Текст книги "Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 25 страниц)
Потым пайшоў у напрамку да Нявы, дарогаю спаймаў ліхача і загадаў яму павольна ехаць на Васільеўскі востраў.
На растральныя калоны клаўся прыцемак.
Цішыня і яснасць былі на душы. I дзіўна, яму не хацелася, каб ліхач ехаў хутка, хацелася трохі адцягнуць сустрэчу з Кастусём. Ён ведаў, што набліжаецца да парога, за якім не будзе ні яснасці духу, ні гэтага вышэйшага спакою, ні нават дарогі назад.
…На стук не адказаў ніхто. Алесь штурхнуў дзверы, і яны нечакана падаліся. Пакойчык быў невялікі. Сцяна насупраць дзвярэй нібы падала на таго, хто заходзіў. У нішы гэтай сцяны свяцілася апошнім святлом дня паўкруглае мансарднае акно. Вялізнае падвоканне замяняла стол. На ім стаяў кафейнік у карычневых пацёках і амаль пусты пачак нямецкай цыкорнай кавы. На адзінай талерцы, сярод позніх чорных вішань, ляжала луста хлеба.
Крэсла было толькі адно. Іншыя, відаць, замянялі пачкі кніг, крыж-накрыж перавязаныя аборкамі.
На ложку, накрыўшыся з галавою саматканай, у шашачкі, посцілкай, спаў Кастусь: толькі цёмна-русыя валасы ляжалі на падушцы.
– Кастусь!
Спіць. Нібы пшаніцу прадаў.
– Кастусь!
Дрыхне.
Алесь зняў кнігі з крэсла на падлогу, сеў… Спіць. Самога можна вынесці. П'яны, ці што? Ды непадобна на яго.
Загорскі абводзіў вачыма каморку. Нездаровая. Пад самым дахам. Улетку, відаць, горача, узімку холадна. Успомніў, як ішоў у гэты пад'езд праз двор, поўны дзяцей, бялізны на вяроўках, гарачага туману, што валіў з акон сутарэння, як лез па страшэнна стромых сходах сюды, пад дах. Напэўна, у такім месцы жыў герой "Бедных людзей". На цёмных сходах пахне мышамі, пялюшкамі, падгарэлай цыбуляй.
Не, так жыць Кастусю ён не дазволіць. "Ну, адмовіўся ад урокаў – твая справа. За такую прынцыповасць цябе нават паважаць можна. Але чаму ж ты, чорт, не хацеў год папрацаваць у Вежы? I не мучыўся б цяпер.
I цяпер жа не возьмеш. Не возьмеш, ведаю. Пазыкі будзеш прасіць ва універсітэцкага начальства, а не возьмеш у друга".
Унь пакой. Хіба так можна? Свечка ў свечніку стаіць на падлозе. Паласатая, як арыштанцкая калашына. Цёмная частка – светлая частка, цёмная – светлая. Верная адзнака, што ў гаспадара няма гадзінніка. Удзень жыве па стрэле гарматы ды па бою гарадскіх курантаў. Уночы – па такой вось свечцы. Палоска аднаго колеру згарае за гадзіну. "Студэнцкая" свечка. Немцы прыдумалі.
А на сцяне адзінае ўпрыгожанне: выдзертая аднекуль пажаўцелая гравюра: "Сутычка Ракуты са Зверына і хана Койдана пад Крутагор'ем".
Алесь чарпнуў трохі вішань з талеркі. Пераспелых, чорных, кранутых нават птушкамі і таму вельмі салодкіх. Паклаў адну ў рот, старанна абсмактаў костачку і, надзьмуўшы шчокі, рэзка дзьмухнуў. Костачка папала вышэй валасоў на падушцы. Чалавек сеў.
…Алесь, аслупянеўшы, глядзеў на незнаёмы твар, ружовы са сну. Цёмна-русыя валасы, рот з надзьмутай ніжняй губой, маленькая зграбная рука растапыранымі пальцамі прычосвае кудлы.
– Крыху нечакана, – сказаў чалавек.
Загорскі не ведаў, што казаць. Невядомы апусціў вочы і ўбачыў вішні ў Алесевай руцэ.
– Прыемнага апетыту.
Тфу ты, чорт! Добра, што хоць гаворыць па-мужыцку. Зямляк.
– Давайце адрэкамендуемся.
– Ахвотна… Алесь Загорскі.
– Князь? – у чалавека заўсміхаліся вусны.
– Але.
– Адразу відаць выхаванне, – паважліва, нават з некаторым здзіўленнем, сказаў чалавек. – Віктар Каліноўскі.
– Вы?! Кастусь мне столькі расказваў.
– Уявіце, мне ён расказваў пра вас таксама.
Толькі тут Алесь убачыў няўлоўнае падабенства Віктара і брата. Адзін колер валасоў, толькі ў Віктара яны мякчэйшыя і не такія бліскучыя. I ніжняя губа. I вочы з залацістымі іскрынкамі. Толькі Віктар болыы худы і пластычны. На прыгожых запалых шчоках – няроўны румянец.
– Кастусь прачакаўся. Даўно тут?
– Некалькі гадзін. А дзе ён?
– Пайшоў здабываць штосьці на вячэру. Давялося амаль усю маю месячную пенсію забіць на кнігі. Калі нічога не дастане – раздзеліце з намі вось гэта.
Алесь паглядзеў на вішні ў далоні.
– Чорт, – сказаў ён. – Як няёмка.
– Нічога. Мы людзі свае. Скажыце, як там у вас справы? Як з Кастусёвай просьбай?
– Якой просьбай? – удаў здзiўленне Алесь.
Віктар глядзеў на яго ўважліва.
– Добра, – сказаў ён. – Гэта добра.
Усмешка была дабрадушная.
"Свой", – яшчэ раз падумаў Алесь і спытаў:
– Як з вашай работай?
– Ідзе. Сяджу над рукапісамі, як пацук, ды ад пылу чхаю.
– Вы ў Публічнай бібліятэцы?
– Я ў непублічнай бібліятэцы. Сяк-так плацяць.
– Цікава.
– Каб не было цікава, я не кінуў бы медыцыны для заняткаў гісторыяй.
Віктар дастаў аднекуль з-за ложка скураную труб-ку, падобную на круглы пенал.
– Вось адсыпаўся, каб уначы працаваць. Цішэй. А то на маёй кватэры ўдзень нельга. А мне трэба зрабіць апісанне.
Ён разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак.
– Дрэнна скручваецца пергамент. Але як скруціцца, то і не раскруціш. Глядзіце.
Жаўтаватая дарожка ляжала на яго каленях. Чорныя маленькія літары і кармінавыя вялікія.
– Сапегаў ліст, – пяшчотна сказаў Віктар. – Бачыце, пячатка?
Пячаць ляжала ў круглай срэбнай пушачцы, прымацаванай на шнурку да граматы. Кольца чырвонага воску з адбіткам.
– Андрэеўскі папрасіў. Яму трэба па гісторыі філасофіі права. А ён нашай старой мовы – ані-ні.
– Наша хіба мова?
– Нягож, – Віктар надзьмуў губы. – Ды яшчэ і якая. Слухайце: "Пашто вам, чадзь русінская, за непраўдзівымі, але фальшывымі ганіці. Чаго таго хочаце, каб слова дзедзіч зберагчы або маетнасць сваю?.. Слова хоцечы зберагчы – мецьмеце вечнасць. Маетнасць адну хоцечы собе прыўлашчыці – морд душы атрымаеце".
Зграбныя доўгія пальцы трапяталі над дакументам. I гэта быў рух такой пяшчоты, што рабілася не па сабе. Так пальцы сляпога часам трапечуць над абліччам самага роднага чалавека, не дакранаючыся да скуры, а проста адчуваючы яе цеплыню.
– Бач, словы якія?! "Каразн" – гэта азначае страта, пакаранне смерцю. Забылі слова! – ён нібы ўзважваў словы на невідочных шалях. – Каразн – пакаранне смерцю. Тфу!.. Або восы "пляснівы конь" – гэта шэры, мышасты. Плесняю пахне слова, прыцемкам, склепам.
Алесь глядзеў на аблічча гэтага дзівака і адчуваў, што палюбіць яго.
– Або "плюта" – гэта нягода. А вось "сок", ад слова "сачыць". А мы ўзялі дурное "розыск"… А от глядзі-глядзі: "талкавіска" – месца, вытаптанае коньмі падчас бітвы. Або "клявец" – востры молат, каб насякаць жорны. Забылі!
– Чаму? – сказаў Алесь. – У нас і цяпер клявец. Падчас паўстання мужыкі і імі валяць.
– Не можа быць? – Віктар запісваў.
– Але.
– Або вось "лезіва" – вяроўка, каб лезці па борць… Забылі. Усё забылі… Вось так і жывём. Вывуджваем па слоўцу з каламутнага мора.
"Дзівак, – зноў падумаў Алесь. – Бяскрыўдны запылены дзівак. Корпаецца ў рукапісах, ведае, відаць, усё да дробязі пра Беларусь і Літву, жыве старажытнасцю і пляваць хоча на сучаснасць. Архіўны юнак".
– Скажыце, – спытаў ён, – вы сапраўды думаеце, што гэта патрэбна сённяшняму дню?
Віктар суха кашлянуў. I раптам Загорскі ўбачыў, што добрае, трохі разгубленае ад ціхага замілавання аблічча нібы падсохла і стала жорсткае. Рахманыя вочы востра звузіліся. Пульхная ніжняя губа падабралася пад верхнія зубы. Ясна было, адкуль гэта пакусванне ў Кастуся.
– Што ж вы маўчыце? – спытаў Алесь.
– А што гаварыць? Варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучы… Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта – чалавек ці народ.
Віктар нечакана ўсміхнуўся. Відаць, прыйшлі ў галаву новыя думкі, і ён адразу забыў пра сваё раздражненне.
– Вы не заўважалi, што найбольш хлусяць у гiсторыi? I якраз тыя, што найбольш крычаць аб сённяшнiм днi i рэкамендуюць былое як альбом з цiкавенькiмi малюнкамi. Ну, хаця б мой непасрэдны начальнiк барон Мадэст Корф[21]21
Корф Мадэст – рэакцыйны гісторык, у 1849–1861 гг. – дырэктар Публічнай бібліятэкі. У 1864–1872 гг. – старшыня дэпартамента законаў Дзяржаўнага савета.
[Закрыть], нямецкая каўбаса на iмперскай рускай службе. Нашто iм хлусiць, калi гiсторыя – было i быллём парасло?
Ён усміхнуўся і прылёг на локаць:
– Старонка гісторыі… Ведаеце, з кім Модзінька вучыўся? З Пушкіным. Ворагі былі. Сварыліся. Афрыканец наш яго, здаралася, і пабіваў. I атрымалася так, што перакрыжоўваліся іхнія шляхі. Адзін за кнігу – і другі за кнігу. Адзін гісторыю пісаць – і другі пісаць. Мяркую, у Модзінькі, хоць ён і нахапаў чыноў, увесь час аставалася пачуццё ўшчэрбнасці, абдзеленасці, падсвядомае жаданне саперніцтва. Ну і пісалі. Адзін свае смярдзючыя кніжачкі, абяцадла для бедных, а другі – "Гісторыю пугачоўскага бунту". Гісторыя – лухта, гісторыя – парахня! То скажыце мне, князь Загорскі, скажыце мне, чаму за гэтую парахню аднаго ўсё жыццё ганялі, застрэлілі ўрэшце і нават пасля смерці баяцца?! I чаму другога за парахню гэтую, за непатрэбшчыну, узвысілі, ступеняў надавалі?
Закурыў і закашляўся:
– Чаму б гэта? Калі паны лямантуюць, што ўсё гэта лухта… А, ды што там!.. А вы не думалі,можа, гэта таму, што адзін рабіў усё, каб людзі ад "былой непатрэбшчыны" морды адвярнулі, знайшлі там доказы вечнага свайго рабства, бездапаможнасці, залежнасці ад старэйшых, няздатнасці самім уладкоўваць свой лёс, беднасці мозгам і талентам, слабасці і вечнага глядзення чужымі вачыма. А другі ўсё рабіў, каб паказаць людзям іхнюю сілу, гордую самастойнасць, права на веліч сваёй уласнай думкі, без чаго чалавек не мае права звацца чалавекам. Урэшце гордае права на сваю ўласную дарогу, па якой ты ідзеш, не чакаючы ўзнагароды, а проста так, таму што ты чалавек і таму адчуваеш патрэбу і неабходнасць думаць самому і ісці самому. Бо табе сорамна рабіць іначай. Бо ты проста не ўяўляеш, як гэта так – "іначай"? Бо ты не быдла, каб ісці туды, куды вядуць, а цар прыроды. Не "цар польскі, вялікі князь фінляндскі", а цар сусвету… I таму маеш права сам глядзець на ўсё, сам мацаць, сам узважваць… Вось гак… Паэты, калі яны сапраўдныя паэты, таксама гісторыкі. I не могуць быць іншымі. Гісторыкі думкі, гісторыкі праўды. I таму ў гісторыкаў страляюць часцей, чым, скажам, у членаў сената.
Віктар раптам перарваў сам сябе і задумаўся. Потым хітравата ўсміхнуўся:
– Гісторыя… Мне здаецца, супраць яе больш за ўсё лямантуюць тыя, каму нявыгадна, каб людзі разабраліся ў сённяшнім дні.
Абаяльнасць гэтага чалавека была такая вялікая, што Алесь раптам падумаў, ці не варта яму ва універсітэце акрамя філалогіі заняцца яшчэ і гісторыяй. Бадай, так і трэба будзе зрабіць.
Ён думаў аб сваёй будучыні шмат. Юрыдычны факультэт яго не вабіў: якому праву могуць навучыць у краіне бяспраўя? Добра, на факультэце выкладаюць такія велічыні, як Уцін, будуць выкладаць, з гэтага года, людзі, пра якіх шмат гавораць за апошні час, – Кавелін і Спасовіч. Кавелін будзе гаварыць пра грамадзянскае права ў той час, калі ў дзяржаве няма грамадзян, а ёсць абываталі. Уцін будзе параўноўваць заканадаўства імперыі з заканадаўствам іншых краін, у той час, калі ўсім вядома, што законаў "ад Пермі да Таўрыды" няма, а ёсць замест іх паліцэйскае самавольства.
Справядлівасць чалавек павінен адчуваць сэрцам, а не законамі.
Статыстыка і палітэканомія былі надзвычай цікавай штукай. Але хто дазволіць сумленна падлічваць галодных і раздзетых?
– Дзе вы? – спытаў Віктар.
– Думаю аб сваёй дарозе. Разумееце, люблю пісьменства, люблю філалогію. З ахвотаю пайшоў бы туды. Але ж я таксама сучасны чалавек. Ведаю, людзям зараз патрэбна фізіялогія, батаніка, хімія, медыцына. Патрэбна практычная дзейнасць…
– Лухта, – сказаў Віктар. – Добры філолаг лепшы за дрэннага медыка. Нашто ж вам перці супраць схільнасці? Чалавек павінен сваёй справай займацца з асалодай.
– Але карысць…
– А што карысць? Што, можа, у нас ёсць лішнія філолагі? Вы якія мовы ведаеце?
– Беларускую, рускую, польскую (апошнія дзве не так добра). Ну і яшчэ французскую, амаль як сваю, нямецкую, амаль як сваю, англійскую значна горш… I яшчэ італьянскую, каб чытаць.
– Ён яшчэ думае. Жаб ён будзе трыбушыць з такім багажом. Дурны смех! Ды вы разумееце, якую карысць вы можаце прынесці для нашай мовы?
– Я і сам думаў, – сказаў Алесь. – У нас няма ні слоўніка, ні мовазнаўчых прац, ні нататак аб старажытнай і сучаснай літаратуры. Але ў мяне, відаць, не будзе часу, каб скончыць усё гэта.
– Ва ўсіх не будзе часу, – сказаў Віктар. – I ўсё ж пачынаць трэба. Паміраць збірайся, а жыта сей… – I раптам перайшоў на "ты", нібы адзначыў: "Свой". – Я табе свой слоўнік архаізмаў аддам. Усё, што выпісаў з грамат. Дзевяць тысяч слоў ужо ёсць… Універсітэт табе дасць – благую ўжо ці добрую, не ведаю – сістэму. Пастарайся стаць бліжэй да Ізмаіла Сразнеўскага, прафесара. Выключны філолаг, вер мне. Ды ён і сам ад цябе не адчэпіцца. Шмат, думаеш, адукаваных людзей, што так па-беларуску шпараць? Адзінкі. А ты унь проста як салавей на ёй спяваеш, натуральна. Аж зайздрасць бярэ… Ну, а Ізмаіл Іванавіч наконт новых ведаў проста цмок.
Ускінуўся:
– Адразу ж і сядай. Вялікую справу зробіш. А то хто наша слова ад пляўкоў адмые, хто давядзе, што яно павінна жыць, хто слоўнікам нехлуслівым фарпосты яго замацуе, каб не забылі ўнукі? Хто скарбы збярэ? Літаратура ім, бачыце, лухта! Паэзія ім, бачыце, дрындушкі!
– Маеш рацыю, Віктар, – таксама перайшоў на "ты" Алесь. – Сэрцам мяне і, скажам, іспанца можа яднаць толькі пісьменства… Значыць, мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка, усё такое, гэта не дрындушкі, а сродак сувязі між душамі людзей. Вышэйшы сродак сувязі.
– I вось яшчэ што, – сказаў Віктар. – Ты чалавек начытаны, ведаеш шмат. Табе лёгка будзе. Ты паспрабуй запісацца адразу на два факультэты і за два гады іх скончыць. Скажам, на філалагічны і, калі так ужо хочаш, на нейкае натуралісцкае аддзяленне. А потым займіся, ну хоць бы…
– Я думаю, лепей будзе так, – сказаў Алесь. – Два-тры гады я займуся больш сумежнымі прадметамі. Скажам, філалогіяй і гісторыяй… А потым можна заняцца і прыродазнаўствам.
– А што? I праўда. А здужаеш?
– Здужаю. Трэба.
– Ой, братка, як трэба! Як нам патрэбны адукаваныя людзі! Куды ні зірні – усюды дзірка. А па гісторыі ў нас тут зусім нядрэнныя сілы. Благавешчанскі – па Рыму. Паўлаў – па агульнай гісторыі. Кажуць, па рускай гісторыі будзе Кастамараў. Стасюлевіч – па гісторыі сярэдніх вякоў. Нічога, што самы крывавы час. Затое не такі свінскі, як наш. Дый Міхал Мацвеевіч ліберал. Беларуссю цікавіцца, бо паходжанне абавязвае.
Загарэўся:
– Ты чалавек не бедны. Ездзіць можаш. Гэта табе не ў часы Радзішчава. Дарогі да Масквы – лухта. Можаш ездзіць туды Салаўёва слухаць. Не на кожнай жа лекцыі тут табе сядзець. Прозвішчы ўсіх, да каго на лекцыі хадзіць не варта, прачытаеш у "Северной пчеле". Каго яны хваляць – той, значыць, і ёсць самае дзярмо.
I раптам устаў:
– Значыць, вырашылі. Жаб няхай іншыя прэпаруюць. Твая справа – пачаць змаганне за слова. Слоўнік. Пісьменства. Мова. Для ўсіх гэтых, што кінулі. I для ўсіх, што ў хатах без святла. Пры лучніку.
– Страшнавата.
– Нічога не страшнавата.
На сходах загучалі крокі. Твар гісторыка расплыўся ў хітраватай усмешцы. I гэтая ўсмешка была такая дзіцячая, што чалавек, відавочна год на пяць старэйшы за Алеся, здаўся яму юнаком, якому толькі дурэць і сваволіць.
– Ідуць, – сказаў Віктар. – Хавайся.
Алесь стаў ля дзвярэй, каб, адчыненыя, яны засланілі яго.
Тупат набліжаўся. Алесь бачыў удавана абыякавы твар Віктара. Потым дзверы закрылі яго. Зайшло некалькі чалавек. Высунуўшы галаву з-за дзвярэй, Алесь убачыў Кастусёву патыліцу.
– Так, – сказаў Кастусь. – Дастаў, што праўда, пяцьдзесят капеек, дык вось хлопцы галодныя.
– Ясна, – Вiктар пачухаў патылiцу. – Добра, зараз падумаем, што на ўсё гэта зрабiць.
I раптам нібы ўспомніў:
– Дарэчы, Кастусь. Тут да цябе нейкі чалавек заходзіў. Даліктун такі – фу-ты ну-ты! Чакаў. Паспрачаліся мы тут з ім. Дык ён замест адказу выкарыстаў апошні ў палеміцы доказ: плюнуў мне ў галаву вішнёвымі костачкамі дый дзвярыма ляснуў.
– Вечна ты так з людзьмі, – сказаў Кастусь. – Што, праўда – плюнуў?
– Каб мне бацькаўшчыны не ўбачыць!
– Ч-чорт. Ты хоць прозвішча запомніў?
– Ды гэты… Як яго?.. Ну-у… Заборскі?.. Заморскі?.. Загорскі, вось як! Сказаў, што нагі больш ягонай тут не будзе.
Кастусь сеў на кніжны стаўбунок.
– Віктар… Ты што ж гэта нарабіў, Віктар?
– А што? – сказаў Вiктар. – Падумаеш!
Алесь выйшаў з-за дзвярэй і стаў сярод неўразумелых хлопцаў.
– Ды ідзі ты да д'ябла! – выбухнуў Кастусь.
– Зараз, – сказаў Загорскі.
Кастусь павярнуўся і лыпнуў вачыма. Хлопцы зарагаталі. Каліноўскага нібы падкінула.
– Алеська! Не пайшоў! Алеська!
Яны малацілі адзін аднаго па плячах і спіне так гучна, што рэха ляцела.
Хлопцы вакол глядзелі на іх і таксама ўсміхаліся шырока і шчыра. Толькі ў аднаго, высакаватага і тонкага шатэна, усмешка была паблажлівая. Усміхаўся, нібы ласку рабіў.
– Вой, хлопцы, – спахапіўся Кастусь. – Як жа гэта?! Знаёмцеся. Гэта па-старому князь, а па-новаму грамадзянін Загорскі. Зваць яго – Алесь. Добры і свой хлопец. Таму ўсе вы да яго павінны звяртацца на "ты". I ты, Алесь, пра "вы" забудзь. Французяціну гэтую – прэч. Мы тут усе – браты.
Першы, працягваючы руку, сказаў па-мужыцку:
– Хвелька Зянковіч. З універсітэта. Дражняць абрыкосам, – вінавата ўсміхнуўся ён. – Вядома, не ў вочы.
– Не буду, – сказаў Алесь.
– I не раю, – сказаў Віктар. – Ён у нас у гарачай вадзе купаны.
Другі хлопец яшчэ тады, калі моўчкі глядзеў на сустрэчу сяброў, прыцягнуў увагу Алеся. Чыстае строгае аблічча, суровае і змрачнаватае на выгляд.
– Я з ляснога інстытута, – усміхнуўся хлопец.
Па-руску ён гаварыў з даволі прыкметным польскім акцэнтам. Асабліва прыемна гучала ў некаторых словах "л", па-дзіцячы падобнае на "в".
– Прозвішча маё Валеры Урублеўскі.
– Палясоўшчык будзе, – іранічна ўставіў непапраўны Віктар. – I знаеш чаму?
– Ну? – мякка спытаў Валеры.
– Ён, праз абмежаванасць разумовых здольнасцей, з усяго "Пана Тадэвуша" сяк-так зразумеў толькі адзін слупок:
Дый вырашыў, што найлепшы шлях для змагання з урадавым уціскам – ахова лясоў.
– Маеш рацыю, – падтрымаў гульню Валеры. – Сякуць лясы, здзіраюць шкуру з зямлі. А Польшча, дый твая Беларусь, да таго часу і жывуць, пакуль ёсць пушчы. Не будзе дрэў – і іх не будзе. – Алесь раптам заўважыў амаль сур'ёзныя ноткі ў хлопцавым тоне. – Так што дазваляйце, хлопчыкі, секчы, дазваляйце.
Урублеўскі ўсміхнуўся.
– I потым, чаму здзіўляцца? Я ж паляк. Як паўстанне – куды я заўсёды бягу? "До лясу". Іншай дарогі мне бог не даў. То што мне, дазваляць секчы сук, на якім сяджу?
– Ты можаш з ім і па-польску гаварыць, калі табе зручней, – сказаў Віктар. – Ён трохі ведае.
– Чаму? – сказаў Валеры. – Я па-беларуску таксама ведаю.
I скончыў па-беларуску:
– Гаварыць будзем, як выпадзе. Як будзе зручней. Праўда?
– Праўда, – сказаў Алесь.
Поціск рукі Валерыя быў прыемны і моцны.
– Ану я, – сказаў наступны, моцны хлопец са строгімі вачыма. – Дайце я гэтага дружбістага сябрука-земляка за бакі патрымаю… Здароў, малец!
Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на "а", вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між "а" і "о" – "гэто-го". I, аднак, ён не быў падобны на "грака". Можа, з віцебскай глушыні?
"Урэшце, чорт з ім. Сімпатычны хлопец".
– Во, малец, зваліўся ты ў гэты мярлог. – Голас у хлопца быў спеўны. – Нічога, тут хлопцы добрыя. Буршаваць[23]23
Старажытны, яшчэ з XVI стагоддзя, беларускі шкалярскі выраз барбарыстычнага паходжання: сябраваць, бавіць разам час, не вельмі звяртаць увагу на вучобу, але швэндацца заўсёды разам, не даючы сябра ў крыўду.
[Закрыть] будзем… Зваць мяне Эдмунд, як, ты скажы, нейкага там рыцара Этэльрэда. Віктар лічыць, што я памылкова з такім імем нарадзіўся ў дзевятнаццатым, што трэба было мне семсот год назад нарадзіцца. I правільна: прынамсі, не бачыў бы яго… а прозвішча маё – Вярыга…
Апошні з хлопцаў, той самы высакаваты шатэн, што паблажліва ўсміхаўся, падаў Алесю цвёрдую, але безжыццёвую руку.
– Юзаф Ямант, – сказаў ён па-польску. – Вельмі мне прыемна.
– Таксама мне прыемна, – адказаў па-польску Алесь. – Ты з дняпроўскіх Ямантаў, таварыш?
– Не.
– А адкуль? Дзе зямля таварыша?
Юзаф трохі сумеўся:
– Мой бацька павераны і аконам князя Вітгенштэйна. Маёнтак Самуэлава.
Алесь трохі здзівіўся. Выгляд у Юзафа быў такі, нібы ён сам князь Вітгенштэйн. I, аднак, Загорскі не паказаў свайго здзіўлення.
– Нешта мне знаёма тваё аблічча, Юзаф. Дзе вучыўся?
– Скончыў Віленскі шляхецкі інстытут.
– Ну от. Значыць, пэўна бачыліся. Я скончыў гімназію ля святога Яна.
– Чаму так? Вы ж князь?
– Бацькі палічылі, што лепей, калі я буду вучыцца сярод больш-менш простых і харошых хлопцаў. Каставасць і фанабэрыя – усяго гэтага і так замнога сярод дваран.
Валеры выставіў ніжнюю губу. Эдмунд Вярыга падміргнуў Алесю.
Загорскі ўбачыў, як прыпухлыя павекі хворых вачэй Яманта часта заморгалі. Юзаф змяніў тэму гаворкі.
– Пан цалкам прыстойна гаворыць па-польску. Нават з тым акцэнтам, што ўласцівы…
– Выкладчык быў з наваколля Радама, – сказаў падкрэслена Алесь. – З маёнтка Пёнкі.
– Мне вельмі прыемна, што пан вывучыў мову, на якой гаварылі яго продкі.
– Ямант-мамант, – буркнуў Вiктар Калiноўскi.
Алесь паціснуў плячыма. I тут умяшаўся ў размову Валеры.
– Зноў? – спытаў ён у Яманта. – Ану кінь! Мала табе непаразуменняў?
– Што ж мы, хлопцы, будзем з усім гэтым рабіць? – выпраўляў становішча Віктар. – Хіба Эдмунда паслаць, каб купіў у кілбаснай абрэзкаў. Там немачка маладая аж дужа яго вокам адзначыла. А як жа! У паўночным духу мужчына. Вікінг! Апалон, злеплены з тварагу!
Эдмунд смяяўся:
– А што? Хіба дрэнны?
– Для яе, відаць, не дрэнны. Ружавее, як півоня. Кніксен за кніксенам: "О, гер Вя-ры-га! Жартаўніч-ка! Што вы?!" Вось ажэнішся – мы да цябе ў госці прыйдзем, а ты сядзіш, кнасцер курыш. Дзяцей вакол – плойма. А пад галавой падушачка, і на ёй вышыта: "Morgenstunde hat Gold im Munde" – у ранняй, значыцца, гадзіне золата ў вуснах.
– А ён усё роўна да паўдня дрыхне, – падтрымаў Віктара Валеры.
– Я і кажу. I вось ён нас частуе. Адно яблыка парэзана на скрылёчкі і па ўсёй вазачцы раскладзена, каб больш было.
Вярыга не пакрыўдзіўся. Пацягнуўся і гулка ўдарыў сябе ў грудзі.
– Чэзлая ў вас, хлопцы, фантазiя. I гумар такi самы. Iмпатэнцкi. А жыццё ж багацейшае. Паўнакроўнае яно, рагоча, кпiць, жарэ. Не з вашымi мазгамi вышэй за яго ўстаць. Заходжу я туды i паважна так кажу: "Фунт кiлбасных абрэзкаў для майго сабакi". А яна мне: "Вам загарнуць цi тут будзеце есцi?.." Во як! А вы лезеце з посным рылам…
Хлопцы зарагаталі.
– Вось што, хлопцы, – сказаў Алесь. – Пакіньце вы гэты паўрубель на сняданне.
– У мяне прынцып, – сказаў Вярыга. – Нічога не адкладвай на заўтра, акрамя работы.
– Не, сур'ёзна. Хадзем да мяне. Павячэраем, пасядзім, пагамонім.
– Нязручна, – сказаў Кастусь. – Толькі прыехалі – нa табе хеўра.
– А не жэрці зручна?
– Усе збянтэжыліся.
– Ну, кіньце вы, сапраўды. – Алесь пачырванеў: пачыналася. – На апошняй станцыі яшчэ Кірдун купіў жывых ракаў. "Дзіва, кума, а не ракі. Адным ракам поўная торба… і клюшня вон тырчыць".
Вярыга абвёў усіх вачыма і падкрэслена аблізнуўся.
– Ён да цябе цяпер заўсёды хадзіць будзе, – сказаў Віктар. – Зойдзе і па-руску: "Есть есть?" А ты яму: "Есть нет".
– Калі ласка, – перасек жарт Алесь. – Заўсёды буду чакаць.
Хлопцы муляліся, але пачыналі здавацца.
– Дык, кажаш, і ракі? – спытаў Вярыга.
– I ракі.
– А да ракаў?
– Як належыць. Белае віно.
– Белае?
– Белае.
– Хлопцы, – прастагнаў Вярыга. – Хлопцы, трымайце мяне. Трымайце мяне, бо я, здаецца, не вы-тры-ма-ю.
– Вось і добра, – сказаў Алесь. – Хадзем хутчэй.
Яны ішлі Неўскай узбярэжнай. Недзе далёка за спіной гучалі галасы астатняй кампаніі. Хлопцы назнарок адсталі, каб пакінуць сяброў удвох.
– Вось і ўсё, што я магу табе сказаць, – скончыў Алесь. – Такія, як Кроер, каб менш зямлі мужык атрымаў бясплатна, шкодзяць бацькаваму праекту. Загадзя адбіраюць у хлопа палову надзела, ды яму ж, за грошы, здаюць "у арэнду". Страты ніякай. А пасля вызвалення скажуць: "Трымай, мужык, палову надзела ды не вякай…" А бацьку: "Маршалак, прабачце, але апошнія гады яны гэтай паловай не ўладалі. У арэнду бралі". Дзед на такіх сяк-так цісне, але цяжка.
– Нічога, – сказаў Кастусь. – Больш людзей косы возьме, як прыйдзе бунт.
Звонка гучалі крокі. Імкнулася да мора магутная рака. Над горадам ляжала светла-сіняя, амаль празрыстая ноч.
– У Мсціслава маці памерла, – сказаў Алесь. – Хварэла даўно. Вечна па водах. Астаўся ён васемнаццацігадовым гаспадаром. Але зрабіць пакуль нічога не можа. Трохі не хапае да паўналецця.
– А што ён павінен зрабіць?
– Тое, што і я, як гаспадар стану. Адпусціць людзей.
– Думаеш, дадуць?
– Могуць не даць. Тут ужо – зрабіў дый стрэлу чакай.
– Вось так яно і ёсць.
Яны ішлі, абняўшыся за плечы.
– Як з маёй просьбай? – спытаў Кастусь.
– Я пагаварыў з усімі хлопцамі "Чартапалоху і шыпшыны". Я кім пагаварыў, каму і напісаў. Хлопцы думаюць па-ранейшаму. "Братэрства" не распалася.
– Як добра!
– Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Мацей Біскуповіч, Усяслаў Грыма… ну, і я. Мы ўпяцёх узяліся за людзей, якіх ведалі. Разумееш, у хлопцаў справа пайшла весялей. А ў нас з Мсціславам нешта цяжка. Адчуваю: перашкаджае нешта. Ведаю, свой чалавек, з якім гавару, а ён муляецца ды ўсё некуды нібы хаваецца.
– Што, мяркуеш, прычынаю?
– Мяркую, у Прыдняпроўі ёсць яшчэ адна арганізацыя. І вялікая. Шмат людзей яднае… Нехта рыхтуе вялікі закалат… Нехта бунт рыхтуе.
Памаўчаў.
– Доўга думаў, хто мае дачыненне. Вырашыў глядзець, хто з сумленных людзей, з тых, хто бачыць падлейшую нашу сучаснасць, а ходзіць вясёлы і бадзёры. Бачу: Раткевіч Юллян, Біскуповіч Януш, іншыя. А гэта ўсё людзі Раўбічавага кола. Успомніў адну падзею, на якую ў той час не звярнуў увагі. I займеў вялікае падазрэнне, што не абыходзіцца там і без пана Яраша.
– Пагаварыў бы.
– Нельга, Кастусь… Смяртэльныя мы ворагі з Раўбічамі.
– Ты што? З панам Ярашам, з Франсам?
– Але…
– Ды ты што? Ды ты як? А Майка?
– Цяпер памірыліся цішком. Ніхто нічога не ведае.
Кастусь схапіў яго за плечы і патрос:
– I ты думаў, што вы нарабілі?! Ах, шкада якая! Ах, які жаль! – Кастусь, як заўсёды ў хваляванні, гаварыў цяжка, з запінкай, блытаў словы.
– До аб гэтым, – сказаў Алесь. – Паспрабуем самі потым разабрацца. Дык вось, гаварылі мы з хлопцамі многа. Між іншым, і з тымі, што за нас тады заступіліся. Выбіралі вельмі асцярожна. Рафал Ржэшэўскі згадзіўся. Яшчэ хлопцы… Сашка Волгін згадзіўся. Доўга думаў. А потым кажа: "Мне, хлопцы, акрамя вас, дарогі няма".
Хлопцы ішлі праз светлую, празрыстую ноч.
– Колькi ў вас людзей? – спытаў Калiноўскi.
Алесь дастаў з кішэні сшытак без вокладкі.
– На… Мы пакуль што з'ядналі ў гурт сто шэсцьдзесят чатыры чалавекі.
– Надзейныя?
– Да канца, – вельмі ціха сказаў Алесь. – На жыццё дык на жыцце, а калі на смерць, то і на смерць.
– Я веру, што ты – да канца, – пасля доўгага маўчання сказаў Каліноўскі. – Ты павінен ведаць усё, дружа. Толькі ўлічы: пасля таго, што я табе зараз раскажу, дарогі назад не будзе… У нас ёсць свая арганізацыя, "накшталт зямляцтва". Гэта – для іншых. Назва "Агул". Гэта палякі з усяго захаду, нашы беларусы, літоўцы. Трохі менш людзей з Інфлянтаў. Скажам шчыра, зусім мала ўкраінцаў. Колькасць членаў-студэнтаў нешта каля пяцісот чалавек. Людзі розныя. Адны проста за паўстанне заняволеных, другія – за нацыянальны рух, трэція – за аўтаномію… Вонкава дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Грошы сапраўды ідуць незаможным. З бібліятэкай больш складана. Там забароненыя творы Міцкевіча, Лелявеля, нашы ананімы, руская патайная літаратура. Герцэн, напрыклад, амаль увесь. I "Дылетантызм", і "Лісты", і амаль усе зборнікі "Полярной звезды", а з гэтага лета і "Колокола". Ну, а потым – Фур'е, немцы, іншыя… Шмат чаго ёсць. Тыя людзі, якія карыстаюцца гэтай часткай бібліятэкі, – ёсць ядро. Не думай, што трапіць так лёгка. Наогул, у нас тры ступені. Пяць членаў "Агула", якія добра ведаюць адзін аднаго, рэкамендуюць у "Агул" чалавека, за якога могуць паручыцца… Пяць чытачоў падспуднай бібліятэкі могуць рэкамендаваць у яе чытачы таго з членаў "Агула", якому яны вераць і якога ведаюць. Я гаварыў пра цябе. Сябры з верхняй рады пад маю асабістую паруку дазволілі мне, мінаючы ступень "Агула", увесці цябе непасрэдна ў склад асабліва давераных. Я расказаў пра цябе як на духу. У нас не хапае людзей. Асабліва з Прыдняпроўя… Мы ставім цябе на асобае становішча чалавека, аб удзеле якога ў верхняй радзе амаль ніхто не будзе ведаць.
– Дазвольце спытаць, чым абавязаны?
– Цалкам наш. Не крыўдуй, я таксама быў у такім становішчы. Яшчэ і цяпер мяне ведаюць менш, чым іншых. Такому лягчэй звязваць людскія ніці ў адну сець. Ты і яшчэ некалькі чалавек будуць як рэзерв на выпадак правалу асноўнага ядра. Улічы, што табе вельмі вераць. Я сказаў, што ты думаў аб перавароце і пачаў рабіць першыя крокі да яго на некалькі год раней за мяне.
– Ну, што ты…
– Маўчы. Дык вось. Трэцяя ступень. Гэта скарбнік, бібліятэкар агульнай бібліятэкі, яшчэ два члены і бібліятэкар падспуднай бібліятэкі…
– Гэта хто?
– Я… А ўсяго, значыць, пяць. Гэтыя пяць складаюць верх "Агула", ніхто не ведае, што ён ёсць. Наверсе толькі агульны бібліятэкар і скарбнік. Як усюды. Скарбнік і бібліятэкар маюць права рашаючага голасу. Але гэта ва ўсіх зямляцтвах так. На самай справе наша пяцёрка рэкамендуе людзей, да якіх прыгледзеліся, сувязному. Той займаецца з рэкамендаваным асабіста. Дае яму кнігі, спрачаецца па розных пытаннях і, падрыхтаваўшы, рэкамендуе далей.
– Гэта Віктар, – сказаў Алесь.
– Чаму так думаеш?
– Хто ж яшчэ можа лепей кіраваць чытаннем, раіць, якую кнігу чытаць?
– Маеш рацыю. Тут не толькі я, тут большасць абавязана яму… Выбраныя ім людзі трапляюць у гурток, назва якому, для дурных, "Літаратурныя вечары".
– I ў гэтым гуртку ты, Віктар і яшчэ з тых, каго я ведаю, бадай, Валеры.
– Тфу ты, чорт, – сказаў Кастусь. – Ішоў бы ты на месца Пуціліна[24]24
Пуцілін Іван – наглядчык маскоўскай паліцыі, пазней начальнік вышукной паліцыі ў Пецярбургу. "Рускі Шэрлок Холмс".
[Закрыть], кучу грошай зарабіў бы.
– Кінь, Кастусь, я проста цябе ведаю. Я проста сем год пражыў са старым Вежам. А гэта, брат, школа. Ну, што "Вечары"?
– Ты трапіш туды. Спадзяюся, хутка. Людзі там выключныя. Па-першае, галава: Зыгмунт Серакоўскі. Пра гэтага я табе пісаў. Сем год ссылкі, сем пядзяў у лбе, сем дабрачыннасцяў. Пра астатніх пакуль не трэба. Сам убачыш. Дый кола іхняе ўвесь час пашыраецца.
– Палякі?
– Розныя.
– Што думаюць пра нас?
– Частка думае вось так. Паўставаць – разам. Лёс Беларусі і Літвы – плебісцытам яе жыхароў. Значыць, або самастойная федэрацыя, або аўтаномія ў межах Польшчы, палітычная і культурная. Як скажа народ. Урублеўскі, напрыклад, лічыць, што плебісцыту нельга дапусціць ні ў якім разе пры цяперашняй слабой народнай самасвядомасці. Ён так і кажа, што проста Польшчы трэба адмовіцца ад правоў на Беларусь і Літву, паколькі ў свой час дваранства страшэнна скампраметавала самую ідэю такога саюза. Добрыя суседзі, браты – вось і ўсё.








![Книга Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда] автора Алесь Краўцэвіч](http://itexts.net/files/books/110/oblozhka-knigi-tetonsk-orden-ad-erusalma-da-grunvalda-147415.jpg)