынаў голас прыдушаны, ненатуральны. Ён убачыў Клёна перакошаны твар, спалоханыя нерухомыя вочы. На правай руцэ ўжо павiсла агiдная безвалосая пачвара.

Гай рэзка расчынiў дзверы. Не дай, неба, нiводнаму бацьку ўбачыць тое, што ён убачыў. На падлозе фоталабараторыi, паблазенску прысядаючы i прытанцоўваючы, выцiраючы насоўкай кроў з зялёных шасцiпалых рук, стаяла высачэзная агiдзiна з ружовай, як у нованароджанага дзiцяцi, скурай. У яе быў Клёнаў твар, але перад тым як страцiць прытомнасць, Гай Дубровiч зразумеў: гэтыя пачвары забiлi сына, забiлi Клёна, злупiлi ў яго з галавы скуру i адзiн з iх адзеў яе, як маску, на свой твар...

– Навошта? – толькi й сказаў Гай i страцiў прытомнасць.

АБ ЧЫМ ГАВАРЫЛI ШАРАВЫЯ МАЛАНКI

IV

На цэнтральным пульце кiравання Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа, якi знаходзiўся ў Татрах на гары Герлахаўскi-Шцiт, дзяжурыла чарговая змена стрэсаператараў. На гэты раз за паказаннямi прыбораў сачылi Карл Гакенхольц i Радаслаў Буслейка. Яны сядзелi на крэслах-вяртушках у прасторнай ярка асветленай кабiне без вокнаў. Канструктары i будаўнiкi Стрэсографа наўмысна не прарэзалi ў кабiне нiводнай шчылiнкi, каб таго, хто заступаў на дзяжурства, не магла адарваць ад выканання службовага абавязку цудоўная навакольная прырода. А краявiды былi тут, у паднябессi, невераемна прыгожыя. Горы, лясы, воблакi, рухомыя ценi ад воблакаў на iскрыстым срэбным снезе. Калi ж начное неба густа засявалi кропкi зорак i белыя вяршынi гор рабiлiся рафiнадна-сiнiмi, чалавечае сэрца поўнiлася шчымлiвай радасцю, бо толькi праз немiтуслiвую прыгажосць прыроды можна гутарыць з вечнасцю i хоць трошкi зразумець яе. Але ў стрэсаператары iшлi людзi несентыментальныя, цвёрдыя, з ясньга адчуваннем сваёй задачы. Задача ж была якi ўжо год адна – папярэдзiць насельнiцтва аб магчымых глабальных атаках Старой Цывiлiзацыi. Стрэсограф, калi апусцiць усе не самыя iстотныя дэталi, быў заснаваны на тым жа прынцыпе, што i сейсмограф, прынцыпе фiксавання ўдарных хваль. Ламаў гранiтнае нутро планеты землятрус, i на тысячы кiламетраў ад эпiцэнтра бегла ўдарная хваля, прадчуваючы якую, выпаўзалi з глыбокiх нораў змеi, бязладна мiтусiлiся каля мурашнiкаў, як не вар'яцелi, мурашкi. Рознiца была ў тым, што стрэсограф фiксаваў ударныя паветраныя хвалi. Адмоўна зараджаная эмацыянальная энергiя, непамерна накоплiваючыся ў адным месцы, не магла не зрушыць сваiм цяжарам крохкiя паветраныя слаi. Нездарма белетрысты мiнулых часоў, асаблiва майстры дэтэктыўнага жанру, любiлi пiсаць: "Ва ўсiм наваколлi была разлiта трывога". Вось гэту трывогу, гэты крык аб пагрозе i аб дапамозе чуйна лавiлi антэны, экраны i камп'ютэры Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа. Дарэчы, на ўсiм зямным шары i ў Блiжнiм Космасе такiх стрэсографаў было недзе каля дваццацi.

Неабходна зазначыць, што Старая Цывiлiзацыя, загнаная ў кут, даўно рыхтавалася да свайго контрнаступлення. Летапiсы расказваюць пра масавыя самазабойствы хрысцiян напярэдаднi 1000 году. Людзi баялiся Страшнага суда, канца свету, прышэсця Антыхрыста i знiшчалi сябе i сваiх дзяцей. Але што гэта, як не магiльнае дыханне Старой Цывiлiзацыi? Вельмi часта, асаблiва ў XX стагоддзi, выкiдвалiся на акiянскiя водмелi i памiралi сотнi кiтоў, самых буйных млекакормячых планеты. Чаго толькi не навыдумлялi на гэты конт вучоныя. I што ў кiтоў парушаўся бiялагiчны компас, i што яны труцiлiся адыходамi прамысловай дзейнасцi чалавека, i што iхняе надта вузкае горла замуроўвалi рачкi, малюскi i водарасцi-паразiты. А гэта праводзiла эксперымент Старая Цывiлiзацыя, каб, набраўшыся вопыту, атакаваць, у рэшце рэшт, Чалавека.

Карл Гакенхольц i Радаслаў Буслейка, немец i беларус, былi вельмi не падобныя адзiн на аднаго. Карл маленькi, чарнавалосы, з велымi смуглай скурай, Радаслаў буйнацелы, высокi, шавялюра саламяна-жоўтая. Здавалася б, i тэмпераменты ў iх павiнны былi быць розныя, але абодва яны былi прыроднымi сангвiнiкамi, што падразумявае жвавасць, хуткую ўзбуджальнасць i лёгкую зменлiвасць эмоцый. Сёння ў стрэсаператараў пераважаў разважлiва-фiласафiчны настрой.

– Карл, ты чытаў "Кодэкс тыранаў" Арыстоцеля? – спытаў Буслейка.

– Чытаў, – кiўнуў галавой Карл.

– А можаш успомнiць, што там насачыняў вялiкi фiлосаф?

– Паспрабую, – нiколькi не здзiвiўшыся нечаканай просьбе (што толькi не прыйдзе ў галаву пад час доўгага дзяжурства?), згадзiўся Карл.

– Давай.

– Першая запаведзь: "Не дазваляць вылучацца дастойным. Нават караць смерцю". Другая: "Забаранiць сумесныя абеды". Гэта азначае, як я разумею, адмену свабоды сходаў. Трэцяя запаведзь: "Трымаць шпiёнаў". Чацвёртая: "Пастаянна абяцаць лепшае жыццё ў будучынi". Пятая: "Узводзiць грамадскiя збудаваннi, каб людзi былi заўсёды занятыя". I шостая, калi ў мяне яшчэ няма старэчага склерозу...

– "Весцi войны або рыхтавацца да iх, бо народ гэткiм чынам будзе мець патрэбу ў адзiнаўладным кiраўнiку", – хуценька кончыў за яго Радаслаў i засмяяўся. – Твой мозг, Карл, працуе яшчэ, як камп'ютэр.

– Дзякуй за камплiмент, – усмiхнуўся ў адказ Карл. – Але i ў цябе пакуль што мазгi – як гэта кажуць у вас, славян? Ага, успомнiў – не заржавелi.

Стрэсаператары сябравалi, бо немагчыма цэлыя месяцы сядзець побач у кабiне i не паспрабаваць зазiрнуць адзiн аднаму ў душу, тым болей што псiхолагi падбiралi на такую работу людзей кампанейскiх, сумясцiмых. Якiм шматслойным нi было б чалавечае жыццё, ёсць амаль у кожнага пункты, кропкi судакранання са сваiм суседам i з усiм чалавецтвам.

Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца яднала неадольная цiкавасць да гiсторыi рэлiгii. I сапраўды – што прымусiла першабытнага чалавека, а магчыма i першачалавека глянуць з цёмнай пячоры ў начное неба i ўбачыць там не толькi срэбную хмарку, не толькi яркую зорку – убачыць Бога? Страх перад незразумеласцю жыцця, перад маланкай i громам, перад дзiкiм зверам i смерцю? А цi не закладзена ў самой прыродзе чалавецтва рэлiгiйнасць, так, як у кожную зямную рэч закладзены вага, шчыльнасць, колер? Цi не з'яўляецца рэлiгiйнасць вiдавай прыкметай, асаблiвасцю чалавека, бо ў звяроў жа няма рэлiгii.

Радаслаў i Карл адчулi роднаснасць душ з той ранiцы, калi немец, пiльна сочачы за экранам стрэсографа, раптам прадэкламаваў:

– Цi ёсць у кветак бог? Цi моляцца яны?

– Як-як? – перапытаў Буслейка. Карл прадэкламаваў зноў.

– А ты ведаеш, i я ж пра гэта шмат разоў думаў, – горача загаварыў Радаслаў. – Ну не так, як ты, прыгожа, не вершамi, але думаў. I так заўсёды атрымлiваецца, так здаецца, што стаiм на самым парозе разгадкi, што лёгенька-лёгенька таўханi маленькiя дзверцы, яны расчыняцца, i ўбачыш...

– Што ўбачыш? – нецярплiва спытаў Карл.

– Разгадку. Або самога Бога.

Узнесеныя над вяршынямi гор, аддзеленыя ад сяброў, ад каханых доўгiмi тыднямi адзiноцтва, яны жылi, як бы злiўшыся з экранамi, антэнамi i камп'ютэрамi, рабiлi сваю вельмi патрэбную ўсiм справу, а неба глядзела на iх удзень i ўначы, таямнiча шумеў вецер, грымелi, расколваючыся аб скалы, вадаспады, зiхацеў снег, чорнай сцяной стаялi далёка ўнiзе лясы, каменьчык, сарваўшыся з-пад капыта горнага казла, iмклiва ляцеў у цяснiну, у пранiзлiвую пустэчу. Хiба можна было ў такiх умовах, у такiм жыццi не думаць аб вечнасцi, аб рэлiгii? Яны абодва, па традыцыi сваiх продкаў, былi хрысцiянамi i, вядома, часта гаварылi пра гэту вялiкую i супярэчлiвую рэлiгiю, якая, нiбы смала з жыдоўскiх смакоўнiц, налiпла калiсьцi на рымскi меч у Юдэi, каб рассялiцца ў многiх землях i народах. На скрыжалях мiльёнаў чалавечых сэрцаў назаўсёды выбiты словы: "Узлюбi блiжняга свайго, як самога сябе", "Не ўбiй", "Не ўкрадзi". I ўсё-ткi пасля нялёгкага роздуму немец з беларусам прыйшлi да высновы, што ў свой час iндаэўрапейскiм народам, шукаючы сваю стрыжневую, каранёвую рэлiгiю, трэба было глядзець не ў бок Палесцiны, а на Iндыю, i, вядома ж, невыпадковая ў апошнi час вялiкая цiкавасць эўрапейскай моладзi да будызму i крышнаiцтва. Радаслаў Буслейка не быў бы беларусам, каб не расказаў сябру-немцу пра беларускiя, як заўсёды, не вырашаныя да канца праблемы. Беларускiя вернiкi доўгi час варагавалi мiж сабой, бо варункамi лёсу i амбiцыямi ўладаў былi падзелены на праваслаўных, унiятаў i католiкаў. Адзiн народ з трыма целамi i душамi. Хiба натуральная гэта з'ява? I вось апошнiм часам пачаўся шырокi рух за вяртанне да народнай дахрысцiянскай рэлiгii, дзе пакланялiся Агню, Сонцу, Зямлi i Грому. Гэта спроба вярнуцца не ў змрочнае язычнiцтва, не ў паганства, а ў купальства (так называецца новая вера), да купальскiх вянкоў i песень, да чыстай зямлi i светлай ранiшняй расы, да праматчынай душы.

– I ты таксама – як гэта правiльней па-вашаму сказаць – купальнiк? пацiкавiўся тады Карл Гакенхольц.

Буслейка засмяяўся.

– У купальнiках прыгожыя жанчыны ходзяць. Я – хрысцiянiн, але я i купалец. А жонка мая, Нiначка, купалка.

– Купалка, – як рэха, паўтарыў за iм Карл, прыслухоўваючыся да новага слова. – Гучыць няблага.

З таго часу любiў ён гаварыць Радаславу: "Калi ты адлучаўся ў горы, твая купалка па тэлефоне званiла".

Буслейка, пiльна сочачы за экранам, з пяшчотай успамiнаў сваю маладую жонку, сваю Шначку. Ужо амаль тры месяцы, як яны не бачылiся. Ён неадрыўна сядзiць тут, на стрэсографе, а Нiначка, русавалосая, тоненькая (ён зваў яе "Нiнка-трасцiнка"), працуе заолагам у перасоўным летнiм лагеры, якi штогод стварае Лiга барацьбы супраць мутантаў. Нежаночая прафесiя ў жонкi. Былi б яшчэ вавёрачкi, вожыкi, зайчыкi, а то даводзiцца лавiць у лясах i балотах дзiкоў, ласёў, ваўкоў, нават зуброў i лячыць iх. Аднойчы параненая вярнулася з лагеру – уз'юшаны дзiк варсануў iкламi па назе. Усё часцей нараджаюцца мiж звяроў мутанты, у якiх папсаваны генетычны код, – гiганцкiя ваўкi, дзвюхгаловыя сабакi, бязвокiя зайцы. Прырода, атручаная чалавекам, узбунтавалася, сышла, як цягнiк-лакаматыў, з рэек, ляцiць пад адхон i ўсё ломiць на сваёй дарозе. Раней мутантаў адстрэльвалi, усiх без разбору, але Нiначка i яе сябры дамаглiся лячыць iх, вывучаць, каб узяць пакуль што некантралюемую сiтуацыю пад кантроль. "Нiначка ў мяне настойлiвая, – з патаемнай радасцю думаў Буслейка. – Надумае што зрабiць, абавязкова зробiць". Ён быў яшчэ на той стадыi ўзнёслага юначага кахання, калi юнак, мужчына, спелячы ў сабе рыцара, добраахвотна, з найвялiкшай асалодай падпарадкоўваецца сваёй абраннiцы (адзiнай на Зямлi!), патурае ўсiм яе слабасцям i капрызам i гатоў памерцi па кiву яе пальчыка. На вялiкую радасць для чалавецтва, такое салодкае ачмурэнне праз нейкi час праходзiць, iначай рэзка скарацiлася б колькасць мужчын.

– Увага, Радаслаў. Бачу канцэнтрацыю, – раптам усхвалявана сказаў Карл Гакенхольц.

На вялiкiм экране, якi амаль увесь займала карта Эўразii i якi ззяў спакойным блакiтнаватым святлом, з'явiлася чорная пульсуючая кропка. Яна нервова трапятала, то павялiчвалася, то змяншалася i здавалася агiднай гнойнай болькай на чыстым здаровым целе.

– Дзе гэта? Давай удакладнiм каардынаты, – наструнiўся, адразу пастражэў Буслейка.

Камп'ютэр iмгненна зрабiў неабходныя разлiкi.

– Што мы маем? Пяцьдзесят тры градусы сорак чатыры хвiлiны паўночнай шырынi, дваццаць сем градусаў пяцьдзесят восем хвiлiн усходняй даўгаты. Здаецца, гэта твае родныя мясцiны.

Карл запытальна паглядзеў на Радаслава.

– Так, – адказаў той. – Гэта цэнтральная Беларусь, на ўсход ад Менска. Выключны па сiле прарыў адмоўнай жывой энергii. Стрэлка стаiць на адзнацы "9". Вельмi высокая катэгорыя, а значыць, могуць быць чалавечыя ахвяры. Не шанцуе землякам.

Ён казаў усё гэта, казаў, здавалася, роўным бясстрасным голасам, а ў душы кiпела трывога. Але мозг, вочы i рукi рабiлi, амаль аўтаматычна, патрэбную ў такiх выпадках справу. Была прыведзена ў баявую гатоўнасць кальцавая сiстэма электрамагнiтнай аховы ад Берасця да Крычава на ўсход i ад Полацка да ракi Прыпяць на поўдзень. Услед за гэтым неадкладна ўключылi па ўсяму перыметру кальцавой дарогi ахоўны электрамагнiтны пояс горада Менска. Усе мегаполiсы, усе гарады-"мiльёншчыкi" мелi такiя паясы, бо Вялiкi Жах (i гэта паказаў прыклад Чыкага) з найвялiкшай ярасцю i ўпартасцю атакуе менавiта там.

– Па Ўсходняй Эўропе б'е без перадыху, – сказаў Карл Гакенхольц. Чатыры канцэнтрацыi за апошнiя паўгода. Цiкава: выпадковасць гэта або заканамернасць?

Ён дапытлiва паглядзеў на Радаслава.

– Лiчу, што заканамернасць, – адказаў Буслейка, не адводзячы позiрку ад экрана, дзе ўсё бушавала, аж вугальна чарнела няроўная мiгатлiвая пляма. Славяне, як i румыны, як i венгры, у палiтычным i эканамiчным плане пазней стабiлiзавалiся, чым, скажам, германскiя народы. Вобразна кажучы, вулканiчны працэс у нас зацягнуўся. Адпаведна рэзка павялiчылася крытычная маса адмоўных эмоцый. Вось Вялiкi Жах i выкарыстаў гэта. "Дзе тонка, там i рвецца", як кажа наша прымаўка.

У гэтыя iмгненнi яго востра непакоiла адно: толькi б Шначка не надумала раней часу вярнуцца ў Менск. Няхай бы трапiўся ёй якi-небудзь звер-звярыла, дзiкун з дзiкуноў, мутант з мутантаў, i яна б важдалася з iм у сваiм летнiм лагеры, а праз дзень-два i Вялiкi Жах загналi б, як джына, у бутэльку. Яму ўспамiнаўся дакументальны фiльм аб падзеях у Чыкага: скручаныя трамвайныя рэйкi, патоўчанае на драбнюткi мак аконнае шкло, згрызены (!) гранiт на набярэжнай. Гэта было нялёгка бачыць: сляды ад велiзарных зубоў на ружовым гранiце...

Раптам загадна загучаў селектар унутранай сувязi:

– Увага! Праз хвiлiну слухайце паведамленне асаблiвай важнасцi.

Памаўчаўшы, селектар паўтарыў, строга i трывожна:

– Праз хвiлiну слухайце паведамленне асаблiвай важнасцi.

Стрэсаператары пераглянулiся.

– Дзед, напэўна, будзе гаварыць, – сказаў Буслейка.

"Дзедам" усе звалi дырэктара Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа Леха Патоцкага, сямiдзесяцiгадовага барадача, якi з аднолькавым напорыстым iмпэтам хадзiў па скалах Татраў у альпiнiсцкай звязцы i на вясёлых капуснiках танцаваў мазурку.

– Панове, – пачуўся неўзабаве магутны бас Патоцкага, – як вы ўжо ведаеце, мае месца атака Старой Цывiлiзацыi ў раёнах усходней i паўднёвей Менска. Сiтуацыя кантралюецца, але з вялiкiм напружаннем. Загiнула ў агнi трое вучняў Вышэйшых курсаў лесаводства.

– Чаму ў агнi? – неяк машынальна вымавiў Буслейка.

Дзед, нiбы пачуў ягоныя словы, растлумачыў:

– Чарговая, двухсот сорак трэцяя атака Старой Цывiлiзацыi адрознiваецца ад папярэднiх незвычайнасцю формаў. Ёсць, вядома, i стэрэатыпныя формы: КЛА ў выглядзе шароў, ромбаў i талерак, псеўдалюдзi з лысымi шышкаватымi галовамi i ружовай дзiцячай скурай, але амаль дзевяноста працэнтаў адмоўнай жывой энергii рэалiзуецца ў выглядзе вогненнага вала, якi нястрымна коцiцца па зямлi. Нездарма СЦ абрала Беларусь – там маюцца яшчэ даволi лясiстыя раёны, агню хапае ежы.

Дзед гучна кашлянуў.

– Сiтуацыя, як я ўжо казаў, кантралюецца з вялiкiм напружаннем. Справа абцяжарваецца яшчэ i тым, што да СЦ далучылася каля пяцi тысяч робатаў, якiх намервалiся здаць на пераплаўку. Iхняя падпольная тэрарыстычная арганiзацыя "Механiчная Рука" канцэнтравалася, як стала вядома, у Доме Пераўтварэнняў доктара Метэора. Сам доктар або забiты, або, па некаторых неправераных чутках, узяты робатамi ў якасцi заложнiка i знаходзiцца, зноў жа па некаторых неправераных чутках, у старой выпрацаванай калiйнай шахце непадалёку ад горада Салiгорска. Там у робатаў, аказваецца, былi склады зброi. Вось такое становiшча, панове. Стрэсограф працуе вахтавым метадам, i вас усiх, ад стрэсаператараў да буфетчыц i вартаўнiкоў, павiнны былi замянiць роўна праз восем дзён.

Пэўна, у гэтым месцы свайго паведамлення дырэктар Патоцкi, каб удакладнiць дату, глянуў на каляндар, бо наступiла паўза, пасля якой ён паўтарыў:

– Роўна праз восем дзён. Але сваёй уладай, так, так, панове, сваёй дырэктарскай уладай, я вымушаны затрымаць вас тут яшчэ дзён на пятнаццаць, не менш. Нiхто не можа гарантаваць, што змена, якая павiнна вас замянiць, прыбудзе своечасова. Мы будзем адпускаць вас порцыямi.

– Як марожанае, – пажартаваў Карл Гакенхольц.

– Вось i ўсё, – скончыў Патоцкi. – Зараз вам нешта, спадзяюся вясёленькае, скажа наш культмасавiк Алачка Зелянуха, а я прашу стрэсографа Радаслава Буслейку з дванаццатай кабiны зайсцi да мяне ў кабiнет. Жывуць Сонца i Кiсларод!

Патоцкi змоўк, i адразу ж пачуўся вясёлы, бадзёры, нейкi аж iскрысты голас Алачкi Зелянухi:

– Таварышы!

О Вялiкая Эра Плюралiзму! Ты сапраўды вялiкая. Ты дала магчымасць кожнаму чалавеку быць свабодным у думках, словах i дзеяннях. Звяртаючыся да грамады, можна ўжываць якiя хочаш словы: "панове", "спадары", "джэнтльмены" i гэтак далей. Вось Алачцы Зелянусе падабаецца слова "таварышы". Калi ласка, Алачка. Дарэчы, самае-найсамае "рыначнае" слова. Што такое "таварышы"? Купцы, гандляры, якiя маюць тавар. Што такое "таварыш"? Сябра па рынку, па гандлю.)

Радаслаў Буслейка, надта не ўслухоўваючыся ў тое, аб чым шчабеча культмасавiк, на старым абшарпаным лiфце паехаў да Леха Патоцкага, кабiнет у якога быў на самай верхатуры, "блiжэй да Сонца", як любiў жартаваць дырэктар. На стрэсографе быццам бы не працавалi дзецi або падлеткi, а кабiна лiфта была ўся спiсана i нават зрэзана сцiзорыкамi. Адзiн глыбакадумны надпiс чырвоным фламастэрам здзiвiў Радаслава. "Эйнштэйн цi я?" – было напiсана якраз на дзвярах лiфта. Мудрагелiстае пытанне. Цяжка наконт яго сказаць нешта пэўнае, асаблiва калi не ведаеш, што за фiгура жадае паспрачацца з генiем. Але ў Буслейкi быў гатовы адказ: "Эйнштэнн". Лiфт тым часам калацiўся i скавытаў, як быццам прышчамiў сам сабе палец.

Дзед у сваiм шыкоўным кабiнеце, з вокнамi на ўсю сцяну, пiў пiва. Прапанаваў поўны кубак Радаславу.

– Пакаштуй. Ваша пiва, беларускае. З Лiды.

Пiва было важнецкае – праглынеш язык. "Павiнна ж быць i ў зайца радасць перад халоднаю зiмой", – успомнiлiся раптам Буслейку словы з верша Караткевiча "Заяц варыць пiва".

– Вось што, пане Радаслаў, – па сваёй звычцы пачаў круцiць гузiк на чужой кашулi Патоцкi. – Цi не хочацца табе на дзянькi два або тры злётаць у сваю Беларусь?

– У мяне ж змена, – сказаў Буслейка.

– Змена не жонка. Запомнi гэта. Дык цi не хочацца?

– Хочацца, – шчыра прызнаўся Буслейка. – Але я не разумею, як гэта можна зрабiць.

– Слухай жа, калi хочацца. – Зноў даў яму поўны кубак пiва дырэктар. Сусветны Саюз Стрэсаператараў – ты ж яго член таксама – вырашыў паслаць у раён Менска, туды, дзе лакалiзуюць СЦ, сваю групу, цi свой атрад, як хочаш называй. Трэба нарэшце, каб i стрэсаператары вочы ў вочы, твар у твар сутыкнулiся са Старой Цывiлiзацыяй. А то гiбеем тут каля экранаў i не ведаем, з кiм цi з чым змагаемся. А там бой iдзе, ды яшчэ якi. Чытаў "Вайну светаў" Уэлса?

– Вядома, чытаў, – радасна азваўся Буслейка.

– Сёння там нешта падобнае адбываецца. Я й падумаў – ты ж з Беларусi, каму, як не табе, ляцець?

– Вельмi правiльна падумалi, – ледзь не расцалаваў дырэктара Буслейка. Патоцкi быў лаканiчны:

– Адлёт – заўтра.

– Пан Лех, – узмалiўся Буслейка: – Адна малюсенькая просьба. Адпусцiце са мной, будзьце ласкавы, i Карла Гакенхольца, майго напарнiка, Я разумею, што на Стрэсографе зараз работы вышэй галавы, але ж...

– Дагаворвай-дагаворвай, – сярдзiта прыжмурыўся Патоцкi. – Паплач у тры ручаi. Прабач, але я думаў, што вы, беларусы, не такiя шустрыя. Што ж, паляцiць разам з табой i Гакенхольц. I не трэба мне дзякаваць. Лiчыце гэты палёт узнагародай. Вы ж з Карлам стрэсаператары экстракласа, можна сказаць, генii. А ведаеш, што сказаў вялiкi Зыгмунд Фрэйд? "Генiй i паслухмянства дзве несумяшчальныя рэчы".

V

Перад вылетам усiх стрэсаператараў i тэхнiкаў (Лех Патоцкi дазволiў ляцець дваццацi пяцi чалавекам) сабралi на iнструктаж. Вёў яго прадстаўнiк Сусветнага Саюза Стрэсаператараў, высокi прыгожы негр, валасы ў якога былi ў найдрабнейшых завiтушках.

– Я зайздрошчу вам, – сказаў кучаравы смольнаскуры прадстаўнiк. – Адна справа – сачыць за экранамi i камп'ютэрамi, зусiм iншае – самому сутыкнуцца з СЦ. Усюды i заўсёды прашу памятаць, што вас пасылае наш саюз, можна сказаць, лепшы прафесiйны саюз планеты. Саламон у прытчах навучаў: "Не адхiляй вуха свайго ад слухання законаў". I вы будзьце дысцыплiнаванымi, уважлiвымi, падпарадкоўвайцеся загадам вайсковых кiраўнiкоў.

– Маралiст, – скептычна ўсмiхнуўся Карл Гакенхольц, якi сядзеў побач з Буслейкам.

– I збiрайце ўсю даступную вам iнфармацыю аб СЦ, – вёў сваё прадстаўнiк, – не прапускайце нiводнай дробязi. Упершыню пасля Чыкага Вялiкi Жах выступiў такiм шырокiм фронтам. Чаго ён дамагаецца? У чым сэнс яраснай атакi? На жаль, мы пакуль што не можам даць адказ на гэтыя пытаннi. Хацелася б верыць, што з-пад Менска вы пастараецеся прывезцi адказ. Жадаю вам усiм шчаслiвага вяртання. Жывуць Сонца i Кiсларод!

Паляцелi ў дапатопным транспартным самалёце, якi, калi верыць чуткам, мiрна дажываў век у вайсковым музеi i быў падобны на сучасныя рэактыўныя аэробусы, як курыца на арла. Моцна калацiла, падкiдвала на паветраных ямах.

– У нашых продкаў страўнiкi былi здаравейшыя, – сказаў Карл, убачыўшы, як некалькi пазелянелых дэсантнiкаў нахiлiлiся, быццам па камандзе, над гiгiенiчнымi пакетамi. Дый сам ён надта ж кiсла моршчыўся i ўздыхаў. Але як бы там нi было, прызямлiлiся на шурпатай бетонцы Старога Смалявiцкага аэрапорта.

Iх ужо чакаў капiтан рэспублiканскiх гвардзейцаў, якi трымаў над сабой чорны парасон, бо церусiў дожджык.

– Капiтан Хвалiбог, – адрэкамендаваўся ён. – Буду, так сказаць, вашым гiдам.

– Капiтан, што тут у вас робiцца? – на правах земляка адразу ж задаў пытанне Радаслаў.

– У якiм сэнсе? – не зразумеў, ускiнуў тонкае брыво Хвалiбог. Пэўна, яму падалося, што маецца на ўвазе нейкае ягонае асабiстае ўпушчэнне, а ён, мяркуючы па ладнай падцягнутай фiгуры, па ўпэўненасцi рухаў, службiстам быў хвацкiм.

– У сэнсе Старой Цывiлiзацыi, – не дужа ветлiва ўмяшаўся ў размову Карл, бо дождж гусцеў, лупцаваў па бетонцы, а дзвюх машын-амфiбiй, якiя мелiся сустракаць стрэсаператараў у аэрапорце, пакуль што i духу не было.

– Ах, вы пра СЦ, – адразу ж павярнуўся да Карла Хвалiбог i адразу ж далiкатненька запiхнуў яго пад свой вялiзны парасон. – Мая рота гвардзейцаў забяспечвае ахову аэрапорта. У нас, як бачыце, усё спакойна. А там, – ён махнуў рукой у чорнай скураной пальчатцы на захад, – гарыць i грымiць. Вядома, я i мае арлы хацелi б знаходзiцца там, але загад ёсць загад. Хвiлiн дваццаць назад, якраз перад вашым прылётам, прыехалi людзi з сельскагаспадарчых кааператываў i з хутароў. Адзiн нават на трактары прыгрукацеў. Усе ў сажы. Ёсць абпаленыя. I адкуль толькi ўзялася гэта брыдота? Жылi дзяды-прадзеды, нiчога не ведалi, былi гаспадарамi планеты, а мы атрымалi кукiш з макам – аб'явiлася, бачыш ты, нейкая Цывiлiзацыя. Цьфу ты.

Хвалiбог плюнуў.

– За ўсё трэба плацiць, капiтан, – строга i павучальна, як школьнiку, сказаў яму Радаслаў.

– За што плацiць? – не зразумеў Хвалiбог.

– За ўсё. За кiсларод i вадарод, за ссечаныя лясы, за рукатворныя пустынi, адным словам, за жыццё, наша чалавечае жыццё. Бясплатны сыр бывае толькi ў мышалоўцы.

– Пры чым тут мышалоўка? – пакрыўдзiўся капiтан, але ў гэты самы час рэзка завуркаталi маторы – падышлi дзве амфiбii, пафарбаваныя ў балотна-зялёны колер. Стрэсаператары разам з Хвалiбогам i некалькiмi гвардзейцамi апранулi тэрмастойкiя чырвоныя касцюмы, узялi лазерныя карабiны-бластэры, процiвагазы, ракетнiцы, сапёрныя рыдлёўкi, дынамiтныя шашкi, селi ў пасажырскiя адсекi хуткаходных машын. Пабеглi насустрач лугi, пералескi, палявое шматкалоссе. Усё выразней адчуваўся трывожны горкi пах дыму. Пот цёк па шчоках. На беразе Пятровiцкага вадасховiшча спешылiся. За вадасховiшчам, на захадзе, гарэў пасёлак Сокал. Было бачна, як мiтусяцца там людзi, як бегаюць перапалоханыя конi i каровы. Нястрымны вогненны вал кацiўся адтуль. I толькi птушкi, бестурботныя дзецi паветра, весела высвiствалi свае песенькi.

– Што iм трэба? – цiха, як бы ў самога сябе, спытаў Радаслаў Буслейка. Меў ён на ўвазе, вядома, не галасiстых птушак, а шышкагаловых ружоваскурых людзей, пехацiнцаў Старой Цывiлiзацыi, якiя з боку Сокала наблiжалiся да вадасховiшча. Iх было сотнi дзве. Вогненны вал, дыяметрам каля метра, пагрозлiва рухаўся следам за iмi. Гарэлi лугавыя хмызнякi i трава.

– Напалеон неяк сказаў: "Ва ўсяго ёсць мяжа, нават у нянавiсцi". Але дзе мяжа тут? I з кiм мы маем гонар скрыжаваць шпагi?

Гэтыя словы глыбакадумна прамовiў Карл Гакенхольц. Ён трымаўся поруч з Радаславам i ўжо з няспешлiвай нямецкай грунтоўнасцю дзёўб сапёрнай рыдлёўкай зямлю – капаў акоп.

– Вадасховiшча iм не фарсiраваць! – закрычаў капiтан Хвалiбог. – У вадзе гэтыя яшчаркi адразу ж, пускаючы бурбалкi, пойдуць на дно! Усiм акапвацца!

Заскрыгаталi рыдлёўкi, уразаючыся ў зямлю. Кожны стараўся зрабiць сабе сховiшча як мага хутчэй. А шышкагаловiкi (такая мянушка адразу прыклеiлася да салдат СЦ) тым часам былi ўжо каля самай вады. Спынiлiся, i вогненны вал спынiўся разам з iмi i нават паменшаў, нiбы збiраўся патухнуць.

– Што я казаў? – весела засмяяўся капiтан Хвалiбог.

У гэты час нешта свiснула i ў правую руку яму, якраз у далонь, якую ён хацеў сцiснуць у кулак, каб пагразiць шышкагаловiкам, упiлася невялiкая чаратовая страла з касцяным наканечнiкам. Капiтан разгублена пазiраў на яе.

– Дык гэта ж дзiкуны, госцi з каменнага веку, – сказаў ён нарэшце, дастаючы стралу. – Бачыце, чым ваююць?

– Iдуць! – закрычалi раптам адразу некалькi чалавек. – Шышкагаловiкi пайшлi па вадзе!

Радаслаў Буслейка, якi, цяжка дыхаючы i пацеючы, старанна вышкробваў з акопа жаўтапёс, адкiнуў убок рыдлёўку, уталопiўся позiркам у процiлеглы бераг. Вiдовiшча ўражвала. Салдаты СЦ, насуперак бадзёраму прагнозу капiтана Хвалiбога, пачалi фарсiраваць вадасховiшча. Прытым не на лодках i не на пантонах. Яны проста iшлi па люстраной хвалiстай паверхнi, быццам па цвёрдай зямлi. Здавалася, нечаканыя моцныя маразы ўкавалi ваду i на ёй лёг лёд. Але ж хвалi жвава беглi на жоўты ўзбярэжны пясок i да зiмы было дужа далёка.

– Нейкая д'ябальшчына атрымлiваецца, капiтан, – сказаў Буслейка Хвалiбогу, якi акапаўся праваруч. Толькi гаваркi капiтан чамусьцi маўчаў. Калi ж Буслейка павярнуўся да яго, то ўбачыў, што хвацкi ваяка ўткнуўся носам у пясок i... спiць, ды так мiрна, так лагодна, як маленькае хлапчанё ў мацi на руках. "Страла была са снатворным або атрутай", – здагадаўся Радаслаў i крыкнуў гвардзейцам: – Цягнiце свайго шэфа ў амфiбiю!

А шышкагаловiкi тым часам наблiжалiся. Праўда, вогненны вал спынiўся перад самай вадой.

– Камандуй, – нецярплiва сказаў Карл Радаславу.

– Чаму я? – здзiвiўся Радаслаў.

– А хто? Капiтану сама меней з гадзiну трэба баю-баiнькi спяваць. Гвардзейцы, як i паложана, вушамi стрыгуць, каб пачуць каманду ад вышэйшага начальства. А ты ў нас самы галасiсты. Камандуй.

"Ну й немец, – падумаў Радаслаў. – Усё ў яго разлiчана, узважана i на кожную рыбку свой кручок маецца. А зараз можа адбыцца някепскi бой. Зараз пойдзе, як пiсалi аўтары рыцарскiх раманаў, вастрыё супраць вастрыя".

– Падрыхтавацца! – закрычаў ён, са здзiўленнем прыслухоўваючыся да свайго звонкага камандзiрскага голасу. – Страляем залпам! Кожны бярэ на мушку бластэра свайго шышкагаловiка! Агонь!

Ярка ўспыхнулi вострыя вузкiя прамянi, пракалолi, прашылi паветра. Некалькi шышкагаловiкаў – тры цi чатыры – упалi, але не пайшлi на дно, а засталiся нерухома ляжаць на паверхнi вады.

– Бластэр сваю дзiрачку знойдзе, – задаволена сказаў побач Карл Гакенхольц, i Буслейку раптам не спадабалася гэта ягоная задаволенасць. "Тэўтон, нашчадак тэўтонаў, – падумаў Буслейка. – Кроў для iх калiсьцi была, як вада. Хаця, цi ёсць у гэтых шышкагаловiкаў кроў?"

Плямаў крывi ён, як нi напружваў зрок, не ўбачыў, але i яму, i Карлу, i гвардзейцам адразу кiнулiся ў вочы нейкiя празрыстыя верацёнападобныя фiгуры, якiя з'явiлiся над целамi забiтых. Кожная такая фiгура, калi ўважлiва прыгледзецца, вылётвала з цеменi мёртвага шышкагаловiка i завiсала над iм у паветры на вышынi ў пяць-шэсць метраў. З целам шышкагаловiка яе злучала дрыготкая вузенькая палоска, падобная на срэбную нiтку.

"Старая Цывiлiзацыя – цывiлiзацыя капiiстаў, капiравалыдчыкаў, здагадаўся Радаслаў. – Яна слепа, хоць i вельмi таленавiта, капiруе чалавечую цывiлiзацыю. Вось i гэтыя празрыстыя верацёны, гэтыя астраўкi ранiшняга туману не што iншае, як жывая душа, што вылецела са скляпенняў мёртвага цела. Значыць, праўду казалi людзi, якiя пабывалi ў абдымках клiнiчнай смерцi i пэўны час глядзелi зверху на сваю нежывую плоць, на ўрачоў i ўсю бальнiчную палату. Значыць, ёсць неўмiручая таямнiчая субстанцыя, ёсць Я, несмяротнае вечнае ядро кожнай асобы, якое жыве ў целе, нiбы ў скафандры, у панцыры, а пасля смерцi гэтага фiзiчнага цела-сховiшча пакiдае яго, каб перасялiцца ў новае".

Тым часам шышкагаловiкi пачалi стралянiну ў адказ, лiшнi раз пацвердзiўшы здагадку Радаслава, што яны тыповыя прадстаўнiкi цывiлiзацыi капiiстаў. У руках у iх аднекуль з'явiлiся цёмныя прадметы, падобныя на славуты аўтамат Калашнiкава, i на акопы гвардзейцаў пасыпаўся ярасны град... патронаў. Гэта нават былi не патроны, а iхнiя мiнiяцюрныя каменныя копii, вядома, без гiльзаў i без куль.

– Страляем па "срэбных нiтках"! – закрычаў Буслейка. – Дакажыце, гвардзейцы, што вы снайперы!

Праз нейкi мiг усе "срэбныя нiткi" былi знiшчаны i ўсе мёртвыя шышкагаловiкi адразу ж пайшлi на дно, а верацёнападобныя празрыстыя фiгуры знiклi, растварыўшыся ў паветры. "Ёсць, ёсць у кожнага жывога чалавека жывая душа, – усхвалявана думаў Радаслаў. – Старадаўнiя летапiсцы пiсалi, што полацкi князь Усяслаў Чарадзей мог ператварацца ў "воблака", у "светлую хмару". Колькi вучоных мужоў лiчылi гэты даказаны факт рэлiгiйнымi забабонамi, мастацкай гiпербалай. А ў князя, якi, нiбы нiкчэмны раб, быў кiнуты ў цёмны падземны поруб на брудную салому, уначы лётала (!) душа (!), каб набрацца моцы ад званоў наддзвiнскай Сафii. У рэшце рэшт чалавецтва аказалася куды больш складаным i загадкавым, чым думалi матэрыялiсты".

Ацалелыя шышкагаловiкi, сустрэўшы супрацiўленне, адступiлi i разам з вогненным валам па заходнiм беразе Пятровiцкага вадасховiшча пачалi прабiвацца на поўнач, у напрамку пасёлка Волма. Там iх ужо чакалi атрады рэспублiканскай гвардыi i мясцовай самаабароны. Магутныя экскаватары i бульдозеры капалi глыбокi роў. Дачнiкi, грыбнiкi, хутаранцы i дзецi з аздараўляльных спартыўных школ на аўтамабiлях i верталётах спяшалiся ў Менск, Волму, Калодзiшчы або проста на Маскоўскую шашу, якая поўнасцю кантралявалася вайскоўцамi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю