355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леонид Дайнеко » Чалавек з брыльянтавым сэрцам » Текст книги (страница 9)
Чалавек з брыльянтавым сэрцам
  • Текст добавлен: 17 октября 2016, 02:24

Текст книги "Чалавек з брыльянтавым сэрцам"


Автор книги: Леонид Дайнеко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 16 страниц)

Патух шар-экран, трыццаць плазмоiдаў расплылiся ў розныя бакi, каб самаадключыцца на цэлых сорак восем гадзiн, а чытальнiкi думак i настаўнiкi адзiна магчымай мудрасцi пачалi ўкараняць у мозг спячых зямлян iнфармацыю аб планеце Вар. Зямляне бачылi бязмежную касмiчную прастору, мiрыяды зорак i астэроiдаў, туманнасцi, чорныя дзiркi, яркiя хвасты камет, абломкi касмiчных караблёў, мiжзоркавыя навуковыя станцыi. Космас быў, як добра звараны апетытны булён, срэбная лыжка Месяца блiшчала ў iм. Космас вабiў да сябе галiнастым белым дрэвам Млечнага Шляху. Потым перад вачамi ў сонных зямлян забушавалi, распачалi сваю адвечную стралянiну сонечныя пратуберанцы. Яны ўзвiвалiся, як вогненныя лiяны, як шчупальцы жудасных залатавокiх i медназубых драконаў. Усё палала, хадзiла клубком, плавiлася, лiлося... З гэтай неймавернай мартэнаўскай печы з аглушальным грукатам выстрэльвалiся цэлыя акiяны плазмы. Чорнае бязмежжа глытала iх, але яны ляцелi зноў i зноў, як фантастычныя феерверкi, як слёзы багоў. Гэта было i самазабойства i самаўзнаўленне. Прырода шукала iсцiну. Плазма была той нябеснай спермай, што ўпарта i мэтанакiравана расцякалася, разбягалася па ўсiм Сусвеце, каб напаткаць тое, у судакрананнi з чым успыхне iскра жыцця. I вось пакацiлiся па сухой пясчанай раўнiне блiскучыя зiхоткiя шары. Iх – сотнi, тысячы, дзесяткi тысяч...

Пры такiм вiдовiшчы падлетак, пэўна спалохаўшыся, рэзка махнуў правай рукой i ледзь не ўдарыў плазмоiда, што вiсеў над ягоным тварам. Плазмоiд пудлiва сiгануў пад самую столь.

А праз сорак восем гадзiн сну (яны праляцелi, як шэсць – восем зямных) Радаслава, Веру i Клёна запрасiлi на сняданак.

– Цiкава, што ядуць i як ядуць на гэтай планеце? – прамовiў Клён i борзда пакiраваўся ўслед за зялёным плазмоiдам, бо страўнiк ягоны, як ён сам прызнаўся, ужо даўно "iграў марш".

Але нiчога звышарыгiнальнага не прапанавалi. На нiзкiх каменных столiках ляжала ў глiняных сподках нейкая салата i ярка-сiнiя кiславатыя плады.

– А я думаў, што нас падключаць да разетак i будзем мы харчавацца электрычнасцю, – змрачнавата пажартаваў Клён, бо тутэйшая кулiнарыя глыбока яго расчаравала.

– Як гэта падключаць? – не зразумела Вера.

– Ноздрамi, – адрэзаў Клён. Маючы вельмi няпросты характар, ён зноў пачаў злаваць на Веру Хрысцiнюк, успомнiўшы яе салодкiя ўсмешачкi i буркатлiвы галасок, калi яна размаўляла з ягоным бацькам.

– Малады чалавек, хiба так сапраўдныя джэнтльмены размаўляюць з дамай? I не забывайся, што мы твае хросныя мацi i бацька, – паспрабаваў перавесцi ўсё на жарт Радаслаў, ды не надта атрымалася.

Так супала, што на планеце Вар адзначаўся Дзень Забiтага Брата. З самай ранiцы сотнi тысяч плазмоiдаў павольна i ўрачыста ляцелi ў бок Ракi Адноўленых Твараў, прычым ляцелi прадстаўнiкi ўсiх сямi кланаў. Старая Цывiлiзацыя арганiзавала шматфарбнае грандыёзнае прадстаўленне, на якое, вядома ж, былi запрошаны i зямляне.

Дзеля чаго задумвалася некалi гэта свяшчэннадзейства? Цяжка знайсцi вычарпальны адказ. Адно вiдавочна – плазмоiды, доўгi час жывучы на адной планеце з людзьмi, значна раней людзей навучылiся вельмi высока цанiць канкрэтнае жыццё кожнага канкрэтнага iндывiдуума. У той час, калi першабытныя людзi трымалiся толькi статкам, разумелi сябе ў суровым жорсткiм свеце маленькай нiкчэмнай часцiнкай усясiльнага статка, плазмоiды (кожны ў паасобку) вычленiлi сябе, сваю непаўторнасць з шэрай аднароднай масы. I як адразу ж змянiлася, як павесялела жыццё! З'явiлася сем кланаў i адпаведна сем колераў. Вельмi востра пачала адчувацца трагiчнасць знiкнення, самараспаду. Асаблiва гэта тычылася тых, што памiралi не сваёй натуральнай смерцю, а былi знiшчаны ў час бясконцых войнаў, калi чорнае неба распорвалi незлiчоныя электрычныя разрады, калi з грамападобным грукатам узрывалiся жэралы вулканаў i неслася па схiлах кiпучая лава, ператвараючы металы i камянi ў ваду. Плазмоiд забiваў плазмоiда. Панаваў культ вайны, бясспрэчнай была думка, за якую праз стагоддзi ўхапiлiся японскiя самураi: "Як бы дорага нi каштаваў меч, ён заўсёды акупiць сябе". I вось адбыўся пералом, зрух, прарыў. Старая Цывiлiзацыя зразумела, што, у рэшце рэшт, яна можа знiшчыць самую сябе. Адразу расцвiў культ Авеля, нявiнна забiтага брата. Плазмоiды, як прыроджаныя капiiсты, поўнасцю запазычылi яго ў людзей, у чалавецтва. Вось чаму на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму зямляне Радаслаў Буслейка, Вера Хрысцiнюк i Клён Дубровiч, стоячы на металiчным беразе Ракi Адноўленых Твараў, што цячэ па таямнiчай планеце Вар, з вялiкай цiкавасцю сачылi за тым, як святкуецца Дзень Забiтага Брата. Каласальная фiгура Авеля, уся ў белым, узвышалася на паўночным беразе ракi. Плазмоiды i зямляне знаходзiлiся на паўднёвым беразе. Па абодва бакi вакол Авеля маўклiва стаялi сотнi, калi не тысячы, такiх жа белых, маўклiвых, але значна меншых постацей. Зямляне адразу адзначылi, што Старая Цывiлiзацыя выкарыстоўвае ў гэтай сваёй мiстэрыi толькi чалавечыя фiгуры, пазбягаючы, невядома з якой мэтай, шарападрбных формаў. Тут, канечне ж, была не сляпая выпадковасць, а заканамернасць. Радаславу падумалася, што плазмоiды, значна старэйшыя за чалавецтва, iнстынктыўна цягнуцца да людзей, як дарослы цягнецца, горнецца да малога дзiцяцi, бо бачыць у iм натуральную прыгажосць i непасрэднасць, бачыць будучыню i свежы розум, якому яшчэ мудрэць i мудрэць. Вера Хрысцiнюк, як i кожная зямная жанчына, заўсёды баялася папаўнець, "страцiць талiю", i таму лiчыла шар не звышiдэальнай формай iснавання плазмы (а гэта менавiта так), а проста сiмвалам пульхнасцi. Клён жа Дубровiч яшчэ толькi ўваходзiў у спартыўны ўзрост, i круглыя плазмоiды i плазмоiдзiкi мiжволi асацыiравалiся ў яго з футбольнымi i баскетбольнымi мячыкамi. Вось якi раскiд думак меўся ў зямлян, калi яны назiралi, як святкуецца на планеце Вар Дзень Забiтага Брата. Аказалася, што ў яго ёсць яшчэ адна назва – Дзень Ажыўлення, i менавiта дзеля ажыўлення сваiх родных па клане i сабралiся тут усе плазмоiды. Вярнуць iснаванне, жыццё можна толькi тому, хто памёр не сваёй, а гвалтоўнай смерцю. Той жа, каго забрала старэчая нямогласць, ужо не мог аднавiцца на планеце Вар, бо страцiў iнтарэс да жыцця, а навошта жыць, калi гэта табе нецiкава? Як i на Зямлi, адразу ж знайшоўся гiд. Заўважана, i заўважана даўно, што ўсе больш-менш разумныя iстоты надта любяць быць гiдамi, любяць павучаць, расказваць, паказваць i г.д. Такiм гiдам стаў Талеркiй Сiнi Восемдзесят Трэцi. Адрэкамендаваўшыся Радаславу, Веры i Клёну, гэты сiмпатычны сiнi плазмоiд натхнёна прачытаў кароткую лекцыю аб усiх насельнiках цудоўнай планеты Вар. Аказваецца, саманазва плазмоiдаў, якiя пастаянна жывуць на планеце, талеркii. Яны iстотна адрознiваюцца ад плазмоiдаў з Зямлi, з'яўляючыся асобнай расай. Кожны мае лятучую талерку. Жывуць у вулкане, там i падзараджаюцца. Калi пражыве талеркiй роўна тысячу гадоў, то пераплаўляецца ў новага, прымаючы чарговы парадкавы нумар. Напрыклад, пераплавiўшыся, Талеркiй 102, робiцца Талеркiем 103, i гэтак бясконца. Ростам яны не вышэй за паўтара метра. Хто атрымаецца хаця б на сантыметр вышэйшым, таго адразу ж пераплаўляюць. Кланы ў талеркiяў, як i ў астатнiх плазмоiдаў, вядуцца па сямi колерах сонечнага спектра. Рэгулярна даволi шматлiкiя эскадрыллi талеркiяў лётаюць з Талеркiяны (так яны мiж сабой называюць планету Вар) на Зямлю. Таемна (толькi ноччу, калi людзi спяць) назiраюць за людзьмi. Ён, Талеркiй Сiнi 83, назiраў ажно чатыры разы. Знаходзячыся на Зямлi, начуюць на правадах электралiнiй высокага напружання. Не пераносяць дзённага зямнога святла. Калi ў Эўропе разгараецца дзень, пералятаюць у Амерыку, i наадварот. Вельмi, можна сказаць, надзвычай любяць наведваць цыркi i крытыя стадыёны. Там, маскiруючыся, лепяцца да столi, прымаючы форму плафонаў электрасвяцiльнiкаў. Любяць глядзець бой быкоў, карыду i пеўневыя баi.

Вось якая iнфармацыя, быццам снежная лавiна, абрушылася на зямлян.

– Дзiвосы, – аж прышчоўкнуў языком Клён i не ўстрымаўшыся трошкi з'едлiва спытаў: – Вы, паважаны Талеркiй Сiнi 83, бачылi людзей ажно чатыры разы, i кожны раз толькi ноччу. Зараз вы ўбачылi зямлян у пяты раз i ўдзень. Якiя вашы ўражаннi?

– Цудоўна, – увесь засвяцiўся плазмоiд. – Цудоўна. Асаблiва прыемна бачыць вось такога прадстаўнiка планеты Зямля.

Ён злёгку пакруцiўся над Верай Хрысцiнюк.

– Прадстаўнiцу, – паправiла Вера, але голас быў лагодны, цёплы. Зямныя дочкi прамацеры Евы любяць самарэкламу, ды нiколi яшчэ не крыўдзiлiся на рэкламу, вядома ж, рэкламу сваiх надзвычайных жаночых чараў.

Тым часам з Ракi Адноўленых Твараў адзiн за другiм бадзёра ўзвiвалiся плазмоiды, да якiх вярнулася жыццё. Гэта было вельмi прыгожае вiдовiшча. Здавалася, рознакаляровы букет распукаецца ў зялёным небе.

– Умеюць жыць. Умеюць радавацца жыццю, – задумлiва ўздыхнула Вера.

– Вы аб чым, Верачка? – нахiлiўся да яе Радаслаў Буслейка.

Але яна не адказала, толькi зiрнула на стрэсаператара прасветленым загадкавым позiркам. I гэта яе маўчанне i стоены бляск прыгожых вачэй так не пасавалiся з тым, што акружала зараз iх. Радаславу чамусьцi ўспомнiўся мокры блiскучы ад дажджу вясеннi лес, бярозы, маладыя, мiлыя, светласкурыя, у цёмных вяснушках. Адна бяроза, што стаiць на сонечнай утульнай палянцы, падсочана. Буйнымi кроплямi зрываецца ў глiняны гладыш бярозавiк: кап... кап... Хочацца стаць на каленi, абхапiць рукамi тонкi халодны ствол i пацалаваць бярозу.

Адзiн толькi Клён Дубровiч, як i належыць юнаму i гордаму грамадзянiну планеты Зямля, заставаўся рэалiстам. Ён пiльна глядзеў на плазмоiд i ўсё стараўся ўбачыць у яго рот цi нейкую iншую адтулiну, адкуль вылятаюць словы i гукi. Але плазмоiд быў падобны на абсалютна гладкi бiльярдны шар – як кажуць, нi сучка нi трэшчынкi. Словы iшлi знутры, з самай патаемнай глыбiнi i гучалi выразна, чыста. Яшчэ адным дзiвам было тое, што плазмоiд, як, дарэчы, i ўсе яго супляменнiкi, з'яўляўся палiглотам – мог гаварыць на ангельскай, на беларускай, на шведскай, на якой хочаш мове. Як да яго звярталiся, на такой мове ён i адказваў. "Мне б такiя здольнасцi, – шчыра пазайздросцiў Клён.

– Шкада, што мы, зямляне, яшчэ не ўмеем рабiць такое, – усклiкнуў Радаслаў Буслейка, убачыўшы, як чарговы плазмоiд ажыў i шчаслiва ўзляцеў у зялёнае варскае неба.

– Вось заключым вечны мiр з жыхарамi планеты Зямля i навучым вас, паважна прамовiў Талеркiй Сiнi 83.

Клён хмыкнуў.

– Цябе ж мы ажывiлi, – сказаў яму плазмоiд. Клёну не было, як кажуць, чым крыць i ўсёткi ён задзiрыста выпалiў:

– Што я? Я – жывучы. А паспрабавалi б вы чалавека падняць, якi сто цi трыста гадоў назад жыў. Дудкi!

– Ты памыляешся, – спакойна выслухаўшы яго, загаварыў Талеркiй Сiнi 83. – Прабач мне, жыхар не нашай планеты, але каэфiцыент iнтэлектуальнасцi Старой Цывiлiзацыi, як вы нас называеце, значна вышэй, чым у вашай, бялковай. Я не хацеў гаварыць, але гэта так. Прабачце i вы, жыхары не нашай планеты, – звярнуўся ён да Веры i Радаслава.

– Не нашай планеты... Не нашай планеты, – раззлаваўшыся, перадражнiў Клён. – Заладзiў, як паламаны вiдзiк. Сусвет – адзiн. Матэрыя – адна. У нас гэта кожны пяцiгадовы карапузiк ведае. А значыць, i Вар, i Зямля, i Сонца нашы.

Клён шырока махнуў рукой.

I раптам Талеркiй Сiнi 83 знiк, як у ваду ўпаў.

– Пакрыўдзiўся, – сказала Вера. – Асцярожней трэба, Клёнiк, далiкатней... Усё ж – чужая планета.

Клён не паспеў адказаць, бо сiнi плазмоiд зноў з'явiўся перад iмi i не адзiн, а з жоўтым, болыпым, чым ён, плазмоiдам.

– Талеркiй Жоўты 106, – пачцiва назваў сябе новапрыбыўшы. – Дваццаць сем разоў назiраў на Зямлi за соннымi людзьмi. Асаблiва прыгожа спяць маленькiя дзецi. У iхнiх роцiках тырчыць нешта, падобнае на свiсток, але чамусьцi не свiшча.

Клён з Радаславам весела перазiрнулiся.

– Мне паведамiў мой вельмiшаноўны малодшы сабрат з вельмiшаноўнага клана Сiнiх Талеркiяў, што вы, жыхары не нашай планеты, сумняваецеся ў нашых здольнасцях, – працягваў жоўты плазмоiд. – Дарэмна. Мы можам вярнуць да жыцця чалавека, якi памёр нават чатырыста гадоў назад. Але памёр не ад старасцi, а ад свiнца, бронзы, сталi, жалеза, сiнiльнай кiслаты...

– Памёр гвалтоўнай, не сваёй смерцю, – падказаў Радаслаў Буслейка.

– Так. Такой смерцю. Але толькi не ад агню – тут мы яшчэ пакуль бяссiльныя. Для таго каб чалавек ажыў, патрэбна яго фатаграфiя, голас, запiсаны на магнiтную плёнку, ён, яго фiгура ў кiнакадрах, група крывi, адбiткi пальцаў i, – Талеркiй Жоўты 106 зрабiў шматзначную паўзу, – ягоны розум.

– Розум? – перапытаў Клён.

– Так. Розум. Кнiгi i карцiны, якiя ён напiсаў. Сiмфонii, навуковыя адкрыццi, выдатныя iнжынерныя дасягненнi...

– А як жа я? – паныла сказаў Клён. – Я ж некалi зноў памру, назаўсёды, а ў мяне – нi адкрыццяў, нi сiмфонiй, нi кнiжак, нiчога няма.

– Усё яшчэ ў цябе наперадзе, Клёнiк, – весела засмяялася Вера.

Ды Клён Дубровiч пачуваў сябе вельмi няўтульна.

– Што ты зрабiў, жыхар не нашай планеты, за сваё жыццё? – узнёсла, трохi напышлiва спытаў у яго жоўты плазмоiд.

– Нiчога, – перасмыкнуў плячамi Клён. – Здаецца, нiчога. У лiцэi на ўроках працы табурэткi рабiў.

– Табурэткi? Што гэта? Ага, здагадваюся. Гэта такiя прамавугольныя збудаваннi на чатырох слупках. Правiльна? Нам, плазмоiдам, добра – мы абыходзiмся без такiх збудаванняў, я хачу сказаць, без табурэтак. Але не адчайвайся, жыхар не нашай планеты, бо для майстравання табурэтак таксама патрэбен розум, i немалы.

Клён, вiдно па ўсяму, быў задаволены вердыктам, якi вынес ягоным разумовым дасягненням плазмоiд. А гаваркi Талеркiй Жоўты 106, адцяснiўшы свайго сiняга сабрата, расцякаўся шматслоўем.

– Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў вырашыў, як вы ведаеце, заключыць з бялковай цывiлiзацыяй, з чалавецтвам вечны мiр. Мы зразумелi, што пераможцаў у тысячагадовай барацьбе не будзе, што вышэй жыцця, у якiх бы формах яно нi iснавала, нiчога няма. Вышэй – смерць. I наша, i, прабачце, ваша. А барацьба вялася жорсткая. Асмелюся спытаць вас, жыхар не нашай лланеты, – звярнуўся ён да Радаслава, – што вы можаце сказаць пра пасажырскае судна "Тытанiк"?

Пра "Тытанiк"? – Буслейка наморшчыў лоб. – Буйнейшы карабель пачатку дваццатага стагоддзя. Пабудаваны ў Вялiкабрытанii. Вадазмяшчэннем, калi не памыляюся, каля сарака сямi тысяч тон. Даўжынёй дзвесце шэсцьдзесят дзевяць метраў. Ужо тады плавалi ў морах такiя мастадонты. У красавiку 1912 года сутыкнуўся з гiганцкiм айсбергам i пайшоў на дно. Загiнула каля паўтары тысячы пасажыраў. Вось i ўсё, што я помню.

– Памяць у вас выдатная, – пахвалiў плазмоiд. – Толькi наконт айсберга ў вас недакладная, а калi гаварыць шчыра, зусiм няправiльная iнфармацыя.

– Чаму? – здзiвiўся Радаслаў. – Увесь свет гэта ведае. Прэса пiсала. Засталiся жывыя вiдавочцы.

– Таму, што айсберга не было, а была падводная таранная машына, якую вынайшлi i зрабiлi ў глыбокай тайне ад Старой Цывiлiзацыi фiялетавы i чырвоны кланы.

– Але ж айсберг быў. Цэлая ледзяная гара!

– Гэта быў муляж. Унутры так званага айсберга была ўманцiравана наймагутнейшая таранная машына са стальным бiўнем даўжынёй у сто метраў. Воданепранiкальныя перагародкi "Тытанiка" ён прабiў, як iголка прабiвае мяккую тканiну.

– Не веру, – матнуў галавой Клён. – Я глядзеў кiнафiльм "Гiбель "Тытанiка".

– I я не веру, – падтрымала яго Вера Хрысцiнюк. – I не бачу нiякага сэнсу ў гэтай бандыцкай, iнакш не скажаш, акцыi.

– Старая Цывiлiзацыя сурова асудзiла напад фiялетавага i чырвонага кланаў на "Тытанiк", – павольна, з адчуваннем уласнай годнасцi загаварыў Талеркiй Жоўты 106. – З таго часу, можна сказаць, i пайшла глыбокая трэшчына ў жывым целе народа плазмоiдаў. Фiялетавы i чырвоны кланы аддзялiлiся ад нас i працягваюць па сённяшнi дзень атакаваць чалавецтва. А калi гаварыць пра сэнс таго, што адбылося ў туманах i хвалях халоднай Атлантыкi, дык гэта было папярэджанне чалавецтву i помста.

– За што? – спытаў Буслейка.

– За тэхнiчны прагрэс, за пахвальбу i непамерныя амбiцыi.

– Калi помсцiць кожнаму, хто не так, як паложана, паглядзiць на веласiпед i задумае прыкруцiць да яго нейкую новую гайку, дык мы апынемся ў каменным веку.

– Згодзен з вамi, жыхар не нашай планеты. Старая Цывiлiзацыя, добра зразумеўшы тую небяспеку, якую прынясе ўсiм нам бясконцая i, самае галоўнае, бяссэнсавая канфрантацыя, рэзка асудзiла фiялетавы i чырвоны кланы. Зараз мы ваюем не з вамi, а з гэтымi двума кланамi – адшчапенцамi. Вы ўчора бачылi, як мы ваюем.

– Гэта было жахлiва, – сказала Вера Хрысцiнюк.

– Учора адшчапенцы пацярпелi паражэнне, адступiлi, – не звярнуўшы ўвагi на яе словы, працягваў Талеркiй Жоўты 106. – Але ў iх яшчэ шмат сiлы. Яны трымаюць пад сваiм кантролем адну трэць планеты Вар, у тым лiку вулкан Нябесны Зуб, дзе робяць i трэнiруюць полчышчы Жалезных Людзей.

– Робатаў? – спытаў Клён.

– Так. Жалезныя Людзi, змайстраваныя iмi, залiваюць бетонам паверхню ўсёй планеты, не пакiдаючы нiчога жывога. Вы спытаеце: навошта? Можна даць некалькi адказаў. Першы i, вiдаць, галоўны – яны хочуць, выцеснiўшы з Вара астатнiя пяць кланаў, пабудаваць помнiк самiм сабе. Вам, людзям, цяжка зразумець такое. Вы ўзводзiлi i зараз яшчэ ўзводзiце помнiкi некаторым дзеячам, якiх лiчыце вартымi пасмяротнай увагi i славы. Вы значна сцiплейшыя, чым яны, бо фiялетавы i чырвоны кланы прагнуць калектыўнага самаўслаўлення. Планета Вар, гладка залiтая бетонам, будзе павялiчанай копiяй плазмоiда, што вечна плавае ў касмiчнай прасторы, прычым адна палова яе будзе пафарбавана ў фiялетавы колер, другая – у чырвоны. Два гэтыя кланы – i ўсё. I нi жоўтага, нi зялёнага, нiякага...

Падалося, што Талеркiй Жоўты 106 усхлiпнуў.

– Няўжо гэта так важна? – асцярожна пацiкавiўся Радаслаў. – Няўжо з-за таго, у якi колер афарбавана планета, можна распачынаць жорсткую вайну?

– Якiя вы дзiўныя i незразумелыя, прадстаўнiкi бялковай цывiлiзацыi, уздыхнуў плазмоiд. – Пэўна, вы дальтонiкi. Ды колер гэта – усё. Разумееце? Усё. Як можна iснаваць мне i майму зялёнаму клану, калi планета Вар будзе толькi фiялетавай i толькi чырвонай? Дзеля чаго мы будзем iснаваць?

Радаслаў здагадаўся, што няўдалым пытаннем моцна пакрыўдзiў плазмоiда. Каб неяк загладзiць вiну, спытаў:

– А яшчэ што за прычына, з-за якой Вар пакрываюць бетонам?

– Па некаторых звестках, чырвоны i фiялетавы кланы хочуць перад сваёй самалiквiдацыяй (а яна некалi абавязкова адбудзецца) выстралiць па планеце Зямля з Нябеснай Гарматы. Вар будзе i гарматай i ядром.

– Хiба такое магчыма?

– У Розума Народа Ўсiх Сямi Колераў маецца iнфармацыя, што па Зямлi ўжо раз стралялi з космасу. Гэта адбылося шэсцьдзесят пяць мiльёнаў гадоў назад. На тэрыторыi мексiканскага паўвострава Юкатан вашы вучоныя знайшлi ў дзiкiх джунглях кратэр з варонкай дыяметрам сто семдзесят сем кiламетраў. Яны, вашы зямныя вучоныя, са сваёй заўсёднай самаўпэўненасцю аб'явiлi, што гэта след ад сутыкнення Зямлi з гiганцкiм астэроiдам, у вынiку якога вымерлi ўсе дыназаўры. Дыназаўры вымерлi, гэта праўда, як i тое, што вымерла семдзесят пяць працэнтаў усiх жывых iстот на планеце. Але варонка на Юкатане зусiм не ад астэроiда, а ад ядра Нябеснай Гарматы. Адным словам, гэта была не касмiчная выпадковасць, а прыцэльны стрэл з глыбiняў космасу.

Клён вельмi ўважлiва слухаў словы плазмоiда, хваляваўся.

– Вы хочаце сказаць, што Зямлю хацелi знiшчыць? – нарэшце спытаў ён.

– Так, знiшчыць.

– Але навошта? Каму яна перашкаджала?

– Не ведаю, – адказаў Плазмоiд Жоўты 106. – Мы, плазмоiды (гэта я гавару з усёй адказнасцю), не маглi страляць, бо самi знаходзiлiся ў той час на Зямлi. Вар мы асвоiлi значна пазней. Iснуюць, жыхар не нашай планеты, Законы Касмiчнай Канкурэнцыi. Кiруючыся гэтымi законамi, нейкая цывiлiзацыя з нейкай планеты i стрэлiла па Зямлi.

Невядома, колькi б яшчэ доўжылася гэта размова-дыскусiя, калi б не надзвычайнае здарэнне, якое парушыла плаўнае, выверанае стагоддзямi цячэнне свята. Зусiм нечакана для ўсiх з тулуравага не дужа густога лесу з'явiўся магутны рухавы дзiк, спакойна i ўпэўнена падышоў да Ракi Адноўленых Твараў, прыпынiўся на самым беразе. Адразу ж мноства плазмоiдаў закружылася над iм.

– Хiба на планеце Вар жывуць дзiкi? – здзiўлена спытаў Клён у Талеркiя Жоўтага.

– Як бачыш, жывуць, – адказаў той. – Наколькi мне вядома, у Вялiкiм Балоце быў яшчэ зусiм нядаўна зафiксаваны iхнi статак. Водзяцца ў нас i iншыя зямныя жывёлы – конi, каровы. Iх прывезлi на планету Вар з Зямлi нашы прашчуры. Але такiя дзiкi ў нас нiколi не вадзiлiся.

– Якiя – такiя?

– Смелыя, самаўпэўненыя, я б сказаў, нахабныя. Дзiк – асцярожны жыхар чаратоў i дрыгвы i яшчэ нiколi, прынамсi, да сённяшняга дня, нiводнага лыча не было вiдно над свяшчэннай Ракой Адноўленых Твараў. Хаця, чакайце... Што такое?

Жоўты плазмоiд пабялеў, пэўна, ад нейкай абсалютна невераемнай весткi, i стрымгалоў iрвануўся туды, дзе стаяў дзiк. Вярнуўшыся, ён ад вялiкага ўзрушэння колькi хвiлiн не мог гаварыць, а потым выдыхнуў:

– Фантастычна! Гэта, аказваецца, не проста дзiк з Вялiкага Балота. Гэта – Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар. Фантастычна!

Сiнi плазмоiд таксама злётаў да дзiка i, вярнуўшыся, таксама ўвесь трымцеў ад сенсацыйнай навiны.

– Разумееце, кароль Аюс патрабуе (патрабуе!), каб з гэтага часу ён i ягоныя сабраццi (гэта значыць усе жывёлы планеты Вар!) мелi права ўдзельнiчаць у святкаваннi Дня Забiтага Брата, мелi права ажыўляць сваiх продкаў. Калi хто чуў пра такое?

Зямляне пра такое чулi ўпершыню. Ужо даўно на Зямлi дзякуючы пастаяннай актыўнасцi "зялёных", якiх падтрымлiвала большая частка грамадства, былi вельмi сурова абмежаваны правiлы палявання, на ўлiку былi кожнае зайчанё, кожная птушка. Чалавек, хоць i са спазненнем, пачаў рупна аберагаць некранутую дзiкую прыроду, ад якой засталiся маленькiя крошкi. Чалавек пры любой магчымасцi стараўся саступiць дарогу ваўку, вожыку, мурашцы. Праўда, не ўсе пагаджалiся з такiм становiшчам спраў, як i не ўсе былi вегетарыянцамi. Гром Стралковiч у тэлеiнтэрв'ю, якое нарабiла шмат шуму, рашуча заявiў: "Я – паляўнiчы, i я забiваю звера. Я, прабачце, ем мяса мной забiтага звера. Ну й што? Я аказваю зверу паслугу, бо ён робiцца часткай майго чалавечага цела, пачынае, так сказаць, працаваць на мой чалавечы мозг". Пасля гэтага iнтэрв'ю кiраўнiк "зялёных" Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi Хаiм Коган назваў Грома "садыстам нумар адзiн" i выклiкаў яго на дуэль, якая па нейкiх прычынах не адбылася.

– Трэба i нам зiрнуць на караля жывёл, нанесцi яму вiзiт ветлiвасцi, сказаў, быццам жартам, Радаслаў Буслейка, але ў голасе чулася разгубленасць.

– Калi тут, на планеце Вар, такiя разумныя жывёлы, то мне тым болыы трэба як мага хутчэй вяртацца на Зямлю, – пачухаў патылiцу Клён.

Вера Хрысцiнюк засмяялася, i яны пайшлi да Аюса Першага.

Незвычайны дзiк стаяў на металiчным беразе Ракi Адноўленых Твараў. Плазмоiды хмарамi кружылiся каля яго. У iхных паводзiнах, рухах не было агрэсiўнасцi або злосцi – адна цiкаўнасць.

Аюс адразу ўбачыў людзей, здзiвiўся, бо сустракаў зямлян, вядома ж, упершыню. Шэрыя вострыя вочы глядзелi насцярожана, але без кроплi страху. "Я – Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар, – сказалi вочы. – Хто вы?"

– Мы прыляцелi з планеты Зямля, – спынiўся насупраць дзiка Радаслаў Буслейка. – Твае продкi, кароль Аюс, таксама прыляцелi некалi на Вар з нашай планеты.

"Я ведаю Iша гэта", – з годнасцю адказалi вочы.

– Ён размаўляе не голасам, а вачамi, – здзiўлена шапнуў Веры Клён Дубровiч. – Ён усё-ўсё разумее, што яму гавораць, а размаўляе вачамi.

"Хто ў вас галоўны? – казаў мiж тым Аюс. – Ты, светлавалосы i высакарослы? Слухай. Мы не хочам, каб наша балота, наш луг i наш зялёны пясок залiвалi бетонам агiдныя Жалезныя Людзi. Пасля бетону не застаецца нi гнёздаў, нi нораў, нi лежбiшчаў. Нават нашых слядоў не застаецца. Скажы, светлавалосы i высакарослы, як нам жыць? Хiба на тваёй далёкай планеце не водзяцца болей звяры, птушкi i рыбы?"

– Водзяцца, – глухiм голасам прамовiў Радаслаў Буслейка. Ён усё не мог прызвычаiцца да таго, што размаўляе, як з чалавекам, з дзiком.

"Мы не плазмоiды, – працягваў кароль жывёл планеты Вар. – У нашых жылах цячэ чырвоная кроў, падобная на вашу. Гэтая лясная кроў нiколi не скорыцца бетону. Дапамажы нам, светлавалосы i высакарослы. Дапамажы i ты, прыгожая жанчына. I ты, хутканогi i вастравокi юнак".

– Мы згодныя, але як? – разгублена ўсмiхнулася Вера Хрысцiнюк.

– Мы дапаможам! – усклiкнуў Клён.

"Трэба захапiць Нябесны Зуб i зрабiць усё, каб з яго нiколi не выходзiлi Жалезныя Людзi".

– Нябесным Зубам ты называеш патухлы вулкан? – спытаў Радаслаў Буслейка.

"Так".

Зялёнае неба ззяла над Ракой Адноўленых Твараў. Плазмоiды святкавалi, шумна i весела, Дзень Забiтага Брата. Усё новыя i новыя шары, да якiх вярнулася жыццё, узвiвалiся ўгору, упляталiся ў карагод, што вадзiлi iхнiя суродзiчы. З тулуравага лесу даносiлiся гартанныя галасы крангаў. Планета Вар iмклiва i бясшумна плыла ў чорнай касмiчнай безданi. Далёка-далёка адсюль, як дробненькае макавае зярнятка, блiшчала Зямля. Трое зямлян, стоячы на зялёным пяску чужой планеты, шэптам, каб не падслухала чыё-небудзь вуха, клялiся дапамагчы каралю жывёл Аюсу Першаму.

КАЛI ГРУКОЧУЦЬ ВУЛКАНЫ

X

На планеце Вар Радаславу, Веры i Клёну заставалася яшчэ прабыць трохi менш двух сутак. Калi памятаць, што суткi на Вары ўкладваюцца ў сорак восем гадзiн, дык у iхнiм распараджэннi быў ладны кавалак часу. У першую чаргу трэба было неяк пазбавiцца ад пастаяннай апекi плазмоiдаў. Плазмоiды (маюцца на ўвазе пяць мiрных кланаў) паказвалi сябе гасцiннымi, клапатлiвымi гаспадарамi. Толькi гасцiннасць гасцiннасцю, але калi проста ў цябе перад носам цэлы дзень, нi на хвiлiну не аддаляючыся, круцяцца рознакаляровыя шары, хочацца плюнуць i ўваткнуць галаву ў падушку або ў мяккую зялёную траву. Ды не было падушак, а замест зялёнай травы рыпеў пад нагамi зялёны буйназярнiсты пясок.

– Мы хочам паспавядацца свайму Богу, – сказаў Радаслаў гiду, Талеркiю Сiняму 83. – На Вары няма нашых храмаў, i таму мы пойдзем, пойдзем толькi трое, бо пры споведзi нельга прысутнiчаць чужым вачам i вушам, на высокае чыстае месца, дзе i пагутарым са сваiм Богам. Там нас можа пачуць адзiн вецер, але ён вольны, нiкому не служыць, нiкому нiчога не расказвае.

– Што такое Бог? – спытаў плазмоiд.

– Гэта тое, чаму ты верыш, – адказала Вера Хрысцiнюк.

Плазмоiд памаўчаў, потым сказаў:

– Значыць, гэта – плазма, наша несмяротная плазма, наша прамацi ўсiх плазмоiдаў. Зямляне пераглянулiся.

– Мы пойдзем, – сказаў Радаслаў, – i вернемся, калi Зялёная Зорка стане над тулуравым лесам.

Плазмоiд быццам бы не пярэчыў – адпусцiў. Але крокаў праз трыста Вера, азiрнуўшыся, прамовiла шэптам:

– Здаецца, за намi ўвязаўся, як раней казалi, "хвост". Паглядзiце ўважлiвей вунь на той узгорачак, што зарос сiняй травой. Бачыце? Там нiбы сонечны зайчык бегае.

– Гэта плазмоiд, а дакладней, маленькi плазмоiдзiк, – упэўнена сказаў Радаслаў Буслейка. – Ён або малалетак, або карлiк. Што ж зрабiць, каб ён адчапiўся ад нас?

– Давайце iсцi, як iшлi, – прапанаваў Клён. – I ўвесь час азiрацца. Плазмоiд зразумее, што мы яго заўважылi i...

– I што? – iранiчна спытаў Радаслаў.

– Яму зробiцца сорамна i...

– I што?

– Што вы "штокаеце"? Ён пакiнё нас у спакоi.

– Значыць, ты лiчыш, што плазмоiдам, як i нам, людзям, уласцiвы такiя пачуццi, такiя эмоцыi, як сорам, страх, няўпэўненасць, адчуванне вiны?

– А чаму б i не? Iнтэлект у iх вельмi высокi. А дзе iнтэлект, вялiкi розум, там i адпаведная псiхiка. Высокаiнтэлектуальны мозг не можа належаць падонку.

– Ты генiй, Клёнiк! – захоплена ўсклiкнула Вера.

Радаслаў Буслейка паглядзеў на падлетка са здзiўленнем i павагай, падумаў: "У чалавецтва яшчэ не ўсё страчана, калi нараджаюцца такiя акселераты".

Маленькi плазмоiд, i праўда, памiгцеў-памiгцеў з травы, з-за ствалоў тулураў i знiк, як яго не было. Затое кiламетры праз два на камянiстым пустынным плато зямлян сустрэў Аюс Першы, а разам з iм былi конь, бык i смаляна-чорны певень, якi горда сядзеў у быка на спiне.

"Мае сябры, – сказаў Аюс, – Конь Iг, бык Яр, певень Кук. Я навучыў iх разумець iсцiну".

Кароль жывёл, як i ўсе каралi, не вызначаўся асаблiвай сцiпласцю.

"Iга я знайшоў у цырку, – працягваў Аюс. – На паўночным схiле Нябеснага Зуба ёсць арэна, якую зрабiлi Жалезныя Людзi. Там Iг танцаваў на заднiх нагах, а на шыi ў яго быў павязаны ружовы вялiзны бант. Уявiце толькi: конь – i танцуе. Замест таго каб цягнуць плуг, вазiць фурманку, iмчаць у атаку з адважным рыцарам на спiне. Бык Яр удзельнiчаў у карыдзе. Яго калолi шпагамi, а ён кiдаўся, як шалёны дурань, на чырвоную анучу. Я навучыў Яра ўдарыць рогам не ў гэту анучу, а ў жывот тарэадору. Чулi б вы, як заенчыў тарэадор!"

– Тарэадорам быў зямлянiн? – спытаў Клён.

"Жалезны Чалавек. Але Яр, пасля таго як я яго навучыў, ударыў бы i чалавека. Усё жывое павiнна быць роўным мiж сабой. Цi не так, людзi?"

Кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы пiльна глядзеў на Радаслава, Веру i Клёна, чакаў адказу.

– У прынцыпе я згодзен з табой, кароль Аюс, – прамовiў нарэшце Радаслаў Буслейка. – Але ўсё далёка не так проста, як ты мяркуеш. Калi б ты i твае падданыя цi сябры (не ведаю, як i назваць) умелi чытаць, я раiў бы вам пазнаёмiцца з кнiжкай Джорджа Оруэла, ангельца, "Жывёльны двор". Там кабан Напалеон падбухторыў свойскiх жывёл узняць паўстанне супроць свайго гаспадара-фермера.

"Яны перамаглi?" – радасна заззялi вочы ў Аюса.

– Перамаглi. Толькi перамога не прынесла iм радасцi.

"Чаму?"

– Зноў жа – не так проста адказаць.

– Некалi я прачытаю табе, кароль Аюс, гэту кнiжку, – горача ўсклiкнуў Клён Дубровiч. – Прылячу на Вар з Зямлi i прачытаю.

"Дзякуй, хутканогi i вастравокi, – сказаў Аюс Першы. – А зараз, зямляне, я i мае сябры просiм вас дапамагчы нам адолець Жалезных Людзей. Калi мы гэта не зробiм, яны зальюць бетонам усю планету".

– З чаго ж мы пачнем? – у роздуме паглядзеў на конусападобную вяршыню Нябеснага Зуба Радаслаў.

Клён i Вера таксама задумалiся. Яны, вядома, вельмi хацелi зрабiць нешта добрае для дзiка, пеўня, каня i быка. Але як? Хiба можна голымi рукамi перамагчы Жалезных Людзей? З надзеяй пазiралi яны, падлетак i жанчына, на Радаслава Буслейку. Ды той, нахмурыўшыся, зацята маўчаў.

– Радаслаў Алесевiч, Радаслаўчык, у вас жа не мозг, а самы найноўшы камп'ютэр. Прашу вас – выдайце якую-небудзь iдэю, – какетлiва, з абаяльнай усмешачкай папрасiла Вера Хрысцiнюк, але ў голасе адчувалiся хваляванне i трывога. Спагадлiвая мяккая душа, яна ўжо аж да слёз перажывала з-за тых страшэнных несправядлiвасцей, якiя змушаны цярпець ад Жалезных Людзей бедныя жывёлы планеты Вар. Можна толькi здагадвацца, як яна б сябе паводзiла, калi б раней за Аюса з падобнай просьбаю звярнулiся да зямлян Жалезныя Людзi. Няма сумнення, што яна кiнулася б ратаваць няшчасных робатаў. Ва ўсiм гэтым – сакрэт (магчыма, яго нiколi не разгадаюць) Веры Хрысцiнюк, сакрэт i велiч таямнiча-пяшчотнай жаночай душы. Уславiм жа гэту душу, дзб б мы нi знаходзiлiся: на далёкiх планетах, на змрочным акiянскiм дне цi каля вечаровага цяпельца, што мiрна гарыць, патрэсквае на лужку каля Лондана або Менска.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю