355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Новы дамавікамерон » Текст книги (страница 7)
Новы дамавікамерон
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 11:00

Текст книги "Новы дамавікамерон"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 12 страниц)

27 – Акопнiк

Невядома ўжо колькi дзён iшоў дождж. Ён то iмжыў ледзь заўважным халодным пылам, то сыпаўся буйнымi важкiмi кроплямi, але не ацiхаў нi на хвiлiну.

Неба нiбыта сабралася назаўсёды злiцца з зямлёю.

На сподзе глыбокага акопа назбiралася калюжына, поўная рэдзенькага мулу. Пры самай калюзе, на пустых скрынях з-пад снарадаў, сядзеў сутулы Акопнiк у доўгiм шынялi з настаўленым каўняром. Ён курыў.

Коўзаючыся па раскiслай глебе, да акопаў падышоў стрыжаны навабранец.

– Дождж, – натапырыўшы заечыя губы, пачаў ён.

Акопнiк выкiнуў недапалак у брудную ваду.

– Можа пачастуеце папяроскаю? Да смерцi курыць хочацца. Я ўжо i сам не ведаю, калi апошнi раз тытунь нюхаў. – Бледны навабранец прысеў на кукiшкi.

– Знойдзем. – Акопнiк пашкроб чорнымi пазногцямi няголенае падбароддзе. – Спускайся ў акоп. А то рассеўся, як баба.

Навабранец нязграбна саскочыў у ямiну. Акопнiк выцягнуў з нагруднага капшука трафейны партсiгар i дастаў зграбную папяросу. Вастрадзюбае сiняе полымя хуценька зачырвонiла сухi тытунь.

– Салодкi. – Навабранец выхукнуў у марозную цямрэчу цнатлiвы клубочак дыму.

– Заўтра зранку немец пачне наступаць. – Акопнiк схаваў рукi ў кiшэнi. – Зямля прамерзла, i па ёй добра бегчы. Гэта ж не па мулу коўзацца. А так па халадку, па марозе, пасля стограмовiка самае тое ў атаку схадзiць.

– Няўжо заўтра пачнецца? – голас навабранца трымцеў.

– А колькi можна ў адных i тых жа акопах сядзець? Самы час бой распачынаць. Паглядзi, якая поўня ясная, якiя зоры. Усё вiдно, як на далонi. Час надышоў. Я кайзераўцаў ведаю. Спачатку яны газ пусцяць, каб нас прытруцiць i прыдушыць, а потым нацягнуць супрацьгазы i пабягуць штыхамi дабiваць.

– А нам што рабiць? – навабранец пры ўсiм сваiм страху курыў павольна i вельмi ашчадна.

– Чакаць. Надзець супрацьгаз i сядзець. Курыць у супрацьгазе не варта. У цябе, дарэчы, супрацьгаз ёсць?

– Ёсць! Канешне. Новенькi, пад мой памер, я сам падбiраў, каб сядзеў шчыльна, але i не цiснуў.

– Ну дык i праблем няма. Надзенеш супрацьгаз, пачакаеш, пакуль расейскiя свiннi ў атруце пазахлынаюцца, пазадыхаюцца, зойдуцца i, пачуўшы каманду, пабяжыш праз дым i запораш тых, каго не задушыў кашаль. Галоўнае, не трэба шкадаваць педыкулёзных салдат яго iмператарскай вялiкасцi, яны горшыя, чым тыя вошы. – Акопнiк плюнуў на тоўсты лёд калюжыны, што ртутна паблiскваў у месяцавым святле квадры.

Iскрыстыя, дыяментавыя драбочкi сняжынак плаўна апускалiся на сагнутую, шырокую, шынельную спiну Акопнiка.

– А як вы параiце, заяву ў партыю камунiстаў варта напiсаць зараз цi лепей пасля атакi? – навабранец паспрабаваў зазiрнуць у вочы Акопнiку, але не змог: той сядзеў, апусцiўшы доўгiя веi.

– Напiсаць можаш i зараз, – адказаў Акопнiк, не расплюшчыўшы вачэй, – толькi падаваць трэба пасля наступлення. Спачатку варта пару фашыстаў забiць, каб у партыю пайсцi з чыстым сумленнем.

Навабранец зрабiў глыбокi зацяг, i ўсмешка задавальнення зайграла на загарэлым блакiтнавокiм твары, якi пiкантна ўпрыгожвала маленькая ямiнка на круглым падбароддзi.

– Сапраўды, лепей напiшу пасля бою. Прыйду да вас, сяду, закуру i напiшу: залiчыце мяне ў шэрагi сапраўдных сяброў нацыянал-сацыялiстычнай рабочай партыi. – Зграбнае колца дыму паляцела ў цёплае чэрвеньскае паветра.

Акопнiк акуратна падкасаў рукавы форменнае кашулi i сказаў:

– Не хачу цябе вучыць, бо я не настаўнiк i не бацька, каб маралi начытваць, але ведай: перад атакаю не пi. На хмельную галаву памiраць лягчэй. Толькi нашто памiраць, калi ты не жыў зусiм? – Акопнiк выцягнуў са срэбнага партсiгара пругкую папяросу. – Мусульмане вунь зусiм не п’юць, а ваююць дай Бог цi дай Алах як. Хто iх разбярэ. Адно скажу – ваююць.

Навабранец зняў панаму i абцёр буйныя кроплi поту, якiя шчыльна абсыпалi бронзавы лоб.

Немаведама колькi дзён трывала пякельная гарачыня. Людзi звярэлi i вар’яцелi ад бясконцай, безнадзейнай i бессэнсоўнай пыльнай задухi. Над шарымi каменнымi гарамi разлiлося недасяжнае, сiняе, вiльготнае неба.

– Дым лепей пускаць не колцамi i клубочкамi, а струменьчыкам, пацiху i ў рукаво.

Навабранец затушыў недакурак аб падэшву запыленага чаравiка, закiнуў у рот белы прамакутнiчак жавальнай гумкi i спытаўся:

– Як вы думаеце, вайна хутка скончыцца?

– Наiўны...

– Чаму наiўны?

– А таму, што калi недавяркi возьмуць горад, дык мы ў партызаны пойдзем, у горы, у лясы, у пушчы, разгорнем тэрарыстычны рух. – Акопнiк строс попел на пругкi лiсток трыпутнiку.

– Дык вы лiчыце, што вайна не скончыцца?

– Каму як... А для мяне вайна не скончыцца нiколi. – Дагледжанымi, мацiцовымi, авальнымi пазногцямi Акопнiк пяшчотна правёў па сваёй добра выгаленай, гладзенькай, блакiтнай шчацэ.

У сонным люстэрку ляснога возера адбiвалiся вострыя вершалiны чорных елак, за якiмi павольна згасала сонца.

– А вы самi адкуць будзеце? – навабранец не сыходзiў, ён хацеў хоць неяк выказаць удзячнасць за падораную папяросу.

– Я? – Акопнiк сцепануў плячыма i зашпiлiў верхнi гузiк шыняля. – Я – тутэйшы.

11.06.1995

28 – Анёл-2

Шыфравальнiк праходзiў вайсковую службу ў горадзе Д.Служба была не вельмi цяжкая, але адказная. Шыфравальнiк выконваў загады з вялiкiм iмпэтам, а таму займеў права на дробныя прывiлеi. Ён мог сам сабе выпiсваць звальнiцельную i хадзiць у горад у любы час. Але Шыфравальнiк не злоўжываў прывiлеямi. Ён хадзiў у горад адзiн раз на тыдзень. Звычайна ён любiў пашпацыраваць па ўзбярэжжы рэчкi Р. суботнiм надвячоркам, калi большасць гараджан поркаюцца ў лапiку зямлi каля лецiшча. Вось у адзiн з такiх цёплых вечароў, калi Шыфравальнiк даядаў улюбёнае марожанае – пламбiр на палачцы, да яго падышоў сiвы, сярэдняга веку мужчына ў масiўных акулярах на храшчаватым носе. Шыфравальнiк не любiў выпадковых знаёмстваў, асаблiва пасля таго, як даў падпiску аб захаваннi дзяржаўных таямнiц. Ён вырашыў не адказваць на прывiтанне незнаёмаму чалавеку, пагатоў рот быў напоўнены марожаным. Толькi маўчанне салдата не засмуцiла гаваркога незнаёмца, якi ўпэўнена працягнуў распачаты маналог. У прыватнасцi, ён прапанаваў пайсцi на цiхую i ўтульную кватэру, дзе можна ў спакойнай абстаноўцы выпiць пляшку гарэлкi. Каб пераканаць негаваркога салдата ў сваёй шчырасцi, незнаёмец раскрыў стары партфель i паказаў бутэльку белай, якая ляжала на скрутку навюткай вяроўкi для сушкi бялiзны.

Пазней Шыфравальнiк не мог растлумачыць, чаму так лёгка пагадзiўся пайсцi на далёкую ўскраiну горада Д. за навязлiвым незнаёмцам.

Яны прыйшлi ў засмечаны двор трохпавярховага пасляваеннага дома, i мужчына прапанаваў салдату пачакаць каля пад’езда, пакуль ён падымецца ў кватэру i паглядзiць, цi не вярнулася часам жонка, якая разам з дзецьмi павiнна заначаваць на дачы. Але ўсялякае здараецца.

Стоячы ў двары, малады салдат убачыў, як у кватэры на трэцiм паверсе загарэлася святло: гэта незнаёмец даў знак, што можна, не баючыся, падымацца i заходзiць. Вось тады Шыфравальнiк i пачуў голас. Гэта быў прыемны барытон, якi вельмi ясна прамовiў, што пад скруткам вяроўкi ў партфелi ляжыць нож. Шыфравальнiк азiрнуўся на голас i ўбачыў невысокага чарнакрылага Анёла, якi iмгненна растаў у паветры. Анёл не сказаў, што сiвы мужчына збiраецца зарэзаць салдата, каб потым запiхваць пальцамi сваю халодную сперму ў левае вуха нябожчыка, размазваючы яе па казялку, мочцы i супрацьказялку. Анёл толькi паведамiў пра наяўнасць зброi ў скураным партфелi. Але гэтага было дастаткова, каб Шыфравальнiк уцёк з двара i хуценька вярнуўся ў вайсковую частку.

Гiсторыя з Анёлам не мела б анiякай каштоўнасцi, каб не пэўныя супадзеннi i акалiчнасцi. Па-першае, за лiтараю "Д" быў зашыфраваны горад Растоў, а за "Р" схавалася цэлая рэчка Дон. Па-другое, у Растове-на-Доне служыў шыфравальнiкам мой добры знаёмы географ, якi сапраўды быў запрошаны незнаёмым чалавекам у госцi. Вось так будучы настаўнiк прыродазнаўства i геаграфii меў выдатную магчымасць наведацца ў кватэру растоўскага Дракулы – спадара Чакацiлы. Таго самага, якi замардаваў паўсотнi чалавек, быў злоўлены, асуджаны i расстраляны.

Шыфравальнiк сапраўды вельмi блiзенька прайшоў ад жахлiвай смерцi, але ўменне пранiкаць у таямнiцы i разгадваць загадкi выратавала ягоную маладую душу, ну i цемнакрылы Анёл дапамог, безумоўна.

19.06.1995

29 – Сунiчнiк

Яшчэ ў ранiшнiм прыцемку вясковыя маладзiцы выбралiся ў ягады. Чэрвень стаяў цёплы, i сунiцы ўрадзiлi як нiколi. Дарогаю дзяўчаты дамовiлiся, што далёка не разыдуцца i ўвесь час будуць перагуквацца. Спярша маладыя галасы гучалi амаль не сцiхаючы, але хутка маладзiцам надакучыла гукаць, бо сакаўныя сунiцы самi прасiлiся на язык. А як ты гукнеш з поўным ротам?

Адна з дзяўчатак, найспрытнейшая, вырашыла пашукаць ягадныя мясцiны ў самай глыбiнi лесу. Наконт сунiц яна не памылiлася, на пагорках ягад была процьма. I хай не такiх буйных, як на ўскрайку, але затое саладзейшых i больш духмяных. Ягаднiца хуценька нашморгала паўнюткае пяцiлiтровае вядзерца i пашкадавала пра пакiнутае дома вялiкае вядро. Толькi шкадаванне хутка мiнулася, бо захацелася iншага, захацелася пахвалiцца перад сяброўкамi паўнюткiм вядзерцам. Дзяўчына гукнула. Сасоннiк азваўся адно рэхам. Маладзiца не баялася заблудзiцца, бо ведала лес з маленства. Яна лёгкай хадою крочыла праз залацiсты сасоннiк, калi раптам пачула гучнае "аву-у-у" яўна густога мужчынскага паходжання. Маладзiца спынiлася. Зусiм блiзка, каля невысокiх елачак, стаяў i пасмiхаўся ў пышныя пшанiчныя вусы станiсты мужчына з рудым чубам. Па зялёнай кашулi з чырвонымi гузiкамi ў незнаёмцу адразу пазнаваўся Сунiчнiк. Ён лагодна паглядаў на маладую прыгажуню сваiмi далiкатна-блакiтнымi, з лёгкiм адценнем драпежнасцi, вялiкiмi i хцiвымi, як у сiямскага ката, вачыма. Маладзiца сумелася, заўважыўшы, што Сунiчнiк у крылца носа ўставiў срэбную завушнiцу.

– Чаго ты пужаешся? Нiбыта я – раз’ятраны звяруга? – голас у Сунiчнiка быў нiзкi, грудны, але не хрыплаваты, як у курцоў, а мяккi, акторскi.

Такi голас выклiкае поўны давер, i вельмi прыдаецца дактарам, святарам i ўсiм тым, хто абавязаны суцяшаць прынiжаных i пакрыўджаных.

– Чалавек горшы за драпежнага звера, – пакпiла маладзiчка.

Яна вiдавочна адчула лёгкую сiмпатыю да Сунiчнiка.

– А хто сказаў, што я чалавек? Зусiм не. Я – Сунiчнiк, лясны дух, якi дапамагае маладым дзяўчатам збiраць ягады, паказвае найлепшыя мясцiны, выводзiць на ўсыпаныя сунiцамi сонечныя паляны.

– А маё вядзерца поўнае. Я свае сунiцы сабрала.

– Не трэба так казаць. Ты ж такая маладая, табе яшчэ збiраць i збiраць варта было б. Ты, мая мiлая, набрала адно драбязы кiслай, а сапраўднай духмянай сунiцы, што сама растае ў роце, нават i не пакаштавала. Хадзем, мiлая мая, пакажу ягадную паляну, якую ты i ў найсаладзейшых снах не бачыла. На тым месцы, колькi б нi збiраў сунiц, а ўсiх нiколi не збяреш. Хадзем, мая непараўнальная, хадзем у госцi. Ты i сама, пэўна, здагадваешся: не кожную ягаднiцу Сунiчнiк запрашае на пачастунак.

– Не трэба, спадар Сунiчнiк, так доўга ўгаворваць, я сама не першы год такую паляну шукаю. I калi паабяцалi, дык хутчэй паказвайце, а то перадумаеце, так з мужчынамi спрэс здараецца.

– Спрытная. Мне жвавыя падабаюцца. Падыдзi да мяне, стань тут, з левага боку, ды зiрнi праз правае плячо.

Маладая ягаднiца ўбачыла сонечную паляну, дзе не было як i ступiць з-за сакаўных сунiц.

– Заваражылi вы мяне, далiбог, зачаравалi.

– Сама захацела, а я толькi крышачку дапамог. А цяпер ты марыш пра зусiм iншыя чары, хочаш пакаштаваць саладзейшых ягад. Скiнь непатрэбная апранахi, застанься такою, як стварыла цябе прырода. Распранiся, духмяная мая, каб я мог параўнаць твае сунiчныя вусны з сунiчнымi смочкамi. Скiнь i астатняе, ляж на траву, раскрый таемныя веснiцы, каб я мог схiлiцца i языком палашчыць сунiчку твайго секеля.

Сунiчнiк доўга i старанна песцiў дзявочую похву пругкiм языком, аж да той пары, пакуль ягаднiца не задрыжала ўсiм целам, не завохала, не застагнала i не завыгiналася ў бурнай iстэрыцы. I нават тады Сунiчнiк працягваў пакусваць i лiзаць напружаную бубку жаночай сутнасцi. Дзявочае цела круцiлася ў марных спробах вырвацца з-пад Сунiчнiка, але той намёртва прыцiснуў ягаднiцу да зямлi. Свядомасць пакiнула дзяўчыну, i яе цела абмякла i аплыло. Сунiчнiк выдаiў са свайго напятага чэлеса мацiцовы кiсель насення.

Калi да маладой жанчыны спакваля вярнулася яснасць розуму i яна расплюшчыла вочы, дык Сунiчнiк ужо сядзеў каля вядзерца i еў ягады.

– Што ж гэта вы робiце? Абяцалi ягадамi частаваць, а самi назбiранае ясце, – ласкава папракнула маладзiца i пачала пальцамi расчэсваць i растрасаць свае доўгiя русыя валасы.

– Я думаў, мы паразумелiся, а табе жменькi ягад шкада.

– Ну не крыўдуйце. Я жартам. Ешце. Хоць усе з’ядайце. – Ягаднiца туга завязала на галаве белую хустачку.

– Зараз пойдзем да майго брата, Чарнiчнiка, i пазычым вялiкае вядро. Ты назбiраеш найсаладзейшых сунiц у свеце, цукровая мая. Дарэчы, тваё вядзерца хай пастаiць, нiхто не возьме.

Яны пайшлi вузенькай сцежкаю ў самыя нетры непрыбранага лесу. Сцежка вiлася ў зарасцях высокага кустоўя, абсыпанага крывавымi гронкамi воўчых ягад. Нечакана для маладзiцы кусты скончылiся, i сцежка выйшла да невялiкага, парослага асакою балотца, пасярод якога свяцiлася цнатлiва-нябесным блакiтам круглае акенца Чортавага вока. Сунiчнiк упэўнена ступiў на тоўсты кiлiм дзёрну, пад якiм затузалася дрыгва. Ён тупнуў, дробныя хвалi пабеглi па вадзе, Чортава вока пачарнела, запухiрылася i забалбатала. Разам з алейнымi бурбалкамi на паверхню ўзняўся сярнiсты газ. Праз хвiлiну над асакою вiсела жаўтлявая задушлiвая смуга.

Маладая ягаднiца адчула на сваiм запясцi жалезныя пальцы Сунiчнiка. Дзяўчына тарганулася ў бок воўчага кустоўя, але Сунiчнiк трымаў мёртва. Пераляканая маладзiчка звяла, апусцiлася на асаку i загула.

А ў гэты момант з самых нетраў дрыгвянога балота ўсплыў на паверхню калматы Багнiк. Ён нагадваў гурбу рудога торфу, у якiм ярка свяцiлiся дзве сапфiравыя зорачкi ясных вачэй.

– Ты нашто мяне пабудзiў, Сунiчнiк? – на травянiсты бераг леглi кiпцюрастыя лапы. – Ты ж ведаеш, як я не люблю, калi мяне торгаюць без дай прычыны?

– Нагода, шаноўны Багнiк, ёсць. Я ж нiколi не з’яўляюся без падарунка. Вось i цяпер прывёў ягаднiцу з чыстым целам i наiўнай душою.

– А колькi мне будзе каштаваць твой падарунак? – Багнiк соладка пазяхнуў.

– Дамовiмся. Сто разоў дамаўлялiся i зараз не пасварымся. Дасi пярсцёнак са смарагдам, i дзяўчына будзе тваёю. Не пашкадуеш. Я каштаваў яе сунiцы.

– I што ты, брат мой Сунiчнiк, у пустым зiхценнi каляровых каменьчыкаў знаходзiш? Не разумею. – Багнiк апусцiўся ў дрыгву з галавою, але праз iмгненне зноў ляжаў на паверхнi.

На крывым кiпцюры iскрыўся плацiнавы пярсцёнак з масiўным смарагдам.

– Трымай! – Багнiк пусцiў пярсцёнак у паветра, адкуль яго спрытна вычарпнуў Сунiчнiк.

– Прыгажосць уратуе свет, – сказаў ён i ўздзеў пярсцёнак на безыменны палец левай рукi.

Палюбаваўшыся смарагдам, Сунiчнiк падхапiў на рукi самлелую ягаднiцу i кiнуў у брунатны мул. Тая закалiхавала. Багнiк апусцiўся ў сваё густое царства разам з маладзiцаю.

Сунiчнiк вярнуўся на сонечную галявiну i ўсмак паеў салодкiх ягад з вядзерца.

27.06.1995

30 – Папераджальнiк

Вогненны сабака высока падскокваў i павiскваў.

– Зараз, зараз, – супакойваў сетэра гаспадар, выходзячы з прыбiральнi, – цыгарэты вазьму i пойдзем.

Гулялi доўга. Гаспадар хадзiў па лясных грудах, курыў i любаваўся краявiдамi ружовай i духмянай вечаровай Вiльнi. Сабака гойсаў па лагчынах, шапочучы ў зарасцях папарацi.

Праз гадзiну яны вярнулiся ў Новую Вiльню, каб узняцца на перадапошнi паверх шматкватэрнага гмаха. Яны толькi зайшлi ў пад’езд, як гнуткi сетэр занепакоiўся i колькi разоў варожа гаўкнуў. На сваiм паверсе сабака пачаў люта брахаць i кiдацца на дзверы. Гаспадар завагаўся: адчыняць, не адчыняць. Тут дзверы рэзка расхiнулiся. Чырвоны сетэр скочыў на цёмную постаць, што ўзвышалася ў калiдоры. Агнiстая зорка вырвалася з рукi чалавека ў чорнай масцы. Куля ўвайшла ў сабачую пашчу. Сетэр скруцiўся, тузануўся, заторгаўся i ацiх назаўсёды. Гаспадар хiстануўся, адступiў, прытулiўся спiнаю да сцяны i заплюшчыў вочы. У чалавека адняло мову.

Апрануты ў цёмнае, Папераджальнiк звiнцiў з пiсталета глушыльнае прыстасаванне i схаваў зброю ў нагруднай кiшэнi.

– Гэта вам папярэджанне, – паведамiў ён i пачаў спускацца па сходах.

Чалавек маўчаў, мова не вярнулася.

– Апошняе! – крыкнуў Папераджальнiк на ўвесь пад’езд i выйшаў у лiтоўскую ноч.

26.08.1995

31 – Парасоннiца

Пачало накрапваць. Мужчына ўзняў каўнер. Ён стаяў на трамвайным прыпынку пад лiхтаром i чытаў газету. Ён мог бы перайсцi пад лiпу цi схавацца пад брылём шапiка "Саюздруку", але застаўся на месцы, бо спадзяваўся на хуткi трамвай, якi выверне з-за рога, пусцiць фiялетавую iскру, зазвонiць весела i бадзёра, спынiцца, расчынiць дзверы ў светлы салон, дзе можна будзе сесцi на сухое крэсла i дачытаць артыкул.

Толькi трамвай не прыходзiў i не выварочваў з-за дома, i не расхiнаў запрашальна дзверы.

Дождж гусцеў. Варта было схавацца пад дрэвам цi хоць бы стаць пад газетны шапiк. Але мужчына заставаўся пад высокiм лiхтаром. Так здараецца на прыпынках: стаiш i не можаш варухнуцца, ты ў поўнай залежнасцi ад трамвая, якi прапаў немаведама дзе.

Тыя, што прыходзiлi пазней, станавiлiся або пад купчастую лiпу, або тулiлiся спiнамi да дыктавых сцен шапiка. Мужчына заставаўся пад лiхтаром i змок бы ўшчэнт пад спорным i халодным начным дажджом, каб не Парасоннiца.

Прыйшоўшы на прыпынак, яна адразу схавалася пад густалiстую лiпу, адкуль i заўважыла мужчыну, якi згорбiўся, засунуў рукi ў кiшэнi i зрабiўся падобны да пакрыўджанага пеўня. Парасоннiца пашкадавала яго i разгарнула квяцiсты парасон.

– Бывае, стаiш на прыпынку пад дажджом i няма дзе схавацца, – загаварыла да мужчыны Парасоннiца. – А твой парасон стаiць дома, каля пачапельнiка, бо ранiцаю i знаку не было на дождж. I хто мог думаць, што ўвечары палье, як з вядра. I давядзецца думаць: столькi навокал людзей з парасонамi, i нiводзiн не падыдзе i не прапануе схавацца. Вы даруйце нахабства, але вам варта стаць пад мой парасон. Ён невялiкi, але захiне ад дажджу.

Голас у Парасоннiцы быў прыемны, аксамiтны, душэўны.

– Дзякуй, не трэба, – прамармытаў мужчына, выцягваючы рукi з кiшэняў.

З завулка, ракочучы i бразгаючы металам, выкацiўся двухвагонны трамвай. Вадзiцель даў пералiвiсты званок. Пасажыры спрытна паўскоквалi ў салоны. Парасоннiца згарнула зiхоткi парасон i запытальна зiрнула на мужчыну.

– Не мой нумар. – Ён адвярнуўся.

Парасоннiца ўзнялася на прыступку. Вадзiцель плаўна пусцiў трамвай у начны дождж.

"Якая нахабная! – падумаў мужчына, вяртаючы рукi ў кiшэнi. – А якi ў яе брыдкi, стары, зморшчаны твар!?"

28.08.1995

32 – Бульварнiк-1

Шторанiцы ён выглядвае ў акно. Цi ёсць сонца? Ён працуе выключна ў добрае надвор’е. Ён актор балета. Яму патрэбны гледачы. А яны бываюць на бульвары толькi ў пагодлiвыя днi. Таму дзень пачынаецца з доўгага пагляду на неба.

Ён уцёк з Беларусi ў Барселону. Назбiраў грошай, перапрадаючы валюту на Камароўскiм кiрмашы. Праз знаёмага мастака знайшоў сквапную iспанку, фiктыўна ажанiўся i перабраўся ў Каталонiю. Атрымаўшы вiд на жыхарства, ён наняў у рабочым раёне маленечкi пакой з варэльняй i душам. А цяпер на золку выглядае ў адзiнае акно. Цi не пайшоў дождж? Калi на вулiцы суха, Бульварнiк бярэ валiзу з тэатральным касцюмам Дон Кiхота i iдзе ў цёмны двор, што каля кiрмашу. За скрыняй з-пад гароднiны ён пераапранаецца ў рыцара маркотнага вобраза i з ног да галавы зафарбоўваецца ў срэбны колер.

Цэлы светлы дзень ён стаiць на бульвары Рамбла i за кiнутую манетку робiць узмах драўлянай дзiдаю.

Штовечар Бульварнiк выграбае са скрынi нажабраванае. Дзелiць грошы на тры роўныя долi: на старасць, на жыццё i на задавальненне.

А радасцi ў яго вельмi простыя. Разам з вулiчным мастаком сербам, якi ўцёк з Боснii, Бульварнiк iдзе ў бар i напiваецца маскоўскай гарэлкi.

22.09.1995

33 – Цырульнiк

Мужчына ведаў: у Каталонii цырульнi значна даражэйшыя за беларускiя. А што хацець? Можна не падстрыгацца, перачакаць, вярнуцца, завiтаць да знаёмай цырульнiцы i ўпарадкаваць фрызуру. Але цырульнiца, дазнаўшыся пра вандроўку, спытае не пра музей сюррэалiста Далi, а пацiкавiцца станам цырульнага майстэрства на мiжземнаморскiм узбярэжжы. I што казаць? Сквапны?

Мужчына прыгледзеў сцiплую, народную, на адно крэсла, цырульню. Ранiцаю там пачытвалi прэсу i галiлiся небагатыя каталонцы. Перад люстэркам увiхаўся толькi адзiн майстар паважанага ўзросту. Шыльда над установаю не абяцала вышчыпвання валасоў на нагах i дадатковых iнтымных паслуг, а гэта супакойвала.

Мужчына зайшоў, вымавiў прывiтанне, сеў на лаўку чакальнiкаў i ўзяў са столiка спартыўны часопiс. Прэсу ён не любiў, але згодна з падгледжаным рытуалам разгарнуў тыднёвiк. Каталонцы, мiж iншым, проста загорнутыя на футболе i страшэнна перажываюць за сваю знакамiтую каманду "Барселона". Таму ён i надаў сабе сур’ёзны i зацiкаўлены выгляд. Аднак усе футбалiсты як былi, так i засталiся для яго на адзiн бестурботны твар. Таму часопiс хутка быў адкладзены. А мужчына пачаў паглядаць у тэлевiзар, што вiсеў над цырульным люстэркам.

Паказвалi кухараў-кiтайцаў. Доўгiмi крукамi яны лавiлi змей, а потым што толькi з iмi не выраблялi. Адсякалi галовы на калодках, лупiлi скуру, рэзалi на кавалкi, варылi, елi самi i кармiлi дзяцей. Вiдэасюжэт захоплiваў.

Тым часам Цырульнiк апрацаваў патылiцу папярэднiку i запрасiў мужчыну ў скураное крэсла. Той заўсмiхаўся i прамовiў загадзя вывучанае па-iспанску: "Падстрыжыце коратка!" Ён быў задаволены, бо не забыўся чужынскiя словы i яшчэ падгледзеў, колькi заплацiў папярэднi клiент – менш, чым меркавалася патрацiць. Цырульнiк ахiнуў мужчыну блакiтным прасцiрадлам i лёгка запстрыкаў просценькiмi нажнiцамi. Так вось, без усялякiх машынак, вастрадзюбымi нажнiцамi i брытвай-галяком, за якiх шэсць-сем хвiлiнаў мужчыну добра, з густам i без напругi падстрыглi.

У самога Цырульнiка, дарэчы, была вельмi ахайная, брунатная ад загару, блiскучая, цалкам лысая галава. А вось рукi мелi кудлатую поўсць, не раўнуючы, як у мядзведзя. Мужчыну i падумалася, а цi не правесцi конкурс на лепшую фрызуру на руках? Распачаць накiрунак. Даць штуршок новай модзе. Чубок на запясцi, прабор каля локця, арнамент па ўсёй руцэ... Мужчына паспрабаваў бы тое на сабе, толькi меў на руках раслiннасцi замала для станоўчага эксперымента.

Пакуль Цырульнiк стракатаў нажнiцамi, тэлевiзар пачаў паказваць новы сюжэт пра прусакоў. Хоць экран быў маленькi, жамерыны выглядалi магутна – па кiлаграму кожная. Правiльна сцвярджаў жыхар Пiрэнейскае паўвыспы, авангардыст, лiтаратар i гандляр Гомес дэ ля Сэрна: самыя блiскучыя чаравiкi можна пашыць толькi з барселонскiх прусакоў. Мужчына налюбаваўся бурштынавымi жамерынамi ўдосталь, нават пабачыў прусачыны палавы акт. Па тэлевiзii акт атрымаўся вельмi механiчны, цацачны, мультыплiкацыйны. А яшчэ мужчына наглядзеўся сам на сябе ў сапфiравыя вочы. Блакiтныя, светлыя вочы ў Каталонii не часта сустрэнеш, хiба што ў шэрых, падобных да ваўкоў, высокiх сабак. Скрозь чорныя. Цырульнiк, дарэчы, меў вочы вiльготна-атрамантавыя i добрыя, як у лялечнага быка.

Паабтрасаўшы валасiнкi з паголенай мужчынскай шыi, ён манерна шпурнуў шчотку на палiцу. Наравiстая шчотка скокнула i паляцела на падлогу. Мужчына не стрываў i злосна хiхiкнуў. Цырульнiк зазлаваў, загнаў мыском чаравiка шчотку пад часопiсны столiк i ўзяўся за пульверызатар. Мужчына паспрабаваў быў адмаўляцца. А раптам бутэлечка скочыць на падлогу, i тры днi давядзецца дыхаць сумнеўным водарам. Толькi намаганнi былi марныя. Цырульнiк распырскаў смуродлiвую вадкасць. Мужчына азлiўся i закрычаў. Калматыя рукi спрактыкавана разгарнулi брытву-галяк i ўвобмiльг раскроiлi мужчынскае горла ад вуха да вуха.

– Нельга насмiхацца над старэйшымi, – сказаў каталонскi цырульнiк далёка адкiнутай, мёртвай галаве.

24.09.1995


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю