Текст книги "Чалавек з брыльянтавым сэрцам"
Автор книги: Леонид Дайнеко
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 16 страниц)
Ён добра ведаў, што Насаты нiколi не выпраўляецца ў дарогу адзiн, заўсёды ахоўваюць ягоную асобу дзесяткi, сотнi лучнiкаў, якiя непрыкметна, як стэпавыя лiсiцы, шнуруюць у кустоўi ўздоўж дарогi. Так i ёсць – вунь памiж зелянiны мiльгануў пляскаты шлем, начэрнены смалой, каб не блiшчэў на сонцы. Вунь другi, трэцi... Карпук бяссiльна скрыгануў зубамi.
Тым часам Насаты быў у самым лагодным настроi, быў у гуморы. Гледзячы зверху ўнiз на маладых дулебак, на "сваiх кабылачак", як ён iх называў, обр казаў:
– Дзе ж вашы мужчыны, вашы абаронцы! А-я-яй, кiнулi такiх прыгожых, такiх смачненькiх. Ды цi былi памiж дулебаў мужчыны?
– Яны ёсць! – раздаўся раптам пранiзлiвы крык, ад якога ўсе ўздрыгнулi.
Крокаў за дзесяць паперадзе арбы заварушыўся, паплыў ва ўсе бакi жоўты пясок на дарозе. З гэтага пяску, з ямiны, у якой хаваўся, чакаючы свайго часу, выскачыў Карпукоў адналетак – русавалосы Снягур з блiскучым двухручным мячом. А Карпук думаў, што ён разам з многiмi дулебамi згарэў у тым вогнiшчы, дзе обры спалiлi палонных.
Пясок цёк у Снягура па валасах, па плячах. Рот быў разарваны жахлiвым крыкам. Снягур бег насустрач Насатаму, пагрозна сцiскаючы меч.
("Перадсмяротная малiтва дулебаў", – сказаў раптам нейчы голас, i Гай Дубровiч пачуў цiхае стоенае галашэнне: "Божа Сварозе, Божа Вялесе, Божа Пяруне, чаму караеш самых мiрных i самых працавiтых? Цi адальюцца калi-небудзь слёзы дулебаў? Божа Сварозе, Божа Вялесе, Божа Пяруне, утапi на тым свеце нашых мучыцеляў у нашых слязах. Разарвi iм вушы i сэрцы нашым плачам бясконцым. Няхай замест хлеба грызуць свае шаблi i бiзуны".)
Ахова, якая iшла паабапал дарогi, заўважыла Снягура адразу ж. Обры з гiканнем ускiнулi лукi, пусцiлi свае страшныя доўгiя стрэлы. Некалькi стрэл прабiлi Снягуру грудзi, адна ўпiлася ў правую нагу. Але ён, хрыпучы, дабег да арбы, секануў мячом i ўпаў, аблiўшыся крывёю. Насаты не паспеў выхапiць з-за пояса кiнжал. Ён толькi крутнуўся ўсiм целам i гэтым выратаваў сваю галаву. Снегураў меч, цяжка свiснуўшы, адсек яму нос. Насаты ("Бязносы!" радасна крыкнулi дулебкi i рынулiся ад арбы ва ўсе бакi) схапiўся рукамi за скрываўлены твар, пачаў енчыць ад болю.
– Уцякайце! – вытыркнуўшыся са сваёй схованкi, крычаў дзяўчатам Карпук. – Ратуйцеся!
Ды обры забiлi ўсiх. Якую ўзяла шабля, якую дагнала страла. З глухiм стогнам упаў Карпук у елачкi, абадраў сабе шчокi, залiўся няўцешным плачам. Калi ж узняў галаву, убачыў над сабой стэпавiкоў. Са звязанымi рукамi, з арканам, якi да жаўцiзны ў вачах перацiскаў шыю, пабег ён за канём у родную весь.
– Апошнi дулеб? – здзiвiўся Бязносы, седзячы на мяккiх вышываных падушках у святлiцы князя Вастрагляда. – Адзiны?
– Адзiны, – смела адказаў Карпук, – як адзiны быў у цябе нос.
– А-а-а! – люта крыкнуў обр, ускочыў з падушак, цвёрдым наском скуранога бота з усяе сiлы ўдарыў Карпука ў жывот.
Потым Карпука адлiлi вадой, падцягнулi да акна, i Бязносы, пырскаючы слiнай, закрычаў:
– Глядзi, сабака, на двор! Бачыш вунь тыя шасты?! Ведаеш, што на iх вiсiць, што сушыцца?! Шкуры дулебак, якiя хацелi збегчы ад мяне!
I ён, чырванеючы вачамi, зарагатаў. Як па камандзе зарагаталi ўсе прысутныя обры.
Яны смяялiся, а Карпук, кусаючы губы, ломячы пальцы рук, глядзеў на светлую дзявочую скуру, злупленую з цела разам з густымi доўгiмi валасамi. Вунь, як вячэрняя зара, палымнеюць на шасце прыгожыя медныя валасы. Трыснята!
– Апошнi дулеб, – казаў мiж тым Бязносы, пiльна пазiраючы на Карпука. Я не забiваю апошнiх. Жывi. Дыхай. Чарвякам хапае месца там, дзе пасвяцца крылатыя стэпавыя жарабкi. Жывi. Старайся не патрапiць пад бязлiтасны капыт. Але на табе абарвецца род дулебаў, i, як нiкчэмная восеньская павуцiна, назаўсёды знiкнуць яны.
Павярнуўшыся да аховы, Бязносы загадаў:
– Кастрыраваць яго i выкiнуць у поле!
("Цi не занадта жорсткi эксперымент? – спытаў нехта з людзей доктара Метэора. Голас гучаў як з-пад зямлi".
"Боль павiнен лячыцца болем, – адказаў сам доктар. – Толькi праз пакуты ўсе мы знаходзiм радасць – i людзi, i народы".)
Як бяздворны сабака, Карпук жыў у ельнiку. Еў ягады, арэхi, кiслую заечую капусту. У лясным ручаi лавiў рыбу, вялiў яе на сонцы. Кожную ноч снiлiся не обры i нават не Трыснята, а забiтыя волаты, асаблiва iхнi малы. Снiлася, як ён бязгучна плакаў у той час, калi Чацвяртак пераразаў касой яму горла.
Жыццё страцiла ўсялякi сэнс. Ён быў ужо не чалавекам, а паловай, нават трэцяй часткай чалавека, мужчыны. Пасля сябе на зямлi ён нiкога не мог пакiнуць, i зараз у яго нiкога не было, толькi ягоны цень.
Але аднойчы ўпершыню прыснiўся сон не пра волатаў. Устаў над Карпуком, як жытнёвы колас, малодшы брат князя Вастрагляда князь Клён (Клён!!!), сказаў:
– Ты – дулеб i я – дулеб. Радуйся. Не памёр наш народ. Не знiк i не высах, як высыхаюць у спёку ручаi. Цэлы сонцаварот вёў я сваiх людзей на новую зямлю, i мы знайшлi яе. Радуйся. Тут шумiць белы бярозавы гай. Тут у зялёнай траве з рагамi хаваюцца нашы каровы. Тут цячэ рака Бярэзiна, а ў яе ўлiваецца рака Вольса, а ў Вольсу ўпадае маленькая, як зайчыкаў хвосцiк, рэчачка. Мы завем яе Дулебкай.
Радасна зрабiлася Карпуку, радасна i шчаслiва. Ён прутка ўзвiўся на ногi, смелым вокам зiрнуў на наваколле, i аказалася, што не ўсе пачуццi памерлi ў ягоных грудзях. Той, хто быў жорстка паранены жыццём, у каго на вачах забiлi самых родных i самых любiмых, каму плявалi ў вочы i кiдалi камянi ў твар, заўсёды павiнен помнiць, што свецiць яму адно-адзiнае сонца. Iмя таму сонцу – Помста.
Ён (адзiн!) знiшчыў цэлую арду обраў на чале з Бязносым. Не жалезам, вядома. Стаяла лютая спякота, i проста на вачах дашчэнту высыхалi рэкi i рэчачкi, знiкала вада. Конскiя табуны обраў i самi обры пакутвалi ад смагi. Да крынiц, а iх у наваколлi, як цвёрда ведаў Карпук, было пяць, выстрайвалiся шумныя чэргi. Крычучы, лаючыся, кожны са'сваiм канём iрваўся да выратавальнай вады.
Карпук схадзiў да таго дуба, дзе забiлi i закапалi волатаў, раскалупаў дубовым суком iхнюю магiлу, узяў Чацвертакову касу, якую пахавалi разам з волатамi. Гэтай касой ён абразаў хвасты коням стэпавiкоў. Падкрадваўся да коней у начным лузе, паiў вадой са скураной торбы i рэзаў гарачы цвёрды волас. Шмат валаснi назбiралася за некалькi дзён. З яе Карпук, хаваючыся ў ельнiку, нарабiў пробак-затычак. Потым, зноў жа ноччу, ныраў у ямiны, дзе яшчэ заставалася вада, знаходзiў пругкi халодны струменьчык i мёртвай валасяной пробкай затыкаў крынiцу, закупорваў яе. Гэтак ён "патушыў" чатыры крынiцы. Днём, лежачы ў ельнiку, ён з радасцю чуў, як ажно выюць ад злосцi i адчаю обры. Там, дзе яшчэ дзень-два назад мог напiцца конь i чалавек, ляжала, пакрытая пылам, гарачая скарынка сухога карычневага дна.
Заставалася апошняя, пятая крынiца – Святы Круг. Яна была самая халодная, самая глыбокая. У яе на Купалле князь Вастрагляд кiдаў шчодрай рукой тры круглыя залатыя манеты. Такiя манеты купецкiя караваны прывозiлi з поўдня, з далёкай зямлi народа, якi называецца рамеямi. Карпук, калi яшчэ быў смаркатым недаросткам-малалеткам, чуў ад дарослых, што на дне Святога Круга ўзвышаецца курганок гэтых манет, ён ззяе ў месячныя ночы.
– А што, калi нырнуць i дастаць на бераг гэты залаты курганок? спытаў, помнiцца, Карпук.
– Толькi дакранешся да яго, i адразу рука па плячо адсохне, – сказалi яму.
Моцныя струмянi, якiя былi з дна Святога Круга, Карпук не мог адолець iмклiвая, аж ледзяная вада вырывала ўсе пробкi. Ды ён ведаў, што гэткiм чынам нiколi не пераможа Святы Круг. Ён падумаў i зрабiў iнакшае.
У глухую поўнач, калi не было вiдно нi зорак, нi месяца, нi сцежкi, ногi самi вынеслi Карпука на курган, дзе ляжаў попел продкаў. У поўнай цемры, не запальваючы агонь, ён адшукаў тую дзiрку-рану, з якой перад самым нашэсцем обраў выкацiлiся трыццаць тры гаршкi. Ён стаў на каленi перад гэтай дзiркай, перад брамкай, што вяла ў Зямлю Нябожчыкаў.
– Дзед Славук, – хвалюючыся, загаварыў ён. – Я ведаю, што твае спаленыя косцi знайшлi тут вечны прытулак. Я сам разам з бацькам прынёс i закапаў гаршчок, на баку якога была выцiснута мядзведзева галава. Ты – шчаслiвы, бо не бачыў, да якога прынiжэння давялi обры наш ратайны, раней вясёлы народ. Няма ўжо на гэтым свеце твайго сына, а майго бацькi Красамiра, няма маёй мацi Няжылы, няма Трысняты, сумесна з якой думаў я ўпрыгожыць жывымi кветкамi галiну на пладаносным дрэве дулебаў. Нiчога няма. Ёсць рабства, ярмо, бiзун. Што ты мне параiш, дзед?
Карпук прыцiх, апусцiў галаву, чуў, як тоненька свiшча над курганам начны вецер, як гучна б'ецца ў грудзях сэрца. Пацяклi iмгненнi. Ён чакаў. Нарэшце, тройчы зрабiўшы зямны паклон, радасна сказаў:
– Дзякуй табе, дзед Славук. Я пачуў твае словы, i словы гэтыя вось якiя: "Няхай попел стане атрутай". Дзякуй табе. Я буду рабiць так, як наказаў i загадаў мне ты.
Ён без анiякага страху палез у пралом у кургане, поўз у абсалютнай цемры, датыкаючыся да халодных магiльных гаршкоў, прычым датыкаўся то рукой, то плячом, то шчакой. Нарэшце пальцы намацалi вялiзны гаршчок i выяву мядзведзевай галавы на iм. Карпук прыцiснуў гаршчок да грудзей, як прыцiскаюць малое дзiця, падаўся назад. I як толькi вылез – ярка ўспыхнулi над галавой нябесныя зоркi. Гэта было знакам, што продкi разумеюць яго, сочаць за iм, жадаюць перамогi. Ён пасядзеў на траве, аддыхваючыся, падстаўляючы ветру ўспацелыя шчокi i лоб, потым бясшумна, лёгка ўзняўся, пайшоў да Святога Круга. Вялiкая светлая пляма вады туманна выплывала з чорнага кустоўя.
Роўна праз два днi на обраў i на iхнiх коней навалiўся страшэнны мор. Нiякiя лекi, нiякiя шаптуны не дапамагалi. Касцiстай чэпкай рукой брала смерць усё новыя ахвяры. Горы конскiх трупаў, над якiмi кружылася, гудзела безлiч сiнiх мух, тлелi ў лузе. Мёртвых людзей спальвалi на вогнiшчах, а ўсiх вогнiшчаў было дванаццаць.
Бязносы зразумеў, здагадаўся, адкуль заляцела страла спусташэння ў ягоную арду. Як некалi Ксеркс, ён загадаў люта пакараць ваду. На бераг Святога Круга выйшлi ў грубых чорных кафтанах бiчаносцы, пачалi лупцаваць бiзунамi хвалi. Ва ўсе бакi паляцелi пырскi, здавалася, што гэта слёзы. Калi ж сам Бязносы ўзяў у руку бiзун, калi, заскрыгатаўшы зубамi, ударыў з усяго пляча, на самай сярэдзiне Святога Круга вынырнуў з вады Карпук, выплюнуў з рота чаратовую дудачку, праз якую дыхаў, весела засмяяўся.
("Хавайся! – закрычала адразу ж некалькi ўсхваляваных галасоў. Дурань! Хавайся! У iх жа лукi i стрэлы! У Бязносага – аркан!")
– Папiлi вадзiцы? – смяяўся Карпук. – А гэта ж слёзы дулебаў. Нясмачныя нашы слёзы? Што маем, тым частуем. Дзед Славук, мой дзед, якi пражыў сто тры сонцавароты, вас пачаставаў. Вось з гэтага гаршка.
Карпук абедзвюма рукамi высока ўзняў над галавой пусты гаршчок, з якога срэбна лiлася вада.
– Раб! – у шаленстве крыкнуў Бязносы. – Ты насыпаў у крынiцу мярцвячыны! Зараз цябе прывяжуць да конскiх хвастоў i раздзяруць на кавалкi!
– Я не раб, – смяяўся Карпук. – Я – дулеб. Чуў пра такi народ? Ён перажыве цябе i тваiх псоў. Чуў пра раку Дулебку i князя Клёна?
("Князь Клён, – успыхнулi словы ў самай патаемнай глыбiнi душы Гая Дубровiча. – Мой сын таксама Клён. Гэта невыпадкова. У гэтым – найвялiкшы сэнс".
"Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн! Спадар Гай Дубровiч! Выходзiм на плюсавое пераўтварэнне! Выходзiм на плюсавое пераўтварэнне!")
I амаль адразу ж зазвiнела цецiва, свiснула страла над блакiтнай вадой...
– Як самаадчуванне, спадар Дубровiч? – асцярожна пацiкавiўся доктар Метэор.
Яны сядзелi ў доктаравым кабiнеце, глядзелi тэлевiзар. Перадавалi Ўсепланетныя Навiны.
– Вы прымусiлi мяне ўдзельнiчаць у вельмi цяжкiм эксперыменце, – сказаў Гай.
Каштанавыя загнутыя вейкi ў доктара ўздрыгнулi. Адчувалася, што ён не хацеў бы чуць такiя словы.
– Кожнага чакае перакрыжаванне на жыццёвай дарозе, дзе ад нечага варта адмовiцца, – павольна, як бы з неахвотаю прамовiў Метэор i спытаў: – Вы былi дулебам?
– Так. Дулебам. Апошнiм дулебам.
Гай iмклiва ўзняўся з крэсла, загаварыў стоячы, бо падумалася, што тое, што ён зараз скажа, неабходна неяк падкрэслiць, вылучыць.
– Вялiкi дзякуй вам, доктар. Вы яшчэ не ведаеце самi, што зрабiлi. Вы ажывiлi мне душу. Вы далi мне новыя вочы, новыя вушы i новае сэрца. Так-так. Я кажу гэта з усёй шчырасцю, паверце. Старадаўнiя мудрацы навучалi: "Час асвятляецца людзьмi". Дык вось гэты юны дулеб, гэты горды непакорны славянiн, якога хацелi зрабiць скацiнай, быдлам, асвятлiў i асвяцiў, зрабiў, як кажуць па-расейску, "угодным Богу" жыццё маiх далёкiх продкаў. Я зразумеў сэнс iхняга i майго з маiм сынам Клёнам iснавання. Без нас, учарашнiх, сённяшнiх i заўтрашнiх, чалавецтва было б аднакрылым. I гэта не прыгожая фраза. Можаце мне паверыць.
– Цiкава, вельмi цiкава. – Узняўся са свайго крэсла доктар Метэор.
Было вiдно, што яму, як прафесiяналу, дужа прыемна пераканацца ў карыснасцi i неабходнасцi сваiх пошукаў. Твар па-маладому заружавеўся, у вачах з'явiўся востры цёплы бляск.
– Мой сын у вялiкай бядзе, – працягваў мiж тым Гай Дубровiч, – але я ўпэўнены, што ўбачу яго жывым i здаровым. Такую ўпэўненасць далi мне вы, доктар. Цвёрдасцю i мужнасцю вы напоўнiлi ўсю маю iстоту. Яшчэ раз дзякуй.
У гэту хвiлiну зазванiў тэлефон. Доктар Метэор узяў трубку.
– Нехта хоча пагаварыць з вамi, – сказаў ён, перадаючы трубку Гаю.
– Гай Дубровiч слухае, – прамовiў Гай, усё яшчэ не астыўшы ад свайго маналога.
– Хто гэта? – глухавата спытаў далёкi голас.
– Гай Дубровiч.
– А я думаў – Гай Юлiй Цэзар, – сказаў незнаёмец, здзеклiва засмяяўшыся.
I адразу ж запiпiкалi кароткiя гудкi.
– Нiчога не разумею, – развёў рукамi Дубровiч. – Цi гэта недарэчны жарт, цi... Нiчога не разумею.
Людзi ВЭП даўно адвыклi ад хамства – бытавое яно або службовае. Усе гэтыя "шпiлькi", "падсечкi", "падсадкi" абляцелi, абцерабiлiся, як прыкрае шалупiнне. Чалавек паступова навучыўся казаць у вочы iншаму чалавеку ўсё, што ён аб iм думае, цi амаль усё. Вось чаму непрыемна здзiвiў Гая гэты нечаканы званок.
– Экспедыцыйны корпус пад камандай маёра Хвалiбога тры днi назад адбыў на планету Вар, – сказала тэлевiзiйная дыктарка. – Пяцьсот чалавек, памiж якiх цывiльныя добраахвотнiкi i рэспублiканскiя гвардзейцы, павiнны вызвалiць Клёна Дубровiча. "Я не вярнуся ў Менск без Клёна", – заявiў нашаму карэспандэнту маёр Хвалiбог.
Доктар Метэор i Гай Дубровiч пераглянулiся.
– А зараз перадаем паведамленне асаблiвай важнасцi, з якiм выступiць дырэктар Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа Лех Патоцкi.
На экране з'явiлася барадатая галава Патоцкага. Ён быў вельмi ўсхваляваны. Побач з iм у студыi сядзеў стрэсаператар Карл Гакенхольц.
– Панове, – басавiта загаварыў Патоцкi, – па свайму службоваму абавязку мы з панам Гакенхольцам павiнны папярэдзiць вас, што ў раёне гарадоў Стакгольм, Рыга, Вiльнюс, Менск, Чарнiгаў, Варонеж з гадзiны на гадзiну, падкрэслiваю – з гадзiны на гадзiну, чакаецца суперканцэнтрацыя адмоўнай энергii, атака СЦ, якая ацэньваецца намi, стрэсаператарамi, як атака дзевятай i нават дзесятай катэгорыi. Гэта небяспечна для людзей, асаблiва для малых дзяцей. Не забудзьце праверыць, каб у кожнага з вас пад рукой быў iндывiдуальны Ўзмацняльнiк Волi. Усiм, хто сядзе за руль аўтамабiля або за штурвал верталёта, патрэбна вельмi ўважлiва сачыць за сваiмi дзеяннямi, за паказаннямi прыбораў. Запомнiце: чакаецца бунт аўтамабiляў. Яшчэ раз паўтараю: чакаецца бунт аўтамабiляў, якi справакавала СЦ. Псiхiятрам i брыгадам "хуткай дапамогi" неабходна падрыхтавацца да рэзкага павелiчэння колькасцi выклiкаў, дэпрэсiй i спроб самазабойства. Завастраю ўвагу супрацоўнiкаў Дамоў зняволення i духоўнага перавыхавання, што могуць быць рэцыдывы непадпарадкавання адмiнiстрацыi. Але асаблiвую ўвагу звярнiце на сваiх дзяцей. Пакладзiце iх раней спаць, дайце вады з мёдам, змажце скронi ментолавым маслам, пад падушкi насыпце свежай мяты. Глядзець тэлевiзар, кiнабаевiкi катэгарычна не рэкамендуецца.
– Закруцiлася кола, – уздыхнуў доктар Метэор i па селектару пачаў аддаваць неабходныя загады гаспадарчым i ахоўным службам Дома Пераўтварэнняў.
Гай жа сядзеў, як уражаны громам. Калi чакаецца яшчэ адна атака СЦ, значыць, Клён, сын ягоны, не стаў, як абяцалi, Гарантам Вечнага Мiру, значыць, ён у гэтыя самыя хвiлiны можа быць мёртвым. Гай абхапiў рукамi галаву.
– Супакойцеся, – мякка паклаў яму далонь на плячо доктар Метэор.
Шж тым Лех Патоцкi перадаў слова Карлу Гакенхольцу. Той, адкашляўшыся ў круглы загарэлы кулак, сказаў:
– Па маiх асабiстых падлiках, гэта ўжо сто сорак трэцяя атака Старой Цывiлiзацыi. Можа, я памыляюся, дык няхай мяне паправяць болып кампетэнтныя спецыялiсты. Але чаму зноў разгараецца полымя, якое, як мы ўсе спадзявалiся, пачало патухаць? На гэты конт чакаецца афiцыйная заява З'езда Ўсiх Зямных Канфедэрацый, i ўсё-ткi я, карыстаючыся дазволам, якi маю, пастараюся, паважаныя тэлегледачы, накiдаць хаця б пункцiрную схему таго, што адбылося i што мусiць адбыцца.
Ён паглядзеў на Патоцкага. Пан Лех адабральна кiўнуў галавой.
– Справа ў тым, што з-за межаў нашай метагалактыкi грамадзянам планеты Зямля i ўсiм насельнiкам Блiжняга Космасу паступiў цi то ўльтыматум, цi то парада вышэйшых па iнтэлекце (заўважце – не багi-алiмпiйцы, а проста вышэйшыя па iнтэлекце) унесцi значную, я б сказаў, кардынальную карэкцiроўку ў перспектывы развiцця чалавецтва. Нейкi нябачны касмiчны дырыжор уладна ўзмахнуў палачкай i хоча, i патрабуе, каб мы спявалi толькi па ягоных нотах. Хто ж гэты дырыжор? Гэта цывiлiзацыя планеты Сiняя Зорка. Да нядаўняга часу астраномам i ўсiм вучоным Зямлi нiчога не гаварыла гэта назва. Сёння ж мы ведаем, што жыхары Сiняй Зоркi практычна бяссмертныя, адным словам, яны навучылiся жыць неабмежаваную колькасць гадоў i стагоддзяў. Яны валодаюць крынiцамi суперэнергii. Яны могуць перамяшчацца ў прасторы з хуткасцю думкi. Заўважце, не гуку, не святла, а думкi.
– А цi хутка яны думаюць? – умяшаўся Лех Патоцкi. – Сярод жывых iстот ёсць жа значны працэнт тугадумаў.
– Гэта ўжо iншая справа, – суха адказаў Гакенхольц, якi не любiў дыялогаў, – мяркую, калi яны дыктуюць умовы нашай высокаарганiзаванай цывiлiзацыi, думаюць яны i хутка, i эфектыўна. Па апошнiх звестках, Сiняя Зорка цi бярэ, цi ўжо ўзяла пад свой кантроль цывiлiзацыю планеты Вар, так, так, той самай, якую СЦ лiчыць прарадзiмай i на якой усё яшчэ знаходзiцца Клён Дубровiч. Вар, на вялiкi жаль, робiцца плацдармам, адкуль эмiсары Сiняй Зоркi пагражаюць Зямлi. Сёння яны прыслалi ўльтыматум. Што ад iх i ад iхнiх саюзнiкаў чырвоных i фiялетавых плазмоiдаў можна чакаць заўтра?
Карл Гакенхольц, задаўшы тэлегледачам i самому сабе вельмi няпростае пытанне, змоўк. Яго замянiў Лех Патоцкi.
– Iдэяй фiкс цывiлiзацыi Сiняй Зоркi я назваў бы яе страснае жаданне спынiць Час, – сказаў ён. – Разумееце: не гадзiннiк спынiць, не канвеер або лiнiю метрапалiтэна, а Час. У сваiм ультыматуме сiнязорцы заяўляюць, што ўмеюць гэта рабiць i што менавiта такое ўменне дазволiла iм знайсцi ключы ад бессмяротнасцi. У блiжэйшыя iхнiя планы ўваходзiць правядзенне эксперымента над чалавецтвам. Ведаеце, якая найпершая ўмова дасягнення людзьмi бессмяротнасцi? Забарона, катэгарычная i безумоўная забарона нараджаць дзяцей. Адным словам, бессмяротным чалавек можа стаць без сына, без дачкi. Гэтага патрабуе ад усiх нас Сiняя Зорка.
– Абсурд, – рашуча выдыхнуў Гакенхольц. – Стварыць Чалавека Несмяротнага, стварыць Ното (як гэта па латынi? Здаецца, Коптогiз) i вечна жыць без дзiцячага смеху i плачу, без радасцi мацярынства i бацькоўства... Зямля ператворыцца ў халодны базальтавы шар, якi будзе бязмэтна i сумна плаваць у прасторах Сусвету. Каму патрэбна такое бясконцае бессэнсоўнае жыццё? Сiнязорцы са сваёй, як вы кажаце, iдэяй фiкс нiколi не зразумеюць зямлян, бо за чужой шчакой зуб не балiць.
– Паеду дадому, – сказаў раптам Гай Дубровiч, якому болып не захацелася слухаць нi пра Сiнюю Зорку, нi пра несмяротнасць. – Разам з жонкай будзем чакаць вестак з планеты Вар.
– Будзьце асцярожныя, – папярэдзiў доктар Метэор. – Ёсць iнфармацыя, праўда, неафiцыйная, што ў ваколiцах горада i ў самiм Менску з'явiлася агентура СЦ. Могуць быць усялякiя штучкi-дручкi.
Ён пстрыкнуў пальцамi правай рукi, правёў Гая да лiфта.
У лiфце акрамя Дубровiча спускалiся дзве маладжавыя прыгожыя жанчыны i бледнатвары худы мужчына гадоў сарака. Нягледзячы на гарачыню ён быў у тоўстым ваўняным свiтэры, з пярэстым шалiкам на шыi. У яго неяк дзiўнавата блiшчалi вочы. Жанчыны шчабяталi аб новым часопiсе мод, мужчына з шалiкам на шыi пазiраў на iх, але, падалося Гаю, як бы скрозь iх, i гэта было ненатуральна, бо на эфектных гаваркiх жанчын мужчыны так не глядзяць. Раптам Гай падсвядома адчуў нейкую трывогу, нейкi халадок пад сэрцам. Жанчыны весела тараторылi, мужчына з шалiкам пiльна пазiраў на iх i скрозь iх, а Гай Дубровiч аж ледзянеў ад нечаканай трывогi. "Зараз нешта павiнна здарыцца", шапнуў унутраны голас, якi нiколi не памыляўся. Мужчына ўзняў руку, тонкую, бледную, каб расслабiць шалiк на шыi, i Гай мiжволi скалануўся. На чалавечай руцэ не было пазногцяў. Была вузкаватая, з сiнiмi ручайкамi венаў, кiсць, было пяць пальцаў, а пазногцяў не было. Там, дзе яны звычайна знаходзяцца, Гай убачыў абсалютна гладкую бледную скуру. Ён пачынаў ужо здагадвацца, хто едзе разам з iм у марудлiвым лiфце, хто стаiць за крок-паўтара ад яго. Лютая гарачыня, духата, ваўняны тоўсты свiтэр, якi нiбы металiчны панцыр абцiскае хударлявую фiгуру, i нi малюсенькай кроплi поту на твары. Лiфт спынiўся, палавiнкi абшарпаных дзвярэй пачалi павольна раз'язджацца ў бакi, i раптам мужчына з нiзкiм вантробным гыркам хiснуўся ўперад, аскалiў зубы i гучна клацнуў iмi – укусiў жанчыну, што стаяла блiжэй да яго, за шчаку. Жанчына дзiка ўскрыкнула, асела на падлогу лiфта. Мужчына з крывавым ротам нязграбна скокнуў цераз яе, шаргануў Гая каляным рукавом свiтэра па твары i вельмi хутка пабег у змрок доўгага калiдора.
– Якi жах! – усклiкнула сяброўка ўкушанай. У яе пачалася iстэрыка.
Гай Дубровiч стаяў каля дзвярэй лiфта, бачыў, як санiтары вядуць жанчыну да машыны "хуткай дапамогi", як малады лiфцёр зацiрае кроў на падлозе, i душа кiпела абурэннем. Нельга так далей жыць. Лепей жахлiвы канец, чым бясконцы жах. Перасохла ў роце. Ён падышоў да аўтамата, каб напiцца. Але газiроўкi чамусьцi не было.
– Просiм прабачэння, – сказаў, тройчы мiргнуўшы зялёнай лямпачкай, аўтамат. – Праз дзве хвiлiны сорак пяць секунд будзе дазапраўка. Пачакайце. Ды Гай, махнуўшы рукою, сеў на таксi, папрасiў шафёра як найхутчэй ехаць у Менск. Шльгалi за акном чырвоныя i зялёныя катэджы, купкi дрэў, акуратныя лужкi. З прыёмнiка неслася меланхалiчная песня, "цвiк сезона":
Не кружы, зязюля, над чужым гняздом.
Пабудуй, зязюля, свой уласны дом.
Бач: пасля дасвецця
Зноў плыве iмгла.
Цяжка тваiм дзецям
Без твайго крыла.
"Клён, сынок, – думаў Гай, – хутчэй бы ўбачыцца з табою".
Раптам песня перарвалася.
– Увага, – строга сказаў металiчны голас. – Гаворыць Штаб грамадзянскай абароны горада Менска. Просiм усiх мiнчукоў заставацца дома, не выходзiць на вулiцы. Праверце, цi ў зборы ўсе члены вашых сем'яў, асаблiва дзецi, зачынiце дзверы i вокны, не стойце на балконах, нi ў якiм разе не пускайце ў кватэры незнаёмых асабiста вам людзей. Помнiце: гэта можа быць агентура СЦ. У горадзе пачалiся баi. Па папярэднiх звестках, Серабранка i Чыжоўка захоплены атрадамi Старой Цывiлiзацыi i робатамi з аўтамабiльнага завода, якiя далучылiся да iх. Атрады СЦ, выкарыстоўваючы агнямёты, па лiнiях метрапалiтэна хочуць прабiцца ў цэнтр горада. Баявiкi Старой Цывiлiзацыi знешне вельмi падобныя на людзей. Рознiца ў тым, што ў час мiмiкрыi прайшоў дэфект, i на пальцах рук i ног яны не маюць пазногцяў. Помнiце: у iх няма пазногцяў. Асцерагайцеся людзей у пальчатках i рукавiцах, патрабуйце, каб яны неадкладна здымалi iх. Тых мiнчукоў, хто ў гэтыя хвiлiны слухае нас за рулём аўтамабiля, просiм прыехаць на чыгуначны вакзал i аўтавакзал. Там працуюць паходныя лазарэты для параненых i будзе патрэбна ваша дапамога.
– Едзьце на чыгуначны вакзал, – усхвалявана сказаў Дубровiч таксiсту.
Той згодна кiўнуў галавой, павялiчыў хуткасць, i раптам Гай убачыў у яго на руках белыя пальчаткi.
Кроў зазвiнела ў галаве, пачала, здаецца, ламаць скронi.
– Што гэта? – спытаў Гай.
– Вы аб чым? – не зразумеў таксiст.
– Спякота, а ў вас на руках пальчаткi.
– Ну й што? Мне так падабаецца, – усмiхнуўся таксiст, але вочы былi напружаныя, суровыя.
– Неадкладна здымiце, пакажыце свае рукi. Я хачу iх убачыць.
– А я цябе, жлоб, хачу ўбачыць у труне ў белых тапках, – адказаў таксiст i раптам, кiнуўшы руль, схапiў Гая за горла.
Дубровiчу ўдалося вывернуцца. Усiм целам ён падаўся назад, але вялiкiя рукi ў белых грубых пальчатках цягнулiся да яго.
"Зараз машына загрымiць у кювет, – падумаў Гай. – Не ведаю, што застанецца ад гэтага пярэваратня. Ад мяне ж – адны костачкi".
Кулаком ён ударыў таксiста, стараючыся патрапiць у скiвiцу. Але ўдар прыйшоўся ў грудзi i прабiў iх, прарваў, бо пад кулаком была не пругкая чалавечая плоць, а нейкая рыхлая маса, нейкая вата. Ад нечаканасцi i агiды пацямнела ўваччу. Стварэнне, якое толькi што было таксiстам i даволi спрытна i ўмела ўпраўлялася з аўтамабiлем, на вачах пачало набываць фiялетава-чырванаваты колер. Такiм робiцца корань у грыба падасiнавiка пасля таго, як яго зрэжуць.
Па рацыi Гай перадаў дыспетчару, што на лiнii ў горадзе i ў прыгарадах могуць працаваць i, вядома ж, працуюць вадзiцелi-пярэваратнi, хiтрая агрэсiўная пятая калона СЦ.
– У iх няма цела, – дадаў ён.
– Як? – асекся голас у маладзенькай дзяўчыны-дыспетчара. – Як вы сказалi?
– У iх няма цела, – паўтарыў Дубровiч.
– А як жа яны кiруюць машынамi?
– Шлая мая, у iх няма чалавечага цела, – стараючыся не раздражняцца, пачаў цярплiва тлумачыць Гай. – Напрыклад, вось гэты прыгажунчык, што сядзiць побач са мной, з выгляду самы сапраўдны каўбой, супермэн, адным словам, але ўвесь ён нашпiгаваны нейкай ватай i нейкiм пiлавiннем.
– I вам не страшна? – цiха-цiха спыталася дыспетчарка.
Гай не адказаў, выключыў рацыю. Увесь гэты час ён вёў аўтамабiль, скiнуўшы фiялетавыя (нават пальчаткi зрабiлiся фiялетавымi!) адразу памякчэлыя робатавы рукi з руля. Потым ён наогул надумаў ачысцiць ад пярэваратня салон. Цiскануў на тормаз, хацеў адчынiць дзверцы, але аўтамабiль не слухаўся, нёсся, як раз'ятраны звер, па шашы. Гай быў вопытнейшым шафёрам, мог, калi трэба, з завязанымi вачыма кiраваць машынай, ведаў, адчуваў у ёй кожную маленькую гаечку, i ён зразумеў, што стаiць за нечаканым бунтам аўтамабiля. Аўтамабiль таксама быў фiкцыяй, падробкай, муляжом, называй як хочаш. Аўтамабiль быў жывой iстотай, якая дзёрзка не падпарадкоўвалася чалавеку, хацела яго забiць, знiшчыць.
– Спынiся, чортава калымага! – у адчаi закрычаў Дубровiч, зноў i зноў нацiскаючы на тормаз.
Раптам аўтамабiль рэзка рвануўся на сустрэчную паласу руху, намерваючыся ўдарыцца – лоб у лоб – з вялiзным цяжкiм малакавозам. У апошняе iмгненне шафёр малакавоза вiльнуў убок i люта пагразiў Гаю кулаком.
– Бунт аўтамабiля! – закрычаў у рацыю Гай. – Прашу дапамогi! Прашу тэрмiновай дапамогi!
– Дзе вы знаходзiцеся? – спытаў у яго строгi басавiты мужчына, пэўна, афiцэр ДАI.
– На шашы Вiльнюс – Менск, у раёне Новай Вёскi! Аўтамабiль, не ведаю, як i называць гэту пачвару, пастаянна кiдаецца на сустрэчныя слупы i машыны! У мяне мярцвеюць рукi! Вось ён хоча скокнуць у кювет!
Гай заскрыгатаў зубамi, у чарговы раз не дазволiўшы аўтамабiлю самалiквiдавацца.
– Дапамажыце! – крычаў ён.
З неймавернай хуткасцю пачаў расцi, раздзiмацца руль i неўзабаве прыцiснуў Дубровiча да сядзення, ды так, што не прадыхнуць. Адначасова пачулася лёгкае шыпенне. У салоне запахла нечым гаркавата-салодкiм. Гай адчуў, як пачынаюць злiпацца павекi. "Сонны газ", – здагадаўся ён. У смяротнай тузе заныла сэрца. Ён убачыў на заднiм сядзеннi цяжкую металiчную гантэлю. "Навошта ў машыне гантэля? – мiльганула ў галаве, якая ўжо клявала носам, вялая думка. – Пэўна, ёю пярэварацень збiраўся трушчыць чарапы людзям". Гай схапiў гантэлю, заплюшчыўшы вочы, што ёсць сiлы ўдарыў ёю па ветравым шкле. Дзве мэты ставiў ён перад сабой – упусцiць у салон свежае паветра i прычынiць гэтаму стварэнню, гэтаму самазабойцу боль. Але шкло толькi злёгку прагнулася, нi трэшчынкi не з'явiлася на iм. Гэта даканала Гая. "Карачун мне... Канец", – падумаў ён.
У гэты час над шашой нiзка праляцеў патрульны верталёт ДАI, за iм другi, трэцi. Яны пачалi скiдваць на асфальтавае палатно гумовыя дарожкi, спрэс утыканыя вострымi жалезнымi шыпамi.
– Трымайцеся, – звязаўся з аўтамабiльнай рацыяй пiлот верталёта. Зараз гэты шустрачок наколецца на шпiльку, i ўсё будзе о'кэй.
Але аўтамабiль – верталётчыкi аж разiнулi раты ад здзiўлення – пачаў пераскокваць праз дарожкi, рэзка вiляць у бакi, аб'язджаючы iх.
– Ну й слаламiст, – здзiўлена прысвiснуў пiлот. – Застаецца адно страляць па шынах.
Верталёты знiзiлiся амаль да ўзроўню шашы i, летучы на шалёнай хуткасцi ўслед за аўтамабiлем, адкрылi ўраганны кулямётны агонь. Кулi, чыркаючыся аб асфальт i рыкашэцячы, высякалi доўгiя яркiя iскры. Нарэшце лопнула задняя шына, аўтамабiль крутнуўся, спынiўся. Гаю падалося, што ён застагнаў.
Пiлоты падбеглi, зубiламi рассеклi дзвярныя петлi, iначай Гай, у якога пачыналiся ўжо галюцынацыi ад невядомага гаркавата-салодкага газу, сканаў бы ў салоне. Яго выцяглi, далi вады. Ён зрабiў глыток i рухнуў на гарачы смуродлiвы асфальт.
– Гэта Гай Дубровiч, – сказаў адзiн з пiлотаў. – Ранавата ён страцiў прытомнасць. Пратрымайся ён хаця б сотую долю секунды, i я сказаў бы яму, што ягоны сын Клён жывы, цэлы i непашкоджаны толькi што вярнуўся на Зямлю з планеты Вар.
XIV
Радаслаў Буслейка, Вера Хрысцiнюк i Клён Дубровiч, збегшы ад натоўпу журналiстаў, якiя дзеля iнтэрв'ю гатовы былi расшкуматаць iх на дробныя кавалачкi, у спадарожную машыну, а потым, нiкiм не заўважаныя, шчаслiвыя, ускочылi ў перапоўнены людзьмi вагон менскага метро, паехалi ў цэнтр горада. Меркавалася, што першнаперш заедуць яны на вулiцу Заслаўскую, у кватэру сям'i Дубровiчаў.
– Лоўка мы абвялi вакол пальца ўсiх гэтых букетаносцаў, – смяяўся Клён.
Ён з прагнай радасцю ў вачах глядзеў на людзей, на плямы святла, што ўспыхвалi i праляталi, успыхвалi i праляталi ў вокнах вагона. Ён гатоў быў крычаць вагону, прыспешваць яго: "Хутчэй! Хутчэй!", бо так не цярпелася ўбачыць родны дом, сваю вулiцу, мацi, бацьку.
– Так, букетаў было, як пiшуць журналiсты, поўнае мора i цэлы акiян, задаволена сказаў Буслейка. – Як глянуў я – а ўвесь аэрадром у адных букетах. I гэта ж трэба кожнаму, хто табе букет падрыхтаваў, пакланiцца, усмiхнуцца, горача пацiснуць руку. Не, што нi кажыце, а своечасова мы збеглi.