355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Новы дамавікамерон » Текст книги (страница 1)
Новы дамавікамерон
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 11:00

Текст книги "Новы дамавікамерон"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 12 страниц)

Глёбус Адам
НОВЫ ДАМАВIКАМЕРОН

казкi для дарослых

Падрыхтаванае на падставе: Адам Глёбус, Новы дамавікамерон: Казкi для дарослых – Мінск: Выдавецтва Літаратура, 1998.

© Камунікат.org, 2012

1 – Анёл-1

Анёл з’яўляецца з-за паркана.

Можа, хто з маiх суседзяў i бачыў, як Анёл выходзiць з пад’езда цi як вылятае са слухавога акенца майстэрнi, што некалi належала савецкаму разьбяру, а цяпер – уласнасць нацыянальнага музея. Можа i так. Толькi сапраўдны Анёл уздымаецца з-за жалезабетоннага паркана, на якiм напiсана чырвонае слова НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ, з-за таго самага плота, што адгароджвае стары двор ад новабудоўлi.

Спачатку паказваецца анёльская галава: кудзеры доўгiх светлых валасоў вакол вузкага белага твару з тонкiм доўгiм носам ды круглымi сiнiмi вачыма. Потым з’яўляецца шыя з акуратным кадыком i выплываюць плечы, за якiмi можна ўбачыць магутныя крылы.

Можа, хто з маiх знаёмых i сустракаў Анёла ў залатым плашчы цi ў блiскавiчным панцыры мадрыдскага тарэадора. Можа... Але Анёл, якi ўздымаецца з будоўлi, носiць яскрава-чырвоны хiтон. На Анёле доўгi, колеру артэрыяльнае крывi хiтон i больш нiчога. Нават зiмою, у лютыя маразы, Анёл босы. Зрэшты, Анёл не ходзiць па грэшнай зямлi. Ён лунае, планiруе, лётае. Анёл уздымаецца, узносiцца, творыць урачыстасць. Анёл – лётчык ад Бога.

"Мой мiлы таварыш, мой лётчык, – думаецца мне, калi бачу, як над Мiнскам плыве Анёл, – Вазьмi ты з сабою мяне". Толькi ён не здагадваецца пра мае вершаваныя рэфлексii. Анёл не ўмее чытаць чужыя думкi. А я не магу пагаварыць з Анёлам, бо не вывучыў анёльскую мову. Застаецца адно глядзець, як доўгiя лёгкiя пальцы сыплюць з-пад хмараў ружовую яблыневую квецень. У Раi заўсёды ёсць яблыня ў квеценi. I я не бядую, што Анёл не разумее мяне.

Можа, хто з маiх сяброў мае iншыя думкi пра Божага лётчыка. Хай... Толькi даўжыня прамоўленай малiтвы не вызначае шчырасцi веры ў Анёла.

14.09.1994

2 – Тапольнiк

Невялiчкi двор з боку вулiцы адгароджваў фундаментальны паркан з веснiцамi. З другога боку цягнулiся запыленыя шыбы дрэваапрацоўчага прадпрыемства. Памiж парканам i мэблевым цэхам уклiнiлася двухпавярховая хiмчыстка. Каля ўвахода ў цэх стаяла ўкапаная ў зямлю лаўка. Яе спрэс зрэзалi падлеткi. Найглыбей у дрэва быў ўтоплены надпiс: Мiласлаў + Веранiка.

Яшчэ ў дворыку самоцiлася высознае дрэва, стромкая таполя. Яна расла каля трохпавярховага тарца, якi загароджваў пустэльны двор з чацвёртага боку.

На асветленым тарцы трымцелi празрыстыя, нiбыта разведзеныя вадою, ценi ад галiнаў. Тарэц быў малочна-жоўты, а ценi – сцюдзёна-блакiтныя i нагадвалi рэкi, намаляваныя на контурнай мапе.

На ўзроўнi трэцяга паверха, за галiнамi, хаваўся адзiны гаўбец. Ён жорстка выкрэслiваўся на плоскай сцяне сваiмi чорнымi парэнчамi. Нi вокнаў, нi дзвярэй на тарцы не было, i таму сiметрычна пасаджаны гаўбец выглядаў скульптурна.

На гаўбцы стаялi двое: Тапольнiк i жанчына. Яны палiлi цыгарэты. Ён абапiраўся локцямi на чыгунныя парэнчы. Яна прытулiлася спiнаю да атынкаванае сцяны. Яны палiлi i глядзелi на ледзь заўважнае пагойдванне запыленых галiнак.

У жанчыны былi цёмныя, нiбыта жнiвеньская лiстота, вочы. Яна мела прыязны пагляд i спакойны твар. Масянжовыя спружынкi валасоў зiхацелi ў вечаровым сонцы. На жанчыне была кароткая спаднiца i лёгкая кашуля, такая белая i празрыстая, што праз яе можна было ўбачыць невялiчкiя грудзi з вострымi смочкамi. Жанчына стаяла на гаўбцы басанож. Ёй было прыемна стаяць на роўным бетоне, якi не паспеў астынуць пасля лiпеньскага дня.

Тапольнiк меў даўгаваты твар, i калi зацягваўся цыгарэтаю, на худых пашчэнках iскрылася аднадзённая шчэць. На Тапольнiку былi палатняная кашуля i пацёртыя джынсы. Ён насiў зусiм кароткую стрыжку, досыць акуратную, але занадта кароткую, i можна было падумаць, быццам яго падстрыглi прымусова. Тапольнiк, як i ягоная жанчына, стаяў на гаўбцы басанож.

Калi б Тапольнiк выцягнуў руку, ён мог бы дакрануцца да ядвабнае лiстоты. Ён здолеў бы дастаць рукою галiну высокай, вышэйшай за трохпавярховы дом, таполi. Калi б ён толькi захацеў, ён нават мог бы зламаць тую галiну – хто ж не ведае, якая крохкая таполя – але Тапольнiк гэтага не зрабiў.

– Таполя – гожае дрэва, – сказаў ён.

– Прыгожае дрэва – мая таполя, – падтрымала размову жанчына.

– У таполi цяжкiя лiсты.

– Цяжкiя лiсты ў таполi.

– У таполi крахольныя галiны.

– Крахоля тапольнае дрэва.

– Крахоля вельмi тапольнае дрэва, – сцвердзiў ён.

– Вельмi-вельмi тапольнае дрэва, – падтрымала яна.

– Па крахоле не ўзлезеш на гаўбец.

– Па крахоле не злезеш з гаўбца.

– Так, бо ў крахолi ненадзейныя тапольныя галiны.

– Такiя тапольныя, што абломяцца, калi ты станеш на iх; яны не вытрымаюць твайго цяжару, яны занадта крохкiя, i калi iх зломiш, яны моцна пахнуць гаркатою i летам.

Тапольнiк расцiснуў недапалак аб парэнчу i кiнуў долу, на чэзлы траўнiк, пад самы камель гонкае таполi. Жанчына зрабiла тое ж. Яны вярнулiся ў пакой. У прасторны пакой з пабеленымi сценамi, з дашчанай нефарбаванай падлогаю, з высокай столлю. Там амаль не было мэблi, толькi палiраваная шафа i разасланы ложак, да якога прытулiўся нiзкi столiк. На iм стаяў эмалiраваны глечык з вадою, шклянка i талерка з яблыкамi папяроўкамi.

Жанчына скiнула спаднiцу i празрыстую кашулю. У яе сапраўды былi невялiкiя грудзi з вострымi смочкамi. Яна не саромелася сваёй аголенасцi, сваiх грудзей i цёмнага трохкутнiка. Яна легла на крухмальную прасцiну.

– Iдзi да мяне, – сказала жанчына.

Тапольнiк лёг побач.

Жанчына прымружыла вялiкiя, цёмна-зялёныя вочы.

18.05.1994

3 – Кавярнiк

Пачаўся халодны дождж.

Кавярнiк прагульваўся па ўзбярэжжы Свiслачы каля Траецкага прадмесця. Ён вырашыў зноў вярнуцца ў кавярню "Стары прыяцель" i выпiць яшчэ адзiн кубачак гарачага напою. Кавярнiк вельмi любiў наведваць невялiчкiя бары i рэстараны ў дождж. Каго толькi не сустрэнеш каля стойкi! I гэтым разам аматар кавы не памылiўся ў разлiках.

– А цi не выпiць нам гарэлкi?

Кавярнiк адчуў спiнаю цёплы дотык жаночых грудзей.

– Давай. – Кавярнiк пагадзiўся на першы кантакт без улiку знешнiх даных партнёркi.

Першы пагляд вочы ў вочы не прынёс нi захаплення, нi расчаравання. Жанчына, што запрапанавалася Кавярнiку, мела шырокую фiгуру, усмешку, поўную белай эмалi, чорны лак на пазногцях i брунатны чаравiк у руцэ.

– Бегла! – яна скасавурылася на чаравiк. – Думала, зусiм плыткая лужынка. I – на табе, па калена ўскочыла! Ледзь нагу не зламала. Холадна. Трэба выпiць гарэлкi, каб не захварэць.

Кавярнiк звузiў ёдзiстыя вочкi i замовiў трунак сабе i жанчыне з чаравiкам у драпежна-чорных кiпцях.

– Мы каўтаем гарэлку такiмi дозамi, што хутка нап’ёмся "ў дошку", – справядлiва адзначыла жанчына пасля новых пяцiдзесяцi грамаў.

Лiмонавая жаночая шкарпэтка, павешаная на батарэю, выклiкала ў шматлiкiх наведнiкаў "Старога прыяцеля" не толькi здзiўленне, таму Кавярнiк схаваў яе ў кiшэню. Гэта быў апошнi эпiзод, якi мог згадаць Кавярнiк з таго дажджыстага вечара, бо iмжа зацерушыла не толькi на вулiцы, але i ў ахмеленай свядомасцi.

З неверагоднай цяжкасцю Кавярнiк вярнуўся да рэальнасцi i расплюшчыў вочы. Яму давялося вельмi здзiвiцца, што ў ложку ён ляжыць цалкам голы, а побач з iм зусiм голая жанчына з чорнымi пазногцямi на руках i нагах. Найлепшым варыянтам паводзiнаў у гэтай сiтуацыi ён палiчыў пяшчотнае прыставанне да соннай iстоты.

– У-у-у! Зноў ты з чэлесам! Толькi заснулi. Цэлую ноч праштурхалiся, а ты зноў чэлес выставiў.

– Не можа быць! – Кавярнiк прыняў руку з акуратна паголеных складачак похвы.

– Ну ты мяне здзiўляеш! – жанчына наставiла на Кавярнiка вадзянiста-шэрыя вочы. – Ты, можа, скажаш, што не памятаеш, як крычаў у "Старым прыяцелi": "Пайшлi ...бацца!" Фу. Мог бы неяк тактоўней сказаць, а то на ўсю кавярню: "Пайшлi ...бацца!"

– Не можа быць! – Кавярнiка агарнула прыкрасць.

– Ён не помнiць! – жанчына закацiла вочы. – А чаму ў мяне анальная адтулка балiць? Як я не люблю, калi мне чэлес устаўляюць у зад. А ён зрабiў гэта разоў сто за адну ноч i... Ха-ха-ха... Забыўся! Паглядзiце на яго! – жанчына пашукала вачыма ўяўных сведак. – Ты толькi зiрнi на маю дупу. – Яна перавярнулася на жывот, прыўзняла зад i рукамi развяла клубы.

– Успомнiў! – на твары ў Кавярнiка зайграла радасць. – Цяпер бачу, што ў гэтую дажджыстую ноч ты не захварэла i не страцiла цнатлiвасцi.

Жанчына пакрыўдзiлася i нацягнула на галаву ваўняную коўдру.

Кавярнiк пацалаваў жаночыя клубы i пайшоў гатаваць дзве порцыi наймацнейшае кавы.

22.05.1994

4 – Танцорка

Танцорка жыла разам са сваёй спаралiзаванай бабуляю.

Калi да Танцоркi наведвалiся госцi, дык ложак з хворай стогадовай кабетай хаваўся за японскую шырму.

– Яна нiчога не бачыць i не чуе, – выбачалася перад наведнiкамi маладзёнка.

Толькi напружанне зусiм не памяншалася пасля такога выбачэння. Наадварот. Госцi крадком зiркалi за жоўтую, размаляваную ў бамбукавы зараснiк шырму, каб спраўдзiць сказанае i на свае вочы пабачыць выпетранае, падобнае да сухога палявога конiка, цела. Вастраносая галоўка ў белай хустачцы нерухома спачывала на бялюткай падушцы, не раўнуючы – таксiдэрмiчны экспанат. Выгляд накрухмаленай бялiзны астуджваў цiкаўнасць, i госцi вярталiся да накрытага льняным абрусам святочнага стала.

Гэтым разам баляванне ладзiлася з нагоды выхаду ў заходнiм еўрапейскiм свеце кампакт-кружэлкi рок-гурту "Мара", з якiм вельмi шчыльна сябравала Танцорка.

Разам з чатырма хударлявымi i доўгавалосымi музыкантамi ўздымалi келiхi зусiм коратка падстрыжаны гукааператар, грымёрка i Танцорка.

Незаўважна i хутка балявальнiкi захмялелi.

– Швецыю! Давайце зробiм Швецыю! – запрапанаваў пазаймацца звальным грахом асалавелы салiст "Мары". – Дзве жанчыны ёсць...

– I пяць мужчын... Знайшоў Швецыю! У шведскай сям’i: двое хлопцаў i дзве дзяўчыны – рок-гурт "АВВА", – разважлiва працягнула размову ружоватварая грымёрка.

– А давайце ўключым у сапраўдныя сябры шведскай сям’i бабулю нашае Танцоркi. – Сола-гiтарыст ашчэрыў буйныя зубы: маўляў, смешна.

– Паскудства i некрафiлiя. – Бас-гiтарыст паправiў цёмныя акуляры на чырвоным носе i налiў сабе паўшклянкi гарэлкi. – Хто яшчэ хоча выпiць?

– Усе не адмовяцца! – ажывiлася пуставокая Танцорка.

– А болей няма, спадары-браточкi-рокеры. – Бас-гiтарыст кульнуў празрысты напой на жалезныя каронкi.

– Што ж ты, гад, творыш? Нават рытм-секцыю не частуеш. – Бубнач паспрабаваў быў прыўзняцца, але яго павяло-павяло i хiстанула на шырму, якая адгароджвала свет маладосцi ад часу старажытнасцi.

Японская шырма з бамбукавымi стамбурамi бразнулася на бубнача.

– А бубначу што? Абы грукату нарабiць, – узрадаваўся бас-гiтарыст.

– Ёсць прапанова: прыкупiць гарэлкi, – падымаючы бубнача, прамармытаў асалавелы салiст.

– Толькi вы з бубначом i да прыбiральнi не дойдзеце. Трэба шукаць iншых кандыдатаў, – уладным тонам выказалася белагаловая Танцорка.

– Сама ты не дапаўзеш да унiтаза. – Бубнач знайшоў сiлы, каб пакрыўдзiцца. – Я наогул сыходжу... Дзякуй за гасцiннасць. Дзякуй, усiм дзякуй...

– Нiхто не заплакаў, можаш кацiцца. – На бок Танцоркi перайшла грымёрка.

– Яго нельга пускаць аднаго, – па-цвярозаму вызначыў гукааператар.

– Правяду, – скарочана i добраахвотна пагадзiўся салiст.

У начным Мiнску цёплы лiпеньскi ветрык забаўляўся з таполевым пухам. Чатыры постацi аматараў рок-н-рольных напеваў ды алкагольных напояў дайшлi да скрыжавання, дзе i падзялiлiся на дзве пары. Салiст пацягнуў дадому-дахаты слабаногага бубнача. Гукааператар з Танцоркаю пашыбавалi на таксовачны прыпынак да аўтабутлегераў.

Сабраных грошай хапiла на адну пляшку. Пад час набыцця гарэлкi адбыўся наступны, амаль японскi, дыялог...

– Ну?..

– Мгы-ы...

– На!

– Во!

Адышоўшыся ад прыпынку на крокаў сто, гукааператар заняў перад Танцоркаю недвухсэнсоўную пазiцыю – вочы ў вочы.

– Я закахаўся ў цябе. – Гукааператар вытрымаў паўзу. – Я не той чалавек, якому патрэбна Танцорка на ўсё астатняе жыццё, але адну ноч нам варта пабыць разам.

– Яны будуць чакаць...

Гукааператар не стаў аспрэчваць вiдавочнага. Ён адчуў згоду, абняў Танцорку, i яны злiлiся ў задушлiвым пацалунку.

У кватэры ў гукааператара востра пахла iзаляцыйнай стужкай.

– Я не хачу пiць, – сказала Танцорка, пабачыўшы, як на стол побач з лiтавальнiкам ставiцца гарэлка.

– А што б ты хацела?

– Павольны танец пад цiхую музыку.

Гукааператар пяшчотна палашчыў магнiтафон i запусцiў вясёлкавую кампакт-кружэлку.

– Добра, што не рок-гурт "Мара". – Танцорка лёгка скiнула ядвабную кашулю, за якой паляцелi ў далёкi куток i лёгкiя скураныя пантофлi.

Доўгае, нiбыта манекенавае, цела паплыло праз павольныя музычныя хвалi ды даўкi водар iзаляцыйнай стужкi. У кут, да пантофляў, пырхнулi карункi станiка, на якiя важка апусцiлiся джутавыя шорты. Чорны трохкутнiчак шаўковых майткаў яшчэ колькi хвiлiн ахоўваў Танцорчына патаемнае месца. Але, нарэшце, i ён знайшоў адпачынак у цёмным куце.

Разняволеная, светлая, як зiмовая казка, Танцорка лунала ў хвалях музыкi.

Гукааператар распрануўся i зрабiў крок насустрач плаўнаму танцу.

Маладзiца ў адным непарыўным жэсце абгарнула хлопца рукамi i сцёгнамi так, што напяты чэлес апынуўся ў расхiнутай похве.

– Любы, табе не цяжка трымаць мяне на руках?

– Цяжка... Ты такая вялiкая i доўгая.

Гукааператар спачатку ўкленчыў, а потым, адхiнуўшыся на спiну, выпрастаў спачатку адну, а потым другую нагу. Танцорка засталася сядзець на кукiшках. Яе цела наплывала на чэлес, як хваля на пiрс.

– Можа iнакш? – гукааператар заклаў рукi за галаву.

– Не-е-е...

Павольна лiлася кампактавая музыка.

Умела, не адрываючыся адно ад аднаго, каханкi мянялi любоўныя паставы.

– Развiднела. – Танцорка пяшчотна палашчыла падушачкай указальнага пальца свой натомлены, працяты залатым абручыкам маленькай завушнiцы, секель.

– У мяне такое адчуванне, што гэта не апошняя наша ноч. – Гукааператар надзеў шырокiя сямейныя майткi.

Калi Танцорка вярнулася ў сваю кватэру, дык пабачыла аголеную грымёрку, якая спала ўпоперак канапы разам з напалову аголеным бас-гiтарыстам ды зашпiленым на ўсе маланкi i гузiкi сола-гiтарыстам.

У гэтую ноч стогадовая бабулька зусiм не спала, яна памерла яшчэ ўвечары, калi госцi толькi пачыналi баляваць.

06.07.1994

5 – Дамавiк

Жанчына пайшла ў царкву ўвечары Чыстага чацвярга. На цвiнтары яна спаткала сваячку.

– Няўжо воўк у лесе здох? Цi, можа, вачам не верыць? – нядобра пачала прывiтанне кучаравая сваячка. – Што гэта ты ў сабор надумалася завiтаць? Цi, можа, не ведаеш, што па святах у храм толькi прасталыткi наведваюцца? I нашто, скажы, губы ў чорны колер фарбаваць?..

– Не табе, чапяла хударэбрая, мне дарогу ў царкву заступаць! – у троп адпрэчыла жанчына. – Адыдзiся, а то мае сапраўдныя, а не накладныя, як у некаторых, пазногцi, пакiнуць на тваiм iлбе дзесяць пiсягаў.

З адлегласцi размова выглядала вельмi зычлiваю, не раўнуючы, святая Марыя ды Лiзавета.

У царкве панавала залатая ўрачыстасць. Ядлоўцавы дымны дух нагадваў пра зыход, пра смерць i нараджэнне – адначасна.

Жанчына падышла да абраза, на якiм Лiзавета сустракалася з цяжарнай Божай Мацi Марыяй, i зацеплiла танклявую свечачку. Толькi жанчына не пакiнула яе пад абразом, а, затульваючы далонню ад скразнякоў, панесла з храма.

– У-у-у... Вядзьмарка падкалодная! – засычэла злоязыкая сваячка, пабачыўшы, як зносiцца з царквы кропля агеньчыка.

Жанчына не адказала на заспiнную абразу, адно плюнула на цвiнтар.

Праз трамвайныя рэйкi яна перайшла ў раён прыватных аднапавярховых дамкоў, дзе за дашчаным плотам хавалася i яе сядзiба: мураваны, белы, на высокiм падмурку дом пад сiвавата-чырвонай дахоўкаю. Узышоўшы на ганак, яна неабачлiва паставiла свечку на парэнчу, i тая ледзь-ледзь не згасла. Але жаночая далонь зноў затулiла дрогкi пялёстак агню, i ён, удзячны, асвятлiў змрачнаватыя сенцы.

Жанчына жыла ў доме адна. Пэўна, таму ўсё навокал мела крышку неўпарадкаваны, прывялы выгляд.

Паставiўшы свечку на шырокую талерку, жанчына па драбiнах узнялася на гарышча.

Змрок, павута i пыл уладарылi пад кроквамi.

Кволы агеньчык слаба асвятлiў засыпаную свежым пiлавiннем падлогу, на якой ляжаў вялiкi i цалкам голы Дамавiк. Жанчына паставiла талерку са свечкаю ў нагах аголенага i скiнула праз галаву святочную сукенку, каб ёю прыкрыць узбуджаную мужчынскую плоць.

– Я ўдзячны табе! – праракатаў Дамавiк, калi светлая сукня накрыла магутныя сцёгны. – Кажы найзапаветнейшае жаданне. Я – Дамавiк – выканаю!

У жаночай галаве ўсё раптам парушылася i затрапяталася, як агеньчык на скразняку.

"О, як доўга чакала... Як шмат хацела, намервалася прасiць, атрымаць, займець... Дзе жаданнi?.. Дзе думкi падзелiся, пазнiкалi?.. Цiшыня... Здранцвенне... Пустэльнасць... А праглася ж мужчынскае ласкi, пяшчоты, моцы... Каб маё цела нарэшце раскрылася насустрач ягонаму памкненню... Каб уся я ператварылася ў апёк, у рану... Каб рана закалiхавала вiльгаццю... Каб ён, залаты i вялiкi, як найглыбей увайшоў у мяне, каб разарваў усю маю сутнасць напалам, а потым сабраў у новае адно, акрапiўшы паўбоскiм насеннем... Хацелася зноў пачуць той крык, выгукваючы якi я згубiла цнатлiвасць..."

Але замест усяго гэтага Дамавiк пачуў зусiм iншае.

– Знайдзi маю кучаравую, як авечка, сваячку, што сягоння сычэла на цвiнтары, напалохай яе, згвалцi, знявеч i забi!

Раптоўны подых сцюдзёнай проймы загасiў свечку, зацепленую пад святым абразом.

Было цёмна i холадна, але паўраспранутая жанчына прасядзела на гарышчы цэлую ноч. Перад яе вачыма нiяк не знiкала вялiкае i чыстае Дамавiкова цела з раз’ятранай плоццю.

У пятнiцу з самае ранiцы выпадковы мiнак знайшоў на беразе возера труп згвалтаванай жанчыны. Твар у нябожчыцы быў скажоны жахлiвым пярэпалахам.

17.07.1994

6 – Вiхурнiк

Дзяўчына марыла стаць кiнаакторкаю. Яна хацела здымацца ў серыялах i займела ўпэўненасць, што неўзабаве зробiцца зоркаю.

На першым iспыце ў Акадэмiю мастацтваў дзяўчына атрымала нездавальняючую адзнаку. Настрой прапаў. Жыць расхацелася. У роспачы яна затэлефанавала свайму хлопцу, якога, мiж iншым, запланавала кiнуць адразу, як толькi атрымае першую ролю ў кiно. Кiне, каб не замiнаў весцi багемнае жыццё. Хлопца не было. Таксафон давялося пакiнуць у спакоi.

Iшоў другi тыдзень, як у Мiнску трывала спёка. Сонца стаяла такое, што нават за чорнымi акулярамi даводзiлася прымружваць вочы. Чаму не закiпала вада ў рэчцы, нiхто не ведаў. А вось бiтум, якiм залiлi шчылiны ў старым асфальце, пульхiрыўся, выцякаў i пэцкаў абутак. Гарачы вецер гнаў па мяккiх ходнiках пасохлае, згарэлае лiсце.

Доўгая прагулянка па распаленым горадзе не прынесла дзяўчыне анiякай палёгкi. Толькi вяртацца дамоў усё адно не хацелася. Яна iшла, не хаваючыся ў цень, не шукаючы ратунку ад немiласэрных жнiвеньскiх промняў, i незаўважна для сябе апынулася ў чужым i далёкiм раёне. Перад вачыма ляжаў школьны стадыён, пасярод якога ўзвышаўся стары самалёт. Дзяўчына прысела на край лаўкi, што цягнулася ўздоўж футбольнага поля. На пляцы не было нiводнай, нават жоўтай сцяблiнкi, толькi на ўскрайку шарэла колькi чубкоў шэрай травы. Выгляд пустога стадыёна нагнаў на дзяўчыну такую смяротную роспач, што тая не вытрымала, паклала галаву на каленi i заплакала.

Праз гэта яна не адразу пачула шолах пылавога слупа, што пачаў вiхурыцца i ўздымацца пасярод пляца.

– Д’ябал, – вымавiла дзяўчына, размазваючы слёзы па шчоках. – Трыццаць тры няшчасцi ў адзiн дзень i яшчэ брудны слуп пылу на маю галаву.

Дзяўчына была ўстала, каб уцячы, але з пылавога слупа загучаў голас i прымусiў яе зноў сесцi на стадыённую лаўку.

– Ты вымавiла слова "Д’ябал", i гэта добра. Калi табе няцяжка згадаць яго, ды паклiкаць мяне, Вiхурнiка, будзе яшчэ лягчэй. Паклiч, паклiч мяне... Вiхурнiк, Вiхурнiк, выйдзi да мяне, i я не раскаюся, што вызвалiла цябе з бруду i пылу...

– Якi Вiхурнiк! Я, пэўна, звар’яцела ад спёкi, – прамовiла дзяўчына.

– Вядома, звар’яцела, – пагадзiўся пылавы слуп. – Iнакш i быць не магло, сонца такое, што ў пекле большая прахалода. Промнi ў цемя напяклi, вось i мроiцца абы-што, вось i бачыцца табе Вiхурнiк у пылавым слупе. Паўтарай за мною... Вiхурнiк, Вiхурнiк...

– Вiхурнiк, Вiхурнiк, – прамармытала няспраўджаная акторка ўслед за нябачным суфлёрам. – Выйдзi да мяне, i я не раскаюся, што вызвалiла цябе з бруду i пылу.

На якое iмгненне дзяўчына адышла ад свядомасцi. А калi розум i яснасць вярнулiся, дык нiякага пылавога слупа не было. Перад вачыма бялеў адно школьны пляц са старым самалётным корпусам.

"Насланнё... Ператамiлася... Трэба вярнуцца дамоў i легчы паспаць. Д’ябал... Вiхурнiк... Замарачэнне нейкае", – з такiмi думкамi дзяўчына села ў аўтобус.

Дамоў яна даехала без прыгод. Толькi вось адпачыць не атрымалася.

Яшчэ не пераапрануўшыся, яна пачала тэлефанаваць хлопцу, i той, на гора горкае, быў дома.

– Прывiтанне, – пачала дзяўчына. – Куды ты знiк?

– А якая каму справа, дзе я бываю, куды хаджу?

– У мяне непрыемнасцi. – Дзяўчына паспрабавала не заўважыць напружанасцi. – Я правалiла iспыт, атрымала двойку па сцэнiчным майстэрстве. Выкладчыкi палiчылi мяне бяздарнай.

Дзяўчына сабралася заплакаць, але нечаканы паварот у размове спынiў слёзны прыступ.

– I правiльна. Яны слушна зрабiлi. Ты – бяздарная. I пра гэта ведалi ўсе, акрамя цябе. I добра, што двойка. Цяпер i ты даведалася пра ўзровень уласных здольнасцей. I – на развiтанне – больш, калi ласка, не тэлефануй. Я даўно вырашыў пакiнуць цябе, толькi нагоды не было. Я ўсё не мог сказаць, што мы розныя людзi. А цяпер сказаў. Пакуль.

Сувязь абарвалася. Дзяўчына злосна ўкусiла чырвоную тэлефонную слухаўку. Але гэтага падалося замала, i тэлефонны дрот быў жыўцом выдраны з насценнае разеткi.

На гаўбцы дзяўчыне не стала лягчэй. Яна зiрнула долу. На бетонным ходнiку стаяў высокi маладзён з доўгiмi светлымi, як дарожны пыл, валасамi. Ён глядзеў на яе.

– Ты вызвалiла мяне, i я табе дапамагу.

"Вар’яцею. Так нядоўга i ў лякарню патрапiць. Я вызвалiла Вiхурнiка, i ён абяцае дапамогу".

Дзяўчына зноў зiрнула долу. Вiхурнiк стаяў на тым самым месцы.

– Выйдзi з кватэры i падымiся на дах, я буду чакаць цябе.

Нарэшце дзяўчына па-сапраўднаму спалохалася, але замест таго, каб застацца ў кватэры i зачынiцца на ўсе засаўкi ды кручкi, яна разулася, пакiнуўшы красоўкi на гаўбцы, i пайшла крадком, нячутна на дах свайго шматпавярховiка.

Вiхурнiк стаяў на самым краi даху. Абцасы трывала замацавалiся на бетонным гзымсе, а мыскi вастраносых чаравiкаў навiсалi над дваццацiпяцiметровай вышынёю.

– Хадзi сюды, дай мне руку, – ласкава прашаптаў Вiхурнiк.

I дзяўчына падышла i працягнула вузенькую далонь.

– Вось i ўсё. – З гэтымi словамi Вiхурнiк скочыў з даху.

Яны закруцiлiся ў эратычным падзеннi. На адно iмгненне дзяўчына адчула палёгку, радасць, супакаенне, i свет згарнуўся ў чорны блiскучы сувой.

Вядома, што каля распластанага на ходнiку дзявочага цела нiякага Вiхурнiка не знайшлi.

А вось на могiлках усiх напалохаў каханы хлопец дзяўчыны-самагубцы. Ён крычаў, пускаў з рота зялёную слiну i драў пазногцямi пясок i дзёран.

31.07.1994


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю