355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леонид Дайнеко » Чалавек з брыльянтавым сэрцам » Текст книги (страница 12)
Чалавек з брыльянтавым сэрцам
  • Текст добавлен: 17 октября 2016, 02:24

Текст книги "Чалавек з брыльянтавым сэрцам"


Автор книги: Леонид Дайнеко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 16 страниц)

Плазмоiды пяцi кланаў (падляцеў i сiнi клан) зноў пагражальна зашыпелi, пачалi ўсё блiжэй падплываць да Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы. Ён iмгненна знiшчыў, сцёр мiраж, прыняў форму зоркi, сказаў урачыстым голасам:

– Ведайце, што я – Бязмежны ў Часе, Несмяротны i Неразбуральны. Што б вы нi рабiлi, што б нi хацелi зрабiць, я буду iснаваць. Энергiя Сiняй Зоркi, якая пульсуе ўва мне, маё астральнае поле могуць скрыўляць Час, бо Час таксама матэрыяльны, могуць прыспешваць або замаруджваць яго. Гэту iстоту, гэту жанчыну з планеты Зямля вы ўжо нiяк не вернеце. Нiяк.

– Я ведаю, як вярнуць яе! – крыкнуў Клён Дубровiч, i вочы ягоныя заблiшчалi.

– Ты? – здзiвiўся Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы. – Яе можна вярнуць толькi мёртвай, вярнуць толькi абалонку.

– Ты вернеш гэту жанчыну жывую, бо замест яе да цябе пайду я.

Наступiла раптоўная цiшыня. Было чутно, як недзе высока-высока пад воблакамi, а можа, i за воблакамi, крычыць страб, было чутно, як грукоча Клёнава сэрца.

"Што ты надумаў, сынок?! Што ты гаворыш?! – Як усплёск маланкi, як пажарная сiрэна, пранiзаў Клёнаву душу роспачны голас-крык мацi, голас Бярозкi Дубровiч – мазгаграма з далёкай Зямлi. – Апамятайся! Спынiся! Мы з бацькам не зможам жыць без цябе!"

Твар Клёна пабялеў, вусны пакутлiва скрывiлiся, ён пацёр далонямi скронi, цiха сказаў:

– Вы ж самi вучылi мяне... Я – зямлянiн. Я – мужчына. Я павiнен абаранiць жанчыну з планеты Зямля. Вы ж самi вучылi мяне.

ЧАЛАВЕК, СЫН ЧАЛАВЕКА

XIII

Усе тэлестанцыi i радыёстанцыi Зямлi, перарваўшы свае перадачы, лiтаральна прастрэлiлi эфiр трывожным сенсацыйным паведамленнем:

"Як толькi што стала вядома, на планеце Вар вернута жыццё пятнаццацiгадоваму падлетку з мегаполiса Менск Клёну Дубровiчу. Гэта той самы падлетак, якога называлi Гарантам Вечнага Мiру. Такiм чынам, закладзены краевугольны камень у падмурак добрасуседскiх мiрных адносiн Старой Цывiлiзацыi i зямлян. Але гадзiну назад Клён Дубровiч, ратуючы жыццё Веры Хрысцiнюк, добраахвотна стаў заложнiкам нейкай нявысветленай iстоты або сiстэмы з пакуль што невядомай нашым астраномам планеты Сiняя Зорка. Клён Дубровiч ахвяраваў сабой. Грамадзяне Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi Вера Хрысцiнюк i Радаслаў Буслейка, якiя на планеце Вар удзельнiчалi ў ажыўленнi Клёна, знаходзяцца ў бяспечным месцы, рыхтуюцца да вяртання на Зямлю. Больш дакладная iнфармацыя маецца ў рэпарцёра Iндаэўрапейскага тэлебачання Навума Масейкiна".

Праз некалькi iмгненняў на тэлевiзiйных экранах усёй планеты, арбiтальных касмiчных станцый, шахцёрскiх пасёлкаў Месяца i Марса з'явiўся Навум Масейкiн. Ён быў разгублены i не паспеў нават як след прычасаць сваю чарнявую кашлатую чупрыну.

– Спадар Масейкiн, – звярнулася да яго маладзенькая сiмпатычная дыктарка, вочкi ў якой аж гарэлi ад цiкаўнасцi, – якiм чынам вы атрымалi iнфармацыю з планеты Вар?

Масейкiн адкашляўся, прыгладзiў рукою валасы i раптам сказаў:

– Цi ёсць у вас тут хоць глыток мiнералкi? У горле перасохла.

Сiмпатычная дыктарка дужа здзiвiлася – ас тэлерэпартажу, стары тэлевiзiйны воўк, i раптам такi "пракол", такая неахайнасць у жывым эфiры. Але адразу ж забулькала мiнеральная вада. Масейкiн зрабiў некалькi прагных доўгiх глыткоў, выцер вусны беласнежнай насоўкай.

– Iдыёцкая смага, быццам толькi што пешшу адолеў пустыню Сахара, сказаў ён. – А iнфармацыю аб апошнiх падзеях на планеце Вар я атрымаў ад маёй сяброўкi Веры Хрысцiнюк.

– Той самай?

– Так, той самай, якая знаходзiцца ў лапах, а можа, у руках цi нават у нагах (разумееце?) страшыдлы па iменi Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы. Гэта несумненна высокаарганiзаваная разумная iстота ў форме пяцiкутнай зоркi, валодае моцным энергетычным полем, мае на сваiм узбраеннi гiпноз i яшчэ сякiя-такiя штучкi.

– Штучкi? – зачаравана перапытала дыктарка. – Цi не можаце вы, спадар Масейкiн, болын папулярна, болып даходлiва растлумачыць нашым тэлегледачам тое, аб чым расказваеце?

– У гасцях у гэтай зорачкi, – усмiхнуўся Навум, – быў не я, а Вера. Я атрымаў ад Хрысцiнюк мазгаграму, з якой вынiкае, што Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы, нейкiм чынам можа ствараць эфект фата – марганы, складанай, надзвычай рэдкай формы мiража.

– Як цiкава, – прашаптала дыктарка.

– Мы жывем у эпоху касмiчнага мыслення чалавецтва, у эпоху, калi стваральная энергiя пакрысе пачынае перамагаць разбуральную, – натхняючыся, зацугляў свайго любiмага конiка – красамоўства – Масейкiн. – Па маiм глыбокiм перакананнi, на планеце Вар наша зямная цывiлiзацыя ўшчыльную сутыкнулася з пакуль што невядомай нам магутнай цывiлiзацыяй. Я кажу не пра плазмоiдаў, не пра СЦ. Я маю на ўвазе так званага Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы. У мазгаграме Веры Хрысцiнюк мяне насцярожылi некалькi не зусiм зразумелых слоў.

– Якiя ж гэта словы? – кальнула яго, як птушачка дзюбай, цiкаўна-вострым позiркам дыктарка.

– Бiяробаты... Рабы... Прыгожыя рабынi...

– Што, на вашу думку, гэта можа азначаць?

– Я не з'яўляюся членам Сусветнай Федэрацыi Астролагаў iмя Настрадамуса, але таксама нашу галаву на плячах i, здаецца, (так, у прыватнасцi, лiчыць мой цесць) недурную, – сказаў Масейкiн. – Думаецца, што ў блiзкай цi далёкай будучынi мы, зямляне, павiнны чакаць экспедыцыю, i не адну, з планеты Сiняя Зорка. Добра, што мы не паддалiся атакам пацыфiстаў i захавалi войска, рэгулярнае войска.

– Няўжо памiж канфедэрацыямi можа ўспыхнуць вайна? – аж прыўзнялася са свайго цёмна-вiшнёвага крэсла дыктарка.

Навум Масейкiн зiрнуў на яе, як на першакласнiцу.

– Войска спатрэбiцца нам, каб адбiць напад з Космасу, – растлумачыў ён. – На жаль, спадарыня вядучая, ВЭП канчаткова ўсталявалася толькi ў нашым не дужа аб'ёмiстым рэгiёне Сусвету. Ёсць яшчэ, як напiсалi б раней, касмiчныя каланiзатары, якiя, пакуль мы з вамi тут сядзiм, пакуюць ужо недзе ў грузавыя ракетапланы люстэркi, завушнiцы, званочкi, бразготкi i iншую драбязу.

– Навошта? – не зразумела дыктарка.

– Ды дзеля таго, каб за ўвесь гэты блiскучы i траскучы друз адцяць у нас палову планеты, а то i ўсю яе матухну разам з намi ў дадатак. Яны ж лiчаць нас за папуасаў.

Дыктарка засмяялася.

– А вы, аказваецца, песiмiст.

– Любачка ты мая, – прыклаў рукi да грудзей, прыкiнуўся местачковым блазнам Масейкiн, – калi я быў пяцiгадовым шпiнгалетам, я быў такi вясёлы, радасны, усмешлiвы, што мая бабка Фаiна гаварыла маiм бацькам: "Ну й аптымiст ён у вас, хоць ты мухам яго скармi". Вось так. Мы, людзi, людзi-чалавекi, павiнны быць (я ў гэтым глыбока перакананы) разумнымi песiмiстамi. Свой пiк, сваю вяршыню мы ўжо ўзялi, i, хочам мы гэтага, цi не хочам, неабходна думаць аб тым, як без сiнякоў, без драпiн асцярожна спусцiцца ўнiз на альпiйскiя лугi жыццёвых рэалiй.

– Ды вы паэт! – няшчыра ўсклiкнула дыктарка, бо ў яе планы зусiм не ўваходзiў тэледыспут на фiласофскую тэму.

– Як вы думаеце, – перавяла яна гаворку ў патрэбнае рэчышча, – што можа пагражаць у гэтыя хвiлiны Веры Хрысцiнюк, Буслейку i Дубровiчу на планеце Вар? Асаблiва Клёну Дубровiчу?

Навум Масейкiн уздыхнуў.

– Я добра знаёмы з сям'ёй Дубровiчаў. Клён – цудоўны малады чалавек, разумнiк, сур'ёзна цiкавiцца гiсторыяй планеты, фiласофiяй. Учора я амаль паўдня глядзеў на яго фатаграфiю. Вы ж, напэўна, ведаеце, што калi чалавек памрэ, памрэ сваёй смерцю, ягонае фота адразу, што называецца, тухне, трацiць кантраснасць, бляск. Гэта дзейнiчае нядаўна адкрыты эфект доктара Каласкоўскага. Калi ж чалавека забiваюць, фота павольна тухне на працягу некалькiх дзён. Спяшу супакоiць паважаных тэлегледачоў: фатаграфiя Клёна Дубровiча, як я нi ўзiраўся ў яе, абсалютна не змянiлася, а з гэтага вынiкае, што наш адважны хлопчык жывы.

– Брава! – пляснула ў ладкi дыктарка. – Мы будзем чакаць яго ўсёй планетай! I яшчэ я хачу паведамiць усiм шаноўным тэлегледачам i вам, спадар Масейкiн, што мы, маладыя журналiсты Iндаэўрапейскага тэлебачання, паслалi на адрас Надзвычайнага З'езда Ўсiх Зямных Канфедэрацый тэлеграму, у якой прапануем прысвоiць Клёну Дубровiчу за ягоны гераiчны высакародны ўчынак званне Чалавека з брыльянтавым сэрцам, вышэйшае ганаровае званне планеты Зямля.

Тут ужо Навум Масейкiн даў волю радаоным эмоцыям, але амаль адразу ж астудзiў сябе.

– Дык жа Клёну яшчэ няма шаснаццацi, – сказаў ён.

– Ну й што? – упэўнена парыравала дыктарка. – Нас падтрымала Лiга Акселератаў.

– Хiба ўжо ёсць i такая? – здзiвiўся Масейкiн.

– Ёсць. I яна настойвае, каб нават дванаццацiгадовыя жыхары планеты Зямля карысталiся абсалютна ўсiмi грамадзянскiмi правамi. Iхнi iнтэлект нiчым не саступае iнтэлекту шаснаццацiгадовых. Цi я кажу няпраўду?

Навум Масейкiн дыпламатычна пацiснуў плячыма.

Усе наступныя днi ў шмат якiх гарадах планеты адбывалiся шэсцi, стыхiйныя мiтынгi. Людзi неслi транспаранты: "Выратуем Клёна Дубровiча!", "Выратуем сына Планеты!", "СЦ, ты з намi цi з Сiняй Зоркай?!", "Касмiчныя войны – у чорную дзiрку!". Асаблiва бурны мiтынг адбыўся ў Менску, родным горадзе Клёна. Сотнi тысяч людзей затапiлi вулiцы, плошчы. На вулiцы Заслаўскай каля двухпавярховага катэджа сям'i Дубровiчаў моладзь арганiзавла збор подпiсаў пад прапановай прысвоiць iхняму земляку званне Чалавека з брыльянтавым сэрцам. У гэты час на балкон выйшаў Гай Дубровiч, якога сустрэлi авацыяй. Гай узняў руку, просячы цiшынi, i калi ўсталявалася крохкая цiшыня, сказаў разгубленым голасам:

– Няўжо гэта так важна?

– Важна! – закрычалi юнакi i дзяўчаты. – Важна! Ваш сын павiнен стаць першым беларусам, якi атрымае высокае званне.

– Брыльянтавае сэрца, – горка ўсмiхнуўся Гай. – А жывое сынава сэрца хто мне верне яго?

Крыклiвы i гаварлiвы натоўп зацiх. Бацькоўская пакута чорнымi ценямi ляжала на твары ў гiсторыка, i нiхто не хацеў бесцырымоннай шумнай весялосцю пакрыўдзiць яго. Нават калi адзiн чалавек сумуе, павiнна хоць нейкае iмгненне сумаваць уся Зямля. Так павялося памiж людзей ВЭП. На вышынным саракапавярховым будынку Крэдытнага Банка, якi ўвiнчваўся ў неба на вулiцы Заслаўскай непадалёк ад катэджа Дубровiчаў, нехта павесiў вялiкi каляровы партрэт Клёна. Вецер шкуматаў, iрваў палатняны прамавугольнiк. Клёнаў твар то напалову знiкаў, то кiсла моршчыўся, то браўся рухомымi, рознага памеру пухiрамi. Гай глядзеў на сынаў партрэт, i дзiўныя пачуццi вiравалi ў душы. Ён шкадаваў сына i ў той жа час (можа, нават падсвядома) быў злы на яго куды палез, што за рыцарства стукнула ў маладую, яшчэ дурнаватую галаву? Памяццю ж гiсторыка ён (зноў падсвядома) пераносiўся ў далёкую-далёкую мiнуўшчыну, у Канстанцiнопаль, якi ўзялi ў аблогу i хацелi штурмаваць орды сельджукаў. Тады духавенства i абаронцы горада вынеслi на сцены велiзарныя выявы Хрыста i Багамацеры, намаляваныя на палатне. Вецер адразу ж заварушыў iх, распальваючы ярасны агонь фарбаў. "Багi на сцены выйшлi!" – закрычалi да смерцi спалоханыя язычнiкi, пападалi на каленi i ўцяклi, пабеглi ў свае стэпы i пустынi.

– Адзiны, цябе клiчуць да тэлефона, – сказала Бярозка, якая гэтымi журботнымi днямi насiла чорную сукенку, нiкуды не выходзiла i адчувала цiхую нянавiсць да ўсiх шумных натоўпаў – там сын у лапах невядомай пачвары, а яны вiшчаць, гарлапаняць, патрабуюць даць сыну найвышэйшую ўзнагароду планеты. Ды рассыпся прахам гэтая ўзнагарода – абы сын быў жывы i здаровы, быў побач.

Гай узяў тэлефонную трубку. Пакрысе ён пачаў баяцца тэлефонных размоў. Чалавечы голас, асаблiва незнаёмы голас, мог прынесцi нечаканы боль, жахлiвую вестку пра Клёна. Ён браў трубку, i было адчуванне, быццам яго праз некалькi хвiлiн кiнуць у кiпецень.

– Спадар Гай Дубровiч, – рашуча сказала трубка, – вам тэлефануе маёр рэспублiканскай гвардыi Хвалiбог. Якi ў вас крывяны цiск i што вы бачылi ў апошнiм сне?

"Ну й людзi! Божа, – аж застагнаў у думках Гай, – ведаюць, што нелады з сынам, i цiкавяцца, цi добрае самаадчуванне ў ягонага бацькi. Пракляты этыкет! Ды лепей бы мяне абклалi трохпавярховым матам". Але давялося, як i належыць чалавеку ВЭП, пачцiва адказваць на пытанне.

– Нядаўна ўбачыў на тэлеэкране выступленне Навума Масейкiна i тэлефаную вам, – напорыста казаў невядомы Гаю маёр. – Атрад касмадэсантнiкаў колькасцю ў пяцьсот чалавек рыхтуецца да высадкi на планеце Вар. Мне аказаны гонар быць камандзiрам гэтага атрада. Я – чалавек дзеяння. Гэта не прымiтыўная самарэклама, а жыццёвы факт. Клянуся вам, спадар Дубровiч, што ваш сын здаровы i непашкоджаны вернецца на Зямлю. Жывуць Сонца i Кiсларод!

На тым канцы запiкалi кароткiя гудкi. "Лаканiчны чалавек. Добры чалавек", – падумаў Гай.

А праз нейкую гадзiну пазванiў Метэор i па старой дружбе запрасiў у Дом Пераўтварэнняў.

– Для вас у мяне маецца навiнка, – сказаў доктар.

Гай адразу ж згадзiўся, бо трэба было ратавацца ад неадчэпнай трывогi, якая магла скончыцца дэпрэсiяй.

На пятнаццатым паверсе Дома Пераўтварэнняў робаты ўвялi яго ў маленькi круглы пакой, пасадзiлi ў крэсла-вяртушку. Доктар Метэор, як заўсёды, з'явiўся на экране. Гэта было ўжо звычна, як узыход Сонца.

– Вiтаю вас, глыбокашаноўны спадар Дубровiч, i прыношу свае шчырыя спачуваннi, – мякка i журботна сказаў доктар Метэор. – Я, як i ўсе зямляне, упэўнены, што ваш сын неўзабаве прыляцiць дадому i ўсе мы, вашы i ягоныя сябры, зможам абняць Клёна. Дзякуй вам i спадарынi Бярозцы, што выгадавалi патрыёта Зямлi. Я ведаю – вам цяжка. I каб скiнуць гэты цяжар, прапаную паўдзельнiчаць у абсалютна новым цыкле пераўтварэнняў.

– Я згодны, – адразу кiўнуў галавой Гай.

– Але вы яшчэ не ведаеце, аб чым iдзе размова. Паўтараю – гэта зусiм новы, нi на кiм з добраахвотнiкаў не апрабаваны цыкл, i могуць адбыцца нечаканасцi, збоi ў сюжэце пераўтварэння. Вам, калi казаць высакамоўным стылем, прапануецца роля Калумба.

– Нiколi не хварэў калумбiнiзмам, – зморшчыўся Гай, – але згодны ўдзельнiчаць у пераўтварэннi. Давайце пачынаць.

Далей усё пайшло па звыклым сцэнарыi. Маўклiвыя робаты (дарэчы, iм строга забаронена размаўляць з людзьмi, за парушэнне – кавальскi прэс) панеслi Дуброзiча па вузкiм чорным калiдоры, потым пасадзiлi ў цэнтрыфугу. Ажыла страла цэнтрыфугi, цемра падступiла да вачэй.

...Ён ляжаў у маладым густым ельнiку i пiльна, не адводзячы вачэй, сачыў за тым, што дзеецца на дарозе. Гэтая дарога, слаба раз'езджаная i слаба растаптаная, ужо амаль зарослая травой, выбягала з-за ўзгорка, спускалася ў балоцiстую лагчыну, чаплялася за ўскраек лесу, дзе ён хаваўся, i знiкала ў шырокiм полi. За ўзгоркам была ягоная весь, ягоная беласценная хатка з чаратовай калючай страхой. Была, калi яе дагэтуль не спалiлi обры або не разламалi на бiлы i аглоблi для сваiх вялiзных скрыпучых арбаў. Ён ляжаў, затаiўшыся, нiбы звер, у нiзкарослым ельнiку, якi толькi што зацвiў ярка-жоўтымi, мяккiмi, вельмi прыгожымi шышачкамi. Ён чакаў.

У яго была як бы падвойная, напластаваная адной палавiнай на другую, свядомасць. Ён разумеў, што ён Гай Дубровiч, гiсторык, што ў яго ёсць любiмая жонка Бярозка i любiмы сын Клён, што ён жыве ў горадзе Менску i што зараз на вулiцы 223 год Вялiкай Эры Плюралiзму. I ў той жа час востра, да звону ў скронях, ён адчуваў сябе маладым дваццацiдвухгадовым воем Карпуком са славянскага племенi дулебаў. У яго быў бацька Красамiр, мацi Няжыла, пяцёра братоў, усе маладзейшыя, i зеленавокая меднавалосая каханка Трыснята. Ён, Карпук, умеў з самага маленства араць зямлю, засяваць узараную нiву, касiць, пiлаваць i калоць дровы, рабiць цэглу, гнуць палазы, дугi, выразаць з мяккага дрэва вёдры, лыжкi, зубы для грабляў, лавiць рыбу, абкурваць горкiм дымам дзiкiх пчол i забiраць iхнi мёд, бiць камень, гнаць смалу, драць лыка. Яшчэ ён умеў лавiць у сiлкi птушак i падрабляць птушыныя галасы, гартаваць у чорнай кузнi меч, iграць на жалейцы, спыняць кроў, калi яна хвошча са свежай раны, малiцца Сварогу i Перуну, цалаваць дзяўчат i асаблiва Трысняту. Ён шмат што ўмеў, бо быў, як здагадваўся сам, братам Ветру i Грому, Ваўку i Вужу. Iхняя весь мясцiлася на высокай надрэчнай выспе, абгароджанай шчыльным дубовым частаколлем. Вясною амаль да самых хат падступала, падыходзiла рака, плылi крыгi, карчы, жмуты бурай саломы. Потым падсыхала зямля, цямнелi, налiвалiся гневам воблакi, ярасна глядзела з нябёсаў слiпучае сонца – пачынаўся Час Навальнiц. На зыходзе асаблiва спякотнага дня рабiлася душна i глуха, замiралi трава i лiстота, з разяўленых пашчаў выкiдвалi чырвоныя доўгiя языкi сабакi, ластаўкi трывожна ляпiлiся да самай-самай зямлi. I вось бухаў гром, расколваючы суровае чорнае неба. Маланка залiвала жоўтым святлом зямныя i нябесныя абшары.

– Пярун – крычаў Карпукоў бацька Красамiр, з непакрытай галавой становячыся пад лютым дажджом на каленi, працягваючы да чырвона-пепельных воблакаў жылаватыя загарэлыя рукi. – Пярун! Божа! Дзякуй, што ты да нас прыйшоў!

Усе дулебы радасна падалi на каленi. I паперадзе ўсiх на мокрай гарачай зямлi стаяла зеленавокая, меднавалосая прыгажуня Трыснята.

– Пярун! – крычала яна. – Божа! Дзякуй, што ты зноў да нас прыйшоў!

Гром падаў з неба – трах! – i разляталася на кавалкi верхавiна якога-небудзь занадта прыкметнага, дагэтуль буйна-жывога моцнага дрэва. Ад грамападнага ляскотнага ўдару заложвала ўвушшу.

– Дзякуй! – крычалi дулебы.

Адкуль жа, з якога боку, укусiла iх усiх, як гадзюка, бяда? Што было прычынай бяды? Ён, Карпук, баючыся самога сябе, сваiх думак, лiчыў, што зямныя няшчасцi прыйшлi да дулебаў пасля таго рання, калi яны падпiльнавалi i забiлi сям'ю лясных людзей, сям'ю волатаў: мужчыну, жанчыну i дзiця. "Спасу няма ад iх", – амаль сонцаварот перад тым крывавым раннем казалi дулебы пра волатаў, пра дзiкiх лясных людзей велiзарнага росту, якiх на свае вочы ды яшчэ ўдзень нiхто нiколi не бачыў, ад якiх заставалiся толькi сляды на лясных палянах, на берагах чарнаводных лясных азёр. У такi велiзарны след цалкам магло ўмяшчацца гадавалае дзiця. Волаты, калi казаць праўду, нiякай шкоды дулебам не чынiлi. Болын таго, хавалiся ад iх, старалiся быць непрыкметнымi i выходзiлi са свайго логавiшча толькi глыбокай цёмнай ноччу. Яны баялiся не толькi дня, сонца, яны баялiся яркага месяца. Але дулебаў раздражняў на сваiх землях, у сваiх лясах "чужы дух". "Дзiкiя людзi палохаюць звера, птушку, i мы прыносiм у весь усё меней мяса", – плюючыся, сцiскалi кулакi маладыя паляўнiчыя. "Ад iх вяне трава на палянах i ўздоўж ручаёў", – скардзiлiся старыя сiвавалосыя зялейнiцы. Волатам быў вынесены прысуд. "Смерць", – сказала племя. I гэта, як пачынае цяпер здагадвацца Карпук, наблiзiла няшчасцi самiх дулебаў. На волатаў пачалося шматдзённае паляванне. Нават уначы каля непрыкметных крынiц i глухiх лясных азёр сядзелi ў засадзе маладыя воi. Смага павiнна была выгнаць волатаў з патаемнага логвiшча. Але, пэўна, яны мелi свой, схаваны ад старонняга вока калодзеж.

Лясных людзей злавiлi выпадкова. I прычынцам гэтаму быў ён, Карпук. У той дзень ён пайшоў правяраць венцеры, якiя ставiў на ўюноў. Ён борзда крочыў па цёмна-зялёнай халоднай траве i думаў пра Трысняту. Медныя валасы бачылiся ў яркiх сонечных блiскаўках, што былi густа рассыпаны ўсюды: на ствалах дрэў, на мурашнiках, на кветках. Лёгка дыхалася, хацелася спяваць. Каля тоўстага, нiбы дзежка, дуба, якi стаяў мiж густога арэшнiку, Карпук прыпынiўся. У дуба маланкаю была ссечана верхавiна, абсмалена кара, звiлiстыя, як вужакi, трэшчыны беглi зверху ўнiз, пераходзячы ў аб'ёмiстае дупло. I вось з глыбiнi гэтага дупла, з таямнiчай трывожнай чарнаты на iмгненне ўспыхнуў цi то агеньчык, цi то сонечны зайчык i адразу ж патух. Кароткая ўспышка – i зноў цемра. Карпук адламаў арэхавы пруток, сашмаргнуў з яго лiсце i, падышоўшы да дуба, рэзка торкнуў прутком у дупло. Яму чамусьцi падумалася, што адтуль выскачыць собаль або кунiца. Але пачуўся захлiпiсты ўскрык, стогн. Голас быў не звярыны. Карпук здагадаўся, чый гэта голас. Як ветрам адкiнула яго ад дуба. Крышачы арэшнiк, ён iрвануўся далей ад згубнага праклятага месца. Некалькi разоў ён падаў потырч носам на слiзкай траве.

– Куды бяжыш? – весела спынiлi яго. Аказваецца, з косамi на плячах непадалёку iшлi касцы, пяць-шэсць чалавек.

– Там... У дупле... – задыхаючыся прахрыпеў Карпук.

Навошта ён сказаў тады гэтыя словы?

Пераглянуўшыся, касцы натоўпам пабеглi да дуба, i Карпук следам за iмi. З дупла, зацiскаючы рукой левае вока, нязграбна вылазiла нейкая iстота белыя, як лён, доўгiя валасы, звярыная касматая шкура на пукатых плячах, вялiзныя ногi абуты не ў боты, не ў лапцi, а шчыльна абматаны шырокiмi палосамi свежай лiповай кары. Iстота скокнула на зямлю, прысела, а калi выпрасталася на ўвесь рост, аказалася вышэйшай разы ў два за самага высокага дулеба. "Я выбiў гэтаму волату вока", – халадзеючы здагадаўся Карпук. Душу спальвала вiна. Ён адступiў убок ад гаманлiвага вясёлага натоўпу супляменнiкаў.

– Малога знайшлi! – узбуджана крычалi дулебы. – Трэба шукаць мацi i бацьку!

"Малы" ўзвышаўся над iмi, як баравое дрэва над падлескам. Але i сапраўды гэта быў малалетак – дзiця васьмi – дзесяцi гадоў, не болын. Ён стаяў i плакаў ад болю i страху.

– Бач ты, яшчэ плача, – здзiвiлiся дулебы.

Карпук раптоўна зразумеў, што ненавiдзiць лютай нянавiсцю i сябе i сваiх аднавяскоўцаў. Хiба можна стаяць i насмiхацца над пакутай дзiцяцi? Гэта ж не ваўчанё, гэта чалавечы сын, хоць i непадобны на цябе тварам i паставай. Дый ваўчанё трэба шкадаваць, не ламаць хрыбетнiк.

– А як жа знойдзем мацi ягоную i бацьку? – разважалi тым часам дулебы. – Жыўцом недзе палезлi, зашылiся ў зямлю, i хоць перавярнi ўверх карэннем увесь лес, не знойдзеш.

У малога волата зноў пырснулi слёзы, як бярозавiк з-пад сякеры.

– Я ведаю, – сказаў, жорстка ўсмiхнуўшыся, Чацвяртак, худы, вечна зялёны ад гэтай сваёй худобы, хоць еў, як жартавалi, за чацвярых. Прывязвайце лесавiка вунь да той бярозы.

Малога прывязалi сырамятнымi рамянямi. Чацвяртак падышоў да яго, пагладзiў, паляпаў, устаўшы на дыбачкi, па плячы i раптам кальнуў вострым, як джала, кончыкам касы ў бок. Лёгенька, як бы шкадуючы, кальнуў. Белавалосы волат ускрыкнуў.

– Крычы. Грамчэй крычы, – аднымi вуснамi ўсмiхнуўся Чацвяртак.

I зноў пачаў калоць. Каса зачырванела ад крывi. Волат заенчыў на ўвесь лес.

"Была б тут Трыснята", – падумаў Карпук, адводзячы позiрк, сцiскаючы зубы. Яму нясцерпна хацелася схапiць Чацвяртака загрудкi, вырваць у яго з рук касу i паламаць кассё на ягоных плячах. Ён глуха застагнаў, а потым заплюшчыў вочы...

("Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн! Спадар Гай Дубровiч! уварваўся ў навушнiкi гермашлема рашучы голас аднаго з асiстэнтаў доктара Метэора. – Праз дзевяць хвiлiн пяцьдзесят дзевяць секунд выходзiм на плюсавое пераўтварэнне! Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн!")

– Выйшлi, – раптам уражана прашаптаў натоўп, i ўсе, акрамя Чацвертака, што калоў i калоў юнага волата, адступiлi ад бярозы.

Пэўна, дзяды дзядоў не бачылi такога. З-за вывараценя вельмi старой, абрушанай на зямлю елкi, з-за бледна-жоўтых растапыраных ва ўсе бакi, як лапы падземнага страшыдлы, каранёў выйшлi двое – Ён i Яна. Беласкурыя волаты. Людзi з блакiтнымi вачамi. У яго валасы белыя, светла-льняныя, як у сына; у яе – каштанавыя з рыжыной i доўгiя, аж да пят. Волат i валацiха былi голыя па пояс, прычым цыцкi ў жанчыны (дулебы не паверылi сваiм вачам) былi завязаны за спiною, каб не перашкаджалi пры хадзьбе. Лясныя людзi выйшлi з дзiкiх нетраў, вядома ж, на крык свайго сына i твар у твар сутыкнулiся з дулебамi. У жанчыны спалохана запалымнелi шчокi. Яна была на галаву нiжэй за мужа i адразу ж схавалася за ягоную спiну. Але крычаў, екатаў ад болю яе сын, якога катаваў Чацвяртак, што адзiны з усiх не заўважыў з'яўлення волатаў, i валацiха, глуха ўскрыкнуўшы, нават, падалося, па-птушынаму прысвiснуўшы, кiнулася ўперад, схапiла Чацвертака за шыю, павалiла яго на зямлю. Лязом касы ёй распарола левую руку. Ярка-чырвоная кроў ("лясная кроў", – падумалi дулебы) густа хлынула на белыя кветкi сунiц.

– Мз-з-зу-у-ур! – закрычаў волат-малалетак, убачыўшы мацi i бацьку.

Нiколi не чулi дулебы такога слова.

– Мз-з-зу-у-ур! – зноў закрычаў скрываўлены сын непраходных лясоў.

I тады ягоная мацi, адкiнуўшы ўбок, як палена, Чацвертака, рынулася да дзiцяцi, упала перад iм на каленi i ўсё роўна была ўпоравень з дулебамi. Шмаргануўшы з-за спiны свае доўгiя-доўгiя валасы, яна пачала выцiраць iмi кроў з сынавага цела. Яна, здаецца, была гатова зняць, садраць уласную скуру, каб ахiнуць яго, прыкрыць ад бяды свайго сына.

("Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн! Што з вамi?!"

"Мне падалося, што гэта мой сын, мой Клён..."

"Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн! Спадар Гай Дубровiч!

Адбываецца невялiчкi збой у сюжэце пераўтварэння, але зараз мы гэта ўладзiм, зараз уладзiм... вось так! Праз сем хвiлiн нуль чатыры секунды выходзiм на плюсавае пераўтварэнне!")

Волатаў забiлi, усiх траiх, спалiлi на жоглiшчы i попел пусцiлi з ветрам. Дулебы, праўда, мулiлiся, нiхто не хацеў першы ўзнiмаць руку на лясных людзей, але Чацвяртак, якога адштурхнула валацiха i якi добра мякнуўся аб цвёрдыя дубовыя каранi, прутка ўскочыў на ногi i з ўсяго маху шахнуў ёй касой проста па шыi.

Забiлi з-за таго, што непадобныя, нязвычныя, не такiя, як яны. З-за таго, што болыныя ростам i сiлай. Напэўна, з-за таго, што разумнейшыя, дабрэйшыя.

Той ноччу ў Чырвонай Пушчы доўга выў воўк, лётала пад месяцам, перакрываючы яго велiзарнымi чорнымi крыллямi, маўклiвая сава, а на кургане, там, дзе спрадвеку хаваюць у гаршках попел памерлых, спаленых на агнi дулебаў, лопнула зямля, адчынiлася шырокая дзiркарана i з яе выкацiлася роўна трыццаць тры гаршкi.

...Карпук ляжаў у ельнiчку, цiснуўся да травы. Зялёная лясная муха дзумкала каля шчакi, нават некалькi разоў пякуча садзiлася на спiну, на тонкую льняную кашулю, але муху нельга было нi адагнаць, махнуўшы рукой (выдасi самога сябе), нi тым болей забiць, бо яна, як зразумеў, здагадаўся Карпук, прыляцела з кургана, дзе ляжыць у гаршках прысак продкаў, з той дзiркi. Муха звязвала Гэты свет i Той i, вядома ж, невыпадкова прыляцела.

"Едзе. Зноў едзе", – як страла з тупым наканечнiкам, ударыла ў глыбiню душы, у сэрца думка. – Хоць у смалу ўскоч, але давядзецца яшчэ раз убачыць такое".

З узгорка, за якiм калiсьцi стаяла Карпукова весь, з'язджала вялiзная шырокая арба-двухколка. З'язджала, весела пазвоньваючы, бо да яе былi густа напрывязаны маленькiя медныя i срэбныя званочкi. Здавалася, цiўкае мноства лясных i лугавых птушачак. На арбе, на капе свежай толькi што скошанай травы, з якой ва ўсе бакi тырчалi галоўкi прыгожых яркiх кветак, напаўсядзеў, напаўляжаў, важна трымаючы ў руках лейцы i хвосткi бiзун, Насаты. Ён быў голы па пояс; тлустыя смуглыя грудзi, што зараслi чорным калючым воласам, уздрыгвалi, калi колы арбы траплялi на выбоiну. Сёння Насаты апрануў ярка-чырвоныя шаўковыя шаравары, падперазаныя залатым махрыстым рушнiком. За рушнiк ён уваткнуў тры кiнжалы з багатымi, у зiхоткiх камянях, ручкамi. Побач, каля правай рукi, ляжалi лук i тул, напоўнены стрэламi.

Насатым Карпук называў правадыра обраў, здаравiлу-мужчыну гадоў сарака з гладка паголенай блiскучай галавой i вялiзным, як глюга ў птушкi, носам. Пэўна, ён быў князем гэтага жорсткага незразумелага народа. Як зграя ваўкоў, як хмара саранчы, накiнулiся, напалi яны сонцаварот назад на мiрныя весi дулебаў, у якiх было ўсяго дзесяць – пятнаццаць беласценных хатак. Племянную дружыну разбiлi, стапталi ў першай жа сечы. Дулебскага князя Вастрагляда ўзялi параненага ў палон, завялi на курган, дзе ляжаць у гаршках спаленыя косцi мёртвых, там з жывога лупiлi скуру. Густа пасалiлi шэрай соллю i, смеючыся, кiнулi канаць пад чорным роем мух на летнiм сонцапале. Усiх дулебаў мужчынскага полу, хто не быў забiты, або не схаваўся, як Карпук, звязалi вяроўкамi, сплеценымi з цвёрдага конскага воласу, паставiлi на каленi, аблiлi з даўгагорлых гладышоў нейкай чорнай смярдзючай вадкасцю i падпалiлi. Ад паўдня да самага вечара гарэла жахлiвае вогнiшча, тлустая чорная сажа лётала ў наваколлi.

Разграмiўшы, знiшчыўшы дулебаў, обры падзялiлi мiж сабою iхнiх жанчын. Просты воiн атрымаў па дзве галавы ў сваё валоданне. Насаты ж узяў сабе роўна дзесяць, прытым самых маладых i самых прыгожых.

Цяжка, моташна Карпуку ўзнiмаць позiрк, глядзець на тое, што адбываецца. Ды трэба глядзець, трэба запамiнаць. Трэба ўбачыць, што не конi i не валы запрэжаны ў арбу, на якой, важна развалiўшыся, едзе ў госцi да свайго суседа Насаты. "Людажэр", – з нянавiсцю шаптаў пра яго Карпук. Але што гэтыя словы Насатаму, што яму нейкi недабiты дулеб, якi, як зямлярыйны чарвяк, хаваецца ў ельнiку, не можа на сваёй зямлi, на зямлi сваiх дзядоў-прадзедаў устаць на поўны рост? Сёння ва ўсiм наваколлi адзiны бог, адзiны пан, адзiны ўсемагутны ўладар – Насаты. У яго вельмi шмат золата, зброi, авечак, рознакаляровых шатроў, коней. Але навошта яму конi, калi ў госцi да такога ж, як ён, багатага суседа-обра вязуць яго дзесяць маладых, дзесяць надзвычай прыгожых дзяўчат. Прычым усе яны – голыя, голенькiя як мацi нарадзiла.

"У гэтага мярзотнага племенi рабоў дужа белая скура, – лянiва думаў Насаты, закалыханы роўнай дарогай, свежым ветрыкам i цёплым сонцам. – Пэўна, яны нiколi не бачылi сапраўднага лета, калi закiпвае ад гарачынi вада ў стэпавых рэчках i азёрах. Адсутнасць сонца зрабiла iх палахлiвымi, нiхто з iх не можа зiрнуць проста ў вочы обру – адводзяць убок вочы, нiбы сабакi".

– Тпру-у-у, – сказаў Насаты.

Арба спынiлася. Маладзенькiя дулебкi з распушчанымi валасамi, з шырокiмi скуранымi лямкамi на плячах, стаялi, апусцiўшы ў дарожны пясок вочы, закусiўшы губы. Твары ва ўсiх былi белыя, бяскроўныя.

Насаты злез на зямлю, спусцiў з ляжак шаравары, смачна памачыўся ў пыльную траву, падышоў да адной з дзяўчат, уладна сказаў:

– Твая чарга. Пагляджу, якая ты гарачая. Кладзiся.

Дулебка спалохана войкнула, прыкрыла вочы рукамi. Слёзы пакацiлiся па шчоках.

– Доўга я буду чакаць?!

Насаты бiзуном шлёгнуў яе па спiне. Потым, спатолiўшы свой ненасытны юр самца, усеўся на арбу, шкуматнуўшы вожкi, павольна паехаў далей.

("Чаму ты ўвасобiў мяне ў гэтага палахлiўца Карпука?! – закрычаў Гай Дубровiч доктару Метэору. – Я не жадаю быць размазнёй! Я не жада..."

"Нервы, удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн. Нервы, – спакойна перарваў яго асiстэнт Метэора. – Стрымлiвайце сябе, бо можа адбыцца непрадбачаны збой у сюжэце эксперымента".

"Я хачу, каб як найхутчэй адбыўся гэты пракляты збой!" – зноў закрычаў Гай, але...)

Карпук пальцамi рук i ног упiваўся ў падатлiвую лясную зямлю, калацiўся ад гневу i нянавiсцi. "Я павiнен забiць Насатага, – шалеючы ад аднаго толькi позiрку на пыхлiвага самаздаволенага обра, думаў ён. – Я павiнен сцерцi яго ў пыл. Ягоны струк, якiм ён пластаваў нашых дзяўчат, я кiну ў жорны i буду круцiць iх усю ноч. Вялес i Пярун, багi залатыя, дапамажыце мне".


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю