Текст книги "Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 23 (всего у книги 25 страниц)
XIV
– Так, – сказаў Кастусь. – Розныя плёткі ходзяць аб гэтым падзенні. Вось яно, хлопчыкі, якая справа. А паколькі вызваленне, як кажуць, на носе, то нам трэба быць на месцах. Усім, акрамя мяне.
Хлопцы, чалавек пятнаццаць, і сярод іх Алесь, Мсціслаў, Ямант, Звяждоўскі, сядзелі ў пакойчыку непрытульнай пецярбургскай кватэры. За вокнамі была цёплая зіма, ішоў дождж са снегам.
– Кажуць, вось-вось накіруюцца па Маскоўскім гасцінцы да сарака генералаў світы і флігель-ад'ютантаў, – спакойна сказаў Звяждоўскі. Для назірання за ходам сялянскай справы. Буткоў надзяліў кожнага афіцыйным чамаданам з афіцыйным ключом і за пячацямі. У чамаданах павязуць новыя сялянскія палажэнні і здадуць губернатарам.
Звяждоўскі выглядаў у бліскучым штабным мундзіры вельмі эфектна.
– Што мы павінны рабіць? – спытаў Мсціслаў.
– З усіх сіл стрымліваць сялянскія выступленні, калі яны будуць, – змрочна сказаў Кастусь. Не час для крыві. Дый потым, якая з іх карысць, з разрозненых? Вось калі ўжо зальюць мужыкам сала за шкуру, як пачуюць на сваёй спіне, што яно такое, царская воля, тады будзем біць у набат.
– І ўсё ж шкада, што не пачалі раней рыхтавацца, – сказаў Алесь. – Зручны момант. І ў Варшаве закалат.
– Змялі яны варшаўскі закалат, – сказаў Ямант, – падманулі… Ну што ж, паедзем. Кіну універсітэт. Спашлюся на хворыя вочы.
– І ўсё ж пацерпім, хлопцы, – сказаў Кастусь. – А то атрымаецца няшчасце, як у бедных хлопцаў з гуртка Віткоўскага. Разагналі, арыштавалі. А праз гэта правалілася арганізацыя Віленскай гімназіі. Першы правал. Пяць месяцаў мінула, а ўспомню сэрца баліць. Хоць там астаўся, Алесь?
– Мала. Далеўскі Цітус, Багушэвіч Францішак, яшчэ некалькі чалавек ды мой брат. У глыбокае падполле пайшлі хлопцы. Бачыў я старэйшага Цітусавага брата, Францішка. Бядуе страшэнна. Ёсць і ў іх нелегальная арганізацыя, узначальваюць яе ён ды Гейштар Якуб, то Францішак кажа: як асірацелі яны без маладых.
– Ану іх да д'ябла! – сказаў Мсціслаў. – Смаркулі панскія, белая костка.
– Правільна, нечакана сказаў Звяждоўскі.
– Но-но, – сказаў Мсціслаў, – сам ці даўно белы быў.
– Ты ж мяне перавыхаваў, – засмяяўся Людвік.
– Ды ўжо, – буркнуў нехлямяжы Грыма, – ты, Людвік, раскажы, што чуў у палацы.
– Што ж, – Звяждоўскі думаў. – Прыемнага мала. Пойдуць на некаторыя ўступкі палякам і замажуць ім рот. Быў я ў вялікай княгіні Гелены Паўлаўны. Кола вузкае. Статс-сакратар Карніцкі, што прыехаў з Варшавы, міністр унутраных спраў Ланской, Валуеў, яшчэ некалькі чалавек. Уражанне: трохі спалоханыя людзі. Дый сапраўды, як не спалохацца. Не кажучы аб Польшчы, уся Літва і Беларусь служаць паніхіды па забітых. А ва ўладароў ніякага пачуцця маральнай сілы. Валуеў сказаў Карніцкаму, што тут адно войска не паможа. Далгарукаў кажа Валуеву: "On prend la chose trop légèrement chez nous”. Той яму: “Je tiens pour certain que la chose est trés grave". Князь толькі азірнуўся: “Chut! il n’en faut pas parler"[71]71
"У нас занадта лёгка глядзяць на гэтую справу". – "Я знаю напэўна, што становішча вельмі цяжкае". – "Т-с-с! Не трэба аб гэтым казаць" (франц.)
[Закрыть]. А той: "Але чаму?"… Карніцкі прывёз ад намесніка ліст аб тым, што бараніць далей такі рэжым немагчыма і што трэба або зрабіць уступкі, або правіць царствам з дня ў дзень багнетамі і карцеччу.
– Цікава, – сказаў Кастусь.
– Але. Карніцкі кажа, што калі патрабаванні не будуць выкананы…
– Патрабаванні… – сказаў Біскуповіч. – Толькі агульная просьба звярнуць увагу на злашчасны стан Польшы.
– Не перапыняй, – буркнуў Грыма.
– …то ніхто не астанецца працаваць у Польшчы, бо струну нацягнулі да немагчымага, і яна парвалася. Gouverner c’est prévoir[72]72
Кіраваць – гэта прадбачыць (франц.)
[Закрыть]. Потым Валуеў гаварыў з вялікай княгіняй. Яна запытала ў яго: "Que faut il faire en Pologne?" Ён кажа: "Changer de systéme, Madame”. Тая самая ўсміхаецца, паказвае на Ланскога: “Je le pense aussi; mais voici le ministre de l'intérieur qui est flamboyant et parle des mesures de sévérité”. Валуеў паціскае плячыма: “Mais on a été trente ans sévères, Madame, et où en est – on arrivé"[73]73
"Што трэба зрабіць у Польшчы?" – "Змяніць сістэму, васпані". – "Я таксама гэтак думаю, але вось міністр унутраных спраў вельмі палкі і кажа аб строгіх мерах". – "Але мы на працягу трыццаці год былі строгія, васпані, а да чаго мы прыйшлі?" (франц.)
[Закрыть].
Кастусь засмяяўся. Звяждоўскі ўсміхнуўся яму ў адказ:
– Тады нехта невядомы мне кажа: "On ne tombe que du côté où l'on penche. Si nous tombons en Pologne, c’est donc du côté de mesures de police substituèes, á des idéeś de gouvernement"[74]74
"Падаюць толькі ў той бок, куды нахіляюцца. Калі мы ўпадзем у Польшчы, дык толькі ад паліцэйскіх мер, якімі замянілі ідэі ўрада" (франц.)
[Закрыть]. Словам, нават яны бачаць: без уступак не абыдзешся.
– Гуляюць намі, – сказаў велікавокі Ясюкевіч. – Ах, лухта ўсё. Сваю рэвалюцыю нам трэба, чырвоную, вось што. Зямля, воля, паўстанне ўсюдых, братэрства ўсім народам.
– Гм, – сказаў Ямант, – і маскалям? Чаму я павінен паміраць за маскаля?
– Кінь, Юзя, – з дакорам сказаў Алесь. – Гэта адны з самых добрых людзей на свеце. Урад у іх толькі дрэнны, вось што. Зменім усё будзе хораша.
– Я ведаю, – сказаў Кастусь. – Каб людзі жылі, працавалі і елі хлеб усё гэтае наша богам праклятае саслоўе на шыбеніцу. І вялікадзяржаўных бюракратаў да д'ябла.
– Не ведаю, – змрочна сказаў Грыма. – Калі адзін чалавек не вычарпае ўсёй глыбіні натуры другога, які б ён ні быў геніяльны, калі ён не здолее замяніць яго, то і адзін народ не можа замяніць сабою другога, няхай нават больш слабага… Нашто ж тады кожнай нацыі крычаць аб сваёй перавазе? Гэта ж тое самае, што патрабаваць, заклікаць сцерці з зямлі суседні народ… Я так не магу… Я… не магу быць таму сябрам ні такім людзям, як Валуеў, ні табе, Ямант. І я пайду на бітву, каб ніколі, ніколі такога не было. Каб усе браты, і кожны вольны як птушка.
Кастусь устаў:
– Што ж, паны новапрызначаныя камісары будучага паўстання і камандзіры атрадаў, час разыходзіцца?
– Час, – сказаў Біскуповіч.
– Тады – па адным.
…Каліноўскі і Загорскі ішлі берагам Мойкі.
– Віктара я разарваць гатоў, – сказаў Кастусь. – Ты ведаеш, як ён "лекаваўся" ў Італіі? Далучыўся да гарыбальдзійцаў. А вярнуўся яму горш і горш.
– Што ж, пэўна, яму якраз было патрэбна паветра свабоды. Можа, таму ён і задыхаўся. Нічога. Дачакаецца перамогі. А там вылечым… Ты не хацеў бы схадзіць да Шаўчэнкі?
– Сорамна неяк.
– А ўсё ж сходзім. Заўтра, якраз перад ад'ездам.
– Давай.
Мойка пад парывамі ветру рабацінілася і моршчылася ля таго берага, адкуль ён прылятаў, і была спакойная ля другога.
– Ну вось, – сказаў Кастусь, – кінулі жэрабя. Ты не пакрыўдзіўся, што кіраваць сіламі Магілёўшчыны будзе Людвік?
– Звяждоўскі варты чалавек, – проста сказаў Алесь. – І ён вайсковы. Ды яшчэ з таленавітых. Я рэвалюцыянер, Кастусь. Хай будзе так, як лепей для справы. І потым, камісар атрадаў ніжняга Прыдняпроўя таксама мне работы хопіць. І ў сваім куце.
– Я гэта таму, што цябе мала ведаюць у цэнтры, і ты застрахаваны ад правалу.
– Не верыш "белым"?
– Не, – прызнаўся Кастусь.
– І я не веру.
– І потым, ты ездзіш па справах – табе лягчэй арганізаваць людзей.
Яны ішлі. У прыцемку асабліва пяшчотныя і прыгожыя былі абліччы жанчын, асабліва гордыя – твары мужчын. Але яны не думалі цяпер аб жанчынах. Ім было не да таго.
– Едзь, – сказаў Кастусь. – Стрымлівай, не давай, каб перадчасна расплюхалі гнеў.
Маўчалі. І раптам Калінаўскі спытаў:
– Ты не чуў, што Ясюкевіч вершы піша?
– Не.
– Піша, але хавае. Як кожны другі. Як ты і я.
Усміхнуўся:
– Як пошасць сярод нашых гэтыя вершы.
– Што ж зробіш? Малады народ, ірвецца наперад.
– Як думаеш, які шлях нашага верша? Сілабіка польская або тоніка? Або гекзаметр, які можа быць і тым і іншым?
– Нешта асобнае.
Алесь задумаўся.
– Ты аб чым?
– Я вось думаю, якімі вачыма глядзелі егіпцяне на першыя крокі грэкаў? Таксама з пагардай. І грэкам, сапраўды, яшчэ пяцьсот год трэба было ісці, каб зарабіць права на Фідыя і Эсхіла.
Яны падняліся па сходах у Кастусёў пакой. Каліноўскі запаліў свечку.
Але яны не паспелі нават скінуць паліто. Пачуўся грукат ног па сходах, і ў пакой уварваўся распатланы і страшны Віктар.
– Хлопцы! – крыкнуў ён. – Хлопцы, Шаўчэнка памёр!
– Ты што? – збялеў Кастусь. – Такі малады яшчэ?
– Памёр, хлопцы, памёр, – ашалела паўтарыў Віктар.
Твар ягоны быў белы. І раптам старэйшы Каліноўскі зайшоўся ў нясцерпным кашлі. Алесь кінуўся па ваду. Калі Віктара адпусціла і ён адняў хустку ад рота на хустцы была кроў. Хворы вінавата зірнуў на Алеся.
– Не дачакаўся, – разгублена сказаў Кастусь.
– Многія не дачакаюцца, – сказаў Віктар. – Многія не дачакаюцца волі.
XV
У Мілым чыталі маніфест аб скасаванні прыгону.
Царква была поўная як ніколі. Пахнула кажухамі і ботамі. Світкі, мужчынскія і жаночыя, кажухі, белыя мужыцкія галовы і снежныя намёткі жанчын.
Заднім цягнула ў спіны холадам з адчыненых дзвярэй. Нельга было не адчыніць, так надыхалі.
Стаялі змрочна і слухалі, мала разумеючы: напісана было блытана. З удаванай, але добра сыгранай радасцю чытаў поп. За спінамі вясна пахмуры сакавік.
Алесь глядзеў на народ, які густа набіў царкву, на скляпенні столі, на старажытныя, друзлыя твары анёлаў і святых на фрэсках. Пантакратар у купале пазіраў на зборышча сурова і гнеўна: старажытны, нелітасцівы бог.
– "В силу означенных новых положений, – чытаў поп, – крепостные люди получат в свое время полные права свободных сельских обывателей".
– У які гэта "свой час"? – ціха спытаў Кандрат Кагут.
На яго шыкнулі, каб не перашкаджаў слухаць, але ўсё ж многія з тых, хто чуў, усміхнуліся.
– Бач ты, – ледзь не да аднаго Алеся далятала, як бурчаў Кандрат. – Не на масленіцу, а на вялікі пост агалошваюць. Замест гулянкі падцягвайце дзягу, добрыя людзі.
Поп "спяваў", закочваючы вочы:
– "Помещики, сохраняя право собственности на все принадлежащие им земли, предоставляют крестьянам за установленные повинности в постоянное пользование усадебную их оседлость и сверх того, для обеспечения быта их и использования обязанностей их перед правительством, определенное в "Положениях" количество полевой земли и других угодий".
Поп ухмыляўся, нібы паведамляў чорт ведае якія прыемныя рэчы. А Алесь думаў, што ягоных, вызваленых ужо ім, людзей гэта не датычыцца. Але сюды яны з'явіліся ўсе. Хочуць паслухаць "царскую" волю і ўпэўніцца, ці не паддурыў іх былы пан.
– "Пользуясь сим поземельным наделом, крестьяне за сие обязаны исполнять в пользу помещиков определенные в "Положениях" повинности. В сем состоянии, которое есть переходное, крестьяне именуются временнообязанными".
Твары ва ўсіх былі, аднак, занадта сур'ёзныя. Зразумеюць. І сапраўды, каб не давялося ўтрымліваць людзей, як прасіў Кастусь. Магчыма, будзе бунт. І не адзін.
– "Вместе с тем им дается право выкупать усадебную их оседлость, а с согласия помещиков они могут приобретать в собственность полевые земли и другие угодья, отведенные им в постоянное пользование. С таковым приобретением в собственность определенного количества земли крестьяне освобождаются от обязанностей к помещикам по выкупленной земле и вступят в решительное состояние свободных крестьян-собственников".
Алесь убачыў твар Ісленьева. Стары глядзеў на яго. Потым паківаў галавою. Графу відочна было сорамна.
– Не хочам мы такой волі, – нехта ціха сказаў, відаць, з браніборскіх мужыкоў.
На большасці твараў было расчараванне. Стары Даніла Кагут моршчыўся. Усе сваякі нявесткі Марылі належалі Хаданскім. Марылю некалі выкупіў стары Вежа, калі яго папрасіў аб гэтым Кагут. Людзі разумелі: самае малое яшчэ два гады трэба было пакутаваць.
– "Когда мысль правительства об упразднении крепостного права распространилась между не приготовленными к ней крестьянами, возникали было частные недоразумения. Некоторые думали о свободе и забывали об обязанностях.
Но общий здравый смысл не поколебался в том убеждении, что и по естественному рассуждению, свободно пользующийся благами общества взаимно должен служить благу общества исполнением некоторых обязанностей; и по закону христианскому, всякая душа должна повиноваться властям предержащим (Римлянам, XIII, I[75]75
"Пасланне Паўлы да рымлянаў", ХІІІ, І.
[Закрыть]), воздавать всем должное и в особенности кому должно, урок, дань, страх, честь; что законно приобретенные помещиками права не могут быть взяты от них без приличного вознаграждения или добровольной уступки; что было бы противно всякой справедливости пользоваться от помещиков землею и не нести за сие соответственной повинности".
"І яны яшчэ гавораць аб хрысціянстве, – думаў Алесь, – спасылаюцца на пасланне Паўлы. Ці не сказаў той самы Паўла, што брань нашая не супраць крыві і цела, а супраць начальстваў, супраць духаў злосці паднябеснай. Абдзерлі як ліпку і крычаць аб хрысціянстве".
Ён бачыў твары людзей, асабліва з іншых вёсак, бачыў усё гэтае беднае чалавечае мора, на якое глядзеў з купала пантакратар. Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла. Ну што ж, калі твая "неабходнасць" не можа даць ім палёгкі, і волі, і шчасця тым лепей. Тады па сваёй "неабходнасці" яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь. Гэта будзе скора. Нядоўга чакаць.
Цікава, што робіць цяпер Кастусь? Дыплом ён атрымаў яшчэ тады. Цяпер, відаць, выехаў у Вільню, а адтуль у Якушоўку. Збіраўся падаваць генерал-губернатару Назімаву прашэнне аб службе. Ці дадуць? Што ж, калі не дадуць, ён возьмецца проста за справу.
– "И теперь с надеждою ожидаем, что крепостные люди при открывающейся для них новой будущности поймут и с благодарностью примут важное пожертвование, сделанное благородным дворянством для улучшения их быта".
Які змрочны твар у млынара Паківача. Як глядзяць на папа ягоныя ястрабіныя вочы. Стаіць Звончыкава старая з Азярышча, тая самая, што "пхалася ад хмызоў" у разліў. Гэтая здаволена, нібы загоршчынскія сваім перадчасным вызваленнем падманулі не толькі суседскіх, а і свайго пана… Андрэй Кагут глядзіць на людзей, на плямы святла і ценю.
– "Осени себя крестным знамением, провославный русский народ…"
"А як быць католікам?"
– "…и призови с нами божие благословение на твой свободный труд, залог своего домашнего благополучия и блага общественного".
Поп скончыў. Людзі пачалі рухацца, кашляць.
– Яшчэ "Палажэнні", міране, – сказаў поп.
"Можа, у "Палажэннях" нешта?" – спытаў сябе, відаць, кожны. Людзі зноў замерлі.
Загорскі ведаў: нічога не будзе і ў "Палажэннях", хай не спадзяюцца.
Поп чытаў ужо трохі асіплым ад стомы і хвалявання голасам. Алесь амаль не слухаў яго.
Поп чытаў аб тым, што памешчыкі не абавязаны надзяляць сялян зямлёю вышэй належнага.
– Калі не абавязаны, значыць і не будуць, – сказаў нехта.
Алесь не зірнуў у той бок. Яму было так, нібы гэта яго, невінаватага, злавілі на крадзяжы.
– "Снимается с помещиков обязанность по продовольствованию крестьян, ответственность за взносы податей, ответственных в казенных взысканиях".
Дакумент гэты быў, акрамя ўсяго, напісаны дрэннай рускай моваю. Нібы бараною карэнні рве на лясной сцежцы. Хто гэта казаў, Спяранскі, здаецца? што законы знарок трэба пісаць незразумела, каб народ звяртаўся па тлумачэнні да начальства.
"М-м-м, як-кі сорам. Багатыя людзі. Абрабавалі, абдзерлі, кінулі. У старца кій адабралі".
Поп кажа аб паншчыне ў Магілёўскай губерні.
Сорак мужчынскіх і трыццаць жаночых рабочых дзён у год. Калі ўлічыць, што раней адзін чалавек з двара адрабляў тры дні ў тыдзень нават у Кроера, то палёгка, значыцца, толькі крышку больш, як у два разы.
Якія ў людзей вочы! Пэўна, цяпер і яны зрарумелі. А вось і нормы надзелаў. Для іхняга наваколля шэсць дзесяцін (нічога, ёсць месцы па тры дзесяціны без чвэрці), а астатняе можна адрэзаць у карысць пана. Як жа так? Да рэформы надзел быў пятнаццаць-дваццаць дзесяцін.
І пакуль не выкупіш, зямля не мужычая, а юрыдычна панская, і за яе трэба несці павіннасць. Але ж на выкуп тэрміну няма, значыцца, і павіннасць не мае тэрміну.
І яшчэ мала таго. Калі будзе нядоімка пану або грамадзе – можна пусціць з малатка ўсё, аж да мужычай сялібы.
Пад скляпеннямі царквы гучалі словы аб капіталізацыі аброку, аб выкупных сумах, аб шасці працэнтах выплаты ў год. У храме божым гандлявалі чалавечым целам. І не знайшлося чалавека з вервіем, які выгнаў бы гандляроў з храма. Чалавека гэтага даўно і намёртва прымацавалі фарбай да купала няправеднага храма.
Немагчыма было.
…Калі народ пачаў пакідаць царкву, Алесь павітаўся з Ісленьевым.
– Да мяне?
– Не, трэба яшчэ на чытанне ў Сухадол, – сказаў стары.
– У Раўбіча чыталі?
– Чытаў. Гэх, Аляксандр Георгіевіч, дачакаліся мы канца святой масленіцы.
Граф быў ашаломлены, і Алесь падтрымаў яго жартам:
– Нічога, будзе яшчэ і вялікдзень. Невядома толькі, хто каму чырвонае яечка паднясе.
– Пэўна, мужыкі нам, – сумна сказаў Ісленьеў. – І варта.
Граф, згорбіўшыся, сеў у вазок.
Коні рушылі.
Алесь з вышыні ўзгорка бачыў, як брылі па шэрым снезе белыя сялянскія постаці. Нехта крануў яго за руку. Ага, бацька Кагут.
– Дзякуй табе, сынок, ад загоршчынскіх.
– За што?
– Праз цябе не нацярпеліся былыя вашы мужыкі сораму. Вось табе і воля.
Пайшоў і Кагут. Алесь пачаў быў спускацца з узгорка да сваіх коней, калі пачуў раптам пошчак капытоў. Распырскваючы хлапякамі мокры снег, ляцелі да царквы Вацлаў і Стась Раўбіч. Алесь здзівіўся, убачыўшы іх разам. Ён не ведаў, што ўсе гэтыя гады хлопцы ўпотай сустракаліся.
Але яму было прыемна.
– Вы што гэта, – удавана напусціўся ён на іх. – Галовы скруціць хочаце?
І асекся, убачыўшы твар Стася і светлае аблічча Вацлава. Дзіўна было ў такі дзень бачыць радасць на нечых абліччах.
– Алеська, братка… – захлынаўся Вацлаў.
– Што?! Хіба вы памірыліся?
– Мы і не сварыліся, – пачырванеўшы, сказаў Стах. – Ніколі-ніколі. Праўда, Вацлаў?
– Што такое? – спытаў Алесь.
– Раўбіч пасварыўся з Хаданскімі, – выпаліў брат. – Назаўсёды.
Вочы ў Раўбіча наймалодшага былі вільготныя. Вось-вось заплача з радасці.
– Праўда, – сказаў ён. – Праз цябе.
– Як?
– Прачыталі маніфест. Хаданскія крыўдавалі на цара страшэнна. І тады бацька раптам разгневаўся і сказаў: "А Загорскі меў рацыю, што вызваліў сваіх, не чакаючы вынікаў гэтага рабунку. Малайчына хлопец. Малайчына". Тыя патрабавалі тлумачэнняў. А бацька ім сказаў: "Франс увесь час казаў мне праўду аб ім. Прасвяціў, відаць, яго бог. А я моцна вінаваты перад маладым князем".
Алесь пацалаваў іхнія свежыя ад язды і ветру, яшчэ дзіцячыя абліччы.
– Я страшэнна ўзрадаваны, Алесь, – сказаў Стах. – І Майка, і Франс. А Наталя аж скача і ў далонькі б'е.
– І я ўзрадаваны, – сказаў Алесь. – Калі можаш, скажы бацьку, што я прыйду пагаварыць.
– Паскакалі, – сказаў Вацлаў Стаху. – Да вас.
І яны з месца, кінуўшы з-пад капытоў цэлыя фантаны мокрага снегу, узялі наўскач. Алесь паглядзеў і ўсміхнуўся. Франс не падвёў. Мілы Франс. Значыцца, як толькі скончыцца пост, ён і Майка будуць жыць разам.
На хвіліну ён падумаў, што вось-вось настане сеча, і засмяяўся. Яго не маглі забіць у бітве. Для гэтага ён занадта быў поўны жыццём. Паўстанне было радасцю. Яны перамогуць, і тады ўсе людзі зробяцца шчаслівыя. Хоць бы толькі хутчэй. Хоць бы хутчэй Майка, бунт, перамога, свабода, вольная бацькаўшчына на вольнай зямлі.
Ён з асалодаю ўдыхнуў гаркаваты сакавіцкі вецер.
Усё ж такі ішла вясна.
XVI
Праз колькі дзён пасля чытання маніфеста ў Мілым памёр стары Даніла Кагут. Ніяк не мог апамятацца і пакінуць думаць аб сваяках Марылі. Паўтараў: "Два гады паншчыны для мужыкоў. Яшчэ два. А плаціць усё жыццё".
І вось у першы сонечны дзень узяў Юрася і, абапіраючыся на яго (а раней і кіем не карыстаўся), пайшоў з унукам пад запаветны дуб на канцы пасады.
Ішоў высокі, увесь белы як снег, ад валасоў і вусоў да світкі, да белых скураных поршняў.
– Памятаеш? – паказваў не прызбу Юрась. – Тут ты Алесю песню тады спяваў.
– Але… Даўно было.
– Дзеду, – спытаў Юрась. – А дзе тое белае жарабятка?
Вочы ў старога былі светлыя і пустыя:
– Хто ж яго ведае. Расце недзе, пэўна.
– Доўга нешта для каня.
– Гэта не просты конь.
Ішоў моўчкі і толькі потым дадаў:
– Вырасце, вырасце жарабя. Ты-то дачакаешся, а я – не. Не дачакаюся я, унук. Не дачакаюся светлага дня.
Ён ішоў дваром і аглядаў хату і дворныя будовы, ішоў садам і аглядаў дрэвы вялікага ўжо саду, які сам пасадзіў.
– Шкада, зямля яшчэ мёртвая. Пачуць бы, як мяккай зямлёй запахне.
– Пачуеш.
– Не. Адхадзіў сваё.
Адламаў танюткую галінку вішні. Яна была ўжо зялёная на зломе і пахла гаркаватым.
– Пахне як, Юрась. Жыццём пахне.
Потым стары аглядаў лазню і ўспамінаў старую, якая сплыла, і мацаў рукою сена ў адрыне. Добрае было сена, зялёнае, ні разу не трапіла пад дождж.
– Скажаш, каб авёс не мантачылі. Ворыва хутка. І калоды ўсе хай Кандрат пакладзе на латы, каб не гнілі.
– Добра, дзеду.
Юрась быў узрадаваны, што прыехаў з акадэміі і затрымаўся, але сэрца ў яго балела за дзеда.
Стары ішоў сцежкай да дуба. Тут ляжаў маленькі сумёт саломы: блізнюкі пільнавалі тут зайцоў, якія панадзіліся ў сад.
Кагут старэйшы гладзіў далонню шурпатую кару дрэва. Дубу было не менш як чатырыста год. Высока ў сіняе неба ўскідваў ён свае галіны.
Потым ён стаў глядзець на пасінелы лёд Дняпра, на паплавы і далёкія лясы. Шмат паветра было над вялікай ракой. Сіняга, халоднага, сляпучага. І ўжо трохі нібыта і цёплага. Лёду нядоўга асталося пужаць зямлю, і Дняпро напружыў пад ім усе свае магутныя мускулы.
Ветрык варушыў белыя дзедавы валасы. Суровыя вочы глядзелі ў абшар.
– Ухіляюся табе, рэчачка, – сказаў Кагут. – Бяжы сабе ды бяжы.
– Дзеду, – сказаў Юрась.
– Маўчы, – сказаў стары. – Не замінай. Што ўжо тут. Корсту Дняпровай вадой апырскайце. Я пачую.
Юрасю здалося, што дзед гаворыць не тыя словы. Але ён зірнуў у яго вочы і суняўся. У вачах не было ўжо нічога ад зямлі. Яны ведалі нешта такое, чаго не ведаў ніхто.
– Рэчка ты мая, рэчанька. Залаценькая ты мая. Бяжы сабе ды бяжы. Нясі сабе ды нясі.
Ён звяртаўся цяпер да ракі, як роўны да роўнага. Цяпер перад абодвума была вечнасць.
Косці стануць зямлёй, і вырастуць дрэвы, і пацякуць з іх кроплі дажджу. Проста туды, у раку. І ён стане ракою, а рака ім. І нават самы мудры, нават бог, іх не адрозніць.
Стары стаў на калені ў салому і пакланіўся рацэ, як тыя, старажытныя, што абагаўлялі Дняпро і таксама сталі зямлёю і ім.
А потым, нібы страціўшы цікавасць да ўсяго на зямлі, лёг на салому.
– Ну вось. Паміраць буду. Не крычы. Дай цішыні.
– Дзеду!
– Мне не балюча, то чаго крычаць? Не бойся, гэта нядоўга, – сонна мармытаў дзед.
Юрась, баючыся пабегчы за сваімі і пакінуць дзеда аднаго, сеў трохі ўбаку, вырашыўшы счакаць. А там ён завядзе старога ў хату.
Дзедавы вочы глядзелі ў сіняе неба, у якім магутна распасціраўся безліччу галін волат-дуб. Галіны пагойдваліся, нібы сам купал неба велічна гойдаўся на іх.
Кроў зямлі цякла ў жылах дуба. А кара была шурпатая, як мужыцкія рукі. А галін было – не злічыць. А за дубам быў Дняпро. А над Дняпром, і над дубам, і над ім, старым Кагутом, было сіняе неба. Добра будзе пад такім небам беламу каню… Стане моцным канём жарабятка… Справядлівасці ездзіць належыць на мужыцкіх пузатых конях.
Млявасць нарадзілася ў целе. Цёплая-цёплая. Цягнуўся ў неба дуб. Пачуліся гукі лірных струн. А можа, гэта зазвінелі, гойдаючыся, самі галіны дуба?
Дуб раптам вырас так, што зацямніў сонца. І толькі неба яшчэ трошкі свяціла праз звонкія галіны.
Потым неба згасла…
Мінула два дні з таго моманту, калі корсту з Кагутом апусцілі ў магілу.
Алесь усе гэтыя дні сядзеў дома, бавячы час з Вацлавам і кнігамі. Нікуды не хацелася ісці, а ў душы было пуста.
Алесь успамінаў гукі ліры, і песню пра белага каня, і белага-балага дзеда ў белым садку, і чырвань залітай зарывам грушы.
Нібы адляцела з гэтай смерцю юнацтва. І ніхто больш не заспявае пра белае жарабя.
У шэры і золкі дзень прыехаў па мокрым снезе Адам Выбіцкі. Кінуў лейцы на рукі Змітру, скочыў на снег, амаль пабег па сходах у палац. Быў, відаць, устрывожаны.
Алесь якраз расшыфроўваў тайнапісны ліст ад Кастуся. Пад гарачым прасам літары сталі зеленаватыя. Пісалі, відаць, лімонам.
"Звяждоўскі ў Вільні складае арганізацыю па кіраўніцтву групамі ўсёй Беларусі і Літвы. Будзем збіраць сілы на будучае. Сваіх пакуль што стрымлівай ад непажаданай гарачкавасці. Пашырай арганізацыю і думай аб зброі. Я таксама не марную часу. Аб'ездзіў частку Слонімшчыны, быў у Зэльве і Лідзе, у Гродні, у Саколцы. Стварылі цэнтр па кіраўніцтву Гродзенскай губерняй. У ім Валеры, каморнік Ільдэфонс Мілевіч, Стах Сангін, і Эразм Заблоцкі, ды яшчэ Хвэлька Ражанскі, хлопец трохі з кашай у галаве, але рашучы. Піша вершы. І па-беларуску. Але гэта справа дзесятая. Арганізацыя ёсць, вось што галоўнае. Тэрмінова напішы, ці можаш паслаць дзве тысячы рублёў. Ёсць магчымасць танна купіць партыю зброі. Крадзеная інтэндантамі яшчэ ў вайну, і таму танная. Праўда, дубальтоўкі, а штуцэраў няшмат, але і тое добра. Жадаю поспеху, браце".
Алесь спаліў ліст у каміне. У гэты момант усхваляваны пан Адам зайшоў у пакой. Загорскі, нібы не заўважаючы, клаў грошы ў пулярэс.
– Паедзеш у Магілёў, – сказаў ён Выбіцкаму. – Адправіш грошы вось на гэты адрас пану Каліноўскаму. Майго імя не называй.
Выбіцкі муляўся.
– Княжа…
– Здарылася нешта?
Адам асеў, нібы з яго выпусцілі паветра:
– Бунт, пане княжа.
– Які я табе пане княжа?
– Бунт, Алесь. Паўсталі Браніборшчына, Крутое і Вязынічы, – ледзь варушыў вуснамі паляк. – Дарогаю ўзнялі дзве вёскі Хаданскага. Ідуць у Гарыпяцічы біць з тамтэйшай званіцы набат. Крычаць многа. Адмаўляюцца ад устаўных грамат і выкупу, не хочуць быць часоваабавязанымі.
Выбіцкі яшчэ больш збялеў і, зірнуўшы на Алеся, раптам сказаў глуха:
– Далучымся?
– Іх колькі?
– Пакуль пяць вёсак.
– А наваколле?
– А наваколле – вашы вёскі. Бунту ў іх няма і, пэўна, не будзе, – прызнаўся Выбіцкі.
– Ну, вось і далучайся на злом галавы. Ах, не да часу! Ах, д'ябал! Хто там у іх ядро? – кінуў Алесь.
– Корчакавы хлопцы. Усе ўзброеныя. А за імі – натоўп.
– Ёлуп хвашчоўскі твой Корчак, – раззлаваўся Алесь. – Ён нападзе ды ў пушчу пойдзе, а людзям потым што рабіць? Узрадаваўся, пачаў.
– З Корчакам ідуць блізнюкі Кандрат і Андрэй. Бацька Кагут, як дачуўся, кінуўся за імі, каб затрымаць.
– Разумнейшы, значыцца.
Нешта трэба рабіць. Неяк трэба ўтрымаць людзей ад крыві, абараніць ад бізуноў, знявагі, смерці. Пяць вёсак супраць імперыі! Лухта якая. То асцярожныя занадта, а то… Не, гэта трэба спыніць. Хай устаюць потым, калі ўстануць усе, калі возьмуцца за зброю сябры.
– У Магілёў паедзеш, – сказаў Алесь. – Дашлеш грошы, а Ісленьеву перадасі вось гэта.
Ён хутка напісаў некалькі слоў.
– "Граф, – прачытаў Выбіцкі. – Корчак з людзьмі ідзе на Гарыпяцічы. Усімі сіламі паспрабую зрабіць так, каб не палілася кроў. Не хачу гэтага. Абяцайце мне словам двараніна, што даб'ецеся ў губернатара, каб не каралі нявінных вясковых жыхароў. Яны, напэўна, прыйдуць глядзець, але яны не вінаватыя. Ведаю з надзейных крыніц. Малю вас і сам зраблю ўсё".
Выбіцкі паківаў галавою і паклаў паперку на стол.
– Я не павязу ў Магілёў даносу, князь. Прыйдзе войска.
– Я не пасылаю даносаў, пан Адам, – жорстка сказаў Алесь. – Адпраўляю гэты ліст менавіта таму, што прыйдзе войска.
Н-не разумею.
– Войска прыйдзе з Сухадола, а не з Магілёва. І з войскам – Мусатаў. Людзей раздушаць яшчэ да таго, як з губерні прыйдзе адказ. І таму гэта не данос. Я не хачу, каб лютавалі над народам, і раблю спробу рэабілітаваць яго. Корчак пойдзе ў лес, а людзі, Выбіцкі? Няўжо вы думаеце, што слова найбагацейшага гаспадара ў абарону мужыкоў нічога не азначае?
– Ну?
– Ну і вось. Я не хачу, каб расстрэльвалі і хвасталі. Не хачу расправы. Паспрабую спыніць бойку. А Ісленьеў зробіць так, што расправа не будзе жорсткая.
– І гэта вас клікалі чырвоным?
– Я і ёсць чырвоны. Але я не хачу, каб чырвоныя перадчасна пралілі чырвоную кроў. Пе-рад-час-на.
Выбіцкі пачырванеў.
– Я завязу ліст, – сказаў ён. – Даруйце мне.
– Вельмі буду абавязаны, – сказаў Алесь. – Гэта вызваліць, магчыма, і маю шкуру.
Аконам хаваў у кішэнь пулярэс:
– А можа, не рызыкаваць?
– Не, – сказаў Алесь. – Спяшайцеся, Выбіцкі. Я паеду без зброі. І тыя і іншыя могуць зрабіць са мною, што хочуць.
Ён паспешліва збіраўся. Загадаў Логвіну асядлаць Ургу. Накінуў плашч. У саквы загадаў пакласці бінты, корпію і ёд.
Хвілін праз трыццаць пасля таго, як аконам вылецеў з двара, Алесь сышоў па сходах.
– Можа, трэба па дапамогу? – спытаў Халімон Кірдун.
– Не трэба. Бывай, Кірдун.
Ён крануў каня з двара, адчуваючы дзіўную звонкую пустату, якая поўніла ўсё цела. Так заўсёды бывала перад небяспекай: стан, падобны на захапленне ці на лёгкі хмель.
"Ах, коннічак ты мой на белым кані, – іранізаваў ён з сябе. – Ах, галава ты дурная. Бачыце, збавіцель".
Але не скакаць у Гарыпяцічы ён не мог.








![Книга Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда] автора Алесь Краўцэвіч](http://itexts.net/files/books/110/oblozhka-knigi-tetonsk-orden-ad-erusalma-da-grunvalda-147415.jpg)