355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леонид Дайнеко » Чалавек з брыльянтавым сэрцам » Текст книги (страница 14)
Чалавек з брыльянтавым сэрцам
  • Текст добавлен: 17 октября 2016, 02:24

Текст книги "Чалавек з брыльянтавым сэрцам"


Автор книги: Леонид Дайнеко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 16 страниц)

Вера Хрысцiнюк закахана пазiрала на яго. З вясёлым здзiўленнем увесь гэты час яна адчувала сябе быццам трошкi п'янаватай, хоць, вядома ж, нi кроплi вiна не пабывала ў яе роце. "Якое шчасце пасля такiх выпрабаванняў i жахаў зноў вярнуцца на Зямлю, – расчулена думала Вера, – якое шчасце ехаць у гэтым цесным дрогкiм вагоне i бачыць каля сябе Радаслава, моцнага прыгожага чалавека, роднага чалавека на роднай зямлi". Яна адчувала, што катастрафiчна топiцца, iдзе на дно сiнiх iскрыстых вачэй стрэсаператара. Ёй успамiналiся словы славутага пiсьменнiка, вычытаныя ў кнiжцы пра каханне: "Мужчына i жанчына, стойце тварам да твару, душа да душы. Не рассячэ вас нiякi меч".

Раптам вагон на поўным разбезе рэзка спынiўся, затармазiў. Пасажыры паляцелi ўпёрад, павалiлiся, як костачкi дамiно, адзiн на аднаго. Завiшчэлi, зарыпелi, заекаталi вагонныя колы, з-пад якiх шуганулi снапы гарачых iскраў. Адразу патухла святло. Пачулiся прарэзлiвыя стогны.

– Што гэта? – ухапiлася Вера за Радаслававу руку.

– Не хвалюйся, Верачка, – сказаў як мага спакайней Буслейка. – Пэўна, нейкая аварыя ў кантактнай сетцы метрапалiтэна. Зараз электрыкi, трэба спадзявацца, прымуць адпаведныя меры, i мы паедзем далей.

– Ды вы што – з Месяца звалiлiся? – перапынiў яго чарнавусы, гадоў сарака мужчына. – Хiба не ведаеце, што ўжо другi дзень у горадзе самая сапраўдная вайна з плазмоiдамi? Гэтая нечысць прэ адусюль: з каналiзацыйных люкаў, з трансфарматараў, з электраразетак.

– На iхнiм баку робаты, якiя ўзбунтавалiся на аўтамабiльным заводзе, спалохана пазiраючы ў цёмнае акно вагона, уставiла сваё слоўца сiвая iнтэлiгентнага выгляду бабуля.

– I наркаманы. Гэтым – абы ўкалоцца, – дадаў шыракаплечы юнак у чырвонай веласiпеднай шапачцы.

Набор такiх навiн быў поўнай нечаканасцю для Клёна, Веры i Радаслава. На нейкi мiг яны адчулi збой у дыханнi.

– Мы i сапраўды, як вы кажаце, звалiлiся, толькi не з Месяца, а з планеты Вар, – сказаў нарэшце Буслейка.

– Дык вы з экспедыцыйнага корпуса палкоўнiка Хвалiбога?! – жвава ўсклiкнуў шыракаплечы юнак, i вочы радасна заззялi.

– Мы не з корпуса. Мы тыя, каго вызваляў гэты корпус, – пакрыўджана сказаў Клён. – I Хвалiбог не палкоўнiк, а маёр.

– Не, малады чалавек. Ён ужо стаў палкоўнiкам. Я сама слухала Iндаэўрапейскае радыё, – адразу ўмяшалася ў гаворку бабуля-iнтэлiгентка. Там было сказана так...

Яна, успамiнаючы, прыжмурыла маленькiя, як сiнiя фасолiнкi, вочы.

– За выключныя арганiзатарскiя здольнасцi, за асабiсты гераiзм, у вынiку чаго выратавана жыццё траiх зямлян, датэрмiнова прысвоiць маёру рэспублiканскай гвардыi Хвалiбогу (iмя не помню) воiнскае званне палкоўнiк.

– Пачакай, пачакай... Дык ты, значыцца, Клён Дубровiч? – пiльна пазiраючы ў вочы Клёну, прамовiў чарнавусы мужчына i ляпнуў Клёна па плячы. – Вiншую, брат. Вось не чакаў, што ўбачу. Будзе што жонцы расказаць. Таварышы, – звярнуўся ён да пасажыраў, – у нашым вагоне едзе Клён Дубровiч, той самы юны герой, якому нададзена высокае ганаровае званне – Чалавек з брыльянтавым сэрцам.

Пачулiся воплескi, узбуджаныя галасы. Тыя з пасажыраў, хто стаяў блiжэй, цiснулi Клёну руку, прыязна ўсмiхалiся. На нейкiя iмгненнi ўсе быццам забылiся, што знаходзяцца ў вагоне метро, якi намёртва прылiп да рэйкаў i невядома калi скранецца з месца, што зусiм побач грымiць жорсткi бой.

– Такi маладзенькi i ўжо – Чалавек з брыльянтавым сэрцам, – пранiкнёна ззяючы вочкамi-фасолiнкамi, сказала бабуля.

– Ён ахвяраваў сабою з-за мяне, – пахвалiлася Вера Хрысцiнюк.

Толькi ў душы ў Клёна не было нi макулiнкi радасцi. Як ён спяшаўся сюды, на Зямлю, у Менск, як ён хацеў хутчэй убачыць мацi, бацьку, сяброў з гiмназii. Яшчэ тады, калi гвардзейцы з корпуса Хвалiбога, паралiзаваўшы Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы, масiраваным абпраменьваннем-стрэлам з Соннай Гарматы вызвалiлi Клёна, ён думаў аб адным: хутчэй дабрацца дадому. I вось стаiць у змярцвелым вагоне метро, нейкiя чужыя людзi вiншуюць яго, нешта гавораць, сiвая бабуля нават плача ад радасцi, а на сэрцы такая халадэча. Хiба гэтага хацелася яму? Хiба iмкнуўся ён, яшчэ зусiм малады, якому няма й шаснаццацi гадоў, атрымаць тытул Чалавека з брыльянтавым сэрцам? Вядома не. Проста – так атрымалася. Знаходзячыся за нейкiя паўкiламетра ад роднага дому, ён, хоць разарвiся, нi на крок не можа наблiзiцца да яго. Якая несправядлiвасць! А тут яшчэ гэтыя вiншаваннi, гэтыя ўсмешкi i воплескi. "Фальш, – са злосцю падумаў Клён. – Яны, усе цi амаль усе, няшчырыя. Фальшывыя людзi. Фалыпывая планета".

Радаслаў Буслейка, быццам адгадаўшы ягоныя думкi, сказаў, становячыся амаль упрытык:

– Ты не вельмi бяры ўсё да галавы, Клёнiк.

I правай цвёрдай даланёю ўскудлацiў яму валасы.

Тое, што стрэсаператар назваў яго Клёнiкам, назваў так, як звычайна называла Вера, падалося абразаю, найвялiкшай знявагай. "Фалыпывыя людзi. Фалыпывая планета", – зноў з нейкай асалодай падумаў Клён.

Раптам без нiякай аб'явы ўспыхнула святло, вагон крануўся. Пасажыры, адразу забыўшы пра Чалавека з брыльянтавым сэрцам, зручна ўладкавалiся на сваiх месцах, з насцярогай пачалi ўзiрацца ў вокны. Водблiскi ад электрычных лiхтароў, што гарэлi ў тунелi метрапалiтэна, нервова беглi па людскiх тварах. I тут здарылася неспадзяванае – з дзесятак робатаў, з'явiўшыся аднекуль з цемры, пачалi падаць на рэйкi, перагароджваць дарогу электрацягнiку. Чуўся звонкi металiчны ляскат, пранiзлiвае скрыгатанне, Добра, што машынiст даўмеўся адчынiць дзверы вагонаў. Пасажыры, давячы адзiн аднаго, рынулiся на перон. Мiльгалi перакошаныя страхам твары, усюды валялiся згубленыя парасоны, жаночыя туфлiкi. Клён убачыў, як агромнiсты робат жалезнай рукой выцягваў з кабiны машынiста, шпурнуў яго на рэйкi.

– Вера! Клён! Трымайцеся побач! – крыкнуў Буслейка, бегучы па пероне.

– Там робатаў патрушчыла, – задыхана прамовiў Клён, не адводзячы позiрку ад рэек, дзе цямнелiся горы металiчнага друзу.

– Падпалынчыка лесу нельга апраўдваць тым, што ён таксама згарэў, адказаў стрэсаператар i падхапiў Веру Хрысцiнюк, якая, паслiзнуўшыся, ледзь не ўпала.

Па гранiтных звонкiх ступеньках яны беглi ўверх да дзвярэй, на якiх было напiсана: "Выхад у горад". Iх абганялi людзi, часам балюча штурхалi локцямi.

Непадалёку ад дзвярэй стаяла маладая жанчына з грудным дзiцем на руках. Дзiця было закручана ў каляровыя яркiя пялёнкi. Клён, прабягаючы побач, зусiм выпадкова кiнуў позiрк на жанчыну i анямеў – не дзiця трымала яна ў пялёнках, а маршчынiстага вельмi маленькага сiвабародага дзядка. Не дзiцячую соску ўбачыў Клён, а мiнiяцюрную рацыю, у якую дзядок гаварыў нейкiя адрывiстыя рэзкiя словы, пэўна, аддаваў загады.

– Радаслаў! – адчуваючы, як залiвае сэрца жах, закрычаў Клён. – Iмi кiруе карлiк! Яны носяць яго на руках!

Буслейка азiрнуўся, няўцямна паглядзеў на яго, на жанчыну, хацеў нешта сказаць, нешта спытаць, але махнуў рукой i пабег далей. Жанчына ж, пагрозлiва блiснуўшы зялёнымi вачамi, выхапiла з кiшэнi сваёй курткi шпрыц, хацела ўкалоць Клёна. Ён ледзь вывернуўся. "Наркаманка", – зразумеў ён i даў такога драла, што ўмiг перагнаў i Радаслава, i Веру.

Яны выскачылi на вулiцу Нямiгу. Непадалёку, на мосце праз раку Свiслач, гарэў аўтамабiль. Трывожна званiў, грымеў звон кафедральнага праваслаўнага сабора. Старая ў чорным глядзела на сабор, хрысцiлася, прыгаворваючы:

– Сказана ў Святым пiсаннi: "I прыйдзе агонь нябесны. I дом на дом упадзе".

Вера Хрысцiнюк раптам паклала галаву на плячо Радаславу i заплакала.

– Навошта ўсё гэта? – праз слёзы запытала яна.

– Што? – пагладзiў ёй валасы Буслейка.

– Агонь... Дым... Страх... Робаты... Агiдны карлiк з рацыяй... За што, за якiя грахi пакутуем мы, людзi?

– Супакойся, – пераходзячы на "ты", пачаў суцешваць Буслейка.

– Але за што такiя пакуты?

– Я ведаю, – бляднеючы сказаў Клён.

– Ты? – адначасова здзiвiлiся Радаслаў i Вера.

– Я. Гэта расплата за стагоддзi фальшу. Хто кiдае камень уверх, кiдае яго на сваю галаву. Гэта – бунт прыроды, якую чалавецтва заганяла ў трубы, у жалезныя клеткi, у цыстэрны, у колбы i рэактары. Мы жывем на фалынывай планеце. I нават Вялiкая Эра Плюралiзму – толькi маска, пад якой хаваецца фальш.

– Мой ты хлопчык, – усё яшчэ плачучы, пачала цалаваць Вера Клёна.

Ён адварочваўся, моршчыўся.

Раптам яны ўбачылi спартсмена. Гэта быў мужычок гадоў трыццацi пяцi сарака, гладкi, жылiсты, з вясёлым загарэлым тварам. У чырвоным спартыўным касцюме, у беласнежных кедах ён трушком бег па вулiцы i, пэўна ж, нiчога не заўважаў наўкол сябе. Рытмiчна працавала сэрца, спраўна служылi мускулы, прыемна-цёплым ручаём пульсавала па венах i капiлярах кроў.

– Вось падзiвiцеся, – нервова прыкусiў губу Клён. – Гарыць горад, а ён сабе бяжыць, пацее, хоча жыць сто пяцьдзесят гадоў. Дрэва, пушчанскi дуб на адным месцы ўсё жыццё стаiць, а жыве i тысячу, i дзве тысячы гадоў.

Яны, асцярожлiва азiраючыся, пайшлi па Нямiзе, кiруючыся ў бок вулiцы Заслаўскай. Пахла дымам, бензiнам, гарэлай гумай. Каля перакуленага газетнага кiёска валялiся кiпы рознакаляровых часопiсаў, газет. Вецер гартаў старонкi. Блiскучымi вострымi абломкамi было рассыпана вiтрыннае шкло.

"Чаму мяне не сустрэлi ў аэрапорце мама i бацька? – думаў Клён. – Што здарылася? Яны ж павiнны былi ведаць аб нашым прылёце. А можа..." Але ён не дазваляў свайму разгарачанаму ўяўленню iсцi далей слова "можа", сягаць за тую трывожную мяжу, дзе жыве халодная невядомасць, дзе перакочвае свiнцовыя хвалi бязмежны акiян адчаю. "Усё будзе добра, нармальна, – прымушаў сябе думаць ён. – Проста яны не паспелi прыехаць з Чорнага Хутара. Вось зараз павернем на вулiцу Танкавую, а там – i Заслаўская".

З-за рога прадуктовага магазiна выбегла штук пятнаццаць шышкагаловiкаў. Ружовыя твары i ружовыя рукi рэзка кантраставалi з чорнай, мабыць, гумавай вопраткай. Шышкагаловiкi цягнулi панцырны агнямёт, ударылi вогненным струмянём па вокнах магазiна. Шкло гучна лопалася, плавiлася. Некалькi салдат СЦ не спяшаючыся зайшлi ў магазiн, дзе ўжо бушавала полымя, абсалютна не зважаючы на гарачыню, корпалiся там. Нарэшце зноў з'явiлiся на вулiцы i ўсе былi з трафеямi. Хто нёс маткi сасiсак, абкруцiўшыся iмi, хто – галоўку сыра або кардонную скрынку з маслам. У аднаго ў руках блiшчалi дзве бутэлькi гарэлкi. Iм, вядома ж, не патрэбна была нiякая ежа, бо адсутнiчалi страўнiк i апетыт. Але капiiсты заставалiся капiiстамi. Проста на асфальце яны селi ў кружок. Адзiн ружовай рукою зачэрпваў з кардоннай скрынкi як паболей масла, старанна размазваў яго па тварах i па жыватах сваiх таварышаў. Так яны "елi". I тут шышкагаловiкi заўважылi людзей.

– Бяжым! – крыкнула Вера.

Але салдаты СЦ iмгненна ўскочылi на ногi, i пякучы струмень з агнямёта разрэзаў, расплавiў асфальт лiтаральна ў некалькiх сантыметрах перад ёй.

– Спакойна заставаймася на сваiх месцах, iначай яны спаляць нас, як жмут сухой саломы, – сказаў Радаслаў.

Шышкагаловiкi шчыльна абкружылi людзей, пачалi разглядваць iх. Так дзецi разглядваюць незнаёмую цацку.

– Якiя яны страшныя, – прашаптала Вера.

Замест зубоў у роце ў шышкагаловiкаў мелiся вузкiя металiчныя пласцiнкi з мноствам дзiрачак. У iх не было павекаў i броваў, чырвоная скура на шчоках была падобна на кракадзiлавую, вiднелася ўсяго адна наздрына, i тая на самым кончыку тоўстага кароткага носа.

Шышкагаловiк, якi трымаў у руках скрынку з маслам, пастаяў-пастаяў i раптам плюхнуў жменю масла проста ў твар Клёну, пачаў размазваць.

– Адчапiся, агiдзiна! – закрычаў Клён.

Пэўна, крык падзейнiчаў, бо шышкагаловiк, схiлiўшы галаву на левае плячо, адступiў, застыў, як каменны. Затое трое ягоных сяброў у iмгненне вока падскочылi да Буслейкi. Адзiн моцна сцiснуў стрэсаператару кiсцi рук не варухнешся, другi адкiнуў яму галаву назад, надавiўшы на нiжнюю скiвiцу, адкрыў рот; трэцi пачаў залiваць у рот стрэсаператару гарэлку. Радаслаў моршчыўся, захлiпваўся, круцiў вачамi, але нiчога не мог зрабiць. Тады Вера, iрвануўшыся да шышкагаловiка, выбiла ў яго з рук бутэльку. Тая пакацiлася, забрынчэла. Салдаты СЦ здзiўлена пазiралi на Веру.

– Уцякайма! – крыкнуў Клён, плюючыся, абцiраючы з твару масла.

Яны што ёсць моцы пабеглi па гарачым патрэсканым асфальце, прычым адразу ж звярнулi ў прахадныя двары, бо на Нямiзе iх бы накрыў агнямёт. Усё было забiта густым едкiм дымам: дзiцячыя пляцоўкi, скверыкi, пад'езды. На клумбе з панiклымi кветкамi стаяў, як здань, магутны чорны дог, з разяўленай мокрай пашчы вывальваўся чырвоны язык. Дзяўчынка гадоў дзесяцi, што вывела сабаку на прагулку, пэўна, не магла з iм саўладаць, бо хлiпала носам i бездапаможна сцiскала ў руцэ павадок.

– Iдзi дадому. Чаго аслупянеў? – строга сказаў Буслейка догу.

Сабака глянуў на яго, мiргнуў карычневымi вачамi, паслухмяна патрухаў у пад'езд.

– Што будзем рабiць? – стомлена спытала Вера. Буслейка ўсмiхнуўся.

– Адзiн мудрэц казаў: "Я нiколi не думаю пра будучыню. Даволi хутка яна прыходзiць сама". А калi быць сур'ёзным, то трэба прабiрацца на вулiцу Заслаўскую – там нашага Клёна ўжо даўно зачакалiся.

Клён з удзячнасцю зiрнуў на стрэсаператара.

Яны, трымаючыся падалей ад будынкаў, з якiх адкрышвалiся, ляцелi ўнiз кавалкi цэглы i аблiцовачная плiтка, пабеглi праз дым. Спераду – Радаслаў, за iм – Вера. Клён трымаўся ў ар'ергардзе. Рабiлася горача. Пот залiваў шчокi. Раптам накрыўка каналiзацыйнага люка, якi толькi што пераскочыў Буслейка, са звонкiм грукатам адчынiлася, адвалiлася. Адтуль, з-пад зямлi, вытыркнулася доўгая ружоваскурая рука, схапiла Веру за нагу, рэзка рванула ўнiз. Усё адбылося iмгненна.

– Ой! – крыкнула Вера, i ўжо былi толькi вiдны яе плечы, рукi i галава.

– Радаслаў! Клён! Хлопчыкi! Ратуйце! – са слязьмi ў голасе залямантавала яна.

Буслейка з Клёнам за рукi i плечы пацягнулi яе з люка, з цяжкасцю, але выбавiлi на паверхню. Яна была басанож, прыгожыя блакiтныя кеды засталiся ў калодзежы. Калi яна ўбачыла свае ногi, то жахнулася i закрыла вочы далонямi. На нагах была ружовая, нiбы дзiцячая, скура, абсалютна такая, як у шышкагаловiкаў.

– Божа, што яны зрабiлi? – заплакала Вера.

– Вера, пойдзем, – асцярожна крануў яе за плячо Клён.

Але яна несуцешна плакала.

– У пазамiнулым годзе я заняла чацвёртае месца на конкурсе "Спадарыня Навука", – праз горкiя iскрыстыя слёзы казала яна. – Я выступала ў залацiстым купальнiку. Мае ногi...

Вера, як да чужых, з гiдлiвасцю i жахам дакранулася да сваiх ног, пагладзiла iх, i раптам яе рукi зрабiлiся такiмi ж – ружовымi, ашаламляльна-яркiмi. Гэта для жаночай душы было ўжо занадта. Вера неяк сутаргава ўсхлiпнула i страцiла прытомнасць.

– Пракляцце! – гнеўна закрычаў, узняў угору кулакi Радаслаў Буслейка. Каму патрэбна такое?! Колькi можна цярпець?! Чаго хоча ад нас СЦ?!

Ён быў у шаленстве – махаў кулакамi i тупаў нагамi, пляваўся. Клён з трывогай глядзеў то на Веру, то на Радаслава.

I ў гэты мiг у небе, якраз у iх над галовамi, з'явiлася чорная-чорная хмарка, падобная на шар, шумлiвая, уся ў зiхоткiх маланках. Загрымеў гром, падзьмуў парывiсты гарачы вецер. Стала цяжка дыхаць. Вера застагнала, пачала павольна расплюшчваць вочы.

Чорная хмарка з неймавернай хуткасцю наблiзiлася да зямлi. У суседнiх будынках нiбы самi сабой расчынiлiся ўсе вокны, зазвiнела, пасыпалася шкло. Дрэвы i дрэўцы, якiя раслi навокал, кветкi на клумбах разам зашалясцелi, нiзка нахiлiлiся, прычым кветкi адразу ж згарнулi ў пучок свае пялёсткi, быццам разумелi – iм немагчыма глядзець на тое, што зараз адбудзецца.

Хмарка села на зямлю пасярод двара, пачала шыпець, булькатаць, нечакана раскалолася на дзве палавiны, i з яе выкацiлася яркая зорка.

– Маленькi Пяцiног, – зачаравана i адначасова спалохана сказаў Клён.

Так, гэта быў Пяцiног, абсалютная копiя таго Пяцiнога, з планеты Вар, але разоў у дзесяць меншы. Ён пайшоў-пакацiўся проста на Радаслава Буслейку.

– Сыдзi з дарогi i аддай жанчыну! – загрымеў над дваром, здавалася, над усiм Менскам уладны жалезны голас.

– Убiрайся прэч, – цвёрда сказаў стрэсаператар. – Гэта жанчына i гэты юнак – мае сябры. Пакуль б'ецца ў грудзях сэрца, пакуль рука можа сцiскацца ў кулак, ты iх не возьмеш.

– Станавiся на каленi, iначай раздушу i спалю! – грымеў жалезны голас.

– Убiрайся прэч, – упарта нахiлiў светлавалосую галаву Буслейка.

Клён i Вера не дыхаючы глядзелi на яго i на Пяцiнога. Яны пачыналi разумець, што менавiта ў гэтае iмгненне, на гэтым дымным няўтульным двары, дзе амаль да самай травы схiлiлiся тонкiя кволыя дрэўцы, дзе нетутэйшым крыклiвым святлом залiта дзiцячая пясочнiца, аўтамабiльчыкi, лялькi i рыдлёвачкi ў ёй, адбываецца сутыкненне дзвюх цывiлiзацый, дзвюх несумяшчальных суперсiстэм. Iмя iм – Зямля i Сiняя Зорка, Чалавек i Пяцiног, Душа i Ўсёсакрушальная Сiла...

Было вiдно, што Радаславу вельмi-вельмi цяжка. Твар збялеў, шчокi завастрылiся, плечы i рукi нервова трымцелi, быццам гнёў яго нечуваны страшэнны цяжар, ад якога, як гаворыцца ў народных казках, людскiя ногi па калена ўваходзяць у пясок. Было вiдно, што тая сiла, якая ляцiць, струменiцца з Пяцiнога, хоча, чаго б гэта нi каштавала, прымусiць стрэсаператара стаць на каленi, зламаць i патушыць ягоны ўпарты позiрк.

– На каленi! – грымеў, накочваючыся на Буслейку, Пяцiног.

Радаслаў, сцяўшы зубы, маўчаў, адважна пазiраў на яго. Толькi густы пот, як халодная вечаровая раса, клаўся на лоб.

I тут прагучаў аглушальны выбух, высока ўзвiўся фантан агню. Клёна з Верай ударная хваля адкiнула на дзiцячую пясочнiцу. Яны ляжалi на ўтаптаным маленькiмi чаравiчкамi жоўтым пяску, працiралi вочы i нiкога не бачылi – нi Буслейкi, нi Пяцiнога. Пуста было наўкол.

– Радаслаў! – з адчаем пазiраючы ў неба, закрычала што ёсць моцы Вера.

– Радаслаў Алесевiч! – закрычаў Клён.

I раптам як бы лопнулi нябачныя абручы, што да самай апошняй хвiлiны сцiскалi, скручвалi неба i зямлю, усё наваколле. Адразу пырснула з-за хмар сонца, развеяўся дым, весела заблiшчалi шыбы ў вокнах, выбеглi на вулiцу дзецi. Адразу ж па ўсiм Менску – на Серабранцы i Чыжоўцы, у Вяснянцы i Кунцаўшчыне – салдаты СЦ iмгненна спынiлi бой, селi, хто дзе знаходзiўся, на зямлю, на бетон, на рэйкi, абшчапiлi галовы рукамi i з неймавернай хуткасцю пачалi змяншацца ў аб'ёме, пакуль не знiклi. Так знiкаюць, так гiнуць медузы, выкiнутыя морам на гарачы пясок. Адразу ж робаты, разбiўшыся на атрады, памаршыравалi ў месцы ранейшай дыслакацыi. Паперадзе iх горда крочылi робаты-трубачы.

– Радаслаў Алесевiч ахвяраваў сабой, ахвяраваў дзеля спакою i мiру, i СЦ прыняла ахвяру, – цiха сказаў Клён.

Вера апусцiлася на каленi на тым самым месцы, дзе некалькi хвiлiн назад напаткала смерць Буслейку, i плакала.

А Менск налiваўся ўзрушанымi людскiмi галасамi, шумеў ва ўсёй сваёй велiчы. I ўжо выходзiлi дворнiкi падмятаць разбiтае шкло i раструшчаную цэглу. I самую першую порцыю марожанага не прадаў, а падарыў васьмiгадоваму русавалосаму хлопчыку з вулiцы Заслаўскай увiшны вясёлы аўтамат.

Над горадам плылi агромнiстыя бела-ружовыя, як квецень майскай яблынi, воблакi. На адным з iх, самым прасторным, успыхнулi словы: "Ахвяру прымаем. Вайна скончана".

XV

Для Клёна Дубровiча пачалiся самыя цяжкiя часiны. Са слязамi на вачах сустрэлi яго мацi i бацька, цалавалi, абдымалi. Мацi i хатнi робат Чарлi збiлiся з ног, носячы яму прысмакi, ды так закармiлi, хоць пад стол ад iх хавайся. Але схлынула радасць, пацяклi днi, тыднi, i Клён адчуў, што ў ягонай душы нешта незваротна зламалася, што амаль усё ў паводзiнах сяброў, суседзяў, нават бацькоў яму не падабаецца. Iхнiя ўсмешкi, бясконцыя роспыты пра Вар, iхнiя знакi ўвагi, паляпваннi па плячы ўсё болей здавалiся яму няшчырымi. "Фальшывая планета", – думаў ён i сам палохаўся такiх думак, бо Зямля i людзi ВЭП, як вучылi яго ў гiмназii, як пiсалi ў газетах i кнiгах, як верылi бацькi i зусiм нядаўна верыў ён, знаходзiлiся на вяршынi пiрамiды, iмя якой – чалавечая цывiлiзацыя. Усё, што было да ВЭП, да сённяшнiх дзён, было калi i заканамерным, дыялектычна апраўданым, усё роўна лiчылася нiжэйшым, не зусiм дасканалым. Такая ўпэўненасць не называлася эгаiстычнай, самарэкламнай, бо, як двойчы два заўсёды раўняецца чатыром, так i ВЭП заўсёды i ва ўсiм (прынамсi, так цвёрда верыла ўсё цi амаль усё чалавецтва) пераўзыходзiць мiнулыя эпохi. Пры гэтым усе цудоўна ведалi, што калiсьцi ў сiвой далечы тысячагоддзяў Рымская iмперыя ўжо аб'яўляла сябе Эталонам грамадскага раззiцця i прагрэсу, а потым – гiтлераўскi Рэйх, а потым камунiстычны СССР, ды горкае расчараванне чакала ўсю тройцу.

Каб неяк супакоiцца, Клён шмат чытаў, слухаў музыку, аддаючы перавагу забытым народным песням. Добра было пачуць вось такое:

Мой хвор мужычок,

Ды красен, як бурачок,

А я здарова,

Ды жоўтая, як маркова.

Аказваецца, задоўга да ВЭП у людзей было столькi гумару, здаровага смеху, людзi пасвойму былi шчаслiвыя. "Што са мною? – думаў Клён. – Чаму я ўвесь час адчуваю, што мне нечага не хапае? Ясна, што мне вельмi не хапае Радаслава Буслейкi. Але ён загiнуў, яго нiколi не будзе, i я гэта разумею. Дык чаго ж мне не хапае?"

Праз некалькi дзён у некаторых газетах упершыню з'явiлiся публiкацыi на тэму "Вiрус планеты Вар". Калi верыць журналiстам i вучоным, якiя давалi iнтэрв'ю, iснуе зусiм новы таямнiчы вiрус, што пакрысе пачаў гаспадарыць на ўсёй Зямлi, асаблiва ў Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. Людзi, якiя iм заразiлiся, губляюць усялякую цiкавасць да жыцця, пакутуюць няўпэўненасцю, дэпрэсiяй, абсалютна абыякавыя да (падумаць толькi!) духоўных каштоўнасцей сваёй планеты. I хоць журналiстаў, як i ва ўсе часы, болыпасць зямлян лiчыла пляткарамi – з ветру вяроўку саўюць – але ў дадзеным выпадку чалавецтва задумалася i насцярожылася. I, трэба прызнацца, падставы былi. Пасля гераiчнай смерцi стрэсаператара Радаслава Буслейкi ў яго з'явiлася мноства паслядоўнiкаў. Гэтых маладых людзей называлi "ахвярнiкамi". Iх можна было распазнаць у вулiчным натоўпе па асаблiваму бляску вачэй, па бледнасцi тонкiх адухоўленых твараў i па каляровым партрэце Буслейкi, якi яны насiлi на майках. Навум Масейкiн у адной з тэлевiзiйных перадач назваў iх камiкадзе, i назаўтра яго закiдалi на вулiцы тухлымi яйкамi i гнiлымi грушамi. "Ахвярнiкi" паклялiся, чаго б гэта нi каштавала, памiрыць чалавецтва з СЦ. Сямёра з iх скончылi жыццё самагубствам у Шягарскiм вадаспадзе, трое скокнулi з Эйфелевай вежы, адзiн – жыхар Бабруйска Лявон Латушка – на ўласным верталёце ўзляцеў над Нараччу, выключыў рухавiк i разам з машынай рухнуў у возера. Ну й нацярпелiся тыя бацькi, хто меў сыноў цi дочак прыкладна такога ж узросту. Зачынялi дзяцей на замок, наймалi сакрэтных агентаў, каб тыя сачылi за iмi, ушывалi дзецям у адзенне радыёдатчыкi. Колькi было слёз, гарачых спрэчак, абяцанняў i расчараванняў! I СЦ, трэба аддаць ёй належнае, зразумела сiтуацыю, спынiла барацьбу, канчаткова памiрыўшыся з чалавецтвам. Праўда, той жа Навум Масейкiн едка заўважыў, што яна проста "лягла на дно", чакаючы зручнага моманту. як падводная лодка, што падпiльноўвае варожую эскадру. Але, як бы там нi было, многiя людзi, асаблiва ў паўночных шыротах, бачылi ў месячныя ночы дзесяткi, сотнi "вагонаў" (такая была форма ў касмiчных караблёў СЦ), што бясшумна адляталi ад Зямлi. Адбывалася вялiкае перасяленне. Куды трымалi курс плазмоiды, нiхто не ведаў. Можа, на Вар, можа, на Сiнюю Зорку. I яшчэ адзiн надзвычай цiкавы факт – у час адлёту "вагонаў" мяккiм срэбным святлом гарэлi начныя рэкi i азёры, а назаўтра ў лугах i лясах выпадала яркая вельмi буйная раса. Малады паэт Янка Палявiк напiсаў верш, якi адразу ж зрабiў яго вядомым i ў якiм быў радок: "То не раса, то слёзы плазмоiдаў".

А неўзабаве ў газеце "Крывiцкi шлях" была надрукавана iнфармацыя пад iнтрыгуючым загалоўкам "Чорны драпежнiк з Вара iдзе па Зямлi". У гэтай iнфармацыi журналiст, якi схаваў сваё прозвiшча пад iнiцыяламi N.N., настойлiва праводзiў думку аб тым, што вiрус, прынесены з планеты Вар, захоплiвае ўсё новыя i новыя рэгiёны. "Знiкла Вера Хрысцiнюк, – пiсаў журналiст. – Тая самая, што разам з Радаславам Буслейкам i Клёнам Дубровiчам знаходзiлася нейкi час на Вары. Яе няма дома, няма на службе, няма ў сяброў i знаёмых або ў бальнiцы. Яе няма ў санаторыi. Няма нiдзе. Куды ж дзелася гэта адважная жанчына? Пакуль што служба пошуку не можа даць канкрэтнага адказу. Мы ж бярэм на сябе смеласць заявiць, што яна ўслед за Буслейкам стала ахвярай бязлiтаснага вiрусу. Зараз яе шукаюць. Прынамсi, шматлiкая група вадалазаў метр за метрам абмацвае дно ракi Свiслач. З тройцы, якая лётала на планету Вар, толькi Клён Дубровiч у поўнай бяспецы. Ён знаходзiцца ў доме сваiх бацькоў. Дарэчы, яшчэ раз вiншуем нашага праслаўленага зямляка з надаццём яму звання Чалавека з брыльянтавым сэрцам. Па нашых падлiках, у гарадах i аграпасёлках Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi мясцовыя ўлады паставiлi ўжо дванаццаць помнiкаў герою. I, вядома ж, такi помнiк упрыгожвае вулiцу Заслаўскую ў горадзе Менску".

Клёну зусiм выпадкова трапiла ў рукi газета. Ён прачытаў iнфармацыю i адчуў востры халодны сум, якi аж зазвiнеў у сэрцы. Клён падышоў да акна, глянуў на вулiцу. Нiчога асаблiвага ён там не ўбачыў. Быў шэры цьмяны дзень. Пырскаў рэдкi дожджык. Будынак камерцыйнага банка засланяў, здавалася, паўнеба. Дзе ж Вера? Што з ёй? Амаль аўтаматычна Клён пачаў апранацца, каб выйсцi на вулiцу. Але зазiрнула ў пакой мацi, сказала мяккiм, нейкiм лiслiвым голасам:

– Зараз я згатую табе каву.

– Дзякуй, не хачу, – буркнуў Клён.

– Але ж ты заўсёды яе любiў.

– Сёння не люблю.

Яны пiльна глянулi ў вочы адно адному, глянулi не як сын i мацi, а як двое даўно знаёмых людзей, якiх трошкi ўжо стамiла гэтае знаёмства.

– Чаго ж ты хочаш, Клён? – асцярожна пагладзiла Бярозка сынаву галаву, нiбы баючыся, што ён не дазволiць ёй зрабiць такое.

Ён не адхiлiў галаву, але з лёгкай раздражнёнасцю сказаў:

– Проста я хачу пайсцi на вулiцу. I ўсё. Цi, можа, я не маю на гэта права?

– Ты што, сынок? – нервова засмяялася Бярозка. – Вядома, маеш. Але толькi праз дзесяць дзён. Доктар прыпiсаў табе пасцельны рэжым. Каранцiн...

– Якi доктар? – узвiўся Клён. – Якi каранцiн? Ён раптам у здагадцы звузiў вочы, сярдзiта зморшчыў лоб.

– Ды вы з бацькам убiлi сабе ў галовы газетную пiсанiну пра вiрус з планеты Вар. Ха-ха! Чорны звер iдзе па Зямлi. Буслейка загiнуў. Вера Хрысцiнюк знiкла. Чарга – за вашым адзiным чадам, за Клёнам Дубровiчам. Ён можа звар'яцець, можа пакусаць суседзяў. А калi гэтак – садзi яго пад шкляны каўпак, пад замок. Быццам ён не чалавек, а марская свiнка.

– Што ты кажаш, сынок? – спалохалася мацi. – Ты – чалавек, чалавек. I не думай пра нас з бацькам што-небудзь благое.

– Так, я чалавек, сын чалавека, – рашуча перапынiў яе Клён. – I таму я зараз жа iду на вулiцу.

Ён зрабiў крок да дзвярэй, але мацi паклiкала:

– Гай! Адзiны!

Гай Дубровiч iмклiва ўвайшоў у пакой. Быў ён у доўгiм квяцiстым халаце, у мяккiх сандалях без заднiкаў. Ён узяў сына за руку, пагладзiў яе, прытрымаў.

– Табе трэба адпачыць, Клён, – сказаў Дубровiч-старэйшы. – Рэдка каму выпадала перацярпець такое. Слухай музыку, чытай кнiгi. Можаш з Чарлi згуляць у шахматы. Чарлi, дзе ты там? Iдзi сюды!

– Да д'ябла i шахматы, i вашага Чарлi, – вырваў руку Клён i крыкнуў робату, якi быў уваткнуў галаву ў прачыненыя дзверы:

– Убiрайся прэч, бляшанка!

– Нядобра так, – садзячы сына на канапу i сядаючы побач, сказаў Гай.

– А што ты лiчыш добрым? Што такое – дабрыня? – дзёрзка спытаў Клён.

– Добра, калi спакойна, – асцярожна, як маленькаму, растлумачыў бацька. – Добра, калi ўсiм добра. I табе, i мацi, i мне. Усiм.

– Чаму ж тады так шмат "ахвярнiкаў"? Чаму знiкла Вера? – Ва ўпор глядзеў на яго суровымi вачамi Клён.

– Ва ўсе часы знаходзiлiся людзi, якiм рабiлася цесна i няўтульна ў шкарлупiне арэха, iмя якому грамадства, – па-фiласофску ўдумлiва, трохi любуючыся сабой i сваёй эрудыцыяй, сказаў Гай. – Нават ВЭП...

Ды Клён не даў яму дагаварыць, ускочыў з канапы.

– Што – ВЭП! – з'едлiва i злосна выдыхнуў ён. – Няўжо ты не бачыш, што ўсюды так многа хлуснi? Усе гэтыя словы, усе гэтыя помнiкi. Зямля пакрыта хлуснёй, як непраходным балотам.

– Супакойся, – мякка сказаў Гай. – Усё-ткi на сённяшнi дзень ВЭП, пры ўсiх яе недахопах, вышэйшая i справядлiвейшая форма чалавечай цывiлiзацыi. Твае ж словы, такiя гарачыя i ўсхваляваныя – адвечная праблема адносiн бацькоў i дзяцей. Вырасцеш, сам станеш бацькам, i некалi твой сын таксама пачне крытыкаваць цябе. I гэта, павер мне, будзе балюча.

Але Клён не супакоiўся, не сеў на канапу, а, наадварот, падышоў да самых дзвярэй, узяўся за дзвярную ручку. Бярозка разгублена пазiрала то на сына, то на мужа. Ёй так хацелася, каб яны памiрылiся.

– Ты нiкуды не пойдзеш, – рэзка сказаў сыну Гай, таксама ўскочыўшы з канапы.

– З якой нагоды ў нашай сямейцы ўведзена каменданцкая гадзiна? па-блазенску, з непрыхаваным здзекам пацiкавiўся Клён. Ён быў вышэйшы ростам за бацьку, пазiраў на яго зверху ўнiз.

Ды Гай Дубровiч не стаў дыскутаваць, крыкнуў:

– Вярнiдуб! Каратыст! Да мяне! У пакой адразу ж увайшлi, сутыкнуўшыся плячамi ў дзвярах, два робаты.

– За тое, што мы вельмi добра адносiмся да Чарлi, Упраўленне Хатнiх робатаў накiравала да нас сваiх стажораў, якiя шэсць месяцаў будуць працаваць у нашай сям'i, – растлумачыла Клёну мацi i дадала: – Яны будуць працаваць бясплатна.

– Пагуляйце з маiм сынам у дамiно, – загадаў Гай.

– Слухаемся, Абаронца Робатаў, – сiнхронна адрапартавалi Вярнiдуб i Каратыст.

– Дык у цябе ўжо i тытул з'явiўся, – цямнеючы тварам, сказаў Клён бацьку. – I хатняя палiцыя пад рукою. А куды ж дзеўся плюралiзм? Дзе яго, бедненькага, шукаць? Можа, пад сталом?

Ён зрабiў выгляд, што нешта ўважлiва разглядвае пад шахматным столiкам.

– Усё робiцца для твайго шчасця, сын, – цвёрда прамовiў Гай Дубровiч i выйшаў з пакоя.

– Сынок, не крыўдуй на нас, але доктар Берг (у нас зараз новы сямейны доктар) параiў, каб ты дзён дзесяць пабыў дома. Аказваецца, вiрус з планеты Вар не выдумка, – хвалюючыся, страшэнна перажываючы, умольна зiрнула на сына Бярозка.

– Хочаце дамiно? Будзе вам дамiно, – быццам не пачуўшы яе слоў, бадзёра i нахабнавата рагатнуў Клён i, звярнуўшыся да робатаў, крутнуў пальцам каля скронi. – Як у вас наконт iнтэлекту, хлопчыкi?

– Норма, – сiнхронна выгукнулi тыя.

– Малайцы, – пахвалiў ён iх i нават не зiрнуў на мацi.

Бярозка, учарнелая ад крыўды i ўласнай бездапаможнасцi, хвiлiнку пастаяла пасярод пакоя, уздыхнула i цiха зачынiла за сабой дзверы. А на сына, на Клёна, быццам наплыў-навалiўся нейкi вясёлы, на мяжы з iстэрыкай, шал.

– Хто з вас Каратыст? – гучна ляпаючы костачкамi дамiно, амаль крычаў Клён. – Ты? Цi, можа, ты? Вы падобныя, як дзве жалезныя каструлi. А мой бацечка, значыцца, Абаронца Робатаў? Ха-ха. А цi ведаеце вы, каструлi, што ўсе мы: i я, i вы, i нават Абаронца Робатаў жывем на фальшывай планеце? Не ведаеце? Дык я вам трохi прапаласкаю мазгi, прабачце, клемы. Згода? Слухайце. Мы носiмся з ВЭП, як некалi барадатыя i вусатыя, а ў дадатак безбародыя, бязвусыя i абсалютна лысыя, адным словам, розныя мудрацы насiлiся з камунiзмам. Курыца не знесла нiводнага яйка, а кудахтання было на ўвесь свет. Разумееце?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю