Текст книги "Новы дамавікамерон"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 12 страниц)
20 – Збiральнiк
Да Збiральнiка завiтаў Тэлевiзiйнiк. Запарылася гарбата. Сябры ўладкавалiся ў фатэлях i размаўлялi.
– За дзвярыма – будучыня! Кампутары, касмiчныя антэны. Сiгнал можна прымаць з любой кропкi Зямлi. А ты зачынiўся ў кабiнецiку i думаць не думаеш пра наступны дзень.
– Чаму гэта не думаю, – Збiральнiк смачна сербануў духмянай гарбаты. – Я пiшу, займаюся лiтаратурай.
– Лiтаратура... – Паблажлiва паўтарыў Тэлевiзiйнiк. – Ну што такое лiтаратура сягоння? Служка, Папялушка пры тэлевiзii. Заяўкi, прамовы, дыялогi, сцэнарыi i даклады. Хто чытае кнiгi? Колькасць кнiгарняў толькi ў Мiнску паменшылася ўдвая. Каму патрэбны грувасткi фалiянт, калi дастаткова ўкiнуць маленечкую дыскету ў кампутар, каб на манiторы засвяцiўся тэкст. Ты скажаш: папера, кардон, фарба, штапель. А я скажу: непатрэбныя сантыменты. Варта рэальна ўспрымаць рэчы. Тэлевiзiя збiрае, гуртуе, канцэнтруе ўсе вiды мастацтва, разам з лiтаратурай. I хай сабе не арганiчна, а толькi сiнтэтычна тэлевiзiя кампануе i насычае любiмую народную цацку. Але ж напаўняе. Тэлевiзар глядзяць, на яго рэагуюць, яго любяць, баяцца, паважаюць, слухаюць. А кнiга? Адны ўспамiны пра былую велiч!
– А падручнiкi?
– Гэта пакуль у школьнiка няма персанальнага кампутара. А з’явiцца, i можна будзе развiтацца з падручнiкам; так аўтамабiль адсунуў на сметнiк брычку. Прагрэс няспынны.
Ну вось выдаў ты 66 казак "Дамавiкамерона", ходзiш па горадзе i раздорваеш даволi дарагiя асобнiкi. I што маеш у адказ? – Тэлевiзiйнiк укiнуў у рот цыгарэту.
Пухкi струмень дыму выплыў з бэзавых вуснаў Тэлевiзiйнiка, узняўся да голай лямпачкi i распоўзся па кабiнеце хiсткiмi касмылямi.
– Адказ просты, я маю магчымасць павялiчыць збор казак, паданняў, мiфаў. Кнiгi раздаюцца з патаемнай мэтаю: за атрыманы асобнiк, хай сабе ў адным выпадку з адзiнаццацi, але я пачую працяг сваёй кнiгi.
Напрыклад, адзiн барадаты Рэдактар пасля першай публiкацыi "Дамавiкоў" у часопiсе "Лiтаратура-1" расказаў...
"Калi прыязджаю да жонкi з Мiнска ў Наваполацк i доўга, не перапыняючыся, званю ў дзверы, дык, пачуўшы "хто там?", нiзкiм голасам кажу: "Я Дамавiк. Усё, што ў гэтым доме ёсць, належыць мне. Ты таксама належыш мне!" Жонка смяецца, зачыняе дзверы i кажа: "Толькi не тут!" – "Тут!" – настойваю я, але ў перадпакоi мы нiколi не займалiся сексам".
А пасля выхаду васемнаццацi "Дамавiкоў" пад назваю "Зданi" ад знаёмага Плакатыста я прыняў у калекцыю Вагоннiка...
"Вагоннiк жыве на станцыi "Бальнiца" ў загнаным у тупiк старым вагончыку. Зрэдку, калi ў гуморы, Вагоннiк дапамагае праваднiцам здаваць шклатару i несцi ў пральню клумкi з бруднай бялiзнаю. Праваднiцы любяць i шкадуюць Вагоннiка. Прыкормлiваюць яго "заечым" хлебам i зрэдку, пад настрой, даюць задаволiцца, як мужчыну".
А калi я падараваў Плакатысту кнiгу "Дамавiкамерон", дык пачуў аповед пра Прымяральнiка...
"Ён жыве ў ЦУМе, у секцыi жаночага адзення, за прымерачнай кабiнкай. I калi жанчына здыме спаднiцу, мяккiя далонi Прымяральнiка кладуцца ёй на талiю, спускаюцца пад калготкi, сцягваюць iх разам з плаўкамi, разводзяць клубы i дапамагаюць чэлесу ўвайсцi ва ўлонне. У адрозненне ад звычайных мужчынаў, Прымяральнiку не трэба рабiць тры сотнi штуршкоў. Насенне выходзiць адразу, як толькi Прымяральнiкаў чэлес дасягае задняй сценкi ўлоння. Карацей, ён спускаў, як толькi засоўваў на максiмальна магчымую глыбiню".
А гэта распавялi мне дзве сцiплыя Музейнiцы...
"Яны прыйшлi ў атэлье "Алёна", каб пашыць на лета шорцiкi. Аформiлася патрэбная дамова. Да Музейнiц выйшаў Кравец, якi кляёнчатай стужачкай пачаў здымаць памеры. Ён старанна абмяраў клубы i сцёгны, нават прасiў шырока расстаўляць ногi, каб вымяраць шырыню магчымага кроку. Праўда, глыбiню ўлоння Кравец не мераў, адно прапаноўваў пайсцi пакроiць джут, толькi сарамлiвыя Музейнiцы адмовiлiся".
Iх праблемы, iх сумленне, i не мая вiнаватасць, што навела пра Краўца не набыла лагiчнага завяршэння. Не заўсёды атрымлiваеш тое, што хацеў бы мець. Вось i Мiлiцыянт падараваў сюжэт не завершаны...
"На Камароўскiм рынку ў нядзельку пад вечар з’яўляецца Кiрмашнiк. Ён высочвае правiнцыйных маладзiчак, якiя, папрадаваўшы садавiну i гароднiну, падвесялiлiся гарэлiцаю. Салодкiм i лiслiвым словам Кiрмашнiк спакушаў недаверлiвых, але сквапных правiнцыялак. Ягоныя аповеды пра гурбы танных замежных апранах мелi наўздзiў магутную сiлу. Асаблiвае ўражанне рабiла ядомая бялiзна. I маладзiчкi iшлi з чужым чалавекам у незнаёмы раён. А там, у нанятай на суткi кватэры, Кiрмашнiк апойваў жанчын конскiм узбуджальнiкам i ладзiў оргiю-шабас. Па заканчэннi шабасоўкi юрлiвы Кiрмашнiк прападаў".
Мiлiцыянт запэўнiў мяне, што ў хуткiм часе Кiрмашнiка зловяць. Следчая група стварыла некалькi парачак падманных маладзiц. Толькi камароўскi Кiрмашнiк не надта квапiцца на падстаўных гандлярак. Аперацыя працягваецца.
Гэтаксама доўжыцца маё збiранне сучасных казак, мiфаў i паданняў.
Пра апойванне жанчын узбуджальнымi вадкасцямi распавёў мне адзiн хiтрун Сталяр...
"Ветлекар падараваў Сталяру пакуначак з пудраю i сказаў, што, калi яе ўсыпаць у лiманад i даць выпiць жанчыне, дык тая гадзiны тры будзе мець толькi адно-адзiнае жаданне. Сталяр не меў падставы не даверыцца Ветлекару. А таму, пазнаёмiўшыся з Касiркаю крамы "Тарты-цукеркi", наладзiў экскурсiю ў сталярную майстэрню. Касiрка з цiкаўнасцю агледзела драўлянае царства сталярнi i без ценю сумневу села за варштат пiць пяцiдзесяцiградусную гарэлку. На закуску Сталяр прапанаваў адно лiманад "Бурацiна", у якi папярэдне ўсыпаў падораную пудру. Гарэлка пiлася лёгка. Узбуджальны сродак спрацаваў, але не так, як меркавалася. Касiрка пачала мачыцца праз кожныя тры хвiлiны. Яна жудасна ахмялела, яна залiвiста рагатала i пускала шумлiвыя струменi на падлогу. У сталярнi не было прыбiральнi. Рукамыйнiк стаяў, а вось унiтаз адсутнiчаў. Касiрка нарабiла лужын па ўсiх кутках i закутках, а яшчэ паразбiвала аб сцяну ўсе бутэлькi. У дадатак яна пакусала Сталяра i падрапала ягоны хiтравокi тварык пазногцямi. Пасля такога ўзбуджэння Сталяр прагнаў Касiрку i пракляў Ветлекара".
Дзеля такiх вось гiсторый раздаецца кнiга. I пацiху павялiчваецца калекцыя. Яе складаюць вобразы маленькiх хатнiх кумiраў i багоў. А багi, як вядома, – гэта персанiфiкацыi нашых псiхiчных i духоўных памкненняў.
А распачаў я збiранне з аповеду Фотамадэлькi, якая са слязамi ўваччу даводзiла, што раманiлася i сексавалася з сапраўдным Дамавiком.
– Калi так... – Тэлевiзiйнiк глынуў астыглай гарбаты i зацiснуў у зубах фiльтр чарговай цыгарэты.
Колцы духмянага дыму паплылi пад столь.
– Калi так, я далучуся i раскажу гiсторыю пра Сабачнiка, сына Вагоннiка. Толькi не выкарыстоўвай яе адразу, пачакай нагоды...
"Адна Прымальнiца шклатары сiмпатызавала Вагоннiку i адпаведна некалькi разоў дала яму спатолiць цiск у пахавiннi. Прымальнiца асаблiва не засцерагалася, а таму неўзабаве панесла. Пабрацца шлюбам з цяжарнай жанчынаю Вагоннiк не захацеў. Вось Сабачнiк i гадаваўся байструком. Скончыўшы школу i адслужыўшы ў войску, Сабачнiк паступiў ва унiверсiтэт на аддзяленне гiсторыi, бо прагнуў стаць гiстарычным пiсьменнiкам. Ва унiверсiтэце Сабачнiк пазнаёмiўся з Тэлевiзiйнiкам. Яны сябравалi, але аднойчы вельмi моцна паспрачалiся, хто вышэй скочыць. Скакалi ў спартыўнай зале праз алюмiнiевую планку, якую паступова ўздымалi вышэй i вышэй. Нарэшце Тэлевiзiйнiк скемiў, што "нажнiцамi" не возьме выстаўленую вышыню, а таму скочыў "рыбкаю". Сабачнiк гэтаксама вырашыў скокнуць "рыбкаю", але збiў мыском красоўкi алюмiнiевую планку. Тая выгнулася, ударыла Сабачнiку па скiвiцы i высадзiла верхнiя зубы. Вiдавочна, Тэлевiзiйнiк не быў вiнаваты, але адносiны з Сабачнiкам сапсавалiся. Праўда, зрэдку – раз на тры гады яны сустракалiся i загаворвалi пра лiтаратуру. Падчас апошняй сустрэчы Сабачнiк расказаў, што працуе над цыклам раманаў пра жавёл. Наступны раман Сабачнiк вырашыў напiсаць ад iмя кабеля-гвалтаўнiка... Лётае кабель па мiнскiх сметнiках i гвалцiць нявiнных сучак, лётае i гвалцiць, гойсае i трахае, паскача-паскача i маркiтуецца-маркiтуецца... I раптам высвятляецца, што не сабака гойсаў па сметнiках, а чалавек – Гiцаль. I не сабака гвалцiў сучак, а вычварэнец сыходзiўся з беспароднымi чатырохногiмi брахлiўкамi. I Сабачнiк запэўнiў, што Гiцаль вельмi перажываў i плакаў, калi здаваў сабачае мяса на мылаварню. А яшчэ ён перажываў, бо не мог знайсцi адказу, чаму гэта яго цягне не на жанчын, а на сучак. Адказ знайшоўся ў японскiм гараскопе. Аказваецца, Гiцаль нарадзiўся ў год гарэзлiвага сабакi, як i сам Сабачнiк, дарэчы".
Тэлевiзiйнiк папстрыкаў ледзь жывой запальнiчкай i сказаў:
– Толькi я цябе прашу, без нагоды не чапай Сабачнiка, пакусае...
– Устаўнымi зубамi моцна не ўкусiш.
Тэлевiзiйнiк падзякаваў за гарбату i сышоў з таемнай надзеяй, што казка пра Сабачнiка трапiць у кнiгу.
А вось Збiральнiк сапраўды вырашыў пачакаць якой-небудзь нагоды, i яна неўзабаве надарылася.
Збiральнiк iшоў у букiнiстычную краму "Вянок", дзе сярод тысячы i адной кнiгi прадаваўся i ягоны, зроблены разам з Тэлевiзiйнiкам комiкс "Дзiкае паляванне". Збiральнiк, вядома, не збiраўся купляць сваю кнiжку, ён намерваўся набыць расейскае васьмiтамовае выданне казак Шахразады, расказаных Шахрыяру за тысячу i адну ноч. Iдучы праз рэчку, Збiральнiк убачыў пад мостам няўклюдную постаць у сiнiм плашчы i шэрай, насунутай на бровы кепцы. Збiральнiк пазнаў Сабачнiка. Той крышыў хлеб i кармiў каналiзацыйных качак, якiя лянуюцца лётаць у вырай, а забiваюцца на зiмоўку ў трубы, па якiх цячэ старажытная беларуская рэчка Нямiга, апетая ў "Слове пра паход Iгаравы". Качкi сноўдалi па бруднай вадзе i прагна глыталi пачастунак. Задаволены Сабачнiк ускiдваў галаву i падстаўляў сакавiцкаму сонцу шыракароты твар. Прамянiста паблiсквалi шкельцы люстраных акуляраў i ўстаўныя залатыя зубы.
Сабачнiк паблажлiва шпурнуў галоднаму голубу чорную скарынку, i ў гэтае iмгненне яго трапна накрыў Збiральнiкаў сак.
19.02.1995
21 – Алкаголiк
Пасля работы ў пятнiцу сям’я патомных пралетараў – мацi, бацька i старэйшы сын – заўсёды пiла хлебны самагон.
Пасярод стала ўрачыста ўзвышаўся трохлiтровы слоiк з самаробнай гарэлкаю. Абапал размясцiлiся талеркi, у якiх крохка зелянелi салёныя агуркi, смачна ружавела пакроенае сала, духмяна залацiлася навараная бульба i апетытна чырванела вынятая з баршчу ялавiчына. Хлеб, нарэзаны тоўстымi лустамi, ляжаў на драўляным кружку.
Сям’я адпачывала грунтоўна. Самагон разлiваўся па стограмовiках i выпiваўся без тостаў, моўчкi.
Размовы пачыналiся толькi тады, калi бацька са старэйшым сынам зацягвалiся дзяркатым папяросавым дымам. Гаварылi пра родны гомельскi шклозавод, дзе працавала сям’я. Але гутарка хутка сканчалася, бо сын уладна ўзмахваў ружовымi бабскiмi рукамi, прымружваў вочы i голасна казаў:
– Хопiць тутака ля-ля разводзiць! Будзем пiць, цi што? Спакойна, я налiваю...
Сiвы самагон струменiўся тоўстай блiскучай вяровачкаю ў кантовыя стограмовiкi. Рытуал ахмялення пачынаў новае кола. Так пацiху-патроху шыракагорлы трохлiтровiк паражнеў. I, пэўна ж, раздобраная расчырванелая сям’я спустошыла б яго дарэшты, каб не завiтаў у госцi да бацькоў малодшы сын. Ён больш як год жыў з маладой жонкаю ў асобнай кватэры, але раз на два тыднi, у пятнiцу, пасля працы ў скрыначным цэху, завiтваў да сваякоў, каб прапусцiць шклянку моцнага, як спiрт, самагону.
Сям’я ўзрадавалася госцю. Той акуратна павесiў кепку на пачапельнiк, прыгладзiў пяцярнёю рэдзенькi чубок i, заўсмiхаўшыся, прамовiў:
– Гарэлачку смокчаце пацiхеньку. Паважаю... А я тут крывянкi купiў. Iшоў з работы праз базар, i так мне захацелася свежанiнкi, ажно дыхалку перахапiла. Не вытрываў, пайшоў у мясныя рады i кiло крывяначкi ўзяў. Зараз мацi нам засмажыць каўбасу – так, каб скурка хрумсцела. I мы добра так закусiм.
Госць вывалiў з цэлафанавай торбы на стол важкi газетны скрутак.
– Ты тут асцярожна, глядзi, посуд не пабi. – Старэйшы брат прытрымаў скрутак, пацягнуў да сябе, разгарнуў i прынюхаўся. – Свежая, цёплай крывёю пахне.
– Крывёю, гэта добра, – адзначыў бацька. – Ваш дзед, уга, як кроў любiў. Бывае, заколе кабана, нацэдзiць крывi з-пад сэрца ў конаўку, прысолiць крышку i вып’е са смакам.
– I я б ад шклянкi жывой крывi не адмовiўся. – Старэйшы сын паклаў на талерку скрылiк падфарбаванай буракамi ялавiчыны.
– А я не адмоўлюся ад штрафной чарачкi. Я спазнiўся, i мне лiшняя не зашкодзiць. – Па гэтых словах малодшы з братоў налiў поўны, як вока, стограмовiк i адразу выпiў.
– Ты хоць бы прысеў, сынок, а то стоячы ў родным доме п’еш, – паўшчувала мацi, наразаючы згасла-лiловую крывянку.
– Сапраўды, ты сядай, закусвай, – утроп мацi загаварыў старэйшы сын. – I раскажы, як там у тваiм скрыначным цэху iдзе работа да сёмага поту. Га? Цi зноў дошак не хапае?
– Дошак хоць сракай еш...
– Сынок, як так можна за сталом. – Мацi апускала скрылi крывянкi на залацiстыя карункi растопленага масла. – Ты так гаворыш, быццам мы з бацькам цябе ў лесе гадавалi.
– Даруйце, мама, я не хацеў. Яно само з языка саслiзнула. – Рукi малодшага сына пяшчотна ашчаперылi гарлавiну трохлiтровiка. – Дошак у нас хапае, а вось габлюшак нестае. Няма iх, i ўсё. А без мякенькiх габлюшак, самi ведаеце, лiст шкла ў скрыню не паставiш, каб якi ражок не адкалоць. Ну ды што гэта я ў пятнiцу пра завод. Лепей штрафную нацаджу.
– Ты ж толькi глынуў, – здзiвiўся спакойны бацька.
– Пачакай, сынок, сядзь, не часцi, а то зашкодзiць. Крывяначка вось-вось саспее. – Мацi папарадкавала духмяна-блiскучыя колцы на распаленай панiве.
– Зашкодзiць яму, як жа... Ну вы, мама, i скажаце, як завяжаце. Ён увесь слоiк высмакча, як той Кадук-жываглот, i хоць бы хны. – Старэйшы прыўстаў i хмельна хiстануўся. – Я табе вось што, брат мой родны, скажу. Не-е-е... Мне не шкода паганай гары. Хочаш пiць? Пi! Я слоiк вырываць не стану. Я так скажу... Калi ты прыйшоў да нас у госцi, дык паводзь сябе па-чалавечы, старэйшых паслухай, нiхто табе нiчога не шкадуе. Сядай, выпiвай, закусвай. Ты ў сваiм доме. А то прыбег i чарку за чаркай, стоячы, нiбыта крадзеш. Непарадак атрымлiваецца. А калi непарадак, тады становiшча мушу выпраўляць. Калi ты зараз стоячы сто грамаў вып’еш, я цябе ў акно выкiну.
Быў месяц травень. Надвор’е стаяла цёплае, летняе. Таму акно ў варэльнi, дзе на закуску сям’i прыродных алкаголiкаў смажылася крывяная каўбаса, было адчыненае наросцеж.
Праiгнараваўшы папярэджанне, малодшы налiў i выпiў забароненую порцыю. Старэйшы абышоў стол i кiнуўся на яго. Малодшы жахлiва зарагатаў. З-за смеху ён i не супрацiўляўся, калi яго неслi на карку да разнасцежанага наросхрыст акна.
– Божа, што вы, дзецi мае, робiце?! Павар’яцелi з-за самагону зусiм. – Мацi загасiла фаерку.
Смеючыся, малодшы сын вылецеў з трэцяга паверха. Расхрыстанае цела цяжка гупнулася на ўсаджаную нарцысамi клумбу.
Адначасна з варэльнага акна высунулiся тры галавы.
– Жывы, – сказала галава старэйшага з братоў.
Галовы мацi i бацькi прамаўчалi.
З усiх куткоў прагрэтага веснавым сонцам двара да пашкоджанай клумбы пачалi спаўзацца пенсiянеркi.
– На зямлю ён бухнуўся. На мяккую, ускапаную глебу... Чорт яго не возьме, – апраўдваўся старэйшы з сыноў.
– Вазьму, – пачулася ў варэльнi.
Старэйшы азiрнуўся.
За сталом, на бацькавым месцы, сядзеў высокi, як баскетбалiст, Нячысцiк.
– Вы толькi гляньце... – ледзь чутна, як самому сабе, прамармытаў старэйшы з братоў.
– Цыссс... – Нячысцiк прыцiснуў кiпцюрасты палец да малiнавых вуснаў. – Маўчы, недарэка. Нiхто, акрамя цябе, чорта не бачыць. Пачнеш крычаць i на мяне паказваць, дык зноўку апынешся ў вар’ятнi, у доктара Круглянскага. А ты туды не хочаш. Не хочаш?
– Не хачу. – Старэйшы працверазеў.
– Праўда?
– Праўда. – Твар у чортавага суразмоўцы спалатнеў i зрабiўся белы, як пялёстак нарцыса.
– Ты не сiпi, а кiўнi галавою на згоду. – Нячысцiк салодка ўхмыльнуўся.
Пераляканы мужчына матлянуў галавою.
Нячысцiк прапаў, як i не было.
"Дапiўся. Далiбог, дапiўся да алкагалiзму, да галiкаў, да белых коней, да зялёных смаркачоў, да чарцей чорных i рагатых. Трэба канчаць. Завязваць трэба. Заўтра ж i завяжу, i кiну, i нi кроплi. Нават на пiва ранiцай не пайду. Слова даю. Бацькамi клянуся. Як перад Богам. Як на духу. Чорт мяне задзяры!"
Ён выцер тыльным бокам сваёй пухлай далонi ўзмакрэлы лоб i зноўку высунуўся з акна. Унiзе, пасярод растрыбушанай клумбы, таптаўся малодшы брат i абтрасаў з вопраткi зямлю. Чорныя камячкi сыпалiся на памятыя нарцысы, на бетонную броўку i асфальтавы ходнiк.
Злосныя пенсiянеркi зацята зiркалi на спляжаны кветнiк i насуплена маўчалi.
– Хадзi, сынок, дадому, я шчотачкаю па пiнжаку прайдуся, – жабрацкiм голасам праслiбiзавала матчына галава.
– На ўвесь двор пярэпалаху нарабiлi. – Незадаволены бацька вярнуўся за стол i разлiў па стограмовiках духмяны самагон.
Мацi пераклала гарачыя скрылiкi высмажанай каўбасы ў сцюдзёна-бялюткую талерку.
– Ну, ты, глядзi, – загаварыў старэйшы з братоў, калi малодшы вярнуўся ў кватэру. – Зразумеў, што трэба дарослых слухацца? А то другiм разам можаш i не на мяккую клумбу прызямлiцца.
– Вось напалохаў... Зрэшты, магу i пайсцi. – Малодшы з сыноў надзеў пляскатую кепку.
– Ды сцiхнiце вы. Абрыдла дурная сварка. Мы п’ем, цi што? – Бацька выхукнуў паветра праз вусны, складзеныя ў акуратнае "о", i смачна засмактаў самагон.
Малодшы зноўку кульнуў стограмовiк стоячы.
Старэйшы падчапiў на вiдэлец важкае колца крывянкi, адкусiў, пражаваў, праглынуў i паведамiў:
– Гаўном патыхае. Смачна, а смярдзiць.
– Сынок, як так можна. Ты ж за сталом, што людзi падумаюць...
– Дзе вы бачыце людзей, мама? Тутака ўсе свае. – Старэйшы напароў на вiдэлец пругкi скрылiк агурка.
– А ты пастой, не садзiся. – Мацi зазiрнула малодшаму сыну ў асавелыя вочы, – я зараз шчотачку прынясу.
Малодшы хiтнуў галавою на знак згоды i пацягнуўся да гарэлкi.
– А ён зноў, не пытаючыся, налiвае самагон. – Нячысцiк уладкаваўся на матчыным крэсле i падмiргваў старэйшаму з братоў.
– Налье i вып’е, дарэчы. Можаш не сумнявацца. – Нячысцiк радасна дэманстраваў дасканалыя iклы.
– Ты гэта што, гад печаны, робiш? – засiпеў старэйшы на малодшага.
– Штрафную налiваю. Я з трэцяга паверха зляцеў. Мне мусiбыць дадатковая чарка.
– Хай п’е! Што ты ўз’еўся? – ў варэльню вярнулася мацi са шчотачкаю i тазiкам мыльнай вады.
– Ты ўжо роднаму брату шкадуеш нейкую там чарку самаробнага бiмберу. Кiнь дурное. – Бацька зырка пыхнуў траскучай папяросаю. – Хай п’е.
– Вып’е i не папярхнецца. – Нячысцiк зрабiў сур’ёзны твар.
Старэйшы брат прыўзняўся на непаслухмяных нагах:
– Хачу спытацца... Чаму адным усё, а другiм нiчога? Чаму на адну маю чарку прыпадае дзве ягоныя? Ён толькi грымнуўся з акна, i яму адразу – пi, колькi хочаш... А хiба я не магу скокнуць з трэцяга паверха? А ты, Нячысцiк iклаты, чаго лыбiшся? Пайшлi вы ўсе да д’ябла!
Нiхто з прысутных не паспеў сказаць нi паўслова. Ушчэнт ахмялелы мужчына прыкалываў да разнасцежанага акна i кульнуўся праз падваконне. Хрумсткi ўдар абвясцiў аб заканчэннi жыццёвага шляху.
Тры галавы адначасна вытыркнулiся з акна. Пляскатая кепка малодшага брата сарвалася i ўпала на мёртвае цела, якое ляжала дагары, шырока раскiнуўшы рукi на стаптаных нарцысах.
Вакол нябожчыка хутка сабралася колца цiкаўных пенсiянерак.
– Здох Алкаголiк! – канстатавала адна з iх.
З-пад праламанае патылiцы расцякалася па белай броўцы яркая кроў.
31.03.1995
22 – Лазовiк
Маладая жанчына заляцела ў хату. Дрыготкiмi рукамi прысунула засаўку, пазахiнала фiранкi i, цяжка ўздыхнуўшы, гупнулася на край канапы.
– Ты што робiш? – да канапы прыклыпала свякроў. – Ясны дзень на дварэ, а яна фiранкi ссоўвае дый на засаўку зачыняецца. Можа, ты розумам кранулася, галубка мая?
– Каб вы, мама, яго толькi пабачылi, дык не тое што засаўку прысунулi б, а залезлi б у кубелец, накрыўкай закрылiся б i спаднiцу на галаву нацягнулi.
– Дык хто ж гэта, дзiця маё, цябе напалохаў. Няўжо Юзiк мой на цябе руку падняў?
– Вот вы ўсё пра свайго дарагога сыночка Юзiка пагаварыць любiце. Ну хiба я мужыка свайго спужаюся да непрытомнасцi?
– А хто, калi не Юзiк, на цябе сполаху нагнаў? Можа, звер драпежны цi змяючы клубок гадавак балотных?
– I не звер i не гады гадзючыя, а нешта iншае, гiдкае, вычварэнскае i ў чалавечым аблiччы.
– Дык раскажы, i ўраз лягчэй стане, i да мяне спакой вернецца. – Свякроў прысела каля нявесткi.
– Ну то слухайце... Сягоння мы з Юзiкам вырашылi лазовых дубцоў нарэзаць, каб сад ад рэчкi абгарадзiць. Яно, канешне, i не вельмi трэба. Нашто плот, калi рэчка цячэ? Але Юзiк казаў, калi пачалi ставiць, дык варта ўсё чыста абгарадзiць. Ён гаспадар, ён галава, ён i вырашае. Лепей паслухацца, чым пасварыцца.
З самай ранiцы слупкi паўкопвалi. Бераг, пясок, слупкi лёгка паставiлiся. Да слупкоў Юзiк жэрдкi папрыбiваў. Я трымала, а ён цвiчком прыхоплiваў, а потым за два ўдары заганяў той цвiк па самую плешку. Да палудня слупкi стаялi.
А па абедзе Юзiк пайшоў дубцы рэзаць, а я па кастрыцу паляцела. Нагрэбла цэлую посцiлку, ледзь падняць. Прынесла. У гумне паклала.
Узяла каляску, каб дубцы лазовыя прывезцi, i качу сабе па асфальце. Вы ж ведаеце, мама, як лёгенька iсцi, калi клунак з кастрыцаю з плячэй скiнеш. Iду сабе i думаю пра зусiм iншае. Качу сабе каляску...
– А пра што думала? – свякроў ушчыльную прысунулася да нявесткi.
– А вам не ўсё роўна. Думала i думала. Не пра каляску, i не пра кастрыцу.
– А пра што? – старая жанчына глыбока зазiрнула ў вочы нявесткi.
– Пра дзiця думала. Трэба нам з Юзiкам дзiця завесцi. Зрабiць маленькую Юзэфку цi Юзiчка. Пра дзiцятка думалася. I пра тое, як мы яго будзем рабiць у лазовых кустах, у зялёным зараснiку.
– Вам толькi пра брыдкае ды маладое думаецца. – Свякроў адсунулася ад нявесткi.
– А навошта думаць пра старое, гнiлое ды трухлявае? Я пра вашых унукаў, дарэчы, клапачуся.
– Ну не крыўдуй, дачушка. Расказвай.
– А вы, мама, не перапыняйце. Думаеце, лёгка пачвару згадваць? У мяне дагэтуль нутро калоцiцца.
– Ну, цiшэй-цiшэй... Супакойся. – Свякроў, як магла, пяшчотна палашчыла маладзiцу па галаве.
– Кола на камень наскочыла. Каляска здрыганулася, ледзь не перакулiлася, ледзь з рук не вырвалася i ў кювет не паляцела. Але я ўтрымала. А падумалася вось што... Была дарога гладзенькая, роўненькая, пустая. А тут камень ляжыць. Адкуль узяўся? Хто паклаў? Каму спатрэбiлася дурноцiцца? Азiрнулася, нiдзе нiкога. Пуста. Цiха. Лёгкi ветрык у прыдарожнай лазе шапоча. Прыгледзелася да лазовага кустоўя... I свят, свят, свят! Стаiць ён там, у гушчары. Увесь белы-белы, як пух лебядзiны, у шаўковым касцюме, пры капелюшы, на пiнжаковым штрыфлi белая ружа свецiцца, а ў руцэ доўгi, на сем сажняў, бiзун. Выйшаў, бiзуном пастрэльвае, вочкамi паблiсквае, на мяне зiркае, усмiхаецца i пацiху порткi расшпiльвае. А рукi ў пальчатках, i не спрытна атрымлiваецца тое расшпiльванне. Каб не бiзун з пальчаткамi, ён бы хутка чэлес дастаў. А так, чорт ведае, колькi я пасярод дарогi зачараваная прастаяла, пакуль ён орган на свет выцягваў. Ну там i чэлес, я вам скажу, як у быка, не меншы. I як пачаў ён надзiмацца, цямнець, паўставаць, напiнацца. То я вочы заплюшчыла, каляску ў кювет штурханула i ўцякаць. Страх такi, вы i ўявiць не зможаце. – Нявестка перавяла дух.
– Змагу. Думаеш, я Лазовiка нiколi не бачыла? Ён бяскрыўдны. Паляскае бiзуном, пазiркае блiскучымi вочкамi, патрасе крыху чэлесам, а потым порткi зашпiлiць i прападзе. А ты ляцiш нечага праз усю вёску. У хаце зачыняешся. А чаго? Невядома. Галоўнае цяперака, каб Юзiк каляску знайшоў. – Свякроў паклыпала да акна i рассунула накрухмаленыя фiранкi.
11.04.1995