Текст книги "Новы дамавікамерон"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 12 страниц)
54 – Бульварнiк-2
Сюжэт бульварнага рамана расказваў мне псiхiчна хворы лiтаратар, якi пайшоў у гандляры кнiгамi, каб самому не пiсаць народнае чытво. Вырашыў застацца сумленным у творчасцi. Ён гандлюе белетрыстыкаю, складае куртуазна-маньерыстычныя вершы; а ў рана аблыселую голаў наведваюцца сюжэты бульварнага зместу. Каб дабро не гiнула, душэўны паэт пераказаў мне сюжэт з кепскiм фiналам...
Стары лiтаратар знаёмiцца ў бары з маладым пiсьменнiкам. Стары – не зусiм стары, гэта маладому здаецца, што саракагадовы мужчына – дзед, нi на што не здатны ў сексе. Калегi п’юць i напiваюцца. Малады жалiцца на лёс. Закахаўся ў гандлярку з букiнiстычнай крамы, а тая смяецца з ягоных пачуццяў. Яшчэ малады прызнаецца, што шануе творы калегi. Дарэчы, старэйшага ведаюць у лiтаратуры, як Уладзiмiра Раманоўскага, а малады, знаёмячыся, называецца Вiкторам. Свае камплiменты Вiктор спакваля даводзiць да просьбы напiсаць лiст – прызнанне ў каханнi. Такiм чынам Вiктор спадзяецца растапiць лёд адчужанасцi ў сэрцы абраннiцы – Iрмы...
Вядома, габрэйка. Раман – бульварны. Абраннiцы наканавана быць габрэйкаю. Хопiць, што ўсё пачынаецца ў малавядомым горадзе, дзе лiтаратары напiваюцца ў забытай Богам карчме. Не спрачайся. Добра яшчэ, што Раманоўскi праславiўся несанкцыянаванымi працягамi эпапей кшталту "Знесеных ветрам" Маргарэт Мiтчэл. Гэта ён выштукаваў "Таямнiцу Батлера" i "Таямнiцу Скарлет".
Раманоўскi шкадуе калегу i пiша лiст да Iрмы ад iмя Вiктора. I – дзiва-дзiўнае! – дзяўчына адказвае. Завязваецца лiставанне – наiўнае, сентыментальнае, лiрычнае.
Лiсты пiшуцца пад натхненне. Калi яно будзе – iх атрымлiваецца шмат: пра мастацтва, музыку, архiтэктуру, падарожжы... А ў ляноце можна абысцiся адзiным грунтоўным лiстом Раманоўскага (Вiктора) i адзiным адказам Iрмы.
Гандлярка з букiнiстычнай крамы пазнае ў лiсце стыль белетрыста: лёгкi, празрысты, летуценны радок, якiм пiсалiся працягi рамана Колiн Макалоў "Птушкi на цернях" – "Мэгi", "Мэгi i Джасцiна". Больш таго, Iрма прызнаецца, што марыць пазнаёмiцца з Раманоўскiм, бо прымае яго за найвыдатнейшага з творцаў XX, iмправiзацыйнага, стагоддзя. Такi паварот засмуцiў Вiктора, якi праслухаў лiст Iрмы, седзячы ў працоўным кабiнеце Раманоўскага. Уладзiмiр суцяшаў закаханага маладзёна, налiваў каньяк, духмяны i жорсткi. А калi маладзён супакоiўся i паабяцаў не наведваць букiнiстычную краму, Раманоўскi ўкленчыў перад iм i прашаптаў, што з першага погляду пакахаў Вiктора. Той нечакана пасталеў i папрасiў у майстра час, каб звыкнуцца з ашаламляльнай навiною.
Трохкутнiк каханняў выбудаваўся так, што Iрма, Вiктор i Уладзiмiр папрасiлi адтэрмiноўкi з канчатковымi рашэннямi. Iрма кахала Уладзiмiра, той – Вiктора, а Вiктор меў самыя пяшчотныя пачуццi да Iрмы.
Выйсце з мёртвай зоны знайшоў Раманоўскi, прапанаваўшы ўсiм разам паляцець у Венецыю.
Можна абраць iншы пункт – Рым, Берлiн, Токiо, цi адправiць герояў на выспу – Крыт, Корсiка, Кiпр. Востраў лепей за горад.
Раманоўскi з Вiкторам ды Iрмаю ляцяць на Крыт. Там, у апошнiм прытулку велiчнай культуры матрыярхату, маладосць, як заўсёды, перамагае перашкоды. Iрма саступае Вiктору. Маладыя пачынаюць падманваць старога. Той заспявае на пустым пляжы Iрму з Вiкторам, якiя, забыўшыся на ўсё, займаюцца брутальным сексам.
Злосць, нянавiсць, крыўда злiлiся ў шаравую маланку i выбухнулi. Уладзiмiр каменем забiў каханкаў. Знявечаныя целы засыпаў пяском.
Ну i што... Думаеш, хворы паэт, якi штодня гандлюе кнiгамi i размаўляе з пакупнiкамi, не ведае пра адсутнасць крыважэрных канцовак у народных раманах? Сто працэнтаў, што здагадваецца, i я ведаю, але мы нiчога зрабiць не змаглi.
Уладзiмiр Раманоўскi, як i кожны лiтаратурны герой, мае права на асабiстае жыццё.
Ранiцай Раманоўскi ўзяў квiток на самалёт да Барселоны, дзе з аэрапорта накiраваўся на бульвар Рамбла. Ён прыехаў на самы сонечны бульвар у свеце, купiў месца, каб адпачыць на белым крэсле. Седзячы ў засенi платанаў, Уладзiмiр прыняў смяротную дозу заспакаяльных лекаў.
Раман скончыўся.
А Уладзiмiр Раманоўскi ператварыўся ў звычайнага Бульварнiка i прадае квiткi на крэслы пад платанамi.
08.08.1996
55 – Ганiцелька
"У маёй душы няма злосцi". – Мужчына паўтараў медытацыйны сказ у розных станах, разнастайнымi iнтанацыямi, уголас i сам сабе столькi разоў, пакуль не адчуў, што злосць нарэшце пакiнула душу. Толькi новы стан не дадаў радасцi. Iдучы па праспекце, мужчына знайшоў формулу ачышчэння: "У маёй душы няма смутку". Узрадаваны, ён наведаў букiнiстычную краму – цемнаватую, пыльную, поўную танных кнiжак i пастарэлых прадаўшчыц, якiх ведаў з дзяцiнства. Нiводнае выданне яго не зацiкавiла. Адно незанавешанае акно крышку развеяла сум. Нават не само чысцюткае акно, а краявiд за iм: двор, засаджаны вербамi, арэлi-гушкалка i лiмонная лаўка.
Паўтараючы запаветны сказ – "У маёй душы няма смутку", – мужчына даволi далёка адышоў ад букiнiста, але выгляд жоўтай лаўкi пад нахiленай вярбою нiяк не выходзiў з галавы. Ён вярнуўся. Двор быў пусты, чыста вымецены, цiхi. Раптам з праспекта праз арку ў двор забеглi двое сямi-васьмiгадовых дзяцей. Хлопчык уцякаў, дзяўчынка даганяла. Дзецi шумна пераляцелi двор. Уцякач схаваўся за пад’езднымi дзвярыма, а задыханая Ганiцелька села побач з мужчынам.
– Думаеце, я не змагла яго дагнаць? – Ганiцелька цiкавала рэакцыю. Яна была падобная да акуратнай лясной жабкi: лупаценькая, смуглявая, шырокая.
– Не ведаю.
– Магла i хацела ўдарыць i пабiць, але енку было б на ўвесь горад, з пад’езда выскачыў бы ягоны старэйшы брат. Удвух яны мацнейшыя.
– Ты разумна зрабiла, бiцца не трэба. У чалавека не павiнна ў душы кiпець злосць.
На Ганiцельцы спраўна сядзелi белая куртачка, сiнiя нагавiцы i чорныя красоўкi. Яна па-мужчынску трымала рукi на каленях.
– Цi можаце вы паверыць, што старэйшы брат гэтага хлопца, за якiм я гналася, адразу пайшоў не ў першы, а ў трэцi клас?
– Цяжка верыцца. Гэта тое самае, як пераканаць сябе, што ў душы няма смутку.
– I я сумняваюся. Гэта я пайшла адразу ў трэцi клас, а ён, як дазнаўся, прыдумаў гiсторыю з разумным братам. Проста, праўда?
– Здагадацца нескладана.
– Я так i сказала: падманшчыкi.
– А яны пакрыўдзiлiся?
– Азлiлiся. Я залезла на вярбу i з дрэва крыкнула ашуканцам: "Вы хлусы!". Яны пачалi трэсцi вярбу, я звалiлася i зламала дзве рукi. Я займалася акрабатыкай, таму паспела згрупавацца i прызямлiцца на чатыры кропкi, як котка. Каб не асфальт, абышлося б.
– А чым скончылася?
– Над букiнiстычнай крамай жыве мая бабуля, яна хiрург, займаецца пераломамi. Мне наклалi гiпс. Замест рук былi белыя заечыя лапкi.
– А што зрабiлi з братам?
– Нiчога. Я не сказала, хто разгойдваў вярбу.
– У цябе няма злосцi?
– Няма. На неразумных, як на жывёл, нельга крыўдзiцца. Калi вы нешта зломiце, нагу цi руку, абавязкова прыходзьце да маёй бабулi.
– А калi б ты забiлася?
– Смерць нiчога не змяняе. Вось зараз браты выйдуць з пад’езда i пойдуць да гушкалкi. Малодшы залезе на седала, а старэйшы пачне яго разгойдваць да самага неба. Я падыду да iх i скажу: "Пагайдайце мяне". "Калi ласка", – адкажа старэйшы i падштурхне мяне да арэляў. Жалезная труба разаб’е мне галаву. Такое здараецца ў любым горадзе раз цi два на год. Можаце спытаць у моргу. Распаўсюджаны трагiчны выпадак.
Ганiцелька не паспела дагаварыць, як у двары з’явiлiся хлопчыкi, старэйшы i малодшы. Яны пабеглi да арэляў. Двор запоўнiла жалезнае рыпенне i воклiчы ўцекача: "Вышэй! Вышэй!! Вышэй!!!"
"У душы няма смутку", – падумаў мужчына, назiраючы, як у акне ў букiнiста пакупнiкi гартаюць кнiгi.
– Пайду...
– Не смуткуйце...
Мужчына накiраваўся да аркi. Ганiцелька пабегла да арэляў.
На праспекце мужчыну дагнаў двухгалосы хлапечы крык, i знайшоўся новы супакаяльны сказ: "Душа пустая".
10.11.1996
56 – Самазабойца
Ён курыў на гаўбцы другога паверха. Настрой быў адпаведны, суiцыдальны. Тытунь супакойваў, таму ад адной скончанай цыгарэты прыпальвалася другая.
Пад гаўбцом праходзiў малады чалавек прызыўнога веку. Падстрыжанага пад нуль, яго, пэўна, чакала неўзабаве вайсковая частка.
Самазабойца перагнуўся цераз парэнчы i гукнуў:
– Гэй, хлопец!
Пара вачэй узнялася на голас.
– Ёсць работа, заплачу добра...
– Няма калi, спяшаюся...
– Чакай... Працы на тры хвiлiны, а грошай атрымаеш столькi, колькi скажаш.
– Я з мужчынамi не пераштурхоўваюся.
– Не бойся, нiякага сексу i не прапануецца. Пастой хвiлiнку, я выйду. – Самазабойца знiк з гаўбца, а праз iмгненне апынуўся побач з хлопцам. – Не палохайся i не ўцякай. Я смяротна хворы i пакутую ад боляў. Рак. Мне трэба сысцi. Разумееш? Пакiнуць свет. Нiякiх сяброў i сваякоў у мяне нямашака. Чалавек я заможны. Усё, што маю, аддам табе. Грошы, золата, каштоўныя камянi, усё стане тваiм, калi дапаможаш мне перайсцi ў лепшае вымярэнне.
– Не, не, я пад такiмi гульнямi не падпiсваюся. – Хлопцаў твар стаў бялець, у носе заказытала, i ён чхнуў.
– Нiчога цяжкага не патрабуецца. Падымемся ў кватэру. Пакажу цыдулку: у маёй смерцi нiкога не вiнавацiць. Ты з пiсталета застрэлiш мяне. Укладзеш зброю ў нежывую руку...
– Вам трэба звярнуцца да доктара...
– Ты не зразумеў. Да доктара я не магу звярнуцца, ён забярэ ўсё чыста i здасць у вар’ятню, дзе я сканаю ў страшэнных пакутах. А твой доктар адно рукi пацiрацьме. – Сухi твар схуднелага ўшчэнт Самазабойцы перакрэслiла ўсмешка.
– Колькi каштуе нацiсканне на курок? – душу маладога чалавека запоўнiў азарт гульнi ў рускую рулетку.
– Дамовiмся. Мы – разумныя людзi.
У кватэры быў парадак. Мэбля i рэчы займалi належныя iм месцы.
– Перадсмяротны лiст на стале. Грошы i каштоўнасцi ў дыпламаце. – Самазабойца паказаў на скураную валiзку. – А вось i безадмоўная "Берэта"... Цяпер сядаю ў фатэль. Ты страляеш у скронь, бярэш маю правую руку, укладаеш пiсталет i адпускаеш. Зброя вывальваецца з рукi трупа. Забiраеш заробак, сыходзiш. Рабаваць кватэру не раю. Пакiнеш сляды i пападзешся за забойства. Зрэшты, ты трапiў у пастку. Калi не застрэлiш мяне, дык я заб’ю цябе. Зразумеў?
– Так! – маладзён напружыўся.
Кропля поту намалявала блiскучы пiсяг праз лоб да брыва.
– У мяне няма намераў раскручваць карусель перажыванняў. Наймiт-забойца мусiць быць хуткi, рашучы i бессардэчны.
– Ведаю.
– Бяры зброю... – Самазабойца сеў у фатэль.
Хлопец узяў "Берэту", падышоў да ахвяры i стрэлiў. Самазабойца сканаў. Забойца забраў заробленае i пакiнуў нiчыйную кватэру.
21.11.1996
57 – Рэгiстрант
Паперка. Запоўню, падам у мiнiстэрства юстыцыi ЗША, у службу iмiграцыi i натуралiзацыi. З’еду. Паеду. Сем гадоў не буду. Хай асудзяць, хай скажуць: "Здраднiк". А што рабiць? Што-о-о? Хавацца па сябрах, сваяках, знаёмых? Добра, яшчэ не ўвайшло ў моду прадаваць неўтаймоўных уладам. Беларусь партызанская. Мы вечныя, спрадвечныя, генетычныя падпольшчыкi. Партызаны, партызаны, беларускiя сыны! Класiк сказаў. I дадаў: рэжце вораў паганых, каб не ўскрэслi. А яны адрадзiлiся i таўкуць нас. Да д’ябла ўсiх! Рэгiструюся для класiфiкацыi, як бежанец, баязлiвец, уцякач. Параграф 207 закону аб iмiграцыi i натуралiзацыi. Лепш уцячы, чым загiнуць. Лепей на каленях, чым у магiлу. Рэгiстрант падае наступныя даныя... Iнструкцыя. Гэты бланк мусiць быць запоўнены. Як не хочацца запаўняць! Трэба. Сцiснi зубы. Пiшы. Пiшу. Падпiсаны i перададзены загадчыку блiжэйшага замежнага аддзялення службы iмiграцыi i натуралiзацыi. Запоўню – i свой у дошку, натуральны, няштучны. Быў тутэйшы, беларускi, еўрапейскi. Буду тамтэйшы, амерыканскi. Калi дойдзе чарга да вашага iмя ў рэгiстрацыйным спiсе, вы атрымаеце дадатковыя iнструкцыi. Выдатна, хай iншыя думаюць, што мне рабiць. Кожны рэгiстрант павiнен запоўнiць асобны бланк у адным асобнiку. А варта было б i копiю мець на ўсялякi выпадак, для падстрахоўкi. Рэгiстрацыйны бланк для дзiцяцi ва ўзросце меней за чатырнаццаць гадоў павiнен запаўняцца адным з бацькоў або апекуном. Дзецi выраслi. Свае пашпарты i свае палiтычныя погляды. Гарантыi. Гарантыйная форма 1-591, запоўненая паручыцелем у ЗША, патрабуецца да таго, як вам (чаму тут "вам" з малой лiтары? Памылка? Намёк?) будзе дазволены ўмоўны ўезд, але ў даны момант прадстаўляць яе не трэба. Цiкава. А калi ў той момант брат адмовiцца ад мяне. Возьме i адрачэцца. Скажа, я – амерыканец i з беларусамi не размаўляю. Хай адмовiцца. Тады i я адмоўлюся ад усяго на свеце i ад свету ў тым лiку. Пайду каровы пасвiць. Запоўнiце на машынцы або друкаванымi лiтарамi. Маё iмя: Уладзiмiр, Валодзя, Вова, Вовачка, Вовiк. Iмя па бацьку: Вячаслававiч... Чэслававiчам не запiсаў поп пры хрышчэннi бацькi. Прозвiшча: Заблудаў-Дамавiкоўскi. Мой цяперашнi адрас. Так я вам i сказаў. Хiтрыя! Мiнскiя сутарэннi i гарышчы, кватэры знаёмых, сяброў i каханак, лецiшчы. А прапiсаны я тут: РБ, Мiнск, Камунiстычная, 4-11. Я нарадзiўся ў: (месяц, чысло, год) верасень, 29,1958. Мне 39. Не варта рыпацца, каб не магiла. Месца нараджэння: горад Дзяржынск. Нiчога не папiшаш. Нарадзiўся i нарадзiўся. Нiхто не пытаўся, дзе нараджаць. А вось магiлу ў Дзяржынску для мяне капаць рана. Вобласць: Мiнская. Краiна: СССР (БССР). Маё грамадзянства: грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь. Цi ўжо не грамадзянiн? Бог ведае. З якой краiны вы ўцякаеце? З усiх краiн. З РБ, з СНД, з БССР, з СССР... Прычыны выкласцi падрабязна. Калi ласка. Пераслед. Спачатку ў СССР. Маральны. Выставiць карцiну нельга. Надрукаваць верш нельга. Зняць i паказаць сюжэт на TV нельга. Можна... Толькi гэта не карцiна, не верш, не сюжэт, а форма камунiстычнай, савецкай, таталiтарнай прапаганды. Цэнзар забаранiў мой зборнiк за верш: "Прачынаюся, п’ю халодную ваду i засынаю". Цырк. Але тое смешна, цяпер смешна, бо зараз пераслед iншага кшталту. За беларускую мову на вулiцы б’юць гумовай палкай па галаве. За выхад на дэманстрацыю пратэсту забiваюць, садзяць, судзяць. А вось за арганiзацыю гэтых акцый супрацiву ловяць, вывозяць у лес i прымушаюць капаць сабе магiлу. Потым б’юць i пакiдаюць падыхаць у роднай беларускай зямлi. Хопiць? Цi яшчэ больш падрабязна? Магу. Бiлi валёнкамi ў пастарунку. Бiлi рыдлёўкамi ў лесе. Дапаўненнi, заўвагi. Заб’юць. Не ўцяку, не з’еду, не знiкну... Затаўкуць i ў лесе закапаюць. Iмя жонкi: Алена. Шкада, што не габрэйка. Было б у сто разоў прасцей. Яе цяперашнi адрас: Камунiстычная, 4-11. Грамадзянства жонкi. Ну. Так. Аскепак iмперыi чырвонай. Мая жонка будзе суправаджаць мяне ў ЗША. Выпусцяць – будзе, не выпусцяць – памрэ ў лесе пад Мiнскам, на дарагой, пяшчотнай, роднай магiле. Iмёны дзяцей: Янiна. Дата нараджэння. Якога ражна мы нарадзiлi дзiця ў гэтай краiне?! Спадзявалiся. Верылi. Любiлi. 03.03.1982. Месца нараджэння: горад Мiнск. СССР (БССР). Цяперашнi адрас. Рука гэтае слова пiсаць не хоча. Камунiстычная. Пастаўце знак (+) перад iмем дзiцяцi, якое будзе суправаджаць вас у Злучаныя Штаты Амерыкi. Добра, што адно. Адукацыя: вышэйшая. Атрымаў з горам папалам адукацыю. Высцёбваўся. Авангардовыя выставы ладзiў. Аўкцыёны праводзiў. Карцiны па тры рублi прадаваў. Але дыплом маю. Назва i адрас навучальнай установы. Назва змянiлася, пiшу старую. Беларускi дзяржаўны тэатральна-мастацкi iнстытут. Цяпер гэта акадэмiя. Там усе акадэмiкi. А я не акадэмiк. Я – мастак. Тып навучальнай установы. Не ведаю. Тыпаў там шмат. Пiшу абы-што. Вышэйшая, мастацкая. Даты наведвання. 1977 – (акадэмiчны адпачынак утойваю) – 1983. Назва вучонай ступенi або дыплома. Мастак IВ № 202178 манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Вайсковая служба. Дулю. Пацыфiст я. Васемнаццаць разоў спрабавалi забрыць, каб выканаў грамадзянскi абавязак у Савецкай Армii. Не забрылi. Законна, бо вучыўся, жанiўся, займеў дзiця i выйшаў з прызыўнога ўзросту. Так што, у вайсковым бiлеце я – мастак, шараговец, без узнагарод i ранаў, паводле вайскова-ўлiковай спецыяльнасцi – чарцёжнiк чарцёжных i графiчных работ. Нiжэй я пералiчваю ўсе арганiзацыi, суполкi, клубы i аб’яднаннi, у якiх быў або лiчуся зараз, а таксама месца i час уступлення. Калi вы нiколi не лiчылiся сябрам нi ў якой арганiзацыi, напiшыце: "Нi ў якой". Лiчыўся. А як жа. Выклiкалi да кiраўнiцтва мастацкай вучэльнi i спыталi: "Хочаш вучыцца ў iнстытуце?" – "Хачу". У камсамоле з 1976 года, выйшаў па ўзросце. Потым быў (бо не мог не быць, бо сам i стварыў) сябрам Таварыства маладых лiтаратараў "Тутэйшыя". Самвыдат. Круглыя сталы. Мiтынгi. Пiкеты. Улёткi. Лес. Магiла. А-а-а... Яшчэ ж я сябра Саюза пiсьменнiкаў СССР, а цяпер Беларусi. Я ( ) быў (+) не быў асуджаны за парушэнне закону. Я ( ) быў (+) не быў у Злучаных Штатах Амерыкi. У мяне ў Злучаных Штатах ёсць наступныя блiзкiя сваякi. Iмя: Вiктар Заблуда-Дамавiкоўскi. Сваяцтва: брат. Сучасны адрас: 6664 № Washrenau ave Art. 2-C, Chicago IL 606641717. За мяне паручаецца: Вiктар Заблудаў-Дамавiкоўскi. А можа, не паручаецца. Хто iх, амерыканцаў, ведае. Я б на ягоным месцы добра падумаў. Але ён абяцаў. Дата: 21.03.1997 года. Я, Уладзiмiр Вячаслававiч Заблудаў-Дамавiкоўскi, запэўнiваю пад прысягай, што мне вядомы змест гэтай, падпiсанай мною рэгiстрацыi, што ўсё гэта праўда, наколькi мне вядома. Поўны i сапраўдны подпiс рэгiстранта: (+++). Вось i прадаў Радзiму, сабака.
20.02.1997
58 – Людажэр
Ад Палаца мастацтва мужчына спусцiўся праспектам Скарыны на пляц Перамогi, дзе завiтаў у бар-краму "ЗОРКА". Сакаўная прадаўшчыца прывiтальна заўсмiхалася. Мужчына працёр акуляры i заняўся разгляданнем палiцы з алкагольнымi напоямi.
– Вiскi любiце? – спытаў чырванатвары дзядзька, якi, стоячы пры вiтрыне з каўбасамi, пацягваў з пластыкавага стаўбунка гарачы глiтвейн.
– Люблю, – кiнуў мужчына i папрасiў паўнацелую маладзiцу падаць бутэльку бурбону, каб уважлiва прачытаць этыкетку.
– А я на самагоннае пойла глядзець не магу. Нас, вайскоўцаў, напампоўвалi iм у Анголе.
– Да вiскi я прывучыўся ў Егiпце. – Не хочучы таго, мужчына завязаў вузельчык размовы.
– А што рабiлi ў Егiпце? – чырвананосы замовiў наступную порцыю духмянага глiтвейну.
– Тое, што вы ў Анголе, – выказала здагадку беларукая прадаўшчыца, напаўняючы крывавым напоем мяккi стаўбунок.
– Э, не... У Анголе я людзей забiваў. Каўтаў вiскi, цаляў у двухногiх. Пiў i страляў. А калi хацелася закусiць, жор нябожчыкаў. Выбiраў смачных дзяўчат, адкусваў з грудзей смочкi, жаваў, глытаў i запiваў алкаголем. Гнюсны тып, забойца, кат i Людажэр. А ён, – налiтыя глiтвейнам вочы блiснулi ў бок аматара бурбону, – грамадзянiн сцiплы, выхаваны, iнтэлiгентны, у акулярах. Такiя чалавечыны не ядуць, людзей не забiваюць i сусветнай рэвалюцыi ў Афрыку не экспартуюць. Яны п’юць дарагое вiскi з лёдам, будуюць надзейныя грэблi i вывучаюць флору з фаунай. Ненавiджу самагон. Беларускай гарэлкi магу колькi заўгодна выжлукцiць, а ад кроплi бурбону млею.
Мужчына разлiчыўся з апетытнай прадаўшчыцай i схаваў бiклагападобную бутэльку ў кiшэню, каля сэрца.
– Чакай, шаноўны, дык што ты ў Егiпце рабiў? – Людажэр насунуўся на мужчыну.
– Рэстаўраваў старажытныя папiрусы...
– Га-а, што я казаў? – мутнае вока падмiргнула спелай маладзiцы.
Пад задаволены рогат Людажэра мужчына пакiнуў бар-краму "ЗОРКА".
29.03.1997
59 – Рызыкант
У начной варэльнi густа напалiлi, хоць дзве сякеры вешай. Памiж Рызыкантам i ягоным братам на засмечаным столiку тырчала недапiтая пляшка. Нядзельныя сабутэльнiкi заглядалi адзiн аднаму ў брутальныя вочы i разважалi.
– Бяром банк?
– Бяром! – запэўнiў брата Рызыкант.
– У Баранавiчах?
– А дзе яшчэ мы зможам сарваць банк, як не ў нашых Баранавiчах?
– Сведак мочым?
– Нiякiх сведак!
– Дзецi?
– Якiя дзецi ў банку?
– Раптам нехта прыйшоў з дзiцёнкам? Трэба адразу вырашыць: забiваем малых цi пакiдаем жыць?
– Мяркуеш, пакiнуць?
– Будуць крычаць.
– Стрэлiш у пашчу, i змоўкне навек.
Апахмялiўшыся панядзелкавым пiвам, браты завiталi ў BELARUSBANK. Рызыкант паспрабаваў пераканаць касiрку мiрна аддаць грошы. Тая залямантавала i непрытомная спаўзла з крэсла. На крык прыскочыў ахоўнiк. Ён стрэлiў у Рызыканта. Брат параненага кiнуўся на ахоўнiка i злавiў кулю ў пераноссе.
– Здохлi? – касiрка ўзнялася з шахматнае падлогi i абцягнула спаднiцу на неабдымных клубах.
– Гатовыя. – Ахоўнiк дзьмухнуў у чарнату рэвальвернае рулi.
Чарната азвалася тугiм свiстам, так адгукаецца недапiтая пляшка.
– Абодва? – грувасткая касiрка з недаверам скасавурылася на скурчанае цела Рызыканта i прапанавала: – Памацай пульс на шыi ў скурчанага.
Ахоўнiк мiрна, нiбыта доктар, нахiлiўся i атрымаў удар шылам у кадык. Сталёвая дзюба прабiла раскормленае горла i спынiлася ў хрыбетцы. Ахоўнiк зарохкаў i схапiўся няпэўнымi пальцамi за лакiраванае дзяржальна швайкi. Выцягнуць шыла ён не здолеў, павалiўся на падлогу, паторгаўся, выпруцiўся i адразу зрабiўся ненатуральна вялiкi, як усе мерцвякi.
Рызыкант паспрабаваў узняцца на локаць, але жыццёвая энергiя пакiнула яго разам з крывёю, што палiлася праз рот на чорна-белую падлогу.
– Што нарабiлi?! – касiрка высмаркалася ў ружовую хустачку i прашаптала: – Зусiм дзецi...
Як i звычайна, панядзелак у Баранавiчах надарыўся нешчаслiвы.
30.04.1997