355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Новы дамавікамерон » Текст книги (страница 6)
Новы дамавікамерон
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 11:00

Текст книги "Новы дамавікамерон"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 12 страниц)

23 – Практыканцiк

– Рукi памыў? – мурлаты ўчастковы зiркнуў на зялёнага Практыканцiка.

– Ясная справа. – Той бадзёра сунуў далонь у новенькi партфельчык i зашамацеў паперамi.

– Добра памыў цi толькi апаласнуў? – участковы схаваў у стол тэчкi з дакументамi i разаслаў свежую газету.

– Тры разы намыльваў... А вы, таварыш старшына? – з партфельчыка дасталася ўкручаная ў кальку сабойка.

– I я ажно чатыры разы з мылам шараваў да самых локцяў, але душок застаўся. – На газету леглi прыгатаваныя жонкай участковага канапкi з сырам i каўбасою.

– Гэта вам, таварыш старшына, падаецца. Нiчым нашы рукi не пахнуць, ну хiба гаспадарскiм мылам крышачку тхне. – Практыканцiк павыкочваў з калькавага кулёчка зграбныя памiдорынкi.

– Не ведаю, як ад тваiх, а ад маiх пальцаў душок iдзе. Во, панюхай самыя кончыкi. – Участковы паставiў на стол дзве пляшкi пiва "Стары замак" i выцягнуў рукi.

Практыканцiк нахiлiў галаву i прынюхаўся спачатку да начальнiкавых, а потым i да сваiх пальцаў:

– Нiчым не пахнуць.

– А мне смярдзiць. – Участковы разлiў шумлiвы бурштын па шклянках.

– Кiньце выдумляць, таварыш старшына. У вас пазногцi кароткiя, да самага мяса абрэзаныя, пад iх, каб i хацела нешта ўбiцца, дык не ўваб’ецца, няма куды. – Практыканцiк укiнуў у рот памiдорынку.

– У мяне такое адчуванне, што скура набрыняла смуродам. – Участковы, зрабiўшы вялiкi глыток, абцёр пiўную пену з рудых натапыраных вусоў.

– Гэта ў галаве, у памяцi смурод застаўся, а ў сапраўднасцi яго няма. – Практыканцiк каўтаў пiва дробнымi глыточкамi.

Участковы, чвякаючы, жаваў канапку з каўбасою.

– I як вы, таварыш старшына, з такой уражлiвасцю столькi ў органах праслужылi? – яшчэ адна памiдорынка схавалася ў Практыканцiкавым роце.

– Смачны сыр. Мая жонка ведае, у якiх цётак сыры купляць. Я, дарэчы, страшэнна люблю сухi сыр пагрызцi з пiвам. – Участковы падлiў у шклянкi "Старога замка".

– Далiкатны вы занадта, таварыш старшына. – Практыканцiк выцягнуў запалкаю з зуба кавалачак мяса.

– Ну не загiнай, ну хiба рукi не смярдзелi? Далiкатнага знайшоў. Ты ж не будзеш казаць, што за тыдзень на гарачынi труп не пратухае. Гэтая ж старая зусiм аплыла, як васковая свечка. I трэба было ёй у прыбiральнi на унiтазе сканаць. Не каб у ложку, па-чалавечы. – Участковы праглынуў апошнi кавалачак салямi.

– Гэта для нас рознiца ёсць, дзе сканала, а ёй усё адно. – Практыканцiк паставiў на газету белую ад пены шклянку. Участковы падняўся i адвярнуўся ад стала, каб адчынiць фортку, а ў гэты момант Практыканцiк нахiлiўся над ягонай шклянкаю з недапiтым пiвам i плюнуў у пухкi шум. Плявок схаваўся ў пухiрчатых карунках. Участковы пусцiў дымны струмень у начную прахалоду.

– Ведаеце, таварыш старшына, я шчыра прызнаюся, – Практыканцiк падышоў да акна. – Пакрыўдзiўся я на вас. Ну чаму гэта я адзiн павiнен быў труп з унiтаза здымаць i на насiлкi класцi? Удвух мы б старую лёгенька паклалi на насiлкi. А так я ўвесь у гной перапэцкаўся.

– Ды кiнь ты гiдкае ўспамiнаць. Калi старая з насiлак ледзь не кульнулася ў калiдоры, хто яе падхапiў i ўтрымаў? Я! Прыбяры са стала. – Участковы шпурнуў папяросу ў акно, зачынiў фортку i дапiў пiва з пляўком.

19.04.1995

24 – Дамавiннiк

У маладой жанчыны памёр муж. Пахаванне зладзiлася найпрыстойнейшым чынам. На хаўтурах сабралася процьма народу. Труну замовiлi найлепшую, з усталяванай лядоўняю. Месца на Паўночных могiлках трапiлася ўдалае, непадалёк ад брамы, але цiхае, пад кустом белага бэзу.

Здаецца, што нябожчыку трэба? Памёр i памёр, ляжы спакойна пад духмянай квеценню. Дык не. Перакiнуўся той нябожчык у начнога бадзягу, Дамавiннiка.

Штоночы ён наведваў маладую ўдаву. Нiякай шкоды не рабiў, нiякай абразы не чынiў. Пастаiць у дзвярах моўчкi i сыходзiць пацiху. Толькi паўночныя адведкi не цешылi жанчыну, але што рабiць з начным бадзягам-нябожчыкам – прыдумаць не магла.

Нарэшце Дамавiннiк загаварыў:

– Любая мая жонка, я прыйшоў, каб забраць цябе з сабою. Так што памаленьку збiрайся ў дарогу.

Жанчына не на жарт перапужалася, толькi выгляду не паказала:

– Як загадаеш, мiлы мой муж, так i зраблю. Калi захочаш, каб у дамавiну з табою легла, дык лягу. Толькi падаруй мне на развiтанне з белым светам адзiн дзень.

Дамавiннiк пашкадаваў жанчыну i сышоў. А ў наступную ноч паабяцаў зноўку з’явiцца.

Удава чакала сабраная. Адзелася ў чыстае, найлепшае, святочнае, села на самы край венскага крэсла, паставiла на каленi маленечкi скураны чамаданчык i заплакала. Слёз, праўда, хапiла ненадоўга.

Калi з’явiўся Дамавiннiк, вочы ўдавы свяцiлiся яснасцю.

– Дарагая мая жонка, што за чамаданчык ты вырашыла ў магiлу ўзяць? – добразычлiва пацiкавiўся Дамавiннiк, калi яны шпарка крочылi пустэльнай вулiцаю ў накiрунку да Паўночных могiлак.

– Не настаў час адказваць табе, – паслухмяная жанчына апусцiла вочы.

Ён i яна перайшлi мост праз Свiслач i паднялiся ў цёмны скверык, дзе абмiнулi помнiк Максiму Багдановiчу i па лiпавай алеi прашыбавалi да брукаванага пляца перад Оперным тэатрам.

Смарагдавая лiстота вусцiшна перашэптвалася з блакiтнымi лiхтарамi.

Дамавiннiк з удавою прайшоў паўз доўгую лаўку, на якой атабарылiся чатыры накураныя i навяселеныя вiном дзявулi.

– Гэй-гэй, мужчына, куды дзяўчыну валачэш начной парою? – даўгарукая дзявуля ўскочыла i заступiла парачцы дарогу.

– Дамоў вяртаемся. – Дамавiннiк паспрабаваў быў абысцi даўгарукую.

Толькi тая зусiм не збiралася саступаць захопленую пазiцыю. Наадварот. Зграбны кулак рэзка ўзняўся i расквасiў, скрывiў i паламаў Дамавiннiкаў нос. Начны бадзяга сагнуўся, скурчыўся, схапiўся за твар, заматляў галавою i захрыпеў. На брук паляцелi чорныя крывяныя лахманы.

Другая – каратканогая – дзявуля падляцела да ахвяры i дакладна ўдарыла каленам у пахавiнне.

Удава заскавытала жаласна i па-дзiцячы, прысела на кукiшкi i закрыла твар брунатнай валiзкаю. Яна не хацела бачыць, як дзявулi здзекуюцца з Дамавiннiка.

Асаблiва жорстка прыкладалася трэцяя, кудлатая. Яна выцiнала бадзягу палкаю па плячах i патылiцы. Толькi чацвёртая, вiдавочна завадатарка, не брала ўдзелу ў экзекуцыях. Яна пацiху пасмоктвала з рыльца салодкi партугальскi партвейн.

Дамавiннiк курчыўся на бруку ў лужыне ўласнай крывi, размазваючы яе локцямi i каленямi па слiзкiх камянях.

Гвалт чынiўся доўга.

Даўгарукая схапiла Дамавiннiка за валасы i прыўзняла над брукам парваны твар.

– Будзеш ведаць, як жанчыну крыўдзiць, паскудзiна двухногая.

Дамавiннiк пусцiў з рота пушыстую слiну i заторгаўся ў канвульсiях.

– А можа, дадзiм яму похву панюхаць? – даўгарукая ўдарыла Дамавiннiка лобам аб камень.

Скура над пераноссем разышлася.

Каратканогая тым часам ускiнула спаднiцу, зняла майткi i раскiрэчылася над Дамавiннiкавым тварам.

– Лiжы! – кудлатая выцяла его вострым мыском чаравiка ў скабы.

Доўгiм высалапленым языком Дамавiннiк пачаў лашчыць дзявулiны генiталii.

– Ой, казытна! – каратканогая вышэй падабрала спаднiцу i пусцiла на разбiты твар струмень сiкуноў.

Ушчэнт згвалчаны i пашматаны Дамавiннiк паспрабаваў выкараскацца з-пад каратканогай, але не змог. Кудлатая схапiла яго за капшук i моцна тарганула. Ад болю Дамавiннiк змярцвеў.

– Ну як, задаволеная? – завадатарка падышла да ўдавы.

– Не ведаю. – Тая абцерла з лоба халодны пот. – Думаеш, ён болей не прыйдзе? Можа, яго ўтапiць...

– Добра, зараз утопiм. Толькi спачатку мы яму рыльца бутэлькi ў дупу ўставiм. Дзеўкi, працуйце. – Завадатарка кiнула бутэльку даўгарукай.

Кудлатая з каратканогай сарвалi з Дамавiннiка апранахi i рассунулi яму клубы, а даўгарукая дзявуля запiхнула ў дупу сваёй ахвяры тоўстае рыльца. На iмгненне да Дамавiннiка вярнулася свядомасць. Ён расплюшчыў вочы. Кудлатая з размаху апусцiла яму на скулу важкую палку. Дамавiннiк ачах. Ягонае раздрыпанае цела было падхопленае за рукi за ногi i вынесенае на ўзбярэжжа. Там Дамавiннiка звязалi парванымi на стужкi апранахамi i кiнулi з моста ў брудную i плыткую ваду, якой, мiж тым, было дастаткова, каб захлынуцца.

Спраўдзiўшы, што цела не ўсплыло, удава дастала са скураной валiзкi плацiнавыя завушнiцы, ланцужок з крыжыкам i пярсцёнак з турмалiнам, каб разлiчыцца з дзявулямi. Завадатарка прыняла каштоўнасцi i навостраным шылам працяла ўдаве скамянелае сэрца.

25.04.1995

25 – Тэхнiк

– Найлепей яму падыходзiць мянушка Свавольнiк, – сказаў цыбаты бамбiза ў расшпiленай на жываце марынарцы.

– Не, на маю думку, яго трэба назваць Тэхнiкам. З-за аўтааматарства. Ён жа за трохсоты "Мерседэс" жонку ў бардэль прадасць. – Доўгавалосы маладзён з хвосцiкам на патылiцы старанна разлiў сухое вiно ў аднаразовыя стаўбункi.

– Калi яго перахрышчваць, дык не ў Тэхнiка i не ў Свавольнiка, бо ён самы сапраўдны кiлаты Сантэхнiк. – Трэцюю мянушку вынайшаў сухарлявы мужчына ў пазалочаных акулярах i ядвабнай кiтайскай кашулi.

Уся тройца прысутнiчала на шумным святкаваннi дня нараджэння. Гулянка ладзiлася на лясной галявiнцы непадалёк ад Мiнскага мора. Iмянiннiк, ён жа – Свавольнiк, Сантэхнiк i проста Тэхнiк, хутка нагрузiўся i знiк у прыбярэжных хмызах разам са смяшлiвай дзявуляю, так што госцi займелi поўную свабоду i неабмежаваны доступ да смажаных курыных кумпячкоў i скрынак з напоямi.

Згаданая тройца зашылася ў зацiшны куток, прыхапiўшы колькi бутэлек французскага вiна, i з асалодаю займалася абгаворамi i пляткарствам.

– I ўсё ж варта пакiнуць толькi адну мянушку – Тэхнiк. У яго, дарэчы, самым непасрэдным чынам вантробы правальваюцца ў машонку, утвараецца вялiзная кiла. I яму даводзiцца самому запiхваць кiшку пальцамi з машонкi ў жывот. – Сухарлявы працягваў распачатую тэму кiлатасцi.

– А хiба можна самому заправiць кiлу? – пацiкавiўся доўгавалосы маладзён у жоўтых ботах-казаках.

– Можна. Прасцей простага. У Тэхнiка гэта атрымлiваецца па-майстэрску. – Цыбаты зрабiў вялiкi глыток чырвонага, намаляваўшы сабе на верхняй губе тоненькiя вусiкi. – Ён нават на пляжы не саромеецца падбiраць i запраўляць сваю гаспадарку. Усе жанчыны азiраюцца. А яму хоць бы што. Шпацыруе, нiбыта ў плаўках не кiла, а паўметровы чэлес хаваецца.

– А ў яго сапраўды вялiкi прэнт? – доўгавалосы дапiў сваю порцыю.

– Сантыметраў дваццаць пяць. Каб не хвароба i схiльнасцi да вычварэнняў, Тэхнiк быў бы першы маркiтун у Беларусi. З-за вычварэнстваў я i аддалiўся, як мог, ад Тэхнiка. Уяўляеце... Ранiца. Толькi-толькi сышлi дзве прастытуткi, з якiмi цэлую ноч мы забаўлялiся, рабiлi ўсё, на што хапiла маёй, як высветлiлася, даволi куртатай фантазii. I стамiўся я так, нiбыта на мне ваду вазiлi. Так што сыход прастытутак быў сапраўднай палёгкаю. Я згатаваў бадзёрлiвы напой – на лыжку кавы кропля вады, i кайфаваў. А гэтая кучаравая жывёлiна, сербануўшы кавы, вырачыла свае пустыя вочкi, аблiзнулася i сказанула: "Зараз бы яшчэ школьнiцу а-та-драць!" У мяне кава праз нос выйшла. "Каб ты здох, юрлiвы трыбух! Каб ты раз выпрастаўся i больш не сагнуўся! Каб цябе чарвякi елi-елi, а потым выплёўвалi". – Я так падумаў, але крычаць не стаў. Проста развiтаўся той ранiцаю i да сягонняшняга дня пазбягаю сустрэч з Тэхнiкам у iнтымнай абстаноўцы. – Цыбаты злiзнуў тонкiм языком намаляваныя на выгаленай губе вiнныя вусiкi.

– У цябе яшчэ добра скончылася, ты толькi каваю папярхнуўся. – Сухарлявы шпурнуў у кусты пустую бутэльку. – У каго-небудзь шнiпар ёсць?

– Вазьмi ножык. – Цыбаты кiнуў сухарляваму швейцарскi сцiзорык.

– У мяне такi самы раней быў, – зазначыў доўгавалосы. – Быў i сплыў. З’ездзiў у лес i не вярнуўся мой ножык. Такiя самыя шашлыкi курыныя смажылi, i нож прапаў.

– Твой нож я не краў. Я свой сцiзорык у Маскве, на Цвярской, у спецыялiзаванай краме прыдбаў. – Iнтанацыi цыбатага набраклi незадаволенасцю.

– А я не кажу, што ты скраў ножык. Я заўважыў толькi падабенства. У твайго, мiж iншым, тронкi шурпатыя, а ў мяне былi гладзенькiя, прыемна ў руку ўзяць.

– А мне даспадобы, калi тронкi шурпатыя i iнструмант з пальцаў не выслiзгвае, не выскоквае. А хто твой нож скраў?

– Намеснiк iтальянскага пасла, напэўна. Дакладна не скажу, бо магла якая з прастытутак у сумачку ўкiнуць, але найверагодней скраў iтальянец. Мы ж толькi ўчацвярых i былi: я, ён i дзве гулёны.

– Не пашанцавала, – здзеклiва падсумаваў сухарлявы, разлiваючы сухое.

– Мне, канешне, ножыка шкада, толькi Тэхнiку, вялiкаму аўтааматару, яшчэ больш крыўдна за свой аўтамабiль. – Доўгавалосы са смакам зрабiў паўнавартасны глыток. – У Тэхнiка зараз вялiкiя праблемы. А пачалося ўсё выпадкова. Ён спынiўся на сваёй старэнькай "БМВ" каля "Цэнтральнага" унiверсама. Схадзiў па цыгарэты, вяртаецца, бачыць: каля ягонай машыны прыпаркаваўся новенькi, яшчэ з транзiтнымi папяровымi нумарамi, "Опель". У Тэхнiка зайграла кроў. Я не ведаю пра ягоныя стасункi з жанчынамi, але легкавыя аўтамабiлi яўна выклiкаюць у Тэхнiка не толькi эрэкцыю, але i палюцыю. Асаблiвай прыхiльнасцю карыстаюцца менавiта сапсаваныя аўто. А тут якраз аўтааматар узняў капот "Опеля" i нешта спрабуе адрамантаваць. Тэхнiк прапанаваў свае веды, таленты i паслугi. Пры ўсiм пры тым ён у механiзмах найвялiкшы спец. Для яго нават чалавечае цела – нешта накшталт механiзма. Толькi аўтааматар не захацеў падпускаць Тэхнiка да рухавiка. Але той так прасiў-упрошваў, так слаўся-ляпiўся, што ключы ад "Опеля" яму дасталiся. Тэхнiк iмгненна знайшоў пашкоджанне, нейкi шланг перакруцiўся, запусцiў рухавiк i прапанаваў адладзiць машыну. Што трэба падцiснуць, дзе трэба закруцiць, памыць, пачысцiць, шлiфануць. Аўтааматар прыняў прапанову з адной умоваю: пакуль Тэхнiк будзе займацца "Опелем", ён сам паездзiць на "БМВ". Свавольнiк лёгка аддаў "БМВ" у заклад i з’ехаў на чужым аўтамабiлi. "Опель", як высветлiлася ў майстэрнi, быў у выдатным стане. I Тэхнiк пракатаўся на iм два днi, пакуль не спынiлi даiшнiкi i не паведамiлi, што "Опель" крадзены i яго шукае не дашукаецца гаспадар, якi, канешне, ведаць нiчога не ведаў пра абмен каля "Цэнтральнага" унiверсама.

– Ёсць Бог на свеце. – Цыбаты дапiў сваю порцыю.

– Бог шэльму мецiць. – Сухарлявы ўказальным пальцам прыцiснуў акуляры да пераносся. – Гэта яму помста за маю запаскуджаную кватэру. Я зараз, хлопцы, раскажу адну гiсторыю... Толькi напрамiлы Бог не пераказвайце iншым. Бо пачнецца хрэнацень усялякая. А фiгнi хапае i без гэтага. Нiяк не ўпiльнуеш, адкуль на цябе бруд пальецца. Вось i тым разам, з’язджаючы з Мiнска, я аддаў ключы ад кватэры Тэхнiку хрэнаву. Выпрасiў, паскуднiк. Хай, думаю, лiмоннае дрэўца палiвае i котку маю кормiць. Яшчэ i грошы на рыбу пакiнуў шэльме. Камандзiроўка, мiж iншым, прайшла ўдала, i Рым i Ватыкан паглядзеў. А вось на зваротным шляху ў Варшаве здарылася затрымка, нейкi багаж цi-то згубiлi, цi-то не згрузiлi. Не высвятляў, сядзеў у рэстаране i пiў джын-тонiк з лiмонам. Так што дамоў вярнуўся ў гадзiну ночы. Выходжу з таксоўкi, галаву ўздымаю, а ў маiх вокнах святло. Музыку пачуў яшчэ ў лiфце. Добра, што суседзi па дачах раз’ехалiся, бо ўвесь паверх ажно калацiўся ад дэцыбелаў. Вы ж ведаеце, у мяне ўзмацняльнiкi i калонкi – дай Божа. Адчыняю кватэру, i на мяне разам з музыкаю яшчэ i хвалi пахаў абрынулiся. Смярдзела так, нiбыта нехта вядро туалетнай вады на падлогу вывернуў. Так яно i было, толькi не на падлогу, а ў ванную Тэхнiк мой найлепшы ласьён пасля галення вылiў. Дзверы ў лазенку стаялi прачыненыя, каб негрыцянскiя рытмы "REEL 2 REAL" можна было слухаць паўсюль. Пад гучныя выкрыкi "MOVE IT ! MOVE IT!" у лазенцы гарэзiлiся дзве бесшабашныя асобы – Тэхнiк i цыцкатая дзявуля. Пэўна, усе магчымыя варыянты маркiтоўкi яны пераспрабавалi раней, бо ў лазенцы ён рабiў ёй надзвычайную клiзму: устаўляў у дупу душавы шланг i пускаў ваду. Тэхнiк ёсць Тэхнiк, ён i распырсквальнiк з душавога шланга змог звiнцiць. Як? Невядома. Не бачыў. А вось iншага наглядзеўся... Пакуль Тэхнiк па-дзiкунску рагатаў, яна, прысеўшы на кукiшкi, напусцiла проста ў iтальянскую ванну. У мяне мову адняло. Стаяў i глядзеў, як Тэхнiк топчацца ў залацiстай жыжцы. Патупванне белых ступакоў у рэдкiм гнаi да канца жыцця не забуду, як i водар ласьёну, разлiтага на кафлю. I тут мяне прарвала. Я махаў рукамi, адключаў апаратуру, пужаў маркiтуноў электрашокерам, а потым i выцягнутым з антрэсоляў пiсталетам. Сарваным голасам абяцаў усiх раздзерцi на крывавыя шматкi, калi ранiцай у маёй кватэры застанецца хоць бы кропелька гэтага смуроду. Я запатрабаваў стэрыльнасцi. Тэхнiк выбачаўся гiдка i слюнява. Дзявуля зiркала воўчымi вочкамi, але нiводнага слоўца не вымавiла.

Начаваў я ў бацькоў, сказаўшы, што згубiў ключы. Ранiцай кватэра мая зiхцела, вылiзалi ўсё да бляску. I праветрылi. I смецце павыносiлi. Толькi ад успамiнаў не ўцячэш; як згадаю ногi ў жыжцы, млосна робiцца.

– Такiя ўспамiны трэба гарэлкаю запiваць, – сказаў доўгавалосы i пайшоў наведаць склад з трункамi.

Калi ён вярнуўся з пляшкаю "Крышталя-100", побач з цыбатым i сухарлявым стаяў задаволены, пэўна, ад удала праведзенага маркiтавання, Тэхнiк-iмянiннiк. Чацвёра мужчын усмак начаставалiся ружовай, падфарбаванай вiном, гарэлкаю.

06.05.1995

26 – Дачнiк

Дачнiк паклаў на стол заплечнiк i пачаў ладаваць паходны рыштунак. Нiкелiраваная сякера легла на самы спод, яе прыкрыў пачак нечытаных газет, на iх паставiлася пластыкавая бутэлька з газаю, паклалася квадратная бляшанка з прадуктамi: хлеб, соль, агурок, накроеная паляндвiца, цыбулiнка. Тэрмас з каваю i пляскатая бiклажка з каньяком былi перакладзеныя папяровымi сурвэткамi. Запальнiчка разам з цыгарэтамi схавалася ў накладной кiшэнi. Завязаўшы i зашпiлiўшы заплечнiк, Дачнiк выправiўся ў дарогу.

Ранiцай у панядзелак на чыгуначным вакзале народу шмат. Амаль усе пасажыры пасля выхадных вяртаюцца ў горад. А наш Дачнiк пакiдаў Мiнск. Вайсковы камуфляж зграбна сядзеў на ягоных шырокiх плячах. У стракатай плынi мiнакоў ён нагадваў драпежнага шчупака, якi няўмольна плыве супроць плынi. Выйшаўшы на пусты перон, ён закурыў. Сiнiя струменi дыму раз-пораз выляталi з наздраватага носа. Курыў ён няспешна, аддаючыся задавальненню ўсёй сваёй iстотаю, дарэшты, да самай дзюбкi пазногця на мезенцы.

Электрычка падышла хутка i, выпусцiўшы пасажыраў, назбiраных ад Барысава, пагрукатала ў накiрунку Маладзечна. Да станцыi "Зялёнае" Дачнiк ехаў у вагоне адзiн. Ён даволi абыякава глядзеў, як мяняецца за акном каларыстыка краявiдаў, як з шарай i цагельнай яна робiцца жухлавата-жоўтай, прыроднай i безнадзейна-кастрычнiцкай.

Пасля першых прымаразкаў станцыя выглядала блiскучай i чысцюткай, як зробленая за грошы фотакартка.

Паправiўшы рамянi заплечнiка, Дачнiк пайшоў праз прыстанцыйную вёсачку па пясчанай сцежцы. Ён абмiнуў пахiленыя ўказальнiкi з назовамi дзiцячых лагераў i зайшоў у халодны лес. Ясны, насцярожаны i вiльготны. Зямлю ўсцяж засцiлала лiсцё. Рудое, бурштынавае, брунатнае. Дачнiк удыхнуў на поўныя грудзi гаючага паветра, заглядзеўся на сiнiя вершалiны саборных елак i ледзь не наступiў на залатую вiтушку чалавечых экскрэментаў. Дачнiку давялося зноўку закурыць, каб, выпусцiўшы дым праз нос, перабiць водар прылагернага лесу.

Далей ён iшоў уздоўж сятчастага паркана, за якiм у рэдзенькiм сасоннiку непрыстойна бялелася доўгая прыбiральня. Абмiнуўшы вялiкi, на дванаццаць атрадаў, лагер, дарога выходзiла да крынiчнай рэчкi. Вузенькай, выпрастанай i ледзь жывой. Люстраной стужкаю яна ўпрыгожвала тарфяное поле. Перайшоўшы металёвы масток, Дачнiк зноўку заглыбiўся ў лясны спакой i выйшаў толькi каля дачнага гарадка. Дагледжанага, акуратнага i яркага. Крыху прайшоўшы вулiцаю, Дачнiк збочыў у тупiчок, дзе спынiўся каля ашаляванага вагонкаю чырвонага дома. На дзвярах непрыемна чарнеў гаражны замок.

Спачатку Дачнiк i не збiраўся валэндацца з важкiм замком. Думаў залезцi ў дом праз акно. Але, адчуўшы агiдную агрэсiўнасць, якую выпраменьваў навясны механiзм, Дачнiк не паленаваўся дастаць з заплечнiка сякеру i, б’ючы абухом, знесцi нахабны запор.

Апынуўшыся ў памяшканнi, ён прынюхаўся. Пахла нясвежым, прэлым, тлустым духам чалавечага жытла, якое цi не сягоння на золку пакiнулi гаспадары. Каб выветрыць саладжавы i прыкры водар, Дачнiк абышоў пакоi i дзынкна павысаджваў сякераю ледзь не ўсе шыбы. Скразнякi, проймы i скавышы радасна завiравалi, закруцiлiся, затанчылi ў дачных апартаментах i хутка павыносiлi на пругкiх хвастах жыллёвыя пахi. Выветрыўшы, выстудзiўшы i даследаваўшы памяшканне, яны крыху паспакайнелi i пачалi забаўляцца з фiранкамi ды шторамi, надзiмаючы iх, нiбыта ветразi, а потым скручваючы, быццам дзяржаўныя сцягi.

Тым часам Дачнiк расклаў на круглым стале прывезеныя далiкатэсы. Палуднаваў ён павольна. Раз-пораз Дачнiк закiдаў галаву, п’ючы каньяк з англiйскай бiклажкi. Дапiўшы каву, ён не стаў прыбiраць са стала нi цыбульнае лушпiнне, нi растоўчаную гурбачку солi, нi хлеб.

– Так заўсёды, – загаварыў Дачнiк да скразнякоў, скавышоў i проймаў. – Рассыпаная соль, сябры мае, прыводзiць да свары, а свара да бойкi, а бойка да гвалту. Толькi здаецца, што няма анiякай нагоды, каб зазлаваць, сварыцца i распачынаць вайну. А вось зiрнеш на рассыпаную соль, i само сабою з’явiцца неадольнае жаданне раскiдаць, растрыбушыць, знiшчыць гэтае ўбогае гняздо!

Дачнiк перакулiў белы круглы стол. Нагой ён ударыў па крэсле, якое, адляцеўшы ў кут, хруснула i ацiхла. Крыху супакоiўшыся, Дачнiк вытрас з заплечнiка пачак свежых газет, пакамечыў iх дый запхаў пад ложак. I газеты, i матрац, i падлогу вакол ложка ён добра-ткi пааблiваў газаю. Полымя, падхопленае скавышамi, проймамi i скразнякамi, шуганула лёгка, порстка i радасна. Доўгiя, вострыя, зыркiя языкi пачалi прагна лiзаць старэнькi насценны кiлiм з жоўтымi аленямi, што мiрна стаялi над ложкам.

Дачнiк сыходзiў з гарадка, не азiраючыся, спакойна, з пачуццём выкананага абавязку. У схуднелым заплечнiку ён зносiў сякеру i запальнiчку.

Крышку не дайшоўшы да станцыi, Дачнiк спынiўся. Ён вярнуўся ў лес, каб сякераю выкапаць ямку, ссунуць туды пацямнелую, але па-ранейшаму залатую вiтушку, засыпаць яе пяском, выцерцi аб мяккi мох лязо i схаваць зброю ў заплечнiк. I вось там, над пахаванай у зямлi непатрэбшчынай, наш Дачнiк пашкадаваў, што не прыдбаў зямлi, не пасадзiў сад i не збудаваў дом, якi так прыемна ўзяць i спалiць.

11.06.1995


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю