355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Новы дамавікамерон » Текст книги (страница 12)
Новы дамавікамерон
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 11:00

Текст книги "Новы дамавікамерон"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 12 страниц)

60 – Попельнiк Шэры

Звычайны Попельнiк вядзецца ў гатэлях найвышэйшага кшталту. З выгляду ён падобны да станiстага маладзёна, чые генеалагiчныя каранi цягнуцца ў арабскiя пяскi паўночнай Афрыкi.

Попельнiк займаецца выключна попелам дый попелкамi. Ён абыходзiць пакоi, калiдоры, прыбiральнi i замяняе поўныя недапалкаў пасудзiны на выключна чыстыя. Найулюбёнейшы занятак гэтай сцiплай iстоты – разносiць па фае круглыя, выдзеўбаныя з шэрага каменю дыскi, да споду ў якiх, каб бясшумна сунуцца па шкляных столiках, прыклеены лямец. Калi ўпусцiш такую рэч на нагу, верагоднасць калецтва i страты пальцаў стопрацэнтовая.

Попельнiк ператварыў працу ў шматгадзiнны, няспынны, грацыёзны танец. Хада нагадвае рух авангардовага балетнага майстра. Каб нехта з абазнаных харэографаў хоць раз пабачыў Попельнiка, дык на сцэне абавязкова з’явiлася б лiрычная мiнiяцюра пра служку, якi вытанцоўвае памiж столiкамi аматараў тытуню.

Нiхто нiколi не заўважаў, каб Попельнiк стаяў, сядзеў цi ляжаў. Вечны рух у мройлiвых пасмах тытунёвага кайфу. Пра што ён думае, здагадацца няцяжка. Агеньчыкi, попел, i нiводнай аддаленай ад тытунёвага тла думкi.

Попельнiк ганарыцца сваiм прызначэннем, здольнасцямi i лёсам. Ён носiць попелкi так, нiбыта мае справу з рытуальнымi, чароўнымi, святымi рэчамi, да якiх дапускаюцца адно царкоўныя iерархi. Гледзячы на такога, робiцца ясным: адлегласць мiж прэзiдэнтам Амерыкi i Попельнiкам меншая, чым рознiца памiж пустой i поўнай сметнiцаю. А ў мастацтве харэаграфii найдрабнейшы Попельнiк не саступiць найбуйнейшаму танцору з Брадвея.

Нiякага харчавання арганiзм Попельнiка не патрабуе. Для нармальнай працаздольнасцi яму дастаткова дзе-небудзь у цiхiм закутку выпалiць раз на дзень ёмiсты касяк з марыхуанаю.

04.01.1997

61 – Дыскатэчнiк Цёмны

Дзевяноста дзевяць працэнтаў Дыскатэчнiкавай постацi складаюць ногi – танклявыя, гнуткiя, нiбыта бамбукавыя. На iх пагойдваецца павучынае тулава з вяровачнымi рукамi, тоненькай шыяю i доўгавалосай галавою. Твар хаваецца за лупатымi цьмяна-фiялетавымi акулярамi.

Штовечар Дыскатэчнiк залазiць на амбон з пультамi, каб запусцiць карусель гукаў i святла. На круглай цыркавой пляцоўцы распачынаецца вiраванне зыркiх, сонечных, вясёлкавых лапiкаў. Змрочны тандэтны iнтэр’ер разгойдваецца, расхiстваецца i пачынае плысцi ў рытмiчным танчаннi.

Дыскатэчнiк, як чараўнiк i бармен адначасна, змешвае кактэйлi з музыкi i агнёў. Яго захапляе неадпаведнасць клiпа на экране, песнi ў дынамiку i мiргання сафiтаў. Спявае мурынка, на сцяне шпацыруюць нямецкiя металiсты, а пад купалам памiргвае святлафор Афрыкi Бамбаты, зялёна-чырвона-жоўта-белы ў чорным тле.

Святлогукавыя напоi ў царстве Дыскатэчнiка высокагустоўныя, без маргiнальных перагiбаў i нью-йоркскай лаянкi. Ён мог бы працаваць i на iнтэрнацыянальным тэлеканале i ў еўрапейскiм сталiчным клубе. Але вось прыкiпеў да пяцiзоркавага арабскага гатэля на Чырвоным моры. Круцiць сабе музыку ў пустым памяшканнi, дзе санлiвы бармен i два афiцыянты адпачываюць у халадку зацемненых куткоў.

Дыскатэчнiк – велiчыня самадастатковая i амаль герметычная, каб не сексуальныя стасункi з паўнацелай франкамоўнай перакладчыцаю. А другой гадзiне ночы дзiўнаватая парачка прагульваецца ўсцяж пляжа. Ён – бамбукавы прэнт, яна – дубовая бочачка. Яна п’е пiва з рыльца, ён насвiствае свежы хiт.

З-за фатальнай неадпаведнасцi ў росце Дыскатэчнiк змушаны атрымлiваць задавальненне толькi з аднаго маркiтовачнага прыёму. Кладзецца спiнаю на канапу i закiдае рукi за голаў, каб перакладчыца малпаю паскакала, патрасла глобусамi грудзей i паўшар’ямi клубоў над нерухомым, нiбы мумiфiкаваным, шкiлетам.

У хвiлiны злiцця Дыскатэчнiк думае пра ўзнёслае. Яму мроiцца вялiзны шацёр, поўны музыкi, святла, рухаў i – галоўнае – людзей, людзей, людзей, чалавекаў, танцораў, прастытутак, алкаголiкаў, афрыканцаў, габрэяў, эскiмосаў, тайваньцаў, беларусаў, гарбуноў, карлаў, дзяцей-iнвалiдаў, шызоiдных мастакоў i хворых на рак самагубцаў, жырафаў i зебраў, катоў, катаў, каталонцаў i салдат, што ўцяклi ў самаволку, каралёў i маркiзаў, маньякаў i бамжоў – усiх, хто здатны варушыць пёрамi, пальцамi, веямi, хвастамi, тулавамi i кiпцюрамi. Жывое сабралася пад купалам. Шацёр плыве ў ледзяной, беспаветранай, цёмнай вечнасцi. А над усiм ён, Дыскатэчнiк, бог рухаў, гукаў i колераў, – творыць свет у зорным паўзмроку. Няма вышэйшых за яго. Не iснуе нiчога больш iснага за створанае iм. Рука на пульце, рука на пульсе. Слепаглуханямыя штурхаюцца i скачуць у натоўпе. Яны ласцяцца. Дзеля абдзеленых дзейнiчае Дыскатэчнiк. Удзячнасць не патрабуецца. Цёплыя словы застаюцца да наступнага ўключэння.

Секс для Дыскатэчнiка сканчаецца поўнай адключкаю. Перакладчыца сыходзiць, пакiдае ў каморцы ахiнутую прасцiною мумiю, з якой, як матылёк з каўшанкi, апоўднi вылузнецца Дыскатэчнiк – супрацоўнiк гатэля "Iнтэркантыненталь".

04.01.1997

62 – Басейнiк Сiнi

Асноўная якасць Басейнiка – ён мурын, блiскучы, як патушаная ў вадзе галавешка. Алейная вульгарнасць постацi ў шортах вельмi пасуе да глянцавай кафлi i марской вады.

Басейн у яго закрыты, з вялiкай шкляной сцяною, за якой зелянее сад з вадаспадам. Вада бруiцца па каменнай, выкладзенай з брусочкаў трапецыi ў неглыбокi стаў, дзе сноўдаюць шэраспiнныя рыбiны. Над ставам схiлiлiся вастралiстыя пальмавыя вееры i хмызы рададэндранаў у цнатлiвай квеценi.

Калi наведнiкi сыходзяць, у басейне гасiцца святло, а над вадаспадам запальваецца блакiтны лiхтар. Басейнiк сумуе, седзячы ў крэсле. Воднае царства таемна ззяе калыхлiвымi сапфiравымi пералiвамi.

Басейнiк нiкога не чакае, не спакушае, не клiча. Наведнiцы самi напрошваюцца вярнуцца ўночы з бутэлькаю вiна i двума келiхамi. Басейнiк адно ўдакладняе час. Ён не шукае непрыемнасцяў на плыткiм месцы. Нашто адначасна адкаркоўваць дзве бутэлькi? Нязручна.

Басейнiк бярэ жанчын па чарзе. Распранаецца каханка сама. Дзеля купання аголенымi яны i прыходзяць а дванаццатай, а першай цi а другой ночы. Жанчына плавае, п’е вiно, клiча ў ваду гаспадара. Той спускаецца ў сiнiя хвалi i насаджвае лёгкае ў вадзе цела на доўгi i тонкi стрыжань. Гульнi ў халаднаватым басейне зазвычай не прыносяць каханцы чаканага наталення. Улонне не атрымлiвае гарачага ўсхвалявання. Каханка паспешлiва сыходзiць, не ведаючы, што саступае месца наступнай купальшчыцы, якая будзе любавацца зялёна-блакiтным вадаспадам. Наступнiца, як i папярэднiца, пачне канвульсiўна сцiскаць похву i не зможа шчыльна абхапiць тонкi, як аловак, чэлес. Устрывожанасць каханкi зменiцца страхам, i яна пакiне начны басейн.

Абслугоўванне клiентак доўжыцца да ранiцы. Толькi з усходам сонца Басейнiк гасiць садовы лiхтар, i вада ў рукатворным вадаспадзе спыняецца. Стомлены i незадаволены, ён iдзе адпачываць.

Працоўны дзень Басейнiк пачынае апоўднi з кармлення прыручаных рыбiн.

Новыя наведнiцы прыходзяць а палове на першую, i распачынаецца флiртаванне. Звычайна жанчына наiўна просiць Басейнiка знайсцi на дне нiбыта незнарок упушчаны ёю пярсцёнак.

05.01.1997

63 – Срэбнiк Белы

Срэбнiк арандуе шкляную крамку ў гатэльным фае. На вiтрыне раскладзена процьма светлай бiжутэрыi: ад гальштукавай запiнкi да мусульманскага, шрыфтавога, метровага пано. Побач з касавым апаратам мiгцiць i мармыча маленечкi белалобы тэлевiзар.

У Срэбнiка сiвыя скронi i бестурботны твар аматара футбольных баталiй. Ён добразычлiва вiтаецца i, у адрозненне ад Злотнiка i Вопратнiка з суседнiх крамак, не нахвальвае тавар. Ён спакойны i чысты, як метал, якiм гандлюе.

Жанчыны любяць хусткi i дыяменты. Мужчын прываблiваюць масiўныя гадзiннiкi. Срэбнiку застаюцца падлеткi: хлопчыкi i дзяўчынкi, у якiх хапае кiшанёвых грошай толькi на срэбны ланцужок з крыжыкам цi срэбную брошку ў форме гнуткай коткi. Для непаўналетнiх пакупнiкоў Срэбнiк такi ж важны, як Злотнiк цi Дыяментнiк для дарослых. Падлеткi купляюць упрыгожаннi з вераю ў бессмяротнасць. Дарослыя, абцяжараныя практыцызмам, ведаюць пра немiнучы скон i выбiраюць памiж каштоўнасцямi i задавальненнямi. Падлеткi, маючы наперадзе бясконцае жыццё, набываюць срэбра безразважна. Толькi ў пяцiзоркавым гатэлi "Iнтэркантыненталь" падлеткi амаль не з’яўляюцца. Ёсць дзецi, iх няшмат, але ёсць. А клiентаў для Срэбнiка катастрафiчна не хапае. Даводзiцца праседжваць вечары, гледзячы тэлевiзар.

Палову мiзэрнай выручкi Срэбнiк адкладае на кватэры для будучых жонак. Ён вырашыў набыць адразу дзве кватэры i завесцi дзвюх жонак, каб адну ноч баляваць у адной, а другую – весялiцца з iншай. Срэбнiк лiчыць, што варта выбраць адразу пару жанчын, бо, пасялiўшыся з першай, другую ўжо не прыдбаеш. Не дасць жанчына так неразумна патрацiць грошы.

Каб не патануць у бесперапынным самазадавальненнi, Срэбнiк раз на два тыднi наведвае Распуснiцу. Даводзiцца доўга стаяць у чарзе. Перад самымi дзвярыма ён дастае орган i самаўзбуджаецца. Распуснiца прымае наведнiка толькi на пяць хвiлiнаў. З узнятым чэлесам, па званку, Срэбнiк заходзiць да Распуснiцы, якая ляжыць на высокiм ложку, расхiнуўшы белыя сцёгны. Похва ў яе бязмежная. Срэбнiк i тут дапамагае сабе рукою. Акрамя Распуснiцы, у блудлiвым пакоi прысутнiчае старая прыбiральшчыца з мiсаю цёплай вады для падмывання i белым, пухнатым, мяккiм ручнiком. Наведнiк яшчэ не паспявае ўсцягнуць нагавiцы, а старая ўжо мые гаспадынi натомленае ўлонне.

Пасля наведвання бардэля ў душы ў Срэбнiка робiцца пустэльна, як у Сахары. Ён доўга не спiць, уяўляе верных жонак, вялiкую краму срэбных, дыяментавых i плацiнавых вырабаў i чаргу да касавага апарата.

05.01.1997

64 – Ветразнiк Памаранчыкавы

Днi навылёт Ветразнiк бавiць на моры. У ягоным распараджэннi чаўны, пластыкавыя дошкi з вёсламi, аздобленыя пiктаграмамi серфiнгi з празрыстымi ветразямi, валейбольная пляцоўка i катэр.

У Ветразнiка шырокая спiна, маленькая, падобная да маслiны, галава i ўчэпiстыя рукi i ногi. Ён такi абпалены сонцам, што можа абвергнуць пастулат: колькi белы нi загарае, а чорным не стане. Дастаткова адным вокам зiрнуць на Ветразнiка, i мiжрасавая мяжа здаецца ўмоўнасцю. Хочаш быць афрыканцам? Будзь. Уладкоўвайся на гатэльны пляж, бяры пад сваю адказнасць прылады для забаў, складай паласатыя плаўкi i кепурку з доўгiм брылём, чапляй на нос акуляры i працуй. Праз месяц-другi, захацеўшы павандраваць па краiнах з расейскiмi настроямi, ты сутыкнешся з праблемамi. Але дастаткова краем вока глянуць на Ветразнiка, каб пераканацца, што нiякiя вандроўкi, падарожжы, бадзяннi па свеце такога не вабяць. Ён уздымае ветразь з надпiсам "Фанатык" i слiзгае па затоцы, уздоўж драўляных грыбоў, пад якiмi на памаранчыкавых ручнiках песцяцца адпачываючыя. Задача Ветразнiка – узняць распластанае цела, паставiць на шырокую дошку, навучыць уздымаць ветразь i атрымаць дзесятак егiпецкiх фунтаў за стараннасць. Калi клiент спрытны, можна ўсунуць серфiнг напракат i пайсцi згуляць у пляжны валейбол.

Ветразнiк мае выключнае падабенства да малпы, калi толькi гэтую жывёлiну цалкам абстрыгчы i пагалiць. Таму ягонае нахабнае прыставанне да жонак мужы сур’ёзна не ўспрымаюць: малпа забаўляецца. Малпа казыча дзявочыя пяты, падкрадаецца i хапае за рэбры цi ўшчыквае за дупу. Жанчыны войкаюць i замест абурэння правакацыйна падстаўляюць гладкiя сцёгны цi напятыя грудзi – у каго што лепшае. Ветразнiк сцiскае сакаўную плоць i задаволена раскрывае паўназубую пашчу. Здавалася б, такiя паводзiны безапеляцыйна вядуць да оргiй на каралавых выспах, куды за паўгадзiны можна даплыць на катэры. Дык не, Ветразнiк аддана любiць свайго памочнiка, вучня, служку – гнуткага, як каўчук, хлопчыка-араба.

У самую спёку Ветразнiк зачыняецца ў дашчаным буданчыку, развальваецца ў бамбукавым фатэлi i загадвае хлопцу тварыць мiнет. Той не супрацiўляецца, бо ўспрымае мужчынскi секс як абавязковую частку працы. Мiнет робiцца спрытна. Ветразнiк мае вялiкую практыку настаўнiка i можа навучыць не толькi таму, як правiльна ўздымаць ветразь. Насенне хлопчык глынае. Пасля чаго старанна аблiзвае настаўнiку чэлес i ягонае наваколле.

Садамазахiсцкiх вычварэнняў Ветразнiк не прызнае. Мужчынскi мiнет, марскi вецер i ўзняты ветразь – тры слупы, на якiх стаiць ягонае памяркоўнае, цемнаскурае, афрыканскае жыццё. Усё астатняе для Ветразнiка – сухi, мёртвы, сахарскi пясок.

06.01.1997

65 – Гатэльнiк Чорны

У Гатэльнiка пусты прасторны кабiнет, бязмежны стол i станiстая, заўсёды мiнорная сакратарка. Апранаецца ён ва ўсё iтальянскае – ад гальштука да шкарпэтак. Падуладны яму гатэль "Iнтэркантыненталь" стаiць адначасна на беразе пустэльнi Сахары i Чырвонага мора. З такой пасадай i адпаведным заробкам можна дазволiць сабе штогод наведваць вечны горад Рым з мэтаю поўнага абнаўлення гардэроба. Улюбёны колер Гатэльнiка – глыбока-радыкальна-канчаткова-чорны. Ягоны ўзрост спынiўся на адзнацы: за пяцьдзесят. Ён мажны, самаўпэўнены, з дыктатарскiмi звычкамi, на пасадзе галоўнага iнакш i быць не можа.

Гатэльнiка баяцца. Рэстаран, гараж, спартыўны комплекс, бары, крамы i ўласна гатэльная абслуга – ад рэцэпцыi да Электрыка i Попельнiка – перад iм трымцяць i калоцяцца.

Працоўны дзень ён распачынае з кубачка нямоцнай чорнай кавы i чытання нецiкавай мясцовай газеты. Пасля абыходзяцца ўсе куткi, залы, калiдоры, падсобкi, незанятыя нумары, каб самому паглядзець, памацаць, панюхаць i пакаштаваць гаспадарку. I не дай Алах – знойдзецца парушэнне. Звальненне зойме не больш за хвiлiну.

У зацiшны кабiнет раздражнёны Гатэльнiк дабiраецца апоўднi. Стаiць пад душам. Адказвае на тэлефонныя званкi. Праглядае дакументацыю.

Недзе а трэцяй ён робiцца вольнай пташкаю. Выклiкаецца сакратарка, якая мые з мылам i масiруе грувасткага начальнiка ў патаемнай лазенцы, за кабiнетам. Супакоены, памыты, голы, ён сядае за працоўны стол i прымушае пакорлiвую падначаленую поўзаць на жываце па кiлiме. Жанчына благальна зазiрае ў шалёныя гаспадаровы вочы i ўсялякiмi найбрыдчэйшымi словамi зневажае сябе i ўсю жаночую палову чалавецтва. Гатэльнiк узбуджаецца, i на стале спазнае смак жаноцкае вiльгацi i слодыч глыбiннае гарачынi.

Сакратарку ён мяняе не радзей як раз на паўгода, i не таму, што непакорлiвая цi нязгодная поўзаць на жываце i ў нязручных паставах зазiраць у жахлiвыя, чорныя, жорсткiя вочы працадаўцы. Проста ў Гатэльнiка традыцыя: раз на год абнаўляць гардэроб i два разы мяняць жанчыну.

06.01.1997

66 – Злотнiк Каштоўны

Злотнiк любiць жоўты метал да самазабыцця. Апусцiўшы жалюзi, зачынiўшы дзверы на шпiнгалет, запалiўшы лямпу над сталом, ён гадзiнамi раскладае каштоўныя рэчы на глыбока-сiнiм сукне. Любуецца. Узважвае на шольцах. Правярае кошт у тоўстай кнiзе. Прымервае. Паглядае ў люстэрка. Глядзiць на рэч праз павелiчальнае шкло. Вяртае на вiтрыну, каб узяць наступную. Усе каштоўнасцi, усе iх якасцi i недахопы Злотнiк ведае лепш за свае пяць дагледжаных пальцаў. Крамка яму i сабор, i мека, i сiнагога, i школа.

Злотнiк ненавiдзiць пакупнiкоў i асаблiва пакупнiц з тоўстымi шыямi, мясiстымi вушамi, шырокiмi пальцамi, тлустымi запясцямi. На мажную пачвару што нi чапляй – усё замала, усё задробнае, усё згубiцца. А яны выбiраюць найкаштоўнейшае, грабуць як найболей, рабуюць Злотнiкава царства, зносяць неацэннае, пакiдаючы паперкi цi, яшчэ горай, спiсваюць з крэдытнай карткi лiчбу на рахунак. У Злотнiка спыняецца сэрца ад крыўды i немагчымасцi адпомсцiць. Ён пазабiваў бы пакупнiкоў, зубамi i пазногцямi павырываў бы чэрствыя сэрцы, падушыў бы, каб не сонечны Каiр.

Раз на месяц Злотнiк здае краму пад ахову палiцыi i едзе на "Мерседэсе" ў сталiцу Афрыкi, дзе на пляцы Вызвалення пакiдае машыну i наведваецца ў музей старажытнага Егiпта. Гадзiну ён бавiць у зале Тутанхамона. Пагляд залатой маскi маладога фараона штораз здзiўляе ўсё болей. Найдрабнейшыя дэталi экспанатаў з грабнiцы Злотнiк ведае лепей, чым рэчы ва ўласнай краме. Каб такому далi выбiраць памiж касмiчным караблём i саркафагам, не задумваючыся, абраў бы залатую фараонаву труну.

З музея дарога вядзе Злотнiка на фабрыкi i ў майстэрнi. Пасля старажытнага, бясцэннага, вечнага сучасныя ювелiрныя аздобы выглядаюць танна, мiзэрна, неахайна. Злотнiк таленавiта збiвае кошты. Матэрыялiзуе, аметальвае, акаменьвае кампутарныя лiчбы са сваiх рахункаў i задаволены вяртаецца ў родную, правiнцыйную, санлiвую Хургаду. Зачынiўшы набыткi ў хатнiм сейфе, ён дазваляе сабе адсвяткаваць пачатак новага месяца.

Злотнiк iдзе да каханкi, якая гандлюе духмянымi алеямi. Ноч прысвячаецца экзатычным забаўкам. "Укусi мяне!" – просiць Злотнiк. "Не магу", – уздыхае духмяная каханка. "Кусай нямоцна, за мезенец". Палец засоўваецца ў залатазубы рот. Металёвыя iклы сашчэплiваюцца. Злотнiк салодка стогне. "А цяпер кусай за руку, вось тут – вышэй локця. Мацней, яшчэ мацней... А зараз за шыю, вось там, дзе сонная артэрыя. У цябе выдатныя зубы. Золатка маё. Такiмi зусiм лёгка пракусiць скуру... Кусай. Яшчэ кусай. Загрызi мяне. Хай кроў пойдзе. Хай пацячэ мая апетытная кроў па залатых iклах..." Каханка кусае i кусае Злотнiка за дазволенае i забароненае.

Падрапаны, пакусаны, спатолены i задаволены, ён на золку вяртаецца ў краму, каб раскласцi на вiтрыне новыя рэчы i распачаць золатазварот.

07.01.1997


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю

  • wait_for_cache