Текст книги "Новы дамавікамерон"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 12 страниц)
46 – Смуроднiк Найменшы
Смуроднiкi крыўдуюць, калi iх называюць Смярдзючнiкамi. Смуроднiкi абавязкова пачынаюць тлумачыць пра рознiцу памiж смярдзючым i смуродлiвым. На думку Смуроднiкаў, iх прозвiшча паходзiць ад назову чарнаплоднай ягады смародзiны, а не ад смуроду. Лагодныя людзi адразу ж пагаджаюцца, а дасцiпныя людзi выбачаюцца, але думаюць: "Смуродзiна таму i смуродзiна, што смярдзiць!".
У сям’i мiнскiх Смуроднiкаў на першае верасня чакалася свята. Смуроднiк Найменшы iшоў у першы клас. Смуроднiха-мацi прапанавала на святочны сняданак высушаных селядцоў. Падмацаваўшыся селядцамi з гатаваным малаком, Смуроднiк-старэйшы i Смуроднiк Найменшы пайшлi на школьны пляц, дзе адбыўся прысвечаны ведам мiтынг.
Пасля ўрачыстасцi Смуроднiк-старэйшы вярнуўся дамоў, а Смуроднiк Найменшы застаўся на першы ўрок.
Настаўнiца пасадзiла Смуроднiка на першую парту, бо той меў кепскi зрок i насiў акуляры.
Смуроднiк сядзеў каля настаўнiцкага стала i цiхенька псаваў паветра газамi, што ўтваралiся ад селядцовых танцаў у пракiслым малацэ. Адчуўшы кiслы дух, настаўнiца абвясцiла: "Калi хто хоча ў прыбiральню, хай не саромеецца, а сходзiць". Смуроднiк пабаяўся ўстаць i пайсцi, тады б клас даведаўся, хто пускаў газы. Ён сядзеў i трываў, а неўтаймоўныя селядцы ўсчалi неверагодны вэрхал i, не зважаючы на супрацiў, выслiзнулi разам з парудзелым малаком з вантробаў у порткi. Настаўнiца загадала Смуроднiку Найменшаму пакiнуць школу. Свята ведаў сапсавалася.
Смуроднiк-бацька доўга суцяшаў сына апавяданнямi пра партызанскую барацьбу, калi даводзiлася хавацца ад ворагаў у конскiм гнаi. Апавяданнi супакоiлi Смуроднiка Найменшага, i ён заснуў.
Сон быў пра першую настаўнiцу, якая трэсла ў паветры ўказальным пальцам i паўтарала: "Нельга запiваць малаком сушаныя селядцы!".
03.05.1996
47 – Падманнiк
Падманнiк прывалокся жыць у сталiцу з пасёлка Ветка. Жыццё зводзiлася да таго, каб штодня залiваць алкаголем парсючыныя вочкi i падманваць усiх, каго можна i каго нельга. Пацiху-патроху Падманнiк аброс сабутэльнiкамi-знаёмымi, сярод якiх значылiся: i мiнiстр замежных спраў, i рэктар кансерваторыi, i народны пiсьменнiк, i мастак-графiк. Праз апошняга якраз i пачалiся ў Падманнiка непрыемнасцi.
Выкарыстоўваючы прозвiшча мiнiстра, Падманнiк паабяцаў пяцярым хлопцам з крымiнальным мiнулым зрабiць штампы шматразовай вiзы ў замежных пашпартах, каб можна было ездзiць па ўсiм свеце. Хлопцы сплацiлi грошы, а Падманнiк замест мiнiстра наведаў мастака, якi намаляваў замоўленыя адзнакi. Падманутыя крымiнальнiкi паехалi ў Польшчу. Там у iх канфiскавалi пашпарты з фальшывымi штампамi i паабяцалi наступны раз пасадзiць за падробку дакументаў. Крымiнальнiкi вярнулiся ў Мiнск, знайшлi Падманнiка i запатрабавалi грашовую кампенсацыю. Падманнiк пабег да мастака. Той паслаў яго на тры расейскiя лiтары, сышоў з дому i схаваўся. Перад зыходам мастак нават вярнуў заробленыя за маляванне пяцьдзесят даляраў. Падманнiк застаўся сам-насам з бядою; бо i мiнiстр, i рэктар, i астатнiя сабутэльнiкi не хацелi больш ведаць свiнавокага аферыста. Адпаведна, Падманнiк нiяк не мог знайсцi грошы. Крымiнальнiкам хутка надакучыла слухаць тлумачальныя байкi, яны завезлi Падманнiка на закiнуты завод, дзе спусцiлi з яго порткi i ўставiлi ў дупу лiтавальнiк. Крымiнальнiкi яшчэ паабяцалi: калi не знойдуцца грошы на штраф, той лiтавальнiк уключаць у разетку.
Дупа – рэч каштоўная, асаблiва ўласная. Падманнiк гэта адчуў на ўласнай скуры, пасля чаго паляцеў да роднага брата. Той старэйшы брат прыцягнуўся жыць у Мiнск раней за Падманнiка i пацiху халуйстваваў на тэлебачаннi. Такая-сякая капейчына ў тэлевiзiйнiка вялася, але грошы ён даваць адмаўляўся, пакуль Падманнiк не паказаў падраную лiтавальнiкам дупу. Хiтры тэлевiзiйнiк пагадзiўся заплацiць дзве тысячы пяцьсот даляраў, але толькi крымiнальнiкам рукi ў рукi. Бандыты не прымусiлi доўга чакаць, прыслалi кур’ера, якi забраў штраф.
Увечары вясёлы Падманнiк баляваў у рэстаране з мiнiстрам замежных спраў i расказваў пра сквапнага брата i шчодрых крымiнальнiкаў, якiя выдзелiлi яму трыста даляраў у якасцi ганарару.
Пасля таго здарэння па сталiцы папаўзлi чуткi пра гнiлыя паводзiны Падманнiка. Паступова ад яго адвярнулiся сябры. Падманнiк застаўся голы, як бiзун. Нават брат не пускае яго ў кватэру. Адно, што засталося ў жыццi ў Падманнiка нязменным, дык гэта штодзённае залiванне алкаголем парсючыных вачэй.
11.06.1996
48 – Телефоннiк-2
"Маладая экзатычная дзяўчына дапаможа заможнаму спадару прабавiць вечар. Тэлефон..."
– Слухаю вас.
– Я па рэкламнай аб’яве, мяне цiкавяць кошты i магчымасцi.
– Кошты звычайныя, як i паўсюль у горадзе, – трыццаць пяць за гадзiну.
– Тэрыторыя?
– Пажадана вашая, у нашай кватэры на пяць даляраў даражэй.
– Дзякуй, я патэлефаную крышку пазней... – Алё! Чакайце... А што азначае экзатычная дзяўчына?
– Ну... Такая незвычайная, прыемная...
– А больш падрабязна?
– Невысокая трыццацiгадовая бландзiнка...
"Ты ўпэўнены ў сабе, ты верыш у свае сiлы, ты багаты... Тэлефануй. Наш нумар..."
– Добры вечар.
– Добры.
– Вашыя кошты.
– Трыццаць пяць, сорак.
– А якiя ў вас ёсць дзяўчаты?
– А якую б вы хацелi... бачыць.
– Экзатычную.
– А што вы ўяўляеце за словам "экзатычная", апiшыце больш падрабязна...
– Ну кiтаянка, мурынка, турчанка...
– Ха-ха-хi... Жартуеце?
– Зусiм не, сапраўды хочацца пабачыць цемнаскурую, высокую, вышэйшую за метр семдзесят пяць, даволi поўную дзяўчыну з бюстам нумар тры i галоўнае: яна павiнна быць цалкам лысая, нiводнага валаска, зусiм.
– Iдзi ў сра...
"Дзве прыгожыя дзяўчыны дапамогуць разагнаць сум i палепшыць настрой. Тэлефон..."
– У вас абявязкова замаўляюць пару?
– Не.
– А чаму ў газеце напiсана "Дзве прыгожыя дзяўчыны"?
– Калi замовiць пару, дык кожная абыдзецца ў трыццаць.
– Марак?
– Даляраў.
– А калi запрасiць адну?
– Трыццаць пяць за гадзiну. Звычайна за гадзiну паспяваюць скончыць два разы, таму мы пiшам "дзве прыгожыя дзяўчыны".
– А ложак!
– Толькi ваш.
– Як хутка дзяўчаты прыедуць?
– Дзе вы знаходзiцеся?
– Пляц Незалежнасцi.
– Праз гадзiну.
– Так доўга?
– Самi разумееце. Зараз сем гадзiн ранiцы, а дзяўчатам трэба прывесцi сябе ў працоўны стан.
– Гадзiна – гэта доўга.
"Табе маркотна, ты стамiўся ад мiтуснi i клопатаў, табе трэба пяшчота.. Тэлефануй мне. Маё iмя Лiка. Тэлефон..."
– Добры дзень, з вамi размаўляе аўтаадказчык. Зараз Лiка адпачывае. Тэлефануйце пасля трынаццацi.
"Прыйдзi, пацалуй мае мядовыя вусны, i жыццё перастане быць чорным калодзежам. Тэлефон..."
– Так рана, проста жах! Якая, дарэчы, гадзiна?
– Восем!
– Прабачце... Слухаю, што б вы хацелi?
– Маладую, да дваццацi, высокую, стрункую, шатэнку, з цалкам паголенымi падпахамi.
– Ваш тэлефон?
– Прачытайце на вызначальнiку нумара.
– Прачытала... Толькi тут няма адраса, а мне патрэбны адрас...
– Месца толькi маё?
– Толькi вашае.
– Пляц Парыжскай Камуны. Гатэль "Оперны". Нумар адзiнаццаты...
– Вы сустрэнеце нашу дзяўчыну ў фае.
– Так.
– У нас правiла: грошы наперад у поўным аб’ёме.
– Дамовiлiся.
– Чакайце. Зараз ператэлефануе дзяўчына, i вы дамовiцеся больш падрабязна.
– Бай.
Тэлефоннiк паклаў на апарат гарачую слухаўку.
– Добрай ранiцы, я па замове.
– Слухаю ўважлiва.
– Скажыце, колькi вам гадоў?
– Трыццаць сем.
– А чаму ў вас такi малады голас?
– Таму што я не п’ю спiрту i не палю тытуню.
– Што б вы хацелi ад мяне?
– Нiчога асаблiвага, звычайны секс у межах разумнага.
– Я хацела вас папярэдзiць, што не практыкую анальны секс. Аральны i вагiнальны – калi ласка, а вось на анальны не пагаджуся нi ў якiм разе.
– Дамовiлiся. Праз гадзiну буду ў фае гатэля "Оперны", на мне будзе чорная кашуля.
– Буду абавязкова. Толькi, калi ласка, не дарыце мне трупы кветак, загорнутыя ў цэлафан.
24.06.1996
49 – Слепнiк
Ягоную сястру мелi ўсе. Нават не саромеючыся, прасiлi яго выйсцi з пакоя, i, як толькi зачынялiся дзверы, сястра ўкленчвала перад мужчынскiмi нагавiцамi i пачынала расшпiльваць прарэх. А Слепнiк хоць бы вокам мiргнуў. Яму, пэўна, падабалася, што сястра прыгожая i яе любяць i жадаюць. А можа i не так. Адно дакладна: Слепнiк нiяк не рэагаваў на паводзiны старэйшай улюбёнай сястры. Толькi аднаго разу ён перажываў, калi тая паехала ў Вiльню з новым прарэхам, зачынiлася ў нумары i перарэзала сабе i каханку вены. Памерцi iм не дала старая латышка-прыбiральшчыца. Яна пагрукала ў дзверы, а калi каханкi-самагубцы не адчынiлi, выклiкала прыдзвернiкаў... Вось тады Слепнiк перанерваваўся i напiсаў опернае лiбрэта пра рамантыкаў-каханкаў, якiя скончылi жыццё самагубствам на закiнутым стадыёне. У фiнальнай сцэне на сагнутыя нерухомыя спiны сыплецца снег. Усiм падабаўся фiнал: ён i яна, нежывыя, сядзяць абняўшыся ў вялiзнай ракавiнцы стадыёна, а на iх цiха падае дыяментавы снег. Слепнiка хвалiлi, падбадзёрвалi i цiскалi ягоную жонку. Так зазвычаiлася: трахаць ягоных жанчын. I калi сястра трапiла ў вар’ятню, усе пачалi лазiць пад спаднiцу да жонкi. А яна, дарэчы, была i не супраць. Жонка была з юрлiвых. Ёй падабалася маркiтавацца. Аднойчы яна трахалася ў Сочы, на пляжы, з каўказцам-барменам. Зайшла за распранальню ў бамбук, скiнула плаўкi i ўперлася далонямi ў каленi. Каўказец прыладкаваўся ззаду. А Слепнiк ляжаў на пяску i чытаў расейскi дэтэктыў. Кнiжку ён трымаў каля самага носа. Слепнiк меў вельмi слабыя вочы. Ён жыў у вечным сутоннi. Усе карысталi з таго i спакушалi ягоных жанчын. Слепнiк не крыўдаваў i не раўнаваў. Была прычына: няправiльны, выцягнуты, як дыня, чэрап. Калi Слепнiк спрабаваў нарадзiцца, ён нiяк не мог вылезцi на свет Божы. Акушэры дапамагалi – цягнулi абцугамi за галаву i крышачку расцiснулi чэрап. Але ў час спынiлiся, распаласавалi матчын жывот кесаравым сячэннем i дасталi знявечанае дзiця. Слепнiк жыве трыццаць трэцi год, ён носiць акуляры, даглядае рэдкiя i доўгiя валасы на няправiльным чэрапе. Ён любiць ром "Бакардзi" i не крыўдуе на тых, хто задавальняе эратычную прагу сястры i жонкi.
Усе мне гавораць: ты павiнен расказаць Слепнiку пра паводзiны ягоных жанчын, ты з iм сябруеш i справы ягоныя вядзеш. А што я магу сказаць сляпому, калi сам клаўся ў ложак з ягонымi жонкай i сястрой адначасна?
09.07.1996
50 – Падарожнiца
Цягнiк таргануўся, забразгаў счапленнямi, спынiўся.
– Зараз пачнуцца непрыемнасцi. – У голасе доўгабародага дзеда гучала асуджанасць.
– Не хвалюйцеся. – Падарожнiца паспрабавала супакоiць суседа па купэ.
– Не за сябе – за вас, прыгожая, перажываю. Што яны мне, старому, зробяць? Нiчога. Еду на пахаванне брата, у Гайнаўку. Вязу беленькую кашулю i бутэльку гарэлкi: каб брат у новай апранасе ў апошнi шлях выправiўся i каб на памiнках белай у чарку налiць, лустай чарку накрыць i слязы не саромецца. Могуць, канешне, гарэлку i кашулю забраць, крыжа на мытнiках няма. Але большага з мяне не возмеш. А вы – маладзiца светлая, iншы падыход пашукаюць да вас. – У дзедавах спачуваннях не чулася цеплынi.
Падарожнiцы ў чыстым купэ цягнiка Масква-Варшава зрабiлася гiдкавата.
– У мяне, як i ў вас, нiчога няма. Я еду чытаць лекцыi лiцэiстам у Бельску. Дзесяць лекцый пра сучасную лiтаратуру. У валiзе, апрача канспектаў i падручнiкаў, нiчога не вязу. А ношаная адзежа, мяркую, памежнiкаў не зацiкавiць.
Сiвабароды дзед заўсмiхаўся металазубым ротам:
– Як сказаць, як зiрнуць на апранахi. – Ён адкруцiў блiскучую галаву кiтайскага тэрмаса i налiў у шклянку густога напою. – Можа, i вам гарбаты?
– Дзякуй, я нi кавы нi гарбаты не ўжываю. Страўнiк. Нервы. Доўга жыць хачу...
– Мой клопат – прапанаваць...
Дзверы купэ заўздрыгвалi ад настойлiвага грукату. Падарожнiца была памкнулася iх адчынiць, але не паспела. Яны ад’ехалi самi, i на парозе з’явiўся зялёнаформенны памежнiк.
– Пашпартны кантроль! – кiнуў ён сувора.
Доўгабароды спрытна выхапiў з кiшэнi пашпарт.
Памежнiк з прафесiйнай цiкавасцю разглядаў фотаздымак.
– Вашыя дакументы! – вялiкая даланя паплыла ў бок Падарожнiцы.
– Грошы, каштоўныя рэчы вы дакладна пазначылi ў дэкларацыi? – голас у памежнiка быў сухi, як дарожны пясок.
– Дакладна. – Падарожнiца iмкнулася надаць свайму адказу спакойную ветлiвасць.
– Наркотыкi, зброя, старажытныя творы мастацтва... – Памежнiк пачаў нядобра паглядаць на белыя каленi Падарожнiцы.
– Адсутнiчаюць. – Голас у Падарожнiцы затрымцеў.
– А чаго вы захвалявалiся?
– Проста так.
– А можа, везяце кантрабанду, а выгляд, як у правiнцыйнай настаўнiцы? Маскарад? – Памежнiк пачаў наязджаць на Падарожнiцу.
– Я сапраўдная настаўнiца!
– Зараз паглядзiм. Купэ не пакiдайце.
Памежнiк знiк. Падарожнiца дастала з сумачкi пушку з-пад лекаў i каўтанула дзве пiгулкi. Не пытаючыся, яна налiла гарбаты i зрабiла колькi вялiкiх глыткоў.
– Не перажывайце, нiчога яны не зробяць. – Яе хваляванне перадалося дзядку.
– Не-е-е... Сэрца адчувае – зробяць...
Мытнiк i памежнiк вярнулiся праз хвiлiну i загадалi Падарожнiцы разам з рэчамi iсцi за iмi.
Мытнiк крочыў паперадзе, за iм, апусцiўшы галаву, сунулася Падарожнiца, апошнiм iшоў памежнiк.
У вялiкiм будынку гарадзенскага чыгуначнага вакзала iснаваў маленькi пакойчык для абшуквання падазроных пасажыраў.
Менавiта ў такiм беззаконным пакойчыку i апынулася Падарожнiца. Акрамя стала, крэсла i вузкага тапчана на нiзкiх ножках, нiякай мэблi ў пакоi i не змясцiлася б.
Мытнiк сеў на крэсла. Памежнiк прысеў на стол. Падарожнiца засталася стаяць пад голенькай лямпачкаю, што звiсала на белым дроце з высознай столi.
– Прапануем самастойна i без прымусу здаць незадэклараваныя рэчы! – Блакiтнавокi мытнiк, не мiргаючы, глядзеў на Падарожнiцу.
– Няма такiх рэчаў. – Мочка правага Падарожнiцынага вуха ўспыхнула чырванню.
– Добра, запiшам у пратакол, што вы адмовiлiся добраахвотна здаць кантрабанду. Вобыск можам правесцi мы, а можам запрасiць жанчыну-доктара, толькi ў такiм разе вам, грамадзянка... – Памежнiк перапынiўся, зазiрнуў у пашпарт i прачытаў Падарожнiцына прозвiшча, – давядзецца затрымацца на гадзiнаў шэсць. Зараз ноч, а доктарка з’явiцца а восьмай. Выбiрайце...
– Шукайце. – Падарожнiца зiрнула на столь, нiбыта там было выратаванне.
– Адчыняйце валiзку i раскладайце рэчы на стале. – Памежнiк перасеў на тапчан.
Падарожнiца вызвалiла валiзку. Мытнiк пачаў гартаць падручнiкi...
– Чытаць любiм?! Ухваляю.
– Я настаўнiца лiтаратуры.
– Родная лiтаратура, родная мова, патрыятызм, нацыя, традыцыi. – Памежнiк старанна прамацваў кожнае шво валiзы. – Зрэшты, з гэтага i пачынаецца тэрор. Спачатку даюць надрукаваць слоўнiчак, потым – кнiжачку вершаў, потым – культурная аўтаномiя, а за ёю – дзяржаўнасць, незалежнасць. А калi не так, тады – тэрор, кроў, смерць. Можа, я памыляюся, спадарыня Падарожнiца?
– Вы абшукваеце рэчы цi адным разам рэвiзуеце i свядомасць?
– Цiкавы адказ. Толькi ў рэчах мы нiчога крымiнальнага не знайшлi. А таму давядзецца спакаваць iх у валiзу i паставiць у кут. Памежнiк пачаў пасмоктваць кончык асадкi, якой толькi што поркаўся ў чужых майтках.
Валiза перавандравала ў кут.
– Разувайцеся. – У вачах у мытнiка гарэў ледзяны iнтарэс.
– Перапрашаю...
– Не трэба перапрашаць, гэта наша работа. – Памежнiк зазiрнуў у красоўку.
– А цяпер здымiце ўсю вопратку i раскладзiце на тапчане.
Падарожнiца павярнулася спiнаю да памежнiка з мытнiкам i распранулася цалкам. Расклаўшы апранахi, яна адышла ў кут, да валiзы. Каб суняць сорам, Падарожнiца заплюшчыла вочы.
Мужчыны старанна перамацалi кожны лапiк жаночых апранахаў, але чаканага вынiку не атрымалi.
– Вам давядзецца стаць тварам да сцяны, рукi сашчапiць на патылiцы i як мага шырэй расставiць ногi, – будзённа папрасiў мытнiк. – У нас ёсць прыбор, якi фiксуе iншародныя рэчы ў жывым арганiзме. Вось ён...
Падарожнiца азiрнулася i пабачыла невялiкi, крышку даўжэйшы за асадку чорны стрыжань з лямпачкай на канцы.
– Калi лямпачка запалiцца або прагучыць гукавы сiгнал, гэта будзе азначаць, што ў вашым арганiзме знаходзiцца iншародная рэч. I мы будзем вымушаныя працягнуць медычны агляд.
Памежнiк правёў Падарожнiцы стрыжнем ад калена да вагiны. Лямпачка ўспыхнула, i з-пад яе загучала нейкае мышынае папiскванне. Мярзотныя гукi выцiскаў з сябе чорны стрыжань. Менавiта з-за гэтага вiскатання мытнiк прымусiў Падарожнiцу сагнуцца ў тры пагiбелi, а сам, надзеўшы гумовыя хiрургiчныя пальчаткi, працягнуў пошукi кантрабанды ў похве i дупе. Чужародныя рэчы не знайшлiся i ў самых запаветных куточках жаночых органаў. Расчырванелыя дзяржаўныя службоўцы дазволiлi Падарожнiцы апрануцца. Тая не плакала i на развiтанне з мытнiкам i памежнiкам зiрнула на iх звысоку, ганарлiва i з пагардаю.
Вярнуўшыся ў вагон, Падарожнiца папрасiла праваднiцу перасялiць яе ў асобнае купэ, бо бачыць доўгабародага дзеда-прарока не магла.
У варшаўскiм гатэлi Падарожнiца прасядзела больш за суткi, чакаючы, пакуль з яе выйдуць алавяныя шарыкi, якiя яна глынула на мяжы. У тых шарыках былi два дыяменты па карату кожны. За перавоз дыяментаў Падарожнiца заслужана атрымала месяц выдатнага адпачынку на Балтыйскiм моры.
03.07.1996
51 – Вернiк
Вернiк заплюшчыў вочы i ўбачыў царкву. Белая, пераробленая з касцёла, яна ўзвышалася на зялёным грудзе. Вернiк пачаў уздымацца на груд i прачнуўся. Позiрк упiнаўся ў пустую столь. Ад безнадзейнасцi i маркоты Вернiк вырашыў схавацца ў сон. Царква рэанiмавалася. Вернiк зайшоў у храм, набыў свечку, падышоў да калоны, на якой свяцiўся золатам абраз Божай Мацi. Калi Вернiк запальваў свечку, гарачы воск закапаў на пальцы. Ад апёку ён прачнуўся пад высокай гладкаю столлю, але ўставаць не захацеў, лёг тварам у падушку i апынуўся ў тым самым кафедральным саборы. Свечка цiхмяна гарэла пад абразом. З-за калоны выйшаў чырвоны Анёл. Нават крылы ў яго былi чырванапёрыя. Вернiку заманулася пачуць анёльскi голас, i ён зрабiў рукою лёгкi прывiтальны жэст. Чырванакрылы Анёл схаваўся за царскай брамаю. У душы ў Вернiка засталася пустэча. Ранiцай ён наведаў царкву, дзе замест Анёла спаткаў дзяўчынку, прыбраную ў чырвонае. Яна ставiла запаленую свечку пад абраз Дзевы Марыi. Вернiк заплакаў.
13.07.1996
52 – Прастытутка
– Куды я залезла? Дзе мае рэчы? Жах. Так заўсёды: трацiну атрымлiвае ахоўнiк, трацiну – я, палову трацiны – гаспадыня кватэры, астатняе iдзе на тэлефон. За дзесяць даляраў даводзiцца рызыкаваць. А галоўнае: iдыётаў больш, чым разумных, i нашмат больш. Я звычайна не пытаюся, кiм ты працуеш, колькi зарабляеш... А тут кажа: "Я архiтэктар! Ты распранiся i пахадзi па пакоi..." Мне што? Я хаджу. Мне абы не трахацца з такiмi архiтэктарамi. Ён стары, разумееш, узрост ёсць узрост. Са старымi заўсёды непрыемна. Таму я заплюшчваю вочы i стараюся думаць пра iншае. Пра лес, напрыклад. Я нарадзiлася ў Чачэрску. У нас там самыя прыгожыя ў свеце лясы. А я люблю ягады збiраць, у грыбы хадзiць. Тут цяпер паходзiш: праца дурная на холадакамбiнаце, а па суботах -нядзелях – маркiтоўкi. Добра, калi нармальна. Прыйшоў чалавек, заплацiў, уставiў, паторгаўся, спусцiў, памыўся i сышоў. А бывае, трапiцца хворы, i тады: куды я залезла, дзе мае рэчы... Вось месяц таму патрапiла да маньяка. Адразу ехаць не хацелася. Позна, гадзiна ночы. Далёка, Малiнаўка. А ён яшчэ запатрабаваў, каб мы пляшку гарэлкi прывезлi. Не паспела ў кватэру зайсцi, а ён за шыю схапiў i душыць. Цiсне за горла i смяецца, а мой ахоўнiк таксама пачаў рагатаць. Казёл смярдзючы. Маньяк ахоўнiка ў кватэру не пусцiў, сказаў – каб на лавачцы ў двары чакаў. Куды я залезла? Дзе мае рэчы? Выжраў ён гарэлку, наглытаўся таблетак, накурыўся анашы i пачаў лезцi са сваiм чэлесам ды пальцамi ва ўсе мае дзiркi i дзiрачкi. Совае i б’е. Спачатку нямоцна, гуляючы, нiбы ў жарт. А потым як ударыў кулаком у грудзi, над сэрцам – ледзь не зайшлася пад iм. Пачала верашчаць! Божа! Дзе мае рэчы? Як уцячы? Як выбрацца з-пад звяругi. А ён падушку на твар паклаў i трымаў, пакуль я ў цемру не правалiлася. Ачомалася ў ванне. Ляжу ў ледзяной вадзе. Халадэча. Вады ў ванне на самым дне. Ахоўнiк сядзiць на унiтазе i смалiць папяроску. Мудак! Зрэшты, каб не ён, i не жыла б болей. Злупiлi мы з маньяка двайную плату... Трэба ахоўнiка мяняць...
– Разагналася. Каб не я – ляжала б у пяску, на могiлках.
– I добра было б. Цiха. Галава не балiць. Спакойна. Грошы зарабляць не трэба.
– Уставай. Ёсць замова. Мужык, трыццаць гадоў, голас спакойны, цвярозы... Пайшлi.
15.07.1996
53 – Лiфтавiк
Жанчына вырашыла на ўласным целе паспытаць гвалту.
Ужо каторы месяц у горадзе хадзiлi чуткi, што ў лiфтах гвалтуюць жанчын.
I яна надумалася хадзiць уначы па мiкрараёнах i катацца ў лiфтах.
Жанчына шукала прыгодаў i знайшла.
Лiфтавiк, апынуўшыся побач з ахвяраю, хацеў пастрашыць яе густым голасам, папалохаць вялiзнымi рукамi з чорнымi, як у механiка, пазногцямi, крышку памучыць, ну а тады гвалтаваць языком, зубамi i чэлесам. Нiякiх больш жорсткiх дзеянняў у маленечкай, гладка паголенай i наадэкалоненай галаве не планавалася.
Толькi ахвяра на першае памкненне Лiфтавiка адказала радаснай згодаю:
– Давай! Гвалтуй! Катуй!
Жанчына прагнула, каб Лiфтавiк мучыў i ўваходзiў у цела рукамi, чэлесам i языком.
Лiфтавiка раз’ятрылi паводзiны разбэшчанай жанчыны. Ён душыў яе сваiмi лапамi з абламанымi пазногцямi.
Жанчына супрацiўлялася, бiла абцасамi ў сценкi i сапсавала пульт кiравання. Лiфт захрас мiж паверхамi. Жыхары пачулi енкi i валтузню.
Брыгада выклiканых мiлiцыянтаў прыехала iмгненна.
На падлозе растрыбушанага лiфта сядзела жанчына з пераламанай шыяю. Гвалтаўнiка не было вiдаць. Ён зрабiўся плоскiм, як лiст паперы, i схаваўся за таблiчку з iнструкцыяй карыстання самым распаўсюджаным у свеце грамадскiм транспартам – лiфтам.
18.08.1996