355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Новы дамавікамерон » Текст книги (страница 8)
Новы дамавікамерон
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 11:00

Текст книги "Новы дамавікамерон"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 12 страниц)

34 – Тунельнiк

Ён не пракладае тунеляў. Ён працуе ў кавярнi – доўгай, як пенал гiмназiсткi-выдатнiцы. Каб установу не ахрысцiлi "Бар-тунелем", нiкому i ў галаву не прыйшло б называць яго iначай, як бармен. А так уся Барселона кажа: Тунельнiк. I хай сабе. Ён не супраць. Ён паважае клiентаў i любiць свой даўжэзны, як працоўны панядзелак, "Бар-тунель". Ён увiшны. Ён гнуткi, як браслаўскi вугор. Ён увесь час у вiбрацыi, у трымценнi, у напрузе. Тунельнiк вiтаецца з мiнакамi, працiрае танканогiя келiхi, гатуе каву-экспрэс, налiвае мурыну скоч, падае сiвагаловаму мастаку пiва, адмервае прыбiральшчыку бурбон, лiчыць песеты, усмiхаецца суседцы, падмiргвае студэнтцы-кiтаянцы, прытанцоўвае на вытаптаных да белi дошках, насвiствае турэцкi марш i ўсё гэта – адначасна. Ён таленавiты i здатны зрабiць адразу сто адну кавярную справу. Ён – увасабленне гасцiннасцi, ветлiвасцi, зычлiвасцi, удзячнасцi i надзейнасцi, але да пэўнай мяжы. Тунельнiк можа, як захоча, зрабiцца жорсткiм, упартым i неадступным.

Вось ты ўзяў i паквапiўся на ягоную шыракабровую жонку. Ты штодня прыходзiў у "Бар-тунель" выпiць ранiшняе капучына з тостамi. А Тунельнiкава жонка зманлiва падмiргвала з акенца над кавярняю. Яна – вульгарная, як курортная паштоўка, – запрасiла цябе. I ты крадком, як шкодны гiмназiст, праз двор i чорную лесвiцу прабраўся ў цёплы пакойчык – ложак, камiн, рукамыйнiк. Ты спехам скiнуў нагавiцы, хуценька памыўся, выцерся насоўкаю. Ты павалiў чужую жонку на неразабраны ложак. Ты паглыбiўся ў нетры каталонскай жыццядайнасцi. Ты захлынуўся ў асалодзе.

За паглыбленнямi цябе i заспеў Тунельнiк. Пабачыў, спалатнеў, стаiўся. Ён не кiнуўся бiцца. Ён не выхапiў кiнжал i не працяў табе сэрца. Ён не пабег i не зняў з музейнае сцяны алебарду i не рассек шыйных пазванкоў. Ён счакаў, пакуль тваё сексуальнае змесцiва перальецца ва ўлонне спакуснiцы. А потым ветлiва запатрабаваў разлiчыцца. Ён не папрасiў болей, чым даюць звычайнай прастытутцы. Ты радасна развiтаўся з трыма тысячамi песетаў. Усё выдатна. У кожным бармене жыве сутэнёр. Хай сабе жыве.

Ты спусцiўся ў бар, i Тунельнiк запрапанаваў будзённы кубачак капучына за кошт "Бар-тунеля". Ты выпiў. Кава крышку гарчыла i мела прысмак мiндалю. Дробязi. Неiстотна. Тунельнiк усмiхаецца. У яго белазубая ўсмешка. У барменаў павiнны быць iдэальныя зубы i дагледжаныя пазногцi. Тунельнiк з такiх. Толькi чаму ўстанова зачыненая? Дзе наведвальнiкi? Нашто ты пiў горкую каву? Ты не адкажаш. Ты павалiшся на белыя дошкi i памрэш. Тунельнiк атруцiў цябе мыш’яком.

Ён перацягнуў цела ў сутарэннi, а там загарнуў у пыльны мех. З такiм мехам Тунельнiк ездзiць па вугаль для маленькага камiна. Ён любiць увечары пасядзець у крэсле i паглядзець у агонь. Аднаго разу, седзячы з келiхам марцiнi, ён згадае, як уночы вывез цябе ў лес i закапаў. I ад той згадкi ў Тунельнiка пацяплее на душы.

03.10.1995

35 – Iмянiннiк

На дзень нараджэння народу сабралася шмат: поўная чатырохпакаёўка. У гасцёўнi чакаў стол. Госцi належным чынам павiншавалi Iмянiннiка, выпiлi, закусiлi i разбрылiся па кватэры. Хто пайшоў у варэльню палiць, хто пачаў пераабсталёўваць кабiнет у залу для танцаў, а хто застаўся за сталом напампоўвацца алкаголем. Маладыя гады, маладыя жаданнi.

Iмянiннiку споўнiлася дваццаць два. Яго добра падвесялiлi дзве чарачкi каньяку i гара розных падарункаў. Iмянiннiк быў у гуморы, i яму захацелася жанчыны. Ён безразважна накiраваўся да купкi дзяўчат, што перабiралi кампакт-дыскi, i, выбраўшы найпрыгажэйшую, прапанаваў дапамагчы перанесцi акустычныя калонкi. Так ён адлучыў прыгажуню ад сябровак. У вiтальнi Iмянiннiк угаварыў дзяўчыну зачынiцца разам у ванным пакоi, а там дамогся блiзкасцi. Кахацца стоячы нязручна, але Iмянiннiк даволi хутка дасягнуў асалоды.

Ён пакiнуў прыгажуню рабiць водныя працэдуры i вярнуўся да гасцей, што апантана танчылi ў паўцёмным кабiнеце. Iмянiннiк сабраўся далучыцца да вясёлых скокаў, але раптам спахмурнеў i вярнуўся да дзвярэй у ванны пакой. Стукаў ён настойлiва.

– Хто? – пачулася адтуль.

– Адчыняй...

– Нешта забыўся? – аголеная прыгажуня абцiралася ружовым ручнiком.

– Не, я нiчога не згубiў, i майткi надзеў не шыварат-навыварат. – Iмянiннiк прысеў на край ванны.

– Захацелася працягу?

– Так, але iншага. Можаш палiчыць мяне за поўнага вар’ята, але даслухай да канца.

– Вырашыў пазычаць грошы? – прыгажуня ўсцягнула чорныя бiкiнi.

– Якiя грошы? Нiчога не збiраюся пазычаць... А хiба ў цябе ёсць грошы?

– Няма. Толькi так выбачаюцца, калi намерваюцца перахапiць. – Прыгажуня забрала ў станiк акуратныя грудзi.

– Я не выбачаюся, а прашу дазволу. Можна называць цябе Сiзi? – Iмянiннiк зазiрнуў на спод вачэй каханкi.

– Табе не падабаецца маё сапраўднае iмя? – Яна зашмаргнула маланку на спаднiцы.

– Наадварот, вельмi падабаецца – i тваё iмя, i тваё прозвiшча...

– Дык што тады? – жанчына апранула бялюткую, як уяўны снег, кашулю.

– Каханне вымагае змены iмёнаў. Павер. Разам з пачуццямi нараджаюцца словы. Спачатку мне захацелася назваць цябе Сфiнкс. Чаму? Не ведаю! Можа з-за валасоў залацiстых, а можа з-за крылаў, якiя ўявiў за тваiмi плячыма. Толькi Сфiнкса ведаюць. Iмя Сфiнкс – агульнага карыстання. Давялося пераўтварыць Сфiнкса ў Сiзi.

– Мне цяжка будзе прывыкнуць да новага iмя. – Прыгажуня наблiзiла твар да люстэрка i пачала падфарбоўваць вусны.

– Не-не, ты не павiнна нiкому казаць пра тое, што я называю цябе Сiзi, гэта iнтымна.

– Больш iнтымна за тое, чым мы толькi што займалiся? – яна расцягнула вусны i падвяла абрыс верхняй губкi.

– Вядома, больш. Нiякай таямнiцы няма ў тым, што мужчыны сыходзяцца з жанчынамi. Таямнiца ў тым, што яны кахаюць адно аднаго. Дык дазволiш называць цябе Сiзi?

– Я не буду крыўдаваць, калi пачую Сiзi, толькi не рабi гэтага на людзях.

– Канешне, Сiзi.

– Цяпер я выйду першай. А ты зрабi выгляд, што кепска, што апаласкваеш твар i чысцiш зубы. Дарэчы. Твае словы можна лiчыць прызнаннем у каханнi?

– Напэўна, не. – Iмянiннiк засумняваўся, захацелася аспрэчыць сябе i сказаць, што ён прызнаецца ў каханнi, але ж змаўчаў. Прыгажуня пакрыўдзiлася, выйшла з ваннага пакоя i далучылася да танцораў.

Iмянiннiк усiх запрасiў за стол. Госцi працягвалi вiншаваннi i чоканне поўнымi чаркамi ды келiхамi. Святкаванне дня нараджэння неўпрыкмет перарасло ў п’янку. Прыгажуня выпiла столькi ружовага шампанскага, што ўзлезла на стол i сказала:

– Ён прызнаўся мне ў каханнi i папрасiў дазволу называць iнакш...

Жанчына спрабавала згадаць новае iмя, але не змагла. Яна папрасiла Iмянiннiка нагадаць ёй iнтымнае iмя. Але той адмовiўся.

05.11.1995

36 – Рок-спявак

У Рок-спевака быў шаманскi барытон. Падобныя галасы з’яўляюцца раз на сто гадоў.

Тут ёсць падабенства з тым, як пралятае над светам агромнiстая вогненная камета. Людзi спыняюцца, уздымаюць галовы, шэпчуць:

– Зiрнiце! Паглядзiце на дзiва!

А потым ф’ю-ю-юць, i каметы няма. Цiшыня. Цемра. I нiхто нiколi не пабачыць нiчога падобнага. Але тыя, хто бачыў агнiсты палёт, не змогуць яго забыць.

Ноч стаяла спякотная. Стадыён, падрыхтаваны да выступлення Рок-спевака, болей падыходзiў да правядзення палiтычнага мiтынгу анархiстаў, чым для музычнага шоу.

Нiводзiн з гуртоў, якiя павiнны былi разагрэць i разгайдаць публiку, не дайграў свае праграмы да канца. Пакрыўджаныя музыкi пакiдалi сцэну пад свiст, скавытанне i ўлюлюканне раз’юшанага натоўпу.

Народ шалеў у чаканнi кумiра. Падлеткi, не хаваючыся, пiлi алкаголь, палiлi тытунь i анашу, а найбольш адвязаныя мастурбавалi i займалiся сексам з проставалосымi сяброўкамi. Натоўп перад сцэнаю сабраўся настолькi вялiкi i агрэсiўны, што ахоўнiкi i не спрабавалi наводзiць парадку.

У Рок-спевака быў цёмны настрой. Раздражнялi i бянтэжылi жарты, якiмi музыкi перакiдвалiся з ахоўнiкамi. Рабiлася млосна ад успамiнаў пра сварку з сяброўкаю, якая адбылася за гадзiну да канцэрта. Дзяўчына схавала шпрыц з ампуламi какаiну. I, апрача ўсяго, лiпучая гарачыня. А ягоныя музыкi пiлi колу i бестурботна радавалiся жыццю. Iх iмпэт згас толькi тады, калi першую кампазiцыю давялося пачынаць трэцi раз. Публiка ж паставiлася да правалу найлепшым чынам. Непрафесiйнасць, нязграбнасць, нахабства кумiра яшчэ болей узбудзiлi фанатаў. Рок-спявак толькi напрыканцы другой песнi пачаў трапляць у танальнасць. I чым далей спяваў, тым лепей гучаў боскi голас. Ён лунаў над галовамi юнакоў залатакрылым Анёлам, i душы жывых чулi ягоны поклiч.

Натоўп вар’яцеў i раз’юшваўся. Нарэшце натоўп закiпеў, i пачаўся штурм сцэны. Душачыся, топчучы адзiн аднаго, фанаты лезлi да кумiра. Ахоўнiкi бiлi iх гумовымi дручкамi, лупцавалi кулакамi, мясiлi каленямi i папiхалi чаравiкамi. Аглушаныя, акрываўленыя, абражаныя ахвяры падалi назад у натоўп.

Немаведама чым бы скончылася бойка памiж фанатамi i ахоўнiкамi, каб Рок-спявак не спынiў канцэрт.

– Хопiць! – пачуў ацiхлы стадыён. – Вы прыйшлi не слухаць музыку. Разумею. Вы прыцягнулiся з усiх закуткаў смярдзючага горада, каб павесялiцца, пакайфаваць, папiць пiва, пафачыцца. Якая музыка? Да д’ябла спевы! Галоўнае – паглядзець на дзiвосы. Галоўнае – пабачыць што-небудзь зачаравальнае, чаго больш нiдзе не пакажуць. Што мне рабiць? Я ў вас, вырадкi, пытаюся?..

Стадыён маўчаў. Над галовамi лётаў чорны Анёл злосцi.

– А што, калi я вам, сляпым i глухiм, пакажу фалас? Вы ж гэтага чакаеце! Гэтага? – Рок-спявак выцягнуў з нагавiцаў даўгакрысую кашулю i пачаў танцаваць вакол мiкрафоннай стойкi.

Ён то ўздымаў фалды кашулi, то апускаў iх.

– Вы бачылi? Бачылi? Вось ён, паглядзiце. Гэта найлепшы фалас у свеце. Паглядзiце на яго яшчэ раз.

Натоўп выбухнуў. Пачалася бойка. Музыкi, пахапаўшы iнструменты, паўцякалi. Рок-спявак укленчыў i ашчаперыў галаву рукамi. Гумовы дручок начальнiка стадыённай аховы апусцiўся Рок-спеваку на спiну. Другi ўдар ён атрымаў чаравiкам у скронь. Нi трэцяга, нi астатнiх удараў ён не адчуў. Вярнуўся да свядомасцi толькi пад ранiцу. Ляжаў, апрануты, на ложку ў пакойчыку ў сяброўкi.

– Нашто ты гэта зрабiў? – спыталася яна, убачыўшы, як ён накiроўваецца ў душ.

– Мне было цiкава, што з гэтага атрымаецца. Звычайная цiкавасць!

Распрануўшыся, Рок-спявак прыўзняў накрыўку скрынi пад брудную бялiзну, каб кiнуць туды запэцканую ў кроў кашулю. Там ён i знайшоў шпрыц з ампуламi. Рок-спявак зрабiў сабе ўкол i стаў пад лагодныя струменi. Падвоеная доза какаiну падаравала лёгкую, бестурботную, цiхую смерць.

06.11.1995

37 – Красуня

У горадзе пачалася сапраўдная восень – шарая, з золлю.

Цэлую нядзелю мужчына прасядзеў у кватэры: чытаў, самазадавальняўся i бяздумна пазiраў у тэлевiзар. Музыку слухаць не мог – заганяла ў дэпрэсiю. Тэлефонны нумар старога сябра ён набраў без спадзяванняў.

– Доўга iдзеш да тэлефона, – быццам для сябе, адзначыў мужчына.

– Я не адзiн. – У слухаўцы iнтымна зашалахцела мяккая матэрыя: цi то прасцiна, цi то кашуля, цi то сукенка.

– Прабач. – У iнтанацыi мужчыны чулася расчараванне.

– Сумуеш? Цi з нагоды звонiш?

– Захацелася выпiць.

– Прыязджай. Дарогу ведаеш. Пачастую. Учора печаныя грушы з мястэчка прывёз.

– Еду.

З-пад высокай i халоднай поўнi сыпала драбнюткая iскрыстая iмжа. У прыгарадным аўтобусе было зiмна, няўтульна i, апрача таго, пахла танным адэкалонам. Вузкавокi маладзён у вязанай шапачцы настойлiва патыхаў спiртавым водарам ускраiннай цырульнi. Пасажыраў ехала няшмат: колькi вайскоўцаў вярталася ў ракетную вучэльню, дзве студэнткi абмяркоўвалi прагледжаную ў кiнатэатры меладраму, прапахлы грамадскай цырульняю маладзён i ён – мужчына.

"I куды мяне нясе на ноч гледзячы?" – падумалася яму, калi праходзiў да кабiны.

Кепска паголены шафёр сцiскаў у губах цыгарэту.

– Можна i я запалю? – папрасiў дазволу мужчына.

– Куры! Мне што! Галоўнае, каб пасажыры не бунтавалiся.

Водар кубiнскага тытуню перабiў адэкалонавы дух.

Аўтобус ляцеў праз кастрычнiцкую ноч.

– Хто? – пачуў мужчына з-за гладкiх дзвярэй.

– Хто-хто... Госць у палiто. – У вiтальнi было змрочна, i рукi на прывiтанне мужчынам давялося працягваць наўздагад.

– Праз парог нельга... – Сябар пацягнуў мужчыну ўглыб кватэры. – Распранайся, праходзь. Шчыра скажу: думаў, не прыедзеш. Ноч, золь, халадэча. Так што, даруй, сустракаю без смокiнга.

На хударлявым сябравым торсе была толькi свежая саколка з яшчэ не адрэзаным цэтлiкам.

– Колькi часу? – пацiкавiўся ён i абцягнуў саколку на сцёгны.

– Палова на адзiнаццатую. – Мужчына скiнуў лакiраваныя чаравiкi. – У цябе цёпла, я пiнжак здыму, а то пачнеш гатаваць, i выхадны пiнжак прапахне варэльняю.

– Якi далiкатны, нiбыта мы ў розных мястэчках гадавалiся.

Яны прайшлi ў варэльню, дзе панавала кавалерская неахайнасць. Нямыты посуд запаўняў чарупiну. Нiводная дзверца ў шкафчыках не была зачынена. Фiранкi зжаўцелi ад тытуню. Са смеццевага вядра вытыркалiся газеты. Толькi новая лядоўня мела чысцюткi i ўрачысты выгляд. Якраз з яе i з’явiлася высокая бутэлька чырвонага вiна.

– Расказвай, што па начах гняце?

– Пакрыўдзiлi мяне. – Мужчына ўздыхнуў цяжка, як паланёная жывёлiна.

– Няўжо праўда? Што ганарысты, ведаў, а крыўдлiвасцi не заўважаў. – Сябар расклаў на срэбным сподзе брунатныя грушы, апаласнуў рукi i выйшаў з варэльнi.

Мужчына адчынiў фортку. У пакой папаўзло сцюдзёнае паветра. Сябар неўзабаве вярнуўся. Цяпер, акрамя саколкi, на iм былi спартыўныя нагавiцы i скураныя шлэпкi.

– Зачынi фортку, халодна ў саколцы.

– Кашулю складзi, калi мерзнеш. – Мужчына закiнуў нагу на нагу i дэманстратыўна загайдаў ступаком у стракатай шкарпэтцы.

– Гэй, Красуня! Чуеш? Прынясi швэдар! – сябар пераклаў iгрушу са споду на талерку.

У варэльню зайшла Красуня, цалкам аголеная маладзёнка. Яна бессаромна стаяла пасярод пакоя, не робячы анi спробы прыкрыць белае цела. Ад зыркага святла яна па-дзiцячы прымружыла вочы i, можа, таму не выклiкала ў мужчыны эратычных памкненняў. Ён адно крышку здзiвiўся разняволенасцi сябравай Красунi i пяшчотнай ружовасцi яе каленных рэпак.

– Афiгела? – сябар выхапiў з рук у каханкi апранаху i пачаў ахiнаць ёй натапыраныя грудзi. – У мяне госць, чужы чалавек, а ты бессаромна голая. Дзе сумленне?

– Дзе-дзе... Памiж ног на барадзе! – Красунiна прамаўленне мела хмельнае адценне.

Абураны сябар выштурхаў каханку за дзверы.

– Даруй. Афiгела. Зазвычай яна прыстойна сябе паводзiць. Пакаштуй iгрушу. Цудоўная прысмака...

Сябар не паспеў скончыць сказ, як вярнулася Красуня.

– А ты мне i не казаў, што маеш у знаёмых наадэкалоненага франта ў шахматных шкарпэтках. Мне падабаецца. Можа, заможны i заплацiць, i мы пераштурхнёмся? – Красуня зрабiла спробу сесцi мужчыну на каленi.

Яе мякка, але настойлiва адхiлiлi.

– Iдзi прэч, а то зараз атрымаеш сподам па твары. Я нават iгрушы не пашкадую. – Словы гучалi досыць рашуча, але, вiдавочна, бiць жанчыну нiхто не збiраўся.

– Я – нудыстка! Хiба не ведаў? Не веру... Як толькi трапляла ў твой халасцякоўскi бярлог, адразу ж распраналася цалкам. I ты нiколi не супрацiўляўся. I ты не абурышся, калi я пайду аголеная праз вайсковы гарадок. Слова не скажаш. Дык чаму цяпер шум i пагрозы? – Красуня выцягнула з-пад стала i асядлала табурэтку.

– Сапраўды, чаму не прайсцiся голай праз ракетную вучэльню? Курсантам радасцi наробiш. Яны цябе да самай дэмабiлiзацыi снiць будуць. А колькi маладзёнаў самазадаволiцца, успамiнаючы твае клубы?

Хлеб накроiлi тонкiмi празрыстымi лустачкамi.

– А чаму мне прыбор не паставiш? Мне холадна, i келiх чырвонага не зашкодзiць. – Аголеная падсунула табурэтку да стала.

– Даруй, каханая, але ты не казала, што будзеш вячэраць. – Сябар пачаў пераводзiць размову ў рэчышча будзённасцi.

– Цяжка назваць вячэраю начныя адведкi. – Красуня зрабiла такi выраз, нiбыта яна прысутнiчае на прыёме ў каралевы.

– Можа, мне пайсцi? – мужчына сумеўся.

– Не-не, сяброўскiя варункi вышэй за ўсё. – Сябар напоўнiў тры фужэры рубiнавым вiнаградным вiном.

– Добра. Бог з вамi. Гаварыце. Частуйцеся грушамi. Весялiцеся. А я пайду. – Красуня ўстала i, вiхляючы клубамi, пакiнула варэльню.

– Дык якая бяда не дае спаць? – сябар узняў фужэр.

– Надыходзiць iмгненне, i адзiнае жаданне запаўняе свет. Хочацца ўзяць пiсталет, прыкласцi да грудзей i прастрэлiць сэрца. – Мужчына залiў у сябе рубiнавае вiно. – Разумееш, цябе прадалi, падманулi, прынiзiлi. I так абышлiся не толькi з табою, а з усiмi, хто навокал.

– Цьмяна. Давай канкрэтыку, фактуру, факты. – Сябар разрэзаў напалам сакаўную грушу.

На парцэлянавай талерцы засталася лужынка соку.

– Канкрэтыка такая: патрэбны пiсталет.

– Не праблема, дастану, толькi з адной умоваю. Ты застрэлiш крыўдзiцеля i вернеш зброю. – Сябар са смакам пракаўтнуў салодкi скрылiк.

Мужчыны чокнулiся, выпiлi, памаўчалi.

– А што за Красуня ўпрыгожвала вечар? – мужчына адшчыкнуў кавалачак хлебнай скарынкi.

– Посцiлка з плоцi, нiчога сур’ёзнага, недарагое задавальненне для самотнага. Калi ёсць жаданне паспытаць, калi ласка. Нарэшце ты вяртаешся ў рэчышча разумнага, рацыянальнага i вечнага. А то – пiсталет, сэрца, смерць, крыўды. Няўжо ты здатны на забойства? Няўжо ты верыш у сваю правiльнасць настолькi, каб забiць?

– Веру i заб’ю! – мужчына сказаў пераканаўча.

– Заб’еш. Правiльна. Некага абавязкова застрэлiш. Можа, сябе цi крыўдзiцеля, а мо – выпадковага чалавека. Хто адкажа? Ты? Не, ты не здатны адказаць за гвалт, бо апынешся або нябожчыкам, або вар’ятам, i цяжар адказнасцi перасунецца на iншых: на таго, хто ўклаў у рукi зброю. Вось так. Не дам пiсталет. I давай забудзем начную мужчынскую размову. Цi ты хочаш нешта дадаць?

– Вядома. – Мужчына расцягнуў пальцамi набрынялыя стомаю павекi.

У варэльню завiтала Красуня.

– Сыходжу. Позна. Спаць трэба. – Яна была наўздзiў свежая, з мокрымi, гладка зачэсанымi валасамi, вiдаць, толькi з душа.

На румяным тварыку не засталося нават ценю дурноты i хмельнае распуснасцi.

– Куды ты на холад пасля купання? – Сябар прыўстаў.

– Прыемна, што захваляваўся. Толькi мне два крокi праз двор перабегчы. Цi ты забыўся, дзе жыву? – Красуня зашпiлiла шкляны гузiк на каўнерыку тактоўна-шэрай сукенкi.

– Калi так, бывай. Нам дагаварыць трэба. – Сябар сеў.

Красуня бязгучна прычынiла непранумараваныя дзверы.

– Не будзе ў цябе, дарагi мсцiўца, зброi. – Сябар узняў келiх i залюбаваўся пералiвамi цёмнага вiна.

– Пабачым... Цi ты мяркуеш, толькi ў вашай вучэльнi крадуць зброю? – мужчына запiў пытанне вялiкiм глытком.

– Зладзейства паўсюдна. Крадуць усё чыста. Вось i жонка ўкрала ў мяне сына. Разышлiся. Надакучылi адно аднаму. Без сварак падзялiлi маёмасць. Сына яна безапеляцыйна пакiнула сабе. I што абразлiва: прывучыла называць мяне Суседам. Сын на ўласнага бацьку гаворыць – стары Сусед. Крыўдна. Да слёз. Здаецца, сапраўды схаплю пiсталет i застрэлю. Толькi што зменiць забойства?

Хто выйграе? Цi, можа, трывала стаiць тое, пад што кроў пацякла? Маўчыш. Правiльна. Разумна. Нiкога не застрэлiм: нi ты, нi я.

Зброi не трэба. Можа, я кепскi сябар, але зброю давядзецца шукаць у iншым месцы.

Бутэльку дапiлi моўчкi.

Мужчына сышоў, так i не пакаштаваўшы печанае грушы. Ён праходзiў праз iскрысты, прыцярушаны золлю двор, калi з дашчанага домiка альтанкi пачуўся голас Красунi.

– Пастой... Я чакала... Замерзла...

Мужчына ўзяў яе адразу, стоячы ў альтанцы, пасярод пустога двара. Блiзкасць была кароткая, але ўсё ж аддалiла мужчыну ад думкi пра самазабойства.

01.12.1995

38 – Галерэйнiк

Мужчына завiтаў у мастацкую галерэю. Ён нейкi час разглядаў карцiны, пакуль не спынiў вока на сцiплым творы з васiльковым вянком.

– Калi ласка, здымiце са сцяны блакiтны нацюрморт. Я вазьму яго, каб падараваць жонцы на гадавiну нашага вяселля, – сказаў наведвальнiк далiкатнаму Галерэйнiку.

– Выдатны густ, – запэўнiў пакупнiка ўважлiвы прадавец. – Сярод выстаўленых карцiн не знойдзеш лепшай, каб падараваць каханай жанчыне. Але не спяшайцеся. – Галерэйнiк зрабiў загадкавы твар i прыцiшыў голас. – У маiм салоне ёсць выдатныя творы. Яны прыхоўваюцца для сапраўдных аматараў высокага мастацтва. Калi вы не супраць, дык пойдзем у мой кабiнет...

Мужчына не чакаў такой увагi i дасцiпнага абыходжання, а таму разгубiўся i маўчаў, не ведаючы, цi спакусiцца на прагляд таемных каштоўнасцей, цi абысцiся "Вянком", намаляваным хай не кiдка, але ж густоўна.

– Не сумнявайцеся, кошт карцiны застаецца той самы, нават меншы. Мая задача – не толькi прадаваць, але i перадаваць найлепшыя творы ў добрыя рукi. Можаце паверыць, часам карцiны сыходзяць за чыста сiмвалiчную цану...

Яны зайшлi ў вузенькi калiдор i спусцiлiся пакручастымi сходамi ў нiзкiя сутарэннi.

– Цеснавата, але што рабiць, арэнда за памяшканне проста касмiчная... Давялося, мiж намi, нелегальна павялiчыць сутарэннi. – Галерэйнiк вёў пакупнiка праз лабiрынты стэлажоў i шафаў, застаўленых самымi неверагоднымi творамi.

Там зiхцелi залатыя унiтазы i срэбныя пiсуары. На кiтайскiх вазах сядзелi парцэлянавыя мядзведзi з залатымi вачыма. У кутку моўчкi ляжаў саракасямiметровы нефрытавы Буда.

– Не здзiўляйцеся. Тут адны муляжы, нiчога сапраўднага, шкло, фарба i папера. Падробкi. Мода. Дзень сучасны. Сюды, калi ласка...

Яны зайшлi ў невялiчкi кабiнецiк. Апрача арэхавага стала, двух крэслаў i сейфа, у iм нiчога i не змясцiлася б.

– Прысаджвайцеся, – Галерэйнiк доўгiм ключом заляскатаў у сейфавых нетрах.

Мужчына адчуў прыгнечанасць.

З сейфа з’явiлася невялiчкае палатно ў букавай асадзе.

Аксамiтнай анучкаю Галерэйнiк працёр уяўны пыл.

Мужчына ўзяў карцiну. Нiчога адметнага. Белы дом пад цёмнай дахоўкаю. Больш лапiдарны краявiд i ўявiць цяжка.

– Ну як? Можаце ацанiць? Цi не спадабалася? – голас гандляра меў нейтральную афарбоўку, таму пакупнiк не стаў хаваць уражанняў.

– Густоўна, i не больш за тое.

– Правiльна. А нiчога болей не трэба. Вiншую, краявiд вы атрымоўваеце бясплатна, у якасцi прэзента. А за "Вянок" давядзецца заплацiць.

Мужчына вярнуўся дамоў у гуморы.

Васiльковы нацюрморт вельмi спадабаўся жонцы, i яны вырашылi неадкладна павесiць карцiну на сцяну.

– Найлепшы падарунак i прыдумаць цяжка. – Не ведаючы, жонка паўтарыла словы Галерэйнiка.

Гадавiну вяселля святкавалi ўдваiх, сцiпла: з павольнымi танцамi i сухiм вiном.

Яны па шмат разоў пераказалi адно аднаму, як пазнаёмiлiся на вечарыне ў Акадэмii мастацтваў, як сустракалiся па два разы на дзень, як паехалi ў вёску Пагост, каб хутчэй распiсацца, як зладзiлi вяселле без сваякоў i гасцей, як цэлую ноч пратанцавалi, працалавалiся, пракахалiся. Таму спаць паклалiся рана, спадзеючыся на доўгi секс, але хутка спатолiлiся i заснулi.

Карцiну з белым домам мужчына так i не паказаў жонцы. Ён занёс яе ў сутарэннi, калi хадзiў па вiно. Там, у сутарэннях, нешта невыразнае, неакрэсленае, цёмнае варухнулася ў паветры. Але мужчына, заклапочаны выбарам вiна, не звярнуў на рух анiякае ўвагi.

Муж з жонкаю спалi, павярнуўшыся спiнамi адно да аднаго. Ёй снiлася вёска Пагост, яму – саракасямiметровы Буда.

Тым часам у сутарэннях нябачныя рукi развязвалi шнурок, якiм была перавязаная карцiна з домам. Такiм чынам разгарнулася абгортачная папера. Вокны ў намалёваным дамку запалiлiся. Нехта нябачны ўключыў у iм лямпы зыркага галерэйнага святла. Палiлася вада. Пачулася фуркатанне, радаснае, бадзёрае, нiбыта ранiшняе. Пастракатала i зацiхла электрабрытва. Гэта ў намалёваным дамку прыводзiў сябе ў кавалерскi выгляд не хто-небудзь, а сам Галерэйнiк.

Намеры ён меў простыя: вырашыў паспытаць чужую жонку. Таму выйшаў з чароўнага дамка, падняўся з сутарэнняў у спачывальню. Там, прытулiўшыся спiнаю да спiны, спакойна спалi мужчына з жанчынаю, якiя адсвяткавалi першую гадавiну агульнага жыцця.

Па дарозе з сутарэнняў Галерэйнiк цалкам змянiў аблiчча: з ахайнага гандляра перакiнуўся ў расхрыстанага разняволенага распуснiка.

Пяшчотным пагладжваннем эрагенных зон ён пабудзiў жанчыну. Тая спрасонку не ўсвядомiла, хто сцягнуў яе на кiлiм i паклаў на жывот. Толькi адчуўшы боль ад вялiзнага, пэўна не мужавага, чэлеса, яна паспрабавала прыўзняцца. Марна. Чужыя рукi прыцiснулi да падлогi так, што нi ўздыхнуць, нi выдыхнуць яна не магла. Апошняя згадка пра жахлiвую рэальнасць у згвалтаванай жанчыны была досыць яркая. Дацягнуўшыся да шнура начное лямпы, што стаяла на тумбачцы пры ложку, яна з усяе сiлы тузанула за яго. Масiўная свяцiльня абрынулася гвалтаўнiку на патылiцу. Той страцiў прытомнасць i знерухомеў на ўжо нежывым галаногiм целе.

Ранiцаю муж знайшоў замардаваную жонку. Ачомаўшыся, ён агледзеў месца злачынства i заўважыў на кiлiме вялiкую крывавую пляму. Яна расплылася побач з жончынай скронню, толькi нiводнай ранкi на жаночай галаве мужчына не ўбачыў. У кроў была ўпэцканая i пабiтая лямпа, што ляжала на кiлiме. Кроплi крывi мужчына знайшоў i ў калiдоры, i на сходах у сутарэннi. На месцы, дзе ён пакiнуў злашчасную карцiну з домiкам, валялiся адно пакамечаная абгортка i вяроўка.

Апрануўшыся, мужчына паклаў у кiшэнь вялiкi нож, якiм звычайна рэзаў хлеб, i накiраваўся ў галерэю. Дзверы ў салон былi адчыненыя, i мужчына без перашкоды зайшоў у памяшканне. Ён спусцiўся ў сховiшча i там у кабiнецiку знайшоў Галерэйнiка. Той сядзеў на крэсле, паклаўшы галаву на стол. На арэхавую стальнiцу нацякла вялiзная лужына крывi. Галерэйнiк быў нежывы, але мужчына, на ўсялякi выпадак, усадзiў хлебны нож у згорбленую спiну.

19.12.1995


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю