Текст книги "Чалавек з брыльянтавым сэрцам"
Автор книги: Леонид Дайнеко
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 16 страниц)
"Спачатку мы пойдзем у Вялiкае Балота. Акрайчык яго яшчэ захаваўся", сказаў Аюс Першы, i ўсе з iм пагадзiлiся. Рушылi адразу ж – паперадзе бык Яр з пеўнем Кукам на спiне, за iмi зямляне, у ар'ергардзе Iг i Аюс.
Наўкол ляжалi маўклiвыя зялёныя пяскi. Вецер змятаў iх у невялiкiя дзюны. Дзе-нiдзе з гэтых дзюнаў тырчалi саржавелыя вострыя абломкi нейкiх металiчных канструкцый. Разы са тры памiж пяскоў траплялiся адчыненыя (у iх свiстаў вецер) люкi. Зямляне ўжо ведалi, што гэта ўваходы ў падземнае жытло плазмоiдаў. Значыць, па нейкiх прычынах жытло занядбана, пустуе i там начуюць толькi ценi i незразумелыя чалавечаму вуху шолахi.
– Здаецца, тут была вайна, – сказаў Клён Дубровiч.
– Падобна, – згадзiўся Радаслаў i пацiшэлым голасам дадаў: – Як пустэльна i як сумна...
Пад нагамi танюсенька, не па-зямному, рыпеў пясок. У iм вецер нарабiў баразёнак, прыгожых хвалiстых грабеньчыкаў. Раптам крокаў за пяць ад сябе Клён заўважыў гняздо, у якiм ляжала (ён iмгненна злiчыў) дванаццаць буйных яек – адзiнаццаць асляпляльна белых з яркiмi чырвонымi плямамi i адно зялёнае. Дзiўнае гняздо было зроблена не з травы, не з пер'я, галiнак або моху, а з калючага жалезнага дроту.
– Гняздо, – разгублена прамовiў Клён i памкнуўся да яго. Чамусьцi вельмi захацелася ўзяць, адчуць даланёю прыгожае i, пэўна ж, важкае i цёплае яйка.
"Назад!" – гнеўна закрычаў Аюс Першы i адштурхнуў Клёна лычом.
Вера з Радаславам здзiўлена глядзелi на тое, што адбываецца. Iшлi мiрна-спакойна, i раптам гэты дзiк, гэты кароль жывёл, як ён сам сябе называе, нечакана накiнуўся на Клёна. Ну ўзяў бы той, пакратаў яйка усё-ткi яшчэ малалетак.
– Напэўна, нас падманулi, Вера, – адчуваючы, як пачынае пульсаваць у скронях кроў, сказаў Радаслаў Буслейка. – Мы – зямляне, мы прывучаны верыць усяму жывому, але ж гэты гаваркi дзiк i ягоныя маўклiвыя малойчыкi не ўручалi нам нiякiх вярыцельных грамат. Адкуль мы ўзялi, што ён кароль? Кароль жывёл з планеты Вар! На Зямлi нас засмяюць. Па-мойму, гэта хаўруснiкi чырвоных i фiялетавых плазмоiдаў i вядуць яны нас у нейкую пастку.
У гэты час Аюс з лютым выразам вачэй загадаў усiм:
"Хавайцеся вунь у той люк! Хутка!"
Жывёл як ветрам змяло. Клён з Вераю таксама кульнулiся ў чорную прорву адчыненага люка, якi, на шчасце, быў непадалёку. Радаслаў жа замарудзiў, хацеў запярэчыць Аюсу, хоць слоўца поперак паставiць, але ўвагу ягоную прыцягнулi вялiзныя птушкi, што iмклiва i нiзка неслiся над зялёнымi ўзгорыстымi пяскамi, кiруючыся на яго i дзiка. У чарадзе iх было штук дзесяць – дванаццаць. "Крангi, – успомнiў iхнюю назву Радаслаў. – Прыгожа пiкiруюць, быццам ракетапланы-знiшчальнiкi".
"У люк!" – закрычаў Аюс.
I толькi тут Буслейка ўбачыў, як пярэдняя птушка, што была ўжо амаль над ягонай галавой, выпусцiла з кiпцюрыстых лапаў бела-чырвонае яйка. З вышынi, прыкладна, дваццацi метраў яйка з глухiм свiстам падала ў пясок. "Дык гэта ж бамбардзiроўка!" – як апякло Радаслава. Ён iрвануўся да люка, але спатыкнуўся i ўпаў. Гэта выратавала яго, бо прабяжы ён крок-другi, i смертаноснае яйка пляснулася б яму проста ў цемя. Грымнуў выбух, узвiўся пясок. Нiбы агнём, паласнула па правай шчацэ. Стрэсаператар кумiльгом увалiўся ў люк, паспеўшы ўбачыць краем вока, як лiхаманкава ўсвiдроўвае, закопвае сваю лычастую галаву ў пясок Аюс i як зялёнымi пухiрамi ўстаюць наўкол яго фантанчыкi выбухаў. Крангi, пакiдаючы на пяску чорныя вастракрылыя ценi, калючай шарэнгаю мiльганулi над iржавым люкам i знiклi, як расталi ў зялёным небе.
– Цьфу на вас! – пагразiў iм кулаком Клён. – I водзiцца ж гэткая нечысць.
"Няхай жывуць, – раптам сказаў Аюс Першы. – Хiба неба ад iх абвалiцца?"
Кароль жывёл планеты Вар, адзiн з усiх не схаваўшыся ад крангаў, глядзеў зверху ўнiз праз шырокае жэрала люка на зямлян i на сваiх падданых, i кроў тонкiмi палоскамi бегла з тых месцаў, дзе асколкi ўсё ж прабiлi цвёрдую, як бубен, скуру.
– Але ж яны цябе паранiлi, – здзiвiўся Клён.
"У мяне шмат ран, як i ў кожнага сапраўднага караля, – горда прамовiў Аюс. – Я ўжо прывык. А крангi няхай жывуць, бо гэта часцiнка нашай планеты, нашага Вара. У нас няма, як на вашай Зямлi, пчол або чмялёў, але ёсць крангi. Хiба гэта дрэнна?"
Клён нiчога не мог запярэчыць.
"Кука, пеўня, я адвучыў удзельнiчаць у пеўневых баях, якiя так любяць Жалезныя Людзi, – казаў далей Аюс, калi ўсе ўжо вылезлi з люка. – Пеўню зламалi крыло i ледзь не выдзеўблi вочы. А я выратаваў яго. I ён больш нiколi не будзе бiцца на пацеху дурным Жалезным Людзям. Праўда, Кук?"
Смаляна-чорны певень, седзячы на спiне ў чырвонага быка, звонка залопаў крыламi i закукарэкаў.
"Крангаў жа не перавучыш. Пэўна, таму, што iхнiя продкi нарадзiлiся не на Зямлi, а тут, на Вары, дзе грымяць бясконцыя бiтвы плазмоiдаў. Кранг адзiная птушка планеты Вар. Бачылi, з чаго ён будуе гняздо? З калючага дроту. I кладзе ў тое гняздо дванаццаць яечак – адно зялёнае, адзiнаццаць ярка-белых з чырвонымi крапiнамi. Гэтыя адзiнаццаць – ягоныя бомбы. Вы самi пераканалiся, як яны сякуць асколкамi. (Дарэчы, высакарослы i светлавалосы, у цябе моцна паранена шчака, i зараз мы пойдзем лячыцца да Ракi Адноўленых Твараў.) З зялёнага ж яйка нараджаецца маленькi кранг. Адзiн на ўсё гняздо. Вось чаму так берагуць крангi свае гнёзды".
Слухаючы Аюса, зямляне дайшлi да Ракi Адноўленых Твараў, i Радаслаў старанна прамыў рану. Потым у "ваду" зайшоў сам кароль жывёл планеты Вар i з вялiкай насалодай тры разы акунуўся ў яе. Конь, бык i певень з берага ўважлiва пазiралi на яго, i нiхто з iх нават не шавяльнуўся. "Прыдворны этыкет", – падумаў Радаслаў Буслейка.
Начавалi ў Вялiкiм Балоце. Прычым дзiк i ўсе астатнiя жывёлы пайшлi спаць у чараты, а зямляне атабарылiся ў маленькiм сiнiм вагончыку, якi стаяў на круглым лапiку бетону. Пэўна, тут была нейкая паходная майстэрня Жалезных Людзей, бо на падлозе валялiся блiскучыя маткi дроту, выкарыстаныя электроды, балты i гайкi. Востра пахла машынным маслам. Уздоўж сцен вагончыка стаялi два старыя тапчаны.
– Спартанскiя ўмовы, – уздыхнула Вера. – Трэба адзначыць, што Вар не самая камфортная планета.
– Дзе беласнежныя прасцiны? Дзе душ? – у тон ёй, але яўна пацвельваючыся, ледзь не праспяваў Клён.
Вера ўважлiва паглядзела на яго.
– Мiлы Клёнiк, – сказала яна, – дадаць можна яшчэ адно пытанне: "Дзе асобная жаночая спальня цi хаця б шырма?" Але прабач, я забылася, што плазмоiды бясполыя i iх падобныя пытаннi нiколькi не хвалявалi.
– Неяк пакiмарым, – вiнаватым голасам прамовiў Радаслаў Буслейка. – Мы з Клёнам паспрабуем умясцiцца на адным тапчане.
Перад сном Клён выйшаў з вагончыка. Моцны вецер, якi дзьме толькi ўначы, ужо ваўсю пачынаў развiнаць свае халодныя крылы. На фоне зялёнага неба трывожна хiсталiся вершалiны тулураў. Фасфарычны, нежывы бляск струменiўся адтуль. Клёну здавалася, што нечае цяжкое вока пiльна пазiрае на яго. Адчуванне гэтага позiрку было такое вострае, такое рэальнае, аж дрыжыкi пабеглi па скуры. Вярнуцца б на Зямлю, на Чорны Хутар, хутчэй убачыць мацi з бацькам, а потым на захадзе сонца слухаць, як шумяць дробнай варухлiвай лiстотай маладыя бярозкi.
Раптам з густой зялёнай цемры пачуўся гук, якi прымусiў уздрыгнуць сэрца. Гэта адначасова быў i ўрачыста-радасны крык, i прыдушаны стогн, i невыносны хваравiты хрып. Ён выплыў з начных прастораў Вара нечакана i ўладна. Але нечаканым ён быў для зямлянiна, для Клёна, бо нейкае падсвядомае пачуццё падказала, што гэты ашаламляльны крыкенк жыве тут заўсёды, вечна, што наваколле прывыкла да яго, як прывыкаюць да неба над галавой. Вядома ж, выдаваць такi гук, вывяргаць яго магла толькi жывая iстота, прычым каласальных памераў. Клён хуценька вярнуўся ў вагончык, накiнуў знутры металiчную завалу на дзверы, асцярожна лёг побач з Радаславам. Сэрца ўсё калацiлася, i ён прыцiснуў руку да грудзей, i кляў сябе самымi крыўднымi словамi за палахлiвасць, бо памiж равеснiкаў заўсёды хадзiў у адважных. Ужо супакоiўшыся, засынаючы, ён падумаў, што на Вары адвага, як i ўсё астатняе, можа быць не падобнай на зямную адвагу.
Спалi ўсю ноч, гэта значыць, каля сарака васьмi гадзiн. Арганiзм зямлянiна ў нармальных умовах не разлiчаны на такi працяглы сон, але плазмоiды далi па глытку элiксiру, якi ўшчыльняе час.
Прачнуўся Клён ад пякучага адчування трывогi. Радаслаў з Верай ужо стаялi каля дзвярэй вагончыка. Стрэсаператар, скiнуўшы металiчную завалу, спрабаваў адчынiць дзверы, ды яны чамусьцi не адчынялiся. Радаслаў аж пачырванеў ад напружання.
– Радаслаў Алесевiч, нас нехта не хоча выпусцiць, – спалохана, пацiшэлым голасам сказала Вера Хрысцiнюк.
– Што за д'ябальшчына? – гарачыўся Радаслаў, налягаючы плячом.
Клён усхапiўся з тапчана, прыслухаўся. Нi шолаху, нi шэпту не даносiлася знадворку. Здавалася, увесь Вар яшчэ спiць, усё анямела. А зусiм жа нядаўна з лiпкай зялёнай цемры нёсся жахлiвы ўсемагутны крык, ад якога ледзянела душа. Клён падбег да прарэзанага ў сцяне вагончыка вузенькага акенца. Яно было амаль пад столлю, i давялося стаць на пальчыкi i выцягнуць шыю. Ён убачыў такое, ад чаго адхiснуўся, нiбы ў твар плюхнулi кiленем. Трыма шарэнгамi, плячо да пляча, маўклiва стаялi, абкружаючы вагончык, нейкiя металiчныя блiскучыя стварэннi з чорнымi прутамi ў рукахклешнях. Пэўна, гэтая нямая раць ужо даўно пiльнавала зямлян, з самай ночы, бо ўсе яны былi абсыпаны густой расой.
– Жалезныя Людзi! – усклiкнуў Клён. Радаслаў падышоў да акенца, глянуў на вулiцу. Вочы зрабiлiся суровымi.
– Здаецца, мы палонныя, – сказаў ён i адразу ж дадаў: – Толькi не хвалюйцеся, Вера. Думаю, што гэтыя робаты не асмеляцца крануць зямлян i нам давядзецца мець справу з iхнiмi гаспадарамi, фiялетавымi i чырвонымi плазмоiдамi. Толькi чаму не прыйшоў Аюс?
– Гэты дзiк завёў нас у пастку, – злосна выдыхнуў Клён. – Як вы маглi яму паверыць, Радаслаў Алесевiч?
– Але паверыў i ты, – паклаў Буслейка руку на плячо Клёну. – Нiколi не вучыся перакiдваць сваю вiну, якой бы малой яна нi была, на чужыя плечы. Запомнi – ты мужчына з планеты Зямля.
Ад такiх слоў Клён нервова прыкусiў губу. Ён лiчыў сябе сумленным, прынцыповым, i заўвага стрэсаператара балюча ўдарыла па самалюбству. Атрымлiвалася, што ён яшчэ маленькае дзiцятка i толькi блытаецца пад нагамi ў дарослых. Ды Клён сцярпеў, як i належыць чалавеку ВЭП. Каб патушыць агонь крыўды, ён зноў глянуў у акенца i раптам здзiўлена закрычаў:
– Да нас коцiцца зорка!
XI
Вiдовiшча было, трэба сказаць, фантастычна-прыгожае. Клён бачыў, як зладжана i бязгучна расступiлiся ў бакi Жалезныя Людзi, ствараючы шырокi праход. I вось у гэты праход-пралом у блiскучай металiчнай сцяне павольна i велiчна кацiлася пяцiкутная, надзвычай зiхоткая зорка. Яна скочвалася (а можа, iшла?!) з травянiстага спадзiстага ўзвышша ў лагчыну, дзе стаяў вагончык. Нечаканая госця была метры чатыры ў папярэчнiку, i Жалезныя Людзi выглядалi на яе фоне маленькiмi, кволымi. Залацiстае ззянне струменiлася ад зоркi. Там, дзе адзiн з яе пяцi канцоў датыкаўся да пяску або травы, усё ружавела, iскрылася, быццам адразу маладзеючы. Плямы яркага святла, якое, аднак, не рэзала вочы, клалiся на плечы i галовы Жалезным Людзям. Зорка падкочвалася ўсё блiжэй. "Усё-ткi яна iдзе, – здагадаўся Клён. – Пяць канцоў не што iншае, як пяць яе ног". У думках ён спачатку назваў яе Пяцiножкай, але ў назве была нейкая здробненасць, мiнiяцюрнасць, а зорка мела ўнушальныя памеры, i ён прыдумаў ёй iмя – Пяцiног.
– Якая прыгожая, – прашаптала Вера, калi зiрнула на зорку.
Пяцiног падкацiўся-падышоў да вагончыка, у якiм знаходзiлiся зямляне, спынiўся. У акенца палiлося мяккае святло. Было ў iм нешта ад бляску расы на ранiшнiм лузе.
– Цiкава, гэта жывая iстота цi чарговая мадыфiкацыя якога-небудзь робата? – быццам у самога сябе запытаў Радаслаў Буслейка.
– Агрэсiўная або мiралюбная гэта прыгажуня? – у сваю чаргу, спытала Вера.
– Гэта – Пяцiног, – раздражнёна сказаў Клён.
– Як? Пяцiног? – Радаслаў задумлiва паглядзеў на Клёна. – Ты ўжо, аказваецца, iмя знайшоў. Што ж, тваё права. Першаадкрывальнiк, а ты першы ўбачыў зорку, мае законнае права прысвойваць ёй iмя. Такiм чынам, перад намi Пяцiног...
Радаслаў хацеў яшчэ раз глянуць на зорку, памкнуўся тварам наперад, але раптам насустрач яму ў акенца жвава торкнулася адна з ног Пяцiнога. Стрэсаператар адскочыў убок. Зямляне затаiлi дыханне.
Несумненна гэта была частка цела (нага, рука або хобат – iншая справа) жывой iстоты. Вiдно было, як пульсуе ў ёй дыханне, як дробненька ўздрыгвае яна. Нагу шчыльна пакрывала ярка-залацiстае лускавiнне, што аж гарэла ў паўзмроку вагончыка. Але самым здзiўляючым, самым ашаламляльным было... вока, вялiкае, таксама залацiстае, з чорнай зрэнкай усярэдзiне.
– Пяцiног глядзiць на нас, – аднымi вуснамi выдыхнуў Клён i пачаў адступаць, тулiцца да Радаслава.
Жывое пранiзлiвае вока, вока невядомага стварэння пiльна i ў той жа час насцярожана сачыла за зямлянамi. Што рыхтаваў гэты позiрк людзям?
Тым часам у акенца пралезла яшчэ адна нага з яшчэ адным вокам.
– Думаю, што гэта i Пяцiног i Пяцiвок, – стараючыся быць бадзёрым, сказаў Радаслаў, але раптам, глыбока ўздыхнуўшы, падышоў да акенца, пакорлiва схiлiў галаву.
– Што вы робiце?! – закрычала Вера Хрысцiнюк i адразу ж здагадалася, абвяла голасам. – Гiпноз...
Буслейка стаяў, як смiрнае рахманае цялятка, i не адрываючыся глядзеў на Пяцiнога.
– Радаслаў Алесевiч, – шкуматнуў яго за руку Клён. – Глядзiце на мяне. Глядзiце на мяне, а не на яго.
– Адвяжыся, – цiхiм абыякавым голасам сказаў стрэсаператар. – Ты нiчога не разумееш. Вялiкае шчасце пазiраць у мудрыя вочы Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы.
Клён зразумеў – зараз ён для Буслейкi, як надакучлiвая восеньская муха. Не болей.
Тым часам у руках у некалькiх Жалезных Людзей з'явiлiся вострыя, адпалiраваныя да люстранога бляску сякеркi. Нiхто iм iх не даваў, i нiдзе яны iх не бралi. Проста сякеркi выскачылi знутры iхнiх рук-клешняў, рукi гэтыя зрабiлiся сякеркамi. Жалезныя Людзi з найвялiкшай стараннасцю i метадычнасцю пачалi секчы вагончык, пашыраючы акенца.
– Што яны хочуць? – дрыготкiм голасам спытала Вера.
Раптам Пяцiног схапiў Радаслава за шыю i за плячо i ў адно iмгненне выцягнуў з вагончыка.
– Жахоцце! – закрычала Вера, але адразу ж зацiхла, бо вiрлавокiя ногi вярнулiся назад i Пяцiног накiраваў на яе неадрыўны позiрк, як стрэлiў. Вера спачатку збялела, потым паружавела, i неўзабаве лагодная супакоеная ўсмешка засвяцiлася на твары.
– Не глядзiце на яго, – пачаў упрошваць Клён. – Ён жа зробiць з вамi тое самае, што з Радаславам Алесевiчам.
– Ах, Клёнiк, ты яшчэ такi маладзенькi, – усмiхалася Вера, пазiраючы на Пяцiнога. – Каб ты ведаў, якая асалода быць разам з Ультрамозгам, Уладаром Таямнiцы, чытаць ягоныя думкi. Колькi золата, срэбра i мармуру ў беласнежных палацах гэтых думак.
– Да вы ўсе звар'яцелi! – закрычаў Клён.
Пяцiног гэткiм жа самым чынам, як Буслейку, спрытна схапiў Веру Хрысцiнюк, i ў вагончыку застаўся адзiн Клён. Праз нейкi мiг у акенца ўпэўнена палезла лускаватая нага.
– Ну не, страшыдла, проста так ты мяне не возьмеш, – з адчаем i злосцю сказаў Клён.
Стараючыся не глядзець на Пяцiнога, ён адскочыў у самы далёкi ад акенца кут вагончыка. Тут было цемнавата, i Клён спадзяваўся, што гiпноз не будзе мець такой сiлы. Але нага ўпарта цягнулася ў яго бок, свяцiлася ўсёй сваёй луской, а пранiзлiвае вока пачынала ўжо свiдраваць душу. Як жа ратавацца? Клён убачыў раптам паржавелую металiчную канiстру, якую, пэўна, пакiнулi ў вагончыку робаты. У канiстры плёхалася машыннае масла. Ён лiнуў гэтым маслам у вока Пяцiногу, а потым i канiстру шпурнуў. Мяркуючы па ўсяму, нечаканае супрацiўленне збянтэжыла Пяцiнога. Агрэсiўная зорка iмгненна прыняла сваю нагу, рэцiравалася з вагончыка. Там, за сцяной, наступiла мёртвая цiшыня. Можна было толькi здагадвацца, што Жалезныя Людзi стаяць як стаялi, непарушнай сцяной, i чакаюць, пакуль Пяцiног пачне новыя манiпуляцыi. Ды той чамусьцi не спяшаўся. "Пэўна, зараз робаты зноў возьмуцца за свае сякеркi, падумаў Клён. – Дастануць мяне адсюль, як барсука з нары". Яму было вельмi шкада Радаслава i Веру. Такiя разумныя, такiя адважныя i моцныя, а нейкае страшыдла з лёгкасцю перамагло iх. Значыць, чалавек не ўсясiльны, значыць, не толькi для чалавека некiм задумваўся i будаваўся Сусвет.
У гэты час пачуўся мерны цяжкi тупат. Клён, забыўшы пра небяспеку, кiнуўся да акенца. Жалезныя Людзi шчыльнымi блiскучымi шарэнгамi адыходзiлi ад вагончыка. Ён бачыў толькi iхнiя патылiцы i плоскiя спiны. Паперадзе робатаў велiчна кацiўся-крочыў Пяцiног. Гэтае шэсце нагадвала нечым трумф рымскiх iмператараў, не хапала толькi каляснiцы з белымi коньмi. Радаслава i Веры, як нi ўглядаўся Клён, нiдзе не было. "Я выратаваўся, – успыхнула ў душы радасць. – Пяцiног не здолеў зламаць мяне сваiм гiпнозам. Цiкава, чаму Радаслаў з Верай называлi яго Ўльтрамозгам, Уладаром Таямнiцы? Што паспеў ён унушыць iм?"
Трывога за людзей, якiя дзеля ягонага ажыўлення прыляцелi на Вар i самi трапiлi ў бяду, сцiснула сэрца. Дзе яны зараз? У кратэры вулкана? У патаемнай рэзiдэнцыi Пяцiнога? Цi жывыя яны?
Клён Дубровiч адчуў, што вось-вось пакоцяцца з вачэй слёзы, але ён быў прывучаны нiколi не плакаць, i таму, узяўшы пачуццi ў кулак, пачаў рабiць фiзiчныя практыкаваннi. Гэта дапамагло, i праз колькi хвiлiн вярнулася ўпэўненасць i сiла. Клён падышоў да дзвярэй, прыслухаўся. Здаецца, знадворку нiкога не было. Ён таўхануў дзверы, баючыся, што яны не адчыняцца. Ды дзверы надзiва лёгка паплылi ад яго, выпускаючы з вагончыка.
Ланцуг Жалезных Людзей iшоў, ззяў на схiле вулкана i знiкаў, быццам правальваўся ў кратэр. Стаяла надзвычайная цiшыня – хоць бы адзiн малюсенькi гук. Клёну здавалася, што ў яго вушы залiты воскам. Што ж рабiць? Зноў ляжала перад iм чужая планета, дзе жывуць плазмоiды i крангi, дзе ўначы палохаюць, раздзiраюць душу жахлiвыя незразумелыя крыкi, дзе маўклiвымi робатамi кiруе ўсясiльны Пяцiног, якi ўзяў у палон ягоных сяброў. Заставалася адно – шукаць караля жывёл планеты Вар Аюса Першага. Аюс сказаў, што будзе начаваць у Вялiкiм Балоце, значыць, трэба iсцi ў балота.
Клён, уважлiва гледзячы пад ногi, азiраючыся, павольна пашыбаваў у трыснягi. Разгаралася ранiца. Калiсьцi на Зямлi бацька будзiў яго, пырскаў халоднай вадою ў твар, смяяўся i казаў: "Прачынайся, сынок. Ранiца. Самая часiна iсцi тушыць расу", Яны, дарослы i малы Дубровiчы, уздрыгваючы ад волкай свежасцi, басанож спяшылi на луг, крочылi, прытупваючы, па блiскучай расянай траве. Ногi аж заходзiлiся ад холаду, успыхвала, здавалася, гарэла пад першымi сонечнымi промнiкамi раса, а Клён быў вельмi-вельмi шчаслiвы ён тушыў расу.
Дзе ж Аюс i ўсе астатнiя жывёлы? Няўжо i яны скарылiся Пяцiногу? Клён прайшоў ужо амаль з паўкiламетра, але толькi спудзiў аднаго кранга ды парадкам намачыў ногi. З левага боку праз густую шчэць трыснягу пачала адкрывацца велiзарная заасфальтаваная пустка. Розныя ўчасткi яе мелi розны колер: чорны, шэры, сiняваты. Клён здагадаўся, што пярэстасць афарбоўкi залежыць не ад якасцi раствору, а ад таго, даўно цi нядаўна залiвалi яго Жалезныя Людзi. Раптам крокаў за сто ад сябе на маслянiста-чорным асфальце ён убачыў Радаслава i Веру i ледзь не задыхнуўся ад радасцi.
– Я тут! – што ёсць моцы выгукнуў Клён. – Радаслаў! Вера! Я тут!
Ломячы трыснёг, ён iрвануўся да iх, бо не было ў гэтую хвiлiну раднейшых людзей ва ўсiм свеце.
– Я тут! – ляцеў з горла крык.
Але Радаслаў з Вераю (i гэта здзiвiла Клёна) не звярнулi на яго нiякай увагi. У iх на галовах былi прыгожыя вянкi, сплеценыя з дробных блакiтных кветак. Яны весела смяялiся, з любасцю пазiралi адно аднаму ў вочы i (што зноў здзiвiла Клёна) горача цалавалiся. Для iх, як ён здагадаўся, не iснавала ў гэтую хвiлiну нi планеты Вар, нi плазмоiдаў i робатаў, нi яго, Клёна. Ён усё яшчэ бег да iх, але ўжо не крычаў. "Яны, вядома ж, пачулi мой голас, не маглi не пачуць, але нават не павярнулi ў мой бок галовы, – думаў ён. – Чаму? Яны ж дапамаглi мне ажыць, яны ж, калi верыць iм, паважалi, нават любiлi мяне. Няўжо iх не хвалявала тое, што магло здарыцца са мной у вагончыку?"
З вострай крыўдай у душы Клён бег ужо толькi па iнерцыi. I раптам яго нешта ўдарыла па нагах i ён упаў, тыцнуўшыся рукамi i тварам проста ў твань. Кароль жывёл стаяў над iм.
"Не бяжы туды, – загадаў Аюс. – Табе нельга туды бегчы, хутканогi i вастравокi".
– Чаму? – спытаў Клён, хуценька ўскокваючы.
"Там – мiраж".
Клён абтрасаў ад бруду рукi, выцiраў твар i ўсё не мог даўмецца, аб чым яму гаворыць дзiк.
"Там – мiраж. Гэта не зямляне i не твае сябры. Вазьмi камень (вунь ляжыць каля куста) i кiнь у iх. I ты ўбачыш, што адбудзецца".
– Кiнуць у Радаслава i Веру? Шукай дурняў.
"Бяры камень".
Аюс ужо амаль загадваў. Клён абурана глянуў на яго, але нагнуўся, узяў мокры камень, кiнуў. Пакуль той ляцеў, абмiраў сэрцам, каб толькi не паранiла, або, не дай бог, не прыбiла каго-небудзь з сяброў. Ды раптам грымнуў выбух, i там, дзе толькi што цалавалiся Радаслаў з Верай, застаўся чысты сiнявата-шэры асфальт. Гэта было так нечакана, так палохала сваёй нязвычнасцю, што Клён уздрыгнуў.
"Мiраж, – сказаў Аюс. – Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, яшчэ не такое можа прыдумаць. Нiхто нiколi не бачыў мiражоў, пакуль ён не з'явiўся на планеце Вар".
– Дык ён не з вашай планеты? – здзiвiўся Клён.
"Не. У нас акрамя мяне i маiх падданых жывуць i жылi крангi. I яшчэ жыве вурдак. Той, што ўначы крычыць. Крангаў шмат, дзесяткi тысяч, а вурдак толькi адзiн. Чуў, як ён крычыць?"
– Чуў. Вельмi страшна, – адказаў Клён.
"А Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы, прыляцеў да нас з iншай галактыкi. Iхнi зоркалёт трыста дваццаць гадоў назад пацярпеў крушэнне на арбiце Вара i разбiўся ўшчэнт. Жывым са ста членаў экiпажа застаўся ўсяго адзiн, якога мы называем Ультрамозгам, Уладаром Таямнiцы".
– Я заву яго Пяцiногам, – уставiў слоўца Клён Дубровiч.
"Можна i так, – згадзiўся Аюс. – У яго i сапраўды пяць ног. Дык гэтага аднаго, што ацалеў у час аварыi, знайшлi чырвоныя i фiялетавыя плазмоiды. Вось чаму яны такiя магутныя, амаль непераможныя – Пяцiног (буду i я зваць яго гэтак, бо ненавiджу) навучыў iх мудрасцi, хiтрасцi i жорсткасцi. Вось чаму пяць кланаў не могуць справiцца з двума".
– Што Пяцiног можа зрабiць з Радаславам i Верай? – спытаў Клён.
"Над кожным, хто трапляе да яго, ён праводзiць эксперымент. З кожнага, хто б гэта нi быў, высмоктвае ўсю да рэшты iнфармацыю".
– Высмоктвае?
"Так. Пяць ягоных ног абвiваюць галаву i цела ахвяры. А потым Жалезныя Людзi таго, над кiм скончыўся эксперымент Ультрамозга, Уладара Таямнiцы, выносяць з Нябеснага Зуба i аддаюць вурдаку".
– Раскажы мне пра вурдака, – папрасiў Клён.
"Гэта самая вялiкая жывёлiна планеты Вар. Ды, пэўна, i Зямлi".
– Не гавары пра Зямлю, калi нi разу не быў на ёй, – раззлаваўся Клён. У нашых акiянах жыве блакiтны кiт. Ведаеш, якi ён? Вагою амаль сто дзевяноста тон, даўжынёю – пад трыццаць тры метры.
Кароль Аюс здзiўлена паглядзеў на Клёна, але здзiвiўся не габарытам сiняга кiта, а той раздражнёнасцi, гарачлiвасцi, з якой былi выдыхнуты словы. "Ён сумуе па Зямлi, – зразумеў Аюс. – Зямля для яго такая ж дарагая, як для крангаў Вар".
"Вурдак большы за акiянскага кiта, – мiралюбна сказаў Аюс. – А якi ён у даўжыню, я не ведаю. Не думай, што я палахлiвы, толькi да вурдака немагчыма блiзка падысцi. Ён жыве ў велiзарнай расколiне за Нябесным Зубам, ляжыць у ёй нямаведама колькi гадоў. За сотню крокаў ад яго ўсё жывое пачынае засынаць. Я спаў запар трое сутак, каб быць бадзёрым i падысцi да яго, але ўсёроўна адразу ж заснуў. Дурныя крангi засынаюць цэлымi чародамi i сыплюцца з неба проста яму ў лежбiшча".
– I ён iх з'ядае? – цiха спытаў Клён.
"Так. Але гэта не галоўная ягоная ежа. Харчуецца ж ён, гэта аграмадзiна, сваiмi роднымi дзецьмi".
– Вурдак есць сваiх дзяцей? – жахнуўся Клён.
"Есць i аблiзваецца. Мы, жывёлы планеты Вар, ненавiдзiм яго, гэтаксама ж як i Пяцiнога. Ён самаапладняецца, нараджае дзяцей i адразу пажырае iх. Вось чаму на нашай планеце жыве ўсяго толькi адзiн вурдак. Пяцiног, як толькi аб'явiўся на Вары, падыходзiў да лежбiшча, да расколiны (i яго не ўзяў сон), доўга глядзеў на вурдака. А потым Жалезныя Людзi пачалi насiць з Нябеснага Зуба вурдаку ўсё жывое, над чым праводзiў эксперыменты Пяцiног. I светлавалосага i высакарослага з жанчынай панясуць, калi толькi яны не здолеюць вызвалiцца".
– Ты кажаш, что Радаслава i Веру таксама могуць аддаць вурдаку? перапынiў Аюса Клён.
"Усё жывое Жалезныя Людзi адносяць яму".
– Што ж рабiць? – у адчаi ўсклiкнуў Клён. – Ты разумны, кароль жывёл, вельмi разумны – дапамажы, парай.
"Я – разумны, – паважна згадзiўся дзiк. – Я праглынуў белыя шарыкi, якiя Жалезныя Людзi хаваюць у накаленных каробачках. Белае рэчыва гэтых шарыкаў называецца iнтэлектыт. Ягоным сакрэтам валодае толькi Пяцiног".
– Ты праглынуў iнтэлектыт i зрабiўся мудрым, – нецярплiва сказаў Клён. – Але як вызвалiць маiх сяброў?
"Я й сам не ведаю", – раптам прызнаўся Аюс Першы.
Пачуўшы гэтыя словы, Клён колькi iмгненняў разгублена глядзеў на караля жывёл планеты Вар. Усяго ён чакаў, ды толькi не такога. Паспеўшы ўжо трохi вывучыць Аюса, ён быў упэўнены, што той пачне хвалiцца, важнiчаць, часцей чым трэба называць сябе каралём, а iншых жывёл сваiмi падданымi, але ў рэшце рэшт падкажа, улiчыўшы ўсе мясцовыя асаблiвасцi, як дапамагчы Радаславу з Верай. Ён не сумняваўся менавiта ў такiм павароце справы, аж атрымалася неспадзяванка. Адразу ж у душы пачала закiпаць злосць. Клён пагардлiва прыжмурыў вочы, сказаў з'едлiва i з расцяжкаю:
– Калi худ, не лезь на кут.
"Не разумею цябе, хутканогi i вастравокi", – пiльна пазiраючы на яго, прамовiў Аюс.
– I не трэба разумець. Ты, прабач, усё-ткi нечалавек i нават не Пяцiног, а дзiк, дзiк з планеты Вар. А сказаў я табе старадаўнюю беларускую прымаўку. Прымаўкi ж не прынята тлумачыць. "Растлумач", – запатрабаваў Аюс.
– Добра, слухай. На кут, ганаровае месца за сталом, саджалi самых шаноўных людзей. Самых разумных, самых аўтарытэтных, самых добрых. Калi ж чалавек быў "худ", быў, як кажуць, шчуплы i розумам, i плячамi, яго не саджалi на кут. Усёк?
"Што такое "ўсёк"?" – строга спытаў кароль жывёл.
– Дык ты i гэтага не ведаеш? – пакпiў Клён.
Такая, здавалася б, нявiнная рэплiка дорага каштавала яму. Аюс пагрозлiва чмыхнуў, крутнуў вострым цвёрдым лычом.
"Я загадаю сваiм падданым – Iгу i Яру – завесцi цябе да вурдака, сказаў Аюс. – Ты зямлянiн, чалавек, хоць маленькi ростам i гадамi. А мы ведаем, што ў вас на Зямлi ўсе жывёлы знаходзяцца ў цяжкiм рабстве ў людзей. Вы адзелi на iх хамут, вы дрэсiруеце iх агнём i бiзуном, вы забiваеце iх".
– У нас ёсць саюзы "зялёных", – паспрабаваў пярэчыць Клён.
"Маўчы, – загадаў Аюс. – Маўчы i слухай. Калi б я трапiў на Зямлю, я адразу б пайшоў у Iндыю. У гэтай цудоўнай краiне аб'яўлена свяшчэнным кожнае жыццё, жыццё чалавека i жыццё самай дзiкай малпы, ужо не кажучы пра карову альбо каня. Там ёсць людзi, якiя падмятаюць перад сабой зямлю, каб выпадкова не наступiць на якую-небудзь кузурку. Iхнiя багi сябруюць з жывёламi: Брахма – з лебедзем, Шыва – з быком, Вiшну – з арлом Гарудай. Я хацеў бы стаць каралём жывёл у Iндыi".
Аюс змоўк, сярдзiта глядзеў на Клёна Дубровiча. Клён пры ўсёй сваёй акселерацкай нахабнаватай смеласцi зразумеў, што дужа ўгнявiў дзiка i што самае лепшае ў такой сiтуацыi – абачлiва трымаць язык за зубамi. Надаючы твару нявiнна-лагодны выраз, ён падумаў: "На Зямлi ёсць не толькi Iндыя. На Зямлi жыве Гром Стралковiч".
"Я магу загадаць, i ты паклонiшся не толькi мне, але i ўсiм маiм падданым, – загаварыў далей Аюс Першы. – Гэтым самым ты хоць неяк акупiш велiзарную вiну людзей перад жывёламi. Ды зараз i ты, i твае сябры зямляне ў бядзе. Я сам запрасiў усiх вас на барацьбу супроць агiднага Пяцiнога, i я пастараюся разам са сваiмi падданымi дапамагчы вам. Толькi ты павiнен шанаваць мяне, як шанаваў бы самага найгалоўнага зямнога караля".
Мяркуючы па ўсяму, з гэтага дзiка, калi б ён быў чалавекам i жыў у ранейшыя часы, атрымаўся б неблагi манарх, якi-небудзь Людовiк-Сонца. Яшчэ б з паўгадзiны назад Клён, што ў душы лiчыў сябе заядлым рэспублiканцам, пачаў бы горача выкрываць рэакцыйную сутнасць манархiзму, але зараз ён згодна кiўнуў галавой. У смяротнай бядзе былi сябры, i не час прыглядацца, сядзiць або не залатая карона мiж насцярожаных дзiковых вушэй.
Аюс зычна рохнуў, i на гэты сiгнал выйшлi з трыснягоў конь, бык i певень, прычым певень, як заўсёды, сядзеў у быка на спiне.
"Нашы саюзнiкi з Зямлi трапiлi ў палон да Пяцiнога i знаходзяцца ў Нябесным Зубе, – урачыста сказаў кароль жывёл. – Яны хацелi дапамагчы нам, але атрымалася так, што iм спатрэбiлася наша дапамога. Слухайце мяне, мае падданыя. Я – Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар, аб'яўляю вайну Пяцiногу. Вы, пэўна, не ведаеце, хто такi Пяцiног? З гэтага часу так будзе называцца Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы. А зараз пойдзем да Трох Камянёў, i да нас прыляцiць Страб".
Моўчкi рушылi па балоце. Срэбнымi пырскамi скакала з-пад ног вада. Клён бачыў у небе над сабой нейкiя сухiя карычневыя воблакi. Яны не неслi ў сабе дажджу, яны былi з пылу або з дыму. Святло, што лiлося з нябёсаў, таксама было пыльнае, нярэзкае. Ва ўсiм адчувалася блiзкасць вулкана, якi хоць i патух, прыцiх, але ў сваёй патаемнай недаступнай воку глыбiнi назапашваў пакрысе каласальную разбуральную энергiю. Праз тысячагоддзi ён зноў загрымiць, залямантуе пад гэтым зялёным небам. Праўда, тады ўжо не будзе нi Клёна, нi караля Аюса...
На травянiстай макраватай лугавiне ляжалi тры велiзарныя пасечаныя трэшчынамi камянi. Спынiлiся каля iх. Аюс узняў галаву, пачаў узiрацца ў неба. Яр, Iг i Кук неадрыўна глядзелi туды ж. Раптам у самым зенiце з'явiлася чорная кропачка. Спачатку яна была малапрыкметная, марудлiвая, здавалася, мурашка паўзе па зялёным шкле. Але праз некалькi хвiлiн пачуўся ярасны шум крылляў, што iмклiва разразалi, разрывалi, разломвалi паветра, i магутная чарнапёрая птушка лiтаральна ўпала з неба на адзiн з камянёў. Звонка шчоўкнулi доўгiя гнутыя кiпцюры. Агромнiстыя птушыныя крылы рэзка напялiся, як ветразь або як тармазны парашут. Птушка пахiснулася, але ўтрымалася на месцы, толькi яе кiпцюры, падалося Клёну, выбiлi з каменя iскрыну. Вось крылы абмяклi, знерухомелi, i птушка ва ўпор глянула на Аюса, нiбы дзеўбанула вострым смелым позiркам.
"Добра, што прыляцеў, Страб, – нахiлiў лыч да самай травы Аюс. – Мы цябе чакалi з вялiкiм нецярпеннем. Я аб'явiў вайну Пяцiногу – такое зараз iмя Ўльтрамозга, Кладара Таямнiцы".
Чорнае варанёнае пер'е дзiвоснай птушкi пахла халодным верхавым ветрам, цьмяна блiшчэла, i Клён падумаў раптам, што гэта блiшчыць метэарытны пыл, якi асеў на крылле там, у галавакружных нябёсах.