Текст книги "Чалавек з брыльянтавым сэрцам"
Автор книги: Леонид Дайнеко
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 16 страниц)
– Мы абаранiлi сваё балота, – цiха сказаў Вiнг i апусцiўся на каленi, бо не мог трымацца на нагах. Шмат ранаў на сваiм доўгiм вяку атрымаў Вiнг, але сённяшнiя былi смяртэльныя. Ён гэта ведаў i таму, памаўчаўшы, пачаў гаварыць:
– Усяго трое засталося вас. Ты, Рохк, i ты, Бурк, i ты, Фырк, усе разам, як толькi я назаўсёды закрыю вочы, хутчэй iдзiце адсюль. За чаратамi ёсць сухая зямля. Iдзiце туды i там убачыце блiскучы белы пясок. Ён лечыць раны. Гыра i ваўкоў болып няма. Вам iх не трэба баяцца. Бойцеся Жалезных Людзей. Дзе нi ўбачыце, уцякайце, хавайцеся ў балоце.
Вiнг адчуў, што памiрае, i загаварыў хутчэй:
– Даўным-даўно, калi ўсiм навокал яшчэ валодалi Каменныя Нажы, адзiн з дзiкоў, Чвак, паверыў Каменным Нажам. З балота, са свайго сховiшча ён пайшоў да iх, жыў побач з iмi. Каменныя Нажы былi хiтрыя. Яны давалi Чваку самую смачную траву, калi ён ляжаў, наеўшыся, яны часалi яму жывот. А потым забiлi Чвака. Каменных Нажоў ужо няма. Iх, як калiсьцi яны Чвака, знiшчылi Жалезныя Людзi. Паслухайце ж мяне, старога Вiнга. Нiколi не выходзьце з балота. Жывiце i памiрайце тут. А зараз падыдзiце да мяне. Як нашы прадзеды, дакранемся на развiтанне адзiн да аднаго лычамi.
Яны дакранулiся да Вiнга лычамi i пайшлi праз чараты да сухой зямлi. Не азiраючыся, яны чулi, як гаворыць Вiнг:
– Вазьмi мяне, Вялiкае Балота. Хачу вярнуцца ў зялёныя лугi, да бацькi майго, да дзеда майго.
За чаратамi яны ўбачылi сухую зямлю i на ёй блiскучы белы пясок. Яны павалiлiся ў гэты пясок i пачалi качацца па iм. Фырку, нiбы агнём, апякала рану на спiне. Ён вiшчаў, курчыўся ад болю, але яшчэ мацней уцiскаўся ў пясок, блiскучы, белы i салёны.
Раны зажылi хутка. I зноў пачалося звычнае жыццё. Толькi цяпер дзiкоў было ўсяго трое, i яны зрабiлiся яшчэ больш асцярожнымi. Шукаць ежу выходзiлi ноччу, а днём вылежвалiся ў чаратах. Фырк прыслухоўваўся да наваколля, i трывога сцiскала сэрца. Сваiм вострым слыхам ён лавiў нейкiя незразумелыя гукi. Гукi гэтыя з кожным днём усё наблiжалiся, ахоплiвалi чараты з усiх бакоў.
– Сюды iдуць Жалезныя Людзi, – разгублена сказаў Рохк, якi пасля гiбелi Вiнга быў у iх за важака. – Жалезныя Людзi iдуць i ўдзень, i ўначы таму, што не ведаюць.што такое сон. Хутка яны прыйдуць сюды.
Дзiкi паглядзелi на чорна-зялёнае неба, на чырвоныя i аранжавыя зоркi, i iм захацелася, каб iхнiя чараты перанеслiся раптам на неба, туды, дзе няма Жалезных Людзей. Але неба – радзiма птушак, а дзiк спрадвеку можа жыць толькi ў балоце. I яны шчыльней уплiшчылiся ў цёмную ваду i затаiлi дыханне.
I вось да чаратоў, да схованкi дабралiся Жалезныя Людзi. Страшна было глядзець на iх. Яны былi зроблены з блiскучага металу, што сляпiў вочы. Рукi i ногi доўгiя, прымацаваныя да тулава меднымi спружынамi. На грудзях у Жалезных Людзей, як злыя чырвоныя агеньчыкi, гарэлi электрычныя лiхтарыкi. Часам гэтыя лiхтарыкi пачыналi тухнуць, ледзьве свяцiлiся, i тады Жалезныя Людзi спынялiся, бралi нешта з металiчных скрыначак, якiя былi прыкручаны ў кожнага да правага калена, i сыпалi ў дзiрачку, што была прабiта ў жалезных галовах замест роту. Праз колькi часу лiхтарыкi зноў ярка ўспыхвалi, i Жалезныя Людзi iшлi ўперад. У правай руцэ кожны трымаў доўгi чорны прут. Усё, да чаго дакраналiся гэтыя пруты, адразу ж знiкала, быццам яго i не было. Жалезныя Людзi iшлi павольна таму, што сваiмi прутамi iм трэба было дакранацца да кожнага дрэва, кожнага кусцiка i чарацiнкi. Следам за першым ланцугом Жалезных Людзей рухаўся другi. З вялiкiх насосаў-помпаў яны залiвалi голую зямлю гарачым бетонам. Жалезныя Людзi з трэцяга ланцуга, што замыкаў гэта няўмольнае шэсце, былi абуты ў вялiзныя, тоўстыя, жалезныя чаравiкi.
Iмi яны старанна ўтоптвалi бетон, i той рабiўся гладкi, як стол.
Дзiкi ў сваiм сховiшчы перасталi нават дыхаць. А Жалезныя Людзi падыходзiлi ўсё блiжэй. Яны iшлi моўчкi, без адзiнага слова. Толькi было чутно, як у апошнiм, трэцiм,ланцугу цяжка грукаюць жалезныя чаравiкi аб бетон: тук... тук...
Першы не вытрымаў Бурк. Ён выскачыў з-пад кучы звялага вецця i рынуўся на Жалезных Людзей, пагрозлiва нахiлiўшы вострыя iклы. Але што мог зрабiць дзiк, нават самы моцны, самы агрэсiўны i адважны? Бурк падбег да Жалезнага Чалавека, i Фырк з Рохкам убачылi, што ён таму ўсяго толькi па калена. Жалезны Чалавек нават нi крышачку не пахiснуўся ад магутнага тараннага ўдару. Чорным прутом ён лёгенька дакрануўся да Бурка, i Бурк знiк. Толькi засталiся сляды ад ягоных капытоў.
Фырк з Рохкам моўчкi перазiрнулiся. "Ты малодшы, – аднымi вачамi сказаў Рохк. – Табе яшчэ трэба жыць, бо нельга балоту без дзiкоў. А я – важак. I я пайду ўслед за Буркам. Як вучыў нас Вiнг".
Рохк ускочыў з зямлi, але не кiнуўся, як Бурк, на Жалезных Людзей. Ён пачаў асцярожна кружыцца на адным месцы, стараючыся знайсцi хоць якую-небудзь шчылiнку, дзе можна б было выслiзнуць з гэтага страшнага кола.
Жалезныя Людзi тым часам падыходзiлi ўсё блiжэй. Пярэднiя чорнымi прутамi знiшчалi ўсё жывое, сярэднiя залiвалi зямлю гарачым бетонам, якi аж дымiўся, а самыя апошнiя старанна ўтоптвалi бетон. Яны не здзiвiлiся, убачыўшы перад сабой яшчэ аднаго дзiка. Яны не ўмелi здзiўляцца.
Рохк з адчаем круцiўся на адным месцы. I тут ён заўважыў, што ўсе Жалезныя Людзi злучаны мiж сабой тоненькiм дроцiкам. Да правага калена кожнага жалезнага страшыдлы была прыкручана металiчная скрыначка. Усе гэтыя скрыначкi i злучаў амаль непрыкметны дроцiк. Жалезныя Людзi былi падобны на вялiзных блiскучых рыбiн, якiх начапiў нехта на адну нiзку. Вось лямпачка на грудзях у Жалезнага Чалавека пачала тухнуць. Ён нахiлiў галаву, доўгай нязграбнай рукой палез у скрыначку, каб узяць белых шарыкаў, якiя былi насыпаны там. На нейкае iмгненне ён выпусцiў Рохка з поля зроку. I Рохк рынуўся ў яго каля ног, разарваўшы дроцiк, выскачыў за першы ланцуг Жалезных Людзей. Ён бы пабег i далей, але капыты правалiлiся, загрузлi ў гарачым бетоне. Дарэмна, напружваючы ўсе сiлы, спрабаваў Рохк вырвацца з гэтай страшнай пасткi. Яго ўсё глыбей засмоктвала ў бетон. Вось ён ужо ў бетоне па каленi, па жывот, вось толькi вiдны лыч i хвосцiк... Падышлi Жалезныя Людзi ў вялiзных чаравiках з тоўстымi падэшвамi. Яны ўтапталi, утрамбавалi бетон, i нiчога не засталося ад беднага Рохка.
Але недарэмна загiнуў Рохк. Жалезны Чалавек, у якога ён парваў дроцiк, нiяк не мог скрануцца з месца. Ён быццам аслеп, бязладна тыкаў перад сабой чорным прутом. Вось ён няўклюдна крутнуўся i сваiм прутом зачапiў плячо суседа. Раз! – i суседа не стала. Нешта, вiдаць, парушылася ў, здавалася б, неадольным ланцугу. Жалезныя Людзi пачалi знiшчаць адзiн аднаго. За некалькi хвiлiн усе яны разам са сваiмi чорнымi прутамi знiклi. Толькi iхнiя скрыначкi з белымi шарыкамi засталiся ляжаць у балоце ды з чорнай, нiбы смаляной вады з шыпеннем узвiвалiся срабрыстыя пухiры.
Фырк не верыў вачам. Ён ужо чакаў смерцi, а тут прыйшло нечаканае збавенне. Два апошнiя ланцугi Жалезных Людзей, тыя, што залiвалi голую зямлю бетонам i ўтоптвалi бетон, пастаялi як здранцвелыя, пачакалi, усе адначасова павярнулiся i пайшлi з балота. "Дзуг, дзуг", – грукалi iхнiя чаравiкi па бетоне.
I Фырк iрвануўся са свайго сховiшча. Нiколi раней не бегаў ён так хутка. Здавалася, ён ляцеў над балотам. Шбы замест хвосцiка ў яго раптам з'явiўся прапелер. Чараты так i трашчалi пад нагамi.
Але Вялiкае Балота даўно ўжо зрабiлася маленькiм, бо Жалезныя Людзi з усiх бакоў удзень i ўначы наступалi на яго. Вось чаму вельмi хутка Фырк вьь скачыў на шэры цвёрды бетон, паслiзнуўся на iм i ўпаў. Ён узняўся, аддыхаўся, асцярожна i палахлiва агледзеў наваколле. Да самага небасхiлу ўсё было залiта бетонам, якi дзе-нiдзе пабраўся ўжо трэшчынамi i трэшчынкамi. Нi травы, нi кветкi, нi кусцiка не ўбачыў перад сабой Фырк. Толькi вулкан, не дужа вялiкi, з коса зрэзанай чорнай вяршыняй, дымiўся непадалёку. Да яго, нiзка ўнурыўшы ў зямлю галовы, iшлi Жалезныя Людзi. Яны тупалi адзiн за адным i блiшчалi пад промнямi сонца. Здавалася, вялiзная блiскучая гадзюка павольна ўспаўзае на схiл вулкана. Усё вышэй i вышэй узнiмалiся Жалезныя Людзi i правальвалiся, знiкалi ў кратэры. Вось знiк апошнi, i зноў пустэча i цiшыня зазвiнелi наўкол.
Вельмi сумна зрабiлася Фырку. Няма Вiнга, няма Рохка з Буркам... Што рабiць? Куды iсцi? Ён павярнуўся i патрухаў назад, у сваё балота. Увесь дзень праляжаў у чаратах. Нават не ўзняўся i тады, калi пачаўся вечар, калi на чорна-зялёным выстылым небе загарэлiся яркiя чырвоныя зоркi. Ён глядзеў на зоркi i думаў, што Вялiкi Статак загiнуў. Ранiцой прыйдуць новыя Жалезныя Людзi, i нехта з iх дакранецца да яго, Фырка, чорным прутом, у якiм хаваецца смерць. Не, ён не здасца iм без бою! Да сканання ён будзе падобны на Вiнга!
Фырк ускочыў на ногi. Сэрца бiлася рашуча i смела. Ён панюхаў паветра, асцярожна, але ўпэўнена, пайшоў па чаратах. "Пакуль жыве Фырк – жыве Вялiкi Статак!" – увесь час думалася яму. Там, дзе Жалезныя Людзi спалiлi адзiн аднаго, ён наткнуўся раптам на металiчную скрыначку, што напалову была залiта вадой. Белыя шарыкi высыпалiся з яе i аж зiхцелi на чорнай зямлi. Мiльготкае святло зорак рабiла iх нiбы жывымi.
Фырк доўга глядзеў на гэтыя дзiўныя белыя шарыкi, таптаўся вакол iх, абнюхваў, потым з асцярогаю праглынуў адзiн шарык. Трохi пачакаўшы, праглынуў другi i трэцi. Дагэтуль ён не каштаваў нiчога падобнага. Шарыкi былi горка-кiслымi, ад iх анямела ў роце i закружылася галава. Ён падумаў, што галава кружыцца ад стомленасцi, i дзе стаяў, прылёг крыху адпачыць. Але лягчэй не зрабiлася. У вачах успыхвалi яркiя iскры, падобныя на вясновых жывых апалонiкаў, якiя ператваралiся ў зялёныя i сiнiя кветкi. Тыя кветкi раслi, буйнелi, спляталiся мiж сабой. Iх схiляў да зямлi моцны парывiсты вецер. Фырк адчуў, як ударыла ў вочы гэтым гарачым нясцерпным ветрам, i адразу ж заснуў.
Невядома, колькi ён праспаў. Калi прачнуўся, сонца стаяла высока над зямлёй. Рознакаляровыя стракозы пырхалi тудысюды. Птушка кранг шпарка бегла па балоце, трымаючы ў вялiзнай плюскатай дзюбе сваё яйка, круглае, цяжкое, з чырвонымi плямамi на асляпляльна белай шкарлупiне. У ранейшыя часы Фырк адразу б сiгануў у чарот, каб толькi не сутыкнуцца з крангам, бо той, ледзьве што, шпурляе гэта яйка пад ногi першаму сустрэчнаму зверу альбо птушцы, i яйка адразу ж узрываецца, са страшнай сiлай раскiдваючы наўкол востранаточаныя касцяныя пласцiнкi, якiя могуць нават забiць. Але зараз Фырк адчуваў, што ён ужо не той, што быў раней, i таму нi кропелькi не спалохаўся дурнога кранга. Гэта здзiвiла i насцярожыла Фырка. Вядома ж, упершыню пакаштаваныя белыя шарыкi зрабiлi яго такiм. Незвычайныя сiла i лёгкасць адчувалiся ў целе. Ён быў мацнейшы за Вiнга, за ўсiх дзiкоў, якiя калi-небудзь жылi на планеце Вар. Але, самае галоўнае – ён пачаў разумець глыбiнны сэнс таго, што адбываецца. Нiбы з цёмных непраходных чаратоў выскачыў на шырокую, залiтую сонцам прагалiну. Ён i ўчора разумеў зыкi i пахi наваколля. Ды яны жылi ў iм i вакол, сплеценыя ў шчыльны клубок, засланялi адзiн аднаго, перашкаджалi з усiх галасоў выдзелiць нейкi адзiн голас. Сёння ж ён чуў, як тоненька, танюсенька спявае чарот, як з мокрага шчацiння зрываюцца срэбныя кроплi вады, як сiняя страказа, што села на пёрка травы, iмклiва б'е па паветры сваiмi празрыстымi крылцамi.
"Белыя таямнiчыя шарыкi Жалезных Людзей зрабiлi мяне такiм, вiдушчым i мудрым, – сам сабе сказаў Фырк. – Значыць, Вялiкi Статак не загiне. Учарашняга Фырка, палахлiвага i няўмелага, болей няма. Сёння я – Аюс Першы. Я разумею галасы прыроды. Я ведаю, што мае ворагi Жалезныя Людзi i тыя, хто прысылае гэтых жалязяк сюды з вулкана. Яны хочуць знiшчыць усё жывое i непадобнае на iх, хочуць, каб скрозь быў шэры цвёрды бетон. Але iм не адолець, не перамагчы Аюса Першага".
Аюс (назаўсёды забудзем iмя Фырк!) вырашыў, як толькi змеркнецца, выйсцi з балота i разведаць тэрыторыю па той бок вулкана. А пакуль што ён старанна пазбiраў металiчныя скрыначкi з белымi шарыкамi i схаваў iх у надзейнае месца – мiж тоўстых каранёў старога дрэва тулур, якое, свецячы патрэсканай попельна-сiняй карой, расло непадалёку. Ён ведаў – яны абавязкова спатрэбяцца i яму, i яго новым сябрам. А ў тым, што ён напаткае сяброў, не ў балоце, дык па той бок вулкана, Аюс Першы нi кропелькi не сумняваўся. Жалезныя Людзi, гаспадары Жалезных Людзей, бетон, якiм яны, нiбы струпам, хочуць пакрыць усё, нiчога не будуць варты ў параўнаннi з Аюсам i ягонымi адважнымi сябрамi.
Так думаў, чакаючы прыцемкаў, Аюс Першы, кароль жывёл з планеты Вар.
IX
– Дык вось адкуль узялiся ўсе нашы зямныя казкi аб жывой вадзе, сказаў Радаслаў Буслейка Веры Хрысцiнюк, убачыўшы, што твар у Клёна Дубровiча паружавеў, затрымцелi вейкi, а неўзабаве расплюшчылiся вочы. Лептонная энергiя, якая застаецца пасля фiзiчнай смерцi кожнага чалавечага iндывiдуума, як i прадказвалi вучоныя i фантасты, не знiкае, не рассыпаецца ў космасе, а стараецца трымацца кампактнай масаю, чакаючы цi аднаўлення ранейшага цела (як у выпадку з Клёнам), цi з'яўлення абсалютна новага, каб усялiцца ў яго. Я гэта ўбачыў яшчэ ў час бою з шышкагаловiкамi каля Пятровiцкага вадасховiшча. Але ж там былi не людзi, а псеўдабiялагiчныя копii. А тут – чалавек, падлетак, якi быў мёртвы, знаходзiўся ў стане клiнiчнай смерцi i на нашых вачах ажыў.
Ён сядзеў, звесiўшы ногi, на круглым металiчным дыску. Гэты дыск, знутры якога даносiлася роўнае, мяккае, як пчалiнае, гудзенне, знаходзiўся на вышынi ў два-тры з паловай метры над Ракой Адноўленых Твараў. Лёгкiя хвалi беглi па рацэ. Але там, унiзе, у блiскучых металiчных берагах, цякла не вада, а нейкая густая маслянiстая вадкасць, колерам падобная на малако. Яна была ў меру празрыстая, i Радаслаў добра, выразна бачыў твар Клёна Дубровiча – нахмураныя цёмныя бровы, запалыя шчокi. Усё цела падлетка было пагружана ў гэту вадкасць, у тым лiку i твар. Клён ляжаў на спiне, танклявы, худы, i часам здаваўся Радаславу маладой драпежнай акулай, якая, затаiўшыся, падкаравульвае здабычу.
– Ты будзеш жыць, – пiльна i неадрыўна ўзiраючыся ў твар Клёну, як заклiнанне, як малiтву, паўтараў i паўтараў Буслейка. Так загадалi плазмоiды. Тое ж самае рабiла i Вера Хрысцiнюк, дыск якой вiсеў над ракой метры за тры ад Радаслава.
I вось Клён павольна i, адчувалася, пакутлiва расплюшчыў вочы.
– Ура! – пляснула ў ладкi Вера Хрысцiнюк, i дыск пад ёй захiстаўся.
– Цiшэй, жыхарка не нашай планеты, – адразу пачулася збоку невялiкага зялёнага шара, якi цiха-цiха кружыўся над металiчным берагам Ракi Адноўленых Твараў. – Трэба суадносiць свае дэцыбелы, акустычную моц свайго голасу са свяшчэннасцю гэтай хвiлiны. У дадзеную бiялагiчную структуру вяртаецца жыццё, а ты можаш спалохаць яго, як лугавую птушку, сваiм крыкам. Цiшэй.
Вера Хрысцiнюк пагардлiва зморшчыла прыгожы носiк, але адразу ж прыкусiла язык. Радаслаў жа прыкмецiў, што акрамя зялёнага шара па абодва берагi ракi роўным шнуром, як бы нешта вычэкваючы, застылi фiялетавыя i чырвоныя шары. "Два кланы, якiя не хочуць мiрыцца з чалавецтвам, здагадаўся стрэсаператар. – Iхнiя прадстаўнiкi, дакладней, iхнiя шпiкi, таксама прысутнiчаюць пры ажыўленнi Клёна. Настроены яны даволi агрэсiўна пускаюць iскры".
Тым часам Клён здзiўлена пазiраў знiзу ўверх на Радаслава i Веру, на iхнiя дыскi. Потым, рэзка шырока раскрылiўшы рукi, адштурхнуўся ад "вады", стаў на ногi, i адчувалася – рака глыбокая i стаiць ён не на дне. I што цiкава – не пачулася анiякага плёскату. "Вада" была безгалосая, нямая.
– Дзе я? – разгублена спытаў сам у сябе Клён. Пэўна, ён думаў, што бачыць усё гэта ўва сне.
– Жыхар не нашай планеты, ты знаходзiшся на Свяшчэннай планеце Вар, стрымгалоў сарваўшыся з месца, падляцеў да яго зялёны шар.
– Дзе? Якi самавар? – не дачуўшы, iранiчна зморшчыўся Клён Дубровiч.
– Ты знаходзiшся на Свяшчэннай планеце Вар, – з годнасцю, нi на ёту не пакрыўдзiўшыся, паўтарыў зялёны плазмоiд.
Тут да Клёна нарэшце дайшло, што ён не спiць, а стаiць па пояс у нейкай вадкасцi i размаўляе, як з жывым (!), з нейкiм шарам.
– Што ж са мной было? – спалохана, глытаючы словы, спытаў ён.
– Ты быў мерцвяком. Клеткi твайго галаўнога мозга пачыналi разбурацца...
– Мерцвяком? – аж падскочыў Клён. I зноў "вада" ў Рацэ Адноўленых Твараў не ўзляцела ва ўсе бакi пырскамi, засталася бясшумнай.
– Так, бо ўсё жывое павiнна некалi памерцi. "Каб не памерлi, дык неба б падперлi". Здаецца, гэта'к кажуць на планеце Зямля? Але Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў ажывiў цябе. Жывi i памятай, што ты – гарант прымiрэння дзвюх цывiлiзацый: Старой, або Плазмоiднай, i Бялковай.
У гэты час на берагах ракi пачулася разгневанае шыпенне. Радаслаў Буслейка заўважыў, што фiялетавыя i чырвоныя шары пачалi пагрозна раздзiмацца, узбуджана скакаць. Iскры так i сыпалiся з iх. Вось яны, шчыльней згуртаваўшыся, павольна паплылi да сярэдзiны Ракi Адноўленых Твараў, дзе знаходзiўся ўшчэнт разгублены Клён, якому здавалася, што ён скрануўся з глузду.
– Спынiцеся, Фiялетавыя i Чырвоныя Браты! – гучна прамовiў зялёны плазмоiд. – Падумайце, што болып: два кланы цi пяць кланаў?
Але тыя павольна падплывалi ўсё блiжэй.
– Мне страшна, – умольна пазiраючы на Радаслава, дрыготкiм голасам прамовiла Вера Хрысцiнюк.
– Дайце сваю руку, – загадаў ёй Радаслаў.
Яны памкнулiся адно аднаму насустрач, ледзь не ўпалi з дыскаў, i ўсё ж Буслейку ўдалося падцягнуць яе разам з дыскам да сябе. Трое зямлян: жанчына, мужчына i падлетак i зялёны плазмоiд побач з iмi насцярожана сачылi за няўмольным наблiжэннем раз'юшаных чырвоных i фiялетавых шароў.
– Мы апынулiся памiж молатам i кавадлам, – цiха сказаў Радаслаў, моцна сцiскаючы вузкую цёплую далонь Веры.
I тут зялёны плазмоiд, рэзка ўзвiўшыся ўгору, каменем упаў адтуль унiз, пляснуўся аб застылую паверхню Ракi Адноўленых Твараў, рассыпаўшыся на сотнi дробных рознакаляровых кавалачкаў-iскрынак. "Ахвяраваў сабой", – зразумеў Радаслаў.
Тое, што яны ўбачылi адразу ж пасля самагубства зялёнага шара, пераўзыходзiла ўсе самыя фантастычныя мроi на палотнах мастакоў-сюррэалiстаў. Рака зараўла, як параненая мядзведзiца. Мноства яркiх, самых розных колераў i адценняў пухiроў з'явiлася, ускочыла па ўсёй яе шырынi. Некаторыя з iх звонка, аглушальна лопалiся, але большасць адрывалася ад ракi, пакiдаючы на сваiм месцы варонкi, i ўзлятала ў паветра. Яны iмгненна групавалiся, ствараючы элiпсавiдныя колы, i рашуча кiравалiся насустрач фiялетавым i чырвоным плазмоiдам. Вось пярэднiя сутыкнулiся, загрымеў гром, блiснулi зiхоткiя маланкi, гарачы вецер нясцерпна пайшоў наўкол. Магутным парывам Радаслава скiнула з дыска, i ён паляцеў (Вера Хрысцiнюк ляцела разам з iм) над Ракой Адноўленых Твараў, у якой здранцвела стаяў Клён Дубровiч. Ён баяўся, каб iх не ўдарыла аб металiчны бераг, але iм пашанцавала, i яны ўпалi ў мяккi зялёны пясок i нейкi час ляжалi нерухома. Дзiкая бура свiстала, грукатала над iхнiмi галовамi, разломваючы неба. Асляпляльныя маланкi ўспыхвалi адна за адной i мелi форму крыжоў, востраканцовых зорак, вогненных мядуз.
– Што з Клёнам? – у роспачы закрычала Вера Хрысцiнюк.
– Ён у рацэ, – давячыся ветрам, адказаў Радаслаў. – Як нас несла сюды, ён стаяў у рацэ.
– Бедны хлопчык, – сумна прамовiла Вера. – Ды i мы з вамi, Радаслаў, няшчасныя бедныя людзiч Вы адчуваеце сваю нiкчэмнасць, поўную безабароннасць сярод гэтага незразумелага вар'яцкага хаосу?
– Я? – спытаў Буслейка. – Нi кропелькi не адчуваю. Мы – зямляне, Вера. I гэтым сказана ўсё. I я зараз жа iду шукаць Клёна. А вы заставайцеся тут, чакайце.
– Я таксама пайду.
– Не трэба. Там небяспечна. Я хутка вярнуся.
Радаслаў, нiзка прыгнуўшыся, закрываючы вочы рукамi, цяжка пакрочыў да Ракi Адноўленых Твараў. Ён адчуваў, як гарачым ветрам яму абсмальвае шчокi. Грымела з усiх бакоў, зверху. Здавалася, яшчэ iмгненне i яго наскрозь пранiзае смертаносны востры рог маланкi. Зямлю пад нагамi ("Як завецца тут тое, па чым я iду? – падумаў ён. – Вар? Варыт?") залiвала зялёным, вельмi яркiм святлом.
– Клён? – крыкнуў Радаслаў. – Клён, дзе ты?!
Раптоўна, як па ўзмаху нейкай чароўнай палачкi, усё сцiхла, адразу ж праяснiлася неба, Рака Адноўленых Твараў нерухома ляжала перад Буслейкам, толькi "вады" ў ёй было трохi менш, бо металiчны блiскучы бераг цягнуўся да самага небасхiлу шырэйшаю паласой. Клён стаяў на тым жа месцы, дзе яго заспела нечаканая бiтва-вiхура плазмоiдаў. Проста ў яго над галавой, як шчыт, што прыкрывае ад удараў, вiсела група плазмоiдаў, каля васьмi дзесяцi шароў.
– Радаслаў Алесевiч! – радасна закрычаў Клён, убачыўшы Буслейку. – Якоё шчасце, што вы жывыя! А я ўжо думаў – нiколi не сустрэнемся. Так грымела, так грымела.
Ён палахлiва зiрнуў на чыстае зялёнае неба, на якiм не было нi хмурынкi, толькi дзе-нiдзе лёталi вялiзныя крангi, моцна сцiскаючы ў кiпцюрыстых лапах свае пярэстыя яйкi.
– Што гэта за птушкi? – спытаў Клён.
– Не ведаю, бо ўсяго другi дзень гасцюю на гэтай планеце, – весела адказаў Радаслаў. – Падобны на нашых зямных грыфаў – такiя ж голыя шыi.
Буслейка быў вельмi задаволены, што Клён жывыздаровы. Гэты падлетак паспеў ужо запасцi яму ў сэрца сваiм трагiчным лёсам, сваёй напорыстай весялосцю, дый проста тым, што быў, як i ён, як i Вера, зямлянiнам. За некалькi дзесяткаў парсекаў ад Зямлi такое адчуваецца надзвычай востра. Сусвет напоўнены мноствам жывых iстот, але Чалавек, куды нi пракладзi курс касмiчных караблёў, адзiн, непаўторны, i ўдалечынi ад роднай блакiтнай планеты яго сустракаеш, як Брата. Вядома ж, куды лепш напаткаць у касмiчным вандраваннi не васьмiлапага звышразумнага павука, не генiяльнага суперiнтэлектуальнага яшчара з касцiстым грабянцом на шурпатай спiне, а двухногага i двухвокага нашчадка Адама, якi мае адну галаву i адно чалавечае сэрца.
Да Ракi Адноўленых Твараў ужо бегла Вера Хрысцiнюк. Шчасцем свяцiлiся вочы. Некалькi хвiлiн назад яна думала, што i Радаслаў i Клён загiнулi, што яе таксама чакае непазбежная смерць на гэтай жахлiвай планеце, дзе люта б'юцца памiж сабой не людзi, не страшыдлы, а нейкiя шары.
– Радаслаў! – закрычала яна. – Клёнiк! Даражэнькiя вы мае!
Клён спахмурнеў, убачыўшы Веру. Успомнiлася, як некалi на Чорным Хутары яна пажадлiва, з бляскам у вачах глядзела на ягонага бацьку. Зараз чамусьцi яму кiнулася ў вочы, што ў яе дужа белыя, як снежныя, зубы, i гэта было непрыемна. Каб неяк вылузнуцца з прыкрага становiшча (усё ж Вера – зямлянка, а тут, на планеце Вар, iм, зямлянам, трэба трымацца дружна, разам), ён сказаў:
– Стаяў, калацiўся ў гэтай рацэ i нават твар не замачыў. Эх, i нырну ж я зараз!
Раптам пачуўся рэзкi ўладны голас:
– Не купайся ў Рацэ Адноўленых Твараў! Памятай, жыхар не нашай планеты, – тое, у чым ты стаяў i стаiш, не Н2О. Калi ты не хочаш, каб твой мозг звар'яцеў i захацеў неадкладна аддзялiцца ад твайго цела, асцярожна выходзь на бераг. Цябе там чакаюць твае сябры. Ты паспiш, адпачнеш i паляцiш на планету Зямля. Ты – Гарант Вечнага Шру.
– Ты – Гарант Вечнага Шру! – зладжаным хорам усклiкнулi ўсе плазмоiды, што вiселi над Клёнам.
– Якi яшчэ гарант? – незадаволена сказаў Клён, але адразу ж пачаў выбiрацца на бераг, стараючыся iсцi нешырокiмi крокамi i па прамой лiнii.
– Прывiтанне, землячок! – сцiснуў яго, як малодшага брата, у абдымках Радаслаў Буслейка.
– Добры дзень, Клёнiк, – цмокнула Клёна ў шчаку Вера Хрысцiнюк.
Ад прылiву ўдзячнасцi, нават любовi да гэтых малазнаёмых людзей (Радаслава да планеты Вар ён наогул не ведаў) Клён ледзь не заплакаў. Але стрымаўся, як i належыць мужчыне. Спытаў:
– I калi мы паляцiм назад на Зямлю? Плазмоiды ж абяцалi, што паспiм, адпачнем i адразу паляцiм. Значыць, адпраўляемся заўтра?
– Не спяшайся, жыхар не нашай планеты, – цвёрда, амаль сурова прагучала ў iх над галовамi. Яны ўбачылi вялiзны зялёны шар, якi паважна выплываў з купы iншых, значна меншых.
– Не трэба спяшацца, – лагаднеючы, казаў шар. – Ты правiльна пачуў словы: "...паспiш, адпачнеш i паляцiш на планету Зямля". Усё гэта так. Але на нашым Вары ноч доўжыцца каля сарака васьмi зямных гадзiн. А наконт адпачынку... Што такое адпачынак? Можна адпачыць з паўгадзiны пасля палёту, або, як у вас, пасля пешаходнай прагулкi. Добра папрацаваўшы зiмою (на нашай планеце таксама выпадае снег), можна адпачываць усё лета. А лета на планеце Вар умяшчаецца ў трыста песень свяшчэннай птушкi кранг. Кранг жа, да вашага ведама, зямляне, на адну сваю песню адводзiць адну ноч, i такiм чынам...
– Дык вы хочаце сказаць, што мы можам прабыць у вас... вашымi гасцямi трыста дзён i трыста начэй? – пачырванеўшы ад гневу, рашуча перарвала маналог зялёнага плазмоiда Вера Хрысцiнюк.
– Усё можа быць, жыхарка не нашай планеты, – шматзначна прамовiў таўстун i, на ўсялякi выпадак, узвiўся крыху вышэй.
– Што ж гэта такое? – пляснула рукамi Вера. – Запрашаюць на абсалютна невядомую планету, прыкiдваюцца джэнтльменамi, гаспадарамi свайго чэснага слова, а завозяць людзей на задворкi Галактыкi, як у нейкую турму.
Пры слове "задворкi" плазмоiды абурана i ўзбуджана зашыпелi.
– Не трэба, панове, – iранiчна ўсмiхнулася Хрысцiнюк. – У мяне на планеце Зямля ёсць цудоўны электрычны чайнiк, i ён таксама, калi нагрэецца, шыпiць. Радаслаў Алесевiч, – павярнулася яна да Буслейкi, – вы, як мужчына, як прадстаўнiк усiх мужчын Зямлi, павiнны абаранiць нашага юнага сябра Клёна Дубровiча i мяне, слабую жанчыну, ад гэтага нахабства, ад гэтага, можна сказаць, мiжпланетнага шантажу. Праз тры днi я павiнна быць у сваiм iнстытуце. Разумееце? Мы праводзiм вельмi важны, можна сказаць найважнейшы навуковы эксперымент, i калi мяне не будзе...
Яна з iмпэтам трагiчнай актрысы заламала прыгожыя белыя рукi. Плазмоiды зацiхлi i, адчувалася, з лёгкiм страхам i надзвычайнай цiкаўнасцю сачылi за ёй.
Радаслаў для салiднасцi адкашляўся.
– Я мяркую, – суха сказаў ён, – я абсалютна ўпэўнены, што паважаная Старая Цывiлiзацыя, якая жадае заключыць вечны мiр з людзьмi планеты Зямля, даставiць нас дадому, – ён у роздуме зморшчыў загарэлы лоб, – праз тры днi, роўна праз тры днi гасцявання на цудоўнай i непаўторнай планеце Вар.
– Якi вы малайчына! Якi дыпламат! – зачаравана пляснула ў ладкi Вера Хрысцiнюк. – За адну-аднюсенькую секунду знайшлi мудрае кампрамiснае рашэнне. Шэдаўральна!
Слова "шэдаўральна" для тых людзей, якiя больш-менш ведалi рамантычную натуру Веры, азначала, што з гэтага моманту яна закахала'ся ў стрэсаператара Радаслава Буслейку. Яе нават называлi "жанчына-вулкан" за такую рысу характару.
– I ўсё ж я хачу як мага хутчэй быць на Зямлi, – упарта сказаў Клён. Там мяне мама з бацькам чакаюць.
Радаслаў уважлiва паглядзеў на яго.
– Гэта вельмi добра, што чакаюць. Але ж мы ў гасцях, i гаспадары будуць рашаць, у якi дзень мы на развiтанне памахаем iм ручкай.
– Я як чалавек, – горда вымавiў Клён, – як жыхар планеты Зямля, магу сам, – разумееце? – сам распараджацца сваiм лёсам. Гэта маё неад'емнае права. Дзеля гэтага мае i вашы продкi дадумалiся да такой мудрай штукенцыi, як ВЭП.
– Чалавек? – Буслейка злёгку ўсмiхнуўся. – Што ж, i ты – чалавек, i мы з Верай – чалавекi. Але паслухай, дарагi Клён, адну просценькую прытчу. Неяк спытаў фiлосаф Арыстоцель у фiлосафа Платона: "Што такое чалавек?" – "Гэта iстота, – адазаў Платон, – якая прама стаiць на дзвюх нагах, не пакрыта нi шэрсцю, нi пухам i валодае зычным голасам". На тым яны i разышлiся. А праз нейкi час Арыстоцель прынёс абскубанага жывога пеўня, кiнуў пад ногi Платону i сказаў: "Бяры свайго чалавека, Платон". Вось так.
Вера Хрысцiнюк весела засмяялася. Клён, наадварот, пазмрачнеў, сцiснуў губы, пасля некаторай паўзы раздражнёна спытаў:
– Дык павашаму атрымлiваецца, што я певень?
– Ты што? – паляпаў яго на плячы Радаслаў. – Ты, Клён, самы стопрацэнтны чалавек – чалавек з вялiкай лiтары, як раней любiлi пiсаць белетрысты. Надышла ноч. На планеце Вар не бывае таго пераходнага часу сутак, якi зямляне называюць вечарам. Неба адразу зрабiлася густа-зялёным, быццам Iнклiна са старадаўняй бутэлькi. Перасталi лётаць, селi ў свае гнёзды крангi. Узняўся парывiсты, даволi халодны вецер. Ён тут дзьме толькi ўначы.
– Дзе ж начуюць плазмоiды? – задумлiва сказаў Радаслаў Буслейка, бо наўкол, куды нi скiруй вока, не стаяла нiякiх будынкаў. Толькi купкi тулураў, дрэў, у якiх фасфарычна свяцiлася кара, былi раскiданы ў безжыццёвай зялёнапясчанай пустынi.
Нiбы адказваючы на пытанне стрэсаператара, пачулася звонкае шчоўканне расчынiлiся дзесяткi металiчных люкаў. Ручайкамi пабег па закрыўках пясок.
– Значыць, яны жывуць у зямлi, у норах, – разгублена прамовiў Клён, спынiўшыся перад адным з такiх люкаў.
– Не спяшайся з абагульненнямi, малады чалавек, – паправiў яго Радаслаў. – У нашым разуменнi нара – гэта тое месца, якое насяляюць звяры або змеi цi берагавыя птушкi. Але ў дадзеным выпадку мы маем справу з высокаразвiтай цывiлiзацыяй, i я не думаю, каб плазмоiды называлi сваё жытло нарою. Пэўна ж, у iх маецца нейкi iншы назоў.
– Ну няхай гэта будзе палац, – iранiчна сказаў Клён.
Ён не паспеў нiчога дадаць, бо раптоўна моцны парыў ветру ўцягнуў, усмактаў iх усiх у люк. Там была абсалютная цемра.
– Дзе вы, Радаслаў? Дайце мне руку, – войкнула Вера.
Яны апынулiся ў эластычным, не надта шырокiм i не надта вузкiм, а якраз па чалавечай фiгуры, рукаве, падобным на той, пры дапамозе якога ратуюцца ў час пажару людзi з ахопленых полымем высокiх паверхаў. Пад цяжарам уласных целаў усе заслiзгалi ўнiз. Гэтае нястрымнае падзенне доўжылася хвiлiны тры-чатыры. Калi ўзнялiся на ногi, то ўбачылi светлую шарападобную залу дыяметрам каля пятнаццацi метраў, падобную на жылы адсек касмiчнага карабля. Не мелася нiякай мэблi – хоць бы крэсла, хоць бы канапка. Адно пад столлю вiселi тры гамакi.
– А як жа я? – строга сказала Вера Хрысцiнюк. – Па-першае, я не сплю па сорак восем гадзiн, а па-другое, я – жанчына, а тут, як я разумею, нейкi мужчынскi iнтэрнат.
Зялёны шар, што следам за iмi з'явiўся ў зале, выскачыўшы з таго ж рукава, нерухома завiс над Верай. Пасля кароткай паўзы крайнi ад левай сцяны гамак апусцiўся нiжэй, пачулася мернае гудзенне, потым прыглушаны воплеск, i блакiтнае прыгожае воблака шчыльна акружыла, зрабiла нябачным гамак. Запахла нейкiмi вясновымi зямнымi кветкамi.
– Там тваё месца, жыхарка не нашай планеты, – пачцiва прамовiў плазмоiд.
Залезлi ў гамакi, i адразу ўсiх змарыў сон, хоць Клён Дубровiч пад чэснае слова пакляўся Радаславу i Веры, што не засне, а будзе сачыць за ўсiм, што адбываецца ў "трубе". Трубою ён назваў iхнi спальны пакой. Ды загучала цiхая музыка, сатканая з аднастайнага шуму дажджу, з шолаху лiсця, са свiсту ветру i спакойнага рокату начнога мора...
Калi зямляне моцна заснулi, над iхнiмi тварамi нiзка-нiзка, ледзь не датыкаючыся да лба, застылi тры празрыстыя малочна-попельныя шары, "чытальнiкi думак i настаўнiкi адзiна магчымай мудрасцi". Яны пiльна ўзiралiся ў самыя патаемныя глыбiнi чалавечага мозгу, якi спаў, але не ўвесь. Нейкiя яго цэнтры працягвалi сачыць за рухам крывi i дыханнем, за няспыннай працай сэрца i абменам рэчываў. На тварах у людзей прабягалi то светлыя ўсмешкi, падобныя на сонечныя зайчыкi, то змрочныя халодныя хмурынкi. Усё гэта старанна фiксавалася плазмоiдамi, перадавалася на вялiзны шарэкран, якi знаходзiўся ў Аддзяленнi Розума Народаў Усiх Сямi Колераў (АРНУСК) на планеце Вар. Там не спалi трыццаць плазмоiдаў. З найвялiкшай увагай яны сачылi за тым, што бясстрасна, не ўтойваючы нi драбнiцы, паказваў экран. Сны людзей з Зямлi, мужчыны, жанчыны i падлетка, былi афарбаваны ў розныя колеры. У мужчынскiм сне пераважалi чырвоныя i залатыя адценнi, упэўненая яркасць i сакавiтасць, трывалы спакой i сiла. На экране iшлi бясконцыя людскiя натоўпы, нешта спявалi, крычалi; выцiраючы са шчокаў загарэлым кулаком пот, пажылы зямлянiн з цёплай сiвiзной у валасах касiў касой густую траву, з якой спалохана выляталi маленькiя птушачкi; нехта сiнявокi i шыракаплечы паiў, стоячы па калена ў рачной вадзе, каня. Дамiнантай сноў-мрояў мужчыны па iменi Радаслаў былi словы: "Нельга абяссэнсваць ("пазбаўляць сэнсу", – удакладнiў экран) жыццё продкаў". Духоўнае напаўненне жанчыны бачылася жаўтлявым, фiялетавым, зялёным. Нейкiя хвалi i дробныя кветкi; восеньскае размяклае лiсце, што налiпла на халоднае марозлiвае шкло вокнаў; рыжаватыя пушыстыя вавёркi, якiя спрытна слiзгаюць па верхавiнах дрэў. Дамiнантаю ўсяго гэтага выступiлi на экране словы: "Я такая кволая". Падлетак паўстаў перад плазмоiдамi нябесна-блакiтным i свiнцова-шэрым. Як Акiян, што плешчацца дзесьцi на няўтульнай планеце (iншая справа – Вар!) Зямля. У ягоным сне грымела, неўтаймоўна бушавала агнiстая музыка, танцавалi даўганогiя, надта худыя дзяўчаткi, каратыст рэзкiмi ўдарамi ног i рук валiў на зямлю чырванатварага здаравiлу. У ягоным сне ўладарнiчалi рух, шалёны рытм. Дамiнантаю ж пульсавала думка-стрыжань: "Бацька, я не падвяду цябе".