Текст книги "Каласы пад сярпом тваiм. Кніга ІІ. Сякера пры дрэве"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 25 страниц)
Нiхто не хоча праўды. Нiхто нават не падумае, што ўсё гэта – калос на глiняных нагах, якi вось-вось звалiцца.
І такая поскудзь кіруе намі ды яшчэ і крычыць усюды, што будучыня за праваслаўем (братняя любоў з пугаю ў руцэ), народнасцю (права смаркацца ў руку, лаяць іншаверцаў і атрымліваць поўхі) і самадзяржаўем (роўнасць усіх сумленных і чыстых перад плахай). Інквізітары!
І такая поскудзь лае маладых хлопцаў, што ідуць за Чарнышэўскім. Яны нібыта заходнікі, сацыялісты, распусныя зеляпаны, валасатыя бамбісты. У ніх не шлюб, а палавая распуста. Іхнія стрыжаныя дзеўкі трыбушаць мерцвякоў замест таго, каб сумленна гандляваць сабою ў шлюбным ложку. Іхняя літаратура, замест таго каб паказваць сумленных дваран ды клопаты імператара аб народным дабрабыце, малюе рызманы ды галоту перакатную, ды такіх самых якабінцаў, як яны… А што ім маляваць?.. Высакароднасць даносчыка Фадзея Булгарына? Фадзеяў хапае і не ў кнігах… Маральнасць імператара, які перабірае пепіньерак са Смольнага, а потым дае ім пасаг ды спіхае замуж за сваіх халуёў? Сапраўды маральна: мог бы потым проста выгнаць на вуліцу… Або захапляцца высокай адукацыяй грамадства, якое ўсё яшчэ не можа расхлябаць спадчыны Мікалая-душыцеля ды Сергія-зацямніцеля прозвішчам Уварава?
Не, тыя хлопцы чыстыя. Яны ведаюць сэрцам, што лепей хай не будзе ніякай дзяржавы, чым такая імперыя. Лепей – ніякай велічы, чым веліч на касцях народаў.
Але ім цяжка. Ім амаль немагчыма дыхаць.
Нядаўна ў сувязi з агульным ажыўленнем надзей, у сувязi з чуткамi пра вызваленне (не вельмi яснымi) i чуткамi пра судовую рэформу (яшчэ больш цьмянымi), а галоўным чынам у сувязi з дзейнасцю "Современника" правыя ўзнялi нясцерпны вiск i брэх. Ажыўленне лiтаратуры iм ненавiснае. Яны б увесь век пiсьменнiкаў у рэкрэацыйнай трымалi ды частавалi за даносы цукеркамi. Раннi Тургенеў – скандал, дыскрэдытацыя панства ў вачах народа! Някрасаў – жах, небяспечнасць, парахавы зарад пад магутныя бастыёны дзяржавы.
Малады Талстой, якога ты, напэўна, чытаў, – і той ім не даспадобы. А ён, пакуль тое, нічым асаблівым іх не дапёк. Нічога, дапячэ, па почырку відаць. Не быў ворагам, дык будзе. Зробяць.
І, галоўнае, па ўласнай дурасці яны не могуць нават давесці, чым для іх варожы той ці іншы. Бачаць чысціню, празрыстасць, сумленне, дабрыню да людзей – значыць, гатова. Патэнцыяльны вораг.
Гэта як ведаеш што? Памятаеш, калі я быў у вас, Кагуты недзе знайшлі позняе ваўчаня і прынеслі табе. І мы вырашылі, каб сучка яго выгадавала разам са шчанюкамі. Сучку замкнулі, а ваўчаня паклалі між смактуноў, каб прапахнула іхнім пахам. Памятаеш, як яны? Сляпыя, дурныя, як клёцкі, а як яны пачалі вішчаць ды падскакваць.
Так і гэтыя. Нічога не разумеюць, а чуюць.
А паколькі ўсе яны накшталт майго генерала і думаюць гатовымі катэгорыямі, то галоўны іхні довад у спрэчцы з сапраўднымі пісьменнікамі ёсць той, што іхняя творчасць ганьбіць радзіму (нібы мы не абавязаны радзіме перш за ўсё ісцінай), што яны падрываюць устоі радзімы, што яны не любяць яе, бо, пішучы свае сатыры і пакутныя элегіі, дыскрэдытуюць бацькаўшчыну ў вачах іншаземцаў.
І хочацца адказаць ім словамі Гогаля:
"Спокойно сидят себе по углам и занимаются совершенно посторонними делами, накопляют себе капитальцы, устраивая судьбу свою за счет других; как только случится что-нибудь, по мнению их, оскорбительное для отечества, появится какая-нибудь книга, в которой скажется иногда горькая правда, – они выбегут из всех углов, как пауки, увидевшие, что запуталась в паутине муха, и подымут вдруг крики: "Да хорошо ли выводить это на свет, провозглашая об этом? Ведь это все, что ни описано здесь, это все наше – хорошо ли это? А что скажут иностранцы? Разве весело слышать дурное мнение о себе?"
Тактыка злодзеяў. Крычаць на іншых: "Трымай яго!", каб менш звярталі ўвагі на іхнія брудныя справункі, на тое, што першыя ворагі Айчыны – яны.
…Я больш не магу сярод іх. Нават хвіліны. Няхай голад. Няхай бурчыць у жываце. Нехта сказаў, што лепей недаесці, як ястраб, чым пераесці, як свіння.
Ніякіх кампрамісаў!
Мой тутэйшы прыяцель, адзін з самых разумных людзей, якога мне даводзілася бачыць, аднойчы сказаў, што мы, беларусы, занадта любім храбрых дзядзяў. Маўляў, лепей няхай дзядзя палаецца з моцным або хаця дулю яму пакажа, а мы будзем з-за ягонай спіны ў ладкі пляскаць, а то і проста ціха радавацца.
Меў рацыю. Нешта такое ёсць. Але калі мы ненавідзім гэтую рабскую, гнойную частку крыві нашага народа – мы самі павінны зрабіцца "храбрымі дзядзямі", а не ціха радавацца з-за чужой спіны… Кроў – з кропляў. І, каб не загніць ад суседства з нячыстымі, здаровыя кроплі павінны рухацца і нападаць на заразу, выкідваць яе з арганізма, нават рызыкуючы ўласным жыццём. Іначай – гангрэна і смерць.
Дружа! Ліст гэты перадасць табе надзейны чалавек. Правезці, перадаць, знішчыць на выпадак вобыску – гэтага лепей за яго не зробіць ніхто. Таму я і даверыўся. Але гэта будзе апошні такі ліст. Па-першае, восенню мы сустрэнемся. Па-другое, канспірацыя ёсць канспірацыя, а ў нас, здаецца, канчаецца дзіцячая гульня ў цыркі і пачынаецца сур'ёзнае. Таму гэты ліст – па прачытанні – адразу спалі. Спадзяюся на тваё сумленне. Надалей будзем спадзявацца толькі на памяць.
Пішу табе з тым, каб ты аднавіў сувязь з хлопцамі "Чартапалоху і шыпшыны", праверыў, хто з гэтых рамантыкаў не атлусцеў, і збіў з іх ядро, якое потым магло б абрасці новымі людзьмі. Можаш сказаць найбольш надзейным, што гэта не гульня і не дарэмная рызыка, што нас шмат і колькасць сваіх людзей няўхільна расце.
Спадзяюся, што за гэты час ты не змяніўся. Калі гэта так – напішы мне звычайны ліст, хаця б пра сваё здароўе, пра Мсціслава і добрую Майку і запячатай яго не радавой, а сваёй пячаткай. Я буду ведаць, што ты згодзен са мной і пачаў рыхтаваць сяброў. Пастарайся таксама ўспомніць, хто з хлопцаў, якія падчас славутай гімназічнай баталіі сталі на ваш бок, жыве ў Прыдняпроўі непадалёк ад Сухадола. З імі таксама трэба пагаварыць, хоць і больш асцярожна, бо іхні ўчынак, магчыма, ідзе не ад шырокага дэмакратызму, а толькі ад пачуцця абражанага нацыянальнага гонару, ад афекту, выкліканага ім.
Дзейнічай, дружа. Дзейнічай, сябра мой.
P. S. Ад генерала пайшоў. Буду бегаць па грашовых уроках у сумленных людзей. Віктар знайшоў работу ў Публічнай бібліятэцы. Неяк пражывем. Дзякуючы сваёй рабоце і сувязям ён пазнаёміўся са шмат якімі прыстойнымі людзьмі. Ну, а праз яго і я. Адзін з іх – фігура самая дзівосная, якую можна ўявіць. Гэта паляк, нашага поля ягада. Шмат адседзеў і адмаршыраваў у тых краях, дзе замест прыгарадаў усё "фарштаты" і дзе над зямлёю лунае нябачны дух Ямелькі Пугача. Там ён, між іншым, блізка пасябраваў з тваім улюбёным Тарасам, які ўсё яшчэ, бедалага, пакутуе сярод бурбонаў, п'янюг ды Іванаў Няпомнячых. Прозвішча паляка – Зыгмунт (а па-нашаму Цыкмун) Серакоўскі. Уяві сабе тонкую моцную постаць, разумны твар, стрымана-цвёрдую хаду. Белы бландзін. І на абліччы ззяюць сінія, найсвяцейшай чысціні і цвёрдасці вочы. Пазнаёміўся я з ім нядаўна, але ўжо зачараваны і логікай ягонай, і патрыятызмам, і воляй, і мужнасцю, і той вышэйшай душэўнай прыгажосцю, якая заўсёды спадарожнічае сціплай велічы сапраўднага чалавека. Вы павінны былі б спадабацца адзін аднаму… Кідай ты хутчэй усё. Едзь сюды. І мне будзе весялей, і табе не так будзе лезці ў галаву твая прыдняпроўская дурасць".
Ліст быў спалены. Быў пасланы адказ, з асабістай пячаткай.
…У сваім спакоі, у плыні жыцця, якое нічога, здаецца, не абяцала, ён узрадаваўся лісту Каліноўскага.
Добра было ведаць, што трэба дацярпець толькі да восені, а там гары яно ўсё гарам. Увосень ён паедзе ў Пецярбург, звяжацца з Кастусём і сябрамі. Будзе віраванне спрэчак, учынкаў – усяго, што завецца жыццём.
І, калі спатрэбіцца, ён аддасць гэтае жыццё братам.
Усё добра. Хоць нехта ёсць на свеце, каму яно патрэбна.
Радзіма.
Родная зямля.
Беларусь.
…Майскімі раніцамі, да ўсходу сонца, скакалі ў жытах дзяўчаты.
Хлопцы ўначы, прабіраючыся на могілкі, палілі там невялікія, таемныя для ўсіх, хто не ведаў, вогнішчы і потым палохалі дзяўчат.
– А унь русалкі. Ты глядзі, не хадзі без мяне. Заказыча.
І дзяўчаты слухаліся іх.
Ярасна цвіло па-над шляхамі жоўтае купалле: ведала, што век у яго кароткі і хутка яго пачнуць увіваць у вянкі.
Набліжаўся час, калі русалкі асабліва шкодзяць людзям, і трэба знайсці хоць які дзень-два, каб утаймаваць іх, а заадно пасмяяцца, паспяваць ля вогнішчаў і ўдосталь нацалавацца дзе-небудзь у сініх ад празмернай зелені жытах.
Па сёмусе прыйшоў русальны тыдзень.
Азярышчанскія дзеўкі звівалі вянкі і вешалі іх на бярозах. А хлопцы неслі на зялёных насілках у бярозвавы гай абраную ўсімі русалку: самую ладную дзяўчынку, якая знайшлася ў Азярышчы, трынаццацігадовую Яньку Кагут.
У белым рубку[16]16
Рубок – тонкае жаночае адзенне накшталт доўгай сарочкі.
[Закрыть] да лытак, з доўгімі, ледзь не да каленяў, распушчанымі валасамі, яна пагойдвалася ў сінім небе, вышэй за ўсіх. І свежы, пяшчотны тварык дзяўчыны ўсміхнуўся сонцу, нівам і зялёным гаям.
А за ёю ішла ў вянках яе прыгожая світа.
…Палілі агні. Кідалі ў іх вянкі. Дзяўчаты ўцякалі ад Янькі, а яна лавіла іх і казытала. Дзеўкі ў парах гулялі з хлопцамі.
Не абышлося i без бойкi. Сутыкнулiся за Галiнку Янук Лапата i Кагутовы блiзнюкi. Медзведзяваты Аўтух заступiўся за брата i пачаў валяць Кандрата з Андрэем. У бойку ўлез Алесь i, на агульнае здзiўленне, даў Аўтуху такога дыхту, што той нават кiнуўся ўцякаць. Уцячы Алесь яму не даў.
Урэшце іх памірылі, хоць Янук і глядзеў ваўком… Пілі піва і скакалі ля вогнішчаў.
І ўсё гэта было весела, але весялосць была афарбавана лёгкім адценнем журбы. Магчыма, таму, што набліжаўся Ян Купала, і хоць лета было яшчэ ледзь не ў самым пачатку – усім было ясна: сонца вось-вось пойдзе на сход.
Спаляць сабраныя з двароў старыя бароны, разбітыя сані, аглоблі. Кожны дасць трохі цеплыні са свайго двара, але ўсё адно не падтрымае гэтым сонца. І, як сонца, скоціцца з высокай гары ахопленае агнём кола. Будзе каціцца ніжэй і ніжэй, а потым кане ў Дняпро і згасне.
Журба, амаль непрыкметная, жыла ва ўсім, і перш за ўсё ў травах, якія ведалі, што пасля Янавага дня ім не хаваць у сваіх нетрах Янавых ліхтарыкаў, што прыйшоў іхні час і іх пасцінаюць звонкай касой.
Утрапёнасць квітнення, песень і пацалункаў скончылася. На яе месца прыйшло задумлівае чаканне плёну.
І таму на кветках, на вярбовых косах, на дарогах, што заблудзіліся ў палях, панаваў спакой і лёгкі сум.
Усё было аддадзена. Усё было споўнена на зямлі.
Яны стаялі ля храма бога вод. Сонечныя, зеленаватыя плямы святла беглі па іхніх абліччах, а проста ад ног ішоў у імшаную, як мядзведзь, цёмна-зялёную цемру доўгі адхон, што ўвесь тачыўся вадой.
Ад густой зеляніны жывое срэбра струменьчыкаў здавалася зеленаватым. Журлівым звонкім халадком патыхала ў яры.
Родная зямля – гэта крыніцы. І тут было адно з незлічоных месцаў іх нараджэння.
Выйсце крыніц. Воды. Воды. Струменьчыкі, ручаіны, рака, мора. Зялёны звон пад нагамі.
– Чаму ты ўнікаеш мяне, Гелена? – спытаў Алесь.
– Я не ўнікаю.
Вочы глядзлi ўбок, вышэй Нептуна, дзе зеленаваты ад ценю струменьчык выбiваўся з зямлi.
У яе сапраўды было змарнелае і светлае аблічча. Новае, нічым не падобнае на ўсе яе іншыя абліччы.
– Сядзь, – ён пасадзіў яе на каменную лаву. – Ты… не трэба так… Ты ведаеш, я шкадую цябе, як нікога. І я не хачу быць ні з кім, акрамя цябе.
Яна адмоўна паківала галавой. Струменьчыкі звонка скакалі ў яр.
– У мяне будзе дзіця, Алесь.
Ён маўчаў, так раптам упала сэрца ад нечаканасці і дзіўнага прадчування, падобнага да прадчування бяды. Гэтага не магло быць. Ён – і дзіця.
– Я думала спачатку, што гэта памылка. І вось пераканалася. Будзе.
Бледны ад разгубленасці, ён глядзеў на яе. Гэтыя вочы, і іскрыстыя валасы, і тонкая постаць – гэта цяпер не проста яна. Гэта ўжо і ён, і тое, аб чым яшчэ ніхто нічога не ведае. Трое ў адной.
– Праўда?
Зусім неспадзявана нарадзілася недзе глыбока пад сэрцам, пачала расці, расці, узрастаць, затапіла ўрэшце ўсё на свеце, усю існасць і ўсё, што вакол, несамавітая, дурная, шалёная радасць.
У яго перахапіла дыханне. Адчуванне шчасця і ўласнай значнасці было такое вялікае, што ён тросся, захлынаючыся паветрам.
– Не можа быць… Гелена, праўда? Гелена, мілая… мілая…
Голасам, што быў поўны бязмернай пяшчоты, яна спатала:
– Ты праўда ўзрадаваны?
– Я не ведаю. Гэта – падобна… Не, гэта не радасць, – ён вінавата ўсміхнуўся. – Я ж яшчэ не ведаю, як… І яшчэ, я кахаю цябе… Як ваду і неба… Як жыццё.
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Калі яны выходзілі з парку, Алесь, трохі ўжо супакоены, але па-ранейшаму нібы прасвятлелы тварам, з той самай дурной усмешкай на вуснах, раптам затрос галавою.
– Не веру.
– Тумаш няверны.
Ён вёў яе так асцярожна, нібы да радзін заставаліся лічаныя дні.
– Вось і ўсё, – сказаў ён. – Зараз пойдзем да дзеда, скажам аб усім. Потым да бацькоў. Вяселле ў першы дазволены дзень. І паедзем. Кудысьці далёка-далёка. Каб мора. Вельмі буду шкадаваць цябе.
– Алесь, – раптам сказала яна, – а ты задумаўся на хвіліну аб тым, што ты не сказаў "кахаю" мне, а сказаў яму.
Загорскі, пратэстуючы, узняў рукі. Але яна спыніла гатовыя вырвацца словы. Сказала з пяшчотай:
– І добра. Вельмі добра. Значыць, тут ты бацька, абаронца. Так і трэба.
Адчуўшы раптам, што да жаданага канца, які адсек бы мінулае, яшчэ далёка, ён сказаў:
– Вянчаемся ў Загоршчыне.
І ўбачыў, як яна, нібы з сілаю адрываючы нешта ад сябе, паківала галавою.
– Не, Алесь, на гэта я ніколі не пайду!
– Чаму? – упарта спытаў ён.
– Ды зразумейце ж вы, – нібы чужому, сказала яна, – усё добра як ёсць.
– Каму добра? – голас гучаў жорстка.
– Вам.
– Мне дрэнна. Без цябе і без яго. Удвая.
Яна спляснула далонямі.
– Мілы, мілы вы мой! Паверце мне, вы сабе хлусіце. Вы не бачыце, а я добра бачу, як вы загналі сваё пачуццё ў каменны мяшок, замкнулі. Вы не адчуваеце гэтага, вам здаецца, што вы спакойны, але вы ўвесь час слухаеце, як яно рвецца на волю, калоціцца ў дзверы.
– Не!
– Так, – сказала яна. – І ў гэтым для мяне няма крыўды. Вы думаеце, я не ведала з самага пачатку? Ведала.
Ніколі яшчэ ён не бачыў яе такой прыгожай. І чужой. Ліхаманкавыя, пяшчотныя вочы, на вуснах горкая і цёплая ўсмешка.
– Толькі вы не забывайце часам убачыць яго. Добра?
– Ты страшны чалавек, – сказаў ён. – Пазбаўляеш яго – бацькі, мяне – радасці. Мне ніхто не патрэбен, – ён змагаўся, і голас ягоны быў глухі.
– Мана, – сказала жанчына.
Ён падумаў аб тым, што сам ён, і ўсе, хто вакол, і Майка, усе яны – нявартая дробязь у параўнанні з гэтай жанчынай. Было ў ёй нешта вышэйшае за іх, звычайных. І Алесь падумаў, што яна адчувае гэтую несумяшчальнасць самой сябе і яго, Алеся.
Яна глядзела на яго і разумела, аб чым ён думае.
– Алесь, – сказала яна, – гэта хлусня, што ты думаеш. Няўжо, ты думаеш, я зрабіла б такое, каб не кахала цябе? Я таму і раблю, што кахаю.
Ён ускінуў яе ў паветра і з сілай паставіў на ногі.
– Хлусіш.
Але ён глядзеў на яе аблічча і верыў. Верыў усё больш і больш.
– Вельмі. Таму і ўцякаю.
– А дзіця? – амаль умольна сказаў ён. – Яго імя?
– Няхай. Ён будзе сумленны чалавек.
– Але нашто?
У яе вачах былі слёзы. І вочы праз слёзы аж ззялі, як сонца праз дождж. Той дождж, пра які навакольныя сяляне казалі: "Царэўна плача".
– Атрымалася б, што я нічым не ахвяравала, – сказала яна. – Наадварот, прыдбала. І таннай цаной. Ты не думай аб ім. Проста бог не хоча маёй ахвяры. Ён будзе. Гэта такое шчасце. Думала адплаціць, і вось зноў у даўгу. І, значыць, магу, калі спатрэбіцца, плаціць і плаціць.
– Гэта ўсё? – спытаў ён.
– Усё. Ты не гавары са мной больш, – яна выцерла слёзы і ўсміхнулася. – Гэта дарэмна, мілы. Праз два дні я еду ў Сухадол, а адтуль у губерню. Мне прапаноўвалі.
– Гэта канчаткова?
– Але. Бацькоўскімі капцамі клянуся
Гэтым не кідаліся, і ў Алеся ўпала сэрца.
Ён глядзеў і глядзеў на яе. І жорсткія вочы паступава мякчэлі.
– Аставайцеся тут, – сказаў ён. – Вам не трэба ў Сухадол… Я клянуся вам не ўспамінаць нічога, не напамінаць ні аб чым, пакуль ён не народзіцца. А потым… потым вы самі ўбачыце, як я стану любіць яго.
– Я ведаю. Усё ведаю. І таму іду.
На хвіліну ён пашкадаваў, што яна вольная, што ў той далёкі вечар ён сам прынёс ёй… І адразу падумаў, што, каб не той вечар, нічога не было б… А потым пякучы сорам на самога сябе прымусіў пачырванець аблічча і нібы пазбавіў права чагосьці патрабаваць. Вось яна, панская косць, панская кроў, панскі дух. Кастусёў сябра, рыдалец над меншым братам, заўзяты патрыёт, з мужыкамі кумаецца. Навалач! Дробная дрэнь! Кроер!
– Добра, – глуха сказаў ён. – Будзе так, як захочаш.
У пакой праз сітняговыя плеценыя цыноўкі ледзь прабіваліся палоскі сонечнага святла. Рэдкія пылінкі плылі ў іх.
– Выйдзі, кажу табе, – сказала Тэкля. – Выйдзі, дурная ты.
Нянька, сама трохі дурнаватая, лічыла, аднак, што мазгі ўсіх астатніх людзей і ў параўнанне не могуць ісці з яе, Тэклінымі, мазгамі.
– Я нікога не прымаю, – сказала Майка.
– То ты б лепей узяла ды Іллюка не прыняла, – падперла рукі ў бокі Тэкля. – Так бы яму, даліктуну, і сказала: "Не выганем, але проша вон".
Тэкля сцвярджала сябе, між іншым, і тым, што ведала дзесяткі два польскіх і рускіх выразаў і часам падводзіла размову, каб выкарыстаць сёе-тое з гэтага запасу.
Бледнае аблічча Майкі перакрывілася.
– Я не сказала, што не прымаю нікога. Але я нікога не прымаю з Вежы і Загоршчыны.
– Ы-ы, ы-ы, – сказала Тэкля. – Вось што: чаго гэта ты, дзеўка, круціш? Думаеш, адну такую цацу бог стварыў?
– Тэкля!
– Ну, вядома. Як гадавала Тэкля, то добрая была. Тады мамка была міла, як ззаду мыла.
– Не трэба, няню…
– І чаго ты з сабою такое робіш? Ссохла ўся. Трэці месяц толькі як да таго крактуна выходзіш – сонца бачыш. У цемры сядзіш. Што тут табе, манастыр? Жнівень на дварэ стаіць, дурніца. Дзеўкі ў полі так песні крычаць – сама б зноў дзеўкай стала, прасціце, канечне, в натуры…
– Я прашу, прашу вас…
– Якія грахі замольваеш? Адзін грэх маеш. Паніча суседскага з домам пасварыла. Чым ён табе не здаўся?
– Я і без вас ведаю…
– То таму і сядзіш? – спалохалася Тэкля.
– Таму i сяджу, – упершыню за ўвесь час прызналася Мiхалiна.
– Ду-урніца! – Тэклін твар перакрывіўся ад неўразумення і жалю. – То нашто ж?!
– Я вельмі дрэнна зрабіла яму. Я сама ведаю, што няварта яго.
У Тэклі з'явіліся на вачах слёзы.
– І так сябе мучыць? Ах-х ты! Грэблу, што коней чысцяць, узяць бы ды скуру са спіны тваёй, каб не села.
– Тэкля, – папрасіла Майка. – Мне вельмі дрэнна…
– Га-аротніца ты мая! Ды як жа ты?
– Ніяк. Выйду за Хаданскага.
Нянька схапіла Міхаліну за плечы.
– За яго? Ды плюнь ты, хай ён утопіцца! Нашто табе ў тую квэку лезці? За Выбіцкага – і тое лепей, хай сабе ён і парцяныя[17]17
Самаробныя.
[Закрыть] шкарпэткі носіць.
І раптам пацалавала дзяўчыну:
– Дзеўка, кінь! Дзеўка, хай ён пэнкне! Хай ён, жорсткі чалавек, на трыбусе поўзае ды зад валочыць. Ой, паплачаш! Хлопца якога на каго мяняеш. Ото б я з ім аджыла. Маечка, дзетухна, не ідзі ты за таго! Людзі Хрыстом богам моляць, каб за табою ды яму не дастацца! Падумай пра іх…
Майка здзівілася. Тэкля гаварыла зараз, як сталага розуму жанчына. Магчыма, не свае словы.
– Такі ўжо воўк – толькі ім вёдры са студні даставаць. Калі нават пойдзеш – пакінь, дзетачкі, людзей у сваім майне. Хай асобная ад мужа даброта ў цябе будзе.
Тэкля заплакала.
– А лепей у-ця-кай ты ад яго. Iдзi да загоршчынскага панiча, павiнiся. На каленях прыпаўзi да павiнiся. Пэўна, не з'есць. Ну, дасць, можа у вуха раз-другi, як, не раўнуючы, мне за дурасць нябожчык Мiхал. Ну, па спiне разок перацягне, дый даруе. Я табе кажу, даруе. Затое век гора ведаць не будзеш. А добра як з iм будзе! Што ў царкве, што ў ложку. Ды я б, маладою, на край свету за iм пабегла, каб хвiлiну на мяне паглядзеў. Ён, цi ведаеш, бы ў песнi: "Як ён мяне пацалуе – тры днi ў губе цукар чую".
Старая гладзіла Майчыны плечы і адчувала, як яны дрыжаць пад яе рукой.
– Папрасi даравання. Ты не думай. Гэта не страшна. Наадварот, салодка i лёгка, ясачка ты мая. Нiчога ж не зробiш, доля наша такая. Я i то часам Мiхалку прасiла: "Набi ж ты мяне, даражэнькi, можа, я ўжо тады менш цябе, змея, кахаць буду".
І пад гэтыя цьмяныя пакорлівыя словы Майка заплакала. Упершыню за восем месяцаў.
– Нічога… Нічога не зробіш, Тэкля. Позна.
– З труны толькі позна… Ты проста аддай сябе на ягоную літасць… на ягоную абарону.
Нібы малой, Тэкля выцірала Майцы аблічча памочаным ручніком.
– Ты ідзі. Прымі, калі прыйшоў чалавек. Пагавары, нічога не зробіцца.
Занадта проста трымаючыся, яна выйшла на тэрасу і ўбачыла ля балюстрады высокую жанчыну ў залацістай сукні.
Вочы міжвольна адзначылі зграбнасць постаці, простую элегантнасць убору, капялюшык з танюткай залацістай саломкі.
Твар госці хаваў цёмны, з мушкамі, вельмі густы вэлюм.
– Пробачце, я прымусіла вас чакаць, – па-французску сказала Майка.
Госця адказала таксама па-французску. І хоць памылак у вымаўленні не было – празмерная правільнасць мовы лепей за памылкі казала аб скутасці чалавека, які гаварыў.
– Што вы, – сказала госця. – Я проста не звярнула ўвагі. Заглядзелася на гэтую раскошу.
Тэраса вісела над крутой стромай. Унізе быў адхон з дрэвамі і возера. Злева дзве снежныя званіцы. Яшчэ далей – стужка Дняпра, а за ёю жоўтыя ад жыта ўзгоркі. Далёка-далёка.
– Сядайце, калі ласка, – упарта трымаючыся французскай, сказала Міхаліна.
Нейкую трывогу выклікала ў ёй гэтая жанчына. Яна не бачыла пакуль яе аблічча, але трывога ўзрастала.
– Дзякуй вам.
Яны сядзелі адна насупраць другой і маўчалі. Доўга. Госця, здавалася, слухала. І не проста слухала, а заслухалася. Галоўка схілілася набок. З-за цёмнага вэлюму, яшчэ цямнейшыя за яго, вільготна глядзяць, не міргаюць вочы.
З-за шатаў дрэў, з-за Дняпра тонка-тонка, высока-высока гучала жніво. Нібы па шкле лёгкім срэбным малаточкам, нібы ў тонкі шкляны посуд, на мяжы слыху, звінелі галасы. А можа, гэта звінела дрыготкая шкляная смуга гарачага паветра над нівамі?
Закурыўся дробненькі дожджык
Па чысценькім полі, закурыўся.
Зажурыўся мой татулька ў доме
Па мне, маладзенькай, зажурыўся.
З адвечнай спеўнай тугой, з перападамі і ўзлётамі, калі здаецца, што вось зараз чалавек увесь, да апошняга, выльецца ў песню, звінелі галасы.
Гэта не была скарга. Гэта спявала сама зямля.
Не курыся, дробнеькі дожджык,
Па чысценькім полі, не курыся.
Не журыся, мой татулька, ў доме
Па мне, маладзенькай, не журыся.
Майка раптам убачыла, што вочы невядомай, вялізныя, як азёры, глядзяць ужо на яе і праз яе, не разглядаюць, а проста бачаць: наскрозь
А ў шкляных далях, як з неба, спявалі, звінелі галасы:
Не ты мне даў долечку ліхую,
Ліхое замужжа, не ты мне даў.
Бог жа мне даў долечку ліхую,
Ліхое замужжа, бог жа мне даў.
– Чуеце? – спытала раптам жанчына.
Майка здрыганулася. Таму што невядомая сказала гэта па-мужыцку. Натуральна, нібы іначай і быць не магло, спеўнай прыдняпроўскай гаворкай, якую яшчэ больш адцянёўваў нейкі дзіўны, трохі дзіцячы акцэнт.
"Алесь гаварыў заўсёды па-мужыцку. З жанчынамі і мужчынамі, на полі і ў зборні. І таму ўсе тыя, хто ўжываў мужыцкую мову, там, дзе яе не прынята было ўжываць, мелі дачыненне да яго".
– Чуеце? Жаночы лёс. Аднолькавы і ў пані, і ў прыгоннай.
Майка адказала таксама па-мужыцку – прыняла выклік:
– Згадаеце расцаніць гэта як размову пра ўсіх жанчын ці пра мяне?
Жанчына ўсміхнулася:
– Усё адно, – разлічаным, пластычным жэстам жанчына прыўзняла і замацавала на капялюшыку вэлюм. – Я былая прыгонная акторка пана Вежы. Гелена, а па новым прозвішчы – Карыцкая.
Міхаліна пазнала яе… Тая… Што ж здарылася?
Майчыны вочы прабеглi па ўсёй постацi актрысы, з галавы да ног. "Хлусня, – мiжволi падумала Мiхалiна. – Тое, што казалi пра iх, таксама была хлусня. Нехта сказаў подласць, зрабiў подласць, а я пайшла ў яго на шворцы".
Нібы зразумеўшы яе, Гелена ўсміхнулася. Усмешка была такая, што Майка зразумела: толькі ласкай і паблажлівасцю гэтай жанчыны можна растлумачыць сам факт размовы. Яна рабіла ласку, і ніхто не асмеліўся б зрабіць ласку ёй. Міхаліна глядзела на поўныя вочы.
Сонца на твары. Хохлікавыя каўпачкі "панічоў" кідаюць на сукенку і твар бэзавыя і ружовыя адбіткі. Вочы вялізныя.
А плечы тонкія, але, адразу відаць, вытрымаюць усё.
Незвычайная, пагрозлівая прыгажосць. Захоча – адбярэ.
І, нібы толькі ў жаданні гэтай жанчыны была справа, дзяўчына ўся натапырылася, як перапёлка, што бароніць гняздо. Яна не ведала, што Гелена прыблізна на гэта і разлічвала, едучы сюды, і таму здзівілася, убачыўшы на яе вуснах тую самую ўсмешку.
Карыцкая таксама ацэньвала субяседніцу, ад попельных валасоў да насцярожанай усмешкі, да вострага носа туфліка, які высунуўся з-пад сукенкі. І ацаніла. "Прыгожая. Нават надзвычай прыгожая і жаноцкая. Абатрэцца трохі, пазбавіўшыся ад свавольстваў, – будзе жанчына… Значыцца, вось каго… Што ж, хіба яна лепшая за мяне?…"
Не. Не лепшая. Проста другая. І вось такую, другую, ён яе і кахаў.
На хвіліну ў яе сэрцы абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна адразу справілася.
Проста перад тым, што яна, Гелена, зрабіла, гэты маленькі верабей нічога не значыў. Алесь, вядома, будзе кахаць яе. І толькі. А яе, Гелену, ён не забудзе.
Ад вераб'я нічога не залежала, і таму з ім трэба было быць добразычлівай.
Гелена ўсміхнулася.
Міхаліна глядзела на яе строга і насцярожана:
– Вы ведаеце, што я парушыла ўсе сувязі з гэтымі дамамі? Нашто вы прыйшлі?
– Даведацца, ці канчатковае гэта рашэнне? – спакойна сказала Гелена.
– Выбачайце, калі ласка, але я не ведаю, якую цікавасць гэта можа мець для вас?
З ніў зноў ляцела далёкае:
Бог жа мне даў долечку ліхую,
Ліхое замужжа, бог жа мне даў.
– Хіба для мяне? – спакойна скзала Гелена.
Майка не разумела яе. Але спакой актрысы, яе упэўненасць нараджалі неспакой, боязь і трывогу.
"Адбярэ. Захоча і адбярэ. Гэтая здолее".
Майка памятала яе на сцэне.
"Усё. Канец. Дагулялася. За каго сябе лічыла, варты жалю вераб'ішка? Хаданская хлусіла. Але хлусня можа зрабіцца праўдаю".
Карыцкая глядзела на паненку і разумела ўсё.
– Хочаце, каб я сказала, аб чым думаеце?
– Вы можаце? – іранічна спытала Міхаліна.
– Магу.
– Не трэба.
– Але не трэба і вам так думаць. Не непакойцеся. Я прыйшла сюды не дзеля таго.
І, нібы ратавалася ад чагосьці, трохі паспешліва сказала:
– Вы ведаеце, што па намаганню гэтага чалавека, тады яшчэ зусім дзіцяці, я атрымала волю і некаторыя незалежныя сродкі, якія мне здаюцца багаццем.
Тон гэты быў брыдкі, але Гелена ведала: толькі дзелавітасцю і вонкавай сухасцю можна не сапсаваць справы, не насцярожыць, пераканаць у тым, у чым хочаш…І яшчэ – трошкі – упэўненасцю ў сабе. Каб адчувала, што ніхто яго не адбіраў і не адбірае, але ёсць такі чалавек, які… можа адабраць у кожную хвіліну.
– Віншую вас.
– Як вы думаеце, што магу я адчуваць да чалавека, які бескарысліва даў мне ўсё гэта?
Майчыны зрэнкі здрыгануліся.
– Мяркую… удзячнасць.
– Вядома, удзячнасць. І самую глыбокую павагу. І… любоў, бо чалавека такой маральнай чысціні мне яшчэ не даводзілася бачыць.
Сэрца Міхаліны сціскалася ад думкі, што субяседніца таксама можа кахаць яго. Таксама? А хто яшчэ? Хіба яна? Хіба ёй не ўсё адно? І яна сказала назнарок суха:
– Яму яшчэ не было дзе страціць мараль.
– Мы не судзiм людзей за будучае, – сказала Гелена, нiбы не заўважаючы, што чырвань кiнулася Майцы ў твар ад гэтых слоў. – Як вы думаеце, павiнна я, у сваю чаргу, у меру маiх сiл памагчы яму?
– Пэўна.
– Не ведаю, магчыма, я перашкоджу, але іначай не магу. Некалькі апошніх месяцаў я заўважала, што ён пакутуе. Я не ведала прычыны, але ўрэшце здагадалася, што гэтая прычына – вы.
– Прабачце, але аб гэтым я не хачу гаварыць.
Тон быў рэзкi, але Гелена бачыла прасвятлелыя вочы дзяўчыны i разумела, што тая раптам перайшла ад безнадзейнасцi i адчаю да самай высокай трапяткой радасцi. Гелена ведала, што Мiхалiна цяпер даруе ёй нават словы, якiя яна мелася вымавiць, адмовiцца ад дзявочай грэблiвасцi перад яе словамi, вызвалiцца ад рэўнасцi i, магчыма, будзе нават любiць яе, Гелену, за тое, што яна прынесла ёй гэтую iскрынку святла. Гелена ведала, што лепшы сродак узвысiць чалавека, якi знаходзiцца ў такiм стане, – гэта прышчапiць усведамленне таго, што, нягледзячы нi на што, нехта ўсё ж кахае яго.
– У мяне будзе дзіця, – сказала Гелена. – Ад каго, спадзяюся, не важна. Гэты чалавек звязаны з другою, і рассекчы гэты вузел можа толькі бог.
Майка і сапраўды не адчувала грэблівасці. Наадварот, шчымячы жаль.
– Смерць? – спытала яна.
– Бог. Спадзяюся, вы не асудзіце мяне, калі даведаецеся, што я кахала, кахаю і заўсёды буду кахаць яго.
– Гэта было б ханжаства… Што ж рабіць, калі зямныя законы супраць?
– Божыя.
– І няхай… няхай… Усё адно. Гэта ўсё адно шчасце.
– Што ж тады сказаць аб тых, хто сваім капрызам разбураюць шчасце?.. І калі быць з каханым не грэх, то што тады грэх?
Майка апусціла веі.
– Нейкім чынам балбатня чэлядзі аб гэтай акалічнасці дайшла да пана Алеся. Ён заўсёды ставіўся да мяне добра. Я думаю, яму стала не пад сілу жыць. Вы ведаеце, гэтыя абрыдлівыя плёткі… Адна з іх, самая хлуслівая, пару тыдняў таму дайшла да яго. Толькі гэтым ды яго дабрынёю я магу растлумачыць тое, што ён мне прапанаваў, – Гелена зрабіла паўзу.
Звінела за ракою жніво.
– А прапанаваў ён мне ні больш ні менш як прыкрыць мой "грэх". Я дарую яму, ён жа нічога не ведаў, а пасля яму было ці не ўсё адно… І вось таму я і прыйшла да вас. Мне здаецца, тое, што здарылася, гэта ўжо занадта.
Гелена прыціснула далонь да грудзей:
– Сёння ён зрабіў гэта. Заўтра падставіць галаву пад кулю. І вось я пытаюся ў вас, – у голасе была відавочная пагроза, – ці сапраўды вы вырашылі назаўсёды парваць усе сувязі з гэтай фаміліяй?
– Я… не ведаю.
– Вырашайце.
Майка сапраўды не ведала, што ёй рабіць.
– Ён памрэ, Міхаліна Яраслаўна, – нібы адчужана да яе, сказала Гелена. – Нельга так жорстка.
І гэты амаль умольны тон вярнуў Міхаліне ўпэўненасць:
– Я ўсё ж не да канца разумею вас. Мне здаецца, жанчына здольна на высакародныя ўчынкі толькі ў імя асабістай прыхільнасці.
Карыцкая зразумела: дзяўчо заганарылася. Трэба было адразу ж пасадзіць яе ў лужыну.
– Вы лічыце, што ў імя асабістай прыхільнасці жанчына можа пайсці і на такі высакародны ўчынак? Мне здаецца, да такой ступені жаночае каханне не даходзіць.
Майка не глядзела на яе. Яна ледзь не калацілася ад супярэчлівых пачуццяў: крыўды на гэтую жанчыну і захаплення ёю. І яшчэ яна падумала аб тым, што яна патрэбна яму і добрая, і благая, усякая. Іначай бы гэта не было каханне.
Гелена ўстала і апусціла на твар цёмны з мушкамі вэлюм:
– Вось і ўсё, што я хацела сказаць. Ва ўсякім разе, раю паспяшацца, калі вы не хочаце назаўсёды страціць яго.
Майка глядзела на яе, і, нібы адказваючы на яе думкі, жанчына сказала:








![Книга Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда] автора Алесь Краўцэвіч](http://itexts.net/files/books/110/oblozhka-knigi-tetonsk-orden-ad-erusalma-da-grunvalda-147415.jpg)