Текст книги "Новы дамавікамерон"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 12 страниц)
7 – Падарожнiк
Да вандроўкi ў Каталонiю ён рыхтаваўся, нават у геаграфiчным даведнiку прачытаў адпаведны нарыс i ведаў, што па-каталонску гаворыць 7000000 чалавек, у тым лiку жыхары Балеарскай выспы Мальёрка.
Жыць у сталiцах Падарожнiк не любiў, таму i выбраў не Барселону, а гатэль CALIPOLIS у невялiчкiм старажытным горадзе Сiчазе.
Галоўнае, лiчыў Падарожнiк, каб у нумары меўся кандыцыянер, абаронца ад спёкi, i было вусцiшна, каб спакойна пiсаць падарожныя нататкi. Усё жаданае ён i знайшоў у невялiкiм пакоi, вытрыманым у тонах кавы з какавай. У сценавой шафе нават знайшоўся ўмацаваны незгаральны сейф. Толькi сейф не меў ключа, таму давялося зноў пабачыцца з парцье i заплацiць даволi вялiкую арэнду, каб вярнуцца ў нумар з залацiстым ключыкам. У нетры сейфа леглi дакументы i грошы. А вось срэбны пярсцёнак Падарожнiк пакiнуў на прыложкавым столiку.
Падарожнiк любiў спаць цалкам аголены, каб не было не толькi апранах, саколак i плавак, але i гадзiннiкаў, ланцужкоў, бранзалетаў i пярсцёнкаў. Усё гэта акуратна складалася на крэслы, тумбачкi i столiкi.
Паслядарожны адпачынак не стаў выключэннем. Паспаўшы з гадзiну, Падарожнiк пайшоў на пляж, каб першы раз у жыццi паплаваць у хвалях густога Мiжземнага мора. Яно расчаравала. Страшэнна салёнае, бруднае – шматкi цэлафану, лохмы паперы, багавiнне, трэскi...
У гатэль Падарожнiк вярнуўся не ў гуморы i таму не заўважыў, што срэбны пярсцёнак знiк з начнога столiка. Пра яго Падарожнiк згадаў толькi на наступны дзень, калi ў краме выбраў сабе медальён, якi яўна пасаваў да пярсцёнка, нiбыта iх рабiў адзiн майстра.
У гатэльным нумары Падарожнiк абгледзеў усе куткi i закуточкi. Змесцiва сейфа праглядалася разоў семнаццаць, не меней. Пярсцёнак вiдавочна адсутнiчаў. Iсцi сварыцца да парцье не мела сэнсу. Як растлумачыць тое, што пры наяўнасцi сейфа каштоўная рэч пакiдалася на столiку? Заставалася падпiльнаваць злодзея.
Увечары Падарожнiк склаў план дзеянняў, а з ранiцы доўга распытваў у адмiнiстратара гатэля, як трапiць у Барселону на карыду. Цярплiвы адмiнiстратар-каталонец успатнеў, пакуль выклаў па-ангельску ўсе свае веды пра карыду. Ён тры разы падкрэслiў, што квiткi трэба замаўляць абавязкова на ценявы бок арэны, хай яны ўтрая даражэйшыя, затое не атрымаеш сонечнага ўдару. Пасля роспытаў Падарожнiк развiтаўся i выйшаў з гатэля. Суха прашархацелi i ссунулiся шкляныя дзверы. Падарожнiк абышоў квартал i сеў пад тэнтам рэстарана PIKNIK, што знаходзiўся якраз насупраць гатэля. Замовiўшы каву, Падарожнiк уладкаваўся пад паласатым тэнтам i пачаў сачыць за гаўбцом i акном свайго нумара. Неўзабаве цяжкая парцьера адсунулася i на гаўбцы з’явiлася маленькая фiгурка кiтаянкi ў форменным адзеннi пакаёўкi-прыбiральшчыцы. Падарожнiк пакiнуў на столiку дзве манеты па 100 песетаў i шпаркай хадою накiраваўся ў CALIPOLIS.
Няўрымслiвую зладзейку ён заспеў за вельмi недарэчным заняткам – кiтаянка корпалася ў пакеце з ягонай бялiзнаю.
Падарожнiк нячутна падышоў да маладзiцы i ўзяў яе за плечы. Кiтаянка ўскрыкнула i азiрнулася. Круглы тварык збялеў, нiбыта рука нябачнай чараўнiцы абсыпала яго блакiтнай пудраю.
– Sorry, sorry... – завыбачалася белатварая кiтаянка.
Падарожнiк адпусцiў трапятлiвыя плечы. Левай рукою ён узяў кiтаянку вышэй локця i падштурхнуў да стала. На чыстым аркушы ён намаляваў пярсцёнак. А што заставалася рабiць? Нi па-кiтайску, нi па-каталонску Падарожнiк не ведаў i 10 слоў.
Кiтаянка адмоўна захiтала галавою i паспрабавала выцерабiцца з дужых рук Падарожнiка, але той трымаў надзейна.
– Go to the administration. – Падарожнiк пацягнуў кiтаянку да дзвярэй.
– No, no... – яна ўкленчыла перад iм на кiлiме i хуткiмi пальцамi апусцiла замок на маланцы i вызвалiла чэлес з-пад плавак.
Агаломшаны Падарожнiк неадрыўна глядзеў на плямку бялюткае скуры на цемi ў кiтаянкi.
Нарэшце да Падарожнiка дайшоў сэнс зробленага маладзiцаю: яна прапанавала паслугi ў абмен на маўчанне пра ўкрадзены пярсцёнак.
"Трэба скарыстаць сiтуацыю напоўнiцу. Трэба паспрабаваць якое вычварэнне, калi ўжо маю сапраўдную азiяцкую палоннiцу" – Падарожнiк пяшчотна пагладзiў кiтаянку па чорна-блакiтных валасах i, узяўшы за плечы, прыўзняў з каленяў.
Пабачыўшы, што Падарожнiк распранаецца, кiтаянка паспяшалася скiнуць працоўную форму. На гнуткiм хлапчуковым торсе амаль зусiм не было жаночых грудзей, адно дзве велiкаватыя круглыя плямiны з узбуджанымi смочкамi. Падарожнiк прыцмокнуў языком i памяў у пальцах пругкiя смочкi. Кiтаянка пакорлiва апусцiла веi, нiбыта даючы згоду на ўсе вычварэннi.
"Трэба нешта прыдумаць... Яна на мне конна... Не! Яна ляжыць на стале, а я знянацку ўваходжу ёй у заднюю дзiрачку... Банальна. Яна звязаная, з кляпам у роце, курчыцца на падлозе, а я спраўляю ўсе патрэбы на яе хлапчуковае цела... Цi ж гэта ў радасць? Яна..."
Падарожнiк заўважыў, што кiтаянка пачала пакрывацца "гусiнай" скураю. Кандыцыянер працаваў на ўсю магутнасць. Давялося сунуцца праз увесь пакой i пераключыць на мiнiмум. Толькi ў пакоi не пацяплела, таму Падарожнiк разабраў ложак i, слiзгануўшы пад шаўкавiстыя прасцiны, жэстам запрасiў маладзiцу далучыцца. Тая правiльна зразумела жэст, i праз якое iмгненне звiлася клубком памiж шырока раскiнутых мужчынскiх ног дый працягнула перарваны мiнет. Падарожнiк выштурхнуў струмень насення кiтаянцы на язык. Тая лёгка праглынула густы кiсель, але не спынiла пяшчотнай гульнi.
Калi Падарожнiк прачнуўся, у пакоi пахла свежасцю ад вымытай падлогi. Раптам ён ускочыў з ложка i пачаў сутаргава шукаць ключ ад сейфа. Ключ знайшоўся. Рэчы, грошы i дакументы ляжалi на ранейшых месцах. Падарожнiк уздыхнуў з такой палёгкаю, што з яго выйшлi нават страўнiкавыя газы.
"Займацца каханнем з экзатычнай жанчынаю тое самае, што есцi невядомую страву", – падумаў Падарожнiк i ўспомнiў каталонскi сыр, якi быў яўна прыпраўлены лоем, ажно горла перахоплiвала, такi даўкi.
10.08.1994
8 – Пляжнiк
Спакой. Шолах невысокiх хваляў. Золак.
Вузенькiм завулкам на бераг Мiжземнага мора спусцiўся Пляжнiк – высокi загарэлы маладзён у чорных шортах i доўгай чорнай майцы. Ён сеў на кукiшкi непадалёк ад вады i пачаў забаўляцца з пяском. Ён перасыпаў яго з рукi ў руку, з далонi на далонь, набiраў у жменю i пускаў праз пальцы. На бясхмарным твары грала задавальненне.
З-за хвалялома на пляж выйшлi дзве старыя кабеты. На тонкiх белых нагах яны неслi аб’ёмiстыя жываты, прыкрытыя стракатымi купальнiкамi. Зрэдчас старыя нахiлялiся i вычэрпвалi з плыткай вады пустыя ракавiнкi. Кабеты ўсё рабiлi моўчкi, пэўна, яны пражылi такi доўгi век, што ўсе словы, якiя ведалi, даўным-даўно сказалi. Iх белыя i пушыстыя, што дзьмухаўцы, галовы схавалiся за наступным хваляломам.
Пляжнiк скiнуў з сябе доўгую майку i шорты. Схадзiў да высокага бачка са смеццем i выкiнуў вопратку.
Першыя промнi пазалацiлi аголенае цела. Пляжнiк уладкаваўся на пяску i пачаў акуратна i нетаропка засыпаць сябе сухiм белым пяском.
З гатэля, якi аддзяляла ад пляжа толькi вузкая стужка дарогi, выйшлi два хлопцы. На адным з iх, акрамя ружовых шортаў ды скураных сандалетаў, зусiм нiчога не было. Але ён, мусiць, лiчыў, што шматлiкiя каляровыя татуiроўкi прыкрываюць аголенасць значна лепей за размаiтыя анучы. На другiм хлопцу былi высокiя, забэрсаныя тоўстымi матузкамi, цяжкiя, падкаваныя чаравiкi i скураны цёмны строй, якi складалi кароткiя нагавiцы i куртка-безрукаўка. На гладка выстрыжаных галовах тырчалi набрыялiненыя чубкi. Два правыя вухi ўпрыгожвалi восем срэбных завушнiц, па чатыры – кожнае. Гэта геi выйшлi павiтаць першыя промнi сонца. Яны спынiлiся пад высознай пальмаю i злiлiся ў ласкавым пацалунку, на якi здатныя толькi мужчыны, якiя любяць адно мужчын. Калi ж яны пакiнулi абдымацца i ўбачылi на пяску Пляжнiка, дык паспяшалiся знiкнуць за гатэльнымi дзвярмi.
Тым часам Пляжнiк так акуратна i па-майстэрску засыпаў свае ногi, быццам iх нiколi i не было. Але Пляжнiк не задаволiўся плёнам сваёй працы. Ён лёг на спiну i правай рукою пачаў засыпаць торс. Пясок сыпаўся лёгка, i ў хуткiм часе з-пад яго вытыркалася толькi галава з заплюшчанымi вачыма ды правая рука.
З вулiцы, што ўздымаецца да старажытнаiспанскай фартэцыi, на пляж прыйшла мацi з дачкою. Яны хутка паскiдалi сукенкi на пясок i, вызвалiўшыся з купальнiкаў, пабеглi ў мора. Жанчына i дзяўчынка мелi вельмi падобныя целы, гэта было нiбыта адно цела ў розных стадыях iснавання.
Над шумам хваль разам з веерамi пырскаў узлятаў на фуркатлiвых крылах дзявочы смех.
Вялiкае Пляжнiкава цела пачало пад пяском варушыцца. Яно выконвала змяiныя звiлiстыя рухi. Пляжнiкава галава разам з правай рукою паступова заглыбiлiся ў пясок i знiклi пад iм.
Колькi iмгненняў на тым месцы, дзе ляжаў Пляжнiк, варушыўся i дыхаў пясок. Але спакваля i пясочны шэпт ацiх.
Дзяўчынка з жанчынаю выбеглi з мора на пясчаны бераг. Яны доўга выцiралi свае залацiстыя торсы вялiкiмi блакiтнымi ручнiкамi. Апрануўшы сукенкi, мацi з дачкою прайшлi ў бок горада якраз праз тое месца, дзе Пляжнiк знiк пад пяском. Яны прайшлi i нiчога не заўважылi, таму што нельга нiчога заўважыць, калi гэтага не захацеў сам Пляжнiк.
Над апусцелым берагам стаяла сонца.
11.08.1994
9 – Ератнiк
На мiнскiх Кальварыйскiх могiлках у сутарэннях закiнутай i паўразбуранай неагатычнай каплiчкi завёўся ЕратнOк. Паходзiў ён з тых небаракаў i недарэкаў, што адзiнае сваё жыццё марнуюць на розныя ўзаемаадносiны з дробнымi нячысцiкамi ды анёламi сярэдняга iнтэлектуальнага ўзроўню. Звычайна такiя недарэкi заблытваюцца ў пошуках памiж сiламi святла i цемры i, не знайшоўшы выйсця, накладаюць на сябе рукi. Толькi неба не спяшаецца прымаць хай i спакутаваную, але грэшную душу; вось i ўтвараецца гэткая iстота – нi чалавек, нi чорт, а просты Ератнiк.
Кальварыйскi Ератнiк меў выгляд высокага сутулаватага хлопца, вiсланосага, з акулярамi "ровар" на падслепаватых вачах, з доўгiмi, ажно па лапаткi, роўнымi валасамi, вялiкiмi далонямi i ступакамi не меншымi за 44-ты памер. Некалi раней такiмi ўяўлялiся заходнееўрапейскiя хiпi, беспрытульныя шукальнiкi iсцiны ў таемных краiнах Усходу.
Як i ў найсапраўднейшага хiпi, у Кальварыйскага Ератнiка на шыi вiсеў скураны капшук з цыгарэтамi. Праз кожныя дзве-тры хвiлiны Ератнiк пакерхваў у кулак, i, па ўсiм было вiдаць, яму страшэнна карцела запалiць, але здароўе не дазваляла. Прыкладна раз на тры гадзiны ён усё ж даставаў з нагруднага капшука просценькую цыгарку без фiльтра i дрыготкай рукою ўкладаў яе ў асмяглыя вусны. З таго ж запаветнага капшука бралiся i запалкi. Агеньчык падносiўся да цыгарэты i ўсмоктваўся ў яе. З першым глытком дыму на Ератнiка нападаў жахлiвы прыступ кашлю. Даводзiлася класцiся на бок, скурчвацца i абедзвюма рукамi чапляцца за нешта нерухомае. Звычайна Ератнiк чапляўся за ножку старой скураной канапы, якую мiкрараённыя падшыванцы прыцягнулi са сметнiка ў каплiцу, з вядома якiмi намерамi, каб вадзiць на яе распусных дзявуль, але тыя, хоць i лядачыя бессаромнiцы, а на могiлках кахацца адмаўлялiся. Падшыванцы пра канапу забылiся, а вось Ератнiку, што завiс памiж зямлёю i небам, яна вельмi дапамагала, асаблiва падчас прыступаў. Ён ашчарэплiваў ножку i скурчваўся, тады выбухi лёгкiх не былi такiя балючыя i не рвалi на кавалкi нутро. Пасля кожнага прыпадку Ератнiк кляўся i бажыўся, што болей нiколi ў жыццi не зацягнецца тытунёвым дымам. Ягонага слова i абяцанняў, дадзеных Богу, хапала на гадзiны дзве-тры, i карцiна з курчамi паўтаралася. Толькi з надыходам цемры кашаль адпускаў Ератнiка, i той уволю курыў адну цыгарэту за адной. Сiнi дым слаўся над капцамi i вiўся мiж срэбных крыжоў. Накурыўшыся да шчымлiвай слодычы, Ератнiк хадзiў на паляванне.
Звычайна ён не iшоў далёка, а зладзейнiчаў непадалёку могiлак. Праўда, пасля кожнага зладзейства ўпаляваць ахвяру было ўсё цяжэй. Дзяцей бацькi не выпускалi, жанчын сустракалi сваякi, дзяўчат хлопцы праводзiлi да самых дзвярэй i самi як хутчэй вярталiся дамоў i зачынялiся на ўсе засаўкi. Па радыё i тэлевiзii перадавалiся папярэджаннi, а ў газетах Ератнiка чамусьцi апiсвалi як нейкага там маньяка з вельмi моцнымi псiхiчнымi адхiленнямi.
Колькi разоў мiлiцыянты разам з аддзелам па барацьбе з тэрарызмам Камiтэта Дзяржаўнай Бяспекi ладзiлi аблавы на Кальварыйскiх могiлках, толькi схарон не знайшлi. Праўда, Ератнiк малiў Бога, каб i надалей аператыўнiкi шукалi яго ўночы, калi няма кашлю, бо загiнуць ад рукi чалавека ў пагонах Ератнiку, як i кожнаму сапраўднаму пацыфiсту, вельмi не хацелася. Тым больш, Ератнiк добра ведаў: цела ягонае пасля самагубства зрабiлася б вельмi плюгкiм ды ненадзейным, i ўсялякi, нават найдрабнейшы парэз цi парыў могуць прывесцi да поўнага распаўзання i рассыпання. I пры ўсiм гэтым у целе, у костках, у цяглiцах было дастаткова дужасцi, каб наляцець на ахвяру, ашчаперыць ёй горла i задавiць. Пагатоў палова людзей памiрала не ад удушша, а ад пераляку.
На эфект нечаканасцi Ератнiк разлiчваў i той раз, калi, схаваўшыся ў цёмную шчылiну памiж газетным кiёскам i тэлефонным аўтаматам, назiраў за тралейбусным прыпынкам. З усiх пасажыраў, а iх Ератнiк пераглядзеў у познi халодны вечар шмат, на здзек была абраная маладзенькая студэнтка унiверсiтэта, якая бестурботна вярталася з лекцый. Ератнiк прайшоў за ёй метраў трыста ад прыпынку i на цёмнай пустцы за крамаю "Лакi i фарбы" наляцеў, не раўнуючы, як той драпежны каршун на цнатлiвую галубку. Ератнiк схапiў яе за горла, так што нi ўдыхнуць нi выдыхнуць. Дзяўчына пачала кiдацца, курчыцца, выломлiвацца... Маладое цела змагалася за жыццё, як магло, як умела. Але сiлы былi няроўныя. Вочы ў пакутнiцы вырачылiся. Язык выпаў з разяўленага рота, рукi абвiслi вяроўкамi. Каленi сагнулiся. Цела пасунулася да зямлi. Узрадаваны даволi лёгкай перамогаю, Ератнiк прысеў на яшчэ цёплае дзявочае цела, каб i самому крышку перавесцi дух. Адпачыўшы, ён, як заўзяты майстра ў катаваннях, павыварочваў дзявочыя суглобы ў локцях i каленях. Пальцы рук ён патрушчыў абцасамi, а твар разбiў каменем на крывавую кашу. Напрацаваўшыся, Ератнiк лёг побач з пакалечаным целам i, зрабiўшы сцiзорыкам невялiкую дзiрку ў артэрыi на шыi, уставiў туды кактэйлевую саломiну i пачаў ссаць густую цёплую кроў.
Вось за гэтым амаральным заняткам яго i заспеў iншы Ератнiк, жыхар закiнутага вiнзавода. Ён цiшком падпоўз да кальварыйскага Ератнiка i ўдарыў таго каменем па галаве. Ён гахнуў тым самым каменем, пад якiм прыгожы дзявочы твар ператварыўся ў жудасны вiнегрэт.
Вiнзаводаўскi Ератнiк пэўна забiў бы кальварыйскага, каб не каўтун. Больш як паўгода кальварыйскi Ератнiк не мыўся i не расчэсваўся, вось у ягонае валоссе i ўбiлася беларуская старажытная хвароба каўтун, i на самым цемi вырас валасяны гузак-клубочак. Па гэтым каўтуне i пацэлiў вiнзаводаўскi Ератнiк. I ўсчалася немiласэрная бойка. Яны грызлiся, драпалiся, выломлiвалi ключыцы, душылi адзiн аднаго... Лямант, вiскат, крык, скавытанне, рык стаяў на ўвесь мiкрараён. Толькi абачлiвыя людзi не спяшаюцца на дапамогу каму б там нi было.
Вынiк бойкi быў вырашаны дзякуючы такой драбязе, як кашаль. Кальварыйскi Ератнiк спачатку адчуў лёгкае пяршэнне, а потым забухаў так, як нiколi не кашляў. Яго ўласная кроў пацякла праз вушы, а са страўнiка праз рот вырвалася кроў закатаванай дзяўчыны. Вiнзаводаўскi Ератнiк не разгубiўся, ён адбегся пад краму "Лакi i фарбы" i тут жа вярнуўся з пустым бiтонам з-пад нiтраэмалi. Гэтым бiтонам ён i пачаў бiць-дабiваць недарэку. Разбiў кальварыйскага Ератнiка на смярдзючы прах. З гурбы таго тла вiнзаводаўскi Ератнiк выграб скураны нагрудны капшук i, засунуўшы яго ў кiшэню, пашыбаваў рабаваць каплiцу, у якой больш за паўгода тулiўся калега.
12.08.1994
10 – Русалка
Ён любiў дзён дзесяць адпачыць зiмою. З’ехаць за горад, у якi санаторый цi дом творчасцi, каб удосталь пахадзiць па заснежаным лесе: нiшто так не супакойвае, як iльдзiстае паветра ў сасновым бары.
Дом творчасцi лiтаратараў "Iслач" мужчына не вельмi каб i любiў, але ў iншыя дамы адпачынку i санаторыi на той час цi то зусiм пуцёвак не было, цi кошты i тэрмiны не задавальнялi.
Вось i давялося з усiх кепскасцяў выбiраць найменшую. Выбраўся невялiчкi нумар на другiм паверсе з гаўбцом, душам i лядоўняю. Каб канчаткова не зайсцiся ад iльдзiстага паветра, мужчына прыхапiў з дому электрычны камiн. Цяпло, утульнасць i добры стол (а кармiлi на "Iслачы" проста i дастаткова) рабiлi адпачынак прыемным i пустым, як лёгкi лiпеньскi ветрык.
Мужчына, абуўшы валёнкi з высокiмi халявамi, цэлымi днямi гуляў у сасновым бары, а ўвечары, перад сном, падоўгу, ажно за поўнач, чытаў. Нiякiх iншых задавальненняў ён не шукаў, i маладую прастытутку, што ў першы вечар паспрабавала навязаць эратычныя паслугi, адаслаў нi з чым.
Вось так павольна i прамiнула палова тэрмiну, так бы прайшла i другая палова, каб не адна неверагодная акалiчнасць...
Як i заўсёды пасля сняданку, мужчына выйшаў на шпацыр. Ён абмiнуў будынак дома творчасцi, якi быў стылiзаваны пад сярэднявечны замак, i сцежкаю, пратаптанай у глыбокiм снезе, спусцiўся да рэчкi. Сцежка, вывеўшы да кладкi, вiлася на другi бок i знiкала ў чорным яловым лесе. Мужчына не стаў пераходзiць рэчку. Ён пастаяў каля кладкi, паслухаў пералiўнае вуркатанне вады i шархаценне сухога чароту. Чыстая крынiчная рэчачка плыла ў ледзяных карунках. I так яна была ўся прыбраная ў сумёты i лёд, што мiжволi згадваўся строй нявесты-каралеўны. Мужчына ж – зацяты халасцяк – страшэнна не любiў вясельныя рытуалы, а таму паспяшаўся адысцiся ад рэчкi ў бок завоiны.
Завоiна была старая, зарослая па берагах чаротам i трыснягом, а пасярэдзiне шапаткога зараснiку ляжала круглая i гладкая, як люстэрка, азярынка. Мужчына прашарахцеў, прадзёрся праз сухi i ломкi чарот i выйшаў на люстраны круг. Пад ягонымi чорнымi валёнкамi ляжаў паўметровы слой празрыстага лёду. Пад iльдом мужчына разглядзеў доўгiя касмылi цёмна-зялёнага ды ёдзiстага багавiння, за якiмi хавалiся сонныя жабкi. Мужчына прайшоў да сярэдзiны завоiны i спынiўся. Ён спынiўся так рэзка, нiбыта пачуў удар травеньскага перуна...
Пад iльдом, на смарагдавай купiне водарасцяў, ляжала жаночая рука. Вочы самi слiзганулi па руцэ да пляча, па шыi i спынiлiся на мярцвяна-белым твары. Русалка, што ляжала ў вадзе пад паўметровым iльдом, паварушыла вуснамi, нiбыта прамармытала ў сне нешта няўцямна-таемнае.
Разгублены мужчына пачаў медзведзекавата адступаць на край ледзянога круга. Ягоны пагляд быў прыкуты да мёртвага жаночага твару. Мужчына хацеў быў павярнуцца i кiнуцца бегчы ад праклятай завоiны, i тут мёртвыя вочы расплюшчылiся, i з-пад вады, з-пад лёду, зiрнуў такi сцюдзёны блакiт, што палахлiвае адступленне было спынена.
Русалчыны вусны варушылiся. Як мужчына зразумеў, што палоннiца молiць яго аб вызваленнi, ён не ведаў i не здагадваўся. Ён адчуў, што трэба праламаць, прабiць лёд i вызвалiць паланёную Русалку.
Праз iмгненне мужчына ляцеў у бок дома творчасцi, дзе на аўтапляцоўцы зламаў замок на пажарным шчыце, каб, зняўшы з крукоў цяжкi, пафарбаваны ў крывяны колер лом, вярнуцца на завоiну са зброяй.
Лёд быў як камень. Вострыя аскепкi пырскалi ва ўсе бакi i секлi чарот. Мужчына ўзмакрэў i скiнуў шапку з курткаю. Праз колькi хвiлiн ён ужо быў з аголеным торсам. Над блiскучымi ад поту плячыма ўздымалася пара. Нарэшце лом прабiў лёд, але ў тое ж iмгненне ён выслiзнуў з потных рук i знiк у водарасцях.
Мужчына ўзняў вочы да неба, нiбыта яно магло вярнуць страчанае. Можна не сумнявацца: неба не пачула мужчыны. А вось Русалка, вядома ж, дапамагла. Яна злавiла лом у муле i прасунула яго ў маленькую палонку. Мужчына змог працаваць далей i выдзеўб такую вялiкую палонку, што можна было б купацца ўдзесяцярых.
Расчырванелы, разагрэты работаю мужчына чарпануў прыгаршчай вады з лёдам i апаласнуў твар. Вада падалася яму летняй, цёплай, нiбыта ў жнiўнi на плыткаводдзi. Мужчына хацеў быў яшчэ чарпануць вады, каб упэўнiцца ў яе цеплынi i абмыць успатнелыя плечы, але адхапiў руку. У палонцы заварушылася, закiпела, запералiвалася незлiчоная колькасць рыбiн. Яны прыплылi да паветра. Залацiстабокiя карасi кiшма кiшэлi ў прасечанай адтулiне. Яны так танчылi i падскоквалi, што некаторыя апынулiся на лёдзе. Мужчына паскiдаў iх назад. Карасi сышлi з палонкi гэтаксама нечакана, як з’явiлiся. Вада супакоiлася i зацягнулася ледзяной шугою.
Мужчына, адчуўшы холад, ахiнуўся курткаю. Ён чакаў, i недарма: з глыбiнi завоiны ўсплыла Русалка. Спачатку на паверхнi з’явiўся яе правiльны, як рымская маска, твар. Русалка выцерла яго далонню i праз пальцы зiрнула на выратавальнiка. Той не вытрымаў пагляду i адышоўся на колькi крокаў. Русалка лёгка ўзнялася i села на край палонкi. У яе былi ядвабныя зеленавата-русыя валасы, бялютка-блакiтнае аголенае цела i – што больш за ўсё здзiвiла мужчыну – стройныя доўгiя ногi. Русалка пачала бiць iмi па вадзе, пускаючы вееры пырскаў.
– Ты, напэўна, змерз, – загаварыла яна пералiвiстым голасам. – Хадзi да мяне, мой выратавальнiк, я цябе прытулю i абагрэю. У мяне такiя гарачыя, палымяныя, пякельныя абдымкi. Нiякi мароз, нiякая сцюжа-завiруха не страшныя, калi ты будзеш са мною. Хадзi, хадзi блiжэй. Не бойся мяне!
– А чаму ты апынулася пад лёдам? – у пытаннi прагучалi ноткi недаверу.
– Стамiлася i заснула, а мароз накрыў лёдам завоiну. Без паветра я нiяк не магла прачнуцца. Сiлы не было. Толькi дзякуючы тваёй кемлiвасцi, твайму спачуванню i чуласцi я вярнулася да жыцця. Каб не ты – уся завоiна вымерзла б да самага дна. Але цяпер небяспека мiнулася, i настаў час пяшчоты i ўдзячнасцi.
Русалка ўзнялася на лёд i адкрылася перад мужчынам усёй сваёй недаравальнай прыгажосцю. Мужчына пакорлiва дазволiў абняць i пацалаваць сябе.
– Пойдзем са мною, мой любы выратавальнiк. Я пакажу табе свой дом.
На лёд упала мужчынская куртка.
– Не трэба тут, я ненавiджу завоiны. – Русалка паспрабавала выбрацца з дужых мужчынскiх рук. – Ну не трэба...
Мужчына не слухаў Русалку. Ён павалiў яе на лёд. Каленямi рассунуў сцёгны i па-жывёльнаму рэзка заштурхнуў чэлес у похву. Русалка закрычала. Яе ногi ўзляцелi ўгору. Торс мужчыны заторгаўся ў вар’яцкiм рытме. Выкiд спермы ўсцешыў i яго i яе. Мужчына паспрабаваў выняць чэлес з Русалчынай похвы, але не змог. Похвенныя губы шчыльна абхапiлi чэлес нiжэй галоўкi i не выпускалi. Мужчына ўпёрся далонямi ў лёд i паспрабаваў узняцца над Русалкаю. I ў гэтае iмгненне яе доўгiя пальцы пабеглi па ягоных рабрынах пад пахi. Дрыготка i курчы перакасабочылi мужчыну. Рукi ягоныя прымерзлi да лёду, як i каленi. А чэлес моцна трымала Русалчына похва. Адна рука гэтай драпежнай жорсткай iстоты ўпiналася яму ў падбароддзе з такой сiлаю, што, здавалася, вось-вось хруснуць шыйныя пазванкi, а пальцы другой Русалчынай рукi заказытвалi мужчыну да смерцi.
Яго знайшлi дзецi, што прыбеглi на завоiну гуляць у шайбу. Яны страшэнна перапужалiся, пабачыўшы на краi палонкi голага скурчанага нежывога чалавека з выскаленымi зубамi.
Дырэктар дома творчасцi "Iслач" пасля гэтага здарэння не стамляўся паўтараць сваiм i чужым дзецям, што купанне ў палонцы да дабра не давядзе.
Пра Русалку нiхто не думаў.
18.08.1994